А. Латышонак, Г. Семянчук. Марныя высілкі акадэмічных гісторыкаў
Марныя высілкі акадэмічных гісторыкаў*
*Назва тэксту паходзіць ад рэдакцыі
Выданне, якое абмяркоўваецца ў артыкуле: Вялікі гістарычны атлас Беларусі [Карты]: у 3 т. Т. 1 / Рэкал.: Г. І. Кузняцоў (старшыня) [і інш.]. – Мінск: Белкартаграфія, 2009. – 247 с.: іл.
Аматарам картаграфіі гісторыі Беларусі доўгімі гадамі даводзілася абмяжоўвацца картамі да „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, а пасля „Атласам гісторыі Беларусі”, які выйшаў як дадатак да гэтай энцыклапедыі. Таму выхад у свет першага тома„Вялікага гістарычнага атласа Беларусі” чакаўся як вялікая падзея. Гэты атлас – твор калектыўнай працы. Спісак сяброў рэдкалегіі, навуковага рэдакцыйнага савета, арганізацый, устаноў і асоб (у тым ліку аўтараў і рэцэнзентаў[1]), якія прынялі удзел у стварэнні атласа займае 2 старонкі фармату блізкага А 3! На жаль, усе яны выступаюць старым савецкім, а можа яшчэ расейскім звычаем толькі пад прозвішчам, а замест імя падаюцца ініцыялы ягоі “отчества”. Скажам, галоўны рэдактар атласа, які прадстаўлены як В.Л.Насевіч, гэта безумоўна шырокавядомы гісторык Вячаслаў Насевіч. Таму да яго накіроўваем гэтую першую заўвагу.
Як даведваемся з рэдакцыйнай (так думаем, бо не падпісаная) прадмовы, галоўная ідэя „Вялікага гістарычнага атласа Беларусі” - „даць шырокаму колу грамадскасці поўнае, нагляднае, навукова выверанае ўяўленне аб гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён, пры чым „гісторыя нашай Айчыны падаецца ў шырокім кантэксце, які дазволіў бы зразумець месца беларусаў у супольнасці еўрапейскіх народаў” (с.4).
Паглядзім, як з гэтай высакароднай мэтай справіліся аўтары першага тома.
Гэты том асвятляе перыяд ад з'яўлення чалавека на беларускіх землях ажда сярэдзіны ХVІ ст., а канкрэтна - да 1569 г., года заключэння Люблінскай уніі. Уводзіны да першага тома напісаў акадэмік Міхаіл Касцюк (с.9), дзе прадставіў прынцыпы, якімі кіраваліся стваральнікі гэтага тома.Яны выглядаюцьбеззаганна. Адносна картаўМ.Касцюк сцвердзіў, што некаторыя з іх з'яўляюцца эксперыментальнымі, што сведчыць “аб творчым падыходзе аўтарскага калектыву да гэтага даволі спецыфічнага спосабу выражэння гісторыі беларускага народа”. На жаль, не раскрыў імёнаў эксперыментатараў і старонак атласа, на якіх праводзіліся гэтыя эсперыменты. Захваляючы змешчаную у гэтым томе храналогію са старажытнасці да нашых дзён, аўтар уводзінаўсцвярджае, што характэрнай рысай храналогіі з'яўляецца тое, што „нярэдка найбольш значныя з'явы ў гісторыі ў гэты перыяд падаюцца ў дынаміцы, у іх эвалюцыі”.
Тымчасам храналогія як храналогія, даты і падзеі. Пра сёе-тое забыліся, як на прыклад пра паход Аскольда і Дзіра на Полацак каля 865 г. (с.11). Пад гэтай датай у храналогіі пазначана прыняцце хрысціянства баўгарскай дзяржавай. Надта ж цікава з навуковага пункту гледжання ананімны аўтар згаданай храналогіі адносіцца да гістарычных крыніц. Скажам - 882 г. гэта,паводле ананіма,„легендарная дата аб'яднання Ноўгарада і Кіева пад уладай спадчынніка Рурыка, князяАлега”. Далей:дзейнасць гэтага Алега, у тым ліку дагавор 907 г. з Візантыяй і згадкаў ім пра Полацк („першае ўпамінанне пра беларускае паселішча ў міжнароднай дыпламатыі”) трактуецца як сапраўдная, хаця ніхто з гісторыкаў таго дагавору не бачыў. А вось звестка пра княжанне ў 980 г. у Полацку Рагвалода, а ў Тураве - Тура, як і мае быць - „легендарная”. Тымчасам усе згаданыя звесткі паходзяць з гэтай самай крыніцы-„Аповесці мінулых гадоў”,-таму ўсе яны ў гэтай самай ступені легендарныя.
Храналогія ігнаруе пераказ Васіля Тацішчава пад 1182 г. пра змаганне між Васількам Яраполкавічам драгічынскім і Уладзіміркам Валадаравічам менскім за Берасце і Драгічын[2]. Шмат гісторыкаў не верыць Тацішчаву. Нядаўна ўкраінскі гісторык Аляксей Талочка паказаў, як мала верагодным даследчыкам з’яўляецца расійскі гісторык, але адносна сюжэту са змаганнем між Васількам і Уладзіміркам у нічым канкрэтным Тацішчава не дакарае[3]. Аб гэтым сэжэце крытычна выказаўся варшаўскі гісторык Адрыян Юсуповіч, калі палічыў яго сканструяваным расійскім гісторыкам з вядомых крыніцаў.[4]Але шмат вядомых польскіх гісторыкаў, перш за ўсё Ян Паверскі, Тацішчаву тут верыць[5]. Храналогія ігнаруе таксама інфармацыюпольскага храніста Вінцэнта Кадлубэка пра ўмяшанне ў змаганне за Берасце кракаўскага князя Казіміра Справядлівага ў гэтым жа 1182 г.[6] Але тут не месца на аналіз гэтых паведамленняў[7]. Сама важнае - без вышэйзгаданых звестак немагчыма зразумець, што прадстаўляюць некаторыя карты ў „Атласе”, да чаго мы яшчэ будзем вымушаныя вярнуцца. Далей пішацца пра Данілу Раманавіча, што ў 1253 адбылася ягоная каранацыя (с.12), але не згадваецца, што каранавалі яго на караля Русі якраз у Драгічынена Буге.
У храналогіі адносна гэтага перыяду не адзначанае з'яўленне першай пісьмовай згадкі пра Белую Русь у ананімным трактаце „Апісанне зямель”, створаным каля 1260 г.![8]Няма таксама першай згадкі пра Белую Русь, у якой яна дакладна лакалізуецца на тэрыторыі сённяшняй Беларусі – запіскі Яна з Чарнкова аб тым, што ў 1382 г. Кейстут зняволіў Ягайлу „ў пэўным замку на Белай Русі званым Полацк”[9]. Калі няма такога, дык не хочацца пералічаць, чаго яшчэ няма, зоймемся толькі памылкамі. Пад 1380 г. згадваецца перамога маскоўскага князя Дзмітрыя над „ханам” Мамаем (с.14). Тымчасам Мамай быў толькі военачальнікам. Ён не мог быць ханам, бо не быў нашчадкам Чынгіс-хана. Войска жсапраўднага хана Тахтамыша праз два гады спаліла Маскву. Пад 1440 г. адзначаецца, што Юрыя Лугвенавіча запрасілі стаць іх князем мяцежныя смаляне (с.15). Тымчасам яго прызналі гаспадаром, значыць вялікім князем, не толькі смаляне, але таксама палачане і віцябляне[10]. Апошні магістр Тэўтонскага ордэну,ўзгаданы пад 1525 г.,называецца чамусці Альбрэхтам Брандэнбургам (!) замест Гогенцолернам. Пад 1539 г. выступае нехта Абрахам Кульва (с.18), пры гэтым не пазначана, хто гэта такі.
Нарэшце пра Люблінскую унію. У храналогіі кароль выступае як той, які толькі зацвярджае рашэнні шляхты падляшскага, валынскага, падольскага і кіеўскага ваяводстваў аб далучэнні да Польшчы. Тымчасам кароль адыграў ва ўніі актыўную і нават вырашальную ролю. Перш за ўсё 13 сакавіка 1564 г. Жыгімонт Аўгуст абдыкаваў як вялікі князь літоўскі, а ўсялякія спадчынныя землі ў Вялікім княстве Літоўскім перадаў Каралеўству Польскаму. Гэтым актам была ліквідаваная асобная дынастыя літоўскіх манархаў, што значна аблегчыла палякам правядзенне уніі: няма манарха - няма дзяржавы.І польскі сойм абвясціў аб далучэнні згаданых ваяводстваў да Польшчы, а іх шляхта толькі гэта адобрыла.
Першы раздзел “Атласа”- гэта „Першабытнае грамадства” з уводным каментарам Міколы Крывальцэвіча. Адзначым тут, што „Вялікі гістарычны атлас Беларусі” патрабуе,на наш погляд,не агульнага каментара да картаў,змешчаных у паасобных раздзелах, але асобных артыкулаў да кожнай карты. Пераважная колькасць картаў дадзенага раздзелу, аўтарства Алены Калечыц, Уладзіміра Ісаенкі, Вадзіма Лакізы і самога Міколы Крывальцэвіча, выкананы на высокім навуковым yзроўні і поўнасцю адлюстроўвае сучасны стан беларускай археалогіі па пытаннях першабытнай археалогіі. За многа адвольных талкаванняў толькі на карце гідранімаў, запазычаных славянамі ў сваіх папярэднікаў (с. 32-33). Аўтар карты, У. Ісаенка, зрабіў памылкі так відавочныя, што не трэба быць спецыялістам, каб іх заўважыць. РэчкyЧорную Ганчу (польскае - CzarnaHańcza) на тэрыторыі Польшчы Ісаенка палічыў фіна-угорскай. За тое возера Анча (літоўскае Ančia, па-нашаму Ганча),якое ляжыць па суседску на літоўскім баку мяжы аўтар лічыць старажытнаеўрапейскім, а раку Бальтоі Анча (BaltojiAnčia, па-нашаму - Белая Ганча) - балцкай. Такім чынам адну і гэтую самую назву аўтар адносіць ажно да трох моўных груп! Далей на поўдзень плыве на карце рака Бебжа (польскае - Biebrza). Так яна называецца па-польску, бо па-нашаму яна – Бобра. Па літоўску бабёр гэта bébras, дык здавалася б усё тут ясна – палякі запазычылі назву ў балтаў.Паводле У.Ісаенка назва Бебжа, падумаць, славянская! Вядома, шмат якія гідранімы можна талкаваць з розных моў, але такія ляпсусы сур'ёзнаму даследчыку не павінны здарацца. Навогул, такую карту можна прыкласці да кніжкі пра гідранімію, а не змяшчаць у атласе без аніякага каментара.
