Літва ў XIV стагоддзі (2016)

// Беларуская даўніна. Гістарычны альманах / Пад агульнай рэд. Ю. М. Мікульскага. – Вып. 3. – Мінск: Выд. А. М. Вараксін, 2016. С. 5–45.

Літва ў XIVстагоддзі

// Беларуская даўніна. Гістарычны альманах / Пад агульнай рэд. Ю. М. Мікульскага. – Вып. 3. – Мінск: Выд. А. М. Вараксін, 2016. С. 5–45.

Пытанні пра лакалізацыю гістарычнай Літвы, яе адрозненне ад Русі і эвалюцыю сэнсу абодвух паняццяў маюць вялікую гістарыяграфію. Два дастаткова поўных агляда, зробленых А. К. Краўцэвічам[1] і А. І. Дзярновічам,[2] пазбаўляюць ад неабходнасці паўтарацца. Пры гэтым, насуперак назве артыкула Краўцэвіча, лакалізацыя сярэднявечнай Літвы асаблівай праблемы не ўяўляе. Асноўныя крыніцы, якія даюць надзейную падставу для такой лакалізацыі, былі ўведзены ў навуковы ўжытак у ХІХ – пачатку ХХ ст. і з таго часу неаднаразова падвяргаліся дэталёваму аналізу. Праблема ўзнікае хіба што пры спробах чытаць крыніцы праз палітычна ангажаваныя «акуляры», каб знайсці ў іх не адбітак рэчаіснасці, а падмацаванне адвольных ідэалагічных канструктаў.

Стан вывучанасці пытання дазволіў разгледзіць яго як у дыяхронным аспекце, так і на розных храналагічных зрэзах. Этнічны склад насельніцтва таксама больш-менш вызначаны: зразумела, што яно было змешаным па абодва бакі ад сучаснай дзяржаўнай мяжы Беларусі і Літвы. Звесткі пра наяўнасць рускага (славянскага) насельніцтва на літоўскім баку нядаўна абагуліў Э. М. Зайкоўскі[3]. Адносна літоўскага (балцкага) насельніцтва на беларускім баку найбольш грунтоўнай дасёння застаеца зводка Е. Ахманьскага[4]. Недастатковая прадстаўленасць у ёй археалагічных звестак кампенсуецца публікацыямі літоўскіх і беларускіх археолагаў[5].

Цяпер мае сэнс весці размову на ўзроўні не агульнай лакалізацыі хароніма «Літва» ў той ці іншы час, а структуры гэтай тэрытарыяльнай адзінкі, пераходных зон паміж ёй і сумежнымі тэрыторыямі. Стала магчымым увасабляць вынікі даследавання ў форме падрабязных гістарычных карт-рэканструкцый. Свае ўяўленні пра Літву ў ХІІІ ст. я адлюстраваў на адпаведнай карце[6]. Працэсы, звязаныя з пашырэннем гэтай назвы ў XVст., паказаны на картах у двух гістарычных атласах[7], хаця непасрэдна лакалізацыя Літвы ў вузкім сэнсе там не акрэслена. Мяжу Літвы з Руссю ў XVI ст. дазваляе ўявіць карта да нашага з М. Ф. Спірыдонавым артыкула[8], а пазней Спірыдонаў апублікаваў звесткі, якія акрэсліваюць паўднёвую мяжу Літвы ў той жа час[9].

Не даставала толькі карты Літвы ў XIVст., якую я і прапаную зараз. Асаблівасць гэтага перыяду – з’яўленне ў 1380-я – 1390-я гг. больш-менш масавых крыніц. Яны дазваляюць разгледзіць пытанне хаця і не так дэталёва, як у наступныя стагоддзі, але непараўнальна лепей, чым у папярэднія. У гэты час Літва ўпершыню выразна выступае з гістарычнай цемры, і тым больш цікава ўсвядоміць, што яна сабой уяўляла.

Корпус азначаных крыніц распадаецца на дзве групы. У першую ўваходзяць хронікі Нямецкага ордэна: Германа з Вартберга[10], Віганда з Марбурга[11] і інш. У якасці дадатку да хронікі Віганда апублікаваны «Літоўскі дарожнік» («Die littauischen Wegeberichte») [12], які з’яўляецца найкаштоўнейшай крыніцай па гістарычнай геаграфіі Літвы адпаведнага часу. У ім прыведзены апісанні 100 маршрутаў па Жамойці і Літве, складзеных на падставе нататак ордэнскіх разведчыкаў і праваднікоў. Прыгадваюцца сотні населеных пунктаў, звычайна з пазначэннем адлегласці паміж імі, а часам і з пазначэннем іх уладальнікаў. «Літоўскі дарожнік» быў выкарыстаны Г. Лаўмяньскім для рэканструкцыі населенасці і ўласніцкай структуры Жамойці і Літвы (з прыкладаннем карты)[13]. Праўда, яго карта не ахапіла частку гістарычнай Літвы на поўдні і паўночным усходзе, у сучаснай Беларусі. Гэтую крыніцу скарыстоўвалі даследчыкі палітычнай эліты ранняга ВКЛ[14]. Беларускія гісторыкі грунтоўнаму аналізу яе пакуль не падвяргалі, абмяжоўваючыся спасылкамі на згадкі асобных паселішчаў.

Другую групу складаюць мясцовыя крыніцы ВКЛ. Іх захавалася даволі шмат: гэта і акты прысягі на вернасць Уладзіславу Ягайлу пасля абрання яго польскім каралём, і прывілеі на наданне маёмасці князям, баярам і Царкве, і міжнародныя дагаворы альбо дыпламатычная перапіска. Але ў большасці з іх прыгадваюцца адзінкавыя паселішчы – месцы выдання грамат ці аб’екты пажалавання. Параўнальна масавыя звесткі маюцца ў двух дакументах: дагаворы Ягайлы і Кейстута з Нямецкім ордэнам ад 29 верасня 1379 г. і прывілеі Скіргайлу на Троцкае княжанне ад 5 красавіка 1387 г. Першая з гэтых крыніц на нямецкай мове друкавалася неаднаразова. Нядаўна А. У. Ліцкевіч апублікаваў яе з уласным перакладам на беларускую мову[15]. Прывілей Скіргайлу таксама друкаваўся неаднаразова, пачынаючы з Т. Нарбута. Дзве апошнія па часе публікацыі – ва ўкраінскім зборніку грамат XIVст. і ў «Полацкіх граматах» А. Л. Харашкевіч[16]. Зусім нядаўна выйшла новае, больш якаснае выданне «Полацкіх грамат», дзе да прывілея Скіргайлу прыкладзена карта прыгаданых у ім мясцовасцяў[17].

Да другой групы крыніц прымыкае «Спіс рускіх гарадоў», прыведзены ў шэрагу летапісаў[18]. Ён пачынаецца фразай «А се имена градом всем русскым, далним и ближним» і пералічвае гарады ад Дуная да Вялікага Ноўгарада, у тым ліку тры групы гарадоў, пазначаных як «Киевьскыи гроди», «Волыньскыи» і «Литовьскыи». У сукупнасці яны ахопліваюць тэрыторыю, якую займала ВКЛ у 1370-х  – пачатку 1390-х гг., да далучэння Смаленска (смаленскія гарады пазначаны асобна).

Карта, якая прапануецца ўвазе чытача, уяўляе вынік сінтэзу наяўных звестак[19]. Яна ахоплівае асноўную тэрыторыю тагачаснай Літвы (якая называлася не інакш як «Літвой» ці «Аўкштайціяй») і прылеглыя да яе з поўдня і ўсходу землі, што адносіліся да Літвы з агаворкамі. Тэрыторыі з такім жа прамежкавым статусам на поўначы і паўночным захадзе картай не ахоплены, бо не маюць непасрэднага дачынення да гістарычнай геаграфіі Беларусі. Адзначу толькі, што ў ордэнскіх крыніцах гэтыя тэрыторыі трывала адносяцца да Жамойці, якая лічылася адмысловай часткай Літвы ў больш шырокім сэнсе. Асабліва яскрава гэта бачна ў «Літоўскім дарожніку». Першыя 53 маршруты ў ім аб’яднаны як «дарогі на Жамойць» («Wege nach Samaiten»), а астатнія – як «дарогі на Аўкштацію ці Верхнюю Літву» («Wege nach Auxteten oder Ober-Littauen»). Пры гэтым воласць Вількія, паміж вусцямі Дубісы і Нявешы (суч. Nevėžis), і Лабунаў на левым беразе Нявешы неаднаразова згадваюцца ў жамойцкай частцы, а маршрут пад нумарам 49 дазваляе аднесці да яе Вендзяголу і Шатаў (сучасны Šatijai) у нізоўях Віліі.

У дадзеным выпадку пераход ад Жамойці да ўласна Літвы (Аўкштайціі) не супадаў з адміністрацыйнымі межамі, бо нізоўі Нявешы па абодвух берагах у прывілеі Скіргайлу 1387 г. аднесены да Троцкага княства, а ў далейшым мяжа Жамойцкай зямлі з утвораным у 1413 г. Троцкім ваяводствам прайшла па Нявешы. Далей на поўнач ляжала зямля Упіта, якая таксама ўвайшла ў Троцкае ваяводства. Але пра яе адметнасць яскрава сведчыць нарацыя Германа з Вартберга, які пры апісанні падзей 1350-х гадоў паведамляе пра спробу літоўцаў Стрыпейкі з Упіты і Мезевілта з Аўкштайціі перасяліцца ў Лівонію («Letwini de Stripeyke Opythen, Mezevilte de Austeyten volebant se a Lethowia transfere»).[20] Такім чынам, для Германа і яго інфарматараў жыхар Упіты быў хоць і літоўцам, але не жыхаром Аўкштайціі.

Гэтае адрозненне мела этнаграфічныя падставы. Адметнасці пахавальнага абраду ў парэччы Нявешы і ваколіцах Коўна добра вядомы археолагам: там адсутнічаюць курганы як усходнелітоўскага, так і яцвяжскага тыпу, а вядомы выключна грунтовыя пахаванні, падобныя на пахаванні з уласна Жамойці. Мова гэтых мясцовасцяў таксама адрознівалася ад ваколіц Вільні і набліжалася да жамойцкай. У XVІ–XVІІ стст. набажэнства для жыхароў парэчча Нявешы (Кейданскага края) вялося на дыялекце, які ў касцельных дакументах вызначаецца як «жамойцкая мова»[21]. Прытым насельніцтва ў нізоўях Віліі і Нявешы не было чыста балцкім: якраз гэтых мясцін тычыцца згадка Віганда з Марбурга, у якой захопленыя там у палон «русіны» супрацьпастаўляюцца не паганцам («Rutenos et paganos»), як у іншых месцах (што можа азначаць ахрышчаных у праваслаўе балтаў), а менавіта літоўцам («Lithwanos et Rutenos»)[22].

На поўдні харонім «Літва» ў гэты час ужо трывала распаўсюдзіўся на Гарадзенскую зямлю. Яна ні ў адной крыніцы не аднесена да Русі. Наадварот, нарацыя Віганда пра лёс князя Патрыка Гарадзенскага сведчыць, што Гарадзеншчына Руссю не лічылася. Апісваючы дзеянні Патрыка пры абароне Горадна ў 1365 г., храніст дадае, што ў наступным годзе Кейстут за сяброўскія адносіны з Ордэнам перавёў яго ў іншую воласць, у Рускай зямлі («dedit ei aliam terram, quia amicus fuerat ordinis, in terra Russie»)[23]. Маршруты, што праходзілі праз Гарадзеншчыну, прыведзены ў «аўкштайцкай» частцы «Літоўскага дарожніка» ўперамешку з іншымі, без агаворак пра адметны характар гэтай тэрыторыі.

У дагаворы 1379 г. Гарадзенская зямля прыгадана ў канцы пераліку падуладных Кейстуту «Рускіх земляў», што стварае двухсэнсоўнае ўражанне. У арыгінале гэты кавалак выглядае так: «unsir landt der Rusen, das an dem teil der Memmil gelecgen ist kegin dem lande Prusen also Wilkewitzk, Saras, Droyczin, Melnik, Belitzk, Brisk, Camentz und das landt Garten». Як заўжды пры перакладзе сярэднявечных тэкстаў, многае залежыць ад знакаў прыпынку. На маю думку, сэнс тут такі: «наша зямля Руская, што ляжыць за Нёманам насупраць Прускай зямлі (як то Ваўкавыск, Сураж, Драгічын, Мельнік, Бельск, Берасце і Камянец), і зямля Гарадзенская». Пры такім чытанні і Руская, і Гарадзенская землі Кейстута маюць аднолькавы статус – такі ж, як не прыгаданая ў дагаворы трэцяя частка яго ўладанняў, Троцкая зямля (яе праз 8 гадоў апіша прывілей Скіргайлу).

Такое чытанне лепш адпавядае сэнсу паведамленняў пра Гарадзеншчыну ў хроніцы Віганда з Марбурга. Там выкладзены абставіны, якія папярэднічалі падпісанню дагавора ад 29 верасня 1379 г. У лютым таго ж года камандор Асцяроды Боргард Мансфелд уварваўся ў рускія ўладанні Кейстута і на працягу двух сутак пустошыў Камянецкую зямлю («intrat Russiam et diebus 2 et noctibus terram Camentz igne etc. devastabat»), а ў жніўні камандор Балгі Тэадорык Эльнерскі зноў пайшоў на Русь, спыніўшыся спярша на рацэ Нур у Падляшшы («intrat Russiam, stetit juxtra fluvium Nur dictum»), а затым паслядоўна рабаваў мясцовасці, якія ў маёй версіі пераклада дагавора пададзены ў дужках: «Priske et Camentz devastando ... inavasatam terram Drogewitz ... in obsidionem castri Melniken … et postea divertit se in terram Camentz in Russia, que flumen Bug vastata ... terram Bilse totam devastabat, procedens cum exercitu suo vulgariter in Rusen-Brisk». Выканаўшы такім чынам сваю першую задачу, камандор Тэадорык накіраваўся затым у Гарадзенскую зямлю («convertit se et terram Karten vulgariter»)[24]. Віганд сцісла пераказаў і сэнс выкліканага гэтымі падзеямі дагавора. Гэтая нарацыя яшчэ больш паказальная: дагавор, на думку Віганда, абвяшчаў зонай бяспекі як Горадна, так і ўсе часткі Русі («et Garten pacem haberetis, similer tota Russia in dextra parte sita, et ut hec firmarentur»)[25].

У дагаворы 1379 г. Гарадзенская зямля – адзіная, межы якой палічылі неабходным акрэсліць яго складальнікі. Прытым падрабязна апісваецца не добра вядомая абодвум бакам заходняя мяжа праз пушчы на левабярэжжы Нёмана, а ўсходняя, на правабярэжжы. Гэта было, напэўна, выклікана жаданнем паказаць, як далёка сягае абвешчаная зона бяспекі ў дадзеным накірунку. Тэрыторыя Гарадзенскай зямлі пачыналася на адну мілю вышэй Пералома на Нёмане і ішла на ўсход і поўдзень па дузе, зноў выходзячы на Нёман на сутыку з Ваўкавыскай воласцю. На гэтай дузе паслядоўна пералічаны сяло Мікуліна («Mitulandorf»), Забалоцце («Sablocza»), Вялікае Сяло («Grosedorf»), Астрына («Astryne»), Раміліна сяло («Ramylandorf»), Кентыняны («Kentynane»), Тамяны («Tamyanan») і Сукіна ці Сухое сяло («Sukendorf»). З гэтых мясцовасцей не выклікае сумненняў лакалізацыя Астрыны, вядомай таксама «Літоўскаму дарожніку» ў якасці княжага двара «Astrinen, Astreyn des koninges hof» у маршрутах пад нумарамі 89 і 98 (таксама «Astrino», «Astra», «Ostrina», «Ostrynne» у шэрагу іншых), а «Sukendorf» можна ўслед за Ліцкевічам атаясаміць з вёскай Сухінічы. Астатнія лакалізацыі, прапанаваныя Ліцкевічам у каментарах да перакладу дагавора, патрабуюць удакладненняў.

