ЗАКЛЮЧЭННЕ

На мяжы новага, XV стагоддзя мы спыняем разгляд падзей. Перыяд станаўлення Вялікага княства Літоўскага і Рускага можна лічыць завершаным. Пасля далучэння Смаленскай зямлі дзяржава набыла ўстойлівую мяжу на ўсходзе, якая будзе трывала захоўвацца на працягу амаль ста гадоў. Праўда, на захадзе фарміраванне тэрыторыі Вялікага княства скончыцца крыху пазней: Жамойць, якая застаецца ў руках Тэўтонскага ордэна, будзе канчаткова вернута і ахрышчана пасля Грунвальдскай бітвы 1410 года. Яшчэ праз трыццаць гадоў жамойцкае баярства шляхам узброенага паўстання даб'ецца федэратыўнага статуса, якім карыстаецца большасць рускіх зямель, і тады афіцыйная назва дзяржавы набудзе канчатковы выгляд: Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых (давесак "і іншых" ужываўся на ўсякі выпадак, бо за ім хавалася любая тэрыторыя, з-за якой дзяржава магла ўступіць у спрэчку з кім-небудзь з суседзяў).

Да канца XIV стагоддзя склалася і знешнепалітычнае асяроддзе, у якім Вялікае княства будзе існаваць доўгі час. На паўночным усходзе яно мяжуе з шэрагам паўсамастойных княстваў (Цвярскім, Маскоўскім, Разанскім), што ўтвараюць залежнае ад Арды вялікае княжанне ўладзімірскае, але фактычна сапраўдным гегемонам на гэтай тэрыторыі ўжо з'яўляецца Масква. Яна і надалей будзе набіраць моц, у канцы XV стагоддзя канчаткова праглыне астатнія княствы (у тым ліку і землі Вялікага Ноўгарада, што прылягаюць да Вялікага княства Літоўскага з поўначы), пазбавіцца ад ардынскай даніны, а маскоўскія князі пачнуць тытулавацца "гасударамі ўсея Русі". За землі гэтае "усея Русі", добрая палова якой уваходзіць у Вялікае княства Літоўскае, паміж дзвюма дзяржавамі пачнецца жорсткая барацьба, у выніку якой Літва згубіць да 1514 года Смаленшчыну, Браншчыну і Чарнігаўшчыну, аднак тэрыторыю сучаснай Беларусі, Валыні і Кіеўшчыны трывала захавае за сабой. Усходняя мяжа Вялікага княства амаль няспынна будзе варожай, ваеннай мяжой.

У паўднёва-ўсходнім сектары суседам дзяржавы застаецца Залатая Арда, якая ўжо пражыла свае лепшыя часы. Фармальна Літва прызнае вярхоўную ўладу ардынскіх ханаў на тыя землі, якія некалі заваяваў Бату, аднак фактычна выплата даніны ўзнаўляецца толькі ў выключных выпадках (такіх, як паражэнне на Ворскле), а галоўным чынам тады, калі трэба выкарыстаць татарскі ваенны патэнцыял супраць галоўнага ворага — Маскоўскай дзяржавы. Баланс трох сіл — Масквы, Літвы і Арды — доўгія дзесяцігоддзі будзе вызначаць палітычны клімат Усходняй Еўропы.

На паўночным захадзе Літва па-ранейшаму мяжуе са старым ворагам — канфедэрацыяй Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Аднак прыняцце хрысціянства ўжо выбіла глебу з-пад гэтай варожасці, а Грунвальдская бітва паставіць у крыжацкай агрэсіі апошнюю кропку. Надалей Лівонія (на нямецкі лад — Ліфляндыя, на польскі — Інфлянты) будзе адыгрываць ролю аднаго з галоўных эканамічных партнёраў Літвы, для беларускіх зямель Рыга стане галоўнай гандлёвай брамай у Заходнюю Еўропу. Прусія ж сама праз паўстагоддзя трапіць у васальную залежнасць ад Польскага каралеўства.

