ЭКСПАЗІЦЫЯ

20-ыя гады XIII стагоддзя — менавіта ад гэтага часу пачну я сваё апавяданне. Але спачатку давайце не спяшаючыся разгледзім гістарычную сцэну, на якой будзе разгортвацца дзея.

Абшар, што з цягам часу складзе тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага і Рускага, пакуль што падзелены на дзве няроўныя часткі. У паўночна-заходнім яго куце, што прымыкае да пясчаных берагоў Балтыкі, — свет вольных балцкіх плямёнаў. Але з двух бакоў, ад вусцяў Даўгавы і Віслы, на яго пачынае насоўвацца цень каталіцкіх царкоўна-рыцарскіх ордэнаў — з імі балты будуць весці доўгую барацьбу за сваю незалежнасць. Астатняя частка абшару — землі, што ўваходзяць у склад Кіеўскай Русі — рыхлага дзяржаўнага ўтварэння, якое ўяўляе сабой кангламерат дастаткова аўтаномных княстваў. У кожным з іх пануе асобная галіна адзінага роду Рурыкавічаў, але гэтыя землі-княствы змацаваны, як клёпкі ў дзежцы, абручамі эканамічных сувязяў, адзінай праваслаўнай веры, адзінай пісьмовай мовы і культуры, што ўзнікла як сплаў былога славянскага паганства і візантыйскіх уплываў. Кіеўская Русь раскінулася на большай частцы нашай уяўнай сцэны.

Заходні яе ўскраек займае тэрыторыя Польшчы — дзяржавы славянскай, але звернутай тварам на захад, у свет заходнееўрапейскай цывілізацыі, перыферыю якой яна складае. Польская дзяржава не прыме непасрэднага ўдзелу ва ўтварэнні Вялікага княства, але ўплыў яе будзе ўвесь час вельмі адчувальным, а ў канцы нашага апавядання — проста-такі рашаючым, калі ў выніку дзяржаўнай уніі Вялікае княства і Польшча злучацца ў канфедэрацыю.

Нарэшце на ўсходзе, недзе ўжо за кулісамі сцэны, пачынаецца бясконцы разлог палынова-кавыльных стэпаў, свет цюркскіх народаў, што вузкім пасам цягнецца ў самае сэрца азіяцкага кантынента. Гэты пас стагоддзямі выконвае ролю кнота, па якім распаўсюджваецца полымя качэўніцкіх нашэсцяў. І зараз усходні канец яго дыміцца — там, за тысячы кіламетраў, у далёкай Манголіі выспяваюць значныя падзеі. Хутка яны дакоцяцца сюды і накіруюць гісторыю Усходняй Еўропы ў зусім іншае рэчышча.

Разгледзім асобныя часткі сцэны больш уважліва і пачнём з Русі — вялізнай квітнеючай дзяржавы, што ляжыць ад Карпат на паўднёвым захадзе да сцюдзёных берагоў Ледавітага акіяна на паўночным усходзе. Доўгі час гісторыкі лічылі, што яе раздрабненне на паўсамастойныя палітычныя адзінкі было сведчаннем заняпаду. Але з часам рабілася ўсё больш відавочным, што жорстка цэнтралізаваны дзяржаўны апарат — зусім не абавязковы атрыбут грамадства, якое працвітае. Час палітычнай раздробленасці на Русі быў не толькі часам росквіту культуры, гандлю і рамёстваў — ён, як ні дзіўна, быў і часам актыўнага зліцця асобных этнаграфічных правінцый — нашчадкаў старажытных славянскіх этнасаў (крывічоў, дрыгавічоў, севяран і інш.) — у культурна-этнічную супольнасць, якая ў савецкай гістарыяграфіі атрымала назву "старажытнаруская народнасць".

На гэтым пытанні трэба спыніцца крыху падрабязней, бо яно мае істотнае значэнне для разумення выкладзеных ніжэй падзей. Сёння тэзіс аб старажытнарускай народнасці часам абвяшчаецца такім жа міфам сталінісцкай псеўданавукі, як і "адзіны савецкі народ — будаўнік камунізму". Але тое, што нейкі тэрмін нарадзіўся ў сталінскі час, зусім не азначае, што ён не варты разгляду. Прынамсі, нейкая доля ісціны ў канцэпцыі старажытнарускай народнасці ўсё ж была. Праўда, пытанні этнічнай ідэнтыфікацыі — ледзь не самыя складаныя. Але які б крытэрый этнасу мы ні ўзялі — ці то агульная самасвядомасць, ці наяўнасць выразнага стэрэатыпу паводзін і звычаяў, што кідаецца ў вочы суседзям, — усе яны больш-менш прымянімыя да насельніцтва Кіеўскай Русі. З летапісаў XII— XIII стагоддзяў вынікае, што іх стваральнікі лічылі і Кіеўскую, і Наўгародскую, і Суздальскую землі часткамі адзінай дзяржавы. Праўда, тэрмін "Русь" у вузкім сэнсе азначаў толькі землі, якія былі падуладныя непасрэдна кіеўскаму князю ("вялікаму князю", як яго ўжо пачыналі зрэдку называць у той час). Таму "Русь" у такім значэнні з ходам раздрабнення не пашыралася, а звужалася да невялікай тэрыторыі на сярэднім Дняпры. Але адначасова існавала і шырокае значэнне гэтага слова, якое датычыла ўсіх княстваў, падпарадкаваных дынастыі Рурыкавічаў. У гэтым жа сэнсе яго ўжывалі за межамі дзяржавы. І пазней, калі Кіеўская Русь знікла, насельніцтва яе асколкаў, што ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, Маскоўскай дзяржавы, упарта называла сябе русінамі, рускімі, а праваслаўную веру — рускай верай. Так магло стацца толькі таму, што і назва, і агульная самасвядомасць паспелі пусціць глыбокія карані. Стваральнік "Слова пра пагібель Рускай зямлі" (гэты выдатны паэтычны твор датуецца хутчэй за ўсё другой паловай XIII стагоддзя) акрэслівае месца рускіх сярод суседніх народаў: паміж уграў (венграў), ляхаў (палякаў), яцвягаў і літвы, немцаў Лівонскага ордэна, карэлаў, а на ўсходзе — паволжскіх народаў (балгараў, мардвы і інш.).

Дарэчы, і раздробленасць дзяржавы мела зусім не такі характар, як, напрыклад, раздробленасць Францыі на герцагствы і графствы, звязаныя толькі васальнымі адносінамі. Русь разглядалася як калектыўная вотчына ўсіх князёў Рурыкавічаў, падзеленая на долі для больш зручнага кіравання ёю і пракорму асобных прадстаўнікоў роду, — таксама, як зямля сялянскай абшчыны-грамады дзялілася паміж сем'ямі.

Цікава, што парадак падзелаў і наследавання княжацкіх уладанняў быў ці не больш архаічным, чым сялянскае землекарыстанне: калі ў сялян асноўным уладальнікам лічылася малая сям'я (бацькі з дзецьмі), то на дзяржаўным узроўні такім уладальнікам выступала галіна княжацкага роду — вялікасямейная абшчына. Падзел дзяржаўнай вотчыны адбываўся не паміж сынамі пасля смерці бацькі, а паміж сынамі родных братоў пасля смерці апошняга з такіх братоў, г. зн. не ў другім, а ў трэцім пакаленні. Пакуль браты былі жывыя, старэйшы з іх лічыўся старэйшынам сямейнай групы, права на гэты статус мелі па чарзе ўсе браты. Калі род раздрабняўся на некалькі такіх груп, найбольш аўтарытэтнай з іх лічылася тая, што паходзіла ад старэйшага сына родапачынальніка. Старэйшына гэтай групы меў адначасова вяршэнства над усім родам.

