Продкі славян у протадзяржаве готаў. ІІІ–IV ст. (2009)

Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 4-х тамах. Т.1. Мінск: Белкартаграфія. 2009. С. 41.

Наступная карта адлюстроўвае вынікі экспансіі готаў.

Заключыўшы саюз з аланамі ці падпарадкаваўшы іх, готы стварылі ў Прычарнамор’і моцную протадзяржаву. Галоўнай пісьмовай крыніцай выступае “Гетыка” Іардана, якая абапіраецца на запісы гоцкіх эпічных паданняў. Дадатковымі пісьмовымі крыніцамі выступаюць шматлікія паведамленні аб так званых “скіфскіх войнах” – нападах готаў і іншых народаў Прычарнамор’я на тэрыторыю Рымскай імперыі.

Матэрыяльнае сведчанне протадзяржавы готаў археолагі фіксуюць у чарняхоўскай культуры. Зыходным імпульсам паслужыла прасоўванне вельбаркскай культуры праз Валынь на тэрыторыю Малдовы і ў парэчча Паўднёвага Буга. Носьбіты гэтай культуры першымі ўспрынялі характэрны набор правінцыйна-рымскіх культурных праяў, які вызначае адметнасць чарняхоўскай культуры, і распаўсюдзілі яго сярод падначаленых народаў. Іншымі кампанентамі пры фарміраванні культуры былі познепшэворскі (бастарнскі) у вярхоўях Днястра і змешаны алана-познескіфскі на ўзбярэжжы Чорнага мора паміж Днястром і Дняпром, таксама ў Крыме. Магчыма, на лесастэпавым левабярэжжы  Дняпра чарняхоўская культура ахапіла і познезарубінецкі кампанент. Пазней протадзяржава готаў падзялілася на дзве – заходнюю (везегоцкую) і усходнюю (астрагоцкую).

На асноўнай частцы познезарубінецкага арэалу з канца ІІ ст. н.э. помнікі тыпу Грыні пашыраюцца на сярэдняе Падняпроўе і ў арэал почапскага варыянта, што прыводзіць да фарміравання кіеўскай культуры. У гэты перыяд завяршаецца гісторыя бастарнаў. Апошняя згадка пра іх датуецца 280 г. н.э., калі імператар Проб дазволіў ім перасяліцца ў межы Рымскай імперыі, дзе яны, напэўна, і асіміліраваліся. Праславяне-венеты, канчаткова вызваліўшыся ад уплыву бастарнаў, прынялі ўдзел у шырокіх міграцыйных рухах. Помнікі, тыпалагічна блізкія да кіеўскіх, з’яўляюцца ў вярхоўях Дона і ў сярэднім Паволжы ля Самарскай Лукі. Іншая група падобных помнікаў (тып Этулія) пранікае ў стэпавы раён нізоўяў Дуная, Прута і Днястра. У ім адзначаюцца падабенствы з верхнедняпроўскім тыпам Грыні. Як адзначалася, з гэтай групай можна звязаць звестку Пеўтынгеравай карты пра венетаў ля нізоўяў Дуная.

У творы Іардана найбольш ранні пласт звестак пра венетаў паходзіць з эпасу пра перамогі караля астраготаў Германарыха (сярэдзіна IV ст.) над шэрагам народаў Усходняй Еўропы. Такім чынам, да таго часу яны былі незалежнымі ад готаў і іх трэба лакалізаваць па-за межамі чарняхоўскай культуры. Гэта цалкам адпавядае тэрыторыі кіеўскай культуры, а таксама помнікам тыпа Этулія.

На карце пазначаны ўмоўныя межы астготскай протадзяржавы Германарыха ў яе максімальным пашырэнні. Для іх вызначэння выкарыстаны пісьмовыя і археалагічныя звесткі. Па-першае, Іардан паведамляе пра заваяванне Германарыхам тэрыторыі эсціяў, якіх ён лакалізуе адпаведна з Тацытам – на беразе Акіяна. Другой падставай служаць археалагічныя сведчанні чарняхоўскіх імпартаў сярэдзіны IV ст., а таксама слядоў экспансіі гунаў у больш позні час. З эпасу вядома, што гуны перамаглі Германарыха і, такім чынам, сталі пераемнікамі яго заваяванняў. Таму сляды іх актыўнасці ў лясной зоне (гэты сюжэт адлюстраваны на наступнай карце) з высокай імавернасцю перакрываюць абшар яго ўладанняў. Наяўнасць такіх знаходак у балцкіх культурах пацвярджае звестку пра заваяванне эсціяў. Аналагічныя матэрыялы фіксуюцца на тэрыторыі мошчынскай і, у меншай ступені, тушамлянскай культур.

З гоцкага эпасу паходзіць таксама першая згадка пра антаў, якая прыпадае на час Вінітарыя, пераемніка Германарыха (каля 375 г.). Гэтых антаў трэба лакалізаваць у арэале кіеўскай культуры, што адпавядае сцвярджэнню Іардана: яны, як і славяне, раней зваліся венетамі.