“Русь” у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. (1996)
Гістарычная геаграфія Беларусі* эпохі феадалізму, перш за ўсё «літоўскага» перыяду яе гісторыі, калі яна знаходзілася ў складзе поліэтнічнай феадальнай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і іншых (ВКЛ), вывучана недастаткова. Варта нагадаць, што ў большасці выдадзеных на сённяшні час дакументальных хронік раёнаў (з серыі «Памяць») гісторыя населеных пунктаў, асабліва першапачатковая, асвятляецца фрагментарна і часта недакладна. Канкрэтныя прыклады аднаму з аўтараў гэтага артыкула ўжо даводзілася адзначаць [26].
Вялікае значэнне для інтэрпрэтацыі многіх важных крыніц па гісторыі ВКЛ, асабліва заканадаўчых актаў вялікіх князёў літоўскіх, і для распрацоўкі на гэтай аснове канцэпцый утварэння ВКЛ і фарміравання беларускай народнасці мае навуковае высвятленне канкрэтна-гістарычнага зместу тэрмінаў «Літва», «Русь» і іншых, якія шырока ўжываліся ў пісьмовых крыніцах ХІV—XVIII стст. для пазначэння розных рэгіёнаў ВКЛ і ўваходзілі ў яго разгорнутую афіцыйную назву: «Великое князство Литовское, Руское, Жомойтское и иных». Для разумення этнічнай гісторыі Беларусі істотнае значэнне мае пытанне аб змесце тэрміна «Русь», перш за ўсё ў XVI ст., калі ён сустракаецца ў крыніцах ВКЛ асабліва часта.
Раней гэтую тэму больш-менш аргументавана закраналі два даследчыкі: рускі гісторык М. К. Любаўскі і польскі — О. Галецкі. М. К. Любаўскі быў першым гісторыкам, які паставіў пытанне аб значэнні тэрмінаў — назваў розных рэгіёнаў («областей») ВКЛ («Літоўска-Рускай дзяржавы»). На яго думку, гэтая дзяржава сфарміравалася шляхам злучэння «ўласнай Літоўскай зямлі» і «рускіх» — заходніх зямель Кіеўскай Русі. Сярод апошніх ён вызначае тэрыторыі, якія былі заняты Літвой у XIII ст., цалкам зліліся з «Літоўскай зямлёй» і да XVI ст. атрымалі назву «Літва» (Верхняе Панямонне — «Чорная Русь» ад Горадна** на захадзе да Здзітава на поўдні і Наўгародка на ўсходзе, а таксама раён Браслава); тэрыторыі, якія «цесна прымыкалі да ўласнай Літоўскай зямлі» («зямля Берасцейская, або Падляшша», «Літоўскае Палессе», «Літоўская Русь у асобным, прыватным сэнсе»); «палітычна адасобленыя вобласці», якія мелі прывілеі на пэўнае самакіраванне (Полацкая, Віцебская, Смаленская, Кіеўская, Валынская і іншыя землі).
Пад «Літоўскай Руссю ў асобным, прыватным сэнсе» М. К. Любаўскі разумеў воласці па сярэдняму Дняпру, Бярэзіне і Сажу: Бабруйскую, Барысаўскую, Крычаўскую, Любашанскую, Менскую, Мсціслаўскую, Прапойскую, Рэчыцкую, Свіслацкую і некаторыя іншыя. Разам з «Літоўскай зямлёй», «Берасцейскай зямлёй» і «Літоўскім Палессем» яны ўваходзілі ў склад Віленскага і Троцкага ваяводстваў XV — пачатку XVI ст.— «Вялікага княства Літоўскага ў цесным сэнсе» [12, с. 1—26].
Высновы М. К. Любаўскага былі значным крокам наперад у высвятленні зместу назваў розных рэгіёнаў ВКЛ у першай чвэрці XVI ст., у тым ліку «Літоўскай Русі». Аднак сам гэты тэрмін трэба прызнаць штучным: самімі жыхарамі ВКЛ XV—XVI стст. ён, як, дарэчы, і тэрмін «Чорная Русь», не ўжываўся. Да таго ж некаторыя «палітыка-геаграфічныя вобласці» вызначаны М. К. Любаўскім недастаткова выразна, часам супярэчліва. Адкрытым засталося пытанне аб прыналежнасці да «Русі» XVI ст. Віцебскай, Полацкай і іншых земляў. Кола выкарыстаных ім крыніц было даволі абмежаваным.
Погляды М. К. Любаўскага поўнасцю былі ўспрыняты польскім гісторыкам С. Кутшэбам [37, с. 5—7]. Але О. Галецкі даў іншае тлумачэнне тэрміна «Русь». На яго думку, уся тэрыторыя Віленскага і Троцкага ваяводстваў (па адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле ВК.Л да рэформы 1565 г., гл.: 13) лічылася «Літвой», а пад «Руссю», ці «Руссю Літоўскай», трэба разумець тыя далучаныя старажытнарускія землі («анексы»), якія мелі федэратыўны статус на падставе велікакняжацкіх прывілеяў,— Полацкую, Віцебскую і іншыя [35, с. 7—25]. Розніцу ў поглядах М. К. Любаўскага і О. Галецкага адлюстроўвае карта 1***.
Своеасаблівая інтэрпрэтацыя О. Галецкім «Русі» абумоўлена галоўным чынам тым, што ён абапіраўся на вельмі абмежаванае кола крыніц, пераважна заканадаўчых актаў, і амаль поўнасцю ігнараваў шматлікія выпадкі ўжывання тэрміна «Русь» у дакументах велікакняжацкай канцылярыі і прыватных актах XVI ст.
Пэўную цікавасць уяўляюць і некаторыя іншыя працы, у якіх закраналіся розныя аспекты пытання аб лакалізацыі «Русі» ў складзе ВКЛ [38, с. 51—58; 39, с. 5—6, 34, 55—56, 71—79; 42, с. 14—16; 15, с. 80—82, 103—112, 129].
Беларускі гісторык М. Ермаловіч даў яшчэ адно арыгінальнае тлумачэнне: пад «Жамойцю» (Жэмайтыяй) у складзе ВКЛ трэба разумець усю тэрыторыю сучаснай Літвы, пад «Літвой» — сучасную Беларусь, а пад «Руссю» — Украіну. На падставе такой інтэрпрэтацыі тэрмінаў будуецца ўся канцэпцыя М. Ермаловіча аб тым, што ўзнікненне і гісторыя ВКЛ — факты амаль выключна беларускай гісторыі, роля ж сучасных літоўцаў была мінімальнай [9, с. 86—88, 307—310 і інш.; 10, с. 20—81]. Адзначым, што К. Тарасаў дае іншае (і, як мы ўбачым, больш слушнае) тлумачэнне: «Літва» — гэта Аўкштайтыя (усходняя палова сучаснай Літвы) і заходняя частка Беларусі, «Русь» — усходняя частка Беларусі і Украіна, а «Жамойць» займае належнае ёй месца на захадзе Літвы [30, с. 48].
У наяўнасці істотны разнабой у разуменні тэрміна «Русь». Менавіта дыскусійнасць гэтага важнага пытання абумоўлівае неабходнасць высветліць, што разумелі пад «Руссю» самі жыхары ВКЛ. Гэтаму і прысвечана наша праца.
Дадзенае даследаванне абапіраецца на аналіз вялікай колькасці разнастайных апублікаваных і неапублікаваных крыніц (галоўным чынам XVI ст.), у якіх упамінаюцца «Русь», «Рускія воласці», гарады, маёнткі і асобныя сёлы**** на «Русі». Сярод выкарыстаных крыніц — акты як цэнтральных (пастановы сеймаў, Устава на валокі 1557 г., Перапіс войска ВКЛ 1567 г.), так і мясцовых (судовыя справы, скаргі) дзяржаўных устаноў, а таксама прыватныя акты, лісты феадалаў, беларуска-літоўскія летапісы.
