Раннія крыніцы па гісторыі Лепеля. Частка 1. Да сярэдзіны XVI ст.
// Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 22. Мн.: БелНДІДАС, 2021. С. 116–124.
В. Л. Насевіч,
кандыдат гістарычных навук
В. В. Азаронак,
краязнавец
Згадка пра 1439 год як дату першага ўпамінання Лепеля, раённага цэнтра Віцебскай вобласці, маецца ледзь не ў кожнай публікацыі пра гэты горад. Але з гэтай датай не ўсё так проста. Ніхто не бачыў той гістарычны дакумент, у якім змешчана гэтая згадка. Усе яе ведаюць, усе на яе спасылаюцца, а адкуль яна ўзялася – застаецца таямніцай. Шмат недакладнасцяў сустракаецца і ў аповедах пра далейшую гісторыю Лепеля. Таму мэтазгодна сістэматызаваць увесь корпус ранніх звестак, у тым ліку тых, якія выяўлены аўтарамі гэтых радкоў у апошні час, а таксама гістарыяграфію пытання.
Сціслыя звесткі пра раннюю гісторыю Лепеля, на той час павятовага горада Віцебскай губерні, былі прыведзены ваенным тапографам і гісторыкам-аматарам Міхаілам Восіпавічам Без-Карніловічам у 1855 г. [5, с. 111-114]. Ён сцвярджаў, што сын вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча Міхаіл у 1439 г. падараваў сваё сяло “Стары-Леппель” Віцебскаму касцёлу. Пазней вялікі князь Аляксандр пацвердзіў гэтае наданне па просьбе ксяндза Кухарскага і дататкова “приобщил деревни: Боровно, Мощены, Сурицы и 3 корчмы”. Там жа згадвалася пра існаванне ў 1548 г. маёнтка Белае, які пазней набыў назву “Бялы-Леппель”.
Далей у яго кнізе паведамляецца пра Лепельскі замак, які нібыта быў спалены пад час Інфлянцкай вайны ў 1563 г. і ў 1568 г. адноўлены. Затым Без-Карніловіч распавядае пра пераход Лепеля ў 1586 г. з уласнасці святарскай рады – капітула (у польскай мове гэтае слова – жаночага роду) Віленскага каталіцкага біскупства “тогдашнему владельцу Белого или Нового Леппеля Льву Сапеге, устроившему из них два местечка”. Пазней Сапега падараваў маёнтак “в пользу им основанного в Вильне женского Францисканского монастыря” (насамрэч кляштар належаў не да ўласна Францысканскага, а да Бернардзінскага ордэна, які з’яўляецца яго адгалінаваннем). Гэта адзіная звестка, у якой ёсць дакладная спасылка на першакрыніцу: панегірычны твор пра род Сапегаў, напісаны іх прыдворным біёграфам, езуітам Казімірам Кагнавіцкім, і выдадзены ў 1790 г. [2, s. 187].
Апрача таго, Без-Карніловіч паведаміў, што фундацыйны запіс Льва Сапегі быў 13 мая 1617 г. зацверджаны “Вярхоўным польскім трыбуналам”. Аднак юрысдыкцыя Галоўнага Польскага трыбунала на тэрыторыю ВКЛ не пашыралася. Там дзейнічалі Галоўны Літоўскі і Галоўны Духоўны, а таксама Скарбавы трыбунал. Зацвярджэнне фундацыйных запісаў адносілася да кампетэнцыі Галоўнага Духоўнага, але такі запіс для прыдання яму юрыдычнай сілы (“крэпасці”) мог уносіцца і ў т.зв. “крэпасныя актавыя кнігі” (libri inscriptionorum perpetuarum) Галоўнага Літоўскага трыбунала. Праверыць звестку немагчыма, бо актавыя кнігі абодвух трыбуналаў за 1617 г. не захаваліся. Прытым страчаны яны былі, напэўна, яшчэ пад час вайны з Расіяй 1654–1660 гг. [1] У рукі Без-Карніловіча магла патрапіць хіба што асобная выпіска з такой кнігі.
