Усё пачыналася з Русі (1994)
Вядома, што беларусы разам з рускімі і ўкраінцамі адносяцца да ўсходніх славян, гэтак жа як палякі і чэхі - да заходніх, а балгары, сербы, харваты - да паўднёвых. Каб растлумачыць, чаму некалі адзіны славянскі ствол расшчапіўся на асобныя галіны, трэба зазірнуць у ранняе сярэднявечча, калі славяне ўпершыню выступілі на гістарычную сцэну.
Шырокае рассяленне славян, як адзначалася ў нашым папярэднім артыкуле, адбылося ў VI стагоддзі. У канцы яго і пачатку наступнага частка славян прарвала кардон Візантыі і рассялілася за Дунаем. Астатнія адхлынулі з тэрыторыі сучасных Венгрыі і РумыніІ на поўнач і аселі доўгім пасам у парэччы Эльбы, Одэра, Віслы, Прыпяці, верхняга Днястра. Там яны пакінулі аднатыпныя археалагічныя помнікі, якія навукоўцы аб'ядноўваюць у пражскую культуру, а з VIІІ стагоддзя - у культуру тыпу Лукі-Райкавецкай і падобныя ёй.
Крыху далей на ўсход, у левабярэжжы сярэдняга Дняпра і вярхоўях Дома, склалася іншая, валынцаўская культура, якая насіла змешаны славяна-качэўніцкі характар. На большай частцы Беларусі ў той жа час існавалі блізкія паміж сабой банцараўская, тушамлянская і калочынская культуры. Калі ў іх складзе і былі славянскія плямёны, то яны даволі выразна адрозніваліся ад тых, што прымалі ўдзел у дунайскіх вандроўках. Галоўную ж ролю тут, хутчэй за ўсё, адыгрывалі балты. У далейшым культурныя асаблівасці банцараўска-тушамлянскага арэала (як і валынцаўскага) развіцця не атрымалі. Іх, відаць, паглынулі новыя міграцыі з арэала Лукі-Райкавецкай.
У выніку гзтых бурных міграцый славянскія плямёны і роды расшчапіліся на часткі і перамяшаліся паміж сабой. Так, адна частка племені сербаў асела на Эльбе, другая ж апынулася за Дунаем, у сённяшняй Сербіі. Суседзямі сербаў на берагах Адрыятыкі сталі харваты, Іншыя ж харваты жылі ў Прыкарпацці. На Валыні і на захадзе Чэхіі аселі асобныя часткі дулебаў, на захадзе Польшчы і ў Сярэднім Падняпроўі - паляне, у парэччы Прыпяці і на Балканах - дрыгавічы (драгувіты).
Такім чынам, нельга сказаць, што славяне ў працэсе рассялення проста падзяліліся на тры асобныя часткі - будучых паўднёвых, заходніх і ўсходніх. Спярша, напэўна, прыпяцкія дрыгавічы былі больш падобнымі да сваіх балканскіх суродзічаў, чым на суседніх палян. У цэлым жа ўсе яны ўяўлялі стракатае, але суцэльнае адзінства. Адасабленне адбылося ў выніку розніцы ў далейшым лёсе.
Тыя плямёны, што аселі на поўдні ад Дуная, змяшаліся з мясцовымі нашчадкамі ілірыйцаў і фракійцаў. Галоўнае ж, што яны трапілі ў сферу моцнага культурнага ўплыву Візантыі, а пасля адыходу сваіх суродзічаў на поўнач апынуліся адносна ізаляванымі ад іх, бо левабярэжжа Дуная занялі цюркамоўныя авары і раманізаваныя волахі (продкі румын і малдаван). Іншыя цюркі, балгары, самі ў далейшым наслаіліся на славян і змяшаліся з імі. Так пачалося фарміраванне паўднёвага славянства.
Паміж астатнімі славянскімі плямёнамі ў VII-VIII стагоддзях яшчэ не было ніякіх бар'ераў. У арэале Лукі-Райкавецкай (у тым ліку на поўдні Беларусі) не прасочваецца і якіх-небудзь слядоў папярэдніх насельнікаў. Калі такі субстрат і заставаўся, ён быў канчаткова аславянены ўжо ў VI стагоддзі. Субстрат жа ў банцараўска-тушамлянскім і валынцаўскім арэалах быў істотна розным. Яго ўздзеянне (і тым больш кантакт з фінамі, што жылі далей на поўнач) не магло прывесці да ўтварэння ўсходнеславянскага адзінства.
