Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Смалявіцкага р-на і г. Жодзіна (2000)
Смалявіччына ў перыяд феадалізму
Непасрэдных пісьмовых звестак аб тэрыторыі Смалявіцкага раёна ў старажытнарускі перыяд (Х - ХІІІ стст.) не захавалася. Паселішчы, якія, безумоўна, існавалі тут у гэты час, не трапілі ў поле зроку летапісцаў. Можна толькі гіпатэтычна меркаваць, што тэрыторыя раёна ўваходзіла ў адно з удзельных княстваў Полацкай зямлі - хутчэй за ўсё, у Менскае княства, якое адасобілася ў ХІ ст. у якасці ўдзелу Глеба Усяславіча, аднаго з сыноў полацкага князя Усяслава Чарадзея. З летапісаў вядома, што Глеб Менскі праводзіў даволі актыўную палітыку, неаднаразова ваяваў з кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам, але ў рэшце рэшт пацярпеў паражэнне, пасля чаго памёр у 1119 г.
Пасля смерці Глеба яго ўдзел дастаўся, напэўна, яго старшаму сыну Расціславу. Яшчэ праз дзесяць гадоў, у 1129 г. кіеўскі князь Мсціслаў (сын Манамаха) за непаслухмянасць выслаў полацкіх князёў, у тым ліку і Расціслава Глебавіча, у Візантыю. Але яшчэ праз некалькі гадоў большасць нашчадкаў Усяслава Чарадзея вярнуліся са ссылкі і атрымалі свае папярэднія вотчыны. Расціслаў зноў стаў менскім князем і ў сярэдзіне ХІІ ст. вёў упартую барацьбу са сваім стрыечным братам Рагвалодам Барысавічам за Полацк. Разам з ім дзейнічалі яго браты Усевалад (ён упамінаецца ў летапісах да 1158 г.) і Валадар, які пасля смерці Расціслава ў 1161 г. княжыў у Менску і памёр у 1167 г. Магчыма, быў у Расціслава яшчэ адзін брат - Мікула, які пакінуў сына Усяслава.
Замацавацца ў Полацку Глебавічам не ўдалася, пасля чаго ім засталося задаволіцца сваей вотчынай у Менску. Гэтая вотчына паспытала такое ж самае драбленне на ўдзельныя княствы, як раней адбылася з Полацкай зямлёй. Кожны з братоў атрымаў свой удзел, і адным з такіх удзелаў, верагодна, ужо ў сярэдзіне ХІІ стагоддзя стаў Лагожаск (сучасны Лагойск). У 1181 г. у якасці лагожскага князя выступае якраз той Усяслаў Мікуліч, якога мы прыгадвалі крыху раней. У 1186 г. уладальнікам Лагожска быў ужо іншы прадстаўнік роду Глебавічаў - Васілька, сын Валадара. Пасля гэтага звесткі пра Менскае княства і яго ўдзелы надоўга знікаюць са старонак летапісаў.
Паколькі Смалявіччына знаходзіцца прыкладна на роўнай адлегласці ад Менска і Лагожска, цяжка сказаць, да якога з двух княстваў яна належала. Не выключана, што ўсходні ўскраек сучаснага раёна адносіўся і да трэцяга цэнтра - Барысава, які таксама існаваў у той час. Барысаўскі ўдзел, хутчэй за ўсё, вылучыўся з Друцкага княства - вотчыны Рагвалода Барысавіча і яго нашчадкаў.
Прыкладна ў 1320-я гады ўся цэнтральная Беларусь, дзе знаходзіліся Менскае, Лагожскае і Барысаўскае княствы, увайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), на чале якога ў той час стаяў вялікі князь Гедымін. Апошні менскі князь Васіль прыгадваецца ў летапісе ў 1323 г., калі ён быў васалам Гедыміна і ў якасці яго пасла ездзіў з дыпламатычнай місіяй у Ноўгарад. Пазней Менскае княства непасрэдна увайшло ў лік уладанняў вялікіх князёў літоўскіх і кіравалася іх намеснікамі. Тое ж адбылося і з Барысаўскім княствам, і з Лагожскім, якое ахоплівала, прынамсі, частку Смалявіччыны, калі не большасць яе. Лагожаск зноў прыгадваецца ў 1387 г., калі тагачасны вялікі князь і адначасова польскі кароль Ягайла Альгердавіч (унук Гедыміна) асобнай граматай пацвердзіў свайму брату Скіргайлу валоданне шматлікімі княствамі і маёнткамі ў ВКЛ. Сярод іх выступае і Лагожаск, прычым прыгадваецца, што папярэдне яго «трымаў» нейкі Войшвіл - літоўскі баярын, ці, паводле адной з гіпотэз, адзін са шматлікіх Гедымінавых унукаў (сын Кейстута).
Хутка пасля гэтага, у 1392 г., да ўлады ў ВКЛ прыйшоў энергічны і таленавіты палітык - Вітаўт Кейстутавіч. Пры ім многія ўдзельныя княствы былі скасаваны, а іх тэрыторыі пачалі па частках раздавацца ў якасці маёнткаў прадстаўнікам новай сацыяльнай групы - панам, якія з часоў Вітаўта займалі намесніцкія і іншыя дзяржаўныя пасады. Большасць паноў паходзіла са старажытнага літоўскага баярства, ахрышчанага ў каталіцтва пасля Крэўскай уніі ВКЛ з Польшчай у 1385 г. Паводле ўмоў гэтай уніі, а таксама Гарадзельскай уніі 1413 г., толькі католікі мелі права займаць высокія дзяржаўныя пасады, а праваслаўная знаць, якая паходзіла з нашчадкаў старажытнарускіх князёў і іх баяр, адсоўвалася на другі план.
Адным з тыповых прадстаўнікоў гэтага слоя каталіцкіх паноў, што імкліва ўзвышаліся з часоў панавання Вітаўта, быў крэўскі намеснік Судзімонт Доргевіч, стрыечны брат заснавальніка славутага рода Радзівілаў - Радзівіла Осцікавіча. За службу вялікім князям пан Судзімонт атрымаў цэлы шэраг маёнткаў, значная частка якіх была вылучана са складу былога Лагожскага княства. Ужо пасля яго смерці, у 1448 г., яго сын Алехна заснаваў у адным з гэтых маёнткаў - Астрошыцах - касцёл, на забеспячэнне якога ахвяраваў плябану мядовую даніну з 12 сялянскіх службаў у належачых яму паселішчах Смалявічы (у тэксце - Смальнявічы) і Глебкавічы [1] . Так мы ўпершыню сустракаем у дакуменце непасрэднае ўпамінанне сённяшняга райцэнтра Смалявічы, які ў той час уваходзіў у склад уладанняў Алехны Судзімонтавіча. Да гэтага ж маёнтка адносіліся і Глебкавічы, змешчаныя за ракой Волмай, у сучасным Мінскім раёне ля самай мяжы Смалявіцкага.
Такім чынам, пісьмовая гісторыя Смалявіччыны пачынаецца з 1448 г. На жаль, першыя радкі яе вельмі ўрывачныя. Вядома, што пан Алехна памёр у 1491 годзе, не пакінуўшы сыноў. Яго ўладанні былі падзелены паміж трыма дачкамі - Аляксандрай, жонкай польскага магната Мікалая Тэнчынскага, Соф'яй, жонкай літоўскага князя Аляксандра Гальшанскага, і Ядвігай, якая выйшіла спярша за пана Станіслава Барташавіча Монтаўта, а потым, аўдавеўшы - за Станіслава Янавіча Кезгайлу. Напэўна, камусці з іх належаў і маёнтак Смалявічы, але ўпамінанні пра яго не захаваліся ў дакументах, што дайшлі да нас.
Праўда, у смалявіцкай царкве яшчэ ў XIX стагоддзі захоўваўся пергамін, паводле якога ў 1507 годзе Смалявічы былі ўласнасцю славутага палкаводца князя Канстанціна Астрожскага. Гэты дакумент у 1867 г. быў надрукаваны [2] , дзякуючы чаму набыў шырокую вядомасць. Доўгі час яго нават лічылі першым упамінаннем пра Смалявічы, бо больш ранняя звестка 1448 г., згаданая вышэй, была надрукавана ў малавядомым выданні і не ўвайшла ў шырокі ўжытак.
У дакуменце 1507 г. князь Астрожскі ахвяруе на карысць заснаванай ім у Смалявічах праваслаўнай царквы Св. Міколы шэраг ворыўных зямель і сенажацяў. Але з гэтым дакументам не ўсё так проста. Па-першае, ён датаваны 7 сакавіка, але ў той час князь Канстанцін не мог выдаць гэтую грамату, бо знаходзіўся ў палоне ў Маскве, адкуль уцёк толькі ў канцы лета. Па-другое, сведкамі пры афармленні граматы пазначаны князь Багдан Іванавіч Саламярэцкі і пан Ежы Скумін Тышкевіч, якіх у 1507 г. яшчэ не было на свеце. Нарэшце, сама мова дакумента не адпавядае рэаліям пачатку XVI стагоддзя - зямля ў ім вымяраецца на валокі, у той час як сам тэрмін «валока» увайшоў ва ўжытак у Вялікім княстве некалькімі дзесяцігоддзямі пазней. Такім чынам, славуты пергамін трэба прызнаць фальшыўкай, зробленай недзе ў XVII ці нават XVIII стагоддзі. Хутчэй за ўсё, Канстанцін Астрожскі ніколі не валодаў Смалявічамі, бо яны не ўпамінаюцца сярод яго шматлікіх уладанняў у дакументах, што бяспрэчна былі створаны пры яго жыцці.
Апрача Смалявіцкага маёнтка, на той час тэрыторыя раёна адносілася да некалькіх феадальных уладанняў. Адным з іх быў маёнтак Шыпяны, які ўпершыню прыгадваецца ў 1495 г. у сувязі з тым, што вялікі князь Аляксандр Казіміравіч падараваў яго Віленскаму каталіцкаму біскупству [3]. Гэты маёнтак, як вынікае з больш позніх звестак, займаў вялікую, але параўнальна слаба заселеную тэрыторыю ў паўднёва-усходняй частцы сучаснага Смалявіцкага раёна, паміж рэкамі Пліса і Уша. Папярэдне ён, напэўна, быў вылучаны са складу вялікай Барысаўскай воласці, якая цягнулася далей на ўсход, у сучасным Барысаўскім раёне. З моманту гэтага пажалавання і да канца XVIII стагоддзя (амаль дакладна 300 гадоў) Шыпяны заставаліся ўласнасцю Віленскага біскупства.
Супрацьлеглая, паўночна-заходняя частка Смалявіччыны ў парэччы ракі Усяжы і яе доплыва Домлі, ўваходзіла ў склад Лагожскага княства, якое ў сярэдзіне XV стагоддзя часткова належала, як ужо прыгадвалася, пану Алехну Судзімонтавічу і затым яго нашчадкам па жаночай лініі, а часткова - князю Алельку (Аляксандру) Уладзіміравічу, аднаму са шматлікіх унукаў вялікага князя Альгерда, а потым яго малодшаму брату Андрэю. Адным з баяраў Андрэя Уладзіміравіча быў нейкі Пятро (Петка), які недзе ў 1450-я гады атрымаў ад яго за службу сяло Калодзезі ў Лагожскім княстве. Гэта вынікае з больш позняга вялікакняжацкага прывілея, датаванага 1493 г., у якім права валодання Калодзезямі было пацверджана сыну Петкі Богушу на тых жа ўмовах, на якіх яно было пажалавана Петку князем Андрэям [4].
Тым часам пасля смерці Андрэя Уладзіміравіча ў 1457 г. Лагожаск перайшоў ва ўласнасць вялікага князя, але неўзабаве быў пажалаваны ў 1460 г. яшчэ аднаму нашчадку Альгерда - князю Аляксандру Васільевічу Чартарыжскаму (Чартарыйскаму). Пасля яго смерці ў канцы XV стагоддзя засталіся сын Сямён і дачка Аўдоцця, якая выйшла за ўцекача з Масквы князя Андрэя Мажайскага.
У 1496 г. князь Сямён Аляксандравіч атрымаў ад вялікага князя Аляксандра прывілей, у якім пацвярджалася яго вотчыннае права на Лагожаск «и тые села, што к Логожску слушают и што бояре логожские держат», за выключэннем маёнткаў Калодзезі і Новы двор, якія папярэдне былі перададзены ў пажыццёвае карыстанне яго сястры Аўдоцці. Але вялікі князь пазначаў, што ў выпадку смерці Аўдоцці гэтыя маёнткі павінны быць зноў далучаны да Лагожска [5]. З гэтага вынікае, што Калодзезі, ці, прынамсі, частка іх у той час ужо не належалі Богушу Петкавічу, а зноў утваралі частку Лагожскага маёнтка.