На Русі XII—XIII стагоддзяў княжацкі род утваралі нашчадкі пяці сыноў Яраслава Мудрага (менавіта пасля смерці апошняга з іх, Усевалада Яраславіча, у 1093 годзе пачынаецца распад агульнасямейнай вотчыны на ўладанні асобных "абшчын", які быў замацаваны на Любецкім з'ездзе князёў у 1097 годзе). Сыны кожнага з Яраславічаў атрымалі "отчину" — тую частку дзяржавы, якой кіраваў пры жыцці іх бацька. Праўда, у сыноў Яраслава Мудрага быў таксама стрыечны брат — Брачыслаў Ізяславіч, уладальнік Полацкага княства. Ён памёр яшчэ пры Яраславе, але яго сын Усяслаў аказаўся адзіным прадстаўніком асобнай княжацкай галіны. Менавіта гэтай генеалагічнай акалічнасцю, а не асаблівым сепаратызмам Полацкай зямлі трэба тлумачыць яе больш ранняе і ўстойлівае адасабленне ад астатніх княстваў. Пазней, каб падкрэсліць сваю дынастычную самастойнасць, нашчадкі Усяслава спасылаліся на тое, што іх род паходзіць ад Ізяслава — старэйшага сына Рагнеды Рагвалодаўны, адзінай наследніцы полацкага князя Рагвалода, забітага разам з сынамі Уладзімірам Кіеўскім (паводле родавых звычаяў, пры адсутнасці нашчадкаў па мужчынскай лініі спадчына пераходзіла да старэйшага па жаночай лініі). Яраслаў Мудры ж, таксама сын Рагнеды і Уладзіміра Кіеўскага, не з'яўляўся старэйшым сынам. Але гэтая дыскусія вялася не дзеля таго, каб канчаткова парваць усе сувязі з Кіевам, а каб адбіцца ад спроб іншых княжацкіх сем'яў захапіць Полаччыну.

Канешне, тут мелася і, так бы мовіць, зваротная сувязь — больш адасобленае генеалагічнае становішча полацкай дынастыі сапраўды спрыяла сепаратызму яе князёў і баяр. Але гэта было ўсё ж вынікам, а не прычынай, і ўвогуле гэты сепаратызм не трэба перабольшваць. Прынамсі, матэрыяльнай культурай (архітэктура, рамесныя вырабы) Полацкая зямля пачатку XIII стагоддзя не больш адрозніваецца ад іншых земляў Русі, чым яны паміж сабой. Для Генрыха Латвійскага, аўтара "Хронікі Лівоніі" пачатку XIII стагоддзя, не выклікае сумнення, што полацкія князі разам са смаленскімі і іншымі Рурыкавічамі з'яўляюцца рускімі князямі. А полацкая грамата 1264 года недвухсэнсоўна вызначае: "Руськая земля словет Полочьская".

На пачатку разглядаемага перыяду на Русі існавала шмат генеалагічных ліній Рурыкавічаў, прычым колькасць долей, на якія расшчапілася кожная з першапачатковых вотчын, вельмі адрознівалася. Гэта мела непасрэднае дачыненне да палітычнай магутнасці княстваў.

Уладзіміра-Суздальская зямля (інакш Залессе) належала адзінай братняй абшчыне — сынам Усевалада Юр'евіча Вялікае Гняздо, што памёр у 1212 годзе. Хоць браты часам і варагавалі адзін з адным, усё ж з 1218 года, калі старэйшынам гэтай галіны стаў Юрый Усеваладавіч, ён разам з трыма малодшымі братамі утвараў магутную сілу – бадай што найвялікшую на Русі.

Суседняя Смаленская зямля зусім нядаўна мела такое ж адзінства, калі яна належала пяці братам Расціславічам. Але ў 1215 годзе памёр апошні з іх — Рурык Расціславіч, які большую частку сталага жыцця правёў у барацьбе за ўладу над Кіевам. Пасля яго смерці род Расціславічаў фактычна распаўся на чатыры групы. Раздрабненне Смаленшчыны крыху замарудзілася дзякуючы таму, што многія члены роду мелі ўдзелы на поўдні, у Кіеўскай зямлі. Сын Рамана Расціславіча Мсціслаў, а пазней сын Рурыка Уладзімір станавіліся кіеўскімі князямі, а прадстаўнік малодшай галіны, Мсціслаў Мсціславіч Удатны, здолеў уладкавацца спачатку ў Ноўгарадзе, а потым у Галічы (лінія тамтэйшых князёў згасла ў канцы XII стагоддзя). Аднак падзел Смаленскай зямлі на шэраг самастойных вотчын усё роўна пачаўся. Вылучылася асобнае Таропецкае княства — уладанне нашчадкаў Мсціслава Расціславіча Храбрага (а пазней яны ж, верагодна, далі пачатак вяземскай галіне смаленскіх князёў). Нашчадкі Рамана і Давыда Расціславічаў аспрэчвалі вяршэнства ў Смаленскай зямлі (у выніку пасля згасання роду Давыда яно замацавалася за ўнукамі Рамана). Некалі магутная Смаленшчына паступова адыходзіла на другі план.

Трэцяй буйной зямлёй у складзе Русі была Чарнігаўска-Северская. Мы застаём яе падзеленай на дзве вотчыны: уласна Чарнігаўскае і Ноўгарад- Северскае княствы, якія належаць дзвюм галінам роду Ольгавічаў. Чарнігаўскай да 1223 года кіраваў Мсціслаў Святаславіч, потым вяршэнства перайшло да яго пляменніка Міхаіла Усеваладавіча. Ноўгарад-северская галіна паходзіць ад славутага князя Ігара Святаславіча — героя "Слова аб палку Ігаравым". Яе ў 1220-ыя гады ўзначальваў сын Ігара Алег. Кожная з дзвюх вотчын (асабліва чарнігаўская) заставалася дастаткова буйной, каб адыгрываць істотную ролю ў дзяржаве.

Некалі магутная Уладзіміра-Валынская зямля на пачатку XIII стагоддзя трапіла ў даволі неспрыяльнае становішча. Старэйшую галіну тамтэйшай дынастыі ўтваралі юныя Даніла і Васілька Раманавічы. Іх бацька, князь Раман, памёр у 1205 годзе, пакінуўшы іх немаўлятамі. Стрыечны брат Данілы і Васількі — Аляксандр Белзскі, а таксама галіна луцкіх князёў мелі асобныя ўладанні. Гэта выклікала часовы палітычны заняпад Уладзіміра- Валынскай зямлі і прывяло да страты суседняга Галіча, які князь Раман у свой час далучыў да сваіх уладанняў. Аднак на працягу 1220-ых гадоў згасае луцкая галіна, а Аляксандр Белзскі церпіць паражэнне ад пасталеўшых Раманавічаў, так што Валынь зноў трапляе ў рукі адной княжацкай сям'і. Гэта вяртае яе ў лік магутных палітычных цэнтраў і дазваляе Данілу Раманавічу распачаць барацьбу за Галіч.

Абмінем становішча ўскраінных Мурамскага і Разанскага княстваў, якія практычна не будуць уплываць на ход падзей, што цікавяць нас. Пра Кіеўскую, Пераяслаўскую і Наўгародскую землі можна толькі сказаць, што яны страцілі самастойныя княжацкія дынастыі і правяць там у залежнасці ад палітычнага раскладу прадстаўнікі уладзіміра-суздальскіх, чарнігаўскіх ці смаленскіх князёў. Пры гэтым тытул кіеўскага князя традыцыйна мае асаблівы прэстыж і статус вяршэнства, але фактычна Руссю кіруюць сумесна прадстаўнікі найбольш магутных княжацкіх сем'яў. На пачатку 1230-ых гадоў гэта Юрый Уладзіміра-Суздальскі, Міхаіл Чарнігаўскі і Даніла Уладзіміра-Валынскі.

