Ранняя гісторыя Лепеля: спроба інтэрпрэтацыі (2023)

By vln , 5 April 2025

Ранняя гісторыя Лепеля: спроба інтэрпрэтацыі

// Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт. Вып. 21. Мінск: НГАБ, 2023. С. 153–164

Ранні перыяд гісторыі Лепеля, раённага цэнтра Віцебскай вобласці, пакінуў пасля сябе шмат згадак у пісьмовых крыніцах. Толькі сціслы іх агляд запатрабаваў трох артыкулаў стандартнага для навуковых выданняў памеру [6–8]. Прытым некаторыя пытанні патрабуюць больш дэталёвага разгляду. 

Першае пытанне тычыцца з’яўлення першых паселішчаў на берагах Лепельскага возера, ці, як яно называлася ў тыя часы, возера Лепле. Як было паказана [6], самае першае ўпамінанне Лепеля пад 1439 г. не толькі адсутнічае ў наяўных крыніцах, але і супярэчыць таму, што ў адной з іх гаворыцца. Пацвярджальны прывілей вялікага князя Аляксандра ад 1 жніўня 1503 г. выразна сведчыць, што дакумент аб першапачатковым наданні сёлаў Лепле і Бораўна плябаніі Віцебскага касцёла быў незваротна страчаны: «зъ давности часовъ, которая жъ естъ матка запамятанья, не ведомо естъ до тыхъ местъ о том прывилеи» [22, p. 260–262].

Калі ўжо ў 1503 г. прывілей 1439 г. быў невядомы, якім чынам паведамленне пра яго з’явілася ў кнізе выдання 1855 г. [1, с. 111–114]? Міхаіл Без-Карніловіч (або хтосьці з яго інфарматараў) бачыў у кафедральным касцёле Св. Станіслава ў Вільні прывілей Аляксандра. У ім папярэднікі, якія ажыццяўлялі наданні Віцебскаму касцёлу, прыгаданы ў множным ліку («прывилея, през оны предки нашы даны»). Непасрэдны папярэднік Аляксандра на пасадзе вялікага князя, яго бацька Казімір, правіў з 1440 г. А вось яго папярэднікам, у сваю чаргу, быў з 1434 г. Жыгімонт Кейстутавіч, сыну якога прыпісаны фундуш на карысць Віцебскага касцёла. Першапачатковае пажалаванне сапраўды магло адбыцца якраз у гэты прамежак часу.

Дакумента пра наданне Лепеля Міхаілам Жыгімонтавічам у зборах Віленскага капітула няма. Самы ранні фундуш на карысць Віцебскага касцёла датуецца 12 мая 1494 г. [20, s. 476–478]. Цікава, што ў адзін дзень з ім быў выдадзены (і, магчыма, побач з ім захоўваўся) яшчэ адзін дакумент – пацвярджэнне Слуцкаму касцёлу на наданне, здзейсненае якраз князем Міхаілам [20, s. 478–480]. Той прывілей «Міхаіла, князя літоўскага» захаваўся – праўда, не ў Вільні, а ў Нясвіжскім архіве Радзівілаў, і датуецца ён менавіта 1439 г. [20, s. 178–179]. Пра гэты дакумент паведаміў В. Пшыялгоўскі ў кнізе, выдадзенай у 1860 г. [26, s. 48–49]. Але нельга выключыць, што звесткі пра яго былі вядомы аматарам старажытнасцей ужо ў той час, калі Без-Карніловіч збіраў матэрыял для сваёй кнігі.

Паведамленне пра нібыта фундуш Міхаіла Жыгімонтавіча для Віцебскага касцёла Св. Тройцы ў 1439 г. магло быць вынікам свядомай здагадкі ці несвядомай блытаніны, якую здзейсніў той, хто ведаў некалькі сапраўдных фактаў, што: 1) у 1439 г. сын Жыгімонта зрабіў фундуш для Слуцкага касцёла; 2) у 1494 г. гэты фундуш быў пацверджаны Аляксандрам; 3) у тым жа 1494 г. адбыўся адзін з некалькіх фундушаў на карысць Віцебскага касцёла; 4) першапачатковы фундуш для Віцебскага касцёла мог адбыцца не пазней за час панавання Жыгімонта.

Такім чынам, канкрэтны змест і дакладную дату надання Віцебскаму касцёлу двух паселішчаў паблізу возера Лепле трэба лічыць несапраўднымі, а вось агульны сэнс гэтай падзеі адпавядае рэчаіснасці. Дакладней кажучы, фундацыя адбылася не пазней за год смерці Жыгімонта (1440), інакш у прывілеі Аляксандра не было б падстаў сцвярджаць пра наданні больш за аднаго папярэдніка. Датаванне 1439 г., якое ўвайшло ў шырокі ўжытак, можна лічыць хаця і не дакладным, але прымальным дапушчэннем. І цалкам верагодна, што паселішча з такой самай назвай, як і назва возера, ужо існавала на яго беразе ў той час.