Такім чынам, Калодзезі сталі першым паселішчам на тэрыторыі лагожскай часткі Смалявіччыны, якое трапіла на старонкі пісьмовых крыніц. Крыху пазней прыгадваецца іншае паселішча - Прылепы, якое таксама бясспрэчна існавала ўжо ў XV стагоддзі. Паловай яго валодаў нейкі Дорка (магчыма, адзін з баяраў князя Чартарыжскага), а потым яго нашчадкі, з якіх пані Марына на пачатку XVI стагоддзя была жонкай пана Яна Завішы. Другая палова Прылеп заставалася ў складзе Лагожскага княства, пакуль князь Сямён Чартарыжскі не прадаў яе вялікакняжацкаму пісару Івану Яцкавічу за 120 коп грошаў. Потым уласніцай гэтай часткі стала дачка пана Яцкавіча Ганна - жонка князя Васіля Шаховіча (Саламярэцкага). У верасні 1512 г. князь Саламярэцкі з жонкай прадалі сваю частку Прылеп «на реце Всяжи, с людьми нашими непохожими, тяглыми, и з их жонами, и з детьми, и с землями их пашными и бортными, и з их службами, и з дяклы, и со всими их платы и доходы» праваслаўнаму мітрапаліту Іосіфу [6].
Крыху пазней, у лютым 1518 г., мітрапаліт Іосіф набыў за 200 коп грошаў у Яна Завішы і яго жонкі Марыны тую частку Прылеп, што належала ім. Дакумент, складзены з гэтай нагоды, падрабязна пералічвае склад маёнтка. У яго ўваходзілі 10 сямей сялян - «людей данных», пералічаных пайменна, «з их братьею, жонами и детьми, и с пустовщинами, землями пашными и бортными, сеножатьми, лесами, дубровами, данью грошовой, медовой и куничной, и з дяклы, бобровыми гонами и ловами звериными и пташными, и з гнездом сокольим». Апісвалася і граніца зямельнага абшару, што належаў да маёнтка: яна пачыналася амаль ад вытокаў ракі Усяжы і цягнулася ўздоўж яе цячэння, пакідаючы на левым беразе землі Астрошыцкага маёнтка, далей па Усяжы да ўпадзення ў яе Домлі, потым заварочвала ўгару цячэння Домлі, збочвала з яе, перасякала дзве дарогі, што ішлі з Барысава на Прылепы і на Менск, і ішла далей на захад, у сучасны Мінскі раён, дзе Прылепскі маёнтак межаваў з маёнткамі Цна, Бралева, Бараўляны і Астрошыцы [7].
Як можна ўбачыць з гэтага дакумента, тэрыторыя прылепскага маёнтка была даволі вялікай, але слаба заселенай - на абшары даўжынёй звыш 15 км і шырынёй у 2 - 3 км знаходзіліся ўсяго 10 сялянскіх гаспадарак. Праўда, кожную такую гаспадарку ўтварала вялікая непадзеленая сям'я, што ўключала дарослых братоў з жонкамі і дзецьмі. У адным такім двары маглі жыць разам 10 - 15 чалавек.
Тэрміналогія абодвух дакументаў дазваляе нам зазірнуць у гаспадарчае жыццё маёнтка пачатку XVI стагоддзя. Мы бачым, што яго насельнікі былі прыгоннымі сялянамі - «людзьмі непахожымі», якія не маглі па ўласным жаданні змяніць месца жыхарства. У першым дакуменце яны названы «цяглымі», у другім - «даннікамі». Гэта значыць, што сяляне мусілі выконваць пэўныя павіннасці («цягло») і выплочваць свайму пану даніну. Характар яе добра ахарактарызаваны ў другім дакуменце: даніна складалася з грошай, мёду, пушніны і натуральных падаткаў збожжам - так званага «дзякла». За выплату даніны, напэўна, адказваў упаўнаважаны з ліку саміх сялян - старац. Сялянскія надзелы, за карыстанне якімі яны павінны былі выконваць азначаныя павіннасці, называліся «службамі». Калі такая служба не была занята ніводнай сялянскай сям'ёй, яна называлася «пустаўшчынай». Апрача таго, у складзе маёнтка занходзіліся лясныя абшары, дзе на дрэвах знаходзіліся калоды-борці для пчол. Менавіта з гэтых «бортных земляў» сяляне атрымлівалі мёд, якім выплочвалі частку даніны. Для здабычы пушніны існавалі спецыяльна вызначаныя месцы, дзе можна было паляваць на баброў - «бабровыя гоны». Іншую групу паляўнічых угоддзяў утваралі «ловы», дзе, напэўна, былі расстаўлены пасткі на звяроў і птушак. Цікава, што ў адным з дакументаў спецыяльна пазначана сакалінае гняздо. Сокал як рэдкая птушка, якая выкарыстоўвалася для палявання, меў у той час настолькі вялікую каштоўнасць, што існаванне на тэрыторыі маёнтка яго гнездавання варта было агаварыць асобна.
За ўвесь маёнтак, апісаны ў дакументце 1518 года, з яго 10 сялянскімі службамі, мітрапаліт выплаціў 200 коп грошаў - гэта значыць, 12 тысяч («капой» называлася лікавая мера ў 60 адзінак) сярэбраных грошаў, кожны з якіх на той момант утрымліваў прыкладна 1 грам серабра. Тая частка Прылеп, што была ім набыта раней, каштавала танней - напэўна, была меншай па памерах ці па колькасці падданых.
Ад пачатку XVI стагоддзя захаваліся яшчэ некалькі дакументаў, у якіх прыгадваюцца паселішчы лагожскай часткі Смалявіччыны. У пачатку 1525 г. вялікі князь Жыгімонт выдаў прывілей княгіні Аўдоцці Мажайскай, сястры памёршага крыху раней князя Сямёна Чартарыжскага. Узамен за тыя маёнткі, які нябожчык-муж Аўдоцці князь Мажайскі перад смерцю завяшчаў ёй у пажыццёвае карыстанне, вялікі князь перадаў ёй шэраг маёнткаў са складу Лагожскага княства - верагодна, тыя паселішчы, якія яшчэ да шлюбу былі вызначаны ёй у пасаг. Сярод іх зноў названы Калодзезі, а таксама Мглінічы - напэўна, сучаснае Мгле [8].
Асноўная частка Лагожскага княства пасля смерці князя Сямёна, які не меў сыноў, падлягала падзелу паміж дзвюма яго дачкамі. Адна з іх, Соф'я, была жонкай пана Федка Гневашэвіча, а другая, Аляксандра - жонкай кіеўскага баярына Васіля Цішкавіча (яго нашчадкі пазней ужывалі прозвішча Тышкевічы). Аднак, нагадаем, была ў Лагожскім княстве яшчэ і доля нашчадкаў пана Судзімонтавіча. Адна з яго дачок, Соф'я, была жонкай князя Аляксандра Гальшанскага. Ад гэтага шлюбу засталіся чатыры дачкі і сын Павел, якія падзялілі матчыны маёнткі пасля яе смерці ў 1517 г. Адна з дачок, Ганна, была жонкай літоўскага пана Мікалая Юр'евіча Паца. Другая, Барбара, пастрыглася ў манашкі. Яна памерла ў 1525 г., перад смерцю завяшчаўшы сваю долю мацярынскай спадчыны брату Паўлу, які быў на той час луцкім біскупам, а пазней заняў вышэйшую духоўную пасаду ў ВКЛ - віленскага біскупа. Павел Гальшанскі ў кастрычніку 1527 года саступіў тую частку спадчыны, што дасталася яму ад сястры Барбары, на карысць іншай сястры - Ганны і яе мужа Мікалая Паца. Сярод маёнткаў на тэрыторыі колішняга Лагожскага княства, якія прыгадваюцца з нагоды гэтага дару, названы і Сантокі, у якіх трэба бачыць скажоную на польскі лад форму назвы Сутокі [9]. Такім чынам, 1527 г. стаў датай першага ўпамінання гэтага паселішча.
Пазней, напэўна, належачы да Сутокаў абшар, які цягнуўся прыкладна да левабярэжжа ракі Бродні, быў набыты ўладальнікам Лагожска Васілём Цішкавічам (Тышкевічам), які актыўна скупаў у іншых суўладальнікаў іх часткі маёнтка, імкнучыся пазбавіцца цераспалосіцы. Вядома, напрыклад, што ён у 1528 г. выкупіў у свайго швагра Федкі Гневашэвіча тую частку Лагожска, якую апошню атрымаў праз шлюб з Соф'яй Чартарыжскай. У завяшчанні, складзеным Васілём напрыканцы яго доўгага жыцця, у 1570 г., упамінаюцца шматлікія часткі Лагожскага маёнтка, набытыя ім рознымі шляхамі, у тым ліку «люди теж Мглинские с озером Мглем и Бринеем», а таксама частка Калодзезяў, набытая ў Гневашэвіча. Гэтыя ўладанні ён завяшчаў свайму старшаму сыну Юрыю і сынам апошняга - Федку (Фёдару) і Марціну [10].
У другой палове XVI стагоддзя Смалявічы перайшлі ва ўласнасць славутага роду Радзівілаў, у чыіх руках заставаліся потым на працягу ледзь не трох стагоддзяў. Першым прадстаўніком гэтага магнацкага роду, якому належаў Смалявіцкі маёнтак, быў Мікалай Юр'евіч Радзівіл па мянушцы Руды - адна з найбольш магутных постацяў свайго часу. Удвух са стрыечным братам Мікалаем Янавічам Чорным яны карысталіся вялізным уплывам пры двары вялікага князя Жыгімонта Старога. Гэты ўплыў дасягнуў свайго максімуму, калі адзіны сын вялікага князя Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў сястру Рудага - Барбару Радзівіл, маладую і прыгожую ўдаву магната Станіслава Гаштаўта. Радзівілы здолелі павесці справу так, што сын вялікага князя вымушаны быў ажаніцца з Барбарай насуперак усім прыдворным разлікам і дынастычным меркаванням. Калі Жыгімонт Аўгуст пераняў пасад пасля свайго бацькі, Радзівілы нечакана для многіх зрабіліся сваякамі самога вялікага князя. Нават пасля смерці Барбары ў 1551 г. яны захавалі свой вялізны ўплыў пры двары. Мікалай Чорны займаў адначасова ўсе вышэйшыя дзяржаўныя пасады - быў віленскім ваяводам, канцлерам і вялікім гетманам. Мікалай Руды быў троцкім ваяводам, а пасля смерці стрыечнага брата ў 1565 г. атрымаў усе яго пасады.
Сярод неабсяжных уладанняў Мікалая Рудага быў і маёнтак Смалявічы (на жаль, нам не ўдалася знайсці звесткі пра тое, якім чынам ён трапіў да яго). У складзе гэтага маёнтка знаходзілася і сяло Драчкова, населенае сялянамі-даннікамі, якое ўпершыню прыгадваецца ў 1552 г. [11]
Са Смалявіцкім маёнткам Радзівілаў межавалі абшары, на якіх некалі, у значна больш раннія часы, былі паселены татары, што перасяляліся ў Вялікае княтсва пад час шматлікіх усобіц у Залатой Ардзе, а затым у Крымскім ханстве. Вялікія князі, як правіла, не толькі давалі ім прытулак, але надзялялі зямлёй і прыгоннымі сялянамі на ўмовах абавязковай службы ў войску ВКЛ, дзе татары ўтваралі свае асобныя харугвы. Такім чынам, паводле свайго прававога статусу татары амаль не адрозніваліся ад мясцовай дробнай шляхты. Яны паступова перанялі беларускую мову і многія звычаі, але захавалі мусульманскае веравызнанне.
Першае непасрэднае ўпамінанне служылых татар Смалявіччыны датуецца 1558 г., калі адзін з іх, Пётр Андрэявіч Кадышэвіч, разам са сваёй жонкай Пацай Магметаўнай прадаў за 150 коп грошаў належачую яму частку сяла Паколіна (сучасны Пекалін) удаве свайго дзядзькі Магмета Кадышэвіча Ясі Уланаўне і яе сынам Дзміцеру і Андрэю. Гэтую частку сяла стваралі 5 сялянскіх гаспадарак, з якіх тры былі бацькоўскай спадчынай Пятра Кадышэвіча, а 2 дасталіся яму ў спадчыну пасля нябожчыка дзядзькі Юхны. У азначаных пяці гаспадарках было 19 чалавек мужчынскага полу, якія абавязаны былі выплочваць грашовую, мядовую даніну і выконваць іншыя павіннасці [12]
Гэты дакумент сведчыць, што да сярэдзіны XVI стагоддзя татарскія ўладанні ў Паколіне былі ўжо значна раздробленыя паміж разгалінаванымі прадстаўнікамі роду Кадышэвічаў, прычым кожнаму з іх прыпадала зусім нязначная частка - літаральна некалькі чалавек.
