Як стваралася пошукавая сістэма “Дапаможнік” (2017)

Архiвы i справаводства. 2017. №4 (112). С. 131–138.

Як стваралася пошукавая сістэма “Дапаможнік”

23 мая 2017 г. у раздзеле “Генеалогія” сайта “Архівы Беларусі” з’явілася спасылка на новую пошукавую сістэму, якая дапамагае высветліць ці ўдакладніць інфармацыю, неабходную для генеалагічнага пошуку ў беларускіх архівах. У адпаведнасці са сваім прызначэннем сістэма атрымала назву “Дапаможнік”.

Сістэма забяспечвае два асноўных варыянта пошуку: па прозвішчах і па назвах паселішчаў. Калі карыстальнік ведае толькі прозвішча сваіх продкаў, але не мае ўяўлення, у якой мясцовасці яны жылі, ён можа высветліць, у якіх населеных пунктах Беларусі сустракалася гэтае прозвішча ў першай палове – сярэдзіне ХХ стагоддзя, да пачатку масавай урбанізацыі. Калі прозвішча дастаткова рэдкае, гэта дапаможа істотна звузіць тэрыторыю пошукаў.

Калі карыстальніка цікавіць канкрэтнае паселішча, ён мае мачымасць атрымаць звесткі пра яго, неабходныя для генеалагічнага запыту ў гістарычныя архівы альбо для самастойнага пошуку ў чытальнай зале. Сістэма выдае назвы паселішча на рускай і беларускай мовах, з улікам перайменаванняў, і звесткі пра яго прыналежнасць да тых тэрытарыяльных адзінак, па якіх у архівах звычайна згрупаваны дакументы генеалагічнага характару: паветаў Расійскай Імперыі і Рэчы Паспалітай, валасцей, каталіцкіх альбо праваслаўных прыходаў, феадальных маёнткаў (з пазначэннем прозвішча іх уладальнікаў, бо некаторыя віды генеалагічных крыніц згрупаваны якраз па прозвішчах уласнікаў). Можна даведацца таксама пра прыналежнасць да сельскага альбо пасялковага савета ў апошнія дзесяцігоддзі.

Месцазнаходжанне паселішчаў, знойдзеных пры абодвух варыянтах пошуку, адлюстроўваецца на электроннай карце. Важна, што можна знайсці інфармацыю не толькі пра існуючы зараз паселішчы, але і пра тыя, якія зніклі на працягу ХХ стагоддзя. У гэтым сэнсе пошукавая сістэма не мае аналагаў у нашай краіне.

Стварэнне “Дапаможніка” з’явілася вынікам доўгай працы, якая вялася ў Беларускім навукова-даследчым цэнтры электроннай дакументацыі з часу яго заснавання. Увесь час кіраўніком працы з’яўляўся аўтар гэтых радкоў, а прымалі ў ёй удзел вельмі многія, за што іх трэба сярдэчна падзякаваць. Хацелася б пайменна вызначыць кожнага, але гэта заняло б занадта шмат места.

Ужо ў 1998 г. пачала распрацоўвацца, а ў 1999 г. была размешчана ў Інтэрнеце першая версія раздзела “Генеалогія” для сайта “Архівы Беларусі”.[1] На ім упершыню былі размечшаны звесткі пра асноўныя віды генеалагічных крыніц - метрычныя кнігі і рэвізскія сказкі па Мінскай, Віцебскай і часткова Магілёўскай губернях, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) у Мінску. У 2000 г. з’явіліся звесткі пра метрычныя кнігі і рэвізскія сказкі Гродзенскай і часткова Віленскай губерняў, што захоўваюцца ў НГАБ у Гродне, а таксама пра генеалагічныя дакументы 1920-х – 50-х гадоў у фондах абласных архіваў. Па меры таго, як архівы ўдасканальвалі свой даведачны апарат, гэтыя звесткі ўдакладняліся.