Наступнае пытанне – ці існавала ўжо ў той час на возеры і паселішча з назвай Белае [8]? Першая згадка пра яго рэтраспектыўная – у сувязі са смерцю Фядоры-Зофеі Рагацінскай і пераходам яе маёнткаў да пасынка Мікалая Паца, што адбылося ў 1512 г. [13, aрк. 261–262 адв.]. У той час і пазней Белае служыла дадаткам да маёнтка Палонае (Палонны), які ўпершыню прыгадваецца ў 1446 г. у духоўнай грамаце дзеда Фядоры-Зофеі – князя Андрэя Уладзіміравіча. Калі ён мог набыць гэты маёнтак і калі да яго далучыўся адасоблены анклаў на беразе возера Лепле?

У грамаце князя Андрэя сцвярджаецца, што маёнткі былі набыты ім на працягу трох панаванняў: «на великом князи Витовте и на великом князи Жикгимонте, и на своем господари великом князи Казимире» [17, c. 153–154]. Пажалаванні часоў Казіміра адлюстраваны ў рэестры, які зараз утварае 3-ю кнігу Метрыкі ВКЛ. У гэтым рэестры маюцца два запісы пра наданні гэтаму князю, і адно з іх тычыцца трох сямей у неназваных паселішчах Аболецкай воласці: «У Оболцох. Князю Анъдрею Володимеровичу три семьи: Сопрыничи, Орябъцевичи а Процевичи» [21, p. 26]. Цэнтр азначанай воласці велікакняжацкі двор Абольцы (зараз у Талачынскім раёне) знаходзіўся паблізу двух прыгаданых у грамаце князя Андрэя маёнткаў: у 5 км на паўночны ўсход ад яго лакалізуецца Ілемніца (Лемніца), а ў 16 км на поўнач – Палонае. Прытым Палонае знаходзілася паміж Абольцамі і іншым паселішчам, прыналежнасць якога да Аболецкай воласці Аршанскага павета засведчана там жа – сучасным райцэнтрам Сянно («На Рши и у Оболцох. Село Сено»).

Месцам жыхарства пажалаваных сямей было ці адно з прыгаданых у грамаце князя Андрэя паселішчаў, ці абодва яны – Лемніца і Палонае. Наданне не мае даты, але яно адбылося паміж пачаткам панавання Казіміра (29 чэрвеня 1440 г.) і часам стварэння азначанай граматы (16 чэрвеня 1446 г.). Магчыма, з трох пажалаваных сямей толькі дзве сапраўды жылі ў Аболецкім павеце, а трэцяя – на беразе возера Лепле. Гэтае дапушчэнне найлепшым чынам тлумачыць, чаму пры ўсіх згадках сяла Белае, пачынаючы з 1512 да 1560-х гг., яно выступае ў шчыльнай сувязі з Палонным і Лемніцай.

Невядома, ці былі азначаныя пажалаванні першымі і адзінымі. Магчыма, раней (пры Вітаўце і Жыгімонце, у 1420–1430-я гг.) Андрэй Уладзіміравіч ужо атрымліваў падданых у гэтых мясцінах, або ўладанні былі пашыраны ў часы яго дачкі і ўнучкі. Прынамсі, на момант пераходу ў спадчыну да Мікалая Паца ў 1516 г. маёнткі Лемніца і  Палонае ахоплівалі значную тэрыторыю з некалькімі паселішчамі («двор Лемницы, а другий двор Полонны з селы тых дворов на имя з Ходчем, а з Олексеничы, а з Березовичом, а з Белою») [13, aрк. 261–262 адв.]. На час пераходу ва ўласнасць Сапегаў у 1533 г. у самым Белым таксама было ўжо, напэўна, некалькі паселішчаў, што дазволіла падзяліць яго на тры часткі (паміж князямі Астрожскім, Алелькавічам і панам Хадкевічам), а затым і на чатыры (паміж Іванам Багданавічам Сапегам, яго сёстрамі і пляменнікамі).

