ПАКАЛЕННЕ ЧАЦВЁРТАЕ: ГЕДЫМІН (сярэдзіна 1310-ых - 1330-ыя гады)
Адносіны паміж Віценем і яго пераемнікам Гедымінам розныя крыніцы выкладаюць па-рознаму. Адзіны дакумент, сучасны Гедыміну,— грамата рыжскага магістрата ад 1322 года — называе Віценя яго братам і папярэднікам. Аднак у далейшым пашырыліся два іншыя меркаванні. Беларуска-літоўскія летапісы XVI стагоддзя лічаць Гедыміна сынам Віценя, а польская і маскоўская версіі ўвогуле адмаўляюць іх роднасныя сувязі. Гедымін нібыта быў слугой ці нават халопам, які забіў свайго гаспадара і захапіў яго ўладу. Тэндэнцыйнасць гэтых версій відавочная.
Што ж датычыць літоўскай традыцыі, то ўяўленні пра Гедыміна як сына Віценя маглі ўзнікнуць таму, што паміж імі была значная розніца ва ўзросце. Гедымін нарадзіўся прыкладна ў пачатку ці ў сярэдзіне 1270-ых гадоў і перажыў свайго брата практычна на цэлае пакаленне — на 25 гадоў. Перыяд яго актыўнага жыцця супадае з часам дзейнасці тых, хто быў сынамі персанажаў папярэдняга раздзела. У Мазовіі гэта Зямовіт, Трайдзен і Вацлаў Баляславічы, у Галіцка-Валынскім княстве (каралеўстве) — сыны памёршага каля 1315 года Юрыя Львовіча Андрэй і Леў. І ў Смаленскай зямлі князя Аляксандра Глебавіча ў 1313 годзе змяніў старэйшы сын Васіль (які праз год памёр сам), а затым малодшы — Іван, што будзе панаваць ажно да 1359 года.
Нават у Залатой Ардзе змена ўлады адбылася амаль адначасова: пасля смерці ў 1312 годзе хана Тахты яго сын Ільбасмыш быў забіты іншым прэтэндэнтам, таксама нашчадкам Менгу-Цімура — Узбекам, сынам Тагрулджы. З герояў папярэдняга перыяду, бадай, што толькі Уладзіслаў Лакаток застаецца сучаснікам Гедыміна. Таму і ў мяне ёсць падставы, нават прызнаючы Гедыміна братам Віценя, выдзеліць падзеі, звязаныя з яго панаваннем, у асобны раздзел.
Давайце зноў спынім паслядоўны разгляд падзей, каб падсумаваць вынікі змен, што накапіліся да гэтага часу. Не разабраўшыся ў іх, цяжка будзе зразумець імклівы рост тэрыторыі Вялікага княства і яго ўплыву на рускіх землях, які адбываўся пры Гедыміне і наступных вялікіх князях.
Практычна кожная дзяржава ў сваёй гісторыі праходзіла перыяды цэнтралізацыі і дэцэнтралізацыі. На пачатку нашай дзеі, у першай трэці XIII стагоддзя, мы засталі Русь і Польшчу ў стане палітычнай рыхласці, калі кожны мясцовы ўладар быў поўным панам на сваёй тэрыторыі. На ўсходзе, наадварот, вялізныя тэрыторыі пераходзілі пад непасрэдны кантроль адзінага цэнтра — стаўкі мангольскіх каганаў. Нешта падобнае, хаця і ў меншых памерах адбывалася ў Літве.
Абодва працэсы з'яўляюцца неабходнымі на пэўных стадыях сацыяльна-эканамічнага развіцця. Патрэбнасць у цэнтралізацыі ўзнікае, калі грамадства пераходзіць на якасна новы ўзровень свайго існавання: ад плямённа-арыстакратычнага ладу (так званай "ваеннай дэмакратыі") да раннекласавай дзяржавы, потым да стадыі сталага класавага грамадства, ці да індустрыяльнай фазы. У такія моманты структурныя змены ахопліваюць увесь дзяржаўны механізм, таму патрэбны каардынуючы цэнтр, каб сістэма не пайшла ўразнос ці дзяржава не стала лёгкай здабычай суседзяў.
Калі ж пераход на новы стадыяльны ўзровснь адбыўся і грамадства пачынае яго асвойваць, на першае месца выходзіць эфектыўная мясцовая ўлада. Жорсткі кантроль не толькі не патрэбны — ён нават перашкаджае.
Русь прайшла фазу цэнтралізацыі ў IX—Х стагоддзях, калі асобныя племянныя княжанні ператварыліся ў адзіную "імперыю Рурыкавічаў". XII— XIII стагоддзі прайшлі пад супрацьлеглым знакам — палітычная самастойнасць асобных тэрыторый аднавілася на новым узроўні (вышэй ужо падкрэслівалася, што гэта было не знікненнем дзяржавы, а яе пераходам у новую якасць). Калі б не нашэсце манголаў, росквіт Кіеўскай Русі працягваўся б і далей, яе чакалі б новыя віткі эвалюцыйнай спіралі.
