Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на (2000)
Тэрыторыя Чэрвеньскага раёна ў перыяд феадалізму
Першыя пісьмовыя звесткі пра тэрыторыю Чэрвеньскага раёна з'яўляюцца параўнальна позна - яны тычацца пятнаццатага стагоддзя. Між тым несумненна, што і раней на гэтай зямлі адбываліся гістарычныя падзеі. На жаль, яны не трапілі на старонкі летапісаў і іншых дакументаў, таму пра іх можна выказаць толькі самыя агульныя разважанні.
Так, некалі тэрыторыя раёна ўваходзіла, напэўна, у склад Полацкай зямлі, якая ў канцы Х стагоддзя была далучана да вялікай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве - так званай Кіеўскай Русі. Заваёўнік Полацка, кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч, забіў полацкага князя Рагвалода, а яго дачку Рагнеду зрабіў сваёй жонкай. Полацкая зямля зрабілася адной з правінцый (як казалі ў той час - удзелаў) Кіеўскай Русі. У гэты час адбылася вялікая змена ў духоўным жыцці Русі. На яе абшарах Уладзімір у 988 годзе увёў новую дзяржаўную рэлігію - хрысціянства. Крыху пазней Уладзімір вызначыў кіраваць Полацкам свайму старшаму сыну ад Рагнеды - Ізяславу, які па матчынай лініі быў прамым нашчадкам папярэдняй полацкай дынастыі. Ізяслаў памёр у 1001 годзе раней за свайго бацьку. У яго застаўся сын Брачыслаў. Пазней нашчадкі Усяслава Брачыславіча далі пачатак асобным галінам полацкай княжацкай дынастыі, якія падзялілі сваю вотчыну на асобныя ўдзелы.
Можна толькі меркаваць, у склад якога ўдзельнага княства ўваходзіла ў той час тэрыторыя Чэрвеньскага раёна. З летапісаў вядома, што аднымі з першых у Полацкай зямлі ўтварыліся ўдзелы з цэнтрамі ў Менску і Друцку, у якіх з ХІ стагоддзя замацаваліся нашчадкі двух сыноў Усяслава Брачыславіча - адпаведна Глеба і Барыса. Чэрвеншчына знаходзіцца значна бліжэй да Менска, чым да Друцка, і таму можна меркаваць, што яна ці, прынамсі, асноўная яе частка ўваходзіла ў склад Менскага княства.Разам з тым у летапісах прыгадваецца і горад Барысаў, які быў заснаваны, напэўна, на пачатку ХІІ стагоддзя друцкім князем Барысам Усяславічам. Няма звестак пра тое, што Барысаў быў цэнтрам асобнага ўдзелу. Магчыма, ён з'яўляўся цэнтрам адной з валасцей Друцкага княства. Не выключана, што паўночна-усходні ўскраек Чэрвеншчыны адносіўся ўжо тады да Барысаўскай воласці. Ва ўсякім выпадку, ад Барысава Чэрвеншчыну аддзяляе прыкладна такая ж адлегласць, як і ад Менска.
У ХІІІ стагоддзі паблізу ад тэрыторыі раёна ўзнік яшчэ адзін удзельны цэнтр - Свіслач, якая знаходзілася на амаль такой жа адлегласці ў паўднёва-усходнім накірунку, на месцы ўпадзення аднайменнай ракі ў Бярэзіну (у сучасным Асіповіцкім раёне). Свіслацкі князь упершыню прыгадваецца ў летапісе ў 1254 годзе. Цяжка сказаць, са складу якога ўладання вылучылася гэта новае ўдзельнае княства - магчыма, зноў-такі з Друцкага ці Менскага. Такім чынам, у гэты час Чэрвеншчына апынулася ў цэнтры трохкутніка, утворанага Менскам, Барысавам і Свіслаччу.
Цэнтрам кожнага ўдзела быў горад, дзя жыў сам князь і яго дружына, а тэрыторыя ўдзела падзялялася на шэраг больш дробных адміністратыўных адзінак - валасцей. Воласці мелі двайную сістэму кіравання. У кожную з іх прызначаўся намеснік з ліку княжацкіх баяр, але яго паўнамоцтвы былі абмежаванымі. Намеснік толькі ажыццяўляў ад імя князя суд за найбольш цяжкія злачынствы і кантраляваў збор падаткаў з воласці і іх своечасовую транспартыроўку ў цэнтр удзела, пакідаючы пэўную частку на свае ўласныя патрэбы. Ён жа адказваў за будаўніцтва дарог і ўмацаванняў, а пры неабходнасці - за мабілізацыю сялянскага апалчэння.
Адначасова воласць мела сістэму самакіравання, у якой мелі права ўдзельнічаць гаспадары ўсіх сялянскіх двароў. На сельскіх сходах яны выбіралі па аднаму ці некалькі ўпаўнаважаных ад кожнага сяла, якія прадстаўлялі воласць у дачыненнях са знешнім светам. Адзін з такіх упаўнаважаных лічыўся галоўным і меў назву «старца». У яго функцыі ўваходзўла размеркаванне павіннасцяў паміж асобнымі сёламі і арганізацыя іх дастаўкі ў цэнтр воласці, дзе намеснік іх узважваў, вымераў і адпраўляў далей да князя. Дакладны склад падаткаў у гэты час невядомы, але можна меркаваць, што асноўную яго частку ўтваралі натуральныя павіннасці, што выплочваліся мёдам і збожжам, а таксама пушнымі звярамі (бабрамі і куніцамі). Для прадухілення злоўжыванняў з боку намесніка яму звычайна было забаронена самому ездзіць па воласці для збору падаткаў - гэта была прэрагатыва старца.
Далёка не заўсёды сяляне звярталіся да намесніка і па суд, бо за кожны разгляд справы ён браў даволі высокую пошліну. Калі ж намеснік выязджаў для разгляду справы на месца, жыхары воласці павінны былі забяспечыць яго і яго слуг харчаваннем ва ўстаноўленых памерах (прычым даволі шчодрых - на дзень для яго трэба было зарэзаць барана, забяспечыць вялікую колькасць хлеба, піва і ін.шых страў). Таму сяляне імкнуліся па магчымасці вырашаць спрэчныя пытанні ўласнымі сіламі - на сельскіх сходах ці, калі справа закранала інтарэсы двух і болей сёл - на сходах упаўнаважаных з усіх навакольных паселішчаў. Такі сход назыцваўся «копны суд» альбо проста «капа», для яго вызначаліся нават спецыяльна абсталяваныя месцы - «капавішчы», звычайна на стыку зямяльных абшараў некалькіх сёл.
Сялянскі сход і асабліва капа мелі па традыцыі даволі значныя паўнамоцтвы для пошуку ўлік і судовай працэдуры. Яны маглі, напрыклад, падвергнуць падазронага пыткам, вынесці прыгавор на цялеснае пакаранне. Пры гэтым яны кіраваліся так званым «звычаёвым правам», якое ў вуснай форме перадавалася з пакалення ў пакаленне. Намеснік судзіў на падставе тых жа звычаяў і ўласных меркаванняў аб справядлівасці, але ў яго распараджэнні быў і пісаны збор законаў - «Руская праўда», якая на працягу ХІ - ХІІІ стагоддзяў неаднаразова пераглядалася і дапаўнялася на сходах князёў Кіеўскай Русі. «Руская праўда» прадпісвала формы пакарання (у тым ліку дакладныя сумы грашовых штрафаў) за найбольш тыповыя віды злачынстваў - забойства, крадзёж, парушэнне межаў гаспадарчых угоддзяў і інш. Судовыя рашэнні выносіліся ў вуснай форме (гэтым у значнай ступені тлумачыцца і нешматлікасць пісьмовых грыніц для азначанага перыяду).
Пачынаючы ўжо з ХІ стагоддзя, гэты традыцыйны лад жыцця пачаў патроху мяняцца. Князі не задавальняліся данінай, якую атрымлівалі з валасцей, а сталі абзаводзіцца ўласнай гаспадаркай - дварамі, дзе працавалі іх уласныя халопы, а таксама навакольныя сяляне, якія траплялі ў кабалу і вымушаны былі адпрацоўваць грашовую альбо збожжавую пазыку (такія сяляне зваліся закупамі). Па ўзору князёў і іх баяры пачалі заводзіць свае двары не землях, якія звычайна атрымлівалі ад князя назаўсёды ці ў часовае карыстанне. Асноўная маса княжацкіх і баярскіх двароў групавалася вакол удзельных цэнтраў. У больш аддаленых валасцях старая структура заставалася амаль некранутай.
Яшчэ адным буйным землеўладальнікам хутка зрабілася царква. Спачатку князі толькі аддавалі на яе патрэбы дзясятую долю атрыманай даніны (дзесяціну), але царкоўная структура на Русі хутка разрасталася, і гэтага даходу ёй станавілася мала. Недзе з ХІІ стагоддзя князі пачалі вылучаць са сваіх уладанняў асобныя сёлы і цэлыя воласці, увесь даход з якіх цалкам перадаваўся на карысць той ці іншай царкоўнай установы - епіскапства, манастыра, сабора.
Чэрвеншчына ляжала параўнальна далёка ад удзельных цэнтраў, таму яна, напэўна, да ХІІІ стагоддзя ў значнай ступені захавала старажытную валасную структуру. Можна меркаваць, што заходні ўскраек раёна тады адносіўся да Менскага княства, паўночна-усходні - да Барысава (які, магчыма, ужо зрабіўся самастойным удзельным цэнтрам), а паўднёва-усходні - да Свіслацкага княства. Невядома толькі, каму належала цэнтральная частка раёна, але ёсць падставы меркаваць, што ў той час яна ўжо ўтварала асобную воласць з цэнтрам у Ігумене (так ад свайго пачатку і да 1923 года называўся сённяшні Чэрвень).
Дата ўзнікнення Ігумена дакладна невядомая. Але ў першай чвэрці ХV стагоддзя, як будзе паказана крыху пазней, гэтае паселішча было ўжо валасным цэнтрам, таму датаваць узнікненне Ігумена варта прынамсі чатырнаццатым, калі не трынаццатым стагоддзем. Паводле народнага падання, зафіксаванага ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя краязнаўцам Паўлам Шпілеўскім, мясцовыя жыхары звязвалі першапачатковае месцазнаходжанне валаснога цэнтра з рэшткамі ўмацаванага паселішча ля вёскі Гарадзішча, адкуль ён быў нібыта перенесены на месца пазнейшага Ігумена.
Іншае запісанае Шпілеўскім паданне сцвярджае, што Ігумен некалі належаў праваслаўнаму жаночаму манастыру, заснаванаму грэчаскай ігуменняй. Манастыр быў пабудаваны на месцы старажытнага паганскага капішча, на якім мясцовыя жыхары нават пасля ўвядзення хрысціянства працягвалі маліцца старым багам. Намаганнямі ігуменні праваслаўная вера пацясніла паганства, але хутка частка сялян зноў вярнулася да пакланення ідалам, адноўленым паблізу манастыра. Тады, нібыта, у адну ноч манастыр раптоўна праваліўся пад зямлю, а на яго месцы ўтварылася глыбокае возера з багністымі берагамі. Сяляне звязвалі гэтае паданне з возерам, што знаходзіцца ў некалькіх вярстах ад Ігумена па бабруйскай дарозе (напэўна, сучаснае возера Дзікае ў 5 км ад Чэрвеня), на якім уначы быццам бы чуліся гукі царкоўных званоў.
«Блукаючы» сюжэт пра царкву ці манастыр, што праваліліся пад зямлю, як правіла, бывае сапраўды звязаны з незвычайнымі мясцінамі, у тым ліку і мястамі старажытных капішчаў. Увогуле існаванне ў старажытнарускі час на месцы капішча праваслаўнага манастыра цалкам верагоднае. Пра тое ж сведчыць і назва Ігумена, якая, напэўна, першапачаткова гучала як «Ігумень» - у сэнсе «той, што належыць ігуменні». Магчыма, хтосці з удзельных князёў сапраўды дазволіў заснаваць у сваіх уладаннях манастыр, якому падараваў адно ці некалькі паселішчаў, а магчыма - і цэлую воласць.
Тым часам пачынаючы з сярэдзіны ХІІІ стагоддзя ў гісторыі Беларусі адбываліся значныя змены. Пачатак ім паклала нашэсце войскаў мангольскага хана Бату (Батыя), якія ў 1237 - 1240 гг. заваявалі большасць жыццёвых цэнтраў Кіеўскай Русі. Хаця Полацкая зямля, уключаючы тэрыторыю Чэрвеншчыны, здаецца, зусім не была закранута гэтай бядой, наступствы мангольскага заваявання адбіліся і на яе лёсе. Каб пазбегнуць падпарадкавання жорсткай уладзе мангольскіх ханаў, ацалелыя княствы Полацкай зямлі пайшлі на палітычны саюз з Літвой, а некаторыя з іх былі непасрэдна ўзначалены літоўскімі князямі. Так распачалося ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага і Рускага (з ХV стагоддзя яго поўная афіцыйная назва гучала як «Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых», а скарочаная - «Вялікае княства Літоўскае» ці ВКЛ).