Я наўмысна не засяроджваў вышэй увагу на тэрыторыі сучаснай Беларусі, чыё становішча робіцца асабліва наглядным на фоне азначаных цэнтраў. Дарэчы, частка яе зямель у той час непасрэдна да гэтых цэнтраў і належыць: гарады Гомель, Рэчыца і, верагодна, Рагачоў уваходзяць у Чарнігаўскае княства, Мазыр — у Кіеўскае, Мсціслаў — у Смаленскае, Берасце — ва Уладзіміра-Валынскае. На астатняй тэрыторыі, крыху меншай, чым Смаленская ці Чарнігаўская зямля, існуе ледзь не дзесятак (прынамсі, не менш сямі) самастойных княстваў. Ні адно з іх не мае дастатковай сілы, каб уплываць на падзеі за сваімі межамі. Не выпадкова летапісы, якія даволі падрабязна асвятляюць лёс вышэйзгаданых палітычных цэнтраў, амаль цалкам абмінаюць тэрыторыю сучаснай Беларусі. Таму і наш агляд, відавочна, атрымаецца вельмі фрагментарным і гіпатэтычным.

Полацкая зямля, вотчына Усяславічаў-Рагвалодавічаў, ужо у першай палове XII стагоддзя перастала існаваць як адзінае цэлае. На яе тэрыторыі ўтварыліся самастойныя вотчыны трох галін роду Усяслава — друцкай, менскай і віцебскай. У XII стагоддзі менскай галіне належалі апрача самога Менска Ізяслаўль (Заслаўе) і Лагожаск (Лагойск). Уладанні Друцкага княства ахоплівалі, верагодна, Барысаў (паводле Тацішчава, гэты горад быў заснаваны Рагвалодам-Барысам Друцкім) і Свіслач ля ўпадзення аднайменнай ракі ў Бярэзіну. Віцебску належалі Усвят і Азярышча, яго ўладары аспрэчвалі ў Смаленска Ршу (Оршу) і Копысь на Дняпры. Невядома, ці засталіся межы дадзеных земляў такімі ж у XIII стагоддзі, — частка былых удзелаў магла к таму часу ператварыцца ў самастойныя княствы, калі працэс драблення роду Рагвалодавічаў ішоў гэтак жа хутка.

Тураўская зямля канчаткова вылучылася з уладанняў кіеўскіх князёў у сярэдзіне XII стагоддзя, калі ў Тураве ўладкаваўся прапраўнук Яраслава Мудрага Юрый Яраславіч. Да канца таго ж стагоддзя яго сыны ўтваралі адзіную сямейную групу, а затым унукі падзялілі вотчыну не менш чым на тры часткі: Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы. На жаль, летапісы не згадваюць. пра лёс Клецка і Слуцка, якія напярэдадні ўладкавання ў Тураве Юрыя Яраславіча вылучыліся са складу Тураўшчыны і перайшлі да чарнігаўскіх Ольгавічаў. Магчыма, пазней Юрый вярнуў гэтыя гарады, аднак доказаў таму няма.

Яшчэ адна самастойная галіна панавала некалі ў Панямонні. У XII стагоддзі некалькі разоў згадваюцца ў летапісах гарадзенскія князі — праўнук Яраслава Мудрага Усевалад Давыдавіч, а затым тры яго сыны. Аднак невядома, ці працягвалася гэтая галіна далей. Археалогія сведчыць пра існаванне ў Панямонні чатырох гарадоў (Горадна, Ваўкавыска, Слоніма і Ноўгародка), якія маглі быць княжацкімі рэзідэнцыямі. З больш позніх падзей вынікае, што палітычны цэнтр Панямоння змясціўся з Горадна ў Ноўгародак, але пры якіх абставінах гэта адбывалася — невядома.

Нарэшце, уласна Полацкае княства ўжо ў сярэдзіне XII стагоддзя не мела асобнай дынастыі. Барацьбу за Полацк вялі з пераменным поспехам друцкія, менскія і віцебскія князі. Горад надоўга знікае са старонак летапісаў пасля 1186 года, калі тут уладарыў Усяслаў Васількавіч з віцебскай галіны Рагвалодавічаў. Затым яго ўпамінае храніст Ордэна мечаносцаў Генрых Латвійскі, які ведае полацкага князя Уладзіміра, што памёр у 1216 годзе. Магчыма, гэта сын Усяслава Васількавіча, і атрымаў ён Полацк пасля бацькі ў 1186 годзе.

Хто княжыў у Полацку пасля 1216 года — зноў-такі невядома. Праўда, у 1222 годзе летапіс Вялікага Ноўгарада паведамляе пра захоп Полацка смаленскім войскам "пры князях Барысе і Глебе". Гэта можна разумець так, што ў той момант Полацкім княствам валодалі Барыс і Глеб (сыны Уладзіміра?), але справа ў тым, што той жа летапіс прыводзіць вельмі падобнае паведамленне, датаванае дзесяццю гадамі пазней: "...взя Святослав Мстиславлич, внук Романов, Смолнеск на щит с полочаны на память святых мучеников Бориса и Глеба, иссече смолнян много, а сам седя на столе". Фабула супадае "з дакладнасцю да наадварот" (у першым выпадку смаляне бяруць Полацк, у другім — палачане Смаленск), а загадкавыя князі Барыс і Глеб ператвараюцца ў свята Барыса і Глеба (24 ліпеня). Гэта наводзіць на думку, што больш ранняе паведамленне сапсавана водгукам пазнейшага, больш дакладнага і зразумелага. Так сапраўды магло быць, калі летапісец карыстаўся нейкімі моцна пашкоджанымі запісамі.

Звычайна гэтыя цьмяныя звесткі трактуюць у тым сэнсе, што князь Святаслаў са смаленскай дынастыі (сын Мсціслава Раманавіча, які ў той час княжыў у Кіеве) спачатку ўладкаваўся ў Полацку, а праз 10 гадоў з дапамогай полацкага апалчэння здабыў Смаленск. Пацвярджае гэтую думку і той факт, што ў 1229 годзе тагачасны ўладальнік Смаленска Мсціслаў Давыдавіч (стрыечны дзядзька Святаслава) падпісаў гандлёвае пагадненне з Рыгай ад імя Смаленска, Полацка і Віцебска. Князі двух апошніх відавочна былі ў нейкай залежнасці ад яго. Праўда, вядомы беларускі даследчык М. Ермаловіч у сваёй кнізе "Старажытная Беларусь", зыходзячы з агульных меркаванняў (быццам бы немагчыма, "каб палачане аж дзесяць гадоў цярпелі на сваім пасадзе князя другой дынастыі"), цалкам адмаўляе запісу 1222 года ў слушнасці, але агульны палітычны кантэкст 1220-ых гадоў, калі яго разглядаць непрадузята, не выключае часовай залежнасці Полацка ад Смаленска.

На пачатку XIII стагоддзя полацкія ўладанні ўключалі і значную частку тэрыторыі балцкага племені латгалаў. Паводле Генрыха Латвійскага, там існавалі полацкія фарпосты — гарады Герцыке і Кукенойс (Кокнесе), у якіх княжылі Усевалад і Вячка. Аднак у хуткім часе гэтыя ўмацаванні захапіў рыжскі архібіскуп з дапамогай Ордэна мечаносцаў.

Зноў-такі трэба падкрэсліць, што пэўны палітычны заняпад Полаччыны і Тураўшчыны быў выкліканы не эканамічнымі, а генеалагічнымі абставінамі. Шматлікія князі падзялілі свае ўладанні на невялікія княствы — у некалькі дзесяткаў кіламетраў упоперак і з насельніцтвам у некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. З такімі рэсурсамі немагчыма не тое што дыктаваць сваю волю суседзям, але і больш-менш паспяхова супрацьстаяць іх экспансіі. Эканамічнага ж заняпаду не было: квітнелі старыя гарады і паўставалі новыя, гандлевыя караваны плылі па рэках, кіпеў торг на гарадскіх пасадах.

Давайце паспрабуем уявіць сабе, як выглядала наша зямля ў тыя часы. Лясоў тады было значна болей, чым сёння, толькі дзе-нідзе іх суцэльная коўдра разрывалася, каб даць месца сельскагаспадарчым абшарам. Большасць вёсак уяўляла сабой вельмі невялікія — некалькі хат, а часам увогуле адзін-два двары — паселішчы. Шчыльнасць насельніцтва, як можна меркаваць, складала каля 2—5, у лепшым выпадку 10 чалавек на квадратны кіламетр.

