Насевіч В.Л., Цемушаў В.М. Максімальнае пашырэнне Вялікага княства Літоўскага ў часы Вітаўта. 1392–1430 гг. (2009)

Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 3-х тамах. Т.1. Мінск: Белкартаграфія. 2009. С. 64–65.

На карце “Максімальнае пашырэнне ВКЛ у часы Вітаўта. 1392-1430” знайшоў адлюстраванне перыяд працяглага панавання гэтага выдатнага палітыка, які шэраг гісторыкаў лічыць “залатым векам” ВКЛ.

На пачатку перыяду былі зроблены істотныя крокі да цэнтралізацыі ўлады ў руках вялікага князя, шэраг удзельных княстваў ператвораны ў намесніцтвы. Пазней ствараліся новыя ўдзелы, а шэраг скасаваных (у тым ліку Полацк, Віцебск, Валынь, новадалучаны Смаленск) атрымалі так званыя “земскія прывілеі”, якія забяспечвалі ім пэўную аўтаномію. Пазней такі ж статус атрымала Жамойць, вернутая ў склад ВКЛ пасля перамогі над Тэўтонскім ордэнам. Такія паўсамастойныя адзінкі традыцыйна называліся “землямі” ў адрозненне ад астатняй тэрыторыі, у 1413 г. падзеленай на два ваяводствы: Віленскае і Троцкае. Апошнія, у сваю чаргу, складаліся са звычайных намесніцтваў, што не мелі земскіх прывілеяў, і з удзельных княстваў, якія былі звязаны з вярхоўнай уладай праз асабістую васальную залежнасць сваіх уладальнікаў. На карце зроблена спроба адлюстраваць гэтую складаную структуру: колерамі паказаны тры асноўныя катэгорыі адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Ставілася мэта даць самае агульнае ўяўлене, бо адлюстраванне ўсіх змен у статусе асобных тэрыторый занадта ўскладніла б успрыняцце карты. Характар крыніц і даследаванняў, выкарыстаных пры стварэнні карты, у асноўным такі ж, як і ў папярэдні перыяд. Адзінае, што аўтэнтычных актавых і эпісталярных крыніц стала крыху больш, яны апублікаваны, пераважна польскімі даследчыкамі, у такіх зборніках, як “Кодэкс эпісталярый Вітаўта, вялікага князя літоўскага” (CodexepistolarisVitoldi, MagniDucisLithuaniae), “Вітальдзіана” (Vitoldiana), “Акты уніі Польшчы з Літвой” (AktauniiPolskizLitwą) і інш.