Ліцкевіч мае рацыю, звязваючы «Mitulandorf» дагавора з сялом Мікулінам («Mikullendorfe») у 87-м маршруце «Літоўскага дарожніка». Аднак гэта выключае яго атаясамленне з сучаснай вёскай Мікулішкі Шчучынскага раёна, бо Мікуліна знаходзілася ў трох мілях (не далей за 25 км) ад Пералома («Perlam») і Прывалкі («Perwalken»), не даходзячы р. Котры («Kattra»). Прыдатных тапонімаў там зараз няма, і таму месцазнаходжанне гэтага сяла можна вызначыць толькі ўмоўна.

А вось Забалоцце якраз можна было б атаясамляць з сучаснай вёскай, толькі не ў Воранаўскім раёне (яе варта звязваць з Васілішкаўскай воласцю), а ў Шчучынскім (што Ліцкевіч дапускае, але лічыць менш верагодным). Гэта адпавядае мяжы Гарадзенскай воласці, як яна вядома ў наступныя стагоддзі, уздоўж Азёрскай і Берштаўскай пушчаў[26]. Адтуль мяжа мусіла зварочваць на поўдзень, да Астрыны. Адзінае, што вёска Забалоцце Шчучынскага раёна – позняя, ніякіх звестак пра яе існаванне ў XVI ці нават XVIІI ст. няма. У спісе населеных месцаў Дубічскай воласці Лідскага павета Віленскай губерніі за 1873 г.[27] яна пазначана як засценак маёнтка Равятычы. Гэта, аднак, не выключае, што паселішча ўзнікла паўторна ва ўрочышчы са старажытнай назвай.

Вялікае Сяло мусіла знаходзіцца недзе паміж Забалоццем і Астрынай – гэта адзінае, што можна пра яго сказаць. Прыдатных тапонімаў у гэтай мясцовасці невядома, а звязваць яго з нейкім іншым паселішчам з такой назвай, але ў неадпаведным месцы, няма падстаў.  Гэтаксама зніклыя бясследна Раміліна сяло, Кентыняны і Тамяны ўмоўна можна лакалізаваць паміж Астрынай і Сухінічамі.

У дагаворы 1379 г. не згадваецца шэраг гарадзенскіх паселішчаў, вядомых з «Літоўскага дарожніка». Сярод іх – Азёры («Asera», «Aysora», «Essera», «Eszrenye»), якія ў 93-м маршруце вызначаны як Вітаўтаў двор («Wytouts hoff»), што дазваляе датаваць гэты маршрут часам, калі Вітаўт яшчэ быў гарадзенскім князем (не пазней зімы 1389/90 г.). У 79-м, 89-м і 98-м маршрутах Азёры выступаюць ужо проста княжым дваром. У 93-м маршруце на паўдарозе паміж Пераломам і Азёрамі, у двух мілях ад кожнага з іх, згадваецца сяло Півічна («eyme dorfe, das heiset Pywitschna»), якое можна ўмоўна лакалізаваць на месцы ці ў ваколіцах вёскі Вярхполле.

Маршруты 95 і 96 апісваюць шляхі з Горадна на ўсход, якія пачынаюцца ад паселішча Путрышкі («Putrisken»), што дасёння існуе ў ваколіцах Гродна. У 96-м маршруце шлях ідзе на Астрыну і далей на Васілішкі. Маршрут 95 ідзе ад Путрышкаў на паўднёвы ўсход, на Новагародак («Nuwenhuse») праз Ражанку («Kymundsdorf»), праходзячы папярэдне праз Гасцілкавічы («Hostilkowicz»). У 99-м маршруце тыя ж Гасцілкавічы выступаюць як сяло Гасцілкі («Hostilkandorf») і знаходзяцца на паўдарозе (у 4 мілях) ад Горадна да ракі Ятвезі («Getweze»). Ятвеззю звалася сучасная р. Ельня, на адным з левых доплываў якой, ля вёскі Будраўцы, існаваў вядомы з XV ст. двор Ятвезск. Ад яе да Ражанкі каля 9 км, што адпавядае дыстанцыі паміж імі ў 1,5 мілі, вызначанай у 98-м маршруце. У 99-м маршруце, праўда, тая ж дыстанцыя ператварылася ў 2 мілі, але не выключана, што перапісчык проста не перакрэсліў лічбу (у «Дарожніку» ўжываюцца рымскія лічбы, пры гэтым цэлая апошняя міля пазначаецца чыстым знакам «j»,  а палова мілі – перакрэсленым). Сяло Гасцілкавічы ці Гасцілкі трэба шукаць ля пераправы праз р. Котру, дзе пазней знаходзіўся двор Котра (аднайменная вёска існуе дасёння). Магчыма, менавіта ён першапачаткова называўся Гасцілкамі.

Да Гарадзенскай зямлі, напэўна, адносіліся і Бершты ў верхнім цячэнні р. Котры («Berste», «Bereste», «Pirstin», «Pirsto»), прыгаданыя ў 87-м, 90-м і 98-м маршрутах па дарозе з Прывалкі на ўсход. Далей ляжала тэрыторыя, якая ў 1566 г. увайшла ў Лідскі павет. Аднак у больш раннія часы яна ўтварала асобную воласць. Цэнтрам яе былі Васілішкі («Waisilisken», «Wayselisken», «Waysillisken», «Waysilschke»), прыгаданыя ў маршрутах 83, 84, 88, 90, 91, 93, 96, прытым у 88-м і 96-м маршрутах паселішча пазначана як княжы двор. Гэты статус Васілішкі захавалі і пазней. У рэестры пажалаванняў Казіміра, якія былі зроблены пераважна ў 1440-я – 1450-я гады, Васілішкі неаднаразова выступаюць як цэнтр воласці, са складу якой адбываліся наданні: «у Василишках», «Василское волости»[28]. У першай з гэтых звестак згадваюцца людзі «на имя Бакъштаны» – жыхары сяла Бакшты, нададзеныя баярыну Кінейту «против его отчины». Гэтае сяло («Bagste», «Bawsten») прыгадана у 87-м і 90-м маршрутах, адпаведна на шляху ад р. Котры ў Ліду і з Берштаў на Васілішкі.

Намесніцтва ў Лідзе згадваецца вельмі рана. Паводле «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх», лідскім намеснікам быў Вайдзіла, якога пакараў смерцю Кейстут у 1382 г.[29] Гэта пацвярджаецца ў прывілеі Ягайлы на карысць Віленскага біскупства ад 17 лютага 1387 г. пры пажалаванні воласці Дуброўна ў ваколіцах Ліды. Там адзначана, што раней Дуброўнай валодаў Вайдзіла («districtum Dambrowno… quibus eundem districtum olim fidelis noster Woydilo tenuit et possedet»)[30].

Ліда адносілася да Віленскага княжання, якое Ягайла пасля абрання польскім каралём пакінуў за сабой. У студзені 1389 г. менавіта там ён падпісаў свае граматы[31]. У «Літоўскім дарожніку» Ліда («Lyda», «Lyde», «Lide») выступае як канечны пункт маршрутаў 86, 87 і 96. Маршрут 98 праходзіў праз Ліду з Новагародку і вёў далей на Васілішкі. Пры гэтым у 2 мілях пасля Ліды – напэўна, у раёне пераправы праз р. Дзітву, ён праходзіў праз неназванае «сяло гарадзенскага старасты» («deshouptmansdorffevanGarhen»). Публікатары крыніцы ў сваім каментары атаясамілі яго с вёскай Мыто, і з гэтым можна пагадзіцца. Той жа напрамак апісаны і ў канцоўцы маршрута 100. Аднак у ім паміж Лідай і Васілішкамі пазначана адлегласць у 6 міль, з паселішчам Гелвяды («Gelwede») на паўдарозе. Рэальная адлегласць (32 км) адпавядае хутчэй 4, максімум 5 мілям. Папярэдні адрэзак таго ж маршрута вёў з паўночнага ўсходу, праходзячы ў палутара мілях ад Ліды праз мясцовасць Дворышча («eyn gebiete, das heiszet Duworige»), якая адпавядае сучаснай аднайменнай вёсцы на р. Жыжме. Менавіта па Жыжме ў XVIст. праходзіла ўсходняя мяжа Лідскага павета, якая ў гэтым месцы, напэўна, захавалася з даўніх часоў.

На поўнач ад Ліды ў канцы XIV ст. ляжала тэрытарыяльная адзінка Троцкага княжання, якая ў «Літоўскім дарожніку» згадваецца як зямля Скалва («Schalwen lant»). Паселішча Скалева («Skalewo»), якое дало ёй назву, лакалізуецца паводле 90-га маршрута на шляху з Забалацця («Sabalost») у Радунь («Radun»), на рацэ Пялесе. Прыблізна там зараз знаходзіцца вёска Правожа Воранаўскага раёна. Верагодна, гэтая ж тэрыторыя прыгадана ў пажалаванні Скіргайлу 1387 г. на паўднёвым краю Троцкай зямлі: «а на су сторону по Сколву, город Радыня и уся тая волость»[32]. Гэта можа азначаць, што на той час цэнтр перамясціўся са Скалева ў Радунь, але назва воласці засталася старая.

Уласна зямлі Скалва прысвечана заключная частка 82-га маршрута, час фіксацыі якога выдаўцы датавалі 1385 г. Кругавы маршрут па гэтай зямлі пачынаецца ад сяла Дравенікі («dorfDrawenikin»), змешчанага на шляху з Эйшышкаў («Eyksiskindorffe») праз Вярсоку («Wersag»)на Пералаю («Perlay»). Спакусліва звязаць Дравенікі з вёскай Адвернікі Воранаўскага раёна, на поўдзень ад Эйшышкаў, але гэтаму супярэчаць падрабязнасці маршрута: Дравенікі знаходзіліся за Вярсокай, у 3 мілях ад Эйшышкаў (ці ад Вярсокі – тэкст у гэтым месцы дазваляе дваякае чытанне) і ў 2,5 мілях ад Пералаі. Пры гэтым не зусім зразумела, што мелася на ўвазе пад Вярсокай – рака ці аднайменнае паселішча ў яе сярэднім цячэнні, прыгаданае ў іншых маршрутах. Калі рака, то шлях праз яе на Пералаю мог праходзіць у самым верхнім цячэнні, а затым прыблізна ўздоўж сучаснай дзяржаўнай мяжы Беларусі з Літвой, і далей напрасткі. Адлегласць паміж Эйшышкамі і Пералаяй па гэтай крыху зламанай лініі складае каля 42 км, што ў прынцыпе адпавядае 5,5 мілям. Адлічыўшы назад ад Пералаі 2,5 мілі (19 км), мы атрымліваем прыблізную лакалізацыю Дравенікаў. Шлях ад іх у зямлю Скалва вёў у зваротным накірунку, на паўднёвы ўсход. Першым на ім, у адлегласці 2 міляў, пазначана сяло Двор («dorf Dwaris») на рацэ Дзітве («Ditto»). Гэта адразу стварае праблему, бо ад Пералаі да верхняга цячэнні Дзітвы, паблізу Эйшышкаў, напрасткі каля 43 км, ці 5,5 міль. Калі адвесці 2,5 мілі на шлях паміж Пералаяй і Дравенікамі, то застаюцца не 2, а ўсе 3 мілі. Відавочна, што адлегласці ў гэтым маршруце вылічаны з вялікімі хібамі, і Дравенікі, напэўна, знаходзіліся на прыкладна роўнай адлегласці паміж Пералаяй, з аднаго боку, Эйшышкамі і Дзітвай, з другога. Што да Двара, то яго можна ўмоўна лакалізаваць ля вёскі Вайкунцы Воранаўскага раёна.

Далейшы маршрут па руху гадзіннікавай стрэлкі праз сёлы Юр’ева («Jorgendorff», 1,5 мілі), Ілляны («Iliyonen», «Iliondorfe», 2 мілі), Вісан ці Вішню («Wissendorfe», 1 міля), Эймунтава («Eymuntendorfe», 2 мілі) прыводзіць нас зноў да Дравенікаў, прычым адлегласць паміж імі і Эймунтавам не пазначана. З пералічаных паселішчаў магчымы адпаведнік знаходзіцца толькі для Іллян – вёска Лялюшы Воранаўскага раёна, назва якой раней магла гучаць як Іллюшы. Каб налічыць 3,5 мілі паміж ёй і Вайкунцамі, трэба адхіліцца на ўсход, уздоўж Дзітвы. Недзе ў месцы злому лініі трэба шукаць Юр’ева. Калі ж адлегласці пазначаны недакладна, то магчымым кандыдатам выступаюць Жырмуны, ад якіх да Вайкунцаў напрасткі каля 12 км, а да Лялюшаў – 22. Пад сучаснай назвай Жырмуны ў «Дарожніку» не згадваюцца, але іх існаванне ў гэты час вельмі верагоднае. У XV ст. яны з’яўляліся вотчынай разгалінаванага баярскага рода, які на Гарадзельскім сойме атрымаў герб «Сякера». Прытым імя Юрый насілі некалькі яго прадстаўнікаў: сын Яна Бутрыма (у 1428 г. выступае як «IurgadeZermont»), адзін з сыноў Конрада Кучука (апошні ў 1436 г. – «Conradus alias Kuczuc, heres de Szyrmuni»), адзін з сыноў Міхаіла Аляксандравіча Монтаўта, што таксама меў долю ў Жырмунах[33]. Таму можна дапусціць, што гэтае імя атрымаў пры хрышчэнні ў 1386 г. іх родапачынальнік – гіпатэтычны бацька Яна Бутрыма, Конрада Кучука, Аляксандра Монтаўта і, напэўна, Манцірыма. Праз яго Жырмуны і былі запісаны ў «Дарожніку» як Юр’ева сяло.

Спробы лакалізацыі Вішні і Эймунтава, у сувязі з адсутнасцю блізкіх тапонімаў і няпэўнасцю зваротнага шляху да Дравенікаў, выглядаюць занадта рызыкоўнымі. Так ці інакш, воластка з верагодным цэнтрам у Радуні займала значную частку Воранаўскага раёна. У далейшым яна была звязана з Эйшышскай воласцю, пра што сведчыць двухузроўневая прыналежнасць надання ў адным з запісаў рэестра Казіміра: «Еишышки а Радуня»[34]. Аднак у попісе войска ВКЛ 1528 г. эйшыскія і радуньскія баяры запісаны ў асобныя рэестры[35].

Цэнтрам асобнай воласці ў часы Казіміра былі і Дубічы («Дубичское волости», «у Дубичох»)[36], прыгаданыя ў 84-м і 85-м маршрутах як «Dubitz», «Dobiczcze». Пазней цэнтр воласці перамясціўся ў Каняву, вядомую з 79-га маршрута як княжы двор («des konige shoff czu Cannewa»). З попісаў войска XVI ст. вядома, што каняўскія баяры ўтваралі асобны рэестр (харугву), пры адсутнасці такога ж дубічскага рэестра[37]. У той час Дубічы і Канява надаваліся ў кіраванне адной асобе[38].

