З гісторыі маёнтка Белае – папярэдніка сучаснага Лепеля (2022)

By vln , 5 April 2025

З гісторыі маёнтка Белае – папярэдніка сучаснага Лепеля 

// Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. Вып. 20. Мн.: НГАБ, 2022. С. 166–184.

Першыя звесткі пра Лепель (Стары Лепель) тычацца паселішча на паўвостраве Лепельскага возера, якое ўжо не існуе. Аднак яно яшчэ прысутнічае на плане Лепельскага павета, створаным паміж 1810 і 1816 гг. [4]. Цяпер на яго месцы размешчаны могілкі вёскі Стары Лепель, што знаходзіцца побач, на заходнім беразе возера. Гістарычным папярэднікам сучаснага горада Лепель з часоў першых публікацый па яго гісторыі прынята лічыць маёнтак Белае, датай першай згадкі якога Міхаіл Без-Карніловіч называў 1548 г. [3, с. 111], а Дзмітрый Даўгяла – 1550 г. [10, с. 6]. Гэты маёнтак Леў Сапега ў 1586 г. аб’яднаў з маёнткам Лепель, набытым ад Віленскага капітула.

Менавіта на тэрыторыі Белага, паводле згаданых аўтараў, Л. Сапега заснаваў мястэчка Новы Лепель. Гэтая думка грунтавалася на сцвярджэнні прыдворнага біёграфа Сапегаў Казіміра Кагнавіцкага, што пры фундацыі на карысць Віленскага кляштара бернардзінак назва аднаго з мястэчкаў была прыведзена ў форме «Белае альбо Новы Лепель» [27, s. 187]. Аднак адпаведны тэкст К. Кагнавіцкі даслоўна не прывёў. Дакументальнае пацверджанне, што Новы Лепель прыгадваўся і пад назвай «Белае» («з места нового прозываемого Белого»), выяўлена толькі нядаўна [11, с. 68].

Такім чынам, ранняя гісторыя Лепеля звязана з абодвума маёнткамі. Гісторыя Старога Лепеля разглядаецца ў іншай нашай публікацыі [14; 15]. У гэтым тэксце мы засяродзімся на гісторыі маёнтка Белае да таго, як ён быў разам са Старым Лепелем падараваны Л. Сапегам віленскім бернардзінкам.

Узнікла Белае на тэрыторыі аддаленага анклаву маёнткавага комплексу, які стваралі двары Лемніца (цяпер вёска ў Талачынскім раёне) і Палонна (не існуе, знаходзіўся каля сучаснай вёскі Нямойта Сенненскага раёна). Абодва двары ўпершыню згадваюцца 16 чэрвеня 1446 г. у духоўнай грамаце аднаго з унукаў вялікага князя літоўскага Альгерда – князя Андрэя Уладзіміравіча. Ён пералічыў іх сярод іншых сваіх маёнткаў: «иже есмь выслужил на своих господарех, своею верною службою, на великом князи Витовте и на великом князи Жикгимонте и на своем господари великом князи Казимире». На той час князь Андрэй «вси тые имениа поручил и дал есмь жене своей кнегини Марии, и сыну своему князю Глебу, и дочьце своей княжне Овдотии» [1, № 46, c. 59–60; 23, № 83, c. 153–154].

Аднак пазней – 5 мая 1455 г. – ён частку сваёй маёмасці, а менавіта «Полоное со всими селы Полонскими, а к тому сельца свои Олексичы, Ходцо, Берешево, Березовича» падараваў сваяку Сенку Іванавічу «по своей свести Овдотьи за его к нам великую добродетель и прыязнь» [2, № 72, c. 106–107]. Прыгаданыя тут «сельца» – гэта сучасныя вёскі Алексінічы, Ходцы, Берашова і, верагодна, Бярозкі[1] Сенненскага раёна. Жонка Сенкі Іванавіча (Сямёна Чарэйскага) была сястрой жонкі – нявесткай («свесцяй») князя Андрэя і мела такое ж імя, як і яго дачка – Аўдоцця (Еўдакія).

Андрэй Уладзіміравіч памёр каля 1457 г. амаль адначасова з сынам Глебам. Раней памёрлі і Сямён Чарэйскі з жонкай. Удава Андрэя, княгіня Марыя, паспрабавала адсудзіць Палонна ў сваёй асірацелай пляменніцы, таксама Марыі. Аднак вялікі князь літоўскі Казімір, разгледзіўшы справу 25 сакавіка 1459 г., «прысудили есмо тое именье Полоное сестрычне ее Марьи, водле князя Андреева листа», а княгіні Марыі даручыў апякунства над пляменніцай і цёзкай, пакуль тая «лет своих дорастет» [2, № 72, c. 107].

