Гедзімін (2005)
Гедзімін, Гедымін (страбел. Кгедимин, лац. Gedeminne, каля 1275 – 1341), вял. князь літоўскі прыблізна з 1316. Позняя традыцыя, зафіксаваная ў беларуска-літоўскіх летапісах, лічыла Г. сынам Віценя, аднак у дыпламатычнай перапісцы Г. з рыжскім магістратам ён называецца братам Віценя. Некат. аўтары (В.Васільеўскі, М.Ермаловіч) выказвалі меркаванне, што пры перапісванні дакумента былі пераблытаны блізкія па напісанні «frater» (брат) і «pater» (бацька), таму роднасныя сувязі паміж Віценем і Г. нельга лічыць дакладна высветленымі. Ужо ў 2-й пал. 15 ст. існавала і тэндэнцыйная версія, зафіксаваная ў польскай хроніцы Я.Длугаша і ў маскоўскіх радаводах (Чудаўская аповесць, Пасланне Спірыдона-Савы), якая абвяшчала Г. канюшым ці конюхам Віценя, які нібыта забіў свайго папярэдніка і захапіў яго ўладу. Гэтая версія, верагодна, была створана з мэтай дыскрэдытацыі пануючай дынастыі ВКЛ. Панаванне Г. пачалося паміж кастрычнікам 1315 (апошняя згадка Віценя) і чэрвенем 1317, калі аб’ектам нападу Тэўтонскага ордэна стаў замак Гедзімін, названы ў гонар свайго заснавальніка. Не пазней 1320 Г. заснаваў мураваны замак у Вільні, які стаў з таго часу яго галоўнай рэзідэнцыяй. Пачатак яго панавання вызначыўся стварэннем у ВКЛ самастойнай праваслаўнай метраполіі, падпарадкаванай непасрэдна патрыярху (з цэнтрам у Новагародку, існавала з 1317 па 1330), і спробай нармалізаваць стасункі з каталіцкім Захадам. Каля 1321 Г. пабудаваў у Вільні касцёл для манахаў-францысканцаў і аднавіў такі ж касцёл у Новагародку, спалены ў выніку нападу крыжакоў. У маі 1323 Г. праз Рыгу звярнуўся з шэрагам лістоў да рымскай курыі, Ганзейскага саюза, саксонскіх рэзідэнцый Францысканскага і Дамініканскага ордэнаў. У гэтых лістах Г., тытулаваны «каралём Літвы і Русі, уладаром і князем Жамойці», выказваў намер прыняць каталіцкае хрышчэнне, запрашаў манахаў і майстроў розных спецыяльнасцяў на перасяленне ў ВКЛ, гарантаваў ім розныя ільготы і прывілеі. 2.10.1323 Г. заключыў мір з рыжскім ацыбіскупам і магістратам Рыгі. Межы ВКЛ і Лівонскага ордэна абвяшчаліся адкрытымі для гандлю і вольнага перамяшчэння людзей. Адносіны з Тэўтонскім ордэнам на прускай мяжы засталіся варожымі, на пач. 1324 адбыўся шэраг нападаў на Жамойць, у ліпені – аблога літоўцамі ордэнскага замка Хрыстмемель. У кастрычніку 1324 папа Іаан ХХІІ накіраваў сваіх легатаў, упаўнаважаных ахрысціць Г. Аднак у апошні момант Г. адмовіўся ад хрышчэння, задаволіўшыся мірам з Тэўтонскім ордэнам, заключаным у лістападзе з дапамогай легатаў.