Прыкладна так адбывалася ў суседняй Польшчы. З канца XIII стагоддзя там зноў адчуваюцца цэнтралізатарскія тэндэнцыі: мясцовая знаць згодна нават шукаць сабе моцнага гаспадара за мяжой, як адбылося пры абвяшчэнні каралём Вацлава Чэшскага. Яго асноўны сапернік — Уладзіслаў Лакаток — праходзіць шлях ад дробнага князя з падзеленай на пяць частак Куявіі да вярхоўнага ўладара Польшчы. На гэтым шляху ён не раз церпіць жорсткія паражэнні, але кожны раз знаходзіць моцную падтрымку, якая дазваляе яму распачаць справу зноў. Іншымі становяцца адносіны да вымарачных княжацкіх вотчын: кароль ужо не спяшаецца перадаць іх іншым князям, а накіроўвае туды сваіх паслухмяных намеснікаў (кашталянаў). Гэтыя тэндэнцыі сведчаць, што ў Польшчы наспеў пераход ад раннекласавай дзяржавы да стадыі сталага феадалізму, калі большасць дзяржаўных сялян (смердаў, ці, на польскі лад, кметаў) пераходзіць пад кантроль рыцараў- шляхты. Вярхоўны ўладар патрэбны, каб кіраваць раздачай сёлаў і валасцей, і чым большую тэрыторыю ён кантралюе непасрэдна і праз сваіх намеснікаў — тым лягчэй кожнаму шляхціцу дачакацца сваёй долі агульнага пірага.
На Русі аналагічны працэс ідзе значна больш павольна: баярства, як найбольш здольны да супраціўлення сацыяльны слой, асабліва моцна пацярпела ад татарскіх нашэсцяў, было проста фізічна вынішчана. (Выключэнне ствараюць, напэўна, толькі далёкія Наўгародская зямля ды Панямонне з Падзвіннем, што звязалі лёс з Літвой.) Але тут існуе не менш важкая падстава для палітычнага аб'яднання — неабходнасць вызвалення ад Арды.
Такім чынам, ва Усходняй Еўропе прыходзіць час цэнтралізацыі. Адным ядром такой цэнтралізацыі абяцае стаць Залессе, дзе пачынаюць уздымаць галаву два моцныя княствы — Цвер і Масква. Аднак Залеская Русь знаходзіцца пад трывалым кантролем хана Узбека, які ўдала выкарыстоўвае імкненне князёў Цверы і Масквы да пасады вялікага князя ўладзімірскага, каб знясіліць абодвух у міжусобнай барацьбе. Больш паслухмяны і ліслівы маскоўскі князь Іван Каліта бярэ верх у гэтай барацьбе, але ўзвышэнне Масквы некалькі дзесяцігоддзяў будзе ісці не ў выглядзе аб'яднання суседніх княстваў, а ў выглядзе "праглынання" больш слабых з іх пры татарскай падтрымцы.
Другі цэнтр — Галіцкае і Уладзіміра-Валынскае княствы, якія, дзякуючы выключным генеалагічным абставінам, застаюцца пад кантролем адной княжацкай сям'і. З 1315 года ва Уладзіміры княжыць Андрэй Юр'евіч, а ў Галічы — яго малодшы брат Леў. Пры іх "Малая Русь", як тагачасныя крыніцы называюць іх уладанні, спрабуе супрацьстаяць Ардзе, абапіраючыся на падтрымку каталіцкай Еўропы (Польшчы, Венгрыі, Тэўтонскага ордэна). Аднак неразгалінаванасць княжацкага роду з перавагі імгненна ператворыцца ў недахоп пасля смерці іх наследніка Юрыя (каля 1336 года), калі вялікая дзяржава апынецца без гаспадара і стане арэнай барацьбы суседніх Польшчы, Літвы і Арды.
Такія ўмовы вельмі спрыяюць таму, каб Літва разам з далучыўшыміся да яе заходнерускімі (беларускімі ў сённяшнім сэнсе) землямі выступіла яшчэ адным аб'яднаўчым цэнтрам. Сама Літва якраз знаходзіцца на папярэднім вітку эвалюцыйнай спіралі — на стадыі ўтварэння цэнтралізаванай раннекласавай дзяржавы. На працягу папярэдніх дзесяцігоддзяў некалькі княжацкіх родаў вялі барацьбу не за падзел "сфераў уплыву" ў Літве, а за вярхоўную ўладу. Пераможцам выйшаў "род Калюмнаў" — нашчадкі Путувера. Іншыя князі (верагодна, родзічы Трайдзена), якія засталіся ў дзяржаве, перайшлі на палажэнне служылых князёў, фактычна — асабліва прывілеяваных баяр. На самым пачатку свайго панавання Гедыміну ўдалося ліквідаваць ачаг патэнцыяльнай пагрозы — захапіць і пакараць смерцю прэтэндэнта на велікакняжацкі тытул Пялюзе, які працягваў служыць тэўтонцам.