Большасць дакументаў захавалася ў кнігах шляхецкіх земскіх і гродскіх судоў, а таксама Метрыцы ВКЛ (архіў ў асноўным канцылярыі вялікага князя літоўскага). Яны датычаць амаль выключна тэрыторыі ВКЛ у межах пасля Люблінскай уніі 1569 г. (фактычна — тэрыторыі сучасных Літвы і Беларусі) і датуюцца пераважна другой паловай XVI ст. Звесткі, якія адносяцца да Смаленшчыны і Украіны (у тым ліку Рускага ваяводства, што існавала ў складзе каралеўства Польскага на далучаных землях Галіччыны і Заходняй Валыні), намі не ўлічваліся.
Адной з найбольш складаных задач з'яўляецца ідэнтыфікацыя і лакалізацыя населеных пунктаў. Апошнія ўпамінаюцца ў крыніцах, як правіла, без неабходных лакалізуючых прыкмет. Да таго ж у іх формы напісання назваў населеных пунктаў былі неўнармаванымі, часам яны значна адрозніваюцца ад сучасных назваў, як правіла, паланізаваных і русіфікаваных або перайменаваных. Таму пры атаясамліванні кожнага гістарычнага пункта з сучасным абавязкова ўлічваўся кантэкст (уладальнік маёнтка, згадванні суседніх паселішчаў і да т. п.). Ідэнтыфікацыя і лакалізацыя ажыццяўляліся на падставе спісаў і слоўнікаў населеных пунктаў [8; 18—21; 28; 29; 32; 41], дарэвалюцыйных сярэднемаштабных картаў [7; 24], сучасных тапаграфічных, а таксама навуковых гістарычных картаў Беларусі XVI ст. [11; 13; 27; 39; 72—74] і генеалагічных даведнікаў [34; 40; 43].
Вынікі нашай працы адлюстраваны ў двух дадатках да гэтага артыкула ў выглядзе карты «Русь» у XVI ст.», на якой змешчаны 122 адпаведныя населеныя пункты, і спісу апошніх. Нумары на карце адпавядаюць нумарам спісу населеных пунктаў (дадатак 2), назвы ў спісе — беларускім назвам паводле слоўнікаў Я. Н. Рапановіча [18—21]. Далей у спісе прыведзены: сучасная адміністрацыйная прыналежнасць — раён (р.) паводле Я. Н. Рапановіча (у некалькіх выпадках лакалізацыя засталася гіпатэтычнай, што адзначана намі скарачэннем «вер.»); год, пад якім у адпаведнан крыніцы дадзены населены пункт фігуруе як размешчаны на «Русі»; назва на старабеларускай («рускай») мове, г. зн. у форме, якая зафіксавана ў крыніцы; спасылка на крыніцу (нумар паводле «Крыніц да дадатку 2» і праз двухкроп'е — нумар дакумента, старонка ці слупок). Для пунктаў, што аднесены да «Русі» неаднаразова, намі прыводзіцца некалькі адпаведных фактаў, але не ўсе. Далей у тэксце артыкула для пунктаў, якія ўключаны ў дадатак 2, прыводзяцца толькі беларускія назвы. Крыніцы, з якіх узяты звесткі, пералічаны ў «Крыніцах да дадатку 2».
Карта 2 (дадатак 1), на якую нанесены адпаведныя населеныя пункты, зроблена на аснове карты «Беларусь в конце XVI в.» (маштаб 1:1 000000), складзенай адным з аўтараў як дадатак да кнігі «Закрепощенне крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.)» [27].
На карце добра відаць, што «рускія» гарады, маёнткі і сёлы займаюць выключна ўсходнюю частку Беларусі. Гэта адпавядае таму кантэксту, у якім «Русь» сустракаецца ў крыніцах: як назва аднаго з некалькіх рэгіёнаў на тэрыторыі ВКЛ — побач з Літвой, Жамойцю, а таксама Валынню, Кіеўшчынай, Падляшшам, Падоллем і Палессем. Так, у 1569 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст паведамляе сваім ваяводам і намеснікам, што крымскі хан «умыслил земли наши Руские, Подольские, Киевские и Волынские воевать» [33, № 280).
«Русь» выступае асобна ад Валыні і Падляшша і ў прыватным лісце князя Р. Сангушкі (1567 г.), у якім ён паведамляе, што кароль паслаў яго «на Русь, панство его милости господарское украинное», і нагадвае пра «кривды и шкоды ... от суседев своих обапольных, так в земли Волынской в повете Луцком, Володимерском, яко и на Подляше в повете Берестейском» [33, № 113]. Месцазнаходжанне «Русі», куды павінен быў ехаць Р. Сангушка, не выклікае сумнення, бо ў яго архіве захаваўся і наступны ліст, у якім гетман Р. Хадкевіч просіць яго хутчэй выехаць ў войска «на Русь до Лукомля» — справа ідзе пра ваенныя дзеянні на Полаччыне ў час Лівонскай вайны. Праз два гады той жа Р. Хадкевіч піша да Р. Сангушкі, што даў даручэнне свайму сыну, які едзе на Русь, папярэдне заехаць на Валынь [33, № 277].
Цікавасць выклікаюць таксама запісы рассылкі ваенных лістоў да службовых асоб ВКЛ з дзяржаўнай канцылярыі. Лісты рассылаліся ў 1563 г. як у канкрэтныя ваяводствы і землі («по Жемойти», «на Новгородок», «на Бересте», «на Волынь»), так і на тэрыторыі, якія не адпавядалі афіцыйным адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам: «по Завелю» (так званай «Літве Завілейскай» [42], што займала частку Віленскага ваяводства) і на «Русь» [22, с. 652—658, 671—679]. На жаль, лісты высылаліся не ў канкрэтны населены пункт, а да пэўных асоб, месцазнаходжанне якіх магло быць выпадковым. Таму гэтую крыніцу пры лакалізацыі «Русі» трэба выкарыстоўваць вельмі асцярожна: нельга адназначна сказаць, напрыклад, дзе ў момант высылкі ліста знаходзіўся ваявода падляшскі (ім у 1563 г. быў В. Тышкевіч), хаця з яго завяшчання [2, № 632] вядомы цэлы шэраг яго ўладанняў на «Русі» — Велейка, Далькавічы, Камень Харэцкі, Лагойск і інш. Толькі ў рэдкіх выпадках, калі ліст «на Русь» адрасаваны «ўсім князям Друцкім», «усім князям Лукомскім», можна не сумнявацца, што ён накіроўваўся ў Друцк ці Лукомль.
Побач з іншымі рэгіёнамі ВКЛ і нароўні з імі «Русь» выступае і ў пастановах Гарадзенскага сейма 1567 г. У іх вызначаецца колькасць адзінак абкладання, з якіх кожны землеўласнік павінен выстаўляць у войска аднаго ўзброенага конніка. Ва ўласнай «Літве» такімі адзінкамі выступаюць «службы літоўскія», і тут жа дадаецца: «а где волок нет, а службы не равны суть литовским, яко на Руси и на Полесьи, и в земли Киевской и у волостях Поднепрских, так же и в земли Волынской ... про то обыватели тых краев або земель преречоных Руских, Волынских и Полеских мають не з служоб ани з дворищ, але з дымов двадцати ку службе земской ставити конь один» [22, с. 411]. Ніжэй у сеймавай пастанове вызначаюцца павіннасці са службаў і валок, а таксама «з дымов Киевских, Волынских, Руских, Поднепрских и Полесских» [22, с. 415].
Мы бачым, што «Русь», прынамсі, тая яе частка, якая, безумоўна, прыпадае на тэрыторыю Віленскага ваяводства («уласнай Літоўскай зямлі», паводле М. Любаўскага і О. Галецкага), не толькі адрознівалася ад «Літвы», але і мела істотныя асаблівасці ў сістэме эксплуатацыі сялян, што ў пэўным сэнсе аб'ядноўвае яе з федэратыўнымі землямі. Гэтыя асаблівасці «Русі» пацвярджаюцца стэрэатыпнай формулай «рускія даннікі» альбо «даннікі на Русі», якой вызначаюцца жыхары сёлаў усходняй Беларусі. У 1554 г. яны згадваюцца ў Суціне, у 1557 г.— у Камені Завелейскім, у 1560 г.— у Мацеевічах. Перапіс войска 1567 г. называе «рускіх даннікаў» пад Барысавам, у Нежыцах, Забашавічах, Сцяпах і інш. Даннікі - сяляне, галоўнай павіннасцю якіх была не «служба тяглая» (паншчына), а «дань» (даніна натуральнымі прадуктамі, пераважна мёдам і збожжам), упамінаюцца і ў іншых пунктах, якія непасрэдна не звязваюцца ў крыніцах з «Руссю», але вельмі часта знаходзіліся ў яе арэале. Хаця размяшчэнне даннікаў у ВКЛ патрабуе спецыяльнага вывучэння, высокая карэляцыя іх з «Руссю» не выклікае сумнення.
