У складзе Расійскай імперыі.

Далучэнне да Расіі і становішча Лагойшчыны ў той час.

У другой палове XVIII стагоддзя эканамічнае становічша Беларусі больш - менш палепшылася. Але палітычнае становішча Рэчы Паспалітай заставалася вельмі складаным. Яна не магла на роўных супрацьстаяць моцным цэнтралізаваным дзяржавам, якія паўсталі вакол яе - Расіі, Прусіі і Аўстрыі. Нарэшце ў канцы стагоддзя тэрыторыя ВКЛ была падзелена паміж імі. Пры гэтым Лагойшчына ў 1793 г. адышла да Расійскай імперыі ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай.

Хутка пасля далучэння, у 1795 г. расійскія ўлады правялі перапіс ("рэвізію") насельніцтва, вынікі якога адлюстраваны ў "Эканамічных заўвагах да генеральнага межавання Мінскай губерні" [197]. У гэтым дакуменце пералічаны ўсе паселішчы, якія існавалі на Лагойшчыне ў канцы XVIII стагоддзя. Мелася 6 каталіцкіх прыходаў і 13 уніяцкіх. Цікава, што ва ўсім раёне не засталося ніводнага праваслаўнага прыхода - усе яны былі ператвораны ва ўніяцrія пасля таго, як у 1597 г. на тэрыторыі Рэчы Паспалітай была абвешчана Берасцейская царкоўная унія, якая падпарадкавала мясцовыя цэрквы рымскаму папе, хаця і захавала ў іх ранейшы парадак багаслужэння.

Тэрыторыя сучаснага раёна была падзелена паміж трыма новаўтворанымі паветамі (па-руску - уездамі) Мінскай губерніі. Большасць яе адносілася да Барысаўскага павета. Паўднёвы ўскраек з маёнткамі Астрошыцы і Беларуч апынуўся ў складзе Мінскага павета, а ўсходні ўскраек з маёнткамі Крайск, Глубачаны, Вепраты - у складзе Вілейскага павета.

Буйнейшымі землеўладальнікамі на той час былі графы Тышкевічы, якім належаў Лагойскі маёнтак і шэраг іншых, набытых імі ў розныя часы. У мястэчку Лагойск тады было 90 хрысціянскіх і 26 яўрэйскіх двароў, каталіцкі касцёл (заснаваны ў 1720 г. Аляксандрам Тышкевічам), уніяцкая царква ў гонар Св. Міколы і базыліянскі кляштар. Штогод праводзіліся 3 кірмашы: 9 мая, 6 жніўня і 6 снежня. Мястэчка было цэнтрам маёнтка, які належаў сумесна былому рэфендару і канцлеру ВКЛ Вінцэнту Тышкевічу і жамойцкаму кашталяну Станіславу Тышкевічу. У склад маёнтка ўваходзілі фальваркі Луцоўшчына, Заазер'е, Сычавічы, Слабодка і Антаполле, сяло Юр'ева (у сённяшнім Смалявіцкім раёне), 22 вёскі і засценка. Буйнейшымі з ізх былі Заазер'е (26 двароў), Сычавічы і Гасцілавічы (па 23), Свідна (20). Асобна Станіславу Тышкевічу належаді фальваркі Станіславаў, Лагаза, Шараеўшчына, Медухова, Таўтуноў, Кузевічы і 13 вёсак, з якіх буёнейшай была Лагаза (21 двор). Плябаніі лагойскай царквы належала вёска Дабрэнева, а базыліянскаму кляштару - фальварак і вёска Сялец. Сяло Косіна з 28 дварамі і уніяцкай царквой Пакрова Багародзіцы было цэнтрам маёнтка Іосіфа Тышкевіча, асноўны абшар якога цягнуўся ў Смалявіцкі раён. Яму ж належаў маёнтак Камень-Харэцкі, дзе апрача сяла Камень (29 двароў, уніяцкая царква ў гонар Святой Троіцы) было 12 вёсак і засценкаў памерам ад 1 да 8 двароў. Яшчэ адно ўладанне Іосіфа Тышкевіча змяшчалася на сутарэнні сённяшніх Лагойскага і Мінскага раёнаў, у тагачасным Мінскім павеце, і ахоплівала 36 паселішчаў. Яго цэнтрам было мястэчка Астрашыцкі Гарадок, а на тэрыторыі Лагойшчыны найбольш значнымі былі вёскі Вялікае Весніна (25 двароў), Малое Весніна (20), Астрошыцы (19) і Кандратавічы (17). Роду Тышкевічаў тады належалі і Плешчаніцы, што стваралі ўласнасць братоў Дамініка і Пія Тышкевічаў. У мястэчку Плешчаніцы было 16 хрысціянскіх і 20 яўрэйскіх двароў, касцёл, уніяцкая царква Святой Троіцы. Праводзіліся 2 кірмашы: 23 красавіка і 1 кастрычніка. Да маёнтка належалі фальварак Дабраволя, 16 вёсак і засценкаў, з іх буйнейшай была вёска Слабада (16 двароў).

Вялікія абшары належалі каталіцкай царкве. Праўда, уладанні Віленскага капітула былі ў яго канфіскаваны расійскім урадам. У 1794 г. імператрыца Екацярына падаравала іх генералу Івану Няплюеву. У былым маёнтку Корань быў заснаваны фальваркі Красны Бор і Капцы. Да яго адносіліся 10 вёсак і засценкаў, з якіх буйнейшымі былі Міхалкавічы (30 двароў), Прудкі (21), Церахі і Чэрнева (па 20). Сяло Корань з 6 дварамі засталося ва ўласнасці плябаніі мясцовага касцёла. У былам маёнтку Ганявічы было 14 вёсак і засценкаў, у тым ліку значныя вёскі Ганявічы (31 двор) і Юркавічы (20). Генералу Няплюеву таксама дастаўся і маёнтак Мураваны Двор з фальваркам Равячын, вёскамі Айнаравічы (39 двароў), Слабада (20) і Звярынічы (13). Іншыя каталіцкія ўстановы захавалі свае маёнткі і пры новым урадзе. Плябаніі Гайненскага касцёла належаў маёнтак Кацалі з 7 вёскамі і засценкамі памерам ад 1 да 11 двароў, Хатаевіцкаму дамініканскаму кляштару - сяло Хатаевічы (22 двара, уніяцкая царква Святой Троіцы і касцёл пры кляштары) і 9 дробных паселішчаў вакол яго (ад 1 да 4 двароў). Апрача таго, гэты кляштар валодаў 8 дварамі ў вёсцы Убалоцце, у якой былі яшчэ 7 двароў, належачых дробнай шляхце. Мінскі жаночы базыліянскі кляштар Святой Троіцы валодаў маёнткам Грыневічы ў Вілейскім павеце, папярэдне вылучаным са складу маёнтка Крайск. У ім было тры даволі вялія вёскі: Грыневічы (20 двароў), Дзярэўня (23) і Стрые (14), а таксама вёска Слабада з 4 дварамі.

Адзіны дзяржаўны маёнтак на тэрыторыі Лагойшчыны - Гайненскае староства - уключаў мястэчка Гайна з 47 дварамі. Апрача таго, 14 двароў утваралі асобнае ўладанне (так званую "юрысдыку") плябаніі, ад якой паходзіць назва сённяшняй вёскі Юрысдыка. У мястэчку быў каталіцкі касцёл, уніяцкая царква Святого Міхаіла і кармеліцкі кляштар. Да староства адносіліся 8 невялікіх паселішчаў і значная вёска Салдзяневічы (30 двароў).

Яшчэ каля 60 маёнткаў знаходзіліся ў руках дробнай і сярэдняй шляхты. Некаторыя з іх былі зусім змізарнелымі - часам менш за 10 двароў падданых. Звыш дзесятка такіх уладанняў атачалі абшар Гайненскага староства з поўдня і захаду: Селішча, Дамашы, Буславічы, Рагачы, Янаўшчына, Бяседы, Ракуцева, Харунжычы, Аскрышын, Кошчыца, Заельнік і інш. Сяло Якубовічы з 20 дварамі і ўніяцкай царквой Ражства Багародзіцы бало падзелена паміж трыма ўласнікамі - Станіславам і Якубам Есманамі і Сцяпанам Высоцкім. Такія ж раздробненыя маёнткі (Пуцілава, Гілеўшчына, Укропавічы, Лозкі, Гарадзішча, Дрыла) удаваліся пасам паміж землямі Кораньскай і Гаенскай плябаній, на поўначы ад вытокаў ракі Іліі. Многія з астатніх маёнткаў ахоплівалі па некалькі паселішчаў, з якіх ніводнае не мела больш за 10 - 15 двароў. Параўнальна буйнымі былі маёнткі Акалова Міхаіла Валовіча (34 паселішча, у тым ліку вёска Горна з 25 дварамі, Харошава з 23, Коргава і Чарапоўшчына - па 16 кожная, сяло Акалова з каталіцкім касцёлам і 4 дварамі), Гаць Ігнацыя Дашкевіча (14 паселішчаў, з якіх буйнейшае, Швабы, мела 15 двароў), Амнішава Анелі Корсакавай (7 паселішчаў, у тым ліку вёска Засоўе з 17 дварамі, Літвічы з 16, сяло Амнішава з каталіцкім касцёлам і 12 дварамі), Прусавічы Антонія Каверскага (8 паселішчаў, у тым ліку Ганцавічы з 22 дварамі, сяло Прусавічы з 10 дварамі і ўніяцкай царквой Святых Пятра і Паўла). Іншы маёнтак Прусавічы, належачы Антонію Дышлеўскаму, уключаў вёску Глебаўшчына з 21 дваром і 2 засценкі па 4 двары ў кожным. Ленны маёнтак паноў Есманаў уключаў сяло Нястанавічы (21 двор, уніяцкая царква Іаана Хрысціцеля) і 4 больш дробных паселішча, а іншы маёнтак Нястанавічы, належачы Міхаілу Асяцімскаму, - аднайменную вёску з 14 дварамі, фальварак Белую і 2 дробныя засценкі. Некалі адлучаны ад Нястанавіч фальварак Дзвіноса з 4 паселішчамі (у тым ліку вёска Дзвіноса з 31 дваром) зараз адносіўся да маёнтка Даўгінава, цэнтр якога знаходзіўся ў сучасным Вілейскім раёне.

Гэты маёнтак належаў Людвіку Камінскаму і ўваходзіў у Вілейскі павет. Сумежныя землі ўтваралі ўладанне Ігнацыя Бронцы, якое ўключала ў сябе сяло Крайск (18 двароў, уніяцкая царква Спаса) і 11 больш дробных паселішчаў, раскіданых цераспалосна з землямі іншых уласнікаў. Яшчэ адным даволі значным паселішчам была ў той час вёска Крамянец з 25 дварамі, якая адносілася да маёнтка Лукавец пані Брыгіды Шумскай. На поўдні раёна, у тагачасным Мінскім павеце, маёнтак Беларуч Тамаша Аборскага ахопліваў каля 30 вёсак і засценкаў, з якіх буйнейшымі былі вёскі Вялікія Гаяны (25 двароў) і Маркавічы (21). Сяло Беларуч, што налічвала 14 двароў, мела ўніяцкую царкву.

Такім чынам, пераважалі вельмі невялікія паселішчы. Тыя з іх, якія налічвалі па 20 - 30 двароў, былі на той час значнымі вёскамі. Нават мястэчкі Лагойск і Гайна былі па сённяшніх мерках даволі сціплымі паселішчамі. У Лагойску налічвалася 116 двароў і крыху больш за 800 жыхароў, у Гайне (разам з царкоўнай юрысдыкай) - 61 двор, 450 жыхароў. Трэцяе мястэчка, Плешчаніцы, мела толькі 36 двароў і каля 340 жыхароў. Агульная колькасць насельніцтва раёна складала каля 20 тысяч чалавек.

Першыя гады пад расійскім панаваннем.

Напачатку палітыка расійскага ўрада на новадалучаных землях была няўстойлівай і непаслядоўнай. Імператрыца Екацярына скасавала ўніяцкую царкву і адным росчыркам пяра ператварыла ўніятаў у праваслаўных. Яна ж імкнулася падарваць значэнне каталіцкай царквы. Гэтым тлумачылася канфіскацыя ўладанняў Віленскага каталіцкага біскупства, у тым ліку маёнткаў Корань і Ганявічы. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Віленскае біскупства ўвогуле спыніла існаванне.

Сын Екацярыны імператар Павел, які прыйшоў да ўлады ў канцы 1796 г., істотна змяніў палітыку ў адносінах да земляў былой Рэчы Паспалітай. Ён адмовіўся ад курсу на хуткую і поўную асіміляцыю мясцовага насельніцтва, аднавіў дзеянне на тэрыторыі былога ВКЛ Статута 1588 г. і дазволіў мясцовай шляхце зноў абіраць свае органы самакіравання, але ўжо пад уладай расійскіх губернатараў і ў межах новых паветаў. У 1798 г. імператар Павел аднавіў уніяцкую царкву і вярнуў ёй ранейшыя прыходы. Тады ж было ўтворана Мінскае каталіцкае біскупства, у склад якога ўвайшлі каталіцкія прыходы Лагойшчыны, аднесеныя да Барысаўскага дэканата. За імі былі пакінуты землі і сяляне, належачыя непасрэдна плябаніям. Захаваўся і Хатаевіцкі кляштар са сваім невялікім маёнткам.

Самай адчувальнай зменай, якая непасрэдна тычылася мясцовага насельніцтва, было распаўсюджанне на новадалучаныя землі цяжару вайсковай (рэкруцкай) павіннасці. У Расійскай імперыі рэкрутаў набіралі з часоў Пятра І - спачатку на ўсё жыццё, а з 1793 г. тэрмін вайсковай службы быў паменшаны да 25 гадоў. Наборы праводзіліся паводле ўрадавых пастаноў, як правіла, раз у год. Праўда, бывалі гады, ў якія набору не было, але ў час ваеннай небяспекі у адзін год магло быць некалькі набораў. У салдаты бралі маладых мужчын ва ўзросце ад 19 да 35 гадоў, звычайна - па 1 ад кожных 500 душ мужчынскага полу, пазначаных у папярэдняй рэвізіі. Памешчыкі і сялянскія сходы самі вызначалі, каму з сялян адпаведнага ўзросту ісці ў салдаты. Час ад часу ў рэкруты траплялі сямейныя мужчыны, якія мелі жонку і дзяцей. Лёс апошніх быў у такім выпадку даволі гаротным. Пазней, у 1834 г., тэрмін вайсковай службы быў паменшаны да 20 гадоў, але ўсё роўна гэта вырывала чалавека з сям'і практычна назаўсёды, бо шанц прайсці жывым і задровым праз шматлікія войны, якія вяла імперыя, быў вельмі невялікі. Падлічана, што за час увядзення вайсковай павіннасці ў рэкруты забралі прыкладна кожнага шостага дарослага мужчыну. Дамоў вярнуліся лічаныя працэнты.

Большасць сялян засталася пад уладай сваіх памешчыкаў. На тэрыторыі Лагойшчыны чужынцам быў толькі рускі генерал Іван Няплюеў. У параўнанні з папярэднімі ўласнікамі маёнтка Корань, канонікамі віленскага капітула, ён быў больш жорсткім гаспадаром. Некалькі дзясяткаў сялянскіх сем'яў былі перамешчаны ў іншыя маёнткі Няплюева, у тым ліку ў Лоўцавічы Вілейскага павета. Пры фальварку Капцы побач з панскай сялібай у Красным Бару было заснавана новае паселішча, у якое гэтак жа прымусова ссялялі частку жыхароў навакольных вёсак. Ураджэнец гэтых мясцін, беларускі этнограф-аматар Адам Варлыга, у сваіх успамінах прыводзіць паданні пра гэтыя часы, якія ён чуў пад час свайго дзяцінства і юнацтва, на пачатку ХХ стагоддзя: "Паводле народных пераказаў, людзі ўхіляліся ад прыгону. Ды іх нялёгка было й выганяць на прыгон, бо яны былі расселяныя маленькімі групкамі па лясах. Таму новы абшарнік загадаў, каб гэтыя людзі перасяліліся ў вялікія вёскі ды адвёў ім там сялібы. Хто ж не хацеў перасяляцца ў вёскі, Няплюеў загадаў папаліць іхні будынак і нанава будавацца на старых месцах не дазваляў" [198]. Не гледзячу на прымус, паселішча ў Капцах праіснавала нядоўга. Яно прыгадваецца пад час рэвізіі 1795 г., а ўжо наступная рэвізія 1811 г. фіксуе большасць сялян у іх папярэдніх паселішчах. У Капцах засталося толькі некалькі чалавек, якія значацца як дваровыя людзі пры маёнтку Красны Бор [199].

У 1812 годзе праз Лагойшчыну двойчы пракацілася ваенная навала: летам праз яе рухалася на Маскву французская армія Напалеона, а ўзімку яна драматычна адступала праз тыя ж мясціны. Як сведчаць матэрыялы камісіі па вызначэнні страт Барысаўскага павета ад вайны, створанай расійскім урадам у 1813 г., абодва разы праходжанне французскіх і расійскіх войскаў суправаджалася рэквізіцыямі харчу, фуражу і коней. Напрыклад, у маёнтку Гаць, належаўшым на той час князю Пузыне, са 188 коней засталося толькі 13, з 591 галавы рагатага быдла - 151, з 608 авечак - 149. Расійскія войскі рэквізавалі 1821 чвэрць [200] хлеба, 47180 пудоў сена, 694 літраў гарэлкі. Французы ўзялі ў тым жа маёнтку 217 чвэрцяў хлеба, 1310 пудоў сена, 34 літра гарэлкі. У маёнтках Няплюева Мураваны Двор, Красны Бор і Ганявічы францускія войскі рэквізіцый не здяйснялі, рускія ж узялі 3456 чвэрцяў хлеба, 20309 пудоў сена і 2214 літраў гарэлкі. Ва ўладаннях Няплюева з 604 коней было страчана 219, з 1565 галоў быдла - 472, з 2166 авечак - 994. З-за недахопу насення пасля вайны не было высеяна 598 чвэрцяў хлеба. У маёнтку Кораньскай плебаніі разам з суседнім маёнткам Укропавічы (яго ўласнік І. Валіцкі быў у той час ксяндзом Кораньскага касцёла) расійскім войскам было рэквізавана 213 чвэрцяў хлеба, 1286 пудоў сена, 77 літраў гарэлкі, французскімі - 31 чвэрць хлеба, 96 пудоў сена і 7 літраў гарэлкі [201]. Прыкладна такія ж страты былі і ў іншых маёнтках Лагойшчыны. Цікава, што, як правіла, расійскія рэквезіцыі былі больш цяжкімі, чым французскія.

Ва ўспамінах А. Варлыгі прыводзяцца яскравыя падрабязнасці пра падзеі вайны 1812 г., якія захаваліся ў памяці сялян на працягу стагоддзя: "Калі француз ішоў на ўсход, дык гнаў з сабой гурт статку. Адна белая карова зайшла на двор да Сакалоўскага (у Міхалкавічах, роднай вёсцы А. Варлыгі - В. Н.). Ад гэтай каровы Сакалоўскі пасля разгадаваў добры статак. У вёсцы Лішчыцы прыйшлі французы да селяніна й патрабавалі, каб іх завёў да "мызы" - у двор да пана. Казалі яны, напэўна, да "мсе". Калі селянін адмовіўся весці іх, яны яго пабілі да паўсмерці. Але ён выжыў. Выпадак гэты, здаецца, быў тады, калі француз ішоў на ўсход.

