Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Горацкага р-на (1996)

Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Горацкага р-на . – Мінск, 1996. С. 26–41

З сівой даўніны

Першыя пісьмовыя звесткі, якія непасрэдна тычацца тэрыторыі Горацкага раёна, паходзяць з XII ст., калі гэтыя землі ўваходзілі ў склад Смаленскага княства. Тагачасныя княствы падзяляліся на больш дробныя адзінкі — воласці, цэнтрамі якіх былі ўмацаваныя двары (пагосты) ці драўляныя замкі. Такія воласці падпарадкоўваліся княжацкім намеснікам з ліку найбольш значных баяр. У 1136 г. смаленскі князь Расціслаў Мсціславіч вызначыў з падпарадкаваных яму валасцей дзесяціну на карысць новазаснаванага смаленскага епіскапства. У ліку валасцей, частка даніны з якіх павінна была ісці ў склад дзесяціны, названа і воласць Басея. Гісторыкі і археолагі лакалізуюць яе ў вярхоўях ракі Басі. Такім чынам, гэтая воласць займала заходнюю частку сучаснага Горацкага раёна [1].

У той жа грамаце прыгадваецца воласць Мярэцічы, якая займала вадазбор ракі Мярэі. Напэўна, яна ўключала ў сябе і самыя вярхоўі гэтай ракі — сучасны Ленінскі сельсавет Горацкага раёна, дзе ў больш познія часы знаходзіўся феадальны маёнтак Раманава.

Асноўная частка раёна, у парэччы Проні і яе доплываў, была, відаць, занята іншай воласцю, цэнтрам якой мог быць старажытнарускі замак ля сучаснай вёскі Горы. Археалагічныя раскопкі сведчаць, што ў XII — XIII ст. гэта быў значны, добра ўмацаваны цэнтр. Сярод знаходак ёсць днішча гаршка з кляймом у выглядзе так званага двухзубца — радавога знака княжацкай дынастыі Рурыкавічаў [2]. Такія гаршкі, напэўна, вырабляліся ў княжацкай майстэрні, якая магла знаходзіцца непасрэдна ў замку ці на неўмацаваным пасадзе побач з ім.

Вышэйзгаданая грамата князя Расціслава не называе той воласці, цэнтрам якой мог быць замак у Горах. Гэта сведчыць, што на той момант Смаленск не атрымліваў з яе даніны. Так магло быць у выпадку, калі воласць не кіравалася намеснікам, а належала князю непасрэдна на ўмовах асабістай уласнасці (гісторыкі называюць такі від уласнасці даменам).

Беларускі археолаг А. Мяцельскі выказаў меркаванне, што замак у Горах можна атаясаміць з горадам Ізяслаўлем, які прыгадваецца сярод гарадоў Смаленскага княства ў другой палове XII ст. Паводле гэтай версіі, у XIII ст. замак прыйшоў у часовы заняпад. а калі пазней адрадзіўся, то атрымаў новую назву — Горы, пад якой ён і вядомы ў больш познія часы [3]. Гэта не выключана, але магчыма і тое, што замак з самага пачатку меў назву Горы, а ў тагачасныя дакументы чамусьці не трапіў.

На мяжы XIII і XIV ст. Смаленскае княства ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ), якім тады кіраваў вялікі князь Вітаўт. Апошні смаленскі князь Юрый Святаслававіч страціў уладу ў 1401 г., пасля чаго Смаленск падпарадкоўваўся намеснікам Вітаўта. Пры Вітаўце распачалася практыка шырокай раздачы дзяржаўных валасцей і асобных сёл з іх складу ў прыватную ўласнасць вялікакняжацкім васалам — князям і буйным баярам (якія на польскі лад пачалі называцца панамі). Раздача зямель яшчэ больш паскорылася пры пераемніках Вітаўта — яго малодшым браце Жыгімонце Кейстутавічу і стрыечным браце Свідрыгайле Альгердавічу, якія ў 1430-я гады вялі жорсткую міжусобную барацьбу. Імкнучыся мацней прывязаць да сябе прыхільнікаў, абодва шчодра надзялялі іх зямельнымі маёнткамі.

Недзе ў гэты час (і, верагодна, у сувязі з гэтымі падзеямі) змянілі свой статус Басейская і Горская воласці. Як вынікае з больш позніх звестак, абедзве гэтыя воласці перайшлі ва ўласнасць да князя Івана Сямёнавіча Пуцяты з роду князёў Друцкіх [4]. Гэты князь вядомы тым, што разам са сваім старэйшым братам Іванам Бабай быў актыўным прыхільнікам Свідрыгайлы, уваходзіў у склад яго рады спярша ў бытнасць Свідрыгайлы вялікім князем (1430 — 32 гг.), а потым у час вайны з Жыгімонтам, калі ўладу Свідрыгайлы прызнавала ўсходняя частка ВКЛ. Вельмі падобна, што менавіта з рук Свідрыгайлы Іван Пуцята атрымаў дзве вялізныя воласці, што зрабіла яго адным з буйнейшых землеўладальнікаў.

Іван Пуцята апошні раз упамінаецца ў 1440 г., калі ён знаходзіўся пры двары Свідрыгайлы ў Валынскім княстве. У тым жа годзе быў забіты вялікі князь Жыгімонт, пераемнікам якога стаў чатырнаццацігадовы пляменнік Свідрыгайлы Казімір Ягайлавіч. Ён, напэўна, прызнаў за Іванам Пуцятам і яго нашчадкамі права на валоданне набытымі вотчынамі.

У Пуцяты засталося чацвёра сыноў, якія падзялілі паміж сабой бацькоўскія ўладанні. Нашчадкі двух з іх пазней выступаюць як саўладальнікі Горскай і Басейскай валасцей (гл. схемы 1 і 2). Гэта і дазваляе нам меркаваць, што абедзве воласці належалі ўжо Пуцяце, хаця непасрэдных упамінанняў пра іх няма да канца XV ст. (увогуле ад гэтага стагоддзя засталося вельмі мала дакументаў).