I, нарэшце, на захадзе і паўднёвым захадзе землі Вялікага княства прылягаюць да Польшчы. Крэўская унія, пацверджаная ў 1401 годзе, ператварыла Польшчу і Літву ў палітычных пабрацімаў, і на працягу некалькіх стагоддзяў гэты саюз будзе вызначаць гісторыю Вялікага княства. Адносіны дзвюх суседніх дзяржаў складваюцца вельмі няпроста, далёка не заўсёды лагодна. Будзе некалькі спроб разарваць унію, але кожны раз знешнепалітычныя і ўнутраныя акалічнасці прывядуць да яе аднаўлення. Не сціхне былое саперніцтва за Валынь і Падолле, якое ў сярэдзіне XVI стагоддзя не толькі прывядзе да іх злучэння з Польшчай, але адарве ад Вялікага княства яшчэ і Падляшша з Кіеўшчынай. Увесь час польскі бок у гэтым саюзе будзе больш актыўным, дамінуючым, што прывядзе і да розных пазітыўных вынікаў, але ў сферы духоўнай культуры, на нацыянальнай самасвядомасці беларусаў і ўкраінцаў (як, дарэчы, і літоўцаў) адаб'ецца адназначна негатыўна.

Такім чынам, на працягу наступных дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў асноўны змест гісторыі Вялікага княства Літоўскага будзе заключацца ў развіцці ўмоў і акалічнасцей, што склаліся на працягу дзеяння тых шасці пакаленняў, пра якія мы гаварылі. Асноўныш дзеючымі асобамі наступнай эпохі выступяць прадстаўнікі тых пануючых колаў, што склаліся да пачатку XV стагоддзя. Дынастыя Ягелонаў, якая будзе панаваць у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім да 1572 года — гэта адна з галін Гедымінавічаў. Яе пачатак пакладзе позні шлюб больш чым сямідзесяцігадовага Ягайлы з юнай князеўнай Соф'яй Гальшанскай, ад якога ў 1424 і 1427 гадах народзяцца сыны Уладзіслаў і Казімір. Род Кейстутавічаў згасне ў сярэдзіне XV стагоддзя, але іншыя галіны Гедымінавічаў — князі Бельскія, Заслаўскія, Кобрынскія, Мсціслаўскія, Сангушкі, Слуцкія, Чартарыйскія будуць існаваць побач з Ягелонамі ў якасці вышэйшых арыстакратаў. У арыстакратычнае саслоўе ўвойдуць і нашчадкі літоўскіх і рускіх старажытных княжацкіх родаў: князі Гальшанскія, Астрожскія, Друцкія, Збаражскія, Вішнявецкія, Масальскія і шмат якія іншыя.

Але галоўны тон у XV і наступных стагоддзях будуць задаваць так званыя радныя паны (ці паны-рада, як іх звалі ў той час) — нашчадкі каталіцкіх (пераважна літоўскіх) баярскіх родаў, што ўтварылі атачэнне вялікага князя Вітаўта. Менавіта на іх ён абапіраўся ў сваёй барацьбе з сепаратызмам удзельных князёў, большасць з якіх былі праваслаўнымі і пасля Крэўскай уніі апынуліся ў апазіцыі. Якраз у канцы XIV — пачатку XV стагоддзя літоўскія баяры — пачынальнікі славутых родаў Манівідаў, Радзівілаў, Кезгайлаў, Гастаўтаў (Гаштольдаў) і іншых — атрымліваюць у вечнае ўладанне былыя велікакняжацкія сёлы і цэлыя воласці, што дазваляе ім раўняцца багаццямі з прыроднымі князямі. Крыху пазней да іх далучацца выхадцы з падляшскай шляхты Кішкі, акаталічаныя нашчадкі праваслаўных баяр (Глябовічы, Хадкевічы). Усе разам яны утвораць шчыльнае кола першаразрадных магнатаў, якія да сярэдзіны XVI стагоддзя будуць займаць практычна ўсе важнейшыя дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім, у тым ліку ў велікакняжацкай радзе.

Да канца XIV стагоддзя адбыліся і ўсе важнейшыя падзеі, што можна лічыць ключавымі для ўтварэння беларускага этнасу. Першай такой падзеяй з'явілася знішчэнне татарамі Кіеўскай Русі як цэльнага культурна- палітычнага арганізма. У выніку зніклі фактары, якія аб'ядноўвалі насельніцтва розных земляў і княстваў, а мясцовыя асаблівасці выйшлі на першы план.

Другім істотным крокам было з'яўленне ў сумежных з Літвой гарадах (Ноўгародку, Полацку) літоўскіх князёў. Гэта выключыла названыя гарады з палітычнай структуры, пабудаванай на вотчынным праве дынастыі Рурыкавічаў, і дазволіла ім ухіліцца ад непасрэднай залежнасці ад Арды.

