ПАКАЛЕННЕ ШОСТАЕ: ЯГАЙЛА, ВІТАЎТ І ІХ СТАРЭЙШЫЯ СУЧАСНІКІ (1370-ыя - 1390-ыя гады)

Так, надышла ўжо пара наступнага пакалення, хаця гэтым разам змена галоўных дзеючых асоб не супадае па часе з яго выхадам на гістарычную арэну. Род Гедыміна вызначаецца здароўем і доўгім векам насуперак усім бедствам суровага часу. Яго прадстаўнікі жывуць значна даўжэй тых прыблізна шасцідзесяці гадоў, што ствараюць сярэднюю працягласць жыцця іх сучаснікаў. Таму на пачатку 70-ых гадоў XIV стагоддзя працягваюць актыўна дзейнічаць (і яшчэ не хутка адыдуць у лешпы свет) трое сыноў Гедыміна: сямідзесяціпяцігадовы Альгерд, Кейстут, што набліжаецца да свайго сямідзесяцігоддзя, і малодшы з братоў — Любарт, якому каля шасцідзесяці. Па ўзросце апошні ненамнога адрозніваеода ад сваіх старэйшых пляменнікаў, Карыятавічаў і Нарымонтавічаў. З іх пра Міхаіла Нарымонтавіча Пінскага дакладных звестак няма, невядомы нават год смерці. Пазней, у 1380-ыя гады, будзе дзейнічаць у Пінску яго сын Васіль. З астатніх Нарымонтавічаў Юрый па- ранейшаму княжыць на Валыні, пра Аляксандра ж, што ў маленстве прадстаўляў бацьку ў Вялікім Ноўгарадзе, і пра малодшага, Патрыкея, цяжка сказаць пэўна, якімі гарадамі валодалі яны ў Вялікім княстве. З Карыятавічаў старэйшы, Юрый, валодае Падоллем. Пры ім жа, напэўна, знаходзяцца яго браты Аляксандр, Канстанцін і Фёдар, цесна звязаныя сваімі інтарэсамі з Польшчай і Венгрыяй.

Дасягнулі поўнай сталасці і старэйшыя сыны Альгерда і Кейстута — калі б іх бацькі не вызначаліся даўгалеццем, зараз настаў бы іх час панавання. Пяцёра сыноў Альгерда ад Марыі Віцебскай: Андрэй Полацкі, Дзмітрый Бранскі, Уладзімір Кіеўскі, Канстанцін Чарнігаўскі і Фёдар Ратненскі — з'яўляюцца князямі паўсамастойных уладанняў. Напэўна, мае ўдзел і Войдат Кейстутавіч. Яго брат, здраднік Бутаўт-Генрых, знаходзіцца за мяжой, у Германіі. Праблематычна існаванне яшчэ аднаго са старэйшых сыноў Кейстута — Войшвіла, звесткі пра якога няпэўныя.

Нарэшце, сярод Гедымінавічаў у гэты час існуюць яшчэ ўдзельныя князі — Міхаіл Яўнуцьевіч Заслаўскі з братам Сямёнам, пра якіх таксама звестак мала. Што датычыць малодшых сыноў Альгерда і Кейстута, якія нарадзіліся ў сярэдзіне — другой палове XIV стагоддзя, то яны пры жыцці бацькоў удзелаў не маюць. Аднак хутка менавіта гэтая моладзь адсуне ў цень сваіх больш сталых сучаснікаў, і ў першую чаргу я маю на ўвазе магутныя постаці Ягайлы Альгердавіча і Вітаўта Кейстутавіча. Яны нарадзіліся каля 1350 года (традыцыйна лічыцца, што Ягайла нарадзіўся ў 1348 годзе) і сябравалі з юнацтва. Несумненна, абодва выдзяляліся здольнасцямі сярод сваёй шматлікай радні і былі найбольш любімымі сынамі бацькоў. Праявілі сябе яны рана, прыкладна ў дваццацігадовым узросце ўдзельнічалі ў паходах пад Рудаву і на Маскву, і актыўнасці іх хопіць яшчэ надоўга.

Гістарычная сцэна, на якой будзе дзейнічаць новае пакаленне, зазнала з пачатку.1350-ых да пачатку 1370-ых гадоў вельмі значныя змены — іх можна параўнаць бадай што толькі з тымі, якія адбыліся пасля нашэсця Бату- хана і знішчэння Кіеўскай Русі. Гэтым разам, праўда, не ўсе змены такія разбуральныя, хаця колькасць насельніцтва значна паменшала пасля дзвюх хваляў эпідэміі чумы (у 1350—1353 і 1360—1362 гадах). "И опусте вся земля и поросте лесом, и бысть пустыни всюду непроходимые",— так характарызуе вынікі "чорнай смерці" летапісец.

Зноў адбылася перабудова палітычных сувязей. Тэрыторыя колішняй старажытнарускай дзяржавы апынулася падзеленай на дзве паловы — паўночна-ўсходнюю з цэнтрам у Маскве і паўднёва-заходнюю, якая ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага. Гэтая дзяржава пры Альгердзе стала не толькі адной з найвялікшых, але і адной з магутнейшых у Еўропе. У гэты ж час, пры каралю Казіміру Вялікім, скончылася ў асноўным палітычнае аб'яднанне польскіх княстваў (з іх самастойнасць і ўласную дынастыю захавала толькі Мазовія, якая праіснуе ў такой якасці да пачатку XVI стагоддзя). Тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага пасля далучэння Браншчыны, Кіеўшчыны, Чарнігаўшчыны і Падолля перасягае па памерах Польскае каралеўства больш чым у два разы, аднак іх ваенны патэнцыял, як паказала барацьба за Валынь, прыкладна роўны, можа, з некаторай перавагай палякаў. Гэта сведчыць, што большасць тэрыторыі Вялікага княства (асабліва ўскраіны, якія знаходзяцца пад двайным кантролем Літвы і Арды) населена значна радзей.

Паміж Літвой і Масквой таксама дасягнуты пэўны баланс сіл. Увогуле той факт, што ў трох войнах Альгерду не ўдалося знішчыць у калысцы маладую Маскоўскую дзяржаву, меў выключна важныя вынікі. У новых умовах аб'яднанне ўсіх рускіх княстваў пад адной уладай стала немагчымым. Праз усю Русь пралягла палітычная мяжа, якая будзе падзяляць яе на працягу некалькіх стагоддзяў. Кожная з дзвюх супрацьстаячых сіл здолее ў далейшым толькі часова ссоўваць гэтую мяжу ў той ці іншы бок і аспрэчваць адна ў адной права на спадчыну Кіеўскай Русі. Насельніцтва абедзвюх частак будзе лічыць сябе "сапраўднай" Руссю, а сваіх суседзяў называць "маскалямі" ці, адпаведна, "літвой". Усё гэта канчаткова разрывае старажытнарускую народнасць на два арэалы, у адным з якіх пачнецца фарміраванне беларускага і ўкраінскага этнасаў (іх шляхі разыдуцца пазней), а ў другім — велікарускага.

У XIV стагоддзі, зразумела, яшчэ ніхто не можа прадбачыць далёкіх вынікаў. Наадварот, пачуццё агульнарускай супольнасці ў той час праяўляецца ці не найбольш выразна. Галоўным носьбітам такога пачуцця выступае праваслаўная царква, якая актыўна імкнецца пазбегнуць расколу. Улічваючы гэты настрой, канстанцінопальскі патрыярх катэгарычна адмаўляецца працягваць ім жа распачатую практыку прызначэння двух мітрапалітаў — літоўска-валынскага і ўладзімірскага (фактычна маскоўскага). Мітрапаліт, незалежна ад яго рэзідэнцыі, павінен быць толькі "Кіеўскі і ўсея Русі". Такім пасля смерці Рамана становіцца маскоўскі стаўленік Аляксей.

 

Аднак жыццё няўмольна бярэ сваё, і ўжо ў 1370 годзе патрыярх пагаджаецца з прапановай польскага караля Казіміра і аднаўляе мітраполію ў Галічы для тых рускіх зямель, што ўвайшлі ў склад Польшчы. Між тым Альгерд працягвае патрабаваць мітрапаліта, якому падпарадкоўваліся б Кіеў, Малая Русь, Цвер і іншыя пакуль што незалежныя ад Масквы тэрыторыі. Каб вырашыць пытанне, патрыярх накіроўвае ў 1373 годзе на Русь сваю давераную асобу — балгарскага манаха Кіпрыяна. Той павінен садзейнічаць царкоўнаму і палітычнаму ўз'яднанню Русі. Палітычныя ўмовы, аднак, няўмольна штурхаюць мітраполію да расколу на дзве часткі.

Канчатковае знікненне палітычнага адзінства Русі прыводзіць да таго, што з другой паловы ХІV стагоддзя ўсё часцей пачынаюць ужывацца лакальныя назвы яе асобных частак: Вялікая і Малая Русь ці "каляровыя" назвы (Белая, Чорная, Чырвоная Русь). Тэрмін "Малая Русь" эпізадычна ўжываўся ў адносінах да Галіцка-Валынскага княства і раней (упершыню ён зафіксаваны ў XIII стагоддзі). Звычайна яго выкарыстоўвалі ў асяроддзі візантыйскага патрыярха, калі гаворка ішла пра дзве адначасова існуючыя рускія мітраполіі (тая, што ахоплівала Валынь і землі Вялікага княства Літоўскага, звычайна лічылася "Малой Руссю"). Тэрмін "Малая Русь" ужываўся і ў Польшчы ў адносінах да Галіччыны і Заходняй Валыні, уключаных у Польскае каралеўства.

Не выключана, што першапачаткова "каляровая" антытэза мела той жа самы сэнс: "белы" адначасова значыла "вялікі", "асноўны". Блізкасць вымаўлення старажытных слоў "чорны" і "чермный" ("чырвоны") наводзіць на думку, што калісьці было адно супрацьпастаўленне (белы — чорны ці белы — чырвоны), якое затым расшчапілася на два ў выніку скажэння першапачатковай формы. (Гэта магло адбыцца тым лягчэй, што тэрміны мелі чыста ўмоўны сэнс.)

Ужыванне "каляровых" назваў з'яўлялася вельмі супярэчлівым, блытаным. Мясцовае насельніцтва не толькі ў XIV стагоддзі, а і значна пазней гэтымі назвамі не карысталася, іх можна сустрэць звычайна ў царкоўным ужытку ці ў творах замежных географаў і храністаў. Агульная тэндэнцыя такая: Белая Русь заўсёды знаходзіцца на поўначы ці паўночным усходзе ад Чорнай ці Чырвонай. Розныя аўтары да Белай Русі адносілі то Ноўгарад, Пскоў і Масковію, то Полаччыну з Віцебшчынай, то княствы ў вярхоўях Акі. В. Тацішчаў на падставе сваіх крыніц увогуле прыйшоў да памылковай высновы, быццам бы Белай Руссю ў старажытнасці звалася толькі Уладзіміра-Суздальская зямля. Можна адзначыць, што практычна ўсе старажытныя аўтары адносілі гэтую назву да розных частак былых паўночнарускай і сярэднярускай этнаграфічных правінцый.

Чорнай Руссю звычайна называлі Панямонне, Палессе і поўнач Кіеўшчыны, Чырвонай — Галіччыну і Заходнюю Валынь, хаця гэтыя назвы часта блыталі. У асноўным іх арэал супадае с паўднёварускай этнаграфічнай правінцыяй XIII стагоддзя.

Увогуле тлумачэнняў паходжання назвы "Белая Русь" выказвалася безліч. Але, як правіла, іх аўтары ігнаруюць той факт, што гэтая назва (як і іншыя аднатыпныя) мела ў розныя часы розны сэнс і блукала па геаграфічнай карце. У XVII—XVIII стагоддзях яна замацавалася за паўночна-ўсходняй часткай сучаснай Беларусі (Полаччынай, Віцебшчынай, Магілёўшчынай), а ў XIX стагоддзі (нават у другой яго палове) распаўсюдзілася на ўсю Беларусь і канчаткова набыла этнічны сэнс.

Уладары Літоўскай дзяржавы, пачынаючы з Гедыміна, тытулавалі сябе вялікімі князямі (часам каралямі) Літвы і Русі. Калі-нікалі сустракаліся варыянты, якія падкрэслівалі розны статус дзвюх частак дзяржавы: "кароль Літвы і далучанай Русі", "вялікі князь Літвы і далучаных земляў", "уладар Літвы і дзедзіч Русі" і інш. Як нагадвалася вышэй, землі Ноўгародчыны ў адміністрацыйным сэнсе таксама лічыліся "Літвой". Крыху пазней гэты тэрмін распаўсюдзіўся на іншыя тэрыторыі, непасрэдна падпарадкаваныя вялікім князям — Берасцейшчыну і Меншчыну. Менск і Лагойск яшчэ ў 1387 годзе названы сярод уладанняў "на русской стороне" дзяржавы, але ўжо праз некалькі дзесяцігоддзяў яны будуць лічыцца Літвой. Назва "Русь" у адміністрацыйным сэнсе замацуецца за федэратыўнымі адзінкамі, што мелі пэўныя рысы самастойнасці (Полацкая, Віцебская, Валынская, Кіеўская, Чарнігаўская землі, пазней далучаная Смаленшчына), а таксама за тэрыторыямі Свіслацкага, Друцкага, Мсціслаўскага княстваў.