Падрабязны артыкул пра Лепель быў надрукаваны ў пятым томе “Геаграфічнага слоўніка Царства Польскага і іншых славянскіх краёў” [4, s. 149-151], які выдаваўся ў Варшаве з 1880 па 1902 год на польскай мове. У артыкуле пра Лепель паўтаралася звестка Без-Карніловіча пра яго наданне ў 1439 г., але сцвярджалася, нібыта менавіта яно адбылося па просьбе ксяндза Кухарскага. Пацверджанне Александра атрымала дату – 1503 г. і было крыху ўдакладнена: касцёлу былі дадаткова нададзены Боравенскае войтаўства, вёскі Мошчаны, Соржыца і тры карчмы ў Віцебску. Быў дададзены шэраг новых звестак, якія тычыліся прыналежнасці Лепеля да Віленскага капітула.
Аўтарства артыкула пра Лепель пазначана ініцыяламі “М. К.” Сярод аўтараў “Геаграфічнага слоўніка”, пералічаных у пасляслоўі да 14-га тома, такія ініцыялы адпавядаюць Міхаілу Кусцінскаму. Тое, што пра яго вядома з іншых крыніц, пацвярджае, што артыкул напісаў менавіта ён. Нарадзіўся Міхаіл Францавіч Кусцінскі ў 1829 г. у належачым яго бацьку маёнтку Завідзічы зусім побач з Лепелем, на супрацьлеглым беразе Лепельскага возера. Вучыўся на юрыдычным факультэце Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта адначасова з адным з пачынальнікаў расейскай археалогіі – графам Аляксеем Уваравым. Пад уплывам Уварава заняўся вывучэннем старажытнасцяў, асабіста капаў курганы і склаў карту археалагічных помнікаў Віцебскай губерні. Створаны ім у родных Завідзічах музей атрымаў прызнанне сярод археолагаў і аматараў гісторыі. З 1867 г. Кусцінскі стаў членам-карэспандэнтам, а з 1874 г. – сапраўдным членам Маскоўскага археалагічнага таварыства [11, c. 318; 16, c. 101-102]. Таму не дзіўна, што артыкул пра Лепель замовілі менавіта яму.
На гэты артыкул спаслаўся затым адзін з пачынальнікаў археаграфіі і архіўнай справы на Беларусі Дзмітрый Іванавіч Даўгяла ў сваёй кніжцы пра Лепель, надрукаванай у 1905 годзе ў сувязі са стагоддзем надання Лепелю статуса павятовага (уезднага) горада [10]. Пры гэтым кнігу Без-Карніловіча ён не ўпамінае. Даўгяла адзначыў, што першыя згадкі пра Лепель, у тым ліку пра вядомы з 1563 г. замак і вядомае з 1565 г. мястэчка, тычацца Старога Лепеля, а на месцы сучаснага горада, на рацэ Уле, на мяжы XVІ і XVIІ стагоддзяў было заснавана іншае мястэчка, якое пры згадцы ў 1604 г. называецца Новы Лепель. Пазней Сапега, уладальнік абодвух мястэчкаў, Старога і Новага Лепеля, падараваў іх разам з навакольнымі вёскамі кляштару бернардзінак у Вільні. У акце, фіксуючым гэтае падараванне, нібыта прыводзілася і ранейшая назва – “Белае альбо Новы Лепель”. Такім чынам, Дз. Даўгяла пагадзіўся, што папярэдняя гісторыя горада непасрэдна звязана не са Старым Лепелем, а з сялом Белае, вядомым, паводле яго, з 1550 г. (Без-Карніловіч даваў іншую дату – 1548 г.) і пазней ператвораным у мястэчка Новы Лепель.
Усе далейшыя публікацыі абапіраліся на гэтыя звесткі, прытым крытычна іх прааналізаваць ніхто не спрабаваў. Разгледзім больш уважліва тое, што вынікае з аўтэнтычных дакументаў.
