Дучыц Л., Насевіч В. Беларускія землі ў ХІ - пачатку ХІІІ ст. (2008)
Карта з'яўляецца спробай рэканструкцыі тэрытарыяльнай структуры, якая склалася на Беларусі на працягу азначанага перыяду. Зыходным быў падзел на племянныя княжанні, тэрыторыі якіх прыблізна вызначаюцца паводле этнавызначальных упрыгажэнняў, асабліва ў жаночых пахаваннях. Як можна пабачыць, зоны бытавання такіх рэчаў часткова перакрываюцца, таму дакладныя межы правесці немагчыма.
Пазней этнічная структура змянілася на палітычную. Тэрыторыя Русі падзялілася на воласці, цэнтрамі якіх былі гарады. Заснаванне новага горада, напэўна, прыводзіла да перадачы пад яго падпарадкаванне навакольнай тэрыторыі, якая ўтварала асобную воласць. Такім чынам, валасная структура не была нязменнай - час ад часу воласці драбніліся і пераразмяркоўваліся. Адна ці некалькі валасцей, выдзеленых ва ўдзел князю, утваралі ўдзельнае княства, лёс якога мог скласціся па-рознаму. Некаторыя княствы існавалі лічаныя гады, каб потым уліцца ў нейкае іншае ўладанне. Але часам такое княства замаоўвалася ў якасці вотчыны пэўнай галіны Рурыкавічаў, у ім узнікалі новыя гарады і воласці. Знешнія межы такой вотчыны змяніць было даволі цяжка, бо суседнія землі таксама мелі сваіх гаспадароў. Дзякуючы гэтаму можна больш-менш дакладна прасачыць гісторыю тэрытарыяльнай структуры, якая выкладалася з валасцей, як мазаіка з асобных кавалкаў. На карце прапанавана рэканструкцыя такой структуры часоў пачатку ХІІІ ст. Зразумела, яна застаецца гіпатэтычнай. Асабліва гэта тычыцца межаў княжацкіх вотчын, пра якія для гэтага часу звестак практычна няма. Вядома, напрыклад, што Клецкая і Случаская воласці ў сярэдзіне ХІІ ст. перайшлі пад уладу чарнігаўскіх князёў. Больш гэтыя воласці не згадваюцца, і мы можам толькі меркаваць, як доўга яны заставаліся пад уладай Чарнігава.