Дарэчы, не толькі даннікі, а ўвогуле маёнткі звычайна называліся «рускімі» тады, калі яны прыгадваліся побач з іншымі ўладаннямі тых жа асоб, размешчанымі ў сучаснай Літве і на захадзе Беларусі. Так, напрыклад, паны Гарнастаі, асноўныя маёнткі якіх знаходзіліся на Берасцейшчыне і Валыні, асобна згадваюць свае «имения русские, в повете Оршанском лежачие» — Талачын, Друцк, Басю (Басею) і інш. Асабліва шчыльна «рускія» двары і сёлы лакалізуюцца ў вярхоўях Бярэзіны і ў паўночнай частцы Аршанскага павета — менавіта там знаходзілася шмат магнацкіх і буйнашляхецкіх вотчын, уладальнікі якіх адначасова валодалі маёнткамі ў іншых месцах ВКЛ.
Вярхоўі Бярэзіны ў XIV — пачатку XV ст. займала вялікая Харэцкая воласць, пажалаваная ледзь не цалкам літоўскаму магнату Манівіду [36, № 70]. Спадчына Манівідаў потым перайшла да Радзівілаў, Глябовічаў, князёў Гальшанскіх. Гэтыя магнаты і іх нашчадкі рэгулярна прыгадвалі свае ўладанні на «Русі»: Гняздзілава, Вольберавічы, Докшыцы і іншыя — усе ў былой Харэцкай воласці.
Таксама шмат упамінанняў пра «рускія маёнткі» пакінулі Сапегі, да якіх у XVI ст. трапіла значная частка былых вотчын князёў Друцкіх і Лукомскіх.
Полацкая і Віцебская землі, а таксама паўднёвы ўсход Беларусі прадстаўлены на карце 2 бядней менавіта таму, што там было значна менш уладанняў, якія «цягнулі» да феадальных цэнтраў за межамі «Русі». У мясцовых полацкіх і віцебскіх баяр не было падстаў называць свае маёнткі «рускімі», бо іншых у іх звычайна і не было. Таму сярод выдадзеных судовых спраў Полацкага і Віцебскага ваяводстваў (1530-я гады) няма ўпамінанняў пра «Русь», затое вельмі часта сустракаецца «Літва» як вонкавая тэрыторыя: «з Литвы приехавши», «до Литвы еждывали» і г. д. Прытым пад «Літвой» меліся на ўвазе, напрыклад, Горадна ці Ляхавічы [4, № 120, 133, 274 і інш.]. У выпадках, калі тыя ж Сапегі валодалі маёнткамі Астроўна і Тухачоў пад Віцебскам, гэтыя маёнткі рэгулярна называюцца «рускімі».
На Полаччыне колькасць упамінанняў «Русі» можна было б крыху павялічыць за кошт нагадвання яе ва ўскоснай форме: так, у 1568 г. князі Друцкія-Сакалінскія звярнуліся да вялікага князя з просьбай кампенсаваць ім страты «русских имений», спустошаных маскоўскім войскам [22, с. 488, 517]. Гэтыя маёнткі канкрэтна не называюцца, аднак з Перапісу войска 1567 г. вядома, што Друцкім-Сакалінскім належалі Крывіна, Мілкавічы (сучасны Бешанковіцкі р-н), Камень, Несіна (Лепельскі р-н), Гарадзец (Шаркоўшчынскі р-н), спустошаныя непрыяцелем [23, с. 476].
Што датычыць сучаснай Магілёўшчыны і Гомельшчыны, то там большасць тэрыторыі займалі дзяржаўныя («гаспадарскія») воласці, якія ў крыніцах называюцца звычайна «валасцямі Паднепрскімі». Але, напрыклад, Устава на валокі 1557 г. непасрэдна называе іх «валасцямі Рускімі» і дае пералік: Рэчыца, Мазыр, Бабруйск, Чачэрск, Прапойск, Мсціслаў, Орша, Любеч (зараз на Украіне), Гомель, Глуск, Магілёў, Свіслач, Барысаў, Любашаны, а таксама Полацк [22, с. 564]. Есць яшчэ выпадак, калі ўвесь паўднёва-ўсходні кут Беларусі адназначна звязваецца з «Руссю»: у 1569 г. гетман Р. Хадкевіч паведамляе, што крымскі царэвіч з войскам «выехал на Лоеву Гору, под Речицу и ... Бобруйск, Гомей и Мозыр, и другие замки и места тамошние руские может ударить» [33, № 282].
Устава на валокі 1557 г. цікавая яшчэ і тым, што асобна ад «рускіх» пералічвае дзяржаўныя воласці Віленскага і Троцкага паветаў (ваяводстваў). Сярод цэнтраў такіх валасцей па-за межамі «Русі» (г. зн. у «Літве») названы, напрыклад, Браслаў, Вопса і Дзісна (сучасны Браслаўскі р-н), Дунілавічы (Пастаўскі р-н), Гайна (Лагойскі р-н), Менск. Такім чынам, мяжа паміж «Літвой» і «Руссю» праходзіла па заходняй мяжы Полацкай зямлі і далей у ваколіцах Лагойска і Менска.
Удакладніць гэтую мяжу дапамагаюць упамінанні «Русі» як суседняй тэрыторыі адносна некаторых пунктаў Лагойшчыны. Так, жыхар вёскі Сычавічы пад Лагойскам у 1599 г. быў западозраны ў крадзяжы. У віну яму ставілі, у прыватнасці, паездку ў сяло Кімея маёнтка Зембін (Барысаўскі р-н) з невядомай мэтай. У сваё апраўданне ён сцвярджаў, што ездзіў «на Русь жита куповать» [1, № 175]. У 1582 г. уладальнік маёнтка Нястанавічы (Лагойскі р-н) прыгадвае дарогу, што ідзе «мимо двора моего Нестановского через Хотаевичи на Русь» [3, № 46, 92].
Аднак гэтая мяжа была няўстойлівай (дакладней, уяўленні сучаснікаў пра месцазнаходжанне «Русі» былі супярэчлівымі). Так, тыя ж Нястанавічы ў іншым дакуменце адносяцца да «Русі». «Руссю» названы аднойчы і Ажуны, змешчаныя ў ваколіцах вышэйзгаданых Дунілавіч. А ў завяшчанні пана В. Тышкевіча (1570 г.) у пераліку яго «рускіх маёнткаў» згадваецца Сялец, што знаходзіцца паміж Гайнай і Лагойскам. Здзіўляцца тут няма чаму: мяжа «Літвы» і «Русі» не мела строга этнічнага сэнсу — па абодва бакі яе жыло тое ж самае беларускае («рускае») насельніцтва, і сама мяжа з цягам часу змяшчалася.
Пра змяшчэнне названай мяжы сведчыць параўнанне некаторых больш ранніх дакументаў. У 1387 г. кароль Польшчы Уладзіслаў Ягайла выдаў свайму брату Скіргайлу прывілей на Троцкае княства «у Литовской земли», а таксама на шэраг маёнткаў «на руской стороне»: Менск, Свіслач, Бабруйск, Рэчыцу, Любеч, Прапойск, Любашаны, Ігумен (сучасны Чэрвень), Лагойск [16, № 10]. Гэта сведчыць аб тым, што ў канцы XIV ст. «Літоўская зямля» яшчэ не ахоплівала раён Менска.
