ПАКАЛЕННЕ ПЕРШАЕ: МІНДОЎГ (1230-ыя - 1250-ыя гады)
Прадстаўнікам гэтага пакалення — тым, хто нарадзіўся напярэдадні альбо ў самым пачатку XIII стагоддзя, а дзейнічаў у першай яго палове — давялося ўбачыць першыя крокі маладой Літоўскай дзяржавы. Сярод асоб, што выступаюць у гэты час на гістарычную сцэну, асабліва адметнымі з'яўляюцца дзве постаці: заснавальнік азначанай дзяржавы Міндоўг (каля 1195—1263) і галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч (1202—1264).
Пра турботнае дзяцінства і юнацтва Данілы і яго малодшага брата Васількі (1204—1269) ужо гаварылася мімаходзь у "Экспазіцыі". Рана згубіўшы бацьку, яны трапілі ў вір барацьбы за галіцкае і валынскае княжанне і паступова ўзялі верх над усімі сваімі сапернікамі. У 1230 годзе апошні з канкурэнтаў за ўладу на Валыні — Аляксандр Белзскі быў адцяснёны на самы ўскраек сваіх уладанняў, у сумежны з Польшчай Перамышль, і практычна ўсё Уладзіміра-Валынскае княства апынулася ў руках двух братоў. Пачалася барацьба за вяртанне бацькоўскага Галіча. Мсціслаў Удатны, цесць Данілы, у 1228 годзе пад дыпламатычным націскам венгерскага караля Андрэя II, за сына якога ён раней выдаў сваю малодшую дачку Марыю, саступіў Галіч на карысць венграў. Хутка Мсціслаў памёр. Даніла пачаў барацьбу з венграмі за Галіч. Яна ішла з пераменным поспехам да 1234 года, калі войска Андрэя II і Аляксандра Белзскага было разбіта Раманавічамі з дапамогай кіеўскага князя Уладзіміра Рурыкавіча. Далучыўшы Галіч да Валыні, Даніла і Васілька зрабіліся яшчэ больш магутнымі уладальнікамі, чым калісьці іх бацька.
Аднак у барацьбу за вяршэнства ў Пауднёвай Русі ўключыўся новы прэтэндэнт — Міхаіл Чарнігаўскі. У 1235 годзе ён выбіў з Кіева Уладзіміра Рурыкавіча, перамог Данілу і ўладкаваў у Галічы свайго дванаццацігадовага сына Расціслава. Тут жа ў барацьбу за Кіеў уступіу прадстаўнік уладзіміра- суздальскай дынастыі Яраслаў Усеваладавіч. Хутка і Уладзімір Рурыкавіч з'явіўся зноў з палавецкай раццю, але вярнуць сабе Кіеў не здолеў.
Гэты вэрхал вакол Кіева — з'ява вельмі звыклая на Русі. Аднак менавіта яна прыкавала да сябе ўвагу летапісцаў, якія канчаткова згубілі з поля зроку Літву. І вельмі шкада, бо тамтэйшыя падзеі мелі значныя вынікі (аднак высветлілася гэта, зразумела, пазней). У Літве ж тым часам на пярэдні план высоўваецца постаць Міндоўга.
Ён упершыню з'яўляецца, як вы памятаеце, сярод удзельнікаў валынска- літоўскага пагаднення 1219 года, прычым знаходзіцца сярод малодшых прадстаўнікоў літоўскай дынастыі-гегемона, на чале якой стаіць Жывінбуд. Калі лічыць, што перад намі княжацкая сям'я-абшчына, то Жывінбуд, напэўна, з'яўляецца сынам яе заснавальніка, а Даўят з Вілікайлам і Даўспрунк з Міндоўгам — сынамі двух памёршых раней старэйшых братоў Жывінбуда. Ордэнскі храніст Генрых Латвійскі — сучаснік Міндоўга — пазначаў, што бацька апошняга быў найвялікшым з літоўскіх правіцеляў свайго часу. Ён, трэба меркаваць, памёр незадоўга да пагаднення 1219 года. Ёсць адзін вельмі верагодны прэтэндэнт на гэтую ролю — князь Даўгерд, які некалькі разоў згадваецца Генрыхам Латвійскім. Нястомны вораг Ордэна мечаносцаў, ён аказваў дапамогу свайму зяцю Усеваладу Герцыкскаму, сам рабіў набегі на ўладанні крыжакоў і рыжскага біскупа. Літоўскую пагрозу адчуваў у гэты час і Уладзімір Полацкі, што вельмі непрадбачліва шукаў ад яе паратунку ў саюзе з Рыгай. У 1214 годзе Даўтерд, калі ездзіў у Ноўгарад дзеля пагаднення супраць Ордэна, быў схоплены на зваротным шляху крыжакамі і загінуў у затачэнні.
Калі меркаванне пра Міндоўга як сына Даўгерда слушнае, то далейшы ход падзей у Літве можна гіпатэтычна рэканструяваць так: пасля смерці Даўгерда вяршэнства перайшло да яго малодшага брата Жывінбуда, які ў 1219 годзе ўзначальвае спіс князёў. Трэці брат (імя яго таксама невядома) — бацька князя Даўята. Апошні ідзе ў пераліку другім пасля Жывінбуда. Паколькі ён названы перад верагоднымі сынамі Даўгерда (Даўспрункам і Міндоўгам), то яго бацька, напэўна, быў старэйшы ў сям'і (дыпламатычныя паперы вельмі ўважліва ставяцца да такіх нюансаў). Той жа Генрых Латвійскі пад 1205 і 1213 гадамі паведамляе пра смерць яшчэ двух літоўскіх кунігасаў — Свелгатэ (Свалеготэ) і Стэцкі. Можа, хтосьці з іх з'яўляўся братам Даўгерда і Жывінбуда. Паводле родавага звычаю ўлада пасля Жывінбуда павінна была перайсці да Даўята, а затым да яго брата Вілікайлы і іх нашчадкаў. Даўспрунк жа і Міндоўг у гэтым выпадку стварылі б асобную генеалагічную лінію, падобную да дынастый Дзевалтвы, Жамойці і іншых малых княстваў.
На самой справе адбылося не так. Іпацьеўскі летапіс зноў згадвае імя галоўнага літоўскага князя прыкладна ў 1235 годзе (на жаль, храналогія гэтага летапісу, дакладней, Валынскага летапісу ў складзе Іпацьеўскага збору, кульгае на абедзве нагі, таму ўсе яго даты прыблізныя). У той час уладаром Літвы з'яўляўся Міндоўг. Што адбылося за папярэднія 16 гадоў— можна толькі гадаць. Можа, Жывінбуд, Даўят і Даўспрунк склалі галовы ў шматлікіх набегах на рускія землі. У "Экспазіцыі" гаварылася пра цяжкія паражэнні, якія часам цярпелі літоўцы ў гэтых набегах. Усяго за год перяд тым, у 1234 годзе, літоўская раць зноў была перахоплена рускай пагоняй на поўдні Наўгародскай зямлі пры адыходзе са Старой Русы.
Магчыма, аднак, што, прынамсі, некаторыя са старэйшых родзічаў Міндоўга сталі яго ахвярамі ў барацьбе за вярхоўную ўладу — характар гэтага князя, як вынікае з больш позніх падзей, ні ў якім разе не супярэчыць такой магчымасці. Міндоўг, безумоўна, любіў уладу і дзеля яе гатовы быў зайсці вельмі далёка.
У маладыя гады Міндоўг, напэўна, удзельнічаў не ў адным паходзе на Русь. У набегах ён авалодваў ваенным майстэрствам, прыглядаўся да жыцця суседзяў, грамадскі лад якіх знаходзіўся на больш высокім узроўні, заваёўваў аўтарытэт і скалочваў адданую дружыну. Можа, ужо тады ў яго з'явіліся нейкія асабістыя сувязі з князямі і баярствам суседніх рускіх княстваў.
Пра гэтыя княствы мы не ведаем амаль нічога. У Полацку смаленскае панаванне, магчыма, скончылася ў 1232 годзе, калі палачане дапамаглі Святаславу Мсціславічу стаць князем у Смаленску. Пасля яго Полацк хутчэй за ўсё вярнуўся да аднаго з Рагвалодавічаў. Прынамсі, крыху пазней, у 1239 годзе, там будзе княжыць Брачыслаў, які аддасць сваю дачку за сына Яраслава Усеваладавіча Уладзіміра-Суздальскага — Аляксандра. Магчыма, Брачыслаў — сын віцебскага князя Васількі Брачыславіча, упамянутага пад 1196 годам. У адным з летапісаў гаворыцца, што праз некалькі гадоў пасля шлюбу маленькі сын Аляксандра і Брачыслаўны знаходзіўся ў Віцебску (у родзічаў па маці?).
Найбліжэйшымі суседзямі Літвы былі Менскае і Ноўгародскае княствы. Пра Менск (як і пра Лагойск з Заслаўем) мы не маем ніводнай звесткі, ніводнай зачэпкі нават для ўскосных меркаванняў. Толькі на стагоддзе пазней менскі князь з'явіцца ў летапісе. Канешне, можна лічыць, што мясцовая дынастыя існавала непарыўна з XII стагоддзя, аднак з такім жа поспехам можна адстойваць і любую іншую думку на гэты конт.
Што датычыць Ноўгародка, то ў ім сучаснікам Міндоўга выступае мясцовы князь Ізяслаў. Зноў-такі можна толькі гадаць, паходзіў ён са старажытнай гарадзенскай дынастыі ці з нейкай іншай. Невядома і пра памер падуладнай яму тэрыторыі. Аднак вельмі верагодна, што да Ноўгародка ў гэты час адносілася ўсё Панямонне з Гораднам, Ваўкавыскам і Слонімам, хаця там маглі быць і свае князі (гадоў праз 20 у летапісе з'явіцца Глеб Ваўкавыскі, а яшчэ праз пакаленне — Васілька Слонімскі). Казаць пра ператварэнне Ноўгародка ў палітычны цэнтр усіх заходніх зямель Русі няма важкіх падстаў. Да мангольскага нашэсця гэты горад упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе двойчы. Першае ўпамінанне — ускоснае: у 1228 годзе "новогородци" (так у летапісе) прынялі ўдзел у канфлікце пінскага князя Расціслава і кіеўскага Уладзіміра Рурыкавіча з Данілам Раманавічам, які быццам бы захапіў дзяцей Расціслава. Кіеўскі князь заступіўся за пінскага і сабраў супраць Данілы войска, у якое ўвайшлі разам з куранамі, пінянамі і тураўцамі жыхары Ноўгародка (вельмі малаверагодна, што ў гэтай лакальнай падзеі ўдзельнічалі войскі Вялікага Ноўгарада, назва якога часта пісалася аднолькава з назвай панямонскага горада).
Другое ўпамінанне—тое самае, дзе зноў з'яўляецца Міндоўг. У 1235 годзе (пра прыблізнасць храналогіі ўжо казалася) адбыўся канфлікт паміж Данілам Раманавічам і Конрадам Мазавецкім, які выкарыстоўваў крыжакоў не толькі для хрышчэння прусаў, але і для захопу сумежнага Падляшша (тэрыторыі яцвяжскага племені палексаў, што ўжо была амаль цалкам каланізавана валынянамі). Выбіўшы крыжакоў з падляшскага горада Драгічына, "по том же лете Данил же возведе на Кондрата Литву Мендога Изяслава Новгородьского".