Трэці момант — свядомая падтрымка насельніцтвам Ноўгародчыны літоўскіх князёў тады, калі суседняе Галіцка-Валынскае княства прыклала ўсе намаганні, каб з дапамогай татар вярнуць Панямонне ў старую палітычную сістэму. Гэта азначала канчатковы разрыў Ноўгародка з яго старажытнарускай спадчынай і пачатак сімбіёзу з Літвой, у якім ні адзін бок не мог абысціся без другога. Узнікла двухэтнічная дзяржава, чыя трываласць замацоўвалася сумеснай барацьбой як супраць татар, так і супраць крыжакоў.

Чацвёртым фактарам было аднаўленне цэнтралізатарскіх тэндэнцый на ўсходнеславянскіх землях, прычым двуадзінае літоўска-рускае палітычнае ўтварэнне выступіла адным з "цэнтраў прыцяжэння" для суседніх княстваў. Некаторыя з іх непасрэдна далучыліся да новай дзяржавы (так адбылося, здаецца, з Меншчынай, Браслаўшчынай, Берасцейшчынай), большасць жа ўвайшлі ў яе на правах федэратыўных адзінак з умовай "не рушыць старыны".

Наступным момантам з'явілася няўдача літоўскіх князёў у іх спробах ахапіць усе старажытнарускія землі. Два аб'яднаўчыя цэнтры — Літва і Масква — дасягнулі ўстойлівай раўнавагі, у выніку чаго тэрыторыя былой Кіеўскай Русі апынулася падзеленай на дзве прыкладна роўныя паловы. Мяжа паміж імі паклала пачатак адноснай ізаляцыі насельніцтва, а традыцыйная варожасць паміж Літвой і Масквой замацавала гэтую ізаляцыю.

Шостым па чарзе (але не па значэнні) трэба назваць пачатак непазбежнага ўзаемапранікнення культурных, моўных і іншых асаблівасцей, уласцівых насельніцтву Вялікага княства Літоўскага: этнічным літоўцам і жамойтам з аднаго боку, "акаючаму" насельніцтву былой сярэднярускай этнаграфічнай правінцыі (нашчадкам крывічоў) з другога, і, нарэшце, прадстаўнікам паўднёвай правінцыі з Палесся і Валыні. Цэнтрам узаемадзеяння было Верхняе Панямонне, дзе сутыкаліся ўсе кампаненты. У выніку "мовай міжнацыянальных зносін" выступіла старажытнаруская літаратурная мова, але ў прастамоўнай гутарцы замацоўваліся тыя рысы мясцовых дыялектаў, якія сустракаліся часцей. Так, "посткрывіцкае" цоканне засталося мясцовай асаблівасцю Полаччыны, а дзеканне і аканне, якія супадалі з літоўскім вымаўленнем, значна пашырыліся. У сваю чаргу паўднёвы цвёрды "р" таксама супадаў з літоўскім і пры яго ўдзеле пашырыўся на поўнач, оканне ж не выйшла за межы старога арэала. Так утваралася самастойная фанетычная сістэма, уласцівая беларускай мове.

Нарэшце, сёмым момантам стала унія Вялікага княства Літоўскага з Польшчай. Гэта азначала перавагу ў далейшым заходніх сувязей і ўплываў (у той час як на Маскоўскай Русі моцна адчуваліся ўсходнія, цюркскія ўплывы). Праўда, вынікі дадзенай падзеі стануць адчувальнымі па-за храналагічнымі рамкамі нашай кнігі, у XV і асабліва XVI—XVII стагоддзях. Уздзеянне польскай мовы спрыяла замацаванню прабеларускіх фанетычных рысаў, а галоўнае, узбагаціла лексіку. Многія карані слоў сучаснай беларускай мовы запазычаны з польскай ці з заходнееурапейскіх моў праз польскае пасрэдніцтва.

Аднак каб стаць самастойнай мовай, беларускай трэба было яшчэ адасобіцца ад праўкраінскай. Гэта адбылося часткова дзякуючы таму, што значная частка паўднёварускай этнаграфічнай правінцыі (Галіччына і Заходняя Валынь) увайшлі непасрэдна ў Польскае каралеўства і былі пазбаўлены літоўскіх і полацкіх уплываў. Развіцё там ішло адносна самастойна. Але вырашальным фактарам з'явіла ўзнікненне ў канцы XV— XVI стагоддзі на памежных з татарамі землях такой спецыфічнай з'явы, як казацтва. Яно зрабілася магутным каталізатарам этнічных працэсаў на Украіне.