Пэўная колькасць вёсак аб'ядноўвалася ў падатковую адзінку — воласць. Яна мела двайную сістэму кіравання: з аднаго боку, кожная воласць уяўляла сабой абшчыну-грамаду з самакіраваннем і выбарным старцам. З другога боку, інтарэсы дзяржавы прадстаўляў княжацкі намеснік — цівун. Ён назначаўся з ліку баяр. Яго абавязкі — ажыццяўляць ад імя князя суд у выпадках, якія не падлягаюць юрысдыкцыі абшчыннага суда, прымаць падаткі, што дастаўляе старац, і перадаваць іх князю.

Цэнтрам воласці звычайна быў умацаваны двор — пагост. Для воласці, што прылягала да горада, такім цэнтрам выступаў апошні. Горад з'яўляўся не толькі рэзідэнцыяй князя, але і своеасаблівым калектыўным замкам для баяр. Праўда, і князь, і баяры мелі звычайна загарадныя рэзідэнцыі — сёлы (пазней гэтая назва была выцеснена тэрмінам "двор" і пачала ўжывацца як найменне буйных сялянскіх паселішчаў). Некаторыя княжацкія і баярскія двары былі сапраўднымі замкамі — з ровам, валам, сценамі і вежамі з бярвення.

Большасць сялянскага насельніцтва захоўвала ў той час асабістую свабоду. У княжацкіх і баярскіх сёлах працавалі рабы, якіх на Русі называлі халопамі, інакш чэляддзю нявольнай. Але практыкавалася ўжо падараванне асобных вёсак і цэлых валасцей ва ўласнасць буйным баярам і манастырам. У такіх выпадках даніна, якую выплачвалі сяляне, ішла ўжо не князю, а новаму ўладальніку. Часам ён атрымліваў і права суда над сваімі падданымі, нават з забаронай дзяржаўнаму намесніку перасякаць межы ўладання (так званае права імунітэту).

Самі баяры, напэўна, не плацілі падаткаў. Яны выконвалі іншую павіннасць — па загаду князя з'яўляліся на кані і ў даспехах для вайны ці вартавой службы на мяжы. Частка з іх пастаянна знаходзілася пры князі, выконваючы функцыі асабістай абслугі, пасыльных, дыпламатаў, узброенай гвардыі (дружыны). Баярства было неаднародным: ад дробнага, прадстаўнікі якога часам самі апрацоўвалі свой надзел, да буйнейшага, што валодала ўласнымі дружынамі і замкамі. З ліку апошніх паходзілі і намеснікі валасцей, і выхавальнікі княжацкіх сыноў (так званыя "дзядзькі"). Такія баяры ўтваралі і княжацкую раду.

Асобную праслойку складалі гараджане — купцы і вольныя рамеснікі. З падаткаў яны плацілі толькі гандлёвыя і мытныя пошліны, таксама выконвалі вайсковую павіннасць — як пры абароне сваіх гарадоў, так і ў наступальных паходах. Пры неабходнасці ў войска маглі паклікаць і сялян. Асаблівай павіннасцю была так званая "пагоня" — узброены паход наўздагон варожаму набегу з мэтай адбіць палон. У такім паходзе мусіў удзельнічаць кожны, хто мог несці зброю. Астатнія віды вайсковай службы (у тым ліку баярскай) абмяжоўваліся пэўнымі ўмовамі: на наступальны паход патрабавалася згода гарадскога веча, агульная колькасць дзён, праведзеных у войску, не магла быць занадта вялікай.

Такі сацыяльны лад быў, здаецца, практычна аднолькавым па ўсёй Русі. Тым не менш усё, сказанае вышэй наконт існавання адзінай старажытнарускай народнасці, не трэба разумець так, што розныя землі не мелі ніякіх мясцовых асаблівасцей. Асаблівасці этнаграфічнага характару, безумоўна, былі. Частка з іх узыходзіла яшчэ да тых адметных рыс, якімі вызначаўся кожны са старажытных славянскіх протаэтнасаў: крывічы, вяцічы, валыняне і інш. Некаторыя з'яўляліся новаўтварэннямі, характэрнымі для розных куткоў вялізнай дзяржавы.

Сённяшні стан нашых ведаў не дазваляе, на жаль, дакладна акрэсліць этнаграфічныя арэалы на тэрыторыі Старажытнай Русі. Гэта можна зрабіць толькі, як кажуць, у першым набліжэнні. Так, мова берасцяных грамат з Ноўгарада даволі выразна адрозніваецца ад мовы паўднёварускіх летапісаў. Свае адрозненні мае пахавальны інвентар розных земляў, асабліва ўпрыгожанні. Верагодна, існавалі тры асноўныя этнаграфічныя правінцыі Русі: паўночная, сярэдняя і паўднёвая.

Паўночная правінцыя ўключала землі Вялікага Ноўгарада і паўночную частку Суздальскай зямлі — тэрыторыі, у насельніцтве якіх большасць складалі нашчадкі ільменскіх славен. Там захавалася і нават узмацнілася старажытнае оканне, характэрным з'яўлялася змяшэнне гукаў "ц" і "ч" (цоканне) (хоць гэтая рыса была агульнай для наўгародцаў і палачан), існавалі іншыя моўныя асаблівасці, адлюстраваныя ў берасцяных граматах.

Другі арэал, сярэдні, утварылі нашчадкі крывічоў, вяцічаў і, напэўна, радзімічаў. Ён ахопліваў Полацкую, Смаленскую, Мурама-Разанскую і частку Суздальскай зямлі. Насельніцтва гэтай правінцыі (у аснове сваёй крывіцкае з аднаго боку, вяціцка-радзіміцкае — з другога) мела шмат даволі розных рыс, аднак ва ўсім азначаным арэале развілася такая характэрная новая з'ява, як аканне (яно і сёння аб'ядноўвае жыхароу Падмаскоўя і Разаншчыны з беларусамі). Пры гэтым пэўныя асаблівасці былі агульнымі для заходняй часткі сярэдняй правінцыі і паўночнага арэала, для ўсходняй часткі і паўднёвага арэала.

Нарэшце, паўднёвы арэал утварылі нашчадкі вельмі блізкіх паміж сабой плямёнаў: валынян, драўлян, дрыгавічоў, а таксама палян (магчыма, і севяран). Дадзеныя раскопак сведчаць, што адрозненне паўднёвых плямёнаў ад крывічоў выступае даволі выразна ў характары ўпрыгожанняў, жытлаў і інш. Нават грашова-вагавая сістэма на поўдні адрознівалася ад сістэмы цэнтральных і паўночных земляу Русі (існавалі кіеўская і наўгародская грыўні — яны былі рознай вагі). У паўднёвым арэале таксама захавалася оканне, хаця і не такое выяўленае (слабае аканне на тэрыторыі сучаснага Беларускага Палесся развілося, напэўна, крыху пазней пад уплывам, што ішоў з Полаччыны і Літвы).

Такім чынам, і землі сучаснай Беларусі ў той час не ўтваралі яшчэ агульнага цэлага. Мяжа паўднёвай і сярэдняй правінцыі перасякала іх амаль напалам, прыкладна па лініі Заслаўе—Рэчыца.

А зараз давайце перанясемся ў Панямонне, на берагі Віліі — у яшчэ нядаўна глухі мядзведжы кут, што імкліва ператвараецца ў новы палітычны цэнтр. Тут жыве гордая і непакорлівая літва — балцкія плямёны, якія за амаль чатыры стагоддзі суседства з Кіеўскай Руссю так і не ўвайшлі канчаткова ў яе межы. Калі мы перасячом нябачную этнічную мяжу, то даволі хутка заўважым змены ў краявідзе. Хаця выгляд прыроды застаўся такім жа, але нешта іншае з'явілася ў абліччы пабудоў, зусім зніклі цэрквы і манастыры, нават гарады — іх месца займаюць драўляныя замкі-сховішчы, вельмі падобныя на дзяцінцы рускіх гарадоў. У густой дуброве можна адшукаць паганскія капішчы з высечанымі з дубовых ствалоў выявам багоў, нязгаснымі вогнішчамі і валунамі-ахвярнікамі.