Праз некалькі дзесяцігоддзяў, каля 1446 г. [31], быў створаны «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». У ім, паміж іншым, апісваецца вайна Свідрыгайлы Альгердавіча з Жыгімонтам Кейстутавічам (1432—1435 гг.). У час вайны адбыўся раскол паміж «Літвой» (уладаннямі Жыгімонта) і «Руссю», дзе вялікім князем быў абвешчаны Свідрыгайла. На гэтай «Русі» ўпамінаюцца Полацк, Віцебск, Смаленск, Кіеў. У час набегу на «Літоўскую зямлю» Свідрыгайла ваюе пад Маладзечнам, Заслаўем, Менскам, адкуль ён «пошел в свою (г. зн. «Рускую».— В. Н., М. С.) землю ... к Борисову», потым распусціў войска ў Лукомлі, а сам паехаў у Кіеў [17, с. 76—77, 106—108, 141 — 143, 163—164, 189—190, 210—211, 231 — 232]. Мы бачым, што ў гэты час мяжа «Літвы» і «Русі» праходзіць ужо недзе паміж Менскам і Барысавам — прыкладна там, дзе мы знаходзім яе ў XVI ст.
Знамянальны напрамак змяшчэння мяжы. Рух адбыўся не з усходу на захад, як сцвярджае М. I. Ермаловіч, паводле якога назва «Літва» распаўсюджвалася з Верхняга Панямоння і заходняй Меншчыны на сучасную Літву [10, с. 28], а з захаду на ўсход. Паглынанне «Літвой» часткі Меншчыны, магчыма, тлумачыцца тым, што на яе разам з землеўладаннем літоўскіх князёў і знаці распаўсюдзілася і новая сістэма абкладання («літоўскія службы»), у той час як для даннікаў Харэцкай, Барысаўскай і іншых валасцей дзейнічаў прынцып «старины не рушити».
Такім чынам, можна канстатаваць, што арэал «Русі» ў складзе ВКЛ не супадаў ні з этнічнымі, ні з афіцыйнымі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі межамі. Ен ахопліваў толькі частку тэрыторыі, населенай «рускімі» — нашчадкамі насельніцтва Кіеўскай Русі. Жыхары Верхняга Панямоння, Пабужжа, басейна Прыпяці таксама вызнавалі «рускую» (праваслаўную) веру, гаварылі на «рускай» (старабеларускай) мове, але гэтыя землі зваліся «Літвой», «Падляшшам», «Палессем». Паводле адміністрацыйнага падзелу ВКЛ, які існаваў да рэформы 1565 г., «Русь» ахоплівала некаторыя федэратыўныя землі (з пачатку XVI ст.— ваяводствы) — Полацкую і Віцебскую, а таксама ўсходнюю частку Віленскага ваяводства, у тым ліку Барысаўскую воласць, якая непасрэдна кіравалася ваяводам [12, с. 103]. «Русь» уключала і воласці, якія з часоў Альгерда і Кейстута мелі двайное падпарадкаванне Вільні і Трокам [12, с. 13—14, 103—106]: Бабруйскую, Любашанскую, Свіслацкую. Новы адміністрацыйны падзел (з 1565 г.) таксама не адпавядаў межам «Русі», падзеленай паміж Полацкім, Віцебскім (з Аршанскім паветам), Мсціслаўскім ваяводствамі, Рэчыцкім і Мазырскім паветамі. Заходняя ўскраіна «Русі» трапіла ў Менскі і Наўгародскі паветы [25].
Падкрэслім, што «Русь», паводле мясцовай традыцыі ВКЛ, да канца XVI ст. не называецца ні «Белай», ні «Чорнай», хаця ў замежных крыніцах «каляровыя» назвы (без строгай лакалізацыі) вядомыя, прынамсі, з XIII ст. Да выключэнняў можна аднесці ўпамінанне «Белай Русі», дзе знаходзілася нейкае сяло Бортнікі (на Полаччыне?), у дакуменце 1585 г. ашменскага кляштара францысканаў [36, № 46]. Аднак францысканы форму «Белая Русь» маглі запазычыць з замежнай традыцыі. Таму нельга пагадзіцца з М. Ф. Піліпенкам, што ў XVI ст. тэрмін «Белая Русь» ужо вызначаў усю этнічную тэрыторыю беларусаў [15, с. 105—106].
Увогуле паходжанне і змест тэрміна «Белая Русь» выходзіць за рамкі нашага артыкула. Але варта падкрэсліць, што, прынамсі, у адным сэнсе гэты тэрмін адносіцца да тэрыторыі «Русі» XVI ст. ці яе паўночнай часткі. У 1622 г. нунцый рымскага папы Торрас даносіў у Рым, што на тэрыторыі Рэчы Паспалітай «схізматыкі» (праваслаўныя) насяляюць Валынь, Падолле, Украіну, а таксама «Русь» (Чырвоную, Белую і Чорную). Пры гэтым Белую Русь ён вызначае ад Ліфляндыі (сучасная Латвія) да «маскоўскай мяжы», з гарадамі Полацкам, Оршай, Віцебскам і Магілёвам, Чорную Русь — «паміж Літвой і Валынню, да Кіева», з Пінскам, Навагрудкам і Оўручам [5, № 177]. У Беларускім Падзвінні лакалізавана «Белая Русь» і на вядомай карце Баплана (каля 1651 г.) і яе шматлікіх копіях [14, № 25, 26, 30, 35—37].
Адным з першых выпадкаў, калі само мясцовае насельніцтва выразна звязвае тэрмін «Белая Русь» з пэўным рэгіёнам, трэба лічыць скаргу праваслаўнай шляхты на прыцясненне з боку католікаў і уніятаў, вынесеную на Варшаўскі сейм 1623 г. Сярод тэрыторый, дзе жыве «рускі народ, што вызнае грэчаскую веру ўсходняга абраду», названы Літва (з гарадамі Вільна, Мінск, Навагрудак, Гродна, Слонім, Брэст, Браслаў, Кобрын, Камянец), Палессе (Пінск, Оўруч, Мазыр), Панізоўе (Крычаў, Чачэрск, Прапойск, Рагачоў, Гомель, Асцёр, Рэчыца, Любеч), Белая Русь (Полацк, Віцебск, Мсціслаў, Орша, Магілёў, Дзісна) і рэгіёны сучаснай Украіны [5, № 178].
Назву «Панізоўе» ў апошнім прыкладзе трэба лічыць выпадковай, бо ў далейшым яна не набыла шырокага выкарыстання. Пазней паўднёвы ўсход Беларусі крыніцы звязваюць з «Белай Руссю». Летапіс Самойлы Вялічкі ў 1648 г. называе яе ў такім жа сэнсе, у якім стагоддзем раней сустракалася «Русь»,— як адну з частак ВКЛ, побач з Літвой і Палессем. Там паведамляецца, што Багдан Хмяльніцкі накіраваў свае загоны «на Полессе зась, и в Литву, и на Белую Русь» [6, № 4]. Вядома, што гэтыя загоны дзейнічалі ў той год на паўднёвым усходзе Беларусі і на Піншчыне.
Адзначым, што маскоўскія дзякі ў данясеннях цару пра дзейнасць Хмяльніцкага разумелі пад «Белай Руссю» ўсе праваслаўныя землі ў складзе Рэчы Паспалітай, у тым ліку Украіну [6, № 9—11, 19 і інш.]. У далейшым, аднак, і маскоўская традыцыя ўжывання гэтага тэрміна звузілася. Калі ў 1796 г. на землях ВКЛ, далучаных да Расійскай імперыі, былі ўтвораны тры губерні (Беларуская, Літоўская і Мінская), то Беларуская ахапіла тэрыторыю амаль усёй «Русі» XVI ст., за выключэннем басейна Бярэзіны і Мазыршчыны. Ў 1802 г. гэтая губерня была падзелена на дзве (Віцебскую і Магілёўскую), але яны традыцыйна лічыліся «беларускімі», гэтак жа, як Віленская і Гродзенская губерні — «літоўскімі». У далейшым назва «Белая Русь» канчаткова набыла этнічны сэнс і ў другой палове XIX ст. ахапіла ўвесь арэал беларускай нацыі.