Такім жа ўскосным чынам высвятляецца, што маёнтак Раманава са складу Мярэйскай воласці не пазней сярэдзіны XV ст. перайшоў у рукі іншай прыкметнай асобы таго часу — князя Юрыя Сямёнавіча Галыпанскага (памёр каля 1457 г.) ці яшчэ яго бацькі Сямёна Лютага, які загінуў у час міжусобнай вайны паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам у 1433 г. Пасля смерці Юрыя Сямёнавіча і падзелу яго маёмасці між сынамі Раманава дасталося аднаму з іх — Юрыю Юр'евічу. Калі ж ён памёр без нашчадкаў, яго тры браты каля 1480 г. падзялілі маёнтак на роўныя часткі паміж сабой (схема 5).

Першыя непасрэдныя ўпамінанні пра маёнткі на тэрыторыі Горацкага раёна захаваліся ў так званай «Літоўскай метрыцы» — архіве канцылярыі ВКЛ, у кнігі якой заносіліся дакументы аб набыцці, падзелах маёнткаў і іншых жыццёвых справах феадалаў — пераважна буйных (князёў і паноў), якія падлягалі юрысдыкцыі самога вялікага князя. У канцы XIX ст. польскі даследчык Юзаф Вольф выбраў з Метрыкі звесткі, якія тычыліся асоб княжацкага стану, і паведаміў аб іх у сваёй працы «Літоўска-рускія князі з канца XIV стагоддзя» [5].

Горы ўпершыню ўпамінаюцца ў «Літоўскай метрыцы» ў 1497 г., калі чацвёра сыноў князя Васіля Іванавіча Пуцяціча (Іван, Алелька, Дзмітрый і Міхаіл, схема 2) судзіліся са смаленскім епіскапам Госіфам за спрэчныя землі сваіх маёнткаў Горы і Чурылавічы (пазнейшае Чурылава), якія межавалі з уладаннямі епіскапа [6]. Ад маёнтка Горы гэтыя князі і іх нашчадкі ў далейшым тытулаваліся князямі Горскімі альбо Друцкімі-Горскімі.

Стрыечны брат князёў Горскіх Юрый, сын Міхаіла Пуцяціча, у дакументах пачатку XVI ст. названы князем Шышаўскім. Гэты тытул паходзіць ад маёнтка Шышава, які быў цэнтрам яго ўладанняў у Горскай воласці. Пазней Юрый пісаўся ўжо князем Талачынскім (ад маёнтка Талачын у Друцкім княстве), але долю ў Горскай воласці з маёнткам Шышава захаваў да канца жыцця і перадаў у спадчыну адзінаму сыну Васілю (схема 1).

На жаль, ніякіх падрабязнасцей пра жыццё на тэрыторыі раёна ў канцы XV — пачатку XVI ст. не захавалася. Можна толькі меркаваць, што пасля пераходу маёнткаў у прыватную ўласнасць лад жыцця мясцовага насельніцтва змяніўся мала. Жыхары выплочвалі даніну — часткова грашыма, часткова натуральнымі прадуктамі (мёдам, збожжам). Галоўныя сялібы князёў Друцкіх і Гальшанскіх знаходзіліся далёка адсюль, таму падданыя нячаста бачылі сваіх гаспадароў. Ім даводзілася мець справу пераважна з княжацкімі цівунамі (ураднікамі), якія збіралі даніну і кіравалі дваровай гаспадаркай.

3 пачатку XVI ст. тэрыторыя раёна стала арэнай ваенных дзеянняў паміж ВКЛ і набіраючай моц Маскоўскай дзяржавай. Апошняя ў 1514 г. пасля доўгай барацьбы захапіла Смаленск і неаднаразова пасылала свае войскі далей на захад. У 1522 г. было нарэшце заключана перамір'е, паводле якога новая мяжа паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай прайшла прыкладна так, як і зараз праходзіць мяжа Беларусі з Расіяй. Замкі ў Горах і Раманаве сталі памежнымі і ў сувязі з гэтым набылі важнае абарончае значэнне. Яны неаднаразова прыгадваюцца ў дыпламатычнай перапісцы і перамовах ВКЛ з Масквой. Пазней, падчас Лівонскай вайны ў 1563 г. Горская воласць зноў зведала жорсткае спусташэнне, калі маскоўскія войскі часова занялі ўсё левабярэжжа Дняпра. Замак у Горах быў спалены, сяляне разбегліся падчас ваеннага ліхалецця. Аднаўленне разбуранай гаспадаркі заняло потым шмат часу.

Вяртаючыся крыху назад, адзначым, што да сярэдзіны XVI ст. адбылося моцнае раздрабненне маёнткаў на тэрыторыі раёна. Гэта было звязана са спадчынным правам, што дзейнічала ў ВКЛ. Паводле старажытных звычаяў, усе маёнткі падлягалі падзелу на роўныя долі паміж сынамі. Дачкам выдавалася грашовае забеспячэнне (пасаг). Калі ж уладальнік маёнтка не пакідаў сыноў, яго ўдава захоўвала правы на вотчыну да сваёй смерці ці новага шлюбу. Потым маёнтак адыходзіў да дачок ці сясцёр уладальніка і затым пераходзіў у спадчыну да іх нашчадкаў. Такі маёнтак называўся «мацярынскім» і падлягаў роўнаму падзелу не толькі паміж сынамі, але і дочкамі спадкаеміцы.

Адзначым, што да 1566 г. уладальнік спадчыннага маёнтка не мог адвольна прадаваць альбо дарыць болын чым уз яго. Астатнія 2/3 абавязкова павінны былі пераходзіць да прамых нашчадкаў, а пры іх адсутнасці — да больш аддаленых родзічаў. Пазней гэтая забарона была адменена, але на практыцы ўладальнікі рэдка адступаліся ад старых звычаяў.