Марыя скрысталася з права апякунства на сваю карысць. У наступныя год ці два яна выдала пляменніцу замуж за князя Фёдара Бабіча (Друцкага-Саколінскага). Прытым маёнтак Палонна застаўся ў фактычным карыстанні князёўны Аўдоцці, чаго хацела яе маці ад пачатку. На той час Аўдоцця была ўжо жонкай Івана Рагацінскага. Памерла яна маладой. У І. Рагацінскага было не менш за чатыры дачкі, але ад шлюбу з Аўдоццяй, напэўна, толькі адна – Фядора (гл. дадатак 1).

Фядора Рагацінская ўжо ў 1473 г. была жонкай князя Івана Сямёнавіча Кобрынскага. Пра тое, што маёнткі дзеда, уключаючы Лемніцу і Палонна, засталіся ў яе руках, сведчыць спроба іх адсудзіць з боку князя Сямёна Іванавіча Бельскага, пляменніка князя Андрэя Уладзіміравіча. На гэтую “блізкасць” ён спасылаўся, сцвярджаючы, што мае права на маёнткі як на родавую ўласнасць. Аднак пры разглядзе справы 25 жніўня 1484 г. высветлілася, што спрэчныя маёнткі Андрэй Уладзіміравіч выслужыў асабіста. Таму яго бакавыя родзічы ніякіх правоў на іх не мелі. Усе маёнткі, сярод якіх згадваюцца «Илемница а Полоный», былі пацверджаны «кнегини Ивановои Семеновича Кобринского, кнегини Федце, внуце князя Андрея Володимировича, вечно з всим тым, што к тым именьям здавна слушаеть, по тому, как держал небощик князь Андрей Володимирович» [24, cл. 393–395].

Тое, што да маёнткаў Лемніца і Палонна «здавна слушаеть» і сяло Белае, высвятляецца са складзенага ў 1516 г. пераліку спадчыны, якая засталася пасля смерці Фядоры ў 1512 г. Да таго часу яна паспела тройчы аўдавець, змяніць веру і імя – «будучи вдова, пошла потом за пана Паца и до веры римской приступила» [33, s. 164]. Прыняўшы каталіцтва, яна ўзяла і новае імя – Зофія. Не маючы дзяцей, свае мацярынскія маёнткі, сярод іх «двор Лемницы, а другий двор Полонны з селы тых дворов на имя з Ходчем, а з Олексеничы, а з Березовичом, а з Белою», яна завяшчала пасынку – Мікалаю Юр’евічу Пацу. Пра гэта згадваецца ў пагадненні, заключаным ім 23 студзеня 1516 г. з прэтэндэнтамі, якія заявілі правы на спадчыну Фядоры-Зофіі як на сваю “блізкасць”[2].

З тэксту пагаднення вынікае, што М. Пац адмовіўся ад азначаных маёнткаў на карысць нашчадкаў братоў князя Андрэя Уладзіміравіча. Хаця раней было ўжо прызнана, што на выслужаную маёмасць бакавыя родзічы правоў не маюць, на сітуацыю паўплывала тое, што гэтая спадчына была абцяжарана вялікімі даўгамі. М. Пац пагадзіўся саступіць родзічам сваёй мачахі вышэйзгаданыя маёнткі «в руских сторонах» з той умовай, што яны возьмуць на сябе і частку даўгоў.

На гэтую спадчыну спрабаваў прэтэндаваць таксама князь Багдан Адзінцэвіч, грунтуючыся на хісткіх аргументах. Яго даўно памерлы брат Дзмітрый быў жанаты з Уллянай – дачкой Івана Уладзіміравіча, брата князя Андрэя. Аднак сыны Дзмітрыя ў 1508 г. узялі ўдзел у мяцяжы Міхала Глінскага. За гэта яны былі пазбаўлены маёнткаў, якія заставаліся ў карыстанні Улляны, а пасля яе смерці іх перадалі Багдану як бліжэйшаму родзічу. Апошні, відаць, спрабаваў даказаць, што да яго перайшло і права на вымарачную спадчыну князя Андрэя. Прынамсі, сын Багдана, князь Сямён Адзінцэвіч, скардзіўся 20 ліпеня 1521 г., што яго бацька мае правы на спадчыну ў Лемніцы і Палонне, але князь Астрожскі і пан Хадкевіч яго да гэтай спадчыны не дапускаюць [33, s. 282].