У першай палове ХІV стагоддзя, калі на чале новай дзяржавы стаяў вялікі князь Гедымін, яго ўлада ахоплівала ўжо вялізную тэрыторыю. У склад ВКЛ тады ўваходзілі Літва і Жамойць, населеныя продкамі сучасных літоўцаў, а таксама большая частка сённяшняй Беларусі - Навагрудская, Берасцейская, Турава-Пінская і Полацкая землі. Тыя княствы, якія яшчэ захоўвалі свае мясцовыя дынастыі, знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад вялікага князя літоўскага. Адным з такіх княстваў было Менскае, князь якога Васіль у 1323 годзе па даручэнні Гедыміна ездзіў у складзе пасольства ў Вялікі Ноўгарад. Крыху пазней, у 1348 годзе, ужо ў час панавання сына Гедыміна Альгерда, сярод яго васалаў прыгадваецца князь Сямён Свіслацкі, які прымаў удзел у пасольстве ў Залатую Арду.
Абодва гэтыя князі, і Васіль Менскі, і Сямён Свіслацкі, больш не згадваюцца ў крыніцах, а іх уладанні ў хуткім часе апынуліся непасрэдна ў руках вялікага князя літоўскага. Нам невядома, як гэта адбылося, але можна даволі ўпэўнена сцвярджаць, што ў сярэдзіне ХІV стагоддзя сённяшняя Чэрвеншчына канчаткова апынулася ў складзе ВКЛ. З гэтай дзяржавай яе лёс быў звязаны на працягу наступных чатырох з паловай стагоддзяў.
Напачатку змена палітычнай улады вельмі слаба закранула паўсядзённае жыцце мясцовага насельніцтва. Літоўскія князі пашыралі сваю ўладу ў параўнальна мяккай форме, захоўваючы папярэднюю структуру кіравання і мясцовыя звычаі. Замест князёў у былых удзельных цэнтрах і больш дробных валасцях з'явіліся новыя намеснікі з ліку літоўскіх баяр ці нават прадстаўнікоў мясцовых княжацкіх дынастый, якія перайшлі на службу да новых гаспадароў. Але выконвалі яны тыя ж самыя функцыі, што і ў папярэдні перыяд. Без змен засталося і мясцовае самакіраванне. Разам з тым гэты смутны перыяд суправаджаўся пэўным запусценнем. Магчыма, якраз тады знік той манастыр, якому належаў Ігумен, і паселішча вярнулася ў склад дзяржаўнай воласці і нават стала яе цэнтрам.
У другой палове ХІV стагоддзя тэрыторыю Чэрвеншчыны падзялялі паміж сабой чатыры воласці, межы якіх на падставе больш позніх звестак можна азначыць даволі дакладна. Заходняя частка, прыкладна да лініі сучасных вёсак Валевічы і Волма, адносілася да вялікай воласці Бакшты, вылучанай са складу ранейшага Менскага княства. Месцазнаходжанне яе цэнтра невядомае. Калі тут і было паселішча з назвай Бакшты, то яно знікла вельмі рана, не пазней ХVI стагоддзя. Абшар гэтай воласці ахопліваў, апрача захаду Чэрвеньскага, значную частку суседняга Пухавіцкага раёна.
Паўднёва-усходняя частка Чэрвеншчыны адносілася да Свіслацкай воласці, вылучанай са складу аднайменнага княства. Яе мяжу можна правесці крыху паўночней ад лініі сучасных вёсак Вялікая Ганута - Горкі - Пальчык, адкуль яна цягнулася ў прылеглыя часткі сучасных Пухавіцкага, Асіповіцкага і Беразінскі раёнаў і далей за раку Бярэзіну. Пасля ліквідацыі Свіслацкага княства гэтая воласць на доўгі час перайшла ў рукі вялікіх князёў, якія прызначалі сюды сваіх намеснікаў. Такім жа быў і лёс Барысаўскай воласці, што ахоплівала кут Чэрвеншчыны прыкладна да лініі Чырвоны Дар - Валадута і цягнулася далей на поўнач па абодвух берагах Бярэзіны. Рэшту тэрыторыі Чэрвеньскага раёна ахоплівала Ігуменская воласць, якая амаль супадала з яго сучаснымі межамі за выключэннем трох вышэйзгаданых частак.
У 1385 годзе вялікі князь Ягайла падпісаў акт Крэўскай уніі, паводле якой ВКЛ аб'ядноўвалася ў канфедэрацыю з Польшчай, а сам Ягайла станавіўся польскім каралём і вярхоўным сюзерэнам аб'яднанай дзяржавы. Дзяржаўнай рэлігіяй у ёй было абвешчана каталіцтва, а вышэйшай царкоўнай установай - Віленскае каталіцкае біскупства, утворанае ў 1386 годзе. Узначальваў яго біскуп, а пры ім быў створаны духоўны савет - капітул, які існаваў пры кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Вільні. Дзеля матэрыяльнага забеспячэння біскупа і капітула Ягайла адразу падараваў ім шэраг асобных сёл і нават некалькі суцэльных валасцей.
З 1392 года вярхоўная ўлада ў ВКЛ перайшла да Вітаўта, які фармальна лічыўся падпарадкаваным польскаму каралю, але дзейнічаў досыць самастойна. Вітаўт працягваў палітыку ўмацавання каталіцкай царквы і зрабіў шэраг новых падараванняў на карысць Віленскага біскупства. Адным з найбольш шчодрых з гэтых падараванняў аказалася Ігуменская воласць, якая цалкам, з усімі сёламі, людзьмі і пажыткамі перайшла ў падпарадкаванне да біскупа.
На жаль, дарчы дакумент Вітаўта не захаваўся, таму мы не ведаем дакладна, калі адбылася гэтая падзея. Можна толькі сказаць, што гэта было пасля 1392 г., калі Вітаўт прыйшоў да ўлады, і раней 1430 г. – даты яго смерці.
Адразу пасля смерці Вітаўта віленскі біскуп Мацей звярнуўся да Ягайлы, які па- ранейшаму заставаўся каралём Польшчы і сюзерэнам ВКЛ, з просьбай пацвердзіць усе наданні на карысць біскупства, што былі зроблены Вітаўтам. Ягайла задаволіў яго просьбу, і 21 кастрычніка 1430 года быў выдадзены адпаведны прывілей, напісаны на лацінскай мове. У ім пералічаны ўсе воласці, папярэдне падараваныя Вітаўтам, у тым ліку - «воласць Гумен» (districtum Humyen). Гэты дакумент і з'яўляецца першым непасрэдным упамінаннем, з якога пачынаецца пісьмовая гісторыя Чэрвеншчыны.
З моманту падаравання Вітаўта і да канца ХVІІІ стагоддзя, гэта значыць - на працягу амаль 400 гадоў Ігумен з навакольнай воласцю заставаліся ўласнасцю Віленскага біскупства, адносячыся да так званых «сталовых» маёнткаў, даход з якіх ішоў на ўтрыманне біскупа і яго двара. З гэтага часу ўсе павіннасці натурай і грашыма, якія збіралі ігуменскія старцы, перавозіліся ў далёкую Вільню, дзе папаўнялі біскупскі скарб. Замест вялікакняжацкіх намеснікаў воласцю пачалі кіраваць намеснікі біскупа з ліку небагатых баяр-шляхты, якіх звычайна наймалі за плату.
Наступныя змены ў гісторыі Чэрвеншчыны адбыліся пасля 1440 года, калі вялікім князем літоўскім, а потым і польскім каралём зрабіўся зусім юны сын Ягайлы Казімір (цікава, што ён нарадзіўся, калі яго бацьку было ледзь не 80 гадоў!) На пачатку панавання Казіміра амаль ўся ўлада ў ВКЛ належала групе найбольш заможных літоўскіх баяр - так званых «радных паноў», што ўтваралі вялікакняжацкую раду. Узмацненне паноў пачалося з часоў Вітаўта, які шчодра надзяляў зямлёй і маёнткамі сваіх набліжаных баяр-католікаў, пераважна літоўскага паходжання, каб стварыць супрацьвагу радавітым і непакорлівым удзельным князям. Потым палітыку раздачы панам маёнткаў працягвалі пераемнікі Вітаўта, а ў часы Казіміра яе паспяхова ажыццяўлялі самі паны ад імя юнага гаспадара.
Адным з найбольш уплывовых прадстаўнікоў гэтай групоўкі быў пан Кезгайла Валімунтавіч, які займаў высокую пасаду віленскага кашталяна -другую па значэнні пасля віленскага ваяводы (які фактычна замяшчаў вялікага князя). Недзе паміж 1440 (пачаткам панавання Казіміра) і 1450 (годам смерці Кезгайлы) ён атрымаў са згоды іншых радных паноў апрача іншых два буйныя пажалаванні людзей у воласці Бакшты. У першы раз ён атрымаў там 60 сялянскіх гаспадарак, у другі - яшчэ 30, якія выплочвалі даніну ў памеры 10 уставаў мёду.
Трэба адзначыць, што ў ХV стагоддзі шчыльнасць насельніцтва цэнтральнай Беларусі была вельмі невысокай. Буйным лічылася сяло, якое налічвала 10 - 20 сялянскіх гаспадарак, а большасць сёл мела ўвогуле па некалькі двароў, пры тыповай адлегласці паміж паселішчамі каля 10 кіламетраў. Сяляне, падараваныя пану Кезгайлу, павінны былі ўтвараць добры дзесятак паселішчаў, калі не больш, і стваралі вельмі значную частку Бакштанскай воласці. З пазнейшых звестак вынікае, што новыя ўладанні Кезгайлы цягнуліся шырокім пасам даўжынёй у 60 - 65 і шырынёй у 10 - 15 км - ад узбярэжжа Пцічы на поўдні Пухавіцкага раёна да сучасных Дукор і Смілавіч, ахопліваючы і ўвесь захад Чэрвеншчыны. У далейшым гэты абшар заставаўся ў руках роду Кезгайлаў на працягу прыкладна стагоддзя – да яго згасання ў 1554 г.
Пераход воласці з дзяржаўнай у прыватную ўласнасць істотна мяняў становічша сялян Як і ў выпадку з жыхарамі Ігуменскай воласці, улада дзяржаўнага намесніка на іх больш не распаўсюджвалася. Права судзіць іх, збіраць павіннасці, а таксама вызначаць памер і форму гэтых павіннасцяў, пераходзіла да новага гаспадара. Ён жа вырашаў цяпер, ці дазволіць сялянам выбіраць сабе старца, ці прызначаць яго самому. Перад вялікім князем пан быў справаздачны толькі ў тым, што аддаваў у скарб пэўныя агульнадзяржаўныя падаткі за кожны двор ці кожную сялянскую душу. Адным з такіх падаткаў была ардыншчына, якая збіралася штогод з кожнай душы. Як сведчыць сама назва, гэты падатак ішоў на забеспячэнне дыпламатычных зносін ВКЛ з Ардой, а першапачаткова, магчыма, і на выплату даніны татарскім ханам. Іншы агульны падатак - сярэбршчына - збіраўся з кожнага двара на незапланаваныя патрэбы (такія, напрыклад, як фармаванне наёмнага войска).
Апрача паноў і царквы, зямельныя пажалаванні атрымлівалі і прадстаўнікі больш дробнага баярства – іх з ХV стагоддзя ў адрозненне ад паноў называлі зямянамі ці баярамі- шляхтай, пазней – проста шляхтай. У адрозненне ад пажалаванняў «з поўным правам і панствам» накшталт таго, што атрымаў Кезгайла, для іх пажалаванні звычайна былі больш сціплымі як па памерах, так і па ўмовах. Часта баярын атрымліваў усяго некалькі сялянскіх сем'яў, якія ўтваралі адно - два невялікіх сяла ці нават толькі частку паселішча. Пры гэтым на сваю карысць ён мог браць толькі частку павіннасцяў, што выконвалі гэтыя сяляне. Астатнія павіннасці яны працягвалі выплочваць ці адпрацоўваць разам з воласцю на карысць дзяржавы.
