Сімвал Вялікага княства (1995)
Пытанне аб сімволіцы Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) набыло асабліва абвостранае гучанне ў сувязі з тым, што з моманту свайго афармлення ў канцы ХІХ ст. беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух (як, дарэчы, і літоўскі) актыўна выкарыстоўваў гэтыя сімвалы, перш за ўсё — герб "Пагоня". Як вядома, сёння розныя варыянты "Пагоні" сталі дзяржаўнымі гербамі незалежных Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь.
Як ні дзіўна, сімволіка ВКЛ ніколі не была аб'ектам грунтоўнага, строга навуковага даследавання. Амаль усе факты аб ёй упершыню прыводзіліся не ў навуковых, а ў публіцыстычных творах, якія маюць свае мэты і законы падачы матэрыялу. Стварылася ўражанне асветленасці пытання, у якім на самай справе бясспрэчныя факты мудрагеліста перамешаны з міфамі, а некаторыя важныя моманты засталіся ў цені. Падкрэслім, што гэта цалкам тычыцца як выказванняў прыхільнікаў гістарычнай сімволікі, так і яе заўзятых праціўнікаў — у аргументах і тых, і другіх далёка не ўсё бясспрэчна.
На жаль, высвятленне ісціны не ўсімі асэнсоўваецца як неабходнасць. Аб гэтым сведчыць хаця б той факт, што ў конкурсе навуковых праектаў, абвешчаным Фондам фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь, заяўка калектыву гісторыкаў на фундаментальнае вывучэнна гістарычнай сімволікі не набрала прахаднога бала — эксперты і члены журы, відаць, не палічылі яе дастаткова актуальнай.
Між тым, сёння бясспрэчна ўстаноўленым можна лічыць, па сутнасці, толькі той факт, што выява "Пагоні" выконвала ролю афіцыйнага дзяржаўнага герба ВКЛ з канца XIV ст. і да моманту канчатковага знікнення гэтай дзяржавы ў канцы XVIII ст. Для продкаў сучасных беларусаў і літоўцаў на працягу прыкладна 400 гадоў іх гісторыі гэтая выява была сімвалам дзяржаўнасці (хаця характар самой гэтай дзяржаўнасці сёння многія разумеюць па-рознаму).
Не вырашаным да канца застаецца такое важнае пытанне, як паходжанне азначанага герба. Дарэчы, не ўсе ведаюць, што доўгі час ён заставаўся безыменным: назва "Пагоня" дакументальна зафіксавана ў адносінах да яго толькі ў канцы XVI стагоддзя. Раней герб толькі апісваўся: "муж (рыцар) узброены на кані" і інш. Літоўскамоўны варыянт назвы — "Віціс" — мае яшчэ пазнейшае паходжанне.
У сувязі з гэтым недастаткова абгрунтаванай здаецца гіпотэза аб сувязі паходжання герба з вайсковым звычаем, згаданым у прывілеі вялікага князя Ягайлы ў 1385 г. Адзначаючы, што ў праследаванні ворага, які адступае з палоннымі і здабычай, павінны ўдзельнічаць усе баяздольныя, незалежна ад іншых абавязкаў, аўтар прывілея; прыводзіць у лацінскамоўным тэксце славянскую назву гэтага звычаю — "пагоня". Менавіта з часоў Ягайлы паходзяць і першыя бясспрэчныя факты выкарыстання выявы конніка з мячом як афіцыйнай эмблемы ВКЛ, але ж ні ў той час, ні на стагоддзе пазней назва "Пагоня" з ім яшчэ не звязвалася. Не ведаў гэтай назвы і стваральнік легенды пра літоўскіх князёў — нашчадкаў рымскага патрыцыя Палямона, якая прыкладна ў 1530-я гады была ўключана ў беларуска-літоўскія летапісы. Прыпісваючы стварэнне герба аднаму з міфічных князёў, нібыта дзеючых у XIII ст. — Нарымонту, брату Трайдзена, — аўтар толькі апісвае гэты герб як "чалавека на кані з мячом". Не мае назвы герб і ў "Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі" А.Гваньіні, выдадзенай у 1578 г. Толькі гербоўнік Б.Папроцкага, надрукаваны ў 1584 г., упершыню называе герб "Пагоняй".