Калі Гедымін прыйшоў да ўлады ў 1316 годзе, у яго былі два браты (Воінь і Фёдар) і не менш шасці сыноў, з якіх старэйшыя (Манівід ці Мантоўт, Нарымонт і Альгерд) ужо ўступалі ва ўзрост актыўнай дзейнасці. Гэта абяцала здрабненне вотчын у будучым, але пакуль што спрыяла распаўсюджанню ўлады адзінай, шматлікай і цесна знітаванай княжацкай сям'і. Немалаважнай акалічнасцю з'яўлялася і тое, што сучаснікамі Гедыміна ледзь не ва ўсіх рускіх землях і княствах аказаліся вельмі маладыя князі. Уладальнікам Валыні і Галіччыны Андрэю і Льву ў 1316 годзе, напэўна, не было і трыццаці. Тое ж можна сказаць пра смаленскага князя Івана Аляксандравіча. Маскоўскі князь Юрый Данілавіч меў 35, яго малодшы брат Іван Каліта — каля 25, цвярскі князь Дзмітрый Грозныя Вочы, які атрымаў уладу годам пазней — увогуле няпоўных 18 гадоў. Такімі ж маладымі былі ўладальнікі Бранскага княства — рэшткаў колішняй Чарнігаўскай зямлі, паўднёвая частка якой у выніку непасрэднага суседства з Ардой амаль цалкам абязлюдзела. У параўнанні з імі Гедымін, чалавек на пятым дзесятку, быў і больш вопытным, і больш аўтарытэтным дзеячам.
З'яўленне новага палітычнага цэнтра на Русі не прайшло міма ўвагі і канстанцінопальскага патрыярха. Пра гэта сведчыць яго дазвол заснаваць каля 1317 года самастойную мітраполію з цэнтрам у Ноўгародку, што ахоплівала полацкае і тураўскае епіскапствы. Літоўскім мітрапалітам стаў Феафіл, які ўпамінаецца на гэтай пасадзе да 1329 года.
Літоўскі ўладар не прамарудзіў выкарыстаць спрыяльнае становішча. Даволі хутка ён падпарадкаваў свайму кантролю сумежныя княствы і землі (на тэрыторыі сучаснай Беларусі). Некаторыя з іх мелі сувязі ўжо з Віценем — так, нагадаем, Полацкая зямля згадзілася прыняць літоўскага князя ў 1307 годзе. Пры Гедыміне полацкім князем з'яўляецца яго брат Воінь (у гэтай якасці ён выступае ў 1323 годзе), але адносіны Полаччыны з Літвой маюць дагаворны, дынастычны характар.
На ўсход ад Полаччыны ляжала Віцебская земля, князь якой (некаторыя беларуска-літоўскія летапісы называюць яго Яраславам) не меў сыноў. У 1317 годзе Гедымін заключыў з ім і мясцовымі баярамі пагадненне: дачка князя Марыя выходзіць за Гедымінавага сына Альгерда, якога пасля смерці Яраслава віцябляне прымаюць у якасці свайго князя. Так і адбылося даволі хутка — у 1320 годзе. Частка даследчыкаў лічыць, што Альгерд прайшоў фармальны абрад хрышчэння, хаця па сутнасці ён заставаўся прыхільнікам паганства ("вогнепаклоннікам", як назваў яго канстанцінопальскі патрыярх). Магчыма, што хрышчэння ўвогуле не было: ёсць звесткі, што Альгерд значна пазней, у 1350-ыя гады, калі дамагаўся аднаўлення мітраполіі ў Літве, абяцаў у выпадку станоўчага рашэння патрыярха прыняць праваслаўе. Уладкаванне Альгерда ў Віцебску, напэўна, суправаджалася заключэннем такога ж дагавора, як раней у выпадку з Полацкам: "не рухати старины" і не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Віцебшчыны.
Напэўна, нешта падобнае адбылося і з Пінскім княствам, у якім пазней княжыў Нарымонт Гедымінавіч. Праўда, ніякіх слядоў пагаднення паміж Пінскам і вялікімі князямі літоўскімі ў больш позні час не прасочваецца. Таму не выключана, што Піншчына і ўсё Палессе былі захоплены ў выніку чыста ваеннай акцыі. Вельмі верагодна, што, прынамсі, у Давыд-Гарадку і Дубровіцы са Сцяпанню пры гэтым захаваліся мясцовыя князі (пазней яны будуць згадвацца ў летапісах). Праз некалькі дзесяцігоддзяў на поўдзень ад Палесся, на Усходняй Валыні, з'явяцца праваслаўныя князі Астрожскія, Нясвіцкія, Чацвярцінскія — таксама верагодныя нашчадкі турава-пінскіх ці сцяпаньскіх уладароў.
Некаторыя князі захавалі свае вотчыны за кошт леннай прысягі Гедыміну ці яго сынам. Напрыклад, у складзе літоўскага пасольства ў Вялікі Ноўгарад у 1323 годзе мы сустракаем менскага князя Васіля, які выступае такім чынам у якасці васала Гедыміна ці нават служылага князя. Крыху пазней, у 1348 годзе, у такой жа якасці сустрэнем Сямёна Свіслацкага. Паводле ўскосных дадзеных можна меркаваць, што і друцкія князі прызналі сябе васаламі, але не непасрэдна Гедыміна, а віцебскага князя Альгерда (аб гэтым сведчыць пазнейшая сувязь Друцкага княства менавіта з Віцебскай зямлёй).
Не ўсім, аднак, такія падзеі прыйшліся да густу. Напрыклад, адзін з друцкіх князёў, Іван з'ехаў у Маскву і падаўся на службу да Івана Каліты — можа, шукаў там паратунку ад вялікага князя літоўскага.
На пачатку ўладарання Гедыміна адбыўся і яго канфлікт з Галіцка- Валынскай Руссю. Паўночны ўскраек Уладзіміра-Валынскага княства — Падляшша і Берасцейшчына — перайшоў пад кантроль Літвы. У гэты момант дзяржава Гедыміна набыла межы, якія амаль супадалі з сучаснымі межамі Літвы і Беларусі.