На гэтай вялізнай тэрыторыі літоўскі этнас у XIV стагодцзі апынуўся ў значнай меншасці. Тэрыторыя этнічнай Літвы займала не больш 1/10 дзяржавы (у колькасці насельніцтва разрыў быў меншы, бо з паслябатыевых часоў на Кіеўшчыне і Чарнігаўшчьгее насельніцтва мелася вельмі мала). Праўда, у палітычным сэнсе дамінавала менавіта літоўская знаць, якая групавалася ў Віленскім і Троцкім княствах і стварала непасрэднае атачэнне Альгерда і Кейстута. Сярод яе, напэўна, даволі моцна трымаліся традыцыі "паганскага фундаменталізму".

Але пазбегнуць культурнага ўплыву Русі было немагчыма. Літоўскае баярства яшчэ толькі ішло па шляху ператварэння з племянной арыстакратыі ў служылую феадальную знаць. Яго зямельныя ўладанні абмяжоўваліся адным-двума дварамі з чэляддзю. Не існавала яшчэ ўстойлівай традыцыі і механізму пераходу зямельных выслуг ад бацькі да сына (гарантыі такога пераходу будуць замацаваны толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў). На Русі ж існавалі распрацаваныя юрыдычныя нормы, адукаваныя пісцы. Там ляжалі вотчыны большасці Гедымінавічаў. Нарэшце, іх маткамі і жонкамі былі рускія князёўны, у бліжнюю раду ўваходзілі рускія баяры. Асабліва гэта датычыць Нарымонтавічаў, Любарта з яго сынамі, пяці старэйшых Альгердавічаў, Міхаіла Яўнуцьевіча. Што ж да Карыятавічаў, уладкаваўшыхся на памежжы з Польшчай і Венгрыяй, то яны зведалі ўплыў як Русі, так і Захаду. Аляксандр Карыятавіч, паплечнік караля Казіміра, прыняў, здаецца, каталіцтва і нават разглядаўся як адзін з магчымых прэтэндэнтаў на польскую карону. Яго старэйшы брат Юрый спрабаваў уладкавацца на пасадзе гаспадара Малдовы, але быў там атручаны ў 1374 годзе. Малодшы з братоў, Фёдар, пэўны час служыў каралю Людовіку Анжуйскаму.

Асяроддзе абодвух літоўскіх сюзерэнаў, Альгерда і Кейстута, нягледзечы на прыхільнасць да традыцыйнага паганства, усё ж даволі талерантна ставіцца да праваслаўя з каталіцызмам, што пакідае для яго вялікую свабоду манеўра, хаця часам і ўскладняе жыццё. Застаюцца неахрышчанымі ўсе сыны Кейстута, як і сем малодшых сыноў Альгерда ад Ульяны Цвярской, хаця і іх славянскі ўплыў не абмінае — усе добра валодаюць рускай мовай. Паказальна, што і жонкай Вітаўта стане руская князёўна Ганна, дачка Святаслава Смаленскага.

Справаводства пры двары вялікага князя вядзецца на дзвюх мовах: уся дакументацыя, звязаная з Захадам, выконваецца на латыні, а дакументы, прызначаныя для ўжывання ў самой дзяржаве ці ў яе ўсходніх суседзяў, пішуцца як на латыні, так і на мове Кіеўскай Русі (якая тут выконвае тыя ж функцыі, што і латынь у Заходняй Еўропе). Характэрна, што абедзве мовы з'яўляюцца па сутнасці мёртвымі, хаця старажытнаруская і значна менш адышла ад жывых гаворак. Яе ўжыванне дапамагае пазбягаць непаразуменняў, звязаных з тым, што дыялекты Полаччыны і Валыні ўжо даволі выразна адрозніваюцца ад дыялектаў Маскоўскага княства ці Наўгародскай зямлі, не кажучы ўжо пра мову ўласна літоўцаў. Мясцовыя асаблівасці пачынаюць трапляць і ў канцылярскую мову, хаця ў асноўным яна яшчэ адзіная.

Параўнайце, напрыклад, гучанне трох аднатыпных прысяжных грамат, складзеных у разглядаемы перыяд (дарэчы, адных са старажытнейшых дакументаў велікакняжацкай канцылярыі, што дайшлі да нас). Вось урывак з граматы смаленскага князя Юрыя Святаславіча, складзенай ў Вільне ў 1386 годзе: "На том на всем дал есмь правду, хрест есмь целовал за всю свою братию, и за всю свою землю, и за вси свом людин, а то есмь учинил и записал своею доброю волею, што ми то здержати крепко и до своего живота, а не изменити..." А вось грамата, складзеная праз год у Луцку на Валыні: "...Служити ему господару своему королю верно, без олсти (ліслівасці.— В. Н.) и без хитрости, николи его не пелавать (не шкодзіць.— В. Н.), ни на королево лихо не гадать, але его остерегати от усяких неприязни каздого чоловека, а николи ему противу короля не быть, никоторой речу, ниж только ему королеви служить до своих живот, а добра ему на всякий час хоте бы". Нарэшце, трэцюю грамату склаў у Пераяславе- Разанскім тамтэйшы князь Алег Іванавіч у 1393 годзе: "...Быти ему верну и послушну своего брата великого короля, преже написаного, а никоторым временем его не одстати, а ни против ему был ни дилом, ни словом, ни помыслом, а ни против тых, што суть под его рукою". Здаецца, што гэта ўрыўкі з аднаго тэксту, ці не так? Але ж у луцкай грамаце ўжо з'явілася цяжкаўлоўнае адценне, што набліжае яе да гучання сучаснай беларускай мовы — магчыма, гэта вынік горшай адукаванасці валынскага пісца, большай прастамоўнасці яго стылю.

Больш адчувальнымі ў гэты час робяцца заходнееўрапейскія імпульсы, правадніком якіх выступае Польшча. Там адбыліся важныя змены: у 1370 годзе памёр кароль Казімір, і са смерцю яго абарвалася пануючая дынастыя (калі не лічыць мазавецкіх князёў, заставаўся яшчэ дробны князь Уладзіслаў Белы, які даўно прадаў сваё княства бацьку Казіміра Уладзіславу Лакатку і пастрыгся ў манахі ў Францыі). Яшчэ пры жыцці Казіміра было вырашана, што карона Польшчы пяройдзе да сына яго сястры Альжбеты — венгерскага караля Людовіка (Лаяша) з так званай Анжуйскай дынастыі. Гэтая дынастыя, адгалінаванне французскага каралеўскага роду, шляхам дынастычных шлюбаў атрымала шмат еўрапейскіх карон. Тое, што Людовік Анжуйскі станавіўся адначасова каралём Венгрыі і Польшчы, уводзіла апошнюю непасрэдна ў свет вытанчанай заходнееўрапейскай палітыкі. Паскараецца распаўсюджанне ў Польшчы рыцарскай атрыбутыкі: гербавых шчытоў, шлемаў з пышнымі плюмажамі, абраду пасвячэння ў рыцары.

Дададзім, што пасля з'яўлення арбалетаў і гакаўніц на змену кальчужным даспехам прыходзяць цэльнаметалічныя латы. Адным словам, польская шляхта набывае тое каларытнае аблічча, што звычайна асацыіруецца ў нас з рыцарскай эпохай.

Заходняя мода не магла не ўплываць на баярства і князёў Літвы і Русі. Магчыма, якраз у гэты час пачынае афармляцца ў традыцыях еўрапейскай геральдыкі "Пагоня" — дзяржаўны герб Вялікага княства Літоўскага. У яго былі і мясцовыя карані — звычай змяшчаць на княжацкіх пячатках выяву ўзброенага конніка. Такія пячаткі ўжываў на Русі яшчэ Аляксандр Неўскі, потым яго сыны і ўнукі. Коннага воіна са шчытом і сцягам меў на пячатцы галіцка-валынскі князь Юрый Львовіч. Выява вершніка (з кап'ём?), захавалася і на пячатцы полацкага князя Нарымонта (у хрышчэнні Глеба) Гедымінавіча. Аднак ператварэнне пячатак у герб, пабудаваны паводле геральдычных законаў (пазней некаторыя галіны Гедымінавічаў ужывалі яго ў якасці родавага герба) трэба звязваць з заходнееўрапейскім уплывам. Першыя бясспрэчныя факты, калі выява ўзброенага конніка ўжываецца ў якасці дзяржаўнай пячаткі Вялікага княства, адносяцца да часу Крэўскай уніі (1385 год). Дарэчы, менавіта з 1380-ых гадоў прасочваюцца першыя асабістыя пячаткі з гербавымі выявамі і ў прадстаўнікоў іншых арыстакратычных родаў. Тады, напэўна, князі Гальшанскія аформілі свой герб "Кентаўр", а князі Гедройцы — герб "Ружа". Літоўскі баярын Манівід Кайлікінавіч, полацкі баярын Фёдар Корсак, іншыя баяры ў гэты час, яшчэ да прыняцця польскіх гербаў, карысталіся ўласнымі пячаткамі.

Прыклады з гербамі і пячаткамі — толькі найбольш яскравыя сведчанні новага стылю паводзін. Не менш прыцягальнымі былі навацыі ў сацыяльным статусе польскай шляхты, да таго невядомыя не толькі літоўскаму, але і рускаму баярству. Карыстаючыся тым, што кароль- чужынец Людовік не вельмі трывала сядзеў на польскім троне, шляхта ў 1374 годзе дамаглася ад яго так званага Кошыцкага прывілея, паводле якога кожны рыцар атрымліваў для сваіх маёнткаў права імунітэту, як яго называлі. Залежныя сяляне мусілі цяпер плаціць у дзяржаўную казну толькі невялікі, амаль сімвалічны падатак, усе астатнія павіннасці ішлі выключна на карысць землеўладальніка. Адначасова шляхце надаваліся і іншыя правы. Службовыя асобы ў тэрытарыяльных акругах-паветах, у якія ператварыліся былыя княствы, павінны былі назначацца толькі з ліку мясцовых землеўладальнікаў. Утвараўся шэраг выбарных пасад: павятовых суддзяў, маршалкаў, харунжых, якія займаліся судовымі і ваенна-мабілізацыйнымі справамі ў паветах.

Аб такім абмежаванні вярхоўнай улады на карысць рыцарства маглі толькі марыць баяры Вялікага княства Літоўскага. Старажытнаруская традыцыя, паводле якой будаваўся сацыяльны лад на землях Вялікага княства, разглядала баяр як паслухмяных слуг княжацкай улады, не болей. Варта адзначыць, што баярства Маскоўскай Русі, да якой заходні ўплыў практычна не дайшоў, так ніколі і не атрымала сапраўднага імунітэту, дый мясцовае самакіраванне не ператварылася там ва ўстойлівую традыцыю. Наадварот, усё большую жорсткасць набывала там іерархічная лесвіца. Князі, якія за пярэчанне свайму гаспадару, ардынскаму хану, маглі развітацца з жыццём, патрабавалі такой жа бездакорнай паслухмянасці ад баяр, а тыя ў сваю чаргу — ад уласных слуг. Праз адно-два стагоддзі гэтая на перпш погляд неістотная розніца ператворыць Польшчу і Масковію ў палітычных антыподаў: у першай запануе шляхецкая вольніца, а ў другой буйнейшыя вяльможы будуць звыкла называць сябе халопамі самаўладнага цара.

Такім чынам, у другой палове XIV стагоддзя намецілася яшчэ адна гістарычная развілка, і Вялікаму княству Літоўскаму ў хуткім часе давядзецца зрабіць новы выбар паміж дзвюма альтэрнатывамі: працяг старажытнай рускай традыцыі ці зварот да заходніх узораў? Выбар ажыццявіцца на працягу жыцця таго пакалення, якое мы зараз разглядаем. Гэтым і тлумачыцца такое доўгае адступленне ад палітычных падзей — іх агульны сэнс будзе незразумелым без тых тлумачэнняў, што зроблены вышэй.

А зараз вернемся да гісторыі Вялікага княства. Па-ранейшаму тры праблемы на яго межах чакаюць свайго вырашэння: вайна з крыжакамі, спрэчка з Польшчай і Венгрыяй за былое Галіцка-Ва-лынскае княства і саперніцтва з Масквой за гегемонію на Русі.

На Валыні ў 1376 годзе Кейстут з братам Любартам і пляменнікамі Нарымонтавічамі і Карыятавічамі зноў паспрабавалі цалкам далучыць да Літвы спрэчныя тэрыторыі. Аднак іх чакала жорсткае паражэнне. Юрый Нарымонтавіч нават трапіў у палон да караля Людовіка і быў адвезены ў Венгрыю. Пазней яго выпусцілі на волю, але пакінулі ў Заходняй Галіччыне ўладальнікам замка Любачаў на правах ці то васала, ці то заложніка Людовіка. Толькі ў 1378 годзе князь Юрый вярнуўся ў Літву, пакінуўшы ў Любачаве сына Івана.

Гэта была, бадай, апошняя рэальная спроба Літвы далучыць Галіч, Львоў і Перамышль да сваіх уладанняў. Пасля гэтай перамогі Людовіка Галіцкая Русь канчаткова замацавалася за Польшчай. (Заўважым, што гэта быў адзін з крокаў, якія вялі ў напрамку з'яўлення самастойнага ўкраінскага этнасу, адасаблення яго ад астатняй Русі.) Яшчэ ў 1375 годзе там у дадатак да праваслаўнай мітраполіі было ўтворана каталіцкае архібіскупства, а ў далейшым гэтая тэрыторыя ўтварыла ў складзе Польскага каралеўства асобнае Рускае ваяводства.