У такіх умовах лёс маёнтка амаль цалкам вызначаўся генеалагічнымі акалічнасцямі — колькасцю сыноў і дачок уладальніка. Так, тры сыны князя Івана Горскага (схема 2) памерлі ў першай палове XVI ст. без нашчадкаў. Спадчынніцай іх уладанняў (у тым ліку і часткі Горскай воласці з Чурылавічамі) стала адзіная сястра Аўдоцця — жонка пана Храбтовіча. Пасля яе смерці маёнтак падлягаў роўнаму падзелу паміж яе сынам і дачкой у якасці «мацярынскага». На практыцы, аднак, дачка Аўдоцці Багдана са сваім мужам Анікеем Гарнастаем выкупілі ў яе брата Пятра Храбтовіча яго долю маёнтка, аб'яднаўшы яе такім чынам са сваёй доляй [7]. Пляменнік Івана Фёдар Дзмітрыевіч таксама меў сястру, але, паколькі ў яго засталіся два сыны, маёнтак адышоў у спадчыну да іх, сястра ж атрымала грашовы пасаг. Пры падзеле паміж сынамі Фёдара доля ў Горах цалкам адышла да малодшага, Абрагама. Яго брат Рыгор атрымаў на кошт сваёй долі іншыя маёнткі.

Прыкладна ў той жа час памёр адзіны сын Юрыя Шышаўскага Васіль Талачынскі (схема 1), які валодаў, апрача часткі Друцкага княства вакол Талачына, маёнткамі Шышава, Юркава, Горкі і часткай Басейскай воласці, у якой пазней знаходзіліся вёскі Сялец і Палёнка. Перад смерцю, у верасні 1544 г., ён завяшчаў сваёй жонцы Марыі з роду князёў Заслаўскіх 1/3 сваіх маёнткаў (у гэтым дакуменце, дарэчы, упершыню непасрэдна упамінаецца будучы райцэнтр Горкі) [8]. Астатнія 2/3 павінны былі адысці да дзвюх яго сясцёр. Аднак незадоўга да смерці князь Васіль пазычыў у жонкі вялікую суму грошаў пад заклад гэтых 2/3. Гэта азначала, што сёстры Васіля маглі ўступіць ва ўладанне маёнткамі толькі пасля таго, як вернуць яго ўдаве пазычаную ім суму. Сёстры паспрабавалі аспрэчыць гэтае завяшчанне, але безвынікова. Тым часам Марыя ў 1554 г. паўторна выйшла замуж за пана Івана Гарнастая (схема 3) разам з якім працягвала карыстацца спадчынай першага мужа.

Сёстрам Васіля Талачынскага засталося толькі збіраць грошы, каб выку піць братні маёнтак (які, відаць, быў варты таго). Гэта ім удалося толькі часткова. У 1555 г. адна з сясцёр, Людміла, выкупіла было сваю частку, але з-за недахопу грошаў вымушана была тут жа скасаваць акт выкупу [9].

Тым часам адзіная дачка другой сястры, Настассі, князёўна Багдана Друцкая, пасля смерці свайго першага мужа выйшла замуж за вельмі энергічнага пана Івана Сапегу. Да таго ж і цётка Багданы Людміла перад смерцю завяшчала свае правы на гэтую спадчыну ёй і яе мужу. Сапега рашуча ўзяўся за ажыццяўленне правоў сваёй жонкі і цешчы. Ужо ў 1554 г. Іван Гарнастай скардзіўся на пана Сапегу і княгіню Настассю за гвалтоўны захоп яшчэ не выкупленага маёнтка [10]. Пазней Іван Сапега выкупіў і адсудзіў свае законныя 2/3 Шышава, Горак і Басеі, але трэцяя частка ўсё ж засталася ў руках паноў Гарнастаяў. Каля 1558 г. Настасся абвінавачвала ўрадніка Гарнастая, дробнага шляхціча Багдана Дэдэрку, што ён, збіраючы грашовыя павіннасці на карысць свайго пана, рабіў гэта і ў той частцы маёнтка Басея, што належала ёй [11].

Яшчэ адным саўладальнікам азначаных маёнткаў у першай палове XVI ст. быў князь Сямён Ямантовіч-Падбярэзскі. Ён не належаў да роду князёў Друцкіх, таму невядома, якім чынам частка іх вотчыны трапіла да яго. Магчыма, яго маці была спадкаеміцай кагосьці з сыноў Івана Пуцяты (звесткі пра яе не захаваліся, невядома нават дакладна імя бацькі князя Сямёна).

Сямён Падбярэзкі не меў дзяцей. У 1522 г., яшчэ ў не вельмі старым узросце, ён напісаў завяшчанне, паводле якога частку свайго маёнтка Басея (а менавіта сёлы Казловічы і Хамінічы, з якіх апошняе — у сучасным Горацкім раёне) завяшчаў на карысць царквы. Рэшту ж сваёй долі ў Басейскай воласці, якая ахоплівала землі на правабярэжжы Басі на стыку сучасных Шклоўскага і Горацкага раёнаў, князь Падбярэзскі завяшчаў вельмі заможнаму пану Альбрэхту Гаштаўту, уладальніку суседняга маёнтка Шклоў. Гэта было парушэннем правіла, паводле якога адчужаць можна было толькі трэць вотчыны. Каб абысці гэтую перашкоду, князь абвясціў, што ўсынаўляе пана Гаштаўта (які, дарэчы, быў старэйшы за яго).