Гэта практычна ўсё, што мы ведаем пра падзею. Але і лаканічная звестка кажа шмат пра што. Па-першае, Літва належыць Міндоўгу. Па- другое, Ізяслаў Ноўгародскі (пра Вялікі Ноўгарад гаворка ісці не можа — там у гэты момант княжыць Яраслаў Усеваладавіч з Залесся) дзейнічае сумесна з Міндоўгам, што сведчыць аб іх цесных сувязях. Па-трэцяе, і Ізяслаў, і Міндоўг выступаюць ці то як васалы, ці то як наёмнікі ўладзіміра-валынскага князя. Думаць пра раўнапраўны саюз перашкаджае слова "возведе", якое яўна сведчыць пра вядучую ролю Данілы. Характэрна, што Ноўгародак выступас тут не як вораг Раманавіча (што было ў першым выпадку), а як паслухмяны саюзнік. Дарэчы, і ў першым паведамленні роля ноўгародцаў не большая за ролю іншых удзельнікаў кааліцыі — Курска, Пінска і Турава.
Такім чынам, можна пагадзіцца, што Ноўгародак у гэты час пачынае праяўляць большую актыўнасць, чым суседнія гарады, уключаючы Полацк. Але актыўнасць гэтая — другарадная ў агульнарускім маштабе, яна праяўляецца ў падтрымцы акцый Кіева і Уладзіміра-Валынскага — сапраўдных палітычных цэнтраў.
Пад "Літвой Міндоўга" таксама трэба разумець не ўсю тагачасную Літву, а толькі нейкую яе частку. Міндоўг дамогся вяршэнства сярод прадстаўнікоў галоўнай дынастыі, але засталіся нашчадкі і ў яго брата Даўспрунка, і ў Даўята (яны будуць актыўна дзейнічаць праз некалькі гадоў). Па-ранейшаму існуюць самастойныя дынастыі ў Дзевалтве, Нальшанах і Упіце, а жамойцкая дынастыя і ўвогулс набірае моц. Годам пазней на яе долю выпадзе выдатны ваенны поспех: перамога над крыжакамі-лівонцамі.
Бітва адбылася ў верасні 1236 года, калі Ордэн мечаносцаў арганізаваў свой першы крыжовы паход у Жамойць. Гэта была "разведка боем" — пасля падпарадкавання большай часткі тэрыторыі Лівоніі мечаносцы шукалі перспектыўныя напрамкі для працягу экспансіі. Паганская Жамойць з'яўлялася натуральным аб'ектам такой экспансіі.
У паходзе ўдзельнічалі амаль усе браты-рыцары Ордэна (каля 100 чалавек) на чале з магістрам Фалькевінам, апалчэнне падуладных эстаў, ліваў і латгалаў, добраахвотнікі з Заходняй Еўропы, нават атрад з Пскова, які ў той час меў цесныя сувязі з мечаносцамі. Аднак на зямлі Саўле (верагодна, сучасны Шаўляй) жамойты (іх узначальвалі, магчыма, тыя князі Эрдзівіл і Выкінт, што выступаюць у дагаворы 1219 года) ушчэнт разграмілі войска мечаносцаў. Загінулі 48 братоў-рыцараў, у тым ліку сам магістр. Няўдача крыжакоў паспрыяла паўстанню супраць іх на новадалучаных землях куршаў, земгалаў і селаў, якія фактычна выйшлі з-пад кантролю Ордэна і архібіскупства.
У гэты ж час Тэўтонскі ордэн дзейнічаў больш паспяхова: у 1236 годзе скончылася заваяванне прускага племені памезанаў у нізоўях Віслы, на наступны год скарылася суседняя Пагезанія. Выпадак з паходам мечаносцаў ясна паказаў, што чакае Літву і Жамойць, калі тэўтонцы выйдуць на іх межы з захаду. Праўда, пакуль што, здавалася, да гэтага яшчэ далёка: большасць прусаў і амаль усе яцвягі захоўвалі незалежнасць. Але заваёўнікі хутка прасоўваліся наперад.
Уварванне закаваных у сталь чужаземцаў спачатку прывяло прусаў ледзь не ў паніку. З'явіліся нават легенды пра людзей з жалезнымі брухамі, якіх не бяруць мячы і стрэлы. Пазней прусы пераканаліся, што і браніраваных захопнікаў можна біць, але першы раунд, безумоўна, застаўся за крыжакамі. Тэўтонцы выкарыстоўвалі адпрацаваную тактыку — улетку адбываўся вялікі паход з удзелам добраахвотнікаў з Польшчы, Германіі і іншых краін, на новазахопленых землях будаваліся замкі. Рыцары заставаліся ў іх на зіму, каб потым зноў пашыраць уладанні Ордэна.
У 1237 годзе адбылася важная падзея — дэмаралізаваны пасля паражэння пад Саўле Ордэн мечаносцаў аб'яднаўся з больш моцным Тэўтонскім у канфедэрацыю і атрымаў назву Лівонскага. Выпеставаныя Рыжскім архібіскупствам і Мазовіяй, крыжакі пры падтрымцы рымскага папы выйшлі з-пад іх кантролю. Здзейснілася мара фон Зальца аб самастойнай ордэнскай дзяржаве. Праўда, дзяржава была своеасаблівая: яе пануючае кола ўтваралі браты-рыцары, якія лічыліся манахамі і не маглі мець ні жонак, ні дзяцей. Таму існаванне Ордэна залежала ад няспыннага прытоку новых братоў з Германіі і іншых краін. Папская курыя і пасланцы тэўтонцаў рабілі ўсё, каб гэты паток пашыраўся. Па ўсёй Еўропе яны разгарнулі агітацыю, заклікаючы рыцарства прыняць удзел у "выратаванні" (прымусовым хрышчэнні) закаранелых у паганстве прусаў і іншых балцкіх народаў.
У Літве наўрад ці ведалі пра ўсё гэта. Аднак пачуццё небяспекі вісела ў паветры, і аб'ектыўна дзейнасць Міндоўга па канцэнтрацыі ўлады спрыяла таму, што Літва рабілася больш падрыхтаванай для непазбежнай сустрэчы з крыжацкай пагрозай. Магчыма, некаторыя прадстаўнікі літоўскай знаці разумелі гэта і свядома падтрымлівалі прагнага да ўлады князя.
На адносна маладога (Міндоўгу было ў той час каля 40 гадоў), таленавітага і актыўнага правадыра баяздольнай дружыны не маглі не звярнуць увагу і ў сумежных заходнерускіх княствах. Калі ўжо параўноўваць зносіны літоўцаў з Заходняй Руссю і палавецка-паўднёварускія дачыненні, дык варта адзначыць, што кіеўскія князі заўсёды ўважліва сачылі за ходам падзей у палавецкіх качэўях, заводзілі сярод полаўцаў пабрацімаў і сваякоў, шукалі ў іх паратунку ў цяжкі момант і аказвалі такую ж дапамогу палавецкім ханам. Зразумела, князі і баяры Полаччыны, Меншчыны і Ноўгародчыны рабілі тое ж самае ў адносінах да літоўцаў. Прыклад з Усеваладам Герцыкскім, які ажаніўся з дачкой Даўгерда, відавочна, толькі адзін з многіх. I ў Міндоўга, напэўна, меліся сябры і сваякі на Русі, у тым ліку і ў Ноўгародку. Такія людзі пазіралі на яго ўзвышэнне без страху — ім асабіста яно нічым не пагражала. Наадварот, чым мацнейшы станавіўся літоўскі князь, тым больш карысным выглядаў саюз з ім.
Але ўсё гэта наўрад ці мела б значныя вынікі, калі б палітычная сістэма Русі і далей захоўвала стабільнасць. Толькі рэзкі штуршок звонку раптоўна ўсё перамяніў.
Вясной 1237 года ўспыхнуў нарэшце кнот палавецкіх стэпаў. З берагоў далёкай Сырдар'і рушыла на паўночны захад незлічонае мангольскае войска, каб выканаць запавет Чынгісхана: заваяваць паўночна-заходні сектар Сусвету, які быў вылучаны ў свой час пад улус яго сыну Джучы. У паходзе ўдзельнічаў малодшы сын Чынгісхана Кюлькан і дзесяць унукаў, у тым ліку старэйшы сын вялікага кагана Угэдэя Гуюк. Лепшыя палкаводцы мангольскай дзяржавы стаялі на чале тумэнаў, сярод іх — стары Субэдэй, што вёў да перамог яшчэ войска самога Чынгісхана. Вярхоўным военачальнікам, джыхангірам, быў назначаны Бату — трыццацігадовы сын і наследнік Джучы.
Усё лета мангольскае войска заваёўвала ўладанні полаўцаў і волжскіх балгар, а на пачатку зімы дакацілася да межаў Русі. Ніколі раней на яе зямлю не ступаў такі грозны вораг. Манголы адзін за адным захоплівалі гарады, што лічыліся непрыступнымі для стэпавых качэўнікаў. Адно з самых магутных рускіх княстваў — Уладзіміра-Суздальскае рухнула ў некалькі тыдняў. Загінуў у бітве яго ўладальнік Юрый Усеваладавіч, як і трое сыноў яго і пляменнік. Вастрыё варожага нашэсця дасягнула ўскрайку Наўгародскай зямлі, каб з пачаткам вясны праз усходні край Смаленскай і Чарнігаўскай вярнуцца ў палавецкія стэпы.
Здаецца, Русь не адразу зразумела, што старой грамадска-палітычнай сістэме нанесены смяротны ўдар, што ў былы стан яна ўжо не вернецца ніколі. Як певень скача і лётае з адсечанай галавой, так і рускія княствы працягвалі імкнуцца да сваіх ранейшых мэтаў увесь 1238 і пачатак 1239 года, пакуль войска Бату, ці, як яго называлі на Русі, Батыя, зусім побач з імі заканчвала заваяванне полаўцаў, якія рассыпаліся па стэпах.
У 1238 годзе Даніла Раманавіч з братам выбілі нарэшце чарнігаўцаў з Галіча. Радаваліся, што іх дзяржава зноў раскінулася ад Панямоння да Карпат, пераразмяркоўвалі ўладанні. Даніла ўзяў сабе Галіч і Уладзімір, а Васілька — Луцк, Белз і Берасце. У той жа час на поўначы наўгародскі князь Яраслаў, брат загінуўшага Юрыя Усеваладавіча, наводзіў парадак у Смаленску, дзе адбывалася нейкая замятня (верагодна, пасля смерці князя Святаслава Мсціславіча), у якой самы актыўны ўдзел прынялі літоўцы. Яраслаў захапіў у Смаленску нейкага літоўскага князя (ці стаўленіка літоўцаў) і пасадзіў там малодшага брата былого ўладальніка — Усевалада Мсціславіча. У 1238 ці 1239 годзе ён жа справіў у Таропцы вяселле свайго сына Аляксандра з дачкой полацкага князя Брачыслава.