У 81-м і 82-м маршрутах «Літоўскага дарожніка», зафіксаваных каля 1385 г., выразна акрэсліваецца воласць Салечнікі («Salsenikin», «Salseniken», «Saltzeniken»). На захадзе яна пачыналася ад сяла Іванава («Ywanendorfe», «Jwanendorfe»), прыгаданага і ў прывілеі Скіргайлу 1387 г.: «уся тае села што у Солчницехъ, и в тои волости тое село Иваново, што Андрей держалъ Борисовичь». Паводле 82-га маршрута, Іванава знаходзілася ў 2 мілях ад р. Вярсокі, з адзначэннем прыналежнасці да Салечнікаў («doistSalsenikin»), а паводле 81-га – у 3 мілях, па дарозе на сяло Мантыгірда («Mantegirdindorfe») на р. Сальчы («Salse», суч. Шальча), у 2 ці 2,5 мілях ад апошняга. З доляй умоўнасці Іванава можна звязаць з пазнейшымі Валкінікамі на р. Мерач, а Мантыгірдава сяло – з Раклішкамі. Маршрут 81 двойчы згадвае сяло Гануса ці Ганула («Hannosdorfe», «Hannusdorfe», у іншым месцы – «Hanulindorfe») у 2 мілях ад Мантыгірдава. Далей адзін варыянт прапануе шлях у 1,5 мілі да сяла Мінігайлы («Mynegeiladorfe»), ужо на ўсходнім краю Салечніцкай воласці («donymptSalsenikineynende») па дарозе на Ашмену. Другі шлях ад Гануліна вядзе да Манстына сяла («Manstyndorfe», 2 мілі) на р. Мерачы (яму адпавядае ў прывілеі 1387 г. «Ментвино село, што Яць держалъ»), адтуль – да Вільні. Частка маршрута 82 праходзіць ад Мантыгірдава сяла праз сяло Высігірда («Wissigirdendorffe», 1,5 мілі), адкуль да сяла Мінігайлы застаецца 1,5 мілі. З гэтых баярскіх маёнткаў старажытную назву захавала да ХІХ ст. сяло Ганула, якому адпавядаюць пазнейшыя Ганулішкі (зараз не існуе). Манстына ці Ментвіна сяло можна звязваць з Місючанамі на Мерачы, Мінігайлава сяло лакалізуецца недзе ля вытокаў Гаўі і сучаснай беларуска-літоўскай дзяржаўнай мяжы, магчыма – на месцы ці ў ваколіцах Анжадава. Сяло Высігірда трэба шукаць у вярхоўях Сальчы, магчыма – у раёне Вялікіх Салечнікаў (суч. Šalčininkai). Што да цэнтра Салечніцкай воласці, то ён знаходзіўся альбо там жа, альбо ў пазнейшых Малых Салечніках (суч. Šalčininkėliai).

У 81-м маршруце прыгадваецца яшчэ адзін шлях, які вёў праз Салечніцкую воласць з паўночнага захаду, ад Сумілішкаў, праз Руднікі («Rudeninkin») на р. Мерачы у зямлю Селі («in eyn lant, das heist Sele»), што ў 3 мілях ад Руднікаў. Ад яе разыходзіліся шляхі на Нёман і Скалву, Салечнікі і Ашмену. Сучасная вёска Селі, якая ў ХІХ ст. вядома як Вялікія Салкі, ляжыць у 12 км (менш за 2 мілі) на поўдзень ад Руднікаў, але не выключана, што шлях ішоў не напрасткі да яе, а спярша ўгару па Мерачы. У маршруце 92 з Трокаў і Вакі на Геранёны шлях у гэтых мясцінах таксама адхіляўся: у 3 мілях ад Вакі ён прыводзіў у Яшуны («Jesschewicz»), адтуль яшчэ праз 3 мілі – у тыя ж Селі («Zele») і далей у бок Геранёнаў.

Перасякаў Салечніцкую воласць таксама маршрут 79. Ад княжага двара Рудаміна («Rudemyn») пад Вільняй ён ішоў да Салечнікаў праз сяло Чапурны («Czapurnen dorff») у верхнім цячэнні р. Мерач, да якога было 3 мілі, і столькі ж ад Салечнікаў да Эйшышкаў (тут адлегласць відавочна заніжана). Ужо выдаўцы «Дарожніка» звязалі сяло Чапурны з Табарышкамі. Станіслаў Чапурна альбо Чупурна, вялікакняжацкі маршалак у 1395–1411 гг., склаў сваю даравальную грамату на карысць Віленскага кляштара францысканаў у 1410 г. у сваім двары ў Салечніках («in Solcznik in curia nostra»)[39], у якім можна бачыць тыя ж Табарышкі.

Працяг 82-га маршрута вёў ад Мінігайлава сяла ля вытокаў Гаўі на поўдзень, у зямлю Драгімінішкі («lantDragemynske», «Drogyminischky»). З яе складу былі напэўна вылучаны Германішкі («Hermannii»), нададзеныя ў 1391 г. Ягайлам Віленскаму біскупству[40]. З  гэтага вынікае, што яны адносіліся ўжо не да Трокаў, а да Вільні. У 1410 г. Вітаўт падараваў і самі Драгімінішкі з прыселкамі ў аднайменнай воласці на рацэ Жыжма («districtu Drogyminischky nominatum cum prato in fluvio Zyszma») кафедральнаму касцёлу Св. Станіслава ў Вільні, прычым папярэднім уладальнікам быў нейкі Андрэй, сын Мастоніса («Andreas filius olim Mostonis»). Публікатары дакумента лакалізавалі гэтую воласць на падставе апісання парафіі Германішкі 1828 г. Там паведамляецца, што Драгімінішкамі раней звалася вёска Каладзежыжкі, суч. Каладзішкі («wieś Drogominiszki nad rzeką Żyżmą alias Kołodzieżyczki»)[41]. Дарога з Мінігайлава сяла да Драгімінішак праходзіла паслядоўна праз сяло Судзімонта («Sodimpten dorfe») у 2 мілях і праз другое сяло Мінігайлы («Mynnegelin andir dorff») у 1 мілі, адкуль да Драгімінішак заставалася 2,5 мілі. У суме гэтыя адлегласці складаюць амаль удвая больш, чым наўпростая дыстанцыя паміж вытокамі Гаўі і Каладзішкамі (24 км). Напэўна, шлях збочваў уздоўж Гаўі. У такім выпадку сяло Судзімонта можна звязаць з вёскай Шудойна, а другое сяло Мінігайлы – з Дзевянішкамі, уласнікам якіх Міхаіл Мінігайла непасрэдна названы ў 1411 г.[42]

З пунктаў, вядомых «Літоўскаму дарожніку» і фігуруючых пазней у рэестры пажалаванняў Казіміра як цэнтры валасцей Троцкага ваяводства, большасць згадваецца ў такой якасці і ў прывілеі Скіргалу 1387 г.: Мерач, Неманойты, Аліта, Пуні, Бірштаны, Коўна ўздоўж Нёмана; Лабунаў, Арвістава і Пядзь за Віліяй; Папорці на Віліі, Жыжморы, Сумілішкі, Стаклішкі, Ляпуны і Салечнікі. У XVст. да іх далучыўся Высокі Двор, які ўзнік крыху пазней. Аднак у прывілеі адсутнічаюць Эйшышкі, Дубічы, Канява, Прывалка, Пералом і Пералая, якія дакладна існавалі ў той час. Што да Пералаі, згаданай у «Дарожніку» неаднаразова, прытым у 82-м маршруце як княжы двор («czu Perlay in des koningis hof»), то ў рэестры наданняў Казіміра яна выступае як «Мерецкое волости Перелая»[43]. Прывалка і Пералом таксама лічыліся часткамі Мерацкай воласці, бо ў Гарадзенскую воласць не ўваходзілі (прынамсі, пад час дагавора 1379 г.). Дубічы з Канявай і Эйшышкі, верагодна, паглыналася ў свядомасці складальніка граматы выразам «уся тая волость», аднесеным да Скалвы, ці выразам «на су сторону по Сколву». Набыццё імі статусу асобных харунжастваў варта ў такім выпадку адносіць на пачатак XVст.

Воласці, цэнтрамі якіх у сярэдзіне XV ст. былі Меднікі («Медницкое волости», «у Медникох») і Ашмена («Ошменьское волости»)[44], несумненна адносіліся да Віленскага княства. Пазней шляхта, прыпісаная да іх, ставіла ў попісах войска 1528 і 1565 гг. харугвы пад началам віленскага ваяводы. Такі ж статус мелі харунжаствы Крэўскае і Свірскае, Рудамінскае, Майшаголскае, Мемежскае («Немежское»), Няменчынскае, Гедройцкае і шэраг іншых далей на поўнач – там, дзе ў канцы 1380-х – пачатку 1390-х гг. знаходзілася Кернаўскае княства[45]. Для вызначэння межаў гэтах тэрытарыяльных адзінак у канцы XІVст. звестак недастаткова, хаця «Літоўскі дарожнік» прыгадвае шмат населеных пунктаў.

Тэрыторыю сучаснага Ашмянскага раёна перасякалі ў розных накірунках тры маршруты пад нумарамі 73, 81 і 97. У маршруце № 73 апісаны шлях з Вайдуціна сяла Вакі («Waydutten dorfe vff der Wake») у Троцкім княстве праз Рудаміну («Rudemyne») і Меднікі («Medeniken») на княжы двор Цудзенішкі («Thudeniskin»), далей на Ашмену («Asmen») і Крэва («Crawin»), прычым паміж імі, у трох мілях ад Ашмены і ў двух ад Крэва, знаходзілася сяло Льва («Lowendorfe»). Зваротны шлях ад Крэва на Рудаміну, апісаны ў тым жа маршруце, ідзе спачатку на Біюцішкі («Byuttiskin»). У 3 мілях адтуль ён праходзіць праз Скверышкі («Sqweryskin»), яшчэ ў 3 мілях – праз сяло Крэцкуны («Kretzkunendorfe»), ад якога 2 мілі да Слабуніна сяла («Slabunen dorfe») і яшчэ 2 – да Рудаміны.

У адным з варыянтаў 81-га маршрута, пакідаючы Салечніцкую воласць ля сяла Мінігайлы (якое вышэй я звязаў з Анжадавам), шлях спярша вядзе праз дзве мілі да сяла Івана Патрыкіевіча («YwandorfePatrikson»), ад якога да Ашмены застаецца 2 мілі. Адзін з альтэрнатыўных шляхоў, пазначаных ў гэтым маршруце, вядзе з Меднікаў праз княжыя двары Цудзенішкі, Ашмену, Біюцішкі да Крэва, адкуль зварочвае на Талуціна сяло («Taluttendorfe», 2 мілі), Гальшаны («Galse», 3 мілі), сяло Патрыка («Patrickindorfe», 2 мілі), Андрэеў двор («Andrewshof», 1,5 мілі) і Манстына сяло яшчэ ў 3 мілях, якое згадвалася вышэй у Салечніцкай воласці, у верхнім цячэнні р. Мерачы.

У 97-м маршруце пры руху з поўдня, ад Нёмана, у 2 мілях за Сурвіліным сялом («Surwillendorffe») на р. Клеве пазначана сяло Аляксандра Патрыкеівіча («Alexander Patrikensson»), якое калі не адпавядала згаданаму раней сялу Патрыкія, то знаходзілася побач з ім. Адтуль маршрут ідзе ламанай лініяй: да Гальшанаў, двара Альгімонта («Ongemundes hoff Galschan», 2 мілі), далей – да княжага двара Вянцішкі («des konigeshoff czu Wentishken», 3 мілі) і да Крэва («Crewe», 2 мілі), адтуль – на Ашмену. На паўдарозе, у 3 мілях ад Ашмены і ад Крэва, згадваецца Рэмігола («Remigaln»). Ад Ашмены дарога ідзе на Меднікі, але не праз Цудзенішкі, а праз княжае сяло Дудзішкі («Dudischken des koniges dorff»), змешчанае ў 2 мілях ад Ашмены і ад Меднікаў.

Частка з названых пунктаў існуе дасёння (Ашмена, Цудзенішкі, Крэва, Біюцішкі, Сурвілішкі, Гальшаны). Астатнія ў іншых крыніцах не згадваюцца і сучасным тапонімам не адпавядаюць, таму лакалізаваць іх можна толькі прыблізна, абапіраючыся на адлегласці і накірункі. Даволі проста зрабіць гэта адносна сяла Льва па дарозе з Ашмены на Крэва. Якраз там знаходзяцца Мірклішкі. Пад сваім іменем іх прыгадвае прывілей Вітаўта віленскаму намесніку Войцаху (Альберту) Манівіду ад 13 студзеня 1407 г.[46], у якім яму надаюцца ці пацвярджаюцца раней нададзеныя сёлы. Сярод іх – Жупраны з належачымі да іх бортнікамі ў Дзертніках і Андрэеўцах («villam Szuprany cum aliis villis ad ipsam pertinentibus videlicet Dyrthnyky et Andreowycy censualis mellis alias bortnyky»), а таксама Мірклішкі і Рэкутавічы, («villam dictam Myrklissky cum aliiss ibi adunctisvillis et hominibus videlicet Rekutowiczy»), а да іх дадаецца зямля, якую трымаў Леў у Дзертніках («item aliam terram, quefuit Leonis in Dyrtnyky»). Гэтая частка прывілея дазваляе зразумець, што раней зямля і бортнікі ў Дзертніках належалі да двух уладанняў з цэнтрамі ў Жупранах (іх уладальнікам Манівід быў ужо ў 1396 г.) і Мірклішках. Зараз яны аб’ядналіся ў руках Манівіда разам з абедзвюма часткамі Дзертнікаў – тою, што трымаў раней ён сам разам з Жупранамі, і тою, што раней належала Льву. Адпаведна, Леў быў папярэднім уласнікам Мірклішкаў, што пацвярджае такім чынам іх атаясамленне з «Lowendorfe». Гэтым Львом мог быць князь Леў Плаксіч альбо загадкавы «Leon Snirixeuicz», якія выступаюць у якасці сведкаў і паручыцеляў ў дакументах гэтага перыяду[47].

Недзе ў гэтым раёне варта шукаць і Рэміголу. Дудзішкі на паўдарозе з Ашмены на Меднікі адпавядаюць пазнейшай Мураванай Ашмене. Магчыма, яна сапраўды першапачаткова мела такую назву. Шляхі паміж Крэвам і Гальшанамі праз Талуціна сяло і двор Вянцішкі мусілі ісці з моцным адхіленнем на поўдзень, бо наўпростая адлегласць значна карацейшая. І Талуціна, і Вянцішкі трэба шукаць недзе на правабярэжжы нёманскай Бярэзіны, на яе доплыве Ластаі.

Тры сяла паміж Ашменай, Гальшанамі і ўскрайкам Салечніцкай воласці, два з якіх належалі каля 1385 г. Патрыкію і яго сыну Івану, а адно ў 1390-я гг. іншаму сыну Аляксандру, павінны былі знаходзіцца ў ваколіцах Граўжышкаў, ці само гэтае паселішча адпавядала аднаму з іх. Справа відавочна ідзе пра вотчыну князя Патрыкія Нарымонтавіча, які ў 1383 г. стаў служылым князем у Вялікім Ноўгарадзе[48]. Недзе ў 10 км ад сяла Патрыкія ў паўночна-заходнім накірунку знаходзіўся двор Андрэя – напэўна, Альгердавіча, які ў кастрычніку 1385 г. яшчэ ўтрымліваў за сабой Полацк, намінальна перададзены Ягайлам Скіргайлу[49]. Аднак не выключана, што гэта быў Андрэй Гаштаўт, ці той Андрэй Барысавіч, якога прывілей Скіргайлу 1387 г. прыгадаў як былога ўладальніка Іванава сяла ў Салечніцкай воласці.

Двор Гальшаны паводле 97-га маршрута належаў родапачынальніку князёў Гальшанскіх Альгімонту. Але ў 91-м маршруце, які быў апісаны, напэўна, крыху раней, Гальшаны выступаюць як Андрушкін двор («Goltschan, Andrusken hoff»), прычым іншым дваром таго ж Андрушкі было Іўе («Ywie, ouch Andrusken hoff»). З трох вышэйзгаданых Андрэяў пра Андрэя Барысавіча пасля 1387 г. больш нічога не вядома, а імя Андрэя Альгердавіча ў памяншальнай форме, здаецца, ніколі не ўжывалася. Найбольш імаверным адпаведнікам Андрушкі падаецца Андрэй Гаштаўт, які ў 1387 г. быў віленскім, а ў 1398–1401 гг. – крэўскім старастам. У прамежку, пасля прыходу да ўлады Вітаўта ў 1392 г., ён перажыў апалу[50]. Магчыма, тады Андрэй Гаштаўт і быў пазбаўлены Гальшанаў і Іўя.