Наступны раздзел“Атласа”называецца„Перыферыяантычнай і раннесярэднявечнай цывілізацыі” з уводным артыкулам Вячаслава Насевіча. Ён таксама аўтар усіх змешчаных тут картаў. Дадзены раздзел - вялікі прагрэс у адносінах да атласу з “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”, у якім жалезны век пачынаецца адразу з ранніхславянаў. Адкрывае раздзел карта „Перыферыі грэчаскіх полісаў паўночнага Прычарнамор’я. V-ІІІ ст. да н. э.” (с. 38). На тэрыторыі сённяшняй Беларусі адзначаныя чатыры археалагічныя культуры: штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінская,мілгарадская ды паморская, якая сягае паўдзённага Падляшша і Заходняга Палесся. Найбольш уражвае распаўсюджванне культуры штрыхаванай керамікі. На карце яна абдымае не толькі вялікі абшар цэнтральнай і паўночна-заходняй Беларусі, але і ўсё латвійскае Падзвінне з большай часткай Курляндыі ды усходні ўскраек Беласточчыны ад Нарвы (паводле рэдакцыі „Атласу”, гэтая рака называецца не Нарва, толькі Нараў) па Бобру. Галоўныя пярэчанні якраз выклікае абсяг паўночнай (латвійскай) межы культуры штрыхаванай керамікі. На падставе якіх археалагічных крыніц альбо на выніках якіх даследчыкаў дадзеная культура сягае, паводле Насевіча, Балтыйскага мора? Шматгадовае мэтанакіраванае вывучэнне культуры штрыхаванай керамікі беларускім навукоўцам Аляксандрам Егарэйчанкам абвяргае падобны гігантызм, калі да названай культуры адносілі ўсе тэрыторыі, дзе знаходзілі нават адзінкавыя фрагменты керамікі са штрыхамі[11]. За тое зусім не адзначаныя на Беласточчыне пункты мілаградзкай культуры, хаця паводле польскіх археолагаў яны тут ёсць у даліне Нарвы[12]. Непатрэбна на карце да археалагічных культур дапасаваныя назвы перададзеныя антычным аўтарам Герадотам. Зроблена гэта згодна з інтэрпрэтацыяй прапанаванай праф. Сяргеем Рассадзіным. Спробы пагадзіць пераказы антычных аўтараў з археалагічнымі дадзенымі маюць вельмі спекулятыўны характар, і хаця апрача Рассадзіна займаліся тым шмат аўтарытэтных даследчыкаў, іхняя праца нагадвае варажэнне на кававай гушчы, аб чым рэдакцыя „Атласа” дасканала ведае (параўнай каментар на с. 36).
Наступная карта мае загаловак „Праславяне і іх суседзі ў ІІ ст. да н. э. - першай палове І ст. н. э.”(с.39). Ні з яе, ні з уводнага артыкула чытач не даведаецца, хто тут лічыцца „праславянамі”. На гэтай карце арэал культуры штрыхаванай керамікі знікае з амаль усёй тэрыторыі Латвіі, а на захадзе канчаецца на беларуска-польскаймяжы, дакладна як пад лінейку. Так значная змена ніяк нідзе не пракаментаваная. Дарэчы, змена на захадзе існуе толькі ва ўяўленні аўтара гэтай карты. Складаецца ўражанне, што В.Насевіч быццам прынцыпова тут і пры іншых картах не каментуе становішча на беларускіх землях і расказвае толькі аб тым, што праходзіла дзесьці ў Прыдунаўі або Павісленні. Дадатковая карта на гэтай старонцы, “Культуры позняга латэну”, паведамляе нам, што частка насельніцтва беларускіх земляў у межах зарубінецкай археалагічнай культуры знаходзілася “пад моцным кельцкім уплывам”. Аднак, як вынікае з галоўнай карты, праз арэал зарубінецкай культуры праходзяць германцы і “палітычна аб’яднаныя з германцамі нашчадкі паморскай культуры”. А кельты спыніліся на заходніх і паўднёва-заходніх межах пшэворскай культуры. Як гэта суаднесьці паміж сабою? Магчыма ёсць археалагічныя факты названых “кельцкіх уплываў”, якія добра было бы змясціць на дадзенай карце?
Чарговая карта гэтага самага аўтарства мае загаловак „Паўночна-усходняя перыферыя рымскай цывілізацыі. Другая палова І - ІІ ст. н. э.” (с. 40). Культура штрыхаванай керамікі нібыта адсоўваецца яшчэ далей на ўсход. Позназарубінецкая культура амаль знікае з тэрыторыі Беларусі, поўдзень якой з'яўляецца пустым апрача позназарубінецкага вострава недзе ў ваколіцы сённяшняга Пінска. Міграцыя носьбітаў зарубінецкай культуры на захад адзначаная на Берасцейшчыне і паўдзённым Падляшшы, але ужо не на Беласточчыне, хаця паводле польскіх даследчыкаў у той час зарубінецкія пасялення выяўлены ўваколіцахБеластокаі Бельска Падляскага[13]. Польскія даследчыкі сцвярджаюць існаванне на Падляшшы на пачатку 2 тысячагоддзя „культурнага рубяжа паміж з'яваміхарактэрнымі тады для польскіх зямель на ўсходзе і беларускіх на захадзе”[14]. Іншыя бачаць тут хутчэй за ўсё пшеворска-зарубінецкую „змешаную зону”, але яе межы таксама адсоўваюць далей на поўнач чым гэта паказана ў „Атласе”[15]. Адзначым яшчэ, што Дняпро пазначаныяк Барысфен уздоўж цэлага цячэння, хаця больш праўдападобна, і аб чым дасканала вядома В. Насевічу, што ад месца зліцця гэтай ракі з Бярэзінай Барысфенам называлі якраз гэтую другую[16]. Але самым не вытлумачальным і не зразумелым з’яўляецца этнонім “Фены” на тэрыторыі культуры штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай і познадзякоўскай (якая на самой справе ў гэты час яшчэ не была “позняй”) археалагічных культур. Праўда на карце са стр.38 на іх месцы 300-400 год назад пражывалі паводле складальнікаў “андрафагі”. Як у этналагічным сэнсе разумеюць аўтары карты дадзеную назву (“фены”) антычных крыніц? Нам найбліжэй атаясамліваць “фенаў” Тацыта з угра-фінскімі народамі, як гэта агульнапрынята сярод спецыялістаў[17]. А калі так, дык названыя культуры выпадаюць з ліку балцкіх. Няўжо ж рэдакцыя “Атласа” здзяйсняе навуковую контррэвалюцыю і цяпер этнічным субстратам будучых беларусаў з’яўляюцца не балцкія, а угра-фінскія народы, зусім як у велікаросаў?
На карце „Продкі славян у протадзяржаве готаў. ІІІ-ІVст.” (с. 41) нарэшце з’яўляюцца славяне - пад назвай „венеты”. Яны размяшчаюцца на тэрыторыі кіеўскай культуры, якая ахоплівала басейн Дзясны і сярэдняе цячэнне Дняпра і Бярэзіны. З названага рэгіёна культурныя імпульсы ідуць на паўночны ўсход і на поўнач, на тэрыторыю тушамлінскай культуры.Тут мы сутыкаемся з чарговым “навуковым адкрыццём” В. Насевіча. Раптам знікае “днепра-дзвінская археалагічная культура” (традыцыйна без усялякіх тлумачэнняў), месца якой займае “тушамлянская культура”, якая ўся пакрэслена рысамі “элементаў кіеўскай культуры”. Аднак акадэмічная “Археалогія Беларусі” час існавання днепра-дзвінскай культуры вызначае ад VIII-VIIстст. да н.э. да рубяжа IV-Vстст. н.э.[18]Да сярэдзіны Vст. “працягвае” жыццё днепра-дзвінскай культуры і Аляксандр Мядзведзеў[19]. Іншы аўтарытэтны археолаг Яўген Шмідт датуе заняпад гэтай культуры ў Верхнім Падняпроўі на тэрыторыі Смаленшчыны мяжой ІІІ -IVстст. н.э., а фармаванне на яе аснове новай “тушамлянскай”канцом ІІІ – пачаткам Vстст.[20]На ўсход ад новастворанай у кабінетах айчынных гістарычных картографаў “тушамлянскай культуры” лакалізавана “мошчынская” археалагічная культура, якая заняла месца папярэдняй “познадзякоўскай” імгненнай хуткасьцю. На папярэдняй карце да канца ІІ ст.н.э. намалявана апошняя, а з пачаткам ІІІ ст.н.э. ужо мошчынская, якая спецыялістамі датуецца IV-VIIстст. і атаесамляецца з ўсходнімі балтамі па этнакультурных прыкметах[21]. Вось так рэалізуецца прынцып “дынамізму” ў складальнікаў “Атласа”. Паказаная таксама каланізацыя часткі культуры штрыхаванай керамікі на ўсходзе Літвы з тэрыторыі, на якой пазней фіксуюцца яцвягі. Арэал культуры штрыхаванай керамікі зводзіцца толькі да вярхоўяў Нёмана і Вяллі. Тымчасам польскія археолагі выявілі шмат паселішчаў штрыхавікоў далёка на захад і поўдзень ад лініі накрэсленай у „Атласе”. Нават на дзядзінцы палаца Браніцкіх у цэнтры сённяшняга Беластока існавала паселішча ў ІІІ – на пачатку ІVст. н. э.[22]!Дзіўна, што паказваючы межы протадзяржавы готаў, неўключаны Павісленне і Пабужжа, хаця “OrigoGothica” прыпісвае Германарыху панаванне над цэлай Скіфіяй і Германіяй, якіх мяжой лічылася тады менавіта Вісла. Такім чынам Германарых павінен быў кантраляваць нейкія тэрыторыі над Віслай, а прынамсі шлях па Бугу і Вісле да Балтыйскага мора[23]. А вельбарская культура трывала на сваім мацерыку да сярэдзіны Vст.
На дадзенай карце з’яўляецца яшчэ адно “навуковае адкрыццё”. Нам прапануецца прыняць версію, што ў адзначаны час дзякуючы культурным імпульсам з боку культуры шурпатай керамікі фарміруюцца новыя культуры – паўднёвалатвійскіх, усходнелітоўскіх і каменных курганоў. Найбольшую цікавасць у нас выклікае апошняя археалагічная культура - “каменных курганоў”. Яна лакалізуюцца паміж р. Нарвай і сярэднім цячэннем Нёмана. Яе беларускі фрагмент амаль нязменна паўтараецца на ўсіх наступных картах, каб на с. 44 зрабіцца “продкамі яцьвягаў”. Но вось парадокс, на тэрыторыі Беларускага Панёмання не выяўлена ніводнага каменнага кургана раней мяжы І і ІІ тыс.н.э., а іх этнічная прыналежнасць надалей дыскусыйная[24].
Заўважым таксама, што ў раздзеле „Перыферыя антычнай і раннесярэдневяковай цывілізацыі” аўтары і складальнікі картаў зусім адмовіліся ад лакалізацыі найбольш значных археалагічных помнікаў на тэрыторыі Беларусі, нават тых што далі назвы агульнапрынятых археалагічных культур: гарадзішча каля в. Мілаград Рэчыцкага р-на,гарадзішча каля в. Банцараўшчына каля Мінску, гарадзішча каля в. Калочын Лоеўскага р-на. На ніводнай з папярэдніх картаў (с. 38-41) складальнікі не палічылі патрэбным пазначыць месцы знаходак рымскіх вырабаў на беларускіх землях. А вядома іх некалькі дзесяткаў (фібулы, пацеркі, манеты, нават кераміка), асабліва ў басейне Прыпяці паміж Пінскам і Брэстам, а таксама на левабярэжжы Нёмана. У выніку чытач, разглядаючы вірлівае жыццё ў межах лімесу, адчувае сябе пазбаўленым здабыткаў антычнай і рымскай культурнай і тэхналагічнай цывілізацыі на беларускіх землях.
На карце „Пачатак вялікага рассялення славян. V- першая палова VІ ст.” (с. 42) В. Насевіч паказвае Падляшша як пустку. Тымчасам самы выдатны польскі знаўца гэтай эпохі, Казімеж Гадлоўскі, далучае Падляшша да тэрыторыі інфільтрацыі ў гэты час ранніх славянаў у выглядзе калочынскай і пражска-карчакскай археалагічных культур[25]. На тэрыторыі Падляшша прасочваюццатаксама ўплывы банцараўскай культуры. Кераміка з раскопкаў у Гацьках пад Бельскам Падляскім дазваляе нават ставіць гіпотэзу аб плаўным пераходзе ад позназарубінецкай да раннеславянскай культуры і аўтахтанізме тутэйшых славян[26]. Увогуле, паводле аўтара дадзенай мапы славяне вельмі дынамічна занялі значныя тэрыторыі на захад і поўдзень ад сваёй мацярынскай кіеўскай археалагічнай культуры. Але для нас самая вялікая радасць гэта вяртанне “познедзякоўскай культуры”, якой мы не знайшлі на папярэдняй мапе „Продкі славян у протадзяржаве готаў. ІІІ-ІV ст.”