Далейшы ход падзей на "рускім напрамку" дзеянняў Гедыміна застаецца дыскусійным. Некаторыя беларуска-літоўскія летапісы, а ўслед за імі М. Стрыйкоўскі, прыводзяць паданне аб вялікай вайне, што адбылася паміж Гедымінам і галіцка-валынскімі князямі пасля захопу Падляшша і Берасця. Некаторыя дэталі ў гэтым апавяданні з'яўляюцца відавочна памылковымі: уладзімірскі князь названы не Андрэем, а Уладзімірам, побач з ім дзейнічае загадкавы князь Станіслаў Кіеўскі (быццам бы продак пазнейшых князёў Разанскіх, што не адпавядае рэчаіснасці), а таксама Раман Бранскі (такі князь сапраўды княжыў у Бранску, але пасля 1310 года ён знікае з летапісаў). На гэтай падставе частка даследчыкаў увогуле лічыць паданне цалкам негістарычным, неверагодным. Іншыя ж зыходзяць з таго, што ў ім адлюстраваліся, хаця і ў скажоным выглядзе, рэальныя факты.
Паданне сцвярджае, што пасля захопу Гедымінам Драгічына і Берасця князі Уладзімір (Андрэй Уладзімірскі?) і Леў Луцкі (трэба было б — Галіцкі?) рушылі на Літву. У адказ Гедымін з апалчэннем палачан і жамойтаў уварваўся на Валынь, у бітве з ім уладзімірскі князь загінуў. На наступны год пад Кіевам, на рацэ Ірпень, адбылася бітва літоўцаў з луцкім, кіеўскім, пераяслаўскім і бранскім князямі, на баку якіх былі і татары. Бітва быццам бы таксама скончылася перамогай Гедыміна, пасля чаго ён пасадзіў у Кіеве свайго намесніка — князя Альгімонта Гальшанскага.
Калі такія падзеі сапраўды мелі месца, то яны маглі адбыцца ў 1322 годзе: годам раней Андрэй і Леў былі яшчэ жывыя (аб гэтым сведчыць датаваны запіс аднаго з луцкіх дакументаў), а ўжо ў 1323 годзе Уладзіслаў Лакаток пісаў да папы Іаана XXII пра смерць "двух апошніх рускіх князёў, якія з'яўляліся для нас цвёрдай абаронай супраць лютых татар". Але не выключана, што яны памерлі без удзелу Гедыміна, бо іншыя варыянты тых жа беларуска-літоўскіх летапісаў даюць зусім не такія звесткі пра абставіны падпарадкавання Валыні Літве. Гедымін быццам бы ажаніў свайго сына Любарта з дачкой уладзімірскага князя, пасля чаго Любарт пачаў княжыць ва Уладзіміры і Луцку. Дарэчы, гэта здаецца больш верагодным, бо Валынь пазней мела такі ж федэратыўны статус у складзе Вялікага княства Літоўскага, як Полацк і Віцебск.
Аднак і ў гэтай версіі не ўсё гладка. Любарт быў адным з малодшых сыноў Гедыміна і ў 1322 годзе не мог дасягнуць шлюбнага ўзросту. Да таго ж ёсць звесткі, што Андрэй пакінуў не толькі дачку, але і сына Юрыя, які княжыў яшчэ ў 1335 годзе. Так што адносна вайны Гедыміна за Валынь і Кіеў, магчыма, рацыю маюць тыя, хто ўвогуле не прымае на веру гэтае летапіснае паведамленне.
Наконт Кіева ёсць яшчэ адна версія. Крыху пазней, у 1331 годзе, там упершыню пасля Батыева нашэсця ўпамінаецца мясцовы князь Фёдар. Яго імя супадае з імем аднаго з братоў Гедыміна, звесткі пра якога захаваліся ў грэчаскім зборніку XIV стагоддзя ў Ватьткане. (У адным з запісаў зборніка паведамляецца: "Даў Фёдар, брат Гедыміна, сярэбраных каўкіеў два".) Гэты факт выклікаў здагадку, быццам бы менавіта брат Гедыміна княжыў у Кіеве пасля захопу горада Літвой. Сапраўды, кіеўскі князь Фёдар у адзіным выпадку свайго з'яўлення ў летапісе дзейнічае ў інтарэсах Гедыміна — спрабуе перахапіць наўгародскага епіскапа, якому супраць волі вялікага князя надаў сан уладзімірскі мітрапаліт (Гедымін падтрымліваў іншага прэтэндэнта на наўгародскі епіскапскі пасад). Аднак побач з Фёдарам дзейнічае татарскі баскак, што сведчыць, прынамсі, пра двайную залежнасць Кіева — ад Літвы і Арды. Ды і супадзенне імёнаў ні аб чым яшчэ не гаворыць. Фёдарам мог звацца ў хрышчэнні і Воінь Полацкі. Сярод падручных Гедыміна вядомы іншы князь — Фёдар Святаславіч, выхадзец са Смаленшчыны (сын Святаслава Мажайскага, а ў канцы жыцця — князь у Дарагабужы). Ён уваходзіў у склад пасольства Гедыміна ў 1323 годзе разам з Воінем Полацкім і Васілём Менскім. Гэты князь у сваёй заблытанай палітычнай кар'еры мог нейкі час займаць і кіеўскі пасад.