Але звесткі пра наяўнасць рэвізскіх сказак адлюстроўвалі інфрамацыю толькі на ўзроўні паветаў (уездаў) Расійскай імперыі, а пра наяўнасць метрычных кніг – на ўзроўні прыходаў, згрупаваных таксама па паветах. Дакументы савецкага часу групаваліся па валасцях, пазней па сельсаветах. Для тых, хто не ведае, да якой тэрытарыяльнай адзінкі адносілася месца пражывання яго продкаў, гэтая інфармацыя была малакарыснай.

Таму адначасова пачалося стварэнне дапаможных сродкаў, якія б дазволілі карыстальніку высветліць сучасную і мінулую адміністрацыйную прыналежнасць паселішчаў. У 1999 г. ў БелНДЦЭД пачалася работа над электронным атласам-даведнікам “Губерня”, якая прадугледжвала перавод у электронны выгляд спісаў населеных пунктаў па валасцях і паветах беларускіх губерняў Расійскай імперыі, іх лакалізацыю на тагачасных картах і адлюстраванне сродкамі геаінфармацыйнай сістэмы. Дзеля гэтага назва кожнага паселішча і змешчаныя ў спісе звесткі пра яго не толькі пераводзіліся ў электронны выгляд праз сканаванне і распазнаванне, але і дапаўняліася геаграфічнымі каардынатамі. Асноўнай крыніцай для гэтага паслужылі аркушы дэталёвай “Ваенна-тапаграфічнай карты Еўрапейскай Расіі” маштабу 3 вярсты ў цалі (1: 126 000), так званай “трохвёрсткі”. Зараз іх якасныя электронныя копіі знаходзяцца на вольным доступе ў Інтэрнеце, але ў канцы ХХ стагоддзя аб гэтым даводзілася толькі марыць. Амаль поўны камплект аркушаў трохвёрсткі па тэрыторыі сучаснай Беларусі ўдалася выявіць у НГАБ у Мінску, копіі некалькіх недастаючых аркушаў былі замоўлены ў гістарычных архівах Літвы і Расіі. Усе яны былі адсканаваны і прывязаны да каардынатнай сеткі, што дазволіла лёгка атрымліваць каардынаты лакалізаваных на іх паселішчаў.

Стварэнне атласа-даведніка “Губерня” ажыццяўлялася паэтапна. У 2004 г. завяршылася работа па тэрыторыі Мінскай губерні. Яе вынікі адлюстроўвалі размяшчэнне населеных пунктаў і іх прыналежнасць да адміністрацыйных адзінак (паветаў, валасцей), маёнткаў і прыходаў на трох храналагічных зрэзах: на канец XVIIІ, сярэдзіну ХІХ і пачатак ХХ стагоддзя. Па стану на канец XVIIІ ст. у сістэму былі ўведзены звесткі пра 8637паселішчаў, з іх на той час удалася лакалізаваць 6109. Па стану на сярэдзіну ХІХ ст. былі ўведзены звесткі пра 5751паселішчаў (памяньшэнне колькасці тлумачылася зменамі тэрыторыі губерні, што адбыліся ў 1840 г.), з іх 5166былі лакалізаваны.  Па стану на пачатак ХХ ст. колькасць паселішчаў у межах губерні павялічылася да 11702, з іх 8186удалася лакалізаваць.

У тым жа 2004 г. распачалося стварэнне атласа-даведніка па беларускіх паветах Віленскай губерні. Паколькі звесткі на канец XVIIІ ст. па яе тэрыторыі адсутнічалі, была магчымасць адлюстраваць толькі два храналагічных зрэза. Першым пачаў распрацоўвацца зрэз на сярэдзіну ХІХ ст. Да канца 2005 г. былі ўведзены звесткі пра 7937населенныхпунктаў, лакалізаваны 6684.

Па беларускіх паветах Гродзенскай губерні храналагічны зрэз на сярэдзіну ХІХ ст. ахапіў 2882паселішчаў, з іх у 2005 г. былі лакалізаваны 2724.