Але гэтае завяшчанне не мела непасрэдных наступстваў, бо пасля яго складання Сямён пражыў яшчэ 18 гадоў, на год перажыўшы свайго прыёмнага сына. Другім завяшчаннем ён адпісаў спадчыну сваёй жонцы, але гэтае завяшчанне было аспрэчана яго сястрой Ульянай, якая мела ад шлюбу з полацкім баярынам Яцкам Сенькавічам двух сыноў (схема 3). Цікава, што Ульяна была паслядоўна замужам за двума роднымі братамі, Міхаілам і Яцкам Сенькавічамі. Царкоўны суд прызнаў другі з гэтых шлюбаў незаконным, але дзяцей ад гэтага шлюбу тым не менш палічыў законнымі і паўнапраўнымі.

Ульяна выйграла працэс ва ўдавы свайго брата, і ў 1542 г. доля апошняга ў Басеі (у тым ліку і некалі запісаныя на царкву Хамінічы) была прысуджана ёй і яе сынам. Праз тры гады старэйшы з сыноў, Рыгор, без згоды свайго брата Івана падараваў іх агульную частку Басеі вялікаму князю. Іван падаў скаргу, але, відаць, безвынікова, 6о ў далейшым ніводны з братоў дачынення да Басеі ўжо не меў. Праўда, крыху пазней адным з саўладальнікаў маёнтка Горы і іншай спадчыны Сямёна Падбярэзскага выступаў пан Андрэй Цеханавецкі. Гэта наводзіць на думку, што Ульяна мела яшчэ і трэці шлюб, з панам Цеханавецкім, сын якога Андрэй атрымаў ад яе частку спадчыны Падбярэзскага [12].

Між тым першае завяшчанне Сямёна Падбярэзскага ўсё ж мела нейкія вынікі, бо ўрэшце доля Басеі з Хамінічамі і іншым абшарам (там пазней узніклі вёскі Любіж, Аўсянка, Гулідаўка і інш.) апынулася прылучанай да маёнтка Шклоў — колішняй уласнасці Альбрэхта Гаштаўта. У 1542 г., калі памёр без нашчадкаў адзіны сын Альбрэхта Станіслаў, іх вялізныя ўладанні (дарэчы, самая буйная на той час латыфундыя ў дзяржаве) адышлі да вялікага князя. Сын Ульяны Падбярэзскай, нагадаем, таксама падараваў Басею вялікаму князю. Напэўна, пасля таго басейскія сёлы і былі прылучаны да Шклова, які ў 1565 г. быў нанава пажалаваны пану Яну Ераніму Хадкевічу [13] і ў далейшым належаў яго нашчадкам (схема 8).

Падобныя ж заблытаныя акалічнасці былі звязаны і з лёсам маёнтка Раманава. У першай чвэрці XVI ст. яго саўладальнікамі былі стрыечныя браты, князі Юрый Іванавіч і Павел Аляксандравіч Галынанскія, а таксама іх стрыечная сястра Таццяна Сямёнаўна — жонка славутага военачальніка Канстанціна Астрожскага (схема 5). Пасля яе смерці спадчыннікамі долі ў Раманаве сталі князь Астрожскі і яго сын Ілля (другі сын Астрожскага, Васіль Канстанцін, паходзіў ад іншага шлюбу і права на спадчыну Таццяны Гальшанскай першапачаткова не меў). У выніку шматэтапных абменаў з князямі Гальшанскімі Канстанцін Астрожскі сканцэнтраваў у сваіх руках ці не ўвесь маёнтак Раманава, аддаўшы ўзамен часткі іншых маёнткаў.

Калі ў 1539 г. памёр Ілля Канстанцінавіч Астрожскі, пакінуўшы маладую жонку Беату і нованароджаную дачку Альжбету, вакол яго вялізнай спадчыны (доля ў Раманаве складала толькі яе невялічкую частку) разгарнуліся даволі драматычныя падзеі. У час дзяцінства Альжбеты маёнткі заставаліся ў руках яе маці. Калі ж паўстала пытанне аб шлюбе юнай князёўны Астрожскай, на яе руку знайшлося некалькі прэтэндэнтаў, якіх прываблівала не столькі яе прыгажосць, колькі багацце. Адзін з іх, князь Дзмітрый Сангушка, не атрымаўшы згоды Беаты на шлюб з яе дачкой, у 1554 г. выкраў чатырнаццацігадовую князёўну і гвалтоўна абвянчаўся з ёй. Пасля скаргі Беаты каралю князь Сангушка за гэты ўчынак быў абвешчаны па-за законам і загінуў ад рук яе родзічаў.

Затым, аднак, ужо сам кароль Жыгімонт Аўгуст без згоды Беаты знайшоў жаніха для Альжбеты, у тым жа годзе абвянчаўшы яе ў Варшаве з польскім графам Лукашам Гурскім. Беата вывезла дачку ў Львоўскі дамініканскі кляштар, дзе забарыкадавалася з ёю ў касцёле, не дапускаючы туды графа Лукаша. Туды быў патаемна выкліканы князь Сямён Слуцкі, з якім Беата і абвянчала дачку (ужо ў трэці раз!). Аднак пасля аблогі касцёл вымушаны быў адчыніць браму графу Лукашу, і ў выніку Альжбета ўсё ж мусіла стаць яго жонкай, тым болыы што князь Слуцкі хутка затым памёр (гэты сюжэт знайшоў адлюстраванне ў аповесці Вольгі Іпатавай «Чорная княгіня»).

Сама ж Беата, каб не дапусціць ненавіснага ёй Гурскага да спадчыны свайго мужа, у 1564 г. паўторна выйшла за буйнога польскага магната Альбрэхта Ласкага, якому і адпісала ўсе маёнткі (паводле польскага права яна магла зрабіць гэта). Ласкага, аднак, таксама прываблівалі толькі багацці Астрожскіх. Атрымаўшы запіс на маёнткі, ён адхіліў жонку ад усіх спраў і некалькі год трымаў яе пад дамашнім арыштам [14].