Натуральна паўстае пытанне: чым жа можна растлумачыць такое ўстойлівае ўжыванне назвы «Русь» адносна адной акрэсленай часткі былой Кіеўскай Русі, а затым — часткі этнічнай тэрыторыі беларусаў? Канчаткова адказаць на гэтае пытанне можна будзе толькі тады, калі гэтак жа дэталёва будзе разгледжаны працэс з'яўлення і ўжывання іншых гісторыка-геаграфічных назваў: «Палессе», «Валынь» і ў першую чаргу «Літва». Пакуль што магчымы толькі гіпатэтычны адказ, які мы і паспрабуем даць.
Вядома, што да мангольскага нашэсця назва «Русь» ужывалася ў двух значэннях: шырокім і вузкім. У першым сэнсе яна адносілася да ўсёй тэрыторыі Кіеўскай Русі і тых напаўсамастойных княстваў на чале з дынастыямі Рурыкавічаў, на якія гэтая дзяржава распалася, у другім — да тэрыторыі ў Сярэднім Падняпроўі, падуладнай непасрэдна кіеўскаму князю. Пасля разбурэння Кіева і знікнення Кіеўскага княжання «Русь» у вузкім сэнсе перастала існаваць, а ў шырокім набыла характар метаэтноніма — агульнай саманазвы ўсіх народнасцяў, што пачалі фарміравацца на рэштках старажытнарускай дзяржавы (у тым ліку і старажытных беларусаў). Не ўсе з гэтых народнасцяў здолелі канчаткова сфарміравацца: так, наўгародскі протаэтнас быў паглынуты Масквой і ўліўся ў велікарускую народнасць, «маларосы» Заходняй Валыні і Галіччыны зліліся з украінцамі падняпроўскіх лесастэпаў.
Тыя ж працэсы ішлі і на тэрыторыі Беларусі. Княствы Панямоння вельмі рана, у сярэдзіне XIII ст., змянілі дынастыю Рурыкавічаў на дынастыю літоўскага паходжання, іх тэрыторыя ўвайшла ў склад ВКЛ практычна з першых гадоў яго існавання. Гэтая двухэтнічная дзяржава, якая ахоплівала ўсходнюю палову сучаснай Літвы і сучасную Гродзенскую вобласць, мела скарочаную назву «Літва». Этнічныя працэсы, што разгарнуліся ў гэтым арэале, напэўна, прывялі б да ўзаемнай асіміляцыі літоўцаў і жыхароў Беларускага Панямоння, з'яўлення змешанага этнасу.
Аднак далейшыя палітычныя падзеі спрыялі таму, што спачатку да Літвы далучыліся вялікія сумежныя тэрыторыі (з аднаго боку — Жамойць, якая канчаткова ўвайшла ў склад ВКЛ у 1411 г., з другога — уся паўднёва-заходняя палова былой Кіеўскай Русі), а затым сама яна заключыла унію з Польшчай. Прыняцце этнічнай Літвой і Жамойцю каталіцызму ўзвяло паміж балцкім і славянскім насельніцтвам рэлігійны бар'ер.
На Беларусі у гэты час, верагодна, былі тры асяродкі этнагенезу: басейн Нёмана, дзе фарміравалася змешаная субэтнічная група «ліцвінаў», геаграфічна адасобленае Палессе (арэал «палешукоў») і тэрыторыя былых княстваў Падзвіння і Падняпроўя — Полацкага, Віцебскага, Смаленскага, Друцкага, Свіслацкага. Апошні арэал захаваў назву «Русь», якая побач з агульным, метаэтнічным сэнсам набыла функцыю саманазвы мясцовага субэтнасу. Яго прадстаўнікі адрознівалі сябе як ад ліцвінаў і палешукоў, так і ад жыхароў Маскоўскай Русі. Апошнія самі сябе таксама звалі «рускімі», а ў вачах «рускіх» ВКЛ былі «масквічамі», «масквіцінамі».
Польскі ўплыў у часы Рэчы Паспалітай, потым расійскі — у часы Расійскай імперыі, рэлігійны ўціск (насельніцтва Беларусі то гвалтоўна абарочвалі ва уніяцтва, то гэтак жа гвалтоўна — зноў у праваслаўе) — усё гэта спыніла папярэднія працэсы, выклікала рэакцыю ў форме кансалідацыі «рускіх», палешукоў і славянскай часткі ліцвінаў у агульны этнас беларусаў, а неаславяненай часткі ліцвінаў (аўкштайтаў) разам з жамойтамі — у літоўскі этнас. Ужыванне ў XVII ст. тэрміна «Чорная Русь» у якасці агульнай назвы для Панямоння і Палесся (побач з «Белай Руссю») можна разглядаць як сведчанне пачатку гэтай кансалідацыі. Перамагла, аднак, назва «Белая Русь», якая ператварылася ў імя новага этнасу.
*** Карты 1 і 2 аформлены Л. Ю. Міхайлоўскай, за што аўтары ёй шчыра ўдзячныя.
- Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов. Вильна, 1891. Т. 18. Акты о копных судах. 1522—1707.
- Тамсама. Вильна, 1895. Т. 22. Акты Слонимского земского суда. 1555—1570.
- Тамсама. Вильна, 1912. Т. 36. Акты Минского гродского суда. 1582—1590.
- Беларускі архіў. Мн., 1928. Т. 2.
- Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. док. и матерналов: В 3 т. Мн., 1959. Т. 1.
- Тамсама. Мн., 1960. Т. 2.
- Военно-топографическая карта России. 1:126000. Спб., 1855—1875.
- Гошкевич Н. Н. Виленская губерния: Полный список населенных мест. Вильна, 1905.
- Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
- Ермаловіч М. I. Па слядах аднаго міфа. 2-е выд., дап. Мн., 1991.
- Клепатский П. Г. Карта Мозырского повета//Ён жа. Очерки по истории Киевской земли. Одесса, 1912. Т. 1: Литовский период. С. 196—197.
- Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания Первого Литовского Статута: Иторические очерки. М., 1892.
- Любавский М. К. Политическая карта Литовско-Русского государства конца XV и начала XVI в. 1:2520000 // Ён жа. Областное деление ... Приложение.
- Материалы по исторнн русской картографии. Киев, 1910. Вып. 2: Карты всей России и западных ее областей до конца XVII в. / Сост. В. Кордт.
- Пилипенко М. Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.
- Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в./ Сост. А. Л. Хорошкевич. М., 1977. Вып. 1.
- Полное собрание русских летописей. М., 1980. Т. 35: Белорусско-литовскне летописи.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці. Мн., 1977.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай воб-ласці. Мн., 1981.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Магілёўскай вобласці. Мн., 1983.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. Мн., 1986.
- Русская историческая библнотека. Юрьев, 1914. Т. 30: Литовская метрика. Отд. 1—2. Ч. 3: Книги публичных дел. Т. 1.
- Тамсама. Пг., 1915. Т. 33: Литовская метрика. Отд. 1. Ч. 3: Книгн публичных дел. Т. 1: Переписи войска литовского.
- Специальная карта Европейской России. 1:420000. Пг., 1915.
- Спірыдонаў М. Ф. Беларусь у канцы XVI ст. 1:2 500 000//Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя. Мн., 1978. Т. 1. С. 168—169. Уклейка.
- Спиридонов М. Исторический документ — для современной серии книг: Населенные пункты Белоруссии в Переписи войска Великого княжества Литовского 1567 г.// Навіны Беларускай акадэміі. 1991. 28 чэрв.; Ён жа. Мястэчка Ленін, але не ў гонар правадыра // Навіны Беларускай акадэміі. 1991. 22 лістап.
- Спиридонов М. Ф. Беларусь в конце XVI в. 1:1 000 000 //Ён жа. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV—XVI вв.). Мн., 1993. Приложение.
- Список населенных мест Витебской губернии. Витебск, 1906.
- Список населенных мест Могилевской губернии. Могилев, 1910.
- Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны. Мн., 1990.
- Чамярыцкі В. А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры (Узнік-ненне і літаратурная гісторыя першых зводаў). Мн., 1969.
- Ярмолович В. С. Список населенных мест Минской губернии. Мн., 1909.
- Archiwum ksiazat Sanguszkow w Slawucie. Lwow, 1910. Т. 7. 1554—1572. Dyplomataryusz galezi Nesuchojezskiej. Т. 2.
- Boniecki A. Poczet rodow w Wielkim Ksiestwie Litewskiem w XV i XVI w. Warszawa, 1887.