Значная колькасць актаў, якія тычыліся пачатковай гісторыі каталіцкай царквы ў ВКЛ, была ўведзена ў навуковы ўжытак праз выдадзены ў 1948 г. першы том грунтоўнага выдання “Дыпламатычны кодэкс Віленскай катэдры і дыяцэзіі” (задуманае выданне другога тома не адбылася). У гэты том трапіў адзін з дакументаў, у якім прыгадваецца Лепель – той самы пацвярджальны прывілей Аляксандра ад 1503 года, які згадваўся без даты ў кнізе Без-Карніловіча і з датай - у артыкуле Кусцінскага. Прытым існаваў ён у двух асобніках, створаных на розных мовах і неадначасова. Прывілей ад 1 жніўня быў напісаны на рускай (старабеларускай) мове, а прывілей ад 17 жніўня – на лацінскай [1, s. 660-664, 671-676].
Лацінскамоўны варыянт захаваўся ў архіве Віленскага біскупства, якому пэўны час належалі былыя ўладанні Віцебскага касцёла. Арыгінал рускамоўнага прывілея 1503 г. не захаваўся, але яго копія была ўпісана ў актавую кнігу Віленскага біскупства, а таксама ў адну з актавых кніг Літоўскай метрыкі. Па зместу абодва прывілея крыху адрозніваюцца, але ў галоўным супадаюць: кароль і вялікі князь Аляксандр абвяшчае, што плябан Віцебскага касцёла Св. Тройцы Станіслаў Кухарскі звярнуўся да яго з просьбай пацвердзіць больш раннія прывілеі, якія страчаны з прычыны нядбаласці папярэднікаў плябана і іншых неспрыяльных нагод. Гэтую просьбу Аляксандр задавальняе.
Такім чынам, па просьбе Кухарскага быў выдадзены ўсё ж пацвярджальны прывілей, а не першасны, як падалося Кусцінскаму. Больш таго, з тэксту відавочна, што гэтых першасных прывілеяў было некалькі, але яны да 1503 г. былі страчаны, і ніяікіх падрабязнасцяў пра іх не прыводзіцца. Невядома ні калі быў выдадзены самы першы прывілей, ні кім, ні што дакладна змяшчаў. Пра яго змест можна разважаць на падставе таго, якія маёнткі пацвердзіў Аляксандр касцёлу па просьбе плябана. Але тут розныя асобнікі разыходзяцца. Рускамоўны прывілей сцвярджае, што касцёлу некалі былі нададзены людзі “в селах в тых им[енем] Боровно и Лепле, Мощыно-сельцо”. Прынамсі, так выглядае тэкст з Літоўскай метрыкі [6, c. 132-135]. Выдаўцы “Дыпламатычнага кодэксу” падалі рускі тэкст на падставе копіі з архіва Віленскага біскупства, напісанай па-руску, але лацінскімі літарамі. Там ён выглядае крыху інакш – замест злучальніка “и” паміж назвамі Бораўна і Лепле з’явілася літара “к”, а выраз “Мошчына сяльцо” выглядае як дзве назвы. Атрымалася: “в селах тых именем Боровно, к Лепле, Мощыно, Сельце”. Падаецца, што ў Літоўскай метрыцы гэты фрагмент тэксту быў зафіксаваны больш дакладна: у складзе маёнткаў Віцебскага касцёла, а пазней Віленскага біскупства вядомы паселішчы Бораўна і Лепель на тэрыторыі сучаснага Лепельскага раёна, Мошчына ў Сенненскім, а асобнае паселішча Сяльцо ці Сельца невядома.
Што да лацінскамоўнага прывілея, то ў ім гэты ж фрагмент выглядае так: “ville et curie, videlicet Borowno, Leplye, Mosczone, Schuricza et Selcze”. Лацінскім словам villa (множны лік ville) звычайна перадавалася рускае слова “сяло”, а curia (curie) адпавядала тэрмінам “двор” і “сяльцо” (у сэнсе “паселішча, што выконвае ролю цэнтра маёнтка”). Прытым паміж Машчонам і Сяльцом, пададзеным як асобны тапонім, з’явіўся новы аб’ект – Schuricza, які ў рускім варыянце адсутнічае.