Адно такое пажалаванне са складу Свіслацкай воласці атрымаў недзе ў другой палове ХV стагоддзя баярын Катовіч. Яно ахоплівала тры сяла - Брадзец, Максімовічы і Горкі, з якіх апошняе знаходзілася на тэрыторыі Чэрвеншчыны. Пазней гэтыя сёлы перайшлі ў спадчыну да яго дзяцей, якія пэўны час працягвалі валодаць імі сумесна. Апрача павіннасцяў на карысць гаспадароў, сяляне мусілі разам з усёй воласцю ўдзельнічаць у будаўніцтве абарончых збудаванняў, дарог і мастоў, а таксама ў транспартыроўцы дзяржаўных падаткаў да Свіслачы і ахове гэтых падвод, не кажучы ўжо пра выплату ардыншчыны і іншых агульнадзяржаўных пабораў.
Натуральна, што баяры Катовічы былі не вельмі зацікаўлены ў тым, што іх падданыя належалі ім толькі часткова, праводзячы частку часу на грамадскіх работах. Дарэчы, у гэтым іх інтарэсы цалкам супадалі з інтарэсамі іх сялян. Таму патроху-паціху выкананне павіннасцяў для воласці сусім спынілася. Затое інтарэсы жыхароў іншых сёл былі супрацьлеглымі - пасля ўхілення падданых Катовічаў ад грамадскіх работ цяжар гэтых работ на плячах астатняй часткі воласці прыкметна пабольшаў. І вось упаўнаважаныя ад сёл Свіслацкай воласці (сярод іх упямянуты і прадстаўнік сяла Задобрычы, якога звалі Трахім) падалі скаргу вялікаму князю Аляксандру. Разгляд скаргі адбыўся ў лютым 1499 года, і гэтую дату трэба лічыць першым непасрэдным упамінаннем двух паселішчаў Чэрвеншчыны - Горак і Задобрыч (апошняе выступае ў скажонай форме «Задробычы»).
У скарзе валашчане сцвярджалі, што падданыя баяр Катовічаў «здавна з волостью нашою Свислоцкою города рубливали и ордынщину давали и дубащину плачивали и недели стерегивали с подводами у Свислочи на городищи и на реце на Березыни на броду, и мосты мосчывали, и сено в Рудниках кошивали, и житщину до городов вожывали». Людзі Катовічаў спрабавалі адперціся, але пасля прысягі валасных упаўнаважаных вялікі князь вынес прысуд на карысць воласці, пацвердзіўшы абавязак жыхароў Горак, Брадца і Максімовічаў выконваць усе пералічаныя павіннасці.
Апрача баяр-шляхты, пажалаванні на падобных умовах атрымлівалі ў час панавання Казіміра (1440 - 1492) і яго сына Аляксандра (1492 - 1506) знатныя татары, якія неаднаразова перасяляліся ў ВКЛ пад час усобіц у Залатой Ардзе. Непасрэдныя звесткі пра наданне ім зямлі і людзей на Чэрвеншчыне не захаваліся, але ўскосныя факты сведчаць, што, прынамсі, дзве групы татар атрымалі такія пажалаванні. Адна з гэтых груп пасялілася ў воласці Бакшты на ўскрайку сённяшніх Смілавіч, дзе яшчэ ў ХІХ стагоддзі захоўвалася паселішча Татарская Слабада. Пазней гэтыя татары нейкім чынам трапілі ў залежнасць ад уладальнікаў маёнтка Смілавічы-Бакшты.
Другая група татар атрымала землі сяла Раванічы, якое папярэдне, відаць, уваходзіла ў склад Барысаўскай воласці. Гэтыя свае ўладанні татары паступова прадалі. Так, у 1535 г. нейкі Сейгал Мінбулатавіч прадаў сваіх сялян-даннікаў з сяла Раванічы пану Альбрыхту Гаштольду (Гаштаўту), на той час віленскаму ваяводзе і найбуйнейшаму магнату ў ВКЛ. Магчыма, гэта была не адзіная купля пана Гаштольда ў Раванічах. Нейкім чынам яму дасталася і частка сяла Драхча (верагодна, тое паселішча, якое на пачатку ХХ стагоддзя называлася Драхча-Паненская, а ў 1964 г. было перайменавана ў Кутузаўку).
Адзначым, што Гаштольды не былі адзінымі ўладальнікамі гэтага абшару. Частка яго яшчэ нейкі час належала татарам. У прыватнасці, сёлы Раванічы і Драхча ад татар пазней купіў шляхціч Лаўрын Ратомскі, пра што ён згадвае ў сваім завяшчанні ў 1594 г.
Альбрэхт Гаштольд спярша прыпісаў нованабытых сялян-даннікаў да маёнтка Геранёны (у сучаснай Гродзенскай вобласці) - сваёй галоўнай рэзідэнцыі. Пазней ён прыпісаў іх да свайго крыху менш аддаленага маёнтка Радашковічы на Меншчыне. У 1539 г. Альбрэхт Гаштольд памёр, а пасля смерці без нашчадкаў яго адзінага сына Станіслава ў 1542 г. вялізныя яго маёнткі перайшлі да вялікага князя. Праз сем год, у 1549 г. быў створаны інвентар дзяржаўнага маёнтка Радашковічы, да якога па-ранейшаму была прылучана аддаленая «воласць Раваніцкая» на рацэ Уша. Яна складалася з буйнога сяла Раванічы, у якім было 68 двароў, і больш дробнага сяла Драхча (Драгуча) з 8 дварамі. На той момант іх жыхары павінны былі выплочваць штогод мядовую даніну ў памеры 80 каменяў мёду (камень - вагавая адзінка ў 6 бязменаў альбо прыкладна 20 кг).
У 1556 г. вялікі князь Жыгімонт пажалаваў Радашковіцкі замак разам з Раваніцкай воласцю, што па-ранейшаму да яго адносілася, у часовае карыстанне «да трох жыватоў» пану Івану Гарнастаю, яго жонцы і старшаму сыну Івану. Гэта азначала, што пасля смерці пана Гарнастая маёнткам магла карыстацца яго ўдава, а затым - іх сын, пасля чаго ўладанне павінна было вярнуцца да вялікага князя. Гэта адбылося даволі хутка: у 1558 г. памёр Іван Гарнастай, праз год - яго ўдава Марыя Заслаўская, а старшы сын Гарнастая Іван Іванавіч памёр у 1566 г.
З той жа Барысаўскай воласці, напэўна, вылучыўся даволі вялікі зямельны абшар, які прымыкаў да земляў сяла Раванічы з усходу і з поўдня. Ён толькі часткова захопліваў сучасную Чэрвеншчыну і цягнуўся далей да самай ракі Бярэзіны, у Бярэзінскі і Барысаўскі раёны, уключаючы сёлы Лагі, Жарэмец (Зярэмцы), Белічаны і Чарневічы. На самым пачатку ХVI стагоддзя гэты абшар належаў князю Дзмітрыю Пуцяцічу з роду князёў Друцкіх, які быў у той час кіеўскім ваяводам. Ён памёр без завяшчання ў 1506 г., і апякуном яго маёмасці быў прызначаны князь Міхаіл Глінскі. Апошні з дазволу вялікага князя Аляксандра ахвяраваў частку ўладанняў нябошчыка на памін яго душы, у тым ліку запісаўшы палову даннікаў ў Зярэмцах з мядовай данінай на карысць праваслаўнай царквы Багародзіцы ў Вільні. Напэўна, менавіта з гэтай падзеяй звязана назва ўрочышча Божы Дар на ўсходзе Чэрвеншчыны, дзе пазней узнікла аднайменнае паселішча (у гады савецкай улады перайменавана ў Чырвоны Дар).
Такім чынам, на працягу прыкладна ста гадоў, у ХV - пачатку XVI стагоддзя, большасць тэрыторыі Чэрвеньскага раёна перайшла ў рукі паноў, шляхты і царквы. Былы стан рэчаў захаваўся толькі на паўднёвым усходзе, дзе ляжалі землі Свіслацкай воласці. Тым не менш і яе насельніцтва пачынала адчуваць змены ў сваім жыцці. Намеснікі, якіх прызначаў вялікі князь, усе менш лічыліся з традыцыйнымі правамі валашчан і ўсё больш актыўна ўводзілі новыя формы эксплуатацыі, каб павялічыць свае даходы.
Традыцыі валаснога самакіравання ў Свіслацкай воласці былі вельмі моцнымі, і кожны наступ на правы сялян сустракаў адпор з іх боку. Так, у 1513 годзе ўпаўнаважаныя ад 10 сёл воласці (сярод іх Харытон Кісялевіч і Хаццян ад сяла Задобрычы) падалі скаргу вялікаму князю Жыгімонту на свіслацкага намесніка Грыньку (Рыгора) Ісаевіча Грамыку за розныя крыўды.У прыватнасці, яны спасылаліся на папярэдняе рашэнне віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла, які ўжо разглядаў іх цяжбу з намеснікам і прысудзіў яму выплаціць на карысць воласці штраф у памеры 63 рублёў. Тым не менш пан Грамыка не толькі не выплаціў грошы, але сам аштрафаваў кожнага з 12 упаўнаважаных, узяўшы з іх па рублю «віны» (рубель налічваў 120 літоўскіх грошаў і важыў на той момант каля140 г серабра).
У сваю чаргу намеснік заявіў, што ўпаўнаважаныя перавысілі свае паўнамоцтвы. Воласць пасылала іх да віленскага ваяводы, каб ён вызваліў сялян ад абавязку будаваць новы драўляны замак у Свіслачы. Замест таго каб выканаць даручэнне, ўпаўнаважаныя пачалі скардзіцца на намесніка, а валасныя грошы, сабраныя ім на дарогу, нібыта пакралі. За гэта, маўляў, ён і ўзяў з іх штраф па рублю з кожнага. Тым не менш вялікі князь, разгледзіўшы справу, прызнаў довады ўпаўнаважаных больш слушнымі і абавязаў Грамыку выплаціць незаконна забраныя грошы.
Наступны канфлікт Свіслацкай воласці з намеснікам адбыўся ў 1534 г. Сяляне скардзіліся на намесніка Андрэя Якубавіча Няміровіча, які абклаў іх новымі, нечуванымі раней паборамі. У прыватнасці, яны сцвярджалі, што спрадвеку самі размяркоўвалі даніну па сёлах. Зараз жа намеснік узяўся штогод асабіста выязджаць у воласць і вызначаць падаткі. Пры гэтым у сёлы заяўлялася цэлая кавалькада ў 20 - 30 коней, з жонкамі і слугамі, і ўсе патрабавалі іх карміць. Больш таго, намеснік са сваім эскортам станавіўся на пастой у сяле, еў сялянскія харчы і ніякай даніны не размяркоўваў, пакуль не атрымліваў «паклон» - іншымш словамі, адкрыта вымагаў хабар.
Калі ж сяляне прывозілі мядовую даніну ў Свіслач, намеснік браў з іх плату за ўзважванне: за кожны ўстаў мёду па 3 бабра, адначасова адлічваючы на сябе па 2 меркі мёду і па 10 - 15 грошаў. Пуд ён вызначаў у 5 бязменаў чыстай вагі (каля 18 кг), у той час як раней лічылі па 4 бязмены (каля 14,4 кг) разам з лубянымі сасудамі, у якіх прывозілі мёд. Такім чынам, кожны пуд стаў для сялян значна больш важкім.
Адвольна павялічыў намеснік і іншыя павіннасці: з кожных двух сох пачаў браць па бочцы мукі і аўсу (у такую бочку, напэўна, уваходзіла каля 400 літраў), апрача таго яшчэ 6 бочак аўсу з усяго сяла. Муку патрабаваў вазіць не ў Свіслач, як было раней, а ажно на свой двор у Кіеў (адначасова з пасадай свіслацкага намесніка пан Няміровіч быў кіеўскім ваяводам). Значна павялічыў памер грашовага падушнага падатку (палюднага): раней плацілі па паўтара гроша раз у год, а зараз - па 5 грошаў восенню і па 2 - вясной.На службу выганяў кожны тыдзень па 2 -3, а часам і па 6 чалавек з сяла, пры гэтым кожны, хто ішоў на грамадскія работы, мусіў аддаваць па палове гроша за прыход і столькі ж - калі яго адпускалі дамоў. Сялян прымушалі за бясцэнак прадаваць ялавічыну і свініну, а таксама здабытых у лесе звяроў.
Валашчане дэталёва пералічылі ў сваёй скарзе ўсе гэтыя і іншыя крыўды. І на гэты раз рашэнне было на іх карысць. Намесніку было забаронена асабіста ездзіць на размеркаванне даніны, быў пацверджаны стары памер палюднага ў паўтара гроша, вызначаны дакладны памер натуральнай павіннасці на карысць намесніка: 10 каменяў мёду, па 8 цёлак, свіней і баранаў, 2 бочкі солі з усёй воласці, а таксама з кожных трох сох па дзежцы-салянцы (каля 70 л) жыта і аўсу, па карцу (каля 100 л) круп, а з кожнага двара («дыму») - па сыру, курыцы, 10 яек, кавалку масла і возу сена. Усе гэта сяляне павінны былі самі прывозіць па восені ў Свіслач, але не далей. Было таксама вызначана, што пісцы, якія ўязджаюць у воласць для размеркавання сярэбршчыны, не павінны браць ніякай платы і «паклону», а толькі харчаванне.