Наступная карта аўтарства В. Насевіча - “Славяне ў перыяд гегемоніі Авараў. Другая палова VІ ст. - сярэдзіна VІІ ст.” (с. 43). Першае, што тут кідаецца ў вочы, дык неадпаведнасць назвы карты з яе зместам адносна беларускіх земляў. Паўночная мяжа Аварскага каганату ў апошняй чвэрці VІ ст. – першай чвэрці VІІ ст. праходзіла надта ж далёка ад паўднёвай мяжы сучаснай Беларусі, каб уплываць на тагачаснае насельнітцва.За тое паўночна заходняя мяжы протабалгарскай дзяржавы хана Кумрата, сутыкаецца з паўднёваўсходняй мяжой сучаснай Беларусі, падзяляючы калочынскую культуру амаль пасярэдзіне. А з легенды да карты даведваемся, што дзяржава хана Кумрата з 670 г. была падпарадкавана Хазарскай дзяржаве, значыцца большыя ўплывы, асабліва на ўсходзе, тагачаснае насельніцтва павінна было адчуваць з боку “протабалгар”, а асабліва хазараў. Толькі гэта ніяк не пацверджваецца ў крыніцах і выглядае хутчэй за жаданне аўтара. Непасрэдна на беларускім землях этнакультурная сітуацыя адлюстроўвана наступным чынам. На ўсходзе Беларусі ў Магілёўскім Падняпроўі і Пасожжы пражывалі носьбіты калочынскай культуры, бяспрэчна славянскай па зместу. На поўдні па правых прытоках Прыпяці таксама лакалізуюцца славяне, прадстаўнікі пражскай культуры. А большую частку тэрыторыі сучаснай Беларусі займалі неславянскія культуры: банцараўская, тушамлянская, усходнелітоўскіх курганоў і каменных курганоў. Паўторымся, на сёняшні дзень на тэрыторыі Заходняй Беларусі не вядомы ніводны “каменны курган” другой паловы VІ ст. - VІІ ст. На поўнач ад Прыпяці пазначана даволі значная белая паласа, як разумеем незаселяная тэрыторыя, якая не дазваляла кантактаваць паміж сабою славянскай пражскай культуры з балцкімі, асабліва з банцараўскай і каменных курганаў.
Яшчэ большую збянтэжанасць выклікае ў чытача апошняя карта гэтага раздзелу «Цэнтральная і Усходняя Еўропа. Канец VIІ – VIІІ стст.” (с. 44). На ёй мы ўпершыню сустракаем славянскія назвы“племянных саюзаў, якія склаліся ў VIІІ ст”. Cярод іх “драўляне і паляне” на правабярэжжы Сярэдняга Дняпра, “севера” на левабярэжжыДняпра, а таксама “паляне” паміж рэкамі Одра і Варта і “вісляне” ў вярхоўях Віслы. Пытанне – ў якіх крыніц названы гэтыя плямёны ў акрэслены час? Ці няма там раптам “крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў”? Праўда меншымі літарамі і іншым колерам пазначаны на дадзенай карце дзесяткі іншых назваў прадстаўленых у легендзе як “назвы этнапалітычных супольнасцяў”.Але марна шукаць якія-небудзь назвы на беларускіх землях. Праўда, поўдзень Беларусі (Палесьсе) амаль простай лініяй ад упадзення р.Сож у Дняпро на ўсходзе да вытокаў р.Нарвы на захадзе зафарбавана “славянскім колерам”, а тры літары ад назвы “пляменнага саюзу драўлян” напісаны на нашых землях. Цэнтральная Беларусь і Магілёўскае Падняпроўе на дадзенай карце tabula rasa, незаселяная тэрыторыя (а на папярэдняй карце тут пражывалі носьбіты калочынскай культуры), праз якую нейкім таямнічым і фантастычным чынам пераскочылі славяне, якіявярнуліся з Прыдунаўя ў другой палове VII - першай палове VIII стст. Менавіта гэтае вяртанне, на думку аўтара карты, паўплывала на ўтварэнне “выразна славянскіх” археалагічных культур Лука-Райкавецкая, валынцаўская і смаленскіх доўгіх курганоў. Але побач у легендзе пазначана “культура полацка-смаленскіх доўгіх курганоў”, з заўвагай у дужках “з удзелам балтаў”. Дык атрымоўваецца, што існавала дзве культуры: “смаленскіх доўгіх курганоў” і “полацка-смаленскіх доўгіх курганоў”! І чым яны адрозніваюцца паміж сабой? Таксама амаль немагчыма зразумець семантычную розніцу паміж археалагічнымі культурамі “з удзелам балтаў” і “змешанымі”, якія прапануюць нам аўтары. Напрыклад, Падляшша і Мазоўша на ўсход ад Віслы паказаны як зона мяшанай мазурскай культуры (славяна-яцвяжскай).Культура “наўгародскіх сопак” названа як славяна-фінская. І толькі “ўласна” беларуская археалагічная культура “банцараўская”, якая размешчана сярод змешаных, не пазначана, хто з кім змешваўся, мусіць каб чытач не здагадаўся. Больш таго, блізкая да яе і тыпалагічна аднародная “тушамлянская кульутра” ўвогуле знікае. За 150 год ад часу папярэдняй карты, па жаданню стваральнікаў, кардынальна зьмяняецца этнакультурная сітацыя і вакол Беларусі: пустое ўзбрэжжа Паўднёва-Усходняй Балтыкі засяляюць фінскія плямёны (раней “белая пляма”); паміж Нёманам і латвійскім фрагментам Заходняй Дзвіны з’яўляецца аднастайная культура “грунтовыя могільнікі ўсходніх балтаў”; коштам беларускіх земляў пашыраецца культура ўсходнелітоўскіх курганаў у паўднёва-заходнім накірунку, аж да Нёмана насупроць Навагрудка. І абавязкова амаль нязменныя каменныя курганы яцьвягаў, якія на поўдні дасягнулі ўжо Берасця.
Калі ідзе гаворка пра адлюстраванне даславянскага, праславянскага і пачатак славянскага перыяду, складаецца ўражанне, што аўтары адпаведных картаў „Атласа” спецыяльна збіваюць з панталыку чытача, каб прыкрыць адсутнасць уласнай беларускай пазіцыі па праблемах этнакультурных працэсаў на беларускіх землях на працягу 1600 год (ад VIІІ ст. да н.э. па VIІІ ст.н.э.). Прыдумваюцца і змяняяцца безпадстаўна археалагічныя культуры, іх лакалізацыя, межы і час існавання. Таксамаігнаруюцца даслоўна ўсе факты, якія звязваюць гісторыю засялення тэрыторыі Беласточчыны з Беларуссю.
Трэці раздзел мае загаловак „Старажытная Русь”. Сама назва раздзелу – навуковы анахранізм[27], які прызнаецца толькі часткай заідэялагізаваных расейскіх навукоўцаў, ды украінскімі гісторыкамі старой савецкай “закваскі” (Петр Талочка, Мікалай Катляр). Толькі на Беларусі гэтая “дэфініцыя” нажаль мае характар “навуковай аксіомы” і “бяспрэчнай ісьціны”, што адлюстравалася на картах дадзенага раздзелу “Атласа”. Нам падаецца, што раз гэта “Вялікі гістарычны Атлас Беларусі”, дык і назва раздзела павінна быць “Старажытная Беларусь”. Няўжо ж гэта страх быць далучаным да аднадумцаў Міколы Ермаловіча, які так назваў адну з першых сваіх кніг? Пры гэтым ва ўступе да раздзелу (с. 46) аўтары В.Насевіч і В.Цемушаў[28]пару разоў ужываюць тэрмін “стражытнабеларскі”.
На першай карце прадстаўлены „Працэс дзяржаваўтварэння на славянскіх землях. Другая палова VІІІ - першая палова ІХ ст.” (с. 47). Яе аўтар, В. Цемушаў, чамусці да славянскіх дзяржаў залічыў Балгарскае царства. Да земляў славян, на якіх праходзіў тады працэс дзяржаваўтварэння, залічыў землі драўлян і палян, хаця няма ніякіх пісьмовых звестак пра нейкія дзяржаваўтварэнні на гэтай тэрыторыі ў згаданы перыяд. Нічога невядома таксама навуцы аб нейкіх працэсах дзяржаваўтварэння ў ільменскіх славенаў. Маем толькі цьмяныя звесткі аб нейкім Рускім ці Нарманскім каганаце, які напэўна не быў тварэннем славенаў. Гістарычнай навуцы нічога не вядома аб тым, каб хто небудзь у прыбалтыйскім рэгіёне плаціў даніну варагам у другой палове VІІІ ст. У першай палове ІХ ст. напэўна плацілі варагам даніну славене, чудзь, мера, весь і крывічы. Шведам плацілі куршы. Пра тое, каб плацілі такую даніну земгалы, жэмайты ці латгалы нічога не вядома. Маем толькі легендарныя звесткі пра пірацкія набегі вікінгаў на Падзвінне. Няма ўпэўненасці, ці плацілі такую дань усе крывічы, а ў прыватнасці, ці плацілі такую дань палачане. Паводле „Гісторыі датчан” Саксы Вучонага, Полацк быў незалежным саюзнікам Рускай дзяржавыРурыка[29]. На існаванне Полацкай дзяржавы ў ІХ ст. паказваюць таксама археалагічныя раскопкі[30]. Але на карце Полацка не знайсці!Абсалютна бязглузда прадстаўлены кантроль „варагаў-русаў” над асноўнымі шляхамі трансеўрапейскага гандлю. У прыватнасці, немагчыма, каб русы кантаралявалі Дзвінска-дняпроўскі шлях, бо іх тут тады проста не было. Самыя раннія скандынаўскія старажытнасціКіева адносяцца да перыяду 930-950 гг.![31]Такім чынам, згаданая карта у адносінах да гісторыі Беларусі падае толькі адну(!) праўдападобную звестку – тое, што радзімічы плацілі дань хазарам. Увогуле, не зразумелыя інтэнцыі аўтара, які не адзначыў на карце галоўныя гандлёва-рамесныя цэнтры з дамінаваннем варагаў – Ладага, Рурыкава гарадзішча, Пскоў, Гнёздава, Цімерава, Белавозера, Даўгмале, Гробіна. Не знайшлося таксама месца, каб паказаць лакалізацыю скандынаўскіх рэчаў і арабскіх манетаў на тэрыторыі Беларусі VІІІ – Х (ці нават ХІ) стст. Крыніцамі для падобнай карты маглі бы стаць напрацоўкі праф. Валянціна Рабцэвіча[32]па нумізматыцы і Сяргея Дзярновіча[33]па варажскай тэматыцы. На с. 47 змешчана яшчэ адна карта аўтарства В. Цемушава - “Рассяленне славянаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі”. Як вынікае з легенды да яе, яна ахоплівае храналагічны перыяд ІХ-Х стст. адносна славянаў, а тэрыторыя рассялення балтаў вызначана на ХІІ ст. Мусіць гэта таксама сваеасаблівы прынцып “дынамізму і развіцця гістарычных падзеяў”.
Але нас найперш цікавіць канцэпцыя і яе колеравая рэалізацыя. З яе вынікае, што да ІХ ст. усходнія славяне пражывалі на поўдні Беларусі ў дзвюх не вялікіх зонах каля Турава і Мазыра. А на поўначы засялялі басейн Полацка-Віцебскае Падзвінне, які па колеру звязаны з зонай “культуры пскоўскіх доўгіх курганоў”. У наступных ІХ-Х стст. адбываюцца актыўныя каланізацыйныя працэсы усходніх славянаў. У выніку якіх на поўдні і паўднёвым усходзе аславянізаваліся абодва берагі р.Прыпяць, а асабліва Пасожжа, дзе лакалізуюцца радзімічы. А з поўначы славяне паступова прасоўваліся ў бок Цэнтральнай Беларусі. Такім чынам, карта замацоўвае агульнапрыняты погляд аб славянскай асіміляцыі папярэдніх балцкіх плямёнаў на беларускіх землях. Дарэчы на дадзенай карце мы сустракаем першы і апошні раз “палачанаў” з этнагеаграфічнага ўступу да «Аповесці мінулых гадоў”, а таксама племянныя цэнтры – 9 пунктаў (Полацк, Віцебск, Лукомль, а таксама Ізяслаўль у крывіцкай зоне, Гомель ў радзіміцкай, Тураў, Мазыр, Хатамеля (так на карце) і Случаск ў дрыгавіцкай, і гандлёва-раместныя цэнтры – 3 пункты (Гнёздава, Гарадзішча на Менцы і Гарадзішча на Ясельдзе).
