Каранацыя Міндоўга ў кантэксце падзей сярэдзіны ХІІІ ст. (1992)
Сярэдзіна XIII ст. была адным з найбольш складаных перыядаў у гісторыі Усходняй Еўропы. I вялізную ролю ў гэты перыяд давялося адыграваць Новагародку ці Ноўгарадку (так звычайна называлі ў Сярэднявеччы сучасны Навагрудак). У першай трэці ХІІІ ст. ён быў цэнтрам аднаго з перыферыйных княстваў Кіеўскай Русі, на памежжы з Літвой.
Адразу адзначым, што мы не падзяляем думку М. Ермаловіча пра месцазнаходжанне «летапіснай Літвы» на ўсходзе і паўднёвым усходзе ад Навагрудка [1]. Тапонімы «Літва» ў гэтым рэгіёне не маглі б з'явіцца, калі б усё тамашняе насельніцтва было літоўскім — такую назву маглі атрымаць толькі калоніі чужынцаў-мігрантаў ці ваеннапалонных. Паводле археалагічных звестак, балцкае насельніцтва тут у старажытнарускі час (ужо з XI ст.) не прасочваецца, затое бясспрэчна існавала моцнае плямённае ўтварэнне ў арэале культуры ўсходнелітоўскіх курганоў (усход сучаснай Літвы з сумежнымі часткамі Беларусі, да возера Нарач, Налібоцкай пушчы і Ліды на ўсходзе) [2]. Цэнтр гэтай культуры прыходзіўся якраз на раён Вільні і Трокаў — пазнейшых палітычных цэнтраў Літвы. Напэўна, менавіта там і была першапачатковая протадзяржава літоўцаў.
Пад уздзеяннем як працэсаў унутранага развіцця, так і пагрозы з боку крыжакоў, Літва ў гэты час уступіла ў перыяд палітычнай цэнтралізацыі. Крыніцы пачатку стагоддзя нагадваюць шматлікіх літоўскіх князькоў, а ўжо ў 1235 г. Іпацьеўскі летапіс паведамляе пра «Литву Мендога» — палітычнае ўтварэнне, на чале якога стаяў адзіны правадыр, князь Міндоўг. Разам з Навагародскім княствам, на чале якога ў той момант стаяў князь Ізяслаў, Літва з'яўлялася ці то саюзнікам, ці то васалам моцнага Уладзіміра-Валынскага княства [3]. Але адносіны літоўцаў з Руссю былі не толькі саюзнымі — летапісы неаднаразова паведамляюць пра драпежніцкія набегі літоўцаў і карныя паходы рускіх князёў у адказ. Баярства Ноўгарадка і іншых памежных княстваў у гэтых умовах павінна было мець цесныя сувязі з літоўскай знаццю — гэтак жа, як паўднёварускія княствы мелі асабліва шчыльныя кантакты з полаўцамі. Рашаючая змена палітычнай сітуацыі адбылася ў 1237 — 1240 гг., калі землі Кіеўскай Русі зведалі жорсткую татарскую навалу. Гэта не быў разавы набег дзеля здабычы —дамогшыся ваеннай перамогі, татары пачалі метадычна падпарадкоўваць свайму непасрэднаму кантролю ўсе часткі калектыўнага ўладання Рурыкавічаў, у тым ліку і тыя, што не зведалі непасрэднае разбурэнне. Князі ацалелых гарадоў атрымалі загад ехаць у Арду, каб атрымаць з рук хана падцверджанне сваіх правоў на ўладу.
Хаця беларускія землі Кіеўскай Русі (у першую чаргу Навагародская і Полацкая) пазбеглі ваеннага разбурэння, іх, безумоўна, чакаў той жа лёс, што і Смаленск ці Вялікі Ноўгарад — раней ці пазней там з'явіліся б татарскія баскакі і перапісчыкі. Але мясцовае баярства пайшло на рады-кальны крок — разрыў са старажытнарускай палітычнай сістэмай, пры якой уся Русь лічылася сумеснай вотчынай Рурыкавічаў. У Новагарадку замест Ізяслава (лёс яго невядомы) князем становіцца Міндоўг. Нешта падобнае адбылося і ў Полацку. У 1248 г. рымскі папа накіраваў пасланне да «новаахрышчанага князя Полацка» (на жаль, імя яго не называецца) [4], а крыху пазней там будзе княжыць пляіменнік Міндоўга Таўцівіл.