У агульных рысах зямля літоўцаў выглядае так, як выглядалі славянскія землі за тры стагоддзі да таго. Тут на чале грамадства стаяць князькі (кунігасы), ролю якіх на Русі ўсклаў на сябе род Рурыкавічаў. Кожны з іх мае ўладу над сваім невялікім племем, узначальвае дружыну, судзіць супляменнікаў і збірае з іх асвячоныя звычаям падаткі. Да таго ж кожны кунігас — гэта адначасова прадстаўнік племені перад тварам багоў, увасабленне іх магічнай моцы. Ад яго паводзін залежыць урадлівасць палёў і ўвогуле нязменнасць традыцыйнага ладу жыцця. Гэтая функцыя хрысціянскімі правіцелямі Русі ўжо практычна страчана, тут жа яна яшчэ захоўваецца.

Літоўскія кунігасы жывуць прасцей за рускіх князёў. Яны не маюць каменных харомаў, поўных дарагіх візантыйскіх рэчаў Сядзібы іх болей нагадваюць умацаваныя двары рускіх баяр. Там жывуць яны сярод сваіх дружыннікаў і рабоў, праводзяць зіму ў зборы даніны, а лета — у набегах на суседзяў, бо ваенную славу прывыклі ставіць вышэй за багацце.

Некранутай застаецца ў літоўцаў і родавая знаць, якую на Русі змяніла служылае баярства. Арыстакраты таксама валодаюць умацаванымі дварамі з чэляддзю, але аснова іх магутнасці — у прыналежнасці да самых аўтарытэтных генеалагічных галін, у паходжанн ад самых славутых продкаў. Яны вельмі нагадваюць германскую знаць першых стагоддзяў нашай эры, пра якую некалі пісаў рымскі гісторык Тацыт: "Калі яны не ідуць на вайну, то ўвесь час свой праводзяць часткай на паляванні, але больш у гультайстве, аддаючыся сну і ежы, так што найбольш моцныя і ваяўнічыя нічога не робяць, пакідаючы клопат пра дом, гаспадарку і палеткі жанчынам, старым і ўвогуле самым слабым са сваіх дамачадцаў... " Маючы добрых баявых коней і ўзбраенне, арыстакраты ствараюць грозную літоўскую конніцу, выдатныя баявыя якасці якой адзначаў Генрых Латвійскі.

Просты ж люд сумяшчае абавязкі земляробаў і воінаў. Да шлюбу кожны з іх лічыць справай гонару паўдзельнічаць у паходах пад кіраўніцтвам удатлівага правадыра. Узброены яны прасцей за знаць, але таксама даволі эфектна. Захавалася каларытнае апісанне страшэннай літоўскай баявой дубіны, якую рыхтавалі так: у кары маладого дубка рабілі надрэзы, куды ўстаўляліся вострыя камяні. За некалькі гадоў яны трывала ўрасталі ў ствол, і тады з яго высякалася грозная зброя.

Літва ўяўляе сабой адзін са шматлікіх балцкіх народаў, побач з яцвягамі, прусамі, жамойтамі, куршамі, земгаламі, селамі і латгаламі Кожны з гэтых народаў падзяляецца на субэтнасы (плямёны), таму этнічная структура балцкага свету выглядае даволі складана. Нельга сказаць, што даследчыкі разабраліся ва ўсіх яе нюансах. Як і ў выпадку з Руссю, тэрмін "Літва" ўжываўся ў розных сэнсах: як этнічная назва, як назва тэрыторыі, што падпарадкоўвалася непасрэдна галоўнай літоўскай дынастыі, як агульная назва ўсіх плямёнаў і княстваў, якія прызнавалі сюзерэнітэт гэтай дынастыі. Апрача таго, ужываўся яшчэ тэрмін "Аўкштайція", стасункі якога з тэрмінам "Літва" ў розныя часы былі рознымі. Паколькі апошнім часам набыла вялікае пашырэнне канцэпцыя М. Ермаловіча, паводле якой "Літва" XIII стагоддзя не мае ніякага дачынення да сучаснага літоўскага этнасу, на гэтых пытаннях неабходна спыніцца больш грунтоўна.

Літва ўпамінаецца ў крыніцах з пачатку XI стагоддзя як адзін з прыбалтыйскіх народаў, чые землі мяжуюць з Кіеўскай Руссю. У такой якасці яе згадваюць як рускія летапісцы, так і заходнееўрапейскія храністы (у тым ліку Генрых Латвійскі, які выдатна ведаў стан спраў у Прыбалтыцы). Тэрмін "Жемоить" упершыню з'яўляецца ў Іпацьеўскім летапісе як назва тэрыторыі, падуладнай некаторым з літоўскіх князёў, што ў 1219 годзе падпісалі мірнае пагадненне з Уладзіміра-Валынскім княствам. Побач у такім жа сэнсе ўпамінаецца Дзевалтва. Рускія і крыжацкія крыніцы прыгадваюць таксама іншыя княствы ці субэтнасы ў складзе Літвы: Нальшаны, Упіту — гэтак жа, як у складзе прускіх зямель існавалі княствы Самбія, Памезанія, Пагезанія і інш. (усяго 8, калі лічыць прускімі плямёнамі крыху адасобленых скалваў і надроваў), у складзе тэрыторыі, што займалі яцвягі — Дайнава, Судава, Галіндыя, Палексія.

Аднак ёсць падставы сцвярджаць, што першапачаткова Жамойць (на польскі лад — Жмудзь) была прылічана да Літвы ў палітычным, а не ў этнічным сэнсе: як тэрыторыя, што належала князям літоўскага паходжання. У Жамойці меліся такія ж тэрытарыяльныя адзінкі, як у землях самастойных балцкіх народаў (Цекліс, Коршаў і інш.), што дазваляе лічыць яе насельніцтва не малым племенем, а асобным этнасам, некалі заваяваным літоўцамі. Аб гэтым выразна сведчаць і археалагічныя дадзеныя: на тэрыторыі сучаснай Літвы ў XIII стагоддзі існавалі два розныя культурныя арэалы: заходні і ўсходні. Першы, які амаль супадаў з тэрыторыяй Жамойцкай зямлі больш позніх часоў (хіба што быў крыху большы за яе), вызначаецца выключна грунтовымі пахаваннямі без курганных насыпаў. Другі ахопліваў усходнюю палову сучаснай Літвы і прылеглыя часткі Беларусі (да возера Нарач, Налібоцкай пушчы і правабярэжжа Немана у раёне Ліды). Гэта была тэрыторыя культуры так званых усходнелітоўскіх курганоў — бясспрэчна балцкай паводле пахавальнага інвентару, але з выразнымі адрозненнямі ад грунтовых могільнікаў Жамойці.

У Беларусі мяжа распаўсюджання культуры ўсходнелітоўскіх курганоў прыкладна супадае з мяжой арэалу тыпова літоўскай тапанімікі (вёсак з назвамі на -ішкі, -аны, -ёны). Цэнтр яе знаходзіўся якраз там, дзе ўзніклі важнейшыя палітычныя цэнтры Літвы — у раёне Кернава, Вільна, Трокаў. Адным словам, менавіта гэтую тэрыторыю трэба лічыць тэрыторыяй летапіснай Літвы, што падраздзялялася на шэраг княстваў: Упіту, Дзевалтву, Нальшаны і, магчыма, нейкія іншыя. Паказальна, што ў адрозненне ад Жамойці названыя княствы не маюць выразных адрозненняў у агульным арэале ўсходнелітоўскіх курганоў.