Надта ж цікавая карта „Усходняя Еўропа ў другой палове ІХ - ХІ ст. Славянскія дзяржавы” (с. 48). Адразу зазначым, што чытач не знойдзе ніводнай інфармацыі альбо факту з ХІ ст., бо аўтара, В. Цемушава, сапраўды цікавілі падзеі да пачатку ХІ ст. Па-просту забыліся дапісаць у назве карты слова “пачатку ХІ ст.”. Да славянскіх дзяржаваў чамусці залічаныя не толькі Балгарскае царства, але і „Старажытнаруская” (чаму не проста руская?) дзяржава. Няўжо ж у ІХ ст. балгары і русы былі славянамі? Гісторыя Беларусі на карце прадстаўлена проста скандальна! Неадзначаны тут „легендарнныя” княжанні Рагвалода і Тура, хаця адзначаюцца ўсе не менш легендарныя паходы легендарных Алега ці Аскольда, праўда забылі адзначыцьтолькі легендарны паходАскольда і Дзірана Полацк. Тут ужо разумеем, што пропуск гэтага пахода ў храналогіі не выпадковасць, толькі пазіцыя. А якая ж гэта можа быць пазіцыя? Цяжка ў гэта паверыць, але тлумачэнне можа быць толькі адно: Паводле складальнікаў „Вялікага атласа гісторыі Беларусі” не існавала першая беларуская дзяржава - Полацкае княства Рогвалада! Натуральна, не існавала таксама і княжанне Тура. Полацк і Тураў папалі ў катэгорыю „населеных пунктаў”.Пра княжанне Тура ня ведаем амаль нічога.Але адносна княжання Рогвалада, дык межы яго княства спрабаваў вызначыць Г. Семянчук[34]. Вынікі яго працы нікім не былі аспрэчаныя, то досыць было б нанесцінакрэсленую ім карту.
Пры стварэнні картаў “Падзел Русі на вотчыны розных галін Рурыкавічаў ХІ-ХІІ стст.” (с. 49) аўтарства В. Насевіча, і трох картаў аўтарства В. Цемушава: “Княствы на тэрыторыі Беларусі ХІ-ХІІ стст.” (с. 50), “Полацкая зямля ў ваенна-палітычных падзеях ХІ ст.” (с. 51) і “Полацкая зямля ў ваенна-палітычных падзеях ХІІ ст.” (с. 52) пры вызначэнні межаў Полацкай зямлі таксама праігнараваны распрацоўкі Г. Семянчука па фармаванню тэрыторыі гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Таму і атрымалася, што на с. 49 паўночная мяжа Полацкай зямлі з Наўгародскай праходзіць каля Вялікіх Лук і вытокаў р. Вялікая, а ўжо пачынаючы с.50 і далей дазеная мяжа намалявана амаль па абрысах сучаснай Рэспублікі Беларусь. Яшчэ менш зразумелая пазіцыя аўтараў адносна рубяжоў Полацкага княства ў Ніжнім Падзвінні. Агульнапрынята, што ўжо ў часы Усяслава Брачыславіча (памёр у 1101 г.) полацкія ўплывы пашараюцца ўздоўж Заходняй Дзвіны да яе ўпадзення ў Балтыйскае мора. Нават латышскія і расійскія археолагі лічаць з’яўленне ўмацаваных паселішчаў Герцыке і Кукенойс у другой палове ХІ ст. як вынік актыўнасці Полацка[35]. Аднак на карце (с. 50) яны пададзены як “асяродкі ўлады Полацка ў суседніх землях” і размяшчаюцца экстэрытарыяльна ад Полацка. Пашырэнне Полацкай зямлі ўздоўж Дзвіны на згаданых картах адбываецца нейк таямніча і здаецца адлюстроўвае хутчэй за ўсё страх аўтара падаць гістарычныя і археалагічныя факты. На с.51 – у ХІ ст. Полацкая зямля не выходзіць за межы сучаснай РБ, а на с. 52 – у ХІІ ст. Полацку належаць ужо “Летыгола/Латгалы”, але без Герцыке і Кукенойса. А пад палітычным уплывам каго знаходзіліся селы, земгалы і лівы? У гістарычных крыніцах і на думку даследчыкаў, амаль аднадушную, (Аляксандр Насонаў, Леанід Аляксееў, Гэнрых Лаўмяньскі, Ян Паверскі, Георгі Штыхаў і інш.) названыя падзвінскія народы залежалі ад Полацка. Магчыма ў складальнікаў дадзеных картаў “марская хвароба” і яны не прызнаюць наяўнасць палачанаў на берагах Балтыкі ў ваколіцах Рыгі. Але навошта гэтую “хваробу” пераносіць на нашых продкаў? Калі аўтары «Атласа» ніяк не хочуць прызнаць за нашымі продкамі земляў, якія ім належылі паводле гістарычных крыніцаў, дык зразумела, што дарма ад іх чакаць, каб паказалі як прыналежны Полацку Крывы горад на тэрыторыі сённяшняй Вільні і навакольную акругу, нягледзячы на археалагічныя доказы славянскай прысутнасці на гэтай тэрыторыі[36].
Ва ўступе да дадзенага раздзелу (с. 46) карта “Княствы на тэрыторыі Беларусі ХІ-ХІІ стст.” (с. 50), названа эксперыментальнай. Аўтар, В. Цемушаў, прапануе адмаўленне ад “традыцыйных уяўленняў аб фарміраванні княстваў і зямель, стабільных межаў паміж дзяржаўнымі ўтварэннямі і г.д. Замест іх аўтар паспрабаваў паказаць няпэўныя межы тэрытарыяльных адзінак з пасамі незанятых зямель паміж імі. Усе воласці, княствы, удзелы не статычныя, у іх развіцці галоўным з’яўляецца каланізацыйны фактар, хоць і палітычныя падзеі таксама прыводзілі да тэрытарыяльных змен” (с.46).
Трэба толькі вітаць падобныя ініцыятывы, бо сапраўды гістарычная картаграфія змяняецца пад уплывам новых метадалогій і методык, фактаў, канцэпцый і меркаванняў. Вельмі перспектыўным з’яўляецца выкарыстоўванне абсалютна не выкарыстанага раней элементу – зоны распаўсюджвання лясоў. Аднак, увогуле, дадзеная карта не апраўдала выказаных вышэй дэклярацый. “Няпэўныя межы” датычацца толькі Полацкай зямлі і асабліва яе заходняга арэала, якія ўсяроўна абазначаны “умоўнымі межамі”. Лясныя зоны пазначаны вельмі схематычна, выбарачна і хутчэй нагадваюць рудыменты і сучасны стан.Слаба адлюстраваны “галоўны каланізацыйны фактар” у развіцці тэрытарыяльных адзінак. Як разумець акрэсленні “засвоеныя або акняжаныя землі” і “неасвоеныя або неакняжаныя тэрыторыі”? Звычайна нават у глухіх лясах нейкая межа вызначалася - завады, засекі, копцы, рачулки і тп.?Цікава пры тым, што прастора “неасвоеных або неакняжаных тэрыторый” лакалізуецца практычна толькі на беларускіх землях. Абсалютна памылковае і непрымальнае спалучэнне на адной карце летапісных паведамленняў і вынікаў археалагічных даследаванняў адносна населяных пунктаў. Па гэтай прычыне найстаршым населеным пунктам Беларусі стаў раптам Браслаў, датаваны археалагічна VI-VIIстст. Чамусьці каля Полацка не пазначана дата “першага ўпамінання ўласных князёў у населяных пунктах”? Ну не шанцуе Рагвалоду і не любяць яго ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.
Зусім не лепей на згаданых картах пададзены падзеі на захадзе краіны. На карце „Княствы на тэрыторыі Беларусі. ХІ-ХІІ ст.” (с. 50) абшар будучаго „вялікага” Падляшша (з Берасцем, Драгічынам і Бельскам) адзначана як тэрыторыя Русі, часова прыналежная да Польшчы ў 1018-1022 гг. За тое на наступнай карце (с. 51) прыналежнасць гэтай тэрыторыі да Польшчы прадаўжаецца з 1018 па 1031 г. Дзіўна, тым больш, што абедзве карты склаў гэты самы аўтар. Вяртаючыся да датаў „прыналежнасці” згаданай тэрыторыі да Польшчы - агульнавядома, што першая дата, якая адносіцца да яе падаецца ў „Аповесці мінулых гадоў”. Згодна гэтаму твору, у 1019 г. пасля бітвы над Альтай хворага Святаполка тураўскага прынеслі ва ўцёках да Берасця. Немала гісторыкаў, і не толькі польскіх, трактуюць гэта як доказ, што Берасце належыла на зломе тысячагоддзяў да Польшчы. Усё ж такі відаць мае рацыю вядомыпольскі гісторык Генрых Лаўмянскі, што Берасце было пагранічнай крэпасцю Тураўскай зямлі[37]. Як там ні было, дата 1018 г. як пачатак прыналежнасці Берасця да Польшчы абсалютна непрымальна. У 1018 г. да Польшчы далучаныя былі Чэрвенскія гарады, якія належалі ворагу Святаполка - Яраславу. Для Святаполка польскі кароль Баляслаў Харобры быў цесцем і саюзнікам. Згодна логіцы, аўтар павінен лічыць Берасце як прыналежнае Святаполку ажно да яго смерці. Дата смерці Святаслава невядомая, з маўчання крыніцаў пра яго прымаецца, што было гэта ў тым жа 1019 г. Толькі тады Берасце магло перайсці непасрэдна пад уладу Харобрага, і тамў ў 1022 Яраслаў Мудры прымушаны быў атакаваць гэты горад. Не вядома усё такі, ці яго узяў, прымаецца, што мог вярнуць Русі гэты горад разам з Чэрвенскімі гарадамі ў 1031 г., або і пазней, у 1040 або1047 гг. падчас паходаў на Маслава мазавецкага. Якбыццам бы няўвязкі з датай заканчэння польскай акупацыі Берасця была мала, Цемушаў крэсліць на другой са згаданых картаў шлях паходу Баляслава Харобрага і захоп ім Берасця ў 1020 г. Небывала - Баляслаў нібыта атакаваў самога сябе!
Дарэчы, калі ўжо гаворка пайшла праваенна-палітычныяпадзеіХІ ст., дык абсалютна незразумела, чаму Цёмушаў абмежаваўся толькі да Полацкай зямлі, калі не ўлічваць уяўнага паходу Баляслава на Берасце. Сапраўды, у ваенныя дзеянні была тады ўцягнутая цэлая Беларусь. Паход Яраслава на Берасце ў 1022 г. быў апошнім вядомым акордам вайны, якая пачалася ў 1016 г. і ўцянула ў свой вір як Тураўскае княства Святаполка, так Полацкае Брачыслава. Нават невядома, каго атакаваў Яраслаў у 1022 г. у гэтым Берасці: палякаў, тураўцаў ці палачанаў. Таму на наш погляд варта было б гэтыя падзеі прадставіць на асобнай карце, дадаўшы да гэтага паходы Яраслава супраць мазаўшан, на літву і яцвягаў.Магчыма, карты, якія адлюстроўваюць падзеі ХІ ст., былі б больш інфармацыйнымі, калі б рэдакцыя прызнала існаванне Тураўскага княства, няхай сабе як кіеўскай воласці.[38]Пры гэтым воласці вельмі важнай, бо менавіта з тураўскага княскага стала ў ХІ ст. часта князі пераходзілі на кіеўскі: 1015 г. Святаполк Уладзіміравіч; 1054 г. – Ізяслаз Яраславіч; 1093 – Святаполк Ізяславіч[39]. Але рэдакцыя ўпарта лезе ў тупік. Калі раней адмовілася прызнаваць існаванне княжання Тура, дык тым больш не можа прызнаць існаванне княства Святаполка. Ворагі апальнага князя назвалі яго “Акаянным”, але нават такая мянушка лепшая за замоўчванне. І як жа паказаць падзел Русі і войны пачатку ХІ ст. на тэрыторыі Беларусі без Тураўскага княства? Чаму Свяіаполк апынуўся якраз у Берасці? Дык вось і маем, што маем – на картах “Атласа” б’ецца немаведама хто супраць невядома каго, а некаторыя ўладары дык і самі з сабою...