І тут на сцэну выйшлі Сапегі – нашчадкі Марыі Чарэйскай ад шлюбу з князем Фёдарам Бабічам (гл. дадатак 2). Адсунутыя ад валодання Палоннай, яны збераглі дарчы ліст князя Андрэя і судовы вырак 1459 г. У 1533 г. справе далі ход. На той час і Багдан Сапега, і яго жонка Фядора ўжо памерлі. Паспелі памерці і іх сыны Януш і Фёдар. Справу за зварот спадчыны сваёй бабкі павёў падляшскі ваявода Іван Сапега, разам з пляменнікам Глебам. Яны пазвалі за няслушнае валоданне Палоннай князя Юрыя Слуцкага, удаву князя Канстанціна Астрожскага Аляксандру, пана Аляксандра Хадкевіча і яго сястру Аграфену. Паводле судовага рашэння ад 21 лістапада 1533 г., адказчыкі пагадзіліся вырашыць справу палюбоўна: саступіць правы на спрэчны маёнтак і абавязвацца не ўступацца «в тое имене Полоное и все села Полонские, которыи кольвек к тому именю з стародавна прыслухают, … и в тыи теж сельца, которыи в листе князя Андрееве суть выображены и на имя выписаны». Сапегі абяцалі выплаціць ім за гэта адносна невялікую суму ў 35 коп грошаў [18, №. 204, арк. 220-223; 29]. У выніку да іх перайшлі таксама двор Лемніца і сяло Белае, якія ў дакументах «на имя выписаны» не былі.

Неўзабаве ўдава Фёдара Багданавіча Сапегі ад імя трох сваіх няпоўнагадовых сыноў запатрабавала ад Глеба Янушавіча Сапегі, каб ён падзяліўся з імі часткай Палонна. Разгляд справы, прызначаны на 2 мая 1536 г., не адбыўся, бо ўдава Фёдара Сапегі на яго не з’явілася [30, s. 38].

Свае правы на частку адсуджанай спадчыны абвясцілі сёстры Багдана і Ганна Сапежанкі (гл. дадатак 3). Захаваліся звесткі толькі пра асобныя эпізоды гэтай доўгай справы. Сярод іх – запіс 1540 г. пра пазоў Багданы Янавай Сцяцкевічавай і яе сястры Ганны Алехнавай Скаруцінай да іх брата Івана Багданавіча Сапегі і пляменнікаў, сыноў Януша, пра ўдзел у спадчынных «мацярыстых» маёнтках Лемніцы і Палонна [30, s. 39].

Наступныя звесткі фіксуюць ужо заключную фазу працэсу. Гэта – два запісы («апавяданні»), зробленыя 12 лістапада 1550 г. паводле просьбы князя Дзмітрыя Раманавіча Відзініцкага, які выступаў ад імя свайго брата Івана і маці Багданы, на той час жонкі Яна Сцяцкевіча. Адзін з запісаў засведчыў, што князі Відзініцкія і іх маці паклікалі ў суд сястру апошняй Ганну, жонку Алехны Скаруты, каб дамагчыся ад яе кампенсацыі часткі выдаткаў, якія яны панеслі «доходячы именей их материстых Череи, Полоного и Мелниц и сел, к тым дворам прислухаючих, под братом их небожчиком паном Иваном Сопегою и братаничи их» [20, aрк. 632] («Мелніцы» гэта, відаць, скажоная назва Лемніцы). Тое, што ў лік сёл, «прыслухаючых» да азначаных маёнткаў, уваходзіла Белае, непасрэдна не згадваецца, але яно фігуруе ў другім запісе – пра тое, што князі Відзініцкія, на гэты раз разам з сястрой Ганнай Осцікавай, паклікалі ў суд удаву Івана Багданавіча Сапегі і яе сыноў. Падставай было «непоступление им близкости их: людей в Мелехове, Бершове и на Белом» (згаданае тут Мелехава, цяпер вёска ў Сенненскім раёне, таксама адносілася да Палонна) [20, aрк. 633].

У выніку маёнткавы комплекс быў падзелены на чатыры часткі: паміж Іванам Багданавічам, сынамі яго памерлага брата Януша і дзвюма сёстрамі з іх нашчадкамі. Прытым у кожную частку ўвайшло па некалькі двароў у сяле Белым, кожная – са сваім старцам, адказным за збор падаткаў.

У наступныя гады частка, што дасталася сынам Януша Сапегі, была, відаць, аддадзена ў заклад князю Андрэю Лукомскаму (Меляшкоўскаму). Непасрэдныя звесткі пра гэта не выяўлены, але вядома, што ў закладзе ў А. Лукомскага да 1555 г. знаходзілася частка іншага сапежынскага маёнтка – Чарэі, што належала Дзмітрыю Янушавічу Сапегу [30, s. 96]. Гэтым можа тлумачыцца прысутнасць А. Лукомскага сярод уладальнікаў Белага ў 1550 г., падчас канфлікту з падданымі сумежнага Лепеля.