Адным словам, наяўныя факты не дазваляюць надзейна вызначыць межы палітычнага ўплыву Гедыміна на Русі. Бясспрэчна, што ён быў вельмі значны. Параўнацца з літоўскім уладаром маглі толькі маскоўскія князі Юрый і Іван, якія абапіраліся на татарскую падтрымку. Ні юны нашчадак галіцка-валынскіх князёў Юрый Андрэевіч, ні смаленскі князь Іван, ні іншыя ўдзельныя князі Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і Разаншчыны самастойнай ролі ў 1320-ыя — 1330-ыя гады не адыгрывалі. У гэты час акрэсліваюцца два патэнцыяльныя цэнтры аб'яднання Русі — Залессе (дзе яшчэ не скончылася барацьба за першынство паміж Масквой і Цвер'ю) і Літва, якая пачала абрастаць рускімі землямі, як снежны камяк.
Праўда, канстанцінопальскі патрыярхат у гэты час мяняе курс і пераходзіць да падтрымкі царкоўнага адзінства Русі. Новы мітрапаліт у Ноўгародак не прызначаецца, а тураўская і полацкая епархіі падпарадкоўваюцца мітрапаліту "усяе Русі" Феагносту, які займаў кафедру ва Уладзіміры з 1328 па 1353 год і вельмі адмоўна ставіўся да спроб утварыць іншыя мітраполіі. Не ўдалася спроба аднавіць у 1331 годзе галіцкую мітраполію, ініцыятарам якой, напэўна, быў той жа Гедымін.
Магчыма, літоўскі ўладар дасягнуў бы на Русі і большага, але ў значнай ступені яго ўвага скіравана на захад, дзе па-ранейшаму галоўным ворагам застаецца Тэўтонскі ордэн. Пасля пераносу гросмайстарскай рэзідэнцыі ў Мальбарк амаль уся яго дзейнасць сканцэнтравалася ў Прыбалтыцы. У сувязі з гэтым адбыліся змены і ў арганізацыі. Роля генеральнага капітула ўпала, кіруючым органам Ордэна зрабіўся савет вялікага магістра. У яго ўваходзілі пяць вышэйшых службовых асоб: вялікі маршалак (галоўны военачальнік), вялікі гаспітальер, вялікі пасцельнічы, вялікі комтур і падскарбі (міністр фінансаў),—а таксама двое з тэрытарыяльных кіраўнікоў (комтураў) па выбару гросмайстра. Апрача дзесятка комтурстваў у склад ордэнскай тэрыторыі ў Прусіі ўваходзілі чатыры біскупствы.
Усе пасады ў Ордэне былі выбарнымі. Комтуры з'яўляліся начальнікамі для братоў-рыцараў, а таксама адміністратарамі і суддзямі для ахрышчаных прусаў і германскіх каланістаў. Ім дапамагалі віцэ-комтуры. Браты-рыцары жылі, як і звычайныя манахі, сумесна, толькі іх манастыры выглядалі як добра ўмацаваныя замкі. У выпадку вайны яны выконвалі функцыі афіцэраў войска, якое набіралася з мясцовага насельніцтва. Апрача рыцараў у замку знаходзіліся асобы ніжэйшага рангу — службовыя браты і паўбраты — і свяшчэннікі. Па ўсёй прускай зямлі былі раскіданы таксама ордэнскія фальваркі, дзе працавалі залежныя сяляне, і двары-маёнткі мясцовай і прышлай знаці. Падобную структуру меў і Лівонскі ордэн, толькі ў Лівоніі значна больш зямлі належала царкве.
Першыя гады панавання Гедыміна вызначаліся ўсё тымі ж амаль няспыннымі ўзаемнымі набегамі. Асноўным тэатрам вайны з'яўляліся берагі Нёмана ў яго ніжнім цячэнні. Гэта была брама для ўварванняў у глыб княства, і таму літоўцы імкнуліся надзейна зачыніць яе абарончымі замкамі. Ніжэй па цячэнні крыжакі ставілі свае замкі — і для прадухілення літоўскіх набегаў, і як апорныя базы для далейшага наступу. Спачатку такім фарпостам выступала Рагнета, а ў 1313 годзе вышэй па Нёмане заснавалі новы замак Хрысткемель (Скірстымонь).
У барацьбе супраць Ордэна Гедымін меў выдатнага памочніка — князя Давыда, які быў намеснікам у Горадне, а затым фактычна галоўным ваяводам. Паходжанне гэтай асобы дакладна невядомае. Тэўтонскі храніст Дусбург называе яго гарадзенскім "капітанам" (намеснікам), княжацкі тытул Давыда згадвае толькі пскоўскі летапісец. Сувязь князя с Псковам (пскавічы звярталіся да яго па дапамогу супраць лівонцаў) парадзіла меркаванне, што ён быў сынам Даўмонта-Цімафея Пскоўскага. Аднак Давыд мог быць і нашчадкам якойсьці з былых княжацкіх дынастый Ноўгародчыны ці Піншчыны. Яго ўзвышэнне пачалося яшчэ пры Віценю, але асабліва ярка палкаводчы талент праявіўся на пачатку панавання Гедыміна. Практычна ні адна перамога над крыжакамі як у абарончых, так і ў наступальных аперацыях не абыходзілася без удзелу Давыда. Гедымін нават аддаў за яго сваю дачку.