Галоўная частка дасталася Івану Багданавічу і ў далейшым перайшла да яго сына Івана і ўнука Льва. Менавіта на яе тэрыторыі Львом Сапегам было заснавана мястэчка Новы Лепель. Гэтае сяло Белае межавала на ўсходзе з сялом Бораўна Віцебскай плябаніі, пра што сведчыць акт агляду парушанай мяжы ад 15 чэрвеня 1539 г.: «привели насъ мужове плебанеи Витебъское на рубеж свои Боровенъскии на имя, которое идеть з озера, которое зовуть Луки, подле села Белого пана Сопеги до реки, которую зовуть Рыбъница» [19, с. 208–209]. Возера Лукі можна атаясаміць з возерам Бораўна ў 2 км на захад ад аднайменнай вёскі, у якое з паўднёвага захаду ўпадае перасохлая зараз рачулка, а іншая выцякае з яго і праз невялічкае возера Нюля ўпадае ў раку Улу. Землі сапежынскага Белага мусілі цягнуцца адтуль на захад, уздоўж вярхоўяў Улы і паўднёвага берага Лепельскага возера, да ўпадзення ў яго ракі Эсы (на той час Ясы, або Есы).

Паўночны бераг верхняй Улы належаў плябаніі, пра што сведчаць акалічнасці канфлікту з-за млыну «на реце Ули» ў ліпені 1550 г. [3, с. 14, дадатак 1; 14, арк. 440]. Пабудова млыну на плябанскім беразе, напэўна, прывяла да затаплення ўгоддзяў жыхароў Белага ці іншым чынам закранула іх інтарэсы, што і выклікала напад і разбурэнне грэблі «людьми беляньскими». Наяўнасць на ўсходнім беразе возера Лепле зямель, прыналежных да плябаніі, а з 1561 г. – да Віленскага капітула, пацвярджаеццца і апісаннем іх межаў у 1580 г., калі яны часова ўтваралі дзяржаўнае Лепельскае стараства [3, с. 13; 25, l. 245–245 v.]. З таго ж апісання вынікае, што асноўная частка стараства знаходзілася на левабярэжжы Эсы – да ракі Бярэшчы на поўдні і возера Вокана на паўднёвым захадзе, а на захадзе межавала, напэўна, з воласцю Пышна ва ўрочышчах Страўнік і Калюга (так, напэўна, гучала назва, якую В. Голубеў прачытаў як «Кальцэга»). У паўночнай частцы, на паўвостраве і прылеглым беразе возера Лепле, знаходзіліся двор і сяло, а ў далейшым мястэчка Лепле.

Паводле фрагмента апісання Лепельскага стараства ў тым жа 1580 г., прыведзенага Д. Даўгялам [4, с. 13], да Інфлянцкай вайны толькі ў мястэчку налічвалася да 300 дамоў. Невядома, наколькі дакладная гэтая лічба, бо ў рэвізіі Полацкага ваяводства 1552 г. Лепле апісана не было. Магчыма, лічба адпавядае агульнай населенасці капітульнага маёнтка, з якога было ўтворана стараства.

Пра памеры маёнтка Белае ў той час частковае ўяўленне даюць наступныя звесткі: у 1550 г. Іван Іванавіч Сапега вылучыў прыналежныя яму «на Белой шесть служоб людей» на дашлюбнае забеспячэнне сястры Зофеі [14, арк. 615], а іншыя 6 службаў павінен быў атрымаць паводле тастамента сваёй маці, складзенага 18 сакавіка 1558 г. [27, s. 68]. Невядома, ці былі вылучаны такія ж часткі Белага яго братам Міхайлу і Паўлу. У залежнасці ад гэтага памер спадчыны іх бацькі Івана Багданавіча складаў ад 12 да 24 службаў. Меншая лічба больш верагодная, бо ў якасці ўладальнікаў Белага ні Міхайла, ні Павел непасрэдна не прыгадваюцца.

Такія ж па памерах долі павінны былі дастацца іншым саўладальнікам: сынам Януша Багданавіча, сынам Фёдара Багданавіча (калі прэтэнзія іх маці на долю спадчыны, узнятая ў 1536 г., на той час ужо прынесла вынік), і кожнай з дзвюх сясцёр – Багдане Багданаўне Сцяцкевічавай і Ганне Багданаўне Скаруцінай. У такім выпадку агульная населенасць Белага магла вагацца ад 48 службаў (калі Іван, сыны Януша сумесна і дзве сястры паасобку атрымалі па 12, а сыны Фёдара – нічога) да 120 (калі ўсе, уключаючы сыноў Фёдара, атрымалі па 24). Кожную службу трымала, як мінімум, адна сялянская сям’я, а магчыма – некалькі сумесна.

