Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Крупскага р-на (1999)

Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Крупскага р-на. – Мн., 1999. С. 37 – 64, 70 – 73.

Гістарычныя нарысы

У складзе полацкага княства

Напачатку пісьмовай гісторыі Крупшчына ўваходзіла, верагодна, у склад Полацкага княства, на чале якога ў сярэдзіне 10 ст. стаяў князь Рагвалод. Каля 980 г. сын кіеўскага князя Святаслава наўгародскі князь Уладзімір заваяваў Полацкае княства, забіў Рагвалода і двух яго сыноў, а дачку Рагнеду прымусіў стаць сваёй жонкай. Ён заваяваў таксама і Кіеў, дзе княжыў яго старэйшы брат Яраполк. 3 гэтага часу Крупшчына разам з усім Полацкім княствам уваходзіла ў склад усходнеславянскай дзяржавы — Кіеўскай Русі.

Род нашчадкаў Уладзіміра хутка размножыўся, падзяліўся на некалькі асобных галін. Яны раздзялілі паміж сабой тэрыторыю дзяржавы, утварыўшы паўсамастойныя княствы. Князі фармальна прызнавалі старшынство таго, хто княжыў у Кіеве, але на справе мала лічыліся з ім. Больш трывала княствы аб'ядноўвалі агульная рэлігія і звязаныя з ёй пісьменнасць і летапісанне.

Полацкае княства (або Полацкая зямля) адасобілася раней за іншыя і, верагодна, у тых самых межах, якія мела пры Рагвалодзе. Яго ўзначалілі нашчадкі старэйшага сына Уладзіміра і Рагнеды — Ізяслава, які памёр раней за бацьку. Па мацярынскай лініі Ізяслаў і яго нашчадкі былі пераемнікамі папярэдняй полацкай дынастыі, таму летапісец назваў іх «Рагваложымі ўнукамі». Род іх працягваў драбіцца, у 12 ст. са складу Полацкага княства вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Мінскае, пазней іх стала яшчэ больш.

Звестак, якія б тычыліся ў гэты час непасрэдна сучаснай Крупшчыны, у летапісах няма. Можна толькі і меркаваіць, што большая частка яе тэрыторыі ўвайшла ў склад Друцкага княства. Цэнтрам яго быў старажытны горад Друцк (зараз вёска ў Талачынскім раёне), які ўзнік недалёка ад волаку паміж рэкамі Друць і Усвейка. Магчыма, друцкія князі кантралявалі і заходні, бярэзінскі водны шлях. Ва ўсякім выпадку, горад Барысаў быў заснаваны праўнукам Ізяслава Барысам Усяславічам — родапачынальнікам друцкай галіны «Рагваложых унукаў».

Іншым гарадскім цэнтрам паблізу ад Крупшчыны быу Лукомль (зараз вёска ў Чашніцкім раёне). Гэта быў вельмі старажытны і, паводле археалагічных звестак, квітнеючы ў 11—13 ст. горад, але ў летапісах няма звестак пра асобнае Лукомльскае княства. Можа, яно і існавала тады, але не было ўпамянута, а магчыма, Лукомль уваходзіў у Полацкае княства, у складзе якога быў цэнтрам асобнай акругі. Яна павінна была ахопліваць басейны рэк Усвейкі, Лукомкі і Улы. Мяжа Друцкай і Лукомльскай валасцей, напэўна, праходзіла недзе ў паўночнай частцы сённяшняга Крупскага раёна, перасякаючы або абмінаючы з поўдня воз. Сялява.

На Крупшчыне ў той час не было значных паселішчаў. Сведкамі тагачасных падзей з'яўляюцца толькі курганныя могільнікі. Яны раскіданы па ўсім раёне, але большасць іх захавалася ў глухіх лясных абшарах. Колькасць насыпаў у могільніках невялікая — ад некалькіх штук да некалькіх дзесяткаў. Гэта сведчыць пра тое, што паселішчы былі невялікімі і існавалі нядоўга.

Пра лад жыцця ў часы Кіеўскай Русі можна меркаваць, зыходзячы пераважна з агульных разважанняў. Напачатку існавання гэтай дзяржавы, у 9 —10 ст., большасць вясковага насельніцтва была асабіста свабоднай. Людзі жылі ў невялікіх паселішчах і карміліся як з расчышчаных ляд, так і не ў меншай ступені з дароў лесу: палявалі, збіралі грыбы, ягады, лавілі ў рэках рыбу. Адным з важнейшых промыслаў было бортніцтва: на дрэвах падвешвалі калоды-борці, у якіх вяліся пчолы. Сяляне мелі зямельныя надзелы, атрыманыя ў спадчыну ад продкаў або распрацаваныя ўласнымі рукамі. Галоўнымі іх абавязкамі былі вайсковая павіннасць і выплата штогадовай даніны.

Тэрыторыя Крупшчыны з яе тагачасным насельніцтвам у некалькі тысяч чалавек была адной з вобласцей старажытнай дзяржавы і часткай яе гаспадарчага механізму. Мёд, воск, футра, здабытыя ў яе пушчах, звозіліся ў гарады і пагосты, адтуль на шматлікіх драўляных чоўнах іх сплаўлялі па рэках за мяжу. Частка даходу ад рэалізацыі даніны вярталася да сялян ускосна праз агульнае павышэнне культуры, якое адбывалася спачатку ў княжацка-баярскіх дварах, потым у асяроддзі гараджан і паступова распаўсюджвалася на сялянскае наваколле.

У 11 — 12 ст. старажытнаруская дзяржава, а разам з ёй і Полацкае княства, уступаюць у новы этап свайго развіцця. Адбылося першапачатковае назапашванне сродкаў у руках пануючага кола, і баярска-княжацкія вярхі пачалі абзаводзіцца ўласнай гаспадаркай. Вакол гарадоў з'явіліся асабістыя маёнткі князёў і буйнейшых баяр. Працавалі ў такіх дварах спачатку выключна рабы («чэлядзь нявольная»), набытыя ў ваенных паходах або на рынку. Паступова ўладальнікі маёнткаў пачалі пераходзіць да эксплуатацыі навакольнага вясковага насельніцтва. Яна адбывалася звычайна ў форме закладніцтва: збяднелы селянін атрымліваў грашовую пазыку, якую павінен быў адпрацоўваць у княжацкай гаспадарцы. Такія часова залежныя людзі называліся закупамі.

Смерды-вяскоўцы аб'ядноўваліся ў абшчыны, якія называліся «вервямі» або «мірамі». Насельніцтва несла калектыўную адказнасць за невыкрытае злачынства на сваёй тэрыторыі, рэгулявала тыя старонкі дзейнасці, якія тычыліся ўсіх: калектыўны выпас скаціны, лоўля рыбы з дапамогай драўляных загонаў (ёзаў) і г.д. Абшчьша прымала ўдзел і ў размеркаванні («разрубе») падаткаў паміж асобнымі дварамі, яе прадстаўнікі прымалі ўдзел у судзе.

Надзел ворыва, скаціна і прылады працы былі асабістай уласнасцю сялян. Ужо з пачатку 12 ст. дзейнічаў зафіксаваны ў «Рускай праўдзе» (зборы законаў пачатку 12 ст.) прынцып, паводле якога надзел, уладальнік якога не пакінуў пасля сябе сыноў або зяця, адыходзіў у распараджэнне не абшчыны, а дзяржавы ў асобе князя. Князь мог аддаць такі вымарачны надзел іншаму селяніну (выхадцу са шматдзетнай сям'і або прышламу) на пэўных умовах, напрыклад з патрабаваннем аддаваць частку ўраджаю ці адпрацоўваць штогод пэўны тэрмін у княжацкай гаспадарцы.

У выніку сяляне пачалі падзяляцца на вольных (тых, хто жыў на бацькоўскай і дзедаўскай зямлі і быў абавязаны выплачваць толькі традыцыйную даніну) і феадальна-залежных (тых, хто асеў на княжацкай зямлі і выконваў дадатковыя павіннасці). Паколькі ў кожным пакаленні частка вольных сялян не пакідала пасля сябе сыноў, колькасць княжацкай зямлі няўхільна павялічвалася. Асабліва актыўна гэты працэс ішоў, напэўна, вакол гарадоў і ў тых месцах, дзе існавалі прыватныя двары князя і баяр.

Але тэрыторыю Крупшчыны, хутчэй за ўсё, адзначаныя працэсы закранулі адносна слаба. Тут няма ніводнага археалагічнага помніка, які можна было 6 лічыць княжацкім або баярскім дваром 11—13 стст. Галоўным абавязкам мясцовых сялян заставалася даніна натуральнымі прадуктамі. Паступова губляла сваё значэнне вайсковая павіннасць, бо войска рабілася ўсё больш прафесійным. На першы план у ім выходзіла цяжкаўзброеная рыцарская конніца, у якую набіраліся баяры-дружыннікі. Сялянам жа, апрача даніны, заставалася выконваць перыядычныя работы на будаўніцтве гарадскіх умацаванняў, дарог для праходу войска, пастаўляць транспарт для перавозкі ваенных і дзяржаўных грузаў.

Друцкае княства ў 14-16 стагоддзях (карта).

У складзе вялікага княства літоўскага

У 14 ст. тэрыторыя Крупскага раёна ўвайшла ў склад новай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). На жаль, ад гэтых часоў захаваліся толькі ўрывачныя, адзінкавыя звесткі. Значная частка Крупшчыны тады па-ранейшаму ўваходзіла ў склад Друцкага княства і падзяляла яго лёс. Князі Друцкія, якія пасля амаль двухсотгадовага перапынку пачынаюць згадвацца у крыніцах сярэдзіны 14 ст., былі ўжо васаламі вялікіх князёў літоўскіх, хоць яшчэ захоўвалі рэшткі былой самастойнасці. Вядома, што вялікі князь Гедзімін, а затым яго сын Альгерд праводзілі палітыку аб'яднання княстваў, якія некалі ўваходзілі ў склад разбуранай татарскім нашэсцем Кіеўскай Русі. У рэчышчы гэтай палітыкі іх верхавенства распаўсюдзілася і на Друцкае княства. Захад і поўдзень сучаснага раёна, верагодна, у 14 ст. ўжо належалі да іншага цэнтра — Барысава, які перайшоў у непасрэдную ўласнасць вялікага князя. Магчыма, гэта адбылося ў сувязі з падзеямі, пра якія паведамляе адзін з беларуска-літоўскіх летапісаў — Хроніка Быхаўца [1].

У 1392 г. вялікім князем літоўскім у выніку жорсткай барацьбы з сапернікамі стаў Вітаўт Кейстутавіч. Неўзабаве, каля 1394 г., памёрла ўдава былога вялікага князя Альгерда Ульяна Цвярская, якая пажыццёва валодала Віцебскім княствам. Вітаўт ператварыў гэтае княства ў дзяржаўную ўласнасць і накіраваў туды намеснікам свайго набліжанага баярына, сакольнічага Фёдара Вясну. Аднак малодшы сын Альгерда і Ульяны, князь Свідрыгайла, не пагадзіўся з гэтым рашэннем і ўзняў мяцеж супраць Вітаўта. Віцябляне падтрымалі яго, да мяцяжу далучыліся Друцк і Орша.

Падтрымку Вітаўту аказаў старэйшы брат Свідрыгайлы, кароль Польшчы Уладзіслаў Ягайла. 3 вялікім войскам Вітаўт рушыў на падаўленне мяцяжу і спачатку прыйшоў да Друцка. Мясцовыя князі выказалі пакорлівасць, за што Вітаўт дараваў ім удзел у мяцяжы і нанава пажалаваў Друцкае княства са сваіх рук, але ўжо не як спрадвечную вотчыну, а як наданне на ўмовах бездакорнай службы. Орша ж і Віцебск былі ўзяты пасля аблогі, яны ў далейшым ператварыліся ў велікакняжацкую ўласнасць і кіраваліся намеснікамі. Падобным шляхам мог трапіць да вялікага князя і Барысаў.

Цікава, што яшчэ ў 19 ст. ў народзе захоўвалася паданне пра паход Вітаўта праз Барысаўскую і Друцкую воласці. Гэтае паданне згадвае Павел Шпілеўскі ў сваім «Падарожжы па Палессі і беларускаму краю» [2]. У прыватнасці, ён пазначае, што стары шлях праз Начу і Крупкі мясцовае насельніцтва звала «Вітаўкай», а недалёка ад в. Маласаі, што знаходзілася за 5 км на паўднёвы захад ад Крупак, быў «Вітаў калодзезь», выкладзены каменнем. Яго нібыта выкапалі па загаду князя «Віта» ў час яго паходу. Тады ж быццам 6ы продкі маласаеўцаў ахвяравалі на пракорм войска некалькі валоў, за што князь даў ім прывілей аб вызваленні ад усіх падаткаў. Апошняе малаверагодна: звесткі пра Маласаі з'яўляюцца ў інвентарах Барысаўскай воласці толькі ў 18 ст., прычым насельнікамі вёскі былі не вольныя, а цяглыя сяляне. Аднак сам факт, што ў гэтых мясцінах існавала тапаніміка, звязаная з імем Віта (Вітаўта), нельга лічыць выпадковым. Напэўна, войска Вітаўта сапраўды прайшло праз гэтыя лясістыя мясціны з захаду на ўсход, пакідаючы пасля сябе прасекі, масты, грэблі і калодзежы, якія яшчэ доўга выкарыстоўвалі потым мясцовыя жыхары.

Ва ўсякім выпадку, у канцы 14 ст. Барысаўская воласць падпарадкоўвалася непасрэдна Вітаўту. Апошні ў 1396 г. выдаў яе насельнікам ( «борысовцам» ) адмысловы прывілей, у якім вызначаў парадак прыёмкі і ўліку мядовай даніны [3]. 3 прывілея вынікае, што сяляне самі прывозілі мёд у Барысаў, дзе яго ўзважваў велікакняжацкі цівун. Для прадухілення злоўжыванняў Вітаўт забараніў цівуну карыстацца ўласным бязменам. Мернай адзінкай павінен быў быць «вялікі камень меньскі», а працэс узважвання належала ажыццяўляць «па старыне» прадстаўніку сялян у прысутнасці цівуна і сведкаў. З'яўленне прывілея, напэўна, тлумачыцца хадайніцтвам сялян і іх скаргамі на абважванні з боку цівуна.

На жаль, пры ўпамінаннях Барысаўскай воласці, неаднаразовых у 14—16 ст., практычна не называюцца паселішчы, з якіх яна складалася. Таму мы не ведаем, якія з іх (у тым ліку на абшарах Крупшчыны) ужо існавалі ў гэты час. Захавалася толькі ўпамінанне пра сяло Горадна, і то выпадкова — дзякуючы нямецкаму дыпламату і падарожніку Сігізмунду Герберштэйну. Апошні двойчы ездзіў з пасольствам у Маскву, прычым абодва разы, у 1517 і 1526 гг., на зваротным шляху праз Оршу і Друцк на Барысаў праязджаў праз Горадна (якое ён у сваім дзённіку называе «Гродна») [4]. Маршрут Герберштэйна, дарэчы, сведчыць, што ў той час сучасны шлях праз Талачын на Бобр і Крупкі яшчэ не ўсталяваўся. Пасольства ехала, забіраючы больш на поўдзень. Дзякуючы Герберштэйну, «Запіскі аб маскоўскіх справах» якога былі надрукаваны ў 1549 г. і карысталіся папулярнасцю ў Заходняй Еўропе, нічым не знамянальнае Горадна трапіла на карты Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, выдадзеныя Вацлавам Градзецкім у 1558 г. і Якубам Гаштальдзі ў 1567 г. [5]. Такім чынам, гэта першы населены пункт Крупшчьюы, які набыў еўрапейскую вядомасць.

Больш звестак захавалася пра тыя паселішчы, якія ўваходзілі ва ўладанні князёў Друцкіх. Яны не былі так вядомы ў Еўропе, затое трапілі на старонкі дакументаў так званай Літоўскай метрыкі — архіва велікакняжацкай канцылярыі [6].

Прыкладна ў сярэдзіне 14 ст. жыў князь Васіль Міхайлавіч Друцкі, з імем якога звязана першае непасрэднае ўпамінанне тэрыторыі Крупшчыны ў гісторыі. Гэты князь разам з жонкай Васілісай падараваў друцкай царкве пэўную маёмасць, аб чым зрабіў запіс на старонцы евангелля, якое ён жа перадаў у царкву. У ліку гэтага дару вызначана «на Худове полулуконье» — гэта значыць, даніна мёдам у памеры палавіны лукна, лукно — старажытная мера аб'ёму, вялікі кош прыкладна ў 25 кг, якую выплачвалі жыхары паселішча Худава [7].

Такім чынам, Худава з'яўляецца найбольш старажытным з вядомых паселішчаў Крупшчыны. Знаходзілася яно не на месцы сучаснай в. Худава, што на беразе воз. Сялява. Як паказалі археалагічныя росшукі аўтара гэтых радкоў, там няма культурнага слою 14-га і нават двух наступных стагоддзяў. Напэўна, на сённяшняе месца Худава было перанесена пазней, а спачатку яно знаходзілася недзе на беразе Худаўскага возера, за 2 км на захад, і было цэнтрам для навакольнай акругі. Аб гэтым сведчыць і тое, што на паўднёва-заходнім беразе Худаўскага возера, на ўсход ад сучаснай в. Дакучын, знойдзены старажытны могільнік. У ім маюцца як звычайныя курганы, так і вельмі рэдкія на Беларусі курганы з каменнай абкладкай, больш познія грунтовыя пахаванні з каменнай стэлай у галавах, пераход да якіх адбыўся ў 13 ст. На могільніку маюцца таксама два грубыя каменныя крыжы. Два вялікія курганы да нядаўняга часу захоўваліся і на ўсходнім беразе возера. Не выключана, што ў старажытнасці Худава было цэнтрам асобнай воласці Друцкага княства, якая ахоплівала ўсю цэнтральную частку Крупшчыны.

Род Друцкіх ужо ў канцы 14 ст. быў даволі разгалінаваным, але не ўсе яго прадстаўнікі пакінулі нашчадкаў. Напачатку наступнага стагоддзя вядомы князь Сямён Дзмітрыевіч Друцкі, які ўпамінаецца з 1401 г. па 1422 г. Ён пакінуў 6 сыноў, ад якіх у далейшым пайшлі некалькі галін роду. Дакладныя звесткі пра іх землеўладанне захаваліся ў асноўным з пачатку 16 ст., але кантэкст гэтых звестак дазваляе прасачыць папярэднюю гісторыю большасці маёнткаў. Дарэчы, у гэты час род князёў Друцкіх падзяліўся на некалькі галін, дадаўшы да прозвішча Друцкі другое ў залежнасці ад назвы маёнтка: Друцкія-Любецкія, Друцкія-Азярэцкія, Друцкія-Саколінскія і інш.

Адным з уладанняў Сямёна Дзмітрыевіча і яго сыноў было Худава. Гэта паселішча ляжала далёка ад цэнтральнай часткі Друцкага княства, не менш чым за 45—50 км ад Друцка. Магчыма таму ўладальнікі княства не вялі там сваёй гаспадаркі, задавальняючыся данінай. Калі сыны князя Сямёна дзялілі паміж сабой бацькоўскія ўладанні, то Худава яны дзяліць не сталі, а толькі падзялілі даніну, якая паступала з яго.

Такое сумеснае валоданне Худавам прасочваецца і пазней. Так, у 1536 г. праўнукі аднаго з сыноў Сямёна Дзмітрыевіча, князі Дзмітрый, Багдан, Іван і Януш Друцкія-Любецкія, дзялілі маёнткі свайго памёршага бацькі Рамана Васілевіча. Сярод гэтых маёнткаў згадваецца і Худава [8]. Нашчадкі іншых сыноў Сямёна Дзмітрыевіча таксама мелі долю ў Худаўскім маёнтку. У 1546 г. адбыўся суд паміж адным з чатырох згаданых вышэй Друцкіх-Любецкіх, Дзмітрыем, і прадстаўніком іншай галіны — Андрэем Іванавічам Друцкім-Азярэцкім. Андрэй абвінаваціў Дзмітрыя ў тым, што той незаконна захапіў Перасецкую і Худаўскую землі — спадчыну Андрэя па яго прадзеду Івану Сямёнавічу Бабе. Дзмітрый, аднак, сцвярджаў, што разам з іншымі родзічамі мае сумесныя, дагэтуль яшчэ не падзеленыя ўладанні ў азначаных маёнтках. Разбіраўшы справу, вялікі князь загадаў Андрэю і Дзмітрыю палюбоўна падзяліць і размежаваць спрэчныя землі [9].

Доля ў Худаве належала таксама іншаму сыну Сямёна Дзмітрыевіча – Васілю Краснаму (упамінаецца з 1431, памёр у 1448 г.), а затым яго сыну Івану Краснаму (памёр пасля 1516 г.). Частка гэтай спадчыны належала пазней Васілю Юр'евічу Друцкаму-Талачынскаму, які памёр у 1546 г. У 1551 г. спадкаемцы апошняга прыгадвалі, што маёнтак Худава разам з часткай Друцкага замка і Коханавам (зараз у Талачынскім раёне) князь Талачынскі набыў у якасці «спадку Васілеўскага» — напэўна, пры падзеле вымарачнай спадчыны Васіля і Івана Друцкіх-Красных [10]. Крыху раней, у 1547 г., удава Васіля Талачынскага скардзілася на Івана Раманавіча Друцкага-Любецкага за крыўды, якія ён чыніў ёй у сумесным маёнтку Худава [11].

Паводле звычаю, які дзейнічаў у той час, феадальныя вотчыны разглядаліся не як прыватная, а як родавая маёмасць. Уладальнік мог вольна распараджацца не болып чым трэцяй часткай такіх маёнткаў, астатнія павінны былі адысці ў спадчыну родзічам, што і адбывалася ў вышэйзгаданых выпадках. Гэты звычай быў скасаваны толькі Статутам Вялікага княства Літоўскага 1566 г.