Нагадаем, што са Свіслацкай воласці яшчэ ў ХV стагоддзі было вылучана сярод іншых сяло Горкі, якое перайшло да баяр Катовічаў. Яны, відавочна, падзялілі яго на часткі, якія пераходзілі ў спадчыну па мужчынскай лініі. Калі ж у кагосці з суўладальнікаў не заставалася сыноў, то спадчына паводле законаў ВКЛ магла пераходзіць і да дачок, а затым да іх дзяцей. Адна з такіх спадчынніц, Таццяна, выйшла за князя Міхаіла Вішнявецкага і нарадзіла яму сыноў Фёдара і Аляксандра. Князь Фёдар Міхайлавіч Вішнявецкі ў 1535 годзе прыгадваў свае «мацярынскія сёлы каля ракі Бярэзыні» - Горкі, Брадзец і Максімовічы. Гэтыя сёлы ён запісаў у пажыццёвае карыстанне сваёй жонцы, княгіні Настассі. Іншая доля ў тых жа сёлах, напэўна, дасталася яго брату Аляксандру, які памёр у 1555 г.
Тым часам частка маёнтка працягвала заставацца пэўны час у руках баяр Льва, Шчаснага і Міхаіла (Міхны) Катовічаў. Але ўсе яны не пакінулі сыноў, таму моцна раздробленая спадчына перайшла да іх дачок. Ганна Львоўна Катовіч выйшла за Юрыя Васільевіча Цішкевіча (Тышкевіча). Разам у 1554 г. яны ўступілі ў валоданне спадчынай памёршага папярэдне Шчаснага Катовіча. Іншая суўладальніца Марына Міхнаўна Катоўна разам з мужам Андрэям Копцем у 1562 г. прадалі сваю долю, якая складала восьмую частку ўсяго маёнтка, за 300 коп грошаў (капа - лікавая адзінка ў 60 грошаў) удаве князя Аляксандра Міхайлавіча Вішнявецкага, якая такім чынам зліла яе з той часткай, якой валодала пасля нябожчыка мужа.
У 1534 са складу Свіслацкай воласці быў вылучаны значны кавалак з сёламі Балоча і Ачыжа, які захопліваў і поўдзень Чэрвеншчыны. Гэты абшар быў пажалаваны «з данью грошовою и медовою, бобровою и куничною» перабежчыку з Маскоўскай дзяржавы - баярыну Івану Васільевічу Лядскаму, з правам перадачы ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі. У 1558 г. яго сын Іван Іванавіч атрымаў пацверджанне на гэтае і іншыя ўладанні свайго бацькі.
У першай палове ХVI стагоддзя перайшлі ў рукі розных шляхцічаў некалькі свіслацкіх сёл за межамі Чэрвеншчыны, землі якіх непасрэдна сутыкаліся з задобрыцкімі землямі: Якшыцы, Баратычы, крыху пазней - Багушэвічы. Пры гэтым не заўсёды належным чынам адбывалася размежаванне сумесных паляўнічых і гаспадарчых угоддзяў, такіх як сенакосы, пашы, бабровыя гоны. Гэта часам прыводзіла да даволі жорсткіх памежных канфліктаў.
Так, у 1551 г. жыхары на той час яшчэ дзяржаўных сёл Задобрычы і Багушэвічы (апошняе ў дакуменце называецца «Бальшовічы») сутыкнуліся з уладальнікамі сумежнага сяла Баратычы - баярамі Андрэям, Васілём, Сямёнам і Багданам Сцецкавічамі (Сцяпанавічамі) Рагозамі. Хаця Баратычы знаходзіліся за ракой Бярэзінай, іх зямельныя абшары цягнуліся на правабярэжжы ў бок Задобрыч. Паны Рагозы прывярнулі да свайго маёнтка і значныя «грунты», якія задабрычане і багушэвічане лічылі сваімі. Апошнія падалі скаргу, і на спрэчныя землі прыехаў гаспадарскі дваранін Грыняшка (Рыгор) Шалуха. Ён вынес рашэнне на карысць валашчан і правёў размежаванне, але ўладальнікі Баратыч адмовіліся прызнаць гэтае рашэнне. Яны нават схапілі слугу пана Шалухі і багушэвіцкага старца, якіх два дні пратрымалі ў затачэнні.
У выніку ў чэрвені 1551 г. адбылася крывавая сутычка, у якой былі забіты адзін з братоў Рагозаў - Андрэй, а таксама трое яго слуг і сялянін-бортнік з Баратыч, а Багдан Рагоза быў паранены. Акалічнасці бойкі абодва бакі тлумачылі зусім па-рознаму. Паны Рагозы сцвярджалі, што жахары Задобрыч і Багушэвіч вялізным натоўпам пераправіліся цераз Бярэзіну і ўчынілі пагром у Баратычах, павыбіваўшы вокны і дзверы ў дамах і пабіўшы шмат народу. Задабрычане ж і багушэвічане сцвярджалі, што набег адбыўся з боку Баратыч, прычым Рагозы са сваімі людзьмі патапталі жыта, стралялі ў валашчан з лукаў і збівалі іх, так што яны вымушаны былі бараніцца на сваёй зямле. Яны ж казалі, што Андрэй Рагоза быў не забіты, а патануў у рацэ. На судзе, аднак, Рагозы прадставілі сведчанне аб аглядзе цела Андрэя, на якім мелася рана ад смяротнага ўдара рагацінай пад левае плячо, і прынеслі прысягу аб слушнасці сваёй версіі.
Паводле судовага рашэння трое багушэвічан і задабрычанін Павел Хаццянавіч у снежні 1552 г. былі прысуджаны да пакарання смерцю, а абодва сяла мусілі выплаціць родзічам забітага 100 коп грошаў (на той момант каля 5,8 кг серабра).
У іншых маёнтках Чэрвеншчыны таксама часам адбываліся канфліктныя падзеі. Так, у 1552 годзе шляхціч Мікалай Нарушэвіч, уладанні якога ляжалі ў сучасным Бярэзінскім раёне і непасрэдна межавалі з Ігуменскай воласцю, падаў скаргу на гвалтоўныя дзеянні старца гэтый воласці Андрэя Глуховіча. Апошні разам з жыхарамі сяла Юр'евічы, што ўваходзіла ў Ігуменскую воласць, учыніў гвалтоўны наезд на зямлю Заямніцкую, што належала Нарушэвічу. І на гэты раз нападаўшыя дзейнічалі вельмі жорстка: пабілі і паранілі людзей Нарушэвіча, а аднаго з іх забілі да смерці. Сваю скаргу Нарушэвіч адрасаваў віленскму кашталяну Рыгору Осцікавічу з тым, каб ён пераадрасаваў яе ўладальніку Ігумена - віленскаму біскупу Паўлу Гальшанскаму. Пазней у тым жа годзе для разбору гэтага канфлікту адбыўся копны суд, у якім прымалі ўдзел упаўнаважаныя Нарушэвіча з сяла Божына і ўпаўнаважаныя біскупскага сяла Юр'евічы.
На супрацьлеглым, заходнім ускрайку Чэрвеншчыны ў той жа час адбывалася змена ўласнікаў вялікай Бакштанскай воласці, якая дагэтуль належала панам Кезгайлам. У 1554 г. амаль адначасова памерлі апошнія мужчынскія прадстаўнікі гэтага роду - падчашы ВКЛ пан Станіслаў Мікалаевіч Кезгайла і яго маленькі сын Ян. Вялізныя ўладанні Кезгайлаў, сярод якіх маёнтак Бакшты ствараў толькі нязначную частку, адышлі ў спадчыну да стрыечных братоў Станіслава па жаночай лініі - Яна і Мельхіёра Андрэявічаў Завішаў (сыноў яго цёткі Барбары Кезгайлаўны) і Мікалая і Станіслава Станіслававічаў Шэметаў (сыноў другой цёткі Ганны).
Спадчына Кезгайлаў была хаця і вялікай, але не вельмі прывабнай, бо значная частка маёнткаў была абцяжарана даўгамі альбо знаходзілася ў закладзе. Новыя спадчыннікі павінны былі сплачваць гэтыя даўгі і выкупаць маёнткі ў крэдытораў. У прыватнасці, Бакшты заставаліся ў закладзе ў жамойцкага біскупа Вацлава Вяржбіцкага, ад якога закладнае права перайшло да яго брата Юрыя і пляменніка Віктарына. Таму пры падзеле з братам Мельхіёр Завіша ў 1556 г. цалкам адмовіўся ад сваёй часткі Бакшт, узяўшы сабе іншыя маёнткі. Яго брат Ян ахвотна пагадзіўся на такі варыянт, бо быў жанаты з дачкой Юрыя Вяржбіцкага Яўхіміяй і не без падстаў спадзяваўся вырашыць справу з даўгамі па- свойску. Тую палову Бакшт, што прыпала яму ў спадчыну, ён падараваў у пажыццёвае карыстанне жонцы, якой яе бацька адпісаў і закладнае права на маёнтак. Такім чынам яго дзецям ад шлюбу з Яўхіміяй не трэба было выкупаць Бакшты з закладу - на іх яны пераходзілі як спадчына адначасова бацькі і маці.
Ян Завіша памёр маладым амаль адразу пасля гэтага, у 1557 годзе. Яго ўдава паўторна выйшла праз некалькі год за князя Андрэя Іванавіча Вішнявецкага (родзіча тых князёў Вішнявецкіх, што валодалі Горкамі). У 1562 г. яна запісала другому мужу сваё закладнае права на Бакшты ў памеры 5800 коп грошаў (2800 коп з гэтай сумы адносіліся да завішанскай, а 3000 коп - да шэметаўскай часткі маёнтка), а таксама сваё права пажыццёва карыстацца маёнткам паводле запісу першага мужа. Такім чынам, фактычным уладальнікам Бакшт часова стаў князь Вішнявецкі, хаця Шэметы захоўвалі права выкупіць сваю долю, а дзеці Яўхіміі ад першага шлюбу - права атрымаць сваю долю ў спадчыну пасля смерці маці.
Так і адбылося ў 1589 г., калі Яўхімія Вяржбіцкая памёрла, на 5 гадоў перажыўшы свайго другога мужа. У тым жа годзе браты Вацлаў і Ян Шэметы выкупілі ў Яна і Андрэя Завішаў сваю палову маёнтка Бакшты, які апынуўся, такім чынам, у руках чатырох уладальнікаў. Падзел паміж імі адбыўся такім чынам, што па некалькі двароў у кожнай вёсцы належала розным панам. У такім сумесным уладанні было і сяло Смілавічы, якое ўпершыню ўпамінаецца ў 1582 годзе.
Наступнае ўпамінанне Смілавіч у 1592 годзе таксама звязана з канфліктам. Тут няма чаму здзіўляцца - пакуль жыццё ішло ціха і мірна, населены пункт не трапляў на старонкі дакументаў. І наадварот, кожны выпадак парушэння заведзенага ладу адразу прыцягваў да сябе ўвагу, станавіўся падставай для судовай справы. Таму, калі мы чытаем такія дакументы, можа скласціся ўражанне, што нашы продкі толькі і рабілі, што біліся паміж сабой. На самай справе, канешне, гэта было далёка не так. То былі выключныя выпадкі, менавіта таму звесткі пра іх і захаваліся.
Адзін з такіх выпадкаў і быў звязаны з жыхарамі сёл Смілавічы, Новая Ніва і Казекавічы (два апошнія пазней зніклі), што ўваходзілі ў Бакштанскую воласць. Згаварыўіыся з адным жыхаром сяла Драчкова (сучасны Смалявіцкі раён), Іван Клонікавіч з Новай Нівы і Фёдар Берасневіч з Казекавіч разам з ім у кастрычніку 1592 г. учынілі ў Драчкове крадзёж: выкралі з чыёйсці клеці 4 лубкі мёду вагой па 2 камені (агулам каля 110 кг) і крыху іншых рэчаў. Драчкоўскія сяляне, якія былі падданымі радзівілаўскага маёнтка Смалявічы, запатрабавалі склікаць капу з удзелам абодвуўх бакоў, каб на ёй выкрыць і пакараць вінаватых.