Часткі маёнтка Белае былі раскіданы вакол возера, цераспалосна з землямі Віцебскай плябаніі і затым стараства. Гэта вынікае з апісання Лепельскай воласці, зробленага маскоўскімі пісцамі ў 1563 г. [11, c. 439–440]. Пісцы, відавочна, не пабывалі на паўднёвым беразе, дзе знаходзіліся двор і сяло паноў Сапегаў, таму іх і не ўзгадалі. Але былі апісаны паселішчы на заходнім і ўсходнім берагах. Тое з іх, дзе знаходзілася царква Св. Міколы, – відавочна, мястэчка Лепле на паўвостраве заходняга берага, цэнтр колішняга маёнтка плябаніі і капітула. У складзе гэтага маёнтка пісцы прыгадваюць «дер(евни) оброчные» – у множным ліку. Вынікае, што там было, апрача мястэчка, як мінімум, дзве вёскі. Адной з іх было старажытнае Бораўна, а другой – напэўна, Стаі, упершыню прыгаданыя ва ўставе Льва Сапегі мяшчанам Новага Лепеля ў 1596 г. На той час уладанні, набытыя ім ад капітула ў 1586 г., яшчэ захоўвалі сваю адметнасць, што ўвасобілася ў выразе «волость Стайская и Боровенъская» [3, c. 18]. Магчыма, апрача мястэчка на паўвостраве, тады існавала і вёска побач, прыгаданая ў інтрамісіі 1633 г. віленскім бернардзінкам як «село Залеплее» [3, c. 13], а ў інвентары 1641 г. – як «весь Лепле» [9, арк. 350 адв.]. 

Апрача ўладанняў капітула, маскоўскімі пісцамі прыгаданы ў воласці Лепле ўладанні «князя Степана Избарского», Астафія Валовіча, Івана Сялявіна і «пана Омструха». Усе іх трэба лічыць часткамі раздробненага маёнтка Белае. Раней я выказаў меркаванне [8, с. 172–173], што першае з іх было Скаруцінскім дваром, які знаходзіўся пад кіраваннем віцебскага ваяводы князя Стэфана Збаражскага, другое – спадчынай Барбары і Кацярыны Кунцэвіч пад апекай Астафія Валовіча. Абедзве гэтыя часткі, што папярэдне ўтваралі долю Ганны Сапежанкі, знаходзіліся ў паўночна-заходнім сектары ўзбярэжжа. Там меўся асобны двор, які ў пісцовай кнізе пазначаны як «слц. Белое». У ім трэба бачыць паселішча, якое ў інтрамісіі 1633 г. праходзіць як «село Белое», а ў інвентары 1641 г. – як «весь Бяла Віркава Сцяна». У XVIII ст. яно вядома пад назвамі Белае, Юркава Сцяна, проста Юркава альбо Віркава, а зараз называецца Юркаўшчына.

Апрача Белага, пісцы прыгадалі і іншае сяльцо – «Ледное» (Лядна), адзначыўшы, што абодва знаходзяцца «по обе стороны оз. Лепля». Пазней ва ўладаннях Лепельскага касцёла існавалі вёска Лядна (сучаснае Старое Лядна) і фальварак, які ў дакументах XVIII ст. завецца то Ляднам, то Белым. Ён знаходзіўся на месцы сучаснай вёскі Новае Лядна – на паўночным беразе доўгай затокі, што выдаецца з Лепельскага возера на ўсход. На картах часоў Расійскай імперыі, пачынаючы з плана Лепельскага павета каля 1816 г. [2], гэтая затока падпісана як возера Белае. На больш раннім плане, створаным каля 1795 г., Белым пазначана ўсё Лепельскае возера [16], і яшчэ ў 1804 г. яно называецца так пры будаўніцтве канала – пачатка Бярэзінскай воднай сістэмы [4, с. 28–29].

На ўсходнім беразе Лепельскага (Белага) возера, на поўнач ад затокі, трэба лакалізаваць тую частку маёнтка Белае, што ўтварала долю Багданы Сапежанкі і яе нашчадкаў – князёў Любецкіх і, магчыма, Івана Сялявы (апошні мог і проста трымаць частку Ляднага ў заставе ад Любецкіх). Яна ўдавалася праміж двух маёнткаў, таксама залічаных маскоўскімі пісцамі ў склад Лепельскай воласці: Завідзічаў і Жэжліна («Железна»). Яны, аднак, мелі з ёй толькі геаграфічную, але не гістарычную сувязь.

