Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Круглянскага р-на (1996)

Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Круглянскага р-на. – Мн., 1996. С. 92 – 106, 117 – 119

Феадальныя маёнткі і іх уладальнікі

Найбольш раннія звесткі, якія тычацца тэрыторыі сучаснага Круглянскага раёна, адносяцца да канца 15 — пачатку 16 стагоддзя. Кругляншчына, як і ўся Беларусь, уваходзіла ў той час у склад Вялікага княства Літоўскага.

Першым сярод населеных пунктаў Кругляншчыны ў крыніцах упамінаецца Цяцерын («Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», які складзены прыкладна ў 1390-я гг.) [1]. Тое, што Цяцерын далучаны стваральнікам спіса да ліку гарадоў, паказвае, што ў той час тут было значнае драўлянае ўмацаванне. Менавіта такія ўмацаванні зваліся ў старажытнарускі час «гарадамі» (пазней у тым жа сэнсе пачало ўжывацца слова «замак»).

Сучасная Кругляншчына ў той час падзялялася на дзве часткі. Болышая ўваходзіла ў вялікую воласць, цэнтрам якой быў Цяцерын, яна цягнулася ўздоўж Друці на поўдзень, да паўднёвай мяжы сучаснага Бялыніцкага раёна. Другая частка належала Друцкаму княству, цэнтр якога горад Друцк (Одруцк) знаходзіўся каля паўночнай мяжы Кругляншчыны, а тэрыторыя займала большую частку Талачынскага і цэнтральную Крупскага раёнаў. Пазней, у 16 стагоддзі абедзве часткі ўвайшлі ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводства.

Друцкае княства здаўна належала мясцоваму княжацкаму роду — князям Друцкім, якія, напэўна, былі нашчадкамі аднаго з сыноў славутага полацкага князя 11 стагоддзя Усяслава Чарадзея. Пад уладай вялікіх князёў літоўскіх яны захавалі сваю вотчыну, што паступова была падзелена паміж шматлікімі прадстаўнікамі роду. У пачатку 15 стагоддзя жыў князь Сямён Дзмітрыевіч Друцкі, шэсць сыноў якога каля 1423 г. падзялілі бацькоўскія ўладанні паміж сабой. Можна меркаваць, што паўночная частка Кругляншчыны ўвайшла ў тую долю, якую ўзяў сабе другі сын Сямёна Дзмітрыевіча — Іван Пуцята, што нарадзіўся каля 1390 г. і неаднаразова называецца ў крыніцах з 1422 да 1440 г. Яго ўладанні былі падзелены паміж сынамі. Прынамсі, два з іх — Васіль і Дзмітрый Пуцяцічы — валодалі часткамі Кругляншчыны. 3 больш позніх звестак вынікае, што Васілю дасталася тая частка Друцкага княства, дзе ўзніклі маёнткі Арава і Дудаковічы, а Дзмітрыю — Радча і Лясная.

Цяцерынская воласць у канцы 14 — пачатку 15 стагоддзя была ўладаннем аднаго з нашчадкаў Гедзіміна — удзельнага князя Лугвена (у хрышчэнні Сямёна) Альгердавіча. Галоўным з яго ўладанняў быў горад Мсціслаў, ад якога ён, а потым і яго нашчадкі пісаліся князямі Мсціслаўскімі. Князь Лугвен-Сямён прыняў праваслаўе, заснаваў пад Мсціславам так званы Ануфрыеўскі манастыр, на ўтрыманне якога вызначыў некалькі сёл у Мсціслаўскай воласці, а таксама мядовую даніну з Цяцерына («дань медовая Тетеринская»). Гэтыя яго падараванні былі потым пацверджаны яго сынам Юрыем і ўнукам Іванам [2].

Князь Лугвен памёр у 1431 г., пасля чаго Мсціслаў і, напэўна, Цяцерын перайшлі да яго сына Юрыя Сямёнавіча. Аднак у хуткім часе ў Вялікім княстве Літоўскім адбыліся бурныя падзеі. Пачалася міжусобная вайна паміж двума прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад — братам Лугвена Свідрыгайлам Альгердавічам і братам папярэдняга вялікага князя Вітаўта Жыгімонтам Кейстутавічам. У ходзе гэтай барацьбы Юрый Мсціслаўскі падтрымаў свайго дзядзьку Свідрыгайлу (дарэчы, яго прыхільнікамі былі і князі Друцкія, у тым ліку Іван Пуцята). Між тым поспех быў на баку Жыгімонта, які ў 1432 г. адлучыў Свідрыгайлу ад вялікага княжання, а ў 1436 г. ўстанавіў кантроль над усходам Беларусі, які да таго быў галоўным фарпостам Свідрыгайлы. Уладанні Юрыя Мсціслаўскага былі канфіскаваны, а сам ён вымушаны эмігрыраваць у Ноўгарад. Магчыма, што пад канфіскацыю трапілі і вотчыны Івана Пуцяты, які апошнія гады жыцця правёў пры Свідрыгайлу на Валыні, дзе той княжыў пасля паражэння ад Жыгімонта.

У 1440 г. Жыгімонт Кейстутавіч быў забіты ў выніку змовы. На пасад быў запрошаны трынаццацігадовы сын польскага караля Уладзіслава Ягайлы Аль-гердавіча і стрыечны брат Юрыя Мсціслаўскага — Казімір. Фактычна ўладу атрымала групоўка літоўскіх паноў на чале з віленскім ваяводам Доўгірдам, якая кіравала дзяржавай ад імя юнага гаспадара. Тады князь Юрый і, напэўна, Іван Пуцята ці яго дзеці атрымалі назад свае вотчыны. Аднак Юрый хутка разышоўся з новым урадам Вялікага княства Літоўскага, паспрабаваў утварыць з Мсціслаўскага і Смаленскага княстваў незалежную дзяржаву. Яго выступленне пацярпела няўдачу, і ён зноў павінен быў уцякаць за мяжу. Цяцерынская воласць яшчэ раз была канфіскавана, на гэты раз пан Доўгірд проста забраў яе сабе. Прыкладна ў 1442 г. велікакняжацкі пісар Сямён Сапега аформіў прывілей, паводле якога Цяцерын ад імя Казіміра перадаваўся ў вотчыну віленскаму ваяводу [3]. Але Доўгірд нядоўга карыстаўся гэтым набыткам, у 1443 г. ён памёр без нашчадкаў, пасля чаго Цяцерынская воласць вярнулася пад кантроль рады Вялікага княства Літоўскага. Каля 1445 г. маёнтак Княжы Двор Цяцерынскай воласці (напэўна, сучасныя Княжыцы пад Магілёвам) быў падараваны князю Івану Раманавічу Крошынскаму, які паходзіў са Смаленшчыны. Даравальную падпісаў пераемнік Доўгірда на пасадзе віленскага ваяводы Ян Гаштаўт [4].

Прыкладна ў гэты час Гаштаўт падараваў баярыну Булгаку нейкае сяло, якое пры князю Лугвену трымаў баярын Сымон. Да гэтага сяла належалі бортнікі (сяляне, галоўнай павіннасцю якіх было назіранне за бортнымі дрэвамі і збор мёду), што жылі ў паселішчах Шансковічы (месцазнаходжанне не выяўлена) і Шапялевічы [5]. Гэты запіс з'яўляецца першым упамінаннем Шапялевічаў у гістарычных крыніцах.

Пазней, магчыма, Цяцерын разам з Мсціславам быў перададзены знакамітаму ўцекачу з Масквы, унуку героя Кулікоўскай бітвы Уладзіміра Храбрага, князю Васілю Яраславічу, які ў час усобіцы ў Маскоўскім княстве атрымаў у 1446—49 гг. прытулак у Літве і валодаў Мсціславам, Бранскам, Старадубам і Гомелем.

Потым Казімір дазволіў вярнуцца ў Вялікае княства мяцежнаму Юрыю Лугвенавічу і аддаў яму бацькоўскія ўладанні на правах вотчыны. У 1451 г. Юрый памёр, Мсціслаў і Цяцерын былі перададзены яго сыну Івану. Апошні разам з жонкай Ульянай у 1468 г. яшчэ раз пацвердзіў правы манастыра атрымліваіць мядовую даніну з Цяцерынскай воласці. Іван Юр'евіч Мсціслаўскі памёр каля 1468 г., пакінуў 2 непаўналетніх дачок — Ульяну і Анастасію. Яго вотчыны зноў адышлі да дзяржавы і былі перададзены ў пажыццёвае валоданне іншаму Гедзімінавічу — цёзцы апошняга мсціслаўскага князя — Івану Юр'евічу Заслаўскаму. Князь Заслаўскі памёр каля 1499 г. і неўзабаве памерла яго жонка, якая трымала ў дзяржанні Цяцерынскую воласць. Новы вялікі князь Аляксандр Казіміравіч большасць былых вотчын князёў Лугвенавічаў (Цяцерын, Княжыцы і Папову Гару — сучасную Красную Гару ў Бранскай вобласці) падараваў у 1501 г. сваёй жонцы Алене, дачцы вялікага князя маскоўскага Івана III [7]. Уласна Мсціслаўская воласць была пакінута сыну Івана Заслаўскага Міхаілу, якому было дазволена ўзяць шлюб са старэйшай дачкой Івана Мсціслаўскага і карыстацца ў далейшым тытулам князя Мсціслаўскага.