- Halecki O. Litwa, Rus i Zmudz jako czesci skladowe Wielkiego Ksiestwa Litewskiego. Krakow, 1916.
- Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wilenskiej. Krakow, 1932— 1948. Т. 1.
- Kutrzeba S. Historia Polski w zarysie: Wyd. 2. Lwow; Warszawa. 1921. Т. 2: Litwa.
- Lowminski H. Studia nad poczatkami spoleczenstwa i panstwa Litewskiego // Ен жа. Studia nad dziejami Wielkiego Ksiestwa Litewskiego. Poznan, 1983.
- Ochmanski J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI w. Poznan, 1981.
- Sapiehowie: Materjaly hisoryczno-genealogiczne i majatkowe. Pb., 1890. Т. 1.
- Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich. Warszawa, 1880—1902. Т. 1 — 15.
- Wojtkowiak L. Litwa Zawilejska w XX i pierwszej polowie XVI w. Poznan, 1981.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca XIV w. Warszawa, 1895.
Спіс населеных пунктаў Беларусі, якія ў пісьмовых крыніцах XVI ст. паказваюцца як «рускія», размешчаныя на «Русі», або цэнтры «валасцей Рускіх»
- АЖУНЫ. Пастаўскі р. 1555, ОЖУНИЧИ (38: 414)*.
- АЗДЗЯЦІЧЫ. Барысаўскі р. 1541, ОЗДЯТИЧИ (26: 230—231).
- АЗЯРАНЫ. Рагачоўскі р. 1599, ОЗЕРАНЕ (6: 2).
- АЛЕКСІНІЧЫ. Сенненскі р. 1555, 1558, ОЛЕКСЕНИЧЫ, ОЛЕКСИНИЧЫ (32: 415—418, 935—937). 1569, ОЛЕКСИНИЧИ (3: 611). 1594, ОЛЕКСИНИЧИ (11: 83).
- АРЭШКАВІЧЫ. Пухавіцкі р. 1599, ОРЕШКОВИЧИ (47: 83—87).
- АСТРОЎНА. Бешанковіцкі р. 1546, ОСТРОВНО (50: 402). 1555, ОСТРОВНО (32: 415—418). 1597, ОСТРОВНО (45: 48 адв.— 50 адв).
- АСЕЦІШЧЫ. Докшыцкі р. 1570, ОСЕЧИЩА (3: 632).
- АХОЦІЧЫ. Кіраўскі р. 1600, ОХОТИЧИ (44: 296—297).
- АЧЫЖА. Чэрвеньскі р. 1567, ОЧИЖА (15: 496). 1600, ОЧИЖА (44: 835 адв.— 837).
- БАБРУЙСК. Ц. р. 1552, БОБРУЙСК (8: 44). 1557, БОБРУЙСК (14: 564). 1560, БОБРУЙСК (18: 530—531; 25: 156—157). 1569, БОБРУЙСК (51: № 282).
- БАГУШЭВІЧЫ. Бярэзінскі р. 1562, БОГУШЕВИЧИ (33: 270—272 адв).
- БАЛОЧА. Пухавіцкі р. 1567, БОЛОША (15: 453, 496).
- БАРКАЛАБАВА. Быхаўскі р. 1600, БОРКУЛАБОВ (44: 144—145).
- БАРСУКІ. Шклоўскі р. 1599, БОРСУКИ (6: 2).
- БАРЫСАЎ. Ц. р. 1557, БОРЫСОВ (13: 564). 1567, БОРИСОВ (15: 561).
- БАСЯ. Не існуе. Горацкі р. 1590, БАСЯ (4: 481).
- БЕРАЗВЕЦКІ АБРУБ. Глыбоцкі р. 1555, 1558, БЕРЕЗВИЧЫ (32: 935—937). 1569, БЕРЕЗВЕЧ (3: 611).
- БЕРАЗІНО. Докшыцкі р. 1570, БЕРЕЗЫНЯ (3: 632).
- БОЖЫНА. Бярэзінскі р. 1544, БОЖИН (31: 182—184). 1552, БОЖИНО (2: 3). 1554, БОЖИН (31: 182—184). 1557, БОЖИНО, БОЖЫНО (32: 736 адв.— 737 адв.).
- БОЛННО. Не існуе. Лепельскі р. 1567, БОЛИНО (15: 507—508).
- БРАДЗЕЦ. Бярэзінскі р. 1554, БРОДЕЦ (32: 46 адв.—49 адв., 106 адв.). 1562, БРОДЦЫ (34: 350—352 адв.).
- БУЙНІЧЫ. Магілёўскі р. 1600, БУЙНИЧИ (44: 1243).
- БЫХАЎ. Ц. р. 1567, БЫХОВ (23: 31—32). 1579, БЫХОВ (24: 22 адв.—26).
- ВЕСНІЦК- Ушацкі р. 1552, ВЕСНИЦК (17: 99 адв.— 100 адв.).
- ВІЛЕЙКА. Докшыцкі р. 1570, ВЕЛЕЙКА (3: 632).
- ВІТУНІЧЫ. Докшыцкі р. 1567, ВИТАНИЧИ (15: 494).
- ВІЦЕБСК- Ц. вобл. 1577, ВИТЕБСК (13; 362).
- ВОЛЬБЕРАВІЧЫ. Докшыцкі р. 1570, ВОЛЬБОРОВИЧИ (3: 632). 1583, ВОЙБОРИЧИ (11: 93). 1599, ВОЛЬБОРОВИЧИ (42: 2—2 адв.).
- ВЯЛІКАЕ СЯЛО. Сенненскі р. 1553, ВЕЛИКОЕ СЕЛО (17: 125— 125 адв.).
- ВЯЛІКІЯ БОРТНІКІ. Бабруйскі р. 1566, БОРТНИКИ (37: 191 — 193).
- ВЯЛІКІЯ ДОЛЬЦЫ. Ушацкі р. 1569, ДОЛЬЦЫ (3: 611). 1600, ДОЛЬЦЫ (44: 967—967 адв.).
- ВЯЛІКІЯ ЛІЦВІНАВІЧЫ. Калінкавіцкі р. 1554, ЛИТВИНОВИЧИ (31: 245 адв.—246 адв.). 1563, ЛИТВИНОВИЧИ (36: 594 адв.— 599 адв.).
- ВЯЛІКІЯ НЯСТАНАВІЧЫ. Лагойскі р. 1600, НЕСТАНОВИЧИ (44: 146 адв.— 147 адв.).
- ГАЛОЎЧЫН. Бялыніцкі р. 1600, ГОЛОВЧИН (44: 86 адв.—87 адв., 190—191 адв.).
- ГАЛЬКІ. Крупскі р. 1578, ОЛЬКИ (12: 33). 1593, ГОЛЬКИ (7: 208).
- ГЛЕБАЎСК. Сенненскі р. 1561, ГЛЕБОВСКОЕ (35: 499 адв.— 500 адв.).
- ГЛУСК. Ц. р. 1557, ГЛУСК (14: 564).
- ГНЯЗДЗІЛАВА. Докшыцкі р. 1570, ГНЕЗДИЛОВИЧИ (3: 632). 1583, ГНЕЗДИЛОВИЧИ (12: 93). 1599, ГНЕЗДИЛОВИЧИ (42: 2—2 адв.).
- ГОМЕЛЬ. Ц. вобл. 1557, ГОМЬЕ (14: 564). 1569, ГОМЕЙ (51: 282).
- ГОРКІ. Чэрвеньскі р. 1554, ГОРКИ (32: 46 адв.—49 адв., 106 адв.).
- ГОРЫ. Горацкі р. 1565, ГОРЫ (38: 276—277, 280 адв.—282).
- ГУБА. Лагойскі р. Вер., 1570, ГУБЫ (3: 632).
- ДАЛЬКАВІЧЫ. Лагойскі р. 1570, ДАЛЬКЕВИЧИ (3: 632).
- ДЗЕДЗЕЛАВІЧЫ. Барысаўскі р. 1570, ДЕДИЛОВИЧИ (3: 632). 1599. ДИДИЛОВИЧИ (42: 2).
- ДОКШЫЦЫ. Ц. р. 1557, 1560, ДОКШИЧИ (34: 125 адв.— 130 адв.).