Калі ж французы ўцякалі з-пад Барысава, дык сяляне Міхалкавічаў і іншых вёсак Карэншчыны награвалі восеці й лазні, каб іх адаграваць. Расейскія ж казакі - кожнага расейскага коннага жаўнера нашы сяляне называлі "казак" - ездзілі па вёсках і пыталіся, "дзе ёсць непрыяцель". У Лявона Насэвіча ў восеці казак знайшоў француза з памарожанымі рукамі й нагамі. Француз не мог ісці, а поўз на локцях і каленях. Казак жа яго падганяў, б'ючы пад бакі. Калі гэты француз прыпоўз гумна на панадворак, дык казак падняў тоўстую калодку дрэва ды ўдарыў француза па сярэдзіне. Француз выцягнуўся й памёр.

(…) Нашы сяляне, як маглі, так памагалі няшчасным французам. Толькі нейкі Шуляк з вёскі Прудкоў здзёр у мёрзлага француза сіні сурдут жонцы на шнуроўку. Людзі казалі, што яго Бог за гэта ў скорым часе пакараў, бо ён стаў слепаватым ды ўся ягоная сям'я ды патомства былі слепаватыя. Калі пасля вясной згінуў снег, дык на полі людзі знаходзілі шмат нежывых французаў.

Маскалі, што гналіся за французамі, больш дакучалі нашым людзям, як яны. Калі ў Міхалкавічах у нейкага селяніна зарэзалі маскалі карову, а ён прасіў, каб яму далі хоць "пячэнееўка й лягенееўка", дык маскаль выцяў яму па твары й "пячэнееўкам і лягенееўкам". Гэты селянін пасля наракаў на маскалёў і плакаў: Маю працу варуць і ядуць, а мяне па пысках бэнц ды бэнц!".

Далей А. Варлыга прыводзіць успамін пра выпадак, які адбыўся ў сям'і яго ўласнага прадзеда па маці, які тады быў хлопчыкам 5 - 6 гадоў. У хаце яго бацькі, у вёсцы Чэрнева (зараз Старое Чэрнева) начавалі 12 расійскіх салдат. Загадаўшы жонцы варыць вячэру, яны селі чысціць стрэльбы, а хлопчыку загадалі свяціць ім жменяй лучыны. Калі ж ён нечым не дагадзіў ім, адзін салдат сыпануў яму за каўнер сарочкі жменю распаленай лучыны. Ад апекаў у яго да самай смерці засталіся глыбокія ямы на плячах. У той час пачаў плакаць у калысцы малодшы хлопчык. "Маскаль тады адрэзаў вяроўкі ад калыскі ды выкінуў дзіця з калыскай на снег. Маці забрала калыску да ўкапала ў хляве ў цёплы авечы гной." Абодва хлопчыкі, на шчасце, засталіся жывыя.

Пасля праходу войскаў становішча сялян не палепшылася: "Калі прайшлі на захад французы, а за імі маскалі, на вёскі па начах сталі наяжджаць банды рабаўнікоў. Яны былі адзетыя як і сяляне, у кажухі й сярмягі, але галовы былі ўкручаныя наміткамі. Сяляне думалі, што гэта была шляхта. Хто здагадаўся ды прыхаваў збожжа, дык той меў насенне на сяўбу. Рабаўнікі забіралі ўсё: і статак, і адзежу, і палотны, і ўсё збожжа да гарца. У майго прадзеда Якуба была выстаўлена ліпаўка ячменю й ліпавачка пшаніцы на дрывотню, дзе іх між дроў завеяла снегам, дык і было вясной што пасеяць. Пасля вайны сялянства вельмі абяднела.

Пра вайну ў сялян захавалася шмат народных пераказаў.

Сімпатыі сялян былі на баку французаў, бо яны думалі, што француз ішоў ваяваць на Маскву, каб вызваліць наш край ад маскаля, і ад прыгону. У Маскве ж француз быў пабіты не маскоўскім войскам, а двума генераламі: Халадзілам і Галадзілам. Калі француз уцякаў з Масквы, дык ён быццам бы пакінуў у Барысаве ў царкве сваю шапку й рукавіцы. І калі ён прыйдзе ў Барысава па сваю шапку й рукавіцы, тады й вызваліць наш край ад маскаля."

Наступствам вайны была моцная эпідэмія, пра якую выразна сведчаць матэрыялы царкоўных метрычных кніг. Так, паводле запісаў аб смярцях, што вяліся ў Кораньскім касцёле [202], у 14 паселішчах на тэрыторыі маёнткаў Корань і Красны Бор штомесяц у сярэднім памірала 3 - 4 чалавека, усяго за звычайны год - ад 25 да 60. Між тым са снежня 1812 па май 1813 г. у метрычнай кнізе зафіксавана 210 памершых (адпаведна 19 у снежні, 65 у студзені, 42 у лютым, 40 у сакавіку, 31 у красавіку і 13 у маі). Усяго за ваенныя і пасляваенныя месяцы людскія страты склалі каля 230 чалавек з прыблізна 1350 жыўшых напярэдадні вайны. Памёр кожны шосты. Апрача таго, за адзін 1813 г. у рэкруты трапілі 24 жыхара азначаных вёсак. У іншых паселішчах Лагойшчыны, напэўна, карціна была падобнай. Агульная колькасць насельніцтва паводле рэвізіі 1816 г. была амаль такой жа, як і паводле рэвізіі 1795 г. Увесь прырост за два дзесяцігоддзя змарнавала вайна.

Сімпатыі да французаў выказвалі не толькі сяляне, якія разлічвалі на вызваленне ад прыгону, але і многія прадстаўнікі шляхты. Тым не менш пасля вайны палітыка царызма амаль не змянілася. Правы мясцовых памешчыкаў не абмяжоўваліся, каталіцтва захоўвала моцныя пазіцыі. У гэты перыяд паланізацыя на Беларусі ішла нават больш актыўна, чым у часы Рэчы Паспалітай. Цікава, што метрычныя кнігі каталіцкіх касцёлаў, якія да 1820-х гг. вяліся звычайна на лацінскай мове, з гэтага часу пачалі пісацца па-польску.

Паварот у адносінах да польскага ўплыву адбыўся пасля паўстання 1830 - 31 гг. у Польшчы і Заходняй Беларусі, накіраванага на аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Праўда, у Барысаўскім павеце, як адзначалася ў матэрыялах следчай камісіі, "ніякіх асаблівых дзеянняў не было; выкрыты віды зносін з мяцежнікамі Вілейскага павета" [203]. Тым не менш некаторыя з мясцовых памешчыкаў былі замешаны ў паўстанні. За гэта ў князя Пузыны, напрыклад, быў канфіскаваны яго маёнтак Гаць [204], землі якога пазней далучаны да дзяржаўнага маёнтка Гайна. На працягу 1838 - 40 гг. былі скасаваны ўсе пастановы імператара Паўла, накіраваныя на захаванне мясцовай спецыфікі: адменена дзеянне Статута 1588 г., зноў (і на гэты раз канчаткова) скасавана ўніяцкая царква. У 1843 г. былі секулярызаваны ўсе царкоўныя маёнткі, належачыя як каталіцкай, так і праваслаўнай царкве. Былыя царкоўныя сяляне перайшлі ў разрад дзяржаўных. У тым жа годзе Вілейскі павет, што ахопліваў заходні ўскраек Лагойшчыны, быў перададзены з Мінскай губерні ў Віленскую.

Крызіс прыгоннага права.

У 1820-я гады ўсё мацней пачаў адчувацца агульны крызіс, у які спаўзала заснаваная на прыгоннай працы сельская гаспадарка. Даход, які памешчыкі маглі атрымаць са сваіх маёнткаў, не адпавядаў новым патрабаванням да ўзроўню жыцця, адукацыі, магчымасці набываць спажывецкія тавары. Памешчыкі спрабавалі атрымаць дадатковыя грошы за кошт больш інтэнсіўнай эксплуатацыз сялянскай працы, павялічваючы колькасць дзён прыгону, якія прыпадалі на кожны сялянскі двор. Але магчымасці дзеля гэтага былі ўжо амаль вычарпаны. У часы Рэчы Паспалітай памер павіннасцяў вельмі моцна вагаўся ад маёнтка да маёнтка. Паводле падлікаў беларускага гісторыка А. Лойкі, у 29 прыватнаўласніцкіх маёнтках захада і цэнтра Беларусі ў другой палове XVIII ст. паншчына складала ў сярэднім 9,8 дзён у тыдзень з валокі [205]. Паколькі валока часцей за ўсё знаходзілася ў карыстанні дзвюх сялянскіх гаспадарак, на адзін двор прыходзілася звычайна каля 4 - 5 працоўных дзён. У перыяд Расійскай імперыі на кожны двор звычайна прыпадалі тыя ж 4 - 5 дзён паншчыны ў тыдзень. Аднак памешчыкі ўсё часцей уводзілі яшчэ і дадатковую павіннасць - шарварак, які вызначаўся ў памеры 1 дадатковага дня з кожнай гаспадаркі, незалежна ад колькасці працоўных рук. У тых маёнтках, дзе раней нормы павіннасцяў былі ніжэйшыя за сярэднія, назіралася іх павышэнне да агульнага ўзроўню. Так, у інвентары Кораньскай плебаніі за 1783 г. памер паншчыны вызначаны ў 3 дні з гаспадаркі [206], а паводле такіх жа інвентароў за 1804 і 1807 гг. яна складала ўжо 4 дні [207].

Новы час патрабаваў не толькі павелічэння сельскагаспадарчай вытворчасці, але і развіцця прамысловасці. Між тым дзеля яе не было дадатковых працоўных рэсурсаў, бо абсалютную большасць насельніцтва складалі прыгонныя сяляне, вымушаныя працаваць на сваіх паноў. Здаўна яны прызвычаіліся ўзімку наймацца (з дазволу сваіх гаспадароў) на розныя сезонныя работы, часцей за ўсё - на вывалку лесу, які потым пад час веснавой паводкі сплаўляўся па рэках на продаж. Але выраб прамысловай прадукцыі патрабаваў сталай працы на працягу ўсяго года. Памешчыкі спрабавалі вырашыць пытанне, ствараючы пры сваіх маёнтках паўкустарныя прадпрыемствы, якія выраблялі сукно, гарэлку, кераміку і іншыя спажывецкія тавары. Працаваць на іх былі вымушаны тыя ж сяляне альбо дваровыя людзі, якія жылі пры маёнтках. Такія прадпрыемствы былі непрыдатнымі да рыначнага гандлю і, як правіла, знікалі праз некалькі гадоў існавання.

Прыкладам можа паслужыць сукеннае прадпрыемства, створанае каля 1817 г. у маёнтку Красны Бор сенатара І.М. Няплюева (неўзабаве гэты маёнтак перайшоў у спадчыну да яго дачкі Марыі, па мужу Енгалычавай). У апісанні Кораньскага прыхода за 1822 г. прадпрыемства выступае як асобнае паселішча - фабрыка Сукення, дзе пазначана 30 прыхажан (з іх 8 дзяцей, што яшчэ не былі на споведзі), трэба меркаваць - рабочых з іх сем'ямі [208]. У метрычных кнігах таго ж касцёла за 1818 - 1823 гг. [209] пры хрышчэнні дзяцей у пяці сем'ях месцам нараджэння пазначана тая ж Сукення. Тры з гэтых сямей папярэдне згадваюцца сярод дваровых людзей, а дзве - сярод прыгонных сялян вёсак Міхалкавічы і Чэрнева. Пазней Сукення больш нідзе не ўпамінаецца, а яе колішнія насельнікі з 1825 г. выступаюць зноў як дваровыя маёнтка Красны Бор. Такім чынам, прадпрыемства праіснавала ўсяго каля 6 - 7 гадоў.

Выкарыстанне прыгонных сялян на мясцовых прадпрыемствах не магло вырашыць і ўсё больш актуальную праблему канцэнтрацыі вялікай колькасці працоўных рук на такіх работах агульнадзяржаўнага значэння, як будаўніцтва дарог, каналаў, распрацоўка кар'ераў і інш. Зноў-такі часовым выйсцем стала пашырэнне практыкі аддачы памешчыкамі сваіх сялян унаём. На гэты конт нават было прынята рашэнне Дзяржаўнага савета "Аб аддачы беларускімі памешчыкамі сялян іх па найму ў земляныя і іншыя чорныя работы", зацверджанае царом Мікалаем І 29 мая 1835 г. [210] У ім прадугледжвалася абавязковае заключэнне кантракта з вызначэннем платы (як памешчыку, так і самім сядянам), колькасці і працягласці рабочых дзён, бытавых умоў і харчавання работнікаў. Забаранялася аддаваць унаём больш паловы работнікаў ва ўзросце ад 20 да 48 гадоў.

Пашырылася і перасоўванне сялян з аднаго маёнтка ў другі, што было сведчаннем хранічнага недахопу працоўнай сілы. Аб гэтым сведчаць, напрыклад, матэрыялы рэвізіі 1834 г. (так званыя "рэвізскія сказкі") таго ж маёнтка Красны Бор [211], які ў 1826 г. быў разам з Ганявічамі набыты ў сваячкі Няплюева М. Енгалычывай гвардыі палкоўнікам Казімірам Чудоўскім. На сакавік 1834 г. у маёнтку налічвалася 1188 чалавек абодвух палоў. З іх 22 былі дваровымі людзмі ў памешчыцкай сялібе, а 17 знаходзіліся на службе ў суседніх і аддаленых маёнтках (у тым ліку ў Давыд-Гарадку Мазырскага павета і маёнтку Славечна на Украіне, належачым таму ж Чудоўскаму). Адзін сялянін быў пераведзены ў яшчэ больш аддаленае памесце Чудоўскага, у Цвярскі павет. Яшчэ 19 чалавек значыліся ва ўцёках.

Ва ўспрыняцці сялян гэтай мясцовасці другая палова 1820-х - 1830-я гг. былі часам рэзкага ўзмацнення эксплуатацыі, пра што сведчыць паданне аб правідцу Бялевушы, прыведзенае А. Варлыгам:

"У мястэчку Хатаевічах быў дамініканскі кляштар. Магчыма, прозвішча "Бялевуш" меў нейкі манах-дамініканец з гэтага кляштару. Ці, можа, гэтае слова засталося ад абыходжання каталіцкаю царквой 1800-га ці 1825-га юбілейных гадоў, па-польску "Юбілеуш", і таму пасля гэтак звалі нейкага манаха-прамоўцу, якога ўспамінаюць народныя пераказы. Гэты Бялевуш быццам быў ужо памёр,а пасля аджыў, і таму ўважаўся за прарока, які нават мог угадваць будучыню.

Гэты Бялевуш быў надта навучны. На ягоныя казанні прыходзілі людзі з кругоў-свету. Іншыя так узялі да галавы ягоныя прамовы-навукі, што ў варыяцыю ўступілі. Ласінскі абчапіўся атопкамі ды ў свет пайшоў. Некая Агатка звар'явавала, хадзіла па вёсках і прамаўляла: "Агатка-пакутніца, Агатка-гаротніца!" Як відаць, Бялевуш быў палітыкам і ўгадваў будучыню грамадскага жыцця. Ён быццам казаў: "Прыйдуць да вас гаспадары. Яны будуць вамі смалу гнаць, а вы будзеце іх панамі называць". У тыя часы ставіліся на дарогах "Белавушавы крыжы". І гэтыя крыжы, і яны ж пазней адноўленыя, славіліся лепшай пашанай за крыжы іншыя.

Бялевуш і напрарочыў, у скорасці пасля ягоных прамоваў настала "смала". "Смалой" нашы сяляне называлі апошнія 25 гадоў перад вольнасцяй ад прыгону. Сяляне тады былі няпісьменныя й таму не маглі карыстацца нейкімі "эрамі" каляндарнага годалічэння, а болшыя адрэзкі часу свае гісторыі азначалі паводле выдатных падзей свайго жыцця. Час "смалы" ў сялянскіх пераказах спалучаецца з эпохай цара Мікалая І. Аб падзеях, што адбываліся да 1825 году, казалася, што гэта было яшчэ "да смалы", а пра пазнейшыя гаварылася, што гэта ўжл было "за смалою".

Гаспадарча сялянства моцна падарвала вайна 1812 года й пасляваенныя "руіны". Яны не паспелі добра акрыяць пасля іх, як настала "смала". У часе вайны былі зруйнаваныя абшарніцкія двары й месты. Дык абшарнікі й ганялі сялян на адбудову сваіх двароў і местаў, дарог і мастоў. У той час абшарнікі закладалі смалярні,гналі шкіпшнар і дзёгаць, ды сялянскімі фурманкамі накіроўвалі яго ў прыстані, за граніцу. Але не сам выраб смалы даў назоў для гэтае сялянскае эры "смала". Найбольш гэтая назва замацавалася таму, што гэта былі гады надта цяжкага прыгону.

Шмат людзей з Міхалкавічаў абшарнік пасылаў у Маскоўшчыну на лясныя й земляныя работы на колькі гадоў. Шмат хто з іх і памёр на чужыне. Рэшта ж мужчын і жанчын адбывалі цяжкі прыгон, па тры дні на тыдзень. Адбывалі да гэтага й "шарваркі" - працу на дарогах і мастах, "гвалт" - працу ў летні час, 12 дзён на асобу, якая не ўваходзіла ў прыгонныя дні. Былі неўраджайныя, галдодныя гады. З'явіліся пошасныя харобы, мёрлі людзі. Шмат хто кідаў гаспадарку ды ішоў "у свет". Людзі не толькі абяднялі, яле і зменшыліся. Шмат сялібаў засталося пусткамі.

У час "смалы" людзі сталі больш забабоннымі і баязлівымі. Расказвалі, што ў вёсцыстала з'яўляцца нейкая здань. Ноччу з кустоў старых могліц, што былі ў канцы вёскі, выходзіла кабеціна ў белі. Яна памалу ішла вуліцай ды працяжна крычала: "Ліха! Ліха! Ліха!"… І гэтак амаль кожную ноч. Гэтая здань наводзіла страх на людзей. Селянін Жылінскі адной ночы сеў пад плотам, аж выходзіць гэтая здань з могліц ды крычыць: "Ліха!" Калі ён скочыў ёй напярэймы, дык здань кінулася ўцякаць і пры гэтым выкрыкнула: "Было ліха, дый пагоршала!" Пасля гэтага здані больш не стала.

Дык "смала" - пара найцяжэйшага прыгону, які народ у сваёй памяці перажыў, прыгону, што раўняўся пеклу на зямлі."

Не гледзячы на ўзмацненне эксплуатацыі, памешчыцкая гаспадарка прыходзіла ў заняпад. Маёнтак Красны Бор у 1836 г. быў закладзены яго ўласнікам К. Чудоўскім у Санкт-Пецярбургскім апякунскім савеце на 37 гадоў. У 1846 г., не выкупаючы з закладу, ён адддаў маёнтак у арэнду на 12 гадоў Людзвігу Кавалеўскаму, той у 1848 перазаклаў Гермініі Чудоўскай, а яна ў сваю чаргу (праз год) - Фартунэлію Шчыту [212]. У выніку падобных працэсаў да 1857 г. каля 60 % памешчыцкіх сялян знаходзіліся ў закладзе пад забеспячэнне займаў сваіх уладальнікаў [213].