3 болын позніх звестак вядома, што дачка Івана Юр'евіча Заслаўскага Аксіння прыкладна ў гэты ж час выйшла за князя Васіля Андрэевіча Палубінскага, які, верагодна, паходзіў са Смаленшчыны ці княстваў у вярхоўях Акі і пасля захопу яго вотчын Іванам III атрымаў у якасці кампенсацыі маёнтак Палубічы ў Берасцейскім павеце. У пасаг за Аксінняй былі вызначаны тры сялы ў Цяцерынскай воласці, якія павінен быў перадаць брат князёўны, Міхаіл Мсціслаўскі.

Вялікая княгіня Алена валодала Цяцерынскай воласцю да сваёй смерці (1513). Значную частку гэтай воласці з Княжыцамі і Галоўчынам (якія, аднак, былі за межамі Кругляншчыны — у сучасным Бялыніцкім раёне) яна падаравала свайму набліжанаму, князю Мацвею Мікіцінічу, які прыбыў разам з ёй з Масквы. Астатняя частка воласці перайшла ў 1513 г. ў лік дзяржаўных маёнткаў. Яна была перададзена ў намесніцтва князю Палубінскаму, які выступіў у якасці намесніка («дзяржаўцы») цяцерынскага маёнтка ў студзені 1516 г. [8].

Пазней Цяцерын быў вернуты князю Міхаілу Іванавічу Мсціслаўскаму, спачатку як намесніцтва. У 1523 г. вялікі князь Жыгімонт II выдаў прывілей, паводле якога князь Мсціслаўскі можа валодаць Цяцерынам пажыццёва, а ў выпадку яго смерці гэтае ўладанне будзе перададзена жонцы Жыгімонта Боне [9].

Факт пераходу Цяцерынскага намесніцтва ад Палубінскага да Мсціслаўскага ўзняў пытанне пра пасаг князёўны Аксінні, якая была жонкай першага і сястрой другога. У якасці гэтага пасагу за Палубінскім былі пакінуты сёлы, на якія ў 1524 г. ён атрымаў велікакняжацкі прывілей [10]. У склад гэтых сёл уваходзілі Шапялевічы і Кругла (Круглае) з наваколлямі.

Князь Палубінскі пачаў узбуйняць свае уладанні пад Цяцерынам яшчэ да таго, як атрымаў афіцыйнае пацверджанне на іх. У 1522 г. ён купіў у цяцерынскага баярына Івана Цімафеевіча Куля за 100 коп грошаў маёнткі, якія пасля баяр Ігната, Ходара і Нічыпара Вушкавічаў атрымаў пры князю Іване Юр'евічу (Мсціслаўскім ці Заслаўскім?) іх пляменнік, бацька Івана Куля. У склад гэтых маёнткаў уваходзіў невялікі двор («дварэц») Мікіціна на р. Друць (дакладнае месцазнаходжанне не вызначана), некалькі сялянскіх сем'яў у сяле Ліхінічы (сучаснае Ракушава) і зямельныя надзелы ў сяле Азёры (Езеры) пад назвай Кудрычы, Кузнеўшчына, Рагозна і Бабічына (некаторыя з іх пазней ператварыліся ў вёскі). Гэты дакумент датаваны не каляндарным годам, а 11-м індыктам (годам 15-гадовага цыкла), таму пры публікацыі ён памылкова аднесены да 1492 г. [11]. У ім упамінаецца цяцерынскі намеснік (цівун) князя Міхаіла Мсціслаўскага, а апошні набыў тытул князя Мсціслаўскага толькі ў 1499 г. Немагчыма і датаванне 1507 г. (на які таксама прыпадаў 11-ы індыкт), бо ў той час Цяцерын належаў княгіні Алене. Застаецца толькі 1522 г.

У 1522 г. ўпамінаецца яшчэ адзін населены пункт Кругляншчыны — Шупені, дзе ў той час ужо існаваў невялікі замак. Валодаў ім тады нейкі шляхціц (гаспадарскі дваранін) Грыгаровіч [12].

У 1524 г. ўпершыню з'яўляецца ў дакументах назва сучаснага райцэнтра Круглае. У гэты час князь Васіль Палубінскі судзіўся з уладальнікам суседняга маёнтка Дудаковічы — князем Фёдарам Іванавічам Дудакоўскім (унукам Васіля Іванавіча Пуцяціча) за крыўды, якія апошні рабіў круглянскім (у тэксце — «курглянскім») падданым князя Палубінскага [13].

Дудаковічы ўпершыню ўпамінаюцца ў 1506 г., калі імі валодаў бацька Фёдара Дудакоўскага — князь Іван Дуда, які, верагодна, і заснаваў гэты маёнтак [14]. З болыы позніх дакументаў вынікае, што саўладальнікам Івана быў яго брат Дзмітрый, які ў 1500 г. трапіў у маскоўскі палон і там памёр. Пазней удовы гэтых братоў (Іван памёр раней 1520 г.) падзялілі Дудаковічы такім чынам, што непасрэднымі ўладальнікамі засталіся ўдава Івана Настасся і яе дзеці, а ўдава Дзмітрыя са сваімі дзецьмі павінна была атрымліваць частку мядовай даніны і мець доступ у бабровыя гоны, дзе палявалі на баброў. Пазней гэта права перайшло да сына Дзмітрыя князя Фёдара і яго жонкі. Апошняя ўжо пасля смерці мужа (1541 г.) разам са сваім сынам Рыгорам нагадвала пра свае правы на даніну з Дудаковічаў, якімі ў той час валодаў малодшы брат Фёдара Дудакоўскага Іван Іванавіч (сам Фёдар памёр у 1530 г.) [15].

Абодва сыны Васіля Іванавіча Пуцяціча Іван Дуда і Дзмітрый былі саўладальнікамі маёнтка Арава, падзел якога адбыўся наступным чынам: сам маёнтак застаўся ва ўладанні нашчадкаў Дзмітрыя, а нашчадкі Івана атрымалі права на частку даніны з яго. Сын Дзмітрыя князь Фёдар Дзмітрыевіч (які ад галоўнага маёнтка ўсіх Пуцяцічаў Горы пісаўся князем Горскім) памёр каля 1540 г., а ў наступным годзе ўпершыню непасрэдна згадваецца «дань медовая Оревская», якую гэты князь выплочваў свайму стрыечнаму брату Івану Іванавічу Горскаму (Дудакоўскаму) [16].

У Васіля Іванавіча Пуцяціча былі браты Міхаіл і Дзмітрый, якім таксама належала доля ў маёнтках на поўначы Кругляншчыны. Пра Міхаіла і яго сына Юрыя, якія жылі ў другой палавіне 15 — пачатку 16 стагоддзя, звестак амаль няма. Адметнай фігурай быў сын Юрыя, князь Васіль Юр'евіч Талачынскі — родзіч у трэцім калене вышэйзгаданых Фёдара і Івана Дудакоўскіх і Фёдара Дзмітрыевіча Горскага. Што да Дзмітрыя Пуцяціча, то ён упамінаецца ў 1467 г., а з 1492 г. да сваёй смерці ў 1505 г. займаў высокую пасаду кіеўскага ваяводы. Ён не пакінуў дзяцей, маёнткі яго пасля смерці былі падзелены паміж аддаленнымі родзічамі. Васіль Талачынскі атрымаў вялікі маёнтак Стараселле, тэрыторыя якога была размешчана ў межах сучаснага Шклоўскага і Талачынскага раёнаў, а таксама маёнтак (двор) Радча, да якога належаў дварэц Лясны. Гэты ж Васіль у 1544 г. атрымліваў і частку даніны з Аравы, што яму выплочвалі дзеці Фёдара Дзмітрыевіча — князі Грыгорый і Абрам Бурнеўскія [17]. Тытул двух апошніх князёў сведчыць пра тое, што цэнтр іх маёнтка знаходзіўся не ў Араве, а ў размешчаным па суседству з ёю двары Бурнеўка.

У першай чвэрці 16 стагоддзя Кругляншчына падзялялася на некалькі феадальных маёнткаў: Арава і Бурнеўка належалі галіне князёў Друцкіх-Бурнеўскіх, Дудаковічы —князям Друцкім-Дудаковіцкім, Радча і Лясная — спадчынніку Дзмітрыя Пуцяціча князю Васілю Друцкаму-Талачынскаму, Круглае з Шапялевічамі і іншымі паселішчамі — князю Васілю Палубінскаму. Частка Цяцерынскай воласці з Шупенямі і Азёрамі лічылася дзяржаўнай уласнасцю і знаходзілася ва ўладанні князя Міхаіла Мсціслаўскага.

Князь Мсціслаўскі ў гэты час знаходзіўся ў вельмі складаных адносінах са сваім сынам Фёдарам. Варожасць паміж імі прывяла да таго, што Міхаіл адмовіўся аддаць сыну маёнтак і пакінуў яго без сродкаў да існавання. За Фёдара заступіўся вялікі князь Жыгімонт, які загадаў князю Мсціслаўскаму матэрыяльна забяспечыць сына, а са свайго боку выказаў намер пазбавіць Міхаіла Цяцерынскай воласці і перадаць яе Фёдару. Гэтая пагроза прымусіла Міхаіла ў 1525 г. са складу Мсціслаўскага княства вылучыць сыну замак Радамль [18], пасля чаго Цяцерын быў пакінуты ў руках Міхаіла.