Што да легенды пра нашчадкаў Палямона, то яна дала падставу некаторым гісторыкам (перш за ўсё П.Ф.Лысенку) катэгарычна сцвярджаць, што герб прыдуманы літоўскімі князямі-заваёўнікамі і таму не мае прамога дачынення да беларускай гісторыі. Аднак азначаная позняя легенда ніяк не пацвярджаецца крыніцамі XIII ст. Сапраўды, тады існаваў літоўскі князь з імем Трайдзен, прычым, Іпацьеўскі летапіс пералічваё ўсіх яго братоў, але ніякага Нарымонта сярод іх няма. Супярэчаць іншым крыніцам і падрабязнасці жыцця Трайдзена, як і ўвогуле паведамленні пра заваяванне літоўцамі ўсёй Беларусі і нават Чарнігаўшчыны ўжо ў XIII ст. Таму гэтай легендзе не варта даваць веры, як і яшчэ пазнейшаму (пачатак XVII ст.) яе варыянту з Густынскага летапісу, які прыпісвае стварэнне герба князю Віценю.
Выявы ўзброеных коннікаў сапраўды даволі часта выкарыстоўваліся ў XII—XIII стагоддзях на княжацкіх пячатках, прычым у самых розных варыянтах. Напярэдадні мангольскага нашэсця смаленскі князь Мсціслаў (у хрышчэнні - Фёдар) Мсціслававіч выкарыстоўваў пячатку з коннай выявай св. Фёдара Цірона, які трымаў дзіду і шасціканцовы крыж, а суздальскі князь Усевалад Вялікае Гняздо (на хрысціянскі лад — Дзмітрый Георгіевіч) — пячатку з выявамі пешага св. Дзмітрыя і коннага св. Георгія. Яго ўнук Аляксандр Неўскі меў пячатку з выявай конніка ў княжацкай шапцы з мячом (напэўна, выява самога Аляксандра), на адвароце — св. Фёдара, які забівае цмока, а сыны Аляксандра — аж тры варыянты коннай выявы. Пазней выява св. Георгія з дзідай дала пачатак дзяржаўнай эмблеме Маскоўскага княства, а выява конніка з сокалам на руцэ, упершыню ўжытая Дзмітрыем і Андрэем Аляксандравічамі, у далейшым ужывалася як родавы сімвал нашчадкаў Аляксандра Неўскага.
Рыс. 1. Пячатка князя Аляксандра Неўскага
У XII—XIII стст. выявы коннікаў знаходзіліся на пячатках польскіх князёў Мешкі Старога (са шчытом і сцягам), Конрада Мазавецкага і яго сына Баляслава (з вертыкальна ўзнятай дзідай), другога сына Конрада — Казіміра (са шчытом і сцягам), Пшамыслава Велікапольскага (са шчытом і мячом у адведзенай назад руцэ) і многіх іншых: чэшскіх каралёў Пшамыслава Отакара і Вацлава II (са шчытом і дзідай). Такімі пячаткамі карысталіся ў XIII ст. і некаторыя польскія паны — напрыклад, войніцкі кашталян Суд Дабяслававіч (без шчыта, з мячом у адведзенай назад руцэ) і сандамірскі ваявода Пакаслаў (амаль такая ж выява).
Рыс. 2. Пячаткі польскіх князёў ХІІІ ст.
Няма ў гэты час толькі ніводнага прыкладу таго, што выявы коннікаў выкарыстоўваліся на тэрыторыі Беларусі і Літвы, хаця наўкол яны, як бачым, былі вельмі папулярныя. Такія прыклады з'яўляюцца крыху пазней, у першай палове XIV ст. У Віленскім дзяржаўным музеі захоўваецца пячатка з выявай конніка са шчытом і дзідай наперавес, якая належала Гедыміну.