Незадавальняючае становішча добра ўсведамлялася сучаснікамі. Але скасаванне прыгону непасрэдна пагражала інтарэсам памешчыкаў, якія прызвычаіліся жыць за кошт дармавой працы. Да таго ж у дзяржаўнага чыноўніцтва было моцнае апасенне: ці пачнуць сяляне працаваць больш эфектыўна, атрымаўшы волю? У маёнтках, належачых дзяржаве, праводзіць рэформы было лягчэй, бо там не прыходзілася ўлічваць хаця б інтарэсы памешчыкаў. Таму з 1839 г. павольна ажыццяўлялася праграма пераводу дзяржаўных сялян з паншчыны на грашовы аброк пры адначасовым упарадкаванні зямельных надзелаў. Гэтая працэдура атрымала назву "люстрацыі" дзяржаўных маёнткаў.

У 1847 г. распачалася люстрацыя ў адзіным такім маёнтку на тэрыторыі Лагойшчыны - Гайне (да яе былі ў 1846 г. далучаны секулярызаваныя ўладанні Гайненскай і Кораньскай плябаній, а таксама частка маёнтка Гаць, канфіскаваная ў князя Пузыны). Сялянскія надзелы былі перамераны і нанова размеркаваны ў залежнасці ад колькасці працоўнай сілы і цяглавай скаціны. Поўны надзел, за які налічвалася стандартная норма аброку, атрымаў назву "цяглага". Слабая гаспадарка магла ўзяць "паўцяглы" надзел, а старыя ці ўбогія пераводзіліся ў разрад "бабылёў", якія ўвогуле не атрымлівалі ворыўнай зямлі і не павінны былі плаціць аброк. Рэформа зацягнулася на працяглы час, і канчатковы люстрацыйны акт быў абвешчаны сялянам толькі ў 1852 г. Напрыклад, у сяле Корань, раней належаўшым мясцоваму касцёлу, кожная цяглая гаспадарка атрымала па 1 дзес. сядзібнай зямлі, 12 дзес. ворыўнай, 3,75 дзес. сенакосу і 1 дзес. пашы, ці ўвогуле 17,75 дзес. За карыстанне гэтай зямлёй быў устаноўлены аброк у памеры 10 руб. 58 кап. у год. Захаваліся і невялікія адпрацовачныя павіннасці: па 3,5 конных дня ў год з цяглайгаспадаркі і па 5 пешых - з паўцяглай. Для рэмонту грамадскіх пабудоў, мастоў, дарог трэба было адпрацаваць яшчэ па 3 конных і 3 пешых дня з цяглай гаспадаркі і па 6 пешых - з паўцяглай [214].

Сельская гаспадарка.

Ураджайнасць у XIX стагоддзі была вельмі нізкай. Паводле афіцыйных ацэнак, у 1828 г. азімага жыта ў Барысаўскім павеце было сабрана ўсяго ў тры разы больш, чым пасеяна (уражай склаў, як тады казалі, сам-3). Ураджайнасць яравога жыта (ярыцы) і ячменю была яшчэ меншай - сам-2,5, аўсу - сам-2, пшаніцы - сам-3 [215]. У гэты час усё больш пашыраецца ўжыванне бульбы, якая ўпершыню з'явілася ў беларускіх гаспадарках у канцы XVIII стагоддзя. Аднак сапраўды масавай культурай бульба ў 1820-я гг. яшчэ не стала, аб чым сведчыць тое, што ў справаздачы, з якой узяты вышэйпрыведзеныя лічбы, яна ўвогуле не прыгадваецца.

Разнастайную інфармацыю пра стан гаспадаркі змяшчаюць інвентары памешчыцкіх маёнткаў, якія складаліся на падставе закона ад 14 красавіка 1844 г. Гэты закон прадугледжваў стварэнне ў заходніх губернях Расійскай імперыі дваранскіх камітэтаў для стварэння абавязковых інвентароў усіх маёнткаў. Ставіліся мэты прааналізаваць стан гаспадарак і ўпарадкаваць павіннасці, якія ўскладалі на сялян іх уласнікі. Для прыкладу разгледзім інвентар маёнтка Красны Бор [216]. Дата яго стварэння дакладна не пазначана, але ў ім уладальнік маёнтка Казімір Чудоўскі названы нябожчыкам (ён памёр 12 чэвреня 1846 г., а 21 жніўня ў валоданне маёнткам быў уведзены яго брат Аляксей). Так што інвентар быў складзены, напэўна, летам 1846 г. Пры якго стварэнні быў, аднак, выкарыстаны больш ранні інвентар, прыкладна за 1841 г., які захоўваўся ў архіве маёнтка.

Паводле гэтага першага інвентара, звесткі якога былі механічна ўключаны ў другі, у маёнтку было 142 цяглых гаспадаркі, яшчэ 3 двара агароднікаў (без палявога надзела) і 6 халупнікаў (старых, убогіх альбо адстаўных салдат, якія не мелі ўласнай гаспадаркі). На кожную цяглую гаспадарку прыходзілася па 15 дзесяцін ворыва і 5 дзесяцін сенакосаў. Аднак на момант складання другога інвентара надзелы былі істотна паменшаны: яны складалі ў 1846 г. толькі па 1 дзесяціне сядзібнай зямлі, 10 дзесяцін ворыва і 3,3 дзесяціны сенакосу.

У маёнтку выкарыстоўвалася даволі складаная сістэма раскладкі павіннасцяў у залежнасці ад колькасці працаздольных у кожным двары (працаздольнымі лічыліся мужчыны і жанчыны ад 15 да 50 - 55 гадоў). Як правіла, на кожнага з іх прыходзілася па 1 дню паншчыны (прыгону) у тыдзень. У цэлым на 142 цяглых гаспадаркі гэта давала 296 мужчынскіх дзён (з іх 275 конных і 18 пешых) і 295 жаночых, альбо прыкладна па 4 дні паншчыны на гаспадарку (на яе ў сярэднім прыходзілася па 8,8 душы ўсіх узростаў, з іх 5,7 працаздольных). Апрача таго, незалежна ад колькасці працаздольных кожная гаспадарка мусіла адпрацаваць 1 дзень у якасці шарварка. Да гэтага трэба дадаць яшчэ па 6 працоўных дзён "летняй дапамогі", альбо "талакі" ў год з кожнага двара, уключаючы агароднікаў і халупнікаў. 138 найбольш моцных гаспадарак выконвалі яшчэ ў год па 1 "падводзе", што значыла паездку са сваім канём на адлегласць у 1 мілю (7,4 км) для транспартыроўкі панскіх грузаў. Тыя, хто трымаў пчол, уносілі мядовую даніну, у сярэднім каля 12 кварт (1 кварта складала 0,705 л), хаця некаторыя ўладальнікі пасек уносілі па 48 і нават 60 кварт.

Сяляне абавязаны былі самі выплочваць дзяржаўныя падаткі (падушны і пазямельны), прычым падушны вылічваўся не ў адпаведнасці з рэальнай колькасцю жыхароў, а паводле колькасці душ, пазначаных у апошняй рэвізіі (на той момант такавой была рэвізія 1834 г.). Калі нехта з мужчын, адзначаных у рэвізскай сказцы, паміраў, яго доля падушнага налога раскладвалася на астатніх да часу наступнай рэвізіі (яна адбылася ў 1850 г.). У выпадку невыплаты падаткаў памешчык разлічваўся з дзяржавай сам, а потым спаганяў са сваіх падданых усю суму нядоімкі.

У маёнтку існавалі працоўныя нормы, якія сяляне абавязаны былі выконваць пры адпрацоўцы паншчыны. На трохразовае ўзаранне пад сяўбу 1 дзесяціны з дапамогай сахі і запрэжкі з пары валоў адводзілася 9 дзён, на скароджанне - 4,5 дня, на вываз насення і сяўбу - па 0,25 коннага і пешага дня. Для ўборкі хлеба адводзілася 6 пешых (жаночых) дзён. На малацьбу з дзесяціны азімага (з веяннем і ўборкай саломы) давалася 14 пешых дзён, яравога - 10. Пры сенакосе на 1 дзесяціну адводзілася 3 мужчынскіх дня на кашэнне і 3 жаночых на прасушку і ўкладванне ў копы, 1,5 конных дня на перавозку і 3 жаночых - на ўкладку ў сцірту.

У гаспадарцы як памешчыка, так і сялян прымяняўся трохпольны севазварот. Норма высеву на дзесяціну для пшаніцы, жыта, грэчкі і гароху складала 6 чацвярыкоў (у чацвярыковую меру ўваходзіла крыху больш за 1 пуд жыта), што дае ў пераліку прыкладна 1,1 ц на гектар. Для ячемню норма высеву складала 1 чвэрць (8 пудоў), што дае 1,2 ц/га, для аўсу - 1 чвэрць і 4 чацвярыка (пры больш лёгкай вазе аўса гэта дае каля 9 пудоў, ці 1,5 ц/га), для бульбы - 11 чвэрцяў (13,2 ц/га). Сярэдні ўраджай пшаніцы, жыта, грэчкі і гароху складаў да 3 чвэрцяў з дзесяціны (каля 4,4 ц/га), аўсу - 7 чвэрцяў (6,8 ц/га), ячменю - 5 чвэрцяў (6 ц/га), бульбы - 66 чвэрцяў (79 ц/га).

Структура пасеваў на стандартным сялянскім надзеле ў 10 ворыўных дзесяцін складала 20 пудоў жыта, 4 пуда ячменю, 18 пудоў аўсу, 2 пуда грэчкі і 88 пудоў бульбы. Такім чынам, пад жыта адводзілася трэцяя частка надзела, столькі ж - пад яравыя культуры (пад ячмень - 5 %, пад авёс - 15 %, пад грэчку - 3 % і пад бульбу - 10 %). Трэцяя частка надзелу, як і належыць пры трохполлі, заставалася пад парам. Збор тыповай сялянскай гаспадаркі складаў у сярэднім 80 пудоў жыта, 16 пудоў ячменю, 90 пудоў аўсу, 8 пудоў грэчкі і 616 пудоў бульбы. Яшчэ нейкая колькасць гародніны збіралася з сядзібнай зямлі. Збор сена з дзесяціны складаў да 80 пудоў, альбо 266 пудоў з сенакоснай часткі надзела. Напэўна, у распараджэнні сялян заставалася таксама каля 300 пудоў аўсянай саломы і мякіны, каля 150 п. - жытняй і ячменнай.

Сярэдняя цана за чвэрць жыта, ячменя, гороху і грэчкі, паводле гэтага ж інвентару, складала 2 руб. 50 кап., за чвэрць аўсу - 1 руб. 50 кап., пшаніцы - 5 руб., бульбы - 75 коп. У пераліку на пуды гэта дае каля 28 кап. за пуд жыта. Прыведзеныя лічбы прыкладна ўдвая ніжэйшыя за рыначны кошт збожжа паводле іншых крыніц. Так, паводле даведачнай зводкі за 1854 г., пуд жытняга хлеба ў Барысаўскім павеце каштаваў ад 45 да 60 кап., а ў Мінскім павеце за чвэрць жыта давалі ад 4 руб. 50 кап. да 5 руб. 25 кап., ячменю - каля 3 руб. 80 кап., аўсу - ад 2 руб. 50 кап. да 3 руб. Гарнец бульбы (1/64 чвэрці, ці 3,3 л) каштаваў там жа ад 2,5 да 3 кап., што дае ад 1 руб. 60 кап. да 1 руб. 92 кап. за чвэрць [217]. Крыху пазней, у 1861 - 1866 гг. у Барысаўскім павеце 8-чацверыковую чвэрць жыта (вагой прыблізна ў 9 пудоў) звычайна прадавалі за 4 руб. 60 кап. - 4 руб. 80 кап., такую ж чвэрць аўсу (вагой у 6 пудоў) - ад 3 руб. да 3 руб. 30 кап. У неўраджайным 1865 г. кошт чвэрці жыта ўзняўся да 5 руб. 87 кап., аўсу - да 3 руб. 87 кап. [218]

На падставе інвентара Краснага Бора можна прыкладна падлічыць баланс сялянскай гаспадаркі. За выдаткам насення, у яе распараджэнні заставалася 60 пудоў жыта, 12 пудоў ячменю, 72 пуда аўсу, 6 пудоў грэчкі і 528 пудоў бульбы. Афіцыйныя ўлады ў сваіх падліках забяспечанасці харчаваннем выкарыстоўвалі норму спажывання на душу насельніцтва ў памеры 3 чвэрцяў, альбо 24 пудоў зерня ў год [219]. Вельмі блізкую лічбу прымаў пры разліках і вядомы расійскі эканаміст А. Чаянаў - каля 23 пудоў зерня і 12 пудоў бульбы [220]. Але гэтая норма адпавядае спажыванню дарослага мужчыны. У маёнтку Красны Бор сярэдні памер гаспадаркі ў 8,8 душ складаўся з 2,7 працаздольных мужчын, 3 жанчын і 3,1 непрацаздольных абодвух палоў. Агульная норма спажывання на такую гаспадарку адпавядае прыкладна 6,6 мужчынскім нормам. Гэта значыць, што на харчаванне патрабавалася каля 152 пудоў рознага збожжа і каля 80 пудоў бульбы. У наяўнасці ж было 150 пудоў зернявых і 528 пудоў бульбы. Але трэба ўлічваць, што частка збожжа прызначалася на кармленне скаціны.

У сярэднім на гаспадарку прыходзілася 1,5 каня, 0,3 жарабя, 2,3 вала, 1,6 каровы, 1 бычок, 1,1 цёлкі, 5,2 авечкі, 1,5 казы, 3,6 свінні. Гэта значыць, што на перыяд зімняга стойлавага ўтрымання трэба было забяспечыць кормам каля 6,5 галоў буйной скаціны, а таксама некалькі галоў дробнай (большасць авечак і свіней, зразумела, на зіму не пакідалі, а забівалі ўвосень; у сукупнасці спажыванне ўсёй дробнай скаціны можна прыраўняць да 0,5 галавы буйной). На 7 такіх умоўных галоў патрабавалася ніяк не менш 150 ц кармавых адзінак у год, у тым ліку на перыяд стойлавага ўтрымання - каля 70 ц. [221] Можна падлічыць, што тыя 266 пудоў сена, якія можна было нарыхтаваць з сялянскага сенакосу, адпавядаюць каля 20 ц кармавых адзінак. Прыкладна столькі ж можна было атрымаць за кошт саломы і мякіны, яшчэ каля 12 ц - за кошт 72 пудоў аўсу і недастаючыя 18 ц - за кошт 366 пудоў бульбы.

Такім чынам, атрыманага ўраджаю магло хапіць, калі на спажыванне людзям пакідалася 78 пудоў зерня і каля 162 пудоў бульбы. Паколькі каларыйнасць бульбы прыкладна ў 3 разы ніжэй за каларыйнасць хлеба, харчовая каштоўнасць яе адпавядае прыблізна 54 пудам збожжа. Іншымі словамі, на 6,6 умоўных спажывецкіх душ прыходзілася каля 132 пудоў у "зернявым эквіваленце", ці па 20 пудоў на душу. Гэта было відавочна ніжэй за норму. Сялянам даводзілася вырашаць: ці самім заціскаць паясы, ці трымаць упрогаладзь сваю скаціну. А між тым сялянен мусіў прадаваць нешта, каб заплаціць, прынамсі, грашовыя падаткі.

Пра нейкі рэзерв, які б дазволіў застрахавацца ад неўраджаю, пры такіх умовах гаворка ўвогуле не ішла. Між тым, па назіраннях сучаснікаў, за сем гадоў у сярэднім аднойчы выпадаў вельмі добры ўраджай, 2 разы - вышэйшы за сярэдні і 1 раз - сярэдні. Адзначым, што такі "добры" ўраджай выражаўся, напэўна, лічбамі недзе ў сам-5, ці ўсяго ў 5 - 6 ц з гектара, а "вельмі добры" - каля 7 ц. Затое двойчы за 7 гадоў ураджай бываў ніжэйшы за сярэдні, а аднойчы - зусім дрэнны. Таму ўрадавая пастанова прадпісвала памешчыкам трымаць у кожным маёнтку так званы "запасны хлебны магазін", у якім захоўваўся рэзерв зерня на крайні выпадак. Дарэчы, пад час складання інвентару маёнтка Красны Бор быў якраз такі выпадак, і хлеб з магазіна быў амаль увесь раздадзены сялянам на харчаванне і насенне.

Пры агульнай недастачы сяляне, тым не менш, не былі аднароднай масай. Сярод іх выдзялялася больш зажытачная частка. Так, з агульных 151 гаспадаркі маёнтка Красны Бор прыкладна пятая частка мела даволі значную колькасць жывёлы: больш за 2 каня і адначасова не менш дзвюх запрэжак валоў. Некаторыя з іх мелі па 4 - 6 коней і адначасова па столькі ж валоў, па 4 - 7 кароў, каля дзясятка авечак, 4 - 8 свіней. Звычайна яны ж трымалі па 1 - 2 парабка. Увогуле парабкаў мелі 34 гаспадаркі. З другога боку, каля 20 гаспадарак не мелі коней і хаця б адной пары валоў, пры гэтым у лепшым выпадку яны трымалі адну карову, а ў горшым - не мелі і яе.

Стан Лагойскага графства.

На агульным фоне параўнальна добра выглядала Лагойскае графства, якое пасля смерці ў 1813 і 1816 гг. двух саўладальнікаў, маршалка шляхты Барысаўскага павета Дамініка Тышкевіча і яго стрыечнага брата - былога рэфендара ВКЛ Вінцэнта Тышкевіча, цалкам сканцантравалася ў руках адной асобы. Гэтай асобай быў малодшы брат Дамініка, граф Пій Феліцыянавіч Тышкевіч, які пражыў вельмі доўгае жыццё: ён нарадзіўся ў 1756 г., а памёр у 1858. Двое з трох яго сыноў ад шлюбу з Аўгустай, графіняй Броэль-Плятэр, належаць да ліку найбольш славутых прадстаўнікоў роду Тышкевічаў за ўсю яго доўгую гісторыю. Першы з іх, Канстанцін, у 1826 ці 1828 г. скончыў Віленскі ўніверсітэт і з 1832 г. займаў пасаду губернскага сакратара. Але найбольш вызначыўся ён як таленавіты этнограф, фалькларыст і адзін з першых на Беларусі археолагаў, а таксама неблагі эканаміст.