У тыя ж гады Г. разгарнуў экспансію на Русі. Першымі яе праявамі сталі вакняжанне ў Віцебску на пачатку 1320-х сына Г. Альгерда, які незадоўга да таго ажаніўся з дачкой апошняга віцебскага князя з роду Рурыкавічаў, і саюз з Цвярскім княствам, замацаваны шлюбам дачкі Г. Марыі з цвярскім князем Дзмітрыем Міхайлавічам (1320). У 1322 іншы зяць Г. і яго намеснік у Гародне Давыд Гарадзенскі стаў на кароткі час князем Пскова, што прывяло да выхаду Пскова з-пад кантролю Вялікага Ноўгарада. У 1323 адбыўся набег літоўскага войска на наўгародскую воласць Лукі (Вялікія Лукі). Пад уладу ВКЛ (каля 1322?) перайшлі Берасцейшчына і Падляшша, аб чым паведамляюць познія беларуска-літоўскія летапісы, але ўскосна іх пацвярджае адсутнасць гэтых земляў у пераліку ваяводаў Галіцка-Валынскага княства 1335. Верагодна, далучэнне Берасця адбылося ў выніку ваеннай акцыі Г. Актывізацыя палітыкі на Русі выклікала канфлікт з Залатой Ардой. Пад час візіту папскіх легатаў Г. быў моцна заняты татарскімі справамі, а ў 1325 адбыўся татарскі паход на ВКЛ. Тым не менш сфера ўплыву Г. на Русі няўхільна пашыралася. Менскі князь Васіль быў васалам Г. і ў 1326 удзельнічаў у яго пасольстве ў Ноўгарад, вынікам якога стала заключэнне міра з Ноўгарадам і аднаўленне міра з Лівоніяй. У Полацку тады княжыў брат Гедыміна Воінь, які ўзначаліў тое ж пасольства. У Пскове пасля Давыда (у 1327-29) княжыў цвярскі князь Аляксандр Міхайлавіч, які абапіраўся на падтрымку Г. Пад непасрэдную ўладу Г. адышлі ў 1320-я гг. Таропецкае і Ржэўскае княствы на поўначы Смаленскай зямлі (ржэўскія гарады Асечан і Расна на верхняй Волзе згадваюцца як «літоўскія» ў 1335). Адначасова Г. завязаў цесныя зносіны з Польшчай, вясной 1325 аддаўшы сваю дачку Алдону (у хрышчэнні Ганну) за Казіміра, сына караля Уладзіслава Лакатка. У 1326 Г. накіраваў войска ў 1200 коннікаў на чале з Давыдам Гарадзенскім, якое спустошыла землю варожага Польшчы Брандэнбургскага маркграфства.
У 1328 Г. умяшаўся ў канфлікт паміж рыжскім магістратам і Лівонскім ордэнам – напэўна, спадзеючыся, што гэта прывядзе да ліквідацыі ордэна. Восенню 1329 ён па просьбе рыжан спустошыў уладанні ордэна, а вясной 1330 – уладанні рыжскага арцыбіскупа. Аднак канфлікт скончыўся паражэннем гараджан і заключэннем іх міра з ордэнам (30.03.1330), што прывяло да аднаўлення вайны паміж ВКЛ і крыжакамі. Сумесны напад прускай і лівонскай галін ордэна на Жамойць адбыўся ўжо ў сакавіку 1330. У адказ у верасні Г. паслаў войска на дапамогу польскаму каралю, які ажыццявіў напад на Прусію. У далейшым напады ордэнскіх рыцараў на ВКЛ сталі рэгулярнымі: яны адбываліся ў 1332, 1333 (тады лівонскае войска на ладдзях дасягнула Полацка), 1334 (таксама да Полацка), 1339, 1340.