І аўтар артыкула ў “Геграфічным слоўніку”, і выдаўцы “Дыпламатычнага кодэкса” слушна меркавалі, што справа ідзе пра яшчэ адзін маёнтак Віцебскага, а пазней Віленскага касцёла – Сорыцу альбо Соржыцу. Адсутнасць яе ў рускамоўным прывілеі 1503 г. тлумачыцца тым, што першапачатковы прывілей пра яе падараванне не быў страчаны. Ён датуецца 12 мая 1494 года, захаваўся ў архіве Віленскага біскупства і надрукаваны ў тым жа “Дыпламатычным кодэксе” [1, s. 476-478]. Праўда, сама назва Сорыца там не згадваецца. Гаворыцца пра падараванне Віцебскаму касцёлу ў дадатак да раней нададзенай маёмасці аднаго селяніна-данніка па прозвішчы Мядзвядак, сяліба якога знаходзілася ля возера Астроўна, разам са значным кавалкам зямлі ад азначанага возера да ракі Дзвіны, уздоўж рэчкі Чарнагошчы. Зірнуўшы на карту, можна пераканацца, што сяліба гэтага Мядзвядка мусіла знаходзіцца якраз там, дзе пазней вядомы двор Соржыца – маёнтак Віленскага біскупства (зараз у Бешанковіцкім раёне). Можна меркаваць, што ксёндз Кухарскі адмыслова папрасіў, каб у лацінскай версіі прывілея 1503 г., якая рыхтавалася пазней за рускую, была ўпісана дакладная назва гэтага паселішча, якая адсутнічала ў прывілеі пра яго наданне. Прытым яна трапіла паміж словамі “Мошчына” і “сяльцо”, ператвараючы апошняе ў фіктыўную геаграфічную назву. Калі Кухарскі і заўважыў гэтую недакладнасць, настойваць на яе выпраўленні ён не стаў.
Відавочна, што Без-Карніловіч і Кусцінскі грунтавалі свае высновы на той версіі прывілея 1503 г., якая захоўвалася ў Вільні, прычым карысталіся абодвума тамашнімі асобнікамі: толькі з рускамоўнага можна было зрабіць памылковую выснову, што Бораўна было прыдадзена да Лепеля (“к Лепле”), а Соржыца прысутнічае толькі ў лацінскамоўным, прытым яе назву можна прачытаць як “Сурыца”. Але кожны з аўтараў сказіў змест дакументаў. Насамрэч у прывілеі не гаворыцца пра прыданне да Лепеля ні “Боравенскага войтаўства”, ні проста Бораўна і Мошчына, а толькі пра пацверджанне здаўна належачых касцёлу паселішчаў. А галоўнае, няма ні слова пра тое, што яны былі падараваны ў 1439 г. Міхаілам Жыгімонтавічам.
Калі і як Без-Карніловіч мог атрымаць звесткі з архіва Віленскага біскупства? Архіўны збор капітула захоўваўся непасрэдна ў будынку катэдральнага касцёла Св. Станіслава ў Вільні [14, c. 15-17], адкуль быў перададзены ў створаную ў 1865 г. Віленскую публічную бібліятэку. Частка збору, напэўна, трапіла туды адразу, рэшта – у 1893 г. [13, c. 16]. Без-Карніловіч меў магчымасці для доступу ў архіў, калі той знаходзіўся яшчэ ў касцёле. Можна меркаваць, што працу над кнігай ён вёў з 1847 па 1850 г., калі ў чыне генерал-маёра Генеральнага штаба кіраваў тапаграфічнымі здымкамі Віцебскай губерні. Але невядома, працаваў ён у архіве сам ці карыстаўся паслугамі памочнікаў. Ва ўсякім разе, аўтарства версіі пра наданне князя Міхаіла належыць яму. Пазней яе паўтарыў Кусцінскі, пры гэтым наблытаўшы з роляй ксяндза Кухарскага. Іншыя звесткі свайго папярэдніка ён істотна дапоўніў і ўдакладніў: дадаў дату прывілея, выправіў Сурыцу на Соржыцу. Але, відавочна, ператварыў Бораўна ў Баравенскае войтаўства, што не адпавядала ні зместу дакумента, ні гістарычнай тэрміналогіі пачатку XVI ст. Гэта паказвае, як вольна маглі абыходзіцца гісторыкі-аматары з тэкстамі выкарыстаных імі дакументаў.