Між тым галоўная бяда была яшчэ наперадзе. Бату метадычна працягвае выконваць волю свайго дзеда. Скарыўшы полаўцаў (толькі невялікая іх частка ўцякла ў Венгрыю да караля Бэлы IV), манголы зноў накіроўваюць удар на Русь, гэтым разам паўднёвую. У 1239 годзе яны захапілі Пераяслаў і Чарнігаў. Тады ж, напэўна, згарэў і Гомель, пра разбурэнне якога сведчыць археалогія. Чарнігаўскі князь Міхаіл падаўся наўцёкі, кінуўшы і Кіеў, што знаходзіўся пад яго кантролем. У наступным годзе войска Бату пераходзіць Дняпро і аблагае старажытную сталіцу Русі. Апошні з буйных уладароў — Даніла Раманавіч — паслаў туды свайго пасадніка, але сам застаўся ў Галічы чакаць сваёй чаргі. Чакаць прыйшлося нядоўга. Гіне ў полымі Кіеў, усланы целамі сваіх абаронцаў, а потым віхура нашэсця пракатваецца праз усю Галіцкую і Валынскую землі і далей на захад, у Малую Полыпчу і Венгрыю. Марна спрабуе спыніць яе Баляслаў Сарамлівы — у сакавіку 1241 года Кракаў спасцігае той жа лёс, што і Кіеў. Гіне ў бітве вроцлаўскі і кракаўскі князь Генрык Набожны (сын памёршага ў 1238 годзе Генрыка Барадатага), хаця коштам жыцця і захоўвае ад манголаў частку сваіх уладанняў. Адначасова церпіць паражэнне і венгерскі кароль Бэла з братам Кальманам.
Неверагодныя поспехі манголаў тлумачацца сярод многіх акалічнасцей адной вельмі простай: іх ваенная машына трымалася на татальнай жорсткасці і страху. Невыкананне загаду, уцёкі ў час бою былі немагчымымі з-за смяротнай кругавой парукі — правіннасць аднаго каштавала жыцця ўсім, хто знаходзіўся побач. Такая сістэма бездакорна дзейнічае ўсюды, дзе яе ўдаецца стварыць. І шчасце чалавецтва ў тым, што стварыць удаецца не ўсюды і не заўжды — толькі там, дзе вельмі нізкі кошт чалавечага жыцця, дзе народ ахоплены экстатычным уздымам і дзе переважная колькасць ствараючых гэтую пачварную сістэму людзей упэўнена, што так і трэба. У стэпавых качэўнікаў адбылося менавіта так. Мангольскія тумэны, што не вагаючыся ішлі на смерць, наводзілі проста містычны жах на праціўніка, які і не здагадваўся, што ў сэрцах яго пераможцаў пануе яшчэ большы жах — толькі перад сваімі.
Бату-хан да 1242 года прайшоў скрозь Венгерскае каралеўства да берагоў Адрыятыкі, і толькі звесткі пра смерць вялікага кагана Угэдэя прымусілі яго павярнуць коней назад. Пакінуўшы ў спакоі тое, што не мог зараз пераварыць, — разбураныя Венгрыю, Польшчу і Паўднёвую Русь — Бату пакінуў у палавецкіх стэпах сваіх намеснікаў і разам з іншымі знатнымі ўдзельнікамі паходу "да апошняга мора" заспяшаўся ў далёкі Каракарум, дзе павінны былі адбыцца выбары новага кагана.
Тады ацалелыя рускія князі пачалі варочацца на выгарышчы спаленых гарадоў. Вярнуліся Міхаіл Чарнігаўскі, пінскія князі Расціслаў Уладзіміравіч і Міхаіл з сынам (напэўна, ён быў братам Уладзіміра Пінскага, што ўпамінаецца ў 1220-ыя гады). Даніла і Васілька перачакалі бяду ў Мазовіі, пры двары князя Баляслава — старэйшага сына Конрада Мазавецкага. Валынскі летапіс апісаў іх сумны зварот. Адалелы Драгічын не адчыніў перад сваімі князямі браму, наваколле Берасця было напоўнена смуродам непахаваных трупаў. Уладзімір-Валынскі таксама ўяўляў груду гарэлага бярвення. Цудам захаваўся толькі пабудаваны незадоўга да таго Холм за Заходнім Бугам. У Галіцкай зямлі баяры захапілі ўладу ў нешматлікіх ацалелых гарадах, і Данілу давялося наводзіць парадак мячом.
Яраслаў Усеваладавіч яшчэ раней, у 1238 годзе, пачаў адраджаць разбураную вотчыну. Ён выдзеліў малодшым братам Святаславу і Івану ў кіраванне Суздаль і Старадуб, а сабе пакінуў стольны Уладзімір і заходнюю палову бацькоўскай вотчыны (Пераяслаў-Залескі, Цвер, Маскву — усе спаленыя). У Ноўгарадзе ён пасадзіў сына Аляксандра, які ў 1240 годзе ў дваццацігадовым узросце вызначыўся перамогай над шведамі на Няве, а праз два гады паспяхова правёў ваенныя дзеянні супраць Лівонскага ордэна, разбіўшы рыцараў на ледзе Чудскога возера.
Смаленская і Полацкая землі былі практычна не закрануты мангольскім нашэсцем. Але пра падзеі, што адбываліся ў іх, па-раненшаму амаль не згадваецца ў летапісах. Здаецца, у смаленску Усевалад Мсціславіч пратрымаўся вельмі нядоўга, пасля там княжыць яго малодшы брат Расціслаў. Невядома, ці захапіла мангольская хваля Пінск і Тураў, а таксама суседнія з разбураным Берасцем княствы Панямоння. Т. Нарбут, праўда, прыводзіць паданне аб тым, што адзін з мангольскіх атрадаў на чале з братам Бату Шэйбакам (Шэйбані?) зайшоў ажно на правы бераг Нёмана, захапіў Ноўгародак і Слонім, але пазней быў разбіты жамойцкім князем Эрдзівілам ва ўрочышчы Шэйбакполе пад Лідай, хоць перамога каштавала жыцця Эрдзівілу. Звестка выглядае вельмі праўдзіва, нават імёны дзеючых асоб гістарычныя, але не выключана, што яе ўдала сачыніў сам Нарбут. Спаленне ж манголамі Пінска вельмі верагодна, бо тамтэйшыя князі мусілі хавацца ў Мазовіі — напэўна, нездарма.
Карта 2. Ваенна-палітычная сітуацыя на Русі ў 1230-ыя – пачатку 1240-ых гадоў.
1 - цэнтры княстваў, падуладных асобным дынастыям; 2— цэнтры ўдзелаў; 3— дзяржаўныя межы; 4— межы княстваў і земляў; 5— накірункі літоўскіх набегаў; 6— накірункі паходаў крыжакоў; 7— накірункі паходаў татар; 8-- тэрыторыя, на якую распаўсюджвалася вярхоўная ўлада папярэднікаў Міндоўга; 9— лічбамі абазначаны: 1— Наўгародская зямля; 2— Мурамскае княства; 3— куршы; 4— змешанае куршска- жамойцкае насельніцтва; 5— Упіта; 6— Дзевалтва; 7- Ламата; 8- Скалвія; 9- Самбія; 10- Надровія; 11- НатангІя; 12- Вармія; 13- Памезанія; 14- Пагезанія; 15- Барція; 16- Галіндыя; 17- Судава; 18- Яцвягія ў вУЗКІМ сэнсе; 19— Дайнава; 20— Палексія; 21— тэрыторыя, падараваная Конрадам Мазавецкім Тэўтонскаму ордэну; 22 — Сілезія
Але асноўным вынікам нашэсця было іншае. Парушылася уся сістэма палітычных дамінант і супрацьваг. Сумежныя з Літвой землі на некалькі гадоў апынуліся перад ёю сам-насам. Пра з'яўленне літоўцаў у Смаленску я ўжо згадваў. Але рэзка ўзрасла іх актыўнасць і на іншых напрамках. У 1245 годзе Літва паўтарыла свой паход праз Таропец на Таржок і Бежыцу, у 1247- ым — на Пскоў, у 1248-ым — на Зубцоў у вярхоўях Волгі. У той жа час літоўскі князь Айшвна з роду Рушкавічаў рабуе ля Перасопніцы, у самым сэрцы Валыні (Валынскі летапіс датуе гэты набег 1246 годам), а ў наступным годзе іншы князь, Лекагвеній (Лугвень?), дзейнічае ля Драгічына. На Драгічын жа робяць напад і яцвягі. А папскі пасланец Джавані Плана Карпіні, які ў гэты ж час падарожнічае ў Манголію, адзначае вялікую небяспеку літоўскіх набегаў у наваколлі Кіева. Заўважым, што летапісы звычайна паведамляюць толькі пра набегі, у якіх рускім князям удалося адбіць палон. Колькі ж іх было болып паспяховых, мы не ведаем, як і тое, колькі багаццяў і русавалосых паланянак знікла ў гэтыя гады ў літоўскіх пушчах.
На тых напрамках, дзе Русь захавала пэўную сілу, літоўцы сустракаюць адпор. Валынскі князь Васілька Раманавіч, напрыклад, нанёс ім некалькі адчувальных паражэнняў. І на поўначы юны Аляксандр Неўскі падхапіў бацькоўскую славу пераможцы літоўцаў, далучыўшы яе да ўжо заваяванай славы пераможцы крыжакоў. За час княжання ў Ноўгарадзе ён перамог ваяўнічых суседзяў сем разоў. Але заўважым, што ўсё гэта — выключна абарончыя дзеянні на сваёй тэрыторыі.
Жыхарам Полаччыны, Палесся і Панямоння было значна цяжэй. Іх гарады ляжалі ў адным-двух конных пераходах ад земляў Літвы, і ў выпадку нечаканага нападу разлічваць на паспяховую пагоню асабліва не прыходзілася, як і на своечасовую дапамогу з Ноўгарада ці Уладзіміра- Валынскага. Даводзілася выкручвацца самім. І найболып надзейны спосаб — жыць з небяспечным суседам у згодзе, бесперашкодна прапускаць драпежныя атрады далей, за свае межы, каб яны, як воўчае логава ля чалавечага жытла, былі пагрозай толькі для далёкіх суседзяў. Менавіта такой тактыкі прытрымліўваўся Міхаіл Пінскі, бо літоўскія ўварванні на Валынь і шляхі адыходу праходзілі якраз праз яго княства.
Калі ж часам згасаў мясцовы княжацкі род, перад баярствам "прыфрантавых" гарадоў паўставала пытанне: дзе ўзяць новага ўладара? Тыя часы, калі вымарачнымі вотчынамі распараджаўся Кіеў, прайшлі — ён зараз сам ляжаў у руінах, і князёў туды прызначаў са сваёй прыволжскай стаукі Бату-хан. Дык што ж — ехаць па князя да яго? Ці не лепей будзе звярнуцца да кагосьці з суседніх і добра знаёмых літоўскіх кунігасаў. У іх жылах таксама цячэ свяшчэнная кроў, што дае адзінае права на ўладу. А што паганцы яны — дык калі з'явіцца перспектыва княжыць на Русі, то ахрысцяцца, нідзе не дзенуцца. Як скажа трыма стагоддзямі пазней Генрых Наварскі, "Парыж варты імшы".
Мы не вельмі добра ўяўляем сабе ўнутраныя падзеі ў Літве ў гэты момант. Але там яўна вызначыліся тэндэнцыі да цэнтралізацыі ўлады. Пануючых цэнтраў рабілася ўсё менш, а князёў, напэўна, пладзілася ўсё больш. Неабходнасці ж у павелічэнні колькасці "нізавых кіраўнікоў" яшчэ не было, таму гэтую прорву "прынцаў крыві" трэба было ці знішчыць, ці некуды распіхаць. Адным словам, ідэя ўладкавання літоўскіх князёў у рускіх гарадах выклікала інтарэс з абодвух бакоў.