Лёс будучых беларусаў, рускіх і ўкраінцаў накіраваўся ў асобнае і першапачаткова адзінае рэчышча толькі з пачаткам фарміравання на абшарах Усходняй Еўропы вельмі цікавай з'явы - дзяржавы, якая атрымала назву Русь. Не зразумеўшы сутнасць гэтага працэсу, цяжка зразумець і ўзнікненне ўсходняга славянства.
Зона змешаных лясоў Усходняй Еўропы доўгі час амаль не цікавіла славян. Але прыкладна з сярэдзіны VIII стагоддзя тут пачынаюць адбывацца значныя змены. Вельмі рэдкімі становяцца археалагічныя помнікі. Гэта, напэўна, сведчыць пра пераход насельніцтва на больш рухомы лад жыцця, калі паселішчы становяцца дробнымі і часта пераносяцца з месца на месца. Тыя ж помнікі, якія раскапаны археолагамі (Ізборск пад Псковам, Ладага і інш.), сведчаць аб этнічнай мешаніне: там прысутнічаюць і фіны, I славяне, і скандынавы. 3 канца стагоддзя ў лясной зоне, а адначасова - на берагах Балтыкі пачынаюць з'яўляцца арабскія сярэбраныя манеты - дырхемы.
Такая колькасць арабскага срэбра магла трапіць сюды толькі ў выніку шырокага гандлю, узамен на пушніну, іншыя тавары лясных промыслаў і, напэўна, рабоў. Якраз у гэты час рабы-"сакаліба" (так арабы называлі жыхароў лясной зоны) з'яўляюцца нават у Кардоўскім халіфаце, у Іспаніі.
Гісторыя ведае прыклады, калі замежны попыт на пушніну і рабоў выклікаў сапраўдную "гандлёвую ліхаманку". Ахопленае ёю насельніцтва ледзь не цалкам кідала звыклыя заняткі і пераключалася на здабыванне тавару. Так адбылося з індзейцамі Паўночнай Амерыкі пасля з'яўлення еўрапейцаў і пачатку пушнога гандлю, з афрыканцамі Нявольнічага берага ў час гандлю рабамі для амерыканскіх плантацый. Нешта падобнае пачалося ў лясной зоне, калі ля яе межаў склаліся Волжская Балгарыя і Хазарскі каганат - гандлёвыя брамы на мусульманскі Усход.
У традыцыйным укладзе мясцовых фінскамоўных народаў не было, відаць, месца ідэалу ўзбагачэння, таму не яны першымі ўключыліся ў гандлёвыя аперацыі. Лясныя абшары наваднілі славяне, якія пад час дунайскіх паходаў зразумелі смак багацця, і скандынаўскія вікінгі, якія якраз у той час распачалі набегі на Заходнюю Еўропу. Напэўна, шведы першымі праклалі шлях з Балтыкі праз Няву і Ладагу ў вадазбор Волгі і ў Булгар. Быў і іншы шлях: па Дняпры ў Чорнае мора, адтуль уздоўж заходняга ўзбярэжжа - у Візантыю, уздоўж паўночнага - у Дон, затым волакам - у Волгу, Хазарыю і на Каспій.
Абодва шляхі эксплуатавалі і вікінгі, і славяне. 3 пачатку IX стагоддзя хутка расце гандлёвае паселішча ў Гнёздаве ля Смаленска, якое кантралявала волак паміж Дняпром і Дзвіной. Нядаўна беларускія археолагі В.Вяргей і А.Іоў адкрылі такое ж паселішча са слядамі прысутнасці скандынаваў у Гарадзішчы на Ясельдзе - ля волаку, што звязаў Балтыку і Нёман з вадазборам Прыпяці і Дняпра.
Знешні гандаль быў настолькі прыбытковай справай, што непазбежна ўзнікала тэндэнцыя да яго манапалізацыі і больш жорсткай арганізацыі. Над агульным слоем "рыцараў нажывы" ўсплывалі найбольш здольныя "акулы бізнесу". Узнікала структура, якая сама сябе падтрымлівала, расла ўшыркі і ўглыб. Сёння б яе назвалі гандлёвай мафіяй, у той час знайшлося іншае слова - "русь". Даўно заўважана, што ў сучасных фінаў слова "Ruotsi" азначае шведаў. Напэўна, яно ўзнікла ад стараскандынаўскага слова са значэннем "дружына" альбо "весляры". Так фіны празвалі вікінгаў, ад іх гэтую назву запазычылі славяне, якія ўключыліся ў гульню крыху пазней. Хутка словы "русь", "русы" ператварыліся ў саманазву шматэтнічнай гандлёва-драпежніцкай праслойкі.