Больш падрабязнае ўяўленне пра тагачасны стан татарскіх уладанняў дае перапіс, створаны ў 1559 г. Праўда, арыгінал яго да нас не дайшоў, але гэты перапіс цалкам паўтараецца ў больш позняй «Рэвізіі маёнткаў, на службе вайсковай татарам нададзеных», складзенай у 1628 - 1629 гг. Рэвізія прыгадвае, што ў 1559 г. на тэрыторыі сучаснай Смалявіччыны існавалі зямельныя ўладанні цэлага шэрагу татарскіх родаў. У прыватнасці, братам Махмету, Абрахаму і Абдуле Якубавічам Цівячэвічам, якія мелі сваю галоўную сядзібу ў маёнтку Сялец Ашменскага павета, належалі 26 дымоў і яшчэ 7 службаў даннікаў у сяле Драчкова, а таксама 2 службы ў Шэметаве. У тым жа Сяльцы мелі аселасць Асан Івашкавіч Кадышэвіч, які валодаў 2 службамі ў Шэметаве і 4 - у Драчкове, і ўдава Улана Махмета з сынам Дзміцерам, якія мелі ў Шэметаве 5 уласных дымоў, а таксама 5 службаў (у іх - 22 дыма), набытых папярэдне ад Пятра Андрэявіча Кадышэвіча, і яшчэ 3 службы ў Паколіне. Яшчэ адзін татарын, Шэйх Амбякеявіч, які сам жыў у маёнтку Стараселле, меў 1 службу ў Драчкове. Яшчэ 4 службы ў Шэметаве належалі сумесна Пятру і Яцку Мінбулатавічам, Якубу Абдулічу, Касыму Хуромжычу і ўдаве Муртазы Абдуліча з маёнтка Даўбуцішкі Ашменскага павета, а апрача таго Касыму Хуромжычу асобна належала яшчэ 5 дымоў. Нарэшце Фурс Улан з таго ж Ашменскага павета валодаў 5 дымамі ў Драчкове.
Рэвізія 1628 - 29 гг. пазначае, што некалі з гэтых уладанняў татары выстаўлялі ў войска 8 коннікаў. Разам з тым адзначаецца, што ўсе гэтыя даннікі на момант паўторнай рэвізіі былі даўно страчаны татарамі і «невядома якім правам» адышлі да радзівілаўскага маёнтка Смалявічы [13].
Што да ўласна Смалявіцкага маёнтка, то захаваўся яго інвентар, складзены ў 1588 г., калі маёнтак належаў сыну памёршага чатырма гадамі раней. Мікалая Рудага Крыштофу па мянушцы Пярун. Цэнтрам маёнтка было мястэчка Смалявічы, заснаванае Крыштофам Радзівілам незадоўга да таго - у 1586 г. Мястэчкам у тыя часы называлася гандлёва-рамесніцкае паселішча, жыхары якога мелі спецыяльны дазвол (прывілей) займацца апрача сельскай гаспадаркі вытворчасцю розных тавараў і гандлем. Такі прывілей, выдадзены Радзівілам 27 красавіка 1586 г., прыводзіцца ў інвентары. Паводле яго, кожнаму, хто прымаў зямельны ўчастак (пляц) пад пабудову, прадстаўлялася вызваленне ад усіх падаткаў («слабада») на 16 год. Мястэчка Смалявічы налічвала праз два гады пасля заснавання ўжо 37 двароў.
Апрача мястэчка, у склад маёнтка ўваходзіла і сяло Смалявічы, насельнікі якога не мелі прывілею і таму заставаліся звычайнымі сялянамі. У гэтым сяле было 40 валок - уніфікаваных зямельных надзелаў плошчай крыху больш за 21 га, якія ўводзіліся ў ВКЛ замест старых службаў з сярэдзіны XVI стагоддзя. З кожнай валокі вызначаўся, у залежнасці ад якасці глебы, пэўны памер павіннасцяў, якія мусілі выконваць сяляне - карыстальнікі валокі. У прыватнасці, у Смалявіцкім маёнтку з кожнай валокі належала выплочваць штогод грашовы чынш у памеры 2 коп (120 грошаў), а таксама натуральны падатак у выглядзе бочкі жыта і бочкі аўсу. Пэўную колькасць дзён трэба было адпрацаваць на панскім двары і ў выглядзе так званай «падводнай» павіннасці - на транспартыроўцы панскіх грузаў, куды належала прыходзіць са сваімі канямі і падводамі.
Валока была даволі вялікім надзелам, таму яна рэдка перадавалася ў карыстанне адной сям'і. Звычайна сялянская гаспадарка трымала палову валокі, а часам, у залежнасці ад колькасці працоўных рук, і меншую яе частку - трэць альбо нават чвэрць валокі. Адпаведна змяншаўся і памер павіннсцяў.
У сяле Смалявічы большасць намераных валок увогуле пуставала, бо сяло мела толькі 37 двароў. Падобны ж малюнак назіраўся ў іншых паселішчах Смалявіцкай воласці: сяло Зарэчча альбо Пяцічы мела 21 валоку зямлі і толькі 18 двароў, сяло Казейкі (зараз не існуе) - 12 валок і 5 двароў, Пліса - 40 валок і 37 двароў, Забалоцце - 40 валок і 25 двароў, Шэметава - 24 валокі і 20 двароў, Драчкова - 45 валок і 41 сялянскі двор, апрача якіх было яшчэ 11 так званых агароднікаў, якія не мелі ворыўнай зямлі. На тэрыторыі сучаснага раёна ў склад маёнтка ўваходзілі таксама панскі двор Дойнараўка з гаспадарчымі пабудовамі і сяло Даманчышкі (пазнейшыя Дамашаны), у якім было 5 гаспадарак дворных парабкаў і 8 сялянскіх. Маёнак цягнуўся далёка на захад, пад самы Менск. У сучасным Мінскім раёне да яго належалі сяло і двор Гарадзішча, сяло і двор Слепня.
Але зямельныя ўладанні маёнтка далёка не абмяжоўваліся сельскімі валокамі. Вакол сёл ляжалі вялізныя векавечныя пушчы, у якіх сяляне не толькі здабывалі мёд, але і расчышчалі невялікія ляды пад пасеў. Інвентар пералічвае шэраг «уступаў» у пушчах вакол кожнага сяла.
У інвентары апісана таксама граніца Смалявіцкага маёнтка, якая пачыналася ад Слепні пад Менскам і ішла на ўсход уздоўж уладанняў праваслаўнага метрапаліта, што адносіліся да маёнтка Прылепы. Потым пачыналася мяжа з землямі на правабярэжжы Домлі і Усяжы, якія адносіліся да маёнтка Астрошыцы - напэўна, яшчэ з тых часоў, калі Смалявічы і Астрошыцы ўтваралі адзінае ўладанне. Далей на ўсход землі сяла Смалявічы межавалі з абшарам Лагожскага маёнтка - верагодна, з той яго часткай, якая адносілася да сёл Мгле і Сутокі, хоць яны непасрэдна ў інвентары не ўпамінаюцца. На момант складання інвентара ўласнікамі гэтых абшараў былі Марцін і Фёдар Юр'евічы Тышкевічы. Усю ўсходнюю частку сучаснага раёна займала вялізная пушча, у якой Смалявіцкі маёнтак паміж рэкамі Бродня і Жодыня межаваў з дзяржаўнай Барысаўскай воласцю, у якой былі таксама ловы паноў Тышкевічаў, а за Жодыняй і на поўдзень ад Плісы - з маёнткам Упірэвічы пана Лаўрына Ратомскага. Атуль, зварочваючы на захад, землі смалявіцкіх сёл Зарэчча, Забалоцце і Шэметава межавалі з Шыпянамі Віленскага біскупства, а потым землі Шэметава - з татарскімі ўладаннямі сяла Паколіна.
Далей на поўдзень пачыналіся землі сяла Драчкова, межы якіх у інвентары чамусці апісаны асобна. Гэтае сяло гранічыла спярша з татарскімі землямі, потым - з маёнткам Астравіта пана Квяткоўскага і Ігуменскай воласцю, што належала Віленскаму бшскупству. У гэтым месцы граніца праходзіла прыблізна ўздоўж сучаснай граніцы Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў. Потым яна зварочвала на захад, недзе каля ракі Вожы, і адасабляла драчкоўскія землі ад абшараў маёнтка Смілавічы (у больш раннія часы вядомага пад назвай Бакшты), на той момант належачага панам Завішам і князю Вішнявецкаму. Аддуль на поўнач уздоўж ракі Волмы ішла мяжа спачатку з маёнткам Пятровічы, належачым князю Палубінскаму, а потым з маёнткам Глебкавічы, які разам з Астрошыцамі з'яўляўся ўласнасцю пана Гаўрылы Гарнастая. Паміж Глебкавічамі і Гарадзішчам, ужо ў сучасным Мінскім раёне, граніца зноў зварочвала на захад у бок Менска [14].
У гэтым абмежаванні мы ўпершыню сустракаем назву сяла Пятровічы. На жаль, больш раннюю гісторыю абшару, на якім яно ўзнікла, нам прасачыць не ўдалася. Крыху пазней гэтае сяло было далучана да Смалявіцкага маёнтка - напэўна, шляхам куплі.
Ад канца XVI стагоддзя да нас дайшоў цэлы шэраг судовых дакументаў, звязаных з паселішчамі Смалявіччыны. Шматлікасць такіх дакументаў тлумачыцца тым, што паводле другога Статуту ВКЛ, прынятага ў 1566 г., па ўсёй тэрыторыі дзяржавы ўводзіліся павятовыя земскія суды, у якіх павінны былі разглядацца маёмасныя справы мясцовай шляхты. Апрача таго, існаваў так званы гродскі (замкавы) суд, які разглядаў крымінальныя справы. Матэрыялы кожнага судовага працэса абавязкова ўпісваліся ў актавую кнігу адпаведнага суда. Такі парадак застаўся нязменным і пасля Люблінскай уніі 1569 г., якая аб'яднала ВКЛ і Польскае каралеўства ў адзіную канфедэрацыю - Рэч Паспалітую абодвух народаў. Паводле ўмоў уніі, ВКЛ захоўвала асобны дзяржаўны апарат, фінансавую сістэму, войска і заканадаўства, але вышэйшыя органы кіравання (кароль і сойм) станавіліся агульнымі з Польшчай.
Да нас дайшла актавая кніга за 1582 г. Менскага павета, у склад якога пасля рэформы 1566 г. уваходзіла ўся тэрыторыя Смалявіччыны. Сярод актаў, зафіксаваных у ёй, у адным прыгадваецца сяло Дубровы, якое адносілася да маёнтка Астрошыцы. У маі 1582 г. уладальнік гэтага маёнтка Гаўрыла Іванавіч Гарнастай, берасцейскі ваявода і менскі староста, аддаў у заклад на 1 год пад забеспячэнне сумы ў 500 коп грошаў, пазычаных яму Янам Варпяхоўскім, 26 валок у сяле Гагаліцы (сучасная Галіца ў Мінскім раёне) і 20 валок у Дубровах, а таксама 8 валок ворыўнай зямлі з людзьмі ва ўрочышчы Абысека [15].
Наступная звестка тычыцца скаргі архімандрыта Менскага праваслаўнага мужчынскага манастыра Міхаіла Рагозы на падданых віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Рудага з маёнткаў Смалявічы і Гарадзішча, якія выдралі 9 пчаліных борцяў на манастырскіх землях. Паколькі справа тычылася канфлікту паміж падданымі розных маёнткаў, паводле тагачасных судовых правілаў разглядаць яе павінен быў так званы копны суд з удзелам сялян абодвух зацікаўленых маёнткаў, а таксама прадстаўнікоў суседніх паселішчаў, якія выступалі ў якасці трацейскіх суддзяў. Паседжанне гэтага абшыннага суда, альбо капа, сабралася ў чэрвені 1582 г. ва ўрочышчы Дубок, ля дарогі з Менска на Прылепы. Адказ мусілі трымаць старац Смалявіцкай і Гарадзішчанскай воласці Карп Ворсіч і старац сяла Слепня гэтай воласці, жыхары якога непасрэдна абвінавачваліся ў рабаўніцтве. Сярод прадстаўнікоў, што прымалі ўдзел у судзе, названы і Барыс, старац маёнтка Прылепы праваслаўнага мітрапаліта. Капа заслухала паказанні сведкаў і вынесла пакаранне вінаватым, якія жылі на тэрыторыі сучаснага Мінскага раёна [16].