І вось у верасні 1248 года папа Інакенцій IV накіроўвае ліст да "новаахрышчанага князя Полацка". Мы не ведаем, хто ён быў, але зразумела, што не рускі. Брачыславу, які княжыў там раней, хрысціцца не было патрэбы. Прыкладна ў той жа час літоўскі князь асталёўваецца ў Ноўгародку (мясцовы Ізяслаў таксама, напэўна, памёр без нашчадкаў). І князь гэты — ні хто іншы, як сам Міндоўг. Як ні дзіўна, крыніцы, сучасныя падзеям, зусім абмінулі гэты факт, які меў выключна важныя вынікі. Упамінанне пра яго захавалася толькі ў значна больш познім Густынскім летапісе, створаным у XVII стагоддзі на падставе розных крыніц. У агульным летапісным тэксце ўпамінанне носіць характар устаўкі: "В сие же лето (1246 год.— В. Н.) великий князь литовский Миндовг прият веру христианскую от Востока, со многими своими бояры, понемнозе же сын его Войшелк постринжеся во иночество, о его же делах будет нижей". Відавочна, што тэкст, які ідзе "ніжэй", павінен быў ужо існаваць у час напісання гэтых слоў. Больш таго, звестка пра прыняцце Міндоўгам праваслаўя яўна супярэчыць Валынскаму летапісу, які добра ведае пра больш позняе яго хрышчэнне ў каталіцтва, нават пра тое, што гэтае хрышчэнне "льстиво бысть" і ўпотай Міндоўг працягваў маліцца паганскім багам, але ні словам не згадвае пра прыняцце ім праваслаўя.
Не выключана, што звестку пра хрышчэнне Міндоўга сачыніў сам стваральнік Густынскага летапісу, каб неяк растлумачыць той факт, што ў далейшым Міндоўг дзейнічаў як уладар Ноўгародка і іншых панямонскіх гарадоў. Гэта і сапраўды можа здацца нечаканым, бо супярэчыць усёй старажытнарускай традыцыі: ніколі раней князем на Русі не станавіўся прадстаўнік іншага, не Рурыкавічаў, роду, тым больш літоўскі паганец.
Адзначым, што ў крыніцах няма ніякіх сведчанняў, что Міндоўг захапіў Ноўгародак гвалтоўна, як і таго, што ён знайшоў там прытулак, калі быў чамусьці выгнаны з Літвы. З агульнага кантэксту вынікае хутчэй, што ён валодаў Літвой і Ноўгародчынай адначасова і са згоды мясцовага насельніцтва. Гэта можна зразумець, калі зыходзіць з таго, что папярэдне Русь утварала агульную палітычную структуру. Захоп татарамі яе жыццёвых цэнтраў, у першую чаргу Кіева, азначаў, што Русь цалкам трапляла ў залежнасць ад татарскіх ханаў (так і адбылося ў далейшым з усімі княствамі Рурыкавічаў — нават з тымі, якіх не дасягнула войска Бату). Пазбегнуць залежнасці выпадала, толькі набыўшы князя з зусім ішпай дынастыі, пры гэтым такога, які меў здольнасць пры неабходнасці аказаць татарам узброенае супраціўленне.
Зразумела, пайсці на рашучы разрыў са старой традыцыяй было няпроста. Маючы законных, спадчынных князёў, Ноўгародак і Полацк, магчыма, ніколі б на гэта не рызыкнулі. Але адсутнасць такіх князёў магла падштурхнуць да нестандартнага ходу, тым больш што новы выбар спярша не выглядаў канчатковым: маўляў, пакуль фармальна выйдзем са складу Русі, а там час пакажа, як жыць далей.
Такім чынам, у руках Міндоўга, апрача родавай вотчыны — Літвы ў вузкім сэнсе, апынулася яшчэ і ўскраіннае рускае княства з ваяўнічым памежным баярствам, якое накшталт жыхароў Курска ў "Слове аб палку Ігаравым" магло сказаць пра сябе: "Под трубами повити, под шеломы взлелеяны, конец копия вскормлени; пути им ведоми, яругы им знаеми, луци у них напряжени, тули отворени, сабли изьострени". Гэты набытак яшчэ больш спрыяў палітычнаму дамініраванню Міндоўга над астатнімі літоўскімі князямі і павялічваў пагрозу для суседзяў. Натуральна, што ні тым, ні другім такое не магло спадабацца. Адразу пачалася складаная гульня, куды ўцягнуліся сілы як унутры Літвы, так і за яе межамі. Успыхнуў канфлікт паміж Міндоўгам і яго пляменнікамі Таўцівілам і Эдзівідам (напэўна, сынамі Даўспрунка), у якім былі замешаны Лівонскі ордэн (галоўны вораг Літвы на поўначы) і Галіцка-Валынскае княства, што выказала прэтэнзіі да Ноўгародчыны. Але каб добра зразумець усе акалічнасці, трэба папярэдне разгледзець больш шырокае кола падзей, зрабіць, так бы мовіць, гістарычна- сінхраністычны зрэз.
З'яўленне магутнай улады ў Літве адразу пачало адчувацца за яе межамі. З мэтанакіраванай знешняй палітыкай Міндоўга сутыкнуўся Тэўтонскі ордэн, які ўжо, здаецца, завяршаў заваяванне прусаў. Пасля вялікага паходу 1240 года на чале з герцагам Браўншвейгскім уладу Ордэна прызналі прускія плямёны вармаў, натангаў і бартаў. Але крыжакі перагнулі палку ў сваёй тактыцы гвалтоўнага хрышчэння. У выніку ў 1243 годзе прусы ўзнялі паўстанне, якое ўзначаліў Святаполк Паморскі. Перабіўшы крыжацкіх місіянераў, яны аблажылі ордэнскія замкі і нават узнавілі набегі на Польшчу. Самую актыўную падтрымку заходнім родзічам пачаў аказваць Міндоўг, які, напэўна, паспеў ужо зразумець, чым пагражае крыжацкая экспансія. Дапамога літоўцаў ускладніла падаўленне паўстання. Згасла яно толькі ў 1249 годзе, калі крыжакам пры ўдзеле папскага пасланца ўдалося памірыцца са Святаполкам.
Аднак тэўтонцы вымушаны былі прыпыніць далейшы рух наперад і заняцца больш трывалым умацаваннем на ўжо ахрышчаных землях. У 1245 годзе на тэрыторыі Ордэна ўтвораны біскупствы: Хельмінскае на падараванай Конрадам тэрыторыі, Памезанскае, Вармійскае і Самбійскае на землях прусаў.
З тактыкай Міндоўга, які пачаў актыўна процідзейнічаць крыжакам на дальніх подступах да сваёй падуладнай тэрыторыі, сутыкнуўся і Лівонскі ордэн. Ён якраз узнавіў націск на куршаў і земгалаў. У дадатак да Рыжскага архібіскупства былі таксама ўтвораны біскупствы: Курляндскае на землях ахрышчаных у 1246 годзе куршаў, Дэрпцкае і Эзельскае ў Эстоніі. Міндоўг жа паслаў на поўнач войска, каб выбіць з Курляндыі і Земгаліі крыжакоў і царкоўнікаў і падпарадкаваць гэтыя землі сабе. Аднак схіліць на свой бок куршаў яму не ўдалося, да таго ж літоўцы пацярпелі ў 1248 годзе цяжкае паражэнне пры аблозе ордэнскага замка Амботэн. Землі куршаў адышлі да Лівонскага ордэна і Курляндскага біскупства. Такім чынам, крыжакі зноў выйшлі непасрэдна да межаў Жамойці.
І ў Польшчы ў гэты час выразна адчуваецца прысутнасць літоўцаў. Іх разам з яцвягамі выкарыстоўвае Конрад Мазавецкі, які амаль адразу пасля адыходу манголаў узнавіў барацьбу з пляменнікам Баляславам Сарамлівым. Ужо ў 1243 годзе ён з дапамогай Данілы і Васілька Раманавічаў намагаўся перашкодзіць Баляславу ўладкавацца ў Кракаве, вакантным пасля смерці Генрыка Набожнага. У 1246 годзе пры ўдзеле літоўцаў Конрад перамог-такі свайго пляменніка, аднак не паспеў пакарыстацца як след вынікамі перамогі, бо праз год памёр. Яго княства дасталася тром сынам, з якіх старэйшы, Баляслаў, хутка таксама памёр, а Казімір і Зямовіт падзялілі між сабой Куявію і Мазовію.
Данілу Галіцкаму ў гэты час даводзілася не толькі адраджаць спустошанае княства, але і зноў адстойваць свае правы на Галіч у змаганні супраць Расціслава, сына Міхаіла Чарнігаўскага. Той знайшоў прытулак у караля Бэлы, які даў яму войска для адваявання Галіча. І вось у 1245 годзе, быццам і не прайшло ўсяго няпоўныя чатыры гады пасля заканчэння крывавага мангольскага пагрому, ацалелыя падчас яго венгры, галічане і валыняне зноў сыходзяцца, каб ліць кроў. Лёс спрыяе Данілу: з дапамогай усё таго ж Міндоўга ў жорсткай бітве пад горадам Яраславам (на захадзе Галіцкай зямлі) ён разграміў Расціслава, які зноў уцёк да венграў.
Аднак грозны Усход хутка нагадаў пра сябе. Чатыры гады, што мінулі пасля адыходу Бату-хана, былі толькі часовым перадыхам. За гэты тэрмін у далёкім Каракаруме вырашыліся ўсе справы: новым каганам абралі сына Угэдэя Гуюка, а Бату атрымаў пацвярджэнне на улус свайго бацькі Джучы. І вось ён зноў з'яўляецца ў палавецкіх стэпах — ужо не як захопнік, а як пан. Цяпер і зямля полаўцаў, і Русь — гэта яго вотчына, тут жыць яму і яго нашчадкам. І Бату пачынае скалачваць з рэшткаў разбітых дзяржаў новую, якая пазней атрымае назву Залатая Арда. (У XIII—XIV стагоддзях яна была больш вядомая як Улус Джучы ці проста Арда.) Яе сталіцу хан закладае на берагах Волгі, для будаўніцтва завозіць палонных майстроў з паловы свету. Са сваіх новых падданых — полаўцаў — ладзіць новае войска, такую ж жудасную машыну разбурэння, якую некалі зрабіў з манголаў яго дзед. Ад гэтага часу нашчадкі полаўцаў і волжскіх балгар будуць хадзіць карнымі набегамі на Русь, і менавіта іх пачнуць называць там словам "татары", якім раней называлі манголаў.
Адначасова Бату бярэ ў свае рукі і палітычную ўладу на Русі. Усе тры ўладары найбольш буйных княстваў: Яраслаў Уладзіміра-Суздальскі, Міхаіл Чарнігаўскі і Даніла Галіцкі — атрымалі грозныя загады ехаць на паклон да хана, прычым Яраславу давялося падарожнічаць ажно ў Каракарум, у стаўку Гуюк-хана. Адтуль ён ужо не вярнуўся — быў атручаны. Такі ж лёс спасціг і Міхаіла — за адмову выканаць паганскі рытуал яго пакаралі смерцю ў стаўцы Бату.Здавалася б, у Данілы было яшчэ менш шанцаў вярнуцца жывым. Бату- хан запатрабаваў у князя адмовіцца ад Галіча. Магчыма, ён збіраўся аддаць яго Міхаілу Чарнігаўскаму ці яго сыну Расціславу. Але выйшла наадварот — Міхаіл загінуў, а Даніла вярнуўся з ярлыком на Галіцкае і Уладзіміра- Валынскае княствы.
