Насевіч В.Л., Азаронак В.В. Раннія крыніцы па гісторыі Лепеля. Частка 2. Другая палова XVI – першая палова XVII ст. (2022)

By vln , 5 April 2025

Раннія крыніцы па гісторыі Лепеля. Частка 2. Другая палова XVI – першая палова XVII ст. 

// Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 23. Мн.: БелНДІДАС, 2022. С. 96–105.

В. Л. Насевіч,

кандыдат гістарычных навук

В. В. Азаронак,

краязнавец

У хуткім часе пасля пераходу Лепельскай воласці ад Віцебскай пля­ба­ніі да Віленскага капітула Полацкая зямля, на ўскрайку якой знаходзілася гэ­тая воласць, была захоплена маскоўскімі войскамі падчас Інфлянцкай вайны. Ле­там 1563 г. цар Іван IV накіраваў сваіх людзей, якія павінны былі зафік­са­ваць межы і склад нованабытай тэрыторыі. На падставе іх справаздач была скла­дзена «Книга границам города Полоцка и Полоцкого повета с соседними пове­тами», пасля вайны ўключаная ў якасці трафея ў склад Літоўскай мет­ры­кі [29; 26, с. 421—461]. Аб’яднанне розных звестак у гэтую кнігу было зроб­ле­на не раней за 1566 г., бо ў ёй дакументы за 1563—1566 гг. прыводзяцца ўпе­ра­мешку, а апісанне межаў Азярышчанскай і Усвяцкай валасцей у канцы кні­гі ўвогуле датуецца 1571 г.

Адзін з уключаных у кнігу дакументаў фіксуе «волости и села по кни­гам писма Семена Офонасьева сына Бортенева да Русина Тимофева сына Мош­нина, лета 7071 (1563)». Сярод іх: «Вол. Лепль, преж того была бискупа Вилен­ского да князя Степана Избарского, на оз. на Лепли, а в вол. храм Нико­лы чюдотворца. Да в той же вол. того ж бискупа на Лепле же дер. оброч­ные…» [26, c. 439].

Літоўскі бок у дыпламатычнай перапісцы з Іванам IV 22 жніўня 1563 г. узгадваў, што маскоўцы «в место Лепле и в волость Лепельскую кос­те­ла Виленьского плебании Витебское и в село Боровно, также в села мар­шал­ка дворного, подскарбьего земского, писара нашого старосты Моги­лев­ско­го и Озерищского пана Остафъя Воловича Белое и на Лепли, и в Черею и в ыные шкоды немалые чиняшь уходячи» [17, c. 236].

Як вынікае з гэтай звесткі, маскоўцы не здолелі ўтрымаць за сабой адда­леную ўскраіну Полаччыны, на якой знаходзілася Лепельская воласць, а зыхо­дзячы, пры­чынілі шкоды. Важна адзначыць, што ў літоўскай скарзе не сцвяр­джаецца ні пра спаленне Лепеля, ні пра існаванне ў ім замка. Але воласць засталася не толькі разрабаванай, але і адкрытай для новых нападаў.

У артыкуле М. Кусцінскага ў «Геаграфічным слоўніку» сцвяр­джа­ец­ца, што капітул Віленскага біскупства адмовіўся ад спустошанага Лепеля на карысць караля [47, s. 149]. Шэраг запісаў наконт гэтай падзеі маецца ў акта­вай кнізе біскупства [6], вытрымкі з якой апублікаваны [25, с. 64]. З іх вынікае, што Лепель быў перададзены дзяржаве з умо­вай: у далейшым альбо вярнуць яго, альбо даць узамен нейкі іншы маён­так.

Неўзабаве на возеры Лепле (суч. Лепельскае возера) быў пабудаваны замак, які супрацьстаяў пабудаванаму маскоўцамі замку Кап’ё ля мястэчка Суша, прыкладна ў 28 км на паўночны ўсход ад Лепеля. Ёсць падставы адка­рэк­ціраваць выказаную М. Без-Карніловічам [3, с. 111—112], паўтораную А. Семян­тоўскім [33, c. 45] і падтрыманую М. Ткачовым [35, c. 112—113] дум­ку пра тое, што Лепельскі замак існаваў раней за 1563 г., быў спалены мас­коўцамі і пазней адноўлены. У пацвярджэнне думкі пра ранняе існаванне зам­ка М. Ткачоў спаслаўся на распіску («квіт»), арыгінал якой захаваўся ў спра­ве з Нясвіжскага архіва Радзівілаў. Дакумент пацвярджае, што ротмістр Лепель­скага замка Станіслаў Русецкі атрымаў розныя вайсковыя прыпа­сы [21, арк 4]. У квіце стаіць дата, у якой, на першы погляд, чытаецца 1561 год. Але справа ў тым, што там прыгаданы Юрый Зяноўевіч («Зяновіч») у якасці полац­кага кашталяна і лепельскага старасты, чаго ў 1561 г. быць не маг­ло. Паса­да полацкага кашталяна тады яшчэ не існавала[1]. Відавочна, апош­няя ліч­ба ў даце, напісаная арабскімі лічбамі, павінна чытацца не як 1, а як 7. Квіт рот­містра Русецкага, такім чынам, датуецца 3 верасня 1567 г. Аналагічны квіт у іншай справе таго ж фонду датуецца 1566 г. [22, арк. 12].