Апошні дакумент – менавіта той, які Дз. Даўгяла лічыў найбольш ранняй згадкай Белага, грунтуючыся на сціслай згадцы ў манаграфіі «Sapiehowie» [30, s. 67]. Звярнуўшыся да тэксту дакумента [20, арк. 613; 8, с. 14], можна знайсці цікавыя падрабязнасці. У ім гаворыцца пра напад на лепельскі млын, у якім удзельнічалі жыхары трох частак Белага: «Оповедал и жаловал перед их милостью его милость князь Езоф Ясеньский, ардиакон виленски, иж дей тых недавних часов, з середы на четверг в ночи перед Светою Малгоретою [з 12 на 13 ліпеня 1550 г. – В. Н.], старец беляньски пана Ивана Ивановича Сопеги воеводича подляшского на имя Лукьян Сухач з людьми пана своего беляньскими а помочники своими, а другий старец пани Олехновое Скорутиное на имя Ходор Коркун з поддаными панее своее, а третий старец князя Андрея Мелешковского Степан Пушкар з людьми пана своего а помочниками своими, нашедши моцно гвалтом на именье его милости Лепскои плебанеи Витебской, греблю на реце Ули прекопали, … и там же дей тые старцы вышей мененые, з тыми людьми панов своих, у млыне его милости замок и двери одбившы, статки млыновые посекли».

Неўзабаве Івану Сапегу давялося з яго часткі вылучыць долю сястры Зофіі. 5 лістапада 1550 г., адказваючы на пазоў сваёй маці, Іван сцвярджаў, што «з именей з своее части, окром панов брати моее, поступил есми панне сестре моей», апрача іншага, «на Белой шесть служоб людей» на яе ўтрыманне да таго часу, «яко ей милости панне сестре моей даст Бог мети малжонка». На шлюб ён абяцаў выплаціць ёй грашовы пасаг, «а тых людей мает ми ее милость панна сестра моя за ся мне поступити». Далей адзначаў, што «панове братя моя пан Михайло, а пан Павел своее части побрали» і павінны з іх таксама ўдзельнічаць у забеспячэнні сястры. Гэты ліст Івана Сапегі па патрабаванні яго маці быў 14 лістапада ўпісаны ў Літоўскую метрыку, каб надаць яго абяцанню юрыдычную моц [20, арк. 615, 635].

Каля 1559 г. Зофія выйшла замуж за Лукаша Куранецкага, а ў 1561 г. паміж яе мужам і Іванам Сапегам было заключана пагадненне, паводле якога апошні выплаціў належачы ёй грашовы пасаг і атрымаў назад маёнткі, раней былі вылучаны на яе ўтрыманне [30, s. 90–91]. На той час у сяле Белае заставаліся 6 службаў падданых яго маці. Іх Іван павінен быў атрымаць паводле яе тастамента, падпісанага 18 сакавіка 1558 г. [30, s. 68], што і адбылося пасля яе смерці ў 1561 г.

Багдана Багданаўна Сцяцкевічава памерла каля 1550 г., сваю частку перадаўшы нашчадкам ад першага шлюбу з князем Любецкім (Відзініцкім): двум сынам і ўнуку. 21 кастрычніка 1551 г. яе дачка Ганна, жонка Мікалая Осціка, судзілася са сваімі братамі, патрабуючы ад іх вылучэння ёй таксама часткі ў Палонне, Лемніцы, Белым і іншых маёнтках, якія запісала ім маці [30, s. 43]. З запісу ад 9 снежня 1551 г. вынікае, што мацярынскія маёнткі былі на той час у закладзе ў іх цёткі Ганны Скаруцінай [30, s. 43]. Напэўна, у Багданы была яшчэ адна дачка – жонка Івана Сялявы, які двойчы прыгадваецца сярод саўладальнікаў Белага на пачатку 1560-х гг. [17, c. 439; 30, s. 80]. Магчыма, яна нарадзілася ад яе другога шлюбу з Янам Сцяцкевічам, але непасрэдных звестак пра яе не захавалася.

Ганна Багданаўна Скаруціна сваю частку таксама завяшчала нашчадкам. Ад яе першага шлюбу з Якубам Кунцэвічам засталіся два сыны і дзве няпоўнагадовыя ўнучкі, Барбара і Кацярына; ад другога – сын Марцін Алехнавіч Скарута. Усе яны 27 сакавіка 1555 г. падзялілі паміж сабой «маёнткі мацярынскія рускія» [22, арк. 81; 30, s. 46]. Пры гэтым дзве трэці Палонна і Лемніцы з прыналежнасцямі дасталіся Марціну Скаруту, а рэшта – Барбары і Кацярыне. Да іх паўналецця апекуном быў прызначаны брат іх маці Астафі Багданавіч Валовіч. У той жа дзень ён пацвердзіў ад імя падапечных, што прызнае права Марціна Скаруты на яго частку [21, арк. 277; 30, s. 46].