Рыс. 3. Пячатка Гедыміна
У Польшчы гэтая традыцыя была не менш багатай і ўстойлівай, чым на Русі. Калі б мы зірнулі далей на захад, то знайшлі б нямалую колькасць такіх жа выяў на пячатках Германіі, Францыі і іншых краін. Звычайна коннік паказаны на іх з дзідай, сцягам альбо мячом у руцэ, прычым можа быць накіраваным як управа, так і ўлева. Калі ён трымае меч, то, як правіла, у стэрэатыпнай позе: рука з мячом адведзена назад, крыху сагнута ў локці, а вастрыё мяча накіравана ўгору з нахілам уперад. У такой позе мы бачым яго, напрыклад, на пячатках Аляксандра Неўскага, Суда Дабяслававіча, Ягайлы (прычым, ва ўсіх гэтых выпадках коннік накіраваны ўправа ад гледача і не мае шчыта).
Рыс. 4. Пячаткі англійскіх арыстакратаў ХІІ ст.
Тым часам якраз у XII—XIV стст. адбываецца канчатковае афармленне геральдычнай навукі з пэўнымі канонамі і патрабаваннямі да герба, якія ператварылі яго ў больш строгую і фармалізаваную з'яву, чым просты рысунак на пячатцы. Гербавая выява павінна была змяшчацца на шчыце пэўнай формы, з выкарыстаннем стандартнага набору колераў, мець пэўную арыенціроўку (у прыватнасці, выявы жывых істот, як правіла, змяшчаліся павернутымі ў правы бок з пункту гледжання таго, хто трымае шчыт, гэта значыць — улева ад таго, хто глядзіць). Большасць жа ўпамянутых вышэй пячатак нельга лічыць гербавымі ў строгім сэнсе.
3 канца XIII ст. польскія пячаткі пачынаюць афармляцца паводле правілаў заходнееўрапейскай геральдыкі (выява змяшчаецца на гербавым шчыце альбо коннік трымае шчыт з гербавай выявай). На пячатках рускіх князёў гэты заходні ўплыў зусім не адчуваецца. У адносінах да сімволікі ВКЛ рашучы зварот у бок геральдычных канонаў адбыўся ў сярэдзіне 80-х гг. XIV ст. і быў, на нашу думку, цесна звязаны з ажыццяўленнем дынастычнай уніі паміж ВКЛ і Польшчай. Збіраючыся аб'яднаць пад сваёй уладай дзве дзяржавы, Ягайла павінен быў адчуць неабходнасць у сімвале, які б адлюстроўваў новы стан рэчаў. У Польшчы на той час мелася ўжо амаль стогадовая традыцыя выкарыстання геральдычных выяў, склаўся не толькі агульнадзяржаўны сімвал (белы арол на чырвоным шчыце), але і гербы асобных ваяводстваў. За асобай нявесты Ягайлы, польскай каралеўны Ядвігі, стаяла яшчэ больш магутная геральдычная традыцыя, бо Ядвіга належала да Анжуйскай дынастыі, якая паходзіла з Францыі — радзімы геральдыкі. На гэтым фоне адсутнасць агульнапрызнанага дзяржаўнага сімвала ВКЛ вельмі кідалася ў вочы.
Рыс. 5. Пячатка польскага караля Уладзіслава І Лакатка з дзяржаўным гербам на шчыце і гуньцы
На той момант прадстаўнікі пануючай дынастыі Гедымінавічаў выкарыстоўвалі самыя розныя эмблемы. Сам Ягайла, нагадаем, меў на пячатцы конніка, звернутага ў левы (геральдычна) бок і з мячом у адведзенай руцэ. Яго малодшы брат Лугвень-Сямён выкарыстоўваў выяву накшталт літары "Ф" без ножкі, другі брат — Скіргайла — накшталт літары X, трэці, Дзмітрый-Карыбут — накшталт ляжачай на баку васьмёркі з крыжам уверсе, адзінакроўны брат Уладзімір Кіеўскі — складаную выяву з крыжам у цэнтры (так званую "каплічку"). Стрыечны брат Ягайлы Вітаўт карыстаўся амаль без змен пячаткай свайго бацькі Кейстута (пешы воін з мячом і шчытом), Але з моманту Крэўскай уніі 1385 г. амаль усе яны, а таксама іншыя Гедымінавічы змяшчаюць на пячатцы (ці, прынамсі, на адной са сваіх пячатак) конную выяву — часам такую, як на пячатцы Ягайлы, часам — у іншых варыянтах. Якраз з гэтага моманту можна казаць пра тое, што выява конніка стала агульным сімвалам пануючай дынастыі і адначасова падуладнай ёй дзяржавы (што ў тагачасных уяўленнях было практычна тое самае).