У 1837 г. Канстанцін Тышкевіч аснаваў у Лагойску фабрыку баваўняных ("папяровых") і ільняных тканін, якая, у адрозненне ад большасці саматужных панскіх прадпрыемстваў, дзейнічала вельмі паспяхова. У справаздачы мінскага губернатара за 1842 г. адзначаецца, што палатняная фабрыка ў мястэчку Лагойск вырабляе тавару на 5770 рублёў у год, які знаходзіць збыт часткова на тэрыторыі губерні, часткова - пастаўляецца ў Рыгу [222]. У краязнаўчым нарысе Паўла Шпілеўскага "Падарожжа па Палессю і беларускім краі", упершыню надрукаваным у Санкт-Пецярбургу ў славутым часопісе "Современник" у 1853 - 1855 гг., гэтае прадпрыемства апісваецца так:

"Лагойск славіцца фабрыкай папяровых і ільняных вырабаў, заснаванай графам Канстанцінам Тышкевічам у 1837 годзе, якая зараз дайшла да пэўнай ступені дасканаласці: на ёй 50 станкоў, якія за год вырабляюць ад 800 да 900 аршын папяровых і ільняных тканін на суму ад 20 да 25 000 рублёў серабром. Ільняная пража для фабрыкі закупаецца ў Мінскай губерні, а папяровая выпісваецца з Англіі (з Манчэсцера). Апрача азначанай фабрыкі, у Лагойску ёсць ліцейная, якая дастаўляе мястэчку і суседнім вёскам чугуны, катлы і розныя іншыя гаспадарчыя і земляробчыя прылады" [223].

Другі брат, Яўстафій Піевіч Тышкевіч, быў яшчэ больш здольным навукоўцам у галіне археалогіі і краязнаўства. У 1842 г. ён адчыніў у бацькоўскім палацы ў Лагойску музей на падставе калекцый, якія пачала збіраць яго маці. Роўных гэтаму збору бадай што не было ў той час на Беларусі. Вось як апісвае яго той жа Шпілеўскі:

"Але асабліва прымячальны ў Лагойску памешчыцкі архіў, які змяшчае ў сабе калекцыю кніг, медалёў і розных прадметаў мастацтва і пачаткам сваім абавязаны графіні Аўгусце Тышкевіч, народжанай графіні Платэр. Зараз кніг налічваецца да 3000 тамоў выбраных твораў, збольш на польскай і французскай мовах, з якіх каля 500 старажытных, і некалькі рукапісаў, аўтографаў і грамат. Медалёў і манет захоўваецца 1140 штук, большай часткай яны адносяцца да польскай гісторыі. З рэдкіх рэчаў у архіве заслугоўваюць увагі: царкоўны крыж часоў Жыгімонта І; два старыя мячы з пазалочанымі выявамі Стэфана Баторыя; сцяг, адняты ў шведаў Стэфанам Чарноцкім, і шпага (шабля) Пятра Вялікага. З прадметаў мастацтва прымячальны: 200 карцін італьянскага жывапісу, часткай копій, часткай арыгінальных твораў Рыма, Фларэнцыі і Неапаля; 48 копій барэльефаў грэчаскага Парфенона; некалькі медалёў з груднымі выявамі і бюсты- работы вядомага аматара-скульптара, навагрудскага памешчыка Рафаіла Слізеня; 220 гравіраваных медных блях літоўскай работы XVII стагоддзя, якія ствараюць важны матэрыял для вывучэння гравіравання ў старажытнай Літве; нарэшце, збор старажытных ваз этрускіх з ліку знойдзеных у Пампеі і Геркулануме".

З 1844 г. Яўстафій Тышкевіч быў абраны на тры гады маршалкам павятовай шляхты. У 1847 г. ён выдаў у Вільні на польскай мове кнігу "Апісанне Барысаўскага павета", у якой даў шырокую панараму жыцця сваіх родных мясцін [224]. Ён абапіраўся не толькі на ўласныя назіранні, але і на матэрыялы афіцыйнай статыстыкі. У прыватнасці, на падставе матэрыялаў рэвізіі 1834 г. ён прыводзіць поўны спіс маёнткаў Барысаўскага павета з пазначэннем уласнікаў і колькасці рэвізскіх душ (мужчынскага полу). З іх на тэрыторыі сучаснага Лагойскага раёна цалкам ці часткова знаходзіліся 6 значных маёнткаў роду Тышкевічаў. Сярод іх былі Лагойск (442 мужчынскія душы), Слабодка (232) і Антаполь (392 душы, большай часткай у сучасным Смалявіцкім раёне), належачыя бацьку Яўстафія Пію Тышкевічу. Пляменніку апошняга Іосіфу Дамінікавічу належалі Плешчаніцы (456 душ), а стрыечнаму брату Міхаілу Іосіфавічу - Камень (369) і Косіна (613, таксама большай часткай у Смалявіцкім раёне). Апошняму належаў таксама маёнтак Мільча (550) у сучасным Вілейскім раёне, да якога адносілася вёска Хацень на самай паўночнай мяжы Лагойшчыны.

У мястэчку Лагойск было 5 цэркваў, пераведзеных з уніі ў праваслаўе: дзве вельмі старажытных (Багаяўленская і Прачысценская, вядомыя з XVI стагоддзя) і больш новыя Юр'еўская (заснавана ў 1773 г.), Мікалаеўская і Спаса-Прэабражэнская. Датай заснавання дзвюх апошніх Я. Тышкевіч называе 1795 г., хаця ў вышэйзгаданым нарысе П. Шпілеўскага пра царкву Св. Мікалая сцвярджаецца, што яна была пабудавана ў 1824 г. Піем Тышкевічам. Там жа згадваецца, што ў Багаяўленскай царкве быў цудатворны абраз Маці Боскай, аздоблены сярэбраным акладам і жэмчугам. Быў у Лагойску і каталіцкі касцёл, заснаваны ў 1609 г. і нанова адбудаваны пасля пажараў у 1654 і 1700 гг., а таксама ўніяцкі базыльянскі манастыр, уфундаваны Станіславам Тышкевічам у 1765 г. (пасля скасавання уніі ён спыніў існаванне). У мястэчку было 120 двароў, насельніцтва яго складала 1532 чалавека, у тым ліку 250 праваслаўных, 275 католікаў, 980 яўрэяў і 20 пратэстантаў. Я.Тышкевіч прыгадвае два штогадовыя кірмашы, што праводзіліся ў Лагойску 6 жніўня (на свята Прэабражэння Гасподня) і 6 снежня (на дзень Св. Міколы). Дарэчы, паводле справаздачы мінскага губернатара за 1845 г., на першым з гэтых кірмашоў было прададзена тавару на 110 рублёў, на другім - на 140 рублёў. Для параўнання: на Барысаўскім кірмашы 1 студзеня было прывезена тавараў на 7097 руб., а прададзена - на 2800 руб. [225] П. Шпілеўскі прыгадвае, што апрача невялікіх кірмашоў (у яго час яны праводзліся ўжо тройчы ў год), у Лагойску кожную нядзелю адбываліся прымячальныя сваёй актыўнасцю таргі, на якія мястэчка мела прывілей з часоў караля Міхала Карыбута Вішнявецкага, датаваны 1673 г.

Іншымі мястэчкамі Лагойшчыны былі Гайна (са старажытным касцёлам і царквой, якая згарэла ў 1806 г.), Хатаевічы (з касцёлам і дамініканскім кляштарам, скасаваным у 1843 г.), Акалова з касцёлам і Плешчаніцы з царквой. У Акалове на той час было 32 двара, у Плешчаніцах - 67. На той частцы Лагойшчыны, што ўваходзіла ў іншыя паветы і таму не знайшла адлюстравання ў кнізе Я. Тышкевіча, статус мястэчкаў мелі Беларуч (у Мінскім павеце) і Крайск (у Вілейскім). Дарэчы, у Мінскім павеце знаходзіўся ячшэ адзін значны маёнтак Лагойшчыны, належачы роду Тышкевічаў - Астрашыцкі Гарадок. Да 1816 г. ён быў уласнасцю Іосіфа Ігнацыя Тышкевіча, а затым да 1839 г. - яго адзінага сына Міхаіла (які прыходзіўся Пію стрыечным братам). Цэнтр гэтага маёнтка - мураваны палац, пабудаваны Міхаілам Тышкевічам ля мястэчка Астрашыцкі Гарадок - знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага Мінскага раёна, але абшар яго ахопліваў і прылеглую частку Лагойшчыны, дзе знаходзілася значнае паселішча Астрошыцы (у часы Расійскай імперыі яно страціла статус мястэчка і лічылася сялом).

Апрача іх, буйнымі маёнткамі на Лагойшчыне былі Ганявічы і Красны Бор Чудоўскага (разам 1116 мужчынскіх душ), Акалова Валовіча (932), дзяржаўны маёнтак Гайна (449), Амнішава барона фон Фелькерзамба (389), Мураваны Двор Кацярыны Смоляк (308), Закартуззе і Мятлічыцы Свяціцкага (208), Гаць Пузыны (178), Нястанавічы (154 душы належала Есману, а 105 - Асяцімскаму), Коцалі былой Гайненскай плябаніі (134), Далькевічы Каверскага (130), Ганцавічы Лапіцкага (103), Хатаевічы мясцовага дамініканскага кляштара (колькасць душ не паказана). Каля 50 маёнткаў Лагойшчыны мелі менш за 100 рэвізскіх душ, прычым многія з іх былі зусім дробнымі: плябанія Гайненскай праваслаўнай царквы мела ўсяго 3 падданых, належачая пані Старэвічавай частка маёнтка Дрылы - 9, Ляўданшчына Забелы - 11, і да т. п.

Народны побыт і стан здароўя.

У этнаграфічнай частцы сваёй кнігі Я. Тышкевіч характарызуе сялян Барысаўскага павета не вельмі станоўча: "да працы лянівыя, у захаванні сваёй уласнасці нядбалыя, у парушэнні чужой - нескрупулёзныя", што ён тлумачыць дрэнным уплывам мястэчкавага яўрэйства. Увогуле характарыстыка жыхароў у яго вельмі схематычная - ён падкрэслена супрацьпастаўляе жыхароў лясістай часткі павета (галоўным чынам у парэччы Бярэзіны, у сучасных Барысаўскім і Крупскім раёнах) і "палявой" часткі, пад якой трэба разумець, напэўна, абшары сённяшніх Докшыцкага і Лагойскага раёнаў. Гэтае размежаванне ў яго настолькі гратэскнае, што можа ўтварыцца ўражанне, што размова ідзе пра два розныя народы. Лясныя жыхары прадстаўлены неахайнымі лайдакамі і злодзеямі, якія рабуюць кожнага, каго сустрэнуць у лесе. З-за адсутнасці недахопу ў дрэве яны зусім не дбаюць аб захаванасці гаспадарчых пабудоў, таму дахі на хатах і парканы вакол іх звычайна пагнілыя, што "стварае нязвыкламу і недасведчанаму воку прыезджага вобраз галечы края большай, чым яна ёсць на самай справе". У "палявой" частцы сялянскія падвор'і звычайна выглядаюць чыста, дровы акуратна складзены, а гаспадарчае начынне добра даглядаецца, бо дрэва каштуе дорага.

Верхняе адзенне сялян-мужчын летам і зімой утварала, паводле Я. Тышкевіча, суконная світа да калена, якая ў "палявых" жыхароў звычайна была бронзавага колеру, а ў "лясных" - шэрага. Пры дажджы і снезе паверх яе надзявалі белы палатняны насоў, які падпаясвалі скураным пасам ("дзягай") з металічкай спражкай. На поясе падвешвалася скураная каліта, у якой насілі нож і крэсіва. Часам сяляне мелі і кажухі, але, як вынікае з тэксту, гэтая вопратка была не ў кожнага. На ногі абувалі боты, але часцей - лапці. Шыя зімой і летам была голая. На галаве летам насілі суконную шапку ў выглядзе каўпака, зімой - такую ж, але з аўчыны. Белыя рубахі звычайна па каўнеру абшывалі фольгай. Дзеўкі апраналіся ва ўсё белае, замужнія жанчыны насілі шнуроўку і каляровы андарак ці спадніцу, паверх якой надзявалі фартух. У якасці верхняй вопраткі жанчыны насілі такую ж світу, але без пояса. Улетку яны звычайна хадзілі басанож, узімку - часцей у чаравіках, зрэдку - у лапцях. Замужнія насілі на галаве намётку, канцы якой завязвалі пад падбародкам. У дзевак на галавах была хустка, у малых дзяўчат - толькі гладка прычасаныя валасы без хусткі.

Галоўны грашовы даход сяляне, на думку Я. Тышкевіча, атрымлівалі не ад уласнай гаспадаркі, а праз адыход у заробкі ў вольны ад сельскагаспадарчых работ час. Гэтае меркаваннеую дапаўняе справаздача мінскага губернатара за 1845 г., у якой адзначаецца важная роля ракі Гайны ў сплаве лесу. За год па ёй прайшло 18980 плытоў, а агульны кошт сплаўленага дрэва склаў 75849 рублёў. На сплаве было занята 1080 наёмных рабочых [226]. Напэўна, усе яны былі сялянамі з навакольных маёнткаў.

Цяжкія ўмовы не спрыялі працягласці жыцця. Паводле статыстычных звестак Мінскай епархіі за 1848 г. [227], у каталіцкіх прыходах Барысаўскага павета за год памёрла 386 чалавек, у тым ліку 104 дзіцяці ва ўзросце да 5 гадоў (каля 27 % памершых). Ва ўзросце старэй за 55 гадоў памерла нават крыху менш - 101 чалавек, ці 26 %. Крыху пазней, у 1859 г., у тых жа каталіцкіх прыходах 390 смярцей размеркаваліся наступным чынам; да 5 гадоў - 67 (17,1 %), ад 5 да 15 гадоў - 37 (9,5 %), ад 15 да 40 - 87 (22,3 %), ад 40 да 55 - 56 (14,4 %), старэй за 55 - 127 (32,6 %). [228] Кожны трэці з народжаных паміраў у раннім дзяцінстве (да 10 гадоў), а больш за палову не дажывала да 40-гадовага ўзросту. Прытым сярод католікаў адносна высокай была прапорцыя шляхты, таму ёсць падставы лічыць, што сярод праваслаўных дзіцячая смяротнасць была яшчэ вышэйшай. Агульныя лічбы па праваслаўных і католіках за перыяд з 1847 па 1860 гг. маюцца па тэрыторыі ўсёй Мінскай губерні. Паводле іх, да 5 гадоў памірала 37,7 % народжаных, ад 10 да 15 - 9,9 %, ад 15 да 45 - 22,1 %, ад 45 да 55 - 9,8 %, старэй за 55 - 20,5 %. [229]

Як паказвае дэталёвы аналіз метрычных кніг Кораньскага прыхода за другую чвэрць ХІХ стагоддзя [230], колькасць жыхароў у ім прыкладна ў 1826 г. дасягнула ўзроўню, які быў напярэдадні вайны 1812 г., а ў далейшым то крыху павялічвалася, то зноў падала да гэтага ж узроўню. З 1825 па 1848 г. было 8 вельмі цяжкіх гадоў, калі памірала значна больш людзей, чым нараджалася. Такія ўсыпшкі смяротнасці назіраліся ў 1831 г. (тады эпідэмія халеры пракацілася па ўсёй Беларусі, яе ахвярай стаў нават брат цара, намеснік Царства Польскага вялікі князь Канстанцін, а ў Барысаўскім павеце былі спынены ўсе грамадскія работы [231] ), і затым у 1833, 1834, 1841, 1845, 1846 і 1847 гг.

У метрычных кнігах за гэты перыяд выяўлена 805 выпадкаў, калі кораньскі ксёндз пазначаў прычыну смерці. Зразумела, гэтыя вызначэнні вельмі далёкія ад медыцынскай дакладнасці. Звычайна яны рабіліся са слоў родных нябожчыка. Тым не менш гэтыя запісы даюць пэўнае ўяўленне аб фактарах смяротнасці. Найчасцей іх прычынай былі розныя інфекцыйныя захворванні: сухоты (80 выпадкаў, ці 10 %), воспа (29, ці 3,6 %, пераважна - дзеці), розныя нарывы і карбункулы (23, ці 2,9 %). З дзіцячых інфекцый зафіксавана 23 выпадкі смерці ад крупу, 18 - ад скарлаціны, 17 - ад коклюша, 13 - ад адзёру, што разам дае 71 выпадак (8,8 %). Да іх можна дадаць тыя выпадкі, калі пазначаўся толькі знешні сімптом хваробы - кашаль (64 выпадкі, ці 8 %, з іх 63 памершых былі дзецьмі не больш за 8 гадоў), канвульсіі (69 выпадкаў, ці 8,6 %, у тым ліку 57 дзяцей ад 1 да 3 гадоў) альбо "дзяцінец" (6 выпадкаў, усе - дзеці да 2 гадоў), сып (2 выпадкі, дзеці да 10 гадоў). Вельмі часта прычынай смерці як дзяцей, так і дарослых называлася проста гарачка (170 выпадкаў, 21,1 %) альбо трасца (8, ці 1 %), за якімі хаваліся тыя ж інфекцыі ці моцная прастуда. Яшчэ ў 25 выпадках (3,1 %) смерць была выклікана запаленнем лёгкіх.

Халера названа прычынай смерці ў 3 выпадках, але не выключана, што яна ж хавалася за часткай з тых страўнікава-кішэчных захворванняў, якія вызначаліся па знішніх сімптомах, а менавіта: панос ці дыярэя (34, ці 4,2 %), боль у страўніку (30, ці 3,7 %), запор ці "абструкцыя" (9, ці 1,1 %), ваніты (2 выпадкі). У адным выпадку смерць гадавалага дзіцяці была выклікана "французскай хваробай" (бытавым сіфілісам). Была таксама адзінкавая смерць ад жаўтухі. Да смерцяў, так ці інакш звязаных з інфекцыяй, трэба далічыць большасць выпадкаў смерці пад час родаў ці ад пасляродавых ускладненняў ("палогу"), якіх зафіксавана ўвогуле 10, ці 1,2 %.

Разам усе вышэй азначаныя прычыны далі 637 смярцей, альбо 79,1 %. Практычна ўсе іх можна было б прадухіліць пры наяўнасці самай элементарнай медыцынскай дапамогі. Але сяляне былі пакінуты сам-насам з інфекцыямі.

Прыкладна кожная дзесятая смерць выклікалася ўнутранымі хваробамі, якія праяўляліся праз пухліну ці "вадзяную пухліну" (35, ці 4,4 %), колікі (9, ці 1,1%), боль у грудзях (6), боль у сэрцы (4), галаўную боль (5), слабасць (4), параліч (2). У 13 выпадках (1,6 %) смерць была раптоўнай. Да смярцей ад унутраных захворванняў трэба дадаць і 61 выпадак (7,6 %), калі проста пазначалася, што чалавек памёр "ад старасці". Цікава, што самыя раннія ўзросты, у якіх зафіксавана такая "натуральная" у вачах сучаснікаў смерць, складалі 45 і 49 гадоў! Яшчэ ў 6 выпадках ад "старасці" паміралі ва ўзросце не больш за 60 гадоў.