Улічваючы гэтыя акалічнасці, дату першага ўпамінання Лепеля ў 1449 г. трэба прызнаць памылковай. Нават калі сяло Лепель сапраўды было падаравана Віцебскаму касцёлу ў XV стагоддзі (што цалкам праўдападобна), дакладныя звесткі пра гэта былі страчаны ўжо на самым пачатку наступнага XVI стагоддзя, і ўзнавіць іх не было як – інакш не было б і патрэбы рабіць пацвярджальны прывілей. Таму першай бясспрэчнай згадкай назвы Лепеля (у форме “Лепле”) трэба лічыць 1 жніўня 1503 г. Калі дакладна адбылося першапачатковае яго наданне Віцебскаму касцёлу і каму Лепель належаў да таго, застаецца невядомым.
Наступныя звесткі, прыведзеныя Кусцінскім і значна дапоўненыя Даўгялам, таксама могуць быць сёння ўдакладнены. Асноўны корпус дакументаў, якія тычацца ранняй гісторыі Лепеля, адклаўся ў фондзе, які зараз вядомы як фонд 43 у аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (былой Віленскай публічнай бібліятэкі).
Менавіта з гэтага фонду паходзіць, як ужо прыгадвалася, арыгінал прывілея Віцебскай плябаніі ад 17 жніўня 1503 г. Копіі іншых дакументаў, у тым ліку прывілея ад 1 жніўня 1503 г., упісваліся ў актавыя кнігі капітула (Acta Venerabilis Capituli Vilensis). Найбольш ранняя з існуючых актавых кніг ахоплівае перыяд з 1500 па 1533 г. Зараз яна пераплецена ў адзін том з наступнай кнігай, за 1533-1546 гг. [7]. Увогуле ж захаваліся 34 кнігі Acta Venerabilis. У двух з іх, шостай і сёмай, маюцца звесткі пра абставіны пераходу Старога Лепеля ад капітула да Льва Сапегі, якія скарыстаў Даўгяла і да якіх мы вернемся ў другой частцы артыкула.
Апрача актавых кніг, у архіве капітула адклалася вялікая колькасць арыгінальных дакументаў. Шэраг з іх тычыўся ранняй гісторыі Лепеля. На жаль, менавіта з імі на пачатку ХІХ стагоддзя адбылася сумная гісторыя. Ізабела Дамброўская, тагачасная настаяцельніца Віленскага кляштару бернардзінак пры касцёле Св. Міхаіла, якому належаў маёнтак Лепель, звярнулася да расійскіх уладаў з просьбай выдаць ёй на рукі ўсе дакументы, якія тычыліся папярэдняй гісторыі гэтага маёнтка. Як ні дзіўна гэта гучыць з пункту гледжання архіўнай справы, яна атрымала станоўчую рэзалюцыю і забрала з архіва 28 арыгінальных дакументаў і 10 польскамоўных копій тых з іх, якія былі складзены на рускай мове, за перыяд з 1539 па 1583 г., а таксама зробленую ў 1633 г. выпіску з фундацыйнага акта Льва Сапегі, паводле якога маёнтак перайшоў ва ўласнасць кляштара (магчыма, якраз таго акта, што ў 1617 г. быў упісаны ў страчаную зараз кнігу Галоўнага трыбунала). Усе гэтыя дакументы ў архіў больш не вярнуліся, іх далейшы лёс невядомы. Адзінае, што мы маем сёння – гэта распіска (“рэверс”) аб выдачы дакументаў, датаваны 21 красавіка 1807 г., у якім прыводзяцца іх польскамоўныя рэгесты [9]. Складзены рэверс часам недакладна. Так, у рэгестах дакументаў 1539 і 1551 г. Сапегі прыгадваюцца з княжацкім тытулам. Гэта адпавядае ўяўленням пачатку ХІХ ст., але не рэаліям эпохі, якой тычацца дакументы. У шэрагу рэгестаў са скажэннямі прыводзяцца пасады фігуруючых у іх асобаў. Так, полацкі кашталян і лепельскі стараста Юрый Зяноўевіч у дакуменце 1573 г. пазначаны як “кашталян лепельскі”. Не гледзячы на гэтыя недахопы, рэгесты незаменныя, бо змяшчаюць шэраг унікальных звестак па гісторыі Лепеля (пераважна Старога).