Польска-венгерскі ўплыў адчуваўся і ніжэй па цячэнні Днястра, у Падоліі. Мясцовыя князі Аляксандр і Канстанцін Карыятавічы прынеслі Людовіку ленную прысягу, а іх малодшы брат Фёдар увогуле паступіў да караля на службу. За Літвой засталіся ўладанні Любарта (Уладзімір-Ва- лынскі і Луцк), а таксама Ратна, дзе княжыў сын Альгсрда Фёдар, Крамянец і Карэц (уладанні Аляксандра Нарымонтавіча). Пад літоўскім сюзерэнітэтам засталіся і вотчыны служылых рускіх князёў — Астрог, Чацвяртня, Несвіч.

На ўсходзе Альгерд адмовіўся ад спроб перамагчы Маскву сілай, але працягваў зносіны з яе ворагамі — Мамаем і Міхаілам Цвярскім. Дзіўны выбрык лёсу: сын паўстанца супраць татар Аляксандра Цвярскога ўвайшоў у блок з ардынскім уладаром, у той час як унук татарскага ўлюбёнца Івана Каліты ўзначаліў антыардынскі рух! Сапраўды, Дзмітрый Маскоўскі пайшоў зусім не тым шляхам, што яго продкі — рызыкнуў амаль адкрыта парваць з Ардой. Праўда, пры гэтым ён абапіраўся на вынікі той палітыкі, якую праводзілі пад татарскім крылом яго папярэднікі, збіраючы вакол Масквы вялікую і моцную вотчыну.

Выкарыстанне антыардынскіх настрояў было ў руках Дзмітрыя козырам, якому Альгерд нічога не мог супрацьпаставіць. Таму ў 1375 годзе маскоўскі князь выглядаў бясспрэчным лідэрам Паўночна-Усходняй Русі. Ён абагульніў узброеныя сілы ледзь не ўсіх тамтэйшых княстваў, але нечакана кінуў іх не супраць татар, а супраць Міхаіла Цвярскога. Абложаны ў сваёй сталіцы, як мядзведзь у берлагу, увосень таго ж года Міхаіл капітуліраваў, прызнаў вяршэнства Дзмітрыя і адмовіўся ад усіх прэтэнзій на вялікае княжанне ўладзімірскае. На гэтых умовах за ім была пакінута Цвер. Яго саюз з Літвой цалкам не знік (у наступным годзе ён ажаніў свайго старэйшага сына Івана з дачкой Кейстута), але з барацьбы супраць Масквы Цвер зараз была цалкам выключана.

Аднак не ўсе вынікі гэтага паходу былі спрыяльнымі для Дзмітрыя Маскоўскага і неспрыяльнымі для Альгерда. Тое, што маскоўскі князь і яго натхняльнік мітрапаліт Аляксей выступілі ініцыятарамі міжусобнай вайны на Русі, выклікала гнеў патрыярха і яго эмісара Кіпрыяна. Альгерд удала выкарыстаў гэта, каб зноў узняць пытанне аб незалежнай ад Масквы літоўскай мітраполіі. Гэтым разам патрыярх зноў пайшоў насустрач "вогнепаклонніку" — у канцы 1375 года ён прызначыў Кіпрыяна мітрапалітам Кіеўскім і Літоўскім (праўда, з агаворкай, што пасля смерці Аляксея мітраполіі павінны зноў уз'яднацца). Не апошнюю ролю адыграла тут пагроза Альгерда, што ў выпадку адмовы ён прыме мітрапаліта "ад лацінскай царквы". Гэта сведчыць, што пераарыентацыя ў бок каталіцтва ўжо тады разглядалася ўладарамі Літвы як магчымы крок. Крыху раней, у 1373 годзе, рымскі папа афіцыйна звяртаўся да іх з прапановай прыняць каталіцкую веру, але Альгерд ўсё вагаўся. Магчыма, ён не мог развітацца з марай падпарадкаваць усю Русь, а дзеля гэтага неабходны былі сувязі з праваслаўнай царквой.

Але Альгерду не суджана было зрабіць канчатковы выбар — у 1377 годзе, ва ўзросце 83 гадоў, ён памёр і быў пахаваны паводле паганскага абраду (спалены на вогнішчы). Цвярскі манах Спірыдон-Сава, які пісаў на мяжы XV—XVI стагоддзяў, сцвярджаў, нібыта перад смерцю Альгерд па просьбе жонкі прыняў праваслаўнае хрышчэнне і нават пастрыжэнне ў манахі, аднак слушнасць гэтай звесткі выклікае сумненні. За сваё доўгае жыццё Альгерд пакінуў надзвычай вялікае патомства: пяць сыноў ад першага шлюбу і сем ад другога, а таксама не менш шасці дачок. Пры дзіцячай смяротнасці каля 30—40% народжаных, уласцівай старажытным часам, выжыванне столькіх дзяцей было унікальнай з'явай. Але адносна наследавання ўлады вялікая колькасць сыноў таіла небяспеку смуты. Перад смерцю Альгерд распарадзіўся сваёй спадчынай так жа, як некалі яго бацька. Пераемнікам ён прызначыў старэйшага сына ад другой жонкі — Ягайлу. Напэўна, вялікі князь быў незадаволены сваімі першынцамі, Андрэем і Дзмітрыем, якія на сваіх рускіх удзелах аддаліліся ад агульнадзяржаўных інтарэсаў.

Альгерд не змог пераадолець інерцыю "ўдзельнай эпохі", якая патрабавала, каб кожны родзіч вялікага князя меў сваё княства. Удзелы атрымалі яго малодшыя сыны: Карыгайла пачаў княжыць у Мсціславе, Віганд — у Кернаве, Карыбут — у Ноўгарадзе-Северскім. Побач з Карыбутам, у Старадубе, атрымаў удзел Патрыкей Нарымонтавіч. Пра ўладанні Скіргайлы і Лугвеня ў гэты час звестак няма. Калі дадаць сюды Войдата і Вітаўта Кейстутавічаў, што княжылі адпаведна ў Ноўгародку і Горадне, і падрастаючых Свідрыгайлу Альгердавіча і двух малодшых сыноў Кейстута, якім хутка таксама трэба было вылучаць уладанні,— то перад намі яўны рэнесанс удзельнай сістэмы, так паспяхова пераадоленай у суседняй Польшчы. Існаванне звыш дваццаці паўсамастойных князёў не магло абысціся без канфліктаў паміж імі і да таго ж запавольвала працэс утварэння заможных рыцараў-магнатаў, на гаспадарцы якіх трымаўся дабрабыт Польшчы.

Калі б Літва існавала як асобная монаэтнічная дзяржава, яна непазбежна прайшла б праз натуральную для яе стадыі развіцця сістэму ўдзелаў (і, напэўна, была б захоплена ў гэты момант магутнымі суседзямі). Аднак сімбіёз з Руссю, якая такую стадыю ўжо мінавала, ствараў магчымасць пазбегнуць драблення, асабліва пры ўзмацненні польскага ўплыву. Праўда, рэалізацыя падобнай магчымасці не абышлася без жорсткага крызісу.

Заканчэнне доўгага і моцнага праўлення звязана з ажыўленнем ўнутрыпалітычнага жыцця. Дзяржава ў гэты момант нагадвае насякомае, якое скінула цесны хіцінавы панцыр і хутка расце ў кароткі прамежак, пакуль новая абалонка не зацвярдзела. Як і пасля смерці Гедыміна, скрытае напружанне, што накапілася да таго часу, ліхаманкава разраджаецца.

Непасрэдным штуршком для ўнутрыдзяржаўнай барацьбы і на гэты раз стала заняцце велікакняжацкага пасада малодшым братам у абыход старэйшых. Найбольш незадаволенымі былі Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы, пазіцыя іх братоў Уладзіміра і Канстанціна невядомая. Андрэй Полацкі барацьбу за ўладу прайграў і пасля гэтага адкрыта стаў прыхільнікам Маскоўскага княства. Узімку 1377/78 года ён са сваёй дружынай і сынамі Міхаілам, Сямёнам і Іванам уцёк з Полацка ў Пскоў, дзе яго прынялі гараджане на княжанне, якое займаў некалі ў маладосці. Хутка потым Андрэй з'ездзіў у Маскву і прынёс васальную прысягу Дзмітрыю Іванавічу — "айцу і гаспадзіну", які па ўзросце падыходзіў яму ў сыны.

У гэты ж час і Фёдар Альгердавіч перайшоў са сваім Ратненскім княствам у васальную залежнасць ад Людовіка Анжуйскага. Князь Дзмітрый Бранскі (ёсць меркаванне, што хутка пасля маскоўскіх паходаў Альгерда ён быў выбіты масквічамі з Бранска і княжыў у суседнім Трубчэўску) пэўны час вагаўся. Але калі зімой 1378/79 года маскоўскі князь накіраваў на Трубчэўск войска свайго стрыечнага брата Уладзіміра Серпухаўскага, Дзмітрый Альгердавіч не аказаў яму супраціўлення і выказаў пакорлівасць. Аднак утрымаць свой удзел ад помсты літоўцаў не здолеў і таксама з'ехаў з сям'ёй і дружынай у Маскоўскае княства, дзе атрымаў у якасці кампенсацыі Пераяслаў-Залескі.

У Полацку пасля Андрэя Ягайла паспрабаваў уладкаваць свайго брата Скіргайлу, які толькі што вярнуўся з дыпламатычнай паездкі да крыжакоў і Людовіка Анжуйскага. Аднак Полацк адмовіўся прыняць новага князя — фармальна за тое, што быў паганцам. Скіргайлу пасадзілі на каня задам наперад і з ганьбай выправадзілі з горада. Напэўна, пазіцыі Андрэя ў Полацку, якім ён перад тым валодаў 35 гадоў, былі вельмі моцныя, што пацвердзяць і далейшыя падзеі.

Хісткасць становішча Ягайлы заключалася яшчэ і ў тым, што бясспрэчным старэйшынам у родзе літоўскіх князёў застаўся яго дзядзька Кейстут. Праўда, той падтрымаў рашэнне Альгерда і згадзіўся, каб трыццацігадовы Ягайла заняў месца свайго бацькі ў дуумвіраце. Аднак кожнаму было відавочна, што раўнапраўны саюз васьмідзесяцігадовага вопытнага воіна і палітыка з "юным" пляменнікам — справа не зусім натуральная.

За падзеямі ў Літве пільна назіралі і ў Тэўтонскім ордэне. Палітычны крызіс у Вялікім княстве адкрываў магчымасць для інтрыг, на якія быў вялікі майстар кіраўнік Ордэна Вінрых Кніпродэ. Літоўскія князі падазрона паглядалі адзін на аднаго, баярскія групоўкі Вільна і Трок кожная на свой лад спадзяваліся набыць пануючае становішча па ўзору маскоўскага баярства. Удала справакаваць сутыкненне гэтых сіл — значыла яшчэ мацней штурхнуць Літву ў полымя міжусобіцы.

І вось пачалася тонкая гульня, пабудаваная на зацікаўленасці літоўцаў у мірнай перадышцы на захадзе. Спачатку ў верасні 1379 года быў заключаны сепаратны дагавор паміж Ордэнам і Трокамі аб міры на 10 гадоў, прычым пытанне аб узаемаадносінах Ордэна з Віленскай паловай у ім нават не закраналася. А праз паўгода ўжо Ягайла заключыў з Ордэнам тайнае пагадненне аб тым, што не будзе аказваць Кейстуту ваенную дапамогу ў выпадку яго сутыкнення з крыжакамі. Нарэшце, адзін з саноўнікаў Ордэна паклапаціўся аб тым, каб пра змест гэтага тайнага пагаднення стала вядома ў Троках. Крыжакі дамагліся сваёй мэты — абодва літоўскія ўладары пачалі падазраваць адзін аднаго ў намеры расправіцца з суправіцелем з дапамогай Ордэна. Праўда, Вітаўт пастараўся. развеяць трывогу бацькі адносна Ягайлы — ён быў упэўнены, што яго стары сябар не здольны на вераломства. Аднак насенне ўзаемнага недаверу было ўжо пасеяна, каб хутка прарасці крывавай смутай.

Перад тым адбылася яшчэ адна значная падзея — спроба Ягайлы прыняць удзел у сутыкненні Дзмітрыя Маскоўскага з Мамаем. Гэтая спроба з'явілася натуральным працягам лініі яго бацькі на падтрымку ўсіх варожых Маскве сіл. Аднак ні Альгерд, ні Міхаіл Цвярскі не рашаліся адкрыта выкарыстоўваць ваенную моц Арды — вельмі ж непапулярнай была б такая тактыка сярод праваслаўнага насельніцтва, асабліва на фоне таго антытатарскага ўздыму, пра які я казаў вышэй. Не выпадкова аднойчы Міхаіл прама адмовіўся ад ваеннай дапамогі, прапанаванай Мамаем.

Ягайла ж рызыкнуў якраз на такое: дамовіўся ўдзсльнічаць у сумесным з татарамі паходзе на Маскву, намечаным на пачатак восені 1380 года. Масква перад гэтым зусім ужо ўзняла галаву: не толькі выключыла з гульні Міхаіла Цвярскога, але ў 1378 тодзе на рацэ Вожы разбіла карны атрад, пасланы Мамаем, і цалкам перастала выплачваць ардынскую даніну. Для Мамая гэта быў балючы ўдар па яго палітычным прэстыжы, асабліва непажаданы напярэдадні непазбежнага сутыкнення з новым уладаром заволжскай паловы Арды — ханам Тахтамышам, якога падтрымліваў магутны пераемнік славы Чынгісхана, сярэднеазіяцкі правіцель Тамерлан.

