Аўтарская прадмова да кнігі "Беларусы: станаўленне этнасу і нацыянальная ідэя" (2015)
Да чытача
Тэксты, сабраныя пад гэтай вокладкай, пісаліся на працягу двух дзесяцігоддзяў для розных выданняў і розных чытачоў. Натуральна, што ў іх шмат паўтораў. Была ў мяне думка павыдаляць іх, але хай застаецца так, як пісалася некалі. Старыя артыкулы – гэта і дакументы свайго часу. І калі я раз за разам паўтараў нейкую думку – значыць, мне гэта падавалася асабліва важным, хацелася данесці да як мага шырэйшай аўдыторыі.
Парадак твораў у зборніку не храналагічны, а тэматычны. Адкрывае яго параўнальна нядаўні метадалагічны артыкул “Да пытання пра аб’ектыўнасць гістарычнага даследавання”, у якім адлюстраваны вынік маіх разважанняў пра сэнс працы гісторыка. З ім вельмі шчыльна пераклікаецца заключная, адасобленая трыма “зорачкамі” частка артыкула “Праблемы ўтварэньня ВКЛ: агляд беларускай гістарыяграфіі”, у якой тая ж выснова падаецца на прыкладзе канкрэтнай гістарыяграфічнай праблемы. Чаму пытанне дасягальнасці “аб’ектыўнай ісціны” падаецца мне настолькі важным, каб пачынаць менавіта з яго? Паспрабую растлумачыць.
Час ад часу я сустракаю на гістарычных форумах і блогах ацэнкі сваёй працы як гісторыка. Сярод станоўчых даволі часта паўтараюцца адзначэнні маёй аб’ектыўнасці, незаангажаванасці, вольнасці ад розных “закідонаў”. А калі мяне лаюць, то часцей за ўсё – якраз за адваротнае: за прадузятасць, ідэалагізацыю, нават цемрашальства. Быў, помніцца, такі пост на адным форуме: “Насевіч – гісторык-лукашыст”. Гэтую заклапочанасць тым ці іншым бокам ангажаванасці я растлумачыў для сябе так: людзі шукаюць у гістарычных творах зусім не “чыстую ісціну” – яны шукаюць пацвярджэння слушнасці сваіх ужо сфармаваных перакананняў. Калі знаходзяць – то і аўтар адразу становіцца аўтарытэтным, вартым увагі. Калі ж замест чаканай падтрымкі сустракаюць абвяржэнне – крыўдзяцца зусім як дзеці, у якіх адабралі ляльку. Прытым аўтара, які не спраўдзіў іхніх чаканняў, лаюць якраз за тое, што ён замест ісціны служыць ідэалогіі.
Спярша я было таксама пакрыўдзіўся: чаму ім – можна, а мне – нельга? Але хутка зразумеў, што і мне заўжды было можна. Хіба я шукаю станоўчых ацэнак не дзеля таго, каб лішні раз пераканацца, што мае погляды слушныя? Вось, маўляў, і людзі хваляць – значыць, маю рацыю. А калі хаюць? Не можа ж гэта значыць, што мая пазіцыя сапраўды памылковая! Адразу робіцца відавочным, што хаюць тыя, хто апантаны нейкай ідэяй (то значыць “ідэалагічна заангажаваны”), а калі ідэя іх адрозная ад маёй – то, само сабой, няслушная.
Выснова з гэтага атрымлівалася такая, што маю аб’ектыўнасць хваляць тыя, хто апантаны аднымі са мной “закідонамі”. І нічым мы не лепшыя і не горшыя за іншых – проста “закідоны” ў нас свае, а ў іх свае. Такі вось постмадэрніскі дыскурс...
Але ж сцвярджэнне, што ніхто з нас не лепшы і не горшы, пярэчыць самой сутнасці чалавека! Імкненне змагацца за сваё месца ў іерархіі запісана ў нашых генах. Мы ўвесь час прагнем даказць, што пераўзыходзім іншых хоць у нечым: таўшчыні біцапсаў, лічбе на банкаўскім рахунку, колькасці алімпійскіх медалёў, галасоў на апошніх выбарах, спасылак на нашы публікацыі... Калі чалавек замест палітычнай альбо спартыўнай кар’еры бярэцца пісаць гістарычныя працы, што можа служыць для яго стымулам, мярылам поспеху? Альбо прызнанне чытачоў, альбо ўласнае пачуццё: я бліжэй за ўсіх прасунуўся да ісціны.
Прызнанне – рэч даволі хісткая. Аўтарытэт і навуковая вага пэўнага даследчыка залежаць не столькі ад яго ўласных намаганняў, колькі ад пашыранасці ў яго аўдыторыі тых ідэй, якія ён нібыта прапагандуе, а фактычна – пацвярджае тым, хто і так згодны. Калі ўдала патрапіў – будзеш папулярным, калі не – нікога асабліва не пераканаеш, на свой бок не перацягнеш. Гэта ўжо рулетка нейкая, а не сумленнае спаборніцтва! І паўплываць на вынік можна, толькі калі своечасова ўспомніць, што найбольшым попытам заўжды карыстаецца “папса”, а не высокае мастацтва...
