Паўночна-усходняя перыферыя Рымскай цывілізацыі. Другая палова І – ІІ ст. н.э. (2009)

Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 3-х тамах. Т.1. Мінск: Белкартаграфія. 2009. С. 40.

Карта “Паўночна-усходняя перыферыя Рымскай цывілізацыі” прысвечана часу, калі імперскі Рым трывала ўсталяваўся на паўднёвым беразе Дуная і нават скарыў ваяўнічую Дакію.

У гэты час уяўленні рымлян пра сучасную Усходнюю Еўропу сталі больш выразнымі. Гэтаму перыяду адпавядаюць пісьмовыя звесткі, прыведзеныя Тацытам і Пталямеем. Пры гэтым “Германія” Тацыта была напісана ў 98 г. і адлюстроўвала сітуацыю, што склалася за некалькі дзесяцігоддзяў да таго. У гэтым творы выкарыстоўваліся, напэўна, рэляцыі рымскіх афіцэраў і чыноўнікаў, якія мелі непасрэдныя стасункі з германцамі і добра ведалі сітуацыю. Твор Пталямея “Кіраўніцтва па геаграфіі”, скончаны ў сярэдзіне ІІ ст., больш складаны па паходжанні. Ён кампілятыўна спалучае найноўшыя звесткі з традыцыйнымі ў эліністычнай гістарыяграфіі, узыходзячымі ажно да часоў Герадота. Адназначна вылучыць розныя храналагічныя пласты ў гэтым тэксце праблематычна.

Археалогія дазваляе ўдакладніць пісьмовыя звесткі. Так, фіксуецца перасоўванне ў прычарнаморскія стэпы новай хвалі сармацкіх качэўнікаў, якая прынесла з сабой і новае імя – аланы. Сарматы першай хвалі, языгі і раксаланы, былі выціснуты на захад, у сучасныя Румынію і Венгрыю. Значныя разбурэнні, выкліканыя сармацкім нашэсцем, фіксуюцца і ў арэале зарубінецкай культуры. Ваеннае паражэнне ад аланаў, экалагічныя змены ці нейкія ўнутраныя супярэчнасці выклікалі яе глыбокую трансфармацыю – утварэнне познезарубінецкай супольнасці. Яна падзялялася на шэраг лакальных варыянтаў: тыпу Люцеж (вызначаецца пераемнасцю з сярэднедняпроўскім варыянтам), тыпу Почап (з удзелам сярэднедняпроўскага і юхнаўскага кампанентаў), тыпу Картамышава-Цярноўкі (таксама сярэднедняпроўскі і юхнаўскі кампаненты пры ўдзеле пшэворскага), тыпу Грыні (нашчадкі верхнедняпроўскага варыянта, з уплывам культуры штрыхаванай керамікі). Палескі варыянт у гэты час знікае, а яго нашчадкі, напэўна, мігрыравалі ў арэал пшэворскай культуры, дзе ўтварыліся некалькі змешаных пшэворска-зарубінецкіх груп.

 Падобны крызіс меў месца і ў былым арэале паянешты-лукашэўскай культуры. Яе класічныя помнікі знікаюць ужо ў апошнія дзесяцігоддзі да н.э. На поўначы іх арэалу ўтвараецца змешаная звенігародская група, якая спалучае рысы некалькіх культур. Паколькі этнонімы бастарнаў і пеўкінаў у гэты час захоўваюцца, можна меркаваць, што носьбіты палескага варыянта зарубінцаў і паянешты-лукашэўскай традыцыі былі паглынуты роднаснай пшэворскай культурай, але захавалі ў яе складзе адметную свядомасць.

Важнае значэнне маюць паведамленні Тацыта пра бастарнаў і венетаў. Назва бастарнаў у яго час была амаль выцеснена тэрмінам “пеўкіны”. Найбольш верагодна, што бастарнская ідэнтычнасць часткова захавалася ў тых раманізаваных групах, якія спалучалі палеска-зарубінецкі кампанент са пшэворскім. Непасрэднымі суседзямі пеўкінаў Тацыт называе венетаў, якія “вандруюць рабаўнічымі зграямі па лясах і гарах, якія толькі ёсць паміж пеўкінамі і фенамі”. Адносна фенаў Тацыт падкрэслівае іх “надзвычайную дзікасць і ўбоства”, характарызуючы іх як вандоўных паляўнічых з касцянымі стрэламі, што жывуць у буданах і апранаюцца ў шкуры. Даследчыкі атаясамліваюць фенаў з носьбітамі архаічных культур жалезнага веку, што амаль не былі закрануты працэсамі латэнізацыі і раманізацыі. Лакалізацыя венетаў добра адпавядае арэалу познезарубінецкіх груп.

Знаходзіць археалагічны адпаведнік нават вандроўнае блуканне венетаў па лясах каля фенаў. Якраз у гэты час адзначаецца пранікненне зарубінецкага культурнага імпульсу ў арэалы днепра-дзвінскай і юхнаўскай культур. У парэччы Дзясны гэта прыводзіць да ўтварэння почапскай групы познезарубінецкай супольнасці. Крыху пазней яе міграцыя ў арэал верхнеокскага варыянта юхнаўскай культуры прывяла да ператварэння апошняй у мошчынскую культуру. У вярхоўях Дняпра і Сажа познезарубінецкі імпульс маркіруе храналагічны гарызонт помнікаў тыпу сярэдняга слоя Тушамлі. Яго адметнасцю з’яўляецца прысутнасць керамічнага стылю, тыпалагічна звязанага з верхнедняпроўскай групай зарубінецкай культуры.