У тым жа месяцы Менскі павятовы суд разглядаў скаргу намесніка Мікалая Радзівіла ў Смалявіцкім і Дайнароўскім маёнтках, шляхціча Андрэя Галаўні, які абвінаваціў падданых маёнтка Шыпяны, належачага віленскаму біскупу Юрыю Радзівілу, у забойстве жыхара Смалявіч Кандрата Акуліча, якое адбылося ў доме шыпянскага старца Амелляна Іванавіча Баўсуна. Паводле версіі, выкладзенай панам Галаўнёй, шыпянцы Дзям'ян Мацвеяў, Кузьма Клімаў і Лашук Варановіч пры патуранні біскупскага намесніка Себасцяна Лойкі гвалтоўна напалі на смалевічан і застрэлілі аднаго з іх з ручніцы (агнястрэльнай зброі накшталт мушкета). Шыпянцы, натуральна, адстойвалі ў судзе зусім іншую версію: адзін са смалевічан, каваль Савасцян, зацікавіўся ручніцай, што вісела ў хаце на сцяне, зняў яе і потым паклаў на стол, але ручніца нечакана сама стрэліла і патрапіла ў Кандрата Акуліча. Даказаць наўмыснае забойства ў судзе так і не ўдалася [17].
У ліпені таго ж 1582 г. павятовы суд разглядаў канфлікт паміж падданымі біскупскага маёнтка Шыпяны і суседняга маёнтка Раванічы (у сучасным Чэрвеньскім раёне), якім валодаў менскі кашталян Ян Глябовіч. Старац віленскага біскупа скардзіўся на раваніцкага старца, які з іншымі сялянамі таго ж маёнтка наехалі на шыпянскія сенажаці ва ўрочышчах Белыя Прыхабы, Годзімля і Іванаў Чарцёж на рацэ Уша, дзе пакасілі сена на 200 вазоў і нясушаным вывезлі да свайго сяла. Адначасова раванічане выдралі мёд з трох борцяў, размешчаных на соснах у Белых Прыхабах [18].
У жніўні 1582 г. у суд трапіла скарга пана Рыгора Багданавіча Рагозы і яго жонкі Ганны Дзмітраўны, уласнікаў маёнтка Калодзезі. Яны патрабавалі ад суўладальніка маёнтка Лагойск (такая форма назвы ўжо замацавалася ў той час) Марціна Тышкевіча выдаць іх беглага падданага, каваля Івана Бакуновіча, які разам з жонкай ўцёк з Калодзезяў і знайшоў прытулак у суседнім сяле Сычавічы пана Тышкевіча (сучасны Лагойскі раён). Паколькі Тышкевіч адмовіўся выдаць уцекача, Рагоза запатрабаваў у якасці кампенсацыі за яго 60 коп грошаў, але Тышкевіч не пажадаў яго слухаць і нават не ўзяў позву ў суд, якую яму даставіў судовы выканаўца - возны [19].
Яшчэ адзін дакумент, які тычыцца лагойскіх уладанняў Тышкевічаў, быў упісаны ў актавую кнігу Менскага павета ў маі 1590 г., каб прыдаць яму юрыдычную сілу. Аднак складзены гэты дакумент быў раней, у снежні 1576 г. Тады адбыўся падзел маёнткаў паміж сынамі памёршага напярэдадні берасцейскага ваяводы Юрыя Васільевіча Тышкевіча, графа на Лагойску і Бярдзічаве. Сам ён завяшчаў аднаму сыну, Фёдару, замак Слабадзішча на Украіне, а другому, Марціну - замак Лагойск з прыналежачымі валасцямі. Аднак браты вырашылі зрабіць інакш. Яны падзялілі абодва маёнкі на дзве палавіны, каб кожнаму дасталася раўназначная доля. Праўда, Фёдар узяўся выкупіць з закладу Ваўкавыскае староства, якім валодаў яго бацька, і пазычыў дзеля гэтага грошы ў брата. Умовамі падзелу агаворвалася, што яго частка Лагойска разглядаецца як заклад - калі Фёдар не здолее вярнуць Марціну грошы, той атрымае назад «оный замок Логойский з местом, з гумном и з дворцом Логойским, з местечком Юрьевом, з дворцом Сутоцким, з бояры панцерными, путными, циншовыми и з мужиками тяглыми» [20]. Такім чынам, ва ўладаннях братоў Тышкевічаў у 1576 г. знаходзіліся мястэчка Юр'ева і невялікі гаспадарчы двор (дварэц) у Сутоках на тэрыторыі Смалявіччыны. Верагодна, у далейшым Фёдар усё ж быў вымушаны вярнуць брату сваю палову Лагойска, бо пазней маёнтак знаходзіўся цалкам у руках нашчадкаў Марціна, якія валодалі ім да скасавання прыгоннага права ў ХІХ стагоддзі.
Такім жа чынам, праз больш позняе ўпісванне ў актавую кнігу, да нас дайшла першая згадка пра царкву ў сяле Шыпяны, на карысць якой у 1586 г. тагачасны віленскі біскуп Валерыян Пратасевіч выдзяліў пэўныя зямельныя абшары ва ўрочышчы Ніва і пад балотам Радзімля. Прывілей, выдадзены біскупам, доўга захоўваўся ў царкве, і толькі ў 1772 г. ён быў перапісаны ў актавую кнігу Менскага павета [21].
Тым часам маёнтак Астрошыцы, у склад якога, нагадаем, уваходзіла сяло Дубровы на самым ускрайку сучаснай Смалявіччыны, пасля смерці пана Гаўрылы Гарнастая перайшоў у рукі яго ўдавы Барбары Ласкай. У самым пачатку 1590 г. Барбара прадала гэты маёнтак уладальніку Смалявіч, віленскаму ваяводзе Крыштофу Радзівілу [22]. Але папярэдне яна аддала сёлы Гарадок і Дубровы ў заклад шляхцічу Яну Варпахоўскаму. Нічога не ведаючы аб продажу маёнтка, Варпахоўскі ў сакавіку таго ж 1590 г. паслаў свайго ўрадніка Паўла Гродскага збіраць грошы з сялян. Але новы радзівілаўскі ўраднік маёнтка Астрошыцы Павел Старуха паведаміў яму, што яго пан збіраецца выкупіць абодва сяла з закладу ў Варпахоўскага, і не дапусціў урадніка апошняга на тэрыторыю маёнтка, выгнаўшы прэч. Больш таго, даведаўшыся, што Гродскі ўжо паспеў сабраць крыху грошай (53 капы), Старуха дагнаў яго на дарозе, збіў і гэтыя грошы адабраў [23].
У тым жа лютым 1590 г. павятовы суд разглядаў скаргу на шляхціча Яна Няміру, які служыў Крыштофу Радзівілу ў якасці ўрадніка Смалявіцкага маёнтка. Паводле гэтай скаргі, пададзенай жонкай дробнага баярына Станіслава Шацілы Марынай, яе дачка Ганна гасціла ў мястэчку Смалявічы ў сваячніцы. Невядома, што адбылося паміж ёй і Янам Нямірай пад час гэтага візіту, але аднойчы радзівілаўскі ўраднік са сваімі слугамі ўварваўся ў дом, дзе яна жыла, збіў яе, згвалціў, а потым адвёз да панскага двара і, трымаючы некалькі тыдняў, «починял с нею, што доброму и цнотливому чоловеку не годилося чынить» [24]. Паколькі ў гэтым выпадку мы ведаем толькі версію маці пацярпелай, цяжка сказаць, што адбылося на самай справе і якую ролю адыгравлі паводзіны і жаданні самой Ганны.
Ва ўсякім выпадку, пан Няміра не панёс за свой учынак цяжкага пакарання і ў далейшым заставаўся на пасадзе смалявіцкага ўрадніка. Мы сустракаемся з ім зноў у кастрычніку 1592 г., калі адбываўся копны суд паміж падданымі радзівілаўскага сяла Драчкова і сялянамі Бакштанскай воласці, належачай сумесна панам Завішам і Шэметам. Пры гэтым упершыню ўпамінаецца мястэчка Волма, якое належала да Смалявіцкага маёнтка. На капе прысутнічаў волменскі ўраднік Сымон Дыбоўскі, які, у сваю чаргу, падпарадкоўваўся смалявіцкаму ўрадніку Яну Няміры.
Сутнасць гэтага канфлікту была звязана з учынкам жыхароў сёл Смілавічы, Новая Ніва і Казекавічы, што ўваходзілі ў Бакштанскую воласць. Згаварыўіыся з адным жыхаром Драчкова, Іван Клонікавіч з Новай Нівы і Фёдар Берасневіч з Казекавіч разам з ім выкралі з клеці ў Драчкове 4 лубкі мёду вагой па 2 камені (агулам каля 110 кг) і крыху іншых рэчаў. Драчкоўскія сяляне запатрабавалі склікаць капу з удзелам абодвуўх бакоў, каб на ёй выкрыць і пакараць вінаватых.
Капа была прызначана на 15 кастрычніка 1592 г. на традыцыйным месцы, на беразе ракі Вожы. Аднак смілавічане адразу пачалі ўсяляк перашкаджаць разбору справы. На працягу двух дзён яны не з'яўляліся на капу, дзе драчкоўцы марна іх чакалі. На трэці дзень копны суд усё ж сабраўся на мяжы бакштанскіх і драчкоўскіх зямель, але разбор справы хутка перарос у суцэльную бойку. Як заўсёды бывае ў такіх выпадках, смілавічане сцвярджалі, што першымі напалі драчкоўцы, а тыя - што смілавічане. Абодва бакі прыводзілі доўгі спіс пацярпелых, збітых кіямі, з прабітымі галовамі, адсечанымі пальцамі і г.д. Здаецца ўсёж, што ініцыятарамі былі смілавічане. Пра гэта сведчаць паказанні двух слуцкіх гандляроў, якія апынуліся ў Смілавічах напярэдадні копнага суда і якіх запрасілі туды ў якасці трацейскіх суддзяў. Пад час бойкі ім таксама моцна перапала ад драчкоўцаў, але абодва вінавацілі ў гэтым тых смілавічан, што заклікалі іх на суд, а потым справакавалі бойку [25].
У кастрычніку 1594 г. адбыўся новы канфлікт паміж падданымі маёнткаў Шыпяны і Раванічы. Ураднік віленскага біскупа Ян Стахоўскі разам са старцам сяла Шыпяны і жыхарамі таго ж сяла скардзіўся на раваніцкага ўрадніка Мацевуша Раматоўскага за сапраўды дзікія паводзіны пад час копнага суда. Гэты суд быў скліканы з нагоды крадзяжу пчол, учыненага раванічанамі ў шыпянскіх бортных землях. На капу, дарэчы, у якасці трацейскіх суддзяў былі запрошаны падданыя Крыштофа Радзівіла: былы смалявіцкі старац Карп Ворса, асочнік (егер) з Плісы Максім Забашавіч і іншыя.
Раматоўскі, ураднік Яна Глябовіча, паводзіў сябе на капе выключна нахабна: заявіў, што пчолы былі пакрадзены па яго асабістым загадзе, пасля чаго загадаў раванічанам разыходзіцца з капы, а сам пачаў страляць з ручніцы па натоўпе шыпянцаў і параніў трох чалавек. Раз'юшаныя шыпянцы доўга ганяліся за ім па лесе, і каб дагналі, то, напэўна, забілі б на месцы. Замест урадніка яны схапілі толькі аднаго з сялян, што непасрэдна ўдзельнічаў у крадзяжы. Яго сабраліся павесіць і ўжо накінулі на шыю вяроўку, але ён вымаліў жыццё, спасылаючыся на тое, што дзейнічаў не сам па сабе, а па загаду ўрадніка. Пазней раванічане выкупілі яго, выплаціўшы кампенсацыю ў 10 коп грошаў [26].
Наступны канфлікт, які трапіў у поле зроку павятовага суда, распачаўся восенню 1595 г., калі з поля ля раки Усяжы былі украдзены 4 каровы і два вала, належачых Лукашу Марціновічу, жыхару сяла Усяжа, якое адносілася да маёнтка пана Івана Быкоўскага Калодзезі. Прапажа так і не была знойдзена па гарачых слядах. Толькі летам 1597 г. нехта пачуў, як жыхар сяла Прылепы Фёдар Рагач, падданы праваслаўнага мітрапаліта, у сварцы з суседам Іванам Мацуковічам прыгадаў, што менавіта той скраў усяжскую скаціну і прадаў яе ў Менску. Гэтыя словы дайшлі да пацярпелага, які пачаў патрабаваць суда. Да скаргі далучыліся іншыя падданыя з Калодзезяў і Усяжы, якія сцвярджалі, што здаўна церпяць шкоды праз крадзёж скаціны ад жыхароў прылепскіх сёл Аношкавічы, Ляды, Прылепцы, Пагарэлец і Роўбічы (апошняе - у сучасным Мінскім раёне). Капа, скліканая з гэтай нагоды, пастанавіла, што падазроныя павінны ачысціць сябе прысягай, працэдура прыняцця якой была адкладзена на 4 тыдні. Чым скончылася справа, у актавай кнізе, на жаль, не пазначана [27]. З гэтага дакументу, дарэчы, можна ўбачыць, як змянілася колькасць насельніцтва ў Прылепах у параўнанні з 1518 г.: побач са старым паселішчам ўзнікла, прынамсі, 5 новых.