Параўнальна рэдка (у 5 выпадках) прычынай смерці называецца голад, у 4 выпадках - нейкая "хвароба Святога Валента" (верагодна - эпілепсія), у 1 выпадку - вар'яцтва, яшчэ ў 1- нават каўтун (ад яго памёр 20-гадовы хлапец, што жыў пры панскай сялібе). 17 смярцей адносіліся да розных няшчасных выпадкаў. Сярод іх 2 чалавека памёрлі ад раненняў, яшчэ адна дзяўчына выпадкова напаролася на кол. Адзін хлопец быў забіты, яшчэ адзін памёр ад пабоеў, 2 дзіцяці (ва ўзросце 2 і 8 гадоў) памёрлі з перапалоху. Астатнія выпадкі былі адзінкавымі: згарэў, патануў, замёрз, быў пакусаны сабакам, надарваўся. Адна дзяўчына падавілася арэхам, яшчэ адна - абварылася, 4-гадовае дзіця забіў вол. Зафіксаваны 1 выпадак самагубства: 30-гадовы арэстант павесіўся ў Барысаўскім астрозе.

Такім чынам, жыццё тагачаснага сялянства было цяжкім і, з сённяшняга пункту гледжання, вельмі кароткім. З кожных 10 народжаных ад 3 да 5 не дажывалі да паўналецтва, а лядачая старасць наступала на шостым дзясятку. Многія да гэтага часу станавіліся сляпымі дзякуючы жыццю ў курных хатах, дзе не было коміна. а дым выходзіў праз вокны і столь, выядаючы патроху вочы жыхароў. Да 80 гадоў не дажываў практычна ніхто.

Скасаванне прыгоннага права.

У 1861 г. расійскія ўлады вымушаны былі нарэшце пайсці на рэформу, якая скасоўвала прыгоннае права. Маніфест імператара Аляксандра I на гэты конт быў выдадзены 19 февраля 1861 г. Адначасова было прынята і палажэнне аб парадку прадастаўлення сялянам асабістай свабоды і сістэме сялянскага самакіравання. Жыхары адной ці некалькіх вёсак утваралі сельскае таварыства. Некалькі таварыстваў утваралі воласць. Сельскі сход у складзе ўсіх гаспадароў сельскага таварыства выбіраў сельскага старасту і ўпаўнаважаных на валасны сход - па 1 ад кожных 10 двароў. На валасным сходзе выбіраліся валасны суд і валасное праўленне, у якім найбольш важную ролю адыгрывалі старшына і пісар. У іх рукі перадаваліся даволі ісиотныя адміністратыўныя паўнамоцтвы. Валасны сход быў управе вырашаць пытанні размеркавання зямельных надзелаў, падаткаў і павіннасцяў. Валасны суд дзейнічаў на падставе звычаёвага права. Ён мог разглядаць дробныя грамадзянскія і крымінальныя справы, прыгаворваць да цялеснага пакарання, штрафу, кароткачасовага зняволяння. Паралельна ствараліся паліцэйскія службы ў складзе дзесяцкіх (выбіраліся па аднаму ад прыкладна 10 двароў) і соцкага.

Для практычнага ажыццяўлення рэформы і нагляду за сялянскім самакіраваннем уводзіліся новыя пасады дзяржаўных чыноўнікаў - міравых пасрэднікаў (як правіла, са складу мясцовых памешчыкаў). На ўзроўні павета яны ўтваралі з'езд міравых пасрэднікаў, які падпарадкоўваўся губернскай установе, названай "па сялянскіх справах прысутнасцю". На працягу двух гадоў пасля выдання маніфеста міравым пасрэднікам належала скласці ў кожным маёнтку статутныя граматы, якія б замацоўвалі колькасць, памеры сялянскіх надзелаў і парадак іх паступовага пераходу ва ўласнасць сялян.

Рэформа была абмежаванай у тым сэнсе, што сяляне не проста атрымлівалі тую зямлю, на якой працавалі, а мусілі выкупаць яе ў памешчыкаў - альбо за грошы, альбо (паколькі грошай у іх не было) коштам уласнай працы. Адпрацовачныя павіннасці пералічваліся ў грашовым эквіваленце з разліку 15 кап. за конны дзень і 10 кап. - за пешы, а за транспарт - з разліку 75 кап. за 100 вёрст. Агульны кошт зямлі, падлягаючай выкупу, вызначаўся такім чынам, што выкананне павіннасцяў за год пагашае 6 % гэтай сумы, з улікам капіталізацыі (налічэння працэнтаў). Паступова прадугледжвалася пераводзіць сялян з адпрацоўкі на аброк - узнос адпаведнай штогадовай сумы грашыма. Да поўнай выплаты яны лічыліся "часоваабавязанымі" і захоўвалі залежнасць ад пана. Такая паступовая рэформа была накіравана на тое, каб даць памешчыкам магчымасць знайсці замену дармавой сялянскай працы, на якой засноўвалася іх гаспадарка. Меркавалася, што памешчыкі паступова перайдуць да практыкі найму тых жа сялян у якасці сельскагаспадарчых рабочых.

У руках памешчыкаў была пакінута вялікая колькасць зямлі. Паводле "Палажэння" ад 19 лютага 1861 г. ім павінна было заставацца не больш 1/2, але не менш 1/3 тэрыторыі маёнтка. Практычна ім былі пакінуты ўсе ворыўныя землі, якія да рэформы адносіліся да панскіх фальваркаў і апрацоўваліся шляхам прыгону. Апрача таго, ва ўласнасці памешчыкаў заставаліся ўсе лясы. Сяляне маглі нарыхтоўваць дровы з пісьмовага дазволу пана. Напрыклад, у статутнай грамаце маёнткаў Красны Бор і Ганявічы, належачых А. Чудоўскаму [232], адзначалася, што секчы дровы сяляне могуць па пятніцах і суботах на працягу красавіка і лістапада, а вывозіць - па тых жа днях у лютым. За дровы сяляне мусілі плаціць (з разліку 50 кап. серабром за кубічны сажань) альбо адпрацоўваць. Пры гэтым кошт аднаго працоўнага дня быў устаноўлены больш высокі, чым за выкуп зямлі - 30 кап. за конны дзень і 20 кап. - за пешы. З 1сакавіка па 1 кастрычніка ўваход у лес быў для сялян забаронены.

У маёнтках Чудоўскага сяляне атрымалі толькі тую зямлю, якая была запісана за імі ў папярэднім інвентары 1846 г. - гэта значыць, па 13,3 дзес. (14,5 га), складаўшыхся з 1 дзес. сядзібнай зямлі, 9 дзес. ворыва, 3 дес. 792 сажань сенакосаў. Апрача таго, улічваліся пашы, што знаходізіліся ў агульным карыстанні сялян, з разліку прыкладна па 1,7 дзес. на двор. Адпрацовачныя павіннасці, вызначаныя з тагога ўчастка (94 конных і 118 пешых дзён), ацэньваліся ў суме ў 29 руб. 55 кап. у год, ці 1 руб. 97 кап. за 1 дзесяціну. Апрача некаторага памяньшэння гэтых павіннасцяў у параўнанні з інвентаром, сяляне вызваляліся ад шарваркаў, натуральных павіннасцяў збожжам і мёдам, абавязку старажыць панскую гаспадарку. У іншых маёнтках парадак выкупу не вельмі адрозніваўся. Як правіла, памешчыкі захавалі за сабой усю зямлю, адрэзаную ад сялянскіх надзелаў пад час складання інвентароў у 1840-я гг.

Паўстанне 1863 г. і яго наступствы.

Неўзабаве адбыліся падзеі, якія вымусілі ўлады істотна змяніць ход рэформы ў беларускіх і літоўскіх губернях. На пачатку 1863 г. на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі ўспыхнула паўстанне, накіраванае на аднаўленне незалежнай Рэчы Паспалітай. Яго галоўнай сілай было мясцовае дваранства, многія прадстаўнікі якога з'яўляліся афіцэрамі царскай арміі. Але поспех паўстання ў значнай ступені залежаў ад таго, чый бок прыме сялянства. Арганізатары разлічвалі выкарыстаць іх масавае незадавальненне палавінчатым характарам рэформы, і накіраваць яго супраць цара і ўвогуле цэнтральных уладаў імперыі. Агітатары пераконвалі сялян, што ім няма чаго разлічваць на ласку, спушчаную зверху - сапраўднай волі яны могуць дамагчыся толькі самі, калі ўсвядомяць свае інтарэсы. Праўда, апрача агульных лозунгаў, яны не прапаноўвалі канкрэтнай праграмы паляпшэння жыцця сялян.

Урад, са свайго боку, разгарнуў контрпрапагандысцкую кампанію. Сялян прераконвалі, што памешчыкі паўсталі таму, што былі незадаволены скасаваннем прыгону і хацелі вярнуць поўную ўладу над сялянамі. Для масавай свядомасці гэты аргумент аказаўся больш эфектыўным, што і вызначыла пазіцыю сялянства. Яскравым прыкладам можа паслужыць выпадак, які адбыўся на тэрыторыі Лагойшчыны на пачатку 1863 г., калі ў Польшчы паўстанне ўжо разгаралася. 23-гадовы прапаршчык М. Цюндзявіцкі, сын уласніка маёнтка Вільянава (у сучасным Барысаўскім раёне), на той час знаходзіўся дома ў чатырохмесячным водпуску. Апрануўшыся ў тулуп і шапку, ён пачаў ездзіць па маёнтках Барысаўскага павета, агітуючы сялян у падтрымку паўстання. Адна з такіх спроб агітацыі мела месца ў карчме пры сяле Камень (сучаснае Камена). Пачаставаўшы гарэлкай сялян, якія спраўлялі там хрысціны, Цюндзявіцкі стаў чытаць ім рэвалюцыйную ўлётку - верагодна, "Мужыцкую праўду", якую выдавала падпольная тыпаграфія К. Каліноўскага. Сяляне, аднак, данеслі ўладам, у выніку чаго малады афіцэр быў арыштаванаы і пасля расследавання прыгавораны да расстрэлу [233].

Баявыя дзеянні паўстанцаў крыху закранулі і Лагойшчыну. Паводле данясення станавога прыстава, 20 красавіка 1863 г. атрад "інсургентаў" колькасцю да 25 чалавек з'явіўся ў маёнтку Нястанавічы, дзе да яго далучыліся адстаўныя афіцэры і тыя, што знаходзіліся ў водпуску, а таксама пісары валасных праўленняў і панскіх маёнткаў, аканомы і іншыя прадстаўнікі больш адукаванай часткі насельніцтва. Пра ўступленне ў атрад сялян не паведамляецца. З Нястанавіч атрад рушыў на ўсход, праз Мятлічыцы на Дзедзелавічы і Мсціж [234].

Яшчэ да таго як паўстанне было падаўлена, урад па ініцыятыве віленскага генерал-губернатара М. Мураўёва (якому падпарадкоўвалася і Мінская губерня) змяніў умовы вызвалення сялян у заходніх губернях, імкнучыся захаваць і падмацаваць іх хісткую лаяльнасць. Найвышэйшым указам ад 1 сакавіка 1863 г. адпрацовачныя павіннасці скасоўваліся, а ўсе сяляне пераводзіліся на грашовы аброк. Сума яго была зніжана на 20 % у параўнанні з перашачатковымі разлікамі. З 1 мая таго же года сяляне прызнаваліся не "часоваабавязанымі", а ўласнікамі сваіх надзелаў. Яны атрымалі права карыстацца некаторымі з угоддзяў, што заставаліся ва ўсласнаці памешчыкаў (так званымі "сервітутамі"). Галоўным чынам гэта тычылася пашаў. Паводле ўказа ад 2 лістапада 1863 г. у заходніх губернях пачалі дзейнічаць паверачныя камісіі, якія пераглядалі ўмовы статутных грамат і вярталі сялянам землі, адрэзаныя ў іх напярэдадні рэформы, а таксама надзялялі зямлёй беззямельныя гаспадаркі.

Пратакол Барысаўскай павятовай паверачнай камісіі па маёнтку Красны Бор, датаваны 27 жніўня 1864 г. [235], канстатаваў, што на падставе інвентара 1846 г. ад сялянскіх надзелаў былі адрэзаны ўсе землі, якія перавышалі 13,3 дзес. на двор, хаця сяляне здаўна карысталіся гэтымі землямі. Уладальнік маёнтка А. Чудоўскі пагадзіўся з гэтым і выказаў гатоўнасць па жаданні сялян зрабіць прырэзку да памераў іх папярэдніх надзелаў. У выніку сяредні надзел быў павялічаны да 18,8 дзес. на двор, ці па 5,3 дзес. на душу мужчынскага пола (паводле рэвізіі 1858 г.). Пры гэтым забяспечанасць зямлёй у розных вёсках стала вельмі няроўнай. У Міхалкавічах яна амаль не павялічылася - 13,8 дзес. на двор (3,9 на душу мужчынскага пола), а ў Казырах дасягнула 26,4 дзес. на двор (7,8 дзес. на душу).

Барацьба сялян за свае інтарэсы.

У дакументах, звязаных з правядзеннем рэформы ў маёнтку Красны Бор, ёсць некалькі выразных сведчанняў таго, што сяляне часам вельмі арганзавана і эфектыўна баранілі свае інтарэсы. Так, у красавіку 1864 г. яны падалі калектыўнае прашэнне на імя міравога пасрэдніка, у якім прапанавалі вярнуць ім суму падушнага падатку, выплачаную грамадой за 7 сялян, яшчэ ў 1850 г. пераведзеных А. Чудоўскім на службу ў маёнтак Славечна Валынскай губерні, належачы яго родзічцы Элізе Чудоўскай. Гэтыя сяляне вярнуліся дамоў у 1862 г. і тады высветлілася, што Эліза адлічвала з іх заработнай платы падушны падатак, у той час як на радзіме аднавяскоўцы таксама выплочвалі яго за адсутных. Такім чынам, падатак узымаўся двойчы. Сяляне прасілі ўзыскаць грошы з памешчыцы Чудоўскай і залічыць іх на карысць сельскай грамады. Мінскі губернатар прызнаў патрабаванне сялян слушным і адаслаў яго ў Валынскую губернскую прысутнасць, якое 7 верасня 1864 г. задаволіла іх іск і пастанавіла ўзыскаць грошы з памешчыцы [236].

Актыўную барацьбу вялі сяляне і пры вызначэнні паверачнай камісіяй сумы аброку, якая павінна была залічвацца ў кошт выкупу за зямлю. Яны сцвярджалі, што зямля ў маёнтку пяшчаная, камяністая і забяспечвае ўраджай толькі ў памеры сам-1- сам-2, а ўкос сена - ад 75 да 120 пудоў з дзесяціны. Памешчык не пагадзіўся з такой ацэнкай і заявіў, што звычайны ўраджай зерянвых складае сам-4 - сам-5 (што выглядае цалкам верагодна), а ўкос - па 225 - 300 пудоў, што дазваляе некаторым гаспадаркам трымаць па 30 - 40 галоў скаціны. Сяляне, зацікаўленыя ў змяньшэнні плацяжоў упарта стаялі на сваім. Паверачная камісія прыняла "саламонава рашэнне" - лічыць ураджай у памеры сам-3. У выніку аброчныя плацяжы былі ўсёж-такі значана паменьшаны. Іх сума ў разных вёсках была ўстаноўлена ад 6 руб. 38 кап. (за надзел памерам у 13,3 дзес.) да 19 руб. 16 кап. (за самы буйны надзел у 35,5 дзес., які атрымаў адзін жыхар вёскі Грамніца). На падставе ацэнкі якасці зямлі, яўна заніжанай пад націскам сялян, сума аброку з 1 дзесяціны была вызначана ад 42 да 54 кап. Агульная сума выплат з усяго маёнтка, якая паводле статутнай граматы вызначалася ў 4237 руб. 15 кап., а пасля 20-працэнтнага зніжэння была ўжо паменьшана да 3396 руб. 92 кап., па рашэнні паверачнай камісіі склала ўсяго 1455 руб. 76,5 кап. у год. У пратакол была ўпісана заява памешчыка, што ён не згодны з такой нізкай ацэнкай і намераны падаць пратэст у губернскую прысутнасць.

Свой намер А. Чудовскі неўзабаве выканаў, і яго скарга далучана да той жа справы. У ёй ён паўтарае, што ўраджайнасць у маёнтку ніяк не меньшая, чым у 4 - 5 зерняў, а паводле эканамічных кніг складае нават сам-6,5. Сяляне маюць у запасным магазіне да 1700 чвэрцяў хлеба і ніколі не прыбягаюць да яго пакупкі. Між тым, як даволі слушна адзначаў памешчык, пры трохпольным севазвароце і ўраджаі ў 2-3 зерня яны не здолелі б пракарміцца. Што тычыцца сенакосаў, то іх вартасць ён прапаноўваў вызначаць не па сёлетніх, вельмі даждлівых умовах, а ў сярэднім за некалькі гадоў. Ён спасылаўся на інвентар 1858 г., калі ў маёнтках Красны Бор і Ганявічы на 270 гаспадарак было налічана 4800 галоў буйной рагатай скаціны, а з таго часу яе колькасць яшчэ ўзрасла. Абвяргаў Чудоўскі і сцвярджэнне сялян, што яны не маюць дадатковых заробкаў. На справе яны рэгулярна наймаюцца на вываз лесу са смалявіцкіх лясоў і зарабляюць за зіму па 40 - 50 рублёў. Ёсць магчымасць наняцца на работу і ў самым маёнтку, дзе падзённая плата за пешы дзень складае 30 кап., а за конны - 40, так што працавіты гаспадар, на думку Чудоўсмкага, можа зарабіць за сезон 40 - 50 рублёў. Таму ён прапанаваў вярнуцца да папярэдняга кошту надзелу - каля 1 руб. 50 кап. за дзесяціну ворыва і 2 руб. - сенакосу.

Не гледзячы на гэтыя аргументы, у канчатковым выкупным акце, складзеным паверачнай камісіяй 8 снежня 1865 г., сума аброку не змянілася. Гэта азначае, што скарга Чудоўскага была пакінута без наступстваў. Адзначым, што сума, за якую ён так настойліва змагаўся, усё роўна не трапляла ў яго рукі, бо маёнтак быў закладзены ў Санкт-Пецярбургскім ашчадным скарбе (былым апякунскім савеце). Аброк пералічваўся туды на пагашэнне пазыкі. Настойлівасць Чудоўскага тлумачыцца тым, што новая сума аброку не пакрывала нават працэнты па гэтай пазыцы. Так, за 1862-63 гг. было выплачана 7317 руб., у той час як працэнты склалі 7426 руб. Рашэне паверачнай камісіі фактычна пазбаўляла памешчыка надзеі разлічыцца з даўгамі. Так, дарэчы, і адбылося: за нявыплату даўгоў маёнтак быў на пачатку 1878 г. апісаны станавым прыставам і выстаўлены на публічныя таргі, у ходзе якіх яго за 40200 руб. купіў надворны саветнік Тамерлан Давідовіч, які абавязаўся выплаціць нядоімку ў Санкт-Пецярбургскі ашчадны скарб [237].

Адлік выкупнога тэрміну сялян пайшоў з 1863 г., хаця рэальная выплата выкупных плацяжоў пачалася з 1865 г. Пры гэтым сяляне маёнтка Красны Бор яшчэ раз прадэманстравалі здольнасць змагацца за свае інтарэсы. У чэрвені 1866 г. яны накіравалі ў губернскую прысутнасць новую скаргу, у якой адзначалі, што пры вызначэнні сумы аброку за 1863 - 1865 гг. улічваліся і землі, прырэзаныя паводле рашэння паверачнай камісіі. Між тым гэтае рашэнне ўступіла ў дзеянне толькі пасля абвяшчэння выкупнога акту ў канцы 1865 г. Такім чынам, сяляне былі вымушаны плаціць за зямлю, якой яны фактычна не карысталіся. І на гэты раз іх рпатрабаванне было задаволена, а пераплочаная сума ў 1500 руб. залічана ў кошт будучых выплат [238].