Асноўнай этнічнай дамінантай на абшарах дзеяння русі сталі славяне. У канцы VІІІ-ІХ стагоддзяў на тэрыторыі банцараўска-тушамлянскай культурнай супольнасці, у раёнах Пскова, возера Ільмень распаўсюджваецца характэрны пахавальны абрад (трупаспаленне і насыпанне круглых курганоў), які паходзіць з арэала Лукі-Райкавецкай і сведчыць пра канчатковую славянізацыю азначаных абшараў. Аднак на вядучых ролях апынуліся не славяне, а скандынавы, якія першымі паспелі накапіць "крытычную масу" капіталу.
Недзе ў першай трэці IX стагоддзя манапалізацыя гандлю, відаць, завяршылася. "Гандлёвая мафія" наладзіла атрыманне экспартных тавараў у выглядзе даніны ад мясцовага насельніцтва, узяла пад кантроль выхады на знешні рынак і распачала барацьбу з суседзямі за найлепшыя ўмовы дзеяння на гэтым рынку. Па сутнасці, утварылася протадзяржава, межы якой вызначала распаўсюджанне дырхемаў у лясной зоне. Назвай яе стала назва пануючага кола - Русь.
У 839 годзе да імператара Людовіка Нямецкага лраз Візантыю прыбыла група шведаў, якія назвалі сябе пасламі "хакана Русі". Гэта - адзін з першых пісьмова зафіксаваных фактаў аб дзеяннях новай протадзяржавы. Тытул "хакан" (каган) азначаў прэтэнзіі ўладара Русі на роўнасць з хазарскім каганам I візантыйскім імператарам.
У 860 годзе русы ажыццявілі ваенны паход на Канстанцінопаль, які зрабіў вялікае ўражанне на сучаснікаў. Такія паходы былі паўтораны ў 907 (гэтая падзёя не пацвярджаецца візантыйскімі крыніцамі і таму многімі даследчыкамі ставіцца пад сумненне) і ў 941 годзе. Рабіліся паходы і ў Паўднёвы Прыкаспій, куды русы траплялі гандлёвым шляхам з Чорнага мора праз Дон і Волгу.
Арабскія аўтары IX - X стагоддзяў добра ведалі русаў, якіх яны апісваюць як ваяўнічых купцоў, прычым часам супрацьпастаўляюць "сакалаба", часам - атаясамліваюць з імі. Падарожнік Ібн Фадлан у 922 годзе назіраў у Булгары пахаванне знатнага руса паводле характэрнага абраду - спалення ў ладдзі. Абрад гэты - тыпова скандынаўскі, добра вядомы з раскопак курганоў Швецыі і славяна-скандынаўскага могільніка ў Гнёздаве.
Летапісец Нестар, аўтар "Аповесці мінулых гадоў", які пісаў на пачатку XII стагоддзя, меў у распараджэнні тэксты дагавора Русі з Візантыяй у 907, 911 і 944 гадах. Асноўны змест дагавораў - гарантаванне русам бесперашкоднага збыту іх тавараў у Канстанцінопалі. Дзеля забеспячэння такіх умоў русы і хадзілі на Візантыю. Цікава, што практычна ўсе імёны паслоў і тых, хто іх паслаў, скандынаўскІя: Карл, Інегельд, Фарлаф і г.д.
Візантыйскі імператар Канстанцін Парфірародны ў сярэдзіне X стагоддзя апісаў сістэму, на якой трымалася протадзяржава русаў. Іх уладар штозіму аб'язджаў падуладныя славянскія плямёны (сярод іх названы крывічы, дрыгавічы, севяране і іншыя), збіраючы даніну, якую па вясне на чоўнах сплаўлялі ў Кіеў. Адтуль гандлёвы караван вёз яе ў Канстанцінопаль. Пры гэтым Канстанцін прыводзіць славянскія і рускія назвы дняпроўскіх парогаў. Першыя з іх - сапраўды славянскія (Неясыць, Вульныпраг), іншыя - скандынаўскія (Улворсі, Аіфор). Гэта сведчыць, што яшчэ ў той час пануючае кола русаў не змяшалася цалкам са славянскім насельніцтвам.