Канфлікты паміж падданымі маёнткаў Калодзезі і Прылепы былі, відаць, даволі частымі. У сакавіку 1600 г. ураднік мітрапаліта Іпація Пацея, якому на той час належалі Прылепы, на імя Фёдар Пучкоўскі, скардзіўся на ўладальніка Калодзезяў пана Івана Быкоўскага, які неаднаразова насылаў сваіх падданых на землі, што адносіліся да Прылепскай пушчы на беразе Ўсяжы, недалёка ад межаў Смалявіцкай пушчы ля ракі Домлі. Там прылепцы насеклі шмат дроў і лесу на будаванне. 13 сакавіка ўраднік Пучкоўскі застаў у лесе калодзезскіх падданых з сяла Малафеявічы - Марціна і Грышку Дулебічаў і Сямёна Пячуровіча з іншымі памочнікамі, якія якраз секлі дровы. Ураднік паслаў свайго слугу і ляснічага, каб затрымаць злодзеяў, але сяляне аказалі супраціўленне: пабілі ляснічага, ударылі ўраднікава слугу і забілі каня, што быў пад ім, пасля чаго ўцяклі [28].
У сваю чаргу Іван Быкоўскі, уладальнік Калодзезяў, цярпеў крыўды з боку падданых суседняга маёнтка Астрошыцы. 10 сакавіка 1600 г. астрошыцкія баяры, браты Багдан, Грынка і Іван Федкавічы Прыстромы, наехалі са шматлікімі памочнікамі на належачае Быкоўскаму сяло Усяжу і вывезлі адтуль падданага Марка Бандара з усёй сям'ёй і маёмасцю. На наступны дзень яны ж жорстка збілі іншага калодзезскага падданага, Ермака Маркавіча (верагодна, сына таго Марка). Па скарзе Быкоўскага возны Менскага павета пан Залівака у суправаджэнні двух шляхцічаў, як патрабаваў статут, прыехаў у Астрошыцкі маёнак з судовай позвай, але тамашні ўраднік Ян Рачынскі не толькі не ўзяў позву, але нават стрэліў па пасыльных з ручніцы і кідаўся на іх са зброяй [29].
Ад радзівілаўскіх падданых і ўраднікаў цярпела таксама сумежная Ігуменская воласць, належачая Віленскаму біскупству. У красавіку 1600 г. адміністратар біскупства Бенедыкт Война і дзяржаўца Ігуменскай воласці ксёндз Ян Рышкоўскі скардзіліся, што яшчэ з часоў Мікалая Радзівіла Рудага, а затым пры яго сыне Крыштофу, да Смалявіцкага і Дайнараўскага маёнтка былі незаконна далучаны вялікія зямельныя абшары над ракой Волмай, працягласцю ў некалькі міль, з якіх раней ішла мядовая даніна ў Ігумен у памеры 60 пудоў у год. Апрача таго смалявіцкі ўраднік Ян Няміра з паколінскімі і дайнараўскімі падданымі захапілі лясныя абшары («астравы») Гардоўшчыну, Краноўшчыну, Лібыхоўскі і Дамавіцкі з ловамі звярынымі і гонамі бабровымі, з якіх Ігумен атрымліваў даніну ў 200 пудоў мёду, і заснавалі там свае слабоды на рацэ Волме, а таксама пачалі браць мыта на дарозе з Ігумена ў Менск [30].
Падобную ж скаргу падавалі ў 1600 г. падданыя дзяржаўнай Барысаўскай воласці з сяла Стахава. Паводле іх слоў, да Смалявіцкага маёнтка была незаконна далучана Суравятыцкая пушча, раней належачая да Стахава [31].
Звычайнай справай было пераманьванне сялян ад аднаго пана да другога. Як правіла, старому гаспадару вельмі цяжка было дамагчыся звароту сваіх падданых. Так, у 1600 г. у Волме на землях Крыштофа Радзівіла пасяліўся ўцякач з сяла Скнаравічы Янка Яцкавіч з жонкай, трыма сынамі і хатняй скацінай: 3 валамі, 2 каровамі, 2 клячамі, 8 авечкамі, 6 свіннямі і 2 падсвінкамі. Ён атрымаў прытулак у чужым маёнтку нават не гледзячы на тое, што быў падданым земскага суддзі Менскага павета Г.Макарэвіча [32]. Гэтак жа з маёнка Сялец на Лагойшчыне ўцёк у канцы 1600 г. падданы Дзмітрыя Скуміна Тышкевіча Сямён Бабарыка з сынам і дзвюма дачкамі, маёмасць якога налічвала каня, 2 валоў, карову, цёлку-ялавіцу, 3 авечак, 6 свіней, 2 коз, звыш 13 бочак збожжа. Гэты ўцякач знайшоў прытулак у той частцы сяла Калодзезі, што належала менскаму ваяводзе Яну Дамініку Пацу [33].
У актавых кнігах наступнага XVII стагоддзя можна было б знайсці не менш падобных звестак, але яны не вельмі адрозніваюцца паміж сабой. Агульны сацыяльна- культурны фон жыцця ў гэты час, пасля Люблінскай уніі 1569 г. і Берасцейскай царкоўнай уніі 1595 г., вызначаўся паступовым, але няўхільным пашырэннем паланізацыі сярод пануючага класа ВКЛ. Разам з тым шмат новых уплываў прыходзіла ў гэты час з Заходняй Еўропы. Аднымі з найбольш актыўных праваднікоў гэтага заходняга ўплыву былі, дарэчы, тагачасныя ўладальнікі маёнтка Смалявічы - спачатку сын памёршага ў 1603 г. Крыштофа Радзівіла Януш, які праз шлюб з апошняй князёўнай Слуцкай далучыў да сваіх і без таго вялізных уладанняў Слуцкае княства, а потым сын Януша ад паўторнага шлюбу з германскай князёўнай Альжбетай Гогенцолерн - Багуслаў Радзівіл. Апошні нарадзіўся ў Гданьску ў год смерці свайго бацькі, у 1620 г. Значную частку свайго жыцця (з нараджэння да 1628 і потым з 1637 да 1648 г.) Багуслаў правёў за мяжой, дзе вучыўся ў Рыцарскай акадэміі ў Парыжы, удзельнічаў у войнах, успрыняў усе тагачасныя моды і нават часова трапіў у Бастылію за дуэль. Да вяртання Багуслава на радзіму яго шматлікія вотчыны заставаліся пад кантролем адміністратараў і ўраднікаў.
Пра агульны стан Смалявіцкага маёнтка ў першай палове XVII стагоддзя даюць уяўленне тры інвентары, складзеных адпаведна ў 1621, 1627 і 1643 гг. [34] У іх падрабязна апісаны панскія жылыя і гаспадарчыя пабудовы, пайменна пералічаны ўсе падданыя.
Цэнтрам маёнтка было мястэчка Смалявічы, якое на працягу гэтага перыяду няўхільна расло. У 1621 г. у ім было 83 двары, а ў 1643 - ужо 138. У цэнтры мястэчка знаходзўіся рынак, вакол плошчы якога з усіх чатырох бакоў стаялі мяшчанскія дамы (у 1621 г. іх было 13, у 1643 - 15). У цэнтры рынкавай плошчы стаяла карчма з пастаялым дваром (стадолай) і заездам, дзе падарожныя людзі маглі паставіць на ноч сваіх коней. Ад рынка адыходзілі чатыры галоўныя вуліцы, Адна ішла ў бок Менска, яна так і называлася - Менская. У 1621 г. на абодвух яе баках было 14 двароў, пазней іх колькасць узрасла да 30. У супрацьлеглы бок ішла Барысаўская вуліца, на якой спачатку было 24 двары, потым - 37. Упоперак ішлі Царкоўная і Дворная вуліцы. На першай з іх было спярша 19 двароў (пабудаваных толькі на адным баку вуліцы), потым - 23 на двух баках і яшчэ 5 убаку ад самой вуліцы. Апрача таго, ля царквы знаходзіліся «чатыры халупы ўбогіх». Дворная вуліца вяла да панскага двара. На двух яе баках у 1621 г. было 13 двароў, у 1643 - 28.
Тэрыторыя мястэчка падзялялася на зямельныя надзелы - пляцы. На розных вуліцах яны мелі плошчу ад 10 да 22,5 прутоў (ад 24 да 53 сотак у сучасных адзінках вымярэння). Кожны мяшчанін мог узяць пад забудову цэлы пляц ці яго частку, альбо нават два і больш пляцы. Былі пляцы вулічныя, на якіх размяшчаліся дамы і агароды, а таксама гуменныя, дзе знаходзіліся гумны і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Мяшчане, апрача рамясла і гандлю, вельмі актыўна займаліся сельскай гаспадаркай. Дзеля гэтага ў іх карыстанні былі 84 «аромых і сенажатных рэзаў» у Замосці, за ракой Плісай, а таксама засценкі і моргі ў розных урочышчах вакол мястэчка.
Побач з мястэчкам знаходзілася сяло з той жа назвай. У ім, як і ў 1588 г., налічвалася 40 валок зямлі, але колькасць насельніцтва значна павялічылася. У 1621 г. на гэтых валоках сядзелі 68 сялянскіх гаспадарак, а ў 1643 г. - 103. Звычайна ў гэты час адну валоку дзялілі 2 ці 3 гаспадаркі.
Гаспадарскі двор у Смалявічах складаўся з панскага двара, двара ўрадніка і гаспадарчага комплексу. Панскі двор быў абнесены астрогам, у якім было дзве брамы, кожная з якіх уяўляла сабой асобную двухэтажную пабудову. На падставе інвентару 1621 г. Ю. А. Якімовіч зрабіў рэканструкцыю дома над галоўнай брамай, які меў адкрытую галерэю вакол другога паверха [35]. У сярэдзіне двара было яшчэ 3 жылых дома, кухня, пякарня, свіран і лазня. У двары ўрадніка знаходзіліся жылы дом з двума флігелямі, 3 свірана, кухня, 2 стайні і турма. Гаспадарчы комплекс уключаў 2 стайні, псарню, 2 каморы, бровар і іншыя пабудовы. Такім чынам, двор уяўляў сабой цэлы невялікі гарадок. У жылых дамах былі печы, абкладзеныя кафляй, туалеты, даволі прасторныя пакоі ў 5 акон. Усе пабудовы былі крытыя гонтам.
Другім мястэчкам у складзе маёнтка была Волма, якая ўзнікла ў канцы XVI стагоддзя. У 1607 г. уладальнік Смалявіч Януш Радзівіл выдаў уставу, у якой вызначаліся правы і абавязкі волменскіх мяшчан. У 1621 г. мястэчка было забудавана толькі часткова: цалкам заселены быў рынак (27 двароў) і часткова - вуліца, што ішла ад яго на поўдзень, у бок сяла Пятровічы (15 пляцаў). На Менскай вуліцы было намерана 37 пляцаў, але іх забудова яшчэ толькі пачыналася. Апрача таго, на супрацьлеглым, усходнім беразе ракі Волмы быў закладзены яшчэ адзін рынак з 15 пляцамі.
У 1643 г. Волма ўяўляла сабой ужо значнае паселішча. Вакол рынка было 32 двары, на вуліцы да Пятровіч - 9 і яшчэ 8 недабудаваных. На Менскай вуліцы было 39 двароў і яшчэ 5 будаваліся. За ракой у рынку было 26 двароў, а на вуліцы Магілёўскай - 5. Такім чынам, мястэчка налічвала 124 двары - толькі крыху менш, чым Смалявічы. У карыстанні мяшчан было 40 валок ворыўнай зямлі, з іх 20 - за ракой.
Незадоўга да 1643 г. паводле рашэння ўладальніка маёнтка Багуслава Радзівіла на яго ўсходнім ускрайку было заснавана яшчэ адно мястэчка, якое спярша атрымала назву Багуслаў Поле. Гэтая назва, аднак, не прыжылася, і праз некалькі дзесяцігоддзяў паселішча пачалі назваць па рацэ, на якой яно ўзнікла - Жодзіна. Гэтая назва захавалася і дасёння. У інвентары 1643 г. пазначаецца, што ў Багуслаў Полі было намерана ажно 400 пляцаў, частка якіх была ўжо разабрана пад забудову.