Два дакументы, змест якіх сцісла зафіксаваны ў рэгестах, з’яўляюцца найбольш раннімі пасля прывілеяў 1503 г. Адзін з іх – ліст караля Жыгімонта ад 9 красавіка 1539 г., напісаны па інцыятыве луцкага біскупа (Юрыя) Фалькоўскага і адрасаваны полацкаму ваяводзе (Яну) Глябовічу. Апошняму прапануецца выехаць разам з камісарамі для вызначэння мяжы маёнтка Лепель Віцебскай плябаніі з маёнткам Бяла Івана Сапегі, ваяводы падляшскага. У рускім арыгінале, напэўна, маёнтак Сапегі прыгадваўся як Белае. Гісторыя Белага разглядаецца адным з аўтараў у асобным артыкуле,[2] таму тут мы на ёй падрабязна спыняцца не будзем. Адзначым толькі, што гэтая згадка пра яго больш ранняя за прыгаданую Без-Карініловічам, як і за пазначаную ў вядомым Даўгялу дакуменце 1550 г., які ён палічыў першым упамінаннем пра гэтае паселішча.
Другі рэгест – з ліста Жыгімонта ад 20 карасавіка 1545 г., напісанага па інцыятыве таго ж біскупа Фалькоўскага. Ліст абвяшчаў усіх зацікаўленых, што “лепельскім людзям” нададзена права вольнага гандлю. Звычайна такое права атрымлівалі не вяскоўцы, а мяшчане. Такім чынам, гэты рэгест з’яўляецца ўскосным сведчаннем таго, што ў Лепелі, магчыма, было заснавана мястэчка. Паводле Дз. Даўгялы, першая згадка пра мястэчка ў Старым Лепелі датавалася 1565 г. Рэгест дазваляе адсунуць верагодную дату яго заснавання на 20 гадоў раней.
Гэта пацвярджаецца арыгінальным дакументам, які ацалеў у фондзе капітула, напэўна, дзякуючы таму, што назва Лепеля ў ім зафіксавана ў скажонай форме – “Лепуні”. Архіварыўс, які падбіраў дакументы для выдачы Дамброўскай, проста не атаясаміў яго з прадметам запыту. Гэты дакумент – яшчэ адзін ліст Жыгімонта, падрыхтаваны духоўным пісарам ВКЛ Валерыянам (Пратасевічам, будучым біскупам віленскім) у Кракаве ў выніку звароту віленскага архідзякана Язофа Ясенскага, які адначасова з’яўляўся віцебскім плябанам. У вопісе Бібліятэкі АН Літвы гэты дакумент датаваны 1544 г., але гэта – памылка. У арыгінале частка даты пашкоджана падцёкам і закрыта кустодыяй, таму месяц і дзень не чытаюцца. Апошняя лічба ў даце напісана нетрадыцыйна, але яе ніяк нельга прыняць за 4, якая пазначалася кірылічнай літарай “дабро”. Яна больш адпавядае хоць і не зусім звычайнаму, але магчымаму напісанню літары “фіта”, і дакумент трэба датаваць 1549 годам. З яго вынікае, што ксёндз Ясенскі падаў скаргу каралю Жыгімонту на гвалтоўныя дзеянні полацкага ваяводы Станіслава Давойны, які “наславши множество людей служебников своих на местечко той плебании его витепской, на Лепуней, мещан подданых его тамошних побил и пограбил, … тритцати человеков мещан его тамошних же лепунских казал поимати и в замку полоцком посажати, и которыи дей и теперь сидят”. У лісце Жыгімонт папракаў ваяводу за такі ўчынак (“от нас дивно, иж твоя милость именью костельному таковыи кривды и неправия чинити и подданых костельных невинно имати и сажати кажешь”), загадваў неадкладна вызваліць пацярпелых і кампенсаваць іх шкоды [8]. Гэты дакумент сведчыць, што мястэчка ў Старым Лепелі ўжо існавала ў 1549, і такім чынам ускосна пацвярджае яго заснаванне ў 1545 г.