Капа была прызначана на 15 кастрычніка на традыцыйным месцы, на беразе ракі Вожы. Аднак смілавічане адразу пачалі ўсяляк перашкаджаць разбору справы. На працягу двух дзён яны не з'яўляліся на капу, дзе драчкоўцы марна іх чакалі. На трэці дзень копны суд усё ж сабраўся на мяжы бакштанскіх і драчкоўскіх зямель, але разбор справы хутка перарос у суцэльную бойку. Як заўсёды бывае ў такіх выпадках, смілавічане сцвярджалі, што першымі напалі драчкоўцы, а тыя - што смілавічане. Абодва бакі прыводзілі доўгі спіс пацярпелых, збітых кіямі, з прабітымі галовамі, адсечанымі пальцамі і г.д. Здаецца усёж, што ініцыятарамі былі смілавічане. Пра гэта сведчаць паказанні двух слуцкіх гандляроў, якія апынуліся ў Смілавічах напярэдадні копнага суда і якіх запрасілі туды ў якасці трацейскіх суддзяў. Пад час бойкі ім таксама моцна перапала ад драчкоўцаў, але абодва вінавацілі ў гэтым тых смілавічан, што заклікалі іх на суд, а потым справакавалі бойку.
Але вернемся да Свіслацкай воласці.У той яе частцы, што яшчэ заставалася дзяржаўнай уласнасцю, у 1560 годзе была праведзена рэформа падаткаабкладання. Замест старых адзінак уліку - дымоў і сох - была ўведзена фіксаваная зямельная адзінка - служба. Кожную такую службу маглі сумесна апрацоўваць, у залежнасці ад колькасці працоўных рук, некалькі сялянскіх сем'яў. У прыватнасці, у сяле Задобрычы на 27 двароў было намерана 6 з паловай служб ворыўнай зямлі (у асноўным па 4 двара на службу), а таксама сенакосы на 182 воза сена. Штогадовы памер падаткаў з кожнай службы вызначаўся ў 60 грошаў, па бочцы жыта і аўсу. Замест мядовай даніны ў 60 пудоў ўводзіўся грашовы эквівалент - 20 коп (1200) грошаў з усяго сяла. Апрача таго каля 73 грошаў трэба было плаціць за сенакосы, 255 - за карыстанне паляўнічымі і рыбалоўнымі ўгоддзямі. У сярэднім за карыстанне часткай службы і ўсе дадатковыя павіннасці трэба было штогод плаціць у дзяржаўны скарб прыкладна па 108 грошаў з кожнага двара (на той момант грош быў эквівалентны прыкладна 0,7 г чыстага серабра).
Хутка затым, у лістападзе 1561 г. адбыўся канфлікт паміж задабрычанамі і новым уладальнікам суседняга сяла Багушэвічы - шляхцічам Войцахам Руткоўскім, які на пачатку года атрымаў гэтае сяло ў прыватную ўласнасць. Канфлікт узнік з-за спрэчных кавалкаў зямлі паміж рэкамі Уса і Студзёнка, Матырынка і Бярэзіна. Упаўнаважаныя сяла Задобрычы Аляксей Пашковіч і Андрэй Паўловіч «от себя и всех потужников» падалі скаргу на Руткоўскага за рабаванне іх угоддзяў. У сакавіку 1562 г. паўторную скаргу падалі Васіль Харэнавіч, Аляксей і Цішка Пашковічы. Аднак, паколькі Руткоўскі прызнаў сваю віну і пагадзіўся выплаціць 15 коп (900 грошаў), справа ў 1563 г. была вырашана палюбоўна.
Але неўзабаве адносіны паміж задабрычанамі і новым уласнікам Багушэвіч перараслі ў сапраўдную вайну, звесткі аб якой у свой час выявіў і абагульніў гісторык М.Ф.Спірыдонаў. Канфлікт распачаўся ва ўласных уладаннях Руткоўскага, які значна ўзмацніў эксплуатацыю багушэвіцкіх сялян у параўнанні з папярэднім часам. Непадалёку ад сяла ён заснаваў свой двор і вызначыў пад яго значны кавалак ворыва, на якім яго падданыя павінны былі адпрацоўваць паншчыну - рэч, раней нечуваная для дзяржаўных сялян. Да таго ж Руткоўскі праявіў сябе сапраўдным самадурам - пакрыўджаныя сяляне сцвярджалі, што ён нават дзецям абразаў косы, вусны і вушы, а кагосці загадаў павесіць. У выніку 22 багушэвіцкіх мужыка разам з сем'ямі ў сакавіку 1564 г. «не хотячы быти послушны и службы пригонное служити, збунтовашися,» уцяклі ад свайго пана. Жыхары сяла Задобрычы прадставілі ім не толькі прытулак, але і актыўную падтрымку ў помсце жорсткаму пану.
Руткоўскі ў чэрвені 1564 г. дамогся склікання копнага суда з удзелам прадстаўнікоў Барысаўскай і Свіслацкай валасцей, дзе запатрабаваў выдаць яму збеглых мужыкоў. Але задобрыцкі заказнік (старац) Сцяпан Пашковіч катэгарычна заявіў, што ў Задобрычах падданых Руткоўскага няма. Капа скончылася безвынікова. Не далі вынікаў і звароты да свіслацкага намесніка пана Баркулаба Корсака, і нават апеляцыя Руткоўскага да самога вялікага князя Жыгімонта Аўгуста пад час вальнага сойму 1564 г. Вялікі князь, праўда, даручыў намесніку разабрацца, але хутка змяніў яго, перадаўшы Свіслацкую воласць славутаму ўцекачу з Масквы, князю Андрэю Курбскаму. Пад час перадачы спраў даручэнне, відаць, забылася. Да таго ж якраз у гэты час ішла цяжкая вайна з Маскоўскай дзяржавай, таму уладам было не да турбот дробнага шляхціча.
Між тым у красавіку наступнага 1565 года багушэвіцкія ўцекачы двойчы арганізавалі засаду на Руктоўскага з мэтай забіць яго. Яны заселі ў лесе на дарозе, вядучай з сяла Багушэвічы да панскага двара, з рагацінамі і нават ручніцамі (мушкетамі). Але замах не ўдаўся: у першы раз людзі пабачылі змоўшчыкаў у лесе і папярэдзілі пана, у другі - яны ўсё ж дачакаліся яго і стрэлілі, але не патрапілі, і Руткоўскі ўцёк на кані.
Праз некалькі дзён сяляне паспрабавалі ўначы падпаліць двор Руткоўскага, абклаўшы будынак саломай, але іх зноў своечасова заўважылі. Не супакоіўшыся, у чэрвені яны падпалілі бор ля Багушэвіч, дзе пагарэла шмат борцяў з пчоламі. У ліпені сяляне ўкралі са стайні Руткоўскага чатырох коней, на пачатку жніўня - употай пажалі жыта на яго полі. 15 жніўня была арганізавана трэцяя засада, у якой апрача ўцекачоў з Багушэвіч прымалі ўзел сам задобрыцкі заказнік Аляксей Сцяпанавіч Пашковіч (відавочна - сын таго, што бараніў уцекачоў на капе годам раней) і яшчэ трое задабрычан: Васіль Касіла, Цішка Палубочка і Андрэй Паўловіч.Змоўшчыкі падпільнавалі пана на сенажаці ля ўпадзення ў раку Усу рэчкі Гануты. На гэты раз засада мела частковы поспех - стрэлам з ручніцы Войцах Руткоўскі быў паранены ў локаць левай рукі, ад чаго застаўся «на руку вечне охромлен».
На гэтым тэрор «мсціўцаў» не скончыўся. 6 лістапада яны зрабілі новы набег на Багушэвічы, дзе збілі аднаго з панскіх людзей і нават спрабавалі ўтапіць яго ў рацэ. Магчыма, гэты набег меў на мэце падштурхнуць да ўцёкаў тых сялян, што яшчэ працягвалі служыць пану. Сапраўды, праз некалькі дзён яшчэ 29 мужыкоў з жонкамі і дзецьмі збеглі з Багушэвіч і далучыліся да тых, хто ўжо меў прытулак у Задобрычах. 20 снежня быў учынены новы набег на панскі двор, дзе бунтаўшчыкі ледзь не забілі жонку Руткоўскага (самога яго ў той момант дома не было).
У сакавіку наступнага 1566 года сяляне на чале з задобрыцкім заказнікам Аляксеем Пашковічам захапілі трох слуг Руткоўскага і тры дні трымалі пад арыштам, адкуль іх вызваліў свіслацкі ураднік. Тады ж былі пакрадзены ці знішчаны 80 раёў панскіх пчол.
Пасля чарговай скаргі Руткоўскага ў красавіку таго ж года ў воласць быў, нарэшце, накіраваны дваранін вялікага князя Рыгор Падбярэзскі. Але новы свіслацкі намеснік (ім незадоўга да таго стаў пан Міхал Гарабурда) быў вельмі заняты на дыпламатычнай службе, дзе ўдзельнічаў у перамовах з Масквой, таму разгляду справы па сутнасці не адбылося.
Восенню 1566 г. сяляне працягвалі ўсяляк шкодзіць пану Руткоўскаму: разбурылі яго запруду на рацэ Усе, знішчылі ў бару яшчэ 20 раёў пчол, прабілі каламі верх на скіртах, у якіх захоўвалася збожжа на зіму, ад чаго ўсе снапы (а іх было 45 тысяч) пагнілі.
У лютым 1567 г. вялікакняжацкі даручэнец Рыгор Падбярэзскі зноў прыехаў у воласць, каб задаволіць скаргі Руткоўскага. Але ён нічога не дамогся, сутыкнуўшыся з адкрытым сабатажам як задобрыцкіх сялян, так і ўрадніка пана Гарабурды - Сямёна Глушаніна. Усе яны дружна адмаўлялі самы факт прысутнасці збегаў у Задобрычах. Справа была адкладзена да асабістага разгляду вялікага князя, які павінен быў адбыцца летам таго ж года. Аднак незадоўга да маючага адбыцца суда, 17 ліпеня, змоўшчыкі на чале з Аляксандрам Пашковічам зноў падпільнавалі Руткоўскага і паранілі яго ў бок дзвюма кулямі з ручніцы. Больш таго, праз тры дні яны зноў спрабавалі забіць яго, калі ён выехаў у Менск на лячэнне. Выратавала Руткоўскага тое, што ён далучыўся да атрада салдат, якія ехалі ў тым жа кірунку. І нават у Менску за ім некалькі тыдняў сачылі валашчане, якія не пакідалі надзеі канчаткова «разлічыцца» з ім.
У лютым 1568 г., калі Руткоўскі крыху аправіўся ад ран, разгляд справы ўзнавіўся, але цягнуўся вельмі марудна - абвінавачаныя і сведкі не з'яўляліся на суд. Руткоўскі са сваімі людзмі паспрабаваў сам схапіць заказніка Пашковіча, але не застаў яго - ён быў у ад'ездзе. Намеснік Гарабурда больш рабіў выгляд, чым на справе дапамагаў следству. Так, ён заявіў, што сваёй спробай захапіць Пашковіча Руткоўсі перавысіў свае паўнамоцтвы і такім чынам вызваліў задобрыцкага заказніка ад абавязку з'явіцца на суд. І ўвогуле Гарабурда не раз даваў зразумець, што вельмі занаяты дзяржаўнымі справамі і не мае часу на разбор гэтага канфлікту.
Яго паводзіны тлумачыць той факт, што якраз у гэты самы час пан Гарабурда прасіў вялікага князя, каб той пажалаваў яму Свіслацкую воласць у вечнае валоданне. Гэтая просьба была задаволена, і 1 чэрвеня 1568 г. замак і мястэчка Свіслач з дванаццаццю сёламі паводле вялікакняжацкага прывілея перайшлі ў поўную ўласнасць былога намесніка. Такім чынам, Гарабурда быў непасрэдна зацікаўлены, каб багушэвіцкія збегі не былі знойдзены, а папоўнілі б лік яго новых падданых.
Але справа ўсё ж патроху рухалася. У верасні 1568 г. вялікакняжацкі камісар Рыгор Рагоза зноў прыехаў ў Задобрычы, каб знайсці абвінавачаных і даставіць у суд. Праўда, заказнік Пашковіч і яшчэ трое найбольш заўзятых задобрыцкіх злодзеяў - Палубочка, Касіла і Паўловіч - зноў разам з багушэвіцкімі збегамі пахаваліся ў лясах ці навакольных сёлах. Астатнія сяляне катэгарычна адмовіліся з'яўляцца на суд і адказваць за тых, хто адсутнічае. Камісар мусіў ад'ехаць ні з чым.