На жаль, мы не ведаем падрабязнасцяў з'яўлення Міндоўга ў Ноўгарадку. Толькі значна больш позні Густынскі летапіс прыводзіць урывачную звестку пра яго хрышчэнне ў праваслаўную веру [5]. У крыніцах, сучасных падзеям, гэтай звесткі няма. Што да Полацка, то Іпацьеўскі летапіс паведамляе, як Міндоўг пасля ўладкавання ў Ноўгарадку паслаў сваіх родзічаў і васалаў на захоп Полацка і Смалёнска: «хто приемлет, собе держит» [6]. Але гэта не быў захопу чыстым выглядзе, бо вакняжанне таксама суправаджалася хрышчэннем (папскае пасланне выразна сведчыць пра гэта).
На нашу думку, змена ўлады была ў інтарэсах абодвух бакоў. Літоўскія князі павялічвалі свае ўладанні, а мясцовае насельніцтва набывала шанц ухіліцца ад куды больш цяжкага прыгнёту Арды. Час паказаў прадбачлівасць гэтага кроку: з усіх балцкіх народаў толькі Літва, якая магла абапірацца на моц Навагарадчыны і Полаччыны, пазбегла крыжацкага заваявання, а з усіх княстваў Русі толькі тыя, што прынялі літоўскіх князёў, пазбеглі падначалення Ардзе.
Але ў самы момант выбара ніхто, вядома, не мог быць упэўненым у яго выніках. Напэўна, было супраціўленне сярод часткі мясцовага баярства, як і сярод часткі літоўскай знаці, якая не жадала празмернага ўзвышэння Міндоўга. Тым больш ні татары, ні крыжакі, ні найбольш моцныя з ацалелых Рурыкавічаў не мелі падстаў вітаць такі ход падзей у Панямонні і Падзвінні. Адразу пачаліся спробы спыніць працэс утварэння новай двухэтнічнай дзяржавы.
На першым этапе асаблівую актыўнасць разгарнулі Лівонскі ордэн (паўночны сусед Літвы) і Галіцка-Валынскае княства (паўднёвы сусед Наўгародчыны). Яны выкарысталі (а магчыма, інспірыравалі) канфлікт паміж Міндоўгам і Таўцівілам. Вядома, валынскі летапісец маўчыць пра патаемныя сувязі Таўцівіла з Валынню, але не ўтойвае яго фактычную здраду на карысць лівонцаў: «ведаху бо — аще Тевтивил не бы изгнан, Литовская земля в руку бе их» [7]. Замах з боку Міндоўга на жыццё Таўцівіла і канфіскацыю яго маёмасці Іпацьеўскі летапіс падае як акт зладзейства, але ці не было гэта толькі неабходнай абаронай?
Пасля выгнання з Літвы Таўцівіл знайшоў прытулак на Валыні, і прыкладна ў 1249 г. (датыроўкі Іпацьеўскага летапіса не зусім дакладныя) пачала складацца магутная кааліцыя, накіраваная супраць Міндоўга: галіцка-валынскія князі Даніла і Васілька Раманавічы, Таўцівіл, Лівонскі ордэн і князь суседняй Жамойці Выкінт, які выкарыстаў сітуацыю, каб пазбавіцца залежнасці ад Літвы. На гэтым этапе ў баку засталіся толькі татары, занятыя барацьбой за тытул вялікага кагана пасля смерці Гуюк-хана (1248 г.).
Ваенныя дзеянні Валыні былі накіраваны перш за ўсё супраць панямонскіх княстваў, што прынялі ўладу Міндоўга: яе войскі паваявалі Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў, але да Ноўгарадка, напэўна, дайсці не здолелі [8]. У 1250 г. Даніла Раманавіч накіраваў Таўцівіла ў Рыгу, каб выклікаць больш актыўныя дзеянні лівонцаў. Там Таўцівіл хрысціўся ў каталіцтва, яму паабяцалі войска [9]. Наспяваў трайны ўдар (з Валыні, Лівоніі і Жамонці), і Міндоўг прыклаў ліхаманкавыя намаганні, каб вывесці з гульні хаця б аднаго з ворагаў. Ён выкарыстаў тое, што для Лівонскага ордэна адзінай фармальнай падставай для агрэсіі была мэта хрысціць літюўцаў. I вось Міндоўг згадзіўся на ўвядзенне каталіцтва, фактычна адмовіўся ад сваіх правоў на Жамойць на карысць Ордэна — усё дзеля таго, каб лівонцы перасталі падтрымліваць Таўцівіла.