Недзе ў XI стагоддзі з'явілася і мясцовая летапісная версія паходжання Русі, прыведзеная пазней Нестарам і невядоным аўтарам Наўгародскага першага летапісу. Быццам бы славянскія плямёны крывічоў і ільменскіх славенаў разам з фінскімі мерай, вессю і мурамой спачатку плацілі варагам даніну, а каля 862 г. запрасілі да сябе князя Рурыка з варажскага народа "Русь". "И от тех варяг прозвася Руска земля" - спачатку наўгародцы-славены. Уладу Рурыка прызналі крывіцкі Полацк, меранскі Растоў, а таксама мурама і весь. Хутка затым два "мужы" з дружыны Рурыка, Аскольд і Дыр, атабарыліся ў Кіеве, адкуль у 865 годзе хадзілі на Канстанцінопаль. У 882 годзе, пасля смерці Рурыка, яго родзіч (паводле Наўгародскага летапісу - ваявода) Алег аб'яднаў Ноўгарад і Кіеў пад адзінай уладай, перанёсшы цэнтр у Кіеў. "И беша у него варязи и словене и прочи, прозвашася русью".
Версія запісана праз два стагоддзі пасля падзей, таму да яе трэба ставіцца асцярожна. Яўна "кульгае" храналогія: Русь пачынае згадвацца ў замежных крыніцах значна раней 862 года, а першы яе паход на Візантыю адбыўся ў 860 годэе. Вялікія сумненні выкліікае і існаванне асобнага варажскага народа з назвай "Русь". Праўда, частка гісторыкаў звязвае яго са славянскім насельніцтвам вострава Руген на поўдні Балтыкі, якое славілася як марскія піраты. Але ж калі прыняць такое тлумачэнне, то не знаходзіцца месца для бясспрэчных фактаў прысутнасці на Русі скандынаваў.
Аднак агульны сэнс падання не супярэчыць іншым фактам, бо ён зводзіцца да ўстанаўлення кантролю русаў спачатку над неўска-волжскім гандлёвым шляхам (Ладага, Ноўгарад, Растоў), а затым і над дзвінска-дняпроўскім (Полацк, Кіеў). Потым распачалася барацьба з Хазарыяй за кантроль над севяранамі і радзімічамі.
Насуперак таму многія гісторыкі, асабліва савецкія, дапускалі, што "Руссю" спачатку называлася Сярэдняе Падняпроўе ў раёне Кіева - Чарнігава - Пераяслава, якое і было сапраўдным дзяржаваўтвараючым цэнтрам. Тэтая версія грунтуецца на тым, што ў летапісах XII-ХІІІ стагоддзяў выяўлена каля двух дзесяткаў упамінанняў Русі менавіта ў такім, вузкім сэнсе, калі яна супрацьпастаўляецца Уладзіміра-Суздальскай,Смаленскай, Наўгародскай, Валынскай і іншым ускраінным землям. Але няма доказаў, што гэты вузкі сэнс азначанага тэрміна з'явіўся раней за шырокі. Замежныя крыніцы абазначаюць словам "Русь" ці то саслоўе ваяўнічых гандляроў, ці то тэрыторыю і дзяржаву, больш шырокія за Сярэдняе Падняпроўе.
Так, шматлікія арабскія географы, абапіраючыся на нейкую крыніцу IX стагоддзя, прыводзяць "блукаючы сюжэт" пра Русь у складзе трох цэнтраў: Куябы (Кіева), Славіі (хутчэй за ўсё - Ноўгарада ці папярэдняга цэнтра ільменскіх славенаў) і Артабы (месцазнаходжанне апошняй дыскусійнае). Канстанцін Парфірародны эгадвае "знешнюю Русь", дзе ў Ноўгарадзе княжыў Святаслаў, сын кіеўскага князя Ігара. Польская хроніка "Дагоме юдэкс", налісаная ў 990-х гадах, ведае пра Русь, якая цягнецца амаль да Кракава і з'яўляецца ўсходнім суседам Польшчы. I пазней, у ХІ-ХІІІ стагоддзях, замежныя крыніцы згадваюць Русь выключна ў шырокім сэнсе. Шмат прыкладаў, калі такім тэрмінам абазначаецца ўся дзяржава, можна прывесці і з мясцовых, рускіх крыніц.
Дарэчы, згадка пра "знешнюю Русь" дапамагае растлумачыць з'яўленне вузкага эначэння інакшым чынам. Бясспрэчна, што не пазней канца IX стагоддзя цэнтр протадзяржавы русаў змясціўся ў Кіеў, які меў выключнае стратэгічнае становішча на дняпроўскім шляху. Але кожны з вярхоўных уладароў (Алег, Ігар, Святаслаў) непасрэдна кантраляваў толькі частку тэрыторыі Русі. На перыферыі (ў "знешняй Русі") знаходзіліся ўладанні сыноў, іншых родзічаў кіеўскага князя, а таксама князёў з іншых дынастый (драўлянскага Мала, полацкага Рагвалода і іншых). Адсутнасць у гэты час асобных князёў у Чарнігаве і Пераяславе дае падставы меркаваць, што непасрэдйыя ўладанні (дамен) вярхоўнага князя якраз і ахоплівалі пазнейшую тэрыторыю Русі ў вузкім сэнсе. Яна атрымала гэтую назву не таму, што ўяўляла сабой "ядро" будучай дзяржавы, а таму што кіеўскія ўладары пакінулі яе за сабой пры вызначэнні ўладанняў сваім васалам.