Рыс. 6. Пячаткі Ягайлы, Вітаўта, Сямёна Альгердавіча непасрэдна пасля Крэўскай уніі
Аднак, як ужо адзначалася, выява на пячатцы Ягайлы не зусім адпавядала геральдычным канонам. I вось у 1386 г., амаль адразу пасля уніі, з'яўляецца дзяржаўная пячатка Ягайлы, які ўжо быў каралём Польшчы. Яна цалкам вытрымана ў геральдычным стылі: анёл трымае гербавы шчыт, падзелены на чатыры часткі, у першай, самай ганаровай — выява польскага арла, у трэцяй і чацвёртай — гербы найбольш значных польскіх ваяводстваў. А вось у другой па значнасці частцы мы ўпершыню бачым узброенага конніка, звернутага ў правы бок, але не з мячом, а з дзідай наперавес. Затое у левай руцэ ён трымае шчыт з шасціканцовым крыжом.
Хутка затым, у 1388 г., ствараецца вялікая тронная пячатка Ягайлы. На ёй адлюстраваны сам кароль на троне, з дзяржавай і скіпетрам, а наўкол яго — гербы польскіх ваяводстваў. На самым ганаровым месцы, справа ўверсе — польскі арол. А вось на другім па значнасці месцы, злева ўверсе, мы зноў сустракаем выяву конніка, але ўжо з мячом, прычым ён упершыню трымае меч не вастрыём угару, а над галавой, занесеным для ўдару. У левай руцэ яго мы бачым шчыт з шасціканцовым крыжом, а пад капытамі каня — крылатага цмока.
Рыс. 7. Вялікая тронная пячатка Уладзіслава Ягайлы (выраблена ў 1388 г.)
Відавочна, што перад намі — спробы стварэння дзяржаўнага сімвала ВКЛ як адной з частак уладанняў Ягайлы. Працэс яшчэ не скончаны, і таму выява конніка, ў адрозненне ад іншых гербаў, ад пячаткі да пячаткі перажывае змены. I толькі на малой пячатцы, вырабленай у 1405 г., у другім і трэцім палях шчыта з чатырох частак мы бачым "Пагоню" ў тым выглядзе, які пазней стаў класічным: з занесеным мячом, але ўжо без цмока пад капытамі. У такім жа выглядзе яна трапляе на другі варыянт сярэдняй дзяржаўнай пячаткі (1416 г.), прычым над чатырохчасткавым шчытом замест анёла змешчаны маленькі шчыт з шасціканцовым крыжом. Такім чынам, гэтаму крыжу надаецца статус асабістага герба Ягайлы. На адной з манет, якая чаканілася ў Польшчы пры Ягайлу, на адным баку адбіты арол, на адваротным — шчыт з шасціканцовым крыжом.
Рыс. 8. Малая тронная пячатка Уладзіслава Ягайлы (выраблена ў 1416 г.)
Пра паходжанне гэтага крыжа (так званага "патрыяршага") выказваліся вельмі супярэчлівыя думкі. Увогуле ён мае адназначна хрысціянскае (візантыйскае) паходжанне, таму трактоўку яго як сімвала паганскага бога Ярылы трэба прызнаць не толькі бяздоказнай, але і немагчымай па сутнасці. З Візантыі ў IX ст. шасціканцовы крыж быў запазычаны каралём франкаў Лотарам і пазней выкарыстоўваўся ў Францыі пад назвай "латарынгскага крыжа". У XI ст. таксама з Візантыі ён трапляе на Русь і ў Венгрыю. На Русі яго шырока выкарыстоўвалі на пячатках (у тым ліку некаторых княжацкіх — успомнім выяву св. Фёдара Цірона на пячатцы князя Мсціслава), у іншых узорах іканаграфіі. Шырока вядомы выявы гэтага крыжа на Барысавых камянях, а таксама крыж Ефрасінні Полацкай, які паўтарае яго форму. Практычна ўсе выпадкі выкарыстання крыжа звязаны з рэлігійнай тэматыкай.