Самі літоўскія князі, а разам з імі і крыжацкія храністы ў якасці сіноніма Літвы ўжывалі тэрмін "Аўкштайція" ці "Аўкштота" (рускія летапісы такога тэрміна не ведаюць). Магчыма, ён меў вузкаэтнічны сэнс і быў утвораны штучна па аналогіі з Жамойцю ("Жэмайція" па-літоўску азначае "ніжняя", "Аўкштайція" — "верхняя"). Каб падкрэсліць свае правы на Жамойць, літоўскія князі пазней, у XV стагоддзі, сцвярджалі, што жамойты і аўкштайты — дзве непарыўныя часткі адзінага літоўскага этнасу. Пазней яны і сапраўды зліліся ў адзін этнас, хаця XIV—XV стагоддзі прайшлі пад знакам выразнага жамойцкага сепаратызму. Польскі гісторык Ян Длугаш у XV стагоддзі адзначаў, што "літоўцы, самогіты (лацінізаваная форма назвы жамойтаў.— В. Н.) і яцвінгі, хаця мелі розныя найменні і падзяляліся на шмат родаў, утваралі тым не менш адзінае цэлае", прычым з-за падабенства пэўных моўных рыс выводзіў іх паходжанне ад рымлян і італікаў.

Зразумела, этнічная мяжа паміж Літвой і заходнімі землямі Русі, што праходзіла прыкладна па лініі Браслаў—Паставы—Смаргонь—Ліда (далей Русь межавала з яцвяжскім племенем дайнава), не была падобнай на сучасныя кардоны. З абодвух бакоў яе перасякалі плыні міграцыі: асобныя літоўскія сем'і сяліліся на рускіх землях, а рускія — на літоўскіх. Міграцыя полацкіх крывічоў асабліва актыўна ішла ў басейне нёманскага прытока Бярэзіны (там узнікла сяло з характэрнай назвай Палачаны, ды і іншыя вёскі ўжо ў XV стагоддзі мелі амаль выключна славянскія назвы), а таксама ўздоўж Віліі. Крывіцкае паселішча XII стагоддзя знойдзена нават на тэрыторыі сучаснага Вільнюса недалёка ад датаванага тым жа стагоддзем літоўскага. Мяркуецца, што назва аднаго з віленскіх замкаў — Крывы горад — магла паходзіць ад этноніма крывічоў.

Пазней, пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, славянская каланізацыя берагоў Віліі яшчэ больш узмоцніцца і прывядзе да амаль поўнай беларусізацыі Віленскага краю ў XIX стагоддзі. Але пакуль што, на момант нашага разгляду, рускі кампанент на тэрыторыі старажытнай Літвы не адыгрывае істотнай ролі.

Адначасова са славянскай каланізацыяй Літвы самі літоўцы прасоўваліся на землі панямонскіх княстваў (а магчыма, рускія князі сялілі іх там у якасці ваеннапалонных). Шэраг вёсак з назвай Літва ў вярхоўях Нёмана мае менавіта такое паходжанне.

М. Ермаловіч, мяркуючы, што гэтыя назвы акрэсліваюць асноўную тэрыторыю летапіснай Літвы, ігнаруе адзін з асноўных законаў тапанімікі: назву Літва вёска не магла мець там, дзе ўсе населеныя пункты літоўскія, а толькі ў іншамоўным асяроддзі. Дарэчы, пры такім падыходзе летапісная Літва трапляе ў абшар неўрадлівых пясчаных глебаў, лясоў і балот, у тым ліку вялізнай Налібоцкай пушчы. Ядром этнасу, тым больш такого актыўнага, як старажытная літва, гэтыя землі не маглі быць проста фізічна. Галоўнае ж, што на акрэсленай Ермаловічам тэрыторыі, як паказалі археалагічныя даследаванні, няма не тое што балцкіх, але практычна ніякіх археалагічных помнікаў, якія б датаваліся XIII стагоддзем.

Мясціны, што займалі плямёны з уласнымі дынастыямі на чале, можна вызначыць толькі прыблізна. Старажытная Упіта, відаць, у асноўным супадала з тэрыторыяй пазнейшага Упіцкага павета на мяжы з Жамойцю. Далей на ўсход знаходзілася Дзевалтва. Памяць аб ёй захавалася ў беларуска-літоўскіх летапісах XV—XVI стагоддзяў, якія лічаць цэнтрам Дзевалтвы горад Вількамір (сучасны Укмерге). Нальшаны займалі паўночна- ўсходні кут Літвы. Праз іх тэрыторыю звычайна ішлі паходамі крыжакі з берагоў Дзвіны на ўладанні галоўнай літоўскай дынастыі — так званую Літоўскую зямлю ў самым вузкім сэнсе, што займала, верагодна, міжрэчча Віліі і Нёмана.

Звесткі аб літоўскіх уладарах дае той самы дагавор 1219 года, згаданы вышэй. Іпацьеўскі летапіс прыводзіць імёны ўсіх князёў, што падпісалі яго. Сярод іх — прадстаўнікі пяці асобных дынастый. На чале стаіць сямейства старэйшых князёў у складзе Жывінбуда і яго родзічаў — братоў Даўята і Вілікайлы, Даўспрунка і Міндоўга. Парадак пераліку асоб у дагаворы, напэўна, адлюстроўвае іх ранг. Жывінбуда, відаць, трэба лічыць старэйшынам сям'і, а дзве пары братоў, верагодна, былі яго пляменнікамі — сынамі ўжо нежывых братоў. Далей ідуць два жамойцкія князі — Эрдзівіл і Выкінт, потым — чацвёра ўладальнікаў Дзевалтвы, а таксама дзве групы князёў, названых па родавых прозвішчах без азначэння падуладных ім тэрыторый (сямёра Рушкавічаў і трое Булевічаў). Магчыма, хтосьці з іх валодаў Нальшанамі і Упітай. Як бачым, адна з дынастый выразна названа старэйшай не толькі над аўкштайцкімі, але і над жамойцкімі князямі — перад намі хаця і рыхлае, але ўжо палітычнае міжпляменнае ўтварэнне, у якім князі адной з дынастый дамінуюць над астатнімі.

Паводле вельмі прыкладных разлікаў Г. Лаўмянскага, агульная колькасць жамойтаў у той час была каля 30—40 тысяч чалавек, аўкштайтаў — каля 80—90. Гэта значыць, што яны маглі без усялякіх намаганняў выставіць войска ў тысяч шэсць воінаў (калі зыходзіць з каэфіцыента 1 : 20, паводле якога амерыканскія каланісты вызначалі колькасць удзельнікаў індзейскіх набегаў). Такая лічба значна большая за колькасць асабістай дружыны любога з рускіх князёў і прыкладна адпавядае поўнаму апалчэнню цэлага буйнога княства. Калі ўлічыць асабліва ваяўнічы характар літоўцаў, якім яны вылучаліся на фоне сваіх балтамоўных і фінскамоўных суседзяў, то стане зразумелым маштаб небяспекі, якая навісала над заходнерускімі княствамі. Даўно заўважана, што для іх літоўцы былі тым жа, чым полаўцы — для Паўднёвай Русі.

Якраз на пачатку XIII стагоддзя (верагодна, у выніку палітычнага аб'яднання літоўскіх княстваў) рэйды літвы набываюць асабліва актыўны характар, ахопліваюць прастору ад Валыні да Наўгародскай зямлі. Як і ў выпадку з полаўцамі, рускія князі супрацьпастаўляюць ім розную тактыку: часам наносяць карныя ўдары ў адказ, часам завязваюць сваяцкія адносіны праз шлюбы, а часам і выкарыстоўваюць літоўскія атрады ў міжкняжацкіх усобіцах. Вядома, напрыклад, што князь Усевалад з Герцыке быў зяцем літоўскага кунігаса Даўгерда, на ваенную моц якога часта абапіраўся ў сваіх дзеяннях. Адзін з таропецкіх князёў, Уладзімір Мсціславіч (брат Мсціслава Удатнага), быў цесна звязаны з Літвой, з чыёй дапамогай, відаць, уладкаваўся ў 1213 годзе ў Пскове, бо яго выгнанне ў тым жа годзе пскоўскі летапісец пракаменціраваў так: "Изгнаша от себя псковичи князя литовского Владимира Торопецкого". І вельмі верагодна, што некаторыя літоўскія набегі на Смаленск і Таропец былі арганізаваны полацкімі ці віцебскімі князямі. Аднак гэта толькі дапамагала літоўцам разведваць шляхі для самастойных паходаў. У 1225 годзе літоўская раць дасягнула Таржка (больш за 500 кіламетраў ад Літвы!). Былі спустошаны поўнач Смаленскай зямлі і поўдзень Наўгародскай, загінуў таропецкі князь Давыд Мсціславіч (трэці з братоў). Па сведчанні летапісца, "бе бо рать велика, ака же не было от начала миру". (Заўважу, што няма падстаў звязваць, як гэта часам робіцца, набег 1225 года з інтрыгамі полацкіх князёў, бо Полацк у той момант падпарадкоўваўся Смаленску, прынамсі, быў цесна з ім звязаны.)