Адначасова заставалася небяспека і з боку аддаленага ўсходняга ворага — Залатой Арды. Пры хане Узбеку ўзнавіліся спробы татар схіліць Літву да ўплаты даніны. З гэтай мэтай у 1315 і 1324 гадах адбыліся татарскія паходы (на жаль, інфармацыя аб іх вельмі скупая). Каб утрымаць хана ад новых набегаў, прыходзілася актывізаваць дыпламатычныя намаганні, слаць паслоў з падарункамі. Гэта каштавала нямала, аднак для Гедыміна характэрным было пры магчымасці вырашаць праблемы не ваеннымі, а дыпламатычнымі сродкамі.
Такі падыход, што можна ацэньваць як прыкмету сталення літоўскага дзяржаўнага кіраўніцтва, пачаў намячацца і ў адносінах да крыжацкай небяспекі. У 1322—1323 гадах вялікі князь накіраваў у Рым некалькі лістоў, дзе выказваў намер прыняць каталіцтва, калі хрышчэнне будуць ажыццяўляць папскія легаты, а не місіянеры Ордэна. Цяжка сказаць, наколькі шчыра выказваўся тут Гедымін. Ён не мог не разумець, што такі крок адразу выбіў бы зброю з рук крыжакоў, але ажыццяўленне яго было звязана з вялікай рызыкай. Непазбежна пачаўся б уплыў каталіцкай царквы на ўнутраныя справы дзяржавы і яе знешнюю палітыку, хрышчэнне ў каталіцызм не магло не выклікаць апазіцыі як сярод прыхільнікаў паганства, так і сярод праваслаўнага насельніцтва дзяржавы.
Здаецца, што сам Гедымін быў не супраць збліжэння з Захадам. Яно адкрывала больш шырокія магчымасці для гандлю, дазваляла прывабліваць кваліфікаваных майстроў, на якіх існаваў вялікі попыт у маладой дзяржаве. Вайна патрабавала кавалёў, збройнікаў, але асаблівая патрэба мелася ў мулярах і дойлідах — у Літве ўпершыню разгортвалася масавае будаўніцтва мураваных умацаванняў. Таму Гедымін у гэты перыяд прыкладае шэраг актыўных дыпламатычных намаганняў. Выкарыстоўваючы старыя зносіны Віценя з рыжскім магістратам, у 1323 годзе дамагаецца нармалізацыі адносін з Лівоніяй: тэрыторыі Ордэна, архібіскупства і Літвы абвяшчаюцца зонай міру і свабоднага гандлю. Адначасова выдае прывілей, у якім запрашае жыхароў нямецкіх вольных гарадоў на льготных умовах перасяляцца ў Літву.
Сталіцай дзяржавы пры Гедыміне становіцца Вільна. Існуе прыгожае паданне пра заснаванне ім гэтага горада пасля вешчага сну, які прысніўся князю ў час палявання. На самой справе археалогія сведчыць, што горад на месцы пазнейшага Крывога замка, на Лысай гары існаваў, прынамсі, з XIII стагоддзя і ўзыходзіў яшчэ ад таго паселішча крывічоў, аб якім гаварылася вышэй. З імем Гедыміна можна ўпэўнена звязваць заснаванне мураванага замка на гары, што зараз носіць яго імя. Такія ж першакласныя па тым часе крэпасці ўзніклі ў Медніках, Крэве, Лідзе, Троках. Тады ж у дзяржаве з'яўляюцца і першыя каталіцкія кляштары: два ў Вільне, адзін у Ноўгародку.
Аднак гэтая бурная рэфарматарская дзейнасць, напэўна, выклікала і моцную негатыўную рэакцыю. Сярод літоўцаў і жамойтаў вера продкаў, запаветы даўніны ўспрымаліся як сцяг барацьбы з агрэсіўным Захадам. Супраць збліжэння з Заходняй Еўропай узнялася свайго роду партыя "непрымірымых". Адначасова гэты курс выклікаў адчайныя супрацьдзеянні Тэўтонскага ордэна, які разгарнуў па ўсёй Еўропе агітацыю, каб не дапусціць пагаднення папы з Гедымінам.
Усё гэта прывяло да таго, што хрышчэнне Літвы ў апошні момант сарвалася. Калі, нарэшце, папскія легаты прыбылі ў Прыбалтыку, ім ветліва растлумачылі, што размовы пра хрышчэнне з'явіліся вынікам непаразумення, недакладнага перакладу Гедымінавых лістоў. Мы можам толькі гадаць, якая ўнутраная барацьба стаяла за гэтым рашэннем Гедыміна даць зваротны ход.
Рэформы не былі цалкам спынены. Захавалася і дзяржаўная верацярпімасць, каталіцкія кляштары працягвалі існаваць. Мір з Лівонскім ордэнам пратрымаўся да 1330 года. Але адначасова працягвалі палаць свяшчэнныя вогнішчы на паганскіх капішчах, у тым ліку і ў даліне Свінтарога ля самых муроў віленскага замка.