Што да Венгрыі, то туды крыж трапіў дзякуючы шлюбным сувязям пануючай дынастыі Арпадаў з візантыйскім імператарскім домам. Ён стаў фактычна дзяржаўным сімвалам Венгрыі, выкарыстоўваўся на пячатках і манетах. Бацька будучай нявесты Ягайлы, Людовік Анжуйскі, у якасці караля Венгрыі прымяняў двухчасткавы герб, дзе ў першым полі змёшчаны герб Анжу (чаргаванне чырвоных і сярэбраных палос), а ў другім (чырвоным) — залаты патрыяршы крыж, які вянчаў карону на зялёным узгорку. Гэты герб сёння застаецца дзяржаўным гербам Венгрыі, а іншая выява шасціканцовага крыжа — гербам Славакіі, якая пры Арпадах і Анжу была часткай Венгерскага каралеўства.
Калі ўлічваць, што афармленне герба ВКЛ паводле геральдычных канонаў адбывалася ў кантэксце шлюбу Ягайлы з Ядвігай Анжуйскай, то найбольш важкай здаецца версія аб венгерскім паходжанні крыжа на шчыце конніка "Пагоні". Магчыма, крыж першапачаткова меў той жа сэнс, што і цмок пад капытамі — сімвалізаваў перамогу над язычніцтвам у Літве. Гэта пацвярджаецца тым, што да свайго хрышчэння ў 1385 г. Ягайла ніколі не выкарыстоўваў гэты знак, а пазней ператварыў яго ў свой асабісты герб.
Ягайла захоўваў суверэнітэт над ВКЛ да сваёй смерці ў 1434 г., але фактычную велікакняжацкую ўладу ў Літве ў 1392 г. вымушаны быў перадаць Вітаўту. Апошні ў гэты час карыстаўся некалькімі варыянтамі пячатак, прычым практычна на ўсіх прысутнічала выява конніка. Але ёсць сярод іх варыянт, які выкарыстоўваўся з 1397 па 1419 гг. На ім можна ўбачыць амаль усе прыкметы класічнай "Пагоні".
Вітаўт таксама выпускаў манеты некалькіх тыпаў, але толькі на адной з іх змешчаны коннік (такі, як на першай пячатцы Ягайлы). Затое амаль на ўсіх манетах прысутнічае знак, пазней вядомы пад назвай "Калюмны", які ў легендзе пра нашчадкаў Палямона абвяшчаецца родавым гербам літоўскай пануючай дынастыі.
Пры Вітаўце знак "Калюмны" набывае распаўсюджанне. Польскі гісторык Ян Длугаш (пісаў у другой палове XV ст.) пры апісанні Грунвальдскай бітвы 1410 г. паведамляе, што частка харугваў ВКЛ мела на сцягах выявы ўзброенага конніка на чырвоным полі, а частка - "Калюмны".
Вітаўта на пасадзе вялікага князя змяніў брат Ягайлы Свідрыгайла. Да часу яго кароткага панавання (1430—1432) частка даследчыкаў адносіць выпуск літоўскай манеты, на якой з аднаго боку адбіты коннік з мячом, з другога — патрыяршы крыж на шчыце, як на польскай манеце Ягайлы.
3 1434 па 1440 гг. вялікім князем быў брат Вітаўта Жыгімонт. Прыкладна ў гэты час літоўскія геральдычныя матэрыялы трапілі да заходнееўрапейскіх геральдыстаў і былі ўключаны ў шведскі гербоўнік "Бергсхамерскі кодэкс". У ім можна ўбачыць сярэбранага конніка на чырвоным полі з узнятым над галавой мячом. Ад класічнай "Пагоні" яго адрознівае шчыт на руцэ конніка — чырвоны з залатой выявай "Калюмнаў". Побач асобна эмешчаны і шчыт, які ўжываў Ягайла — блакітны з залатым шасціканцовым крыжом. На іншым аркушы гярбоўніка намаляваны коннік з мячом, на шчыце якога — контур двухпрыступкавай піраміды, вельмі падобны на "Калюмны". Аналагічныя гербы змешчаны і ў брусельскім гербоўніку "Гімніх" (таксама XV ст.).