Гэта быў вымушаны крок, і Міндоўг губляў на ім вельмі шмат, але захоўваў тое, што, напэўна, было для яго ў той момант галоўным —магчымасць утрымаць пад сваёй уладай Літву і Наўгародчыну. Можа, ужо тады ён прадбачліва адчуваў магутны патэнцыял балта-славянскага саюза, з якога пазней вырасла адна з буйнейшых дзяржаў у Еўропе.
Лівонскі ордэн сапраўды быў выведзены з гульні, але пакуль вялася падрыхтоўка хрышчэння і абвяшчэння Літвы новым хрысціянскім каралеўствам (абмен пасольствамі з Лівоніяй і Рымам расцягнуўся прыкладна на два гады), Міндоўгу давялося весці смяротную барацьбу з астатнімі праціўнікамі. У 1251 г. Таўцівіл і Выкінт нанеслі ўдар з боку Жамойці, а ў 1252 Даніла Раманавіч з тым жа Таўцівілам «плениша всю землю Новгородскую», дасягнуўшы ажно Гародна [10].
Падкрэслім гэты момант: Даніла на нейкі час захапіў-такі панямонскія княствы, але нават у даволі спрыяльных палітычных умовах не здолеў утрымаць іх за сабой, што ўдалося абкладзенаму з усіх бакоў ворагамі Міндоўгу. Наўрад ці так адбылося б, калі б навагародцы лічылі літоўцаў захопникамі, а валынян — вызваліцелямі. Трэба ўлічваць і тое, што якраз у гэты час уладар Залатой Арды Бату-хан правёў у вялікія каганы свайго стаўленіка і здолеў зноў заняцца рускімі справамі. У тым жа 1252 г. яго ваявода Няўруй канчаткова зламіў супраціўленне Паўночна-Усходняй Русі [11]. Стала відавочна, што адносная незалежнасць Галіцка-Валынскага княства — справа часовая, таму ўваход у яго склад суліў Наўгародскай зямлі хуткае з'яўленне татарскіх баскакаў.
На першы погляд, падпарадкаванне літоўскай дынастыі мала чым адрозніваецца ад падпарадкавання Ардзе. Але была прьінцыповая розніца. Літоўцы колькасна не перасягалі жыхароў Беларускага Панямоння, а ў культурным і эканамічным сэнсе значна ім саступалі, да таго ж самі знаходзіліся пад пастаяннай крыжацкай пагрозай. Таму не магло быць і размовы пра сапраўдны прыгнёт з іх боку.
Канешне, не было і адваротнага — заваёвы Літвы з боку Наўгародка, як сцвярджае М. Ермаловіч. Да XV ст. уключна, пакуль этнічная розніца сярод знаці ВКЛ не згладзілася, яе літоўская частка бясспрэчна карысталаея палітычнай перавагай. Але ўзаемапранікненне было настолькі шчыльным, што ўжо ў XIV ст. былая «Літва Міндоўга» і Навагародская зямля ператварыліся ў агульны палітычны цэнтр, ядро Вялікага княства, набылі аднолькавую назву «Літва», якую захавалі ажно да XIX ст., а пасля пашырэння дзяржавы доўгі час мелі прывелігірованае становішча адносна Жамойці і «Русі» (тых беларускіх і ўкраінскіх земляў, што былі далучаны пазней). Магчыма, пры іншых умовах адбылося б і зліццё жыхароў Беларускага і Літоўскага Панямоння ў агульны этнас ліцвінаў, як гэта адбылося ў Балгарыі паміж цюркамі і славянамі.
На гэтым шляху важным этапам была каранацыя Міндоўга, якая адбылася прыкладна ў другой палове 1252 г. у тым самым Наўгарадку, які так актыўна аспрэчваў у яго Даніла Раманавіч. Наўрад ці варта разглядаць гэта як прызнанне Наўгарадка сталіцай дзяржавы. Акт каранацыі не абавязкова адбываўся ў сталіцы. Той жа Даніла, напрыклад, прыняў карону не ў Галічы і не ва Уладзіміры, а ў Драгічыне пад час пахода на яцвягаў*. Сваю сталіцу Міндоўг не саступіў бы на васальным праве Раману Данілавічу, як гэта адбылося ўжо ў 1254 г., калі нарэшце паміж Валынню і Літвой быў падпісаны мір [12]. Пры пераемніках Міндоўга іх галоўнымі рэзідэнцыямі былі Кернава, Трокі і Вільня. Выбар жа места каранацыі падкрэсліваў, што намаганні Данілы вярнуць Навагародскую зямлю ў былую палітычную арбіту не прывялі і не прывядуць да поспеху — яна ўжо зрабіла іншы выбар.