Правы на частку спадчыны зноў прад’явілі і нашчадкі Фёдара Багданавіча Сапегі. 23 кастрычніка 1561 г. яго сын Дзмітрый прыгадваў, што раней разам з братамі Іванам (ужо памерлым) і Багданам выклікаў у суд сваіх родзічаў за недапушчэнне да ўдзелу ў маёнтках Палонна, Лемніца і Белае [30, s. 80, 105]. Справа была адкладзена. Долю ў спадчынных маёнтках Фёдаравічы ўрэшце атрымалі, але да пачатку Інфлянцкай вайны яна засталася непадзеленай. Гэта вынікае з датаванага 1563 г. дакумента, якім Дзмітрый Фёдаравіч пасля шлюбу забяспечыў жонцы пэўную суму грошай «на двух частях именей своих, которые ся ему в делу достанут», і сярод іх «на Руси Полоное и Лемницы а Белое» [30, s. 321, doc. XIV]. Здаецца, гэтая галіна Сапегаў свае правы на азначаныя маёнткі рэалізаваць так і не паспела. Пасля Інфлянцкай вайны яе прадстаўнікі ў сувязі з Белым больш не згадваюцца.

У такім раздробненым стане Белае застала вайна. У дыпламатычнай перапісцы з Іванам IV літоўскі бок 22 жніўня 1563 г. узгадваў, што маскоўцы «в место Лепле и в волость Лепельскую костела Виленьского плебании Витебское и в село Боровно, также в села маршалка дворного, подскарбьего земского, писара нашого старосты Могилевского и Озерищского пана Остафъя Воловича Белое и на Лепли, и в Черею и в ыные, шкоды немалые чиняшь уходячи» [12, № 158, c. 236]. Пісцовая кніга, складзеная маскоўскай адміністрацыяй Полацка, пералічвае «волости и села по книгам письма Семена Офонасьева сына Бортенева да Русина Тимофева сына Мошнина, лета 7071 [1563 – В. Н.]». Сярод іх: «Вол. Лепль, преж того была бискупа Виленского да князя Степана Избарского, на оз. на Лепли... Да в той же вол. слц. Белое и Ледное, стоит по обе стороны оз. Лепля, что было пана Остафья Воловича, да пана Ивана Селявина, да пана Омструха» [17, c. 439].

І маскоўская пісцовая кніга, і дыпламатычная перапіска, прыгадваючы ў складзе Лепельскай воласці сяло Белае, называюць яго ўладальнікам Астафія Валовіча. Фактычна ж ён быў апекуном дзвюх саўладальніц – незамужніх дачок Мікалая Кунцэвіча. Далейшы лёс гэтай часткі не прасочваецца. Вядома, што абедзве падапечныя Астафія Валовіча выйшлі ўрэшце замуж, але ні яны, ні іх мужы пасля Інфлянцкай вайны ў сувязі з Палонна і Белым не прыгадваюцца. Напэўна, яны пазбавіліся сваіх частак у гэтых маёнтках на карысць іншых саўладальнікаў.

Каментуючы звесткі з пісцовай кнігі, Дз. Даўгяла меркаваў, што Сапегі ў ёй выступаюць пад прозвішчам Амструхі, і пабудаваў цэлую тэорыю ў падмацаванне гэтай здагадкі, каб растлумачыць з яе дапамогай «адкуль у Івана Сапегі з’явілася сяльцо Белае» [10, с. 8-9]. Між тым, адказ на гэтае пытанне дае судовая справа 1533 г., не ўлічаная ў манаграфіі пра Сапегаў. Што да Амструхаў, то ў іх трэба бачыць паноў Астравухаў, а іх уладанні звязваць з усходнім берагам возера, дзе знаходзіліся Леднае (Лядна) і суседняе Жэзліна («Железна» ў пісцовай кнізе). 21 красавіка 1561 г. айчым Паўла Янушавіча Любецкага, князь Багдан Саколінскі, судзіўся з адным з Астравухаў за незаконны захоп спадчыны свайго пасынка [33, s. 210]. Да 1563 г. справа, напэўна, не была скончана, што і дало падставу маскоўскім пісцам залічыць Астравуха ў саўладальнікі Белага і Леднага.

А вось ніхто з Сапегаў у 1563 г. не згадваецца, хоць ім павінна была належаць большая частка Белага. Не згадваюцца таксама ні князі Любецкія з іх шваграм Мікалаем Осцікам, ні Марцін Скарута. Затое фігуруе загадкавы князь Сцяпан Ізбарскі, невядомы па іншых крыніцах. Падаецца, што ў гэтай асобе трэба бачыць князя Стэфана Збаражскага, які ў 1555–1564 гг. займаў пасаду віцебскага ваяводы. Магчыма, ён трымаў нейкую частку Белага ў закладзе ад Сапегаў, як раней князь Андрэй Меляшкоўскі. Аднак больш верагодна, што князь Збаражскі спрычыніўся да Лепельскай воласці праз тую частку Белага, якой валодаў Марцін Скарута і якая стала неўзабаве дзяржаўнай уласнасцю.