Вось і застаецца – ісці да Ісціны. Але адна рэч – ісціна пазітывісцкая, якой можна ў прынцыпе “авалодаць”. Такая, як марксісцка-ленінскае вучэнне, напрыклад (прынамсі, так мяне вучылі ў юнацтве), альбо як вучэнне Святой Царквы (не важна, якой канфесіі). Некаторыя дасёння захавалі адчуванне, што такую ісціну ведаюць. Шчаслівыя! Пазнаць іх лёгка: іншадумцаў яны гатовы забіваць – калі не фізічна, то маральна. Але калі ведаць і памятаць усё, пра што напісана ў прыгаданым мной першым артыкуле, ісціна ператвараецца ў нешта накшталт ці то ката Шродынгера, схаванага ў недасяжнай скрыні, ці то Чэшырскага ката, які на вачах тае ў паветры. Як мерыцца поспехамі ў набліжэнні да такой ісціны?
Шлях тут адзіны: фармуляваць здагадкі, якія паддаюцца праверцы, і нават падказваць, як іх можна было б праверць. Паспрабуйце, абвергніце! Але не праз прышпільванне абвінавачанняў у заангажаванасці (мы ўжо дамовіліся, што ўсе так ці інакш ангажаваныя), а праз прад’яўленне фактаў, якія з гэтай здагадкай несумяшчальныя. І пакуль такія факты не прад’яўлены, Ісціна працягвае ўсміхацца ўсмешкай Чэшырскага ката.
Галоўным крытэрыям, якім я карыстаўся пры адборы твораў у гэты зборнік, была упэўненасць, што большасць выказаных у іх здагадак нікім пакуль што не абвергнута. Праўда, ёсць сярод іх і такія, якія не паддаюцца праверцы. Іх ужо варта адносіць не да навукі, а да літаратуры. Што зробіш, сам я не адразу прыйшоў да сфармуляванага тут прынцыпу і не заўжды яго строга прытрымліваўся. Але спадзяюся, што асноўны стрыжань кнігі вызначаюць здагадкі навуковыя, верыфіцыруемыя. Гэта – мой выклік іншым даследчыкам: авалодайце тымі ж метадамі, тымі ж крыніцамі на маім узроўні, а лепш і яшчэ глыбей, і паспрабуйце давесці памылковасць маіх высноў. Не паказаць, што дапушчальна іншае меркаванне (гэтага недастаткова!), а давесці, што маё – недапушчальнае.
Тыя высновы, што вытрымаюць такую праверку, увайдуць у залаты фонд навукі разам з высновамі іншых аўтараў, якія не ўдалася абвергнуць мне і маім калегам. Так і толькі так робіцца спараўдная навука, і толькі пры наяўнасці такога механізму яна мае права на гэтае званне. У механіцы альбо медыцыне ўсё крыху прасцей: можна пабудаваць машыну ці даць пацыенту лекі на падставе прапанаванай методыкі, і машына альбо запрацуе, альбо не (з пацыентам таксам ўсё хутка будзе зразумела). Праверка гістарычных канцэпцый больш складаная і звычайна не такая відавочная. Таму гісторыя дасёння застаецца помессю навукі і літаратуры. Але я ў свой час, выбіраючы жыццёвы шлях, спыніўся не на літаратуры (хаця і меў да яе такія-сякія здольнасці), і ў гісторыю прыйшоў, каб займацца ёй як навукай.
Што з гэтага атрымалася – дэманструе гэты зборник, выданне якога ласкава прапанавала мне рэдакцыя “ARCHE”.Апрача метадалагічнага ўступу, ён падзяляецца на чатыры часткі, якія адпавядаюць некаторым накірункам маіх навуковых інтарэсаў.
Першая прысвечана найбольш старажытнаму перыяду чалавечай гісторыі, дакладней – агульным заканамернасцям папуляцыйна-дэмаграфічных працэсаў, якія адбываліся ў той час і вызначылі сучаснае размеркаванне людзей па лінгвістычных, расавых, генетычных супольнасцях. Тое, што ў гэтым раздзеле няшмат публікацый, не азначае, што адпаведная тэма цікавіць мяне менш за іншыя. Хутчэй наадварот. Менавіта дзеля яе я прыйшоў у навуку, ёй была прысвечана мая кандыдацкая дысертацыя, абароненая ў 1991 годзе (артыкул “У пошуках Адама і Евы” змяшчае папулярны пераказ яе высноў), і з таго часу я працягваю адсочваць навуковыя дасягненні ў гэтым кірунку. Дзякуючы гэтаму я, здаецца, ледзь не першым з гісторыкаў зразумеў рэвалюцыйнае значэнне метаду вызначэння папуляцыйнай структуры на падставе маркёраў Y-храмасомы. З’явіўся новы, незалежны ад іншых метад праверкі гістарычных здагадак, і тыя з іх, што гэты метад адназначна абвяргае, прыходзіцца “спісваць у архіў”, як бы балюча гэта не было для пэўных навуковых плыняў. Так, ужо страціла актуальнасць вельмі пашыраная ў савецкі час канцэпцыя эвалюцыйнай пераемнасці паміж неандэртальцамі і краманьёнцамі. На вачах рушыцца панаваўшая ў апошнія дзесяцігоддзі мода тлумачыць змену археалагічных культур як запазычанне вонкавых рысаў, якія месцовае насельніцтва проста пераймае. Для беларускай аўдыторыі найбольшую актуальнасць мае абвяржэнне пашыранай “балцкай” канцэпцыі, паводле якой беларусы ўяўляюць сабой нашчадкаў старажытнага мясцовага насельніцтва, якое ў нейкі момант перайшло на прынесеную звонку славянскую мову. Высвятляецца, што ўсё было крыху складаней.