Чамусьці зусім знікаюць у гэты час звесткі пра Смаленск. Ён, як быццам, ледзь закрануты мангольскім нашэсцем, аднак у агульнарускіх справах на пэўны час перастае адыгрываць якую-небудзь ролю. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што яго сілы былі цалкам сканцэнтраваны на процідзеянні Літве, магчыма — ранняй смерцю ўсіх сыноў Мсціслава Раманавіча, пасля чаго ў Смаленскай зямлі проста не засталося дарослых князёў. Згасла, напэўна, і дынастыя ў Таропцы — у гэтым горадзе то спраўляе вяселле сын уладзіміра-суздальскага князя, то хаваюцца ад Аляксандра Неўскага літоўцы падчас свайго адыходу ад Таржка ў 1245 годзе.
У гэтых умовах захаванне ў сваіх руках Галіцка-Валынскага княства з'явілася выдатным палітычным поспехам Данілы Раманавіча. З братам Васількам у яго, здаецца, заўсёды было поўнае ўзаемаразуменне, і ўдвух яны ўладарылі ва ўсё больш мацнеючай дзяржаве. Адраджаліся разбураныя гарады, а Холм, які пазбег разбурэння, ператварыўся ў магутную крэпасць. Ваенная моц княства замацоўвалася дынастычнымі сувязямі. Яшчэ раней сястра Данілы і Васількі стала жонкай Святаполка Паморскага, сам Даніла ажаніўся другім шлюбам з пляменніцай Міндоўга, а Васілька быў жанаты з дачкой Юрыя Усеваладавіча Уладзіміра-Суздальскага. У гэты час Даніла выдае сваіх дачок Пераславу і Анастасію за Зямовіта, сына Конрада Мазавецкага, і за Андрэя Яраславіча Уладзіміра-Суздальскага, а ў 1250 годзе дамагаецца нарэшце даўно жаданага шлюбу свайго старэйшага сына Льва з дачкой венгерскага караля Бэлы IV. Ледзь не ўсе адметныя суседзі сталі яго сваякамі.
Даніла энергічна рыхтуе баяздольную дружыну, пераймае ўсё лепшае ў пераможцаў-татар. Ён дазваляе сабе нават удзельнічаць у агульнаеўрапейскай палітыцы, у барацьбе васалаў імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха II. Крыху пазней з'яўленне галіцка-валынскага войска ў Аўстрыі (куды Даніла прыйшоў як саюзнік венгерскага караля) выкліча фурор: "Немцы же дивяшеся оружью татарскому, беша бо кони в личинах и коярех (гуньках.— В. Н.) кожаных, а людье во ярыцех (латах.— В. Н.), и бе полков его светлость велика от оружия блистающа".
Еўропа ўжо крыху апрытомнела пасля шоку ад з'яўлення непераможных манголаў на берагах Адрыятыкі, ля самых межаў Італіі. Абраны ў 1243 годзе новы рымскі папа Інакенцій IV распачаў энергічную дыпламатычную дзейнасць. Ён выправіў у далёкі Каракарум манаха- францысканца Плана Карпіні, які прысутнічаў там пры абранні Гуюк-хана вялікім каганам і вёў з ім перамовы. Наведваў Карпіні і Бату-хана, і Данілу. Папскія легаты актыўна дзейнічалі ў іншых краінах Усходняй Еўропы, намагаючыся спыніць сваркі еўрапейскіх правіцеляў і стварыць адзіны антымангольскі Фронт. Пагроза з Усходу здавалася зусім рэальнай, бо Гуюк- хан не ўтойваў свайго намеру ўзнавіць заваяванне Еўропы "да апошняга мора". Аднак нават у гэтых умовах з аб'яднання нічога не атрымалася: сам папа вёў барацьбу з імператарам Фрыдрыхам, нават вымушаны быў уцякаць з Рыма ў Ліён. Узнятыя ім супраць Фрыдрыха імператарскія васалы не дабавілі міру ў Еўропе. Рускія ж князі, асноўныя патэнцыяльныя ўдзельнікі мяркуемай кааліцыі, вельмі насцярожана ставіліся да заклікаў папы прыняць каталіцтва. Іх недавер падмацоўваўся дзеяннямі Лівонскага ордэна, які не спыніўся на межах паганскай Эстоніі і раз-пораз імкнуўся прыхапіць частку праваслаўнай Наўгародскай зямлі.
Магчыма, Еўропу ўратавала толькі хуткая смерць Гуюк-хана (у 1248 годзе). Яна дала перадых і Русі, бо думкі Бату-хана цяпер былі звернуты на ўсход, туды, дзе ішла барацьба за абранне новага кагана.
Данілу ў гэты час ніхто не перашкаджае дамініраваць на абшарах на поўнач ад Карпат. У сяброўскіх адносінах з ім знаходзяцца яго зяць Зямовіт Мазавецкі і стрыечны брат апошняга кракаўска-сандамірскі князь Баляслаў Сарамлівы. Доўгі час саюзнікам быў і Міндоўг, але рэзкае ўзмацненне літоўскага князя хутка пачынае турбаваць Данілу. Сапраўды, пад кантроль літоўцаў адыходзяць адно за другім заходнерускія княствы, якія хоць і не з'яўляюцца вотчынай Данілы, але маглі б стаць яго лёгкім набыткам, калі б не гэты новы канкурэнт. Таму вастрыё галіцка-валынскай палітыкі паварочваецца на поўнач. У 1248 годзе Даніла разам са сваімі польскімі саюзнікамі робіць паход на яцвягаў. Магчыма, ён меў на мэце не дапусціць такога ж узмацнення Яцвягіі, якое праглядзеў у Літве. А затым дайшла справа і да самой Літвы.
Самы выпрабаваны спосаб аслабіць суседнюю дзяржаву — распаліць у ёй смуту. Верагодна, таму і трапіў у поле зроку Данілы яго швагер — малады і славалюбівы князь Таўцівіл. Валынскі летапіс паказвае галоўным ліхадзеем Міндоўга — той, накіраваўшы пляменнікаў на захоп Смаленска, паслаў услед адтрад забойцаў. Але магчыма, што ініцыятарам варожасці паміж Таўцівілам і Міндоўгам быў першы, за спіной якога стаяў Даніла. Справа закруцілася ў патрэбным Данілу кірунку.
Паводле летапісу, спроба Міндоўга забіць Таўцівіла адбылася ўжо тады, калі Міндоўг захапіў вотчыну сваіх пляменнікаў, "вражбою бо за ворожьство с ними Литву зане, поимана бе вся земля литовская и бещисленое имение их, притрепано бе богатство их". Таўцівіл уцёк да Данілы Галіцкага, і адразу пачалася актыўная дыпламатычная гульня. Прыкладна ў 1249 годзе склалася магутная кааліцыя супраць Міндоўга: Даніла і Васілька, Таўцівіл (нагадаем, Даніла меў за жонку яго сястру), жамойцкі князь Выкінт, хтосьці з яцвяжскіх князёў і, нарэшце, Лівонскі ордэн. Апрача агульных мэтаў, кааліцыю мацавалі і грошы Данілы ("убеди их серебром и дарами многими"). Адбыўся ваенны паход, напрамак якога ясна сведчыць, што ў той момант Міндоўг кантраляваў ужо ўсё Панямонне, а таксама што менавіта гэтая тэрыторыя ўяўляла галоўны інтарэс для Данілы. Галіцка-валынскае войска паваявала Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў, аднак да Ноўгародка, напэўна, дайсці не здолела.
Не дасягнуўшы мэты адным ударам, Даніла накіраваў Таўцівіла ў Рыгу, каб падштурхнуць лівонцаў да больш актыўных дзеянняў.
Шчыры прыём, які аказалі крыжакі, таксама наводзіць на думку, што Міндоўг не дарэмна гневаўся на пляменніка — немцы "сожалишася по нем, ведаху бо — аще Тевтивил не бы изгнан, Литовская земля в руку бе их". Таўцівіл хрысціўся ў Рызе ў каталіцтва пад імем Готліба. Лівонскі магістр Андрэй Стукланд даў яму войска.
Міндоўг, зразумела, не заставаўся пасіўным гледачом. Ён прыкладаў усе намаганні, каб разладзіць кааліцыю: слаў паслоў і да Данілы, і да магістра, не шкадаваў грошай і абяцанняў. І тады магістр як сапраўдны палітык вырашыў здабыць частку, не рызыкуючы ўсім: у абмен за адмову ад падтрымкі Таўцівіла прапанаваў Міндоўгу таксама прыняць хрышчэнне. Такі крок пазбаўляў Літву ад пагрозы з боку крыжакоў, затое і Міндоўг павінен быў адмовіцца ад падтрымкі куршаў, земгалаў і жамойтаў.
Напэўна, Міндоўг знаходзіўся ў тым стане, калі асабліва выбіраць не прыходзілася. Таму пагадненне між ім і магістрам адбылося. Хрышчэнне, паводле позніх звестак, прайшло ў Кернаве. Таўцівіл вымушаны быў перабазіравацца ў Жамойць да Выкінта — свайго дзядзькі па маці. Праціўнікі абмяняліся ўдарамі: спачатку Таўцівіл з жамойтамі, маючы да таго ж валынскую дапамогу, уварваўся ў Літву, затым Міндоўг зрабіў безвыніковую аблогу сталіцы Выкінта — гарадзішча Тверымет (верагодна, пазнейшы замак Цверы ў цэнтры Жамойці). Летапіс паведамляе пра смерць падчас гэтай аблогі (прыкладна ў 1251 годзе) Высімота — напэўна, таго князя Вышымота Булевіча, пасля імені якога ў дагаворы 1219 года зроблена прыпіска: "Его же уби Миндого, то и жену его поял, й братью его побил — Едивила, Спрудеика". Такім чынам, нават змаганне са знешнімі ворагамі Міндоўг выкарыстоўваў для пазбаўлення ад магчымых канкурэнтаў у барацьбе за ўладу.
Між тым Даніла не супакойваўся. Разам з Таўцівілам ён зноў уварваўся ў Панямонне і "плениша всю землю Новгородскую", у тым ліку Горадна. Міндоўг запрасіў міру, але адначасова зрабіў новы палітычны ход: шматлікімі дарамі дамогся нейтралітэту Выкінта. Таўцівіл вымушаны быў зноў шукаць прытулку на Валыні.
Падкрэслім адзін момант: галіцка-валынскае войска ўжо другі раз праходзіць Ноўгародчыну, займае гарады, але гэта не мае ніякіх вынікаў, спрэчная тэрыторыя застаецца пад кантролем Міндоўга. Дадзеную акалічнасць не растлумачыць яго выключнымі дыпламатычнымі ці ваеннымі здольнасцямі. Наўрад ці такое магло б адбыцца, калі б насельніцтва Ноўгародчыны лічыла літоўцаў захопнікамі, а Данілу — вызваліцелем. Тут, напэўна, быў свядомы выбар на карысць Літвы, і сімвалічным увасабленнем яго стала задзірлівая каранацыя Міндоўга летам 1252 года каралеўскай каронай, што ён атрымаў ад папы ва ўзнагароду за хрышчэнне. Каранацыя адбылася ў тым самым Ноўгародку, які безвынікова аспрэчваў Даніла.