Ваенныя падзеі часоў княжання Усяслава Брачыславіча варта было б разглядаць на фоне агульнаеўрапейскіх і агульнарускіх падзей. Актыўнасць полацкага князя ў другой палове ХІ ст. скончылася найбуйнейшым палітычным крызісам на Русі ў той час, ўцягнула ў вайну Польшчу і качэўнікаў[40]. Таму аўтар карты “Полацкая зямля ў ваенна-палітычных падзеях ХІ ст.” (с. 51) не ўлічыў ваенныя падзеі вакол Берасця каля 1073 г.[41]Гэта ж былі эпізоды гэтай самай вайны за панаванне над Руссю, пры чым палякі спалілі гэты горад. Падобная карта дазволіла бы адлюстраваць актыўнасць Усяслава і Полацка ў гандлёвым і палітычным жыцці ў Балтыйскім рэгіёне.На думку польскага гісторыка Яна Паверскага, дзейнасць полацкага князя была адным з магчымых чыннікаў палітычнай дэстабілізацыі на берагах Балтыкі ў 60-х гадах ХІ ст. Паганскія рэакцыі ў землях абадрытаў у 1066 г. і ў Швецыі ў 1067 г. былі нейкім чынам звязаныя з тагачаснай вайной Усяслава з Яраславічамі. Барацьба з паўстанцамі адцягвала сілы магчымых саюзнікаў Яраславічаў — скандынаўскіх дынастый Гаральда Гардрадэ нарвежскага, Свена Естрыдсэна дацкага і нашчадкаў шведскага караля Стэнкіла, а таксама марграфа Паўночнай Мархіі Ўдона ІІ. У любым выпадку дакладна тое, што Ўсяслаў выкарыстаў паганскія рэакцыі ў Балтыйскім рэгіёне ў сваёй вайне з Яраславічамі[42]. Актыўнасць Усяслава на Балтыцы дазваляе нам таксама сцвярджаць пра статус Полацкага княства як марской дзяржавы, якая павінна мець свой флот. Раней Полацкая зямля ўяўлялася прымітыўнай сухаземнай краінай, перыферыяй Кіева. Тымчасам ужо прадзед Усяслава, Рогвалад, прыплыў тут на караблях:«бе бо Рогволодъ пришёл и-заморья, имяше власть свою в Полотьске».
Вяртаючыся яшчэ раз да Тураўскага княства ў другой палове ХІ ст., мусім нагадаць рэдакцыі “Атласа” і В. Цемушаву, як аўтару адпаведных картаў, што паўднёвабеларускія землі былі арэнай зацятай барацьбы ў 70-90-х гадах ХІ ст. нашчадкаў Ізяслава Яраславіча Яраполка і Святаполка за свае спадчынныя правы на Валынскае і Тураўскае княствы з Усеваладам Яраславічам, Давыдам Ігаравічам і Расціславічамі. Больш таго, згодна з пастановай з’езду ў Любечы 1097 г., Святаполк Ізяславіч “яко князь туровскій” атрымаў значную тэрыторыю “об оне стороне Припети” з гарадамі Туравам, Пінскам, Берасцем і Пагарыннем, а як вялікі князь кіеўскі – Кіеўскае княства і Наўнародскую зямлю “к нему”[43]. Аўтарытэтны беларускі археолаг і гісторык Пётр Лысенка яшчэ ў 1974 г. прапанаваў, зразумела ўмоўныя, абрысы Тураўскай зямлі[44], але яны не ўлічаны В. Насевічам пры складанні карты “Падзел Русі на вотчыны розных галін Рурыкавічаў ХІ – ХІІ стст.” (с. 49), а В. Цемушавым – “Полацкая зямля ў ваенна-палітычных падзеях ХІІ ст.” (с. 52). Дык ад якога княства аддзялялі ў ХІІ ст. Пабужжа, Панёманне, Пагарынне, Слуцк, Клецк і Рагачоў? Такім чынам, Тураўскае княства знаходзіцца ў межах Беларусі з пазіцыі сучаснай адміністрацыйна-палітычеай геаграфіі, а ў кантэксце падзей ХІ ст. выпадае з айчыннай гісторыі, бо яму не знайшлося адпаведнага месца на гістарычных картах “Атласа”.
Асобныя пытанні выклікае спосаб падачы ў гэтым раздзеле гісторыіДрагічынскай зямлі. На першай карце Драгічынскае княства (якога сталіца чамусці называецца „Драхічын”!) азначанае як тэрыторыя, якая часова адышла да Польшчы каля 1180 г. Тое самае на с. 51. Толькі на с. 54 Драгічын „вяртаецца ў склад валынскіх зямель” у 1238 г.Дата каля 1180 г. і ўсё, што з ёй звязанае, абапёртая выключна на паведамленні Тацішчава аб вайне Уладзіміра Валадаравіча мінскага з Васільком драгічынскім, аб чым мы пісалі крытыкуючы храналогію. У старэйшай версіі Тацішчава запісана, што Раман Мсціславіч выгнаў Васільку Яраполкавіча і далучыў яго землі да свайго княства. Ускосна пацвярджае гэта польскі храніст Вінцэнт Кадлубак, які сцвярджае, што Казімір Справядлівы ўзяў Берасце і аддаў свайму стаўленніку, але пасля яго атручання перадаў горад Раману. Васілька нібыта аддаў Драгічын свайму зяцю, мазавецкаму князю Лешку Баляслававічу, але ў 1192 г. паводле Кадлубака ў Драгічыне сядзеў нейкі князь-русін, які прапускаў на палякаў яцвягаў. Яго і зваяваў Казімір Справядлівы недзе ў 1193-1194. Калі гэты горад быў у руках палякаў, дык толькі з гэтай пары і нядоўга, паколькі ўжо з 1196 г. Раман Мсціслававіч арганізуе паходы на яцвягаў. Дзеля гэтага мусеў сабе вярнуць Драгічын, паколькі мала праўдападобна, каб сумежная з яцвягамі Бельская зямля не належала гэтаму княству (насуперак таму, што прадстаўлена на картах, якіяразглядаем). Такім чынам пра ніякі адыход Драгічынскай зямлі да Польшчы каля 1180 г. не ма ніякіх сур'ёзных падстаў. Крыніцы тут вельмі няпэўныя і могуць талкавацца на розныя спосабы, але аўтар, які прымае за Тацішчавым, што каля 1180 г. Драгічын адыйшоў да Польшчы, павінен таксама адзначыць, што каля гэтага года Берасце (і часова Драгічын) належала Мінску!
Як бачым, прынцып тут такі: калі сумнявальная крыніца падае, што нешта прыхапілі суседзі - гэта прыймаем за праўду. Калі гэтая самая крыніца падае, што нешта належала нам - гэтага і быць не магло! Пры тым нават калі суседзі свярджаюць, што фактычна гэтыя землі належалі нам, тым горш для фактаў.
Усё, што пішацца пра прыналежнасць Драгічынскай зямлі да Польшчы да 1238 г. гэта толькі здагадкі, без ніякага замацавання ў крыніцах.[45]Даніла Раманавіч, выганяючы Дабжынскі ордэн з Драгічына ў 1238 г. сцвердзіў, што гэта яго спадчыннае ўладанне. Праўдападобна Драгічын знаходзіўся ў руках мазаўшан усяго з папярэдняга года[46]. Такім чынам, Драгічынская зямля знаходзілася ў руках палякаў магчыма і вельмі гіпатэтычна ў 1193 - 1196 гг. і мазаўшан у 1237-1238 гг. Тымчасам на карце гэта прадстаўленае так, быццам бы з 1180 г. па 1238 г. Розніца даволі істотная, асабліва для падляшскага беларуса - пад Польшчай пару гадоў, ці ўсё жыццё...
Пры разглядзе „Планаў старажытных гарадоў” (с. 56), аўтар якіх, на жаль, невядомы, выклікае здзіўленне прынцып адбору. Чаму няма планаў “Горадні/Гродна”, “Наваградка/Навагрудка”, “Ваўкавыська/Ваўкавыска”, “Амсціслаўля/Мсціслаўля” – якія добра даследаваныя, за тое знайшлося месца “Гомію ХІІ-ХІІІ стст”?
Чарговы раздзел – гэта „Вялікае княства Літоўскае”, апрацаваны Вячаславам Насевічам, Віктарам Цемушавым і Уладзімірам Канановічам. Перш за ўсё трэба адзначыць, што нарэшце паказаўся атлас, у якім рускія княствы і землі трактуюцца як асобныя дзяржавы, а не аб'екты будучага далучэння або да ВКЛ, або да Вялікага княства Маскоўскага. Наглядна гэта відаць дзякуючы пазначання іх тэрыторыяў рознымі колерамі, а не адценкамі колераў прызначаных ВКЛ і ВКМ. Але ёсць і шмат недахопаў. На першай карце „Утварэнне ВКЛ. 1245-1315” (с. 60) недзе прапала племя Дзяволтва, якое ўзгадваецца летапісамі і якому належала праўдападобна тэрыторыя, якая пазней называлася Дзевалтоўскаю зямлёй[47]. На ўсіх наступных картах, прысвечаных ХІV-ХVстст., знаходзім „Падляшша”, хаця гэтая назва з'явілася толькі на пачатку ХVІ ст. Недакладна прадстаўлены перамены на літоўска-мазавецкім памежжы. На карце „ВКЛ і Каралеўства Польшча. 1377-1392 гг. Крэўская унія” (с. 62), аўтарства В. Цемушава,„Падляшша”пазначанае як далучанае у 1391 да Мазоўша, падчас як паводле некаторых гісторыкаў ужо ў 1392 вернутае было Ягайлам Вітаўту. Не будзем крытыкаваць гэтую карту, паколькі адносна трывалага далучэння Дарагічына да ВКЛ падаюцца таксама даты 1401 і 1405. Але на карце „Максімальнае пашырэнне ВКЛ у часы Вітаўта. 1392-1430 гг.” адзначана, што тэрыторыя Падляшша далучаная да ВКЛ да 1420, падчас як апошні тут набытак, Тыкоцін, дастаўся Вітаўту толькі ў 1425 г.