Сярод упісаных у «Кнігу граніцам горада Полацка…» дакументаў пры­водзіцца апісанне, якое склаў у чэрвені 1563 г. маскоўскі пісар Васіль Нізаў­цоў. Там згадваецца «горад» на возеры Лепле, які нібыта існаваў у той час. Але гэтая згадка знаходзіцца ў неадназначным кантэксце, які варта раз­гле­дзець больш уважліва. З апісання Нізаўцова вынікае, што граніца Полац­кай зямлі на пэўным участку супадала з паўднёвай мяжой Лепельскай волас­ці. Ён адзначыў, што пасля ўпадзення ў «Ясу» (суч. Эса) рэчкі «Бярэшчыцы» (суч. Бярэшча) «Яса рчк. пошла по рубежю подле Точного мху и подле Глин­ные горы и позади Офремова поля и позади Великого бору, а впала в р. Улу ниж оз. Лепля 2 вер.» [26, c. 423]. Робіцца ўражанне, што граніца ішла ўніз па Эсе і нейкім чынам трапляла на Улу. Але Эса зараз упадае ў возера Проша, якое дзвюма пратокамі злучаецца з Лепельскім возерам, і толькі з апошняга выця­кае Ула. Заходняя пратока фактычна з’яўляецца руслам канала, прака­па­на­га ў 1804 г. [14, с. 28—29] паміж азёрамі Проша і Белае (пад такой назвай Лепель­скае возера зафіксавана расійскімі землямерамі на створанай каля 1795 г. карце [30]). Да таго часу ўсходняя пратока лічылася працягам Эсы, што бачна на плане пачатку XVIII ст. [10, уклейка; 11, с. 10].

Такім чынам, Эса не магла ўпадаць ва Улу ніжэй за яе выток з Лепель­ска­га возера. Магчыма, у арыгінале справаздачы Нізаўцова апісваўся суха­пут­ны адрэзак граніцы з сялом Свяда, які ішоў прыблізна так, як паказана на межа­вым плане пачатку ХІХ ст. [9]: ад вусця Бярэ­шчы ўверх, а не ўніз па Эсе амаль да ўпадзення ў яе рэчкі Свядзіцы. Недзе там, у ваколіцах сучаснай вёскі Вілы, павінна знаходзіцца ўрочышча Точны мох, ад якога ішоў на ўсход, паралельна Свядзіцы, сухапутны адрэзак паў­днё­вай граніцы Лепельскай воласці і адначасова Полацкай зямлі. Прыблізна праз 7 км граніца збочвала на паўночны ўсход і выходзіла на р. Улу — праўда, не ў 2, а ў 12 вёрстах ад яе вытоку з возера. Пры такім дапушчэнні натуральным пра­цягам выглядае далейшы сказ: «А от Точного мху по рубежю Полоцкою пове­ту до Улы р. лесу, болшего мху и болота с 30 вер.» [26, c. 423].

Аднак перад гэтым працягам апісанне перабіваецца фразай: «а после того на оз. Лепле литовские люди город поставили». Агаворка «пасля таго» свед­чыць пра пазнейшую ўстаўку, якая магла з’явіцца пры ўпісанні спра­ва­зда­чы Нізаўцова ў «Кнігу граніцам горада Полацка …». На той час замак у Лепе­лі, несумненна, існаваў, што і магло выклікаць спасылку на «горад».

Атрымліваецца, што не існуе ніводнага дакумента, які неаспрэчна свед­чыў бы пра існаванне Лепельскага замка да захопу Полацка. Аповед пра будаў­ніцтва шэрагу замкаў «по взятию Полоцком» маецца ў Баркулабаўскім лета­пісе. Паводле яго «замок Леплю» пабудаваў Баркулаб Іванавіч Кор­сак [27, c. 175]. Аднак да будаўніцтва гэтага замка ён мог мець толькі ўскоснае дачы­ненне — пасля таго, як прывілеем ад 25 сакавіка 1566 г. у яго пажыц­цё­вае кіраванне было перададзена Дзісненскае стараства. У склад гэтага стараст­ва былі ўключаны маёнткі, якія да вайны належалі царкве, у тым ліку на адлег­лас­ць у 20—30 км вакол Лепеля: «уладычныя» Вялікія і Малыя Дольцы, Пуціл­ка­вічы, Завячэлле, «сяло Еванскае манастырскае» (суч. Іванск) і іншыя, больш аддаленыя [40, с. 8—9]. Аднак Лепель знаходзіўся ў кіраванні не Бар­ку­лаба, а Анікея Корсака. Гэта вынікае з серыі каралеўскіх лістоў, датаваных 22 жніў­ня 1566 г. [39, с. 54—59]. Адзін з іх накіроўваўся Анікею Корсаку, «кото­рий замок наш Лепле от нас еси в моцу и держаню своем до сего часу мел», і загадваў яму перадаць гэты замак новапрызначанаму лепельскаму старасце Юрыю Зяноўевічу. Апошняму даручалася трымаць там гарнізон «з ротой его ездною» коль­касцю ў 200 коней, на харчаванне якога дазвалялася набываць па фік­са­ва­ных цэнах правіянт у маёнтках, што не былі спустошаны. А на Баркулаба Корсака ўскладалася задача правесці «поровнанье» пад­даных паміж належачым яму Дзісненскім стараствам і Лепельскім, бо «под­даные оного замку Лепельского з поддаными волостями замку Дис­нен­ско­го заодно ся смешали и разделу певного не мают».