Тую трэць вотчыны, якою князь Іван Васілевіч Красны мог распараджацца без абмежаванняў, склалі сёлы Бобр, Сакалавічы і Недахудава (магчыма, нейкая частка таго ж Худава). У 1516 г. Іван завяшчаў іх сваёй жонцы Марыне Іванаўне з роду князёў Заслаўскіх [12]. У далейшым сярод уладанняў князёў Друцкіх гэтыя паселішчы не згадваюцца. Напэўна, удава князя Краснага прадала ці завяшчала іх некаму. Праз некалькі дзесяцігоддзяў, у 1559 г., уладальнікам Бабра з'яўляўся вядомы дзяржаўны дзеяч, віленскі кашталян (дзяржаўная пасада ў ВКЛ) Еранім Аляксандравіч Хадкевіч [13]. Як ён набыў гэты маёнтак — дакладна невядома, але пры ім Бобр адносіўся да маёнтка Шклоў, які раней належаў найбагацейшаму магнату Альбрэхту Гаштольду (Гаштаўту) і сыну апошняга Станіславу. Пасля згасання роду Гаштольдаў у 1542 г. іх вялізныя ўладанні адышлі да вялікага князя, а значная іх частка была неўзабаве нанова пажалавана Ераніму Хадкевічу. Напэўна, Бобр таксама пасля княгіні Марыны трапіў да Гаштольдаў і ўжо пры іх быў далучаны да Шклова. Разам са Шкловам ён затым дастаўся Хадкевічу.

Астатняя частка Худаўскай воласці ў далейшым таксама выйшла з уладанняў князёў Друцкіх. Тая доля, што належала Дзмітрыю Друцкаму-Любецкаму (а магчыма, і долі яго братоў), перайшла да яго пасынка — князя Рыгора Іванавіча Сенскага, а затым — да дзяцей сястры апошняга, Багданы, ад яе шлюбу з Васілём Міхайлавічам Корсакам. У 1562 г. іншы саўладальнік Худава, князь Багдан Андрэевіч Друцкі-Азярэцкі, прызнаў за дзяцьмі Багданы Сенскай права карыстацца часткай гэтага маёнтка з нёкалькімі сёламі ў сучасных Талачынскім і Крупскім раёнах. У 1562 г. іншы саўладальнік Худава, князь Багдан Андрэевіч Друцкі-Азярэцкі, прызнаў за дзяцьмі Багданы Сенскай права карыстацца часткай гэтага маёнтка з некалькімі сёламі ў сучасных Талачынскім і Крупскім раёнах, у тым ліку Перасекай, Калодніцай (ля возера Сялява) і загадкавай Падшычайнай альбо Падшыйкай [14]. У далейшым муж адной з дачок Багданы Сенскай, пан Марцін Курч, скупіў некалькі частак у астатніх саўладальнікаў [15].

Тая ж частка Худава, што пасля князёў Красных належала Васілю Друцкаму-Талачынскаму, у 1551 г. стала аб'ектам спрэчкі паміж яго ўдавой Марыяй Багданаўнай Заслаўскай, якая аднавіла шлюб з новагародскім (навагрудскім) ваяводам Іванам Гарнастаем, і сёстрамі памёршага — Людмілай і Настассяй [16]. Пры разглядзе справы высветлілася, што адну трэць маёнткаў Васіль Талачынскі падарыў сваёй жонцы, а астатнія дзве трэці аддаў ёй жа ў заклад за суму ў 500 коп літоўскіх грошаў (грош — асноўная грашовая адзінка ў ВКЛ 14—16 ст., капа – лікавая адзінка ў 60 грошаў). Таму і гэтыя дзве трэці былі пакінуты ва ўладанні Марыі і яе новага мужа да таго часу, пакуль кроўныя родзічы Васіля не выкупяць іх за азначаную суму. Фактычна большасць спадчыны князя Талачынскага заставалася ў руках Марыі да яе смерці ў 1559 г., а затым перайшла да яе пасынкаў. Да гэтай спадчыны адносілася не толькі доля ў Худаве, але і сяло Кіявец, прыпісанае да маёнтка Коханава. Яно ўпершыню згадваецца ў 1562 г. сярод іншых гарнастаеўскіх уладанняў [17].

Як ужо згадвалася вышэй, доля ў Худаве належала таксама князям Друцкім-Азярэцкім — нашчадкам Івана Сямёнавіча Бабы. Праўнук апошняга Андрэй Іванавіч Азярэцкі ў 1546 г. меў гэтую долю яшчэ не размежаванай з доляй князёў Любецкіх. Перад смерцю ў 1557 г. Андрэй пакінуў завяшчанне. З яго вынікае, што князям Азярэцкім на Крупшчыне належала, апрача Худава, частка Грушкі (сучасная Ігрушка). Свае ўладанні ён завяшчаў падзяліць пароўну паміж трыма сынамі, вылучыўшы пэўную частку даходу на пасаг дачкам [18]. Дарэчы, апошні пункт сыны, відаць, выканалі не цалкам, бо ў далейшым адна з дачок, князёўна Марыя (ужо замужняя за Паўлам Астравецкім), вымушана была весці з братамі судовую справу наконт пасагу. Урэшце рэшт браты вылучылі ёй на пасаг частку мацярынскіх уладанняў, а бацькоўскія цалкам пакінулі за сабой [19]. Мужчынскія нашчадкі князя Азярэцкага таксама не заўсёды знаходзілі паразуменне. Адзін з яго сыноў, Багдан Андрэевіч, у 1582 г. скардзіўся на свайго пляменніка Васіля (сына памёрлага раней Васіля Андрэевіча) за гвалтоўны наезд на яго двор у Новым Сяле (сучасны Талачынскі раён), падчас якога Васіль захапіў скрыню з дакументамі на ўсе маёнткі. Суд абавязаў пляменніка вярнуць дакументы і выплаціць штраф [20].

Грушка, як і Худава, належала адначасова некалькім прадстаўнікам роду Друцкіх. Бацька Андрэя Азярэцкага, Іван Фёдаравіч, быў адным з чатырох сыноў Фёдара Іванавіча Бабіча. Нашчадкі іншых сыноў апошняга, у прыватнасці Сямёна Саколінскага і Фёдара Каноплі, таксама мелі долю ў Грушцы. Іван Сямёнавіч Друцкі-Саколінскі ў 1-й чвэрці 16 ст. завяшчаў сваю долю «даннікаў на Грушцы» аднаму з буйнейшых праваслаўных цэнтраў ВКЛ — Кіева-Пячэрскаму манастыру. Іншыя саўладальнікі, аднак, не вельмі паважліва ставіліся да яго волі і разпораз накіроўвалі манастырскую частку даніны ў сваю кішэнь. Манахі, натуральна, скардзіліся вялікаму князю. Да нас дайшлі дзве судовыя пастановы наконт Грушкі. Адна з іх (1524 г.) забараняла ўступаць у манастырскую даніну братам Івана Сямёнавіча, а другая (1530 г.) — унуку Фёдара Каноплі Канстанціну Фёдаравічу [21].

Шматлікія князі Друцкія не былі адзінымі ўладальнікамі абшараў у цэнтральнай частцы Крупскага раёна. Ужо ў пачатку 15 ст. частка Друцкага княства разам з даннікамі ў гэтым абшары знаходзілася ў руках іншага рода — князёў Адзінцэвічаў. Першыя больш-менш падрабязныя звесткі гэты род адносяцца да часоў панавання Свідрыгайлы Альгердавіча (1430—32) і Жыгімонта Кейстутавіча (1432—40), паміж якімі пасля смерці Вітаўта разгарэлася жорсткая барацьба за ўладу. Паводле радаводу, тады жылі праўнукі заснавальніка роду Івана Адзінца — Аляксандр і Фёдар Андрэевічы. Сястра іх нібыта была жонкай Жыгімонта Кейстутавіча, што не перашкодзіла братам стаць на бок Свідрыгайлы. Пасля паражэння апошняга ў бітве пад Вількамірам у 1435 г. князь Аляксандр Адзінцэвіч (названы Рэпухаўскім па назве маёнтка Рэпухаў у Талачынскім раёне) з'ехаў у Маскву разам з адзіным сынам [22]. Уладанні яго былі канфіскаваны Жыгімонтам і перададзены літоўскаму пану Юшку (Юрыю) Гойцавічу. Апошні завяшчаў сваю «выслугу на вялікім князе Жыгімонце» — маёнтак Рэпухаў з сялом Воўкавічы і даннікамі ў Шырневічах — жонцы Ганне Даўгірдаўне. Тая пасля яго смерці выйшла замуж за Івана Іллініча і ў 1481 г. падаравала яму спадчыну першага мужа [23].

Са згаданых пунктаў на тэрыторыі Крупшчыны знаходзіліся Шырневічы, якія размяшчаліся на правым беразе р. Бобр за 6 км ніжэй райцэнтра (зараз не існуюць). Пазней Іван Іллініч набыў у нашчадкаў князя Івана Сямёнавіча Пуцяты Друцкага (роднага брата Івана Бабы) маёнтак Варанцэвічы недалёка ад Талачына [24]. Магчыма, і да гэтага маёнтка адносілася частка даннікаў з Шырневіч, або пазней Іллініч перапісаў на Варанцэвічы тых сялян, што належалі да Рэпухаўскага маёнтка. Ва ўсякім выпадку, калі ў 1559 г. Варанцэвіцкая воласць часова трапіла да вялікага князя і была прыпісана да дзяржаўнага Аршанскага замка, у яе складзе былі сёлы Шырневічы (19 дымоў, 5 служб), Грушка (20 дымоў, 4 службы), Сакалавічы (12 дымоў, 4 службы) і Яльняне (пазнейшыя Ільяны ў Талачынскім раёне каля мяжы Крупскага), якія згадваюцца ў інвентары замкавай воласці ў 1560 г. [25].

У Аляксандра Рэпухаўскага застаўся брат Фёдар, які ўпамінаецца на працягу 1432—42 гг. Ён пакінуў трох сыноў ад даволі позняга шлюбу. 3 іх старэйшы, Дзмітрый Фёдаравіч, памёр прыкладна напачатку 16 ст., а яго сыны прынялі ўдзел у мяцяжы Міхаіла Глінскага і разам з ім у 1508 г. з'ехалі ў Расію. Іх маёнткі былі перададзены братам Дзмітрыя Івану, Багдану і Рыгору Фёдаравічам Адзінцэвічам, але ў Дзмітрыя засталася дачка Ганна, якая ў 1510 г. дамагалася сваіх правоў на бацькоўскія ўладанні: Гальцова (паблізу Рэпухава), Крывую (паблізу Друцка) і Шыйку на Крупшчыне [26]. Ганна атрымала судовае рашэнне на сваю карысць, але фактычна азначаныя маёнткі заставаліся ў руках яе дзядзькаў і сыноў, якія згадваюцца як іх уладальнікі ў 1527 г. [27].

Уладанні князёў Адзінцэвічаў мелі тую ж структуру, што і ўладанні князёў Друцкіх. Яны ўключалі двары і сёлы ў цэнтральнай частцы княства, паблізу Друцка, да якіх на лежалі даннікі з глухой ускраіны — Шырневічы і Шыйка. З больш позніх дакументаў вынікае, што разам з Шыйкай Адзінцэвічы валодалі і часткай Грушкі.

Яшчэ адна частка Друцкага княства ў 1-й палавіне 16 ст. належала літоўскаму князю Сямёну Ямантовічу Падбярэзскаму (ад маёнтка Падбярэззе каля Талачына). Якім чынам яна трапіла да яго, невядома. Не выключана, што раней гэта была ўласнасць аднаго з сыноў Івана Пуцяты Друцкага. Сямён Падбярэзскі памёр у 1540 г. бяздзетным, а за яго ўладанні судзіліся пазней удава Фядора Заслаўская і сястра Ульяна Ямантаўна з двума сынамі. Карыстаючыся правам кроўных родзічаў, Ульяна адсудзіла маёнткі свайго брата ў яго ўдавы на карысць сваіх сыноў — Рыгора і Івана Яцкавічаў. Пры падзеле гэтых маёнткаў у 1542 г. Рыгор атрымаў Падбярэззе і ў далейшым даў пачатак шляхецкаму роду Падбярэзскіх. Пры гэтым да Падбярэззя адносіліся даннікі ў розных паселішчах, у тым ліку ў Яльнянах і на Грушцы [28]. Такім чынам, і ўладальнікі гэтага маёнтка мелі дачыненне да тэрыторыі Крупшчыны.

Іншым быў лёс паўночнай часткі Крупскага раёна, якая першапачаткова ўваходзіла не ў Друцкае, а ў Лукомльскае княства. Апошняе напачатку 15 ст. належала князям Лукомскім, паходжанне якіх дакладна не высветлена. Яны маглі належаць, падобна князям Друцкім, да аднаго з адгалінаванняў старажытных полацкіх князёў. Упамінанні аб князях Лукомскіх з'яўляюцца ў крыніцах 2-й палавіны 15 ст., але да гэтага часу частка іх вотчыны ўжо адышла ў рукі іншых уладальнікаў.

Так, часткай Лукомльскага княства да сваёй смерці каля 1450 г. валодаў літоўскі князь Федка Даўгоўдавіч, а затым у 1451 г. вялікі князь перадаў яе аднаму з найболыы уплывовых паноў, віленскаму ваяводзе і канцлеру Міхаілу Кезгайлу. Гэты маёнтак уключаў 12 чалавек (дакладней — сямей) у самым Лукомлі, а таксама 10 сямей даннікаў і 11 служылых людзей у вярхоўях р. Эсы, у сёлах Хлопавічы, Астапкавічы і Літовічы [29]. З іх Хлопавічы, верагодна, азначаюць назву сяла Халопенічы, якое пазней, пасля згасання роду Кезгайлаў у сярэдзіне 16 ст., згадваецца як уладанне іх спадкаемцаў.

Воласць у вярхоўях Эсы знаходзілася ў руках паноў Кезгайлаў на працягу стагоддзя, але не захавалася ніякіх падрабязнасцей пра яе жыццё ў гэты час. Так адбылося таму, што прадстаўнікі гэтага рода валодалі шматлікімі маёнткамі ў розных канцах дзяржавы, сярод якіх нешматлюдныя ў той час паселішчы лу-комльскіх даннікаў не мелі істотнага значэння.

Паўночна-ўсходні кут Крупшчыны адносіўся да маёнтка Чарэя, які ў сярэдзіне 15 ст. вылучыўся са складу Лукомльскага княства. Гэтым маёнткам валодаў баярын Іван — верагодна, выхадзец з віцебскага баярства, бо ён меў яшчэ маёнткі пад самым Віцебскам. Іван Чарэйскі пакінуў 5 сыноў. Адзін з іх, Місаіл, зрабіў выдатную царкоўную кар'еру — ён стаў смаленскім епіскапам, а незадоўга да смерці, у 1475 г. — праваслаўным мітрапалітам Кіеўскім і ўсея Русі. У 1454 г. Місаіл заснаваў недалёка ад Чарэі манастыр у гонар Святой Тройцы. Сыны яго рана памёршага брата Дашкі — Іван, Васіль, Алехна і Сенька Дашкавічы — каля 1475 г. ахвяравалі на гэты манастыр частку Чарэйскага ма-ёнтка з ворыўнай зямлёй ва ўрочышчы Клубынічы [30].

Сенька Дашкавіч пры гэтым захаваў частку Чарэі з зямлёй ва ўрочышчы Асечня, якую пазней яго сын Васька Сенькавіч адпісаў у дар князю Багдану Фёдаравічу Адзінцэвічу. Гэта вынікае з пацвярджэння, якое ў 1524 г. Б.Ф.Адзінцэвіч разам з сынам Сямёнам атрымаў на набытыя ім маёнткі, у тым ліку і азначаную зямлю [31]. Іншыя часткі Чарэйскага маёнтка належалі братам Місаіла Сямёну (Сеньку) і Мікіту Іванавічам. 3 іх доля Мікіты ў далейшым адышла да яго нашчадкаў. Сямён не меў сыноў, таму пасля яго смерці ў 1457 г. яго доля трапіла да дачкі Марыі, жонкі князя Фёдара Фёдаравіча Друцкага-Саколінскага. Яна мела сына Фёдара і дачку Федку, якая выйшла замуж за смаленскага баярына, велікакняжацкага пісара Багдана Сямёнавіча Сапегу. Апошні пазычыў цешчы пэўную суму грошай пад заклад Чарэйскага маёнтка, а калі яна не вярнула своечасова доўг, уступіў ва ўладанне гэтым маёнткам. У далейшым, нягледзячы на шэраг судовых працэсаў з боку Марыі і яе сына Фёдара, Чарэя так і засталася ў руках Сапегі. Больш таго, ён набыў і права апекі над манастыром, спасылаючыся на тое, што гэта права ў 1475 г. завяшчаў яму епіскап Місаіл [32]. Напачатку 16 ст., калі смаленскія вотчыны Сапегаў былі захоплены Маскоўскай дзяржавай, Чарэя зрабілася адным з галоўных маёнткаў для дзяцей і ўнукаў Багдана Сапегі.

Самая поўнач Крупшчыны, паміж азёрамі Сялява і Лукомскае, з даўняй пары заставалася ўласнасцю князёў Лукомскіх. Адзін з іх, Андрэй Андрэевіч Меляшкоўскі (ад назвы маёнтка Меляшковічы ў Чашніцкім раёне), у 1554 г. валодаў сялом Халаневічы (сучасныя Вялікія Хальневічы) [33]. 3 больш позніх крыніц вынікае, што ўладанні князёў Лукомскіх цягнуліся да правабярэжжа Эсы, але звестак пра населеныя пункты 16 ст. на гэтым абшары няма.

У параўнанні з папярэднімі стагоддзямі ў часы ВКЛ характар землеўладання на тэрыторыі Крупшчыны істотна змяніўся. Вялікія паўсамастойныя княствы (Друцкае, Лукомльскае) распаліся, а на іх месцы ўтварыўся шэраг асобных маёнткаў. Характэрнай рысай Крупшчыны была адначасовая прыналежнасць яе паселішчаў некалькім землеўласнікам. Так, Худаўская воласць, прыпісаная спачатку да Друцка, а затым да Сянна, была ўласнасцю розных галін князёў Друцкіх, пазней — Друцкіх-Азярэцкіх сумесна з панамі Корсакамі і Марцінам Курчам. Грушка належала часткова ўладальнікам Варанцэвіч і Падбярэззя, часткова Кіева-Пячэрскаму манастыру і некаторым з князёў Друцкіх (магчыма, таксама і Адзінцэвічаў). Частка Сакалавічаў адносілася да Бабра, частка — да Варанцэвіч. На Крупшчыне не ўзнікла ніводнага самастойнага маёнтка, які не быў бы часткай больш значных уладанняў.

Тэрыторыю Барысаўскай воласці, якая часткова ахоплівала Крупшчыну, гэты працэс увогуле не закрануў. Яна захавала, напэўна, тую ж структуру (сялянскія абшчыны на чале з выбарнымі старцамі ды княжы цівун, што кантраляваў збор падаткаў), толькі замест аднаго з паўсамастойных князёў перайшла ў падпарадкаванне да вялікага князя літоўскага. Галоўнай праблемай для тамашніх сялян заставалася ліхаімства намеснікаў, якія імкнуліся хутчэй узбагаціцца за іх кошт. Намеснікамі ў Барысаў прызначаліся традыцыйна вельмі багатыя і ўплывовыя людзі (доўгі час воласць «па пасадзе» належала віленскім ваяводам), таму знайсці на іх управу было не так проста.

У 1522 г. віленскім ваяводам, канцлерам і адначасова барысаўскім намеснікам («дзяржаўцам») стаў заможны літоўскі пан Альбрэхт Гаштольд. Пра памеры яго багацця сведчыць тое, што паводле перапісу войска ВКЛ у 1528 г. ён павінен быў выстаўляць са сваіх маёнткаў 466 конных воінаў. Адзін коннік ставіўся з 8 служб (прыкладна з 16 сялянскіх двароў), такім чынам Гаштольду належала каля 7,5 тысячы сямей, прыкладна 40—50 тысяч падданых — цэлая дзяржава ў дзяржаве.

Нягледзячы на такую колькасць уласных падданых, Гаштольд адразу прыняўся жорстка эксплуатаваць дзяржаўных сялян Барысаўскай воласці — абклаў іх разавым паборам («віншчынай») нібыта за нейкую павіннасць, устанавіў нечуваны дагэтуль памер «пуцёўшчыны» (падатку на выкананне кур'ерскай і падводнай павіннасцей). Калі ваявода выязджаў у воласць для размеркавання падаткаў па абшчынах, ён браў за гэта 30 коп грошаў, яго намеснік за такую ж «па-слугу» патрабаваў 20 коп (1 капа = 60 грошаў). Калі ж сяляне збіраліся, каб паводле старога звычаю абраць старца, то ваявода і за гэта ажыццяўленне іх спрадвечных правоў браў з іх 5 коп грошаў. Патрабаваў ён грошы нават за дазвол распачаць вясной сельскагаспадарчыя работы [34]. Тагачасныя сяляне не былі настолькі зацюканымі, каб моўчкі ўсё гэта цярпець. Яны, як і некалі пры Вітаўце, падалі скаргу вялікаму князю Жыгімонту II, і той вымушаны быў разгледзець справу простых сялян супраць вышэйшай службовай асобы ў дзяржаве, крыху суцешыць апетыты намесніка.

Паколькі віленскі ваявода быў чалавекам занятым, непасрэднае кіраванне Барысаўскай воласцю ажыццяўляў яго намеснік, звычайна асабісты васал ваяводы. Пры Гаштольдзе ім быў Каспар Кунцэвіч, які ў 1524 г. прыкупіў да воласці кавалак зямлі ў суседняга пана. Гэта ўгода была зацверджана затым спецыяльным актам вялікага князя, звесткі пра што захаваліся ў больш познім дакуменце [35].

Пасля Гаштольда воласць была пажалавана новаму віленскаму ваяводзе — Яну Юр'евічу Глябовічу. У прывілеі, выдадзеным з гэтай нагоды ў 1542 г., вялікі князь палічыў неабходным агаварыць, што дае Глябовічу Барысаў (і адначасова Бабруйск) «не в обычай к воеводству Виленскому, але з особливое ласки нашое господарское» [36]. Наступны віленскі ваявода, славуты Мікалай Янавіч Радзівіл Чорны, зноў пакарыстаўся ў 1551 г. той жа традыцыйнай «ласкай» і стаў адначасова барысаўскім намеснікам.