Вельмі верагодна, што той разбуральны паход узначальваў сам Жывінбуд, хоць імёны літоўскіх князёў летапісцы і не прыводзяць. Гэта была ўжо не авантура асобнага важака — шукальніка прыгод, а старанна спланаваная акцыя. Праўда, у рэшце рэшт яна не мела поспеху: на зваротным шляху абцяжараных палонам літоўцаў нагнаў наўгародскі князь Яраслаў (брат уладзіміра-суздальскага князя Юрыя Усеваладавіча) і нанёс ім цяжкае паражэнне. Калі верыць летапісцу, было забіта 2 тысячы літоўцаў з удзельнічаўшых у набегу 7 тысяч, а іх князі трапілі ў палон. Аднак гэта не прывяло да спынення набегаў. Ужо ў 1228 годзе літоўцы (верагодна, жамойты) здолелі ажыццявіць на ладдзях далёкі марскі набег аж у Эстонію, на ўладанні Ордэна мечаносцаў. А ў 1229 годзе літоўскі атрад зноў з'яўляецца ў наўгародскіх землях ля возера Селігер (у вярхоўях Волгі) і зноў пры адыходзе губляе палон. Прыкладна ў той жа час князь Уладзімір Пінскі, васал уладзіміра-валынскіх князёў, адбіваў літоўскі набег ад Берасця. Невыпадкова аўтар "Слова пра пагібель Рускай зямлі" з сумам успамінаў часы, калі "литва из болота на свет не выникываху (не з'яўлялася.—В. Н.)".

Дзеля такіх далёкіх рэйдаў літоўцы павінны былі праходзіць рускія княствы Панямоння і Полаччыны наскрозь. Незалежна ад таго, рабілася тое са згоды мясцовых князёў ці супраць іх волі, несумненна, што літоўскія князі з'яўляліся вельмі ўплывовым палітычным фактарам для дробных уладанняў Заходняй Русі. Нават калі апошнія і выкарыстоўвалі літоўскія дружыны ў сваіх мэтах, гэта былі дачыненні з вельмі небяспечным джынам.

Такім чынам, мы збольшага агледзелі асноўную частку нашай гістарычнай сцэны — тыя тэрыторыі, якім наканавана ў далейшым увайсці ў склад Вялікага княства Літоўскага. Аднак агляд гэты будзе няпоўным, калі не закране бліжэйшых суседзяў азначаных зямель.

Польскае каралеўства з'яўляецца заходнім суседам Русі. Яно населена таксама славянамі і ўвогуле вельмі нагадвае Русь: той жа грамадскі лад, тыя ж звычаі, падобная мова. Праўда, адрозніваецца тэрміналогія: сельскія воласці завуцца ў палякаў аполлямі, рыцары-дружыннікі — шляхтай, буйныя баяры — панамі. Вельмі значны і той пласт агульнаславянскай духоўнай культуры, што звязаны з агульнай паганскай спадчынай. Але ўсё ж лёсы двух суседніх народаў пачалі разыходзіцца на мяжы Х—ХІ стагоддзяў, калі Русь прыняла хрышчэнне з Візантыі, а Польшча — з Рыма. На падобныя язычніцкія субстраты пачалі наслойвацца дзве розныя культуры: лацінская заходнееўрапейская і грэкамоўная візантыйская. Да таго ж палітычныя дачыненні цесна звязвалі Польшчу з Германіяй, а Русь — са стэпавым светам цюркамоўных плямёнаў.

Асабліва моцным быў германскі ўплыў на поўдні Польшчы, у Сілезіі (Шлёнску), дзе польскія землі межаваліся з Чэхіяй, што ўваходзіла ў склад "Свяшчэннай Рымскай імперыі". На сілезскіх землях ужо з'явіліся выхадцы з перанаселенай Саксоніі, якія прынеслі з сабой нямецкія звычаі і нормы права.

Палітычнае развіццё Польшчы вельмі нагадвала працэсы на Русі, толькі драбленне пануючай дынастыі ішло крыху марудней. На працягу другой паловы XII стагоддзя сышлі са сцэны пяць сыноў апошняга князя, які меў уладу над ўсёй Польшчай, — Баляслава Крывавустага. Ва ўзрост актыўнай дзейнасці ўвайшлі яго ўнукі і праўнукі, згрупаваныя ў пяць сем'яў. З іх дзве паходзілі ад старэйшага брата Крывавустага — Уладзіслава Выгнанніка, чый унук Генрык Барадаты, а потым сын апошняга, таксама Генрык, валодалі Ніжняй Сілезіяй; стрыечны брат Барадатага, Казімір, і яго сыны ўладарылі ў Верхняй Сілезіі. У Вялікапольшчы, старажытным ядры польскай дзяржавы, княжыў сын Мешкі Старога Уладзіслаў Луканогі з пляменнікам Уладзіславам Адонічам. Нарэшце, уся ўсходняя палова Польшчы, сумежная з Руссю, — Малапольшча, Куявія і Мазовія — была вотчынай нашчадкаў малодшага з сыноў Баляслава Крывавустага, Казіміра Справядлівага: старэйшы сын Казіміра, Лешак Белы, з сынам Баляславам Сарамлівым валодаў Сандамірскай зямлёй у Малой Польшчы, а малодшы, Конрад, з трыма сынамі — Мазовіяй, Куявіяй і горадам Серадз паміж Вялікай і Малой Польшчай.

Пры гэтым тую ж ролю, якую на Русі адыгрываў Кіеў, тут давялося выконваць Кракаву. Гэты горад па чарзе займалі найбольш моцныя на пэўны момант галіны княжацкага роду ў асобе сваіх старэйшых прадстаўнікоў. У першай чвэрці XIII стагоддзя гегемоніі над астатнімі князямі дамогся Лешак Белы з Сандаміра. Калі ён памёр у 1227 годзе, пачалася барацьба за першынство паміж яго братам Конрадам, Уладзіславам Луканогім з Гнезна і Гснрыкам Барадатым з Вроцлава. На першым этапе перамог Конрад, які ўзяў пад апеку свайго непаўналетняга пляменніка Баляслава Сарамлівага.

Другім моцным суседам Русі і Літвы з'яўляецца Лівонія — тэрыторыя фінскамоўнага племені ліваў, заваяванага нямецкімі крыжакамі, якія затым распаўсюдзілі сваю ўладу на суседнія балцкія плямёны. Тут існуе царкоўная дзяржава — Рыжскае архібіскупства. Заснавальнікам Рыгі быў трэці лівонскі біскуп — Альберт. Ён прыплыў на чале ўзброенага рыцарскага атрада на 23 караблях, каб ахрысціць тутэйшае насельніцтва, а заадно завалодаць яго землямі, і меў цвёрды намер дабіцца большых поспехаў, чым два яго папярэднікі. Сапраўды, Альберт дамогся гэтага, бо дзейнічаў не толькі словам Божым, але і мячом. Для паспяховай хрысціянізацыі ў 1202 годзе ў Рызе быў утвораны духоўна-рыцарскі ордэн па ўзору тых, што дзейнічалі ў Палесціне. У адрозненне ад звычайных манаскіх ордэнаў яны набіраліся ў асноўным з маладых рыцараў і служылі Госпаду не малітвамі і перапіскай Бібліі, а ваеннымі дзеяннямі супраць ворагаў веры.