Наступны дакумент, ад 16 ліпеня 1550 г., вядомы дзякуючы копіі, упісанай у Літоўскую метрыку. Ён тычыцца канфлікту паміж падданымі маёнтка Віцебскай плябаніі і жыхарамі сумежнага сяла Белае (“людьми беляньскими”) наконт грэблі і млыну на рацэ Уле [15, арк. 440]. Дакумент быў сцісла згаданы ў 1-м томе даследавання пра род Сапегаў, надрукаваным у 1890 г. [3, s. 67]. Са спасылкай на гэтае выданне звестку паўтарыў Дз. Даўгяла. Звярнуўшыся да тэксту ў Літоўскай метрыцы, можна знайсці цікавыя падрабязнасці. У скарзе Язофа Ясенскага сцвярджаецца: жыхары Белага, “нашедши моцно гвалтом на именье его милости Лепскои плебанеи Витебской, греблю на реце Ули прекопали, которая дей немалым коштом была справена од продка его милости - князя бискупа Луцкого, и ведле повести врядовников и людей тамошных, якобы дей о деветьдесят коп грошей тая гребля коштовала, и там же дей … у млыне его милости замок и двери одбившы, статки млыновые посекли”.[3] Становіцца зразумела, чаму папярэднія дакументы, якія тычыліся Лепеля, былі створаны па ініцыятыве луцкага біскупа Фалькоўскага: менавіта ён быў папярэднікам (“продкам”) Ясенскага ў кіраванні маёнткам Віцебскай плябаніі. Гэта ж выключае і датаванне папярэдняга дакумента 1544 годам: на той час Лепель знаходзіўся яшчэ пад кіраваннем Фалькоўскага, а не Ясенскага.
Завяршэнне канфлікту з падданымі сяла Белага адлюстроўвалася ў двух чарговых рэгестах. 30 кастрычніка 1550 г. датуецца пазоў ксяндза Ясенскага да ўладальнікаў Белага, падляшскіх ваяводзічаў Івана, Міхала і Паўла Сапегаў, з прапановай ажыццявіць размежаванне Лепеля і Белага. Вынік размежавання быў замацаваны ў камісарскім дэкрэце на пергамене, з шасцю віслымі пячаткамі, датаваным 30 лістапада 1551 г. Яго страта найбольш крыўдная, бо ён дазваляў высветліць, як суадносіліся паміж сабой лепельскія і белянскія землі, пазней аб’яднаныя ў адзін маёнтак.
Усе прыгаданыя дакументы сведчаць, што на той час Лепель заставаўся ўласнасцю Віцебскай плябаніі, хоць сама яна існавала хутчэй намінальна. Абавязкі па кіраванні касцёлам Св. Троіцы ў Віцебску і яго маёнткамі ўскладаліся на асобаў, якія і без таго мелі важкія пасады: першы з іх быў луцкім біскупам, другі – віленскім архідзяканам (фактычна другой асобай у капітуле пасля біскупа). Але ідэя перадаць Лепель з-пад улады заняпалага Віцебскага касцёла непасрэдна Віленскаму капітулу рэалізавалася пазней. Такім чынам, памылковым з’яўляецца сцвярджэнне Кусцінскага ў артыкуле “Геаграфічнага слоўніка”, паўторанае ў кнізе Даўгялы, што гэтая змена ўласнасці адбылася ў 1541 г.