Такім чынам, у межах нашай кнігі мы назіралі менавіта перадумовы з'яўлення беларускай народнасці. Канчаткова яна склалася пазней, у XVI— XVII стагоддзях, а назва "Беларусь" замацавалася толькі ў другом палове XIX стагоддзя, калі частыя кантакты з велікарусамі высвецілі відавочную розніцу двух народаў, датуль звыкла называўшых сябе "рускімі". Дарэчы, памылка афіцыйных русіфікатараў была не ў тым, што яны называлі жыхароў Міншчыны і Магілёўшчыны рускімі (тыя самі сябе часцей за ўсё звалі менавіта так), а ў тым, што яны адмаўляліся бачыць розніцу паміж двума этнасамі з аднолькавай саманазвай. Яшчэ ў 1860-ыя гады даходзіла да анекдотаў. Напрыклад, пры характарыстыцы веравызнання ў сваёй вёсцы мясцовая настаўніца з Віцебшчыны пазначала: у вёсцы жыве вось столькі рускіх (у сэнсе — праваслаўных) і вось столькі старавераў. Між тым менавіта стараверы ("маскалі", як іх звычайна звалі на Беларусі) з'яўляліся выхадцамі з этнічнай Велікарусіі, рускімі ў сучасным сэнсе, у той час як "рускія" былі беларусамі.

Этнічная гісторыя беларусаў атрымалася даволі складанай. Галоўным чынам так адбылося таму, што тэрыторыя Беларусі ніколі не ўяўляла сабой монаэтнічную дзяржаву, а менавіта гэты фактар наймацней спрыяе абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці. Апошнім часам даволі часта робяцца спробы абвясціць Вялікае княства Літоўскае "беларускай дзяржавай". Не кажучы пра фактычную недакладнасць такіх заяў (прынамсі, некалькі соцень тысяч літоўцаў, што жылі ў гэтай дзяржаве побач з беларусамі, у кішэнь не схаваеш), яны ва ўмовах сённяшняй вельмі слабай самасвядомасці беларусаў (у параўнанні хаця б з тымі ж літоўцамі) выглядаюць па сутнасці абразлівымі для іх: што ж гэта за народ, які некалькі стагоддзяў меў уласную дзяржаву, а калі страціў яе — за няпоўныя два стагоддзі ледзь не цалкам згубіў самасвядомасць, пачуццё нацыянальнай годнасці? Ці варта адраджаць такі народ?

Веданне ж сапраўднага лёсу беларусаў выклікае здзіўленне перад жыццёвай сілай народа, які нарадзіўся ў выключна складаных умовах, калі гінулі больш моцныя за яго, які шукаў выратаванне не ў скарэнні ці нават знішчэнні суседзяў, а ў братнім саюзе з імі. Ён не паспеў яшчэ сфарміравацца як след, а ўжо апынуўся ў якасці падначаленага, пад рэлігійным, а потым і нацыянальным прыгнётам. Польскі этнас, якому пашчасціла больш, імкнуўся асіміляваць яго, потым тое ж самае рабіў магутны рускі этнас. А беларусы прайшлі праз усё гэта, вытрымалі і захавалі свой непаўторны нацыянальны характар, па якім іх заўсёды можна пазнаць. Выжылі самі, не знішчыўшы нікога дзеля свайго выратавання. Толькі шматлікія захопнікі кожны раз знаходзілі сабе магілу на беларускай зямлі.

Зараз пачалася самая важная старонка ў гісторыі беларускага. народа. Ён упершыню атрымаў сваю дзяржаву — не палітычны эфемер, не марыянетку ў чужых руках і не "непарыўную частку агульнага цэлага". Упершыню за шмат стагоддзяў у яго з'явілася магчымасць паказаць, чаго ён варты на самой справе. Нацыянальная дзяржава непазбежна абудзіць і нацыянальную свядомасць. І таму не трэба палохацца праўды аб сваім мінулым, калі яна здаецца не. такой бліскучай, як хацелася б. У нашай гісторыі няма бляску, замешанага на чужой крыві, але ў ёй няма ганьбы — гэта важыць значна болей. І безумоўна, прыйдзе час, калі наш народ (я ў гэта непахісна веру) расправіць крылы. Я ведаю, што беларус заўсёды будзе беларусам, калі побач з ім будзе яго гісторыя, подых яго папярэднікаў на гэтай зямлі.