Аднак князь Фёдар хутка пасля гэтых падзей пакінуў дзяржаву і паступіў на службу да вялікага князя маскоўскага Васіля III. Амаль адначасова памёр і малодшы сын князя Міхаіла — Васіль. Міхаіл, які застаўся без нашчадкаў мужчынскага полу, у 1526 г. падараваў Мсціслаўскае княства вялікаму князю Жыгімонту. Напэўна, у адказ яму была падаравана Цяцерынская воласць, бо ў канцы жыцця князь Мсціслаўскі вядомы як яе паўнапраўны ўласнік. Частку гэтай воласці ён прадаў віленскаму ваяводу Альбрэхту Гаштаўту (Гаштольду), уладальніку сумежнага маёнтка Шклоў. У канцы 1528 г. Міхаіл паведамляў свайму цяцерынскаму намесніку, што ўзамен за частку поля пад Цяцерынскім замкам ён саступаў пану Гаштаўту маёнтак Азёры (Езера) [19]. Магчыма, у гэты ж час да Гаштаўта перайшоў і замак Шупені, які пазней утвараў адзінае ўладанне з Азёрамі.

Міхаіл Мсціслаўскі памёр каля 1529 г., пакінуў удаву Ульяну (дачку князя Галынанскага) і чатырох дачок: Марыну, Тамілу, Настассю і Багдану, якія ўсе ў той час былі яшчэ незамужнімі. Цяцерын да 1541 г. заставаўся ў руках Ульяны, а потым быў падзелены на 4 часткі паміж князёўнамі Мсціслаўскімі. Старэйшая з іх Марына каля 1530 г. ўзяла шлюб з панам Юрыем Рыгоравічам Осцікам, далёкім родзічам славутых паноў Радзівілаў. Яна нарадзіла з ім адзінага сына Юрыя, у 1546 г. аўдавела і зноў выйшла замуж у 1555 г. за пана Мікалая Кішку.

Другая сястра, Таміла, выйшла ў 1535 г. за старога князя Мацвея Мікіцініча, уладальніка суседняга маёнтка Галоўчын. Яна нарадзіла сына Астафія і ў 1539 г. аўдавела, у 1540 г. ўзяла шлюб з князем Андрэем Саламярэцкім, які памёр у 1541 г., пасля чаго Таміла ў 1542 г. выйшла замуж за пана Яна Забярэзінскага, дзеля гэтага перахрысцілася ў каталіцтва пад імем Барбара. Трэці муж яе памёр у 1545 г., а ў наступным годзе памерла і сама Таміла-Барбара. Адзіным спадчыннікам яе застаўся адзінаццацігадовы сын Астафій Галаўчынскі, які памёр маладым і нежанатым у 1557 г.

Трэцяя сястра, Настасся, у 1540 г. выйшла зймуж за Рыгора Рыгоравіча Ос-ціка, брат якога быў мужам яе старэйшай сястры. У 1557 г. Р.Р.Осцік памёр і Настасся ў 1559 выйшла замуж за князя Стафана Збаражскага.

Падобны лёс напаткаў і чацвёртую сястру Багдану. Яна выйшла ў 1546 г. замуж за князя Андрэя Міхайлавіча Сангушку, нарадзіла яму дачку Ганну, страціла мужа ў 1560 г. У 1561 г. яна ўзяла шлюб з панам Андрэем Цеханавецкім.

Цяцерынская воласць была падзелена паміж чатырма ўладальніцамі і іх мужамі. Пасля смерці Астафія Галаўчынскага яго доля адышла да цётак і, напэўна, была падзелена паміж імі. Доля Марыны, якая памерла ў 1563 г., адышла да яе сына Юрыя Осціка, а доля Багданы, якая памерла ў 1565 г., да яе дачкі, князёўны Ганны Сангушкі, якая ў 1570 г. ўзяла шлюб з панам Мікалаем Паўлавічам Сапегам. Бяздзетаая Настасся ў 1564 г. падаравала сваю долю Цяцерына і воласці мужу, князю Стафану Збаражскаму, разам з якім валодала ёю да сваёй смерці ў 1580 г. [20]. Яны ж, магчыма, набылі пасля смерці Юрыя Осціка ў 1579 г. і яго долю, сканцэнтравалі ў сваіх руках большую частку маёнтка, уладальніцай якога заставалася і Ганна Сангушка, доля якой пасля яе смерці ў 1580 г. адышла да Мікалая Сапегі.

На жаль, крыніцы не дазваляюць прасачыць, якая частка Цяцерына і навакольнай воласці ўваходзіла ў долю кожнага з саўладальнікаў. Магчыма, тэрытарыяльнага падзелу не праводзілася наогул, а дзяліўся толькі даход з маёнтка.

Абодва саўладальнікі, Стафан Збаражскі і Мікалай Сапега, пасля амаль адначасовай смерці сваіх жонак у 1580 г. ўзялі шлюбы. Збаражскі ў 1581 г. ўзяў дачку польскага пана Андрэя Фірлея Дароту, з якой меў адзіную дачку Барбару. Дарота Фірлей пасля яго смерці ў 1586 г. выйшла замуж за Льва Сапегу. Далёкі родзіч апошняга Мікалай Сапега ўзяў шлюб з далёкай родзічкай Збаражскага, князёўнай Ганнай Вішнявецкай. Да сваёй смерці ў 1599 г. ён нарадзіў з ёю чатырох сыноў і дачку.

Лёс тых маёнткаў, якія раней адасобіліся ад Цяцерынскай воласці, складаўся інакш. Шупені і Азёры пасля смерці ў 1539 г. Альбрэхта Гаштаўта перайшлі да яго адзінага сына Станіслава. Як уладальнік Шупеняў ён упамінаецца ў 1542 г. [21]. У тым жа годзе Станіслаў Гаштаўт памёр апошнім са свайго роду, пасля чаго яго вялікія вотчыны (маёнткі на Кругляншчыне ўтваралі толькі іх нязначную частку) адышлі да вялікага князя. У хуткім часе Шупені нейкім чынам перайшлі да князя Івана Васілевіча Крошынскага і яго сястры Палоніі, жонкі полацкага баярына Баркулаба Корсака. Князь Іван Крошынскі ўпамінаецца ў сувязі з гэтым маёнткам у 1549 г. [22]. Яго сястра разам з мужам у 1551 г. мелі памежны канфлікт з тагачасным саўладальнікам Цяцерына Рыгорам Осцікам (мужам Настассі Мсціслаўскай), які зрабіў наезд на сёлы Асаевічы, Ліхінічы і Аўхімкавічы, што ў той час належалі да Шупеняў [23].

У далейшым Шупені заставаліся ўласнасцю Палоніі Крошынскай, якая перажыла свайго мужа Баркулаба Корсака (памёр у 1576 г.). Яна памерла ў 1594 г. і завяшчала свае маёнткі адзінай дачцэ Еве, якая з 1583 г. была жонкай князя Багдана Іванавіча Саламярэцкага. Сярод гэтых маёнткаў былі і Шупені з Азёрамі, якія ў 17 стагоддзі ўпамінаюцца як уладанне Евы Баркулабаўны і яе нашчадкаў.

Круглае і Шапялевічы, як адзначалася вышэй, у 1-й чвэрці 16 стагоддзя зрабіліся ўласнасцю князя Васіля Палубінскага. Ён працягваў валодаць імі да сваёй смерці ў 1550 г. Канчатковае размежаванне яго ўладанняў з маёнткам Цяцерын адбылося толькі ў 1540 г., на што князь Васіль і яго старэйшы сын Леў атрымалі спецыяльны велікакняжацкі прывілей [24]. Аднак і пасля гэтага ўладальнікі Цяцерына мелі да Палубінскіх тэрытарыяльныя прэтэнзіі. У 1547 г. тры князёўны Мсціслаўскія паклікалі Васіля Палубінскага ў суд за спрэчныя тэрыторыі [25], а ў 1549—52 гг. ужо другі яго сын, Іван Палубінскі, судзіўся з Рыгорам Осцікам за сёлы, якія яго бацька павінен быў атрымаць у пасаг за князёўнай Заслаўскай яшчэ за 60 гадоў да таго (так гаворыцца ў дакуменце, хоць на самой справе шлюб гэты адбыўся не так даўно) [26].

3 сыноў Васіля Палубінскага Леў памёр яшчэ пры яго жыцці, а Іван у 1558 г. Пасля гэтага адзінай спадчынніцай іх маёнткаў засталася дачка Льва князёўна Марына.

Спадчына Льва Палубінскага прыцягнула ўвагу скандальна вядомага авантурыста князя Дзмітрыя Фёдаравіча Сангушкі. У 1550 г. ён без згоды родзічаў непаўналетняй на той час князёўны Марыны захапіў яе і адвёз на выхаванне да сваёй цёткі, мяркуючы пазней узяць шлюб з ёю і атрымаць такім чынам яе маёнткі. Але ў 1553 г. Дзмітрыя Сангушку прывабіла больш багатая спадчына, і ён гэтак жа гвалтоўна выкраў юную князёўну Гальшку (Альжбету) Астрожскую — унучку славутага палкаводца Канстанціна Іванавіча Астрожскага, спадчынніцу палавіны яго вялізных уладанняў. За такія паводзіны князь Сангушка велікакняжацкім указам быў абвешчаны па-за законам і ў хуткім часе родзічы Гальшкі Астрожскай забілі яго.