Пры Радзівіле воласцю непасрэдна кіраваў шляхціч Лукаш Бескі. У 1552 г. ён зацвердзіў і ўпісаў у актавую кнігу Барысаўскага замка акт палюбоўнага размежавання, якое ўчынілі валашчане з падданымі суседняга сяла Хацюхова, што адносілася да маёнтка Халопенічы (тагачаснай уласнасці Кезгайлаў) [37].

Прыціск з боку намеснікаў, які адчувалі падданыя Барысаўскай воласці, быў толькі часткай агульнага наступу на правы сялян, які адбываўся ў дзяржаўных маёнтках. Захаваўся цэлы шэраг скарг на свавольства намеснікаў, пададзеных на імя вялікага князя ў 1-й палавіне —сярэдзіне 16 ст. Тлумачыцца гэта тым, што велікакняжацкая ўлада ў гэты час знаходзілася ў пэўным крызісе. Дзяржаўная казна была пустая, урад фактычна згубіў кантроль за дзейнасцю службовых асоб і землеўладальнікаў-магнатаў.

Адзінай супрацьвагай ім было дробнае і сярэдняе шляхецтва, якое сфарміравалася ў якасці замкнутага саслоўя на працягу 15 — пачатку 16 ст. Яно складалася пераважна з нашчадкаў мясцовага («земскага») баярства — як літоўскага, так і беларуска-украінскага. Паны Чарэйскія, Падбярэзскія, Сапегі былі характэрнымі прадстаўнікамі гэтага саслоўя, у назве якога старажытны тэрмін «баярства» паступова быў выцеснены запазычанымі з Польшчы тэрмінамі «зямяне», «баяры-шляхта» ці проста «шляхта». Папаўнялася гэтае саслоўе і здрабнелымі князямі — такімі, як Друцкія, Адзінцэвічы, Лукомскія. Частка шляхты служыла ўдзельным князям і магнатам (з яе складаўся, у прыватнасці, той атрад з 466 коннікаў, што выстаўляў пан Гаштольд). Але паўнапраўнымі шляхцічамі лічыліся толькі тыя, што былі васаламі непасрэдна вялікага князя і выходзілі на вайну ў складзе павятовьіх харугваў. Кожны з іх паасобку ўяўляў нязначную сілу (хоць некаторыя, як Сапегі, паступова ўзняліся да ўзроўню сапраўдных магнатаў), рэальнай сілай была ўся шляхецкая маса цалкам, калі яна адчувала свае агульныя інтарэсы.

Бурны рост шляхецкага землеўладання прывёў да запрыгоньвання сялянства — забароны пераходаў сялян з аднаго маёнтка ў другі. Пакуль асноўнымі ўласнікамі былі князі і дзяржаўная ўлада, якім належалі сотні і тысячы сялянскіх сямей, выхад падданых з пэўнай воласці ў сярэднім кампенсаваўся прыходам іншых, інтарэсам гаспадароў гэта міграцыя не пагражала. Калі ж масавымі сталі невялікія маёнткі, дзе колькасць падданых вымяралася дзесяткамі сямей ці ўвогуле асобнымі сем'ямі, выхад адразу некалькіх сялян у маёнтак суседа мог стаць для іх уладальніка вельмі балючай з'явай. Да таго ж права на пераход перашкаджала панам павялічваць памеры падаткаў, бо гэты працэс не мог ісці аднолькава ва ўсіх маёнтках. Той пан, у якога павіннасці былі менш жорсткімі (а такое мог сабе дазволіць звычайна больш багаты гаспадар), набываў магчымасць пераманьваць сялян з іншых маёнткаў. Таму ў інтарэсах пераважна дробнага шляхецтва свабода сялянскіх пераходаў паступова змяншалася. Былі забаронены пераходы з дзяржаўных маёнткаў у прыватныя і наадварот.

У інтарэсах шляхты было і змяншэнне свавольства магнатаў, набліжэнне сацыяльнага ладу да ўзораў суседняй Польшчы, дзе ўсе землеўладальнікі лічыліся фармальна роўнымі ў палітычных і сацыяльных правах. Таму шляхта, у адрозненне ад магнатаў, была прыхільніцай больш шчыльнага злучэння ВКЛ і Польшчы.

Абапіраючыся на шляхецтва, велікакняжацкая ўлада ў сярэдзіне 16 ст. распачала пэўныя захады для выйсця з крызісу. У дзяржаўных маёнтках («староствах») цэнтральнай часткі ВКЛ адбылася аграрная рэформа, у выніку якой рэшткі ўнутрыабшчыннага размеркавання падаткаў і павіннасцей скасоўваліся. Уся ворыўная зямля перамяралася на стандартныя кавалкі — валокі (21,36 га), якія падзяляліся на 30 моргаў ці 900 прутоў. 3 кожнай валокі ў залежнасці ад якасці глебы вызначаўся стандартны памер павіннасцей. Сялянская сям'я ў залежнасці ад колькасці працаздольных і рабочай скаціны магла ўзяць цэлую валоку ці яе частку (2/3, 1/2 ці 1/3), адпаведна вызначаліся і яе павіннасці. Найбольш тыповым стаў надзел у паўвалокі, хоць індывідуальныя ваганні былі вельмі вялікімі. Па ўзоры дзяржаўнай улады валокі ўводзілі і некаторыя паны.

На ўсходзе ВКЛ, у тым ліку і на Крупшчыне, дзе традыцыі спадчыннасці сялянскіх надзелаў захаваліся лепш і вялікай была доля неземляробчых заняткаў (бортніцтва і лясных промыслаў), валочная памера адбывалася пазней і больш павольна. Дзяржаўныя воласці (у тым ліку, напэўна, і Барысаўская, хоць непасрэдных звестак пра гэта няма) у 1560 г. былі перамераны не на валокі, а на службы, у якіх памер павіннасцей не быў так жорстка звязаны з плошчай ворыўнай зямлі. Кожную службу маглі выконваць ад адной да некалькіх сялянскіх сямей. Гэта значна звузіла магчымасці свавольства намеснікаў, скаргі сялян амаль зніклі.

Былі праведзены пэўныя рэформы ў галіне дзяржаўнага кіравання. Замацаваныя ў Статуце ВКЛ 1566 г., яны значна павялічылі правы шляхты. Тэрыторыя дзяржавы была падзелена на паветы. У кожным з іх мясцовая шляхта атрымала права праводзіць сеймікі, на якіх вырашала свае праблемы і выбірала дэлегатаў на вальны сейм. Уводзіліся павятовыя службовыя пасады, найбольш ганаровымі з іх былі пасады маршалка і падкаморыя. На ўсю тэрыторыю павета распаўсюджвалася дзейнасць гродскага (замкавага) суда, які раней разглядаў справы горада — павятовага цэнтра — і навакольнай воласці. Гродскі суд узначальваў староста (яго замяшчаў падстароста), у яго склад уваходзілі суддзя гродскі і пісар. Нанава ўводзіўся таксама земскі суд для разгляду спраў паміж шляхцічамі. У яго ўваходзілі суддзя земскі з падсудкам і пісарам. На ўсе гэтыя пасады, а таксама на пасады павятовага харунжага, стольніка, падстолія і інш. прызначаліся шляхцічы, якія мелі маёнткі на тэрыторыі павета.

У выніку гэтай рэформы ўся тэрыторыя Крупшчыны ўвайшла ў склад Аршанскага павета. Спынілася дзейнасць Барысаўскага замкавага суда, а ўся тэрыторыя Барысаўскай воласці на ўсход ад Бярэзіны стала падлягаць юрысдыкцыі Аршанскага гродскага суда. Землеўладальнікі Крупшчыны (і заможныя паны, і дробная шляхта) апынуліся таксама пад прысудам земскага суда.

Герб князёў Друцкіх (малюнак).
 

У складзе рэчы паспалітай

Новы этап у гісторыі Беларусі звязаны з комплексам рэформ, якія былі праведзены ў 1550—60-я гады і істотна змянілі аблічча ВКЛ. Дзяржаўны лад наблізіўся да ўзораў суседняй Полыпчы, а ў 1569 г. паміж Польшчай і ВКЛ была заключана т. зв. Люблінская унія. Яна прадугледжвала аб'яднанне абедзвюх краін у «Рэч Паспалітую абодвух народаў». На чале дзяржавы быў кароль (ён жа вялікі князь літоўскі). З гэтага часу забаранялася абранне вялікіх князёў літоўскіх, якія б не былі адначасова польскімі каралямі, і наадварот. Вышэйшым органам станавіўся аб'яднаны вальны сейм, які складаўся з 2 палат: Сената і Пасольскай ізбы. У Сенат па пасадзе ўваходзілі вышэйшыя службовыя асобы Польшчы і ВКЛ, у Пасольскую ізбу выбіраліся па 2 паслы ад кожнага павета.

Люблінская унія не азначала, аднак, скасавання Вялікага княства. Яно захоўвала ўласныя фінансы, войска, законы (сабраныя ў Статуце 1566 г., пазней —у больш дасканалым Статуце 1588 г., які дзейнічаў да канца існавання Рэчы Паспалітай). Ад ВКЛ былі адлучаны і перададзены ў склад Польшчы («Кароны») падляшскія і ўкраінскія земля, з гэтага часу тэрыторыя ВКЛ амаль дакладна супадала з сучаснымі тэрыторыямі Літвы і Беларусі. Люблінская унія была не першай спробай аб'яднаць ВКЛ і Польшчу ў агульнай дзяржаве. Падобныя уніі заключаліся і раней, але на гэты раз аб'яднанне аказалася вельмі трывалым, бо яго галоўным «рухавіком» выступала шляхецтва. Рэформы, замацаваныя Статутам 1566 г., істотна павялічылі яго правы.

Найбольш значным родам з тых, што мелі маёнткі на Крупшчыне ў гэты час, быў род паноў Хадкевічаў. Гэты род паходзіў з кіеўскага баярства, але за службу вялікім князям літоўскім атрымаў ад іх шматлікія маёнткі ў розных канцах дзяржавы. Пасля пераходу ў рукі Хадкевічаў часткі былых вотчын Гаштольдаў гэты род стаў другім па значэнні – пасля Радзівілаў.

Віленскі кашталян Еранім Аляксандравіч Хадкевіч у 1559 г. атрымаў ад вялікага князя дазвол заснаваць у сваім маёнтку Бобр мястэчка — паселішча, жыхары якога мелі права займацца не толькі сельскай гаспадаркай, але і гандлёва-рамесніцкай дзейнасцю [38]. Вялікі князь дазволіў Хадкевічу прымаць і асаджваць у новазакладзеным мястэчку прышлых людзей – вольных сялян і мяшчан.

Пасля смерці Ераніма (1561 г.) Бобрскі маёнтак перайшоў у спадчыну да яго адзінага сына Яна Ераніма — выдатнага военачальніка часоў Лівонскай вайны, які ў 1564 г. быў прызначаны адміністратарам далучанай да ВКЛ тэрыторыі былога Лівонскага ордэна (так званых Інфлянтаў), а ў 1568 г. атрымаў ад імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фердынанда графскі тытул. Паводле перапісу войска ВКЛ у 1567 г. ён павінен быў ставіць у войска са сваіх маёнткаў 360 конных воінаў. Атрымаўшы ад бацькі вялізныя маёнткі, Ян Еранім Хадкевіч павінен быў выплаціць грашовы пасаг тым сваім сёстрам, якія выходзілі замуж пасля смерці бацькі (у Ераніма Хадкевіча было 6 дачок). Гэта было, відаць, адчувана нават для такога багатага чалавека. Напэўна, маючы недахоп наяўных грошай, Ян Еранім у студзені 1573 г. аддаў у заклад адной са сваіх сясцёр, Крысціне, і яе мужу Станіславу Пацу маёнтак Бобр. З гэтай нагоды быў складзены інвентар мястэчка Бобр і навакольных вёсак [39]. Цікава тое, што інвентар быў напісаны на польскай мове. Гэта сведчыць, як далёка зайшоў працэс паланізацыі беларуска-літоўскай шляхты. Польская мова была натуральнай як для пана Хадкевіча і яго ўрадніка, так і для закладатрымальніка Паца (які паходзіў са старога літоўскага баярства).

З інвентара можна даведацца, што мястэчка Бобр мела 71 дом, гасціны двор. У маёнтак таксама ўваходзілі сёлы Забаброўе (20 двароў), Сакалавічы (9 двароў), Панькавічы (4 двары) і Манастыровічы (12 двароў). З іх два апошнія знаходзіліся у значнай адлегласцт – у сучасным Талачынскім раёне. Інвентар сведчыць, што сялянскія землі ў маёнтку былі ўжо падзелены на валокі, і гэта — адно з самых ранніх сведчанняў правядзення валочнай памеры ва ўсходняй частцы ВКЛ. Кожная валока абкладалася грашовымі павіннасцямі, а таксама дзяклом, якое бралася натурай (жытам, аўсом, іліном і мёдам). Збожжа вымяралі т.зв. салянкамі — дзежкамі ёмкасцю каля 100 літраў.

Прозвішчы баброўскіх мяшчан дазваляюць прасачыць, з якіх мясцін набіралі Хадкевічы насельнікаў новага мястэчка. Сярод іх былі выхадцы з Польшчы (Шчасны Лях), з Расіі (Іван Маскалёнак), ураджэнцы Лукомля (Іван, Грын і Парфен Лукамляніны), Полацка (Атрошка Палачанін) і інш. Пры заснаванні мястэчка ўсе яго насельнікі атрымалі слабаду — вызваленне ад падаткаў на першы, самы цяжкі, перыяд жыцця на новым месцы. Увосень 1572 г., на дзень Святога Міхаіла, тэрмін слабады выйшаў, і з гэтага моманту мяшчане павінны былі плаціць пэўную суму з можнага зямельнага надзела (пляца). Вызначыць памеры платы належала ўжо новаму гаспадару Бабра — Станіславу Пацу.

Віцебскі ваявода Станіслаў Пац трымаў, напэўна, Бобр у закладзе да сваёй смерці ў 1588 г. За гэты час Ян Еранім Хадкевіч паспеў памерці (1579 г.), а спадчыннае права на Бобр перайшло да аднаго з яго сыноў — Аляксандра, пазнейшага троцкага ваяводы. Апошні пасля смерці Паца перадаў закладнае права на суму ў 2400 коп грошаў падканцлеру (пазней канцлеру ВКЛ) Льву Сапегу, які быў, верагодна, адным з крэдытораў Хадкевіча. Затым апошні пазычыў у Сапегі яшчэ 1600 коп пад заклад таго ж маёнтка, давёўшы агульную суму закладу да 4 тыс. коп. Леў Сапега у сваю чаргу перазаклаў Бобр за тую ж суму свайму слузе Станіславу Галінскаму. Галінскі чамусьці не пажадаў карыстацца маёнткам, а перазаклаў яго шляхцічу Крыштафу Ярашавічу Камару. Папярэдне Галінскі заснаваў на тэрыторыі маёнтка новае паселішча — Прудзенскую Слабаду (сённяшнія Прудзіны).

Аляксандр Хадкевіч не стаў выкупляць абцяжараны даўгамі маёнтак. У 1614 г. ён канчаткова прадаў Бобр тагачаснаму закладатрымальніку Камару, узяўшы ў яго ў дадатак да сумы закладу яшчэ 3 тыс. коп (агульны кошт маёнтка склаў, такім чынам, 7 тыс. коп).

Усё вышэйзгаданае высвятляецца дзякуючы інвентару, які быў складзены пры афармленні продажу Бобрскага маёнтка ў 1614 г. [40]. За 41 год, што мінуў пасля стварэння папярэдняга інвентару, насельніцтва мястэчка Бобр значна вырасла. У ім знаходзілася 180 аселых мяшчанскіх двароў (пляцаў) на абодвух берагах р. Бобр. Апрача таго, мяшчанам належала 90 надзелаў ворыўнай зямлі, вымеранай у валоках і моргах, і 16 т.зв. «гуменных» пляцаў пад гаспадарчымі пабудовамі. Сярод уладальнікаў валок і гуменных пляцаў сустракаюцца прозвішчы яшчэ прыкладна 44 мяшчан, не пазначаных у ліку ўладальнікаў мяшчанскіх пляцаў. (Часам імёны і прозвішчы прыводзяцца са скажэннямі, што не заўсёды дазваляе надзейна ідэнтыфікаваць уладальнікаў пляцаў і валок). Такім чынам, агульная колькасць двароў у Бабры складала каля 224, што больш чым утрая перавышае іх колькасць у 1573 г.

У Бабры існавала царква, святару якой айцу Фёдару належалі пляц і валока, вольныя ад усіх падаткаў. Згадваюцца таксама карчма на рынкавай плошчы, вадзяны млын з двума коламі і мост, якія здаваліся ў арэнду. Сярод мяшчанскіх прозвішчаў сустракаюцца знаёмыя па папярэднім інвентары (Буры, Курапатка, Лукамлянін, Шычэнін), але болыпасць — новыя. Частка з іх зноў сведчыць пра мясціны, адкуль, верагодна, прыбылі іх уладальнікі: Арцём, Амяльян і Макар Друцкія, Ахрэм і Сцяпан Літвіны, Амяльян і Якаў Маскалі.

У воласць Бобрскага маёнтка ўваходзіла сяло Стары Бобр (пры гэтым пазначана, што раней, «з даўніх часоў», яно мела назву Забаброўе) з 19 дварамі. У 1 мілі ад яго (каля 7,7 км) ляжала Прудзенская Слабада, заснаваная Галінскім. Да маёнтка належалі яшчэ Сакалавічы (9 двароў) і два сялы з засценкам у сучасным Талачынскім раёне.

Характар сялянскіх павіннасцей істотна не змяніўся: калі ў 1573 г. з валокі плацілі 61 грош і 2 пенязі, то ў 1614 г. — 75 грошаў у Старым Бабры і 74 грошы у Сакалавічах. Па-ранейшаму належала даваць і дзякло ў памеры 1 дзежкі жыта, 1,5 дзежак аўсу (у 1573 г. — толькі дзежку), калку лёну коштам у 8 грошаў і 1 медніцы мёду (ёмістасць медніцы была прыкладна 15—20 літраў). У параўнанні з папярэднім інвентаром з'явіўся абавязак пастаўляць на панскі двор па адной курыцы («кокашы») у год. Мяшчане таксама павінны былі плаціць з ворыўнай валокі (тыя, хто яе меў) па 75 грошаў, а з кожнага прута (0,033 га) сядзібнай і агароднай зямлі — па 1 грошу. Памеры сядзіб вагаліся ад 3 да 28 прутоў, у сярэднім — каля 7.

Сялянскія зямельнью надзелы ў Бобрскім маёнтку былі даволі значнымі — большасць сямей мела па поўнай валоцы, толькі зрэдку валоку трымалі 2 сям'і. Праўда, сем'і былі вялікімі, звычайна ў іх уваходзілі бацька з дарослымі сынамі, часам — некалькі братоў ці дзядзька з пляменнікамі. Разам з жанчынамі і дзецьмі ў такіх сем'ях было ў сярэднім па 7—8 чалавек. Гэта было тыповым для Беларусі таго часу.

Каб ацаніць памеры павіннасцей, што выконвалі бобрскія падданыя, трэба ўлічваць, што пры надзеле ў 1 валоку яравым і азімым збожжам штогод засявалася 20 моргаў (каля 14 га). Высявалася звычайна па 150-літровай дзежцы на морг (блізка да 1,5 ц/га), звычайны ўраджай быў у памерах сам-3 — сам-4 (не больш за 5—6 ц/га). 3 валокі можна было сабраць блізка да 60—80 ц, з якіх за вылікам насення заставалася каля 40—60. На харчаванне сям'і з 8 чалавек патрабавалася не менш палавіны ад гэтай колькасці. Статут 1588 г. (раздзел 13, артыкул 9) вызначае кошт 1 бочкі (напэўна, віленскай, або т. зв. кадзі, у якую ўваходзіла блізка да 2,5—3 ц жыта) у 24 грошы. Такім чынам, чысты даход сялянскай гаспадаркі ў добры год толькі за кошт збожжа мог дасягаць парадку 170— 280 грошаў. Для параўнання: конь у той час каштаваў каля 120 грошаў, карова — 100, адгадаваны парсюк — 60, баран — 20, авечка — 15, курыца — 3, кажух — 60—70, сярмяга — 20, сякера — 6, каса — 6, серп —2, калёсы — 6, сані — 2 гроша. На гэтым фоне чынш у памеры 75 грошаў не выглядае празмерным. Трэба дадаць, што ў Бабры не было фальварка з панскім ворывам і сяляне не ведалі паншчыны.

Інвентар 1614 г. быў таксама складзены па-польску. Калі яго па жаданню А. Хадкевіча ўпісалі ў актавую кнігу аршанскага гродскага суда, то прэамбула паводле патрабаванняў Статута 1588 г. была напісана на "рускай" мове, а далей ішоў без перакладу польскі тэкст дакумента. такая практыка была тыповай для актавых кніг 17 стагоддзя і сведчыла пра марнасць намаганняў спыніць паланізацыю шляхты, дзеля якіх у Статут і было ўключана патрабаванне весці справаводства выключна на "рускай" мове.

Вернемся да гісторыі маёнтка Бобр. Крыштаф Камар быў яго ўладальнікам да сваёй смерці ў 1636 г. За гэты час яго імя некалькі разоў трапіла на старонкі дакументаў, што дайшлі да нас. У 1624 г. ён вымушаны быў трымаць у аршанскім земскім судзе адказ за ўчынак сваіх бобрскіх падданых, якія збілі і абрабавалі праезджага яўрэя-гандляра з Магілёва Арона Якубовіча. За гэтае злачынства на маёнтак Камара быў накладзены штраф у памеры 300 коп і 10 грошаў (усяго 18 010 грошаў) на карысць пацярпеўшага. Не пагадзіўшыся з гэтым рашэннем, Камар звярнуўся ў вышэйшую судовую інстанцыю — Галоўны літоўскі трыбунал. Але апошні пакінуў прыгавор у сіле, а Камара за «няслушную апеляцыю» абклаў дадатковым паборам у памеры 12 коп грошаў, палавіна з якіх павінна была ісці суду, палавіна — Якубовічу [41].