З пазнейшых згадак вядома, што Марцін Скарута падараваў сваю частку Палонна, Лемніцы і Белага каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Жыгімонту Аўгусту. Дакладная дата невядомая, але гэта адбылося, напэўна, неўзабаве пасля падзелу спадчыны ў 1555 г. Гэтая частка ахоплівала па некалькі двароў у розных паселішчах. У кожным з іх меўся і асобны панскі двор ці фальварак, які называўся пазней «Скаруцінскім». Такі двор існаваў і ў Белым. Магчыма, пасля пераходу ў дзяржаўную ўласнасць ён быў перададзены ў карыстанне віцебскаму ваяводзе, які ў 1560 г. пабудаваў замак Сураж у іншым сапежынскім маёнтку – Дрэчых Луках [33, s. 614]. Даходы са Скаруцінскіх двароў маглі ісці на ўтрыманне замка. Пазней – 1 жніўня 1570 г. – дзяржаўны фальварак у Палонна з належачымі да яго вёскамі (у сучасным Сенненскім раёне) быў часова вылучаны «на хлебокормленье» Івану Іванавічу Сапегу ў якасці кампенсацыі за спусташэнне Дрэчых Лук маскоўскай аблогай і гарнізонам Суража [30, s. 71, 150].

Маёнтак Белае, раздрабнёны ў сярэдзіне XVI ст., быў зноў сабраны ў адно цэлае Львом Сапегам, якому адна з частак маёнтка дасталася ў спадчыну ад бацькі. У 1586 г. ён купіў сумежны маёнтак Лепель [16, № 116, с. 64]. Заняўшы у канцы 1589 г. пасаду канцлера ВКЛ, Леў Сапега атрымаў 18 красавіка 1590 г. згоду караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы на перадачу яму і яго братам, у якасці кампенсацыі за адлучаны Сураж, Скаруцінскіх двароў ва ўсіх маёнтках: Палонным, Чарэі, Лемніцы, Берашове, Алексінічах, Беразвечы, Цепляках і Белым [30, s. 150–151][3].

29 кастрычніка 1591 г. адбыўся падзел спадчыны паміж братамі Львом, Грыгорыем і Андрэем Іванавічамі Сапегамі. Льву дасталася, апрача іншага, «Белае под Леплем, обе части, отчызная и Скорутинская» [25, № 62, c. 100–101]. Незадоўга да таго, паводле запісу ад 3 жніўня 1591 г., Леў атрымаў частку, што належала яго дзядзьку Міхайлу (Белае ў яе складзе непасрэдна не згадваецца), які быў абавязаны выплаціць сынам брата Івана 400 коп грошаў за тое, што ні ён сам, ні памерлы брат Павел не бралі ўдзелу ў выплаце пасагу падчас шлюбу сястры Зофіі. Да канца жыцця Міхайла так і не сабраў належную суму, таму замест яе саступіў пляменніку Льву спадчынныя маёнткі, уключаючы і долю, раней завешчаную яму Паўлам [25, № 61, с. 63].

У гаспадарчай кнізе Льва Сапегі за 1588–1607 гг., якая захавалася ў складзе так званай Асалінскай бібліятэкі, маецца запіс пра тое, што ў 1597 г. ён выкупіў у князя Паўла Любецкага за 360 коп грошаў частку Белага, якая таму належала [13, s. 403]. Магчыма, яшчэ адна частка ўваходзіла ў склад тых маёнткаў, якія атрымала ў спадчыну адзіная дачка Ганны Раманаўны Любецкай ад шлюбу з Мікалаем Осцікам – Ганна Мікалаеўна, жонка князя Льва Сангушкі. Яе сын Грыгорый Сангушка на пачатку 1590-х гг. саступіў гэтую спадчыну Пятру Стаброўскаму, а той 25 мая 1596 г. прадаў яе Льву Сапегу за 600 коп грошаў [30, s. 159; 33, s. 446].

На пачатку 1599 г. Леў Сапега набыў апошнюю, здаецца, рэшту спадчыны. Гэта была доля, якая з 1533 г. належала Глебу Янушавічу Сапегу і тром яго братам. Адзін з іх, Міхайла, пакінуў двух сыноў: Мікалая, кухмістра ВКЛ, і Льва. Пры падзеле паміж імі ў 1595 г. часткі Палонна, Белага і Чарэі дасталіся старшаму, Мікалаю, а ён праз чатыры гады прадаў іх Льву Сапегу за 2500 коп грошаў [30, s. 207–208].

25 чэрвеня 1599 г.[4] Леў Сапега ахвяраваў свай маёнтак у Лепелі і Белым кляштару бернардзінак у Вільні. Фундушавы запіс унесены ў яго гаспадарчую кнігу [13, s. 489–495]. У ім адзначаецца, што ахвяруюцца ўсе часткі Белага – і атрыманыя ў спадчыну, і Скаруцінская, і набытыя ад князя Паўла Любецкага і кухмістра Мікалая Сапегі.