Дыпламатычным поспехам Гедыміна спрыяла шматлікасць яго патомства. Ён пакінуў не менш сямі сыноў і столькі ж дачок, што дазваляла замацоўваць міждзяржаўныя пагадненні шлюбамі на любы густ. Сыны набывалі правы на спадчыну тых суседзяў, чый род абрываўся, а дочкі выступалі залогам добрых зносін з зяцямі. Адну з іх ён, як адзначана вышэй, выдаў за Давыда, намесніка гарадзенскага, іншых — за суседніх уладароў. Данміла (у хрышчэнні — Альжбета) стала жонкай мазавецкага князя Вацлава Плоцкага (гэта адбылося ў пачатку панавання Гедыміна). Марыя зімой 1319/20 года ўзяла шлюб з цвярскім князем Дзмітрыем Грозныя Вочы. У 1325 годзе Алдона (Ганна) выйшла за адзінага сына Уладзіслава Лакатка — каралевіча Казіміра. У 1331 годзе Аўгуста абвянчалася з сынам Івана Каліты Сямёнам, а Офка — з сынам Трайдзена Мазавецкага Баляславам. Паводле няпэўных звестак, і апошні ўладар Галіцка-Валынскага княства Юрый Андрэеевіч меў за жонку дачку Гедыміна.
Звернем увагу на саюз з Уладзіславам Лакатком, які пачаўся з 1325 года. Ён азначаў змену палітычнай арыентацыі ў польскіх справах. Калі раней Гедымін, як і яго брат Віцень, падтрымліваў ворагаў Лакатка (напрыклад, Вацлава Плоцкага), то шлюб Гедымінаўны з нашчадкам польскага караля паклаў пачатак саюзніцкім дачыненням.
Уладзіслаў у гэты час працягваў барацьбу за адзінства Польшчы і супраць дамаганняў на яе карону з боку чэшскага караля Яна Люксембурга. Аб'яднаўшы пад сваёй уладай Кракаўска-Сандамірскую зямлю, Велікапольшчу і большую частку Куявіі, Лакаток у 1320 годзе дамогся прызнання яго каралём. У якасці супрацьвагі Чэхіі ён выкарыстоўваў добрыя адносіны з новым венгерскім каралём Карлам-Робертам Анжуйскім, за якога ў 1320 годзе выдаў сваю дачку Альжбету (гэты шлюб пазней прывядзе Анжуйскую дынастыю і на польскі трон). Саюз жа з Літвой дазваляў набыць магутнага саюзніка на поўначы, дзе Ян Люксембург меў актыўную падтрымку Вацлава Плоцкага і Тэўтонскага ордэна, якія ўтварылі грозную кааліцыю.
Супраць гэтай кааліцыі і быў накіраваны саюз Лакатка з Літвой. У 1326 годзе аб'яднанае польска-літоўскае войска на чале з Давыдам Гарадзенскім праз усю Польшчу прайшло на землі Брандэнбургскага курфюрства, дасягнуўшы Франкфурта-на-Одэры, а на зваротным шляху спустошыла ўладанні Вацлава Плоцкага і паўднёвыя раёны Прусіі. Выступленне аказалася апошнім у палкаводчай кар'еры Давыда — яго забіў падкуплены немцамі мазавецкі рыцар, што знаходзіўся ў яго войску. Галоўным літоўскім ваяводам становіцца баярын Маргеліс — ён згадваецца ў гэтай якасці з 1329 да 1336 года.
Аднак гэты паход не прадухіліў вайны Уладзіслава з Янам Люксембургам, якая пачалася ў 1327 годзе. Праз два гады чэшскі кароль з дапамогай Вацлава Плоцкага выступіў і супраць Гедыміна. У той жа час Тэўтонскі ордэн захапіў Добжынскае княства і частку вотчыны Лакатка ў Куявіі. Вайна працягвалася і пасля смерці Вацлава Плоцкага ў 1330 годзе, і пасля смерці яшчэ праз тры гады сямідзесяцітрохгадовага Лакатка. Толькі яго сын Казімір у 1335 годзе дамогся яе спынення. За вялікую грашовую кампенсацыю Ян Люксембург адмовіўся ад дамаганняў на польскі трон. Затое Казіміру давялося пагадзіцца з канчатковым пераходам Сілезіі ў склад Чэшскага каралеўства. Барацьба ж з тэўтонцамі за Добжынскую зямлю зацягнулася яшчэ на шмат гадоў.
Гедымін, саюзнік Польшчы, актыўна ўдзельнічаў у гэтай барацьбе, тым больш што яна аб'ектыўна была састаўной часткай абароны ўласна літоўскіх зямсль ад Ордэна — саюзніка Люксембурга. У 1328 годзе крыжакі мусілі пакінуць свой далёка прасунуты фарпост — замак Хрысткемель. Але нават гэтую няўдачу яны выкарысталі для чорнага злачынства. Магістр Вернер фон Арселн паабяцаў мірна перадаць замак, які не меў сілы больш бараніць, і запрасіў знатных літоўцаў прыняць яго. Калі ж літоўскае пасольства прыехала, крыжакі зачынілі браму і жыўцом спалілі літоўцаў разам з драўляным замкам. Нават у аднаго з братоў-рыцараў, відавочцаў злачынства, ад такой жорсткасці памутнеў розум і пазней ён зарэзаў каварнага магістра.
У 1330 годзе вайна з крыжакамі і на прускай, і на лівонскай мяжы палыхае зноў, як быццам і не было часовага паляпшэння адносін. Аднаўляецца абмен разбуральнымі набегамі, гараць ордэнскія фальваркі і літоўскія вёскі, вытоптваюцца палеткі, льецца кроў.