Даўно выяўлены і апублікаваны ліст Жыгімонта Аўгуста ад 17 чэр­ве­ня 1568 г. [2, с. 144], адрасаваны Юрыю Зяноўевічу (гэты дакумент згад­ва­ец­ца ўжо ў кнізе М. Без-Карніловіча). На той момант «замок наш Лепельский» быў яшчэ не дабудаваны, што выклікала непакой караля. Ён надзяляў Зяноўе­ві­ча паўнамоцтвамі прыцягваць да будаўніцтва жыхароў з нава­коль­ных маёнт­каў, пра што іх уладальнікам былі дадзены адпаведныя распа­ра­джэн­ні. В. Голубевым апублікаваны два ліста Жыгімонта Аўгуста «мяшчанам лепскім» ад 12 ліпеня 1568 г., у якіх яны вызваляліся на 15 гадоў ад усіх падаткаў, апрача будаўніцтва ўмацавання – «астрогу» вакол мястэчка [11, дадатак 2] і атрымалі дазвол на бязмытны гандаль па ўсім ВКЛ [13, с. 55-56].

Далейшых падзей тычацца некалькі рэгестаў з рэверса 1807 г. [7], па­хо­джанне якога апісана ў першай частцы нашага артыкула [19]. Так, 12 ліпеня 1570 г. віленскі кашталян і гетман Рыгор Хадкевіч даручыў камандаванне ротай, што засталася пасля памерлага лепельскага ротмістра Русецкага, пану Дзінтальту (Дзін­тылойту). 2 лістапада 1570 г. яму ж быў адрасаваны загад караля Жыгі­мон­та Аўгуста трымаць у Лепельскім замку гарнізон у 50 чалавек і пад­па­рад­коў­вацца полацкаму ваяводу. У наступныя чатыры гады адбываліся што­га­до­выя перапісы гэтага гарнізона, рэестры якіх таксама згадваюцца ў рэгестах.

Яшчэ адзін рэгест сведчыць, што 3 верасня 1576 г. новы кароль Стэ­фан Баторый надаў Лепельскае стараства (Мікалаю) Аляхновічу-Дара­гастай­ска­му (які адначасова быў полацкім ваяводам). У Лепелі ў той час дзейнічаў нават замкавы (гродскі) суд, з актавай кнігі якога 22 снежня 1576 г. быў, павод­ле рэгеста, зроблены выпіс аб нейкім змяненні ўмоў фундуша на Лепель­скі маёнтак. Згадку пра існаванне гродскага (замкавага) урада змяшчае так­сама рэгест дакумента ад 30 чэрвеня 1578 г.

Гэтых часоў тычыцца сціслае апісанне Лепельскага замка ў трактаце Аляк­сандра Гваньіні «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі», упершыню выда­дзе­ным у 1578 г.: «Лепель — замак і горад добра ўмацаваны ў возеры быццам на паў­востраве» (Leplo — Arx et civitas bene munita in lacu quasi peninsu­la) [36, p. 373]. Яго Гваньіні аднёс да Віцебскага ваяводства — магчыма, на пад­ста­ве папярэдняй прыналежнасці Лепельскай воласці да Віцебскай пляба­ніі.

Пасля вызвалення Полацкага ваяводства з-пад маскоўскай улады ў сту­дзені 1580 г. дворным падскарбіем ВКЛ Фёдарам Скумінам і віцебскім пад­каморыем князем Юрыем Друцкім-Саколінскім была праведзена яго рэві­зія. Д. Даўгяла прывёў урывак з рэвізорскага апісання Лепеля (у перакладзе на сучас­ную рускую мову) [14, c. 10—11] паводле копіі, знятай А. П. Са­пу­но­вым у Ваенна-навуковым архіве Галоўнага штаба ў Маскве [31][2]. Адпаведна апі­сан­ню, «мястэчка Лепле асаджана на зямлі Віленскага капітула на востраве возе­ра той жа назвы. … Паводле звычаю той ускраіны, зараз вакол гэтага мяс­тэч­ка ўзведзена добрая сцяна». На гэты час у мястэчку значылася каля 300 два­роў, але «зараз жа няма і 10 чалавек аселых» [14, c. 11].

