Даўмонт (2005)

Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.1. – Мінск, 2005. С. 582.

Даўмонт (? – 20.5.1299), князь нальшчанскі (да 1265), служылы князь пскоўскі (1266-99). Паводле Валынскага (Іпацьеўскага) летапіса, ў бытнасць Г. нальшчанскім князем вял. кн. Міндоўг адабраў у яго жонку. Пакрыўджаны Д. прыняў удзел у змове, якая прывяла да забойства Міндоўга (1263), прычым летапіс называе яго непасрэдным выканаўцам забойства. У 1265 сын Міндоўга Войшалк ажыццявіў паход на Літву і Нальшчаны. Каля 300 літоўцаў з жонамі і дзецьмі тады ўцяклі ў Пскоў і прынялі хрышчэнне. Сярод іх быў і Д. (хрысціянскае імя – Цімафей), які ў 1266 быў абраны пскавічамі сваім князем і ажаніўся з дачкой пераяслаўскага кн. Дзмітрыя Аляксандровіча. З дапамогай пскоўскага апалчэння Д. у 1266 двойчы ажыццявіў набегі на Нальшаны, дзе тады княжыў стаўленнік Войшалка Гердзень, захапіў яго жонку і двух сыноў, а самога Гердзеня перамог у бітве на р. Дзвіне. У 1267 Д. з дапамогай наўгародскіх добраахвотнікаў ажыццявіў яшчэ адзін набег на Літву, у пач. 1268 удзельнічаў у няўдалым паходзе кааліцыі князёў, арганізаванай Вялікім Ноўгарадам, супраць Лівонскага ордэна пад Ракавор. Гэта прывяло да паходу ў адказ, якому ў 1269 падвергся Пскоў, але горад быў абаронены з дапамогай наўгародскага князя. У 1271 і 1272 Д. зноў бараніў Пскоў ад лівонцаў. У1282 валодаў Капор’ем у Наўгародскай зямлі, адкуль здзейсніў напад на Ладагу. Узімку 1298 узначальваў абарону Пскова супраць чарговага нападу Лівонскага ордэна. Пасля смерці кананізаваны правасл. царквой.

Кр.: Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. М.; Л., 1950; Псковские летописи. Вып. 1-2. М.; Л., 1941-55.