Разгляд чарговай карты створанайВ. Цемушавым, „Вялікая вайна 1409-1411 гг. Бітва пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 г.”(с. 66-67), пачнем з заўвагі, што варта было б дадаць хаця б у дужках, што па-беларуску гэтая бітва называецца „пад Дуброўнай”. На карце нязгодна з гістарычнымі фактамі паказанае літоўска-мазавецка-крыжацкае памежжа. У прыватнасці, тут адзначана, што мазавецкая Вызненская зямля была закладзеная Тэўтонскаму ордэну ў 1398 г. Тымчасам крыжакі ўзялі ў заклад Вызненскую зямлю з Ганяскім (на карце Ганязь - „Ганёндз”) паветам у 1382 г. Тыкоцінскі павет застаўся за Мазоўшам, а мяжа паміж ім і Гaняскім паветам пралягала па ручаі Мухавец, які праплывае праз сучасную вёску Тшцяннэ. Тымчасам на карце Ганязь застаецца за Мазоўшам. У згаданым на карце 1398 г. крыжакі падпісалі тайную памежную дамову з Вітаўтам на востраве Салін. У дамове частку Вызненскай зямлі – Ганяскі павет крыжакі перадалі Вітаўту, што рэальна адбылася праўдападобна каля 1401 г. Павет трывала замацавалася за ВКЛ і ў 1409-1410 гг. Ганязь і Райгорад (на карце - „Райгруд”) былі ва ўладанні Вітаўта[48], што належыла адзначыць на карце. Зусім не зразумела, на падставе якіх крыніц аўтар карты вызначае месца канцэнтрацыі войск ВКЛ не досыць, што на „мазавецкай” тэрыторыі, але якраз у зліцці рэк Бобры і Нарвы, пасярэдзіне непраходнага балота. Харугвы драгічынская і мельніцкая робяць на карце аграмадны паўкруг, каб апынуцца на месцы канцэнтрацыі. Пры тым глядзіш і дзіву даеш – драгічынская зямля таксама адзначаная на карце як мазавецкая (!). Як ужо пра гэта гаварылася, у літаратуры можна сустрэць некалькі датаў, пад якімі Дарагічын трывала пераняў Вітаўт, але у час вялікай вайны ён безумоўна належыў ВКЛ[49]. Дарэчы, намневядомы ніякі польскі гістарычны атлас, на картах якога вышэйзгаданыя мясцовасці былі б пазначаныя як у той час мазавецкія! На карце 12 харугваў, дасланыя Ягайлам для заслона паходу літоўска-рускай арміі, чамусці спярша ідуць 29 VІ з-пад Казлова над ракой Бзурай ў зліццё Бобры і Нарвы, падчас як канцэнтрацыя закончана там паводле аўтара карты, да гэтага ж 29 VІ. Пасля праз няпоўныя тры дні, 2 VІІ Вітаўт нібыта з'яўляецца пад Чэрвінскам. Гэта проста намагчыма, нават для сучасных матарызаваных войскаў! На наш погляд схема канцэнтрацыі польскіх і літоўска-рускіх войск, распрацаваная польскімі гісторыкамі, са зборам войск Вітаўта ў наваколлі Бельска Падляскага да сярэдзіны чэрвеня на многа больш рэальная[50]. Вельмі схематычна паказаная сама бітва пад Дуброўнай (Грунвальдам). У прыватнасці, не адзначаны подзьвіг трох смаленскіх палкоў (значыць смаленскай, віцебскай і аршанскай харугваў), якія засланілі правае крыло палякаў пасля „адступлення лініі крыла” (так у легендзе да плана) Вітаўта. Дарэчы, гэтае крылоў другім этапе паказваецца, быццамбы і не адступіла...Як не глядзі, чытач з гэтых схемаў анічога пра бітву не зразумее.
На карце „Вялікае Княства Літоўскае ў 1430-1440 гг. Міжусобная вайна” (с. 68-69)яе аўтару В. Цемушаву варта было б адзначыць яе япошні эпізод, якім было згаданае ўжо вялікае княжанне Юрыя Лінгвенавіча на Смаленску, Віцебску і Полацку ў 1440 г., аб чым ужо гаваралася раней.На карце „Узаемаадносіны ВКЛ з Вялікім княствам Маскоўскім і Крымскім ханствам. 1487-1537 гг.” (с. 74) таго ж аўтара, Падляскае ваяводства, заснаванае, як падаецца, ў 1520 г. (датай заснавання можна лічыць і 1513 г., калі з'явіўся падляскі ваявода), паказана ў межах пасля рэформы 1565-1566 гг., калі ад Падляшша адышлі Берасце, Кобрын і Камянец, якія разам з Пінскам увайшлі ў новае Берасцейскае ваяводства[51]. Сярод паходаў маскоўскага войска на тэрыторыю ВКЛ не адзначаны паход 1518 г. на Полацак. Тымчасам у дзеянні з таго боку былі ўведзеныя вялікія сілы, а перамога атрыманая абаронцамі стала легендарнай, бо здарыласядзякуючы цуду Св. Казіміра.Адносна карты „Рэч Паспалітая паводле Люблінскай уніі” (с. 82)аўтарства В. Насевіча, дык можа варта было б адзначыць, што мазырскі павет раней належаў да Кіеўскага ваяводства, а берасцейскі спярша далучыўся да Кароны, але пасля вярнуўся да ВКЛ.
Пяройдзем цяпер да беглага агляду наступнага раздзелу - „Рэлігія і культура ў ХІV- ХVІ ст.”.Хрысціянізацыя беларускіх земляў ў Х-ХІVст. (с. 85) паказана РасціславамБаравым толькі для тэрыторыі сённяшняй Беларусі. На карце „Праваслаўе”(с. 86-87), аўтарства таксама Р. Баравога, на ўсход ад беларуска-польскай мяжы паказана толькі 11 цэркваў, а таксамаДрагічын і Супрасль як месцы, дзе былі манастыры. Тымчасам тутэйшы, але сусветнавядомы (аказваецца, апрача Мінска) гісторык праваслаўя Антон Мірановіч пералічае тут каля 80-і прыходаў, а ў іх каля 100 сакральных аб'ектаў, якія існавалі перад 1569 г. Пад канец ХVІ ст. (такі перыяд ахоплівае карта), было тут бліска 150 прыходаў і каля 200 сакральных аб'ектаў! Манастыры апрача вышэйназваных мясцовасцяў існавалі яшчэ ў Бельску, Яблачыне, Дакудаве, Нарве і Мілейчыцах. У Бельску было тады 5 цэркваў, столькі што ў Горадні[52]. Р. Баравы, поўнасьцю ігнаруючы добра ўдакументаваную сітуацыю праваслаўнай царквы ВКЛ на тэрыторыі Падляшша, абсалютна без падстаў, г. зн. без крыніцазнаўчага пацверджвання наносіць на карту цэрквы ў Мсцібогаве, Воўпе, Вялікай і Малой Бераставіцы, Пясках, Свіслачы, Зэльве, Астрыне, Новым Двары (сёняшняга Шчучынскага раёна), Здзяцелі/Дзятлаве. На наступнай карце складзенай Р. Баравым, “Каталіцызм” (с. 88-89), угэтых жа мясцовасцях паказаны каталіцкія касцёлы, пра большасць з якіх захаваліся фундацыйныя дакументы (Мсцібава -1485 г., Воўпа – 1478 г., Зэльва Малая – 1477 г., Зэльва Вялікая – каля 1470 г.,Здзяцелі - каля 1492 г., Новы Двор (Шчучынсага раёна) – 1496 г., Бераставіца – 1522 г.)[53]. Можна б падумаць, што аўтар змяшчаючы на карце прыдуманыя цэрквы хацеў паказаць большым значэнне і ролю Праваслаўнай царквы на гэтай тэрыторыі. Раздзел зачынаяе цікавая карта „Выхадцы з Вялікага княства Літоўскага ва ўніверсітэтах Еўропы” (c. 94), аўтарства Георгія Галенчанкі. Чамусці адзначаны тут Рым як „горад, у якім М. Гусоўскі напісаў „Песню пра зубра”. Адпаведна гэтаму змешчаны тут і партрэт М. Гусоўскага. Тымчасам Мікола Гусоўскі выхадцом з ВКЛ не быў, бо паходзіў з Гусава Перамышльскай зямлі Рускага ваяводства ў Каралеўстве Польскім. Даўно даказаў гэта Ежы Ахманскі[54], але ж дарма. Беларускім гісторыкам нават уласнаручных паказанняў Гусоўшчыка мала.
Апошні раздзел - гэта генеральная карта „Беларускія землі ў ХVІ ст.” Апрацаваў яе Міхаіл Спірыдонаў з пэўнай дапамогай В. Насевіча. Карта ў 51 частках, з якіх кожная змешчана на адной старонцы атласа. На карце адлюстраваныя каля 5 тысяч населеных пунктаў, з чаго 4300 на Беларусі. Можна сказаць, што апрацаванне такой карты гэта подзвіг М. Спірыдонава. На жаль, як інфармуе В. Насевіч (с. 97), „на карце тэрыторыя Падляшша паказана цалкам, але ў крыху аблегчаным варыянце: пазначаны цэнтры дзяржаўных, царкоўных і магнацкіх маёнткаў, а для ўладанняў шляхты нанесены толькі цэнтры і прыкладныя межы каталіцкіх парафіяў, паводле якіх згрупавана падляшская шляхта ў попісе 1567 г. Шараговыя паселішчы, прыналежныя да буйных маёнткаў, не пазначаны ўвогуле”.
Даволі дзіўны прынцыпы адносна тэрыторыі, населенай беларускімі праваслаўнымі магнатамі, шляхтай і сялянамі. У згаданых „шараговых паселішчах” жылі ж продкі сучасных падляскіх беларусаў, тымчасам у чытача „Атласа” мусіць скласціся ўражанне, што такіх не было. Не кожны будзе дакладна чытаць уводны артыкул, нават адзін з аўтараў гэтай рэцэнзіі спярша пакрыўдзіў М. Спірыдонава западозраннем у няведанні фактаў[55], і толькі пасля зразумеў, што тут не неведанне, толькі пазыцыя рэдакцыі. Шкада, бо беларускіх паселішчаў была на гэтай тэрыторыі процьма. Зілюструем гэта малым фрагментам карты на с.133: ”Берасце, Бельск, Ваганаў, Камянец, Мельнік”. На гэтай карце адзначана Орля, а вокал яе ніякай мясцовасці ажно да Бельска, да Кляшчэль, і на ўсход да польска-беларускай мяжы. Тымчасам вакол Орлі ўжо ў ХVст. згадваюцца: Вервечычы-Вервечкі (сёння Антонава) к. 1490 г., Навасельцы к. 1490 г., якія пазней – 1586 г. - вядомая як Міклашэўшчына (сёння – Міклашы), Кашалі 1495 г., а ў ХVІ ст.: Бараноўшчына 1505 г., Тапчыкалы 1507 г., Шчыты 1522 г., Крывятычы 1532 г., Грыгораўцы 1548 г., Чахі Забалотныя 1560 г., Грэдалі 1576 г., Дзідзюлі (сёння Дыдулі) 1577 г., Рудолты (цяпер Рэдуты) 1577 г., Серні (цяпер Шэрні) 1577 г., Воля Ваганоўская (цяпер Волька Выганоўская) 1577 г., Волька 1588 г. і яшчэ Круглае 1602, Спічкі 1602 і Кошкі 1616[56]. Жыхары згаданых вёсак, якія летась выступілі да польскіх дзяржаўных уладаў за увядзенне надпісаў з іх назвамі на беларускай мове, пазбаўлены магчымасці пабачыць тыя ж назвы ў „Вялікім гістарычным атласе Беларусі”.
У „Атласе” змешчаныя таксама рэпрадукцыі старажытных карт, пачынаючы з „Карты Еўрапейскай Сарматыі” Клаўдзія Пталамея з 1490 г.”. Шкада толькі, што не знайшлося тут месца для „Карты свету” Фра Маўра (1457-1459 г.), на якой першы раз паказаная Белая Русь, няхай сабе і фантастычным чынам[57]. Для гісторыка фармаванне ўяўленняў пра краіну Белая Русь само па сабе вельмі істотнае. Таму тут павінна таксама знайсціся Айхштэцкая карта Мікалая Кузанскага з 1491 г. і карты ХVІ ст., на якіх паказана Белая Русь. Дазволім сабе тут таксама не згадзіцца,са сцверджаннем В. Насевіча, што „Белая Русь” на карце Беневентана і Вапоўскага з 1507 г. адносіцца да Маскоўшчыны. Хутчэй за ўсё яна адносіцца да Старадубскага і Ноўгарад-Северскага княстваў, якія ў 1500 г. перайшлі пад уладанне Масквы[58].Атлас зачыняецца гісторыка-геаграфічным паказальнікам і кароценькімі занатоўкамі на рускай, англійскай, літоўскай, польскай нямецкай і гішпанскай мовах. Адносна занатоўкі на польскай мове можам заўважыць, што перакладчык яе ведае, але недасканала.