Толькі ў маі 1569 г. вялікі князь Жыгімонт вынес, не гледзячы на адсутнасць галоўных абвінавачаных, канчатковы прысуд: Аляксандр Пашковіч, Васіль Касіла і адзін з багушэвіцкіх завадатараў М.Саньковіч былі прыгавораны да смяротнага пакарання, астатнія збегі і іх задобрыцкія памагатыя Ціхан Палубочка і Андрэй Паўловіч - да турэмнага зняволення, а іх маёмасць канфіскавалася ў кошт кампенсацыі, якую паводле статуту Руткоўскі павінен быў атрымаць за ўчыненыя яму цялесныя пашкоджанні: 50 коп грошаў за рану ў локці, што зрабіла яго інвалідам, і 20 коп за дзве іншыя раны. Іншыя матэрыяльныя страты Руткоўскага павінны былі кампенсаваць усе жыхары сяла Задобрычы, якія адмовіліся выдаць злачынцаў. Апрача таго, яны мусілі выплаціць у дзяржаўны скарб штраф, роўны суме страт. У выпадку, калі б грошаў і маёмасці сялян не хапіла на ўсе выплаты, рэшту яны павінны былі адпроцаўваць з разліку 50 грошаў з чалавека за год працы. Паводле прысуду Войцаху Руткоўскаму прадастаўлялася права шукаць і караць тых злачынцаў, якія скрыліся ад правасуддзя, а ўсім службовым асобам дзяржавы прадпісвалася спрыяць поўнаму і дакладнаму выкананню прысуду.
Такім было афіцыйнае заканчэнне справы. Як яна скончылася фактычна, ці ўдалася Руткоўскаму адшукаць і пакараць сваіх галоўных ворагаў - звестак не захавалася. Але, паколькі ў далейшым Руткоўскі не падаваў скаргі на ўласніка Задобрыч Гарабурду і яго нашчадкаў, можна меркаваць, што хаця б грашовую кампенсацыю за свае страты ён атрымаў.
Ад Руткоўскага ці яго спадчыннікаў Багушэвіцкі маёнтак нейкім чынам перайшоў (магчыма, быў прададзены) князям Вішнявецкім, уладальнікам суседніх Горак. Гэта адбылося раней 1592 года, у якім паміж падданымі гэтых двух маёнткаў адных паноў адбыўся канфлікт - горацкі ўраднік Станіслаў Буяльскі і сяляне з Брадца пабілі багушэвіцкага старца. Гэтая сутычка стала падставай для склікання копнага суда, на якім разбіраўся канфлікт.
Разам з Вішнявецкімі правы на Багушэвічы меў таксама шляхціч Ян Дамброўскі. У 1594 г. паміж імі адбылося размежаванне і былі насыпаны пагранічныя капцы ля ракі Усы, задобрыцкай і баратыцкай дарог. Тады ж упершыню згадваецца і сяло Ганута, у якім таксама частка зямлі належала Дамброўскаму, а частка - Вішнявецкім. Пры размежаванні адбыўся і абмен - за ізаляваны кавалак належачай Дамброўскаму зямлі каля Гануты, які князі Вішнявецкія ўзялі сябе, яны далі яму «отмену в грунте своем Горецком».
Князі Вішнявецкія, напэўна, і пазней мелі неаднаразовыя спрэчкі са сваімі суўладальнікамі, землі якіх перамяжаліся з іх землямі ў Горках, Гануце і іншых сёлах. Магчыма, з нагоды гэтых спрэчак, каб даказаць свае старадаўнія правы на гэтыя землі, хтосці з Вішнявецкіх у канцы XVI ці пачатку XVII стагоддзя стварыў фальшывую грамату аб размежаванні Багушэвіч і Гануты з Ігуменскай воласцю, датаваную ажно 1501 годам. Гэтая грамата была прадстаўлена да ўпісання ў актавую кнігу Галоўнага трыбуналу ВКЛ у 1610 г., а потым скапіравана ў актах Менскага гродскага суда за 1782 г. Пазней, не разабраўшыся ў яе несапраўднасці, хтосці з супрацоўнікаў Віленскай археаграфічный камісіі надрукаваў яе ў 14-м томе актаў, якія выдавала камісія ў ХІХ стагоддзі, дзякуючы чаму гэты фальсіфікат набыў вядомасць.
У гэтай грамаце сцвярджаецца, што князь Мікалай Сямёнавіч Вішнявецкі, стараста лідскі (на самай справе чалавека з такім іменем сярод Вішнявецкіх ніколі не было) напярэдадні 1501 г. набыў ад князя Канстанціна Астрожскага, уладальніка маёнтка Ігумен, сяло Багушэвічы, а ад шляхцічаў Багдана Янішэўскага і Івана Рагозы - адпаведна сёлы Раванічы і Ганута. Гэтыя звесткі цалкам не адпавядаюць рэчаіснасці, таму не варта прымаць да ўвагі і падрабязнае апісанне мяжы паміж Багушэвічамі, Ганутай і Ігуменскай воласцю, якое змешчана ў гэтым дакуменце. Яно, магчыма, спісана з нейкага сапраўднага дакумента, але невядома, з якога і з якой дакладнасцю.
На самай справе, як мы ведаем, Ігуменская воласць з 1430 г. нязменна заставалася ўласнасцю Віленскага біскупства. Падрабязнасцяў пра яе жыццё ў ХVI стагоддзі, на жаль, захавалася нямнога. Адна з такіх нешматлікіх звестак тычыцца копнага суда, які адбыўся ў красавіку 1594 г. з падставы крадзяжу коней у сяле Дубок Ігуменскага маёнтка. У капе тады ўдзельнічалі ігуменскі старац, войты сёл Калодзезі, Юр'евічы і Мікулічы, уваходзячых у гэты ж маёнтак, а таксама прадстаўнікі суседніх уладанняў - галоўным чынам тых, што цягнуліся на паўночны усход ад Ігуменскай воласц: Белічан, Лагоў, Жарэмцаў і інш. Землі гэтых сёл выступам даўжынёй і шырынёй у 6 - 7 км удаваліся ў сучасны Чэрвенскі раён паміж Юр'евічамі і Раванічамі, але паселішчаў на тэрыторыі гэтага выступу ў той час яшчэ не было.
Як адзначалася раней, гэты абшар да 1506 г. належаў князю Дзмітрыю Пуцяцічу, а потым часткова быў падараваны праваслаўнай царкве. У далейшым даннікі з Белічан і Жарэмцаў сталі ўласнасцю праваслаўных, а пасля Берасцейскай царкоўнай уніі 1597 г. - уніяцкіх мітрапалітаў. Астатняя частка даннікаў у Белічанах перайшла да родзічаў Пуцяціча князёў Друцкіх-Горскіх, а частка Жарэмцаў і Лагоў - да князя Сямёна Ямантовіча- Падбярэзскага, пасля смерці якога ў 1540-я гады дасталася дзецям яго сястры баярам Яцкавічам (з гэтага часу яны ўжывалі прозвішча Падбярэзскіх).
Яшчэ адна доля ў азначаным абшары была прыпісана да маёнтка Варанцэвічы непадалёку ад Друцка, які адным з князёў Пуцяцічаў на пачатку ХVI стагоддзя быў прададзены панам Іллінічам, а потым належаў Мікалаю Юр'евічу Радзівілу. Апошні ў 1584 г. абмяняў Варанцэвічы разам з належачай да іх часткай даннікаў у Лагах і інш. пану Астафію Валовічу, ад якога яны перайшлі да Марціна Стравінскага.
Копны суд 1594 г. зафіксаваў той стан моцнай цераспалосіцы, які ўтварыўся ў азначаных уладаннях. На капе тады прысутнічалі белічанскі старац мітрапаліта Міхаіла Рагозы, таксама белічанскі старац князя Фёдара Друцкага-Горскага. Трэці старац з Белічан прадстаўляў уладанні Кірылы Зубоўскага. Разам з імі прысутнічалі лагоўскі старац Марціна Стравінскага, лагоўскі і жарэмецкі старац паноў Падбярэзскіх, а таксама старац сяла Чарневічы, што на самой Бярэзіне.
Дарэчы, на гэтым судзе разбор справы скончыўся параўнальна мірна - ігуменцы толькі самавольна арыштавалі і моцна пабілі чарневіцкага старца, якога яны абвінавачвалі ў дапамозе злодзеям пераправіцца цераз Бярэзіну з крадзенымі конямі. А вось іншы копны суд, які адбываўся ў тым жа 1594 годзе паміж падданымі сяла Раванічы і жыхарамі сумежнага маёнтка Шыпяны, зноў прывёў да бойкі і нават страляніны.
На гэтай капе шыпянцы, падданыя віленскага біскупа, абвінавачвалі жыхароў Раваніч у крадзяжы пчол і іншых шкодах. Раванічы на той момант належалі часткова пану Лаўрыну Ратомскаму, а часткова (у той частцы, што некалі была ў руках пана Гаштольда, а затым Гарнастаяў) - стольніку ВКЛ Яну Янавічу Глябовічу. Старац пана Ратомскага прысутнічаў на капе ў якасці сведкі, а галоўныя абвінавачванні былі накіраваны супраць падданых пана Глябовіча. Нарэшце, на капу з'явіўся панскі ўраднік, дробны шляхціч Мацевуш Раматоўскі. Ён паводзіў сябе выключна нахабна: заявіў, што пчолы былі пакрадзены па яго асабістым загадзе, пасля чаго загадаў раванічанам разыходзіцца з капы, а сам пачаў страляць з ручніцы па натоўпе шыпянцаў і параніў трох чалавек. Раз'юшаныя шыпянцы доўга ганяліся за ім па лесе, і каб дагналі, то, напэўна, забілі б на месцы. Замест урадніка яны схапілі толькі аднаго з сялян, што непасрэдна ўдзельнічаў у крадзяжы. Яго сабраліся павесіць і ўжо накінулі на шыю вяроўку, але ён вымаліў жыццё, спасылаючыся на тое, што дзейнічаў не сам па сабе, а па загаду ўрадніка. Пазней раванічане выкупілі яго, выплаціўшы кампенсацыю ў 10 коп грошаў.
У такім стылі, крыху нагадваючым лад жыцця на «дзікім Захадзе», адбываліся падзеі і далей. Так, у актавых кнігах Менскага павятовага суда (уся тэрыторыя Чэрвеншчыны паводле адміністрацыйнай рэформы 1565 г. уваходзіла ў Менскі павет) захавалася шмат згадак пра канфлікты, якія адбываліся паміж жыхарамі розных маёнткаў. У кнізе за адзін толькі 1600 год маецца 8 скарг на розныя гвалты, здзейсненыя на тэрыторыі сучаснага Чэрвенскага раёна ці ў адносінах да яго жыхароў. У прыватнасці, адміністратар віленскага біскупа абвінавачваў ураднікаў пана Крыштафа Радзівіла у прылучэнні зямель маёнтка Ігумен да сумежных з ім радзівілаўскіх маёнткаў Смалявічы і Дайнарава. Падданы пана Завішы з сяла Смілавічы Шапавалавіч скардзіўся на менскага ксяндза, які збіў і абрабаваў яго ў сваім доме ў Менску. Па дарозе да Смілавіцкай царквы св. Юрыя ў Вялікдзень таго ж 1600 г. жыхарамі сяла Лагоўская Слабодка былі абрабаваны падданыя пана Фёдара Шалухі з маёнтка Матарова. Дробны шляхціч Станіслаў Млажэўскі судзіўся з жыдом-арандатарам смілавіцкай стадолы (пастаялага двара) Мардуховічам, які не аддаў яму скрыню, пакінутую на захаванне.
У гэтай жа актавай кнізе ўпершыню згадваецца сяло Усохі, якое разам з Ачыжай адносілася да маёнтка Балоча ў сучасным Пухавіцкім раёне. Як мы прыгадвалі, раней гэты маёнтак быў ва ўласнасці ў маскоўскіх выхадцаў Лядскіх. У 1600 г. яго ўласнікам выступае ўжо князь Шчасны Галоўчынскі, які ў апошняй чвэрці ХVI стагоддзя набыў вялікія ўладанні на абшарах Пухавіцкага раёна (у тым ліку суседнія Пухавічы). Ураднік Галоўчынскага з маёнтка Балоча падаў скаргу на падданых шляхціча Матыся Грэбенскага з сяла Усцюжа, якія збілі і нават забілі да смерці жыхароў Ачыжы «на складу брацком пивном». У тым жа годзе межы сяла Усохі былі парушаны пры правядзенні падданымі Грэбенскага новай дарогі, а падданыя віленскага біскупа з маёнтка Ігумен пакралі сена балачанскіх падданых з лугоў ля ракі Волмы.
Толькі адзін дакумент у гэтай актавай кнізе тычыцца не канфлікту, а мірнай падзеі - уводу шляхціча Себасцяна Свяцкага ва ўладанне сялом Задобрычы, якое, нагадаем, раней было часткай маёнтка Свіслач, а зараз ператварылася ў самастойны маёнтак.