Заходнюю частку Іўеўскага раёна ў парэччы Гаўі займала воласць, цэнтрам якой у сярэдзіне XVст. былі Ліпнішкі («у Липнишках»), прыгаданыя як «Lypenisken» у 91-м маршруце. Але ў якасці цэнтра тэрытарыяльнай адзінкі выступаюць і суседнія Геранёны. Увогуле Геранёнамі называліся тры розныя паселішчы, усе яны прыгадваюцца ў канцы XIVст. Старадаўняя вотчына Гаштаўтаў, якая пазней мела назву Мураваных Геранёнаў, ужо каля 1385 г. у 92-м маршруце «Літоўскага дарожніка» выступае як сяло Гаштаўта («czu Gastowtendorf und lyt im gebite czu Garenenen»), а пазнейшыя Суботнікі – як сяло Манівіда («Monewidendorf») у 1,5 мілі па дарозе на Трабы. Рускамоўны прывілей Вітаўта аб наданні Геранёнаў Манівіду захоўваўся ў архіве маёнтка Жупраны яшчэ ў ХІХ ст., калі  з яго была зроблена копія лацінкай («ize daem bojarinu naszemu Moniwidu selo Kgoranoinskoe»). Ул. Сямковіч датаваў яго 1396 г.[51] У такім выпадку прывілей азначаў пацверджанне ранейшага надання, бо сяло Манівіда ў Геранёнах існавала ўжо ў 1380-я гг. Трэці двор у Геранёнах не пазней пачатку 1380-х гг. належаў Любарту Гедымінавічу, аб чым згадваецца пры наданні яго ў 1401 г. Жыгімонту Кейстутавічу («curia, quae iacet in Goranonach, quam quondam patruus noster Lwbart tenuit»)[52]. У далейшым гэты двор стаў звацца Зыгмунцішкамі, пра што сведчыць запіс XVI ст. на маргінезе граматы, якую выдаў Жыгімонт з нагоды заснавання ў гэтым паселішчы касцёла ў 1411 г.[53] У 1440-я гг. двор быў перададзены Марціну Гаштаўту («пану Кгастовту Кгереноины Жикгимонътовы»). Напэўна, ён жа быў названы Старымі Геранёнамі («у Кгереноинех у Старыхъ») пры наданні шасці сем’яў таму ж Гаштаўту[54].

Рэканструкцыя старажытных межаў у гэтым рэгіёне ўскладняецца тым, што там склалася абшырная вотчына Гаштаўтаў, да якой праз шлюб Марціна Гаштаўта з унучкай аднаго з князёў Гальшанскіх далучыліся і Трабы. Але можна меркаваць, што пазнейшая мяжа маёнткаў Суботнікі і Іўе, з аднаго боку, Трабы і Якунь, з другога[55], больш-менш адпавядала даўняй мяжы Ліпнішкаўска-Геранёнскай і Гальшанскай валасцей. Да апошняй варта адносіць Лакаціна сяло («Lakatindorf»), прыгаданае ў 97-м маршруце па дарозе з Дзяляцічаў на поўнач – у 2 мілях пасля р. Дуды («Duda», суч. Дудзінка крыху на ўсход ад Іўя) і перад р. Якуняй («Jakun», суч. Якунька), не даходзячы 3 мілі да Сурвілішкаў. Такой пазіцыі адпавядаюць Юрацішкі.

Некалькі валасцей можна прасачыць уздоўж Нёмана, на ўсход ад Гарадзенскай зямлі. Апошняя, як вынікае з дагавора 1379 г., межавала з Ваўкавыскай («do si ruret Wilkawiczka das gebiet»). У XVI ст. Ваўкавыскі павет толькі датыкаўся левага берага Нёмана на кароткім адрэзку паміж Дубнам і Мастамі, прытым належала гэтая частка левабярэжжа да дзяржаўнай Мастоўскай воласці, правабярэжная частка якой уваходзіла ў Гарадзенскі павет[56]. Але ў XIV ст. мяжа Гарадзенскай і Ваўкавыскай валасцей праходзіла не так. Гэта вынікае ўжо з таго, што сяло Вехатніца, нададзенае Віленскаму біскупству ў 1388 г. Вітаўтам, на той час берасцейскім і гарадзенскім князем («Dei gracia dux Brzestensis et heres Hrodnensis»), было вылучана з Дубненскай воласці («Vechutnycza in districtu Dubnensi»)[57]. Прытым наданні, згаданыя ў гэтым прывілеі, знаходзіліся як у рускай, так і ў літоўскай частках яго ўдзелу («in terries nostris Lythuanie et Russie situatis»). З іх з Літоўскай зямлёй (а значыць – з Гарадзеншчынай) можна звязваць толькі Дубненскую воласць, бо іншыя названыя ў прывілеі паселішчы знаходзіліся ў Берасцейскай і Дарагічынскай валасцях. Праз Дубна («Duban») і Вехатніцу («Wechotnicz») праходзіла частка 93-га маршрута «Літоўскага дарожніка», які ішоў далей на Ваўкавыск («Wolkawisken»). У 1411 г. Вехатніца прыгадваецца ўжо ў Ваўкавыскай воласці[58].

Да Ваўкавыска некалі адносілася тэрыторыя абапал Нёмана, дзе ў XVI ст. Гарадзенскі павет удаваўся доўгім пасам паміж Лідскім і Слонімскім, уключаючы парэчча Ятвезі-Ельны[59]. Воластка Ятвезск («у Ятвезскомъ», «у Ятвязкомъ») тройчы згадваецца ў рэестры пажалаванняў Казіміра. Першая з гэтых згадак («Воишнару у Волковыску след, а три чоловеки подле его у Ятвезскомъ»)[60] змушае да думкі, што сам Ятвезск тады адносіўся да Ваўкавыскай воласці ці прынамсці знаходзіўся ля яе межаў. Гэта дазваляе аднесці да Ваўкавыска і змешчаную далей на ўсход тэрыторыю. Магчыма, у складзе ўладанняў Кейстутавічаў яна час ад часу перадавалася з Гарадзенскай воласці ў Ваўкавыскую і наадварот. З іншага запісу рэестра вынікае, што Некрашу Лігейкавічу былі нададзены тры чалавекі«у Ятвязкомъ», а разам з імі «у Городне на Щари дворец Миколаев Воишвиловича»[61]. Такім чынам, нізоўі р. Шчары (прынамсі на правым беразе) адносіліся да гэтай спрэчнай тэрыторыі, якая ўрэшце замацавалася за Гарадзенскім паветам.

Цэнтрам воласці быў вядомы з ХІІІ ст. Турэйск, аднойчы прыгаданы («Thuriska» маршрута 93) у «Літоўскім дарожніку». У рэестры пажалаванняў Казіміра зафіксавана наданне зямлі са складу гэтай воласці («у Туриску») Докайлу Войшвілавічу (відавочна брату Мікалая Войшвілавіча), а сямі чалавек – Алехну Судзімонтавічу[62]. У склад воласці ўваходзілі баярскія сёлы Ліпічна і Ражанка. Першае з іх прыгадана ў 99-м маршруце як сяло Сунгайлы («Lypitschna Sangailsdorf»), другое – у 93-м,  95-м, 98-м і 99-м маршрутах як Ражанскі двор ці сяло Кіманта («Kymont Rasanenhoff», «Kymundsdorf», «Rosseneke Kymantendorff», «Kymontendorff»), родапачынальніка Пацаў. З крыніц XVІ ст. вядома, што да Ліпічны адносілася вялікая пушча паміж левым берагам Нёмана і правабярэжжам Шчары (недзе там і знаходзіўся дварэц Мікалая Войшвілавіча), а належачыя да дзяржаўнага Турэйска сёлы ляжалі цераспалосна з ліпічненскімі ўздож правага берага Нёмана. Праміж імі было і сяло Дзяражнае, належачае да пацаўскай Ражанкі.

Заходняя частка Турэйскай воласці, напэўна, уключала Масты з пераправай праз Нёман. Іх можна атаясаміць з паселішчам «Konczeburwalk an die Memel», прыгаданым у 93-м маршруце «Літоўскага дарожніка» на шляху з Ваўкавыска ў Ражанскі двор Кіманта, у двух мілях ад апошняга. Заўважу, што выдаўцы «Scriptores rerum Prussicarum» атаясамілі «Konczeburwalk» з Княжаводцамі ніжэй па Нёмане, але гэта не адпавядае пазначанаму шляху.

Альтэрнатыўная частка 93-га маршрута праходзіла праз Слонімшчыну: з Ваўкавыска на Дзярэчын («Dyretschna»), далей на Слонім («Vsslam») і на поўнач да Нёмана, дзе на адлегласці 6 міль ад Слоніма ляжала лясістая мясцовасць з яўна скажонай назвай «Zabitte». Ад яе, у сваю чаргу, было 4 мілі да Турэйска. З гэтага вынікае, што «Zabitte» знаходзілася прыблізна ў 30–33 км вышэй па Нёмане за Турэйск. Ёй адпавядае княжы двор Збляны («Ysblenedes koninges hof»), які прыгадваецца ў 99-м маршруце, па дарозе з Ліпічны на Новагародак. Напэўна, ён жа выступае як «Selbe» ў 91-м маршруце, на паўдарозе паміж Новагародкам і вотчынай Сцегевіла на рацэ Лебядзе («das flyes Lebede, Stegewillen lant»). Цэнтрам гэтай вотчыны (а магчыма, і асобнай воласці) быў Жалудок, які згадваецца ў маршруце 98 як сяло Сцегевила («Szolutka Stegewillendorff»), а таксама прыгаданы ў маршрутах 84 (з Васілішкаў на Ваўкавыск) і 100 («Solnke», «Stoludech»). Жалудоцкая воласць у рэестры пажалаванняў Казіміра не згадваецца, але ў попісе войска ВКЛ у 1528 г. нешматлікія жалудоцкія баяры ўтваралі асобны рэестр, побач з васілішкаўскім і астрынскім.

Двор Збляны ў гэты час быў цэнтрам воласці, што ляжала па абодвух берагах Нёмана і напэўна адносілася да Слоніма. У наступныя дзесяцігоддзі яе цэнтр змясціўся ў Беліцу. Апошняя ў рэестры пажалаванняў Казіміра выступае як цэнтр воласці, у склад якой уваходзілі Васкавічы, звязаныя адначасова і з занёманскім Здзецелам («у Белицкой волости и у Здетеле, у Васковичохъ»)[63]. Васкавічам адпавядае «Waisedendorf»у 95-м маршруце «Літоўскага дарожніка», на шляху з Ражанкі ў Новагародак. Ні Беліца, ні Здзецел у ім не згадваюцца і, магчыма, на той час яшчэ не існавалі. Пазней Збляны належалі да асноўнай часткі Беліцкай воласці, пажалаванай Радзівілам, а Здзецел стаў цэнтрам буйной вотчыны князёў Астрожскіх.

Паколькі Ваўкавыск у дагаворы 1379 г. несуменна аднесены да Русі, тое ж павінна тычыцца і Слоніма. Аднак сведчанняў гэтага ў тагачасных крыніцах няма. Вядома, што ваколіцы Здецела (сучасны райцэнтр Дзятлава) уяўлялі сабой выспу літоўскамоўнага насельніцтва, канчатковая беларусізацыя якога фіксуецца толькі ў сярэдзіне ХХ ст.[64] Лаўмяньскі лічыў яго рэшткамі прусаў, паводле Валынскага летапіса кампактна асаджаных на Слонімшчыне Трайдзенам у XIIIст.[65] Гэта магло спрыяць ранняму замацаванню за Зблянскай (Беліцкай) воласцю паняцця «Літва», але і тут пацверджанняў няма.

Прыналежнасць Новагародскай зямлі была дваістай ужо ў часы Міндоўга: Валынскі летапіс то вызначае рух галіцкага войска «на Литву на Новъгородокъ», то паведамляе пра заснаванне манастыра Войшалкам «межи Литвою и Новымъгородъкомъ»[66]. Cтагоддзем пазней прашырэння хароніма «Літва» ў гэтым кірунку не назіраецца. Частка маршрутаў у «Літоўскім дарожніку» суправаджаецца агаворкай, што ад княжага двара Дзяляцічы на Нёмане (пры руху з поўначы ў 91-м маршруце) ці за ракой Моўчадзь (пры руху з паўднёвага захаду ў 94-м) пачынаецца Новагародская зямля: «czu Dolletitsch des koninges hoff im lande czu Nowgarthen; vf den Moltisch ij mile, do trit das land Naugarden».

На гэтым адрэзку Нёман таксама не ўяўляў сабой старадаўняй мяжы. У XVІ ст. і пазней тэрыторыя маёнтка Дакудаў Лідскага павета сягала на левабярэжжа Нёмана (да яго адносілася сяло Налібакі ў Навагрудскім раёне), а да новагародскага Ўселюба адносілася частка правабярэжжа[67]. Паколькі ніжэй па цячэнні рассечаныя Нёманам воласці адміністрацыйна цягнулі да поўдня, можна дапусціць і першапачатковую прыналежнасць Дакудава да Новагародка, але больш праўдападобна, што ён адносіўся да Ліды.

Дакудаў у «Літоўскім дарожніку» не згадваецца, але ў канцы XIV ст. ужо, магчыма, існаваў. Каля яго на пачатку 1393 г. адбылася, паводле шэрагу спісаў «Летапісца князёў Літоўскіх», бітва Вітаўта з Дзмітрыем Карыбутам Альгердавічам, якая папярэднічала страце апошнім свайго княжання (паводле «Хронікі Быхаўца»: «y sostupilisia woyska na meste na Dokudowi, y stałosia pobityie woysku Korybutowu ot woyska Witoltowa»)[68]. Праўда, імавернасць гэтай звесткі застаецца пад пытаннем. У Слуцкім і Віленскім спісах чытаецца «на месте на Недокудове»[69]. Не выключана, што Недакудаў пратографа выправіў на знаёмы яму Дакудаў ранні рэдактар «Летапісца», бо звязваў бітву з паўночнным ускрайкам Новагародскага княства. Далейшы тэкст «Летапісца князёў Літоўскіх», больш-менш супадаючы ў большасці спісаў, стварае ўражанне, што менавіта Новагародак бараніў Карыбут (паводле Слуцкага спіса: «сам же князь Корибут убеже в Новъгородок и ополчися; ту же бе княгини его и дети его. Князь же великии Витовт совокупи вои свои сам поиде к Новугородку и оступиша град и возма Новъгородок, a князя Корибута и княгиню его и дети его y нятьство поима»). Толькі спіс Рачынскага дадае яўна пазнейшае, але слушнае ўдакладненне: «и сам Корыбут убежыть y Новгородок Сeверскии»[70]. Хроніка Ёгана фон Пасільге таксама звязвае яго княжанне з Новагародкам (Cleyne Nowgart)[71]. Між тым тытул Карыбута Навагродскага («Corybutho Novogrodensi»), з якім ён выступае ў шэрагу дакументаў 1386–1387 гг., азначаў Ноўгарад Северскі, што відавочна з акта паручэнства за яго ад 26 красавіка 1388 г.[72]

Што да нёманскага Новагародка, то ім у 1384 г. валодаў пляменнік Вітаўта Юрый[73] (напэўна, як прадстаўнік свайго бацькі Войдата), а пазней (з пачатку 1390 г.?) – Таўцівіл, які, насуперак пашыранаму ў гісторыяграфіі меркаванню, не паследаваў на гэты раз за братамі ў эміграцыю[74]. Аднак Карыбут дзейнічаў і на заходняй мяжы ВКЛ. Паводле хронікі Віганда з Марбурга, у студзені 1391 г. ён процістаяў спробе мяцежнага тады Вітаўта з ордэнскай дапамогай уварвацца ў Літву, але быў разбіты ля Аліты («Alyten»)[75]. Паводле хронікі Ёгана фон Пасільге, гэта адбылося ў студзені 1392 г., што больш слушна, і ў ваколіцах не Аліты, а Ліды («Lyda»), што можа быць памылкай[76]. Гэта не выключае магчымасць бітвы з ім праз год на памежжы Лідчыны і Новагародчыны.