Смалявіцкая воласць у гэты час ахоплівала 16 сёл, з якіх 10 знаходзіліся ў сучасным Смалявіцкім раёне, а 6 - у Мінскім. Апрача сяла Смалявічы, пра якое размова ішла крыху раней, значнымі паселішчамі на Смалявіччыне былі Драчкова з 40 валокамі, на якіх у 1621 г. было 89 двароў, у 1643 - 158, Пліса з 40 валокамі (67 двароў у 1621 г., 105 - у 1643) і Зарэчча на супрацьлеглым беразе ракі (21 валока, адпаведна 35 і 48 двароў), Забалоцце (40 валок, 73 і 81 двор), Шэметава (30 валок, 41 і 80 двароў), Пятровічы (20 валок, 41 і 80 двароў). Параўнальна меншымі па памерах былі Паколіна (15 валок, 41 і 59 двароў), Даманцішкі (14 цэлых і 3/4 валокі, 34 і 48 двароў), а таксама Кацейкі, у якіх з 12 валок 8 былі ў закладзе ў дробных шляхцічаў. На астатніх 4 валоках было спярша 10, потым - 13 двароў. Апрача таго, на землях маёнтка трымала валокі дробная шляхта (баяры, альбо зямяне). У інвентары 1623 г. пералічаны 15 зямянскіх гаспадарак, у 1643 - 23. У іх карыстанні была спярша 61,5 валока, потым - 100 і 1/3.
Усяго ў маёнтку Смалявічы было 638 і 3/4 валокі (каля 13,6 тыс. га) сельскагаспадарчых угоддзяў, якія практычна ўсе былі занятыя (пуставала ўсяго паўвалокі). Агульная колькасць насельніцтва, уключаючы сялян, зямян і мяшчан (у тым ліку 41 мяшчанскі двор у Менску) налічвала каля 1500 двароў (дакладную лічбу вызначыць цяжка, бо ў большасці выпадкаў у інвентары не ўказаны двары, якія не плацілі падаткаў), з іх на тэрыторыі сучаснага Смалявіцкага раёна знаходзілася каля 1050 гаспадарак.
Калі параўнаць гэтыя лічбы са звесткамі інвентара 1588 г. (у той час ва ўсім маёнтку было 318 двароў), відавочны імклівы рост насельніцтва, якое павялічылася за 55 гадоў прыкладна ў 5 разоў. Толькі часткова гэта тлумачыцца павялічэннем тэрыторыі маёнтка, да якога за гэты час былі далучаны абшары былых татарскіх уладанняў у Паколіне, а таксама прылучаныя ў 1612 г. ад Астрошыц Глебкавічы (пра гэта згадваецца ў інвентары 1621 г.), набытае нейкім чынам сяло Пятровічы і, верагодна, тыя землі, на якіх было заснавана мясттэчка Волма. Асноўны прырост насельніцтва адбыўся за кошт міграцый звонку і, напэўна, значнага перавышэння нараджальнасці над смяротнасцю, што сведчыць пра неблагія эканамічныя і сацыяльныя ўмовы. Рост насельніцтва прывёў да таго, што ў маёнтку былі раздадзены сялянам практычна ўсе прыдатныя землі, у асобных сёлах адчуваўся ўжо нават недахоп зямлі. Так, у Пятровічах, Драчкове і Паколіне на двор прыпадала ў сярэднім па чвэрці валокі (каля 5,5 га), што відавочна недастаткова для сям'і ў 7 - 9 едакоў.
Трэба адзначыць, што рост насельніцтва (хаця, магчыма, і не ўсюды такі бурны) назіраўся ў канцы XVI - першай палове XVII стагоддзя па ўсім Вялікім княстве. Паўсюдна ўзнікалі новыя сёлы, засноўваліся мястэчкі. Пашыраліся гандлёвыя зносіны. Якраз у гэты час набыў выключнае значэнне гандлёвы шлях, які перасякаў Беларусь ад Брэста да Дуброўна, звязваючы яе з Польшчай і Расіяй. Тое, што асноўны абшар Смалявіцкага маёнтка ляжаў якраз уздоўж гэтага шляха, адыграла далёка не апошнюю ролю ў жыцці края. У гэтым кантэксце трэба разглядаць і заснаванне новага мястэчка на рацэ Жодыні, амаль дакладна на паўдарозе паміж Смалявічамі і Барысавам. Росту Волмы таксама спрыяла тое, што яна знаходзілася на шляху з Менска ў Магілёў, які якраз у той час ператварыўся ў буйнейшы горад Беларусі. Не выпадкова таму, што вуліца, якая ішла ад Волмы на ўсход, атрымала назву Магілёўскай.
У сярэдзіне XVII стагоддзя сітуацыя рэзка змянілася. Рэч Паспалітая ўступіла ў паласу глыбокага кразісу. Першым штуршком да яго стала вайна з украінскімі казакамі, якая распачалася ў 1648 г. Пры гэтым казакоў, за спіной якіх стаяла Расія, актыўна падтрымлівалі і шырокія слаі праваслаўнага насельніцтва паўднёвай і усходняй Беларусі, незадаволеныя пашырэннем каталіцтва, паланізацыі і ростам феадальных павіннасцяў. У 1654 г. гэты спачатку ўнутраны канфлікт перарос у вялікую вайну паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, у якую пазней уключылася і Швецыя. Да лета 1655 г. тэрыторыя Смалявіччыны была цалкам занята рускімі і заставалася пад іх кантролем на працягу пяці гадоў. Толькі летам 1660 г. у вайне намеціўся пералом на карысць Рэчы Паспалітай, войскі якой аднавілі кантроль над цэнтральнай Беларуссю. У руках рускіх засталася на пэўны час толькі моцная крэпасць у Барысаве, у той час як ваенныя дзеянні змясціліся далей на усход, у Падняпроўе. Канчаткова вайна спынілася ў 1667 г.. калі было падпісана Андрусаўскае мірнае пагадненне.
Уладальнік Смалявіч Багуслаў Радзівіл адыгрываў у гэтай вайне значную, хаця і вельмі супярэчлівую ролю. Разам са стрыечным братам Янушам, які ў той час быў вялікім гетманам ВКЛ, ён спярша актыўна змагаўся супраць рускіх. Але пасля цяжкіх паражэнняў 1655 г. і ўмяшання ў вайну Швецыі абодва Радзівілы зрабіліся правадырамі партыі, якая выступала за аддзяленне ВКЛ ад Польшчы і ўсталяванне шведскага пратэктарату над Беларуссю і Літвой. Некалькі гадоў Багуслаў ваяваў на баку шведаў, а потым зноў перайшоў да караля Рэчы Паспалітай і змагаўся супраць тых жа шведаў. Каларытная постаць Багуслава Радзівіла яскрава паказана ў вядомым рамане Генрыка Сянкевіча «Патоп», прысвечаным падзеям вайны 1654 - 1667 гг.
Вайна прынесла Беларусі жудаснае спусташэнне. Арміі ўсіх чатырох бакоў, што прымалі ў ёй удзел (Расіі, Украіны, Швецыі і Рэчы Паспалітай) увесь час харчаваліся за кошт мясцовага насельніцтва, таму ў раёнах іх дыслакацыі і перамяшчэння хутка не засталося ні зерня на насенне, ні хатняй скаціны. Мноства людзей было вывезена рускімі ў палон, многія памерлі ад выкліканых ваеннымі разбурэннямі эпідэмій ці проста разбегліся, хто куды мог. Для Смалявіччыны яе знаходжанне на вялікім шляху зараз набыло зусім іншае значэнне.
Пра вынікі вайны яскрава сведчыць інвентар маёнтка Смалявічы, складзены ў 1665 г. - праз пяць гадоў пасля вызвалення ад рускіх і за два гады да канчатковага мірнага пагаднення [36]. У мястэчку Смалявічы пазначана 100 двароў (за 12 год да пачатку вайны, нагадаем, было 138), але і гэтая лічба, напэўна, уключае часткова тыя двары, жыхары якіх фактычна адсутнічалі. Ва ўсякім выпадку, у крыху больш познім інвентары 1669 г. [37] там значыцца ўсяго77 двароў. У мястэчку Багуслаў Поле інвентар 1665 г. паказвае 97 двароў, а інвентар 1669 г. - усяго 62, прычым 4 з іх былі вольнымі (гэта значыць - новазаснаванымі). Па астатніх паселішчах інвентар 1665 г. пазначае асобна колькасць жылых і пустых двароў, таму агульнае становішча больш красамоўнае.
Так, у мястэчку Волма ў 1665 г. засталося усяго 20 жылых двароў, у той час як пустых значылася 80. З сельскіх паселішчаў Смалявіцкай воласці ў сяле Смалявічы на 34 заселеных двара прыпадала 57 пустых, у Зарэччы заселеных не засталося ўвогуле, а пусташы разабралі смалявіцкія мяшчане. У Плісе было 40 жылых і 57 спусцелых двароў, у Шэметаве - адпаведна 16 і 74, у Пакаліне - 10 і 40, у Драчкове - 91 і 84, у Пятровічах - 41 і 48, у Даманцішках - 7 і 38, у Дайнараўцы - 9 і 23, у Забалоцці - 30 і 97. Увогуле ж ва ўсім маёнтку, дзе за 6 год да вайны значылася каля 1500 двароў, пасля яе заканчэння заселена было крыху больш за 400 (сумарны падлік паводле інвентара 1665 г. дае 438 двароў, 1669 г. - 423). Гэта значыць, што прыблізна 72 % гаспадарак цалкам абязлюдзелі! Да гэтага трэба яшчэ дадаць, што і ў тых дварах, што засталіся, было далёка не столькі жыхароў, як да вайны, таму агульныя людскія страты маёнтка набліжаліся, напэўна, да 4/5, калі не больш.
У 1665 г. уладальнік Смалявіцкага маёнтка, 45-гадовы Багуслаў Радзівіл, ажаніўся з дачкой свайго стрыечнага брата Януша - Марыяй Ганнай Радзівіл. Яна не толькі даводзілася яму ўнучатай пляменніцай, але і была на 20 гадоў маладзейшая за яго. Затое яна была спадчынніцай вялізных уладанняў Януша Радзівіла, былога віленскага ваяводы і вялікага гетмана. Далучыўшы іх да сваіх, Багуслаў зрабіўся ці не самым буйным землеўладальнікам не толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
Аднак вялізнае багацце яшчэ не гарантавала шчасця. У 1667 г., нарадзіўшы дачку Людвіку Караліну, Марыя памёрла падчас родзін. Праз два гады памёр і сам Багуслаў Радзівіл. Двухгадовая дзяўчынка, уладальніца адной з найбагацейшых спадчын у Еўропе, засталася круглай сіратой. Яна выхоўвалася за мяжой, у родзічаў Багуслава па мацярынскай лініі, а беларускія маёнткі зноў, як і пад час малалетства яе бацькі, перайшлі часткова ў рукі арандатараў, чаткова кіраваліся наёмнымі адміністратарамі.
Смалявіцкі маёнтак тым часам быў падзелены на некалькі частак. Адна з іх, якая ў 1670 г. была ад імя Людвікі Радзівіл аддадзена ў арэнду на 1 год шляхцічу Ўладзіславу Антаровічу, уключала ў сябе 72 двара (дыма) ў мястэчку Смалявічы, 37 двароў у мястэчку Багуслаў, а таксама сёлы Смалявічы, Забалоцце, Шэметава, Дуброўка, Пліса і Дайнароўка, у якіх разам было 88 сялянскіх і 7 зямянскіх дымоў. Ваеннае спусташэнне яшчэ далёка не было пераадолена: з 351 валок, якія меліся ў гэтай частцы маёнтка, пуставала 208. Існавалі 4 млыны, усе аднаколавыя. З іх 2 знаходзіліся ў Багуслававе, на рэках Жодыні і Плісе, па аднаму - у сяле Пліса і мястэчку Смалявічы [38].
Захаваўся яшчэ адзін інвентар гэтай жа часткі маёнтка, датаваны 1675 г. Колькасць дамоў у мястэчку Смалявічы амаль не змянілася - замест 72 іх стала 74. У інвентары прыгадваюцца ўсё тыя ж 4 вуліцы (Мінская, Царкоўная, Дворная і Барысаўская), якія сфармаваліся яшчэ на пачатку XVII стагоддзя. У мястэчку Багуслаў дамоў прыкметна пабольшала - іх было ўжо 53. Інвентар упамінае там дзве царквы. Адна з іх, на рынку, была асвечана ў гонар Св. Пятра, другая - у гонар Св. Троіцы. У гэтым мястэчку было 5 вуліц, якія назваліся Мінскай, Жодзінскай, Барысаўскай, Смалявіцкай і Мезавай. У сёлах Смалявіцкай воласці двароў паменшала - іх стала ўсяго 56 (12 у сяле Смалявічы, 18 - у Забалоцці, 8 - у Шэметаве, 3 - у Дуброўцы, 2 - у Дайнароўцы і 13 - у Плісе. [39] Магчыма, аднак, што ў азначаных сёлах меліся яшчэ дымы, якія адносіліся да іншай часткі маёнтка.