Альжбета Астрожская пасля смерці графа Лукаша ў 1573 г. разам са сваім дзядзькам Канстанцінам паспрабавала вярнуць сабе маёнткі, якія яе маці падаравала Альбрэхту Ласкаму, але апошні, відаць, захаваў фактычны кантроль над імі, а пасля смерці Беаты ў 1576 г. падараваў іх каралю. Свае правы на бацькоўскую спадчыну Альжбета завяшчала Канстанціну Астрожскаму, ад якога гэтыя правы затым перайшлі да яго зяця Крыштафа Радзівіла па мянушцы Пярун, аднаго з буйнейшых магнатаў у дзяржаве. Апошні, карыстаючыся сваім вялізным аўтарытэтам, у 1597 г. здолеў дамагчыся таго, каб кароль вярнуў яму колішнія ўладанні Беаты, сярод якіх было і Копыскае графства з далучаным да яго Раманавам [15]. 3 гэтага моманту на доўгі час Раманава зрабілася ўласнасцю славутага роду Радзівілаў (схема 6).

Тым часам адным з саўладальнікаў суседняй Горскай воласці стаў старэйшы сын Івана Сапегі і Багданы Друцкай Леў Сапега — будучы канцлер Вялікага княства і адзін з яго найболыы таленавітых дзеячаў. Пры падзеле мацярынскай спадчыны ён атрымаў апрача іншага ўсю яе долю ў Горках, Шышаве і Басеі [16], астатнім братам дасталіся іншыя маёнткі. Саўладальнікамі Льва Сапегі на той момант былі сын князя Абрагама Горскага Юрый (схема 2), унук Івана Гарнастая Геранім і верагодны сын Ульяны Падбярэзскай Андрэй Цеханавецкі (схема 3).

Да гэтага часу вынікі разбурэнняў, прынесеных Лівонскай вайной, былі ўжо пераадолены, хаця стары замак у Горах так і не адрадзіўся. Узамен Леў Сапега пабудаваў побач з ім новы замак бастыённага тыпу [17]. Увогуле ён імкнуўся пераадолець у сваіх уладаннях феадальную цераспалосіцу, ператварыць кожнае з іх у эфектыўны гаспадарчы механізм. 3 гэтай мэтай на працягу 1590-х гадоў ён ажыццявіў шэраг абменаў і купляў са сваімі саўладальнікамі, у выніку якіх Горская воласць (ці, як яе хутка пачалі называць, Горы-Горацкае графства) цалкам апынулася ў яго руках і стала адным з буйнейшых маёнткаў у дзяржаве.

У сваім маёнтку Леў Сапега правёў так званую валочную памеру — рэформу сістэмы павіннасцей, якая паступова ажыццяўлялася ў ВКЛ з другой паловы XVI ст. Раней усе павіннасці на карысць феадала вызначаліся на кожны сялянскі двор («дым») альбо нават на ўсю вясковую абшчыну з наступнай раскладкай па «дымах». Характар і аб'ём гэтых павіннасцей у розных мясцінах вельмі адрозніваўся. Валочная памера прадугледжвала пэўную уніфікацыю. Уся сельскагаспадарчая зямля маёнтка падзялялася на стандартныя ўчасткі — валокі, за карыстанне якімі вызначаліся фіксаваныя памеры грашовых (чынш) альбо адпрацовачных (прыгон) павіннасцей. Сялянскі двор у залежнасці ад колькасці працоўных рук мог атрымаць у карыстанне цэлую валоку, яе палову, 2/3 альбо 1/3 і нават меншую частку. Прапарцыянальна таму вызначаўся памер павіннасцей, накладзеных на гэты двор. Найболын тыповыя надзелы на практыцы вагаліся паміж 1/3 і 2/3 валокі, у сярэднім — каля паўвалокі.

Калі ў маёнтку ўводзілася чыншавая сістэма, уся зямля дзялілася паміж сялянскімі сем'ямі, якія самі апрацоўвалі яе, збіралі і прадавалі ўраджай, а пану аддавалі фіксаваную грашовую суму, у дадатак да якой звычайна меліся і невялікія натуральныя паборы (дзежка ці паўдзежкі збожжа, курыца, мёд і інш.). Калі ж у маёнтку ўводзіўся прыгон, частка зямлі адводзілася пад фальварак, у якім трымальнікі кожнай валокі павіны былі адпрацаваць на сельскагаспадарчых работах некалькі чалавека-дзён на тыдзень. Увесь ураджай з фальваркавай зямлі цалкам ішоў пану.

У бібліятэцы Віленскага дзяржаўнага універсітэта захаваліся некаторыя дакументы з архіва Льва Сапегі, у тым ліку інвентар маёнтка Шышава за 1609 г. [18]. Да яго на той час адносіліся 13 вёсак (Буда, Марозава, Кацялёва, Шарыпы, Сава і інш.), з якіх ішоў чынш у агульным памеры 1349 коп і 17 грошаў (капа — лічбавая адзінка ў 60 грошаў). Для параўнання: бочка ячменю тады каштавала 20 грошаў, аўса — 15 грошаў, бочка пшаніцы ці пуд мёду — 1 капу (60 грошаў). Захаваўся таксама рэестр чыншу з усіх маёнткаў Льва Сапегі за 1624 г. У той час з маёнткаў Горы і Шышава разам ішоў чынш у памеры 15 692 злотых і 6 грошаў (1 злоты раўняўся 24 грошам), а з валасцей Якаўлевічы (зараз у Аршанскім раёне на мяжы з Горацкім) і Басея — 4835 злотых.