Ранняе існаванне Дакудава пацвярджаецца згадкай пра яго ў 1436 г. як пра сяло Конрада Кучука («villa nostra Dokudow»)[77], якое магло быць набыта ім нашмат раней. У ваколіцах Дакудава існавала таксама паселішча Дайнішкі, пасля 1386 г. нададзенае Віленскаму біскупству. У дакуменце апошняга ў 1397 г. яно выступае як новы двор Біскупічы («nostra nova curia, videlicet olim Doyniszky nunc vero Biskupicze»)[78].

Як далёка цягнулася Літва ў паўднёва-усходнім кірунку, вызначыць цяжка. Маршруты «Літоўскага дарожніка» не дасягалі яе краёў. Самы далёкі з іх, пад апошнім нумарам 100,  ідзе праз Трабы і Гальшаны да Спаргішкаў («Sporgisken») у адной мілі ад Крэва (недзе ў раёне вёскі Вішнёўка Смаргонскага раёна), зварочвае на поўдзень і дасягае нёманскай Бярэзіны («Barris») ў раёне «Alzerowitz» (Лаўскага Брода ці Зябярэззя?), адкуль пачынаецца «прасцейшы шлях на Новагародак» («das ist der gerichteste weg off Nowgarthen»). Ён ідзе, аднак, не напрасткі, а збочвае на Валожын («Flosscheyn»), які з’яўляецца самым далёкім пунктам у гэтай частцы дарожніка. Адтуль, як можна меркаваць, маршрут зноў ідзе да Бярэзіны і праз паўтары мілі (каля 10 км) дасягае Пятровай сядзібы («Petrowozilla»), верагодна – суч. Петрашунцаў у Валожынскім раёне. Праўда, ад іх да Валожына напрасткі меней за 7 км. «Прасцейшы шлях» і тут яўна быў далёка не простым. Далей ён вядзе да Бакштаў («Bachsteyn») на Бярэзіне, на адлегласці ў 4 мілі. Напрасткі тут каля 25 км, што лепш адпавядала б тром мілям, але дарога яўна ішла не праз пушчу, а ўздоўж Бярэзіны, паўтараючы яе звівы. З Бакштаў прапанаваўся шлях не праз вядомыя з іншых маршрутаў Даляцічы, а праз Любчу («Lubütz»), якая стала такім чынам самым аддаленым пунктам на Нёмане.

Раней у даследаванні пра Менскую воласць[79] я выказаў думку, што да Літвы здаўна належалі Валожынская і Налібоцкая пушчы разам з тэрыторыяй, прылеглай да іх з усходу. Паводле ўскосных меркаванняў, у канцы XІV– пачатку XV ст. увесь вадазбор нёманскай Бярэзіны ўваходзіў у абшырную воласць, цэнтрам якой быў альбо Валожын (калі бачыць рэальную аснову ў сюжэце беларуска-літоўскіх летапісаў пра князёў Валожынскіх), альбо адно з умацаваных паселішчаў, прыгаданых у «Спісе рускіх гарадоў»: Славенск ці Лошаск.

Напэўна, са складу гэтай воласці ў 1387 г., у ліку першых наданняў Віленскаму біскупству, былі вылучаны Бакшты[80]. Манівід у 1396 г. прыгадваецца як уладальнік Вішнева («Albertus Monwid de Wischna»)[81], а ў прывілеі яму ад 13 студзеня 1407 г.[82] сярод яго ўладанняў названы таксама Лаздуны («Loszduni»), што знаходзяцца паміж Іўем і Бакштамі, ды канякормцы Молдавічы ў Валожыне («equorum pabulatores in Wolozyny dictos Moldowiczy»). У пацверджанні Манівідаву сыну Яну ў 1451 г. і ў завяшчанні апошняга ў 1458 г. прыгадваецца ўжо проста «Воложино», «Wolozina»[83]. У сваю чаргу Конрад Кучук валодаў сялом Старынкі ў Валожынскай воласці, якое да 1430 г. абмяняў біскупству на Церабунь пад Берасцем («villeinWloschinaetinStarzini, quasaliasCuczukproTrebynapossidebat»)[84].

Паказальна, што тады ж і Манівід, і біскупства атрымалі шэраг паселішчаў у вярхоўях дняпроўскай Бярэзіны – у Харэцкай воласці («districtu Chorejki», «districtu Choreckowski»), якая несумненна вылучылася з ранейшага Лагойскага княства: сярод трох сёлаў, нададзеных біскупству ў 1395 г. з азначанай воласці – Кораня, Ганявічаў і Ваўчы («Coren», «Honobicze», «Volcza»)[85], мядовая даніна з Ганявічаў пазней ішла на Лагойск[86]. Як бачым, наданні з водазбораў нёманскай і дняпроўскай Бярэзіны адбываліся паралельна. У такім кантэксце прыналежнасць пляменніку Манівіда Сямёну (Сеньку) Гедыгольдавічу разам з Вішневам маёнткаў Налібакі, Камень, Дзераўная, Волма і Вотмыт[87] сведчыць пра тое, што яны былі нададзены Гедыгольду ў гэты ж перыяд і з той жа тэрытарыяльнай адзінкі, што і наданні яго брату Манівіду, Кучуку і Віленскаму біскупству.

Пасля гэтых раздач у руках Вітаўта засталіся часткі абедзвюх «бярэзінскіх» валасцей – Славенск і Лоск, Лагойск і Гайна, якія пад канец Вітаўтавага панавання атрымалі сыны Ўладзіміра і Карыбута Альгердавічаў. З духоўнай граматы князя Андрэя Ўладзіміравіча, складзенай у Кіева-Пячэрскай лаўры ў 1446 г., вядома, што ад Вітаўта, Жыгімонта і Казіміра ён атрымаў шэраг маёнткаў[88]. Звесткі пра наданне некаторых з іх (Каменца ў суч. Мінскім раёне і людзей у Аболецкай воласці – напэўна, у Палонне), маюцца ў рэестры пажалаванняў Казіміра[89]. Астатнія, у тым ліку Славенск, Гайна, Лагойск і Магільна, былі наданнем Вітаўта ці Жыгімонта. Прытым Лагойскам раней, несуменна пры Вітаўце, валодаў старшы брат Андрэя Алелька[90]. Пра Лоск вядома, што ім пад канец свайго жыцця, у 1430-я – пачатку 40-х гг., валодаў князь Фёдар Карыбутавіч[91]. Можна меркаваць, што ў рукі Фёдара ён трапіў такім жа чынам, як суседні Славенск – да яго стрыечнага брата Андрэя. Пасталеўшым прадстаўнікам трэцяга пакалення Гедымінавічаў дасталіся рэшткі таго, што было шчодра раздадзена Касцёлу і баярам – паплечнікам Вітаўта – у першай палове яго панавання. Гэтаксама належачы Гедыгольдавічу Свержань мог быць нададзены з той воласці (у Новагародскай зямлі?), рэшта якой – маёнтак Магільна – была нададзена Андрэю Ўладзіміравічу.

Апошняя воласць, якую ёсць падставы звязваць з Літвой канца XIV ст. – гэта Крэўскае стараства, якім кіраваў з 1398 г. Андрэй Гаштаўт. Паколькі адпаведнае харунжаства ў попісах войска ВКЛ названа Крэўскім і Свірскім, да Крэва адносіўся маёнтак Свір, вотчына князёў Свірскіх. Аднак у крыніцах XIV ст. Свір не ўпамінаецца. Адзіныя паселішчы, прыналежнасць якіх да Крэва згадваецца непасрэдна – гэта сёлы Мілейкава і невядомыя з іншых крыніц Маранонікавічы («villas sive hereditates nostras Mileykowo et Moranonnykouycze nuncupatas in districtu Crewnensi»), нададзеная Віленскаму біскупству ў 1411 г. узамен за Вехатніцу[92].

У пажалаваннях Казіміра адзначаецца сувязь Крэва і Хоўхла: «Кревское волости и Холхолское волости, Крево и Холъхло»[93]. Аднак гэтая сувязь датуецца больш познім часам. Паміж Хоўхлам і Крэвам ляжала воласць Лебедзева, прыгаданая ў прывілеі Скіргайлу 1387 г., прытым ніякіх адносінаў да Крэва яна на той час не мела: «село Лебедево, што и к Лебедеву тягло и тягнет и што Лебедевьскае волостка, люди, всии села тае околица також Дмитрьево село Груздовица, Анципорово село и Сколубино и Тургкенево село». Наадварот, гэтая воластка прыгадана ў канцы пераліку валасцей «на руской стороне». Праўда, слова «такожь»перад ёй дазваляе разумець гэта ў тым сэнсе, што пералік рускіх валасцей закончыўся, і Лебедзева да іх дачынення не мае. Але такая трактоўка падаецца нацягнутай. Лебедзева з Груздавіцай (напэўна, пазнейшым Груздавам), як і змешчанае за Бярэзінай Хоўхла, варта адносіць да рускай часткі дзяржавы. У артыкуле пра Менскую воласць я прыводзіў звесткі з рэестра пажалаванняў Казіміра, якія дазваляюць меркаваць пра старажытную сувязь Хоўхла з Ракаўскай воласцю. Апошняя была завешчана Міхаілам Яўнуцьевічам Заслаўскім яго жонцы, якая перажыла загінаўшага ў 1399 г. на Ворскле мужа на некалькі дзесяцігоддзяў і атрымала на пачатку панавання Казіміра пацверджанне сваіх правоў («кнегини Михайловой Изяловой двор Раково до воли»)[94]. Неўзабаве ўдава памёрла, пасля чаго яе пасаг не вярнуўся да яе пасынкаў, сыноў Міхаіла ад першага шлюбу, а адышоў да вялікага князя ды быў даручаны ў кіраванне крэўскаму намесніку і скарыстаны для новых наданняў, у тым ліку «у Ракове», «у Холхле», «у Холхолскои волости подле Першаю» і інш.[95]

У гэтым раёне прасочваецца і прынамсі адно вельмі старажытнае ўладанне літоўскага баярскага рода. Сярод пажалаванняў Казіміра згадваецца «Кгирдутьево именье на Березни», якое пасля смерці папярэдняга ўладальніка Гірдуція было пакінута за яго ўдавой і яе другім мужам Гіратам Гойцавічам, а пасля іх смерці ў 1468 г. перададзена пісару Ваську[96]. Справа відавочна ідзе пра Гердуцішкі ля самых вытокаў Бярэзіны, а Гірдуція можна атаясаміць з баярынам Кердуцем ці Гердуцем («Gerdud»), які каля 1390 г. быў сярод паручэнцаў за Грыцку Канстанцінавіча, а на Гарадзельскім сойме атрымаў герб «Яліта»[97]. Гердуцішкамі ён мог валодаць ужо ў канцы XIV ст., а магчыма і раней.

Верагодна, Лебедзева і суседнія Маркава, Маладзечна і Краснае Сяло таксама былі адлучаны ад Заслаўскага княства – хутчэй за ўсё, пры яго першапачатковым наданні Яўнуту Гедымінавічу ў сярэдзіне XIV ст. Сувязь паміж згаданымі мясцовасцямі неаднаразова прыгадваецца ў пажалаваннях Казіміра: «у Маркове и у Жославли, Марковское волости и у Красномъ Селе»і інш.[98] Краснае Сяло, Маладзечна і Лебедзева названы ў 1397 г. у шэрагу двароў, дзесяціна з якіх была прызначана на карысць Віленскага біскупства[99]. У 1390 г. адна з грамат Ягайлы была выдадзена ў Маладзечне[100], што сведчыць пра прыналежнасць гэтага паселішча да асабістых уладанняў, пакінутых ім за сабой пасля атрымання польскай кароны. У 1388 г. там прыносіў прысягу Дзмітрый Альгердавіч[101]. Апошні факт паслужыў падставай Ліцкевічу для меркавання, што Маладзечна было маёнткам князя Дзмітрыя[102]. Але прысяжныя граматы наўгародскага князя Сямёна Лугвеня, напрыклад, былі складзены ў Сандаміры[103], што не дае падстаў залічваць гэты польскі горад у падпарадкаванне Вялікаму Ноўгараду. Вось Груздавіцу ў Лебедзеўскай воласці, пазначаную ў прывілеі Скіргайлу як Дзмітрыева сяло, сапраўды можна лічыць маёнткам Дзмітрыя Альгердавіча, якога ён быў пазбаўлены на карысць Скіргайлы. Але больш імаверна, што згаданым Дзмітрыем быў дробны баярын (панцырны слуга) Лебедзеўскай воласці – такі ж, як прыгаданыя разам з ім Анцыпар, Тургень і Скалуба. Нашчадкі апошняга валодалі яго спадчынай яшчэ ў 1575 г., калі маёнтак Мікулы Скалубы прыгадваецца пры апісанні межаў Лебедзеўскага маёнтка, па дарозе на Лоск[104].

Сувязь Маркава з Заслаўем дазваляе пакінуць па-за межамі першапачатковай Літвы і ўсю Маркаўскую воласць, як яна вядома з крыніц XVIст. і пазней. Воласць гэтая цягнулася абапал ракі Нарач да аднайменнага возера, ля якога падданыя Маркаўскай дзяржавы прыгадваюцца ў 1532 г.[105] На берагах возера Нарач сутыкаліся ў той час уладанні князёў Свірскіх і маёнтка Мядзел. Апошні ў XIVст. таксама не прыгадваецца. З пазнейшай звесткі 1522 г. вядома толькі, што ён некалі знаходзіўся ва ўладанні Карыбута[106]. Можна пагадзіцца з думкай Ліцкевіча[107], што Карыбут мог атрымаць Мядзел пасля таго, як быў пазбаўлены Ноўгарад-Северскага княжання ў 1393 г., і валодаць ім да сваёй смерці каля 1404 г. Раней, у часы Кіеўскай Русі, тэрыторыя Мядзельскай воласці магла адносіцца альбо да Заслаўскага, альбо (менш імаверна) да Полацкага княства. Прыналежнасць яе да Літвы малаверагодная. Яшчэ Ахманьскі звяртаў увагу на тое, што ў інвентары Мядзела за 1545 г. імёны ўсіх падданых сведчасць пра іх рускае паходжанне[108], у той час як тэрмін «Літва» ахопліваў тэрыторыі з пераважнай ці прынамсі істотнай доляй балцкага насельніцтва.

 

Тлумачэнні да карты «Літва ў XIVстагоддзі»

На карце пазначаны як паселішчы, непасрэдна згаданыя ў крыніцах канца XIVст., так і тыя, існаванне якіх у гэты час дапускаецца на падставе больш позніх звестак (такія пункты на карце пазначаны пытальнікам). Поўнасцю прыведзены назвы гарадоў, княжых двароў, цэнтраў валасцей. Іншыя паселішчы пазначаны нумарамі, якія адпавядаюць нумарам у спісе. У выпадках, калі лакалізацыя гіпатэтычная, назвы ці нумары паселішчаў на карце і ў спісе ўзяты ў дужкі.

/sites/default/files/Litwa_14st.jpg

 Спіс паселішчаў, пазначаных на карце

N

Рабочая назва

Назвы ў нямецкіх і лацінскіх крыніцах XIV ст.

Назвы ў рускіх крыніцах XІV-XVІ стст.