З прыткасцю сялян давялося сутыкнуцца і новаму ўласніку Краснаго Бора Т. Давідовічу. У 1885 г. ён падаў у губернскую прысутнасць скаргу аб тым, што пры канчатковым размежаванні сялянскіх і памешчыцкіх зямель у 1875 г. да сялян трапіла на 321 дзес. больш, чым належала паводле выкупнога акту. Давідовіч прывёў дакладны пералік урочышчаў, у якіх, на яго думку, сяляне завалодалі памешчыцкай зямлёй. На працягу 1889-90 гг. ён падаў яшчэ шэсць скарг на сялян асобных вёсак, абвінавачваючы іх у тым жа. Аднак пры канчатковым разглядзе справы летам 1891 г. ён не здолеў даказаць свае абвінавачанні, таму яго скарга была адхілена. Не мелі выніку і апеляцыі, пададзеныя Давідовічам на працягу двух наступных гадоў [239]. Між тым пры правядзенні аграрнага перапісу 1917 г. плошча сялянскай надзельнай зямлі, некалі вылучанай з маёнтка Красны Бор, склала на 285 дзес. больш, чым значылася ў выкупным акце 1865 г. Адначасова і плошча памешчыцкай зямлі разам з усімі ўчасткамі, прададзенымі з яе складу пасля 1865 г., аказалася на 297 дзес. меншай, чым была на момант рэформы. Гэта паказвае, што абвінавачванні Давідовіча, напэўна, былі не зусім беспадстаўнымі. Цікава, што ўрэшце рэшт не сяляне сталі ахвярамі памешчыка, а наадварот.

Сялянскае жыццё пасля рэформы.

З 1 лютага 1866 г. урад абвясціў аб прымусовым выкупе надзельных зямель. Выкуп ажыццяўляўся дзяржаўным скарбам, які разам выплочваў усю суму памешчыкам. Сялянам цяпер належала разлічвацца з дзяржавай у асобе павятовага казначэйства. Гэты крок канчаткова скасаваў рэшткі залежнасці былых прыгонных ад сваіх паноў. У 1867 г. былі таксама пераведзены на выкупныя плацяжы дзяржаўныя сяляне, якія з часу люстрацыі знаходзіліся на аброку. З гэтага моманту статус дзвюх катэгорый сялянства - дзяржаўных і былых памешчыцкіх - цалкам зраўняўся. У сувязі з гэтым адбылася новае перараземеркаванне сялянскіх таварыстваў па валасцях.

Тэрыторыя Лагойшчаны ўвайшла цалкам ці часткова ў наступныя 13 валасцей: у Барысаўскім павеце - Гайна-Слабодская (валасное праўленне змяшчался ў вёсцы Слабада), Лагойская (праўленне - у мястэчку Лагойск), Юр'еўская (праўленне - у вёсцы Юр'ева сучаснага Смалявіцкага раёна), Плешчаніцкая (праўленне - у мястэчку Плешчаніцы), Зембінская (праўленне - у мястэчку Зембін сучаснага Барысаўскага раёна), Прусавіцкая (праўленне - у вёсцы Прусавічы), Мільчанская (праўленне - у сяле Мільча Вілейскага раёна) і Асоўская (праўленне - у вёсцы Асавы Докшыцкага раёна), невялікі ўскраек з вёскай Ганцавічы адносіўся да Мсціжскай воласці; у Вілейскім павеце - Крайская (праўленне - у мястэчку Крайск) і Хаценчыцкая (праўленне - у вёсцы Хаценчыцы Вілейскага раёна); у Мінскім павеце - Беларуцкая (праўленне - у мястэчку Беларуч) і Астрашыцка-Гарадоцкая (праўленне - у мястэчку Астрашыцкі Гарадок Мінскага раёна).

Адным з першых прыкладаў дзейнасці валасных органаў самакіравання можа паслужыць пратакол валаснога сходу Гайна-Слабодскай воласці аб стварэнні ў вёсцы Слабада сельскай школы, датаваны 14 снежня 1867 г. [240] Сход адзначыў, што народнае вучылішча ў мястэчку Гайна (заснаванае ў 1863 г.) размешчана далёка і не ўсім зручна наведваць яго. Таму воласць на свае сродкі пераўсталявала пад школу дом, перададзены ўладальніцай маёнтка Мураваны Двор Кацярынай Сцяпанаўнай Смоляк. Яе зяць барон Рутлянд ахвяраваў на карысць воласці 20 руб. серабром на стварэнне пры школе майстэрні, а таксама яшчэ па 15 руб. на працягу 10 гадоў на ўтрыманне школы. Валасны сход са свайгобоку пастанавіў збіраць штогод на жалаванне народнаму настаўніку Гайненскага вучылішча, сельскаму настаўніку і майстрам Слабодскай школы па 10 кап. з кожнай рэвізскай душы мужчынскага полу, якіх у воласці налічвалася 2107. З атрыманай сумы ў 210 руб. 70 кап. настаўніку вучылішча выдзелялася ў лік жалавання 26 руб. 42 кап. (з тым, каб рэшту ў памеры 23 руб. 58 кап. даплочвала Мінская дырэкцыя народных вучылішчаў). Астатнія грошы прызначаліся настаўніку і майстрам Слабодскай школы.

Народныя вучылішчы, апрача Гайны, былі адчынены ў 1863 г. у Лагойску і Косіне, у 1864 г. - у мястэчку Крайск, у 1867 г. - у мястэчку Плешчаніцы, 1868 г. - у сяле Прусавічы, у 1870 г. - у мястэчку Бяларуч [241].

Пасля паўстання 1863 г. даволі рэзка змянілася царкоўная і моўная палітыка ўрада. Яна набыла выразную антыпольскую і антыкаталіцкую накіраванасць. Каталіцкім ксяндзам было забаронена "спакушаць" праваслаўных у каталіцтва, у той час як пераход католікаў у праваслаўе усяляк вітаўся. За ўжыванне польскай мовы ў публічным месцы маглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. У народных вучылішчах выкладанне вялося на рускай мове. Актыўна будаваліся новыя цэрквы ў нязвыклым для мясцовага насельніцтва, традыцыйна рускім стылі (ад прозвішча генерал-губернатара Мураўёва, ініцыятара новай палітыкі, іх часам называлі "мураўёўкамі"). У 1864 г. новая драўляная царква ў гонар Дабравешчання была адчынена ў сяле Горна Мільчанскай воласці, у 1865 г. - такая ж царква ў гонар Успення Маці Божай у сяле Косіна Юр'еўскай воласці, у 1866 г. мураваная Свята-Мікалаеўская царква была пабудавана ўзамен зачыненай Спаса-Прэабражэнскай у мястэчку Лагойск, у 1870 г. - драўляная Свята-Мікалаеўская царква - у мястэчку Хатаевічы [242]. У мястэчку Крайск старажытная Свята-Мікалаеўская царква згарэла ў 1866 г., а новая замест яе была асвечана толькі ў 1877 г. [243]

Адначасова зачыняліся некаторыя з каталіцкіх касцёлаў. Так, у 1867 г. быў зачынены самы старажытны на Лагойшчыне Гайненскі касцёл, у мураваным будынку якога пачала дзейнічаць Успенская праваслаўная царква. Гайненскі каталіцкі прыход быў далучаны да Лагойскага. У 1868 г. каталіцкая капліца ў сяле Завішын Плешчаніцкай воласці была перароблена ў Свята-Мікалаеўскую царкву [244]. Тыя прыходы, што захаваліся, таксама перажывалі не лепшыя часы.

У Кораньскім прыходзе на пачатку 1870-х гг. не было настаяцеля, а яго функцыі сумяшчаў адміністратар Лагойскаго касцёла. У 1876 г. святар Плешчаніцкай праваслаўнай царквы Сахоўскі падаў павятоваму паліцэйскаму спраўніку рапарт (а па сутнасці - данос) аб становішчы ў гэтым прыходзе. Ён пісаў аб "закаснелым фанатызме" сялян Кораньскага прыхода, не прыняўшых перавод багаслужэння на рускую мову. У сувязі з гэтым быццам бы распаўсюдзілася ідэя "беспапоўства", і ужо шосты год прыхажане "вводят вымышленные ими обрядности: дали бабам право крестить своих младенцев, старикам поручили сочинять браки, более грамотным освящать воду, пасху и могилы умерших". Больш за 300 дзяцей, паводле сцвярджэння Сахоўскага, за гэты час не былі ахрышчаны кананічным абрадам. Па запыту барысаўскага дэкана адміністратар Лагойскага косцёла ксёндз Лазаровіч адказаў, што метрычныя кнігі вядуцца рэгулярна, і ў пацвярджэнне прывёў звесткі аб усіх хрышчэннях, шлюбах і пахаваннях з моманту заняцця ім пасады ў 1874 г. Аднак аналіз гэтых звестак паказвае, што пэўныя парушэнні ўсё ж мелі месца. Колькасць нараджэнняў у 1874 г. занадта малая, а ў 1875 г. - занадта вялікая ў параўнанні з тыповай для гэтага прыхода ў іншыя гады. Напэўна, частка нараджэнняў была зафіксавана ўжо "заднім лікам". Што тычыцца смярцей, то іх было яўна замала. Прызнаючы гэта, ксёндз Лазаровіч сцвярджаў, што многія пахаванні здзяйсняліся настаяцелямі суседніх Хатаевіцкага і Зембінскага касцёлаў і запісваліся ў іх метрычныя кнігі [245]. Праверыць гэта немагчыма, бо кнігі гэтых касцёлаў за азначаны перыяд не захаваліся.

Афіцыйныя даныя губернскага статыстычнага камиітэта сведчаць пра зніжэнне колькасці католікаў у насельніцтве Барысаўскага павета з 23478 чал. у 1863 г. да 21496 чал. у 1876 г., у той час як агульная колькасць насельніцтва павета ўзрасла на 31%, а колькасць сельскага насельніцтва - на 21,5 %. [246] Магчыма, гэтыя лічбы адлюстроўваюць не столькі рэальны пераход католікаў у праваслаўе (пра яго масавы характар ніякіх звестак няма), колькі імкненне афіцыйнай статыстыкі адпавядаць курсу русіфікатарскай палітыкі.

Скасаванне прыгону суправаджалася змяненнем характару вайсковай павіннасці. Рэкруччына, якая з 1856 г. скаладала 15 гадоў, у 1862 г. была заменена прызывам на 7-8 гадовую службу, а з 1874 г. - усеагульнай павіннасцю на 6 гадоў, прычым тыя, хто скончыў пачатковую школу, служылі толькі 4 гады. Гэта азначала, што маладыя мужчыны ўжо не забіраліся ў войска практычна назаўсёды, а маглі пасля вяртання са службы мець яшчэ нямала дзяцей. Крыху панізіўся і ўзровень смяротнасці. У выніку колькасць насельніцтва з часу апошняй рэвізіі 1858 г. па канец 1883 г. павялічылася прыкладна ў 1,6 раза. Да гэтага часу дэмаграфічны рост стаў адчувальным для сучаснікаў. Колькасць зямлі, атрыманай у працэсе рэформы, ужо не адпавядала лічбе насельнікаў у сялянскіх дварах.

Паказальны ў гэтым сэнсе звесткі пра колькасць падзелаў гаспадарак, сабраныя Мінскай губернскай па сялянскіх справах прысутнасцю ў 1882 г. [247] У матэрыялах, прадстаўленых Брысаўскай павятовай прысутнасцю, адзначаецца, што паводле выкупных актаў у павеце было 11383 гаспадарак, а на 1 ліпеня 1882 г. іх колькасць дасягнула 15854. Між тым прысутнасць афіцыйна не зацвердзіла ні аднаго падзелу, і, такім чынам, усе 4471 новых гаспадарак утварыліся "явачным парадкам". Такія падзелы адбыліся больш чым у 39 % гаспадарак, існаваўшых у 1865 г. Прычынай падзелаў павятовая прысутнасць называе "сваркі і нязгоду ў сямействах", зачыншчыкамі якіх у большасці выпадкаў выступаюць жанчыны і маладыя людзі, што вярнуліся з вайсковай службы.Чыноўнікі канстатавалі, што драбленне надзелаў не толькі шкодна адбіваецца на выплаце падаткаў, але і "влияет на экономический быт и нравственность крестьян, которые видят безнаказанность распрей и не подчиняются старшему в семье, а потом и старшим односельчанам и, наконец, волостным старшинам". Разглядаючы падзелы як безумоўна шкодную з'яву, павятовая прысутнасць прапанавала, тым не менш, зацвердзіць тыя падзелы, што ўжо адбыліся, а ў далейшым забараніць іх толькі ў выпадках, калі на адну з частак прыходзілася менш за 10 дзесяцін. Для прадухілення падзелаў прапаноўваліся меры кансерватыўна-патрыярхальнага характару: прадаставіць бацьку права распараджацца ўсёй рухомай і нерухомай маёмасцю, а таксама завяшчаць зямлю паводле свайго жадання, каб такім чынам прымусіць малодшых да паслушэнства.

Рапарты іншых павятовых прысутнасцяў Мінскай губерні адлюстроваюць такую ж карціну і прапануюць аналагічныя меры па прадухіленню падзелаў. У прыватнасці, чыноўнікі канстатавалі "адсутнасць братняй родаснай любові і непавагу да старэйшых", а выйсце бачылі ў "паляпшэнні маральнасці". У Слуцкім павеце адзначалі, што ў 90 выпадках са 100 віноўнікамі падзелаў з'яўляюцца адстаўныя салдаты, якія не жадаюць падпарадкоўвацца старэйшаму ў сям'і. Цікава, што чыноўнікі зусім ігнаравалі дэмаграфічны фактар падзелаў, хаця не маглі не ведаць пра павелічэнне колькасці насельніцтва больш чым у 1,5 раза. Адпаведна павялічылася і колькасць дарослых мужчын, вымушаных жыць пад агульным дахам.

Зямельнае пытанне і сацыяльная няроўнасць.

Асноўная маса дакументаў, што захаваліся ў фондзе губернскай па сялянскіх справах прысутнасці, прысвечана канфліктам наконт спадчыны і зямельным цяжбам пры падзеле гаспадарак. Іх колькасць асабліва нарастае з сярэдзіны 1880-х гг., праз 20 гадоў пасля складання выкупных актаў. Да гэтага часу памерла большасць з тых гаспадароў, якія атрымалі надзелы ва ўласнасць. Іх пасталеўшыя сыны не заўсёды прыходзілі да згоды пры дзялёжцы спадчыны.

Так, пры складанні выкупнога акта па вёсцы Лішчыцы маёнтка Красны Бор браты Дамінік і Іван Лайкоўскія атрымалі сумесны надзел у 35,15 дзес. Апрача таго, Іван атрамаў у дар ад памешчыка дадатковыя 4 дзес. У яго было пяць сыноў, прычым два з іх нарадзіліся ўжо пасля складання выкупнога акта. Дамінік, памёршы ў 1878 г., пакінуў адзінага сына Франца, які таксама нарадзіўся пасля 1865 г. Калі ён вырас, валасны суд у чэрвені 1891 г. пастанавіў падзяліць надзел на дзве роўныя часткі, з якіх адну перадаць Івану і пяці яго сынам, а другую - Францу. Іван падаў скаргу ў губернскую прысутнасць, у якой сцвярджаў, што выкупны акт складаўся на гаспадарку з 5 мужчынскіх душ, сярод якіх на яго брата прыходзілася ўсяго адна. Таму і сыну апошняга трэба вылучыць толькі пятую частку надзела. Франц са свайго боку высунуў контрпрапанову: увесь надзел павінен дастацца яму аднаму, бо дзядзька на агульныя сямейныя грошы (заробленыя, у тым ліку, і дзякуючы працы самога Франца ў яшчэ не падзеленай гаспадарцы) прыкупіў 120 дадатковых дзесяцін, якімі карыстаецца адзін.

Вельмі паказальныя разнастайныя аргументы, якія прыводзіў у сваёй апеляцыі Іван Лайкоўскі. Ён спрабаваў схітрыць, сцвярджаючы, што разам з братам атрымаў у 1865 г. толькі 15 дзес., а прырэзка ў памеры 20,15 дзес., зробленая паверачнай камісіяй, быццам бы ўяўляе сабой тую дарчую зямлю, якую ён атрымаў ад памешчыка і якая, такім чынам, мусіць належаць яму аднаму. Далей ён піша, што гаспадарка на момант смерці брата Дамініка была "скудная", і ўзняць яе ўдалася толькі дзякуючы асабістым намаганням самога Івана і яго ўдалай жаніцьбе. У пасаг за жонкай ён атрымаў 500 рублёў серабром, а пасля смерці цесця перавёз з яго двара ў вёсцы Прудкі 3 гаспадарчых пабудовы, скаціну і насенне на суму ў 150 руб. Уклаўшы ўсё гэта ў гаспадарку, ён "працай сваёй і сямейства" дамогся поспеху, прычым вымушаны быў утрымліваць малалетняга пляменніка і дзвюх яго ясцёр, ад якіх дапамогі ў той час не было. Адначасова Іван спрабаваў цалкам адхіліць рашэнне валаснога суда на той падставе, што такі суд можа разглядаць справы з іскавай сумай не больш 100 руб., у той час як яго гаспадарка каштуе значна даражэй: за зямлю к сярэдзіне 1891 г. выплачана выкупу на суму 485 руб. 42 кап., у пабудовы і ўгнаенне ўкладзены ўвесь кошт шлюбнага пасагу, а дваровыя пабудовы застрахаваны на суму 400 руб. На гэтай падставе Іван ацаніў сваю гаспадарку ў 1385 руб. 42 кап., з якіх пляменнік не ўклаў ні капейкі. Аднак усе намаганні прапалі дарма: губернскае праўленне 22 лістапада 1891 г. адхіліла яго апеляцыю [248].