Аднак войска, якое мелася ў распараджэнні Мамая, ужо мала нагадвала тую непераможную ваенную машыну, што прывёў некалі на Волгу Бату-хан. Жыццё няўмольна брала верх над бязлітасным ваяўнічым фанатызмам. Не выпадкова Мамаю давялося нават наймаць за грошы недастаючае войска ў італьянскіх калоніях, заснаваных незадоўга да таго на крымскім узбярэжжы замест былых калоній візантыйцаў. І хаця сам ён палічыў сябе дастаткова магутным, каб адмовіцца ад паслуг марыянетачных ханаў ("от всех сущих его нарицашеся великнй царь Мамай"), Дзмітрый Маскоўскі рызыкнуў пайсці на прамое ваеннае сутыкненне з галоўнымі сіламі ворага.

Пра абставіны Кулікоўскай бітвы існуе вялізная колькасць літаратуры, але галоўным чынам яна асвятляе падзеі з маскоўскага боку. Між тым адна з галоўных загадак, ледзь не вырашальная акалічнасць у ланцугу падзей — дзеянні Ягайлы, які з войскам ішоў на злучэнне з Мамаем, але раптоўна замарудзіў ход. Мамай дарэмна чакаў яго ва ўстаноўленым месцы цэлы тыдзень, а потым мусіў змагацца з аб'яднаным войскам ледзь не ўсёй Паўночна-Усходняй Русі сам-насам і ў выніку быў разгромлены, а хутка затым пацярпеў паражэнне ад Тахтамыша, пасля чаго загінуў пры спробе схавацца ў Крыме.

Улічваючы, з якой цяжкасцю перамог Дзмітрый Данскі (літаральна з апошніх сіл, коштам страшэнных страт), можна амаль не сумнявацца, што сумеснага ўдару татар і літоўцаў ён бы не вытрымаў. Чаму ж Ягайла ўстрымаўся ад удзелу ў Кулікоўскай бітве? На жаль, літоўскі аспект падзей мы ведаем настолькі мала, что магчымых тлумачэнняў — безліч. Аднак наўрад ці літоўскае войска проста спазнілася — ці то з-за сваёй маруднасці (Альгерд, нагадаем, умеў рухацца неверагодна хутка), ці то з-за таго, што Ягайлу напалохаў і збіў з панталыку рух Дзмітрыя проста насустрач яму ў час маршу на Кулікова поле (цяжка ўявіць, што літоўская разведка так цудоўна ведала ўсе нюансы маршруту маскоўскага войска, адначасова не ведаючы, як блізка знаходзіцца Мамай). Хутчэй за ўсё Ягайла ўхіліўся ад бою свядома, але чаму? Можа, у апошні момант вырашыў зрабіць стаўку не на Мамая, а на Тахтамыша, той і сапраўды праз два гады і без літоўскай дапамогі спаліў Маскву і аднавіў выплату даніны. Ці, можа, пераканаўся: сумесная з татарамі перамога над рускім войскам будзе горш за паражэнне ў плане далейшых зносін з праваслаўным насельніцтвам, што складала большасць падданых і самога Ягайлы. Слушным з'яўляецца і меркаванне Кастуся Тарасава, быццам вялікі князь мог сутыкнуцца з моцнай апазіцыяй ва ўласным войску, у значнай частцы праваслаўным, якое не пажадала гінуць пад маскоўскімі мячамі дзеля аднаўлення татарскай улады на Русі. Дарэчы, у войску Дзмітрыя Данскога знаходзіліся два браты і палітычныя канкурэнты Ягайлы, Андрэй і Дзмітрый. Літоўскі правіцель мог чакаць, што хтосьці з яго рускіх васалаў па прыкладу мяцежных Альгердавічаў у вырашальны момант пяройдзе на бок Масквы.

Ва ўсякім выпадку, паход Ягайлы прадэманстраваў яго неразважлівасць і наўрад ці дадаў яму славы. Папрокі маглі ўзнікнуць і за тое, што распачаў паход, і за тое, што не давёў да канца. Для Масквы ж перамога з'явілася важным сродкам узняцця свайго аўтарьггэту і надання ўпэўненасці, яе не перакрэсліла цалкам нават хуткае паражэнне ад Тахтамыша — колішняга жаху перад Ардой ужо не было.

Для ўзмацнення сваіх пазіцый Ягайла працягваў абапірацца на крыжакоў (у прыватнасці, выкарыстаў іх ваенную дапамогу, калі ў 1381 годзе спрабаваў зноў скарыць Полацк). Аднак гэта толькі адрадзіла падазрэнні старога Кейсгута, які да таго ж быў незадаволены тым, што пляменнік аддаў сястру Марыю за свайго ўлюбёнца Вайдзілу, бязроднага па паходжанні, які, аднак, зрабіў імклівую кар'еру. Менавіта праз Вайдзілу, у той час лідскага намесніка, Ягайла ажыццяўляў зносіны з крыжакамі.

Напружанне нарэшце выбухнула: Кейсгут раптоўна прыехаў у Вільна, дзе захапіў пляменніка і знайшоў у яго канцылярыі кампраметуючыя дакументы. Ягайла быў зведзены з вялікага княжання, але па просьбе Вітаўта Кейстут захаваў за ім Крэва і Віцебск. Вайдзілу ж павесілі. Мусіў уцячы з Полацка да крыжакоў і Скіргайла, які з вялікімі цяжкасцямі заняў-такі месца Андрэя пасля паходу 1381 года і аблогі Полацка (дзеля гэтага ён хрысціўся ў праваслаўе пад імем Івана).

Але змяшчэнне Ягайлы апынулася каганцом масла, лінутага на вутолле варожасці. Адбыліся адкрыты разрыў і ваеннае супрацьстаянне паміж дзвюма групоўкамі: віленскай, прадстаўленай Ягайлам і яго братамі Скіргайлам і Карыбутам, і троцкай у асобах Кейстута з сынамі. У наступнай страшэннай усобіцы было ўсё: і выкарыстанне крыжакоў, і падманныя клятвы, і лютая нянавісць учарашніх сяброў і родзічаў. Ход яе выкладзены ў "Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх" даволі яскрава і паэтычна, што пазбаўляе мяне ад неабходнасці падрабязнага пераказу. Ягайла з дапамогай лаяльнага да яго віленскага купецтва на чале з выхадцам з Рыгі Ганулам узняў паўстанне, а потым у час перамоў вераломна схапіў Кейстута і Вітаўта і пачаў помсту. Сярод прыхільнікаў Кейстута быў пакараны смерцю брат яго жонкі Відзімонт і шмат іншых баяр. А затым і самога старога Кейстута задушылі ў вежы Крэўскага замка па загаду Ягайлы. Вітаўт ацалеў толькі таму, што пры наведванні яго жонкай Ганнай Смаленскай пераапрануўся ў адзенне яе служанкі і ўцёк з затачэння.

З братамі і групай прыхільнікаў, князёў і ўплывовых баяр, Вітаўт аддаўся пад заступніцтва нядаўняга ворага, Тэўтонскага ордэна. Сярод яго паплечнікаў згадваюцца Іван Гальшанскі (сваяк жонкі) і Судзімонт, а таксама Леў Друцкі (названы шваграм Вітаўта). Віленская групоўка ўзяла верх. Сам Ягайла зноў стаў вялікім князем, а свайго брата Скіргайлу ўладкаваў замест Кейстута ў Троках, як бы аднавіўшы той расклад, што ўтварыўся пасля змяшчэння Яўнута. Ганула ва ўдзячнасць за падтрымку зрабілі намеснікам Вільна.

Вынікам усобіцы з'явілася пераразмеркаванне палітычных сілаў у дзяржаве. Найбольш відныя дзеячы троцкай паловы ці загінулі, як сам Кейстут (і яго старэйшы сын Войдат), ці вымушаны былі з'ехаць у іншыя краіны. Аднак у дзяржаве захоўвалася шмат паўсамастойных цэнтраў. Адным з іх была Валынь, дзе апошні з сыноў Гедыміна Любарт памёр у 1383 ці 1384 годзе, але пакінуў трох сыноў. З іх два малодшых, Лазар і Сямён, таксама памерлі рана, а старэйшы, Фёдар, атрымаў з бацькоўскіх уладанняў толькі Уладзімір. Луцк жа быў ператвораны ў намесніцтва, і першым намеснікам стаў князь Фёдар Данілавіч Астрожскі. Прыкладна тады ж памёр і Аляксандр Нарымонтавіч. Яго браты Юрый і Патрыкей паслядоўна спрабавалі сябе ў якасці служылых князёў у Вялікім Ноўгарадзе ў 1379— 1385 гадах.

Аднак замятня дапамагла аднавіць кантроль над Полацкам Андрэю Альгердавічу, і Ягайла мусіў пагадзіцца з гэтым. Хутка ён прымірыўся і з астатнімі старэйшымі братамі (за выключэннем, здаецца, Фёдара Ратненскага) — напэўна, Кейстутавічы здаваліся страшнейшымі. У Літву вярнуўся Дзмітрый Альгердавіч, а Уладзімір і Канстанцін так і засталіся на сваіх княжаннях у Кіеве і Чарнігаве (з Чарнігаўскага княства былі вылучаны для Карыбута і Патрыкея Ноўгарад-Северскі і Старадуб).

Дастаткова цьмянай выглядае, як звычайна, сітуацыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, асабліва на Палессі. У Пінску княжыць, здаецца, унук Нарымонта Васіль Міхайлавіч, побач, у Давыд-Гарадку,— князь Давыд, за якога выйшла другім разам Марыя Альгердаўна (удава Вайдзілы). У Сцяпані (магчыма, і ў Дубровіцы) пазней будзе згадвацца князь Сямён, у Слуцку — Юрый. Па-ранейшаму валодае Заслаўем Міхаіл Яўнуцьевіч. У Друцку князь Дзмітрый Васілевіч таксама памёр прыкладна ў гэты час, пакінуўшы малалетняга сына. Яго ўдава, дачка Алега Разанскага, узяла шлюб з Карыбутам (у хрышчэнні Дзмітрыем, як і яго брат) Ноўгарад-Северскім. Пра другога друцкага князя, Дзмітрыя Сямёнавіча (заснавальніка галоўнай у далейшым галіны князёў Друцкіх) вядома толькі з радаводу.

Адным словам, і пасля замятні Вялікае княства з'яўлялася па сутнасці расшчэпленым на ўдзелы, а ў Ягайлы пакуль што не было сродкаў пераадолець гэты стан. Аднак падзеі ў суседняй Польшчы надалі гісторыі Літоўскай дзяржавы зусім іншы напрамак.

У 1382 годзе, перажыўшы на год сваю маці, памёр кароль Венгрыі і Польшчы Людовік — апошні з Анжуйскай дынастыі. Ужо другі запар гаспадар Польшчы не пакінуў пасля сябе мужчынскага патомства. І зноў лёс кароны апынуўся ў руках магнатаў і шляхты, і зноў ім адкрывалася магчымасць павялічыць свае правы за кошт асірацелай цэнтральнай улады. Дзве дачкі Людовіка (трэцяя памерла пры яго жыцці) не паспелі яшчэ дасягнуць паўналецця і зараз венгерскія і польскія магнаты маглі вырашаць, каму са шматлікіх прэтэндэнтаў даць згоду на шлюб — а значыць, і на адну з дзвюх вакантных карон.

Старэйшую дачку, Марыю, яшчэ ў дзяцінстве прасваталі за сына чэшскага караля (і адначасова германскага імператара) — Сігізмунда Люксембурга. Яна павінна была атрымаць у спадчыну карону Польшчы, а яе малодшая сястра Ядвіга — венгерскую карону. Імператар Карл Люксембург к гэтаму часу ўжо памёр, і каралём Чэхіі стаў яго старэйшы сын, семнаццацігадовы Вацлаў. Сігізмунд, якому на момант смерці Людовіка Анжуйскага споўнілася ўсяго 14 гадоў, прыбыў са сваёй (такой жа юнай) нявестай у Кракаў.

Аднак перспектыва з'яўлення на польскім троне аднаго з Люксембургаў, заклятых ворагаў Польшчы на працягу двух мінулых пакаленняў, выклікала мала энтузіязму у польскіх магнатаў. Запраўлялі ў гэтай партыі кракаўскі староста Судзівой і два маладыя, але вельмі заможныя магнаты з роду Лелівітаў — браты Ян з Тарнова і Спытка з Мельштына. Пад іх уплывам польская знаць адмовілася ад абяцанняў, якія давала бацьку Марыі. Нягледзячы на намаганні каралевы-ўдавы Альжбеты Баснійскай, Сігізмунду і яго нявесце было адмоўлена ў польскай кароне.

Замест таго вырашылі заклікаць малодшую дачку Людовіка, дзевяцігадовую Ядвігу, якую меркавалі выдаць за Вільгельма Габсбурга, сына аўстрыйскага герцага Леапольда. Але змяніць Люксембурга на Габсбурга — прыкладна тое ж, што змяніць шыла на мыла: гэта таксама быў яўна прагерманскі варыянт, які абяцаў залежнасць Польшчы ад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Таму ў якасці альтэрнатыўнага жаніха Ядвігі прапанавалі сына памёршага ў 1381 годзе ўладара Мазовіі Зямовіта Трайдзенавіча, таксама Зямовіта, што валодаў заходняй паловай Мазовіі з Плоцкам, Сахачавам і Равай. Усходняя частка з Чэрскам і Варшавай належала яго старэйшаму брату, зяцю Кейстута Янушу.