Пра паходжанне маёнтка Завідзічы вядома з рэвізіі Полацкага ваяводства 1552 г. Некалі мясцовыя землі належалі путным слугам дзяржаўнага Чарсвяцкага двара, якія выконвалі павіннасці сумесна са слугамі суседняга сяла Ладасна. Затым яны прадалі свае землі полацкаму мешчаніну Хрушчу, ад якога яны перайшлі ў спадчыну да яго сына. «Тую землю сын Хрущов Васко продал князю Семену Одинцевичу, на которой тепер двор Завидичы с пашънею, а людей трынадцат чоловеков» [18, с. 78]. Потым Завідзічамі валодаў яго сын князь Андрэй Адзінцэвіч. Гэты маёнтак прыгаданы ў пісцовай кнізе як «слц. Завидичи на оз. на Лепле, что было князя Ондрея Одиновича, оршанского воеводы» (у рэчаіснасці ён быў аршанскім старастам) [29, s. 283].

Старадаўняе паходжанне маёнтка Жэжліна высвятляецца з судовай справы, якую вялі ў 1653 г. зямяне Полацкага ваяводства Стэфан і Ян Андрэевічы Місуны з настаяцельніцай Віленскага кляштара бернардзінак Крысцінай Фрыдрыхаўнай Сапежанкай [10, арк. 45–46 адв.][1]. Справа тычылася захопу нябожчыкам Львом Сапегам спадчыннага маёнтка Місунаў – Жэжліна і Жэжлінскай Слабодкі, якія ён прывярнуў да свайго маёнтка Новы Лепель і затым падараваў бернардзінкам. Місуны прад’явілі ў Галоўным Трыбунале ВКЛ два прывілеі, з якіх вынікала, што Жэжліна было выслужана іх продкам пры вялікім князі Вітаўце. На жаль, ні імя продка, ні іншыя падрабязнасці ў экстракце з судовай справы, які пазней быў упісаны ў актавую кнігу Полацкага гродскага суда, не прыводзяцца.

На тэрыторыі колішняга надання Вітаўта ўтварылася некалькі паселішчаў. На плане Лепельскага павета каля 1816 г. [2] пазначана ажно пяць шляхецкіх двароў з назвай Жэжліна. На месцы аднаго з іх сёння існуе вёска Малое Жэжліна, на месцы другога – вёска Ірынполле, тры астатнія зніклі. Апрача таго, у інтрамісіі 1633 г. бернардзінкам прыгаданы «село Зозлина» і «Зеслинская слобода», а ў інвентары Лепельскага маёнтка 1641 г. – вёска Жэжліна Старое з 13 валокамі і вёска Жэжліна з 7 валокамі – менавіта такія памеры Жэжліна і Жэжлінскай Слободкі пазначаны ў позве Місунаў. Хаця Трыбунал вынес вердыкт на карысць Місунаў, абодва паселішчы (зараз – вёскі Вялікае Жэжліна і Слабодка) засталіся ў маёнтку бернардзінак. На плане каля 1816 г. яны пазначаны на яго тэрыторыі як вёскі Жэжліна («Жезлино») і Слабада.

Пра працэс драбнення вотчыны Місунаў захаваліся ўрыўкавыя звесткі. Недатаваны прывілей, які ўпісаны ў кнігу Метрыкі ВКЛ у самым канцы 1528 г., сведчыць пра трох братоў – Васіля, Фёдара і Федку Місунаў, якія «именья отчызну свою на имя Понизе а Жежлино мели оны межы собою». Аднак Фёдар забіў свайго брата Васіля і з’ехаў за мяжу. Па просьбе ўдавы Васіля, не названай па імені «баярыні Віленскага павета», уладанні Фёдара былі перададзены ёй: «половицу его часть именья за головъщину мужа своего, а другую половицу по близкости детеи своих». Калі трэці брат Федка бы пажадаў атрымаць палову маёнтка Фёдара, ён мусіў выплаціць нявестцы і яе дзецям азначаную «головъщину» [23, p. 535–536].

Неўзабаве ўладальнікамі частак Жэжліна нейкім чынам зрабіліся паны Астравух і Роскі. У 1539 г. пры аглядзе парушанай мяжы сяла Бораўна ў якасці сведкаў былі прыцягнуты жыхары дзвюх частак: «Филипъ (з) Жежлина, чоловекъ пана Роского» і «Понасъ (з) Жежлина, муж пана Васильев Остроюсовичъ» [19, с. 208–209]. Апрача таго, сын забітага Васіля Васіль Васільевіч Місуна 11 кастрычніка 1546 г. саступіў свайму «зяцю» (швагру, мужу сястры Ганны) Яну Грынькавічу Астравуху раней застаўленае яму ж «именье свое властъное отчизное» Жэжліна, якое налічвала 13 сялянскіх службаў [24, p. 113–114]. Маскоўскія пісцы ў 1563  г. назвалі саўладальнікамі Жэжліна Яна, Васіля і Грыгорыя «Омструхов», аднак не прыгадалі ні Роскага ці яго спадчыннікаў, ні Місунаў, хаця ў той час часткай маёнтка, прылеглай да плябанскіх зямель, павінен быў валодаць продак Яна і Стэфана Андрэевічаў Місунаў.