Што ж да Марыны Палубінскай, то яна пазней узяла шлюб з шляхціцам Іванам Копцем. Ужо ў 1563 г. яна аўдавела, нарадзіўшы дачку Марыну і сына, які памёр у дзяцінстве. Неўзабаве яна атрымала шлюб з жамойцкім шляхціцам Станіславам Паўлавічам Нарушэвічам, але хутка захварэла і памерла. Дзедава спадчына яшчэ раз зрабіла яе аб'ектам несумленных дамаганняў. У 1567 г., напярэдадні смерці, Марына напісала завяшчанне, паводле якога ўсе яе маёнткі павінны былі адысці другому мужу, у той час як дачка ад першага шлюбу заставалася ні з чым. Родзічы Івана Копці аспрэчылі гэтае завяшчанне як напісанае пад прымусам і здолелі прывесці важкія доказы. У выніку ў 1568 г. маёнткі Марыны Палубінскай былі прысуджаны яе дачцэ, таксама Марыне, якая пазней узяла шлюб з польскім шляхціцам Каспарам Дэмбінскім [27]. Паводле перапісу войска 1567 г. Станіслаў Нарушэвіч павінен быў паставіць з Круглага ў войска 12 узброеных коннікаў, што адпавядала памеру маёнтка прыкладна ў 240 двароў [28]. У той жа час Стафан Збаражскі са сваёй часткі Цяцерына паставіў 10 коннікаў [29]. На жаль, у перапісе не адлюстраваны памеры ўладанняў іншых саўладальнікаў Цяцерына.

Марына Дэмбінская ў 1595 г. мела памежны канфлікт з уладальнікам суседняй Аравы князем Фёдарам Рыгоравічам Друцкім-Горскім, які з дапамогай князёў Дзмітрыя Адзінцэвіча і Паўла Друцкага-Любецкага зрабіў наезд на Круглае [30].

Гісторыя Аравы і Бурнеўкі ў сярэдзіне — другой палавіне 16 стагоддзя была менш складанай. Імі паслядоўна валодалі сыны памерлага (каля 1540 г.) Фёдара Дзмітрыевіча Горскага — Рыгор Бурнеўскі (памёр у 1560) і Абрам (памёр у 1570) і іх сыны. У 1566 г. доля непаўналетніх дзяцей Рыгора (Пятра, Фёдара і Івана) знаходзілася пад апекай князя Пятра Друцкага-Сакалінскага. Адзіны сын Абрама Юрый у 1600 г. саступіў сваю долю ў Араве стрыечнаму брату Фёдару (таму самаму, які за 5 гадоў да таго зрабіў наезд на Круглае) [31].

Маёнткі Радча і Лясная, набытыя на пачатку 16 стагоддзя князем Васілём Друцкім-Талачынскім, былі ў 1544 г. падараваны ім жонцы — Марыі Багданаўне Заслаўскай (якая, дарэчы, была пляменніцай Міхаіла Мсціслаўскага) [32]. Пасля смерці Васіля Талачынскага ў 1546 г. Марыя ўзяла шлюб з панам Іванам Гарнастаем. У 1551 г. сёстры Васіля — Людміла, жонка Юрыя Храбтовіча, і Настасся, жонка віцебскага гараднічага Рамана Гарасімовіча, — спрабавалі адсудзіць маёнткі брата як сваю «блізкасць». Марыя ж і яе другі муж спасылаліся на дзеючую норму маёнткавага права, паводле якой уладальнік мог вольна распараджацца трэцяй часткай сваіх маёнткаў, а астатнія дзве трэці павінны былі адысці да родзічаў памерлага толькі пасля выплаты ўдаве пэўнай грашовай сумы, запісанай ёй уладальнікам. У выніку трэць спадчыны Васіля Талачынскага была навечна прысуджана Марыі, а рэшту ёй дазвалялася трымаць да выплаты адпаведнай сумы родзічамі яе першага мужа [33].

Радча і Лясная першапачаткова былі далучаны да той трэці, якую Марыя атрымала навечна і якую яна ў 1545 г. запісала сваёй стрыечнай сястры Ганне Фёдараўне Заслаўскай, жонцы Яна Глябовіча [34]. У далейшым, аднак, абодва маёнткі былі ўключаны ў тую частку, якую яна ў 1554 г. завяшчала свайму мужу Івану Гарнастаю і якая пасля смерці апошняга перайшла да яго сыноў ад першага шлюбу, пасынкаў Марыі: Гаўрылы, Фёдара і Астафія. Маёнтак Радча («Регча») называецца сярод уладанняў, якія ў 1590 г. сумесна належалі сыну Гаўрылы Гарнастая Ераніму і дачцэ Астафія Зоф'і, жонцы Адама Талваша [35].

Родзічы Васіля Талачынскага захоўвалі права выкупіць яго спадчыну, якое яны доўга не маглі рэалізаваць з-за недахопу грошай. Сёстры Васіля, Людміла і Настасся, перадалі гэтае права дачцэ Настассі ад першага шлюбу, князёўне Багдане Канстанцінаўне Друцкай-Каноплі і яе мужу Івану Іванавічу Сапегу. Спадчыннікам гэтага права стаў старэйшы сын Багданы — Леў Іванавіч Сапега, адзін з найбольш вядомых дзеячаў свайго часу. Нарадзіўся ён у 1557 г., у 1580 г. заняў значную прыдворную пасаду велікакняжацкага сакратара, у 1581 г. — пісара Вялікага княства Літоўскага. 3 1584 г. ён становіцца падканцлерам, з 1589 г. — канцлерам, кіраўніком справаводства і знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага. Выключныя здольнасці і высокія пасады спрыялі росту яго багаццяў, і ў 1590 г. Леў Сапега выкупіў у Ераніма Гарнастая ўсе маёнткі, якія некалі складалі спадчыну Васіля Талачынскага, у тым ліку Радчу і «радчынскі дварэц» (Лясную) [36]. Праз шлюб з Даротай Фірлей ён, як адзначалася вышэй, трымаў у руках і спадчыну князя Збаражскага ў Цяцерыне.

У першай палавіне 16 стагоддзя Дуд-ковічы належалі, як ужо адзначалася, сынам князя Івана Дуды Горскага: Фёдару і Івану Дудакоўскім. Яны былі апошнімі прадстаўнікамі мужчын гэтай галіны Пуцяцічаў-Горскіх. Першы з іх памёр у 1530 г., другі пасля 1551 г. Адзінай спадчынніцай маёнткаў братоў Дудакоўскіх была іх сястра Аўдоцця, жонка Багдана Храбтовіча. Пасля яе смерці ў 1558 г. гэта спадчына адышла да яе дзяцей: Пятра Багданавіча Храбтовіча і Багданы, якая была жонкай Анікея Гарнастая (брата Івана Гарнастая, да якога адышла спадчына Васіля Талачынскага).

У тым жа 1558 г. Пётр Храбтовіч прадаў сваю долю ў мацярынскай спадчыне швагру Анікею Гарнастаю [37]. Апошні ўзяў шлюб з Багданай ужо далёка не ў маладым узросце, да гэтага ад першага шлюбу ён меў адзінага сына Фрэдэрыка, на карысць якога завяшчаў у 1560-я гг. свае маёнткі, у тым ліку Дудаковічы [38]. Фрэдэрык у хуткім часе памёр без нашчадкаў, пасля чаго яго ўладанні дасталіся стрыечным братам, сынам Івана Гарнастая. Але пазней сярод уладанняў Гарнастаяў Дудаковічы не ўпамінаюцца. Магчыма, яны былі набыты ў Гарнастаяў Львом Сапегам.

Да канца 16 стагодддзя тэрыторыя Кругляншчыны канчаткова падзялілася на шэраг самастойных маёнткаў. 3 іх толькі Арава і Бурнеўка належалі старым уладальнікам, нашчадкам князя Івана Пуцяты. Радча і, магчыма, Дудаковічы трапілі да Льва Сапегі, былое ўладанне князёў Палубінскіх Круглае належала ў канцы стагоддзя Марыі Копцеўне, удаве Каспара Дэмбінскага. Маёнтак Цяцерын належаў сумесна непаўналетняй дачцэ князя Стафана Збаражскага і сынам пана Мікалая Сапегі. Шупені і Азёры належалі Еве Баркулабаўне Корсак і яе мужу князю Багдану Саламярэцкаму.

У канцы 16 стагоддзя Тамашам Макоўскім была зроблена карта Вялікага княства Літоўскага (выдадзена ў 1613 г.) [39]. На ёй цэнтры пазначаных маёнткаў (Арава, Радча, Дудаковічы, Круглае, Шупені і Цяцерын) паказаны як мястэчкі — паселішчы, насельніцтва якіх мела прывілеі займацца не толькі сельскай гаспадаркай, але і гандлёва-рамесніцкай дзейнасцю.

Пачатак 17 стагоддзя быў часам росквіту дзейнасці канцлера Льва Сапегі. Адначасова раслі і яго ўладанні, дзякуючы чаму ў канцы жыцця ён стаў адным з самых багатых, калі не найбагацейшым магнатам у дзяржаве.

Кругляншчына стала адным з тых раёнаў, дзе ўтварыліся асабліва буйныя ўладанні Льва Сапегі. Да маёнтка Радча ён далучыў Цяцерынскі маёнтак, калі купіў яго ў сваёй падчарыцы Барбары Збаражскай, якая ў пачатку 17 стагоддзя ўступіла ў шлюб з польскім магнатам Габрыэлем Тэнчынскім [40]. Доля гэтага маёнтка, якая належала Мікалаю Сапегу праз шлюб з князёўнай Сангушкай, у 1614 г. дасталася аднаму з яго малодшых сыноў, Аляксандру Казіміру [41]. Апошні, аднак, у 1619 г. памёр без нашчадкаў, а сярод уладанняў яго братоў Цяцерын больш не ўпамінаецца. Магчыма, гэтая частка была таксама куплена Львом Сапегам.