Папярэдне на спадкавай частцы гэтага ўладання Львом Сапегам было заснавана “места” (мястэчка), вядомае спярша пад рознымі назвамі. Некалькі дакументаў з першымі ўпамінаннямі пра яго нядаўна былі апублікаваны В. Голубевым [5; 6; 7; 8; 9] і А. Доўнарам [11]. У далейшым за гэтым паселішчам замацавалася назва “Новы Лепель”, а пасля далучэння да Расійская імперыі яно атрымала статус павятовага горада пад назвай Лепель. Шэраг звестак, якія тычацца гісторыі Старога і Новага Лепеля, прыводзіцца ў другой частцы нашага з В. Азаронкам артыкула [15]. Агульныя ж высновы на падставе ўсяго комплексу крыніц плануецца падвесці ў наступным выпуску “Архіварыўса”.

 

Крыніцы і літаратура

  1. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. – Т. 1. – Санкт-Петербург : Типография II Отделения Собственной Е. И. В. Канцелярии, 1846. – 428 с.
  2. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. – Т. 2. – Санкт-Петербург : Тип. Эдуарда Праца, 1865. – 288 с.
  3. Без-Корнилович, М. О. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии: с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся. – Санкт-Петербург : Типография III Отд. собств. Е. И. В. канцелярии, 1855. – 355 с.
  4. Геометрической план Белорусской Витебской губернии, присоединенной части от Минской к Витебской губернии, Лепельскаго целого уезда. М 1:42000 // РГАДА. – Ф. 1356. Оп. 1 Д. 92.
  5. Голубеў В. Ф. Карта горада Новы Лепель з Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы // V Лепельскія чытанні: матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі (21–22 верасня 2012 года, г. Лепель). – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2012. – 191 с., [1] л. карт. – С. 47-52.
  6. Голубеў В. Ф. Устава Льва Іванавіча Сапегі гораду Новы Лепель ад 6 мая 1596 г. // V Лепельскія чытанні. – С. 53-65.
  7. Голубеў В. Ф. Устава мяшчанам горада Новы Лепель пасля завяршэння дванаццаігадовай слабады ў 1601 г. // V Лепельскія чытанні. – С. 65-70.
  8. Голубеў В. Новыя дакументы па гісторыі Лепеля // Беларускі гістарычны часопіс. – 2013. №10. – С. 5–20.
  9. Голубеў В. Ф. „A w mieście Jesie, to est w Nowym Lieplu” (Яшчэ раз да лакалізацыі і эвалюцыі назвы Лепеля) // VII Лепельскія чытанні: матэрыялы VII навукова-практычнай канферэнцыі (г. Лепель, 27–28 кастрычніка 2016 г.) / [пад рэдакцыяй Я. А. Грэбеня]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2017. – 196 с. – С. 48-51.
  10. Довгялло, Д. И. Лепель, уездный город Витебской губернии. Хроника минувшей жизни. – Витебск : Губ. типолитогр., 1905. – 105 с.
  11. Доўнар А. Б. Лепельскія мяшчане гандлявалі з Рыгай (дакумент па справе лепельскіх мяшчан аб суднаходстве ракі Ула 1612 – 1613 гг. // VII Лепельскія чытанні. – С. 62-73.
  12. Книга посольская Метрики Великого княжества Литовского, содержащая в себе дипломатические сношения Литвы в государствование короля Сигизмунда-Августа (с 1545 по 1572 год) / Ред. М. А. Оболенский, И. Н. Данилович. – Т. 1. – Москва : Университетская типография, 1843. – XX, 480, [1] с.
  13. Навуковая бібліятэка імя В. Стэфаніка НАН Украіны. Аддзел рукапісаў. – Ф. 103 (Архіў Сапегаў з Красічына). Спр. 880. – Kwitariusz gospodarczy Lwa Sapiehy. 1588–1607. – 594 арк.
  14. Насевіч, В. Л., Азаронак, В. В. Раннія крыніцы па гісторыі Лепеля. Частка 1. Да сярэдзіны XVI ст. // Беларускі археаграфічны штогоднік. – Вып. 22. – Мінск : БелНДІДАС, 2021. – С. 116–124.
  15. Насевіч, В. Л., Азаронак, В. В. Раннія крыніцы па гісторыі Лепеля. Частка 2. Другая палова XVI – першая палова XVII ст. // Беларускі археаграфічны штогоднік. – Вып. 23. – Мінск : БелНДІДАС (рыхтуецца да друку).
  16. Описание рукописного отделения Виленской публичной библиотеки. – Вып. 1. – Вильна : [б. и.], 1895. – Приложения. – XVII, 39, 144 с.
  17. Писцовые книги Московского государства. – Ч. 1: Писцовые книги XVI века. Отд. 2: Местности губерний: Ярославской, Тверской, Витебской, Смоленской, Калужской, Орловской, Тульской / под ред. Н. В. Калачова. – Санкт-Петербург : Типография II Отделения Собственной Е. И. В. Канцелярии, 1877.  – [5], 1598 с.
  18. Российский государственный архив древних актов (далей – РГАДА). – Ф. 389 (Литовская метрика). Оп. 1. Д. 15. – Метрика короля его милости Жикгимонта старого справ судовых, уфалы земские, посельства розные и некоторые данины. 1528–1538. – 240 л.
  19. РГАДА. – Ф. 389. Оп. 1. Д. 196. – Книга короля Стефана; вице-канцлера Боруковского. 1582–1583. – 267 л.
  20. РГАДА. – Ф. 389. Оп. 1. Д. 237. – Книга Виленского замкового суда справцы воеводства Ивана Горностая. 1549–1550. – 532 л.
  21. РГАДА. – Ф. 389. Оп. 1. Д. 247. – Книга Виленского замкового суда воеводы Миколая Радзивилла. 1554–1558. – 998 л.
  22. РГАДА. – Ф. 389. Оп. 1. Д. 248. – Книга королевских решений. 1554–1556. – 127 л.
  23. Розов, В. Українські грамоти. – Т. 1. XIV в. і перша половина XV в. – Київ : Друкарня Українскої Академії Наук, 1928. – 268 с.
  24. Русская историческая библиотека, издаваемая императорской археографической комиссией. – Т. 27: Литовская метрика. – Санкт-Петербург : Сенатская типография, 1910. – 660 с.
  25. Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки, состоящей под августейшим покровительством его императорского высочества государя наследника цесаревича Александра Александровича : [Труд Петра Гильтебрандта]. – Вып. 1. – Вильна : Печатня А. Г. Сыркина, 1871. – XIV, [2], 230 с.
  26. Рэвізія Полацкага ваяводства 1552 года [Тэматычны дадатак да нумара «ARCHE» «Полацак: падарожжа ў прасторы і часе»] / уклаў В. Варонін. – Менск : [б. в.], 2011. – 271 с.
  27. Kognowicki, K. Zycia Sapiehow y listy od monarchow, ksiąźąt, y roźnych panujących do tychźe pisane. – T. 1. – Wilno : Druk. J. K. Mości przy Akademii, 1790. – [18], 393, [5] s.
  28. Kraszewski, J. I. Wilno od początków jego do roku 1750. – T. 2. – Wilno : Nakładem i Drukiem Józefa Zawadskiego, 1840. – 528 s.
  29. Lietuvos Metrika. – Knyga № 15 (1528–1538): Užrašymų knyga 15 / Parengė A. Dubonis. – Vilnius : Žara, 2002. – 448 p.
  30. Sapiehowie. Materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe / wydane nakł. rodziny. – T. 1. – Petersburg : nakł. rodziny, 1890. – XVI, 456 s.
  31. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. – T. 5. – Warszawa : nakł. Filipa Sulimierskiego i Władysława Walewskiego, 1884. – 960 s.
  32. Volumina legum. Przedruk zbioru praw staraniem XX Pijarów w Warszawie, od roku 1732 do roku 1782, wydanego. – T. 2. – Petersburg : J. Ohryzko, 1859. – 482, XIII, [1] s.
  33. Wolff, J. Kniaziowie Litewsko-Ruscy od końca czternastego wieku. –Warszawa : Drukiem J. Filipowicza, 1895. – 724 s.