Сучасная назва

Сучасная прыналежнасць

1

Адольск

Eydilisken

Одольск, Одельск

Адэльск

Беларусь, Гродзенскі р-н

2

Азёры

Asera, Aysora, Essera, Eszrenye

Озеры, Озера

Азёры

Беларусь, Гродзенскі р-н

3

Айна

Hanna

Айна, Гайна

Гайна

Беларусь, Лагойскі р-н

4

Аліта

Aliten, Allythen

Олита

Alytus

Літва

5

Аляны

(Remigaln)

Оляны

Аляны

Беларусь, Ашмянскі р-н

6

Анжадава

(Mynnegelindorfe)

 

Анжадава

Беларусь, Ашмянскі р-н

7

Араны

 

Ораны, Вораны

Varėna I

Літва

8

Арвістава

Arwisten, Arwist, Arvisten

Арвистово

Aristava

Літва

9

Асташын

Astashino Maior

Асташин, Осташин, Сташин

Асташына

Беларусь, Навагрудскі р-н

10

Астрына

Astryne Ramylandorf, Astrino, Astrinen, Astreyn, Astra, Ostrina, Ostrynne

Острина

Астрына

Беларусь, Шчучынскі р-н

11

Ашмена

Asmen, Aschminen, Asschemynne

Ошмена

Ашмяны

Беларусь, Ашмянскі р-н

12

Бакшты

Bachsteyn, Baxthi

Бакшты

Бакшты

Беларусь, Іўеўскі р-н

13

Бакшты

Bagste, Bawsten

Бакшты, Бакштаны

Бакшты

Беларусь, Шчучынскі р-н

14

Барысаў

 

Борисов, Борысов

Барысаў

Беларусь, Барысаўскі р-н

15

Басіна

 

Басино

Басіна

Беларусь, Навагрудскі р-н

16

Беразіно

Beresynczy

Березыня, Березино

Беразіно

Беларусь, Докшыцкі р-н

17

Бершты

Berste, Pirstin, Pirsto

Бершты

Бершты

Беларусь, Шчучынскі р-н

18

Бірштаны

Birstan

Бирштаны

Birštonas

Літва

19

Біскупічы

Biskupicze, Doyniszky

Бискупичи

Біскупцы

Беларусь, Лідскі р-н

20

Біюцішкі

Byuttiskin, Bynttiskin, (Wentischken)

Биютишки

Біюцішкі

Беларусь, Ашмянскі р-н

21

Больнікі

Balnike

Больники, Болники, Больтники

Balninkai

Літва

22

Брацянка

 

Бретинка, Бретин, Бритенка, Бретенка, Брытена

Брацянка

Беларусь, Навагрудскі р-н

23

Бусекін

(Busekindorfe)

 

не існуе

Літва

24

Быстрыца

Bystrrzyca

Быстрица

Быстрыца

Беларусь, Астравецкі р-н

25

Бяцюны

(Andrewshoff)

 

Бяцюны

Беларусь, Ашмянскі р-н

26

Вайгаў

Wajgow, Wygow

Вайгов

не існуе

Літва

27

Вайкунцы

(Dwaris)

Войткуны

Вайкунцы

Беларусь, Воранаўскі р-н

28

Вака

Wake, Wayduttendorfe

Вака

Vokė

Літва

29

Валкуша

Wilkose

Волкуша

Wołkusz

Польшча

30

Валожын

Flosscheyn, Wolozyny

Воложин

Валожын

Беларусь, Валожынскі р-н

31

Варлоў

Warlow, Warlowe

Ворлов

Varluva

Літва

32

Варняны

Wronani

Ворняны, Ворнены

Варняны

Беларусь, Астравецкі р-н

33

Варонічы

Woronancze

Вороничи

Варонічы

Беларусь, Вілейскі р-н

34

Васілішкі

Waisilisken, Wayselisken, Waysillisken, Waysilschke

Василишки

Васілішкі

Беларусь, Шчучынскі р-н

35

Васкавічы

Waisedendorf

Васковичи

не існуе

Беларусь, Лідскі р-н

36

Ваўкавыйск

Wilkewitzk, Wolkewiske, Wolkewisken, Wilkewisken

Волковыйск, Волковыск

Ваўкавыск

Беларусь, Ваўкавыскі р-н

37

Ваўкінікі

(Ywanendorfe, Jwanendorfe)

Волкиники, Олкеники (Иваново)

Valkininkai

Літва

38

Ваўча

Volcza

Волча

Ваўча

Беларусь, Докшыцкі р-н

39

Вейшышкі

Wesisken

Вейшишки

Geisiškės

Літва

40

Вендзягола

Wandgaler, Waigangele, Wandejagel, Wainigede

Вендзегола

Vandžiogala

Літва

41

Вепры

Weppre, Weperen

Вепры

Vepriai

Літва

42

Веркі

Werki

Верки

Verkiai

Літва

43

Весніцк

 

Весницк, Весьницк, Весницко

Весніцк

Беларусь, Ушацкі р-н

44

Вехатніца

Wechotnicz

Вехотница, Вехетница

Вехатніца

Беларусь, Ваўкавыскі р-н

45

Відзянішкі

Videniske

Виденишки

Videniškiai

Літва

46

Вілканцы

(Wigintindorfe)

Вилканцы

Vilkonys

Літва

47

Вількамір

Wilkmerge, Vilkenberge

Вилькомир

Ukmergė

Літва

48

Вількія

Wilkee, Wilkeen, Wilkene

Вилькия

Vilkija

Літва

49

Вільня

Wille

Вильня, Вильно

Vilnius

Літва

50

Вішнева

Wischna

Вишнев, Вишнево

Вішнева

Беларусь, Валожынскі р-н

51

Вішнева

 

Вишнев, Вишнево

Вішнева

Беларусь, Смаргонскі р-н

52

Вішнёўка

(Sporgisken)

Вишнево, Вишнев

Вішнёўка

Беларусь, Смаргонскі р-н

53

Войдаты

Wayduttendorfe

Войдаты

не існуе

Беларусь, Воранаўскі р-н

54

Волма

 

Волма, Вольма

Волма

Беларусь, Дзяржынскі р-н

55

Вотмут

 

Отмут,Отмыт

зліўся з в. Дудкі

Беларусь, Стаўбцоўскі р-н

56

Выгінцін

(Vgintendorfe)

 

не існуе

Літва

57

Вянцішкі?

(Wentishken)

 

Ластаянцы

Беларусь, Валожынскі р-н

58

Вярсока

Werseknyken

Версока

не існуе

Літва

59

Вярхполле

(Pywitschna)

 

Вярхполле

Беларусь, Гродзенскі р-н

60

Галабурдзішкі

(Hanulindorfe)

 

не існуе

Літва

61

Гальшаны

Galschan Ongemundus dorf, Galtsschan, Galse, Holschen

Гольшаны, Ольшаны

Гальшаны

Беларусь, Ашмянскі р-н

62

Ганулішкі

Hannusdorfe, Hannosdorfe

 

не існуе

Літва

63

Ганявічы

Honobicze

Ганевичи

Ганявічы

Беларусь, Лагойскі р-н

64

Гарадзечна

 

Городечна

Гарадзечна

Беларусь, Навагрудскі р-н

65

Гасцілавічы

Hostsylowicze

Гостиловичи

Гасцілавічы

Беларусь, Лагойскі р-н

66

Гедройці

Gedereythe, Gedereyten

Гедройти

Giedraičiai

Літва

67

Гейстуны

Geystowiczy

Гейстуны

Гейстуны

Беларусь, Ашмянскі р-н

68

Гелвяды

(Gelwede)

 

не існуе

Беларусь, Лідскі р-н

69

Гельваны

Gelwen

Гельваны, Гелваны

Gelvonai

Літва

70

Геранёны

Goranoyni, Goranonach

Гераноины Старые, ГераноиныЖигимонтовы, Жигмонтишки

Зыгмунцішкі

Беларусь, Іўеўскі р-н

71

Геранёны

Gerenenen, Gastowtendorf

Гераноины, Горанойи, Гераноины Мурованые

Геранёны

Беларусь, Іўеўскі р-н

72

Геранёны

Monewidendorf, Goranonsky

Гераноины, Суботники, Соботники

Суботнікі

Беларусь, Іўеўскі р-н

73

Гердуцішкі

 

Гердутишки, Гирдутьево, Кердутишки

Гердуцішкі

Беларусь, Маладзечанскі р-н

74

Германішкі

Hermannii

Германишки

Германішкі

Беларусь, Воранаўскі р-н

75

Гняздзілавічы

Nezdylowycy

Гнездиловичи

Гняздзілава

Беларусь, Докшыцкі р-н

76

Горадна

Garthen, Garten,Carten

Городно, Городен

Гродна

Беларусь, Гродзенскі р-н

77

Граўжышкі

(Patrikckindorfe)

Гровжишки,Граужишки, Гроижишки

Граўжышкі

Беларусь, Ашмянскі р-н

78

Груздава

 

Груздово, Груздовица

Груздаўка

Беларусь, Маладзечанскі р-н

79

Губішкі

(Gabisse)

 

не існуе

Літва

80

Дакудаў

 

Докудово, Докудов

Дакудава I

Беларусь, Лідскі р-н

81

Дамашкавічы

Domaszkowicze

Домашковичи, Домашковцы

Дамашкавічы

Беларусь, Докшыцкі р-н

82

Дарсунішкі

Dirsuni, Dirsune, Dyrsungen, Dirsunen

Дирсуни

Darsūniškis

Літва

83

Даўцілішкі

(Darudendorf)

 

Daučiuliškės

Літва

84

Дворышча

Duworige, Duwericz

Дворище

Дворышча

Беларусь, Лідскі р-н

85

Дзевялтаў

Dewilto

Девялтов

Deltuva

Літва

86

Дзевянішкі

Deweniszki, Mynnegelindorfe

Девенишки, Девиниски

Dieveniškės

Літва

87

Дзедзелавічы

Dodylowicze

Дедиловичи, Деделовичи

Дзедзелавічы

Беларусь, Барысаўскі р-н

88

Дзераўна

 

Деревна,Деревная

Дзераўная

Беларусь, Стаўбцоўскі р-н

89

Дзертнікі

Dyrthnyki

Дертники

Дзертнікі

Беларусь, Ашмянскі р-н

90

Дзякшняны

Dexnany

Дексняны, Декшняны, Дыксняны

Дзякшняны

Беларусь, Маладзечанскі р-н

91

Дзяляцічы

Dolatisch, Dolletitschen

Долятичи, Лодятичи

Дзяляцічы

Беларусь, Навагрудскі р-н

92

Дзярэчын

Dyretschna

Деречин

Дзярэчын

Беларусь, Зэльвенскі р-н

93

Докшыцы

Doxyczane

Докшичи, Докшицы, Довшачи

Докшыцы

Беларусь, Докшыцкі р-н

94

Дольцы

 

Дольцы, Великие Дольцы

Вялікія Дольцы

Беларусь, Ушацкі р-н

95

Дольцы

Dolczane

Дольцы, Дольца, Малые Дольцы

Малыя Дольцы

Беларусь, Ушацкі р-н

96

Домжарыцы

Domzzyrican

Домжиричи, Домжеричи, Домжырычы, Домшырычи, Домжерычы

Домжарыцы

Беларусь, Лепельскі р-н

97

Доўгі

Dowge

Довги

Daugai

Літва

98

Драбужынкі

Drabose, Drobussznyken

 

Drabužiukai

Літва

99

Дравянікі

(Drawenikin)

Дровеники, Дровиники, Древеники

не існуе

Літва

100

Драгімінішкі

Dragemynske, Drogyminischky

 

Каладзішкі

Беларусь, Воранаўскі р-н

101

Дубінкі

Dobinge, Dubingen, Dubynghen

Дубинки

Dubingiai

Літва

102

Дубічы

Dubitz, Dobiczcze

Дубичи

Dubičiai

Літва

103

Дубна

Duban

Дубна, Дубно, Дубен, Дубень

Дубна

Беларусь, Мастоўскі р-н

104

Дуброўна

Dambrowno

Дубровна

Дуброўня

Беларусь, Лідскі р-н

105

Езна

(Rameykan und Mynnegails syns bruder hoff)

Езно

Jieznas

Літва

106

Жалудок

Szolutka Stegewillendorff, Stoludech, Solnke, Lebede Stegewillen lant

Жолудок

Жалудок

Беларусь, Шчучынскі р-н

107

Жаслаўль

Zaslav

Жеславль, Ижеславль, Жослав, Жаславль, Заславье, Заславль

Заслаўе

Беларусь, Мінскі р-н

108

Жослі

(Swirgalendorf)

Жосли

Žasliai

Літва

109

Жупраны

Szuprany

Жупраны

Жупраны

Беларусь, Ашмянскі р-н

110

Жыжма

Sysmay

Жижма

не існуе

Беларусь, Іўеўскі р-н

111

Жыжморы

Sysmary, Sisemare

Жыжморы

Žiežmariai

Літва

112

Жыліны

Sillyn, Szelynen

Жилины

не існуе

Літва

113

Жырмуны

(Jorgendorf)

Жирмуны

Жырмуны

Беларусь, Воранаўскі р-н

114

Жэймы

Zeymen, Seymen, Zajmen, Zymen

Жэймы

Žeimiai

Літва

115

Забалацце

Sabalost

Заболотье

Забалаць

Беларусь, Воранаўскі р-н

116

Забалацце

(Sablocza Pomenen dorf)

 

Забалоцце

Беларусь, Шчучынскі р-н

117

Забор'е

 

Заборье

Забор'е

Беларусь, Глыбоцкі р-н

118

Забярэззе

(Barris Alzerowitz)

Заберезье, Заберезынь

Забрэжжа

Беларусь, Валожынскі р-н

119

Залессе

 

Залесье

Залессе

Беларусь, Глыбоцкі р-н

120

Збляны

Yshlene, Selbe, (Zabitte)

Збляны, Збляне

Збляны

Беларусь, Лідскі р-н

121

Здзецел

 

Здецель, Здетел, Здетелы, Дзецел

Дзятлава

Беларусь, Дзятлаўскі р-н

122

Іванава

(Ywandorfe Patrikson)

 

не існуе

Беларусь, Ашмянскі р-н

123

Ігумен

Humen

Игумен

Чэрвень

Беларусь, Чэрвеньскі р-н

124

Іўе

Ywie

Ивье, Ывье

Іўе

Беларусь, Іўеўскі р-н

125

Камень

 

Камень

Камень

Беларусь, Валожынскі р-н

126

Канява

Cannewa

Конева

Kaniava

Літва

127

Капыль

 

Копыль

Капыль

Беларусь, Капыльскі р-н

128

Карэлічы

 

Кореличи

Карэлічы

Беларусь, Карэліцкі р-н

129

Кіяны

Nakyenny

Кияны

Kejėnai

Літва

130

Клецк

Clyczisk

Клецк, Клеческ

Клецк

Беларусь, Клецкі р-н

131

Корань

Corzen

Корень

Корань

Беларусь, Лагойскі р-н

132

Котра

(Hostilkowicz, Hostilkandorff)

Котра

Котра

Беларусь, Гродзенскі р-н

133

Коўна

Kawnen, Cawen, Kauve

Ковно

Kaunas

Літва

134

Кракенікі

(Krakenik, Crokenike Manstendorf)

 

не існуе

Літва

135

Краснае Сяло

Kraszneszolo

Красное Село

Краснае

Беларусь, Маладзечанскі р-н

136

Крацкунін

(Kretzkunendorfe)

 

не існуе

Літва

137

Крэва

Crewe, Crewen, Krewen, Crawin

Крево

Крэва

Беларусь, Смаргонскі р-н

138

Кубарка

 

 

не існуе

Беларусь, Навагрудскі р-н

139

Кульва

Koluwe, (Kulmensem)

Кульва

Kulva

Літва

140

Курмагола

 

Чурмокгола

Kurmėgala

Літва

141

Кярнава

Kernow, Kernowe

Кернов

Kernavė

Літва

142

Лабанары

Lobonari

Лабонары

Labanoras

Літва

143

Лабунаў

Labuno, Labune

Лабунов

Labūnava

Літва

144

Лабуны

Labunen

Лабуны

Labūnava

Літва

145

Лагойск

 

Логойск, Логожеск

Лагойск

Беларусь, Лагойскі р-н

146

Лаздуны

Loszduni

Лаздуны, Лоздуны

Лаздуны I

Беларусь, Іўеўскі р-н

147

Ламяна

Lamen

Ломяна

Lomeniai

Літва

148

Ласосна

Lassassa

Лососна

не існуе

Польшча

149

Лаўмяны

Loumene

Ловмяны

Laumėnai

Літва

150

Лаўрышаў

 