Маёнтак Круглае пасля пані Дэмбінскай належаў паляку Станіславу Расцінскаму. У 1600 г. апошні прадаў яго шляхціцу Гарасіму Мікалаевічу Ломскаму, а сын Гарасіма Юрый Ломскі ў 1621 г. прадаў за 4000 коп грошаў Льву Сапегу, які ў тым жа годзе заняў вышэйшую дзяржаўную пасаду ваяводы Віленскага [42]. Такім чынам, у руках Сапегі сканцэнтравалася прыкладна палавіна тэрыторыі сучаснага Круглянскага раёна, што складала толькі невялікую частку яго ўладанняў. Землі Цяцерынскага маёнтка цягнуліся на поўдзень і даходзілі да Бялынічаў. Да паўночных межаў Кругляншчыны падыходзілі землі, набытыя Сапегам у якасці спадчыны князя Талачынскага, —Талачын са Славенямі і Стараселле з Коханавам. Крыху далей, у сучасных Крупскім і Чашніцкім раёнах, знаходзіўся буйны сапежынскі маёнтак Чарэя і набытая ім жа частка Лукомскага княства. У іншых месцах Вялікага княства Літоўскага Льву Сапегу належалі Горы з Горкамі, Іказнь з Пагостам, Ражаны, Зэльва, Бяроза Картузская, Лепель, Бешанковічы і шмат іншых маёнткаў.

Паводле рэестра даходаў Льва Сапегі за 1624 г. вядома, што з маёнтка Цяцерын ён атрымліваў штогод грашовы падатак (чынш) у памеры 7623 злотых і 11 грошаў, а да таго натуральны падатак у выглядзе 252 бочак жыта коштам у 1890 злотых (па 3 капы грошаў, ці па 8,5 злотых за бочку). Даход з Круглага (да якога, як вынікае з больш позніх дакументаў, была далучана Радча) складаў 5000 злотых чыншу [43]. Нагадаем, што Крулае было набыта Сапегам у Ломскага за 4 тыс. коп грошаў, што адпавядае 10 тыс. злотых. Такім чынам, затраты на набыццё маёнтка акупіліся ўсяго за два гады. Агульны даход з 10 маёнткаў на ўсходзе Беларусі (Цяцерына, Круглага, Бялыніч, Любашан, Якаўлевічаў, Стараселля, Талачына, Гор, Чарэі і Пацкава) складаў прыкладна 70 тыс. злотых, гэта былі далёка не ўсе яго ўладанні. На такія грошы можна было ўтрымліваць цэлую армію, што Сапега і зрабіў у 1625 г., калі атрымаў пасаду найвышшага гетмана (галоўнакамандуючага). У той час ішла вайна са Швецыяй, а паколькі дзяржаўная казна была пустая, гетман правёў ваенную кампанію практычна на ўласныя грошы.

Леў Сапега памёр у 1633 г., пакінуў сыноў Яна Станіслава і Казіміра Льва. Паводле яго завяшчання ўсе маёнткі на Кругляншчыне і наваколлях дасталіся Казіміру Льву, які быў у той час пісарам Вялікага княства Літоўскага. 3 гэтай пасады некалі пачынаў і яго бацька, аднак Казіміру не патрапіла паўтарыць яго бліскучую кар'еру: у 1656 г. ён памёр на пасадзе падканцлера ва ўзросце 47 гадоў, не пакінуўшы нашчадкаў. Паколькі яго старэйшы брат памёр яшчэ раней, на гэтам род славутага Льва Сапегі скончыўся.

Свае неабсяжныя ўладанні Казімір Сапега завяшчаў аддаленым родзічам — прадстаўнікам вельмі разгалінаванага сямейства Сапегаў. Пры гэтым Круглае з Шапялевічамі было запісана шаснаццацігадовай Ганне Сапежанцы — унучцы стрыечнага брата Казіміра — Крыштафа Станіслава Сапегі. Цяцерын у складзе іншых маёнткаў быў завешчаны ў пажыццёвае карыстанне Яну Фрэдэрыку Сапегу — унуку Мікалая Паўлавіча і пляменніку Аляксандра Казіміра, якія валодалі часткай гэтага маёнтка ў канцы 16 — пачатку 17 стагоддзя. Пасля яго смерці гэты маёнтак павінен быў перайсці да больш блізкіх родзічаў Льва Сапегі — нашчадкаў яго братоў Рыгора і Андрэя. Гэтымі нашчадкамі былі названая вышэй Ганна Сапежанка (яе дзед быў сынам Рыгора), другая Ганна — удава Станіслава Нарушэвіча і ўнучка таго ж Рыгора ад яго старэйшага сына Аляксандра Дажджбога, і князь Аляксандр Гіляры Палубінскі, маці якога Соф'я была дачкой Андрэя і пляменніцай Льва Сапегі [44].

У 1661 г. Ян Фрэдэрык Сапега выплаціў Аляксандру Палубінскаму 15 тысяч злотых за тую частку Цяцерына, якая адышла да апошняга паводле завяшчання Казіміра Сапегі. Напэўна, ён выкупіў маёнтак і ў іншых саўладальнікаў. У гэты час да Цяцерынскага маёнтка належалі вёскі Шыпягі, Сіманавічы, Канановічы, Ліпск, Храпы (Храпкі), Улужжа на правабярэжжы Друці, Прыгані, Старкі, Дразды, Папоўцы (Папоўка), Крывая Слабада (Крывуліна), Комсенічы. Кляпінічы, Урублеўск, Ількавічы і інш. [46]. Ян Сапега памёр у 1664 г., пасля чаго маёнткам валодала яго ўдава Канстанцыя Гербурт.

Круглае пасля смерці ў 1667 г. Ганны Сапежанкі перайшло да А. Палубінскага. У тым жа годзе падымны тарыф Вялікага княства адзначае, што маёнтак Круглае Палубінскага налічваў 580 дымоў, а Цяцерын удавы Яна Сапегі — 367. Захаваліся таксама два блізкія па часе інвентары маёнтка Круглае, адзін з якіх датаваны 1669 г., а другі, верагодна, 1673 (у тэксце інвентара стаіць памылковая дата 1643, калі Палубінскі яшчэ не быў уласнікам Круглага) [47].

У склад маёнтка Круглае тады ўваходзілі апрача аднайменнага мястэчка з 72 дварамі, мястэчкі Шапялевічы і Радча (у апошнім было ўсяго 8 двароў), вёскі Навапруддзе, Ваўканосава, Ліхінічы, Пляватка, Міхейкава, Хількавічы, Паўлавічы, Марцыянавічы, Дарожкавічы, Палессе (верагодна, суч. Новае Палессе), Зелянкова, Глыбокае, Оўсічы, Стаі, аднадворныя засценкі (хутары) Буракі, Гарадзішча, Дзянісаўшчына, Халапінка, Уздорнае, Аладзінка. Да маёнтка належалі 554 валокі (каля 12 тыс. га) гаспадарчых зямель, з якіх у 1673 г. 314 валок (амаль 56%) пуставала, а рэшта была занята 422 сялянскімі і мяшчанскімі гаспадаркамі. Падданыя выконвалі павіннасці на суму 5937 злотых, 24 польскія грошы (1 злоты складаў 30 польскіх ці 24 літоўскія грошы) і 4,5 пенязей (1 польскі грош роўны 8 пенязям).

Даход з маёнтка ў параўнанні з 1624 г. павялічыўся, нягледзячы на выкліканыя вайной разбурэнні і запусценне значнай колькасці валок.

У далейшым, пасля смерці ў 1679 г. Аляксандра Палубінскага, былая спадчына Казіміра Сапегі ў Круглянскім раёне сканцэнтравалася ў руках Іаанны Тэадоры Нарушэвіч — дачкі Станіслава Нарушэвіча і Ганны (стрыечнай пляменніцы Казіміра). Іаанна Тэадора пасля смерці свайго першага мужа Яна Долмат-Ісайкоўскага каля 1663 г. ўзяла шлюб з князем Янам Агінскім, будучым ваяводам мсціслаўскім, потым полацкім. Князь Агінскі, напэўна, выкупіў усе долі маёнткаў Цяцерын і Круглае, якія належалі іншым саўладальнікам. У далейшым абодва гэтыя маёнткі сталі ўласнасцю нашчадкаў Іаанны Тэадоры і Яна Агінскага.

Маёнтак Арава ў 17 стагоддзі заставаўся ўласнасцю князёў Друцкіх-Горскіх. Князь Фёдар Рыгоравіч, што памёр у 1615 г., пакінуў сына Рыгора, які перайшоў у каталіцтва і быў вядомы пад імем Гжэгажа Ежы. Брат Фёдара Іван (Ян) памёр у 1619 г., пакінуўшы сыноў Ежы, Стафана, Аляксандра і дачку Альжбету (Гальшку), якая стала жонкай Юрыя Ломскага, які прадаў Круглае Льву Сапегу. У 1642 г. Гжэгаж Ежы Горскі судзіўся са сваімі стрыечнымі братамі за долю ў Араве. У хуткім часе двое з іх, Ежы і Аляксандр, памерлі, а трэці брат Стафан быў псіхічна хворы. Карыстаючыся гэтым, Гжэгаж Ежы захапіў іх долю ў Араве (у складзе якой было ў гэты час сяло Палессе), за што ў 1664 г. іх сястра са сваім мужам Юрыем Ломскім падалі на яго ў суд [48].

