Міхайлоўская Л.Ю., Насевіч В.Л. Беларусь у другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. (2002)
Справочные материалы (Excell, 187 кб)
Асноўны змест карты адлюстроўвае адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на тэрыторыі Беларусі ў азначаны час (з улікам скасавання Копыскага і Суражскага паветаў адпаведна ў 1861 і 1866 гг.) і населеныя пункты, якія мелі статус гарадоў, мястэчкаў і цэнтраў валасцей. Дадаткова вызначаны асноўныя шляхі зносін, у тым ліку адлюстравана дынаміка развіцця чыгуначнай сеткі на тэрыторыі Беларусі, аснова якой сфармавалася менавіта ў гэты перыяд.
Пры вызначэнні межаў губерняў і паветаў выкарыстоўваліся карты беларускіх губерняў масштаба 1: 2 000 000 з Вялікага сусветнага настольнага атласа А.Ф.Маркса выдання 1910 г., а таксама Спецыяльная карта Еўрапейскай Расіі масштаба 1: 420 000 выдання 1915 г. Межы Копыскага і Суражскага прыведзены ў адпаведнасці з картай папярэдняга перыяду (Беларусь у 1-й пал. ХІХ ст.).
Мястэчкі і цэнтры валасцей вызначаны на падставе афіцыйных выданняў: Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. 5. Губернии Литовских и Белорусских областей., Спб., 1884; Указатель населенным местностям Гродненской губернии. Гродно, 1905; Гошкевич И.И. Виленская губерния: Полный список населенных мест. Вильно, 1905; Список населенных мест Витебской губернии. Витебск, 1906; Ярмолович В.С. Список населенных мест Минской губернии. Минск, 1909; Список населенных мест Могилевской губернии. Могилев, 1910; Список населенных мест Минской губернии в алфавитном порядке по каждой волости. Минск, 1912. Улічваліся таксама звесткі 14-томнага «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў» выдання 1880 – 1892 гг. і карты-схемы валасцей беларускіх губерняў з выдання: Статистика Российской империи. Т.15. Спб., 1890.
Падзел паветаў на воласці быў уведзены ў сувязі з рэформай 1861 г., але межы валасцей канчаткова ўсталяваліся ў 1867 г., калі быў уроўнены статус былых дзяржаўных і памешчыцкіх сялян. У далейшым на працягу разглядаемага перыяду колькасць валасцей у некаторых паветах мянялася. Гэтак жа некаторыя паселішчы ў адных крыніцах пазначаны як мястэчкі, у іншых – як сельскія паселішчы. Пры стварэнні карты не ставілася мэта адлюстраваць усе гэтыя змены. Цэнтры валасцей паказаны па стане на канец перыяду, а мястэчкі вызначаны ў тых выпадках, калі яны мелі такі статус на працягу ўсяго перыяду ці яго большай часткі.
Даты пабудовы чыгунак прыведзены паводле выданняў: Кацяш Г. Стальныя магістралі рэспублікі. Мн., 1957; Лыч Л.М., Созинов В.А. Белорусская магистраль накануне своего столетия. 1871 – 1971., Мн.., 1971, а таксама адпаведных артыкулаў ЭГБ.