Работа над спісамі па тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай губерняў ускладнялася тым, што меліся яны толькі на пачатак ХХ ст., пры тым нізкая якасць арыгіналаў вымусіла набіраць іх цалкам праз клавіятуру. Гэтую справу ўзялі на сябе супрацоўнікі НГАБ у Мінску, дзе захоўваюцца асобнікі абодвух спісаў. Па Магілёўскай губерні на працягу 2004 – 2005 гг. імі былі аблічбаваны звесткі пра 10 316 аб’ектаў, але азначная частка з іх не была населенымі пунктамі – гэта былі разнастайныя старажоўкі, чыгуначныя будкі і да т.п. Урэшце ў сістэму былі ўведзены звесткі пра 9531 населены пункт, у 2006 г. супрацоўнікі БелНДЦЭД лакалізавалі 6955 з іх.

Спіс па беларускіх паветах Віцебскай губерні, апрацаваны супрацоўнікамі НГАБ таксама праз набор з клавіятуры ў 2005 – 2006 гг., апынуўся самым вялікім – у яго ўвайшлі 23 059аб’ектаў, з іх 10 061 аднесены да катэгорыі населеных пунктаў, а лакалізаваны ў 2007 г. супрацоўнікамі БелНДЦЭД 6556.

У такім папярэднім выглядзе электронны атлас-даведнік быў запісаны ў канцы 2007 г. на кампакт-дыскі і паступіў у гістарычныя архівы, дзе выкарыстоўваўся іх супрацоўнікамі і наведвальнікамі ў чытальных залах. Гэта было, зразумела, не вельмі зручна, да таго ж храналагічны ахоп даведнікаў быў неаднародны. Па Мінскай губерні ён уключаў тры храналагічных слоя, па Віленскай і Гродзенскай – толькі адзін, на сярэдзіну ХІХ ст., а па Магілёўскай і Віцебскай – таксама адзін, але на пачатак ХХ ст. Вельмі істотна, што адсутнічала інтэграцыя з сучаснымі спісамі населеных пунктаў, што не дазваляла аўтаматычна атаясаміць іх паміж сабой.

Тым часам на працягу 2009 - 2010 гг. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белкартаграфія” вяло работу над другім томам “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”, галоўным рэдактарам якога з’яўляецца аўтар гэтых радкоў. У гэтым томе прадугледжвалася генеральная карта “Беларускія землі ў канцы XVIII стагоддзя”, асноўным стваральнікам якой быў супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Я. К. Анішчанка. Ён падрыхтаваў у электронным выглядзе папярэдні спіс беларускіх паселішчаў, якія прыгадваліся ў крыніцах адпаведнага перыяду і падлягалі адлюстраванню на карце. Я са свайго боку правёў удакладненне гэтага спісу па шэрагу крыніц, не выкарыстаных Я. К. Анішчанкам, і здзейсніў яго інтэграцыю са спісамі паселішчаў, адлюстраваных у даведніку “Губерня”. Апрача таго, была здзейснена прывязка гістарычных паселішчаў да сучаснай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры, яны ўпершыню былі пазначаны тымі ж унікальнымі ідэнтыфікатарамі, што і ў сучасных спісах. Вынік гэтай працы знайшоў адлюстраванне ў гісторыка-геаграфічным паказальніку да другога тома атласа, які пабачыў свет у 2013 г.[2] У ім былі пазначаны каля 22 тыс. паселішчаў XVIIIст., большасць з якіх існуе дасёння.

Наступны крок на шляху да “Дапаможніка” дазволіла здзейсніць работа над даведнікам па гісторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі з 1981 па 2010 гг., якую БелНДЦЭД ажыццяўляў у 2010 – 2011 гг. Гэты даведнік быў выдадзены ў папяровым выглядзе,[3] але ў якасці электроннага дадатку да яго створаны кампакт-дыск, на якім былі лакалізаваны ўсе населеныя пункты, што існавалі ў азначаны час (усяго каля 28,3 тыс. паселішчаў), са звесткамі пра іх з шасці даведнікаў па абласцях Беларусі, падрыхтаваных у свой час краязнаўцам Я. Н. Рапановічам і апублікаваных на працягу 1977 – 1986 гг. выдавецтвам “Навука і тэхніка”. Гэтыя звесткі былі інтэграваны са звесткамі з Адзінага рэестра адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь, які быў створаны да таго часу Нацыянальным кадастравым агенствам, а таксама з дадзенымі перапісаў насельніцтва Беларусі 1999 і 2009 гг. па кожным паселішчы, якія былі размешчаны ў вольным доступе ў Інтэрнеце. 