Частка Аравы, аднак, нейкім чынам трапіла ў іншыя рукі. Так, у 1622 г. ўпамінаюцца араўскія падданыя пана Аляксандра Дамарацкага, якія забілі ў Талачыне слугу пана Крыштафа Камара, за што апошні падаў на Дамарацкага ў суд (па законах таго часу пан, які плаціў за сваіх падданых дзяржаўныя падаткі, быў адказны і за іх паводзіны) [49].

Маёнтак Арава займаў значную плошчу, пра што сведчыць упамінанне ў яго складзе Палесся (магчыма, сучасная вёска Старое Палессе). Па памерах гэта плошча набліжалася да плошчы маёнткаў Цяцерын і Круглае, але населена яна была менш шчыльна. Паводле звестак падымнага тарыфа 1667 г., Арава (уласнікам якой, напэўна, быў сын памерлага ў 1659 г. Гжэгажа Ежы Горскага — Тэадор Караль) была здадзена ў арэнду Казіміру Вайдзевічу і налічвала 61 дым, іншая частка Аравы і Сурнаўка, якія былі ў пажыццёвым валоданні Канстанціна Багушэвіча, мелі 11 дымоў. Асобны маёнтак Вялікая Арава, уладальніцай якога была ўдава Яна Міцкевіча, меў таксама 11 дымоў [50].

Шупені ў пачатку 17 стагоддзя з'яўляліся мацярынскай спадчынай Евы Баркулабаўны Корсак, якая перажыла свайго мужа, князя Багдана Саламярэцкага, які памёр ў 1602 г., як яго ўдава апошні раз упамінаецца ў 1620 г. Яна пакінула сына Багдана Багданавіча, які памёр ў 1630 г., і некалькі дачок, адна з іх была жонкай шляхціца Дзевалтоўскага. У Дзевалтоўскіх быў сын Еранім і дзве дачкі — Ганна (была жонкай Ільі Храбтовіча) і Крысціна (жонка Ераніма Камара). Другая дачка Евы Корсак Алена была жонкай Багдана Сцяцкевіча. У 1652 г, паміж унукамі Евы адбыўся судовы працэс аб падзеле яе спадчыны. Пры гэтым Ганна Дзевалтоўская са сваім мужам абвінавачвалі Ераніма Дзевалтоўскага ў тым, што яны перадалі яму на захаванне дакументы, якія тычыліся іх правоў на маёнтак Шупені, а ён пачаў дзейнічаць у згодзе з іх праціўнікам Міхалам Сцяцкевічам (сынам Багдана і Алены Саламярэцкай) і не вярнуў ім гэтыя дакументы [51].

Раней, у 1651 г. Крысціна Дзевалтоўская і яе муж Еранім Камар ужо валодалі часткай маёнтка Шупені з фальваркам Езера (Азёры), які аддалі ў заклад на 3 гады за 12 тыс. злотых Луку і Андрэю Рамшам [52]. Пазней уласнікам Шупеняў стаў Еранім Дзевалтоўскі, які ўступіў у ордэн езуітаў і ў 1659 г. падараваў маёнтак гродзенскаму езуіцкаму калегіуму.

У другой палавіне ці канцы 17 стагоддзя ў царкоўную ўласнасць перайшоў і маёнтак Дудаковічы. Ён зрабіўся ўладаннем каталіцкага дамініканскага кляштара, заснаванага ў мястэчку Дудаковічы. На жаль, пакуль не выяўлены звесткі пра тое, кім і калі быў заснаваны кляштар і зроблены фундашавы запіс на яго.

17 стагоддзе было часам няўхільнага палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай, у складзе якой знаходзілася Вялікае княства Літоўскае. Яшчэ болыы узрасла ў гэты час роля магнатаў, адным з найболып уплывовых стаў род князёў Агінскіх — уладальнікаў Круглага і Цяцерына. Як і ў 16 стагоддзі, пры Сапегах, гэтыя маёнткі былі невялікай часткай тых шматлікіх вотчын, што належалі Агінскім у розных канцах дзяржавы.

У пачатку 18 стагоддзя пасля смерці сваіх братоў (сыноў Яна Агінскага і Іаанны Нарушэвіч) адзіным уладальнікам Круглага і Цяцерына стаў Казімір Дамінік Агінскі, які з 1710 г. займаў высокую пасаду трокскага ваяводы. У 1730 г. ён атрымаў пасаду віленскага ваяводы і перадаў Трокскае ваяводства свайму адзінаму сыну Юзафу Яну Тадэвушу. Апошні з 1722 г. быў мужам князёўны Ганны Вішнявецкай — дачкі буйнога магната Міхала Сервецыя Вішнявецкага. У гэты час кааліцыя князёў Агінскіх і Вішнявецкіх (брат Міхала Сервецыя Януш займаў адначасова вышэйшую ў Рэчы Паспалітай пасаду кракаўскага кашталяна) мела больш значны ўплыў у дзяржаве, чым каралі саксонскай дынастыі Аўгуст II і яго сын Аўгуст III.

Казімір Дамінік Агінскі памёр у 1733 г., а праз тры гады ў трыдцацішасцігадовым узросце памёр і яго сын Юзаф, пакінуўшы васьмігадовага сына Міхала Казіміра. Апекунамі маёнткаў апошняга сталі родзічы з іншай галіны князёў Агінскіх. Гэта галіна паходзіла ад брата Яна Агінскага, які набыў Цяцерын і Кру-лае — Шымона Караля. Сын апошняга Марцыян Міхал, стрыечны брат Казіміра Дамініка, ажаніў двух сваіх сыноў Ігнацыя і Станіслава з дочкамі Казіміра і сёстрамі Юзафа. Да сваёй смерці ў 1750 г. Марцыян Міхал Агінскі быў апекуном непаўналетняга пляменніка сваіх няве-стак [54].

У 1750 г. Міхал Казімір Агінскі, якому споўнілася 22 гады, уступіў у валоданне сваімі буйнымі вотчынамі, колькасць якіх яшчэ больш павялічылася за кошт атрыманых у спадчыну па маці ўладанняў Міхала Сервецыя Вішнявецкага. Малады магнат стаў адным з найбагацейшых асоб Рэчы Паспалітай. Выдатна выхаваны і адукаваны, добры кампазітар, ён хутка ўзышоў на вяршыню палітычнага Алімпа, у 1764 г. заняў пасаду віленскага ваяводы, якой быў тады пазбаўлены не менш славуты магнат Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку. У 1768 г. Міхал Агінскі атрымаў пасаду вялікага гетмана, а Радзівіл зноў стаў віленскім ваяводам.

У гэты час змяніліся ўладальнікі ў маёнтку Арава. Род князёў Друцкіх-Горскіх скончыўся на двух сынах Тэадора Караля Горскага — Казіміры і Міхале. Апошні з іх перажыў брата, не маючы дзяцей, прадаў Араву і Палессе за 15 тысяч злотых мужу сваёй сястры Ганны Пятру Корсаку. Паводле адных звестак, гэта адбылося ў 1721 г. [55], аднак падымны тарыф 1743 г. называе ўладальнікам Аравы яшчэ князя Горскага, а не Корсака. У той жа час частка гэтага маёнтка, названая ў дакуменце Араўкай, належала шляхціцу Міцкевічу [56].

На захадзе сучаснай Кругляншчыны, у басейне ракі Можы знаходзіліся землі, якія адносіліся да дзяржаўнай Барысаўскай воласці. Магчыма, доўгі час гэты лясісты абшар заставаўся амаль незаселеным. Найбольш ранні з вядомых нам інвентароў Барысаўскага староства за 1670 г. нагадвае ў яго складзе вёску Паляжаеўку з трыма дварамі, дзе жылі так званыя зямяне, альбо чыншавая шляхта — сацыяльная група, якая займала прамежкавае становішча паміж шляхтай і сялянствам [57]. У інвентары 1765 г. на пазначанай тэрыторыі ўпамінаюцца апрача Паляжаеўкі зямянскія паселішчы (засценкі) Воўкаўшчына і Смалігаўка [58].

У апошняй трэці 18 стагоддзя палітычны заняпад Рэчы Паспалітай асабліва ўзмацніўся. Прусія, Аўстрыя, Расійская імперыя ўсё мацней умешваліся ва ўнутраныя справы Полыычы і Вялікага княства Літоўскага, а ў 1772 г. перайшлі да адкрытага захопу часткі іх тэрыторыі. У Вялікае княства Літоўскае былі ўведзены расійскія войскі. Спроба ўзброенага супраціўлення беларуска-літоўскіх войск, на чале якіх стаяў гетман Міхал Агінскі, была няўдалай, і ўрад Рэчы Паспалітай вымушаны быў пагадзіцца з пераходам усходняй часткі Беларусі да Расійскай імперыі. Адначасова часткі Полынчы і Украіны адышлі да Прусіі і Аўстрыі. У 1772 г. адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай.

Новая дзяржаўная мяжа прайшла па рацэ Друць і падзяліла тэрыторыю, якая адносіцца да сучаснай Кругляншчыны, на дзве часткі. Усходняя частка яе ўвайшла ў новаўтвораную Магілёўскую губерню Расіі, заходняя засталася ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства. Хоць цэнтр Аршанскага павета горад Орша апынуўся па-за межамі Вялікага княства Літоўскага, за паветам была пакінута старая назва. Гэта ўвасабляла спадзяванні беларуска-літоўскай шляхты на тое, што тэрытарыяльныя страты носяць часовы характар i ў будучым межы Вялікага княства Літоўскага будуць адноўлены.