Крыху больш позні інвентар 1666 г. [20] сведчыць, што Горы-Горацкі маёнтак тады складаўся з двух войтаўстваў: Горацкага з 37 вёскамі і Горскага з 39 вёскамі. Цэнтрам першага з іх было мястэчка Горкі, у якім мелася 470 мяшчанскіх пляцаў і звыш 35 валок ворыўнай зямлі, цэнтрам другога — мястэчка Горы з 210 пляцамі і 33 валокамі. Буйнейшымі сёламі ў маёнтку былі Масалыкі (звыш 53 валок), Клядневічы (29 валок), Андрухі (25 вал.), Мядзведзева (16 вал.), Вялікія Шарыпы (15 вал.). Асноўная маса паселішчаў налічвала ад 1 да некалькіх валок зямлі. Тым не менш агульны зямельны фонд маёнтка ахопліваў звыш 1422 валок (каля 30 тыс. га).

У Шклоўскім графстве валочная памера адбылася ў 1614 г. Яго ўладальнік граф Аляксандр Хадкевіч абраў прыгонную форму гаспадарання. Быў заснаваны цэлы шэраг фальваркаў. 3 іх землі Басейскай воласці, што ахоплівала і частку Горацкага раёна, адносіліся да фальварка Сарціслаў. У сярэдзіне XVII ст. гэтая воласць падзялілася на Сасноўскае, Кішчыцкае і Сарціслаўскае войтаўствы. У апошнім з іх у 1650 г. упамінаюцца сёлы Гулідаўка, Ходараўка, Аўсянка, Крыўцы, Шэды, Любіж. Іншую частку колішняй Басейскай воласці займала Казловіцкае войтаўства, у якім тады ж існавалі сёлы Хамінічы, Маслакі, Грывец і Паўна [21].

Паміж гэтымі двума абшарамі Шклоўскага графства ўклініваўся кавалак Басейскай воласці, які належаў Льву Сапегу, а затым яго нашчадкам. Там знаходзіліся сёлы Сялец, Палёнка, Асіповічы, Анікавічы. Два паселішчы са складу гэтай воласці, а менавіта Міхайлавічы і Бася, былі падараваны кімсьці з Сапегаў Аршанскаму базыліянскаму кляштару і з таго часу заставаліся яго ўласнасцю да канца існавання ВКЛ.

Захаваліся і інвентары маёнтка Раманава за 1647 і 1648 гг., калі ён належаў унуку Крыштафа Пяруна Багуславу Радзівілу [22]. У мястэчку Раманава тады было 44 пляцы, колькасць мяшчанскіх двароў на якіх адзін інвентар вызначае ў 56, а другі — у 74. У маёнтку было 27 вёсак, з якіх частка сёння знаходзіцца ў Дубровенскім раёне. Буйнейшымі былі Стараселле (27 валок, 52 двары), Чашнікі (22 валокі, 53 двары), Сысоева (20 валок, 40 двароў), Трыгубы (16 валок, 40 двароў), Старына (15 валок, 37 двароў).

Характэрнай асаблівасцю гісторыі Горацкага раёна ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай было тое, што практычна ўся яго тэрыторыя ўваходзіла ў склад некалькіх буйнейшых магнацкіх латыфундый у дзяржаве. Тут зусім не было дробных шляхецкіх маёнткаў, сфармаваліся толькі неабсяжныя ўладанні самых славутых родаў: Сапегаў, Хадкевічаў, Радзівілаў. Пры гэтым такія буйныя маёнткі, як Горы-Горкі і Раманава, былі толькі часткамі вялізных маёнткавых комплексаў, раскіданых па ўсёй Беларусі і Літве.

Каля сярэдзіны XVII ст. гэтыя комплексы адзін за адным змянілі сваіх уладальнікаў. У Аляксандра Хадкевіча, які валодаў Шклоўскім графствам, засталася толькі дачка Ефрасіння Ганна, якая была жонкай польскага пана Пракопа Сеняўскага і памерла ў маладым узросце. Шклоў пасля гэтага заставаўся ў руках удавы Аляксандра Хадкевіча, а затым перайшоў у спадчыну да сына Ефрасінні Ганны, пасля чаго некалькі дзесяцігоддзяў быў уласнасцю роду Сеняўскіх (схемы 8, 9).

Пасля Льва Сапегі засталіся тры сыны, але ўсе яны не пакінулі нашчадкаў. Апошні з іх, Казімір Леан, паміраючы ў 1656 г., завяшчаў свае шматлікія вотчыны блізкім і далёкім родзічам [23]. У прыватнасці, Басейская воласць у ліку іншых маёнткаў дасталася яго стрыечнай пляменніцы Ганне, удаве Станіслава Нарушэвіча, а Горы-Горацкае графства — стрыечнай сястры Зоф'і, удаве князя Канстантыя Палубінскага (схема 4).

Біржайская галіна Радзівілаў, якой належала Раманава, спынілася па мужчынскай лініі ў 1669 г. са смерцю Багуслава. Яго спадчына дасталася дачцэ Людвіцы Караліне, якая паслядоўна была жонкай двух нямецкіх магнатаў (схема 6). Значна пазней іншая, нясвіжская галіна Радзівілаў набыла ад удаўца Людвікі Караліны князя Нейбургскага ўсе яе вотчыны, у тым ліку і Раманава.

У сярэдзіне XVII ст. тэрыторыя раёна зноў зведала спусташэнне падчас жорсткай вайны паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Ужо напачатку вайны, летам 1654 г., маскоўскія войскі занялі Горскі замак, гарнізон якога здаўся без бою. Спачатку насельніцтва даволі прыязна сустрэла войска расійскага цара, які абвясціў сябе абаронцам праваслаўных ад каталіцкага засілля. Хутка, аднак, стала відавочна, што маскоўцы вядуць сябе як звычайныя захопнікі, якіх цікавіць толькі нажыва. Шмат народу яны захапілі ў палон, каб пазней прадаць ці ператварыць у халопаў. Нямала горскіх мяшчан было пераселена ў Маскву.