Лавришов

Лаўрышава

Беларусь, Навагрудскі р-н

151

Лебедзева

Lebedewe

Лебедев, Лебедево

Лебедзева

Беларусь, Маладзечанскі р-н

152

Лебяда

(Lediska)

Лебеда

Лебяда

Беларусь, Лідскі р-н

153

Лейнтрокі

(Leyntrackin)

 

не існуе

Літва

154

Ліда

Lyde, Lide

Лида

Ліда

Беларусь, Лідскі р-н

155

Ліпічна

Lypitschna Sangailsdorf

Липично

Ліпічна

Беларусь, Шчучынскі р-н

156

Ліпнішкі

Lipenisken

Липнишки

Ліпнішкі

Беларусь, Іўеўскі р-н

157

Лоск

 

Лоск, Лошеск, Лозк

Лоск

Беларусь, Валожынскі р-н

158

Лынгмяны

Lenghemen, Lenghemene

Лынгмяны

Linkmenys

Літва

159

Лынтупы

 

Лынтупы, Лынтупи

Лынтупы

Беларусь, Пастаўскі р-н

160

Любары

Lubor

Любары

Любары

Беларусь, Лідскі р-н

161

Любча

Lubutz

Любча

Любча

Беларусь, Навагрудскі р-н

162

Лялюшы

(Iliondorfe)

 

Лялюшы

Беларусь, Воранаўскі р-н

163

Ляпінікі

 

(Лепиники)

не існуе

Літва

164

Ляпуны

Lypune, Lepone

Лепуны

Lieponys

Літва

165

Маладзечна

Mlodeczno

Молодечно

Маладзечна

Беларусь, Маладзечанскі р-н

166

Маляты

Moletani

Маляты

Molėtai

Літва

167

Маркава

 

Марково

Маркава

Беларусь, Маладзечанскі р-н

168

Маркенікі

Markenikin, Markeniken

 

не існуе

Літва

169

Масты

(Konczeburwalk)

Мосты

Правыя Масты

Беларусь, Мастоўскі р-н

170

Масцвілішкі

Mosztiszky

Моствилишки

Масцвілішкі

Беларусь, Ашмянскі р-н

171

Меднікі

Mediniken, Medinikin, Medeniken, Myednyky

Медники

Medininkai

Літва

172

Медрыкі

Mederaghy

Медрики

Медрыкі

Беларусь, Смаргонскі р-н

173

Мейшагола

Meisegale, Maysegol, Maysegal, Meysegallen, Masgalen

Мейшагола

Maišiagala

Літва

174

Менск

 

Менск, Менеск

Мінск

Беларусь, сталіца

175

Мерач

Merken

Меречь

Merkine

Літва

176

Мікулін

(Mitulandorf, Mikullendorfe)

 

не існуе

Беларусь, Гродзенскі р-н

177

Мілейкава

Mileykowo

Милейково

Мілейкава

Беларусь, Смаргонскі р-н

178

Мірклішкі

(Lowendorfe), Myrklissky

Мирклишки

Мірклішкі

Беларусь, Смаргонскі р-н

179

Місючаны

(Manstyndorfe)

Ментвино

не існуе

Літва

180

Мсціж

Mstyzzy

Мстиж, Мстиже

Мсціж

Беларусь, Барысаўскі р-н

181

Мураваная Ашмена

(Dudischken)

Ошмена, Ошмена Мурованая

Мураваная Ашмянка

Беларусь, Ашмянскі р-н

182

Мыто

(houptmans dorffe van Garhen)

Митва

Мыто

Беларусь, Лідскі р-н

183

Мядзел

 

Мядель, Новый Мядель

Мядзел

Беларусь, Мядзельскі р-н

184

Мямеж

Niemiezha, Momeza, Memysz

Мемеж, Немежа

Nemėžis

Літва

185

Мяцелі

Methle

Метели

Meteliai

Літва

186

Навасёлкі

Nowesiolo, Nowavilla

Новоселки

Навасёлкі

Беларусь, Ашмянскі р-н

187

Наздрачуны

Nozdraczhowicze

Наздрачуны

Наздрачуны

Беларусь, Смаргонскі р-н

188

Налібакі

 

Налибоки

Налібакі

Беларусь, Стаўбцоўскі р-н

189

Налішкі

(Naliske)

 

не існуе

Літва

190

Неманойці

Nameneite, Nampnaythen

Немонойти, Немунек

Nemunaitis

Літва

191

Неманюны

Nammeniken, Namenikin

Немонюны

Nemajūnai

Літва

192

Новагародак

Nowgarthen, Nowgarten, Naugarden, Nuwenhuse

Новогородок, Новгородок

Навагрудак

Беларусь, Навагрудскі р-н

193

Новае Сяло

(Nawendorfe)

Новое Село

не існуе

Літва

194

Новы Горад

Neuwenpillen, Nauwenpillen

Новый Город

не існуе

Літва

195

Нягневічы

Nenewitz

Негневичи

Старыя Нягневічы

Беларусь, Навагрудскі р-н

196

Няменчын

Namencyten

Неменчин

Nemenčinė

Літва

197

Падубінкі

Asdubingen

Подубинки

Padubingė

Літва

198

Пазельвы

Antezelve

Позельвы

Želva

Літва

199

Паланая

 

Полоная, Полоное

Паланая

Беларусь, Карэліцкі р-н

200

Панары

Ponary

Понары

не існуе

Літва

201

Папорці

Poparter, Trackin Pobarthin

Попорти

Paparčiai

Літва

202

Паставы

 

Поставы

Паставы

Беларусь, Пастаўскі р-н

203

Пастаў

Pastowe, Pastow, Pastovia, Pasten, Pastewin

Пастов

не існуе

Літва

204

Пачапава

 

Почепов

Пачапава

Беларусь, Баранавіцкі р-н

205

Пералая

Perlay, Perlae, Perlagen, Parlayn

Перелая, Прелая

Perloja

Літва

206

Пералом

Perlam

Перелом

Пералом

Беларусь, Гродзенскі р-н

207

Перстунь

Pierstin

Перстунь

Перстунь

Беларусь, Гродзенскі р-н

208

Петрашунцы

(Petrowozilla)

 

Петрашунцы

Беларусь, Валожынскі р-н

209

Полонка

 

Полонка

Паланэчка

Беларусь, Баранавіцкі р-н

210

Поўбераг

 

Полбеpег

Поўбераг

Беларусь, Навагрудскі р-н

211

Прывалка

Perwalken

Перевалка

Прывалка

Беларусь, Гродзенскі р-н

212

Пуні

Punnow, Ponne, Ponnow, Ponnav

Пуни, Пуня

Punia

Літва

213

Путрышкі

Putrisken

Путришки

Путрышкі

Беларусь, Гродзенскі р-н

214

Пуцілкавічы

 

Путилковичи, Путилковичы

Пуцілкавічы

Беларусь, Ушацкі р-н

215

Пыра

Pueyra, Peyra, Poyra

Пыра

Пыра

Беларусь, Гродзенскі р-н

216

Пядзь

Pedyn

Пядь

Pėdžiai

Літва

217

Радунь

Radun

Радунь

Радунь

Беларусь, Воранаўскі р-н

218

Ражанка

Rossenike Kymantendorf, Kymont Rasanenhoff, Kymundsdorf

Рожанка

Ражанка

Беларусь, Шчучынскі р-н

219

Райца

Raycze

Райца

Райца

Беларусь, Карэліцкі р-н

220

Раклішкі

(Mantegirdindorfe)

Раклишки

не існуе

Літва

221

Рамайне

Romayn

Ромайне

не існуе

Літва

222

Рачуны

Raczhuna

Рачуны

Малыя Рачуны

Беларусь, Смаргонскі р-н

223

Рудаміна

Rudemynen, Rudemynne, Rudemina

Рудомина

Rudamina

Літва

224

Руднікі

Rudenikin

Рудники

Rūdninkai

Літва

225

Румшышкі

Romschisken, Runsiskin, Ropmpsisken

Румшишки

Rumšiškės

Літва

226

Рыканты

Rikant, Rynkunthe

Рыконты

Rykantai

Літва

227

Рыча

(Rutitsch)

Рича

Рыча

Беларусь, Шчучынскі р-н

228

Саколдка

Socall

Соколда, Соколка

Sokółka

Польшча

229

Саленікі

Salnikin

Соленики

Saleninkai

Літва

230

Салечнікі

Salsenikin, Salseniken, Saltzeniken

Солечники, Солечники Малые, Солшники, Сольшники, Шольшники

Šalčininkėliai

Літва

231

Салечнікі

Salsenikin, (Wissigirdendorff)

Солечники, Солечники Великие, Солшники, Солешники, Сольчники

Šalčininkai

Літва

232

Салтанішкі

(Wissendorf)

 

Салтанішкі

Беларусь, Воранаўскі р-н

233

Свержань

 

Свержень, Свержно, Свержен, Свиржно

Старый Свержень

Беларусь, Стаўбцоўскі р-н

234

Свіланы

Swilone, Swynanen

Свиланы

Svilainiai

Літва

235

Свіняка

(Swynekawzilla)

 

не існуе

Літва

236

Свір?

 

Свир, Свиро

Свір

Беларусь, Мядзельскі р-н

237

Святыя Азёры

Swente Azere

 

Sventezeris

Літва

238

Сейны

Seynyn

Сейны, Сейвы

Sejny

Польшча

239

Селі

Sele, Zele

 

Sėlė

Літва

240

Сенна

Senno

Сенно

Сенна

Беларусь, Навагрудскі р-н

241

Сірпуцін

(Sirputtindorffe)

 

не існуе

Літва

242

Скалева

(Schalwen, Skalewo)

Сколва

Правожа

Беларусь, Воранаўскі р-н

243

Скалубіна

 

(Сколубино)

не існуе

Беларусь, Маладзечанскі р-н

244

Скверышкі

(Sqweryskin)

 

не існуе

Беларусь, Іўеўскі р-н

245

Славенск?

 

Словенск, Словенеск

Славенск

Беларусь, Валожынскі р-н

246

Слонім

Slonyen, Vsslam

Слоним

Слонім

Беларусь, Слонімскі р-н

247

Стаклішкі

Stakelisken, Staghelisken

Стоклишки

Stakliškės

Літва

248

Старая Мыш

Mies

Мыш

Старая Мыш

Беларусь, Баранавіцкі р-н

249

Старпейкін

(Starpeykindorfe)

 

не існуе

Літва

250

Стары Мядзел

 

Мядель, Мядело, Старый Мядель

у мяжы г. Мядзел

Беларусь, Мядзельскі р-н

251

Старынкі

Starzini

Старинки, Старины, Волма

Старынкі

Беларусь, Валожынскі р-н

252

Старыя Кетавішкі

(Skabuttendorfe)

 

Senosios Kietaviškės

Літва

253

Старыя Трокі

Traken, Tracken, Trackin

Троки, Старые Троки

Senieji Trakai

Літва

254

Стравенікі

(Schraveniken, Strabeniken)

 

Musteika

Літва

255

Стравінікі

 

Стравиники

Strėvininkai

Літва

256

Струнойты

 

Струнойты, Струнойти, Стронойци

Striūnaičiai

Літва

257

Сумілішкі

Symoliskin, Symyliskin, Symliken

Сумилишки

Semeliškės

Літва

258

Сурвілішкі

Surwillendorffe

Сурвилишки, Сурминишки

Сурвілішкі

Беларусь, Іўеўскі р-н

259

Сухінічы

(Sukendorf)

 

Сухінічы

Беларусь, Мастоўскі р-н

260

Табарышкі

(Czapornendorf)

Таборишки, Таборышки

Tabariškės

Літва

261

Талоцішкі

 

Толотишки

Талоцішкі

Беларусь, Астравецкі р-н

262

Таўзгіняны

(Waysutendorfe)

Товгинянцы, Товдзгиновичи

Таўзгіняны

Беларусь, Воранаўскі р-н

263

Таўрагіні

Taurage, Thurognowien

Таурогини

Tauragnai

Літва

264

Таўцігінен

(Tawtegynnendorfe)

 

не існуе

Літва

265

Трабы

Trabow

Трабы

Трабы

Беларусь, Іўеўскі р-н

266

Тракелі

(Slabunendorf)

Трокели

Trakeliai

Літва

267

Трокі

Traken

Троки, Новые Троки

Trakai

Літва

268

Тульнікі

(Tulniken)

 

не існуе

Літва

269

Турэйск

Thuriska

Турейск, Туриск, Турск

Турэйск

Беларусь, Шчучынскі р-н

270

Удзела

 

(Семенцово), Удело

Удзела

Беларусь, Глыбоцкі р-н

271

Упнікі

(Waytelndorffe)

Упники

Upninkai

Літва

272

Уселюб

Wselub

Вселюб, Селюб, Узелюб

Уселюб

Беларусь, Навагрудскі р-н

273

Уцена

Vittena, Vtten

Утена, Утяна

Utena

Літва

274

Харэцкі

Choreckowski, Choreyki

Камень Хорецкий, Камень Корецкий

Камена

Беларусь, Лагойскі р-н

275

Хоўхла

 

Холхло

Хоўхлава

Беларусь, Маладзечанскі р-н

276

Цудзенішкі

Thudeniskin, Tudeniski, Thudeniszky

Цуденишки, Тюденишки

Цудзенішкі

Беларусь, Ашмянскі р-н

277

Цырын

 

Церин, Цирин, Цырин

Цырын

Беларусь, Карэліцкі р-н

278

Шаты

Seten, Sethen

Шаты

Šatijai

Літва

279

Шаты

Seten, Setin

Шаты

Šėta

Літва

280

Шашолы

Sessolen

Шешолы

Šešuoliai

Літва

281

Шудойна

(Sodimontendorfe)

Шудойна

не існуе

Літва

282

Шырвінты

Sirwynte

Ширвинты

Širvintos

Літва

283

Эйшышкі

Eykschischken, Eykschissken, Eyksiskindorfe

Ейшишки, Ейшиски, Ейсшиски

Eišiškės

Літва

284

Юрацішкі

(Lakatindorf)

Юратишки

Юрацішкі

Беларусь, Іўеўскі р-н

285

Ятвезск

 

Ятвезск, Ятвезко, Ятвезк, Ятвеск, Ятвеско

не існуе

Беларусь, Шчучынскі р-н

286

Яшуны

Jesschewicze

Яшуны

Jašiūnai

Літва



[1] КраўцэвічА. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы // Białoruskie Zeszyty Historyczne. Nr.8. Białystok, 1997. S. 5–30; Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Мінск, 1998 [2 выд.: Rzeszów, 2000].

[2] Дзярновіч А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі // Палітычная сфера. 2012. №18–19(1–2). С. 30–53.

[3] Зайкоўскі Э. М. Этнічная і канфесійная сітуацыя ў гістарычнай Літве на рубяжы  XIV–XV стст. // Вялікае Княства Літоўскае і яго суседзі ў XIV–XV стст.: саперніцтва, супрацоўніцтва, урокі: Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы: матэрыялы Міжнар. навук. канф. (Гродна, 8–9 ліп. 2010 г.). 2-е выд. Мінск, 2014. С. 11–25.

[4] Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI w. // Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Seria historia. № 96. Poznań, 1981.

[5] Лухтан А., Ушинскас В. К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных // Древности Литвы и Белоруссии. Вильнюс, 1988. С. 89–104; Зверуго Я. Г. Верхнее Понеманье в IX–XIII вв. Мінск, 1989; Квятковская А. В. Ятвяжские могильники Беларуси (конец ІХ – XVII вв.). Вильнюс, 1998; Звяруга Я. Г. Насельніцтва Панямоння // Археалогiя Беларусi. Т. 3. Сярэдневяковы перыяд (ІХ–ХІІІ стст.). Мінск, 2000. С. 97–108.