У канцы жыцця Крыштафа Камара пачаўся памежны канфлікт паміж яго падданымі і жыхарамі суседніх вёсак Шырневічы і Мачулішча, што адносіліся да маёнтка Варанцэвічы. Апошні належаў аршанскаму старосце Аляксандру Багдану Сапегу, а затым дзвюм яго дачкам, і кіраваўся ўраднікам, шляхцічам Рыгорам Мілашэвічам. Як часам бывае, адносіны паміж жыхарамі суседніх вёсак, належачых розным панам, былі даволі напружанымі. У канцы снежня 1632 г. ля Шырневічаў было знойдзена цела забітага жыхара гэтай вёскі, бортніка Захара Гапонавіча. Па нейкіх прыкметах аднавяскоўцы вызначылі, што след забойцы вядзе ў бок Бабра. У адпаведнасці з заканадаўствам ВКЛ ураднік Варанцэвіцкага маёнтка Рыгор Мілашэвіч склікаў так званы копны суд, альбо капу – сход найбольш аўтарытэтных сялян з зацікаўленых паселішчаў і некаторых суседніх. Такі суд меў паўнамоцтвы разглядаць крымінальныя справы, якія тычыліся жахароў сумежных маёнткаў, праводзіць аператыўнае следства і допыт падазроных асоб, нават з катаваннем. На суд былі дастаўлены падазроныя ў забойстве. Адным з іх быў мяшчанін з Бабра Цярэшка Грышкавіч, два другі былі падданымі больш аддаленых маёнткаў. У ходзе следства Мілашэвіч перавысіў свае паўнамоцтвы: не даказаўшы віну падазраваных, ён аддаў двух з іх на катаванне, у выніку чаго яны былі закатаваны да смерці, так ні ў чым і не прызнаўшыся.

У адказ уласнік Бабра распачаў судовы працэ супраць Мілашэвіча. Працэс цягнуўся некалькі год. Рашэнне на карысць Камара аршанскі земскі суд вынес у студзені 1636 года, праз 4 гады пасля падзеі. Але Мілашэвіч падаў апеляцыю ў Галоўны трыбунал, і канец справы настаў толькі ў лістападзе 1637 г., ужо пасля смерці Камара. Трыбунал падцвердзіў прыгавор земскага суда: на Мілашэвіча быў накладзены штраф за забойства ("галаўшчына") у памеры 170 коп грошаў, і яшчэ 12 коп за няслушную апеляцыю. Палову гэтай сумы атрымлівала дзяржава, палову – удава Крыштафа Камара Ягнешка і яе дзеці Яраш (Еранім), Уладзіслаў і Ганна [42].

На захадзе Бобрскі маёнтак межаваў з маёнткам Шыйка, які напачатку 16 ст. належаў князям Адзінцэвічам. Затым яго след губляецца на некалькі дзесяцігоддзяў. Між тым недзе ў другой палавіне 16 ст. ў гэтым маёнтку было заснавана мястэчка Крупка, якое дало пачатак сённяшняму райцэнтру. Упершыню яно з'яўляецца на карце Вялікага княства Літоўскага, якую па ініцыятыве віленскага ваяводы Мікалая Крыштафа Радзівіла стварыў у Нясвіжы вядомы мастак і гравер Тамаш Макоўскі. Карта была складзена ў асноўным у канцы 1590-х гадоў і надрукавана ў Амстэрдаме ў 1613 г. [43]. Сярод паселішчаў Крупшчыны, апрача самой Крупкі, на карце пазначаны мястэчкі Бобр, Худава, Нача, Красны Стаў і двор Грушка. Пры гэтым Худава залічана Макоўскім у лік мястэчкаў памылкова, бо ўсе іншыя крыніцы ведаюць яго як сяло.

Магчыма, ужо ў канцы 16 ст. Шыйка разам з часткай Грушкі і Крупкай належалі славутаму роду князёў Сангушкаў. Упершыню Грушка і Крупка выступаюць як уласнасць Сангушкаў у дакуменце, які быў складзены ў 1639 г. У ім пазначаецца, што ў маі 1627 г. Сымон Самуэль Сангушка вызначыў на забеспячэнне сваёй другой жонкі, Гелены Корвін-Гасеўскай, 70 тыс. злотых (1 злоты быў роўны 30 грошам), з якіх 30 тыс. былі забяспечаны яго маёнткамі Багрынава, Крупка і Грушка ў Аршанскім павеце, а 40 тыс. — маёнткам Горваль. Гэты запіс азначаў, што ў выпадку смерці князя Сангушкі яго ўдава мае права карыстацца гэтымі маёнткамі да таго часу, пакуль спадкаемцы мужа (яго дзеці ад першай жонкі, Ганны Юр'еўны Завішы, што памерла ў 1619 г.) не выплацяць ёй азначаную суму. Аднак Гелена памерла раней за мужа, а сваё права на гэтыя маёнткі завяшчала братам Крыштафу і Вінцэнту Корвін-Гасеўскім і сястры Ганне, манашцы Берасцейскага кляштара. У 1638 г. памёр сам Сымон Самуэль Сангушка. Яго сынамі ад першага шлюбу былі Казімір, Ян Уладзіслаў і Еранім. Апошні пайшоў па духоўнай лініі і стаў у далейшым каталіцкім смаленскім біскупам (памёр у 1657 г.). Двое астатніх, каб уступіць у валоданне бацькоўскім маёнткамі, склалі ў 1639 г. пагадненне з Корвін-Гасеўскімі, дзякуючы якому і можна даведацца пра папярэднія падзеі [44].

У 1649 г. сярод уладанняў Сангушкаў яшчэ раз згадваецца Старая Грушка [45]. У гэты час уладальнікамі маёнтка былі Ян Уладзіслаў, які займаў пасаду суражскага старосты і памёр у 1652 г., і яго брат Казімір, што памёр у 1655 г. Пасля гэтага адзіным уласнікам сангушкаўскіх маёнткаў застаўся малалетні сын Яна Уладзіслава Еранім (1651—1684), які пасля смерці ў 1659 г. сваёй маці Ганны Радзівіл застаўся поўным сіратой і быў пад апекай дальніх родзічаў.

Размешчаныя побач з Бабром і Крупкай паселішчы ў канцы 16 — 1-й палавіне 17 ст., як і ў папярэдні перыяд, адносіліся да маёнткаў, цэнтры якіх знаходзіліся па-за межамі Крупшчыны. Вышэй у сувязі з Бабром ужо згадваліся Шырневічы і Мачулішча, якія разам з часткай Грушкі належалі да маёнтка Варанцэвічы ў Талачынскім раёне і падзялялі яго лёс пры пераходзе ад уладальніка да ўладальніка.

Варанцэвічы ў 1584 г. належалі аднаму з буйнейшых магнатаў, віленскаму ваяводзе Мікалаю Юр'евічу Радзівілу Рудаму. У тым жа годзе ён абмяняў з віленскім кашталянам і канцлерам ВКЛ Астафіем Багданавічам Валовічам на яго частку ў маёнтках, якімі абодва яны валодалі сумесна пасля згасання роду князёў Гальшанскіх (Станькава і Жыцін у Менскім павеце). Пасля Астафія Валовіча (памёр у 1587 г.) Варанцэвічы належалі віцебскаму кашталяну Мацею Стравінскаму, ад якога перайшлі да яго дачкі Соф'і і зяця Рыгора Іванавіча Сапегі, потым да іх сына Аляксандра Багдана Сапегі (1585—1633). Спадчыну А.Б.Сапегі атрымалі затым яго непаўналетнія дочкі Ганна і Кацярына. Іх апекуны, паны Крыштаф Хадкевіч і Казімір Леан Сапега, у 1637 г. аддалі Варанцэвічы разам з Шырневічамі і інш. у заклад Станіславу Нарушэвічу, які ў тым жа годзе ажаніўся са старэйшай з сясцёр — Ганнай. Крысціна ў 1641 г. выйшла замуж за Яна Самуэля Паца, пасля чаго адбыўся падзел іх спадчыны, Пры гэтым Варанцэвічы з усімі прыналежнасцямі дасталіся Крысціне. У 1649 г. яна падарыла іх свайму мужу. Уводны ліст, які быў складзены пры перадачы Я.С.Пацу маёнтка, згадвае ў яго складзе фальварак Альшанік, да якога належалі «сёлы палескія» (змешчаныя ў лясістай мясцовасці): Альшанік, Мачулішча, што празываецца Сакалавічы, Грушка, што празываецца Панскае, і Шырневічы [46]. З гэтага вынікае, што Мачулішчы ўзніклі як асобнае паселішча тых варанцэвіцкіх падданых, якія папярэдне ўваходзілі ў абшчыну сяла Сакалавічы, гэтак жа як Панскае ўзнікла на землях варанцэвіцкай часткі сяла Грушка.

Аналагічным быў лёс іншай часткі Грушкі, якая разам з вёскай Еленка (на аднайменнай рэчцы) належала да маёнтка Падбярэззе. Падбярэззе ў 1-й палавіне 16 ст., пасля смерці князя Сямёна Ямантовіча перайшло да сына яго сястры Рыгора Яцкавіча, які адгэтуль пачаў ужываць прозвішча Падбярэзкі. Ён быў, відаць, даволі ўплывовай асобай сярод шляхты Аршанскага павета, бо займаў пасаду падкаморыя, а ў 1585 годзе, незадоўга да смерці, стаў аршанскім маршалкам. Яго сыны Станіслаў і Мікалай не пакінулі выразных слядоў у пісьмовых крыніцах, затое пакінулі 5 нашчадкаў: Аляксандра, Яна, Альбіна, Базыля і Абрама Падбярэзкіх, якія падзялілі Падбярэззе і іншыя свае маёнткі на невялікія долі. У наступным пакаленні вёска Еленка ці яе частка (9 двароў, 5 валок) належала Рафалу Падбярэзкаму. Яго ўдава Ганна Баратынская другім шлюбам выйшла за Сцяпана Залескага, а ў 1641 г. аддала ў заклад Еленку разам з Яльнянамі і інш. родзічу свайго першага мужа — Рыгору Абрамавічу Падбярэзскаму [47]. Самуэль Падбярэзскі валодаў 5 валокамі зямлі ў сяле Грушка Гапонаўская (сучасныя Гапонавічы), якія ён у 1650 г. за 600 злотых аддаў у заклад на 3 гады Крыштафу Валяноўскаму [48].

На поўначы ад усіх згаданых вышэй паселішчаў у канцы 16 — 1-й трэці 17 ст. склаўся вялізны маёнткавы комплекс, узнікненне якога звязана з дзейнасцю Льва Сапегі — адной з найболын выдатных асоб у гісторыі ВКЛ.

У 2-й палавіне 15 ст. велікакняжацкі пісар Багдан Сямёнавіч Сапега праз шлюб з князёўнай Федкай Друцкай-Саколінскай набыў частку маёнтка Чарэя і права апекі над Чарэйскім манастыром з вёскай Клубынічы. Пазней адным з уладальнікаў гэтага маёнтка быў яго старэйшы сын Іван Багданавіч, ваявода віцебскі, затым падляшскі. Сын апошняга Іван Іванавіч у сярэдзіне 16 ст. ажаніўся з князёўнай Багданай Канстанцінаўнай Друц-ай-Канопляй, якая па мацярынскай лініі была пляменніцай Васіля Друцкага-Талачынскага і спадчынніцай згаслага роду князёў Талачынскіх. Ад гэтага шлюбу і нарадзіўся славуты Леў Сапега (1557—1633), які з маладосці вызначаўся вялікімі здольнасцямі.

Пасля смерці маці ў 1585 г. Леў разам з братамі атрымаў частку спадчыны князеў Канопляў і Талачынскіх (маёнткі Стараселле і Коханава ў Талачынскім раёне, частку Басеі і Шышава ў Горацкім і інш.), а таксама права на выкуп той часткі гэтай спадчыны, што знаходзілася ў руках паноў Гарнастаяў. У 1590 г. ён здзейсніў гэтае права, купіўшы ў Ераніма Габрыелавіча Гарнастая частку Друцкага замка, маёнткі Талачью, Славені, Ябланка, частку Стараселля, Коханава і інш. Сярод гэтых набыццяў быў і двор Кіявец на тэрыторыі Крупшчыны, непадалёку ад Чарэйскага маёнтка [49].

У наступным 1591 г. канцлер Сапега ажыццявіў канчатковы падзел бацькоўскай спадчыны з братамі: Рыгорам, падкаморым аршанскім (ён ужо згадваўся вышэй як бацька Аляксандра Багдана Сапегі) і Андрэем, старостам аршанскім. Паводле гэтага падзелу Льву дасталася частка Чарэі з манастыром і вёскамі Клубінічы, Касінічы і іншьмі (у сучасным Чашніцкім раёне), а таксама маёнткі Лемніца (на стыку Талачынскага і Сенненскага раёнаў) і Белая (сучасны Лепель) [50]. У гэты час саўладальнікам Чарэі з'яўляўся дзядзька Льва — кухмістр ВКЛ Міхаіл Іванавіч Сапега. Па дамоўленасці з пляменнікам у 1592 г. ён саступіў апошняму сваю долю маёнтка [51]. 3 цягам часу Леў Сапега стаў аднаасобным уладальнікам Чарэйскага маёнтка, скупіўшы іншыя долі ў сваіх родзічаў.

Разам са спадчынай маці Леў Сапега атрымаў, напэўна, і тую частку маёнтка Худава, што некалі належала Васілю Талачынскаму. Большая ж частка гэтага маёнтка ў канцы 16 ст. знаходзілася ў руках дзяцей Васіля Міхайлавіча Корсака і князёўны Багданы Іванаўны Сенскай. 3 іх Палонія Корсак унесла ў 1567 г. сваю долю ў якасці шлюбнага пасагу мужу — Марціну Курчу. Апошні ў 1594 г. прыгадваў Худава сярод сваіх маёнткаў [52]. Хутка затым Леў Сапега скупіў у саўладальнікаў і часткі Худаўскага маёнтка, як ён зрабіў гэта з Чарэяй. Вынікі гэтай руплівай дзейнасці канцлера фіксуе дакумент 1602 г., у якім ураднік Льва Сапегі Крыштаф Свідла атрымлівае пацвярджэнне таго, што ён здаў у дзяржаўны скарб усе належачыя падаткі з Чарэйскага маёнтка. Пры гэтым згадваюцца часткі Чарэі, набытыя Сапегам як у спадчыну ад бацькі, так і ад кухмістра Міхаіла Сапегі, Пятра Стаброўскага, Лявона Жданавіча і іншых асоб. У гэтых частках разам было 6 баярскіх і 66 сялянскіх дымоў, а таксама 30 агароднікаў (сялян, якія не мелі ворыўнай зямлі). З кожнага баярскага двара ішоў дзяржаўны падатак у памеры 30 польскіх грошаў, з сялянскага — 15, з агароднікаў — па 6 грошаў [53].

Асобна ў гэтым жа дакуменце названа мястэчка Красны Стан, якое на карце Т.Макоўскага і ў іншых крыніцах мае назву Красны Стаў, што больш дакладна. Гэтае мястэчка знаходзілася на месцы сучаснай вёскі Абчуга і было заснавана, напэўна, на землях сяла Кіявец, набытага Сапегам у Гарнастая. У 1602 г. для большасці мяшчан ужо скончыўся тэрмін слабады. Такія мяшчане валодалі 6 рынкавымі і 40 вулічнымі пляцамі, з якіх плацілі адпаведна па 6 і 4 грошы, а таксама 30 валокамі ворыва, з якіх ішоў падатак у памеры 30 грошаў. У Красным Ставе існаваў таксама вадзяны млын а двух колах, ад якога мястэчка, напэўна, і атрымала сваю назву.

Там жа згадваецца і Худаўская воласць, набытая Сапегам у саўладальнікаў і далучаная да Чарэйскага маёнтка. Разам з сялом Карэвічы (Чашніцкі раён), набытым ад князёў Лукомскіх, гэтая воласць налічвала 88 дымоў, кожны з якіх выплочваў у скарб па 15 грошаў.

Крыху пазней, у 1604 г., канцлер далучыў да Чарэі сёлы Камянец (сучасная Вялікая Каменка) і Халневічы, якія яму прадаў князь Іван Барысавіч Лукомскі [54]. Раней гэтыя сёлы адносіліся да Лукомльскага княства.

Больш падрабязную карціну Чарэйскага маёнтка дае рэестр чыншу, які быў складзены каля 1624 г. З населеных пунктаў Крупшчыны ў ім згадваюцца мястэчка Красны Стаў (плаціла чынш у памеры 183 коп і 17 грошаў), вёскі Лютыя (16 валок, з іх 40 коп і 17 гр.), Лагі (12 валок, 32 капы 46 гар.), Калыбанава (14 валок, 31 капа 36 гр.), Забор'е (23 вал., 49 коп 15 гр.), Кіявец (8 вал., 9 коп 36 гр.), Халневічы (30 вал., 50 коп 37 гр.). Асобна паказана Худаўская воласць, у складзе якой Худава (30 валок, 55 коп 58 гр.), Калодніца (26 вал., 55 коп 58 гар.), Дакучын (20 вал., 45 коп 20 гр.), Камень (вышэйзгаданы Камянец, 8 вал., 20 коп.), Перасека (16 вал., 34 капы 4 гр.), Старажышча (5 вал., 13 коп). Да Худавецкай воласці належалі яшчэ Шчаўры (26 вал., 70 коп 12 гр.), а таксама Падшыйка і Бабічы, якія пазней зніклі [55]. Памёр Леў Сапега у 1633 г., падзяліўшы маёнткі паміж сынамі Янам Станіславам і Казімірам Леанам, якому дасталася Чарэя.

З захаду да Чарэйскага маёнтка прымыкала тэрыторыя Халопеніцкай воласці. Яна належала панам Кезгайлам да згасання гэтага роду ў 1554 г., калі памёр яго апошні мужчынскі прадстаўнік — Станіслаў Мікалаевіч. Частка яго маёнткаў засталася ў пажыццёвым валоданні ўдавы Соф'і Хадкевіч, якая пазней аднавіла шлюб з палякам Ярашам Карыцкім, рэшта адышла да стрыечных братоў і сясцёр па жаночай лініі. Дакументы, якія тычыліся падзелу кезгайлаўскай спадчыны, да нас не дайшлі. Але з больш позніх звестак вынікае, што сяляне-даннікі з былога Лукомльскага княства, пазнейшага маёнтка Халопенічы, былі падзелены паміж Янам Андрэевічам Завішам, яго сястрой Даротай з мужам Войцахам Шэметам, а таксама Станіславам Станіслававічам Шэметам. У 1573 г. Войцах Шэмет перадаў свайму сыну Мельхіёру ліст на валоданне сёламі, сярод якіх згадваецца Хацюхова – у скажонай форме "Хатвовое". У якасці ўладальніка Хацюхова Мельхіёр выступае затым у 1583 г. [56], а ў 1594 г. ён зрабіў жонцы запіс на сёлы, сярод якіх названы Хацюхова, Галькі, Халопенічы ("Холопеновичи") [57].

Прынамсі, у 1610 г. адным з саўладальнікаў Халопеніцкай воласці быў Войцах Манівід Дарагастайскі, які папярэдне аддаў сяло Астапкавічы ад Халопеніцкага маёнтка ў заклад аддаленай родзічцы Льва Сапегі — Багдане Міхайлаўне, жонцы аршанскага земскага суддзі Андрэя Варапая, а ў 1610 г. выкупіў яго [58]. Крыху пазней адна частка маёнтка належала пану Валадкевічу, другая — сумесна віленскаму гараднічаму Пятру Нонгарту і Давыду Нароўніку. У 1620 г. вёсцы Галькі Валадкевічу належала 13 двароў, Нонгарту — 14, у Хацюхове адпаведна 16 і 6. Сяло Халопенічы ў той час складалася з дзвюх частак, якія мелі асобныя назвы – Недароўкавец і Шчуроўка. У першай з іх 6 двароў належала Валадкевічу і 10 – Нонгарту, у другой усе двары (іх было 21) былі ўласнасцю Валадкевіча. Гэтыя звесткі захаваліся ў сшытку, які належаў наступнаму ўладальніку Халопеніцкага маёнтка аршанскаму харунжаму Міхаілу Млечку. Ён набыў абедзве часткі маёнтка, меў у Халопенічах сваю сялібу і на працягу 1621—35 гадоў вёў там свой дзённік. У ім маецца інвентар за 1620 год, план панскага дома, апісанне кухоннага начыння, скаціны, гаспадарчых прылад, спіс рэчаў, падараваных Млечкам Халопеніцкай царкве, лекарскія і кулінарныя рэцэпты 17 ст. і іншыя звесткі. Сшытак пазней трапіў у славутую Шчорсаўскую бібліятэку Храптовічаў і зараз захоўваецца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі АН Украіны ў Кіеве [59]. Дарэчы, Міхаіл Млечка заснаваў у Халопенічах касцёл [60].