Кандыдатуру Зямовіта падтрымала ў асноўным велікапольскае рыцарства, у той час як Малая Польшча выступіла катэгарычна супраць. Паміж прыхільнікамі Зямовіта і Вільгельма ўспыхнула сапраўдная грамадзянская вайна.

І вось у гэтай заблытанай сітуацыі ў гульню вырашыў уключыцца Ягайла. Вельмі зручнай для яго з'явілася тая акалічнасць, што ў трыццаціпяцігадовым узросце ён не быў яшчэ жанаты — зараз гэта дазваляла выступіць прэтэндэнтам на руку каралеўны Ядвігі.

Даволі значнай частцы польскай знаці такі варыянт здаўся ледзь не аптымальным з розных бакоў. Стаўшы польскім каралём, Ягайла атрымліваў магчымасць аб'яднаць ваенную моц дзвюх дзяржаў, як і яго папярэднік. Толькі зараз такім натуральным саюзнікам Польшчы выступала б не звернутая тварам да Адрыятыкі Венгрыя, а Вялікае княства Літоўскае. У Польшчы і Літвы меўся агульны вораг — Тэўтонскі ордэн, які закрываў абедзвюм краінам выхад у Балтыйскае мора і пастаянна пагражаў іх інтарэсам. Абагульніўшы сілы, можна было б ставіць пытанне ўжо не толькі пра стрыманне ордэнскай агрэсіі, але пра пераход у контрнаступ. Дынастычная унія Польшчы і Літвы абяцала і зняцце застарэлага пытання аб Галіцка-Валынскай Русі.

Зразумела, такі варыянт імпанаваў у першую чаргу антыгерманскай партыі. Праўда, і у яе меліся некаторыя довады супраць. Перш за ўсё Ягайла, як і большая частка ўласна літоўскага баярства, заставаўся паганцам, а некаторыя з членаў пануючай дынастыі прынялі праваслаўе (нават сярод малодшых Альгердавічаў на рускіх удзелах хрысціліся ў яго Лугвень-Сямён, Карыбут-Дзмітрый і Скіргайла-Іван), у той час як палякі былі заўзятымі католікамі. Але гэтая перашкода не з'яўлялася непераадольнай. Непахісная ўпартасць, з якой бацькі і дзяды тагачасных літоўцаў адстойвалі сваіх багоў, патроху размывалася. Надзённыя інтарэсы падштурхоўвалі літоўскіх баяр да ўсё большага збліжэння з хрысціянскім светам. І калі непрыманне хрышчэння з рук крыжакоў было справай прынцыпу, то каталіцызм Польшчы, здавалася, не хаваў у сабе небяспекі. Больш таго, хрышчэнне ў каталіцтва літоўскай знаці павінна было прадухіліць яе асіміляцыю, растварэнне ў шматлікім праваслаўным масіве Русі.

Такім чынам, варыянт польска-літоўскай уніі знаходзіў прыхільнікаў з абодвух бакоў. Тая групоўка літоўскіх баяраў, якая канкурыравала з рускай арыстакратыяй за месца пры велікакняжацкім двары, магла разлічваць, што з прыняццем каталіцтва яна знойдзе ў польскіх магнатах саюзнікаў супраць праваслаўных. Для самога ж Ягайлы польская карона была, безумоўна, вельмі прывабнай, да таго ж яна магла спрыяць наладжванню пахіснуўшагася ўнутранага парадку ў Вялікім княстве. Паказальна, што дыпламатычныя захады наконт прыняцця каталіцтва Ягайла пачаў рабіць адразу пасля смерці бацькі (гэта, дарэчы, з'яўлялася адной з мэтаў місіі Скіргайлы на захад у 1377 годзе).

Але Ягайлу, які ўступаў у балота польскай дынастычнай сваркі, патрэбны быў надзейны тыл. Між тым Вітаўт, нядаўні сябар, а зараз закляты вораг, працягваў укрывацца пад крылом крыжакоў. Гэта значыла, што любая ўнутраная апазіцыя магла выступіць пад яго сцягам.

Справы Вітаўта ў гэты час ішлі не надта ўдала. З вялікімі цяжкасцямі ён дамогся, каб Ягайла выпусціў у Прусію яго малодшых братоў і жонку з трыма малымі дзецьмі (дачкой Соф'яй і сынамі, вядомымі пад хрысціянскімі імёнамі Юрый і Іван). Згубіўшы бацьку і ўсе ўладанні, цудам пазбегнуўшы смерці, Вітаўт вымушаны быў шукаць падтрымкі ў злейшых ворагаў — крыжакоў. Яны ж выкарыстоўвалі яго як пешку ў сваіх камбінацыях. Хутка пасля прыбыцця ў Ордэн Вітаўт ахрысціўся ў каталіцтва пад імем Віганда і атрымаў у намесніцтва адзін з замкаў на мяжы з Жамойцю. Ён удзельнічаў у некалькіх паходах крыжакоў, марна спрабуючы ўладкавацца з іх дапамогай у бацькоўскіх Троках. У верасні 1383 года яму нават удалося на кароткі час захапіць Трокі, але ўтрымацца там ён не здолеў.

Знаходжанне Вітаўта пад апекай Ордэна дазваляла апошняму весці наступ на Літву на законных падставах. Таму крыжакі ахвотна давалі яму войска, а самі між тым будавалі моцны замак у захопленым Коўне. Ягайла вымушаны быў адмовіцца ад Жамойці, якая фактычна перайшла пад уладу Ордэна. І самому Вітаўту вельмі дорага даводзілася аплачваць крыжацкую падтрымку. У чэрвені 1384 года ён мусіў падпісаць вельмі нявыгаднае пагадненне. Усе свае вотчыны, якія яшчэ належала вярнуць, Вітаўт загадзя перадаў у ленную залежнасць Ордэну. У выпадку яго смерці малыя сыны павінны былі заставацца пад апекай крыжакоў, а калі памруць і яны — адзіную дачку магістр мог выдаць замуж па ўласным меркаванні, застаючыся вярхоўным сюзерэнам яе спадчыны. Малодшыя браты Вітаўта, Таўцівіл і Сігізмунд, таксама павінны былі атрымаць уладанні з рук Ордэна.

Дакумент гэты нагадваў дагавор ваўка з ягнём аб парадку з'ядання апошняга. I, напэўна, у сувязі з гэтым маленькія сыны Вітаўта, што знаходзіліся ў руках крыжакоў у замку Кёнігсберг, раптоўна памерлі,— як лічыцца, былі атручаны. Калі б зараз што здарылася і з самім Вітаўтам — Ордэн без перашкод павёў бы ад імя яго дачкі барацьбу за палову Літоўскага княства.

Наколькі па-рознаму можа складвацца чалавечы лёс! Калі б Вітаўт і сапраўды загінуў у гэты чорны для яго момант — у гісторыі ён застаўся б агідным здраднікам накшталт Пялюзе ці свайго брата Бутаўта-Генрыха, чалавекам, які адчыніў браму ордэнскай экспансіі. Але пан Выпадак рыхтаваў яму доўгае жыццё і гучную славу.

Хутка Вітаўт, які знаходзіўся проста ў безвыходным становішчы, даведаўся, што Ягайла напярэдадні барацьбы за польскую карону не супраць памірыцца з ім. І Вітаўт аддаў перавагу забойцу бацькі перад забойцамі сыноў. Усяго праз некалькі тыдняў пасля заключэння ганебнага дагавору ён раптоўна напаў са сваёй літоўскай дружынай на памежныя замкі крыжакоў, спаліў іх і разам з князямі Судзімонтам, Іванам Альгімонтавічам і іншымі сваімі паплечнікамі перайшоў у Літву.

Ягайла прыняў уцекача і вярнуў яму частку бацькоўскай спадчыны: Горадна, Ваўкавыск, Падляшша і частку Берасцейскай зямлі з замкам Камянец. Праўда, Трокі засталіся пад уладай Скіргайлы, якому ішлі і даходы з падняпроўскіх валасцей, падзеленых некалі паміж Альгердам і Кейстутам. Брат Вітаўта Таўцівіл атрымаў Ноўгародак.

Бясспрэчна, Вітаўт моцна рызыкаваў, давяраючыся Ягайлу, які ўжо раз перамог яго бацьку за кошт парушэння клятвы. Ягайла мог паддацца спакусе і разам знішчыць усіх Кейстутавічаў. Як ні дзіўна, на карысць Вітаўта зараз працаваў яго дагавор з крыжакамі, што даваў ім магчымасць прэтэндаваць на яго спадчыну. Пакуль Вітаўт быў жывы і лічыўся саюзнікам Ягайлы, гэты дагавор не ўяўляў вялікай небяспекі для Літвы, смерць жа яго дазволіла б Ордэну ўмяшацца ў літоўскія справы на "законных" падставах.

Адразу ж пасля вяртання на радзіму Вітаўт перахрысціўся з каталіцтва ў праваслаўе пад імем Аляксандра, як бы змываючы свой нядаўні ўчынак. У верасні таго ж 1384 года ён разам з Ягайлам выступае на ордэнскі замак у Коўне, які быў узяты літоўцамі пасля некалькіх тыдняў аблогі.

Між тым на пачатку 1385 года асабліва прыбліжаныя паплечнікі Ягайлы: яго брат Скіргайла, князь Барыс Падольскі (паходжанне гэтага князя дакладна не вызначана), віленскі стараста Ганул,— выехалі ў Польшчу сватаць Ядвігу. Там падзеі разгортваліся ў гэты час бурна. Войска, прысланае з Венгрыі каралевай-маці Альжбетай Баснійскай на дапамогу Вільгельму Габсбургу і прагерманскай партыі, нанесла паражэнне Зямовіту Мазавецкаму, выключыўшы яго з барацьбы за карону. Войскам камандаваў зяць Альжбеты — той самы Сігізмунд Люксембург, якому палякі ўжо адмовілі ў праве быць сваім каралём (затое карону Венгрыі ён атрымаў). Гэта прымусіла антыгерманскую партыю канчаткова зрабіць выбар на карысць Ягайлы.

Другі раз на працягу кароткага часу польскія магнаты маглі дазволіць таму ці іншаму прэтэндэнту атрымаць карону, і зноў яны выкарыстоўвалі гэтую магчымасць, каб паставіць новага караля ў залежнае ад сябе становішча. Скіргайла ад імя старэйшага брата мусіў даваць абяцанні яшчэ больш пашырыць шляхецкія прывілеі. Увогуле ўмовы, на якіх Ягайлу пагаджаліся пусціць на трон, ставіліся даволі жорсткія: гаворка ішла ўжо не пра дынастычны саюз двух раўнапраўных дзяржаў, а фактычна пра далучэнне Вялікага княства да Польскага каралеўства на вечныя часы. Сталіцай пры гэтым заставаўся б Кракаў, а віленскае і троцкае баярства павінна было б перайсці ў стан правінцыяльнай знаці.

У тых умовах наўрад ці можна было разлічваць на поўнае выкананне яўна нераўнапраўных умоў уніі. Між тым Ягайла, напэўна, меркаваў, што галоўнае — атрымаць карону, а з астатнім можна разабрацца пазней. І 14 жніўня 1385 года ў адным са сваіх замкаў (Крэва на поўначы сучаснай Гродзенскай вобласці) ён падпісвае пагадненне на польскіх умовах. (Ёсць, праўда, меркаванне, што на самой справе ўмовы уніі былі не такімі жорсткімі для Літвы, як сведчаць дайшоўшыя да нас дакументы. Магчыма, палякі пазней, пасля смерці Ягайлы падрабілі тэкст.) Так нарадзілася славутая Крэўская унія, якая на доўгі час звяла польскую гісторыю з гісторыяй Вялікага княства ў адзінае рэчышча. Сапраўднае зліццё дзвюх дзяржаў, зразумела, адразу не магло адбыцца. Але яно было абвешчана і стала на шмат гадоў своеасаблівай праграмай-максімум, надаючы польска- літоўскім адносінам пэўную афарбоўку. На працягу двух стагоддзяў гэтыя адносіны развіваліся хоць і непаслядоўна, з прылівамі і адлівамі, менавіта ў напрамку, абвешчаным Крэўскай уніяй, пакуль ужо ў складзе Рэчы Паспалітай не дайшлі да стану, вельмі блізкага да сапраўднага зліцця дзвюх дзяржаў пры перавазе польскага кампаненту.

Але зараз да гэтага яшчэ вельмі далёка. І перш чым на польскім дзяржаўным гербе побач з белым арлом Пястаў з'явіцца выява "Пагоні", павінны адбыцца бурныя падзеі. Каралева Альжбета Баснійская працягвала весці двайную гульню: абяцала руку дачкі і Ягайлу, і Вільгельму. Зімой 1385/86 года малады Габсбург прыбыў у Кракаў, каб ажыццявіць шлюб з Ядвігай, нягледзячы на пагадненне ў Крэве.

Можна ўявіць сабе стан Ядвігі, чатырнаццацігадовай дзяўчынкі, што апынулася ў становішчы трэскі ў віры падзей. Вырасла яна ў Будзе, сталіцы Венгрыі, і з дзяцінства рыхтавалася стаць каралевай гэтай краіны. Раптам трапіла ў палаючы палітычнымі страсцямі Кракаў, дзе ўсё было чужым і нязвыклым. Там і адбылася яе сустрэча з шаснаццацігадовым Вільгельмам, якога яна не бачыла з ранняга дзяцінства, але заўсёды ведала, што ён стане яе мужам, і звыклася з гэтым. Але кракаўскія магнаты адмовіліся ад намечанага шлюбу і паказалі Вільгельму на парог. Ніхто не прымаў да ўвагі адчай юнай Ядвігі, якой замест прывабнага равесніка трэба было зараз рыхтавацца да шлюбу з невядомым літоўскім уладаром, больш чым на дваццаць гадоў старэйшым за яе. І ў той момант, калі лютаўскім днём 1386 года няўдалы жаніх пакідаў Кракаў праз адну браму, праз другую ўязджаў Ягайла.