Іншы фрагмент рэвізіі 1580 г., які тычыцца абмежавання Лепельскай волас­ці («Граніца старадаўняя маёнтка Лепельскага»), быў аформлены як экс­тракт з яе 8 ліпеня 1638 г. і ў 1776 г. перапісаны ў актавую кнігу Галоў­нага Літоўскага трыбунала [32, арк. 245—245 адв.] [3]. Апісанне мяжы пачы­налася ад ракі «Ясы» (Эсы), далей на захад па рэчцы «Бярэзчызне» (Бярэ­шчы) праз возера Окана і, відавочна, на поўнач праз урочышчы Страў­нік, Калюгі і Дубы. Ад Дубоў мяжа перасякала возера Лепле і на яго ўсходнім бера­зе праз Грыбніцу (засценак з такой назвай у пач. ХІХ ст. быў у вярсце на поў­дзень ад в. Шаркаўка [20]) і возера «Okorno» (верагодна, суч. Огзіна), выхо­дзіла на р. Улу і ўздоўж яе «на капавішча па Вялікі бор» — відавочна, той, які прыгадваў Нізаўцоў.

Пра месцазнаходжанне «капавішча» (месца збору прадстаўнікоў су­меж­ных вёсак на копны суд) можна выказаць толькі асцярожныя здагадкі. Так, з дакумента ад 15 чэрвеня 1539 г. можна даведацца, што для агляду паш­ко­джанай мяжы лепельскага сяла Бораўна з сапежынскім сялом Белае ў якас­ці сведак прыцягваліся «мужы» з сёл Свяда (у тэксце «Звада»), Чэрцы («Шчэр­цы») і дзвюх частак Жэжліна, належачых розным уласні­кам [34, с. 208—209]. Недзе ў ваколіцах Бораўна, на беразе Улы (ля суч. Зор­ні­цы?), маглі і ў далейшым збірацца пры неабходнасці на копны суд прад­стаў­нікі адзначаных сёл.

Дакладна невядома, як размяшчаліся землі сапежынскай часткі маёнт­ка Белае, сумежнай з Бораўнам. Магчыма, яны межавалі з Чэрцамі і Свядай далей ад Вялікага бору, на якім абрываецца экстракт з апісання 1580 г., да самай Эсы, з якой гэтае апісанне пачалося. Адсутнасць гэтага адрэзку ў экс­трак­це можа тлумачыцца тым, што ў рэвізіі межы маёнтка Белае, які не ўва­хо­дзіў у Лепельскае стараства, не апісваліся.

Пасля заканчэння вайны патрэба ў Лепельскім замку (астрогу) знікла і ён, напэў­на, быў паступова разабраны. Аднак 15-гадовы прывілей на вызваленне лепель­скіх мяшчан ад падаткаў дзейнічаў яшчэ тры гады. У такім стане мяс­тэч­ка ўяўляла мала карысці для юрыдычных уласнікаў — канонікаў Вілен­ска­га капітула. Яны вырашылі не патрабаваць ад караля звароту маёнтка, а пакі­нуць Лепель у дзяржаўнай уласнасці, каб узамен атрымаць Пасволь на поў­начы Літвы. У актавай кнізе Віленскага біскупства запіс аб такой угодзе з кара­лём Стэфанам Баторыем датаваны 15 ліпеня 1580 г. [25, c. 103]. Аднак заме­на патрабавала санкцыі рымскай курыі. Яшчэ 11 студзеня 1585 г. капітул не меў адтуль пацвярджэння і непакоіўся, што ў выпадку адмовы будзе выму­ша­ны вяртаць усе даходы, атрыманыя з Пасволя [25, № 107, с. 63]. Таму 12 мая 1586 г. было прынята мудрагелістае рашэнне: кароль вяртае Лепель Вілен­скаму капітулу, а той адразу прадае яго падканцлеру Льву Сапегу (ула­даль­ніку Белага) за 1200 коп грошаў. Прытым у карыстанні капітула застаўся Па­своль — нібыта не абменены на Лепель, а нанова падараваны. Адпаведны пры­вілей на падараванне Пасволя капітулу кароль выдаў 11 жніўня. Тым часам 16 снежня 1586 г. кардынал Юрый Радзівіл, нарэшце, дамогся згоды рым­скага папы на замену маёнткаў [25, №№ 112, 114а, 116, с. 64], што зрабіла ранейшую камбінацыю залішняй. Адмяняць яе, аднак, не сталі. Мікалай Дарагастайскі, якому Лепель быў нададзены ў пажыццёвае карыс­танне, намінальна захаваў свой тытул старасты лепельскага. На гэтай паса­дзе ён прыгадваецца 25 жніўня 1593 г. [1, c. 232].