Новы ордэн атрымаў афіцыйную назву "Браты Хрыстова воінства", аднак з-за характэрнай вопраткі (браты-рыцары насілі белыя плашчы-корзны з нашытымі чырвонымі мячом і крыжам) яго сталі называць Ордэнам мечаносцаў. Абапіраючыся на крыжакоў, а таксама дзякуючы вельмі адмысловай палітыцы, Альберт не толькі гвалтоўна хрысціў усіх ліваў, але і выцесніў палачан з Латгаліі. Да 1214 года Кукенойс і Герцыке адышлі пад кантроль біскупства, пасля чаго актыўнасць рыжскага місіянера накіроўваецца на хрышчэнне залежных ад Вялікага Ноўгарада эстаў. Тут немцы сустрэліся з адпаведнай дзейнасцю датчан. Да канца жыцця Альберта (памёр у 1229 годзе) землі эстаў былі падпарадкаваны. У 1223 годзе немцы захапілі апорны пункт наўгародцаў Юр'еў (Тарту), які бараніў былы кукенойскі князь Вячка. Нованабытыя землі падзялілі царква і Ордэн (архібіскупства атрымала дзве трэці, мечаносцы—трэць), мясцовае насельніцтва абклалі падаткамі на карысць новых гаспадароў. У Рыгу актыўна зазываліся гараджане-каланісты, на захопленых землях будаваліся замкі.

Карта 1. Этнічная сітуацыя на Русі і суседніх землях у І-ай чвэрці ХІІІ ст.

Карта 1. Этнічная сітуацыя на Русі і суседніх землях у І-ай чвэрці ХІІІ ст.
1 — найбольш значныя гарады; 2— межы этнасау, плямёнаў і гіпатэтычных этпаграфічных правінцый Русі; 3— межы асобных этнаграфічных рэгіёнаў Русі; 4— асноўныя напрамкі славянскай каланізацыі балцкіх зямель; 5- назвы дзяржаў; 6- назвы гістарычна-этнаграфічных рэгіёнаў у складзе дзяржаў; 7- назвы плямёнаў (этнасаў), якія не мелі класавых дзяржаў, 8 – этнаграфічныя правінцыі і рэгіёны Русі: 1а - наўгародскі рэгіён паўночнай правінцыі (на славенскай племянной аснове); 1б – залескі рэгіён пауночнай правінцыі (на змешанай славенска-крывіцкай і фіна- угорскай аспове); 2а - крывіцкі рзгіён сярэдняй правінцыі; 2б — вяціцкі рэгіён сярэдняй правінцыі; 2в — радзіміцкі рэгіён сярэдняй правінцыі; 3а – дрыгавіцкі рэгіён паўднёвай правінцыі; 3б — валынскі рэгіён паўднёвай правінцыі; Зв — палянска-драўлянскі рэгіён паўднёвай правінцыі; Зг — севяранскі рэгіён паўднёвай правінцыі (магчыма, паводле пэўных рысаў гэты рэгіён збліжаўся з рэгіенамі 2б і 2в); Зд - галіцкі рэгіён паўднёвай правінцыі (на харвацка-уліцка-ціверскай аснове)
 

У канцы 1220-ых гадоў на берагах Балтыкі з'явіўся яшчэ адзін фактар небяспекі, каб стаць галоўным у яе гісторыі на некалькі стагоддзяў. На паўночным усходзе Польшчы, ва ўладаннях Конрада Мазавецкага, распачынае сваю дзейнасць духоўна-рыцарскі ордэн накшталт таго, з дапамогай якога біскуп Альберт так паспяхова хрысціў ліваў, латгалаў і эстаў. Але на гэты раз гутарка ідзе не пра стварэнне новага, а пра выкарыстанне ўжо дзеючага — Тэўтонскага ордэна, створанага ў 1198 годзе ў Палесціне ў ходзе шматгадовай эпапеі адваявання, а пасля абароны Іерусаліма. Ордэн быў вядомы, меў вялізныя зямельныя ўладанні не толькі ў Палесціне (дзе змяшчалася яго рэзідэнцыя — крэпасць Ака), але і ў Германіі, Італіі, Грэцыі. У яго звычайна прымаліся толькі германамоўныя рыцары, выхадцы з Саксоніі, Баварыі, скандынаўскіх краін. Узначальвалі ордэн вялікі магістр (гросмайстар) з генеральным капітулам — радай магістраў асобных абласцей, на якія падзяляліся ордэнскія ўладанні.

Пасаду вялікага магістра з 1210 да 1239 года займае таленавіты палітык Герман фон Зальца, выхадзец з нямецкага дробнарыцарскага рода. Пры ім цэнтр актыўнасці тэўтонцаў змяшчаецца з Блізкага Усходу ў Еўропу. Магістр мае "блакітную мару" — стварыць з ордэна самастойную тэакратычную дзяржаву. Але спроба ўладкавацца ў Трансільваніі на падараваных венгерскім каралём Андрэем землях не ўдалася — кароль разгадаў намеры магістра і адмовіўся ад супрацоўніцтва з крыжакамі. Вось тут і трапляе ордэн пад крыло Конрада Мазавецкага. Апошні ў 1226 годзе пагаджаецца выкарыстаць тэўтонцаў для хрышчэння прусаў, якія вельмі даймаюць Мазовію сваімі набегамі, і выдзяляе рыцарам у якасці апорнай базы Хельмінскую зямлю на поўначы свайго княства. Конрад разлічвае з іх дапамогай далучыць Прусію да сваіх уладанняў, але не падазрае, што ордэн "братоў-барадачоў" (як заве яго аўтар "Велікапольскай хронікі") атрымаў ад германскага імператара Фрыдрыха II выключнае права на землі яшчэ незалежных прусаў.

У 1230 годзе ў Хельмінскую зямлю прыбыў першы атрад крыжакоў на чале з Германам Балкам. Да пачатку вялікай вайны ў Прыбалтыцы застаюцца лічаныя месяцы.

І нарэшце, яшчэ адзін фактар, які пакуль што не праявіўся, але ўжо падспудна выспявае за кулісамі. За тысячы кіламетраў ад Русі, у неймавернай далечы, на мангольскай рацэ Анон у 1206 годзе адбыўся курултай (з'езд) мясцовай знаці, дзе быў абраны агульны правіцель — каган. Ім стаў вельмі таленавіты і бязмерна жорсткі хан Тэмуджын, які пачаў горда звацца "вялікім ханам" — Чынгісханам.

Чынгісхану ўдалося скаваць сваіх супляменнікаў сталёвай дысцыплінай, стварыць з іх звышэфектыўную машыну заваявання і разбурэння. Ужо захоплены Паўночны Кітай, дымяцца руіны гарадоў Харэзма і Азербайджана, ужо старэйшы сын Чынгісхана Джучы атрымаў у якасці улуса (удзела) усе стэпы Казахстана, Паўднёвай Сібіры і ўсё, што ляжыць на захад ад іх, ужо прыступіў ён да іх заваявання. Ужо паспыталі моц тумэнаў Чынгісхана рускія князі на Калцы ў 1223 годзе. Праўда, у 1227 годзе "Заваёўнік Сусвету" памірае, і ў тым жа годзе пры таямнічых абставінах гіне яго старэйшы сын Джучы (напэўна, ён стаў ахвярай жорсткіх інтрыг у стаўцы кагана). Але ваенная машына бездакорна працуе і пасля смерці стваральніка, яе заводу хопіць яшчэ не на адно дзесяцігоддзе. Сыны і ўнукі Чынгісхана не збіраюцца яе спыняць.

Недзе там, на Русі і ў іншых краінах, людзі мараць аб будучым, гадуюць дзяцей. Але жыць ім ці не — вырашаецца на курултаях, у стаўцы новага кагана Угэдэя (трэцяга сына Чынгісхана), дзе абмяркоўваюцца напрамкі новых паходаў. І таму пакаленню, да гісторыі якога мы пераходзім, давядзецца спазнаць, што ўсе яны жывуць на адной планеце.