Жэжлінскія землі знаходзіліся ля мяжы ўладання князёў Любецкіх, што дало магчымасць аднаму з Астравухаў гэтую мяжу парушыць. У красавіку 1561 г. князь Багдан Саколінскі скардзіўся, што Ян Грынькавіч Астравух незаконна трымае неназванае сяло, якое ўтварае спадчыну першага мужа яго цяперашняй жонкі Васілісы – князя Януша Любецкага, і іх сына Паўла, пасынка князя Багдана [15, арк. 643]. Можна меркаваць, што гаворка ішла пра Лядна, а захоп адбыўся пасля смерці Януша (1558 г.), пакуль яго ўдава не выйшла замуж паўторна (1559 г.) [29, s. 27–28]. Справа з Астравухам не была вырашана ў 1561 г., бо ён на суд не з’явіўся. Неўзабаве адбыўся захоп Полацка Іванам Грозным. Маскоўскія пісцы палічылі Астравуха адным з уласнікаў Лядна. Пасля вайны, напэўна, гэтая частка маёнтка Белае была вернута князям Любецкім, у 1597 г. яе выкупіў Леў Сапега, а ў 1604 г. ён запісаў Лядна ў фундуш новазаснаванага касцёла ў Новым Лепелі.

Няма звестак толькі пра паўднёва-ўсходні сектар будучага Лепельскага маёнтка, вакол азёр Поўсвіж, Доўгае і Задняе. Шляхам выключэння там павінна была знаходзіцца частка ўладанняў князя Андрэя, якая пазней утварыла долю нашчадкаў Януша і, магчыма, Фёдара Сапегаў. Гэты абшар быў набыты Львом Сапегам у апошнюю чаргу, толькі ў 1599 г. (ад кухмістра Мікалая Сапегі). Межаваў ён з землямі маёнтка Боліна «у Лукомли» і яго даннікамі ў Свядзе, на пачатку 1440-х гг. нададзенымі пану Станьку Саковічу пасля смерці княгіні Марыны (верагодна, удавы аднаго з князёў Лукомскіх) [21, p. 29]. На тых землях у 1539 г. прыгадваюцца сёлы «Звада» (Свяда) Яна Скіндзера і «Щерца» (Чэрцы) Мацея Юндзіла [19, с. 208–209]. Іх спадчыннікаў маскоўскі пісец Васіль Нізаўцоў вызначыў у 1563 г. як «Боленских панов» [11, с. 423].

Цяжка сказаць, дзе дакладна знаходзілася тое сяло Белае, на землях якога Леў Сапега заснаваў (напэўна, 6 мая 1584 г.) новае мястэчка. Гэтае сяло дакладна было не на месцы цэнтральнай часткі мястэчка, як яна пазначана на плане Новага Лепеля [3, с. 10]. Там, на тэрыторыі гарадскога парка, археалагічныя даследаванні выявілі культурны слой толькі з часу заснавання мястэчка – канца XVI ст. [5]. Хутчэй за ўсё, сяло знаходзілася па-за межамі сучаснага горада Лепеля, але паблізу. Пасля заснавання мястэчка яно хутка знікла, ужо ў акце інтрамісіі 1633 г. адсутнічае (прыгаданае там сяло Белае трэба атаясамліваць з Белым Віркавай Сцяной інвентара 1641 г.). На той час знік і двор, які быў цэнтрам маёнтка Сапегаў да набыцця капітульнага Лепля. Пасля 1586 г. панскай сядзібай стаў двор, з апісання якога пачынаецца інвентар 1641 г. – ля «віленскага прыезду» ў мястэчка Стары Лепель. Ён жа, напэўна, у інтрамісіі 1633 г. называецца «фольварком над озером Леплем». Апрача яго, на той час існаваў фальварак «на Боровне», які ў 1641 г. ужо не прыгадваецца.