Падканцлер, а пазней канцлер ВКЛ Леў Іванавіч Сапега, набыўшы Лепель, злучыў яго са сваім спадчынным маёнткам Белае[4]. На тэрыторыі аб’яднанага маёнтка ўзнікла новае мястэчка (у крыніцах – «места»)[5]. Упершыню яно згадваецца ў выяўленым В. Голубевым у Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы праекце «Уставы месту Новаму Леплю», [5, арк. 4-4адв.; 11, дадатак 4], які быў складзены рэвізорам Сапегі Тэадорам Свяцкім. Гэта менавіта праект – пазначаны павіннасці, якія асаджаныя на 12-гадовай слабадзе мяшчане «по вистю поменены(х) дванадцати год повинны будуть полнити». У дакуменце маецца дата – 16 ліпеня 1589 г., і яе можна лічыць першым упамінаннем будучага горада пад яго сучаснай назвай (у форме «Новае Лепле»)[6]. Аднак незразумела, якой падзеі тычыцца дата: заснавання мястэчка ці ажыццяўлення Свяцкім рэвізіі ўжо існуючага паселішча, пад час якой і быў складзены праект. У той жа справе маецца копія іншага варыянта ўставы – больш падрабязнага і, мяркуючы па фармулёўках «маеть быти», – канчатковага. Ён датаваны 6 мая 1596 г. [5, арк. 1-3; 8, дадатак 3]. Калі дапусціць, што якраз тады скончылася 12-гадовая слабада, «памянёная» ў праекце Свяцкага, то датай заснавання Новага Лепеля трэба лічыць 6 мая 1584 г.

У гаспадарчай кнізе Льва Сапегі, што захоўваецца ў Навуковай бібліятэцы імя В. Стэфаніка ў Львове, ёсць запіс ад 10 снежня 1596 г., што канцлер перадаў у трохгадовую арэнду свайму слузе Юзафу Ельскаму «ўвесь маёнтак мой, Лепле Старое і Новае мястэчка, і з усёй воласцю, да яго належачай, і з трыма часткамі ў Белай» [18, c. 259-263][7].

25 чэрвеня 1599 г. Леў Сапега ахвяраваў свае маёнткі ў Лепелі і Белым (без пазначэння іх складу) капліцы Св. Крыжа ў Віленскім касцёле Св. Ста­ніс­ла­ва і пабудаванаму ім кляштару бернардзінак у Вільні. Копія яго фун­ду­ша­ва­га запісу на лацінскай мове ўпісана ў тую ж гаспадарчую кнігу [18, c. 489—495]. Гэты дакумент не публікаваўся.

Біёграф Сапегаў Казімір Кагнавіцкі ў 1790 г. надрукаваў у першым томе сваёй працы пачатак іншай версіі фундацыйнага запісу, арыгінал якой зараз невядомы [37, s. 184—186]. Але ў гэтым урыўку няма ні даты даку­мен­та, ні назваў згаданых у ім мясцовасцей. У іншым месцы пры апісанні фун­да­тар­скай дзейнасці канцлера, але зноў без дакладнай даты і спасылкі на кры­ні­цу, сцвярджаецца, што Леў Сапега падараваў бернардзінкам мястэчкі Стары Ле­пель і Белае, альбо Новы Лепель, з вёскамі Стаі, Лепель, Белае, Бораўна, За­лес­се, Слабада і Новая Слабада, Зорніца, Жэзлін, Паўсвіж. Там жа адзна­ча­ец­ца, што віленскі кляштар бернардзінак быў пабудаваны ў 1596 г. [37, s. 187]. Адкуль К. Кагнавіцкі ўзяў пералік паселішчаў, невядома. У манаграфіі «Sapiehowie» дата і склад фундацыі не прыводзяцца, толь­кі адзначаецца, што ў 1594 г. канцлер ахвяраваў на будаўніцтва кляштару пляц у Вільні, а «потым, па заканчэнні будоўлі, прызначыў значны фундуш і на ўтрыманне 24 паненак ордэна» [45, s. 157]. 