Далейшы ход падзей падцвярджае гэта. Ужо ў наступным 1253 г. Даніла зрабіў апошні, трэці па ліку, паход «на Литву на Новгородок» [13], які не прывёў да вынікаў і прымусіў яго пагадзіцца на мір. У хуткім часе Галіцка-Валынскае княства сапраўды капітуліравала перад Ардой, і ў 1259 г. татарскі ваявода Бурундай пры ўдзеле валынскага войска пайшоў на Літву, але не здолеў не толькі падпарадкаваць яе, але і адабраць Навагародчыну [14]. Пазней татары і залежныя ад іх рускія князі ўзнаўлялі такія спробы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Водгукі гэтай жорсткай барацьбы захаваліся ў паданнях пра перамогі беларуска-літоўскага войска над татарамі пад Койданавам, Уздой, Магільнам, Целяханамі і інш [15]. Цяжка сказаць, наколькі гэтыя паданні адлюстроўваюць сапраўдны ход падзей, але далёка не выпадковай уяўляецца іх лакалізацыя менавіта на паўднёвых і ўсходніх межах Навагародскага княствя. Якраз тут павінен быў праходзіць пярэдні край :барацьбы маладой дзяржавы за сваю незалежнасць.
Пабрацімства дзвюх частак новай «Літвы» (у пашыраным сэнсе) захавалася і тады, калі яна вымушана была змагацца з крыжацкай агрэсіяй, якая аднавілася пасля разрыву Міндоўга з хрысціянствам у 1260 г. і асабліва пасля канчатковага заваявання Прусіі Тэўтонскім ордэнам. Крыжацкія набегі, як вядома, закранулі і Беларускае Панямонне. Ужо ў 1284 г. тэўтоны дасягнулі Гародна, а ў 1314 — Новагарадка. У барацьбе на два франты новая дзяржава даказала сваё права на існаванне, а затым пачала павялічваць сваю тэрыторыю за кошт як балцкіх земляў (Жамойць, Дайнава), так і ўсходнеславянскіх, паглынуўшы ў выніку і свайго былога ворага — Валынь. Як ужо азначалася, назва «Літва» пры тэтым замацавалася за пёршапачатковым двухтэнічным ядром. Яна не распаўсюдзілася нават на Жамойць і Полаччыну, якія ўваходзілі ўжо ў дзяржаву Міндоўга і яго сына Войшалка, але пазней на пэўны час адасабляліся. Імя «Літвы», як баявы сцяг, пакрыла сабой толькі тых, хто стаяў разам у еамыя цяжкія часы — літоўцаў-аўкштайтаў і жыхароў Беларускага Панямоння.
- Ермаловіч .М. I. Па слядах аднаго міфа. 2-е выд. Мн., 1991. С. 22—36.
- Волкайте-Кулнкаускене Р. К. Образованне литовской народности (по данным археологии) //Советская этнография. 1979. № 3. С, 21— 46; Археология СССР: Финно-угры и балты в эпоху Средневековья. М., 1987, С. 381— 397; Зверуго Я. Г, Верхнее Понеманье в IX— ХІІІ ввв. Мн., 1989. С. 21-29.
- ПСРЛ. М., 1962. Т. 2, Стб. 776.
- Пашуто В. Т. Образованне Литовского государства. М., 1959. С. 378.
- ПСРЛ. Спб., 1843. Т. 2. С. 341.
- ПСРЛ. М., 1962. Т. 2. Стб. 815-816.
- Там жа. Стб. 817.
- Там жа. Стб. 816.
- Пашуто В. Т. Образованне Литовского государства. С. 378—379.
- ПСРЛ. М., 1962. Т. 2. Стб. 819.
- ПСРЛ. Л., 1927. Т. I. Вып. 2. Стб. 473.
- ПСРЛ. М., 1962. Т. 2. Стб. 827.
- Там жа. Стб. 830—831.
- Там жа. Стб. 827—828.
- ПСРЛ. Мн., 1974. Т. 32. С. 131—122. Легенды і паданні; Мн., 1983. С. 282.