Дадатакі 1-3: Генеалагічныя схемы ўладальнікаў Полонна і Белага

Артыкул паступіў у рэдакцыю 20.02.2021


 

[1] Падставай для атаясамлівання «Березовича» з Бярозкамі з’яўляецца тое, што рака Бярозка (правы прыток Крывінкі), ля вытоку якой з Бярозаўскага возера знаходзяцца Бярозкі, у XVI ст. называлася Беразвеч ці Беразвечча. Пад такой назвай яна згадваецца ў «Рэвізіі Полацкага ваяводства» 1552 г. пры апісанні маёнтка Крывіна княгіні Саколінскай: «В том именю маеть гоны бобровые, ловы зверинные, дерево бортное и езы по Крывине и по Березвечы» [26, c. 109].

[2] Пагадненне вядома паводле копіі, якая 20 чэрвеня 1583 г. была ўпісана ў 6-ю кнігу т. зв. Рускай (Валынскай) метрыкі [19, aрк. 261–262 адв.].

[3] Адпаведны прывілей надрукаваны [32, s. 317]. Аўтар манаграфіі пра Сапегаў, пераказваючы яго, замест Белага памылкова згадаў іншы сапежынскі маёнтак – Басею.

[4] М. Кусцінскі, аўтар першага энцыклапедычнага артыкула пра Лепель [31, s. 149] датаваў фундацыю 1609 г. Гэтую дату некрытычна прыняў Дз. Даўгяла [10, c. 15]. Яго спасылка пры гэтым на працу Ю. Крашэўскага [28] няслушная: той на с. 333–335 прыводзіць толькі пералік фундацый паводле Кагнавіцкага, без дат.