Ужо ў канцы 1655 г. з'яўляюцца ўпамінанні пра дзеянні партызан у ваколіцах Гор. Асабліва моцная ўспышка антымаскоўскага руху адбылася ў сакавіку 1659 г., калі з суседняга Мсціслаўскага павета зайшоў казацка-сялянскі атрад палкоўніка Івана Рыдара. Гэты атрад нават учыніў аблогу Горскага замка і толькі пасля падыходу новых расійскіх войскаў адышоў назад да Мсціслава, папаўняючы у навакольных вёсках запасы правіянту .

У жніўні — верасні наступнага 1660 г. асноўнае войска ВКЛ, паступова вяртаючы страчаныя тэрыторыі, заняло Шклоў і Копысь. У кастрычніку крыху на поўдзень ад Горацкага раёна на рацэ Басі адбылася вялікая бітва беларуска-літоўскага войска з маскоўцамі. Аднак гэтае наступленне не прывяло да поўнага вызвалення тэрыторыі раёна. Яна апынулася як бы ў прамежкавай зоне, на якую перыядычна заходзілі вайсковыя аддзелы абодвух бакоў. Толькі ў 1665 г. было дасягнута трывалае замірэнне. Мяжа ВКЛ з Расіяй была адноўлена ў тым выглядзе, у якім яна існавала з 1522 г. — па ўсходняй мяжы сучаснага раёна.

Нягледзячы на ваеннае спусташэнне, Горы-Горацкае графства заставалася ад-ным са значнейшых маёнткаў у краіне. У другой палове XVII ст., калі яно належала князям Палубінскім, колькасць сялянскіх двароў у ім вагалася паміж 1500 і 1700, а колькасць падданых, напэўна, — вакол лічбы ў 10 тысяч.

У 1683 і 1685 гг. адзін за адным у прыкладна трыццацігадовым узросце памерлі два браты Палубінскія, якім належала Горы-Горацкае графства. У іх засталіся дзве сястры, з якіх старэйшая, Ганна Марцыяна, была жонкай Дамініка Мікалая Радзівіла (з клецкай галіны гэтага роду), а малодшая, Ізабела, не дасягнула яшчэ паўналецця. Маёнтак Горы-Горкі стаў яе шлюбным пасагам. У 1686 г. яна выйшла замуж за пана Ежы Станіслава Сапегу, аддаленага родзіча колішніх уласнікаў Гор і Горак, сына віленскага ваяводы Казіміра Яна Сапегі (схема 7).

Свёкар Ізабелы Палубінскай у канцы XVII ст. быў бадай што найбольш уплывовай асобай у ВКЛ. Аднак яго прага да ўсеўладдзя парадзіла яму шмат ворагаў. Ва ўмовах шляхецкай анархіі, якая набірала тады моц у Рэчы Паспалітай, гэта прывяло да сапраўднай грамадзянскай вайны паміж кланам Сапегаў і іх праціўнікамі. Пацярпеўшы паражэнне ў гэтай барацьбе, Казімір Ян Сапега разам са сваімі родзічамі перайшоў у 1704 г. на бок шведскага караля Карла XII і прыняў актыўны ўдзел у Паўночнай вайне. Хаця гэтая вайна вялася галоўным чынам паміж Расіяй і Швецыяй, асноўныя баявыя дзеянні адбываліся на зямлі Рэчы Паспалітай.

У ваеннай калаверці Казімір Ян Сапега і яго сын Ежы Станіслаў, які па жонцы валодаў Горы-Горацкім графствам, страцілі кантроль над сваімі маёнткамі. Горы-Горкі, як і суседняе Дубровенскае графства Казіміра Яна, спачатку захапіў адзін з правадыроў антысапегаўскай кааліцыі Людвіг Пацей, а затым набліжаны расійскага цара Пятра I князь Аляксандр Меншыкаў. Хаця Сапегі ў канцы Паўночнай вайны паладзілі з каралём Рэчы Паспалітай Аўгустам і атрымалі палітычную амністыю, іх фінансавае становішча было моцна падарвана. Князь Меншыкаў у 1717 г. прапанаваў ім вялікую грашовую суму адступнога за Горы-Горкі, якая, аднак, не была цалкам выплачана [25].

У такіх умовах свае прэтэнзіі да маёнтка выставілі пляменнікі Ізабелы Палубінскай, прадстаўнікі клецкай галіны Радзівілаў, якія па жаночай лініі былі прамымі нашчадкамі папярэдніх уласнікаў. Пасля апалы, якая напаткала ў Расіі Меншыкава, ім удалося на пэўны час завалодаць Горы-Горацкім графствам [26], хаця сын Ежы Станіслава Сапегі Антоні Казімір і спрабаваў адсудзіць спадчыну сваёй маці.

У выніку досыць заблытаных акалічнасцяў спрэчны маёнтак быў зноў прададзены. Яго набыў каля 1740 г. віцебскі ваявода Ян Міхал Салагуб, пасля смерці якога ў 1748 г. маёнтак быў падзелены на дзве часткі (маёнткі Горкі і Горы) паміж яго сынамі.

Тым часам род паноў Сеняўскіх, уладальнікаў Шклоўскага графства, таксама згас па мужчынскай лініі. Адзінай спадчынніцай засталася Марыя Зоф'я Сеняўская, якая была жонкай Станіслава Дэнгофа. Хутка аўдавеўшы, яна выйшла замуж за князя Аўгуста Аляксандра Чартарыйскага, ва ўладанні якога маёнтак і застаўся да першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г., калі тэрыторыя раёна адышла да Расійскай імперыі.