Такім чынам, ваколіцы возера Лепле ўяўлялі сабой паўднёвы ўскраек Полацкай зямлі, на памежжы з Лукомскім княствам. У першай палове XV ст. яны былі раздадзены розным уласнікам, прытым кавалкі розных наданняў чаргаваліся цераспалосна. На самай поўначы знаходзіліся землі путных слуг Чарсвяцкага двара (будучы маёнтак Завідзічы). Далей па руху гадзіннікавай стрэлкі быў кавалак, выслужаны князем Андрэем Уладзіміравічам (будучае Лядна). Паміж затокай (вядомай як возера Белае) і ракой Улой была частка зямель Віцебскай плябаніі, а на ўсход ад яе, за возерам Огзіна – вотчына Місунаў у Жэжліне, пазней часткова далучаная да Лепеля. На поўдзень ад Улы і на захад да Эсы быў другі кавалак зямель князя Андрэя (будучае сапежынскае Белае), а на ўсход адтуль, за азёрамі Бораўна і Нюля – плябанскае сяло Бораўна. На поўдзень ад яго, ад мяжы з маёнткам Боліна і на захад да Эсы, знаходзіліся, напэўна, бялянскія землі. На заходніх берагах Эсы і возера Лепле з 1430-х гг. быў асноўны абшар плябанскіх уладанняў з сялом, а пазней мястэчкам Лепле (будучы Стары Лепель), непасрэдна прыгаданым 1 жніўня 1503 г. На поўнач ад яго быў яшчэ адзін кавалак наданняў князя Андрэя (будучае Белае-Віркаўцы), які межаваў з Завідзічамі па рацэ Зеха.

Сучасны Лепель быў заснаваны на чыстым месцы ў той частцы вядомага з 1512 г. маёнтка Белае, якая з 1533 г. непарыўна належала старэйшай галіне Сапегаў, яе самым выдатным прадстаўніком – Львом Іванавічам, будучым канцлерам, віленскім ваяводам і гетманам. Адбылося гэта, напэўна, у 1584 г., калі ён яшчэ не займаў азначаныя пасады і не аб’яднаў у сваіх руках амаль усё ўзбярэжжа возера Лепле. Першае ж непасрэднае ўпамінанне Новага Лепеля датуецца 16 ліпеня 1589 г.

 