Мае ўласныя наспрацоўкі, прысвечаныя этнагенезу беларусаў, згрупаваны ў другой частцы зборніка. Такім чынам, ад агульначалавечых праблем мы пераходзім да станаўлення таго этнасу, да якога я сам сябе адношу. Першай тут размешчана храналагічна самая позняя публікацыя, у якой змешчаны выніковыя на сённяшні момант высновы, у тым ліку і з выкарыстаннем генетычных маркёраў. Наступныя публікацыі дазваляюць прасачыць шлях, якім я ішоў да гэтых высноў. Шмат з іх з’явілася ў 90-я гады, калі гэтае пытанне актыўна дыспутавалася. І тое, што я палічыў магчымым паўтарыць у 2012годзе, застаецца неабвергнутым. Завяршае гэтую частку адзіны тэкст, які дагэтуль не быў надрукаваны. Ён уяўляе сабой мой адказ на пытанні, разасланыя ў 2010 годзе рэдакцыяй расейскага часопіса “Studia Slavica et Balcanica Petropolitana” для запланаванай завочнай дыскусіі “Вытокі беларускай ідэнтычнасці”. Прайшло, аднак, ужо амаль два года, а гэтая дыскусія ў азначаным часопісе так і не адбылася. Таму я вырашыў апублікаваць свой унёсак самастойна. Ён не з’яўляецца вынікам адмысловай даследчай працы, але адлюстроўвае мае ўяўленні аб тым, як адбываўся пераход беларускай этнічнасці са схаванай формы ў яўную – форму нацыянальнай свядомасці ў яе сучасным разуменні. Гэта мой унёсак у разгляд той “асобнай тэмы”, згадкай пра якую я завяршыў свой нарыс “Асноўныя вехі этнагенезу беларусаў”.
Трэцяя частка зборніка пераводзіць чытача ад пытанняў утварэння беларусаў як этнасу да ўтварэння той дзяржавы, якая зрабіла магчымым яго фармаванне – Вялікага Княства Літоўскага. Асноўная частка тэкстаў таксама была створана ў 1990-я гады, але абрамляюць яе два найноўшыя артыкулы. Першы з іх змяшчае агляд беларускай гістарыяграфіі на азначаную тэму (дарэчы, электронная версія гэтага артыкула з’яўляецца адным з “хітоў” на маім сайце), другі ўяўляе сабой спробу прасачыць, як высновы гісторыкаў адбіваюцца ў свядомасці іх чытачоў.
Апошняя частка прысвечана больш вузкапрафесійным пытанням і дае ўяўленне найперш пра інструментарый і метады, якімі карыстаецца гісторык у сваёй працы. Частка сабраных там артыкулаў уяўляе сабой вытрымкі з маёй манаграфіі “Традыцыйная беларуская вёска ў еўрапейскай перспектыве”, якая была надрукавана на рускай мове. Гэтыя артыкулы дазволяць чытачу пазнаёміцца з часткай выказаных там думак па-беларуску. Аб’ект даследавання тут яшчэ больш звужаны: ад гісторыі майго народу я перахожу да гісторыі той папуляцыі, з якой паходзяць мае непасрэдныя продкі. Высновы, аднак, я імкнуўся рабіць такія, каб яны мелі цікавасць для ўсіх. Метадалогія такога падыходу выкладзена ў артыкуле “Мікрагісторыя: мінулае ў чалавечым вымярэнні”.
Пры ўсёй сваёй разнастайнасці зборнік мае ўсёж пэўныя тэматычныя абмежаванні. Таму я палічыў немэтазнодным уключаць у яго тэксты пра метадалогіяю капутарнага мадэліравання і вузкапрыкладныя артыкулы пра пытанні электронага дакументазвароту і захаванне інфармацыі ў электроннай форме. Іх можна знайсці на маім сайце vln.by, куды я і запрашаю ўсіх зацікаўленых.
Мінск,
чэрвень 2012 г.