Праз кароткі час, у самым канцы 1777 г., князі Чартарыйскія прадалі Шклоўскае графства аднаму з фаварытаў Кацярыны II, выхадцу з Сербіі Сямёну Зорычу. Пасля яго смерці ў 1799 г. абцяжараны вялізнымі даўгамі маёнтак адышоў да яго брата Давыда Няранчыча Зорыча, затым да пляменніка Сямёна Чарнаевіча. Пасля смерці апошняга ў 1813 г. Шклоўскае графства перайшло за даўгі да дваранскага апякунскага савета [27], а ў 1821 г., пасля смерці ўдавы Чарнаевіча, было распрададзена па кавалках. Пры гэтым адну яго частку (у тым ліку вёску Хамінічы) купіла княгіня Валконская, вёскі Маслакі, Лямцы і Шапялёўку — пан М. I. Цуката, абшар з вёскамі Шэды, Крыўцы, Ходараўка, Гулідаўка, Любіж — Д. А. Лелякоўскі [28].

3 пераходам пад уладу Расіі ў 1772 г. пачаўся новы этап у гісторыі сённяшняга Горацкага раёна. На новадалучаных да Расіі землях былі зменены адміністрацыйныя межы. Тэрыторыя раёна, якая раней цалкам уваходзіла ва ўтвораны ў 1565 г. Аршанскі павет Віцебскага ваяводства, апынулася падзеленай паміж чатырма паветамі новаўтворанага Магілёўскага намесніцтва Расійскай імперыі. Як вынікае з картаў генеральнага межавання Магілёўскага намесніцтва за 1785 г. і тлумачэнняў да іх [29], радзівілаўскі маёнтак Раманава, больш дробны маёнтак Гарадзец на самай мяжы са Смаленшчынай, які тады належаў графу Пацею, а таксама большая частка маёнтка Горкі Юзафа Салагуба ўвайшлі ў Аршанскі павет. Асноўная частка маёнтка Горы Юрыя Салагуба і паўднёвая частка маёнтка Горкі адышлі да Чавускага павета, а самы паўднёва-ўсходні куток раёна (сучасны Копцеўскі сельсавет) — да Мсціслаўскага. Вузкая паласа Горацкага маёнтка з сялом Тушавая, усе землі Шклоўскага графства і маёнтка Сялец (ён тады належаў Міхаілу Лабкоўскаму), а таксама фальварак Міхайлавічы з засценкам Бася (уладанне аршанскіх базыліянаў) былі ўключаны ў Копыскі павет. Калі не ўлічваць часовыя змены ў час панавання імператара Паўла, гэты адміністрацыйны падзел захаваўся ў далейшым да сярэдзіны XIX ст.

 

Тэрыторыя Горацкага раёна ў сярэдзіне XVII ст.

Тэрыторыя Горацкага раёна ў сярэдзіне XVII ст.

1 - мястэчкі; 2 - значныя сёлы; 3 - сучасныя межы Горацкага раёна; 4 - межы ваяводстваў Рэчы Паспалітай; 5 - межы маёнткаў; 6 - цэнтры маёнткаў.
Лічбамі на карце абазначаны: 1 - тэрыторыі, якія належаць Шклоўскаму графству; 2 - Копыскае графства; 3 - часткі тэрыторыі Магілёўскай эканоміі.

Карту склаў В. Насевіч.

 

  1. Алексеев Л. В. Смоленская зямля в IX — XIII вв. М., 1980.
  2. Бектинеев Ш. И., Левко О. Н. Средневековые Горы // Сярэдневяковыя старажытнасці Беларусі. Мн., 1993. С. 8-19.
  3. Мяцельскі А. А. Некаторыя пытанні гістарычнай геаграфіі Смаленскай зямлі XII — XIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік памяці Міхася Ткачова. Ч. 2. Мн., 1993. С. 60 — 77.
  4. Насевіч В. Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV — XVI ст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992. С. 80-104.
  5. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1897.
  6. Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1. Спб., 1846. С. 168-170.
  7. Wolff J. Kniaziowie ... S. 137-138; Аддзел рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, ф. 1, спр. 164, л. 1.
  8. Archiwum ksiazat Sanguszkow w Slawucie. Т. 4. Lwow, 1890. S. 395; Wolff J. Kniaziowie ... S. 537—540.
  9. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 248, л. 60.
  10. Там жа, л. 61.
  11. Там жа, спр. 247, л. 1004.
  12. Wolff J. Kniaziowie ... S. 151 — 153, 672— 673; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, ф. КМФ-18, воп. 1, спр. 27, л. 27; Там жа, спр. 229, л. 214; спр. 235, л. 1.
  13. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей РДГА). Ф. 1526, воп. 1, спр. 1024, л. 6.
  14. Wolff J. Kniaziowie... S. 98—106, 347—356.
  15. Sapiehowie, materyaly historyczno-genealogiczne i majatkowe. T. 1. Petersburg, 1890. S. 154.
  16. Там жа, S. 144.
  17. Ткачоў М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 103.
  18. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Віленскага дзяржаўнага універсітэта, спр. Р4-36926 (А-4045).
  19. Там жа, спр. Р4-34354 (А-1795).
  20. Там жа, спр. Р4-34352 (А-1793).
  21. Topolska М. Dobra Szklowskie na Bialorusi Wschodniej. Warszawa, 1969.
  22. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. КМФ-5, воп. 1, спр. 3550, 3551.
  23. Sapiehowie... Т. 2. Petersburg, 1891. 5. 245—260.
  24. Сагановіч Г. Невядомая вайна. Мн., 1995. С. 77, 81; Ткачоў М. А. Замкі і людзі. С. 105.
  25. Троицкий С. М. Хозяйство крупного сановника России в первой четверти XVIII в. (по архиву князя А. Д. Меншикова) // Россия в период реформ Петра I. М., 1973. С. 215-248; Sapiehowie ... Т. 3. Petersburg, 1894.
  26. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 1177, воп. 1, спр. 3381, 3382.
  27. РДГА, ф. 1526, воп. 1, спр. 1024, л. 8, 19 адв.
  28. Там жа. Спр. 1087, л. 371, 410, 413, 457.
  29. Там жа. ф. 1350, воп. 312, спр. 16, 94, 95.