У 1681 г. Людвіка Караліна Радзівіл, якой ішоў на той час чатырнаццаты год, была выдадзена замуж за свайго аддаленага родзіча - такога ж юнага Людвіга Гогенцолерна, які быў чацвертым сынам круфюрста брандэнбургскага і князя прускага Фрыдрыха Вільгельма. Аднак ужо на дваццатым гаду жыцця яна аўдавела, пасля чаго ў 1688 г. аднавіла шлюб з князем Каралем Філіпам Нейбургскім са старажытнага баварскага роду Вітэльсбахаў. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся тры дачкі, з якіх дзве памёрлі ў дзяцінстве. Жыць засталася толькі народжаная ў 1693 г. Альжбета. Пасля смерці Людвікі Караліны пад час няўдалых чацвертых родзін у 1695 г. на Альжбету, князёўну Нейбургскую, перайшлі спадчынныя правы на колішнія радзівілаўскія маёнткі, у тым ліку і на Смалявічы. Права ж карыстання імі атрымаў яе бацька. Ён, аднак, не быў падданым Рэчы Паспалітай, таму некаторыя беларускія магнаты пачалі ўздымаць патынне аб набыцці радзівілаўскай спадчыны. Асаблівую актыўнасць у набыцці гэтай спадчыны выказаў у канцы XVII стагоддзя тагачасны віленскі ваявода Казімір Ян Сапега. Аднак яго перамовы з домам Вітэльсбахаў перарваліся ў сувязі з новай вайной, якая ахапіла на мяжы XVIII стагоддзя беларускія землі. На гэты раз Рэч Паспалітая выступіла саюзніцай расійскага цара Пятра І, які ваяваў са Швецыяй за балтыйскае ўзбярэжжа, прасякаючы «акно ў Еўропу». Некалькі разоў у ходзе гэтай, так званай Паўночнай, вайны беларускія землі станавліся арэнай ваенных дзеянняў паміж рускімі і шведамі. Гэта прынесла ім новыя спусташэнні.
Стан галоўнай часткі Смалявіцкага маёнтка ў 1713 г., калі ваенныя дзеянні на Беларусі ў асноўным ужо скончыліся, высвятляе яшчэ адзін інвентар [40]. На той час карыстальнікам гэтай часткі быў пан Казімір Пакоша. У мястэчку Смалявічы было 44 двара, гаспадары якіх мелі пры сабе агулам 34 сыноў. Апрача таго, 31 сына - жыхара гэтых двароў - не было ў наяўнасці, бо яны разбегліся. Ва ўсіх дварах налічвалася толькі 18 коней і 2 валы - відавочнае наступства ваенных спусташэнняў.
У мястэчку Багуслаў было 46 двароў, але з іх 13 пуставалі цалкам. У гаспадароў астатніх было ў наяўнасці 36 сыноў, а ва ўцёках - 16. Становішча з цяглавай скацінай было такім жа драматычным - на ўсе 33 населеных двара мелася толькі 12 коней і 17 валоў. У сяле Смалявічы з 40 валок зямлі амаль 30 пуставалі, на астатніх мелася ўсяго 8 сялянскіх гаспадарак з 6 наяўнымі сынамі і яшчэ 5 збеглымі, са скаціны - толькі 3 каня. У Дуброўцы на 20 валок прыпадала толькі 2 населеных двара (у іх 1 конь і 2 вала), у Плісе на 40 валок - 13 двароў, 15 наяўных і 6 збеглых сыноў, 2 каня і 5 валоў, у Забалоцці таксама на 40 валок - 14 двароў, 31 сын, 6 коней і 7 валоў, у Дайнароўцы на 12 валок - 7 дымоў, 8 наяўных і 2 збеглых сына, 4 каня. Нарэшце, у Шэметаве на 30 валок прыходзілася ўсяго 3 двара з 6 сынамі і 3 каня. Былі ў маёнтку і 9 гаспадарак зямян, расселеных у засценках Добрае, пад Заблоцем і Загор'е.
Пасля вайны пытанне аб набыцці спадчыны Людвікі Караліны Радзівіл паўстала зноў. На гэты раз галоўнымі прэтэндэнтамі выступілі прадстаўнікі іншай, нясвіжскай галіны роду Радзівілаў. Пасля складаных перамоў з князем Нейбургскім была дасягнута дамоўленасць аб заручынах яго дачкі з сынам ужо памёршага на той час канцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла - Еранімам Фларыянам, значна маладзейшым за яе. Адной з умоў заручын быў пераход да Радзівілаў усіх маёнткаў на тэрыторыі ВКЛ, спадчыннае права на якія мела князёўна Нейбургская. І, хаця да шлюбу справа так і не дайшла, маёнткі дасталіся Ераніму Радзівілу. Фармальна ён уступіў у валоданне імі з 1731 г., калі дасягнуў 16-гадовага ўзросту. Фактычна ж яшчэ доўгі час усімі вотчынамі распараджалася яго энергічная і таленавітая маці - Ганна Радзівілава, якая паходзіла з князёў Сангушкаў.
Разам са Смалявіцкім маёнткам да роду Радзівілаў вярнуўся і маёнтак Волма, раней адасоблены ад яго. Ён доўгі час знаходзіўся ў закладзе ў шляхціча Кастроўскага, а затым у яго сыноў Антонія і Марціна. Толькі ў 1737 г. Ганна Радзівілава і яе сын выкупілі гэты маёнтак. Як вынікае з інвентару, складзенага з гэтай нагоды, у склад яго ўваходзілі мястэчка Волма з 121 заселенымі і 5 пустымі пляцамі, вёскі Драчкова (40 валок, 25 дымоў), Пакалін (15 валок, 7 дымоў) з аднайменным фальваркам, Пятровічы (20 валок, 43 дыма), Даманцішкі альбо Дамашаны (14 3/4 валокі, 9 дымоў) і Азярыцкая Слабада (40 валок, 47 двароў) на тэрыторыі Смалявіччыны, а таксама Глебкі (Глебкавічы), Гарадзішча, Каралёў Стан і шэраг засценкаў у сучасным Мінскім раёне, з вялікай пушчай, што цягнулася ад Дамашан і вытокаў ракі Домлі да Зялёнага Луга і Камароўкі на тэрыторыі сённяшняга Мінска [41].
Некаторыя маёнткі, некалі належаўшыя Багуславу Радзівілу, у далейшым трапілі да іншых уладальнікаў. Так адбылося, у прыватнасці, з маёнткам Астрашыцкі Гарадок, тэрыторыя якога ахоплівала паўночна-заходні ўскраек Смалявіччыны. У 1745 г., калі быў складзены інвентар гэтага маёнтка, ён быў уласнасцю скарбніка Мінскага ваяводства Антонія Мінкоўскага-Багушэвіча. На абшарах маёнтка знаходзілася вёска Дуброва з прыблізна 31 валокай і 20 зямянскімі гаспадаркамі (39 сыноў, 31 конь, 7 валоў), а на асобным абшары, цераспалосна з землямі праваслаўнага мітрапаліта - вёска Задомля з 11,5 аседлымі і 12 пустымі валокамі, якімі карысталіся 17 сялянскіх двароў (43 сына, 30 коней, 36 валоў) [42].
Гэты апошні інвентар, дарэчы, сведчыць, што пасляваенны заняпад быў да сярэдзіны XVIII стагоддзя ў асноўным пераадолены. Прынамсі, колькасць цяглавай жывёлы ў сялянскіх гаспадарках была дастатковай для эфектыўнай працы. Адбыўся і некаторы рост насельніцтва, хаця колькасць сялянскіх гаспадарак далёка яшчэ не дасягнула аптымальнай лічбы (прыблізна два двары на адну валоку). У цэлым жа ад росквіту, які назіраўся стагоддзем раней, практычна нічога не засталося.
Падобнае ж становішча фіксуе інвентар маёнткаў Драчкова і Волма за 1758 г.[43] За 21 год пасля стварэння папярэдняга інвентара колькасць двароў не толькі не павялічылася, а дзе-нідзе нават і паменшылася. У Волме было 29 двароў, у Драчкове - 22 (у 1738 г. было на 3 двары больш), у Пятровічах - 37 замест ранейшых 43, у Азярыцкай Слабадзе - 41 замест 47. Дамашаны з 3 дварамі і Пекалін з 4 ператварыліся ў зусім невялікія засценкі. Затое тытул уладальніка маёнтка, прыведзены ў гэтым інвентары, гучыць настолькі пышна, што яго варта прывесці цалкам: «Геранім Фларыян Радзівіл, князь на Алыцы, Нясвіжу, Біржах, Дубінках, Слуцку, Копылі, Клецку і Святога панства Рымскага, граф на Міры, Шыдлоўцу, Койданаве, Копысі, Заблудаве, Кейданах, Крожах і Бяле, пан на Невелю, Себежу і Усеславу, вялікі харунжы ВКЛ, крычаўскі староста, рыцар Арла Белага і Св. Губерта, палацін Рэйнскі».
Адзначым, што за гэтай славеснай аздобай хаваўся паталагічна жорсткі і абмежаваны чалавек, у канцы жыцця - сапраўдны вар'ят, дзівосы якога прынеслі шмат гора яго родным, а тым больш - падданым. У 1760 г. ён памёр, пасля чаго ўсе пералічаныя ў пышным тытуле і шматлікія іншыя маёнткі, уключаючы і Смалявічы з Волмай, адышлі да яго пляменнікаў Караля Станіслава і Ераніма Вінцэнта.
Старшы з іх быў асобай у пэўным сэнсе ўнікальнай. Амаль такі ж самадур, як і яго звар'яцелы дзядзька, але з прыродным розумом, гумарам і нават лагоднасцю, ён так часта звяртаўся да суразмоўцаў са словамі «пане каханку», што яны ператварыліся ў яго мянушку. Незлічоныя багацці ўскружылі яго галаву, і Караль Станіслаў Радзівіл праславіўся экстравагантнымі ўчынкамі накшталт язды ўлетку на санях па дарозе, пасыпанай соллю. Разам з тым ён быў буйнейшым дзяржаўным дзеячом свайго часу, займаў вышэйшыя пасады, у тым ліку быў віленскім ваяводам. «Пане Каханку» быў гарачым патрыётам Вялікага княства, адным з тых нямногіх магнатаў, якія спрабавалі спыніць няўхільны заняпад Рэчы Паспалітай, пазбегнуць яе падзелу паміж суседнімі, больш моцнымі дзяржавамі. Праўда, гэтыя намаганні не прывялі да станоўчых вынікаў.
Ад гэтага апошняга перыяду існавання Рэчы Паспалітай да нас дайшоў яшчэ адзін інвентар маёнтка Смалявічы, складзены ў 1781 г. [44] Мястэчка Смалявічы ў той час мела 5 вуліц - да чатырох існаваўшых здаўна далучылася вуліца Прудовая. У мястэчку было 74 двара, у іх гаспадароў значылася 115 сыноў, 20 братоў і 20 іншых родзічаў мужчынскага полу. Такім чынам, усяго ў Смалявічах было каля 450 жыхароў (калі павялічыць лічбу мужчынскага насельніцтва ўдвая). Пераважалі простыя сем'і, у якіх быў адзін сталы мужчына з сынамі. Так званых непадзеленых сем'яў, у якіх разам жылі дарослыя браты са сваімі жонкамі, было параўнальна няшмат. У цэлым на двор прыпадала каля 6 чалавек, і гэтая лічба была для тых часоў параўнальна нізкай.
Другое мястэчка ў гэтым інвентары ўпершыню выступае не пад старой назвай Багуслаў Поле ці проста Багуслаў, а пад новай, звыклай нам сёння - Жодзіна. У ім на трох вуліцах (Барысаўскай, Мінскай і Жодзінскай) месціўся 41 двор з 37 сынамі, 14 братамі і 23 іншымі родзічамі. Гэта дае агульную лічбу каля 230 жыхароў абодвух палоў, альбо 5,6 чалавек на двор.