Частка абшару былога Лукомльскага княства ў вярхоўях р. Эса ў 17 ст. заставалася ва ўладанні князёў Лукомскіх. Вышэй згадвалася, што князь Іван Барысавіч з меляшкоўскай галіны гэтага роду ў 1604 г. прадаў канцлеру Льву Сапегу сёлы Камянец і Халневічы. Яшчэ раней бацька Льва, Іван Іванавіч Сапега, набыў у кагосьці з Лукомскіх маёнтак Пачаевічы, асноўны абшар якога знаходзіўся ў Чашніцкім раёне. Як і выпадку з Друцкім княствам, да гэтага маёнтка належаў ізаляваны «дадатак», у які ўваходзіла частка сяла Грыцкавічы непадалёку ад Халопеніч і Галькоў. Пры падзеле спадчыны ў 1591 г. гэты маёнтак атрымаў брат Льва Сапегі, аршанскі староста Андрэй. Пазней ён належаў сыну Льва, Казіміру Леану Сапегу. У складзе гэтага маёнтка Грыцкавічы згадваюцца ў 1649 г. [61]. У 1655 г. Казімір Леан падарыў Пачаевічы з усімі прыналежнасцямі Віленскаму езуіцкаму калегіуму [62]. Тады і частка Грыцкавіч стала належаць езуітам. Іншая частка гэтага сяла ў 1641 г. належала да Халопеніцкага маёнтка М.Млечкі. У Грыцкавічах была і трэцяя доля, што адносілася да маёнтка Руднае Сяло ніжэй па Эсе. У 1621 г. гэты маёнтак належаў князю Раману Балтазаравічу з галіны Лукомскіх. Гэты князь заснаваў у Рудным Сяле каталіцкую капліцу ў гонар панны Марыі, на карысць якой ахвяраваў свой маёнтак з вёскай Лужкі (паблізу Руднага Сяла) і часткай Грыцкавіч [63]. У наступным годзе яго аддалены родзіч, аршанскі земскі суддзя Іван Барысавіч Лукомскі, выконваў волю ўжо памёршага Рамана і перадаў ксяндзам Грыцкаўскую Слабаду з 8 сялянскімі дварамі, а таксама Калечую Слабаду (зараз — Калечанка ў Чашніцкім раёне) [64].

На землях Халопеніцкай воласці ўзнікла і сяло Мхерына (Амхерына). Яно ўпершыню згадваецца ў 1642 г. як уладанне Ераніма Альбрэхта Друцкага-Саколінскага [65]. Ён жа ў 1648 г. набыў у дробнага шляхціча Мікалая Вадашынскага за 1000 коп сяло Шамкі ў Грыцкавіцкай воласці, а ў 1649 г. аддаў Мхерына ў шасцігадовы заклад за 1800 коп грошаў Самуілу Лыскоўскаму [66]. Іншая ж частка Мхерына ў далешым заставалася ў складзе маёнтка Халопенічы.

На поўдні ад зямель халопеніцкага сяла Хацюхова пачыналіся землі Барысаўскага староства, якія цягнуліся на захад і поўдзень да ракі Бярэзіны, а на паўднёвы ўсход — праз увесь Крупскі раён, займаючы сумежныя ўскрайкі Круглянскага, Бялыніцкага і Бярэзінскага раёнаў. Гэтую вялізную воласць у 1567 г. атрымаў віленскі ваявода Мікалай Юр'евіч Радзівіл Руды (1512—1584), і з гэтага часу звыш паўстагоддзя яна заставалася ў руках рода Радзівілаў. Мікалай Руды ў 1579 г. з дазволу вялікага князя перадаў староства свайму сыну Крыштафу па мянушцы Пярун (1547—1603). У 1586 г. апошні заснаваў на землях Барысаўскага староства, на бойкім тракце Барысаў — Орша, новае мястэчка на беразе р. Начы, якому надаў назву Радзівілаўская Воля [67]. Пазней, аднак, за мястэчкам замацавалася назва Нача, пад якой яно выступае на карце Т.Макоўскага і ў іншых крыніцах. Пасля смерці Крыштафа Пяруна Барысаўскае староства, дарма што дзяржаўная ўласнасць, па сутнасці перайшло ў спадчыну да яго сына Януша Радзівіла (1579—1620), прычым ужо не як дадатак да пасады віленскага ваяводы, якую Януш ніколі не займаў.

Магчыма, Барысаўскае староства надалей засталося б «сямейнай уласнасцю» Радзівілаў, але пасля смерці Януша ў 1620 г. застаўся яго адзіны непаўналетні сын Багуслаў і кароль Жыгімонт Ваза ў 1621 г. перадаў староства троцкаму ваяводзе Аляксандру Хадкевічу (былому ўласніку Бабра). Хадкевіч памёр у 1626 г., а ў 1629 староства было перададзена прадстаўніку іншай галіны Радзівілаў — канцлеру Альбрэхту Станіславу (1595—1656). Праз некалькі гадоў яно перайшло да Адама Казаноўскага — паляка, які ў парушэнне норм Статута 1588 г. займаў пасады і набываў маёнткі ў ВКЛ (у прыватнасці, у 1633 г. купіў у Льва Сапегі маёнтак Чашнікі). Казаноўскі ўпершыню упамінаецца ў якасці барысаўскага старосты ў 1635 г. Ён займаў гэту пасаду да сваёй смерці ў 1649 г.

У гэты час старосты не толькі перадавалі пасады ў спадчыну сваім дзецям, але і амаль бескантрольна гаспадарылі ў дзяржаўных валасцях, бо кантроль дзяржавы за іх дзейнасцю стаў мінімальным. Так, у 1639 г. Адам Казаноўскі вылучыў са складу староства вёску Агібайлавічы (Гібайлавічы, сучасная Знаменка) з 16 валокамі зямлі і аддаў яе ў пажыццёвае трыманне Марцымільяну Крахоўскаму, які ўжо валодаў суседнім маёнткам Бялавічы (зараз у Бярэзінскім раёне). У дакуменце аб гэтай нагодзе ўпамінаюцца межы суседніх вёсак Пышачы, Мараны (пазнейшыя Мажаны) і Сомры, якія заставаліся ў складзе староства [68]. Хутка, аднак, Мажаны і Пышачы адасобіліся ў якасці самастойных дзяржаўных маёнткаў (старостваў). Яны, як і Гібайлавічы, у далейшым мянялі ўладальнікаў незалежна ад астатняй часткі Барысаўскай воласці.

У 1641 г. пры размежаванні Халопеніцкай і Барысаўскай валасцей упершыню ўпамінаюцца яшчэ некалькі паселішчаў у складзе апошняй: Заберычы (сучасныя Вялікія Жаберычы), Клёнкі (Клён) і Ігрышча, якое названа «слабадой барысаўскай», што сведчыць пра яго нядаўняе заснаванне [69]. Там жа прыводзіцца доўгі пералік крыўд, якія на працягу папярэдніх 10 гадоў чынілі хацюхоўскім сялянам жыхары Барысаўскага староства. У прыватнасці пазначаецца, што войт Нацкага войтаўства і барысаўскі баброўнічы забілі ў вярхоўях р. Начы, на землях сяла Хацюхова, 8 баброў. Гэта была істотная шкода: паводле Статута 1588 г. штраф за чорнага бабра вызначаўся ў 4 капы грошаў, за бурага – у 2 капы.

У 1643 г. Казаноўскі заснаваў у Барысаве касцёл, на забеспячэнне якога вылучыў са складу староства маёнтак Ратуцічы [70], цэнтр якога знаходзіўся ў сучасным Барысаўскім раёне. Як вынікае з пазнейшых звестак, у склад гэтага маёнтка увайшло і сяло Клён на захадзе Крупшчыны. Яно, такім чынам, перайшло з дзяржаўнай уласнасці ў царкоўную.

Падсумоўваючы змены, якія адбыліся на тэрыторыі Крупшчыны да сярэдзіны 17 ст., перш за ўсё трэба адзначьшь з'яўленне мястэчак. Тры з іх — Нача, Крупкі і Бобр — абавязаны сваім узнікненнем вялікай гандлёвай магістралі, якая канчаткова сфарміравалася да гэтага часу і вяла з усходу, з Маскоўскай дзяржавы, праз Смаленск (ён з 1611 г. знаходзіўся ў складзе ВКЛ) і Оршу на Барысаў. Адтуль адзін шлях ішоў праз Лагойск і Маладзечна ў сталіцу дзяржавы Вільна і ў Літву, а другі — праз Менск у заходнія раёны Беларусі (якія на той час таксама называліся «Літвой») і ў Польшчу. Названыя тры мястэчкі занялі сваё месца ў ланцугу прывалачных пунктаў, што асядалі гэты шлях на адлегласці 10—15 км адзін ад аднаго. Працяг ланцугу на захадзе стварала Лошніца, на ўсходзе — Славені, Талачын, Коханава.

Красны Стаў узнік на гандлёвым шляху мясцовага значэння, які вёў з Бешанковіч праз Чашнікі, Лукомль і Чарэю на Славені, адтуль на Круглае, Цяцерын, Бялынічы. Гэты шлях на працягу прыкладна 125 км ішоў амаль непарыўна па ўладаннях Льва Сапегі, выконваючы ролю іх унутранай магістралі. Іншае адгалінаванне вяло з Круглага на Галоўчын, Княжыцы і Магілёў, які ў гэты час імкліва ператвараўся ў адзін з буйнейшых гарадоў Беларусі.

Увогуле 2-я палавіна 16 — 1-я палавіна 17 ст. былі часам бадай што найбольшага эканамічнага ўздыму за ўсю гісторыю ВКЛ. Паўсюдна ўзнікалі новыя мястэчкі і вёскі, шчыльнасць насельніцтва дасягнула, напэўна, максімальнай для тагачаснага ўзроўню гаспадаркі велічыні. Працэс узнікнення новых вёсак (слабод) добра прасочваецца на Крупшчыне. У Бобрскім маёнтку з'яўляецца Прудзенская Слабада, у Барысаўскім старостве — Ігрышча. Вышэйзгаданы рэестр чыншу Чарэйскага маёнтка таксама ўпамінае некалькі слабод. З іх на Крупшчыне мясціліся Барсукі і Харытонцы, у кожным з якіх было па 3 двары, а тэрмін слабады канчаўся ў 1625 г. У гэты перыяд таксама ўзніклі шмат іншых паселішчаў Крупшчыны.

У цэлым па дзяржаве гэты ўздым суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі сялянства, бо панам, каб жыць паводле польскіх і заходнееўрапейскіх узораў, патрабавалася шмат грошай. Але на Крупшчыне мы не маем выразных прыкладаў гэтага працэсу. Як у дзяржаўным Барысаўскім маёнтку, так і ў прыватных (Чарэя, Бобр) не было паншчыны, а памеры чыншу былі ў цэлым памяркоўнымі. Адзіны фальварак (двор з панскім ворывам, заснаваны на працы прыгонных сялян) фіксуецца ў гэты час у Альшаніку, што адносіўся да Варанцэвіцкага маёнтка.

У гэты час амаль цалкам быў забаронены пераход сялян з маёнтка ў маёнтак, але для тых буйных валасцей, што ахоплівалі большасць Крупшчыны, гэта было неістотна, бо заставаліся вялікія магчымасці для пошуку лепшых умоў у межах аднаго маёнтка: можна было перасяліцца, напрыклад, з Сомраў у Ігрышча ці з Халневіч альбо Шчаўраў у Калыбанава, застаючыся на тэрыторыі аднаго ўладання. Хапала, нарэшце, і вольных людзей (многія з іх некалі ўдала ўцяклі ад свайго пана), каб засяляць узнікаючыя мястэчкі.

Праўда, уздым аказаўся нетрывалым. Адначасова назіраліся і негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы — у прыватнасці, абвальная інфляцыя на працягу 1-й чвэрці 17 ст. Сярэбранае напаўненне (і, адпаведна, кошт) польскага гроша з канца 16 ст. знізілася больш як у 3 разы. Шляхецкая вольніца, якая панавала ў Рэчы Паспалітай, практычна паралізавала здольнасць урада да цэнтралізаванага кіравання, усеўладдзе ж магнатаў у параўнанні з пачаткам 16 ст. не толькі не знізілася, але і ўзрасло.

Узмацніліся рэлігійныя супярэчнасці. Рэфармацыя, што вельмі пашырылася пры Жыгімонце Аўгусту, з прыходам да ўлады Стафана Баторыя (І575 г.) і асабліва Жыгімонта Вазы (1587 г.) змянілася Контррэфармацыяй — аднаўленнем пазіцый каталіцтва. Кароль Стафан заклікаў у Рэч Паспалітую езуітаў. У каталіцтва пачалі пераходзіць буйнейшыя магнаты-пратэстанты, у тым ліку Леў Сапега, князі Сангушкі і інш. Вышэй згадвалася, што менавіта Сапегі падарылі езуітам некалькіх сялян з Грыцкавіч, а іх аднасяльчане паводле волі князя Лукомскага, што таксама стаў католікам, перайшлі ва ўласнасць Руднасельскага касцёла. Вёска ж Клён стала належаць ксяндзам Барысаўскага касцёла. Пры Міхаіле Млечку ў Халопенічах з'явіўся першы касцёл непасрэдна на тэрыторыі Крупшчыны.

Адначасова ўзмацніўся націск на праваслаўную царкву Рэчы Паспалітай. У 1596 г. адбылася Берасцейская царкоўная унія. Далёка не ўсе праваслаўныя з гэтым пагадзіліся, успыхнула вострая барацьба паміж прыхільнікамі і ворагамі уніі. Праўда, мы не маем сведчанняў таго, што гэтая 6арацьба неяк закранула тэрыторыю Крупшчыны. Тут не было выразных цэнтраў супраціўлення уніяцтву. Вядома, што абарачэнне Львом Сапегам ва ўніяцтва Чарэйскага манастыра (да якога адносілася в. Клубынічы) прайшло даволі мірна, бо манастыр раней быў у глыбокім заняпадзе і Сапега па сутнасці стварыў яго нанава.

У гэты ж час назіралася значная паланізацыя шляхецкага саслоўя. Асабліва масавай яна стала пасля смерці Льва Сапегі, які моцна працівіўся гэтаму працэсу і карыстаўся вялікім аўтарытэтам. У выніку сацыяльная мяжа паміж панамі і іх падданымі пачала набываць яшчэ і этнічныя рысы: сялянства і мяшчанства практычна не былі закрануты працэсам паланізацыі, таму польскамоўны пан (хай сабе і мясцовага паходжання) пачаў выглядаць у іх вачах чужынцам.

Усё сказанае вышэй прывяло да таго, што ў сярэдзіне 17 ст. Рэч Паспалітая ўступіла ў паласу жорсткага крызісу, з якога, па сутнасці, ужо не выйшла. Цяжкім выпрабаваннем для Беларусі стала вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. Праз Крупшчыну рухаліся войскі, непазбежна спусташаючы наваколле. З лета 1655 г. яе тэрыторыя была занята рускімі. У 1660 г. войскі літоўскага гетмана Паўла Яна Сапегі і польскага (кароннага) гетмана Чарнецкага перайшлі ў контрнаступ, прайшоўшы праз Крупшчыну на усход, да Дняпра. Пры гэтым у Барысаве застаўся ў аблозе моцны расійскі гарнізон, які толькў ў ліпені 1662 г. пакінуў горад і таксама праз Крупшчыну адышоў да сваіх. Вясной 1664 г. харугвы польнага гетмана ВКЛ Міхала Паца пасля цяжкай зімовай кампаніі адышлі з-пад Старадуба на адпачынак у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны. Натуральна, што карміліся яны і тымі прыпасамі, якія маглі знайсці ў мясцовых маёнтках ды сялянскіх хатах.

3 лета 1664 г. нарэшце настала замірэнне, якое было замацавана Андрусаўскім пагадненнем 1667 г. Паводле яго ўмоў ВКЛ страціла Смаленшчыну, але Аршанскі павет у поўным складзе застаўся ў княстве. Вайна прынесла дзяржаве вялізныя спусташэнні. Многія гарады і вёскі былі спалены. Шмат сялян і мяшчан загінулі ад ваенных дзеянняў ці рабаўнічых наездаў. Іншыя проста разбегліся. Увогуле, паводле падлікаў польскага даследчыка Е.Можы, Аршанскі павет за час вайны страціў кожныя два населеныя дымы з трох, а шчыльнасць насельніцтва ў ім знізілася з 20,2 да 6,2 чалавека на 1 кв. км [71].

Гэтую карціну добра ілюструе тарыф падымнага падатку Аршанската павета за 1667 г., які пазначае колькасць населеных дымоў у асобных маёнтках [72]. Так, у маёнтку Бобр, уласнасці аршанскага земскага суддзі Ераніма Камара, налічвалася 94 дымы, і яшчэ 11 — у Прудзінах, што былі ў закладзе ў Антонія Сіпайлы. Нагадаем, што напачатку 17 ст. толькі ў мястэчку Бобр было больш за 200 двароў. Звыш паловы іх за час вайны апусцела, а насельнікі загінулі альбо разбегліся. У іншых маёнтках становішча было такім жа. У Крупках, аддадзеных князем Еранімам Сангушкам у заклад Пятру Швабу Шванскаму, тарыф вызначае ўсяго 60 дымоў, а ў Нацкім войтаўстве Барысаўскага староства — 143. Гэтае войтаўства, змешчанае на сутыку сучасных Крупскага і Барысаўскага раёнаў, знаходзілася ў той час у пажыццёвым карыстанні ўдавы колішняга барысаўскага старосты Казаноўскага. Асноўная частка староства, у тым ліку паўднёвы ўскраек Крупшчыны, была ва ўладанні надворнага падскарбія Казіміра Яна Сапегі і налічвала 412 дымоў, а вылучанае з яго Гібайлавіцкае староства было нададзена полацкаму падстолію Ераніму Ліпскаму і мела 16 дымоў.

Захаваўся блізкі па часе інвентар Барысаўскага староства за 1670 г., у якім колькасць дымоў пазначана ў кожнай вёсцы паасобку [73]. На тэрыторыі Крупшчыны да староства адносіліся 20 паселішчаў, якія разам налічвалі 119 дымоў. Буйнейшымі з іх былі мястэчка Нача з 27 цяглымі і 5 вольнымі дварамі (у ім згадваецца царква Святой Тройцы) і сяло Выдрыца з 17 дварамі. Статус мястэчкаў мелі таксама Ухвала і Радзіца, хаця кожнае з іх мела ўсяго па 5 двароў.

Тарыф 1667 г. дазваляе вызначыць памеры і імншых маёнткаў. Маёнтак Халопенічы налічваў 260 дымоў (частка з іх была ў паселішчах сучасных Барысаўскага і Чашніцкага раёнаў), яшчэ 65 дымоў адносілася да Хацюхова, якое было аддадзена ў заклад аршанскаму гродскаму пісару Станіславу Богушу. Суседнія Лісічына, Барсукі і Поснікавічы, альбо Пасёмкавічы, налічвалі разам 34 дымы і належалі князю Самуэлю Лукомскаму. Напэўна, яны ўтваралі рэштку старажытнага Лукомльскага княства, якое належала з даўніх часоў продкам князя Самуэля. У паўночна-усходнім куту Крупшчыны знаходзіўся маёнтак Гаворы з сялом Касінічы (107 дымоў), які ў 1667 г. належаў князю Міхалу Друцкаму-Саколінскаму. Крыху пазней, у 1669 г., уладальнікам гэтых паселішчаў і суседняга двара Стэфанава выступае Стэфан Гланіскі, войскі аршанскі [74].

Больш сціплымі па памерах былі ўладанні паноў Падбярэзскіх. Адна іх галіна валодала маёнткам Гапонавічы (колішняя Грушка Гапонаўская). Паводле тарыфу 1667 г. 15 дымоў у ім належала Самуэлю Падбярэзскаму, які трымаў яшчэ 9 дымоў у якасці апекуна кагосьці са сваіх родзічаў. У тарыфе падымнага за 1703 г. Гапонавічы згадваюцца падзеленымі на 3 часткі [75]. Іншая галіна Падбярэзскіх валодала ўласна Падбярэззем у Талачынскім раёне, ад якога і ўтварылася родавае прозвішча, а таксама фальваркам Навесы на самай усходняй мяжы Крупшчыны, які спярша зваўся Казлова Мяжа [76]. Тарыф 1667 г. вызначае памеры гэтага маёнтка ўсяго ў 2 дымы. Суседняе Мачулішча, якое раней адносілася да маёнтка Варанцэвічы, у 1667 г. выступае ўжо як асобнае ўладанне. 8 дымоў у ім належалі пані Барэйшынай, адзін – Табіяшу Палідоўскаму. У тарыфе названы таксама маёнткі Панскае з 21 дваром і Шарнева з 7 дварамі, якія знаходзіліся ў закладзе.

Вельмі буйным маёнткам быў Чарэйскі. Нават пасля ваенных разбурэнняў ён налічваў 2687 дымоў і быў другім па памерах ва ўсім Аршанскім павеце (пасля Магілёўскага староства). Да 1652 г. Чарэя знаходзілася ва ўладанні Казіміра Леана Сапегі — сына і апошняга прамога нашчадка славутага Льва Сапегі. Паміраючы бяздзетным, ён адпісаў свае шматлікія ўладанні блізкім і далёкім родзічам. Чарэя дасталася тагачаснаму віцебскаму ваяводу Паўлу Яну Сапегу, родзічу Казіміра Леана ў трэцім калене [77]. Павел Сапега памёр у 1665 г., займаючы вышэйшыя дзяржаўныя пасады віленскага ваяводы і вялікага гетмана. З 4 яго сыноў 2 старэйшых валодалі затым большай часткай Крупшчыны: Казімір Ян — у якасці барысаўскага старосты, а Бенедыкт — у якасці спадчынніка бацькоўскай Чарэі, якая дасталася яму пры падзеле. У 1672 Бенедыкт Сапега заклаў Чарэйскі маёнтак за 87 тыс. злотых смаленскаму ваяводзе Рыгору Казіміру Падбярэзскаму, але пазней выкупіў назад [78]. У канцы 17 ст. Бенедыкт Сапега далучыў да Чарэі суседні маёнтак Бобр. Захавалася кніга прыходу і расходу збожжа ў Баброўскім маёнтку ў 1699 г. [79]. У складзе маёнтка ў той час былі вёскі Стары Бобр, Пліса, Куты, Прудзіны, Красная Слабада (назва «Красная» ў тагачаснай беларускай мове азначала, як і ў сучаснай рускай, «прыгожая»; таму пераклад гэтай гістарычнай назвы як «Чырвоная Слабада», які трапіў нават на шыльду дарожнага паказальніка, з'яўляецца, відавочна, памылковым), Ламское, Шацькі і Ярашоўка.