Абставіны пераходу Лепельскай воласці ад Віцебскай плябаніі да Віленскага капітула ўрывачна высвятляюцца паводле апісання капітульнага фонда, створанага пасля яго перадачы ў Віленскую публічную бібліятэку. У яго складзе сапраўды прыгадваецца прывілей Жыгімонта адносна карыстання маёнткам Віцебскай плябаніі. Праўда, датаваны ён не 1541, а 1542 г. [14, с. 18]. Аднак у ім не ідзе размова пра перадачу маёнткаў плебаніі, а толькі пра вылучэнне паловы даходаў з іх на карысць 18 вікарыяў Віленскага катэдральнага касцёла. Змена ўласнікаў касцёльных маёнткаў была не такой простай справай, бо патрабавала згоды рымскай курыі. Такая згода на перадачу маёнткаў Віцебскага касцёла Віленскаму капітулу маецца ў іншым дакуменце з фонда біскупства, датаваным 1561 г. [14, с. 19]. Напэўна, менавіта гэты дакумент меў на ўвазе Кусцінскі, але наблытаў з датай. Цікава, што прафесійны архівіст Дз. Даўгяла ў час напісання кнігі пра Лепель не мог не ведаць пра выданне, у якім апісваліся абодва дакументы. Да таго ж ён з 1903 г. жыў у Вільні, працаваў у тамашнім Архіве старажытных актаў і мог праверыць гэтую звестку ўласнаручна, бо несумненна бываў і ў Віленскай публічнай бібліятэцы, карыстаўся іншымі дакументамі капітула. Але чамусці гэтае сцвярджэнне Кусцінскага ён прыняў без праверкі.
Крыніцы і літаратура:
- Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1, (1387-1507) / wyd. Ks. Jan Fijałek i Władysław Semkowicz. Kraków, 1938-1948.
- Kognowicki K. Zycia Sapiehow y listy od monarchow, ksiąźąt, y roźnych panujących do tychźe pisane. T. 1. Wilno, 1790.
- Sapiehowie. Materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe / wydane nakł. rodziny. T. 1. Petersburg, 1890.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. 5, Warszawa: nakł. Filipa Sulimierskiego i Władysława Walewskiego, 1884.
- Без-Корнилович М. О. Исторические сведения о примечательных местах в Белоруссии с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся. СПБ, 1855.
- Белоруссия в эпоху феодализма : сборник документов и материалов в трех томах. Т. 1: С древнейших времен до середины XVII века. Минск, 1959.
- Бібліятэка Акадэміі навук Літвы. Аддзел рукапісаў. F 43-210.
- Там жа. F 43-11100.
- Там жа. F 43-11105.
- Довгялло Д.И. Лепель, уездный город Витебской губернии. Хроника минувшей жизни. Витебск, 1905.
- Каробушкіна Т. Кусцінскі Міхаіл Францавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4. Мн., 1997.
- Каталог древним актовым книгам губерний: Виленской, Гродненской, Минской и Ковенской, также книгам некоторых судов губерний Могилевской и Смоленской, хранящихся ныне в Центральном архиве в Вильне / Составлен Архивариусом онаго, Членом Виленской Археографической Комиссии Н. Гобачевским. Вильна, 1872.
- Миловидов А. Рукописное отделение Виленской публичной библиотеки, его история и состав. Вильна, 1910.
- Описание рукописного отделения Виленской публичной библиотеки. Вып. 1. Вильна, 1895. Приложения.
- РДАСА. Ф. 389. Воп. 1. Спр. 237. (Мікрафільм у НГАБ: Ф. КМФ-18. Воп.1. Спр. 237).
- Януш, І. Лепельскі археолаг, краязнавец М. Ф. Кусцінскі // Памяць: Лепельскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: В. Я. Ланікіна [і інш.]. Мн., 1999.
Артыкул паступіў у рэдакцыю 21.12.2020
[1] Існуючыя зараз актавыя кнігі Галоўнага Літоўскага трыбунала захоўваюцца ў фондзе 8 (SA) Дзяржаўнага гістарычнага архіва Літвы (Lietuvos valstybės istorijos archyvas, LVIA). Страчаны ўсе крэпасныя кнігі за перыяд да 1662 г. Кнігі Галоўнага Духоўнага трыбунала захоўваюцца ў тым жа архіве ў фондзе 10 (SA). Яны цалкам страчаны за перыяд да 1775 г. [12, с. 1–6, 73].
[2] Насевіч В. З гісторыі маёнтка Белае – гістарычнага папярэдніка сучаснага Лепеля (рыхтуецца да друку ў 19-м выпуску штогодніка “Архіварыўс”).
[3] Цытуецца па электроннай копіі AGAD: https://www.szukajwarchiwach.gov.pl/jednostka/-/jednostka/17947283. С. 805–806.