Пазней Леў Сапега зрабіў яшчэ адзін фундацыйны запіс – на карысць заснаванага ім касцёла Св. Казіміра ў Новым Лепелі. Запіс захаваўся ў копіі ў кнізе Галоўнага духоўнага трыбунала за 1780 г. [43, aрк. 77] і датуецца 6 жніўня 1604 г. Яго цалкам прыводзіць Д. Даўгяла (у пе­ра­кладзе на рускую мову) [14, c. 14]. У ім Са­пе­га пры­гад­вае, што «Лепельскі маёнтак, з усёй Лепельскай воласцю, адсу­нуў­шы дзяцей і нашчадкаў, я падараваў і навекі запісаў на капліцу сваю пры кас­цёле Св. Ста­ніс­лава ў Віленскім замку і на дзявочы кляштар, заснаваны мной у Вільні на гонар і славу Пана Бога Усемагутнага», і далей адзначае, што з гэтага надання ён зараз вымае «тое, што надаю на Лепельскі касцёл». Да кас­цё­ла павінны былі перай­сці некалькі валок у Новым Лепелі, а таксама сяло Ляд­на. Увод лепельскага ксяндза Яна Буйвідавіча ў валоданне Ляднам і плябаніяй «у месце Есе, альбо Новым Леплю» адбыўся ў 1610 г., пра што сведчыць копія «ліста падаўчага», упісаная ў актавую кнігу Галоўнага духоўнага трыбунала ў 1780 г. [44, s. 436] і нядаўна апублікаваная В. Голубевым [12, с. 50-51].

Адначасова А. Доўнар апублікаваў дакумент ад 13 красавіка 1613 г., у якім фігуруюць мяшчане «з Старого Лепля (…) а з места нового прозываемого Белого» [4, арк. 41-44; 15, с. 58], сплаўляўшыя тавары па Ўле ў Дзвіну і далей у Рыгу. 

Прыкладна ў той жа час быў складзены прататып плана Новага Лепеля. На думку В. Голубева, выяўлены і двойчы апублікаваны ім асобнік плана [8; 10, уклейка; 11, с. 10] быў перамаляваны з гэтага прататыпу на пачатку XVIII ст. з пазначэннем новых культавых пабудоў, але вулічная планіроўка адлюстроўвае першапачатковы стан. Сапраўды, пазнейшай забудовы, якая прыгадваецца ў інвентары 1641 г. (гл. ніжэй), на плане няма.

Выкананне фундацыйнага запісу на карысць бернардзінак адбылося толькі пасля смерці Льва Сапегі. Дату фактычнай змены ўласніка фіксуе акт інтрамісіі кляштару бер­нардзінак на «маёнтак і двор Лепле», складзены 10 жніўня 1633 г. возным Полац­кага ваяводства Стэфанам Зелянеўскім. Акт упісаны ў кнігу Галоўнага Літоў­скага трыбунала 19 лютага 1776 г. [42, арк. 243—244 адв.], фрагмент з яго прывёў В. Голубеў [11, с. 13]. 

М. Кусцінскі ў артыкуле «Геаграфічнага слоўніка» чамусьці датаваў фун­дацыю на карысць бернардзінак 1609 г. [47, s. 149]. Д. Даўгяла паў­та­рыў гэтую дату, але спаслаўся на другі том працы Ю. Крашэўскага пра гіс­то­рыю Віль­ні, без пазначэння старонкі [14, с. 15]. Між тым у адзначаным томе даец­ца толь­кі пералік мясцовасцей, падараваных Львом Сапегам розным вілен­скім кас­цёлам і кляштарам, без дакладных дат і са спасылкай на адпа­вед­нае месца ў працы К. Кагнавіцкага [38, s. 333—335]. Такім чынам, даты фундацыі і пераходу Лепеля ва ўласнасць бернардзінак, пры­ве­дзе­ныя Кус­цінскім і Даўгялам, трэба лічыць памылковымі.

У адну з актавых кніг Менскага гродскага суда ўпісаны інвентар маёнт­ка Лепель за 1641 г. [23], які раней не выкарыстоўваўся[8]. Кніга дай­шла да нашых дзён у дрэнным стане. Верхнія краі аркушаў, на якіх зме­шча­ны інвентар, струхнелыя, таму частка радкоў не чытаецца. Пэўны час інвен­тар існаваў у выглядзе самастойнага сшытка і быў, напэўна, пера­пле­це­ны ў актавую кнігу ўжо ў пашкоджаным стане: як мінімум адзін аркуш у кан­цы быў страчаны, а пачатковая і заключная старонкі з тых, што захаваліся, моц­на зацёртыя. Да таго ж пры рэстаўрацыі кнігі адзін аркуш быў пераблытаны з аркушам іншага дакумента. У сённяшнім стане інвен­тар займае аркушы 327—348, 350—355 (з адваротамі) і асобна 360 (апош­ні павінен ісці замест аркуша 349).

У інвентары апісаны «двор Лепельскі ў Старым месце Леплю, з вілен­ска­га прыезду», затым само гэтае мястэчка з царквой Св. Мікалая. У ім мелася каля 120 — 130 двароў (дакладную лічбу вызначыць немагчыма, бо ад 1 да 3 рад­коў на кожнай старонцы не чытаюцца). Цікава, што значная частка мяшчан мела сенакосныя моргі на супрацьлеглым беразе Лепельскага возера, ва ўрочышчы Паплаўкі (там зараз вёска Шунты). Далей ідзе апісанне «места Новы Лепель». У ім было крыху больш за 300 двароў, прыгадваюцца касцёл, Пра­чысценская царква, карчма і млын на 4 колы.