У 1775 г. ў Вялікім княстве Літоўскім быў складзены асабліва поўны падымны тарыф, які пералічваў колькасць дымоў не толькі ў кожным маёнтку, але і ў кожным населеным пункце паасобку. Гэты тарыф ахопліваў тую частку Кругляншчыны, што засталася ў складзе дзяржавы. Так, сярод паселішчаў Барысаўскага староства, якое ў той момант знаходзілася ва ўладанні Алены Агінскай (дачкі Казіміра Дамініка і ўдавы памерлага годам раней Ігнацыя Агінскага) упамінаюцца Паляжаеўка (4 дымы), Ваўкоўшчына (7) і Смалігаўка (7). Апошняе з названых паселішчаў было размешчана на правым беразе р. Асліўка ніжэй па цячэнні, чым сучасная вёска Смалігаўка. Сучасная Смалігаўка ў гэты час таксама існавала, яна адносілася да Цяцерынскага маёнтка.

Да Цяцерына тарыф 1775 г. адносіць усе паселішчы, якія былі ў складзе Цяцерынскага і Круглянскага маёнткаў гетмана Агінскага. Гэта тлумачыцца тым, што мястэчка Круглае, якое раней было цэнтрам самастойнага маёнтка, трапіла ў склад Расіі і было канфіскавана ў Агінскага. На правабярэжжы Друці застава-ліся мястэчкі Цяцерын і Шапялевічы з 34 вёскамі, якія разам налічвалі 921 дым.

Маёнткі Арава і Палессе былі ўласнасцю Марціна Корсака. Да першага з іх адносіліся 3 дымы ў Друцку, 6 у Араве, 1 у Грыбіне, 3 у Лавутках і вёскі Прыпадня, Грыбін, Скураты, Саннікі, Вялікія і Малыя Каскевічы, Філатава і Варгуцьева. У маёнтак Палессе ўваходзілі вёскі Палессе і Старое Палессе, Вугляны, засценак Варапаі (у якім быў 1 дым), мястэчка Круча (7 дымоў). Суседні маёнтак Араўка належаў у той час Тэадору Багдановічу. У Араўцы было 3 дымы, у Грыбіне да гэтага маёнтка належала 6, у Друцку — 1, у Залудках (магчыма, памылковае напісанне вёскі Лавуткі) — 6 дымоў. Багдановічу належалі таксама вёска Ражкі, засценкі Лычкаўшчына і Сакалоўшчына, фальварак Бурнеўка [59]. Усяго ўладанні Корсака разам з царкоўнымі і шляхецкімі дымамі налічвалі 119, уладанні Багдановіча — 32 дымы.

Частка маёнткаў Цяцерын і Круглае, што апынулася ў складзе Расійскай імперыі, была ў 1782 г. падаравана Кацярынай II княгіні Кацярыне Раманаўне Дашкавай, якая ў тым жа годзе стала першым прэзідэнтам Расійскай акадэміі навук. У матэрыялах генеральнага межавання, якое праводзілася ў Магілёўскай губерні ў 1785 г., паказана, што ва ўладанні Дашкавай уваходзілі мястэчка Круглае (86 двароў, 590 жыхароў), сёлы Радча (24 двары, 137 жыхароў), Комсенічы (61 двор, 550 жыхароў), Ількавічы (36 двароў, 516 жыхароў) і 19 вёсак. Уладанні княгіні Дашкавай налічвалі 826 двароў.

Маёнтак Шупені (11 вёсак, 232 двары) на момант генеральнага межавання быў канфіскаваны ў езуітаў і належаў адначасова васьмі ўладальнікам: Францішку Ануфрыевічу Пазняку, Міхаілу Францішкавічу Катовічу, Міхаілу Казіміравічу Велічкевічу, Ігнацыю Дамінікавічу Парэмскаму, Вінцэнту Антонавічу Борку, Івану і Ігнацыю Антонавічам Заблоцкім, Феліксу Аляксандравічу Галаўчыцы. Да таго ж Феліксу Галаўчыцы і Ігнацыю Парэмскаму належаў маёнтак Азёры з 4 паселішчамі і 70 дварамі.

Манастырскі маёнтак Дудаковічы ўключаў 4 паселішчы з 46 дварамі, а маёнтак Лясная ўладальніка Лявона Шэмета —3 паселішчы з 30 дварамі [60].

У запісках княгіні Дашкавай захаваліся цікавыя падрабязнасці, якія тычацца абставін набыцця ёю маёнтка Круглае і яго стану ў той час. Дашкава піша, што ніхто з чыноўнікаў імператрыцы не растлумачыў ёй, якая значная частка ўладанняў князя Агінскага засталася за мяжой уздоўж Друці, і Кацярына II была ўпэўнена, што даруе Дашкавай увесь маёнтак. Калі Дашкава прыбыла ў сваю новую вотчыну, убачыла яе даведзенай да галечы дзесяцігадовым гаспадараннем казённых адміністратараў. Дашкава валодала Круглым да сваёй смерці ў 1810 г. У 1796 г. яна правяла там усё лета, а ў 1802 наведала Круглае, каб асвяціць заснаваную ёю ў мястэчку праваслаўную царкву [61].

У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога ўся тэрыторыя Кругляншчыны ўвайшла ў склад Расіі. Першапачаткова ўсе землі на захад ад Друці былі ўключаны ў новаўтвораную Мінскую губерню, аднак праз некалькі гадоў у Мінскай губерні была пакінута толькі заходняя ўскраіна Кругляншчыны, якая раней уваходзіла ў Барысаўскае староства (у 1780-я гг. там існавала асобнае Мажанскае староства, якое належала гетману Міхалу Агінскаму) [62]. Землі паміж Барысаўскім староствам і Друццю былі перададзены ў Магілёўскую губерню.

Уладанні гетмана Агінскага, актыўнага барацьбіта супраць падзелаў Рэчы Паспалітай, былі адабраны ў яго і на гэты раз. Кацярына II падаравала Цяцерын фельдмаршалу графу Мікалаю Іванавічу Салтыкову. Нашчадкі Марціна Корсака захавалі свае ўладанні, якія канчаткова падзяліліся на два маёнткі: Араву і Палессе.

Пазней мястэчка Цяцерын з некалькімі вёскамі ад нашчадкаў графа Салтыкова перайшлі да памешчыка Іосіфа Ігнацьевіча Ліпскага. У 1826 г. ў Цяцерыне было 537 жыхароў, у Круглым — 1021 жыхар [63]. Круглае, былое ўладанне княгіні Дашкавай, належала стацкаму саветніку Дабржанскаму. У 1833 г. яно было з аукцыёна набыта князем Крапоткіным. Паводле інвентара 1849 г. ў склад маёнтка ўваходзілі ўсе паселішчы, якія некалі былі падараваны Дашкавай: мястэчка Круглае (76 двароў, 560 жыхароў), сяло Радча, вёскі Навапруддзе, Ваўканосава, Зарэчча, Чыгіры, Старкі, Прыгані 1-я, Прыгані 2-я, Папоўка, Дразды, Банькі, Бушоўка, Кляпінічы, Рублеўск, Крывуліна, Вуйлава, Прудок, Любішчы, сёлы Комсенічы, Ількавічы. Усяго ў маёнтку было 617 двароў і 4442 жыхары, якім належала 1079 коней, 30 валоу і 1081 карова [64].

У маёнтак І.І.Ліпскага Цяцерын у 1848 г. ўваходзілі мястэчка Цяцерын (66 двароў і 541 жыхар), фальваркі Міхалоў і Янаў, вёскі Глыбокае, Зелянькова, Касцюковічы, Ліпск, Улужжа, Храпы і Шаўкавінне. Усяго тут было 275 двароў, 2216 жыхароў, якім належала 317 коней, 58 валоў і 407 кароў [65].

Нашчадкі графа Салтыкова (яго брат Аляксандр, а потым сын апошняга Юрый) захавалі за сабой частку былога Цяцерынскага маёнтка, цэнтрам якога зрабілася сяло Паўлавічы. Апрача яго, Ю.А.Салтыкову ў 1849 г. належалі вёскі Хількавічы, Марцянавічы, Дарожкавічы, Казімірава, Слабодка, Ліхінічы і Міхейкава, засценкі Уздорнае і Гатаўшчына, фальваркі Аляксандрава і Ліхінічы. У маёнтку было 279 двароў, 2377 жыхароў, якія трымалі 627 коней, 1 вала, 664 каровы [66].

Маёнтак Дудаковічы пасля далучэння да Расіі застаўся ўласнасцю мясцовага манастыра дамініканцаў. Аднак пасля паўстання 1831 г. ў Польшчы, Літве і Заходняй Беларусі, накіраванага на аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, царскі ўрад перайшоў да палітыкі русіфікацыі беларускага насельніцтва. Дудаковіцкі манастыр быў закрыты ў 1832 г. ў ліку 32 каталіцкіх манастыроў, скасаваных у Магілёўскай губерні. Манахаў адправілі ў Пінск, дзе дамініканскі манастыр захаваўся. Касцёл, які быў пабудаваны ў Дудаковічах у 1824 г., быў перароблены ў праваслаўную царкву, маёнтак перададзены ў казённае ведамства [67]. Аднак жыхары мястэчка Дудаковічы, былыя наведвальнікі касцёла, доўгі час ухіляліся ад пераходу ў праваслаўе. Спробы перахрысціць іх вяліся з 1844 г. да 1853 г., нарэшце ўрад перайшоў да рэпрэсій. Двое найбольш актыўных прыхільнікаў каталіцтва Іван Руляка і Аўгусцін Якубаў былі арыштаваны і кінуты ў турму, якая знаходзілася ў павятовым горадзе Копысь. Пазней яны былі сасланы «на перавыхаванне» ў праваслаўныя манастыры Чэрыкаўскага і Мсціслаўскага паветаў [68].