Крыніцы і літаратура

  1. Без-Корнилович, М. О. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии: с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся / М. О. Без-Корнилович. – Санкт-Петербург : Типография III Отд. собств. Е. И. В. канцелярии, 1855. – 355 с.
  2. Геометрический план Белорусской Витебской губернии, присоединенной части от Минской к Витебской губернии, Лепельского целого уезда. М 1:42000 // Российский государственный архив древних актов (далей – РГАДА). – Ф. 1356 (Губернские, уездные и городские атласы, карты и планы генерального межевания 1766–1883 гг. (коллекция)). Оп. 1. Д. 92.
  3. Голубеў, В. Новыя дакументы па гісторыі Лепеля / В. Голубеў // Беларускі гістарычны часопіс. – 2013. – № 10. – С. 5–20.
  4. Довгялло, Д. И. Лепель, уездный город Витебской губернии. Хроника минувшей жизни / Д. И. Довгялло. – Витебск : Губ. типолитогр., 1905. – 105 с.
  5. Клімаў, М. В., Кенько, П. М. Археалагічная спроба лакалізацыі пабудоў у прыбярэжнай частцы Лепеля / М. В. Клімаў, П. М. Кенько // Лепельскія чытанні: матэрыялы VI навук.-практ. канф. (Лепель, 17–18 кастрычніка 2014 г.) / Установа культуры «Лепельскі раённы краязнаўчы музей». – Мінск : Медысонт, 2014. – С. 27–38.
  6. Насевіч, В. Л., Азаронак, В. В. Раннія крыніцы па гісторыі Лепеля. Частка 1. Да сярэдзіны XVI ст. / В. Л. Насевіч, В. В. Азаронак // Беларускі археаграфічны штогоднік. – Вып. 22. – Мінск : БелНДІДАС, 2021. – С. 116–124.
  7. Насевіч, В. Л., Азаронак, В. В. Раннія крыніцы па гісторыі Лепеля. Частка 2. Другая палова XVI – першая палова XVII ст. / В. Л. Насевіч, В. В. Азаронак // Беларускі археаграфічны штогоднік. – Вып. 23. – Мінск : БелНДІДАС, 2022. – С. 96–105.
  8. Насевіч, В. Л. З гісторыі маёнтка Белае – папярэдніка сучаснага Лепеля / В. Л. Насевіч // Архіварыус. – Вып. 20. – Мінск : НГАБ, 2022. – С. 166–184.
  9. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей – НГАБ). – Ф. 1727 (Мінскі гродскі суд). Воп. 1. Спр. 3. – Актавая кніга Мінскага гродскага суда. 1640–1649 гг. – 1727 арк.
  10. НГАБ. – Ф. 1734 (Полацкі гродскі суд). Воп. 1. Спр. 3а. – Актавая кніга Полацкага гродскага суда. 1686 г. – 709 арк.
  11. Писцовые книги Московского государства. – Ч. 1: Писцовые книги XVI века. Отд. 2: Местности губерний: Ярославской, Тверской, Витебской, Смоленской, Калужской, Орловской, Тульской / под ред. Н. В. Калачова. – Санкт-Петербург : Типография II Отделения Собственной Е. И. В. Канцелярии, 1877.  – [5], 1598 с.
  12. РГАДА. – Ф. 389 (Литовская Метрика). Воп. 1. Спр. 3[1]. – Метрика королей их милостей Казимера и Александра накротце списана, кому именя роздано, и ку концу сутъ некоторые листы и привиля. 1440–1506 гг. – 94 л.
  13. РГАДА. – Ф. 389. Оп. 1. Д. 196. – Книга короля Стефана; вице-канцлера Яна Боруковского.1582–1583 гг. – 267 л.
  14. РГАДА. – Ф. 389. Оп. 1. Д. 237. – Книга Виленского замкового суда справцы воеводства Ивана Горностая. 1549–1550 гг.– 532 л.
  15. РГАДА. – Ф. 389. Оп. 1. Д. 256. – Книга Виленского замкового суда воеводы Радивила и судей высажоных. 1560–1561 гг. – 865 л.
  16. Российский государственный исторический архив. – Ф. 1399 (Карты, планы, чертежи Петербургского Сенатского архива (коллекция)). Оп. 1. Д. 93. – Карта части, отделенной от Минской губернии к Полоцкой.
  17. Розов, В. Українські грамоти. – Т. 1. XIV в. і перша половина XV в. / В. Розов. – Київ : Друкарня Українскої Академії Наук, 1928. – 268 с.
  18. Рэвізія Полацкага ваяводства 1552 года / уклаў В. Варонін. – Мінск : ARCHE, 2011. – 272 с.
  19. Судебная книга витебского воеводы, господарского маршалка, волковысского и оболецкого державцы М. В. Клочко. 1533–1540 (Литовская метрика. Книга № 228. Книга судных дел № 9) / подг.: В. Воронин, А. Груша, И. Старостина [и др.]. – Москва : Наука, 2008. – 528 с.
  20. Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. – T. 1: 1387–1507 / wyd. Ks. J. Fijałek i W. Semkowicz. – Kraków : Polska Akademia Umiejętności, 1932–1948. – 772 s.
  21. Lietuvos Metrika. Knyga № 3 (1440–1498): Užrašymų knyga 3 / Parengė L. Anužytė ir A. Baliulis. – Vilnius : Žara, 1998. – 166 p.
  22. Lietuvos Metrika. Knyga № 5 (1427–1506): Užrašymų knyga 5. – Vilnius : Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1993. – 402 p.
  23. Lietuvos Metrika. Knyga № 12 (1522–1529): Užrašymų knyga 12 / Parengė D. Antanavičius ir A. Baliulis. – Vilnius : Žara, 2001. – 856 p.
  24. Lietuvos Metrika. Knyga № 234 (1546–1548): 19-oji teismų bylų knyga (XVI a. pabaigos – XVII a. pradžios kopija) / Parengė I. Valikonitė, S. Viskantaitė-Saviščevienė, L. Steponavičienė. – Vilnius : Lietuvos istorijos instituto leidykla, 2009. – XXXIV, 290 p.
  25. Lietuvos valstybės istorijos archyvas (LVIA). – F. 8 (Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės Vyriausiasis Tribunolas). Ap. 1. B. 157 (151). – Актовая крепостная и декретовая книга Главного Трибунала Великого Княжества Литовского. 1775–1776 гг. – 1075 l.
  26. Przyałgowski, W. Żywoty biskupów wileńskich / W. Przyałgowski. – T. 1. – Petersburg : Druk Józafata Ohryzki, 1860. – 204 s.
  27. Sapiehowie. Materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe. – T. 1. – Petersburg : Nakł. rodziny, 1890. – XVI, 456 s.
  28. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. – T. 5. – Warszawa : Nakł. Filipa Sulimierskiego i Władysława Walewskiego, 1884. – 958 s.
  29. Wolff, J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / J. Wolff. –Warszawa : Drukiem J. Filipowicza, 1895. – 724 s.

Артыкул паступіў у рэдакцыю 10.02.2023
 

[1] Праца з Метрыкай ВКЛ ажыццяўлялася на падставе мікрафільмаў, якія знаходзяцца на захаванні ў НГАБ (КМФ 18. Воп. 1).

[1] Гэты дакумент прывёў у сваім нарысе пра Лепель Д. Даўгяла [4, с. 16]. Выказваю шчырую падзяку Дзмітрыю Матвейчыку і Яўгену Глінскаму, якія дапамаглі знайсці яго ў сучасных фондах НГАБ, а таксама ўдакладніць некаторыя іншыя спасылкі.