Кампакт-дыск з даведнікам па адміністрацыйнай прыналежнасці ўсіх паселішчаў Рэспублікі Беларусь па стану на пачатак 1981, 2000 і 2011 гг. паступіў у  2012 г. у архіўныя ўстановы і таксама мог выкарыстоўвацца пры выкананні запытаў карыстальнікаў. Але гэта можна было зрабіць толькі непасрэдна ў архіве, і па ранейшаму адсутнічала сувязь паміж паселішчамі, адлюстраванымі ў спісах Расійскай імперыі, і сучаснымі населенымі пунктамі.

Наспела неабходнасць стварыць інтэграваны інфармацыйны рэсурс, які б аб’ядноўваў вынікі ўсіх гэтых праектаў, а таксама дагэтуль недастаючыя звесткі са спісаў населеных месцаў Віленскай і Гродзенскай губерняў на пачатак ХХ ст. Адпаведная тэма была ўключана ў план навукова-даследчых работ БелНДЦЭД у 2012 г. і паспяхова завершана ў наступным годзе.

Па выніках гэтай працы храналагічны слой са звесткамі на пачатак ХХ ст. ахапіў усю Беларусь. У яго былі ўключаны каля 60 тыс. паселішчаў, з іх на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі лакалізаваны 38 379. Магчымасці для лакалізацыі значна павялічыліся дзякуючы таму, што на той момант у вольным доступе ў Інтэрнеце былі прадстаўлены не толькі якасныя сканы ўсіх аркушаў трохвёрсткі, але і больш познія і больш падрабязныя тапаграфічныя карты па значнай частцы беларускай тэрыторыі:  “2-х вёрстная карта Заходняй пагранічнай прасторы”  ў маштабе 2 вярсты ў цалі (1: 84 000); “Аднавёрстная карта Заходняй пагранічнай прасторы” ў маштабе 1 вярста ў цалі (1 : 42 000); савецкія і польскія тапаграфічныя карты 1920-х – 30-х гг. маштабу 1 : 100 000, ці “кіламетроўкі” (Mapa Taktyczna Polski, Карта Генерального штаба РККА).

Дзякуючы таму, что ў НГАБ у Гродне былі створаны ў электронным выглядзе геаграфічныя паказальнікі населеных пунктаў Гродзенскай і беларускай часткі Віленскай губерні па праваслаўных і каталіцкіх прыходах, іх звесткі былі аб’яднаны са звесткамі спісаў населеных месцаў Расійскай імперыі, у якіх прыналежнасць да прыходаў адсутнічала.

Прыналежнасць паселішчаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў да маёнткаў па стану на 1840-я гг. удалася часткова пазначыць, выкарыстаўшы інвентары панскіх маёнткаў з фондаў НГАБ у Мінску.

Але самай маштабнай задачай, вырашанай у рамках гэтай тэмы, стала аблічбоўка спісаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і загінуўшых пад час яе мірных жыхароў, а таксама ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х – 1950-х гадоў, надрукаваных у гісторыка-дакументальных хроніках гарадоў і раёнаў Беларусі серыі “Памяць”, якія выдаваліся з 1985 па 2005 год. Гэта дазволіла адлюстраваць распаўсюджанне прозвішчаў з прывязкай да населеных пунктаў, у якіх нарадзіліся ці жылі ў адпаведны час іх носьбіты. У інфармацыйны рэсурс былі ўключаны прозвішчы са спісаў па ўсіх раёнах і гарадах Беларусі, за выключэннем Мінска і абласных цэнтраў, бо па гэтых гарадах пераважная большасць асоб, уключаных у спісы, нарадзілася ў іншых мясцінах, а іх прозвішчы знайшлі адлюстраванне ў спісах з раёнаў іх паходжання. Усяго створана звыш 340 тыс. запісаў, якія фіксуюць пэўнае прозвішча ў пэўным паселічшы. Пры гэтым кожнае паселішча было пастаўлена ў адпаведнасць з інтэграваным спісам паселішчаў Беларусі, які ўрэшце склаў каля 47 тыс. аб’ектаў (з іх дасёння існуе палова, каля 23,5 тыс.). Лакалізаваць на сённяшні дзень удалася 45 288 паселішчаў.