Падсумоўваючы, выпадае перш за ўсё сцвердзіць, што ў „Атласе” зашмат памылак і недахопаў як дляпрэстыжнагавыдання. Населеныя беларусамі землі сучаснай Польшчы патрактаваныя як неродныя. Калі б апрача шматлікіх падляскіх гарадоў (карта „Гарадское самакіраванне” (с. 80-81), апрацаваная В. Насевічам, пазначаны былі дзве сотні цэркваў ды густая сетка „шараговых пасяленняў”, на першы погляд відаць было б, на колькі Падляшша апярэдзіла тады ўсе іншыя часткі ВКЛ ў цывілізацыйным развіцці. У прыватнасці, кожнаму чытачу стала б ясным, якой вялікай стратай для ВКЛ было адлучэнне Падляскага ваяводства ў 1569 г.
Раздзел “Перыферыя антычнай і раннесярэднявечнай цывілізацыі”прадстаўляе збор картаў, дзе тэрыторыя Беларусі гэта месца механічнай змены археалагічных культур. Пры гэтым змены адбываюцца толькі па жаданню аўтара, а не адпаведна інфармацыі змешчанай у крыніцах і апрацаваннях. У выніку застаецца не зразумелым, ці беларускія землі былі гэтай “перыферыяй”, ці толькі геаграфічным дадаткам, які знаходзіўся па суседству з дадзенай перыферыяй.
Раздзел „Старажытная Русь” гэта па-просту адзін вялікі скандал! Прадстаўленая ў ім канцэпцыя узнікнення („Старажытна-”) Рускай дзяржавы не мае нічога супольнага з сучаснай гістарычнай навукай, як беларускай, так расійскай, украінскай, польскай ды якой-небудзь іншай. Як кананічная прынята версія прадстаўленая ў „Аповесці мінулых гадоў”, быццам бы за амаль тысячу гадоў ніякагапрагрэсуу гістарыяграфіі, у тым ліку ў вывучэнні згаданага твору, не адбылося. Праўда – ёсць адно выключэнне. З кананічнай версіі “Аповесці мінулых гадоў” рэдакцыяй “Атласа” выкінула маль усё, што тычыцца гісторыі Беларусі. Поўнасцю ігнарыруюцца ўсе крыніцы і працы, якія даказваюць існаванне Полацкай дзяржавы незалежна ад Рускай. Нават ніякія акупанты за апошніх 200 з гакам гадоў не цвердзілі, што Рагвалода і яго дзяржавы не было! Палякі могуць пісаць аб Полацку як свайго роду імперыі, у склад якой уваходзілі не толькі латышскія, але і літоўскія землі[59], а пра Усяслава Брачыславіча як пра ўладара агульнаеўрапейскага фармату[60]. Для складальнікаў „Атласа” ён усяго толькі уладар невялічкага рускага удзелу, васал Кіева. Як ні дзіўна, Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі фірмуе выданне, у якім спрабуецца даказаць, што Рэспубліка Беларусь не мае сваіх старажытных дзяржаўных каранёў!
Нягледзячы на гэта, дырэктар Інстытуту гісторыі НАН Беларусі праф. Аляксандр Каваленя лічыць, што “яшчэ адным прыкладам выкарыстання навейшых дасягненняў беларускай археалогіі і гісторыі стаў выхад у свет першага тома “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”. Дзякуючы намаганням навукоўцаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў такой своеасаблівай лаканічнай, але вельмі наглядна і інфарматыўнай форме як каляровыя карты, сканцэнтравана ўся старажытная дапісьмовая гісторыя нашай Бацькаўшчыны. [...]Кожная карта атласа, кожная кропка ці лінія на ёй, кожная ілюстрацыя і подпіс да яе – гэта новае пацвярджэнне ўнікальнасці нашай гісторыі, яе глыбіні, багацця і разнастайнасці”[61].
Тымчасам пры тэхнічным выкананні малюнкаў картаў рэцэнзаванага “Атласу” складальнікі і аўтарую дакладнасць і колеравую палітру. Калі з другім прынцыпам больш менш у парадку, дык з “графічнай дакладнасцю” бяда. Шмат на якіх картах межы археалагічных культур альбо сярэднявечных дзяржаўна-адміністрацыйных утварэнняў маляваліся абы як. Асабліва гэта кідаецца ў вочы калі карты ідуць храналагічна адна за адной. Пры тым складальнікі картаў метанакіравана ігнаравалі даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў. Натуральна, што ні аб якой навуковасці тут размовы і быць не можа. Калі ў гэтым меў праявіцца “эксперыментальны характар” атласа, дык гэта надта каштоўны эскперымент для дзяржаўнага бюджэту. На жаль, „Вялікі гістарычны атлас Беларусі” не заслугоўвае сваёй назвы, а дзяржаўныя грошы выкінутыя на вецер. Таму надалей актуальнай і вельмі патрэбнай застаецца праца па складанні большасці гістарычных картаў старажытнай і сярэднявечнай Беларусі[62].
[1]Сярод рэцэнзентаў названы таксама адзін з аўтараў дадзенага тэксту Генадзь Семянчук. Дзеля ўдакладнення засведчым, што ён разам з праф. Святланай Марозавай і дац. Ігарам Фёдаравым (выкладчыкі факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы) выказаў свае прапановы, паправіў памылкі і падпісаў водгук 1 ліпеня 2006 г. “на аўтарскія арыгіналы раздзела V“Вялікага гістарычнага атласа Беларусі” “Рэлігія і культура ў ХIV–XVIcт.” Трэба адзначыць, што большасць заўваг гарадзенцаў улічаны складальнікамі гэтага раздзелу.
[2] Татищев, В. История российская. Т. 3. Москва-Ленинград. 1964, С. 126-128.
[3] Толочко, А. „История Российская" Василия Татищева: источники и известия. Москва-Киев, 2005. С. 323-324.
[4]Jusupowicz, A. Tak zwany “Latopis Połocki” w przekaze Wasilija Tatiščeeva. Pola Drohiczyna w kontaktach polsko-ruskich drugiej połowy XII wieku // Studia Źródłoznawcze. 2007. T. 45. S. 15-32.
[5] Powierski, J. Identyfikacja księcia brzeskiego z przekazu mistrza Wincentego // Między Wileńszczyzną a Prusami. Polityka, społeczeństwo, kultura. Księga pamiątkowa poświęcona jubileuszowi pięćdziesięciolecia pracy naukowej i siedemdziesięciolecia urodzin prof. dr hab. Wacława Odyńca, рэд. Włodarski J. Gdańsk, 1995. S. 93-94.
[6] Mistrz Wincenty (tzw. Kadłubek). Kronika polska. Przełożyła i opracowała Brygida Kürbis // Biblioteka Narodowa. Seria I. Nr 277. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1992. S.214-219.
[7] Дасканала зрабіў гэта Ян Паверскі - глядзі: Powierski, J. Identyfikacja...
[8] Глядзі: Апісанне земляў (З Дублінскага рукапісу ХІІІ ст.) / Камент. Іпаслясл. В. Чамярыцкі, перакл. А. Жлутка// Спадчына. 1993. № 6. с. 63-68.
[9] Kronika Jana z Czarnkowa. Tłum. Józef Zerbiłłó. Kraków, 1996. S.108-109.
[10]Ластовский, Г. А. ПолитическоеразвитиеСмоленскойземливконцеХIII – начале XVIвеков. Минск - Смоленск, 2001. С. 133-134.
[11]Егарэйчанка А.А. Культура штрыхаванай керамікі // Археалогія Беларусі: У 4 т. Т.2. Жалезны век і ранняе сярэднявечча. Пад рэд. В.І.Шадыры, В.С.Вяргей. Мн, 1999. С.116-118; ён жа. Культура ранняй штрыхаванай керамікі : асноўныя прыкменты і арэал // Весці НАНБ. Серыя грамадскіх навук. 2002. № 1. С.67-70; Егорейченко А.А. Культуры штрихованной керамики. Мн., 206. С.13-16, 57-60.
[12]GórskaJ. BadaniaarcheologicznewPuszczyBiałowieskiej // Archeologia Polski. Wrocław, 1976. S.109-134.
[13]Dąbrowska Teresa, Materiały kultury zarubinieckiej z ziem polskich // Wspólnota dziedzictwa kulturowego ziem Białorusi i Polski. Warszawa, 2004. S.209-222.
[14]Tyszkiewicz, J. Zarys dziejów okolic Białegostoku // Studia i materiały do dziejów miasta Białegostoku, T. I, рэд. Antoniewicz J. i Jok J. Białystok, 1968. S. 59-60;
[15]Barford Paul, Kobylinski Zbigniew, Krasnodębski Dariusz, Between the Slavs, Balts and Germans: ethnic problems in the archeology and history of Podlasie // Archeologia Polona, Vol 29, 1991, str. 123-160.
[16]Булкин Вас.А. Некоторые данные об исторической географии Центральной Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Материалы симпозиума, посвященного 1500-летию Киева. Мн., 1983. С.6; Насевіч, В. Таямніцы зніклых народаў // "Чырвоная Змена", 23 лістапада 1993 г. № 117 (13701).
[17]Щукин Марк. На рубеже эр. Опыт историко-археологической реконструкции политических событий IIIв. до н.э.-І в.н.э. в Восточной і Центральной Европе. Санкт-Петербург, 1994. С.243-244; Смирнов К.А. Дьяковская культура (материальная культура городищ междуречья Оки и Волги) // Дьяковская культура. М., 1974. С.28-33; Авдусин Д.А. Основы археологии. М., 1989. С.170-173.
[18]Шадыра В.І. Днепра-дзвінская культура // Археалогія Беларусі: У 4 т. Т.2. Жалезны век і ранняе сярэднявечча. Пад рэд. В.І.Шадыры, В.С.Вяргей. Мн, 1999. С.216.
[19]Мядзведзеў А. Этнакультурная гісторыя насельніцтва Беларусі ў жалезным веку // Гісторыя Беларусі: У 6 т. Том 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. Мн., 2000. С.105.
[20]Шмидт Е.А. Племена Верховьев Днепра до образования Древнерусского государства. Днепро-Двинские племена VIІІ до н.э.-ІІІ в.н.э. М., 1992. С.116-120; ён жа. Верхнее Поднепровье и Подвинье в ІІІ-VIІ в.н.э. Тушемлинская культура. Смоленск, 2003. С.129-142.
[21]Седов В.В.Восточные славяне в VI-ХІІІ вв. М., 1982. С.41-45.
[22]Jaskanis J. Naczynie kultury ceramiki kreskowanej odkryte w Białymstoku // Rocznik Białostocki. 1971. T.X. s.378-379; Rusin K. Ślady osadnictwa kultury ceramiki kreskowanej na stanowisku I w Grochach Starych, woj. Białostockie (w oparciu o materiał ceramiczny) // Ceramika zachodniobałtyjska od wczesnego żelaza do początku ery nowożytnej. Białystok, 1998. S.87-93; Krasnodębski D., Olczak H. Osada z ceramiką sztrychowaną z późnego okresu lateńskiego i wczesnego okresu wpływów rzymskich z miejscowości Suraż, woj. Podlaskie (st. 27) // Badania archeologiczne w Polsce północno-wschodniej i na Zachodniej Białorusi w latach 2000-2001. Białystok, 2002. S.215-224; Kryński J. Sprawozdanie z archeolоgicznych badań wykopaliskowych na dziedzińcu wstępnym Pałacu Branickich w Białymstoku // Podlaskie Zeszyty Archeologiczne, 1/2005. S.22-36; ён жа. Zarcheologicznychbadań osadykultury ceramiki kreskowanej na terenie dziedzińca wstępnego pałacu Branickich w Białymstoku // Podlaskie Zeszyty Archeologiczne, 3/2007. S. 5-28.
[23]Wolfram, H. Historia Gotów, Warszawa-Gdańsk, 2003, c. 110-111.
[24]Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в ІХ-ХІІІ вв. Мн.,1989. С.31-36.
[25]Godłowski, K. Pierwotne siedziby Słowian. Kraków, 2000, грав. 15.