Не менш цікавы далейшы лёс гэтага сялянскага рода, які можна прасачыць па судовых дакументах. Іван Лайкоўскі памёр у 1897 г., перажыўшы аднаго са сваіх пяці сыноў. Праз два гады памёр і яго пляменнік Франц, у якога засталіся малыя дзеці. Пасля гэтага, напэўна, дзве сям'і зноў аб'ядналіся і працягвалі весці сумесную гаспадарку. На мяжы стагоддзяў надзелам сумесна валодалі чацвёра жанатых сыноў Івана, маці Франца і ўдава апошняга з двума малалетнімі сынамі і дачкой. Увогуле ў гаспадарцы было 25 чалавек, з іх 4 працаздольных мужчыны [249]. Старэйшы з іх, Сямён Іванаў Лайкоўвскі, валодаў, апрача таго, 90 дзесяцінамі зямлі ў фальварку Кажухоўка Плешчаніцкай воласці, купленай пры дапамозе пазыкі Сялянскага пазямельнага банка [250]. (Напэўна, гэта была тая самая зямля, якую прыгадваў Франц у папярэдняй справе). У адрозненне ад бацькі, Сцяпан Лайкоўскі спадзяваўся не толькі на ўласную працу, але і на не зусім законныя сродкі. У сакавіку 1896 г. ён уступіў у змову з уладальнікам маёнтка Укропавічы Вікенціям Фалькоўскім, якому пагражала публічная распрадажа маёнтка за даўгі. Яны склалі падложную даверанасць ад імя папярэдняга ўласніка Укропавічаў Стяпана Падвысоцкага (памёршага за 20 гадоў да таго), які нібыта перадаў маёнтак пад упраўленне Лайкоўскаму. Гэтую даверанасць яны засведчылі ў барысаўскага натарыўса, прычым Фалькоўскі выдаваў сябе за Падвысоцкага, а Лайкоўскі і яўрэй Залік Лейбаў Коган адыгрывалі ролю сведкаў. Афёра, аднак, была раскрыта, і 11 лютага 1902 г. Мінскі акруговы прыгаварыў Сямёна Лайкоўскага да турэмнага зняволення на 1 год. [251]

Гэта, аднак, не паклала канец кар'еры вынаходлівага селяніна. У 1904 г. ён працягнуў актыўную "дзейнасць", прадаўшы жыхару Барысава Аляксандру Зялёнку два векселя на 100 руб. кожны, быццам бы атрыманыя ім ад малодшых братоў Язэпа і Якава ў 1891 г., калі ён купляў у селяніна Юрь'еўскай воласці Юрыя Варонкі зямлю ў засценку Бацяноўка. Аднак пры спробе Зялёнкі даць ход гэтым векселям высветлілася, што яны фальшывыя. Яны былі напісаныя адной рукой, але, як высветліла экспертыза, не Зялёнкам і не Сямёнам Лайкоўскім. Браты ж апошняга заявілі, што ніякіх векселяў не давалі. Дарэчы, у іх паказаннях прыгадваецца, што самі яны судзіліся з ім з-за бацькоўскай зямлі і нават атрымалі рашэнне на сваю карысць, але, не гледзячы на гэта, ён працягвае карыстацца гэтай зямлёй аднаасобна. Супраць Сямёна зноў была ўзбуджана крымінальная справа аб падробцы дакументаў. У вопісе яго маёмасці прыгадваюцца 3 каня (ацэненых у 120 руб.), 2 вола (50 руб.), 4 каровы (80 руб.), 9 авечак (9 руб.) і 4 свінні (20 руб.). Аднак на гэты раз суд прысяжных вынес 25 красавіка 1912 г. вердыкт: дачыненне Сямёна Лайкоўскага да падробкі векселяў лічыць недаказаным. У выніку ён быў апраўданы [252].

Такія энергічныя і зажытачныя сяляне, як Іван Лайкоўскі і яго сын Сямён, паступова ўтваралі новае пануючае кола вясковых багацеяў. Яшчэ адным яскравым прадстаўніком новай вясковай эліты быў Фама Ясюкевіч з вёскі Грамніцы Гайна-Слабодскай воласці. Яго бацька Іван Ясюкевіч пры складанні выкупнога акта ў 1865 г. атрымаў у дадатак да надзела ў 13,7 дзес. яшчэ дадатковыя 22 дзес. у якасці дара ад памешчыка. Да таго ж сам Фама, якому на той час споўнілася толькі 21 год, атрымаў асобны надзел памерам у 13,3 дзес., хаця паводле агульнага правіла мусіў карыстацца часткай бацькоўскага надзела. Як было праведзена такое рашэнне, можна толькі здагадвацца. Ужо ў 1881 г. Іван Ясюкевіч і яго сын Фама апынуліся ў ліку ўсяго шасці з агульных 157 гаспадарак былога маёнтка Красны Бор, якія датэрмінова выплацілі выупныя плацяжы.

Эканамічныя поспехі спалучаліся і з палітычнымі. На працягу 1881 - 1889 гг. Фама Ясюкевіч займаў пасаджу валаснога старшыны, гэта значыць - быў першым чалавекам в масштабе Гайна-Слабодскай воласці. Аб яго дзейнасці на гэтай пасадзе, апрача неаднаразовых агульных упамінанняў, сведчаць і два даволі спецыфічных. Восенню 1883 г., калі Фама прыводзіў у выкананне прыгавор валаснога суда аб пакаранні розгамі селяніна вёскі Зарэчча Пятра Грынкевіча, родзіч апошняга ўдарыў старшыну кулаком у грудзі, за што быў падвергнуты арышту на 6 тыдняў [253]. Другая справа была яшчэ больш казытлівай. У маі 1885 г. сялянка вёскі Лішчыцы Ева Высоцкая абвінаваціла валаснога старшыну ў тым, што пры рашэнні аб падзеле спадчыны з яе сястрой у 1881 г. ён вымагаў хабар у памеры 26 руб. Факт атрымання хабару, аднак, не быў даказаны [254].

Фама Ясюкевіч пасля валаснога старшыны займаў таксама вельмі ўплывовую пасаду валаснога суддзі, на якой прыгадваецца з 1892 па 1899 г. Яго стасункі з асноўнай масай сялянства былі няпростымі. У 1895 г. 13 аднавяскоўцаў Ясюкевіча былі аштрафаваны валасным судом на 50 капеек кожны за самавольнае разбурэнне каменнай сцяны, што раздзяляла іх землі, патраву сенакосу і пасеваў аўсу. У апеляцыі, пададзенай у губернскую сялянскую прысутнасць, яны сцвярджалі, што разбурэнне сцяны, пабудаванай Ф. Ясюкевічам і яго братам, было вымушанай мерай, бо яна загарадзіла адзіны шлях для прагону іх скаціны на пашу. Паводле іх сцвярджэння, пратакол аб справе быў складзены валасным старшыной у п'яным выглядзе, а сведкамі былі сват і шурын Ясюкевіча, якія нават не жылі ў гэтай вёсцы. Тым не менш прыгавор валаснога суда быў пацверджаны [255].

Развіццё капіталістычных адносін.

Скасаванне прыгону, пры ўсёй непаслядоўнасці праведзеных рэформ, адчыніла шлях да развіцця капіталізму. Праўда, развіццё прамысловасці адбывалася вельмі павольна. У першыя паслярэформенныя дзесяцігоддзі вытворчасць зводзілася галоўным чынам да вырабу гарэлкі для мясцовых патрэб. У мястэчку Лагойск, належачым Яўстафію Тышкевічу, па звестках 1879 г. славутая некалі фабрыка тканін ужо не згадваецца. Там дзейнічаў толькі броварны завод, на якім 7 рабочых выраблялі ў год гарэлкі на 4950 руб. [256] У маёнтку Янушковічы такі ж завод, аддадзены памешчыкам Есманавым у арэнду, вырабляў гарэлкі на 5950 руб. На ім працавалі 4 чалавекі [257]. У маёнтку Рагозіна, належачым памешчыку Тышкевічу, з 1870 г. дзейнічаў броварны завод, на якім у 1890 г. меўся паравы рухавік і працавалі 7 рабочых. Выраблялася гарэлкі на 3000 руб. у год. [258] У 1880 г. броварны завод згадваецца таксама ў Плешчаніцах [259].

Паводле матэрыялаў перапісу насельніцтва 1897 г., у мястэчку Лагойск было 2 вадзяных млына, 9 кузняў, сукнавальня і нават прадпрыемства па вырабу газаванай вады. Кожны чацвер працаваў мястэчкавы рынак, а тройчы ў год, на 9 мая, 6 жніўня і 6 снежня, адбываліся вялікія кірмашы. Пры панскім маёнтку ў Лагойску быў яшчэ адзін вадзяны млын, а таксама лесапільня і кузня. У сяле Косіна тады ж дзейнічалі 2 кузні, у сяле Завішына - 1. У маёнтку Камень былі вадзяны млын і смалярны завод, у вёсцы Мяхеды - смалярны завод [260].

На мяжы стагоддзяў дзейнічалі некалькі прамысловых прадпрыемстваў з паравымі машынамі. Заснавальнікамі іх часта былі ўжо не памешчыкі, а прадстаўнікі буржуазіі. Так, у мястэчку Гайна з 1891 г. пачало дзейнічаць мукамольнае і крупяное прадпрыемства Б. Годэса і Ш. Экпіда, на якім у 1895 г. было занята 3 рабочых. Там дзейнічала паравая машина магутнасцю ў 4 конскіх сілы. За год выраблялася мукі і круп на 400 руб. [261] У мястэчку Плешчаніцы купец І. Б. Цепліц у 1896 г. заснаваў фабрыку па вырабу драўляных шавецкіх цвікоў, на якой у 1900 г. працавалі 38 чалавек і выраблялася прадукцыі на 7700 руб. [262] Напярэдадні першай сусветнай вайны там дзейнічаў паравы рухавік магутнасцю ў 10 конскіх сіл і працавалі 35 рабочых, а кошт прадукцыі склаў 25 тыс. руб. у год. [263] Паводле матэрыялаў перапісу насельніцтва 1897 г., у Плешчаніцах існаваў таксама гарбарны завод і 5 кузняў, было паштовае аддзяленне. Двойчы ў год, 23 красавіка і 1 кастрычніка, адбываліся кірмашы [264].

Пры маёнтку Завішына ў 1903 г. быў заснаваны броварны завод, належаўшы М. Фалькоўскай, а пры маёнтку Косіна ў 1906 г. - броварны завод П. Шмідта. Напярэдадні вайны на заводзе ў Завішыне дзейнічаў паравы рухавік на 12 конскіх сіл і працавалі 5 рабочых, у Косіне - рухавік на 9 конскіх сіл і 6 рабочых [265].

Колькасць насельніцтва Барысаўскага павета паводле перапісу 1897 г. павялічылася прыкладна ўдвая ў параўнанні з 1858 г. У Лагойску было 302 двара і 2321 жыхар, у Плешчаніцах - 126 двароў і 1063 жыхара, у Гайне - 131 двор і 818 жыхароў. З іншых буйных паселішчаў Лагойшчыны у вёсцы Саковічы налічвалася 86 двароў і 494 жыхара, у Айнаравічах - 80 двароў і 552 жыхара, у Косіне - 64 двара і 424 жыхара, у Хатаевічах - 65 двароў і 423 жыхара, у Мацееве - 64 двары і 422 жыхара, у Ізбішчы - 57 двароў і 392 жыхара, у Радзькавічах - 57 двароў і 373 жыхара, у Лагазе - 58 двароў і 359 жыхароў, у Міхалкавічах - 57 двароў і 341 жыхар, у Вялікіх Нястанавічах - 54 двара і 339 жыхароў, у Жэсціным - 50 двароў і 336 жыхароў, у Горне - 52 двара і 328 жыхароў.

На мяжы стагоддзяў некаторыя панскія маёнткі прыйшлі ў поўны заняпад, так што іх уласнікі вымушаны былі распрадаваць ворыўныя землі. Адначасова найбольш моцныя сялянскія гаспадаркі назапасілі дастаткова сродкаў, каб набываць землю. Часам яны рабілі гэта ў складчыну, утвараючы на "купчай" зямлі новыя вёскі. Калі ж значны квалак зямлі набываўся асобным гаспадаром, там звычайна паўставаў хутар. Так, у першыя гады ХХ стагоддзя была распрададзена каля 1700 дзес. земляў маёнтка Красны Бор, папярэдне набытага ў 1898 г. сумесна віцебскім купцом А. К. Сярпійскім і надворным саветнікам Р. Л. Ульрыхам [266]. Каля 600 дзесяцін было набыта 14 гаспадарамі з ліку былых прыгонных сялян гэтага ж маёнтка. Частка іх набыццяў была зацверджана Мінскай казённай палатай у канцы 1903 - пачтаку 1904 г. [267] На гэтых землях неўзабаве ўзніклі хутары Баўтоўка, Лісавічы, Нізкае, Равы. Іншыя землі былі куплены выхадцамі з суседняга Вілейскага павета. 13 сялянскіх сем'яў набылі 350 дзес. на землях фальварка Алексаполь, дзе імі была заснавана вёска Новае Чэрнева, а 10 сем'яў - 243 дзес. у фальварку Антонаўка, дзе ўзнікла аднайменная вёска. Землі фальварка Гані (340 дзес.) былі куплены 13 сем'ямі рускіх старавераў, а 4 сям'і набылі 118 дзес. пры засценку Града. Усе азначаныя куплі ажыццяўляліся пры ўдзеле Сялянскага пазямельнага банка, які прадастаўляў пакупнікам значныя пазыкі - увогуле каля 70 % выплачанай сумы. Падобным жа чынам паўставалі новыя хутары і вёскі ў іншых мясцінах.

Маёмасны стан пакупнікоў новых земляў прыкметна адрозніваўся на фоне агульнай масы сялянства. Гэта добра бачна з матэрыялаў сельскагаспадарчага перапісу, праведзенага ў 1916 - 1917 гг. [268] Тады на купчых землях са складу маёнтка Красны Бор на 1 гаспадарку ў сярэднім прыходзілася каля 21,1 дзес. У той жа час на надзельных землях гэтая лічба складала ўсяго каля 8,1 дзес. Праўда, на купчых землях сярэдняя колькасць насельнікаў сялянскага двара была вышэй: 7,3 чал. на гаспадарку, супраць 6,2 чал. на надзельных землях. Але ўсё роўна забяспечанасць зямлёй на душу насельніцтва адрознівалася больш чым удвая: на купчых землях - 2,9 дзес., на надзельных - 1,4. Гэтак жа адрознівалася і забяспечанасць хатняй скацінай. У хутарах і новых вёсках на 1 гаспадарку прыходзілася ў сярэднім 1,5 каня, 2,02 каровы, 3,16 авечкі, 3,75 свінні, а ў былых прыгонных вёсках - 0,84 каня, 1,35 каровы, 2,04 авечкі і 1,71 свінні.

Некаторыя з новых хутароў уяўлялі сабой вельмі моцныя гаспадаркі фермерскага тыпу. Напрыклад, сям'я Франца Акуліча ў складзе 11 чалавек (у тым ліку сам 60-гадовы гаспадар, двое яго братоў, жонка аднаго з іх і 7 дзяцей ад 17 да 2 гадоў) валодала хутарам Востраў, які раней быў асобным фальваркам маёнтка Красны Бор. Ёй належала 280,5 дзес. зямлі, у тым ліку 20 дзес. ворыўнай і 1,5 дзес. сядзібнай. Пад парам заставалася 52 дзес. У гаспадарцы быў млын, меліся 2 плугі, конная малацілка, веялка, калёсы на жалезным хаду. Скаціна налічвала 6 коней і 1 жарабя, 2 валоў, 1 быка, 4 кароў, 6 цялят і падцёлкаў, 9 авечак, 6 ягнят, 6 свіней і 5 парасят [269].

Народная адукацыя і стан нацыянальнай свядомасці.

Паступова пашыралася сетка пачатковых навучальных устаноў. Усе 7 народных вучылішчаў, заснаваных у 1860-я гг., працягвалі існаваць. Такое вучылішча ў Гайне ў 1892/93 навучальным годзе мела 36 вучняў (з іх 2 дзяўчынкі), а ў 1905/06 годзе там было ўжо два асобных вучылішча для хлопчыкаў (64 вучня) і дзяўчынак (32 вучаніцы). У Косінскім вучылішчы колькасць вучняў у 1892/93 г. складала 40 (з іх 10 дзяўчынак), а ў 1905/06 г. - 62 (6 дзяўчынак), у Лагойскім - адпаведна 69 (5) і 168 (36), у Крайскім - 139 (29) і 110 (6), у Плешчаніцкім - 48 (2) і 120 (14), у Прусавіцкім - 26 (1) і 70 (3), у Беларуцкім - 39 (усе хлопчыкі) і 113 (15) [270]. На працягу 1880-х гг. быў адчынены цэлы шэраг так званых "школ пісьменнасці" пад эгідай праваслаўнай епархіі: у Мацееве (у 1890/91 навучальным годзе было 25 вучняў, усе хлопчыкі), у Весніне (31 вучань, з іх 3 дзяўчынкі), у Ізбішчы (17 вучняў), у Падонках (сучасная Знаменка, 14 хлопчыкаў), у Горне (7), у Дабрэневе (11), у Мачанах (7), у Саковічах (35), у Станавішчы (10), у Чмялевічах (15), у Сокалах і Селішчы (звестак аб колькасці навучэнцаў няма), у Панізоўі (у 1890 г. была часова зачынена з-за недахопу сродкаў). Тады ж у Беланах дзейнічала царкоўна-прыходская школа, дзе вучыліся 11 хлопчыкаў. У Янушковічах такая школа дзейнічала з 1884 г. У 1890 г. у ей было 30 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка [271].

Поспехі народнай адукацыі былі даволі сціплымі. Паводле перапісу насельніцтва 1897 г., у Барысаўскім павеце (без гарадоў Барысаў і Докшыцы) колькасць пісьменных складала каля 14,4 %. [272]

У далейшым царкоўна-прыходскія школы былі створаны ў мястэчку Крайск (у 1894 г.), у вёсцы Падсадзец (згадваецца ў 1898 г., у 1903 замест яе адчынена аднакласнае народнае вучылішча), у Завішыне (згадваецца ў 1903 г.). У 1902 г. народнае вучылішча з'явілася ў Хадаках, у 1905/06 навучальным годзе там вучыліся 15 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак. З 1912 г. згадваюцца такія ж вучылішчы ў Гасцілавічах, Жэсціным, Лагазе, Нястанавічах, а з 1916 г. - у Астрошыцах, Мурожным, Пуцілаве і Рацькавічах.

Успаміны пра дзейнасць народнай школы ў Корані, створанай у 1904 г., запісаў яе вучань - Адам Варлыга, які прыводзіць таксама цікавыя звесткі пра нацыянальна-культурны зрух на пачатку ХХ стагоддзя:

"У канцы кастрычніка 1904 года адчынілася ў Корані расейская народная школа. Першыя два гады настаўнікам гэтай школы быў Сцяпан Шчэмер з Наваградчыны, па палітычных перакананнях чарнасоценец. Летам 1905 года ў Кораньскую парафію прыехаў малады ксёндз Вацлаў Лацэвіч, па нацыянальнасці, як ён сам сябе называў, жмудзін. Ён закончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію, прафесарам якой быў вядомы беларсукі нацыянальны дзеяч Браніслаў Эпімах-Шыпіла. У тыя часы ў духоўнай акадэміі шырыўся ўжо беларускі нацыянальны рух, беларусы з жмудзінамі дзеілі адным фронтам.

Ксёндз Пацэвіч быў першым у нашай ваколіцы выраем беларускага нацыянальнага адраджэння. Ад яго першага мы пачулі слова "беларус". Калі ён першы раз прыйшоў да нас у школу, дык прынёс стос лемантароў "Палескі лемантар", што ўлажыла, здаецца, Цётка. Ксёндз Пацэвіч вёў беларускую нацыянальную працу ў школе з дзецьмі, а па-за школай - з дарослымі. Ён заўсёды папераджаў, каб з ім гаварылі па-беларуску, ды не толькі з ім, а з усімі, саймі й чыжымі, каб і маліліся па-свойму. Ён упэўніваў, што Бог разумее й беларускую мову. Калі ў яго пыталіся, чаму ён заахвочвае, каб людзі з ім гаварылі па-беларуску й ці й ён беларус, Пацэвіч адказваў: "Не, я жмудзін, але калі я жыву між вас, дык я мушу знаць вашу мову." (...)