Рыс. 9. Герб ВКЛ з “Бергсхамерскага кодэксу”
Каралём Польшчы пасля Ягайлы стаў яго старэйшы сын Уладзіслаў. Ён карыстаўся прыкладна такімі ж пячаткамі, як і яго бацька, і на большасці з іх на адпаведным месцы мы бачым класічную "Пагоню" з шасціканцовым крыжом. На вялікай троннай пячатцы 1438 г. з'яўляецца мадыфікацыя: вершнік ператвараецца ў крылатага анёла (пры гатым шчыт з крыжом на яго руцэ захоўваецца), а пад капытамі каня зноў паказаны цмок. Уладзіслаў унаследаваў і карону Венгрыі, у сувязі з чым у 1440 г. ствараецца "зборная" пячатка з чатырохчасткавым шчытом, дзе ў першым полі — герб Анжу, у другім — польскі арол, у трэцім — звычайная "Пагоня" (без крылаў і цмока), у чацвёртым — венгерскі шасціканцовы крыж Арпадаў.
У тым жа годзе малодшы брат Уладзіслава Казімір стаў вялікім князем літоўскім, а ў 1444-м - і каралём Польшчы. На ўсіх яго пячатках мы бачым аднолькавую, класічную выяву "Пагоні". "Калюмны" на шчыт конніка больш ніколі не вяртаюцца, а пры Казіміры, здаецца, увогуле не ўжываюцца ў афіцыйнай сімволіцы.
Сёння, звяртаючыся да гістарычных фактаў, мы можам убачыць, што герб "Пагоня" ў сваім класічным выглядзе ўзнік на мяжы XIV—XV стагоддзяў, што было адной а праяў інтэграцыі ВКЛ у арбіту заходнееўрапейскай цывілізацыі. Хутчэй за ўсё, ён быў мэтанакіравана створаны кіруючымі коламі дзяржавы — з выкарыстаннем "блукаючага" матыву ўзброенага конніка, але ў цэлым як якасна новае ўтварэнне. На мове геральдыкі яго своеасаблівасць вызначаецца чырвоным колерам гербавага шчыта, сярэбранай выявай конніка ў характэрнай позе (звернутага ўправа, з узнятым над галавой мячом), малым шчытом з шасціканцовым крыжом на яго руцэ. З сярэдзіны XV ст. гэты компяёкс прыкмет амаль няўхільна вытрымліваўся на ўсіх выявах, якія ў іншых дэталях (форма асноўнага шчыта, мяча і шлема, наяўнасць гунькі пад сядлом і плюмажа на шлеме, колер малога шчыта) маглі стылістычна адрознівацца паміж сабой.
"Пагоня" стваралася адразу як агульны сімвал шматэтнічнай дзяржавы. Таму, на нашу думку, шукаць этнічны змест гэтага знака бессэнсоўна: ён узнік як палітычны сімвал, такім і заставаўся на працягу сваёй доўгай гісторыі, а сёння ўвасабляе суверэнітэт дзвюх новых незалежных дзяржаў і іх гістарычычую сувязь з Вялікім Княствам Літоўскім, на тэрыторыі якога яны ўзніклі. На мове знакаў ён нагадвае аб тым, што на працягу некалькіх стагоддзяў гісторыя Беларусі разгортвалася ў рэчышчы, зарыентаваным пераважна на захад і асобным ад гісторьіі Расіі. Гэта значэнне сімвала выдатна ўсведамляецца ўсімі — калі не на свядомым, то на падсвядомым узроўні. Менавіта яно вызначае сёння эмацыянальнае ўспрыняцце "Пагоні" — станоўчае ці негатыўнае — у залежнасці ад таго, як чалавек ацэньваве сам гаты факт існавання ў мінулым двух асобных гістарычных рэчышчаў.