У склад маёнтка ўваходзілі таксама сяло Стаі (50 валок, каля 100 два­роў), нейкае іншае невялікае сяло (пачатак апісання яго пашкоджаны, але ў ім было не больш за 15 двароў), слабодкі Аконніца (5 двароў) і Бярэшча (7 два­роў), сёлы Леп­ле (40 валок, каля 80 двароў), Белае Віркава Сцяна (70 валок, каля 120 два­роў, суч. Юркаўшчына), Жэжліна (7 валок, каля 15 двароў), Ста­рое Жэжліна (13 ва­лок, каля 20 двароў), Зорніца (4 валокі, 8 двароў), ячшэ адно сяло са страчанай назвай (каля 15 двароў) і сяло Бораўна (20 валок, не менш за 40 два­роў), на апісанні якога інвентар абрываецца. З паселішчаў, пера­лічаных у кнізе К. Кагнавіцкага, не хапае Залесся, Старой і Новай Сла­ба­ды, Паўсвіжа. Двум з іх маглі адпа­вя­даць назвы на пашкоджаных радках, два іншыя маглі апіс­вацца ў страчаным кан­цы інвентара.

Магчымасці пошуку крыніц па ранняй гісторыі Лепеля далёка не вы­чар­паны, таму можна чакаць новых знаходак. Разгляд крыніц за больш поз­нія часы, таксама даволі багатых, не ўваходзіць у задачу гэтага артыкула.

Літаратура і крыніцы

1.   Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Т. 8. — Вильна, 1875.

2.   Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Архео­гра­фи­чес­кой комиссией. — Т. 3. — СПб., 1848.

3.   Без-Корнилович, М. О. Исторические сведения о примечательных местах в Бело­рус­сии с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся. — СПб., 1855.

4.   Бібліятэка Акадэміі навук Літвы. Аддзел рукапісаў. — F 16-28: Зборнік каралеўскіх грамат з 1601 па 1693 г.

5.   Там жа. — F 20-43.

6.   Там жа. — F 43-215: Acta Venerabilis Capituli Vilensis. Vol. 7.

7.   Там жа. — F 43-11105.

8.   Там жа. — F 229-1389: Mapa miasta Nowego Lepla.

9.   Геометрической план Белорусской Витебской губернии, присоединенной части от Минской к Витебской губернии, Лепельскаго целого уезда. М 1:42000 // РДАСА. — Ф. 1356. — Воп. 1. — Спр. 92.

10. Голубеў В. Ф. Карта горада Новы Лепель з Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы // V Лепельскія чытанні: матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі (21–22 верасня 2012 года, г. Лепель). — Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2012. — С. 47—52.

11. Голубеў В. Новыя дакументы па гісторыі Лепеля // Беларускі гістарычны часопіс. — 2013. — №10. — С. 5—20.

12. Голубеў В. Ф. «A w mieście Jesie, to est w Nowym Lieplu» (Яшчэ раз да лакалізацыі і эвалюцыі назвы Лепеля) // VII Лепельскія чытанні: матэрыялы VII навукова-практычнай канферэнцыі (г. Лепель, 27–28 кастрычніка 2016 г.) / [пад рэд. Я. А. Грэбеня]. — Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2017. — С. 48—51.

13. Голубеў В. Ф. Новы дакумент па гісторыі Лепеля: ліст вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста на вызваленне мяшчан г. Лепеля ад усіх відаў мыта падчас гандлю на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў 1568 – 1578 гг. // Там жа. — С. 51—57.

14  Довгялло, Д. И. Лепель, уездный город Витебской губернии. — Витебск, 1905.

15. Доўнар А. Б. Лепельскія мяшчане гандлявалі з Рыгай (дакумент па справе лепельскіх мяшчан аб суднаходстве ракі Ула 1612 – 1613 гг. // VII Лепельскія чытанні. — С. 62-73.

16. Карта части, отделенной от Минской губернии к Полоцкой // РДГА. Ф. — 1399. — Воп. 1. —  Спр. 93.

17. Книга посольская Метрики Великого княжества Литовского, содержащая в себе дип­ло­матические сношения Литвы в государствование короля Сигизмунда-Августа (с 1545 по 1572 год) / ред.: М. А. Оболенский, И. Н. Данилович. — Т. 1. — М., 1843.

18. Навуковая бібліятэка імя В. Стэфаніка НАН Украіны. Аддзел рукапісаў. — Ф. 103. — Спр. 880: Kwitariusz gospodarczy Lwa Sapiehy. 1588—1607. — 594 арк.

19. Насевіч В.Л., Азаронак В.В. Раннія крыніцы па гісторыі Лепеля. Частка 1. Да сярэдзіны XVI ст. // Беларускі археаграфічны штогоднік. — Вып. 22. — Мн.: БелНДІДАС, 2021. — С. 116—124.

