Давыд Гарадзенскі (2005)
Давыд Гарадзенскі (? - 1326), палкаводзец і дзярж. дзеяч ВКЛ, галоўны ваявода вял. кн. Гедыміна. У хроніках называецца кашталянам альбо старастам Гарадзенскага замка і зяцем Гедыміна, у пскоўскім летапісе - князем. На думку В.Тацішчава, быў сынам пскоўскага кн. Даўмонта. Упершыню Д. Г. упамін. у хроніцы П.Дусбурга ў 1314, калі паспяхова ўзначальваў абарону Навагародка супраць крыжакоў. У 1319 узначальваў паход войска ВКЛ на Прусію, у 1323 двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з Даніяй і Лівонскім ордэнам, а таксама зрабіў паход у Добжынскую зямлю ў Польшчы. У 1324 пад час крыжовага паходу быў разбураны яго маёнтак Давыдзішкі ў Літве. У тым жа годзе вадзіў войка ВКЛ у Мазовію, у 1326 - на дапамогу польскаму каралю Уладзіславу Лакатку супраць маркграфства Брандэнбург. У гэтым паходзе здрадніцкі забіты мазавецкім рыцарам, які, верагодна, быў падкуплены крыжакамі.