Пазней, ужо ў XI стагоддзі, велікакняжацкі дамен быў падзелены паміж рознымі галінамі пануючай дынастыі. Права на валоданне часткай гэтага дамена стала для іх увасабленнем калектыўнага сюзерэнітэту над дзяржавай у цэлым. Менавіта таму, на нашу думку, гэтая тэрыторыя так настойліва супрацьпастаўлялася ўскраінным землям.
Нестар, пры якім Русь ужо стала сапраўднай класавай дзяржавай, недвухсэнсоўна акрэслівае кола славянскіх плямён у яе складзе: паляне, драўляне, наўгародцы, палачане, дрыгавічы, севяране, валыняне. Тут жа ён пералічвае "инии языци, иже дань дають Руси", сярод якіх называе як фінскія (чудзь, мера, весь і іншыя), так і балцкія народы (літва, зімігола, корсь). Гэта яскрава сведчыць, што да пачатку XII стагоддзя паняцце "русі" як ваенна-гандлёвай праслойкі адышло на другі план. Побач з назвай дзяржавы слова пачало азначаць агульную саманазву славянскіх (можна ўжо сказаць - усходнеславянскіх) плямён, што стваралі этнічную аснову гэтай краіны.
Вёльмі спрыяла таму афіцыйнае прыняцце хрысціянства ў канцы X стагоддзя. Праўда, хрысціянізацыя доўгі час заставалася знешняй. Прынамсі, два стагоддзі яшчэ захоўваўся паганскі звычай хаваць нябожчыкаў пад курганамі, алё ў мясцовай свядомасці паступова мацнела разуменне сваёй прыналежнасці да праваслаўнага свету. Дарэчы, менавіта азначанае спрыяла адасабленню ад усходняй часткі арэала Лукі-Райкавецкай, які трапіў у сферу заходнееўрапейскіх уплываў і дзе ўмацавалася каталіцкае веравызнанне.
Кансалідацыі на абшарах Русі таксама спрыяла славянізацыя пануючага кола, якая скончылася ў асноўным у другой палове X стагоддзя. Ужо ў летапісных запісах гэтых часоў, на якія абапіраецца "Аповесць мінулых гадоў", скандынаўскія імёны князёў (Хельгі, Інгвар, Рагнвальд) гучаць у славянскай афарбоўцы (Алег, Ігар, Рагвалод). Пачынаючы са Святаслава, князі насілі ўжо чыста славянскія імёны. Зніклі скандынаўскія рысы ў дружынных пахаваннях. Новыя хвалі выхадцаў са Скандынавіі ў ХІ-ХІІ стагоддзях выглядалі ўжо чужакамі, іншаземнымі наёмнікамі на службе ў рускіх князёў.
Такім чынам, менавіта ўтварэнне Русі стала рашаючым фактарам адасаблення ўсходняй галіны славянскага свету. Тыя роднасныя плямёны, якія апынуліся па-за межамі гэтага працэсу і паспыталі іншыя ўздзеянні, утварылі заходнеславянскую галіну.
Мы не закранаем тут пытанне аб мясцовых асаблівасцях у розных частках арэала Русі і іх ролі ў наступным чляненні ўсходняга славянства. Ім будзе прысвечаны асобны артыкул. Адзначым толькі, што для гісторыі Беларусі мела выключнае значенне тое, што яно цалкам апынулася ў складзе Рускай дзяржавы. Часам шмат увагі ўдзяляецца пытанню, ці падпарадкоўвалася, напрыклад, Полацкае княства Кіеву ў той ці іншы момант гісторыі. Нам здаецца памылкай зводзіць усё толькі да фактару палітычнай залежнасці. У больш шырокім сэнсе не выклікае сумненняў, што і Полаччына, і тым больш іншыя часткі Беларусі трывала знаходзіліся ў агульным рэчышчы тых з'яў і працэсаў, пра якія ішла наша размова.
Лясная зона ўсходняй Еўропы ў XIII - X стст.
1 - культура тыпу Лукі-Райкавецкай VIII ст.
2 - гандлёвыя шляхі.
3 - знаходкі арабскіх манет IX ст.
4 - знаходкі скандынаўскіх рэчаў IX - X стст.