Другі прапагандыст беларускай адраджэнчай ідэі ў нашай аколіцы па нацыянальнасці быў таксама чужынец - жыд. Гэта быў сын коранскага крамніка, Моська Фаін, прыяцель вядомага беларускага паэта-пісьменніка Змітрака Бядулі. Калі сталі выходзіць восеняй 1906 года беларускія газеты "Наша доля", а потым "Наша ніва", дык ён выпісваў гэтыя газеты, распаўсюджваў сярод сялян ды сам пісаў пад псеўданімам М. Пекны.

Вясной 1906 года настаўнік-чарнасоценец Сцяпан Шчэмер выбыў з Кораньскай школы. Восеняй жа прыехаў у нашу школу новы настаўнік, случчак, з мястэчка Раманава, Алісей Жалейка, дэмакрат і свядомы беларус. У нашай школе ён прабыў два гады. Ён нелегальна распаўсюджваў "Нашу ніву" сярод вучняў. Пры раздзявальні быў пусты маленькі пакойчык. Там у століку ляжалі нумары "Нашай нівы". Вучні на перапынках чыталі іх, спісвалі сабе вершыкі, што былі ім да ўспадобы, ды вывучалі іх напамяць. (...)

Настаўнік Жалейка апрача школьнай працы яшчэ займаўся падрыхтоўкай вучняў у сярэднія школы. У мяне было неадчэпнае жаданне асвоіць дробы, а дзеля гэтага патрэбна было навучыцца прыводзіць лікі да супольнага назоўніка. І вось я, па заканчэнні народнай школы ў 1907 годзе, месяц пахадзіў да настаўніка Жалейкі і авалодаў гэтым цудоўным сакрэтам навукі. У 1908 годзе настаўнік Жалейка паступіў у Віленскі вучыцельскі інстытут, а ў Корань прыехаў настаўнік Я. Лютарэвіч, па фаху аграном. Ён у Корані пры школе пасадзіў садок і прабыў тут да вайны.

У вайну, з 1914 па 1917 гады, у Кораньскай школе працавалі недавучаныя падлеткі, якія панізілі аўтарытэт школы. У часе вайны польскія ўцякацкія арганізацыі мелі права ў Беларусі закладаць свае пляцоўкі й школкі. Хоць у Карэншчыне польскіх уцекачоў не было, але польскія шавіністы арганізавалі ў прыватным доме польскую школку. І гэтак у Корані для беларускіх дзяцей былі дзве школкі - расейская й польская. У польскай школе была настаўніцай нейкая панна Марыя. Паколькі адукацыяй яна была на галаву вышэй за падлеткаў расейскай школы, дык шмат дзяцей пайшло ў ейную школку. Асабліва туды пайшлі пераросткі-дзяўчаты, якія ў ніякія школы не хадзілі. Пасля рэвалюцыі 1917 года, па намове ксяндза Г. Лімбо, апалячанага жмудзяка, у Корані расейскую школу зачынілі, а заміж яе заснавалі польскую школу, якая працавала, з перабоямі, аж да 1920 года" [273].

Вынікі гэтай канкурэнцыі нацыянальных ідэй знайшлі адлюстраванне ў матэрыялах сельскагаспадарчага перапіса, які праводзіўся Часовым урадам у 1917 г. [274] Пры характарыстыцы сельскіх гаспадарак у кожнай вёсцы запісвалася (напэўна, са слоў саміх жыхароў) іх нацыянальная прыналежнасць. У выніку з 418 гаспадарак на населенай католікамі тэрыторыі, што непасрэдна прылягала да Кораньскага касцёла, 88 названы польскімі. Большасць з гэтых "палякаў" былі ў шчыльным радстве з жыхарамі тых гаспадарак, якія трапілі ў лік беларускіх. Так, у вёсцы Лішчыцы 5 гаспадарак пазначаны як беларускія, а 29 - як польскія. У вёсцы Прудкі беларускай названа 1 гаспадарка, а астатнія 56 - польскімі. У іншых старых вёсках практычна ўсе гаспадаркі - беларускія.

Рэвалюцыйныя і ваенныя падзеі.

Рэвалюцыя 1905 - 1907 гг. прывяла да шэрагу гвалтоўных учынкаў з боку сялян. Некаторыя з іх мелі месца і на Лагойшчыне. Так, у чэрвені 1905 г. газета "Северо-Западный край" паведаміла пра патраву пасеваў і сенажацяў у маёнтках Красны Бор, Кузевічы і Ганявічы, здзейсненых навакольнымі сялянамі ў апошнія дні мая [275]. У паліцэйскіх зводках прыгадваецца, што на пачатку снежня таго ж года сяляне вёскі Кроква Юр'еўскай воласці разбурылі млын памешчыка Ігнацьева. У чэрвені 1906 г. сяляне вёскі Печнае патрабавалі ад уладальніка маёнтка Жардзяжжа Карыбут-Дашкевіча павялічыць падзённую плату. У ліпені 1906 г. сяляне вёскі Баброва Плешчаніцкай воласці самавольна скасілі сена ў маёнтку Завішына пана Банькоўскага [276].

Зафіксаваны на тэыторыі Лагойшчыны і два выпадкі рэвалюцыйнай агітацыі. У лютым 1906 г. сяляне вёскі Рэбрышча Астрошыцка-Гарадоцкай воласці Франц і Рыгор Каханоўскія чыталі аднавяскоўцам пракламацыі [277]. У кастрычніку таго ж года сельскі стараста вёскі Рацькавічы Гайна-Слабодскай воласці застаў у хаце селяніна Жылінскага сходку, арганізаваную мяшчанінам Іосіфам Вольскім. Апошні называў сябе сацыялістам і збіраў з сялян па 5 капеек "на патрэбы партыі". Пры разборы справы высветлілася, што папярэдне ён такім жа чынам збіраў грошы ў Айнаравічах і абяцаў, што яго партыя паб'е ўсіх паноў і назеліць сялян зямлёй. Аднак там сяляне нічога яму не далі. У вёсцы Сліжына ён выкарыстаў іншы аргумент - пагражаў у выпадку адмовы "разарыць вёску". Гэта аказалася больш эфектыўным, і сяляне далі яму па 5 капеек з кожнай хаты [278].

Рэвалюцыйны ўздым прывёў да таго, што царскі ўрад нарэшце скасаваў вывкупныя плацяжы, з якімі пераважная большасць сялянскіх гаспадарак так і не разлічылася цалкам. Аднак сяляне працягвалі выплочваць іншыя падаткі: зямельны, які ішоў у дзяржаўны скарб, земскія (на ўтрыманне дарог і паліцэйскага апарату на павятовым узроўні) і мірскія, якія заставаліся ў карыстанні валаснога праўлення.

Новым выпрабаваннем для беларускай вёскі стала першая сусветная вайна, якая пачалася ў 1914 г. Праз год, пад час катастрафічнай для рускай арміі ваеннай кампаніі 1915 г., нямецкія войскі прарвалі фронт у раёне Свенцян і праз Вілейшчыну на кароткі час дасягнулі ў верасні тэрыторыі Лагойшчыны, дзе занялі тэрыторыю Мільчанскай, Плешчаніцкай і Гайна-Слабодскай валасцей. Пры гэтым, паводле афіцыйных звестак, была разрабавана маёмасць 51 мірнага жыхара [279]. У далейшым прарыў быў ліквідаваны, але фронт стабілізаваўся недалёка на захад ад Лагойшчыны, на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна.

Значная частка сялян была мабілізавана ў армію. Звесткі аб гэтым маюцца ў сельскагаспадарчым перапісе 1917 г. На той момант на частцы тэрыторыі Гайна-Слабодскай воласці, якая некалі ўваходзіла ў склад маёнткаў Корань і Красны Бор, мелася 512 гаспадарак, у якіх было 825 працаздольных мужчын. З іх 389, ці амаль палова, знаходзіліся на вайсковай службе. Частка гаспадарак, пазбавіўшыся працоўнай сілы, знаходзілася ў стане сапраўднай галечы. Так, 168 двароў не мелі ніводнага працаздольнага мужчыны, 117 - цяглавай скаціны, а 31 гаспадарка не мела ўвогуле ні скаціны, ні пасеву.

Вайна, як вядома, прывяла да крушэння царызму ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Уладу атрымаў Часовы ўрад, які павінен быў склікаць Устаноўчы сход, які б вызначыў далейшы лёс дзяржавы. Ужо ў сакавіку былі прызначаны павятовыя камісары, якія замянілі ранейшыя ўлады. Адначасова ствараліся розныя ўстановы самакіравання, якія практычна не кантраляваліся ўрадам. Жыхарам Лагойшчыны, напэўна, давялося ўдзельнічаць у выбарах дэлегатаў на Першы з'езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, які адбыўся 20 - 23 красавіка 1917 г. (па старому стылю). Дэлегаты на яго абіраліся па аднаму ад кожнага сельскага таварыства [280].

У маі Часовы ўрад скасаваў валасныя суды [281]. Замест іх прадпісвалася ствараць новыя нізавыя органы ўлады - валасныя камітэты, члены якіх выбіраліся па аднаму ад кожных 300 - 500 жыхароў воласці. Са складу валаснога камітэта выбіраліся 3 прадстаўнікі ў павятовы камітэт [282]. Быў створаны таксама павятовыя зямельныя камітэты, якія павінны былі рыхтаваць аграрную рэформу. Дарэчы, Барысаўскі зямельны камітэт, сфера дзейнасці якога ахоплівала і большасць Лагойшчыны, вызначаўся прыкметным радыкалізмам. У чэрвені 1917 г. ім была прынята пастанова аб падзеле ўсіх лішкаў сенакосу, належачых прыватным уласнікам. Пасля гэтага пачаўся масавы захоп сенакосаў сялянамі і падзел паміж імі. Часовы ўрад вымушаны быў умяшацца і скасаваць рашэнне павятовага зямельнага камітэта [283].

Сацыяльныя супярэчнасці рэзка абвастрыліся ў канцы лета, калі ў выніку мяцяжу генерала Карнілава палітычная сітуацыя на пэўны час стала некіруемай. Калі ў жніўні адбыліся 37 сялянскіх выступленняў па ўсёй Мінскай губерні, то ў верасні - кастрычніку ў адным Барысаўскім павеце сялянамі былі захоплены 17 панскіх маёнткаў [284]. Стыхійныя падзелы маёнткаў ўжо на пачатку верасня ахапілі частку Лагойшчыны. Сяляне вёсак Коргава, Малінаўка, Саколкі, Ячнае і інш. пад кіраўніцтвам салдат-бальшавікоў 1-га Сібірскага корпуса 10-й арміі захапілі маёнтак Задор'е памешчыка Шмідта, маёнткі Пятроліна і Плешчаніцы графіні Тышкевіч і маёнтак Мятлічыцы памешчыка Свянціцкага. Было падзелена насенне, гаспадарчы інвентар і свойская скаціна [285]. Далейшае развіццё падзей прывяло да захопу ўлады бальшавікамі, што паклала пачатак зусім новаму этапу ў гісторыі Лагойшчыны.

  1. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (РДГА). Ф. 1350. Воп. 312. Спр. 89. Л. 532-586 адв.
  2. Адам Варлыга. Карэншчына // ЛіМ. 8 красавіка 1994. С. 14.
  3. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 204. Арк. 533 - 536.
  4. У чвэрць (рускую "четверть") уваходзіла 8 пудоў (131,2 кг) зерня.
  5. НГАБ. Ф. 319. Воп. 1. Спр. 50. Арк. 1341 адв. - 1343, 1358 адв. - 1359.
  6. НГАБ. Ф. 937. Воп. 4. Спр. 45.
  7. Белоруссия в эпоху феодализма. Сб. документов и материалов. Т. 4. - Мн., 1979. С. 109.
  8. НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 590.
  9. Лойка П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI -XVIII ст. - Мн., 1991. С. 100.
  10. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 219. Арк. 125-168
  11. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 276. Арк. 25-34 адв.; Спр. 309. Арк. 33-43.
  12. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 377. Арк. 28-41.
  13. НГАБ. Ф. 937. Воп. 4. Спр. 43.
  14. Нарысы гісторыі Беларусі у 2-х частках. Ч. 1. - Мн., 1994. С. 278.
  15. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 544 Арк. 782 - 832.
  16. НГАБ. Ф. 146. Воп. 2. Спр. 1778. Арк. 4, 21.
  17. Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі. - Мн., 1994. С. 320.
  18. НГАБ. Ф. 27. Воп. 1. Спр. 67. Арк. 83 - 84 адв.
  19. НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 257.
  20. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 305.
  21. НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 1279. Арк. 6, 30, 59, 65, 81 і інш.
  22. НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 1399. Арк. 2; Ф. 21. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 45 адв., 64, 87 адв.
  23. НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 257.
  24. Чаянов А. В. Крестьянское хозяйство. Избранные труды. - М., 1989. С. 294.
  25. У сучасных селськагаспадарчых даведніках гадавы рацыён каня альбо каровы з мінімальнай жывой вагой вызначаецца ў памерах 20 - 25 ц кармавых адзінак. У 1 кг аўсу змяшчаецца 1 кармавая адзінка, у 1кг сена - ад 0,41 да 0,46, у 1 кг аўсянай саломы - 0,31, жытняй - 0,21, у 1 кг бульбы - 0,3.
  26. Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 3. - Мн., 1961. С. 410.
  27. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. - Мн., 1992. С. 173 - 174.
  28. Tyszkiewicz E. Opisanie powiatu Borysowskiego. - Wilno, 1847.
  29. Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 3. С. 482.
  30. Там жа. С. 480.
  31. НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 1008. Л. 2 адв.
  32. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 32. Спр. 75. Арк. 71 адв. - 72.
  33. Материалы для географии и статистики Росиии, собранные офицерами Генерального штаба. Минская губерния. Ч. 1 / Сост. И. Зелинский. - Спб., 1864. С. 496.
  34. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 46.
  35. НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 316.
  36. НГАБ. Ф. 242. Воп. 2. Спр. 392. Арк. 158 - 164 адв.
  37. Восстание 1863 - 1864 гг. в Литве и Белоруссии. - М., 1965. С. 422.
  38. Там жа. С. 422.
  39. НГАБ. Ф. 242. Воп. 2. Спр. 393. Арк. 5-18.
  40. НГАБ. Ф. 242. Воп. 1. Спр. 232.
  41. НГАБ. Ф. 147. Воп. 3. Спр. 22355
  42. НГАБ. Ф. 242. Воп. 2. Спр. 392. Арк. 103 - 104 адв., 118-119.
  43. НГАБ. Ф. 1595. Воп. 2. Спр. 147. Арк. 90 - 90 адв., 127 - 172.
  44. НГАБ. Ф. 242. Воп. 1. Спр. 1017. Арк. 15-17.
  45. Памятная книжка Виленского учебного округа на 1877 г. С. 251, 265, 266.
  46. Историко-ститистическая справочная книга Минской епархии. Мн., 1903. С. 49, 56.
  47. Материаплы поистории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии. Витебск, 1896. С. 205.
  48. Историко-ститистическая справочная книга Минской епархии. Мн., 1903. С. 47, 54.
  49. НГАБ. Ф. 295. Воп. 1. Спр. 3092.
  50. Памятная книжка Минской губернии на 1865 г. Составлена и издана Минским губернским статистическим комитетом. - Мн., 1864. С. 3.. Памятная книжка Минской губернии на 1878 г. - Мн., 1877. Ч. 2. С. 25-7.
  51. НГАБ. Ф. 242. Воп. 1. Спр. 2158.
  52. НГАБ. Ф. 242. Воп. 1. Спр. 11395.
  53. НГАБ. Ф. 183. Воп. 2. Спр. 13682. Арк. 190.
  54. НГАБ. Ф. 183. Воп. 2. Спр. 35410. Арк. 11.
  55. НГАБ. Ф. 183. Воп. 2. Спр. 13682.
  56. НГАБ. Ф. 183. Воп. 2. Спр. 35410.
  57. НГАБ. Ф. 183. Воп. 2. Спр. 56.
  58. НГАБ. Ф. 242. Оп. 1. Ед. хр. 11394, 15677.
  59. НГАБ. Ф. 183. Воп. 2. Спр. 11395.
  60. Указатель фабрик и заводов Европейской России. Спб., 1881. С. 490.
  61. РДГА. Ф. 20. Воп. 12. Спр. 212. Арк. 43 - 44.
  62. Указатель фабрик и заводов Европейской России. Спб., 1894.
  63. Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. V. Губернии Литовских и Белорусских областей. Спб., 1884. С. 103.
  64. РДГА. Ф. 1299. Воп. 11. Спр. 1299.
  65. Перечень фабрик и заводов. Спб., 1897. С. 772 - 773.
  66. Список фабрик и заводов Европейской России. Спб., 1903. С. 206.
  67. Список фабрик и заводов Российской империи. Спб., 1914.
  68. РДГА. Ф. 1299. Воп. 11. Спр. 1299. Арк. 790, 791.
  69. Список фабрик и заводов Российской империи. Спб., 1914.
  70. НГАБ. Ф. 1595. Воп. 2. Спр. 147. Арк. 225-6.
  71. НГАБ. Ф. 333. Воп. 4. Спр. 10841.
  72. НГАБ. Ф. 325. Воп. 2. Спр. 605.
  73. НГАБ. Ф. 325. Воп. 2. Спр. 603. Арк. 2.
  74. Памятная книжка Минской дирекции народных училиі на 1892/93 учебный год; Памятная книжка Минской дирекции народных училиі на 1905/1906 учебный год.
  75. Отчет о церковно-приходских школах и школах грамоты Минской епархии за 1890/91 учебный год.
  76. Документы и материалы по истории Белоруссии (1900 - 1917 гг.). Т. 3. - Мн., 1953. № 1025. С. 23.
  77. Адам Варлыга. Карэншчына // ЛіМ. 15 красавіка 1994. С. 14 - 15.
  78. НГАБ. Ф. 325. Воп. 2. Спр. 605.
  79. Северо-Западный край. 1905. № 762 (4 июня).
  80. Звесткі з картатэкі рэвалюцыйных выступленняў, якая маецца ў Інстытуце гісторыі НАН.
  81. ЦГАОР Ф. 124. Воп. 44. Спр. 2042. Арк. 1.
  82. Ф. 124. Воп. 44. Спр. 2025. Арк. 1.
  83. Документы и материалы по истории Белоруссии (1900 - 1917 гг.). Т. 3. - Мн., 1953. № 1025. С. 795.
  84. Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии. Документы и материалы. Т. 1. - Мн., 1957. С. 245-7.
  85. Собрание указаний и распоряжений Рабоче-крестьянского правительства, 1917 - 18 . № 104. Ст. 577.
  86. Ігнаценка І. М. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. - Мн., 1995. С. 41-2.
  87. Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии. Документы и материалы. Т. 1. - Мн., 1957. С. 409.
  88. Ігнаценка І. М. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. - Мн., 1995. С. 89-90.
  89. В борьбе за Октябрь в Белоруссии и на Западном фронте. С. 342 - 344.