- ДОМЖАРЫЦЫ. Лепельскі р. 1570, ДОМЖЕРИЧИ (3: 632). 1600. ДОМЖЕРИЧИ (44: 967).
- ДРУЦК. Талачынскі р. 1590, ДРУЦК, ОДРУЦК (4: 481).
- ДУБРОЎНА. Ц. р. 1590, ДУБРОВНА (48: 71).
- ДУДАКОВІЧЫ. Круглянскі р. 1565, ДУДАКОВИЧИ (38: 280 адв.— 282).
- ЗАБАШАВІЧЫ. Барысаўскі р. 1554, ЗАБАШЕВИЧИ (30: 113 адв.— 123). 1567, ОБАШЕВИЧИ (15: 567). 1600, ЗАБАШЕВИЧИ (44: 149—151).
- ЗАБОР'Е. Чашніцкі р. 1554, ПЕРОШИЧИ (32: 92 адв.—96 адв.). 1562, ПИРОШИЧИ (35, 114—115).
- ЗАГАРАДДЗЕ. Талачынскі р. 1566, ЗАГОРОДЬЕ (39: 70 адв.— 72, 148—149, 238—238 адв.).
- ЗДДАБРЫЧЧА. Чэрвеньскі р. 1562, ЗАДОБРИЧИ (33: 270—272 адв.)
- ЗАЕССЕ. Чашніцкі р. 1572, 1578, ЗАЕСЕ, ЗАЛЕСЬЕ (12: 33, 34). 1579, ЗАЛЕСЬЕ (42: 162—165).
- ЗАСЕКЛІ. Аршанскі р. 1556, ЗАСЕКЛЬ (32: 661—661 адв.).
- КАМЕНА. Вілейскі р. 1556, КАМЕНЬ ЗАВЕЛЕЙСКИЙ (32: 515 адв.—517 адв.). 1557, КАМЕНЬ ЗАВЕЛЕЙСКИЙ (32: 924— 926 адв.). 1559, КАМЕНЬ ЗАВЕЛЬСКИЙ (32: 245 адв.—247).
- КАМЕНА. Лагойскі р. 1570, КАМЕНЬ ХОРЕЦКИЙ (3: 632).
- КАРЫТНІЦА. Бялыніцкі р. 1560, КОРЫТНИЦА (35: 244—245). 1567, КОРЫТНИЦА (40: 162 адв.— 163 адв.).
- КАРЫТНІЦА. Бялыніцкі р. 1560, КОРЫТНИЦА (35: 244—245). 1567, КОРЫТНИЦА (40: 162 адв.— 163 адв.).
- КНЯЖЫЦЫ. Магілёўскі р. 1561, КНЯЖИЧИ (35: 893 адв.— 902 адв.).
- КОПЫСЬ. Шклоўскі р. 1522, КОПЫС (49: 243). 1577, КОПЫСЬ (13: 362). 1579, КОПЫСЬ (24: 22 адв.—26).
- КРУГЛАЕ. Ц. р. 1558, КРУГЛОЕ (20: 172—176 адв.). 1567, КРУГЛОЕ (22: 272 адв.—287 адв.). 1568, 1571, КРУГЛАЯ (22: 312—325).
- КРЫЧАЎ. Ц. р. 1560, КРЫЧОВ (18: 530 адв.—531 адв.).
- КУРЫЛАВІЧЫ. Мёрскі р. 1582, КУРЫЛОВИЧЫ (4: 36).
- ЛАГОЙСК. Ц. р. 1559, ЛОГОЙСК (41: 950—953 і інш.).
- ЛАТЫГОЛІЧЫ. Чашніцкі р. 1476, ЛАТЫГОЛИЧЕ (52:-297).
- ЛЕМНІЦА. Талачынскі р. 1546, ИЛЕМНИЦА (50: 402). 1597, ИЛЕМНИЦА, ЛЕМНИЦА (45: 48 адв.—50 адв.).
- ЛЕНІНА. Горацкі р. 1522, РОМАНОВ (49: 243). 1541, РОМАНОВО (27:20—20адв.,43адв.—44). 1559, РОМАНОВО (33: 153—153 адв.).
- ЛЕПЕЛЬ. Ц. р. 1555, БЕЛАЯ (32: 415—418). 1566, 1567, БЕЛАЯ (39: 70 адв.—72, 148—149, 238—238 адв.).
- ЛОЕЎ. Ц. р. 1569, ЛОЕВА ГОРА-(51: 282).
- ЛУКОМЛЬ. Чашніцкі р. 1567, ЛУКОМЛЬ (51: 120).
- ЛЮБУШАНЫ. Бярэзінскі р. 1552, ЛЮБОШАНЫ (8: 44). 1557, ЛЮБОШАНЫ (14: 564)
- МАГІЛЁЎ. Ц. вобл. 1557, МОГИЛЕВ (14: 564). 1577, МОГИЛЕВ (13:362). 1599, МОГИЛЕВ (25:48 адв.).
- МАЗЫР. Ц. р. 1552, МОЗЫР (8:44). 1557, МОЗЫР (15:564). 1569, МОЗЫР (51: 282).
- МАЦЕЕВІЧЫ. Пухавіцкі р. 1560, МАТЕЕВИЧИ (35: 213 адв.— 215).
- МСЦІЖ. Барысаўскі р. 1554, МСТИЖ (37: 302 адв.—303 адв.). 1567, МСТНЖ (15: 494). 77 МСЦІСЛАЎ. Ц. р. 1557, МСТИСЛАВЛЬ (14: 564).
- НАСОВІЧЫ. Добрушскі р. 1560, НОСОВИЧИ (21: 315—316).
- НЕГАНІЧЫ. Бярэзінскі р. 1557, НЕГОНИЧИ (32: 736 адв.— 737 адв.).
- НЕЖЫЦЫ. Барысаўскі р. 1567, НЕЗЕТИЧИ (15: 856).
- НІЎКІ. Барысаўскі р. 1569, НИВЬЕ (3: 611).
- НЯКЛЮДАВА, Талачынскі р. 1563, 1567, НЕКЛЮДОВО (19: 441—442; 15: 1181).
- ОРША. Ц. р. 1557, ОРША (14: 564). 1577, ОРША (13: 362).
- ОСТАПКОВИЧИ. Не існуе. Крупскі (?) р. 1572, 1578, ОСТАПКОВИЧИ (12: 33, 43). 1579, ОСТАПКОВИЧИ (43: 162—165). 1593, ОСТАПКОВИЧИ (5: 208 адв.).
- ПАПОЎЦЫ. Лагойскі р. 1574, ДОРОГОМИЧИ (9: 155—159).
- ПОЛАЦК. Ц. р. 1557, ПОЛОЦК (14: 564).
- ПОЛОНАЕ. Не існуе. Сенненскі р. 1546, ПОЛОНАЕ (50: 402). 1547, ПОЛОНАЯ (28: 192 адв.— 195). 1594, 1595, ПОЛОННО (11: 450—452).
- ПРУСАВІЧЫ. Лагойскі р. 1554, ПРУСОВИЧИ (16: 302 адв.—303 адв.). 1569, ПРУСОВИЧИ (3: 611).
- ПРЫХАБЫ. Сенненскі р. 1567, ПРИХАБЫ (15: 507—508).
- ПУТЯТИЧИ. Не існуе. Калінкавіцкі р. 1565, ПУТЯТИЧИ (36: 933—934 адв.).
- ПЫШНА. Лепельскі р. 1529, 1551, ПИШНО (29: 109—110). 1554, ПЫШНОЕ (16: 271—274).
- ПЯЧЭРСК. Уключаны ў г. Магілёў. 1593, ПЕЧЕРСКО (7: 91). 1599, ПЕЧЕРСК (6: 2).
- РЫДАМЛЯ. Талачынскі р. 1561, РЫДОМЛЯ (35: 499 адв.— 500 адв.).
- РЭЧЫЦА. Ц. р. 1552, РЕЧИЦА (8: 44). 1557, РЕЧЫЦА (14: 564). 1569, РЕЧИЦА (51: 282).
