Падзел Русі на вотчыны розных галін Рурыкавічаў. ХІ–ХІІ ст. (2009)

Вялікі гістарычны атлас Беларусі у 3-х тамах. Т.1. Мінск: Белкартаграфія. 2009. С. 49.

Старажытная Русь

Дадзены раздзел атласа прысвечаны перыяду, калі землі сучаснай Беларусі перасталі быць далёкай і малавядомай перыферыяй старажытных цывілізацый, а сталі непасрэднай і неад’емнай часткай адной з цывілізацый Сярэднявечча. Гэтая цывілізацыя часам называецца старажытнарускай, многія гісторыкі выкарыстоўваюць назву “Кіеўская Русь”, хоць у сярэдневяковых крыніцах яна звычайна згадваецца проста як “Русь”. Менавіта ў той час нашы продкі прайшлі шлях ад першабытнага барбарства да сталага класавага грамадства. На беларускія землі прыйшлі пісьменства, мураванае дойлідства, адна з сусветных рэлігій – хрысціянства (у яго візантыйскім, праваслаўным варыянце). Дзяржаўныя ўтварэнні і этнасы, што паўсталі ва Усходняй Еўропе ў наступныя часы, адчувалі сябе непасрэднымі пераемнікамі Русі, яе традыцыі і спадчына яшчэ доўгі час вызначалі этнапалітычны расклад на гэтых абшарах і ідэнтычнасць іх насельнікаў.

Карта "Падзел Русі на вотчыны розных галін Рурыкавічаў" прысвечана перыяду, калі Русь трапіла ў перыяд палітычнай раздробленасці.

Спецыфічны характар працэсу дэцэнтралізацыі надало генеалагічнае разрастанне пануючай дынастыі Рурыкавічаў, якая разглядалася як адзіны калектыўны сюзерэн Рускай дзяржавы. З цягам часу з’явіліся генеалагічна адасобленыя галіны роду. Кожная  з іх, абапіраючыся на эканамічныя інтарэсы, імкнулася захаваць за сабой пэўную частку агульнай спадчыны, каб перадаваць толькі ўласным нашчадкам. Першай такой галіной сталі нашчадкі Ізяслава Уладзіміравіча, які валодаў Полацкім княствам. Таму гэтае княства вельмі рана, на пачатку ХІ стагоддзя, замацавалася ў якасці іх неадчужальнай уласнасці. З пункту гледжання сённяшняга дня можна сцвярджаць, што ўпершыню з’явілася трывалая палітычная ўлада, звязаная выключна з беларускай тэрыторыяй (хоць яна ахоплівала толькі частку яе, ды ўлада Ізяславічаў, зразумела, нікім у той час не ўспрымалася як “беларуская”). Канчаткова прынцып падзелу Русі быў замацаваны на Любечскім з’ездзе князёў 1097 г. у фармулёўцы “кождо да держит отчину свою” (кожная галіна хай трымае бацькоўскую спадчыну). На карце паказаны працэс замацавання такіх вотчын за нашчадкамі пэўных асоб пасля іх смерці. Усе звесткі ўзяты са старажытнарускіх летапісаў, у свой час сістэмытызаваных у кнізе: Рапов О.М. Княжеские владения на Руси в Х – первой половине XIIIв. – М., 1977. Межы вотчын прыводзяцца на падставе меркаванняў розных даследчыкаў, адлюстраваных у шэрагу выданняў: Древнерусские княжества Х – XIIIвв. – М., 1975; Алексеев Л.В. Смоленская земля в IХ – XIIIвв. – М., 1980; Никольская Т.Н. Земля вятичей: К истории населення бассейна верхней и средней Оки в IХ – XIIIвв. – М., 1981; Кріп’якевич І. Галицько-Волинське князівство. – Київ, 1984. У некаторых выпадках зроблены ўдакладненні на падставе звестак аб тэрыторыях адпаведных княстваў у больш познія часы – XIV–XVстст.

Працэс драбнення вотчын часам парушаўся згасаннем той ці іншай галіны, за вымарачную спадчыну якой адразу пачыналася барацьба паміж іншымі князямі. Старэйшынства кіеўскага князя паступова зявлося да таго, што ён зацвярджаў вынікі такой барацьбы. Яскравай прыкметай самастойнасці княжацкіх вотчын стала тое, што прыкладна з 1120-х гг. адносна некаторых з іх летапісы выкарыстоўваюць замест тэрміна “воласць” тэрмін “зямля”, які ўжываўся ў тыя часы толькі для палітычна суверэнных утварэнняў. Прыблізна з 1170-х гг. на кіеўскі пасад часта ўзводзіліся стаўленікі моцных князёў, якія самі заставаліся ў сваіх вотчынах. Тым не менш усе прадстаўнікі дынастыі Рырыкавічаў захоўвалі ўяўленне аб агульнасці свайго паходжання і тым спрыялі захаванню агульнарускай свядомасці сваіх падданых. Гэтую ж калектыўную ідэнтычнасць замацоўвалі адзіная канфесіянальная структура з цэнтрам у Кіеве, агульная традыцыя летапісання, выкарыстанне адной пісьмовай мовы, этнічнае падабенства жыхароў розных вотчын. З другога боку, розніца палітычных і эканамічных інтарэсаў няўхільна размывала яе. Таму ў канцы перыяду Русь можна трактаваць хутчэй не як адзіную дзяржаву, а як агульную цывілізацыйную прастору, у якой склаўся шэраг практычна самастойных дзяржаў.