У наступным XVII стагоддзі адбыліся змены ўласнікаў некаторых іншых маёнткаў. Так, Горкі разам з Ганутай і Багушэвічамі на пачатку стагоддзя належалі князям Юрыю і Міхаілу Міхайлавічам Вішнявецкім. Яны саступілі свае правы на карысць сястры Марыны, якая была замужам за князем Фёдарам Рыгоравічам Друцкім- Горскім (якому, дарэчы, належала і доля ў сяле Белічаны). Яны, як і многія іншыя прадстаўнікі праваслаўнай шляхты Вялікага княства, перайшлі ў каталіцтва. Католікам быў, натуральна, і іх сын Рыгор Юрый Друцкі-Горскі, стараста аршанскі. У 1644 г., выконваючы волю нябожчыцы маці, ён заснаваў у Багушэвічах касцёл і запісаў на карысць яго плябана некалькі сялян з Горак. Пасля смерці Рыгора Юрыя ў 1659 г. маёнтак перайшоў у спадчыну да яго адзінага сына Тэадора Караля.
У XVII стагоддзі князі Горскія не згадваюцца сярод уладальнікаў Жарэмцаў і Белічан. У 1624 г. гэтыя сёлы належалі сумесна Яну, Васілю і Альбіну Падбярэзскім, удаве Мікалая Рэя Ядвізе Варапаевай і пану Аляксандру Даджбогу Сапегу, які атрымаў іх у спадчыну пасля дзеда па маці - віцебскага кашталяна М.Стравінскага. Карыстаючыся бязладдзем у праваслаўнай царкве, які настаў пасля Берасцейскай царкоўнай уніі 1597 г., суўладальнікі прыхапілі і тую частку азначаных сёл, якая разам з урочышчам Божы Дар была некалі завешчана на памін душы князя Пуцяціча. У 1624 г. новы уніяцкі мітрапаліт Іосіф Руцкі, да якога перайшлі былыя ўладанні праваслаўнай царквы, агледзіў прапажу і распачаў судовы працэс за вяртанне яму часткі Белічан і Жарэмцаў. Справа цягнулася доўга, і толькі ў 1627 мітрапаліт атрымаў судовае рашэнне на сваю карысць. Але і пасля таго суўладальнікі працягвалі аспрэчваць гэты прысуд. Так, Ян і Альбін Падбярэзскія ў 1628 г. прадставілі дакумент, паводле якога яшчэ ў 1539 г. мітрапаліт Макарый нібыта прамяняў сваіх падданых у Жарэмцах іх продку - князю Сямёну Ямантовічу-Падбярэзскаму. Суд, аднак, адхіліў гэты дакумент як падложны.
Толькі ў 1636 г. судовае рашэнне дзевяцігадовай даўніны было, нарэшче, выканана і ўніяцкі мітрапаліт быў уведзены ва ўладанне часткай Жарэмцаў і Белічан. Паводле дакумента ад 1651 г. сярод мітрапаліцкіх уладанняў прыгадваюцца 6 дымоў у сяле Белічаны, 7 дымоў у Жарэмцах, а таксама 14 дымоў у Чарневічах.
Сёлы Ачыжа і Усохі разам з Балочай на пачатку ХVII стагоддзя былі прылучаны князем Галоўчынскім да яго суседняга маёнтка Пухавічы. У складзе гэтага маёнтка яны заставаліся і надалей, калі сам маёнтак неаднаразова пераходзіў з рук у рукі. У 1667 г. уладальніцай Пухавіч была ўдава пана Хадкевіча Ізабела Ляцкая, а ў 1690 г. - наваградскі падстолі Ігнацы Пшарадоўскі.
У маёнтку Бакшты ў першай чвэрці XVII стагоддзя засталіся два ўласніка: сын памёршага ў 1604 г. Андрэя Янавіча Завішы Крыштаф, які сканцантраваў у сваіх руках завішанскую частку воласці, і князь Багдан Мацвеявіч Агінскі, які нейкім чынам набыў тую частку, што папярэдне належала Шэметам. Пасля яго смерці ў 1625 г. засталіся сыны Аляксандр, Ян і Самуэль. Суўладальнікі Бакшт парадніліся паміж сабой: князёўна Аляксандра, дачка Аляксандра Агінскага, каля 1645 г. выйшла за сына Крыштафа Завішы Андрэя Казіміра. Пасля смерці Аляксандра Агінскага ў 1667 г. яго долю Бакшт унаследаваў яго сын Марцыян (1632 - 1690). Нашчадкі Самуэля, памёршага ў 1657 г., таксама мелі долю ў Бакштах, але пераважна ў той частцы маёнтка, што знаходзілася за межамі Чэрвеншчыны - у Дукоры і інш. Іх уладанне часам, у адрозненне ад маёнтка Смілавічы-Бакшты, называлася Смілавічы-Дукора.
Паводле падымнага тарыфу Менскага павета за 1667 г., Крыштафу Завішы ў маёнтку Смілавічы-Бакшты належала 346 дымоў, а Марцыяну Агінскаму - 117. Значная частка ўладанняў Агінскіх - мястэчка Дукора з вёскамі ў памеры 170 дымоў - на той момант знаходзілася ў закладзе ў Казіміра Навацкага.
У наступным 1668 г. князь Марцыян Агінскі, крайчы ВКЛ, у сваёй частцы Смілавіч, якія тады былі ўжо мястэчкам, ахвяраваў валоку зямлі (крыху больш 21 га) на карысць праваслаўнай царквы. У створаным з гэтай нагоды дакуменце ўпамінаецца, што мястэчка і ўся воласць належаць яму і пану Завішу сумесна, прычым падданыя розных паноў расселены ўперамешку - «хлоп праз хлопа сядзяць». Тая частка мястэчка, дзе пераважалі ўладанні Агінскага, называлася Шахоўнічы.
Крыштаф Завіша памёр у 1670 г. Яго частка маёнтка перайшла да яго сыноў Андрэя Казіміра (1618 - 1678) і Яна Юрыя (каля 1620 - 1671). Што да Марцыяна Агінскага, які ў канцы жыцця даслужыўся да высокіх пасад троцкага ваяводы і канцлера ВКЛ, то ў яго прамых нашчадкаў не засталося. і яго доля Бакшт пасля яго смерці ў 1690 г. адышла да яго пляменніка Крыштафа Станіслава Завішы - сына яго сястры і Андрэя Казіміра Завішы. Такім чынам дзве часткі Смілавіч сканцантраваліся, нарэшце, у адных руках.
Пад час Паўночнай вайны ў 1710 г. два палкі арміі ВКЛ былі расквартыраваны ў Смілавіцкім маёнтку і пры гэтым прычынілі вялікія шкоды ўладанням Крыштафа Станіслава Завішы, старасты менскага і чачэрскага. Пры асведчанні гэтых шкод паручнікам панам Есманам упамінаюцца сёлы Зарэчча, Заполле, Клінок, Турэц на тэрыторыі Чэрвеншчыны, а таксама Амельна, Дукора і Ляды за яе межамі.
Годам пазней, у 1711 г. са складу ўладанняў тагож Крыштафа Завішы было часова вылучана сяло Волма з 12 дварамі, якое было аддадзена ў заклад Яну Хадароўскаму. Пры гэтым быў складзены інвентар, у якім пайменна пералічаны ўсе 12 гаспадароў (Лявон, Несцер і Цімох Краснагіры, Андрэй і Ілля Такоўскія, Хвеська і Сцяпан Новікавы, Тарас Дармішка, Хвёдар Сянькоў, Дзям'ян Сімакоў, Лук'ян Лонвін і Іван Моўчан), іх зямельныя надзелы, скот і павіннасці. Маёмасны стан сялян быў даволі сціплым, што трэба тлумачыць запусценнем краю ў выніку Паўночнай вайны. Толькі адзін сялянскі двор меў каня і двух валоў. У чатырох гаспадароў было па каню і валу, у трох - толькі па валу, а чацвёра ўвогуле не мелі цяглавай жывёлы. Апрача грашовых і натуральных павіннасцяў, залежачых ад памеру надзелу, кожны двор выконваў 2 дні паншчыны ў тыдзень (1 мужчынскі і 1 жаночы) і раз у год - падводную павіннасць (транспартыроўку панскіх грузаў на адлегласць у 15 міль, што адпавядае 117 км).
Крыштаф Станіслаў (1666 - 1721) быў бадай што найбольш выдатным прадстаўніком роду Завішаў. Ён даслужыўся да пасады менскага ваяводы і пакінуў цікавыя мемуары, у якіх яскрава апісвае жыццё Рэчы Паспалітай у канцы ХVII - пачатку XVIII стагоддзя. Захаваўся яго прывілей (памылкова датаваны 1736 годам) смілавіцкім яўрэям, у якім ён дазволіў ім адкрыць школу (малітоўны дом), прадаставіў права апеліраваць да яго на рашэнні ўрадніка, а таксама будаваць крамы і гандляваць спіртнымі напоямі. У прывілеі таксама агаворвалася права яўрэяў разглядаць у сваёй абшчыне судовыя справы, якія тычыліся толькі яўрэяў і не закраналі інтарэсаў хрысціян. У астатнім яўрэі павінны былі выконваць тыя ж павіннасці і карыстацца тымі ж правамі, што і іншыя мяшчане.
Яго сын Ігнацы атрымаў графскі тытул - ён тытулаваўся графам на Бакштах, Бярдзічаве і Завішыне. З гэтай нагоды маёнтак Бакшты-Смілавічы часам называўся ў гэты час Бакштанскім графствам. Ігнацы, як і яго дзед, у 1727 г. ажаніўся з прадстаўніцай роду Агінскіх - князёўнай Марцыбелай, дачкой віленскага ваяводы Казіміра Дамініка Агінскага (унука Самуэля). Ігнацы Завіша ў 1738 г. памёр без нашчадкаў, а яго маёнткі засталіся ў руках яго ўдавы. У 1747 г. Марцыбела Агінская заснавала ў Смілавічах кляштар каталіцкага ордэну місіянераў і пабудавала для яго мураваны касцёл. На забеспячэнне кляштару яна вылучыла фальварак і сяло Волма, а таксама сяло Клінок. З гэтага часу азначаныя паселішчы перасталі адносіцца да маёнтка Смілавічы-Бакшты, утвараючы ўласнасць манахаў-місіянераў.
Асноўная ж частка маёнтка Смілавічы пасля смерці Марцыбелы ў 1760 г. адышла да князя Міхала Казіміра Агінскага (1728 - 1800), які быў сынам яе брата Юзафа, троцкага ваяводы. Міхал Казімір быў адным з найбольш прыкметных дзеячоў другой паловы XVIII стагоддзя. З 1764 па 1768 г. ён займаў пасаду віленскага ваяводы, потым да 1793 г. быў канцлерам ВКЛ і адначасова гетманам. Гэта быў час, калі Рэч Паспалітая разам з Вялікім княствам Літоўскім, уваходзячым у яе склад, няўмольна хілілася да заняпаду. На тэрыторыі дзяржавы амаль увесь час знаходзіліся замежныя войскі - расійскія, прускія, аўстрыйскія. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. ад яе былі адарваны вялікія тэрыторыі, у тым ліку Віцебшчына і Магілёўшчына, дзе знаходзілася значная частка маёнткаў Міхала Агінскага. Яго маёмасныя справы, і без таго заблытаныя, ускладніліся яшчэ больш. У 1791 г. князь Агінскі прадаў маёнтак Смілавічы шляхцічу Станіславу Манюшку, які папярэдне працаваў у яго аканомам гэтага маёнтка. Адначасова ён прадаў і Дукору былому аканому Ашторпу.
Род Агінскіх меў дачыненне не толькі да маёнтка Бакшты, але і да сёл Раванічы і Драхча, некалі далучаных панам Гаштольдам да маёнтка Радашковічы. Нагадаем, што ў ХVI стагоддзі яны былі ў часовым трыманні паноў Гарнастаяў, а потым - Глябовічаў. У далейшым гэтае ўладанне засталося дзяржаўнай уласнасцю - стараствам, якое перадавалася розным асобам у часовае ці пажыццёвае карыстанне. Паводле падымнага тарыфу 1667 г. маёнтак Раванічы ў памеры 33 дымоў быў ва ўладанні Крыштафа Гарабурды, а ў 1690 г. - Яна і Крыштафа Гарабурдаў. У 1700 г. Раванічы і Драхча былі перададзены князю Мікалаю Францішку Агінскаму (унуку Самуэля), які адначасова быў і старастам радашковіцкім. У 1704 г. ён атрымаў дазвол караля на перадачу Радашковіцкага і Раваніцкага старастваў свайму сыну Антонію, які памёр амаль адначасова з бацькам у 1715 г. Пасля гэтага Раваніцкае стараства (якое пазней пачало называцца Ахельніцкім) дасталася князю Міхалу Масальскаму, пазнейшаму гетману ВКЛ, які быў жанаты з дачкой Мікалая Францішка Агінскага, і заставалася ў яго руках да яго смерці ў 1762 г.
