Таўцівіл (2001)

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. – Мінск, 2001. С. 513–514

Таўцівіл (? – 1264), літоўскі князь, пляменнік Міндоўга. Верагодна, быў сынам старшага брата Міндоўга Даўспрунка (упамін. у 1219). Каля 1249 Міндоўг накіраваў Т. і яго брата Эдзвіда ў ваенны паход на Смаленскае княства, а сам выкарыстаў іх адсутнасць для захопу іх вотчын і арганізаваў няўдалую спробу іх забойства. Т. уцёк у Галіцка-Валынскае княства, а затым у Рыгу, дзе быў ахрышчаны ў каталіцтва. Палітычныя пратыўнікі Міндоўга: Даніла Галіцкі, Лівонскі ордэн, рыжскі архібіскуп і князь Жамойці Выкінт (дзядзька Т. па маці), падтрымалі Т. як прэтэндэнта на пасад вял. кн. літоўскага і аказалі яму ўзброеную дапамогу. Аднак нанесці Міндоўгу ваеннае паражэнне не ўдалася. Пасля хрышчэння Міндоўга ў каталіцтва ў 1253 накіраваная супраць яго кааліцыя, узначаленая Т., распалася. Пэўны час Т. заставаўся ў Галіцка-Валынскім княстве і ў 1253 удзельнічаў у паходзе Данілы Галіцкага ў Чэхію. Пазней ён, верагодна, прымірыўся з Міндоўгам. Магчыма, ужо ў 1258 Т. быў полацкім князем і ўдзельнічаў у сумесным паходзе палачан і літоўцаў на Смаленскую зямлю і Таржок, але яго імя ў сувязі з гэтымі падзеямі не згадваецца. Пад час татарскага пахода на Літву зімой 1258-59 Т. дзейнічаў разам з сынам Міндоўга Войшалкам супраць Данілы Галіцкага, саюзніка татар. У 1262 Т. прыгадваецца як князь полацкі. Верагодна, быў адным з арганізатараў забойства Міндоўга у 1263. Неўзабаве паміж Т. і пераемнікам Міндоўга Транятам распачалася барацьба за ўладу, у выніку якой Т. быў забіты.