Аднаўленне вайны на захадзе не спыніла ўплыву ВКЛ на ўсходнія справы, але ўскладніла іх. Пасля смерці ў 1330 літоўскага мітрапаліта Філафея мітраполія не была адноўлена (не пазней 1336 перанесена ў Галіч). Саюзнік Г. Аляксандр Цвярскі ў 1329 страціў Пскоў, але ў 1331 паўторна атрымаў яго «из литовскыя рукы» і заставаўся пскоўскім князем да 1337. У 1331 Г. зрабіў няўдалую спробу правесці на вакантную пасаду наўгародскага епіскапа свайго стаўленніка Арсенія. Пра памер уплыву Г. на Русі ў гэты час сведчыць тое, што альтэрнатыўны кандыдат у епіскапы, якога Г. імкнуўся перахапіць, праехаў з Валыні ў Ноўгарад толькі кружным шляхам праз Бранск і Таржок, прычым ля Кіева яго ледзь не захапіў мясцовы князь Фёдар, які яўна дзейнічаў у інтарэсах Г. Саюзнікамі Г. былі ў той час смаленскі князь Іван Аляксандравіч, казельскі Аляксандр Мсціслававіч (таксама жанаты з дачкой Г.). У 1331 Г. аддаў яшчэ адну дачку Яфімію за галіцка-валынскага кн. Баляслава-Юрыя. У 1333 сын Г. Нарымонт (Глеб) быў запрошаны князем у Ноўгарад, што было праявай палітычнага саюза паміж ВКЛ і Ноўгарадам, накіраванага супраць маскоўскага князя Івана Каліты. Аднак Г. пазбягаў адкрытага канфлікта з Масквой і ў тым жа годзе аддаў дачку Аўгусту за Сямёна, сына Каліты. Да 1338 Нарымонт з’ехаў з Ноўгарада і стаў княжыць у Полацку і, магчыма, Пінску, але захаваў сваіх намеснікаў у шэрагу валасцей, падараваных яму наўгародцамі (Ладаге, Арэшку, Карэле і палове Капор’я). Беларуска-літоўскія летапісы паведамляюць пра заваяванне Г. Кіеўскай зямлі, але гэты сюжэт большасць даследчыкаў лічыць міфічным. Кіевам у 1331-63 валодаў князь Фёдар, які падпарадкоўваўся татарскаму баскаку. Часам яго атаясамліваюць з братам Г., але больш верагодна, што гэты Фёдар не меў дачынення да літоўскага княжацкага рода, хаця часам дзейнічаў у саюзе з Г. Магчыма, спробы пашырыць уплыў ВКЛ на Кіеў выклікалі новы татарскі паход у 1338. У 1340 памёр апошні галіцка-валынскі князь Юрый-Баляслаў, што дазволіла ўладкавацца на Валыні малодшаму сыну Г. Любарту. Канчатковы падзел галіцка-валынскай спадчыны паміж ВКЛ, Ардой і Польшчай скончыўся ўжо пасля смерці Г. Ён загінуў, напэўна, зімой 1341 пры аблозе ордэнскага замка Байербурга. Існуе таксама версія пра атручэнне Г.
Пад панаваннем Г. ВКЛ ператварылася ў моцную ўсходнееўрапейскую дзяржаву, тэрыторыя якой за гэты час павялічылася ўдвая. Апрача сталіцы Вільні, мураваныя замкі былі ўзведзены ў Медніках, Лідзе, Крэве, Віцебску. Пачалося запазычанне першых элементаў заходнееўрапейскай культуры. Адначасова Г. паклаў пачатак шырокай экспансіі на Русі, якая прадоўжылася ў наступныя дзесяцігоддзі. Яго шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедымінавічаў.
Кр.: Daniłowicz I. Skarbiec diplomatów ..., posługujących do krytycznego wyjaśnienia dziejów Litwy, Rusi Litewskiej i ościennych im krajów. T. 1. – Wilno, 1860; Послания Гедимина / Подготовили В. Пашуто и И. Шталь. Вильнюс, 1966.
Літ.: Антонович В. Б. Очерк истории Великого княжества Литовского до половины XV столетия. Киев, 1878; Никжянтайтис А. Гедиминас // Вильнюс, 1990. № 4; Насевіч В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993; Rowell S. C. Lithuania ascending: A pagan empire within east-central Europe. 1295–1345. Cambridge, 1994.