Паводле інвентару 1764 г. Ахельніцкае стараства, што папярэдне належала Міхалу Масальскаму, ахоплівала 10 двароў у Драхчы і 6 у Раванічах. У параўнанні з інвентаром Волмы за 1711 г., які ўпамінаўся раней, раваніцкія сяляне мелі значна больш хатняй скаціны. На 6 двароў у Раванічах прыпадала 12 коней і 10 валоў, а на 10 двароў у Драхчы - 21 конь і 18 валоў, прычым толькі адзін двор зусім не меў цяглавай жывёлы.
Памер паншчыны ў старастве быў такі ж, як і ў Волме - 2 дні на тыдзень, але не з двара, а са стандартнага надзелу ў чвэрць валокі (каля 5,3 га). Большасць сялян мела якраз такія надзелы, але ў двух выпадках чвэрцьвалокавы надзел быў падзелены паміж двума сем'ямі, кожная з якіх вяла асобную гаспадарку. Відавочна, што і памер паншчыны для іх быў пры гэтым удвая меншым. У іншых выпадках дзве фактычна асобныя сям'і працягвалі карыстацца агульным надзелам, пазбягаючы афіцыйнага падзелу. Так, у адным раваніцкім двары пазначаны гаспадар Васіль Тамашкевіч з 2 сынамі і 2 пасынкамі, а таксама яго зяць Амеллян са сваімі 5 сынамі - разам 11 чалавек толькі мужчынскага полу! Усяго ж на 16 двароў прыпадала 82 мужчыны, што адпавядае сярэдняй населенасці двара прыкладна ў 10 чалавек абодвух палоў.
Апрача паншчыны, сяляне павінны былі выплочваць грашовы чынш у агульным памеры 251 злотых і 16 грошаў (1 злоты раўняўся 30 грошам і адпавядаў на той момант 7,5 г серабра, грош - 0,25 г серабра). Пры гэтым большасць драхчанскіх сялян плаціла чынш у памеры 16 злотых, а раванічане, пры там жа пемеры зямельных надзелаў, занчна меншы - усяго 5 злотых і 3 гроша. За права касіць лугі сяляне мусілі плаціць агулам звыш 54 злотых, за права заходу ў пушчу - 4 злотых і 24 грошы. Цікава, што ў інвентары прыгадваюцца прэтэнзіі пана Аляксандра Быкоўскага, войскага Менскага павету і тагачаснага ўласніка маёнтка Пухавічы. Двое падданых пана Быкоўскага з Ачыжы, Аксён і Іван Драчы, збеглі ад яго і знаходзіліся ў Ахельніцкім старастве, адкуль ён патрабаваў іх выдаць яму.
Іншая частка Раваніч (верагодна, тая, што некалі была набыта ў татар панам Ратомскім) па-ранейшаму была прыватным маёнткам, які ў 1789 г. належаў Андрэю Слатвінскаму. У гэтым годзе адбывалася размежаванне спрэчных зямель паміж Раванічамі і маёнткам Шыпяны, які быў уласнасцю віленскага біскупа. Пры гэтым прыгадваецца возера Святое, да якога сыходзіліся межы трох маёнткаў - біскупскіх Шыпян, Раваніч Слатвінскага і іншай часткі Раваніч - на той час уладання пана Ваньковіча. Ва ўладаннях Слатвінскага ўпамінаецца і сяло Раваніцкая Слабада.
У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, паводле якога ўся тэрыторыя Чэрвеншчыны адышла да Расійскай імперыі. Уладанні Віленскага каталіцкага біскупства пры гэтым былі канфіскаваны. Дарэчы, апошнім віленскім біскупам часоў Рэчы Паспалітай быў князь Ігнацы Масальскі - сын гетмана Міхала Масальскага, якому раней належала частка Раваніч. Канфіскаваны ў біскупа быў і маёнтак Ігумен. Спярша ён перайшоў у дзяржаўную ўласнасць, а хутка быў падзелены на часткі і ў якасці ўзнагароды раздадзены расійскім дваранам. У прыватнасці, усходняя частка маёнтка, з сёламі Дубок, Калодзезі, Новая Ніва, Хутар, Юр'евічы і шэрагам больш дробных засценкаў дасталіся генерал- лейтэнанту Г.І.Шэвічу. Цэнтральная частка, з сёламі Дамавіцк, Дыя, Загор'е, Засвір'е, Іванічы, Рудня Астравіцкая і інш., а таксама Драхча (сучасная Праўда) былі пажалаваны графу Ф.П.Дзянісаву. Заходні ускраек былой Ігуменскай воласці, з сёламі Ялча, Нежаўка, Чэрнева, Замасточча і інш. перайшоў да тайнага саветніка В.С.Папова. У казённым ведамстве застаўся толькі невялічкі абшар з сёламі Грабёнка, Кукалеўка і Астравіта, але і ён хутка быў аддадзены ў пажыццёвае карыстанне маёру Фоку.
Што да самога мястэчка Ігумен, то яно атрымала статус горада і павятовага цэнтра для новаўтворанага Ігуменскага павета Мінскай губерні. Пры гэтым Ігумен 22 студзеня 1796 г. атрымаў герб: у блакітным полі сярэбраны куст кветак, які акружаюць пяць залатых пчол. Такім чынам расійскія геральдысты жадалі падкрэсліць тую ролю, якую ў гаспадарцы Ігуменшчыны адыгравала пчалярства.
Уключэнне ў склад Расійскай імперыі пацягнула за сабой пэўныя змены ў жыцці сялян. Бадай што найбольш адчувальнай з іх было ўвядзенне рэкрутскіх набораў, якіх Рэч Паспалітая не ведала. Адразу была скасавана і ўніяцкая царква, а прыхажане-уніяты ператвораны ў праваслаўных. Праўда, гэты ўказ хутка быў адменены расійскім імператарам Паўлам І. Канчаткова ўніяцтва на Беларусі было скасавана толькі ў 1834 г. У астатнім жыццё на першых парах мала змянілася. Большасць памешчыкаў, якія прынеслі прысягу расійскаму цару, захавалі свае маёнткі і сваё права вызначаць памер сялянскіх павіннасцяў. Новыя расійскія памешчыкі, што атрымалі былыя ўладанні каталіцкай царквы, таксама асаблівых навін не ўводзілі.
Пра стан Чэрыеншчыны ў гэты час сведчаць матэрыялы падушнага перапісу (так званай рэвізіі), праведзенага расійскімі ўладамі ў 1795 г., з удакладненнямі па стану на 1800 г. На той момант павятовы горад Ігумен налічваў 85 двароў, з якіх у 59 жылі хрысціяне, у 20 - яўрэі, а ў 6 - чыншавая шляхта. Насельніцтва горада складала 560 чалавек (266 мужчын і 294 жанчыны), у склад якіх уваходзілі і 12 цыган. Апрача таго, да горада былі прыпісаны 37 яўрэяў мужчынскага і 54 - жаночага полу, якія жылі па ўсім павеце ў корчмах, якія яны арандавалі. У Ігумене было 2 праваслаўныя царквы (у гонар Ражства Багародзіцы і св. Міколы), яўрэйская школа, паштовы дом, млын на 2 паставы. Штогод праводзіліся 3 кірмашы (8-га мая, ліпеня і верасня).
Такім жа па памерах, як і павятовы цэнтр, было мястэчка Смілавічы, нованабытае ўладанне Станіслава Манюшкі. У ім было таксама 85 двароў (43 хрысціянскіх, 31 яўрэйскі і 13 татарскіх), 564 жыхары (257 мужчын і 307 жанчын). Мястэчка мела два вадзяных млына, адзін з якіх выкарыстоўваўся як лесапільня. Меўся кляштар з мураваным касцёлам св. Вінцэнта, а таксама дзве праваслаўныя царквы - у гонар св. Георгія і Ўспення Багародзіцы. Да Смілавіцкага маёнтка адносіліся 22 паселішча, большасць з якіх знаходзілася на тэрыторыі Чэрвеншчыны. Найбольш значнымі з іх былі Турэц (62 двары), Жураўкавічы (37), Валевічы (22), Заполле (21), Старына (16). Апрача таго, вёска Кулікі з 19 дварамі адносілася да суседняга маёнтка Дукора, асноўны абшар якога ляжаў далей на захадзе.
Смілавіцкаму кляштару місіянераў належаў маёнтак у складзе сёл Волма (33 двары) і Клінок (35). У апошнім была ўніяцкая царква св. Казьмы і Дзям'яна. Як адзначалася вышэй, гэтыя сёлы ў 1747 г. былі таксама вылучаны са складу маёнтка Смілавічы і падараваны місіянерам яго тагачаснай уласніцай.
Сярод уладанняў тайнага саветніка Папова найбольш значнымі паселішчамі былі сяло Чэрнева (24 дв.) з уніяцкай царквой св. Іллі, вёскі Нежаўка (19) і Ялча (17). Усяго ж у яго маёнтку было 14 паселішчаў - пераважна дробных засценкаў у 1 - 3 двары. Ва ўладаннях генерала Дзянісава было 16 паселішчаў, у тым ліку сёлы Рудня Астравітая (46 дв., праваслаўная Пакроўская царква), Засвір'е (40 дв., праваслаўная Барысаглебская царква), Дамавіцк (30 дв., праваслаўная Прэабражэнская царква), вёскі Хвойнікі (21), Драхча (18) і інш. У казённым сяле Грабёнка з уніяцкай царквой св. Міхаіла было 20 двароў, у вёсцы Астравіта - 21, а ў Кукалеўцы - 12. Апошнюю частку былой Ігуменскай воласці ўтваралі ўладанні генерала Шэвіча з 16 паселішчамі, з якіх буйнейшымі былі Новая Ніва (27 дв.), Юр'евічы (24), Хутар і Дубок (па 22), Калодзезі (21).
Пану Антону Слатвінскаму ў той час належалі цалкам сёлы Раванічы (13 дв.) і Драхча (28), абодва з уніяцкімі цэрквамі ў гонар Успення Багародзіцы. Да таго ж маёнтка адносіліся вёскі Слабада (17), Гацец (12) і некалькі маладворных паселішчаў: Хутар (8), Валадута (6), Гродна (6), Бярозаўка і Бышанка (па 2). Суседні абшар адносіўся да Белічан і Жарэмцаў, суўладальнікамі якіх у той час былі генерал Эстэргазі, Іван Сялінскі і Соф'я Ваньковіч. У тым ліку пані Ваньковіч належала Слабада Гайдукова (10 дв.), Сялінскаму - Дубаўручча (19), а Эстэргазі - Палятка (6) на тэрыторыі Чэрвеншчыны.
Паўднёва-усходні ўскраек Чэрвеншчыны быў падзелены паміж двума буйнымі маёнткамі, тэрыторыі якіх працягваліся далёка за яе межы. Да маёнтка Пухавічы, уладання Іахіма Сулістроўскага, адносіліся сяло Ачыжа (26 дв., праваслаўная царква св. Казьмы і Дзям'яна), вёскі Пальчык (10), Усох (7), Грабянец (16), фальварак Мейзнераў альбо Дэйнераў. Да маёнтка Багушэвічы, уладання генерала Казіміра Завішы, цягнулі Ганута (13), Задобрычы (19), Ляды (21), Горкі (15), Горацкая Слабада (7), Кабзевічы (2). Нарэшце, вёска Рэчкі з 4 дварамі адносілася да маёнтка Якшыцы, які некалі належаў ордэну езуітаў, а пасля яго скасавання ў Рэчы Паспалітай - панам Пальчэўскім.
З усіх шматлікіх землеўладальнікаў Чэрвеншчыны пачатку ХІХ стагоддзя найбольшую цікавасць выклікае, бадай што, род Манюшкаў, які пакінуў значны след у культурным жыцці Польшчы і Беларусі. У Станіслава Манюшкі, які набыў Смілавічы ў князя Агінскага, засталося 6 сыноў: Ігнацы, Дамінік, Юзаф, Чэслаў, Казімір і Аляксандр. Пры падзеле бацькоўскіх уладанняў Смілавічы дасталіся Казіміру, які значна пераўсталяваў панскую сядзібу і нават заснаваў у Смілавічах батанічны сад. Пасля яго смерці маёнтак адышоў да яго малодшага брата Аляксандра, які пачаў будаваць у мястэчку раскошны палац. Яго адзіная дачка Паўліна выйшла за Лявона Ваньковіча, да якога перайшоў у выніку гэтага шлюбу і маёнтак Смілавічы.