[26]Kobyliński, Z., Szymański W., Pradziejowe i wczesnośredniowieczne osadnictwo w zespole kemów w Haćkach// Haćki. Zespół przyrodniczo-archeologiczny na Równinie Bielskiej, рэд. J. B. Faliński і інш. Białowieża- Warszawa, 2005. C. 56-63.
[27]Штыхов Г.В. Древнерусская народность: реалии и миф // Труды VІ Международного конгркесса славянской археологіі. Т.3. Этногенез і этнокультурные контакты славян. М., 1997. С.376-385; Рыгор Піўтарак. Вытокі беларускай мовы: новая канцэпцыя. Да праблемы «Беларусь паміж Украінай і Расіяй» // Беларусіка=Albaruthenica6. Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. У 2-х частках. Ч.2. Мн, 1997. С.330-331; Данилевский И.Н. Древняя Русь глазами современников и потомков (IX-XIIвв.) : Курс лекций. М., 1999. С.53-61; Петрухин В.Я., Раевский Д.С. Очерки истории народов России в древности и раннем средневековье. М., 1998. С.267-272; Семянчук Генадзь. Ці існавала старажытнаруская народнасць, альбо пра «калыску» беларускага народу // Спадчына, 2003. №6. С.9-21.
[28]У рэцэнзіі А. Латышонка: Латышонак, А. Падляшша ў “Вялікім гістарычным атласе Беларусі” // Ніва, 2009. № 29. С. 8. В. Цемушаў памылкова названы Цёмушавым, за што аўтар рэцэнзіі просіць тут выбачэння.
[29]Глядзі: Латышонак, А. SaxoGrammaticus, легендарныя паходы датчанаў па Дзвіне ў ІХ стагоддзі а пачаткі Полацкага княства // Той жа, Нацыянальнасьць – беларус, Вільня-Беласток 2009, с. 24-47.
[30]Глядзі: Дук Дз. Феномен станаўлення дзяржаўнасці на землях полацкіх крывічоў ( ІХ-ХІ стст.) // Спадчына. № 6, 2003. С. 40-46.
[31]Андрощук Ф. Скандинавские древности в социальной топографии древнего Киева // Ruthenica. T. III, 2004. C.46.
[32]Рябцевич В.Н. О чем рассказывают монеты. Мн., 1977; ён жа. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
[33]Дернович С.Скандинавские древности эпохи викингов в Беларуси. Мн., 2006.
[34]Глядзі: Семянчук Г. Пачатковы этап фарміравання тэрыторыі Полацкай зямлі (ІХ-Х стст.) // Весці Акадэміі Навук БССР. Серыя грамадскіх навук. 1991. № 3. С.66-74.
[35] Глядзі: Семянчук Г.М. Полацкая земля ў ХІІ – першай палове ХІІІ стст. (змены ўадміністрацыйна-палітычнай і тэрытарыяльных структурах) // Весці Акадэміі Навук Беларусі. Серыя грамадскіх навук. 1992. № 3-4. с. 41-49; ён жа. Фарміраванне і развіццё тэрыторыі Полацкай зямлі ў ІХ – ХІ стст. (этапы, агульнае і сваеасаблівае) //EuropaOrientalis. Polska i jej wschodni sąsiedzi od średniowiecza po współczesność. Studia i materiały ofiarowane prof. Stanisławu Alexsandrowiczowi w 65 rocznicę urodzin. Toruń, 1996. S.35-52; ён жа. Княства Усяслава Брачыславіча “Чарадзея” // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі Матэрыялы ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі.Полацк, 1998. С.281-291; ён жа. Усяслаў Брачыславіч, князь полацкі (штрыхі да гістарычнага партрэта) // Białoruskiezeszytyhistoryczne. 2002. № 18. С.5-20. А таксама: Гісторыя Беларусі. У 6-ці тамах. Т.1. Старажытная Беларусь: ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст. / галоўны рэд. М.Касцюк. Мінск, 2000. С.155-156; Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (ІХ – ХІІ вв. Мн., 1978. С.61-64; Булкин В.А. Герцике и Кукенойс (к постановке проблемы) // Генезис и развитие феодализма в России. Л., 1988. Вып.11. С.124-139; Стубавс А. Некоторые археологические находки XI-XII вв. из городища Кокнесе //От эпохи бронзы до раннего феодализма, Талинн 1966, с.166-173; BalodisFr. Jersikaintai1939 gadairdaritieiyrakumi. Riga, 1940.
[36]Голубовичи Е. и В. Кривой город Вильно // Краткие сообщения Института истории материальной культуры АН СССР. Москва-Ленинград, 1945. Вып.11. с.114-126; ЛухтанА., Ушинскас. КпроблеместановленияЛитовскойземливсветеархеологическихданных// ДревностиЛитвыиБелоруссии. Вильнюс1988. С.97-103; СемянчукГенадзь. Фарміраванне і развіццё тэрыторыі Полацкай зямлі ў ІХ – ХІ стст. (этапы, агульнае і сваеасаблівае) //EuropaOrientalis. Polska i jej wschodni sąsiedzi od średniowiecza po współczesność. Studia i materiały ofiarowane prof. Stanisławu Alexsandrowiczowi w 65 rocznicę urodzin. Toruń, 1996. S.48-49.
[37]Łowmiański, H. Świętopełk w Brześciu w roku 1019 // Той жа, Studia nad dziejami Słowiańszczyzny, Polski i Rusi w wiekach średnich, Poznań 1986, С. 485-498.
[38]Гл.: Темушев В. Статья-рецензия О. Латышрнка на “Вялікі гістарычны атлас Беларусі” // История. Историческая география. Сайт Виктора Темушева. http://www.hist-geo.net/. Нам вельмі прыкра, што адказ В. Цемушава на рэцэнзію А. Латыўшонка не быў апублікаваны ні “Нашай Нівай”, ні “Пагоняй”. Адначасова мусім растлумачыць, што публіцыстычны тэкст А. Латышонка першапачаткова надрукаваны быў у беластоцкім тыднёвіку “Ніва” (Гл. спас. 28). Рэдакцыя “Нівы” паінфармавала нас, што ў той час здарылася ў іх аварыя кампутара, і можа толькі пацвердзіць, што спадар Цемушаў выходзіў на сувязь, але, на жаль, уся карэспандэнцыя прапала. Нам вельмі прыкра, што такім чынам водгук В. Цемушава не быў апублікаваны.
[39]Лысенко, П. Ф. Древний Туров. – Минск, 2004. С. 143.
[40]Семянчук Генадзь. Усяслаў і Яраславічы. Спецыфіка палітычных адносінаў Полацка і Кіева ў другой палове ХІ ст. // Україна в Центрально-Східній Європі (з найдавніших часів до XVIIIст.). Київ, 2002. Випуск 2. С.38-58.
[41]Повесть временных лет. Моска-Ленинград, 1950. Ч.1. C. 159; Лысенко П. Берестье. Мінск, 1985, С.16.
[42]Powierski J. Kryzys rządów Bolesława Śmiałego. Polityka i jej odzwierciedlenie w literaturze średniowiecznej. Gdańsk, 1992. S. 28-35.
[43]Полное собрание русских летописей. Москва, 2001. Лаврентьевская летопись, 2-е изд. Стлб. 258, 263; Лысенко, П. Ф. Туровская земля ІХ – ХІІІ вв. Минск, 1999. С. 249–252.
[44]Лысенко, П. Ф. Города Туровской земли. Минск, 1974. С. 17. Рис. 1б; ён жа: Туровская земля ІХ – ХІІІ вв. С. 13. Рис. 1.
[45]А. Юсуповіч лічыць, што Драгічын у 1193 г. даоучаны быў да Мазовіі, якому належаў да пачатку 40-х гадоў ХІІІ ст. Гл.: Jusupowicz, A. Przynależność polityczna Drohiczyna w XII I pierwszej połowie XIII w. // Дрогичинъ 1253. Матеріали Міжнародної навукової конференцї з нагоди 755 річниці коронаціїДанила Романовича. Івано-Франківськ, 2008. С. 159 – 170. Наколькі вывады варшаўскага даследчыка пра абставіны, у якіх Драгічын быццам бы дастаўся палякам, сумнеўныя, настолькі канчатковая дата вяртання горада ад крыжаносцаў заслугоўвае ўвагі.
[46] Котляр М.Ф. Галицько-Волиньска Русь. Киiв, 1998. С.277; Головко О.Б. Корона Данила Галицького. Волинь iГаличина в державно-полiтичному розвитку Центрально-СхiдноiЭвропи раннього та класичного середньовіччя. Киiв, 2006. С.310-312.
[47]Пар.: Насевіч, В. Літва // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.2. – Мінск, 2006. С. 202-206.
[48]Kloza J., Maroszek J., Dzieje Goniądza: w 450 rocznicę praw miejskich. Białystok-Goniądz, 1997. S. 7-9; Maroszek, J., Studniarek A. Dzieje Trzciannego i obszaru gminy Trzcianne w XV-XX wieku. Trzcianne, 2004. S. 20-24
[49]Грынявецкі, В. Дарагічын // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.1. – Мінск, 2005. С. 579.
[50]Biskup, M. Grunwaldzka bitwa, Warszawa, 1990. S. 74-75; Biskup, M. Wojny Polski z Zakonem Krzyżackim, Gdańsk, 1993. S. 66-67; Kuczyński, S. M. Wielka wojna z zakonem Krzyżackim w latach 1409-1411, Warszawa, 1987. S. 281, 286, 291, 309, 324-325, 337, мапа: Koncentracja wojsk polsko-litewsko-ruskich i wojsk krzyżackich oraz działania do 9 lipca 1410 r.
[51]Насевіч, В. Тэрыторыя, адміністрацыя, падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.1. – Мінск, 2005. С.38; Jarmolik, W. Powstanie województwa podlaskiego // Białostocczyzna. 1989.№ 4 (16). S. 6-8.
[52]Глядзі: Mironowicz, A., Podlaskie ośrodki i organizacje prawosławne w XVI i XVII wieku, Białystok 1991.
[53]Глядзі:Ochmański Jerzy. Biskupstwo Wilieńskie w średniowieczu. Ustrój i uposażenie. Poznań 1972. S.55-72.
[54]Ochmański, J. Narodowość Mikołaja Hussowskiego w świetle jego autografu // Słowiańszczyzna i dzieje powszechne. Warszawa, 1985. S. 317.
[55]Латышонак, А. Падляшша... С.8.
[56]Kondratiuk, M. Nazwy miejscowe południowo-wschodniej Białostocczyzny. Wrocław і інш., 1974. S. 20 і наст.; Sosna G., Troc-Sosna A. Dzieje miejscowości Reduty i Szernie we włości orlańskiej. Rodowody autorów. Bielsk Podlaski 2007. S. 16.
[57]Белы, А. Хроніка Белай Русі. Chronicon Albae Russiae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск, 2000. С. 85.
[58]Таксама. С. 93-95.
[59]Łowmiański, H. Geneza ziemi połockiej // Той жа, Studia nad dziejami Słowiańszczyzny, Polski i Rusi w wiekach średnich, Poznań 1986, С. 465-484.
[60]Шырока аб тым піша Ян Паверскі: Powierski J. Kryzys...
[61] Каваленя А. Даследаванні навукоўцаў Інстытута гісторыі – на ўзровень патрабаванняў часу // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 2008. Вып.24. С. 7-8.
[62] Як супольны праэкт Таварыства «Усходнееўрапейскі дэмакратычны цэнтр» і часопіса “Беларускі гістарычны агляд» ў 2008 г. у Варшаве быў надрукаваны “Гістарычны атлас Беларусі. Том І. Беларусь ад старажытных часоў да канца XVIIIст.”. Нажаль ён таксама не задавальняе, бо сярод яго аўтараў сустракаем шмат тых самых асобаў, што і акадэмічнага “Вялікага гістарычнага атласу Беларусі”. Аднак гэта тэма для наступнай рэцэнзіі ў наступным нумары “ARCHE-Пачатак”.