Чарэйскі маёнтак моцна пацярпеў пад час міжусобнай барацьбы паміж двума магнацкімі групоўкамі, адну з якіх узначальвалі Бенедыкт Сапега і яго старшы брат Казімір Ян. У 1700 г. паміж магнатамі адбывалася нешта накшталт грамадзянскай вайны. Пад час яе Чарэя, як і іншыя маёнткі Сапегаў, была разрабавана іх праціўнікамі, не гледзячы на тое, што напярэдадні гэтых падзей была аддадзена ў заклад Міхалу Пяроту за 60 тысяч тынфаў [80]. Тарыф падымнага Аршанскага павета за 1703 г. [81] фіксуе памяншэнне колькасці дымоў нават у параўнанні з пасляваенным 1667 г. - у Чарэі разам з Бабром было 2222 дымы. Новыя разбурэнні адбыліся ў сувязі з актыўнымі баявымі дзеяннямі паміж рускімі і шведамі ў час Паўночнай вайны ў 1703—1706 гг., калі Сапегі дзейнічалі на баку шведаў супраць законнага караля Рэчы Паспалітай Аўгуста Моцнага і яго саюзніка, цара Пятра Вялікага.

Інвентар часткі Чарэйскага маёнтка, які быў створаны ў 1713 г. [82], паказвае выразную карціну жудаснага запусцення. У інвентары апісваюцца мястэчка Чарэя і тры войтаўствы: Меляшковіцкае, Кіявецкае і Худавецкае. 3 іх два апошнія цалкам знаходзіліся на Крупшчыне. Кіявецкае войтаўства ўключала 19 паселішчаў (мястэчка Абчуга, вёскі Дзяньгубка, Запрудкі, Каменка, Кіявец, Лагі, Ламское, Ліпкі, Луцішча, Лютыя, Мальцы, Сакалянка, Сераёўка, Смародзінка, Стральцы, Тапарышча, Шарпілаўка, Шкорнеўка, Язвы) і мела 175 цэлых і 1/4 валокі ворыўнай зямлі, але пераважная большасць з іх (161 і 3/4) ляжалі пустымі. У карыстанні прыгонных сялян было ўсяго 5 і 3/4 цяглых валокі і яшчэ 3 1/2 дадатковых (так званых «прыёмных», з якіх павіннасці былі меншымі). Сяляне-кунічнікі, абавязаныя выплочваць толькі грашовы падатак («куніцу»), карысталіся 1,5 кунічнымі валокамі і такой жа колькасцю прыёмных. Прадстаўнікам сацыяльнай групы зямян, займаючых прамежкавае становішча паміж сялянамі і дробнай шляхтай, належала таксама 1,5 валокі. Напрыклад, у вёсцы Смародзінка мелася 10 валок і значылася 29 сялянскіх двароў, але толькі 8 існавалі ў наяўнасці. Пры гэтым 4 двары не мелі ніякай скаціны, а ў 4 астатніх было разам 5 коней і 2 каровы. У суседняй вёсцы Шарпілаўка (6 валок) з 9 двароў пуставала 7, а ў 2 жылых не было зусім ніякай скаціны. У Шкорнеўцы (3 валокі) з 15 двароў сяляне заставаліся ў 2 і толькі 1 меў каня, а ў Луцішчы (10 валок) засталося 7 двароў з 20, прычым толькі 2 двары мелі па каню і карове, а 1 — толькі карову. Вёска Мальцы з 9 валокамі і 19 дварамі пуставала цалкам.

Крыху лепшае становішча было ў Худавецкім войтаўстве, якое ахоплівала 14 паселішчаў (вёскі Асінаўка, Белыя Баркі, Буда, Вал, Дубраўка, Камень Стары, Камень Новы, Ротань, Скарадзіца, Сцюдзёнка, Худаўцы, Шацькі, засценкі Красная Навалока і Напрасніца). 3 прыкладна 110,5 валок пуставала 42,5, але і тут вёска Асінаўка з 6 дварамі стаяла зусім пустая, гэтак жа пуставаў і адзіны двор у засценку Красная Навалока.

У складзе Чарэйскага маёнтка гэты інвентар называе вёскі Ломск (Ламское) і Шацькі, якія ў 1699 г. адносіліся да маёнтка Бобр. Напэўна, пасля аб'яднання абодвух маёнткаў у сваіх руках Бенедыкт Сапега часткова пераразмеркаваў паселішчы паміж імі.

У далейшым спадчыннае права на Чарэю захаваў за сабой сын Бенедыкта, Міхал Юзаф Сапега, які ў 1710 г. пасля прымірэння свайго дзядзькі Казіміра Яна з каралём Аўгустам вярнуўся на радзіму. Аднак доўгі час у яго не было магчымасці выкупіць маёнтак з закладу. Да 1718 г. ён заставаўся ў руках удавы Міхала Пярота. Карыстаючыся безуладдзем, суседнія землеўладальнікі захапілі некаторыя ўскраінныя вёскі. У інвентары 1713 г. прыгадваецца, што вёску Новы Камень "заехаў" і ўтрымлівае за сабой пан Станіслаў Бельскі. Толькі ў 1720 г. Міхал Юзаф Сапега скончыў справу з панамі Хлявінскімі, якія такім жа чынам утрымлівалі Сакалянку [83].

У 1729 г. ў складзе Чарэйскага маёнтка упамінаюцца 12 войтаўстваў: Вячорскае, Рыдамльскае, Горскае, Слідчанскае, Меляшкоўскае (усе ў Чашніцкім і Талачынскім раёнах), Балуцкае, Хальневіцкае, Камянецкае, Калодніцкае, Кіявецкае, Калыбанаўскае і Худавецкае (цалкам ці большай часткай на Крупшчыне) [84].

Багацці і магутнасць Сапегаў у гэты час ужо моцна пахіснуліся. Адчуваючы пастаянную нястачу грошай, Міхаіл Сапега каля 1730 г. аддаў у заклад пану Бекельману Шчаўроўскае і Дакучынскае войтаўствы, а ў 1731 г. рэшту Чарэйскага маёнтка заклаў на 3 гады Леану Валадковічу [85]. Перажыўшы двух сыноў, Міхаіл у 1733 г. завяшчаў свае правы на закладзены Чарэйскі маёнтак родзічу Казіміру Леану (унуку Казіміра Яна Сапегі), які ў сваю чаргу памёр у 1738 г. У яго засталіся малалетнія сыны Аляксандр і Міхал, апеку над якімі абраў брат Казіміра Леана Юзаф, біскуп-суфраган (намеснік) віленскага біскупа. Юзаф выкупіў некаторыя войтаўствы з закладу, але ў 1741 г. зноў заклаў падскарбію Яну Салагубу. Сын апошняга Юзаф Салагуб у 1745 г. дадаткова ўзяў у заклад у Юзафа Сапегі фальваркі Балюта, Каменка, Калодніца і Язвы, а ў 1748 г. — яшчэ і фальварк Калыбанава [86].

Маёнтак Бобр быў закладзены Сапегамі Яну Лендарфу, ды так і застаўся ў яго ўладанні. Пасля смерці Лендарфа яго ўдава Крысціна Абрамовіч у 1733 г. паўторна выйшла замуж за князя Марцыяна Міхала Агінскага, і праз гэты шлюб Бобр перайшоў да апошняга [87]. Магчыма, пры Марцыяне Агінскім Бобр першым і адзіным з мястэчак Крупшчыны атрымаў магдэбургскае права, якое дазваляла яго жыхарам выбіраць органы самакіравання, мець пячатку і герб. У 1913 г. была апублікавана пячатка мяст. Бобр з надпісам «пячатка места магдэбурыі яго каралеўскай міласці Баброўскай» і датай 1735 [88]. Калі дата на гэтай пячатцы дакладная, то яна супярэчыць іншым паведамленням, паводле якіх магдэбургскае права было нададзена Бабру толькі ў 1762 г., калі ён належаў сыну Марцыяна Ігнацыю Агінскаму [89]. Пытанне аб даце атрымання Бабром магдэбургскага права патрабуе далейшага вывучэння.

Змяніў уласнікаў у канцы 17 ст. яшчэ адзін буйны маёнтак Крупшчыны — Халопенічы. Яго спадчынніца Яўхімія Млечкаўна пасля смерці ў 1672 г. свайго мужа Міхала Цеханавецкага, мсціслаўскага ваяводы, паўторна выйшла замуж за Гедэона Аляксандра Халецкага. Апошні разам з жонкай у 1690 г. зрабіў дароўны (фундацыйны) запіс на Халопеніцкі касцёл, заснаваны некалі Міхалам Млечкам. У 1705 г. сын Гедзона і Яўхіміі Марцыян Дамінік Халецкі са сваёй жонкай Канстанцыяй Сакалоўскай пацвердзілі і пашырылі гэты запіс, падараваўшы касцёлу і кляштару дамініканаў у Халопенічах пляцы з ворыўнай зямлёй, фальварак і в. Мхерын (дакладней, частку яе, бо іншай часткай валодаў князь Караль Друцкі-Саколінскі), фальваркі Еліяшаўка і Пагарэлае (два апошніх — у сучасным Барысаўскім раёне) [90].

Марцыян Халецкі, перажыўшы першую жонку, пазней ажаніўся з Фяліцыяй Кярсноўскай, удавой Міхала Храптовіча. Ад гэтага шлюбу ён меў дзвюх дачок. Адна з іх, Яўхімія, ў 1729 г. выйшла замуж за свайго аддаленага родзіча Антонія Халецкага, за якім запісала частку бацькоўскага маёнтка. Яе сястра была жонкай князя Масальскага і таксама атрымала частку Халопенічаў. Трэцюю частку Марцыян паводле завяшчання пакінуў сваёй жонцы Фяліцыі, а тая ў сваю чаргу падарыла яе свайму сыну ад першага шлюбу Марцыяну Храптовічу. У далейшым маёнтак працягваў драбіцца. Доля Антонія і Яўхіміі Халецкіх была падзелена паміж іх сынам Казімірам і дачкой Францішкай, якая стала жонкай рэчыцкага радкаомрыя Антонія Астрэйкі Арэшкі [91]. Частка тэрыторыі маёнтка перайшла ў царкоўную ўласнасць. Апрача Мхерына, падараванага Халецкімі дамініканскаму кляштару, частка сяла Грыцкавічы разам з маёнткам Пачаевічы была падаравана Сапегамі Віленскаму езуіцкаму калегіуму, а фальварк Шамкі належаў Барысаўскаму касцёлу. У 1728 г. паміж Шамкамі і езуіцкімі ўладаннямі ў Грыцкавічах адбылося размежаванне [92].

Па-ранейшаму мала звестак пра Крупкі, якія заставаліся адным са шматлікіх уладанняў князёў Сангушкаў. Еранім Сангушка памёр у 1684 г. ва ўзросце 33 гадоў, пакінуўшы двух сыноў: сямігадовага Казіміра і двухгадовага Паўла. Крупкі, напэўна, у далейшым дасталіся Казіміру, надворнаму маршалку ВКЛ, памёршаму ў 1734 г. Тарыф падымнага Аршанскага павета за 1743 г. [93] называе ўласніцай маёнткаў Крупкі, Грушка і Шыйка з 55 дымамі яго ўдаву, княгіню Сангушкаву. Пазней гэтыя маёнткі атрымаў у спадчыну малодшы брат Казіміра Павел, для якога яны былі дадаткам да галоўных латыфундый на Украіне.

Той жа тарыф 1743 г. дазваляе параўнаць памеры іншых маёнткаў Крупшчыны. У Бабры тады было 60 дымоў, у Халопеніцкім маёнтку — 116, у Чарэйскім — 1595. Іншыя ўладанні былі значна больш дробнымі: Гаворы пана Галінскага налічвалі 25 дымоў, Дудары, Барсукі, Лісічын і Пасёмкавічы князя Лукомскага — 18 (у гэты лік уваходзіць і частка мястэчка Лукомль). Гапонавічы належалі пяці уласнікам: Самсону Падбярэзскаму (2 дымы), Рыгору Падбярэзскаму (таксама 2), пану Мікульскаму (1) і яшчэ 1 дым — сумесна Забжыдоўскаму і Дулевічу. Маёнтак Панскае з 1 дымам быў уласнасцю Арцішэўскага, Мачулішча з 2 дымамі і Сакалавічы з 6 — Барэйшы. Упершыню выступаюць у якасці самастойнага маёнтка Прудзіны (7 дымоў) — уласнасць Багдановіча. Згадваюцца ў тарыфе таксама плябаніі Бобрскай, Грушацкай, Халопеніцкай, Худавецкай, Шэйкаўскай і Шчаўраўскай цэркваў, кожнай з якіх належала па 1 дыму.

Нават калі ўлічваць, што кожны з такіх дымоў адпавядаў некалькім дварам, усё роўна колькасць насельніцтва Крупшчыны ў сярэдзіне 18 ст. трэба прызнаць не вельмі высокай. Магчыма, яна нават не дасягнула ўзроўню мінулага «залатога века». Прычынай таму былі дзве спусташальныя вайны і агульны эканамічны заняпад, які перажывала Рэч Паспалітая. Новыя мястэчкі практычна не ўзнікалі, ды і ў старых жыццё не вельмі бурліла. Затое паўсюднае пашырэнне набыла паншчына: паны імкнуліся больш інтэнсіўна эксплуатаваць сваіх нешматлікіх падданых. Фальваркі, разлічаныя на працу прыгонных сялян, існавалі ў гэты час у Шамках, Мхерыне, Мачулішчах, Панскім. Можна меркаваць, што былі і іншыя, не названыя ў крыніцах. Інвентар Чарэйскага маёнтка за 1713 г. пазначае, напрыклад, што жыхары вёскі Кіявец раней былі толькі кунічнікамі, а потым былі пераведзены ў катэгорыю цяглых сялян з абавязкам адпрацоўваць паншчыну. Падобныя працэсы адбываліся і ў іншых паселішчах.

Больш жорсткая эксплуатацыя не вельмі ўзбагачала і саміх паноў, якія марнавалі свае даходы на раскошу і зусім не выкарыстоўвалі іх дзеля пераўсталявання гаспадаркі і развіцця вытворчасці. Не выпадкова большасць маёнткаў пастаянна закладвалася і перазакладвалася, а калі яны і выкупляліся ўласнікамі, то толькі дзеля таго, каб хутка зноў трапіць у заклад ці арэнду. Закладатрымальнікі, маючы да гэтых маёнткаў часовае дачыненне, таксама не былі зацікаўлены ў развіцці гаспадаркі. Яны імкнуліся высмактаць як мага болей даходаў, а што будзе потым — іх не турбавала.

На такім фоне ўзмацняўся і палітычны заняпад Рэчы Паспалітай. Яна ўсё больш трапляла пад уплыў суседніх дзяржаў, у першую чаргу Расійскай імперыі. Унутры дзяржавы роля яе складовых частак таксама была вельмі неаднароднай. Бясспрэчна дамініравала Польшча, культурны ўплыў якой амаль цалкам паглынуў асаблівасці беларускай і літоўскай шляхты. Старабеларуская мова канчаткова выйшла з афіцыйнага ўжытку, усе дакументы пісаліся выключна па-польску. Паміж панамі і сялянамі, пазбаўленымі ўсякіх правоў, існаваў не толькі сацыяльны, але і моўны бар'ер.

Ажыўленне ў сферы гаспадарчага жыцця пачало крыху адчувацца толькі ў апошнія дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай, у 2-й палавіне 18 ст. Некаторыя ўладанні, паспытаўшьш драбленне, зноў збіраліся ў адно цэлае, як гэта адбылося з Халопеніцкім маёнткам пасля пераходу яго да адукаваных і энергічных уласнікаў — паноў Храптовічаў.

Частка маёнтка была завешчана ўдавой Марцыяна Халецкага яе сыну ад першага шлюбу, Марціну Храптовічу. Апошні быў руплівым гаспадаром, па кавалках збіраў раскіданыя маёнткі і імкнуўся ператварыць іх у дасканалыя па тым часе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. У сярэдзіне стагоддзя ён набыў іншыя часткі Халопенічаў у саўладальнікаў — Казіміра Халецкага і сваёй сястры княгіні Масальскай [94]. Яшчэ адна частка засталася ўласнасцю аршанскага стольніка Баратынскага, але Марцін Храптовіч трымаў яе ў закладзе. У 1755 г. ён жа набыў у Яна Доўбара частку в. Мхерына — напэўна, тую, што некалі належала князям Друцкім-Саколінскім [95].

Пасля смерці Марціна Храптовіча ў 1766 г. ўладальнікам Халопенічаў стаў яго адзіны сын Іахім (1729—1812), граф на Шчорсах, Зембіне і Вішневе, маршалак Навагрудскага павета, з 1773 г. — падканцлер ВКЛ. Іахім Храптовіч значна ўзняў гаспадарку ў Халопеніцкім маёнтку, які ў гэты час пачынае называцца Халопеніцкім графствам. Яго межы пашырыліся пасля таго, як у 1773 г. быў скасаваны ордэн езуітаў, частку маёнткаў якога набыў Храптовіч. Сярод іх быў маёнтак Пачаевічы з часткай сяла Грыцкавічы. Як сведчыць інвентар за 1777 г. [96], ва ўсім Халопеніцкім графстве было 1102 двары чыншавых сялян, а ў мястэчку Халопенічы — 25 хрысціянскіх і 77 яўрэйскіх двароў (яшчэ 27 пуставалі). Паншчына мела месца толькі ў новадалучанай частцы маёнтка, якая папярэдне належала езуітам (107 двароў).

На тэрыторыі Крупшчыны знаходзіліся 12 вёсак Халопеніцкага графства. Цікава параўнаць колькасць двароў, пазначаную ў іх інвентаром 1777 г., з амаль адначасовымі звесткамі, прадстаўленымі Храптовічам для парафіяльнага перапісу 1772 г. [97] і падымнага тарыфу 1775 г. [98]. У абодвух афіцыйных крыніцах колькасць двароў амаль ва ўсіх вёсках значна ніжэйшая, чым у інвентары, створаным для ўласнай патрэбы гаспадара. Відаць, Храптовіч свядома ўтойваў частку сваіх падданых, каб плаціць за іх менш дзяржаўных падаткаў. Адзначым, што гэта рабіў падканцлер — асоба, якая павінна была асабліва клапаціцца аб інтарэсах дзяржавы.

Пэўны ўздым назіраўся і ў маёнтку Бобр, які ў 1750 г. перайшоў ад князя Марцыяна Агінскага да яго старэйшага сына Ігнацыя. Абодва па чарзе валодалі і Барысаўскім староствам, якое ў 18 ст. ператварылася ў такую ж амаль сямейную ўласнасць Агінскіх, якой некалі была для Радзівілаў. Марцыян з каралеўскага дазволу перадаў староства сыну яшчэ пры сваім жыцці ў 1744 г.

Жонкай Ігнацью Агінскага была яго траюрадная сястра Алена, дачка віленскага ваяводы Казіміра Дамініка Агінскага. Гэта таксама была вельмі адукаваная асоба, якая мела шчыльныя сувязі з дваром расійскай імператрыцы Кацярыны, была добра знаёма з Кацярынай Дашкавай і іншымі дзеячамі рускага асветніцтва. Ігнацый і Алена Агінскія заснавалі ў Бабры касцёл, які пачаў дзейнічаць у 1760 г. [99]. Мястэчка мела тады каля 100 двароў і было буйнейшым з усіх паселішчаў Крупшчыны. Як ужо адзначалася, яно было і адзіным мястэчкам, якое карысталася магдэбургскім правам.

Пасля смерці ў 1775 г. бяздзетнага Ігнацыя Агінскага яго ўдава захавала за сабой пажыццёвае права на Барысаўскае староства, а Бобр падаравала свайму пляменніку Міхалу Казіміру Агінскаму — будучаму віленскаму ваяводзе, гетману ВКЛ, кампазітару і заснавальніку славутага тэатра ў Слоніме [100]. Паводле падымнага тарыфу 1790 г., маёнтак знаходзіўся ў арэндзе ў Францішка Друцкага-Любецкага і меў 228 дымоў у мястэчку, 130 — у навакольных вёсках [101].

Па-іншаму складваўся лёс Чарэйскага графства, якое належала братам Аляксандру і Міхалу Сапегам, але практычна цалкам знаходзілася ў закладзе. У 1756 г. Міхал выкупіў частку маснтка, але ў 1760 г. зноў вымушаны быў закласці. Каб разлічыцца з адным крэдыторам, ён пазычаў грошы ў другога. У 1761 г., каб выкупіць у мінскага ваяводы Гільзена частку графства, Сапега ўзяў у свайго суседа Ігнацью Агінскага 9200 чырвоных злотых і 7500 талераў пад заклад Калыбанаўскага, Худаўскага, Дакучынскага, Язвінскага і Кіявецкага войтаўстваў [102]. У сваю чаргу яго брат Аляксандр у 1771 г. на 3 гады заклаў Юзафу Салагубу фальварак Горы, да якога адносілася вёска Вялікія Хальневічы. З гэтай нагоды быў складзены інвентар [103], які апісвае ўсе 36 двароў гэтай вёскі. У іх жыло 170 чалавек мужчынскага полу (у тым ліку 49 малалетніх), мелася 59 коней. Сяляне трымалі 24 валокі ворыўнай зямлі, з якіх павінны былі адпрацоўваць штотыдзень 71 дзень паншчыны і выплочваць штогадовы чынш у памеры 328 злотых і 27 грошаў. Такім чынам, на двор у сярэднім прыходзілася па 2/3 валокі, а павіннасці з іх складалі 2 дні паншчыны і каля 9 злотых чыншу. Адзначым, што па сваёй пакупніцкай здольнасці тагачасны злоты (30 польскіх грошаў) быў роўны прыкладна 3 літоўскім грошам часоў прыняцця Статута 1588 г.