На гэты ж перыяд прыпадае пачатак яшчэ аднаго міграцыйнага руху, які неўзабаве зноў змяніў становішча ў барбарскай перыферыі. Ён звязаны з перасяленнем готаў і гепідаў, якія паходзяць, хутчэй за ўсё, са Скандынавіі (готы лічылі сваёй радзімай востраў Готланд). Спачатку нешматлікія, готы аб’ядналі пад сваёй уладай іншыя германскія народы, што дазволіла ім у наступны перыяд здзейсніць шырокую экспансію. Звесткі Тацыта фіксуюць пачатак гэтага працэсу. На поўнач ад Карпат ён паслядоўна (з поўдня на поўнач) пералічвае лугіеў, гатонаў, ругіеў і лямовіеў, прычым два апошнія народы знаходзяцца ўжо непасрэдна на беразе Акіяна. У такім выпадку лугіі добра стасуюцца з заходняй часткай пшэворскай культуры, якая не паспытала зарубінецкіх імпульсаў, а гатоны (готы), ругіі і лямовіі (першапачатковая назва гепідаў?) – тром групам вельбаркскай культуры на яе пачатковым этапе.

На усход ад ругіеў і лямовіеў Тацыт размяшчае эсціеў, у краіне якіх здабываюць бурштын. У адрозненне ад свайго папярэдніка Плінія Тацыт валодае пра гэтыя мясціны ўжо не міфічнай, а пэўнай інфармацыяй. Ён нават ведае, што мова эсціеў адрозная ад германскай (Тацыт лічыць яе падобнай да мовы брытаў). Археалагічна тэрыторыя эсціеў адпавядае самбійскай (багачэўскай) культуры, што паўстала ў І ст. н.э. на частцы тэрыторыі былой культуры заходнебалцкіх курганоў і звязваеца з продкамі балтаў.

Эсціі з’яўляюцца ў Тацыта якраз у тым месцы, дзе старажытнагрэчаская традыцыя змяшчала раку Эрыдан і смутна асацыіраваных з ёй венетаў. Гэта дазваляе часткова растлумачыць супярэчнасць паміж звесткамі Тацыта і Пталямея. Апошні пералічаве на абшарах Еўрапейскай Сарматыі сем “вялікіх народаў”. Першым з іх выступаюць венеты, размешчаныя на ўзбярэжжы Балтыкі ўздоўж Венедскай затокі. Недзе “вышэй Дакіі” знаходзяцца пеўкіны і бастарны, уздоўж узбярэжжа Меатыды (Азоўскага мора) – языгі і раксаланы, а ў глыбі кантынента “за імі” – амаксобіі і скіфы-аланы. Згадка пра языгаў і раксаланаў на ўзбярэжжы Меатыды сведчыць, што звесткі Пталямея тычацца не сучаснага яму становішча, а больш ранняга, бо яшчэ за стагоддзе да напісання “Кіраўніцтва па геаграфіі” аланы выціснулі языгаў і раксаланаў на берагі Дуная. Крыху далей Пталямей паведамляе, што на поўдзень ад венетаў жылі “гіфоны”, якіх можна атаясаміць з гітонамі (готамі). У такім выпадку Пталямей змешвае розначасовыя ўяўленні: звесткі пра венетаў і іншыя “вялікія народы” тычацца часу існавання паморскай ці, прынамсі, аксыўскай культуры, а звесткі пра гіфонаў – больш позняга часу, калі на гэтым абшары ўжо з’явіліся готы (што археалагічна адпавядае ператварэнню аксыўскай культуры ў вельбаркскую).

Верагодна, да канца гэтага ж перыяду (мяжа ІІ–ІІІ стст.) адносіцца асноўны пласт інфармацыі дарожнай карты-схемы познерымскага часу – Пеўцінгеравай карты. На ёй недзе паміж сярэднім цячэннем Дуная і Акіянам, на паўночны захад ад Бастарнскіх Альпаў (Карпатаў) пазначаны “лупіоны-сарматы” і “сармацкія венеды”, а непасрэдна за гэтымі гарамі – бастарны. Улічваючы крайнюю схематычнасць карты, гэтыя назвы адпавядаюць тэрыторыі пшэворска-познезарубінецкай  культурнай супольнасці на заключным этапе – напярэдадні пранікнення ў яе арэал готаў. Заходнюю частку уласна пшэворскай культуры ў такім выпадку займаюць лупіоны (скажонае лугіоны=лугіі?), а паўднёва-усходнюю – бастарны. Пазначаныя паміж імі “сармацкія венеды” могуць адпавядаць паўночна-усходняй частцы пшэворскай культуры і познезарубінецкаму абшару далей на ўсход. Іншыя венедыпазначаны на левым беразе Дуная недалёка ад яго вусця. Археалагічны адпаведнік гэтай назве (помінікі тыпу Этулія) з’яўляецца якраз на мяжы ІІ – ІІІ стст., але ў асноўным адносіцца да наступнага перыяду.