На наступны год (1253?) Даніла зноў пачаў масіраваны паход "на Литву, на Новгородок". Магчыма, ён-такі даціснуў бы Міндоўга, аднак зусім іншыя падзеі адцягнулі яго ўвагу і прымусілі пагадзіцца на кампраміс.
Што ж гэта за падзеі? Даніла ўцягнуўся ў вайну з яцвягамі, якую вёў яго зяць Зямовіт Мазавецкі. Напярэдадні трэцяга пахода на Ноўгародак ён удзельнічаў у вялікім паходзе на яцвягаў разам са старэйшым сынам Львом і Зямовітам. Выступленне было вельмі ўдалым. Дваццацітрохгадовы Леў праславіўся, асабіста забіўшы яцвяжскага князя Сцекінта. Яцвягі страцілі значную частку тэрыторыі. Даніла заклаў там новы горад Рай (пазней Райгруд). Аднак поспех патрабаваў далейшага замацавання — і ваеннага, і дыпламатычнага. На яцвяжскія землі прэтэндавалі таксама крыжакі, якія пасля хрышчэння Міндоўга ўзнавілі з падвоенай сілай націск на астатнія балцкія плямёны, а таксама брат Зямовіта Казімір Куяўскі. У 1254 годзе адбылося пагадненне паміж Тэўтонскім ордэнам, Зямовітам і Данілам аб падзеле сфер уплыву ў Яцвягіі. Аднак абдзеленым палічыў сябе Казімір, які, нягледзячы на бясконцыя сутычкі са Святаполкам Паморскім і аддаленасць сваіх уладанняў ад Яцвягіі, таксама імкнуўся набыць новыя землі. Ён захапіў Зямовіта ў палон разам з яго жонкай, дачкой Данілы, і выпусціў толькі ў наступным, 1255 годзе.
Адначасова Даніла ўвязаўся ў яшчэ адну авантуру. У 1252 годзе ён ажаніў свайго другога сына Рамана з Гертрудай Бабенберг — апошняй з роду аўстрыйскіх герцагаў. Фармальна гэта давала права на спадчыну Бабенбергаў, аднак да яе і без таго ўжо мелася шмат ахвотнікаў. Дарэчы, гэты шлюб маладзіцы Гертруды з'яўляўся ўжо трэцім па ліку, і ўсе тры былі звязаны з барацьбой за Аўстрыю. Фактычна ў той момант герцагства знаходзілася пад кантролем маладога чэшскага караля Пжэмысла Отакара — малодшага брата першага мужа Гертруды Уладзіслава. Даніла паслаў Рамана на берагі блакітнага Дуная, але той ледзь не падзяліў лёс двух першых мужоў сваёй жонкі. Яго невялікая дружына трапіла ў аблогу чэшскіх войск, і Даніла мусіў усё ў тым жа 1253 годзе ісці ў паход у Чэхію — вызваляць сына. Дарэчы, у гэтым паходзе давялося ўдзельнічаць і Таўцівілу. Паход скончыўся выратаваннем Рамана, шлюб якога быў скасаваны.
Усе гэтыя дзеянні Даніла прадпрымаў як суверэнны валадар. Аднак заставалася яшчэ трэцяя, галоўная акалічнасць — манголы. У 1252 годзе доўгая барацьба за тытул вялікага кагана нарэшце скончылася, і вельмі ўдала для Бату-хана: каганам замест яго тайнага ворага Гуюк-хана стаў Менгкэ — сын чацвёртага з сыноў Чынгісхана, Тулу. Менгкэ, як і Гуюк, калісьці разам з Бату-ханам удзельнічаў у заваяванні Русі, аднак адносіны між ім і Бату былі значна больш сяброўскімі. Цяпер уладар Улуса Джучы мог зноў шчыльна заняцца рускімі справамі.
А яны між тым значна разладзіліся. Мала таго, што Даніла Галіцкі пачаў адчуваць сябе залішне самастойным, дык і яго зяць Андрэй у сваім Залессі ўзняў галаву. Трэба было тэрмінова наводзіць парадак, дзеля чаго Бату-хан і выслаў сваіх палкаводцаў Няўруя і Курамсу.
Паход Няўруя на Уладзіміра-Суздальскую Русь меў поспех. Князь Андрэй Яраславіч не здолеў абараніць сваю самастойнасць — летам 1252 года татары разбілі яго дружыну ля Пераяслава і рассыпаліся па ўсім Залессі, пакідаючы ззаду смерць і разбурэнне, як і ў чорнай памяці зіму 1237/38 года. Андрэй праз Ноўгарад уцёк у Швецыю. Князем ва Уладзіміры-Залескім стаў старэйшы брат Андрэя — Аляксандр Неўскі, прыхільнік саюза з татарамі.
Даніла Галіцкі не мог не ведаць пра гэтыя падзеі, калі рыхтаваўся да сваіх паходаў у Чэхію, Яцвягію і Літву. Пра яго няўпэўненасць сведчыць і тое, што ён аднавіў зносіны з Інакенціем IV. Па дарозе на яцвягаў, у 1253 годзе, ён атрымаў у Драгічыне прысланую ад папы каралеўскую карону — такую ж, як і яго праціўнік Міндоўг, і практычна адначасова з ім (хоць Іпацьеўскі летапіс і дае іншыя даты, але пра храналогію гэтага летапісу я ўжо казаў). Каранацыя Данілы апрача ўзняцця палітычнага аўтарытэту мела на мэце збліжэнне з каталіцкай Еўропай у разліку на дапамогу супраць татар. Даніла даў папярэднюю згоду на унію каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Аднак ні яго абяцанне, ні абяцанне дапамогі з Захаду так і не былі выкананы, таму і акт каранацыі застаўся чыста фармальным.
Паход Курамсы адбыўся ў той час, калі Даніла ў трэці раз спустошыў Ноўгародскую зямлю. Аднак галіцкі князь, напэўна, ведаў, што рабіў: пакінуты ім заслон у горадзе Крамянцы на поўдні Валыні зрабіў сваю справу. Татары не здолелі ўзяць гэты горад "и возвратишася во страны своя". Тым не менш сітуацыя патрабавала канцэнтрацыі ўсіх сіл. Таму Даніла лёгка згадзіўся на тыя кампрамісныя ўмовы, якія прапанаваў яму старэйшы сын Міндоўга Войшалк, калі з'явіўся на перамовы: Міндоўг застаецца вярхоўным правіцелем Ноўгародскай зямлі, аднак уладаць ёй будзе на правах яго васала няўдалы шукальнік аўстрыйскага трона Раман Данілавіч. Мір быў замацаваны (каля 1254 года) шлюбам трэцяга Данілава сына, Шварна, з дачкой Міндоўга.
Летапіс называе ініцыятарам такога пагаднення Войшалка. Верагодна, самому Міндоўгу яно прыйшлося не надта да густу ці Войшалк на перамовах перавысіў свае паўнамоцтвы. Чамусьці ён пасля гэтага не вярнуўся да бацькі, а ахрысціўся і пастрыгся ў манахі. Магчыма, галіцкі князь пакінуў яго ў якасці заложніка, бо і Данілаў сын Раман пад вярхоўнай уладай Міндоўга ад заложніка не вельмі адрозніваўся. Але не выключана, што Войшалк пастрыгся добраахвотна, бо хрысціянства вельмі кранула яго ўражлівую душу — мы звычайна за кожным учынкам шукаем палітычную падаплёку, зусім не пакідаючы месца імпульсіўным парывам.
Так ці інакш, але пагадненне пачало выконвацца ободвума бакамі. У 1254 годзе Даніла зноў збіраецца на яцвягаў з братам Васількам і сынамі Львом і Шварнам. Ён звяртаецца да Рамана, і той прыходзіць з ноўгародскім палком, а разам з ім два рускія князі — Глеб, цесць Рамана, і Ізяслаў Свіслацкі. Гэты ж Глеб крыху пазней будзе знаходзіцца ў Ваўкавыску. З яго дачкой Раман ажаніўся пасля няўдалага шлюбу з Гертрудай. Цяжка сказаць, ці ў Ноўгародскай зямлі княжыў ён раней пад уладай Міндоўга, ці недзе паблізу. А ў Ваўкавыск трапіў, магчыма, дзякуючы свайму зяцю. Што ж датычыць Ізяслава Свіслацкага, то яго княства даследчыкі марна шукалі на нёманскай Свіслачы, але там няма слядоў старажытнарускага горада. Амаль несумненна, што яго ўладанне — старажытны горад Свіслач — знаходзілася пры ўпадзенні аднайменнай ракі ў Бярэзіну дняпроўскую. Удзел гэтага не надта слыннага князя ў паходзе на яцвягаў паказвае, што літоўска-валынскі ўплыў сягаў даволі далёка на ўсход.
Азначаны паход (у ім удзельнічалі таксама Зямовіт і атрад Баляслава Сарамлівага) замацаваў адыход часткі яцвяжскай тэрыторыі (будучае паўночнае Падляшша) пад уладу Валынскага княства.
Яцвягаў на чале з іх князем Юндзілам абклалі данінай. Напэўна, не засталіся пакрыўджанымі і мазаўшане — да іх адышла тэрыторыя на поўнач ад Нура, за горадам Візнай.
А затым настаў час яшчэ аднаго смелага прадпрыемства — паходу ў Кіеўскую зямлю, якая трапіла пад уплыў Галіцка-Валынскага княства, але пасля набегу Курамсы зноў адпала. Фактычна то быў паход супраць Арды, за кантроль над часткай яе тэрыторыі.
Гэтым разам Міндоўг паслаў на дапамогу не толькі Рамана з ноўгародцамі, але і літоўскі атрад на чале з князем Сірвідам Рушкавічам і ваяводам Хвалам. Апошняе паказальна: князі іншых дынастый ужо зведзены Міндоўгам да ўзроўню ваявод, вымушаных служыць яму гэтак жа, як служаць баяры накшталт Хвала. Дарэчы, імя апошняга сведчыць аб яго рускім паходжанні (напэўна, з баяр Ноўгародчыны), між тым ён — вядомы палкаводзец Міндоўга, які вадзіў літоўскія палкі на Русь ("иже велико убиство твореша земле Черниговской"). Крыху пазней мы ўбачым у Літве збеглага з Разані князя-ізгоя Астафія Канстанцінавіча — ён таксама стане служыць Міндоўгу ваяводам.
Між тым пакуль літоўска-ноўгародскае войска дабіралася да Кіеўшчыны, там ўсё было скончана: Даніла выбіў татарскіх намеснікаў (сярод іх выхадца з курска-северскай галіны чарнігаўскіх князёў Ізяслава Уладзіміравіча) з гарадоў па Паўднёвым Бугу і Цецераву. Паспеўшы да разбору шапак, літоўцы засталіся без ваеннай здабычы, дзеля якой, уласна кажучы, і пайшлі ў паход. На зваротным шляху, дачакаўшыся, пакуль Раман паедзе наведаць бацьку, яны кінуліся рабаваць ваколіцы Луцка: трэба меркаваць — каб кампенсаваць сваё спазненне. Так ледзь наладжаная літоўска-валынская згода імгненна ператварылася ў новую бойку. Валынцы хутка дагналі рабаўнікоў і адбілі палон, забіўшы ваяводу Хвала. Гэты інцыдэнт наўрад ці спрыяў паляпшэнню адносін. Ва ўсякім выпадку, наступны набег Курамсы (каля 1257 года) Даніла і Васілька адбіваюць самастойна — пра літоўскую дапамогу няма ўжо ні слова.