У час адмены прыгоннага права ў 1861 г. на тэрыторыі Кругляншчыны, апрача дзяржаўнага маёнтка Дудаковічы, было размешчана некалькі даволі буйных панскіх маёнткаў. У параўнанні з латыфундыямі 18 стагоддзя яны былі значна здробнены. На тэрыторыі былога маёнтка Арава цяпер знаходзіўся цэлы шэраг маёнткаў: Арава са Скуратамі і часткай Малых Каскевічаў належала Ф.М.Багушэўскай, частка Старога Палесся і Скуратаў — М.А.Гардзялкоўскай, іншая частка Старога Палесся — Ф.В.Кенстовічу, Новае Палессе — пані Мірацкай. У руках Корсакаў засталіся толькі два маёнткі: Круча і частка Малых Каскевічаў у П.Н.Корсака, а Вялікія Каскевічы, Лавуткі, Рубяжы ў братоў М.А.Корсака і В.А.Корсака. Угляны і Труханаўка, якія ў канцы 18 стагоддзя ўваходзілі ў той жа маёнткавы комплекс, перайшлі да А.П.Залускага, Грыбін і Лыскоўшчына — да К.В.Аляхноўскага.

3 былых уладанняў гетмана Агінскага Круглае з Навапруддзем, Зарэччам, Прыганямі і інш. паселішчамі перад адменай прыгону з'яўляліся ўласнасцю двух сыноў князя С.А.Крапоткіна. Маёнтак Паўлавічы з Хількавічамі і інш. вёскамі перайшоў да Ф.Ф.Кранца, Шапялевічы са Стаямі, Канановічамі, Шыпягамі і інш. — да паноў Шаняўскіх. Цяцерын з Ліпскам, Улужжам, Касцюковічамі, Глыбокім, Зелянковам і інш. заставаўся ўласнасцю паноў Ліпскіх. Быў здробнены і стары маёнтак Шупені. Сяло Шупені з Алынанікамі і Васількамі перайшлі да паноў Пазнякоў, Ахімкавічы —да І.В.Сіпайлы, Азёры — да Ф.І.Лянкоўскага [69].

Нарэшце, паўднёва-заходні ўскраек Кругляншчыны з Воўкаўшчынай і Паляжаеўкай, што ўваходзіў у склад Мінскай губерні, адносіўся да ўдзельнага маёнтка Стара-Барысаў, які належаў члену імператарскага дома, вялікаму князю Мікалаю Мікалаевічу [70].

У такім выглядзе Кругляншчыну напаткала аграрная рэформа 1861 г., якая дала пачатак новаму гістарычнаму перыяду.

Тэрыторыя Круглянскага раёна ў XVI - XVII стст., і ў канцы XVIII - пачатку XIX стст. (карта).

Тэрыторыя Круглянскага раёна ў XVI - XVII стст., і ў канцы XVIII - пачатку XIX стст. (карта).

 

  1. Тихомиров М.Н. Список русских городов дальних и ближних // Исторические записки. Вып. 40. 1952. С. 223.
  2. Акты Литовской метрики. Варшава, 1896. Вып. 1. С. 14.
  3. Документы Московского архива Министерства юстиции. М., 1897. Т. 1. С. 10.
  4. Там жа. С. 15.
  5. Там жа. С. 22.
  6. Акты Литовской метрики. Вып. 1. С. 14.
  7. Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской (далей — ИЮМ). Т. 24. С. 384— 387.
  8. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 370.
  9. Там жа. S. 267.
  10. Там жа. S. 370.
  11. Archiwum ksiazat Lubartowiczow Sanguszkow w Slawucie. Lwow, 1890. Т. 3. S. 23—24.
  12. Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў (далей — РДАСА). Ф. 389 (Литовская метрика). Воп. 1. Кн. 12. Арк. 145—146.
  13. Wolff J. Kniaziowie ... S. 370.
  14. Там жа. S. 136.
  15. Там жа. S. 136—138.
  16. Там жа. S. 138.
  17. Там жа. S. 537.
  18. Акты, относящиеся к истории Западной России (далей —АЗР). Т. 2. С. 162—163.
  19. Wolff J. Kniaziowie ... S. 268.
  20. Там жа. S. 270—273; АЗР. Т. 3. С. 136.
  21. РДАСА. Ф. 389. Воп. 1. Кн. 231. Арк. 221.
  22. Там жа. Кн. 237. Арк. 250.
  23. Там жа. Кн. 237. Арк. 430—432, 509—510; Кн. 255. Арк. 198.
  24. Wolff J. Kniaziowie ... S. 370.
  25. Там жа. S. 370; Archiwum ksiazat Sanguszkow ... Т. 4. 5. 557—558.
  26. Wolff J. Kniaziowie ... S. 371.
  27. РДАСА. Ф. 389. Кн. 58. Арк. 272, 287 адв.; Акты, издаваемые Виленской археографической комиссней (далей — АВК). Т. 39. С. 220.
  28. Русская историческая библиотека. Т. 33. Стб. 466.
  29. Там жа. Стб. 443.
  30. Wolff J. Kniaziowie ... S. 145.
  31. АЗР. Т. 2. С. 6—7.
  32. Archiwum ksiazat Sanguszkow ... Т. 4. 5. 389— 400.
  33. Wolff J. Kniaziowie ... S. 357—540.
  34. Archiwum ksiazat Sanguszkow ... Т. 4. 5. 426— 428.
  35. АВК. Т. 36. № 481.
  36. Pergamentu katalogas. Vilnius, 1980. S. 289.
  37. Аддзел рукапісаў Цэнгральнай бібліятэкі АН Літвы. Ф. 1. Дак. 164.
  38. Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego. Т. 3. S. 128.
  39. Материалы по истории русской картографии. Изд. В.Кордт. Вып. 1. Киев. 1910. Карта XIV.
  40. Sapiehowie, materyaly historyczno-genealogiczne i majatkowe. Petersburg, 1890. Т. 2. S. 17.
  41. Там жа. Т. 1. S. 226.
  42. Там жа. Т. 1. S. 171; Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НГАРБ). Ф. 694. Воп. 4. Адз. зах. 1095. Арк. 44—45.
  43. Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Вільнюскага універсітэта. Ф. 4. Дак. 34 354.
  44. Sapiehowie ... Т. 2. 5. 47, 245—260.
  45. Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Т. 2. С. XII.
  46. Sapiehowie ... Т. 2. S. 128.
  47. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (далей — ДГАЛ). Ф. ДА. Адз. зах. 3236. Арк. 12—12 адв.; НГАРБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Адз. зах. 1887; Там жа. Ф. 694. Воп. 2. Адз. зах. 4154.
  48. Wolff J. Kniaziowie ... S. 140—147.
  49. Lietuvos Vyriauiojo Tribunalo sprendimai 1583— 1655 (Рашэнні Галоўнага літоўскага трыбунала 1583—1655). Vilnius, 1988. P. 314—317.
  50. ДГАЛ. Ф. ДА. Адз. зах. 3236. Арк. 11—11 адв.
  51. ИЮМ. Т. 25. С. 435.
  52. Там жа. С. 434.
  53. ДГАЛ. Ф. ДА. Адз. зах. 38. Арк. 906—917.
  54. Там жа. Ф. 1177. Адз. зах. 3532, 3535, 3536, 3538.
  55. Wolff J. Kniaziowie ... S. 148.
  56. ДГАЛ. Ф. ДА. Адз. зах. 3280.
  57. НГАРБ. Ф. 1928. Воп. 1. Адз. зах. 28.
  58. Аддзел рукапісаў ЦНБ АН Украіны. Ф. 160. Адз. зах. 1045.
  59. ДГАЛ. Ф. ДА. Адз. зах. 3327. Арк. 4, 7 адв., 8, 9 адв., 10 адв.
  60. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1350. Воп. 312. Адз. зах. 94. № 123, 130, 148 (Магілёўскі павет), 58 (Капыскі пав.).
  61. Екатерина Дашкова. Записки 1743—1810. Л., 1985. С. 136, 179—180, 205.
  62. ДГАЛ. Ф. ДА. Адз. зах. 3374. Арк. 32.
  63. НГАРБ. Ф. 2001. Воп. 1. Адз. зах. 81. Арк. 32 адв.
  64. Там жа. Ф. 2221. Воп. 1. Адз. зах. 14.
  65. Там жа. Адз. зах. 17.
  66. Там жа. Адз. зах. 19.
  67. Там жа. Ф. 2001. Воп. 1. Адз. зах. 133. Арк. 8—42.
  68. Там жа. Адз. зах. 260, 290.
  69. Там жа. Ф. КМФ-3. Воп. 19. Адз. зах. 673 — 675, 694, 695, 709, 710, 722, 730—741, 745, 747—751, 755, 759, 760, 774, 789—792, 794, 799, 800.
  70. Список волостей, обществ и селений Минской губерниин. Мн., 1870. Арк. 24.