- СВІСЛАЧ. Асіповіцкі р. 1552, СВИСЛОЧ (8: 44). 1562, СВИСЛОЧ (10:34). 1557, СВИСЛОЧ (14: 564).
- СКРЫГАЛАЎ. Мазырскі р. 1599, СКРЫГОЛОВЫ (46: 83—87).
- СЛАВЕНІ. Талачынскі р. 1590, СЛОВЕНИ (4: 481).
- СЛАЎГАРАД. Ц. р. 1552, ПРОПОЙСК (8: 44). 1557, ПРОПОЙСК (14: 564).
- СМІЛАВІЧЫ. Чэрвеньскі р. Вер., 1528, БАКШТЫ (46: 89—90).
- СТАРАСЕЛЛЕ. Шклоўскі р. 1565, СТАРОСЕЛЬЕ (38: 276— 277). 1590, СТАРОСЕЛЬЕ (4: 481).
- СТАРАЯ БЕЛІЦА. Сенненскі р. Вер., 1567, БЕЛЕЦА (15: 460).
- СТАРАЯ РАДЧА. Круглянскі р. 1590, РЕГЧА (4: 481).
- СТАРОЕ ЗАПОННЕ. Докшыцкі р. 1567, ЗАПОНЬЕ (15: 494).
- СТАРОЕ ПАШКАВА. Магілёўскі р. 1599, ТАРАСОВИЧИ (6: 2).
- СТАРЫ ВОСТРАЎ. Клічаўскі р. 1554, ОСТРОВ (16: 204 адв.— 207). 1562, ОСТРОВ (33: 270—272 адв.).
- СТАРЫЯ МАКСІМАВІЧЫ. Клічаўскі р. 1554, МАКСИМОВИЧИ (32: 46 адв.—49 адв., 106 адв.).
- СТАРЫЯ ПРЫБОРКІ. Бярэзінскі р. 1560, ПРЫБОРКИ (35: 244—245). 1567, ПРЕБОРКИ (40: 162 адв.—163 адв.).
- СУЦІН. Пухавіцкі р. 1554, СУТИН (32: 43 адв.—46).
- СЦЯПЫ. Жлобінскі р. 1554, СТЕПЫ (32: 36—37). 1567, СТЕПАХИ (15: 567).
- СЯЛЕЦ. Мінскі р. 1570, СЕЛЕЦ (3: 632).
- ТАЛАЧЫН. Ц. р. 1590, ТОЛОЧИН (4: 481).
- ТУМІЛАВІЧЫ. Докшыцкі р. 1559, ТОМИЛОВИЧИ (41: 894). 1567, ТУМИЛОВИЧИ (15: 449—450).
- ТУХАЧЕВО. Не існуе. Віцебскі р. 1555, ТУХАЧЕВО (32: 415—418).
- ХАМІЧЫ. Быхаўскі р. 1599, ХОМИЧИ (6: 2).
- ХАЦЮХОВА, Крупскі р. 1572, 1578, ХРЕХОВО, ХОТЮХОВО (12: 33, 43). 1579, ХОТЮХОВО (42: 162—165); 1593, ХОТОХОВО (5: 208).
- ЦВЫРКАВА. Шклоўскі р. 1599, ЦВИРКОВО (6: 2).
- ЧАРЭЯ. Чашніцкі р. 1561, ЧЕРЕЯ (35: 499 адв.—500 адв.). ЧАРЕЯ (1: 1007). 1569, ЧАРЕЯ (3: 611).
- ЧАЧЭРСК. Ц. р. 1552, ЧЕЧЕРСК (8: 44). 1557, ЧЫЧЕРСК (14: 564). 1600, ЧЕЧЕРСК (44: 354—354 адв.).
- ШКЛОЎ. Ц. р. 1577, ШКЛОВ (13: 362). 1579, ШКЛОВ (24: 22 адв.—26). 1600, ШКЛОВ (44: 190—191 адв.).
- ШЫШОВА. Горацкі р. 1590, ШЫШОВО (4: 481).
- ШЭМЕТАВА. Смалявіцкі р. 1559, ШЕМЕТОВ (41: 23, 473 адв., 476 адв., 479, 484 адв.—552).
- ЮРЦАВА. Аршанскі р. 1600, ЮРЦОВО (44: 1268—1269).
* У дужках пасля двухкроп'я падаюцца нумары актаў, старонкі ці лісты архіваў.
СКАРАЧЭННІ: адв.— адварот; вер.— верагодна; р.— раён; ц. вобл.— цэнтр вобласці; ц. р.— цэнтр раёна.
- Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов. Вильна, 1890. Т. 17: Акты Гродненского земского суда. 1539—1565 гг.
- Тамсама. Вильна, 1891. Т. 18: Акты о копных судах. 1522—1707.
- Тамсама. Вильна, 1895. Т. 22: Акты Слонимского земского суда. 1555—1570.
- Тамсама. Вильна, 1912. Т. 36: Акты Минского гродского суда. 1582—1590.
- Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Спб., 1863. Т. 1. 1361 — 1598 гг.
- Тамсама. Спб., 1865. Т. 2. 1599—1637.
- Архив Юго-Западной Росснн, издаваемый Временной комиссней для разбора древних актов. Киев, 1859..Ч. 1. Т. 1: Акты, относящиеся к истории православной церкви в Юго-Западной России.
- Тамсама. Киев, 1907. Ч. 8. Т. 5: Акты об украинской администрации XVI—XVII вв.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. Старажытныя акты. А. з. 163.
- Довнар-Запольский М. В. Очерки по организации западнорусского крестьянства в XVI в. Киев, 1905. Приложения.
- Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске ... Витебск, 1890. Вып. 20.
- Опись документов Виленского центрального архива древних актовых книг. Вильна, 1901. Вып. 1: Акты Россиенского земского суда за 1575—1586 гг.
- Тамсама. Вильна, 1913. Вып. 10: Акты Брестского гродского суда за 1575—1715 гг.
- Русская историческая библиотека. Юрьев, 1914. Т. 30: Литовская метрика. Отд. 1—2. Ч. 3: Книги публичиых дел. Т. 1.
- Тамсама. Пг., 1915. Т. 33: Литовская метрика. Отд. 1. Ч. 3: Книги публичиых дел. Т. 1: Переписи войска литовского.
- Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў Ф. 389. (Метрыка Вялікага княства Літоўскага). Воп. 1. А. з. 34.
- Тамсама. А. з. 35.
- Тамсама. А. з. 37.
- Тамсама. А. з. 38.
- Тамсама. А. з. 40.
- Тамсама. А. з. 41.
- Тамсама. А. з. 58.
- Тамсама. А. з. 60.
- Тамсама. А. з. 64.
- Тамсама. А. з. 86.
- Тамсама. А. з. 229.
- Тамсама. А. з. 231.
- Тамсама. А. з. 234.
- Тамсама. А. з. 239.
- Тамсама. А. з. 245.
- Тамсама. А. з. 246.
- Тамсама. А. з. 247.
- Тамсама. А. з. 249.
- Тамсама. А. з. 255.
- Тамсама. А. з. 256.
- Тамсама. А. з. 260.
- Тамсама. А. з. 261.
- Тамсама. А. з. 262.
- Тамсама. А. з. 266.
- Тамсама. А. з. 268.
- Тамсама. А. з. 569.
- Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь у г. Мінску. Ф. 694. Воп. 4. А. з. 1726.
- Тамсама. Воп. 7. А. з. 655.
- Тамсама. Ф. 1727. Воп. 1. А. з. 1.
- Тамсама. Ф. 1751. Воп. 1. А. з. 1.
- Тамсама. Ф. 1769. Воп. 1. А. з. 13.
- Тамсама. А. з. 14.
- Archiwum domu Sapiehow. Lwow, 1892. Т. 1: Listy z lat 1575—1606.
- Archiwum ksiazat Lubartowiczow – Sanguszkow w Slawucie. Lwow. 1890. Т. 3: 1432—1534.
- Тамсама. Lwow, 1890. Т. 4: 1535—1547.
- Тамсама. Lwow, 1910. Т. 7: 1554—1572. Dyplomataryusz galezi Nesuchojezskiej. Т. 2.
- Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wilenskiej. Krakow, 1932— 1948. Т. 1.