Міндоўг (2006)
Міндоўг, Мендог (1195? - 1263), заснавальнік і першы вял. кн. ВКЛ. Паводле крыжацкіх крыніц, быў сынам аднаго з вярхоўных уладароў Літвы пач. 13 ст. (магчыма - Даўгерда, неаднаразова ўпамянутага ў хроніцы Генрыха Латвійскага). Упершыню ўпамінаецца разам са старэйшым братам Даўспрункам сярод «старшых князёў» Літвы, якія падпісалі дагавор 1219 з Уладзіміра-Валынскім княствм. Да сярэдзіны 1230-х гг. дасягнуў аднаасобнай вярхоўнай улады ў Літве або значнай яе частцы. У 1236 «Литва Мендога» знаходзілася ў саюзных ці васальных адносінах з кн. галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам, які выкарыстоўваў яе ваенную моц супраць кн. Конрада Мазавецкага. У 1245 М. зноў дапамагаў Данілу ў яго борацьбе з прэтэндэнтамі на Галіцка-Валынскае княства. Неўзабаве ён далучыў да сваіх уладанняў Наваградскую зямлю і ўладкаваў свайго стаўленіка ў Полацку, што фактычна дало пачатак утварэнню ВКЛ. Пасля гэтага адносіны М. з Данілам сталі варожымі. У познім Густынскім летапісе (17 ст.) паведамляецца пра хрышчэнне М. у праваслаўе ў 1246, аднак гэта не пацвярджаецца больш раннімі крыніцамі. Каля 1248 М. захапіў уладанні сваіх пляменнікаў Эдзівіда і Таўцівіла, што выклікала іх мяцеж, да якога далучыліся жамойцкі кн. Выкінт, Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Каб разбурыць гэтую небяспечную кааліцыю, М. пайшоў на прамыя стасункі з Рымам, у кан. 1250 ці пач. 1251 прыняў каталіцтва, а ў 1253 каранаваўся ў Новагародку каралеўскай каронай, якую даслаў рымскі папа Інакенцій IV. Гэта дазволіла М. выйсці з вайны з мінімальнымі стратамі, хаця ён быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы Раману - Новагародак (на ўмовах васальнай залежнасці ад М.). Каля 1254 М. выдаў дачку за Шварна, другога сына Данілы. Каля 1257 супраць Літвы быў накіраваны сумесны паход татарскага ваяводы Бурундая і галіцка-валынскіх князёў, аднак М. здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіць поўны кантроль над Новагародскай зямлёй. У 1261 ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва. У канцы жыцця карыстаўся неабмежаванай уладай у Літве, што выклікала змову супраць яго князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла, гальшчанскага Даўмонта. У выніку М. быў забіты разам з сынамі Рупекам і Руклем.
Літ.: Maleczyński K. W sprawie autentyczności dokumentów Mendoga z lat 1253-1261 // Ateneum Wileńskie. Wilno, 1936. R.11; Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959; Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993; Gudavičius E. Mindaugas. – Vilnius: Žara, 1998; Міндаў, кароль Літовіі, у дакументах і сведчаннях. Мн., 2005; Mindaugo knyga: Istorijos šaltinai apie Lietuvos karalių. Vilnius, 2005.