У 1766 г. Аляксандр Сапега стаў аднаасобным уласнікам Чарэі, атрымаўшы частку яе ў спадчыну пасля памёршага брата Міхала. У 1770-я гады на тэрыторыі Крупшчыны знаходзілася 45 паселішчаў Чарэйскага графства, прычым 16 з іх знаходзіліся ў закладзе ў Ігнацыя Агінскага, а 28 — у віцебскага ваяводы Юзафа Салагуба. Аляксандр Сапега быў прыкметнай асобай. Спярша ён займаў пасаду полацкага ваяводы, а ў 1775 г. стаў канцлерам (апошнім на гэгай пасадзе ў гісторыі ВКЛ). Галоўныя яго маёнткі: Дзярэчын, Зэльва, Ружаны —ляжалі на Берасцейшчыне і Гродзеншчыне. У параўнанні з імі абцяжараная даўгамі Чарэя мела для яго меншую каштоўнасць. Да таго ж у 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалі тай, пасля якога дзяржаўная мяжа Расіі наблізілася да самай Крупшчыны. Яна прайшла за 4 км на ўсход ад Касінічаў і далей на Талачын. Чарэйскі маёнтак апынуўся ў якасці прыгранічнага.

Пасля гэтых падзей Сапега пачынае ўжо не закладваць, а распрадаваць Чарэйскае графства. У 1778 г. ён вылучыў з графства вёскі Смародзінка, Шкорнеўка, Луцішча і засценак Шарпілаўка, якія прадаў польскаму шляхцічу з Падляшша Ераніму Пшасмыцкаму. Было складзена падрабязнае апісанне межаў новаўтворанага маёнтка, а ў наступным годзе быў створаны інвентар [104]. У тым жа 1778 г. Сапега прадаў Томашу Гзоўскаму мястэчка Прошыка з вёскамі Ляды, Скарадзіца, Стральцы, Дубы, Запуткі і засценкам Асінаўка [105], а Ануфрыю Рашкоўскаму — фальварак Шчаўры, які быў ацэнены ў 4633 злотых. Пры гэтым Шчаўры былі ў закладзе ў Ю.Салагуба, Рашкоўскаму ж было прададзена толькі права на іх выкуп. Аднак Салагуб добраахвотна адмовіўся браць у Рашкоўскага грошы і перадаў яму маёнтак без выкупу [106]. Напэўна, разам са Шчаўрамі тады змянілі ўласніка вёскі Гута, Лошанцы і Лужа, якія ў ходзе справы не ўпамінаюцца, але пазней уваходзілі ў склад маёнтка Шчаўры.

У наступным 1779 г. Сапега прадаў Францішку Мірацкаму в. Шацькі з засценкамі Краснае (былая Красная Навалока) і Напрасніца, ацэненыя ў 18 тыс. злотых [107]. У не дайшоўшай да нас актавай кнізе за 1784 г. быў таксама запіс аб прюдажы Сапегам фальварка Дзяньгубка з вёскамі Лагі, Дзяньгубка і Сыраеўка, які ўпамінаецца ў геаграфічным паказальніку да кніг Віленскага архіва, створаным у канцы 19 ст. Іванам Спрогісам.

Апошні падымны тарыф Аршанскага павета, створаны ў 1790 г. [108], фіксуе вынікі гэтай распрадажы. У якасці самастойных маёнткаў выступаюць Міхалін Міхала Еранімавіча Пшасмыцкага з 40 дварамі (цэнтрам маёнтка быў двор, названы ў гонар заснавальніка, які знаходзіўся побач з тагачаснай вёскай Смародзінка, на месцы сучаснай Смародзінскай школы), Блатаполь Яна Мірацкага з 16 дымамі (гэты двор быў заснаваны за 1,5 км ад Шацькоў па дарозе на Крупкі), Лясаполь Томаша Гзоўскага з 83 дымамі (панская сяліба была ля вёскі Асінаўка, пазней яна змясцілася ў Гзовін на паўночна-усходнім ускрайку Прошыкі), Шчаўры і фальварак Востры (у 5 км на поўдзень ад Шчаўраў) Рашкоўскага з 163 дымамі.

Рэшткі Чарэйскага графства заставаліся ў руках канцлера Сапегі. У тым жа 1790 г. ён выкупіў з закладу ў Гіяцынта Косці мяст. Абчуга з вёскамі Кіявец, Люты, Калыбанава, Ломск і засценкам Мальцы, якія тут жа перазаклаў за 200 тыс. злотых Віленскаму кляштару піяраў [109]. Пазней і гэты абшар быў прададзены, аднак непасрэдных дакументаў аб гэтым пакуль не знойдзена. Больш познія звесткі дазваляюць толькі прасачыць, на якія часткі распалася рэшта сапежынскіх уладанняў. Так, Абчуга, Кіявец, Люты разам з Калодніцай, Язвамі, Тапарышчам і змешчаным на супрацьлеглым беразе воз. Сялява Худавам апынуліся ва ўласнасці паноў Нітаслаўскіх, Ломск і Калабанава — у пана Камінскага, ад якога потым перайшлі да Гардзялкоўскага. Белыя Баркі, Вялікая і Малая Каменка, Дубраўка ўвайшлі ў склад маёнтка Старажышча, які разам са Шчаўрамі належаў Рашкоўскаму. Што да Асечні, Бобрыка і Забор'я, то яны захавалі сувязь з Чарэяй, разам з якой былі набыты ў Сапегі панам Мілашам. Буда і Ротыня ў пачатку 19 ст. адносіліся да маёнтка Юзэфаў, заснаванага Юзафам Дышлеўскім за 2 км на поўдзень ад Худаўцоў, а самі Худаўцы — да маёнтка Каральполь Караля Гадзіцкага.

Часовае драбленне ў 2-й палавіне 18 ст. назіралася ва ўладаннях князёў Сангушкаў. Аднаасобны іх уласнік, вялікі маршалак ВКЛ Павел Сангушка памёр у 1750 г., частку маёнткаў запісаўшы жонцы Барбары з роду Дунінаў, а рэшту сынам Юзафу Паўліну, Ераніму і Янушу. Сярод іншых быў падзелены паміж імі і маёнтак Крупка, альбо Крупскае графства, з фальваркам Стараселле, дваром і сялом Шыйка, мяст. Крупка, а таксама суседнія Талачынскае графства і Смалянскае княства, якія разам утваралі так званыя «беларускія маёнткі» Сангушкаў. Фактычна маёнткамі распараджалася Барбара, бо яе сыны на момант смерці бацькі былі зусім юнымі. Юзаф Паўлін ажаніўся з Ганнай Цэнцер і са згоды маці ў 1774 г. запісаў жонцы грашовае забеспячэнне на частцы Крупскага і Талачынскага графстваў. Калі ж у 1781 г. ён памёр, яго ўдава ўступіла ў пажыццёвае валоданне гэтай часткай. Між тым старая Барбара ў 1790 г. здала свае маёнткі на 4 гады ў арэнду Крыштафу Мяскоўскаму, а ў наступным годзе памерла. Ганна Цэнцер, другім шлюбам замужняя за графам Каятанам Патоцкім, пацвердзіла Мяскоўскаму яго арэнднае права.

Аднак сыны Барбары, Еранім і Януш Сангушкі, настолькі прагнулі ўступіць нарэшце ва ўладанне маёнткамі, што не пажадалі лічыцца з правамі іншых асоб. 3 дапамогай сяброў яны захапілі Крупку і Шыйку, выгнаўшы адтуль арандатара, апячаталі склады ў Талачыне сваімі пячаткамі, падбухторвалі сялян да непадпарадкавання Мяскоўскаму і ўчынілі іншыя гвалты. Гэта стала падставай да доўгага судовага працэсу, у выніку якога правы графіні Патоцкай і Мяскоўскага былі пацверджаны. Браты Сангушкі маглі ўступіць ва ўладанне маёнткамі толькі пасля таго, як скончыцца тэрмін арэнды Мяскоўскага, а Ганна Цэнцер атрымае грашовую суму, на якую мела запіс ад першага мужа [110].

Пра больш дробныя маёнткі Крупшчыны захаваліся ўрывачныя звесткі. Двор Гаворы з Касінічамі, Стэфанавам і суседняй Белай Дубровай быў прададзены ў 1790 г. Феліксам і Юзафам Галінскімі Юзафу Ваньковічу [111]. У 1791 г. адбылося размежаванне (дакладней, пацверджанне старой мяжы) паміж маёнткамі Мачулішча і Апенкавічы Юзафа Замбжыцкага з аднаго боку, Навесы і Яленка Юзафа Арцішэўскага і Тадэвуша Барташэвіча з другога. Пры гэтым прыгадваецца, што на працягу папярэдніх 15 гадоў Мачулішча заставалася ў закладзе ў Казіміра Хацятоўскага [112].

Невялікі маёнтак Гапонавічы ў самым цэнтры Крупшчыны па-ранейшаму належаў панам Падбярэзскім і іх шматлікім родзічам па жаночай лініі. Кожнаму з іх належала зусім невялічкая частка, бо паводле тарыфу 1775 г. усім Падбярэзскім разам належала 10 дымоў, а іх саўладальніку Яну Хяльхоўскаму – 4. Долю ў Гапонавічах мела яшчэ жонка ашмянскага чашніка Козела Вікторыя Падбярэзская, якая набыла яе ў спадчыну пасля бяздзетных братоў Рыгора і Мацея, а ў 1777 г. гэтая частка была набыта Хяльхоўскім [113]. У тарыфе 1775 г. названы яшчэ адзін саўладальнік Гапонавічаў пан Тарнаўскі, якому належалі таксама вёскі Малая і Вялікая Слабада. Верагодна, гэтая частка была набыта ім праз шлюб. У 1780 г. яго сыны Францішак і Ян падзялілі бацькоўскую спадчыну ў Гапонавічах і абодвух Слабодах, а ў 1792 г. Ян прадаў 3 сялянскія сям'і з 3 валокамі зямлі ў вёсцы Гапонавічы, ацэненыя ў 6 тыс. злотых, Ігнацыю Вержбалоўскаму [114].

Такімі ж змізарнелымі былі ўладальнікі маёнткаў Шарнева і Красная Слабада, з трох бакоў аточаных землямі Чарэйскага графства. Калі Сапегі і іншыя магнаты аддавалі ў заклад і прадавалі цэлыя абшары з дзесяткамі вёсак і сотнямі падданых, то іх мізэрным суседзям даводзілася дзейнічаць на больш сціплым узроўні. У 1792 г. уладальнік Краснай Слабады Андрэй Рагоўскі прадаў свайму родзічу Аляксандру Рагоўскаму за 2 тысячы злотых адзіную валоку ў засценку Бабовішча, паміж землямі вёсак Красная Слабада і Журавы. Яго сусед Францішак Сідароўскі, уласнік Шарнева, тады ж прадаў 2 валокі, таксама ацэненых у 2 тыс. кожная. Адна з іх, ва ўрочышчы Астроўскае Балота на рацэ Бобр, паміж землямі Шарнева і сапежынскага Кіяўца, дасталася Ануфрыю Косці, другая, у засценку Барсучыны, паміж Краснай Слабадой і сапежынскімі Лютымі – Тадэвушу Шукевічу [115].

Вельмі моцная палярызацыя, калі з аднаго боку ўзвышаліся магнаты накшталт Агінскіх, Сангушкаў і Сапегаў, а з другога цяснілася дробная шляхта накшталт Рагоўскіх і Сідароўскіх, была тыповай для Рэчы Паспалітай. Разам з тым яшчэ глыбейшая бездань пралягала паміж самым мізэрным з паноў і яго падданымі, прыгоннымі сялянамі, якіх ён прадаваў разам з зямлёй. Фармальна і канцлер Сапега, і яго сусед Сідароўскі былі раўнапраўнымі прадстаўнікамі шляхецкага роду Рэчы Паспалітай, маглі побач засядаць на павятовых сейміках і абіраць дэлегатаў на агульнадзяржаўны сейм. На сялян жа нават паняцце «народ» у тагачасным сэнсе не распаўсюджвалася.

Адарваная ад народнага жыцця шляхта з непазбежнасцю зведала агульную хваробу любога замкнутага сацыяльнага слоя — духоўны застой і заняпад. Апошні перыяд існавання Рэчы Паспалітай прайшоў пад знакам шляхецкай анархіі і безуладдзя, усё мацнеючай залежнасці ад больш моцных дзяржаў. Магнаты адкрыта гандлявалі дзяржаўнымі інтарэсамі, дробная шляхта часта ўвогуле не жадала ведаць нічога далей межаў свайго маёнтка альбо збівалася ў паслухмяныя зграі на службе ў тых жа магнатаў.

Спробы рэформаў, якія неаднаразова прадпрымаліся ў канцы 18 ст., не прывялі да поспеху. У 1793 г. адбыўся 2-гі падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога ўся Крупшчына ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Першапачаткова яна была ўключана ў Барысаўскі павет новаўтворанай Мінскай губерні, але ў хуткім часе ў Барысаўскім павеце засталіся толькі тэрыторыі Халопеніцкага графства і Барысаўскага староства (з анклавамі царкоўных земляў), а рэшта Крупшчыны была перададзена ў Магілёўскую губерню. Пры гэтым паўночная частка, якая ўключала Дакучын, Калодніцу, Язвы, Тапарышча і тэрыторыю далей да Забор'я і Клубініч, апынулася ў Сенненскім павеце, а цэнтральная (з маёнткамі Шчаўры, Прошыка, Крупкі, Бобр, Абчуга і іншымі) у Капыскім і Барысаўскім. Пачаўся новы этап у гісторыі Крупшчыны і ўсёй Беларусі.

Крупшчына ў другой палове XVI - першай палове XVII ст.

Крупшчына ў першай палове - сярэдзіне XVIII ст. (карта)

 

У СКЛАДЗЕ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ

Далучэнне да Расійскай імперыі ў 1793 г. пацягнула за сабой пэўныя змены ў жыцці насельніцтва Крупшчыны. Імператрыца Кацярына II разглядала Беларусь як тэрыторыю, што павінна цалкам зліцца з Расіяй, і для гэтага павінен быць прыпынены польскі і заходнееўрапейскі рэвалюцыйны уплыў. Указам ад 22 красавіка 1794 г. была скасавана царкоўная унія, а ўсім уніятам было прапанавана перайсці альбо ў праваслаўе, альбо ў каталіцтва.

Як гэты ўказ ажыццяўляўся на практыцы, сведчаць падзеі, што адбыліся ў сяле Нача на Крупшчыне. Гісторыю гэтых падзей у 1927 г. вывучыў і апісаў беларускі гісторык Дз.І.Даўгяла ў працы «Урадавыя адносіны да уніятаў на Меншчыне ў часы Паўла І» [116]. У Начу 23 чэрвеня 1795 г. прыехала камісія для апытання прыхажан мясцовай уніяцкай царквы, ці жадаюць яны перайсці ў праваслаўе. Такое рашэнне было прынята аднагалосна. У той жа дзень адзін са святароў нанава асвяціў царкву. Між тым папярэдні уніяцкі святар Аляксандр Самовіч не пажадаў адмаўляцца ад уніі. Употай ён працягваў спраўляць свае набажэнствы. Праз год з Барысава прыехаў страпчы, застаў айца Самовіча на месцы «злачынства» і данясенне аб гэтым накіраваў ў Мінскае губернскае праўленне. 26 кастрычніка 1796 г. ў Начы пачалася выязная сесія павятовага суда. Было высветлена, што за час пасля змены веравызнання не былі ахрышчаны паводле праваслаўнага абраду 29 немаўлят, без адпаведнага адпявання пахаваны 9 нябожчыкаў. Суд вырашыў арыштаваць былога святара Самовіча і 8 яго найбольш актыўных прыхільнікаў, жыхароў сяла Нача і вёсак Выдрыца, Вышняе Горадна, Масалаі і Гумна. Усе яны 29 катрычніка былі прывезены ў Барысаў на гаўптвахту. На другі дзень суд вырашыў вызваліць святара, а яшчэ праз дзень – аддаць на парукі сваякам аднаго з сялян, хворага на сухоты, які праз некалькі дзён памёр.

Невядома, што чакала б астатніх сялян, але іх выратавала змена ўлады ў сталіцы. 6 лістапада 1796 г. памерла Кацярына II і на пасад узышоў яе сын Павел I, які не падзяляў многіх матчыных поглядаў і адмяніў шмат яе рашэнняў. Змену курса хутка адчулі і ў Барысаве. 27 лістапада ўсе арыштаваныя па ўніяцкай справе былі выпушчаны. Святар Самовіч вырашыў скарыстаць момант. Ён склаў прашэнне на імя новага імператара, у якім прасіў аднавіць уніяцкі прыход у Начы, які існаваў там 200 гадоў. Самовіч сцвярджаў, што рашэнне аб пераходзе прыхажан у праваслаўе было прынята пад прымусам: члены камісіі білі іх шаблямі і бізунамі. Прашэнне крыху паблукала па бюракратычнай машыне, і ў красавіку 1797 г. ў Начу прыехала новая камісія. Яна прыйшла да высновы, што прымусу не было, мяняць папярэдняе рашэнне няма падстаў. Усіх ахрышчаных Самовічам дзяцей нанава ахрысцілі ў праваслаўе.

Тым часам імператар Павел I пачаў паездку па далучаных беларускіх землях. Па дарозе з Оршы на Мінск ён павінен быў пра ехаць праз Начу. Напярэдадні сялян папярэдзілі, каб яны не спрабавалі скарыстаць гэты момант для нейкай акцыі пратэсту ці непасрэднай апеляцыі да цара: гэта будзе расцэнена як бунт. Але сяляне чыноўнікам не паверылі, спадзяючыся на царскую міласць. Цар выехаў з Оршы 8 мая 1797 г. і ўвечары таго ж дня прыбыў у Начу. Калі ён наведваў царкву, яму паспрабавалі перадаць петыцыю. Царская «міласць» паследавала імгненна – ахова адразу ж схапіла трох ўдзельнікаў акцыі. Для «спынення беспарадкаў» Павел загадаў увесці ў Начу роту грэнадзёраў. Сялян прымусілі прынесці прысягу на вернасць цару. Айца Самовіча адпусцілі, а трох арыштантаў адвезлі ў Барысаў, дзе ўжо 12 мая павятовы суд прыгаварыў іх да 31 удара бізуном і высылцы на катаржныя работы ў Адэсу. Так адбылося знаёмства сялян Нацкага прыхода з новым імператарам. Праўда, у тым жа годзе Павел I усё ж аднавіў унію.

Для памешчыкаў, якія прынялі прысягу новай уладзе, асаблівых змен не адбылося. Яны захавалі свае маёнткі, а некаторыя нават набылі новыя. Так, вялізнае Барысаўскае староства ў 1798 г. было падаравана царом магнату Міхалу Радзівілу. 3 гэтага часу былыя дзяржаўныя сяляне сталі прыватнаўласніцкімі. У 1831 г. маёнтак перайшоў у спадчыну да ўнука Міхала — Льва Людвігавіча Радзівіла. У 1857 г. Барысаўшчына была набыта ў Льва Радзівіла членам імператарскай сям'і, вялікім князем Мікалаем Мікалаевічам (братам новага цара Аляксандра II).

Другі буйны маёнтак, Халопенічы, які ў канцы 18 ст. належаў графу Храптовічу, пасля яго смерці быў падзелены паміж яго дзвюма дочкамі, якія выйшлі замуж за расійскіх дваран Буцянёва і Цітова. Пры гэтым тая частка маёнтка, што ахоплівала Крупшчыну, у асноўным дасталася пані Цітовай і яе мужу. Частка маёнтка з вёскамі Хацюхова, Мачуліша, Узнацк, засценкамі Калодзя і Запруддзе была ў 1844 г. прададзена на аукцыёне. Яе набыў пан Вікенці Гарноўскі, пры якім у студзені 1846 г. быў складзены інвентар гэтага маёнтка [117]. Захаваліся і тры інвентары Халопеніцкага маёнтка пані Цітовай за 1844, 1845 і 1847 гг. [118].

Астатнія маёнткі былі невялікімі, ахоплівалі ад адной да некалькіх вёсак. У склад трох невялікіх маёнткаў уваходзіла і па аднаму мястэчку. Гэта былі Крупкі (уласнасць паноў Свяцкіх), Бобр (уласнасць графа І.Тышкевіча, а затым яго сына М.І.Балтарамея-Тышкевіча) і Абчуга, якая здаўна знаходзілася у руках паноў Нітаслаўскіх.

У цэлым жыццё сялян пасля далучэння на Расійскай імперыі не стала лепшым, бо і ў самой Расіі выразна адчуваліся цяжкасці, выкліканыя бюракратызацыяй улады і састарэлым прыгонным правам. Пра стан гаспадаркі ў гэты час сведчаць інвентары маёнткаў, якія ствараліся па патрабаванню ўрада ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Асабліва вялікім і падрабязным быў інвентар маёнтка Барысаўшчына, складзены ў 1845 г. [119]. Гэтае ўладанне ахоплівала 126 населеных пунктаў, з якіх 31 знаходзіўся на тэрыторыі Крупшчыны. Сярэдні ўраджай складаў усяго сам-3. Гэта азначала, што пры норме высеву ў 6 чацвярыкоў (каля 157,4 л, ці прыблізна 110 кг) жыта ці пшаніцы на 1 дзесяціну сяляне атрымлівалі з яе ў тры разы больш. У сучасных мерах гэта азначае ўраджайнасць усяго ў 3,3 ц/га.

Такая ўраджайнасць была вельмі нізкай нават у той час, калі без угнаення ўраджаі былі нізкімі амаль паўсюдна. Толькі на самых лепшых глебах збіралі да 8 ц/га. Землі ж маёнтка Барысаўшчына (як ён называўся пасля пераходу да Радзівілаў) былі пераважна пясчанымі, малаўрадлівымі. Не выпадкова ў інвентары пазначана, што сяляне мала займаюцца земляробствам, звяртаючы асноўныя намаганні на лясныя промыслы: нарыхтоўку грыбоў, ягад, смалы, дзёгцю, мёду і інш. Тым не менш частка збожжа ішла на продаж у навакольныя мястэчкі: Бобр, Барысаў, Бялынічы, Халопенічы, Беразіно і Зэмбін.