Антыгерманская партыя перамагла. Нядаўні паганец ахрысціўся пад імем Уладзіслава і павянчаўся з юнай каралеўнай, а праз колькі дзён ганарова абвешчаны новым каралём Польшчы — Уладзіславам II. У пасаг жонцы ён падараваў шэраг уласных маёнткаў і валасцей у Віцебскім княстве і Падняпроўі. Сваё панаванне яму давялося пачаць з абяцаных прывілеяў шляхце. Як і яго папярэднік Людовік, Уладзіслаў-Ягаяла выдаў у 1386 і 1388 гадах граматы, у якіх пацвярджаліся і замацоўваліся правы рыцарскага саслоўя.

Тэўтонскі ордэн, зразумела, быў незадаволены саюзам Польшчы і Літвы, тым больш — намечаным хрышчэннем літоўцаў з Польшчы. Выпусціўшы з рук Вітаўта, Ордэн завязаў інтрыгу з другім незадаволеным — Андрэем Альгердавічам. Яму было ўжо каля шасцідзесяці, і надзеі рэалізаваць сваё старэйшынства заставалася ўсё меней. Між тым пасля абрання Ягайлы каралём Польшчы ўзыход Андрэя на пасад вялікага князя літоўскага прывёў бы да скасавання уніі.

Менавіта таму, напэўна, у 1386 годзе крыжакі ўтварылі пагадненне з Андрэем (супраць якога, дарэчы, некалькі гадоў таму пасылалі войска на дапамогу Ягайлу і Скіргайлу) і смаленскім князем Святаславам Іванавічам. У бытнасць Ягайлы ў Кракаве Андрэй сумесна з крыжакамі-лівонцамі напаў на некаторыя гарады, аднак захапіць здолеў толькі Лукомль. У той жа час Святаслаў Смаленскі спрабаваў захапіць Віцебск і Оршу, а потым аблажыў Мсціслаў.

Можна меркаваць, што за гэтым выступленнем стаялі тыя праваслаўныя сілы Вялікага княства, якія не бачылі ніякіх пераваг у збліжэнні з Польшчай, а арыентаваліся на аднаўленне Кіеўскай Русі (магчыма—на саюз з Масквой). Аб тым, што канфлікт быў не звычайным удзельным бунтам, а барацьбой па прынцыповых пытаннях, сведчыць падкрэслена прадузятае асвятленне яго пралітоўскім аўтарам "Летапісца вялікіх князёў літоўскіх", які не шкадуе чорнай фарбы для Андрэя Полацкага і Святаслава Смаленскага: "Много зла сотвориша хрстянем нечеловеческы и нихрестиянскы, и мучиша хрстян, иже ни в поганых ратех то не слышах таковых мук".

Аднак гэтае выступленне было даволі хутка падаўлена сумеснымі дзеяннямі Скіргайлы і іншых братоў Ягайлы, а таксама Вітаўта. Святаслаў загінуў пад Мсціславам, дзе смаленскае войска панесла цяжкае паражэнне. Скіргайла дазволіў атрымаць Смаленскае княжанне яго старэйшаму сыну Юрыю, які прызнаў сваю залежнасць ад Ягайлы і Скіргайлы. Андрэй пратрымаўся ў Полацку да 1388 года.

Большасць жа ўдзельных князёў на працягу 1386—1387 гадоў прынесла новую прысягу на вернасіць каралю Уладзіславу-Ягайлу без асаблівых канфліктаў. Фактычным кіраўніком спраў Вялікага княства стаў Скіргайла, але Вільна і Віцебск засталіся пад кантролем новага караля. У Віцебску жыла яго маці Ульяна Аляксандраўна, нападалёку ў Абольцах быў маёнтак каралевы Ядвігі. У Вільна ж Ягайла прыслаў намесніка з Польшчы, адсунуўшы мясцовае баярства. За Скіргайлам, паводле дамоўленасці 1387 года, засталіся Трокі і Полацк (які яшчэ належала здабыць у Андрэя), а таксама Менск, Лагойск і воласці ў Падняпроўі: Свіслач, Бабруйск, Рэчыца, Любеч, Пропашаск, Любашаны, Ігумен і шэраг сёлаў.

Пастараўся Ягайла ўмацаваць і свае пазіцыі ў Польшчы. Ён утварыў пагадненне са сваім нядаўнім сапернікам у барацьбе за карону — Зямовітам Мазавецкім, за якога ў 1388 годзе выдаў сваю малодшую сястру Аляксандру. Зямовіт таксама атрымаў Белзскае княства на Валыні, якім некалі валодаў Юрый Нарымонтавіч. Замірыўся кароль і з адным з буйнейшых правадыроў прагерманскай партыі — князем Уладзіславам Апольскім. З яго дачкой ажаніўся малодшы брат Ягайлы Віганд, які атрымаў таксама гарады Улацлавек, Быдгашч і Добжын з куяўскіх уладанняў свайго цесця. Праўда, Віганд Альгердавіч хутка памёр у 1392 годзе, не дажыўшы і да 30 гадоў (з ім даследчыкі часта блытаюць Вітаўта, які ў каталіцтве таксама меў першае хрысціянскае імя Віганд).

Выконваючы ўзятыя абавязкі, кароль распачаў хрышчэнне Літвы ў каталіцтва. Асноўнымі праваднікамі гэтай "праграмы" сталі Скіргайла і Вітаўт, які зноў перахрысціўся ў рымскую веру пад імем Аляксандр, якое меў і ў праваслаўі. За справу ўзяліся даволі крута. У прывілеі Ягайлы ад 22 лютага 1387 года, выдадзеным на лацінскай мове, абвяшчалася: "Мы запэўніваем, даўшы свяшчэнныя клятвы, што ўсе народы, якія насяляюць Літоўскае княства, абодвух полаў, любога саслоўя ці годнасці, будуць прыведзены да каталіцкай веры і паслушэнства святой рымскай царкве. Яны будуць прыцягнуты туды, прызваны і сагнаны, у якой бы веры ні знаходзіліся". Адначасова ўсім католікам даваліся правы ў адносінах да зямельнай маёмасці, якія ўжо мела польская шляхта: магчымасць свабодна перадаваць у спадчыну, дараваць і прадаваць свае маёнткі, воласці, сёлы і хаты, а таксама самастойна выдаваць замуж дачок-наследніц (але толькі за католікаў).

Канешне, намер "сагнаць" у каталіцтва ўсё праваслаўнае насельніцтва дзяржавы з'яўляўся хімерай. Няма ніякіх звестак, каб ён сапраўды ў той час выконваўся больш-менш настойліва. Гэты пункт быў уключаны ў прывілей, каб улагодзіць рымскага папу. Але ў адносінах да неахрышчанага раней літоўскага насельніцтва акаталічванне актыўна праводзілася ў жыццё. Згаслі свяшчэнныя агні ў старажытных капішчах, замест іх будаваліся першыя касцёлы. Апрача існаваўшых з часоў Гедыміна каталіцкіх храмаў у Вільне, на тэрыторыі Віленскага княства Ягайла заснаваў новыя: у Вількаміры, Кернаве, Немянчыне, Быстрыцы, Медніках і Крэве, тады ж з'явіўся касцёл і ў Мерачы, на тэрыторыі Троцкага княства. Яшчэ два касцёлы ўзніклі ў велікакняжацкіх дварах у рускіх землях: у Гайне (на паўночна-заходнім ускрайку Лагойскага княства) і ў падараваных каралеве Ядвізе Абольцах. Іх заснаванне можна растлумачыць тым, што ў гэтыя воласці перасялілі шмат літоўцаў з іншых велікакняжацкіх уладанняў. Зараз усе яны станавіліся католікамі, і для іх патрабаваліся храмы.

Трэба дадаць, што хрышчэнне літоўцаў з'яўлялася ў значнай ступені вонкавым. Нядаўнія паганцы не маглі імгненна ператварыцца ў сапраўдных хрысціян — гэты працэс расцягнуўся не на адно стагоддзе.

Каталіцкая царква ў Літве адразу зрабілася буйным землеўладальнікам. Да віленскага капітула (рады святароў кафедральнага касцёла Святога Станіслава) былі прыпісаны некалькі валасцей: Таўрагіне, Маляты і Лабанары на поўначы ўласна літоўскай тэрыторыі, а таксама некалькі асобных сёлаў у розных месцах. Пазней, у 1391 годзе, віленскі капітул атрымаў даволі буйную воласць з замкам Стрэшын на Дняпры, крыху вышэй вусця Бярэзіны.

У Вільне заснавалі біскупскую кафедру. Першым біскупам стаў у 1388 годзе былы біскуп-суфраген (намеснік біскупа) горада Гнезна Андрэй Васіла — польскі шляхціц з роду Ястрэбцаў.

Гэтыя крутыя перамены не маглі спадабацца ўсім: нечыя справы ішлі ўгору, а нечыя і рэзка пагаршаліся. Натуральным выглядала незадавальненне найбольш кансерватыўнай часткі літоўскага баярства і жрацоў, якія не жадалі развітвацца з верай продкаў. Незадаволенымі былі і вялізныя масы праваслаўных, якім афіцыйна абвясцілі намер (хай сабе і фіктыўны) перахрысціць іх у католікаў. Нават асноўная маса літоўскай знаці, якую хрышчэнне прываблівала набыццём прывілеяў па польскім узоры, адначасова не магла цалкам згадзіцца з тым, што паводле ўмоў уніі на першыя ролі ў Літве адразу пачалі высоўвацца новыя польскія прыбліжаныя Ягайлы, як адбылося, напрыклад, з Віленскім староствам.

Выразнікам думак гэтай апошняй праслойкі выступіў Вітаўт. Яго подпіс стаіць пад дакументам аб Крэўскай уніі, ён актыўна ўдзельнічаў у хрышчэнні Літвы, але тым не менш правадыром незадаволеных стаў менавіта ён. Для таго меліся і асабістыя прычыны: успаміны пра зло, якое прычыніў яго сям'і Ягайла, і магутнае славалюбства, імкненне да першых роляў. Пасля прымірэння з Ягайлам ён валодаў толькі часткай бацькоўскіх земляў: Гораднам, Ваўкавыскам, Камянцом і гарадамі Падляшша. У 1388 годзе атрымаў ад караля таксама і Луцк, які такім чынам з намесніцтва зноў ператварыўся ў княства. Усё гэта рабіла Вітаўта адным з наймагутнейшых удзельных князёў, але ў Троках з тытулам вялікага князя сядзеў Скіргайла, а ў Вільне — намеснік Ягайлы Яцка Алясніцкі.

І вось зімой 1388/89 года, калі Скіргайла ад'ехаў у Полацк, дзе яму ўдалося падманам захапіць князя Андрэя, Вітаўт "совет сотвори со многими князьми и бояры литовскими" і зрабіў спробу заняць Вільна. Замаскіраваўшы дружыну пад купецкі абоз, ён сярод бела дня рушыў да гарадской брамы. Аднак на бок Ягайлы і Скіргайлы перакінуўся даўні паплечнік Вітаўта Судзімонт. Да таго ж варта заўважыла зброю ў абозе, і Вітаўту давялося ўцякаць. Не спадзеючыся на моц сваіх замкаў, ён зноў накіраваўся да крыжакоў, з якімі менш чым пяць гадоў таму так сурова развітаўся. Разам з ім пайшла ўся сям'я: жонка Ганна, дачка Соф'я, браты Таўцівіл і Сігізмунд, малодшая сястра Рынгаля.

Верныя сваёй тактыцы распальваць варожасць сярод уладароў Літвы, крыжакі зноў прынялі знатнага ўцекача, хаця прыём, які яны яму гэтым разам аказалі, не вызначаўся асаблівай цеплынёй. Усе члены яго сям'і фактычна апынуліся ў якасці заложнікаў. Аднак войска для барацьбы са Скіргайлам Вітаўт атрымаў. З гэтым войскам ажыццявіў паспяховыя набегі на Кернава і Мейшаголу, "нача воевати Литовскую землю с немецькою помочю, и уже взял был Литовскои земли по Велию реку, а и Польтескь вдася ему".

У 1390 годзе Вітаўт з войскам заходнееўрапейскіх добраахвотнікаў (сярод іх знаходзіўся англійскі прынц Генрых — будучы кароль Англіі) рушыў на Вільна. Войска Скіргайлы было разбіта, прычым у палон да Вітаўта трапілі брат Міхаіла Яўнуцьевіча Заслаўскага Сямён, брат Фёдара Святаславіча Смаленскага Глеб і шэраг іншых рускіх князёў. Аднак аблога Вільна не прынесла канчатковага поспеху, хаця часова ўдалося захапіць прадмесце Крывы горад, пры абароне якога загінуў брат Ягайлы Карыгайла- Казімір Мсціслаўскі. Але ў гэтым паходзе Вітаўт згубіў і свайго брата Таўцівіла.

