Насевіч В.Л., Цемушаў В.М. Тэрытарыяльны рост Вялікага княства Літоўскага пры Гедзіміне і Альгердзе. 1315–1377 гг. (2009)
Наступны храналагічны перыяд увасоблены ў карце “Тэрытарыяльны рост Вялікага княства Літоўскага пры Гедыміне і Альгердзе. 1315–1377”.
Улада літоўскіх князёў пашырылася на ўсю тэрыторыю сучаснай Беларусі. Адгэтуль да канца XVIII стагоддзя яе гісторыя была часткай гісторыі ВКЛ. Пры Альгердзе пачалося ваенна-палітычнае процістаянне паміж ВКЛ і іншым аб’яднаўчым цэнтрам, які ўзнік у паўночна-усходняй частцы старажытнарускай тэрыторыі – вакол Масквы. Суіснаванне гэтых цэнтраў прывяло да фармавання двух самастойных этнасаў, якія аднолькава карысталіся старой назвай “рускія”. Ад аднаго з іх паходзіць тытульная нацыя сучаснай Расіі, ад другога – беларусы і украінцы. Такім чынам, падзеі гэтага перыяду мелі выключна важнае значэнне для этнагенезу беларусаў. Галоўнымі крыніцамі па-ранейшаму застаюцца летапісы, якія трэба падзяляць на дзве групы. Адну ствараюць наўгародска-пскоўскія, маскоўска-цвярскія летапісныя зборы і некаторыя ордэнскія хронікі (Пятра з Дусбурга, Германа з Вартберга і інш.), якія вяліся непасрэдна ў гэты перыяд ці крыху пазней. Іх паведамленні, як правіла, дакладныя, але ўрывачныя. Зрэдку ў іх прыводзяцца важныя дакументы (напрыклад, тэксты міжнародных дагавораў). Другую групу ствараюць хронікі, складзеныя праз адно – два стагоддзя пасля падзей. Да іх адносяцца беларуска-літоўскія летапісы і польская хроніка Яна Длугаша. Аўтары гэтых твораў імкнуліся даць суцэльную карціну падзей, як яе сабе ўяўлялі, але ў ёй рэальныя звесткі перамешаны з міфамі і фальклорнымі сюжэтамі. Таму шэраг пытанняў, у тым ліку даты далучэння да ВКЛ пэўных тэрыторый, застаюцца дыскусійнымі. Напрыклад, гісторыкі разыходзяцца ў тым, ці адбываўся сапраўды паход Гедыміна на Кіеў, пра які паведамляюць беларуска-літоўскія летапісы. Аўтар карты схіляецца да думкі, што гэтая звестка не адпавядае рэчаіснасці, таму яна і не ўвасоблена на карце.