Цана пшаніцы ў звычайны год была каля 4 рублёў за чвэрць, жыта – 2 руб. 50 кап., аўса – 1 руб. 50 кап. Гэытя цэны можна параўнаць з цэнамі іншых тавараў. Пуд сала, паводле таго ж інвентару, каштаваў 3-4 руб., масла – 4 руб., мёду – 6 руб., сушаных грыбоў – 4-5 руб., ягад – 1 руб. 20 кап., сена – 5-10 кап. Конь каштаваў 15-20 руб., вол – 8-12, карова – 5 руб. і больш, курыца – 10-15 кап., гусь – 30-50 кап. На лесанарыхтоўцы можна было заробіць па 10-15 кап. за кубічны сажань альбо па 25-50 кап. за рубку і транспартыроўку аднаго хлыста. На сплаве лесу зараблялі да 3 руб. у месяц.

Сяляне выконвалі розныя павіннасці на карысць памешыкаў і дзяржавы. Па-першае, сяляне плацілі падушны падатак у памеры 2 руб. 18 кап. штогод. Калі яны не маглі выплаціць такую суму, за іх плаціў пан, а сяляне павінны былі адпрацоўваць. Яшчэ адной дзяржаўнай павіннасцю была рэкрутчына. Войны імперыі патрабавалі шмат рэкрутаў, што лягло новым і нязвыклым цяжарам на сялянства. Рэкруцкія наборы абвяшчаліся перыядычна, у сярэднім раз у год, пры гэтым кожны раз вызначалася квота (часцей за ўсё па 8—10 чалавек на 1000 душ). Сяляне самі павінны былі ўстанаўліваць чаргу, але за кепскія паводзіны можна было трапіць у рэкруты і без чаргі. Можна было і наймаць рэкрута замест сябе, калі былі грошы. Гэта павіннасць была новай справай для Беларусі, бо ў Рэчы Паспалітай рэгулярных рэкруцкіх набораў не было.

Апрача дзяржаўных павіннасцей, сяляне абавязаны былі працаваць на свайго пана. Адзінкай абкладання ў маёнтку Барысаўшчына, як і ў мінулыя часы, заставалася валока — 20 дзесяцін ворыва і каля 5 1/3 дзесяціны сенакосу. 3 такой валокі трэба 6ыло выконваць паншчыну у памеры 3 мужчынскіх і 3 жаночых дзён у тыдзень. Апрача таго, у лік павіннасцей уваходзілі праца на сенакосах і іншыя масавыя работы (4 разы ў год з кожнай душы) і шарваркі для будаўнічых работ (вываз лесу, рамонт і будаўніцтва гаспадарчых пабудоў — 3 мужчынскіх і 3 жаночых дні ў год з валокі). Уладальнік маёнтка мог па свойму жаданню не патрабаваць адпрацоўкі паншчыны, а браць яе грашыма. У такім выпадку 1 мужчынскі (альбо конны) дзень лічыўся за 15 капеек, а жаночы (пешы) — за 10. Былі і натуральныя павіннасці збожжам (у залежнасці ад якасці глебы яны вагаліся ад 92 да 177 л жыта, ад 46 да 92 л ячменю і аўсу з кожнай валокі).

Трэба ўлічваць, што ў карыстанні сялянскага двара рэдка знаходзілася цэлая валока. У маёнтку Барысаўшчына было некалькі тыповых варыянтаў надзелаў, якія выдзяляліся сялянам у залежнасці ад колькасці рабочых рук. Так, напрыклад, у сяле Ухвала з 36 двароў 3 карысталіся надзеламі у цэлую валоку, 1 — у 3/4 валокі, 11 — у 1/2 валокі, 15 — у 1/4 валокі і 6 двароў увогуле не мелі ворыўнай зямлі (былі агароднікамі). У сярэднім па маёнтку на 1 валоку прыходзілася па 2 двары, прычым на двор, таксама ў сярэднім, прыходзілася па 7,8 чалавек (з іх 4 — непрацаздольныя). Прыблізна кожная дзесятая сям'я мела толькі агарод. У тыповым двары было звычайна па 2 кані, 2 каровы, 3—4 авечкі, 2—3 свінні. Пчол трымалі далёка не ўсе (1 вулей прыходзіўся на 2 двары).

У іншых маёнтках становішча магло адрознівацца, але нязначна. Так, у невялікім маёнтку Старожышча на беразе воз. Сялява, які належаў панам Рашкоўскім і ахопліваў вёскі Дубраўка, Белыя Баркі, Вялікі і Малы Каменец, паводле інвентару 1847 г. [120] мелася 53 цяглыя двары, у якіх жыло 448 чалавек. Такім чынам, на двор прыходзілася па 8,45 чалавек. Ураджайнасць тут была вышэй, чым у Барысаўшчыне — сам-4. Адзінкай абкладання лічылася не валока, а цягло, якое ўтваралі адзін работнік мужчынскага і адзін — жаночага полу. Такім чынам, адзін двор мог лічыцца за палову цягла ці, наадварот, за два і болей. На цягло выдзялялася па 6 дзесяцін ворыва, а таксама па 1/2 дзесяціны агароду і сенакосу. Павіннасці складалі 2 мужчынскіх (конных) і 2 жаночых (пешых) дні ў тыдзень, а таксама 8 згонаў у год, у якіх павінна было прымаць удзел усё працаздольнае насельніцтва (толькі аднаго чалавека дазвалялася пакінуць для нагляду за ўласнай гаспадаркай). За права карыстання лесам і іншымі пажыткамі належала адпрацаваць яшчэ па 28 конных і пешых дзён у год.

Беларускія памешчыкі яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай былі паланізаваны. Пры імператарах Паўле I (1796—1801) і яго сыне Аляксандры I (1801—1825) польская культура мясцовага пануючага класа не адчувала ўціску з боку ўлады. Павел I нават дазволіў карыстацца ў юрыдычнай практыцы Статутам ВКЛ 1588 г., які быў афіцыйным зборам законаў у часы Рэчы Паспалітай. Большасць паноў вызнавала каталіцкую веру, а амаль усе сяляне вярнуліся да адноўленага уніяцтва. У панскіх маёнтках гучала польская мова, на вёсцы — беларуская. Значную частку насельніцтва мястэчкаў складалі яўрэі, якія жылі адасобленымі абшчынамі — кагаламі.

Нягледзячы на пэўны лібералізм царскіх улад, частка памешчыкаў была настроена апазіцыйна да іх, марыла аб аднаўленні Рэчы Паспалітай. У Польшчы і на захадзе Беларусі многія паны прынялі ўдзел у антырасійскім паўстанні, якое адбылося ў 1830—31 гг. Пасля гэтага адносіны царызму да мясцовай самабытнасці пачалі змяняцца. У 1839 г. на Полацкім царкоўным саборы зноў была скасавана унія, а ў 1840 г. спынена дзеянне Статута ВКЛ 1588 г., замест якога ў поўнай меры ўводзіліся расійскія законы. Хоць Крупшчына амаль не была закранута падзеямі польскага паўстання, змена дзяржаўнай палітыкі адбілася і на ёй, перш за ўсё ў рэлігійнай сферы.

Пасля паўстання канфіскоўваліся зямельныя ўладанні ўдзельнікаў паўстання і каталіцкай царквы. На Крупшчыне гэта тычылася ўскраінных частак маёнтка Ратуцічы, што раней належаў плябаніі Барысаўскага касцёла (з вёскамі Клён і Восаў), а таксама маёнтка Мхерына (Амхерына), былой уласнасці Халопеніцкага дамініканскага кляштара. У яго склад на тэрыторыі Крупшчыны ўваходзілі в. Падалец і некалькі двароў у в. Грыцкавічы, Гарадзішча і Галькі. Абодва гэтью маёнткі перайшлі ў дзяржаўную ўласнасць. Каталіцкія касцёлы ў мястэчках Халопенічы і Бобр, аднак, не былі пакуль зачьшены. Гэта адбылося пасля паўстання 1863—64 гг.

У многіх сёлах замест спарахнелых цэркваў, унаследаваных ад уніяцкіх часоў, пачалося будаўніцтва новых. Урад прадпісаў ажыццяўляць гэтае будаўніцтва за кошт мясцовых памешчыкаў, што, зразумела, не магло іх узрадаваць. Так, у мяст. Крупка, дзе старая царква згарэла ў чэрвені 1843 г., было вырашана будаваць новую [121]. Цікава, што магілёўскі епіскап Ісідар у пісьме да губернатара тлумачыў тэрміновую неабходнасць аднаўлення царквы тым, што мястэчка ляжыць на вялікай паштовай дарозе і там існуе этапная каманда для перапраўкі злачынцаў, якіх высылаюць у Сібір. Крупскі святар павінен быў, як сцвярджаў епіскап, настаўляць і суцяшаць арыштантаў. Губернатар даручыў памешчыкам Міхаілу Свяцкаму (які незадоўга да таго часу набыў ад князёў Сангушкаў маёнтак Крупка) і Ганне Замбжыцкай (спадчынніцы суседняга маёнтка Панскае) прафінансаваць будаўніцтва царквы, паколькі іх падданыя належалі да яе прыходу. Свяцкі выдзеліў 300 рублёў, Замбжыцкая паспрабавала ўхіліцца. Яна з'ехала са свайго маёнтка ў Мінск, але яе знайшлі і там праз мясцовую паліцыю. Тады яна падала прашэнне, каб яе сялян перавялі з Крупскага прыходу ў які-небудзь суседні (Гапонавіцкі альбо Шыецкі). Але магілёўскі епіскап адмовіў ёй, і пані Замбжыцкай давялося ўсё ж унесці грошы.

Падобная гісторыя адбывалася з панамі, маёнткі якіх уваходзілі ў прыход Праабражэнскай царквы ў мяст. Абчуга. У 1847 г. епіскап дамогся ад губернатара прадпісання на будаўніцтва ў Абчузе новага царкоўнага будынку. Мясцовыя памешчыкі вымушаны былі пагадзіцца, толькі пані Юзэфа Гадзіцкая (уладальніца маёнтка Ламское) здолела адмовіцца, спасылаючыся на неўраджай. Губернатар даручыў павятоваму спраўнікуі ажыццяўляць «жорсткае прымушэнне» памешчыкаў, а той у сваю чаргу прадпісаў кантроль за выкананнем рашэння паліцэйскаму прыставу. Тым не менш пан Нітаслаўскі, уладальнік маёнтка Абчуга, паспрабаваў абысціся мінімальнымі выдаткамі. Ён паведаміў спраўніку, што атрьмаў ад епіскапа дазвол зрабіць толькі прыбудову да старой царквы. Улады звярнуліся да епіскапа з запытам, а той паведаміў, што размова ішла не аб перабудове, а аб новай пабудове. Тым не менш справа з будаўніцтвам царквы вялася вельмі марудна, з 1851 па 1855 г., а аздабленне іканастасу скончылася толькі ў 1861 г. [122].

3 будаўніцтвам новай царквы ў мяст. Бобр, якое ў тыя часы належала графу Іосіфу Тышкевічу, таксама адбыўся характэрны для новай палітыкі эпізод. Сама царква, здаецца, была пабудавана без асаблівых цяжкасцей у 1842 г. Але епіскап Ісідар, наведаўшы Бобр, прыйшоў да высновы, што фасад царквы загароджаны дзвюма нязграбнымі яўрэйскімі хатамі. Епіскап прапанаваў аканому Бобрскага маёнтка перанесці гэтыя хаты на іншае месца. Аканом выказаў прынцыповую згоду, але папрасіў Ісідара атрымаць дазвол ад цывільных улад, «каб яўрэі не маглі выказаць упартасці». Епіскап звярнуўся да губернатара, а той даручыў павятоваму спраўніку на месцы вызначыць, ці сапраўды тыя яўрэйскія дамы загароджваюць царкву. Спраўнік прыехаў, пагадзіўся з думкай епіскапа і даў загад на разбурэнне дамоў і пабудову новых у іншым месцы, даручыўшы аканому «даць яўрэям лесу і рабочых па магчымасці» [123].

Той уціск, які адчулі некаторыя памешчыкі з боку царкоўных і цывільных улад, не закранаў іх жыццёвью інтарэсы. Яны захавалі поўную магчымасць распараджацца сваімі маёнткамі і атрымліваць з іх даходы. Увогуле аблічча Крупшчыны ў першае паўстагоддзе пасля ўваходу ў склад Расійскай імперыі захоўвала свой традыцыйны выгляд.

  1. Полное собрание русских летописей (далей – ПСРЛ). М., 1975. Т. 32. С. 147.
  2. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992. С. 164, 166.
  3. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России (далей – АЮЗР). Т. 1. Спб., 1861. С. 2-3.
  4. Герберштейн С. Записки о Московии. М., 1988. С. 240, 256.
  5. Материалы по истории русской картографии. Изд. В.Кордт. Вып. 1. Киев. 1910. Карты XХI, XXII.
  6. Арыгінал Літоўскай метрыкі захоўваецца ў Маскве: Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў (далей — РДАСА). Ф. 389 (Литовская метрика). Мікрафільм гэтага фонда зараз маецца ў Мінску: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. КМФ-18. Нумары спраў (кніг Метрыкі) у абодвух архівах супадаюць. У далейшым пры спасыках на гэтую крыніцу выкарыстоўваецца форма: Метрыка. Кн. …
  7. Тихомиров М. Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968. С. 9.
  8. Метрыка. Кн. 21. Арк. 33. Гл. таксама: Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 206.
  9. Метрыка. Кн. 234. Арк. 71-73; Wolff J. Kniaziowie … S. 206, 361.
  10. Метрыка. Кн. 239. Арк. 79; Wolff J. Kniaziowie … S. 538.
  11. Метрыка. Кн. 234. Арк. 191; Wolff J. Kniaziowie … S. 538.
  12. Wolff J. Kniaziowie … S. 59.
  13. Метрыка. Кн. 38. Арк. 203.
  14. Sapiehowie, materyaly historyczno-genealogiczne i majatkowe. T. 1. Petersburg, 1890. S. 431-433.
  15. Метрыка. Кн. 254. Арк. 424; Sapiehowie … T. 1. S. 108; Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской (далей - ИЮМ). Т. 20. Витебск, 1890. С. 438-442.
  16. Метрыка. Кн. 239. Арк. 79; Wolff J. Kniaziowie … S. 538.
  17. Метрыка. Кн. 249. Арк. 280.
  18. Метрыка. Кн. 249. Арк. 38; Wolff J. Kniaziowie … S. 361.
  19. Метрыка. Кн. 40. Арк. 457; Wolff J. Kniaziowie … S. 362.
  20. Метрыка. Кн. 68. Арк. 203 адв.; Wolff J. Kniaziowie … S. 363.
  21. АЮЗР. Т. 1. №№ 1, 88.
  22. Wolff J. Kniaziowie … S. 280-281.
  23. Boniecki A. Poczet rodow w Wielkim Ksiestwe Litewskiem w XV i XVI wieku. Warszawa, 1895. S. 96-97.
  24. Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания Первого Литовского Статута: Иторические очерки. М., 1892. С. 254.
  25. Документы Московского архива Министерства юстиции. Т. 1. М., 1897. С. 123-134.
  26. Archiwum ksiazat Lubartowiczow Sanguszkow w Slawucie. Lwow, 1890. Т. 3. S. 76-77.
  27. Метрыка. Кн. 14. Арк. 12; Wolff J. Kniaziowie … S. 282.
  28. Wolff J. Kniaziowie … S. 153.
  29. Pietkiewicz K. Kiezgailowie i ich latyfundium do polowy XVI wieku. Poznan, 1982. S. 71, 134.
  30. Акты, относящиеся к истории Западной России (далей —АЗР). Т. 3. Спб., 1849. С. 233.
  31. Wolff J. Kniaziowie … S. 282.
  32. АЗР. Т. 3. С. 233.
  33. Wolff J. Kniaziowie … S. 218-219.
  34. АЮЗР. Т. 1. № 73.
  35. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 12. Арк. 144 адв.
  36. Метрыка. Кн. 28. Арк. 82 – 82 адв.
  37. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 12. Арк. 147 адв.
  38. Метрыка. Кн. 38. Арк. 203.
  39. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссней (далей — АВК). Т. 14. Вильна, 1887. № 11.
  40. ИЮМ. Т. 28. Витебск, 1900. № 31, 32.
  41. Lietuvos Vyriauiojo Tribunalo sprendimai 1583— 1655 (Рашэнні Галоўнага літоўскага трыбунала 1583—1655). Vilnius, 1988. № 66.
  42. Там жа. № 78; Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси (АСД). Т. 1. Вильно, 1867. № 103.
  43. Материалы по истории русской картографии. Изд. В.Кордт. Вып. 2. Киев. 1910. Карта XV.
  44. Метрыка. Кн. 112. Арк. 153 – 158 адв.
  45. ИЮМ. Т. 25. С. 424.
  46. Там жа. С. 426.
  47. ИЮМ. Т. 23. С. 444-452.
  48. Там жа. С. 433.
  49. Pergamentu katalogas. Vilnius, 1980. № 721.
  50. Там жа.
  51. Там жа. №№ 726, 730, 737.
  52. ИЮМ. Т. 20. С. 451.
  53. Довгялло Д. И. Черейский монастырь // Могилевская старина. Вып. 2. Могилев, 1901. С. 25-27.
  54. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 14 – 18 адв.
  55. Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага універсітэта (АРБВУ). Спр. А-1806.
  56. Опись документов Виленского центрального архива древних актовых книг (ОДВЦА). Т. 1. С. 43, 76, 99.
  57. Там жа. Т. 4. С. 33.
  58. Sapiehowie, materyaly historyczno-genealogiczne i majatkowe. Petersburg, 1890. Т. 1. S. 208.
  59. Аддзел рукапісаў бібліятэкі АН Украіны. Ф. 1. Спр. 5962.
  60. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 417 – 419 адв.
  61. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (ДГАЛ). Ф. ДА. Спр. 40. Арк. 1144.
  62. Там жа. Арк. 1138, 1146.
  63. НГАБ. Ф. 937. Воп. 3. Спр. 3. Арк. 5 адв. – 6.
  64. Аддзел рукапісаў бібліятэкі АН Літвы. Ф. 273. Спр. 3633.
  65. ИЮМ. Т. 23. С. 511.
  66. Там жа. Т. 25. С. 421-422, 427.
  67. НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 764. Арк. 41.
  68. ИЮМ. Т. 23. С. 501.
  69. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 12. Арк. 141-156.
  70. Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow Slowianskich. Т. 1. Warszawa, 1880. S. 334.
  71. Morzy J. Kryzys ddemograficzny na Litwe i Bialorusi w polowie XVII wieku. Poznan, 1965. S. 134-135.
  72. ДГАЛ. Ф. ДА. Спр. 3236.
  73. НГАБ. Ф. 1928. Воп. 1. Спр. 28.
  74. Boniecki A. Herbarz Polski. T. 5. S. 351.
  75. НГАБ. Ф. 1731 Воп. 1. Спр. 30. Арк. 788, 791, 791 адв.
  76. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 131 – 136 адв.
  77. Sapiehowie … T. 2. S. 245-246.
  78. Sapiehowie … T. 3. S. 4.
  79. АРБВУ. Ф. 4. Спр. А-4059.
  80. Sapiehowie … T. 3. S. 9.
  81. НГАБ. Ф. 1731 Воп. 1. Спр. 30. Арк. 787 адв. – 799 адв.
  82. ДГАЛ. Ф. ДА. Спр. 62. Арк. 1400 – 1445.
  83. Sapiehowie … T. 3. S. 119.
  84. АРБВУ. Ф. 4. Спр. А-1895.
  85. Sapiehowie … T. 3. S. 122.
  86. Там жа. С. 276, 284.
  87. Wolff J. Kniaziowie … S. 323.
  88. Записки Северо-Западного отделения Императорского Русского Географического Общества. Кн. 4. Вильно, 1913. С. 180; Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі. Мн., 1993. С. 195.
  89. Slownik geograficzny … T. 1. S. 218.
  90. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 417 – 419 адв.
  91. НГАБ. Ф. 1775. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 46 – 47 адв., 50 – 51 адв.; Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 120 – 121 адв.
  92. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 12. Арк. 8 – 9 адв.
  93. ДГАЛ. Ф. ДА. Спр. 3280.
  94. НГАБ. Ф. 1775. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 48 – 49 адв.; Аддзел рукапісаў бібліятэкі АН Украіны. Ф. 1. Спр. 6014. C. 55 – 57.
  95. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 83 – 84 адв.
  96. НГАБ. Ф. 1928. Воп. 1. Спр. 281.
  97. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (РДГА). Ф. 823. Воп. 3. Спр. 783. Арк. 189.
  98. ДГАЛ. Ф. ДА. Спр. 3327. Арк. 12 – 12 адв.
  99. Slownik geograficzny … T. 1. S. 258.
  100. ДГАЛ. Ф. 1177. Воп. 1. Спр. 3542, 3928.
  101. ДГАЛ. Ф. ДА. Спр. 3374.
  102. Sapiehowie … T. 3. S. 403-407.
  103. НГАБ. Ф. 1775. Воп. 1. Спр. 4. Арк. 368 – 381 адв.
  104. НГАБ. 2117. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 75 – 76 адв.; 90 – 93 адв.
  105. Там жа. Арк. 94 – 97.
  106. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 628.
  107. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 71 адв., 77, 83.
  108. ДГАЛ. Ф. ДА. Спр. 3374.
  109. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 12. Арк. 117 - 117 адв.
  110. Там жа. Арк. 286 – 287 адв., 309 – 321 адв., 360 – 363.
  111. Там жа. Арк. 79 – 80.
  112. Там жа. Арк. 171 – 171 адв.
  113. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 122-127.
  114. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 5. Арк. 502 - 503 адв.; Спр. 12. Арк. 380 – 381.
  115. НГАБ. Ф. 2117. Воп. 1. Спр. 12. Арк. 409 адв. – 412 адв.
  116. Даўгяла З. Урадавыя адносіны да унітаў на Меншчыне ў часы Паўла І // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 1. Менск, 1927. С. 133-151.
  117. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 442
  118. Там жа. Спр. 441, 438, 439.
  119. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2. Спр. 593.
  120. НГАБ. Ф. 2221. Воп. 1. Спр. 50.
  121. НГАБ. Ф. 2001. Воп. 1. Спр. 205.
  122. НГАБ. Ф. 2001. Воп. 1. Спр. 410, 671.
  123. НГАБ. Ф. 2001. Воп. 1. Спр. 163.