[6] Насевіч В. Літва ў сярэдзіне ХІІІ ст.: карта // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т. 2. Мінск, 2006. С. 203.

[7] Насевіч В. Беларускія землі ў другой палове XVст.: карта;Пашырэнне каталіцкага ўплыву ў Беларусі (1387–1480 гг.): карта // Гістарычны атлас Беларусі. Т. 1: Беларусь ад старажытных часоў да канца XVIII ст. Варшава, 2008. С. 68–69, 70; Насевіч В.Л. Беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага. 1440–1470 гг.: карта // Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 3-х тамах. Т.1. Мінск, 2009. С. 70–71.

[8] Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралаг. зб. Вып. 1. Мінск, 1996. С. 4–27.

[9] Спиридонов. М.Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в XVI в. // Наш радавод. Матэрыялы мiжнар. навук. канф. «Гiстарычная памяць народаў Вялiкага княства Лiтоўскага i Беларусi XIII – XX ст.» (Гродна, 3–5 лiп. 1996 г.). Кн. 7. Гродна, 1996. С. 206–211.

[10] Hermanni de Wartberge Chronicon Livoniae // Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. Leipzig, 1863. S. 21–116. Рускі пераклад: Чешихин-Ветринский  Е. В. Сборник  материалов и статей по истории Прибалтийского края. Т. II. Рига, 1876.

[11] Die Chronik Wigands von Marburg // Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. S. 453–662. Выданне з  паралельным польскім перакладам: Puścizna po Janie Długoszu dziejopisie polskim, to jest Kronika Wiganda z Marburga, rycerza i kapłana zakonu krzyżackiego na wezwanie Długosza z rymowanej kroniki niemieckiej na język łaciński przetłomaczona. Na polski język przełożył ją Edward Hr. Raczyński. Poznań, 1842.

[12] Die littauischen Wegeberichte // Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. S.662–711.

[13] Łowmiański H. Studia nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego. T. 1. Wilno, 1931. S. 274–291.

[14] Semkowicz W. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle roku 1413 // Miesięcznik heraldyczny. 1913. Z.9–10, 11–12; 1914. Z. 1–2, 3–4, 5–6; Rocznik Polskiego Towarzystwa Heraldycznego we Lwowie. 1920. T. 5; 1921–1923. T. 6; 1924–1925. T.7; 1926–1927. T. 8; 1928–1929. T. 9. Перадрук:  Lituano-Slavica Posnaniensia. T. 3. Poznań, 1989; Petrauskas R. Lietuvos diduomenė XIV a. – pabaigoje – XV a.: sudėtis – struktūra – valdžia. Vilnius, 2003. Беларускі пераклад: Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV–XVст.: Склад – стуктура – улада. Смаленск, 2014.

[15] Ліцкевіч А.У. Некалькі заўваг пра мову Ягайлы і геаграфічныя асаблівасці Гарадзенскай зямлі ў 1379 г. Дадатак // Arche. 2010. № 1–2. С. 696–700.

[16] Грамоти XIV ст. Київ, 1974. С. 74–78; Полоцкие грамоты XIII – начала XVI вв. Изд. А.Л.Хорошкевич. Вып. 1. Москва, 1977. С. 50–54.

[17] Полоцкие грамоты. Т. 1. Москва, 2015. С.81-83; Т. 2. Москва, 2015. С. 427.

[18] Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов. Москва--Ленинград, 1950.С.475–477; ПСРЛ. Т. IV. Ч. 1. Москва, 2000. С. 623–624; ПСРЛ. Т. VII. С.-Петербург, 1856. С. 240–241; ПСРЛ. Т. 23. С.-Петербург, 1910. Прил. 1, с. 163–164.

[19] Выказваю падзяку Яўгену Ўласаўцу за шэраг карысных думак наконт лакалізацыі асобных паселішчаў, выказаных ім у прыватнай камунікацыі.

[20] Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. S.78.

[21] Zinkevičius Z. Lietuvių kalbos dialektologija. Vilnius, 1994. P. 27–28.

[22] Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. S. 542.

[23] Ibidem. S. 545.

[24] Ibidem. S. 592–593.

[25] Ibidem. S. 605.

[26] Насевіч В. Л., Спірынонаў М. Ф. Беларускія землі ў XVI стагоддзі (генеральная карта) // Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 4-х тамах. Т.1. Мінск, 2009. С. 113, 114; Анішчанка Я. К., Насевіч В. Л. Беларускія землі ў канцы XVIII стагоддзя (генеральная карта) // Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 4-х тамах. Т. 2. Мінск, 2013. С. 87, 88.

[27] Список волостей и сельских обществ по мировым участкам Виленской губернии 1873 года. Вильна, 1873.

[28] LM. KnygaNr. 3 (1440-1498): Užrašymų knyga3. Vilnius, 1998. P. 51, 61.

[29] ПСРЛ. Т. 35. Москва, 1980. С. 61, 85, 98, 111, 133, 154.

[30] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wileńskiej. T. 1. 1387–1507. Oprac. J. N. Fijałek, W. Semkowicz. Kraków, 1932–1948. S. 4–5.

[31] Ibidem. S. 28–30.

[32] Паводле публікацыі «Грамоти XIVст.». У першым выданні «Полоцких грамот» чытаецца «Скотва», у новым выданні выпраўлена на «Сколва».

[33] Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV–XVст. С. 220, 260, 273–274. Там жа – спасылкі на крыніцы.

[34] LM. KnygaNr. 3. P. 47.

[35] Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. 523. Кніга публічных спраў 1. Падрыхт. А. І. Груша, М. Ф. Спірыдонаў, М. А. Вайтовіч. Мінск, 2003. С. 87–90.

[36] LM. KnygaNr. 3. P. 21, 29, 51, 52, 68.

[37] Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. С. 91.

[38] Цівуном дубіцкім і каняўскім названы ў 1495 і 1511 гг. Мікалай Юндзілавіч, старастам у 1520 г. – яго брат Ян. На пачатку 1530-х гг. дзяржаўцам дубіцкім і каняўскім быў Анікей Гарнастай, у 1546–1549 – Станіслаў Кезгайла, у 1551 – Шымка Мацкавіч, у 1565 – Грыгорый Валовіч: BonieckiA. Poczet rodów w Wielkim Księstwie Litewskim w XV i XVI wieku. Warszawa, 1887. S. 87, 112, 347, 383. Dodatek, s. XXVIII, XXX.

[39] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wileńskiej. S. 83–84.

[40] Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387–1550). Poznań, 1963.  S. 44.

[41] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wileńskiej. S. 76–79.

[42] Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae. 1376–1430.Coll. A.Prochaska. Kraków, 1882. S. 31; Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV–XVст. С. 94, 270.

[43] LM. Knyga Nr. 3. P. 65.

[44] Ibidem. P. 21, 23, 69.

[45] Кернаўскі князь Вігунд Альгердавіч («Allexander Dei gratia alias Wygunth dux Kernoviensis») згадваецца ў 1388 г.: Akta unji Polski z Litwą. 1385-1791. Kraków, 1932. S. 18–19.

[46] Semkowicz W. Przywileje Witołda dla Moniwida// Ateneum Wileńskie. Wilno, 1923. Nr. 2. S. 256–258; Vitoldiana. Codex privilegiorumVitoldi, magni ducisL ithuaniae. Opr. i wyd. J.Ochmanski. Warszawa etc., 1986. S. 70.

[47] Лицкевич О. В. Поручительство литовско-русской знати за нобиля Братошу Койлутовича (1387–1394 гг.) // Беларуская даўніна. Вып. 1. Мінск, 2014. С. 44–45.

[48] «А в Новъгород приихаша князь Патрикии Наримантович, и прияша его навгородци, и даша ему кормление» (Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. Москва-Ленинград, 1950. С. 379). Дыскусійнае пытанне пра яго тоеснасць з князем Патрыкам Гарадзенскім я зараз не разглядаю.

[49] «Andreas rex in Ploscovia» (Codex diplomaticus Prussicus. Bd. 4. Königsberg, 1853. S. 39–40); Полоцкие грамоты XIII – начала XVI вв. С. 45–50.

[50] Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV–XVст. С. 228.

[51] Semkowicz W. Przywileje Witołda dla Moniwida. S. 254–255.

[52] Akta unji Polski z Litwą. S. 34–36.

[53] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wileńskiej. S. 86–88.

[54] LM. Knyga Nr. 3. P. 21.

[55]Jankowski Cz. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 3. Petersburg, 1898. S.34–44, 56–93, 132–156.

[56] Насевіч В. Л., Спірынонаў М. Ф. Беларускія землі ў XVI стагоддзі (генеральная карта). С. 124.

[57] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wileńskiej. S. 27–28. Выдаўцы гэтага прывілея вызначылі яго як падроблены, галоўным чынам таму, што ў якасці сведкаў пазначаны берасцейскі, мельніцкі і дарагічынскі «ваяводы» («palatini»). Такое стаўленне да гэтай тэрміналагічнай адметнасці падаецца гіперкрытычным. Ужыванне тэрміна «palatinus» адносна княжацкіх намеснікаў – старая традыцыя, яна зафіксавана ў грамаце галіцка-валынскага князя Баляслава-Юрыя ў 1335 г. (Болеслав-Юрий II, князь всей Малой Руси: Сборник материалов и исследований. С.-Петербург, 1907. С. 154–155). Трубецкі ваявода выступае і сярод паручэнцаў за Дзмітрыя Карыбута ў 1388 г. (Akta unji Polski z Litwą. S. 17–18). Усе змястоўныя дэталі прывілея Вітаўта адпавядаюць тагачасным рэаліям, а факт надання Вехатніцы пацвярджаецца пазнейшымі крыніцамі. Ахманьскі выкарыстоўваў гэты дакумент як сапраўдны: Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego.  S. 41–42.

[58] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. Krakow, 1948. S. 84–86.

[59] Насевіч В. Л., Спірынонаў М. Ф. Беларускія землі ў XVI стагоддзі (генеральная карта). С. 124.

[60] LM. Knyga Nr. 3. P. 51.

[61] Ibidem. P. 65.

[62] Ibidem.

[63]Ibidem. P. 55.

[64] Судник Т. М. Диалекты литовско-славянского пограничья. Москва, 1975. С. 154 (примечание); Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI w. S. 5.

[65] ŁowmiańskiH. Studia nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego. T. I. S. 55–56.

[66] ПСРЛ. Т. 2. С.-Петербург, 1843. С. 828, 859.

[67] Насевіч В. Л., Спірынонаў М. Ф. Беларускія землі ў XV Iстагоддзі (генеральная карта). С. 115.

[68] ПСРЛ. Т. 32. Москва, 1975. С. 63.

[69] ПСРЛ. Т. 35.С. 90, 101.

[70] Ibidem. С. 159.

[71] Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 3. Leipzig, 1866. S. 186.

[72] Akta unji Polski z Litwą. 1385-1791. S.17–18.

[73] Codex epistolaris Vitoldi Magni Ducis Lithuaniae. S. 4.

[74] Войдат і Таўцівіл прыгаданы як былыя ўладальнікі Новагародка пры яго наданні Вітаўтам іх малодшаму брату Жыгімонту ў студзені 1401 г. («Novogrodeg, quae fuit de patrimonio nostros sors duorum fratrum nostrum, ducum Woydati et Thowtiwil»): Akta unji Polski z Litwą. S. 34–36. Гл. таксама: Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Gedyminowiczów. Poznań etc., 1999. S. 200–204, 213–216.

[75] Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. S. 646.

[76] Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 3. S. 177.

[77] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wileńskiej. S. 165–166.

[78] Ibidem. S.49.

[79] Насевіч В. Л. Менскае княства і воласць у XII–XVст. // Беларуская даўніна.  Вып. 2. Мінск, 2015. С. 50–63.

[80] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wileńskiej. S. 4–6; Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego. S. 17, 30–31.

[81] Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV–XVст. С. 93.

[82] Semkowicz W. Przywileje Witołda dla Moniwida. S. 253–267; Vitoldiana. Codex privilegiorum Vitoldi. S. 70.

[83]LM. KnygaNr. 3. P. 20; SemkowiczW. PrzywilejeWitołdadlaMoniwida. S. 261.

[84] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. S. 136–139. Ужыты ў пацвярджальным акце 1430 г. выраз «et in Starzini» стварае ўражанне, што справа ідзе пра два розных сяла. Аднак іншае ўладанне біскупства ў ваколіцах Валожына ў тыя часы невядома, што адзначаў Ахманьскі (Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego. S. 47–48). Напэўна, злучальнік «et» у арыгінальным акце пра замену адсутнічаў, і Старынкі былі сялом у Валожыне («in Wloschina»).

[85] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. S. 40–42.

[86] Вынікае з судовай справы 1516 г.: АЮЗР. Т. 1. С.-Петербург, 1861. С. 49–52.

[87] У завяшчанні Сямёна Гедыгольдавіча ад 4 верасня 1451 г.  пералічаны Налібакі («Liboki»), Дзераўная («Derewny»), Камень («Kamien»), а таксама Радашковічы («Radoszkowicze») і нелакалізаваныя Кіржалавічы («Kirzalowicze») і Кіялавічы («Kyalowicze»): AGAD. Zbiór Dokumentów Pergaminowych. № 7310. Рэгест гэтага дакумента апублікаваны: LM. Knyga Nr. 1 (1380-1584): Užrašymų knyga 1. Vilnius, 1998. S. 87. Адначасова ён падараваў касцёлу ў Вішневе двор Отмут, людзей за р. Бярэзінай у Жураўей Гары (суч. Жураўцы Валожынскага р-на), нелакалізаваныя Герымушкі і дзесяціну з Вішнева, Волмы і Свержня: Semkowicz W. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle roku1413 // Miesięcznik heraldyczny. 1913. Z. 11–12. S. 186.

[88] Розов В. Українські грамоти. Т. 1. Київ, 1928. С. 153–155.

[89] LM. Knyga Nr. 3. P. 21, 26.

[90] Пра прыналежнасць Лагойска Алельку прыгадваецца ў судовай справе 1516 г.: «которыи жъ дей люди ещо за великого князя Витовта держалъ къ Логойску князь Олелько Володимеровичъ а после его братъ его князь Андрей» (АЮЗР. Т. 1. С. 49–52).

[91] АЗР. Т. 1. 1340–1506. С.Петербург, 1846. С. 363–364; Semkowicz W. Łosk i wygaśnięcie Korybutowiczów // Rocznik Polskiego Towarzystwa Heraldycznego we Lwowie. 1924–1925. T. 7. S. 168–191.

[92] Kodeks dyplomatyczn ykatedry i diecezji Wileńskiej. S. 84–86.

[93] LM. Knyga Nr. 3. P. 23.

[94] Ibidem. P. 53.

[95] Ibidem. P. 23, 52, 53.

[96] Ibidem. P.2 4.

[97] Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV–XV ст. С. 235.

[98] LM. Knyga Nr. 3. P. 24, 25, 28, 65, 68, 69.

[99] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wileńskiej. S. 45–47.

[100] Ibidem. S. 32.

[101] Розов В. Українскі грамоти. Т. 1. С. 42–43; Akta unji Polski z Litwą. S. 21–22.

[102] Лицкевич О. В. Поручительство литовско-русской знати за нобиля Братошу Койлутовича. С. 33.

[103] АЗР. Т. 1. С. 26; Akta unji Polski z Litwą. S. 22–26.

[104] Materiały do dziejów rolnictwa w Polsce w XVI i XVII wieku poprzedzone wiadomością o życiu i pismach Jana Ostroroga wojewody poznańskiego. Zebrał i opracował W.Chomętowski. Warszawa, 1876. S. 152.

[105] LM. Knyga Nr. 1. P. 95, № 447.

[106] «З давныхъ часов, какъ ещо князь Корыбутъ Мядело держалъ»: LM. Knyga Nr. 11 (1518–1523): Užrašymų knyga11. Vilnius, 1997. P. 135.

[107] Лицкевич О. В. Поручительство литовско-русской знати за нобиля Братошу Койлутовича. С. 33.

[108] Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI w. S. 54.