Праўда, няўдалы Курамса і гэтым разам нічога не дасягнуў. Разбіты галіцка-валынскім войскам, ён адкаціўся назад у стэпы. Перамогу Данілы і Васількі азмрочыў толькі нечаканы пажар іх лепшай крэпасці Холма, які згарэў "от окаянной бабы" — ад незагашанага своечасова нейкай гаспадыняй агню.
Для Міндоўга дзеянні Курамсы, безвыніковыя для татар, мелі куды больш важкія вынікі — яны адцягнулі ўвагу Данілы і прыпынілі на пэўны час разбуральную вайну за Панямонне. Маладая літоўска-ноўгародская дзяржава ацалела, хоць і не без вялікіх страт. Галоўнай з іх было вымушанае хрышчэнне Міндоўга. Праўда, гэты акт азначаў далёка не тое самае, што хрышчэнне прусаў і ліваў, ён не прывёў да страты дзяржаўнай незалежнасці Літвы. Аднак Міндоўг як хрысціянскі кароль не меў цяпер маральнага права дапамагаць суседнім паганскім плямёнам, землі якіх дагэтуль з'яўляліся буферам між ім і крыжакамі. Больш таго, яму давялося адмовіцца і ад сюзерэнітэту над Жамойцю і паўднёвай часткай Земгаліі, што ўжо былі ўвайшлі ў склад яго дзяржавы.
У крыжацкім архіве ў Кёнігсбергу захавалася некалькі пагадненняў паміж Міндоўгам і Тэўтонскім ордэнам, у якіх замацоўваецца адыход шэрагу жамойцкіх і земгальскіх валасцей пад уладу апошняга. Яшчэ больш дакументаў сфальсіфікавалі крыжакі, каб стварыць прэцэдэнт для пашырэння сваёй экспансіі. Адна з такіх грамат (калі і падробленая, то даволі праўдзіва) мае подпісы не толькі Міндоўга, але і набліжаных да яго асоб, што дазваляе нам хаця б часткова ўявіць стан літоўскай дынастыі. Пасля Міндоўга там названы муж яго сястры Лангвінус (напэўна, той самы Лугвень, які ўзначальваў адзін з літоўскіх набегаў на Драгічын), іншыя родзічы: князь Парбусе з якогасьці ўладання Нене (магчыма, скажоная форма назвы "Нярыс"—нейкай воласці на рацэ Віліі), Гердзень з Нальшан, Веге, Весягайла і малодшы Парбусе, а таксама чацвёра баяр ("баронаў") — Лігейка, Схабле, Біец і Буне. Характэрна, што на чале Нальшанскага княства ўжо стаіць родзіч Міндоўгаі Гердзень — верагодна, ён заступіў месца знікнуўшай тамтэйшай дынастыі. У познім радаводзе (XV стагоддзе), увогуле зусім неймаверным, ёсць звесткі пра Гердзеня, сына Давіла і стрыечнага брата Міндоўга. Некаторыя даследчыкі схіляюцца да таго, што Гердзень і сапраўды мог быць сынам князя Даўята (Даўяла) з дагавора 1219 года і блізкім родзічам Міндоўга (праўда, не стрыечным, а траюрадным яго братам). Праўдзівыя звесткі пра яго маглі захавацца таму, што ў Цверы, дзе афармляўся гэты радавод (пазней змешчаны ў Васкрасенскім летапісе), пэўны час быў епіскапам Андрэй — быццам бы ахрышчаны сын Гердзеня. Усе пералічаныя довады вельмі хісткія. Але Гердзень — постаць безумоўна гістарычная, мы яшчэ сустрэнем яго ў далейшых падзеях. Тое ж можна сказаць і пра Лугвеня, які згадваецца не толькі ў Іпацьеўскім летапісе, але і ў ордэнскай "Рыфмаванай хроніцы", дзе ён паўстае як адзін з буйнейшых уладароў Літвы, уладальцік дружыны ў 500 чалавек і двара з чэляддзю.
Між тым прусы, ад якіх адракліся і Святаполк Паморскі, і Міндоўг, працягвалі супрацьстаяць Тэўтонскаму ордэну. Галоуным ачагом іх супраціўлення на пачатку 1250-ых гадоў зрабілася Самбія — найбольш густанаселеная старажытная пруская тэрыторыя (заходняя частка сучаснай Калінінградскай вобласці). Зімой 1252/53 года самбійцы нанеслі крыжакам сур'ёзнае паражэнне. Адказам на яго быў маштабны крыжовы паход 1254 года, які ўзначаліў пераможца ў барацьбе з Раманам за спадчыну Бабенбергаў — малады чэшскі кароль Пжэмысл Отакар. На бок захопнікаў перайшоў адзін са знатнейшых прускіх арыстакратаў — Гедуне са старажытнага роду Кандэйм. Ён перадаў Отакару звесткі пра ваенныя сілы самбійцаў. За гэта кароль адправіў яму сцягі, вывесіўшы якія Гедуне мог захаваць уласныя маёнткі ў час уварвання крыжакоў. Але лёс пакараў здрадніка: пасланец са сцягамі спазніўся, і імклівае крыжацкае войска знішчыла двор Гедуне і ўсіх яго родзічаў.
Самбія мусіла скарыцца, на месцы яе крэпасці Тавангеце быў заснаваны магутны замак, у гонар чэшскага караля названы Кралеўцам (Крулеўцам, па-нямецку — Кёнігсбергам). Крыху раней, у 1253 годзе, на поўначы ад вусця Нёмана на землях племені ламатаў, якія "падараваў" тэўтонцам Міндоўг, узнік ордэнскі замак Мемельсберг (сучасная Клайпеда). Экспансія Ордэна з боку Прусіі сутыкнулася з сустрэчным рухам лівонцаў па Курляндыі, балтыйскі бераг амаль цалкам апынуўся пад уладай крыжакоў.
У 1255 годзе плямёны, што захавалі незалежнасць,—скалвы і надровы — разам з яцвягамі пайшлі ў Самбію з намерам пакараць арыстакратаў- адступнікаў і зноў узняць народ на барацьбу. Але крыжакі адбілі ўдар, уварваліся ў адказ у Натангію і разбурылі балцкі культавы цэнтр Ромува, які ў выніку быў перанесены на землі Жамойці, да вусця ракі Дубісы. У рэчышчы гэтых падзей знаходзіўся і падзел Яцвягіі на сферы ўплыву паміж Ордэнам, Мазовіяй і Валынню, і заснаванне валынскага апорнага пункта Рая на яцвяжскіх землях, пра якія размова ішла вышэй. Кола варожай аблогі з усіх бакоў набліжалася да межаў Літвы.
Тым часам і ў Ардзе адбыліся змены. У 1256 годзе памёр Бату-хан, якому было ўсяго 48 гадоў. Яго сын Сартак атрымаў у Каракаруме ярлык на бацькоўскі улус, але па дарозе з Манголіі нечакана памёр (магчыма, і тут не абышлося без атруты). Новым ханам стаў малодшы брат Бату — Берке. Ён энергічна ўзяўся за справу, пабудаваў для сябе новую сталіцу Сарай-Берке на Ніжняй Волзе і таксама пачаў наводзіць "парадак" на Русі. Арда пераходзіла да метадычнай эксплуатацыі заваяваных зямель. З мэтай устанаўлення пагалоўнага падатку па ўсёй Русі раз'ехаліся татарскія перапісчыкі.
На парадку дня стаяла аднаўленне татарскага кантролю над Галіцка- Валынскім княствам. Але Берке ўлічыў вопыт свайго брата. Ён накіраваў у паўночначарнаморскія стэпы замест Курамсы свайго лепшага палкаводца Бурундая з незлічоным войскам, якое значна перасягала ўсё, што мог супрацьпаставіць Даніла. Адначасова Бурундай меўся нанесці ўдар і па Літве Міндоўга.
Даніла апынуўся перад выбарам. На яго ішоў ужо не Курамса, якога ён ніколі не баяўся. Зараз трэба было ці скарыцца, ці змагацца насмерць, падстаўляючы пад татарскія шаблі ўсё насельніцтва сваёй дзяржавы. І Даніла вырашыў скарыцца. Аднак гэтага аказалася мала: Бурундай запатрабаваў, каб галіцкі князь разам з ім рушыў на Літву, а гэта значыць — і на ўласнага сына. Пасля аднаго цяжкага рашэння належала прыняць другое!
Даніла паспрабаваў ухіліцца, назваўся хворым і паслаў замест сябе брата Васільку. Але гэта нічога па сутнасці не мяняла: татарскі паход на Літву ўсё роўна адбыўся і ўсё роўна ў ім удзельнічала валынскае войска. Такім чынам, Міндоўг зноў ператвараўся ў ворага, але ўжо пры зусім іншым палітычным раскладзе. Наступныя падзеі паказалі таксама, што Раман ў Ноўгародку і сапраўды з'яўляўся заложнікам — адразу пасля выступлення Бурундая з Васількам ён быў схоплены літоўцамі і некуды знік. Адначасова і манах Войшалк вяртаецца да палітычнай дзейнасці, а разам з ім і былы саюзнік Таўцівіл парывае з Данілам — менавіта іх летапіс называе галоўнымі віноўнікамі паланення Рамана.
На жаль, скорагаворка летапісу не дазваляе як след разабрацца ў падзеях. Гэты момант — адзін з самых заблытаных. Войшалк, як мы памятаем, хрысціўся ў 1254 годзе і застаўся манахам у манастыры на Валыні. Адтуль ён нават рабіў паломніцтва ў Іерусалім, але дайшоў толькі да Балгарыі з-за ваенных дзеянняў на Балканах, як паведамляе пазнейшая ўстаўка пра жыццё Войшалка, змешчаная ў Іпацьеўскім летапісе. Устаўка гэтая вельмі нагадвае жыцці святых, прынамсі, яна зроблена па іх узору і належыць пяру царкоўніка. У ёй гаворыцца, што да хрышчэння Войшалк княжыў у Ноўгародку і вызначаўся выключнай жорсткасцю, а спазнаўшы Хрыста, стаў зусім іншым чалавекам — рахманым і богалюбівым. Відаць, падобныя словы не варта надта прымаць да веры. Але далей паведамляецца, што праз тры гады жыцця ў манастыры Войшалк з дазволу Данілы пайшоў прапаведаваць у Літву, дзе заснаваў паблізу ад Ноўгародка так званы Лаўрышаўскі манастыр. Верагодна, гэта ўжо частка гістарычнага падання пра заснаванне манастыра, менавіта ў ім жыццё Войшалка апісана і адсюль трапіла да стваральніка канчатковай рэдакцыі Іпацьеўскага летапісу.
Такім чынам, напярэдадні паходу Бурундая Войшалк знаходзіўся ў манастыры на ўскрайку Ноўгародскай зямлі. Але чаму менавіта ён захапіў Рамана? Наўрад ці гэта было зроблена ў інтарэсах Міндоўга, бо, паводле той жа ўстаўкі, пасля хрышчэння Войшалк жыў з бацькам у нязгодзе. Прычым разам з ім дзейнічаў Таўцівіл — швагер і былы паплечнік Данілы, люты вораг Міндоўга. Застаецца меркаваць, што Войшалк і Таўцівіл выкарысталі татарскае нашэсце для таго, каб адарваць Ноўгародскае княства і ад Літвы, і ад Валыні, зрабіць яго самастойным уладаннем. М. Ермаловіч лічыць, што ўладу ў Ноўгародку атрымаў Войшалк, але пра часовае расстрыжэнне яго паведамляецца пазней, ужо пасля смерці Міндоўга. Да таго часу ён заставаўся манахам. Верагодней, што на ўладу прэтэндаваў Таўцівіл, а Войшалк яму спрыяў.