У адказ Уладзіслаў-Ягайла перадаў уладанні Вітаўта — Падляшша з Берасцем і Камянцом — свайму васалу Янушу Мазавецкаму (які, дарэчы, даводзіўся Вітаўту шваграм, бо быў жанаты з яго сястрой Ганнай Кейстутаўнай). Польска-мазавецкія войскі ўступілі ў Камянец, Берасце і Ваўкавыск, якімі кіравалі намеснікі Вітаўта. Аднак адчайнае супраціўленне жыхароў гэтых гарадоў паказала, як шмат прыхільнікаў засталося ў Вітаўта ў дзяржаве.

Падтрымку Вітаўту выказала і Маскоўскае княства, дзе на змену памёршаму ў 1389 годзе Дзмітрыю Данскому прыйшоў яго старэйшы сын Васіль. Яшчэ да мяцяжу Вітаўта было дамоўлена пра шлюб яго адзінай дачкі з сынам Дзмітрыя. Зараз, нягледзячы на знаходжанне літоўскага князя за межамі сваёй вотчыны, Масква выразна прадэманстравала, што лічыць яго сур'ёзнай палітычнай фігурай. Маскоўскае пасольства знайшло Вітаўта ў Прусіі, і Соф'я ў суправаджэнні Івана Гальшанскага накіравалася ў Маскву кружным шляхам праз Гданьск і Пскоў. Яе шлюб з Васілём Дзмітрыевічам адбыўся ў 1391 годзе.

Тым часам Вітаўт, абапіраючыся на шырокую падтрымку як унутры Літвы, так і па-за яе межамі, зноў перайшоў да рашучых дзеянняў. На дапамогу яму быў скліканы крыжовы паход на чале з прынцам Генрыхам Нартумберлендскім. У 1392 годзе Вітаўт нанёс Скіргайлу рашаючае паражэнне. Ягайла, не жадаючы дапусціць канчатковага адпадзення Літвы ад Польшчы, паспяшаўся прызнаць яго перамогу. Вітаўт атрымаў і Троцкае, і Віленскае княствы, тытул вялікага князя — з адной толькі ўмовай, каб ён застаўся васалам польскага караля.

Так неспакойны лёс Вітаўта зрабіў яшчэ адзін круты паварот, і выгнаннік ператварыўся ў магутнага ўладара. Праўда, дасягнуў гэтага дастаткова дарагой цаной — узамен за крыжацкую падтрымку згадзіўся на адыход Жамойці пад уладу Ордэна. Частка бацькоўскіх земляў па- ранейшаму засталася ў руках Януша Мазавецкага пад сюзерэнітэтам Ягайлы. Затое Вітаўту быў вернуты Луцк, а ў дадатак і Уладзімір-Валынскі, Скіргайла ж у якасці кампенсацыі за згубленае Троцкае княства атрымаў Крамянец, а таксама ў перспектыве — Падолле, дзе пасля смерці ў 1388 годзе Канстаціна Карыятавіча ўладкаваўся чацвёрты з братоў, былы паплечнік Людовіка Анжуйскага Фёдар Карыятавіч.

Адбыліся і іншыя пераразмеркаванні ўладанняў. Вызвалілася Пінскае княжанне (Васіль Міхайлавіч, напэўна, памёр даволі маладым без нашчадкаў). Яго атрымаў, відаць, дзядзька Васіля — Юрый Нарымонтавіч, які з'яўляўся прыхільнікам Вітаўта ў час яго другой эміграцыі. Сын Юрыя Раман паехаў князем у Вялікі Ноўгарад замест Сямёна-Лугвеня Альгердавіча, што княжыў там з 1389 года, а па звароце ў Літву атрымаў вакантнае пасля смерці Казіміра-Карыгайлы Мсціслаўскае княства і ажаніўся з сястрой Васіля Маскоўскага Марыяй.

Дарэчы, літоўскія князі з канца 1370-ых гадоў рэгулярна з'яўляюцца служылымі князямі ў Ноўгарадзе (спачатку Юрый Нарымонтавіч, потым яго брат Аляксандр, Сямён Альгердавіч, зараз — Раман Юр'евіч). Аднак гэта сведчыць не пра поўную залежнасць Ноўгарада ад Вялікага княства, а пра хісткі кампраміс з Масквой, бо наўгародцы мусілі пайсці на прызнанне адначасова двух служылых князёў: побач з Гедымінавічамі ў Ноўгарадзе часта знаходзіліся і стаўленікі вялікага князя маскоўскага (звычайна гэта былі залежныя ад яго прадстаўнікі растоўскай ці белазёрскай дынастыі).

Вітаўту дасталася турботная спадчына. Бурныя палітычныя падзеі заблыталі сімпатыі і антыпатыі ў дзяржаве. Апрача групавых канфліктаў (паміж прыхільнікамі каталіцтва і праваслаўя, зліцця з Польшчай і дзяржаўнай незалежнасці, віленскім баярствам і троцкім) хапала і канфліктаў асабістых: паміж Кейстутавічамі і Альгердавічамі, паміж сынамі Альгерда ад розных жонак, паміж асобнымі прадстаўнікамі шматлікай дынастыі. У гэтай мутнай кругаверці прабіцца наверх і ўтрымацца там мог толькі самы таленавіты, валявы і беспрынцыповы. Такім і быў Вітаўт. Яго мараль, метады дасягнення мэты могуць выклікаць розныя пачуцці — ад захаплення да агіды. Але талентам дзяржаўнага дзеяча ён безумоўна валодаў. Атрымаўшы ўладу ў смутным 1392 годзе, у поўным росквіце сіл, здолеў утрымаць яе на працягу 38 гадоў, ні разу не дазволіўшы заблытаным супярэчнасцям выйсці з-пад кантролю.

Спачатку Вітаўт мог абапірацца ў асноўным на тую сілу, што прывяла яго да ўлады — на літоўскае баярства, у прынцыпе згоднае з акаталічваннем і запазычваннем польскіх узораў, але не з дзяржаўным падпарадкаваннем Польскаму каралеўству. Традыцыйна падтрымлівала яго і праваслаўнае баярства Панямоння, якое здаўна верна служыла яго бацьку і братам. З дапамогай гэтых сіл зараз, пасля пераадолення ў асноўным унутрыдзяржаўнага крызісу, належала прыступіць да даўно наспелай задачы: спыніць працэс распаду дзяржавы на сямейныя ўдзелы Гедымінавічаў і накіраваць яе развіццё па больш прагрэсіўным шляху кіравання праз намесніцтвы.

Надзённасць гэтай задачы ясна ўяўлялі сабе і Вітаўт, і кароль Ягайла. Таму паміж імі склаліся парадаксальныя на першы погляд адносіны: Ягайла няўхільна падтрымліваў нядаўняга смяротнага ворага супраць удзельных князёў, многія з якіх з'яўляліся роднымі братамі самога Ягайлы. Другім парадоксам было тое, што найбольш эвалюцыйна прасунутае рускае баярства, асабліва зацікаўленае ва ўтварэнні магнацка-намесніцкай структуры, знаходзілася пад кантролем удзельных князёў і мусіла змагацца на іх баку супраць новаўвадзенняў цэнтра. Магчыма, аднак, што менавіта гэта вызначыла параўнальна слабае супраціўленне ўдзельных уладароў.

Першы повад для рэформы з'явіўся хутка. Памерла старая княгіня Ульяна Аляксандраўна, удовіным удзелам якой быў Віцебск. Вітаўт выкарыстаў гэта для ліквідацыі аднаго з удзелаў і накіраваў туды намеснікам свайго сакольнічага, праваслаўнага баярына Фёдара Вясну. Аднак такое распараджэнне родавай вотчынай Альгердавічаў выклікала мяцеж. Яго ўзняў самы малодшы з сыноў Ульяны і Альгерда Свідрыгайла (у праваслаўным хрышчэнні — Якаў), які незадоўга да таго дасягнуў паўналецця і яшчэ не меў удзела. Ён абвясціў сябе спадчыннікам Віцебска, а вітаўтава баярына пакараў смерцю. Да мяцяжу далучыліся Орша і Друцк.

Ягайла прыслаў на дапамогу Вітаўту польскае войска, на чале якога стаў Скіргайла. Першым чынам карная экспедыцыя рушыла на Друцк. Там у той момант княжылі маладыя сыны Дзмітрыя Васілевіча і Дзмітрыя Сямёнавіча. Яны не рызыкнулі супрацьстаяць Вітаўту і выказалі пакорлівасць. За гэта вялікі князь пакінуў за імі Друцкае княства, але на новых умовах: не як спадчынную маёмасць, а як нададзеную са сваіх рук (так, як атрымлівалі замкі на Валыні князі Астрожскія, Чацвярцінскія і інш.). Затое Орша вырашыла супраціщуляцца і была захоплена пасля аблогі. Невядома, ці сядзеў там да таго ўласны князь, але з той пары Орша назаўжды ператвары-лася ў велікакняжацкі горад, кіруемы намеснікам. Затым такі ж лёс чакаў і Віцебск. Пасля доўгай аблогі Свідрыгайла мусіў уцякаць да лівонцаў, распачаўшы такім чынам свой не менш мудрагелісты, чым у Вітаўта, жыццёвы шлях. Віцебск жа скарыўся. И хаця ён атрымаў пацвярджэнне сваёй унутранай самастойнасці і захаваў мясцовыя законы і звычаі, агульнадзяржаўныя інтарэсы ў ім цяпер меўся прадстаўляць намеснік вялікага князя.

Апрабаваную на Друцку мадэль Вітаўт прымяніў і да іншых удзелаў. Іх уладальнікам ён прапанаваў адмовіцца ад статуса спадчынных гаспадароў і перайсці ў стан пажыццёвых намеснікаў, хаця і з вельмі шырокімі правамі. Рэакцыя была рознай. Дзмітрый-Карыбут Ноўгарад-Северскі ўзяўся за зброю. Аднак яго дружына пацярпела паражэнне ў сутыкненні з войскам Вітаўта, і ў выніку ён згубіў свае княства ўвогуле. У сваю чаргу Фёдар Ратненскі асталяваўся ў Ноўгарадзе-Северскім, але ўжо на новых умовах. Другі валынскі князь, Фёдар Любартавіч, атрымаў замест Уладзіміра некалькі гарадоў у Галіцкай зямлі ў якасці васала польскага караля.

Адмовіліся прынесці прысягу на новых умовах і двое старэйшых Альгердавічаў: Уладзімір Кіеўскі і Канстанцін Чарнігаўскі. Але і іх супраціўленне было лёгка зломлена. У Кіеў замест Уладзіміра ў 1395 годзе адправіўся нядаўні вялікі князь Скіргайла, але ён не здолеў паладзіць з мясцовым баярствам і праз год яго атруцілі. (Ёсць версія, што тут не абышлося без Вітаўта, які тым самым пазбавіўся найбольш небяспечнага саперніка.) Тады Вітаўт накіраваў у Кіеў намеснікам свайго даўняга паплечніка, князя Івана Альгімонтавіча Гальшанскага. Стары Уладзімір Альгердавіч атрымаў, праўда, узамен Слуцк і Капыль. Канстанціна ж з Чарнігава перавялі ў Чартарыю, вылучаную са складу Луцкага княства. Карыбут жа пасля смерці Скіргайлы атрымаў Крамянец — давялося падпарадкавацца вялікаму князю.

Нарэшце, і апошні падольскі князь Фёдар Карыятавіч быў у 1395 годзе сагнаны з княжання і нават часова трапіў у затачэнне. Аднак на Падолле, апрача Вітаўта, меў прэтэнзіі і Ягайла. Частка падольскіх гарадоў перайшла аднаму з актыўных польскіх прыхільнікаў Ягайлы, магнату Спытку Мельштынскаму ў якасці закладу за вялікую суму грошай, пазычаную ім каралю.

Таксама згубіў уладу за непакорства і князь Смаленска Фёдар Святаславіч. Вітаўт перавёў яго ў Рослаў, а Смаленск аддаў малодшаму брату Фёдара Глебу. Аднак хутка і той чымсьці незадаволіў вялікага князя, які перавёў яго ў горад Палонна (напэўна, на Валыні, хаця двор з такой назвай існаваў і ў Віцебскай зямлі), а ў Смаленск прыслаў сваіх намеснікаў: князя Ямонта Тулунавіча і баярына Васіля Барэйкавіча. І ў Смаленску, і ў Маскве гэтую акцыю ўспрынялі як канчатковае далучэнне Смаленска да Вялікага княства, хаця залежнасць яго ўжо даўно была вельмі вялікай. Масква выказала абурэнне, аднак перад ваеннай моцай Вітаўта пакуль што ўсё гнулася, як трыснёг пад ветрам. Літоўскае войска зрабіла нават далёкі паход у Разанскае княства, супраць цесця Дзмітрыя-Карыбута, князя Алега Іванавіча.

Пасля гэтага свой выбар на карысць Літвы зрабіла і большасць княстваў з вярхоўяў Акі. Святаслаў, Іван і Андрыян Цітавічы (апошні ў радаводах названы братам Ціта), уладары Карачава, Казельска і Звянігарада, аднавілі сваю васальную прысягу Вітаўту. Тое ж зрабілі князі Раман Сямёнавіч Адоеўскі і Усевалад Арэхва Мезецкі. Васаламі Масквы засталіся толькі сыны Канстанціна Абаленскага, уладанні якіх ляжалі найбліжэй да маскоўскай мяжы. Зяць Вітаўта Васіль Маскоўскі вымушаны быў прызнаць гэтыя змены і пагадзіцца з тым, што мяжа паміж маскоўскай і літоўскай сферамі ўплыву праходзіць па рацэ Угры, левым прытоку Акі.