20. Насевіч В.Л. З гісторыі маёнтка Белае – папярэдніка сучаснага Лепеля // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. — Вып. 20. — Мн.: НГАБ, 2022 (у друку).

21. НГАБ. — Ф. 694. — Воп. 4. — Спр. 1155.

22. Там жа. — Спр. 1158.

23. Там жа. — Ф. 1727. — Воп. 1. — Спр. 3.

24. Описание полоцких владычных, монастырских и церковных земель ревизорами 1580 года / подг. к изд. И. И. Лаппо. — М., 1907.

25. Описание рукописного отделения Виленской публичной библиотеки. — Вып. 1. — Виль­на, 1895. Приложения.

26. Писцовые книги Московского государства. Ч. 1: Писцовые книги XVI века. Отде­ле­ние 2: Местности губерний: Ярославской, Тверской, Витебской, Смоленской, Ка­луж­ской, Орловской, Тульской / Под ред. Н. В. Калачова. — СПб., 1877.

27. Полное собрание русских летописей. — Т. 32. — М., 1975.

28. РДАСА. — Ф. 389. — Воп. 1. — Спр. 48.

29. Там жа. — Спр. 566.

30. РДГА. — Ф. 1399. — Воп. 1. — Спр. 93: Карта части, отделенной от Минской губер­нии к Полоцкой.

31. РДВГА. — Ф. 846 (ВУА). — Воп. 1. — Спр. 18613.

32. Рэвізія Полацкага ваяводства 1552 года / уклаў В. Варонін. — Мінск, 2011.

33. Сементовский, А. М. Белорусские древности. — СПб., 1890.

34. Судебная книга витебского воеводы, господарского маршалка, волковысского и обо­лец­кого державцы М. В. Клочко. 1533—1540 (Литовская метрика. Книга № 228. Кни­га судных дел № 9) / подг.: В. Воронин, А. Груша, И. Старостина [и др.]. — М.: Наука, 2008.

35. Ткачоў, М. Замкі і людзі. — Мінск, 1991.

36. Guagnini Alessandro. Sarmatiae Europeae Descriptio, quae regnum Poloniae, Lituaniam, Samo­gitiam, Russiam, Massoviam, Prussiam, Pomeraniam, Livoniam, et Moschoviae, Tar­tariaeque partem complectitur / Typis Matthia Wirzbista, 1578.

37. Kognowicki, K. Zycia Sapiehow y listy od monarchow, ksiąźąt, y roźnych panujących do tych­źe pisane. — T. 1. — Wilno, 1790.

38. Kraszewski, J. I. Wilno od początków jego do roku 1750. — T. 2. — Wilno, 1840.

39. Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 47 (1565—1567): Užrašymų knyga 47. — Vilnius, 2018.

40. Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 49 (1566—1572): Užrašymų knyga 49. — Vilnius, 2014.

41. Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 234 (1546—1548): 19-oji teismų bylų knyga. — Vilnius, 2009.

42. LVIA. — F. 8 (SA). — Спр. 151.

43. LVIA. — F. 9 (SA). — Спр. 2394.

44. Там жа. — Спр. 2395.

45. Sapiehowie. Materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe / wydane nakł. rodziny. — T. 1. — Petersburg, 1890.

46. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego. 1386—1795 / Przez J. Wolf­fa. — Kraków, 1885.

47. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — T. 5. — War­sza­wa: nakł. Filipa Sulimierskiego i Władysława Walewskiego, 1884.

Артыкул паступіў у рэдакцыю 31.12.2021


 

[1]  Пасада полацкага кашталяна была створана паводле Статута ВКЛ 1566 г. Юрый Мі­ка­лае­віч Зяноўевіч прызначаны на яе 22 жніўня таго ж года [17, aрк. 25; 35, s. 126]. Да вы­зва­лення Полацка ў 1579 г. пасада была намінальнай, як і пасада полацкага вая­во­ды.

[2]  Пачатак рэвізорскага апісання (без Лепельскай воласці) быў надрукаваны ў выдан­ні [13]; перадрук у дадатку да выдання [32, c. 167—180].

[3] Упершыню цытуецца В. Голубевым [11, с. 13].

[4]   Пра гісторыю Белага гл. [20].

[5]   Тэрміналагічнае адрозненне горада і мястэчка, прынятае ў сучаснай гістарычнай літаратуры, у той час не вытрымлівалася.

[6]   Дз. Даўгяла самай ранняй згадкай пра Новы Лепель палічыў фундацыйны запіс Льва Сапегі на заснаваны ім касцёл, датаваны 1604 г. [14, c. 13–15].

[7]   Цытуецца па электроннай копіі: http://bazy.oss.wroc.pl/kzc/wyniki_pl.php?RL-007441.

[8]  Выказваем падзяку Д. Лісейчыкаву за каштоўную дапамогу ў рабоце з гэтым інвен­та­ром.