Такім чынам быў створаны інфармацыйны рэсурс, унікальны не толькі сваёй паўнатой, але і ўзаемасувяззю ўсіх сваіх частак. Але ён быў даступны толькі ў лакальнай вылічальнай сетцы БелНДЦЭД. Заставалася вырашыць апошнюю задачу – зрабіць гэты рэсурс даступным для ўсіх карыстальнікаў.

З гэтай мэтай у план навуковых даследаванняў БелНДЦЭД на 2016 г. была ўключана тэма, якая прадугледжвала стварэнне праграмных сродкаў для прадстаўлення інтэграванага інфармацыйнага рэсурса па генеалогіі ў Інтэрнеце. Ад пачатку разглядаліся два варыянты рэалізацыі: максімальны і больш сціплы. Максімальны варыянт прадугледжваў інтэграцыю запісаў інфармацыйнага рэсурса не толькі паміж сабой, але і з навкова-даведачным апаратам архіваў, што дазволіла б карыстальніку атрымаць не толькі звесткі пра пэўнае паселішча, але і спасылкі на архіўныя фонды, у якіх захоўваецца адпаведная генеалагічная інфармацыя. Але калі канчаткова вызначыліся памеры фінансавання тэмы, стала зразумела, што на такі амбіцыйны праект, з удзелам спецыялізаваных на веб-праграмаванні знешніх арганізацый, сродкаў не хопіць. Прыйшлось задаволіцца больш сціплым варыянтам, які быў рэалізаваны ўласнымі сіламі БелНДЦЭД. Фактычна ўсю тэхнічную работу па стварэнні праграмных сродкаў выканаў адзін чалавек – навуковы супрацоўнік цэнтра А. Яскевіч.

Размяшчэнне пошукавай сістэмы таксама патрабавала часу і намаганняў. Распрацаваныя праграмныя сродкі патрабавалі больш сучасных умоў, чым забяспечваў існуючы варыянт размяшчэння сайта “Архівы Беларусі”. Урэшце сістэма была разгорнута на новым віртуальным хостынгу, на тэхнічных сродках кампаніі “Беларускія воблачныя тэхналогіі”, а пераход да яе з раздзела “Генеалогія” забяспечваецца праз знешнюю спасылку.

Спадзяюся, што пошукавая сістэма “Дапаможнік” ужо дапамагла і яшчэ не раз дапаможа жыхарам Беларусі і выхадцам з яе тэрыторыі распачаць пошук сваіх сямейных каранёў.

Вячаслаў Насевіч,

кандыдат гістарычных навук,

дырэктар БелНДЦЭД



[1] Зараз архіўная копія гэтай версіі сайта, што некалі знаходзілася па адрасу http://www.president.gov.by/gosarchives/index, захоўваецца ў архіве электронных дакументаў БелНДЦЭД. Яе можна знайсці таксама праз пошукавую сістэму міжнароднага інтэрнет-архіва “Машына часу” (WaybackMachine, https://web.archives.org).

[2] Насевіч В. Гісторыка-геаграфічны паказальнік // Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 4-х тамах. Т.2. Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 169–348.

[3] Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981–2010 гг.): справочник / сост. О.А.Кудряшова [и др.] под общ. ред. В.Л. Носевича. Минск: БелНИИДАД, 2012. 173 с.