Між тым войска Бурундая з Валыні ўварвалася ва ўладанні Міндоўга, спусташаючы Літву і Нальшаны (Іпацьеўскі летапіс датуе гэты паход 1260 годам, па іншых крыніцах ён адбыўся ў 1257 годзе). На жаль, падрабязнасцей ваенных дзеянняў мы не ведаем. Валынскі летапіс паведамляе галоўным чынам пра Васільку, які беспаспяхова шукаў у Літве схопленага пляменніка, Наўгародскі ж абмяжоўваецца адной загадкавай фразай: "Тои же зимы взяша татарове всю землю Литовскую, а самехь избиша" (каго "саміх"? літоўцаў? татар?). Археалогія, са свайго боку, сведчыць, што на шматлікіх паселішчах Беларусі (у тым ліку такіх квітнеючых, як Слуцк і Клецк) з сярэдзіны XIII стагоддзя практычна спыняецца накапленне культурнага слоя — на працягу наступных паўтара стагоддзяў жыццё там ледзь тлее. Магчыма, заняпад пачаўся менавіта з паходу Бурундая.
Бясспрэчна толькі тое, што Бурундаю не ўдалося ажыццявіць сваю галоўную мэту — падпарадкаваць Літву ардынскай уладзе. Магчыма, Міндоўг схаваўся ў лясах і збярог свае асноўныя сілы, а магчыма, "избиша" ўсё ж-такі татар. Вельмі ўжо супадаюць некаторыя дэталі падання пра бітву пад Койданавам (сучасны Дзяржынск) з абставінамі паходу Бурундая. Праўда, у паданні гаворыцца, што ўзначальваў татарскую раць Койдан, які там і загінуў (адсюль назва), але ж гэта мог быць і адзін з малодшых ваяводаў Бурундая. Дарэчы, у іншым варыянце койданаўскага падання выступае "цар Балаклай", хаця праціўнікам яго з'яўляецца не Міндоўг, а міфічны князь Скірмунт.
Пра паражэнне Бурундая ўскосна сведчыць і тое, што "хворы" Даніла раптоўна пачынае вельмі актыўна дзейнічаць у пошуках сына — напэўна, Бурундай яму ўжо не страшны. Галіцкі князь з войскам урываецца ў Панямонне, захоплівае Ваўкавыск, але знаходзіць там толькі Раманава цесця Глеба. Ні знайсці Рамана, ні захапіць Войшалка і Таўцівіла яму не пашчасціла. Далейшы лёс Рамана застаецца загадкай. У рускіх крыніцах ён больш не з'яўляецца — магчыма, на момант пошукаў яго ўжо не было ў жывых. Праўда, "Велікапольская хроніка" паведамляе, што ў аблозе Сандаміра ў наступным годзе ўдзельнічаў і Раман, але, магчыма, гэта памылка храніста.
Таўцівіл пасля ўцёкаў ад Данілы ў Ноўгародак больш не вярнуўся. Затое ў хуткім часе мы сустрэнем яго ў якасці полацкага князя. Прычым вельмі верагодна, што ўладкаваўся ён там якраз у 1258 годзе, бо гэтым годам датуецца набег "литвы с полочаны" на Смаленск, у час якога быў спалены замак Воішчына. Праўда, і да Таўцівіла ў Полацку сядзеў літоўскі князь, але той, здаецца, паводзіў сябе больш ціха. Войшалк жа хутчэй за ўсё пазней вярнуўся ў свой манастыр.
Між тым татары, можа, і адступіліся ад Літвы, але Галіцка-Валынскую Русь пакідаць у спакоі не збіраліся. Не прайшло і года, як усё той жа Бурундай зноў з'явіўся на мяжы з новым незлічоным войскам. Гэтым разам ён накіраваўся на землі яшчэ аднаго Данілава саюзніка, Баляслава Сарамлівага. І зноў галіцка-валынскія князі вымушаны ўдзельнічаць у паходзе, абрываючы ўсю сістэму сваіх былых палітычных сувязяў. Але перад тым іх чакала яшчэ горшае выпрабаванне — пад пагрозай вайны Бурундай загадаў знесці ўмацаванні іх гарадоў.
Гэта быў канец былой магутнасці Галіцка-Валынскага княства. Сваімі рукамі прыйшлося знішчаць тое, што самі ж і будавалі. Але выбар прадвызначыўся яшчэ годам раней, калі Даніла і Васілька першы раз не здолелі даць рады Бурундаю. Зараз жа, сказаўшы "а", даводзілася казаць і "б".
Услед за тым галіцка-валынскае войска далучылася да войска Бурундая, і яны сумесна спустошылі Сандамірскае княства. Горад Сандамір другі раз за васемнаццаць гадоў быў разбураны татарамі, зараз ужо пры ўдзеле рускіх князёў. "Велікапольская хроніка" прыпісвае ім ледзь не галоўную ролю ў падзеях. Быццам, калі аблога зацягнулася, Васілька Раманавіч і яго пляменнікі Данілавічы пачалі перамовы з гараджанамі, пераконваючы тых здацца. Але як толькі бяззбройныя жыхары Сандаміра выйшлі з брамы, "татары накінуліся на іх, як ваўкі на авечак, праліваючы велізарную колькасць крыві бязвінных людзей, так што патокі яе разліліся, сцякаючы ў Віслу, выклікалі яе паводку. І калі яны стаміліся ў сваёй лютасці, астатніх мужоў, як статак свіней, спіхнуўшы ў раку Віслу, патапілі. Маладых жа кабет, прыгожых дзяўчат і хлопцаў увялі з сабой у палон".
Пасля гэтых падзей палітычны прэстыж Галіцка-Валынскага княства быў падарваны канчаткова. Страціўшы гарадскія ўмацаванні, яно засталося безабаронным перад любым ворагам — бяспека яго залежала зараз ад Арды. Да таго ж двухразовы праход шматтысячнай татарскай конніцы ў абодва бакі праз усё княства прынёс ненамнога менш спусташэнняў, чым сапраўдная вайна. Працэс утварэння самастойнай дзяржавы на поўнач ад Карпат спыніўся.
Але з Літвой справы абстаялі інакш. Ні поспехі крыжакоў на берагах Балтыкі, ні грозны набег Бурундая не паменшылі яе жыццяздольнасці. Як сціснутая спружына, чакала яна аслаблення варожага напору, каб выпрастацца. І такі момант настаў у 1260 годзе, калі першая ж спроба тэўтонцаў прыступіць да заваявання Жамойці скончылася для іх катастрофай.
Гэта быў вялізны крыжовы паход, які ўзначальваў шведскі прынц Карл. Апрача рыцараў Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў у паходзе ўдзельнічалі добраахвотнікі з Даніі і Швецыі, а асноўную масу воінаў складалі мабілізаваныя прусы, куршы і эсты. Жамойцкае войска сустрэла іх яшчэ ў межах Курляндыі, ля возера Дурбе. Здарылася так, што ў пачатку бітвы пакрыўджаныя напярэдадні крыжакамі куршы перайшлі на бок жамойтаў, а эсты пакінулі поле бітвы. Жорсткі бой цягнуўся некалькі гадзін і скончыўся поўным паражэннем крыжакоў: загінулі прынц Карл, лівонскі магістр Горнхаўзен, маршалак Тэўтонскага ордэна Боцель, да канца верныя новым гаспадарам прускія князі Матха Памезанскі і Склода Самбійскі, 150 братоў-рыцараў (столькі абодва ордэны дагэтуль не гублялі ніколі).
Вестка пра паражэнне "жалезнабрухіх" крыжакоў абляцела прускія землі. Як іскра, трапіла яна ў грымучую сумесь незадавальнення скораных народаў. У жніўні 1260 года, праз некалькі тыдняў пасля бітвы пры Дурбе, на землях Прусіі ўжо палыхала магутнае паўстанне. У Натангіі яго ўзначаліў прускі арыстакрат Геркус Мантас, у Варміі — Гланне, у Бартыі — Дыване па мянушцы Мядзведзь. Гнеў паўстанцаў быў накіраваны не толькі супраць крыжакоў, але і супраць той часткі арыстакратаў, што верна ім служыла.
Міндоўг толькі таго і чакаў. Ён адразу забыўся на сваё хрышчэнне, на пагадненні з крыжакамі і накіраваў войска на дапамогу паўстанцам. У Жамойці з'явіўся яго намеснік, малады князь Транята, якога крыніцы называюць сынам сястры Міндоўга, напэўна, бацькам быў Лугвень. Сам Міндоўг узнавіў набегі на навакольныя землі. У тым жа годзе яго войска спустошыла Мазовію, захапіўшы нават яе сталіцу Плоцк.
У адказ крыжакі разам з Зямовітам Мазавецкім зімой 1260/61 года арганізавалі карны паход у Літву. Аднак і ён скончыўся іх паражэннем і ўцёкамі. Акрылены Міндоўг, напэўна, пачаў ужо марыць аб тым, каб увогуле скінуць рыцараў у мора. Ён актывізуе дыпламатычную дзейнасць, завязвае зносіны з Аляксандрам Неўскім, Таўцівілам, сынам Данілы Галіцкага Шварнам. У 1261 годзе магутная кааліцыя ў складзе Траняты, сыноў Аляксандра Неўскага, Таўцівіла Полацкага і віцебскага князя Канстанціна (зяця Аляксандра) рушыла ў Лівонію. Аднак з-за несуладнасці дзеянняў літоўскіх і рускіх палкоў выступленне не прывяло да мяркуемых вынікаў.
У наступным 1262 годзе Міндоўг нанёс магутны ўдар па Мазовіі, помсцячы за ўдзел Зямовіта ў крыжовым паходзе. Мазавецкае войска было разбіта, а сам Зямовіт разам са старэйшым сынам Конрадам трапіў у палон. Далей адбылася драматычная падзея. Разам з Міндоўгам у паходзе ўдзельнічаў Шварн. "Велікапольская хроніка" паведамляе, што менавіта ён засек свайго палоннага швагра Зямовіта (праўда, паводле іншых звестак, гэта зрабіў нехта з прыбліжаных мазавецкага князя). Сын апошняга, Конрад, унук Данілы Галіцкага, быў адвезены ў Літву і пазней адпушчаны за выкуп.
Міндоўг дасягнуў, бадай, вяршыні сваёй магутнасці. Яму ішоў ужо сёмы дзесятак, але гады не сагнулі яго магутную постаць. І не на ложку чакала яго смерць. Валынскі летапісец так характарызуе яго ў апошнія гады панавання: "Миндовг самодержечь бысть во всеи земли Литовскои. Бысть князящю ему в земли Литовском и нача избивати братью свои и сыновци свою (пляменнікаў.—В. Н.), а другие выгна из земли, и нача княжити один во всеи земле Литовскои, и нача гордети велми, и вознесеся славою и гордостью великою, и не терпяше противу себе никого же". Зразумела, такое самаўладдзе не магло задаволіць іншых князёў і баяр, якія яшчэ добра памяталі часы, калі Даўгерд і Жывінбуд былі толькі першымі сярод роўных. Таму вакол Міндоўга плялася змова. Новае пакаленне князёў рыхтавалася выйсці на пярэдні план.