Так Вялікае княства Літоўскае, яшчэ больш узмацнелае пасля часовага заклапочання ўнутранымі справамі, зноў у поўны голас заявіла пра сябе на заходніх межах Маскоўскага княства і Залатой Арды. На гэты момант сілы ўсіх трох магутных усходнееўрапейскіх дзяржаў сталі прыкладна роўнымі. У Маскве, нягледзячы на паражэнне ад Тахтамыша, князь Дзмітрый Данскі псрад сваёй смерцю перадаў вялікае княжанне ўладзімірскае свайму сыну як асабістую вотчыну ці дадатак да Маскоўскага княства, і татары моўчкі праглынулі гэта. Адбіўшыся ў свой час ад Альгерда, масквічы ўжо пачыналі патроху паглядаць на захопленыя ім рускія землі, як на аб'ект магчымых набыткаў, але Васіль Дзмітрыевіч пакуль што не адважваўся адкрыта кінуць выклік магутнаму цесцю. Барацьба за ўплыў на рускіх князёў і рускія землі Вялікага княства працягвалася, але ў скрытай форме.

Пасля смерці Дзмітрыя ў Маскву, нарэшце, уехаў мітрапаліт Кіпрыян, які зноў аб'яднаў такім чынам дзве мітраполіі. Нягледзячы на хрышчэнне Літвы ў каталіцтва, Кіпрыян захаваў добрыя адносіны і з літоўскімі князямі. Увогуле з'яўлясцца ўражанне, што пасля бурных папярэдніх падзей Літва, Польшча і Масква ў 1390-ыя гады прагнулі перадыху.

Без асаблівых канфліктаў Вітаўт дамогся ўплыву ў Ноўгарадзе і Пскове, якія вагаліся паміж двума магутнымі суседзямі. Вядома, што ў Пскове князем быў у 1398—1399 гадах сын Андрэя Альгсрдавіча Іван, пра літоўскіх выхадцаў у Ноўгарадзе вышэй ужо гаварылася. Пасля смерці ў 1398 годзе Рамана Юр'евіча яго змяніў дзядзька, Патрыкей Нарымонтавіч. Праўда, і тут хісткую раўнавагу пакуль што не ўдавалася схіліць ні ў маскоўскі, ні ў літоўскі бок.

Залатая Арда пэўны час не магла, як раней, выконваць актыўную ролю літоўскага саюзніка, бо хан Тахтамыш, былы пратэжэ Цімура (Тамерлана), уцягнуўся ў барацьбу з апошнім за Іран і Закаўказзе. Перамога ў гэтым канфлікце была на баку грознага Цімура, які ў 1396 годзе сакрушыў войска Тахтамыша і спустошыў яго качэўі. Пэўны час Тахтамыш яшчэ трымаўся супраць новага стаўленіка Цімура, хана Цімур-Кутлука, але ўрэшце згубіў уладу і вымушаны быў падавацца на ўцёкі. Прытулак ён знайшоў у Вітаўта, які тым часам зрабіў некалькі рэйдаў у Паўночнае Прычарнамор'е, каб падпарадкаваць сваёй уладзе як тамтэйшых татарскіх феадалаў, што адкалоліся ад Арды, так і аселае насельніцтва прычарнаморскіх гандлёвых факторый.

Карта 5. Вялікае княства Літоўскае і яго суседзі ў канцы XIV ст.

Карта 5. Вялікае княства Літоўскае і яго суседзі ў канцы XIV ст.

1— сталіцы дзяржаў; 2— цэнтры княжацкіх уладанняў; 3— дзяржаўныя межы; 4— межы княстваў і зямель; 5— тэрыторыі, часова страчаныя Вялікім княствам Літоўскім у канцы XIV ст.; 6— тэрыторыя Смаленскага княства, канчаткова далучанага да Вялікага княства Літоўскага ў пачатку XV ст.; 7— тэрыторыя "вярхоўскіх" княстваў, якія прызнавалі васальную залсжнасць ад Вялікага княства Літоўскага; 8 — назвы гістарычных і гістарычна-этнаграфічных рэгіёнаў; 9— лічбамі абазначаны: 1— Пскоўская зямля; 2— Наўгародская зямля; 3— Цвярское княства; 4 — Мурамскае княства; 5 — княствы Верхняй Сілезіі ў складзе Чэшскага каралеўства

У гэты момант Вялікае княства Літоўскаё займае найбольшую ў сваёй гісторыі тэрыторыю (калі не лічыць страт Жамойці і Падляшша на заходняй мяжы). Яно раскінулася ад Нёмана і Дзвіны да нізоўяў Днястра і Дняпра, да прычарнаморскіх стэпаў. Але Вітаўт нядоўга цешыўся спакоем. Ён адчуў сябе здольным нават на тое, каб выкарыстаць цяжкасці Залатой Арды і ў нейкай ступені распаўсюдзіць свой уплыў на яе. Вялікі князь ласкава прыняў Тахтамыша з яго двума сынамі і раднёй, даў яму ў кармленне замак Ліду, а сам пачаў рыхтавацца да вялікага паходу ў стэпы. Вітаўт разлічваў зноў узвесці хана-выгнанніка на трон, але ўжо як свайго стаўленіка. За гэта Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык не толькі на тыя ардынскія правінцыі, што знаходзіліся ў складзе Вялікага княства з часоў Гедыміна і Альгерда, але і на тыя, якія Вітаўт толькі збіраўся далучыць: на Ноўгарад, Пскоў, нават вялікае княжанне ўладзімірскае. Ярлыкі, здаецца, былі ўжо загатаваны — да іх часткова (а паводле меркаванняў некаторых даследчыкаў — цалкам) узыходзяць тыя граматы крымскіх ханаў вялікім князям, пра якія я казаў вышэй.

Што і казаць, планы былі такія, што займала дух. Вітаўт рэкламаваў свой намер як вялізны паход хрысціянскага свету супраць басурман і зрабіў пэўнае ўражанне ў Еўропе. Нават рымскі папа абвясціў яго мерапрыемства крыжовым паходам. У ім вызваліся ўдзельнічаць польскія арыстакраты на чале са Спыткам Мельштынскім, паўзалежныя ад Вітаўта гаспадары Малдовы і Валахіі, нават атрад тэўтонскіх братоў-рыцараў. Намерваўся Вітаўт схіліць да ўдзелу і Васіля Маскоўскага, але той, напэўна, лепш разумеў сапраўдны патэнцыял Арды, бо разважліва ўхіліўся.

Па сутнасці гэтая задума з'яўлялася грандыёзнай авантурай. Хану Цімуру-Кутлуку падпарадкоўвалася амаль уся неабсяжная тэрыторыя Залатой Арды ад Прычарнамор'я да Іртыша, за яго спіной стаяў сам магутны Цімур, уладар паловы Азіі. Напэўна, пасля поспехаў першых гадоў панавання разважлівасць здрадзіла Вітаўту і яго дарадчыкам, яны яўна пераацанілі сваю моц. Пра пэўную эйфарыю сведчыць і тое, што незадоўга да вайны з Ардой, у 1398 годзе літоўская знаць на піры абвясціла Вітаўта "каралём Літвы і Русі", фактычна скасаваўшы тым самым як унію, так і пагадненне 1392 года.

І вось летам 1399 года войска Вітаўта накіравалася з Кіева, дзе быў зборны пункт, да межаў Арды. З улікам татар Тахтамыша, палякаў і іншых добраахвотнікаў яно налічвала, напэўна, да 20 тысяч рыцараў і шмат гармат. Паводле маскоўскага летапісца, з Вітаўтам ішло 50 князёў. Прынамсі, амаль уся вышэйшая знаць Вялікага княства ўдзельнічала ў паходзе, нават старэйшыя Альгердавічы — Андрэй і Дзмітрый, якім было ўжо за семдзесят гадоў.

Татарскае войска, вялізнае сваёй колькасцю, чакала на мяжы ардынскіх уладанняў — на рацэ Ворскле. Хан Цімур-Кутлук распачаў перамовы, пагаджаўся на вялікія ўступкі, але на самой справе, відавочна, чакаў войска старога цімурава ваяводы Эдыгея. З яго падыходам тон татар на перамовах рэзка змяніўся. Найбольш асцярожныя галовы ў войску Вітаўта ў прадбачанні разгрому прапаноўвалі адысці на больш-менш пачэсных умовах, але маладое літоўскае і польскае рыцарства палічыла гэта ганебным.

Бітва адбылася на тым самым полі, дзе трыма стагоддзямі пазней адбудзецца славутая Палтаўская баталія. Артылерыя, на якую спадзяваўся Вітаўт, аказалася неэфектыўнай у палявых умовах пры тым узроўні яе манеўранасці і майстэрства бамбардзіраў. Як і можна было чакаць, справа скончылася акружэннем і страшэнным разгромам войска Вітаўта. Сам ён разам з Тахтамышам ледзьве ўцёк, заганяючы коней. Пра маштабы паражэння свсдчыць колькасць знатных удзельнікаў, загінуўшых на Ворскле. Сярод іх былі старыя Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы, юны пасынак Дзмітрыя-Карыбута Андрэй Дзмітрыевіч Друцкі, двое ці трое сыноў іншага друцкага князя — Сямёна Дзмітрыевіча, двое братоў Фёдара Данілавіча Астрожскага, сын Юрыя Нарымонтавіча Іван Пінскі, Глеб Святаславіч Смаленскі, Ямонт Тулунавіч, пан Спытка з Мельштына і некалькі іншых першаразрадных літоўска-рускіх і польскіх арыстакратаў. Напэўна, загінуў і Міхаіл Заслаўскі, бо ў хуткім часе пачынаюць дзейнічаць ужо яго сыны.

Цімур-Кутлук з Эдыгеем па слядах праціўніка дайшлі да Кіева і, атрымаўшы з яго вялікі водкуп, вярнуліся ў свае межы. Так бясслаўна скончылася спроба Вітаўта зрабіцца гегемонам усёй Усходняй Еўропы. Але такое страшнае паражэнне не стала для яго поўнай катастрофай, нават свой кантроль над часткай Паўночнага Прычарнамор'я ён пазней паступова аднавіў. Усё ж гэтая прыгода з'явілася для яго горкім урокам і моцна папсавала палітычны прэстыж. Да таго ж Вялікае княства згубіла мноства кваліфікаваных, вопытных воінаў, іх даспехі, баявых коней — на аднаўленне ўсяго патрабаваліся гады.

Вынікам паходу Вітаўта ў Прычарнамор'е з'явілася перасяленне ў Вялікае княства, прынамсі, некалькіх соцень сем'яў татар — прыхільнікаў Тахтамыша і іншых уцекачоў з Арды, а таксама ваеннапалонных. Сярод іх былі асобы ханскай крыві. Так, адзін з іх, Лекса, сын Мансур-Кіята (і быццам бы нашчадак Мамая), ахрысціўся пад імем Аляксандра і атрымаў ад Вітаўта замак Глінск у Левабярэжнай Украіне. Ад яго пайшоў славуты род князёў Глінскіх. Асноўная ж маса татар была паселена ў глыбі краіны — у наваколлі Трок, Менска, Ліды, Узды. Там яны атрымалі землі на правах дробнай шляхты з абавязкам ваеннай службы (толькі ім, як мусульманам, забаранялася мець у залежнасці праваслаўную чэлядзь). Ад іх бярэ пачатак татарскае насельніцтва Літвы і Беларусі, якое захавала сваю рэлігію і некаторыя этнаграфічныя рысы да XX стагоддзя.

Канец XIV стагоддзя выдаўся сумным і для Уладзіслава-Ягайлы: у тое ж лета 1399 года пасля няўдалых радзін памерла яго маладая жонка, каралева Ядвіга. З разгубленай дзяўчынкі з часам атрымаўся сапраўдны дзяржаўны дзеяч. "Каралева Янка", як яе любоўна звалі ў Польшчы, карысталася вялікім аўтарытэтам. Выдатна адукаваная і выхаваная, яна прымала актыўны ўдзел у дзяржаўных справах, мела адметны ўплыў на мужа. Па яе ініцыятыве быў адноўлены універсітэт у Кракаве, заснаваны некалі Казімірам Вялікім. Маладыя літоўцы са знатных сем'яў пачалі накіроўвацца для навучання ў Пражскі універсітэт. Аднак адносіны Ядвігі з Вітаўтам хутка сталі напружанымі, бо яна і яе асяроддзе лічылі неабходным рэалізаваць унію ў поўным аб'ёме.

Смерць жонкі паставіла Ягайлу ў цяжкае становішча, бо сваёй каронай ён быў абавязаны толькі шлюбу з ёй. Зноў, толькі ўлагоджваючы польскую знаць, ён мог разлічваць на захаванне ўлады. У гэтых умовах і Вітаўт зусім не быў зацікаўлены ў тым, каб Ягайла вярнуўся ў Літву, дзе давялося б зноў дзяліць з ім уладу. Старыя сябры-ворагі па-ранейшаму, нягледзячы на іх асабістыя адносіны, не маглі адзін без аднаго абысціся.

Выйсце з новых цяжкасцей абодва гаспадары пачалі шукаць у новым польска-літоўскім збліжэнні, вынікам чаго з'явілася падпісанне на пачатку новага стагоздзя, у 1401 годзе, новай дзяржаўнай уніі. З новага стагоддзя пачынаецца і час дзеяння новага пакалення, месца якому ачысціла пабоішча на Ворскле (хоць абодва галоўныя дзеячы, Ягайла і Вітаўт, будуць жыць і дзейнічаць яшчэ вельмі доўга). Але гэта ўжо зусім новая эпоха.