У вёсках Смалявіцкай воласці лічбы былі такія: у Смалявічах - 18 двароў і каля 140 чалавек, у Плісе - 32 двара і каля 200 чалавек, у Шэметаве - 7 двароў і каля 40 чалавек, у Забалоцці - 24 двара і каля 180 чалавек, у Дуброўцы - 12 двароў і каля 60 чалавек, у Дайнараўцы - 12 двароў і каля 90 чалавек, у Мікалаеве - 10 двароў і каля 50 чалавек. У цэлым гэта дае 115 двароў і каля 750 жыхароў, ці прыблізна 6,6 чалавек на двор. Да гэтага трэба дадаць яшчэ 11 зямянскіх гаспадарак у засценках Залоззе, Доўгае і Амельянаў, колькасць жыхароў у якіх не пазначана.
Характэрна, што ў сялянскіх гаспадарках колькасць братоў і іншых родзічаў была значна вышэйшай, чым у мяшчанскіх: калі ў абодвух мястэчках на 115 двароў прыпадае 152 сына і 79 родзічаў (з іх 34 брата), то на 115 сялянскіх - 154 сына і 116 родзічаў (у тым ліку 49 братоў). Гэта паказвае, што сярод сялян непадзеленыя сем'і былі больш распаўсюджанай з'явай, чым сярод мяшчан. Сялянскі лад жыцця быў больш патрыярхальным.
Караль Станіслаў Радзівіл памёр у 1790 г., а яго малодшы брат Еранім Вінцэнт - на 4 гады раней. Адзіным спадчыннікам іх уладанняў застаўся яшчэ непаўналетні на той момант сын Ераніма - Дамінік Радзівіл, які сабраў у адных руках усе ўладанні нясвіжскай галіны роду разам з далучанай да іх спадчынай Людвікі Караліны. Ніколі ні раней, ні пазней у гісторыі Беларусі не ўтваралася такая вялізная латыфундыя, належачая адной асобе.
Хутка затым, у 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай уся тэрыторыя Сиалявіччыны была далучана да Расійскай імперыі. Асноўная яе частка была падзелена паміж новаўтворанымі Барысаўскім і Ігуменскім паветамі Мінскай губерні, а невялікая частка на паўночным захадзе ўвайшла ў Мінскі павет. Новыя ўлады захавалі большасць маёнткаў у руках папярэдніх уладальнікаў. Былі канфіскаваны толькі ўладанні віленскага каталіцкага біскупства, да якіх адносіліся маёнткі Шыпяны і Ігумен.
Амаль адразу пасля далучэння, у 1795-97 гг. у Мінскай губерні была праведзена рэвізія (падушны перапіс падаткавага насельніцтва), матэрыялы якой увайшлі ў так званыя эканамічныя заўвагі да генеральнага межавання 1800 г. [45] Хаця гэтыя матэрыялы з'явіліся ўжо пасля знікнення Рэчы Паспалітай, яны фактычна адлюстроўваюць той падзел тэрыторыі Смалявіччыны на маёнткі, які склаўся ў папярэдні час.
У Барысаўскі павет увайшла асноўная тэрыторыя маёнтка Смалявічы, належачага Дамініку Радзівілу: мястэчкі Смалявічы (68 хрысціянскіх і 7 яўрэйскіх двароў, 737 жыхароў) з уніяцкай царквой Св. Міколы і Жодзіна (54 двары, 374 жыхароў) з уніяцкай царквой Св. Пятра і Паўла, паштовай станцыяй, а таксама вёскі Астроўе (адпаведна 9, 64), Дайнараўка (7, 50), Дамашаны (34, 168), Дубраўка (13, 86), Забалоцце (30, 136), Залужжа (6, 25), Мікалаевічы (12, 71), Падыгрушша (8, 80), Пліса (30, 239), Слабодка (42, 231), Шэметава (12, 115), дробныя вёскі і засценкі Восаў (3, 4), Высокая Ляда альбо Паўлінкі (2, 11), Дзямідава Жэсць (2, 11), Дымкава (1, 4), Жажалка (2, 11), Камяніца (1, 13), Масюкова Стапа (5, 35), Прыбор'е (1, 7), Расошна (3, 22), Рыгор (1, 3), Чарніцкая Сцежка (1, 5), Чарніца (1, 4), Ялавіца (3, 35), а таксама населеныя чыншавай шляхтай (зямянамі) Амельянава (12 (67), Высочка (1, 17), Дубавікі (8, 40), Загор'е (5, 23), Крывіца (1, 11), Скураты (3, 38), Уборкі (4, 21).
Па рацэ Плісе Смалявіцкі маёнтак межаваў з маёнткам Глівін, які раней належаў ордэну езуітаў, а пасля яго скасавання ў 1772 г. быў перададзены Сцяпану Свідзе. Да гэтага маёнтка на тэрыторыі сучаснага раёна адносіліся вёскі Паджодзіна (14, 118) і Судобаўка (35, 286) на правым беразе Плісы, якія зараз паглынуў горад Жодзіна.
У тым жа павеце апынулася тэрыторыя раёна, што адносілася да маёнтка Лагойск былога рэфендара ВКЛ Вінцэнта Тышкевіча. Яму належаў фальварак Антаполле з аднайменнай вёскай (22 двара, 154 жыхара), сяло Юр'ева з уніяцкай царквой Св. Георгія (43, 311), вёскі Бабій Лес (15, 89), Сутокі (21, 187), Філонава (9, 44), засценкі Арлова (1, 7), Бродня (1, 24).
Да маёнтка Косіна Юзэфа Тышкевіча адносіліся фальварак Юзэфава, сяло Прудзішча з уніяцкай царквой Пакрова Багародзіцы (15, 94), вёскі Мгле (32, 235), Хаценава (20, 154), засценкі Калодзезь (5, 20), Камёнка (3, 29), Сарнацк (2, 15), Узбярэжжа (1, 17). Яму ж належаў абшар на правым беразе Усяжы і Домлі, які ўвайшоў не ў Барысаўскі, а ў Мінскі павет. Там знаходзіліся вёскі Высокае (6, 48), Задомля (17, 109), Ізбізк (8, 51), Трубічын (12, 71) і засценак Гарадзішча (1, 11).
Таму ж Юзэфу Тышкевічу належаў у Мінскім павеце маёнтак Астрошыцкі Гарадок. Да яго адносіліся фальварк і вёска Дуброва (18, 132), вёскі Кудрышчына (12, 84), Прыстромы (5, 40), Усяжа (5, 31).
Паміж зямель графа Тышкевіча, таксама ў Мінскім павеце, ляжаў маёнтак Прылепы, які раней належаў праваслаўнай мітраполіі, а потым перайшоў да уніятаў. Пры расійскіх уладах ён быў забраны на скарб, а затым часткова перададзены палкоўніку Фадзею Гарадзенскамку. На момант генеральнага межавання апошняму належалі двор і сяло Прылепы з уніяцкай царквой Св. Георгія, вёскі Крушыншчына (2, 22), Ляды (19, 131), Падгарэлец (12, 83), Стадолішча (4, 26). У той жа час ва ўласнасці прылепскай уніяцкай царквы заставалася частка вёскі Аношкі (6 двароў, у якіх жылі 25 чалавек), а іншая частка той жа вёскі (8 двароў, 60 чал.) разам з вёскамі Багута (7, 42), Батурынка (4, 19), Вялікая Усяжа (20, 118), Мосцішча (3, 11), Рудня (15, 85), Рудамейка (7, 50) належалі дзяржаўнаму скарбу.
Той жа палкоўнік Гарадзенскі атрымаў са скарбу папярэдне канфіскаваны суседні маёнтак Калодзезі, у склад якога ўваходзілі вёскі Вялікія Калодзезі (20, 116), Малыя Калодзезі (6, 44), Кавалеўшчына (10, 64), Гадоўкі (4, 20), Малафеявічы (10, 59), Малая Усяжа (9, 49) і засценак Дыменшчына (2, 12).
Паўднёвая частка сучаснага Смалявіцкага раёна паводле новага падзелу адышла да Ігуменскага павета. Там знаходзіўся канфіскаваны ў Віленскага біскупства маёнтак Шыпяны, які быў пажалаваны генерал-лейтэнанту Пятру Ісленьеву. У яго склад уваходзілі сяло Шыпяны з уніяцкай капліцай Успення Багародзіцы (30, 231), вёскі Верхмень (23, 219), Дабраводка (5, 50), Забалоцце (31, 137), Зарэчча (16, 130), Кленнік (26, 203), Шабуні (10, 80), слабоды Шыпянская (19, 135), Буда (4, 38), Заказінец (3, 20), Падліп'е (4, 18), засценкі Асовін (2, 24), Вазок (2, 16), Гуглеўшчына (4, 49), Ліпецкі Вугал (1, 5), Падастровы (1, 4), Радкаўшчына (2, 9), Чарніца (4, 31).
У Ігуменскі павет увайшла і частка Смалявіцкага маёнтка Дамініка Радзівіла: сяло Волма з царквой Пакрова Багародзіцы (34, 173), сяло Драчкова з уніяцкай царквой Св. Казьмы і Дзям'яна (21, 137), фальварк і вёска Пакаліна (5, 41), вёскі Лукава (8, 58), Пятровічы (39, 271), заселеныя чыншавай шляхтай засценкі Дворкі (2, 11), Заям'е (1, 7), Смыкі (1, 6).
Самы ўскраек раёна займала частка належачага Станіславу Манюшку маёнтка Смілавічы, асноўны абшар якога знаходзіўся ў сённяшнім Чэрвеньскім раёне. Да яго адносіліся засценак Данілаўка (1, 4) на захад ад Пятровіч і 32 двары (179 жыхароў) у вёсцы Ляды за ракой Вожай. У гэтай вёсцы ўласнікамі Смілавіцкага маёнтка быў заснаваны базыліянскі ўніяцкі кляштар, у склад фундушавай маёмасці якога ўваходзілі 2 двары (29 жыхароў) у Лядах, а таксама вёскі Грыва (23, 152) і Слабодка з аднайменным фальваркам (8, 37).
У такім выглядзе Смалявіччына ўступіла ў новы этап сваёй гісторыі, калі яна знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі.
- Kodeks dyplomatyczny katedry i diacezji Wilenskiej. Krakow, 1948. S. 214 - 215.
- Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо- Западной Руси. Т. 1. Вильно, 1867. С. 5 - 7.
- Kodeks dyplomatyczny ... S. 500 - 505.
- Русская историческая библиотека. Т. 27. М., 1910. С. 141 - 142.
- Акты Литовской метрики. Т. 1. Вып. 1. Варшава, 1896. С. 124 - 125.
- Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2. Спб., 1848. С. 101 - 103.
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 1. Спб., 1861. С. 58 - 59.
- Там жа, с. 66 - 67.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1897. S. 103, 107.
- Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов (надалей - АВК). Т. 22. Вильно, 1895. С. 388 - 392
- Метрыка Вялікага княства Літоўскага: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (надалей НГАБ). Ф. КМФ-18. Спр. 240. Л. 351 - 351 адв.
- Там жа. Спр. 40. Л. 44 - 46 адв.
- Там жа. Спр. 569. Л. 548 - 552.
- НГАБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 1696. Л. 168 - 205.
- АВК. Т. 36. Вильно, 1912. С. 62 - 64.
- АВК. Т. 18. Вильно, 1891. С. 40 - 43.
- АВК. Т. 36. С. 156 - 162.
- Там жа. С. 183 - 184.
- Там жа. С. 337 - 339.
- Там жа. С. 377 - 378.
- НГАБ. Ф. 1727. Воп. 1. Спр. 16. Л. 1206.
- АВК. Т. 36. С. 388 - 389.
- Там жа. С. 445.
- Там жа. С. 385.
- АВК. Т. 18. С. 104 - 110.
- Там жа. С.122 - 127.
- Там жа. С. 139 - 141.
- НГАБ. Ф. 1727. Воп. 1. Спр. 1. Л. 215.
- Там жа. Л. 237 адв.
- Там жа. Л. 322 адв. - 324.
- Там жа. Л. 620.
- Там жа. Л. 1050 адв. - 1051.
- Там жа. Л. 1327.
- НГАБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 1697 (інвентар 1621 г.). Там жа. Спр. 3870 і 3871 (два экзэмпляры інвентару 1627 г.). Там жа. Ф. 27. Воп. 6. Спр. 119 (інвентар 1643 г.).
- Якимович Ю. А. Зодчество Белоруссии XVI - середины XVII в. Мн., 1991. С. 313 - 316.
- НГАБ. Ф. 27. Воп. 6. Спр. 120.
- Там жа. Спр. 121.
- НГАБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 3875/1.
- Там жа. Спр. 3876/1.
- Там жа. Спр. 3878.
- Там жа. Спр. 4608.
- НГАБ. Ф. 27. Воп. 6. Спр. 8. Л. 22 - 23, 27 - 29.
- НГАБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 877/1.
- Там жа. Спр. 3879.
- Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1350. Воп. 312. Спр. 89.