Аднак вайна на захадзе не паглынае ўсе сілы Вялікага княства Літоўскага і Рускага — гэтае найменне пры Гедыміне пачынае ўжывацца рэгулярна, каб падкрэсліць прэтэнзіі на ўсходнім напрамку. Пад "Літоўскім" княствам тут трэба разумець старадаўн ўладанні літоўскай дынастыі — Літву ў вузкім сэнсе (Аўкштайцію), Жамойць і гарады Панямоння (ад Горадна да Ноўгародка). Пад "Рускім" княжаннем меліся на ўвазе як тыя землі, што прынялі літоўскіх князёў па дагавору ці ўвайшлі ў васальную залежнасць ад Літвы (Полацкае, Менскае, Віцебскае, Свіслацкае, Пінскае, магчыма, Кіеўскае княствы), так і астатнія тэрыторыі былой Кіеўскаі Русі, якія Гедымін спадзяваўся падпарадкаваць у далейшым.
Літоўскі князь актыўна рыхтуе глебу для працягу сваёй экспансіі на Русі. Як і ардынскія ханы, ён умешваецца ў жорсткую барацьбу паміж Цвер'ю і Масквой за вялікае княжанне ўладзімірскае. Пры гэтым робіць стаўку на Цвер, князь якой Аляксандр у 1327 годзе здзяйсняе адчайны ўчынак — падтрымлівае паўстанне гараджан супраць ханскага баскака Чол- хана. Гэта было першае адкрытае непадпарадкаванне Ардзе з часоў суздальскага паўстання 1262 года, першае на памяці практычна ўсіх, хто насяляў Русь у гэты момант.
Цвярское паўстанне хан Узбек лёгка падаўляе з дапамогай Івана Каліты, аднак насуперак ім Гедымін дае князю Аляксандру прытулак у сваіх уладаннях, а ў 1331 годзе дапамагае яму часова ўладкавацца на княжанне ў Пскове. Тады ж ён спрабуе (праўда, няўдала) правесці свайго кандыдата на вакантнае месца епіскапа ў Вялікім Ноўгарадзе. (Менавіта з гэтай падзеяй звязана ўпамінанне загадкавага кіеўскага князя Фёдара, пра якога размова ішла вышэй.)
Барацьба за кантроль над Ноўгарадам скончылася праз два гады пасля эпізоду з епіскапам, у 1333 годзе, часовай перамогай Гедыміна. Наўгародцы прынялі да сябе князем яго сына Нарымонта. У 1338 годзе той пасадзіў замест сябе малалетняга сына Аляксандра.
Падобная барацьба ідзе і ў Смаленскім і Бранскім княствах. Смаленскі князь Іван Аляксандравіч выступае як саюзнік Гедыміна, з дапамогай якога ён спрабуе дзейнічаць незалежна ад вялікага князя Івана Каліты і хана Узбека. За гэта ў 1339 годзе супраць Смаленска арганізуецца вялікі паход з удзелам татар і залежных ад Масквы рускіх князёў, які, аднак, не прывёў да поспеху. Затое ў Бранску адбываецца нейкая ўсобіца, падчас каторай гараджане забіваюць князя Глеба Святаславіча. Новы ж бранскі князь Дзмітрый ужо настроены варожа ў адносінах да Івана Смаленскага (як, напэўна, і да Гедыміна).
Аднак яшчэ больш важныя падзеі адбываюцца ў Галіцка-Валынскім княстве, дзе апошні нашчадак Данілы Галіцкага, Юрый Андрэевіч, памёр бяздзетным каля 1336 года прыкладна ў трыццацігадовым узросце. Згасанне магутнай дынастыі выклікала, як заўсёды ў такіх выпадках, вострую барацьбу. Хан Узбек паспрабаваў адыграць ролю вярхоўнага сюзерэна, уступіць у валоданне вымарачнай вотчынай. Аднак сутыкнуўшыся з процідзеяннем адразу некалькіх моцных палітычных сіл — мясцовага насельніцтва, Літвы, Польшчы, Венгрыі, — ён не здолеў дамагчыся свайго. У Галіцкай зямлі князем быў абвешчаны стрыечны брат Юрыя — Баляслаў Мазавецкі, сын Трайдзена Баляславіча і Марыі Юр'еўны (сястры Андрэя Уладзімірскага і Льва Галіцкага). Баляслаў перахрысціўся ў праваслаўе пад імем Юрыя. Ён, як і Юрый Андрэевіч, з'яўляўся зяцем Гедыміна.
Што ж датычыць Валыні, то літоўскае паданне сцвярджае, што там Гедымін пасадзіў на княжанне свайго малодшага сына Любарта. Не выключана, аднак, што ўладкаванне Любарта адбылося крыху пазней, пасля хуткай смерці Юрыя-Баляслава.
Сына мазавецкага князя прынялі на княжанне пры ўмове, што не будзе схіляць мясцовае насельніцтва да каталіцызму. Аднак гэтую ўмову ён не выканаў, за што і паплаціўся жыццём — у 1340 годзе яго атруцілі. Пачаўся новы тур барацьбы за Галіцка-Валынскую дзяржаву. Галіцка- львоўскае баярства прысягнула каралю Польшчы Казіміру, а ўладзіміра- луцкае — Любарту Гедымінавічу. Некалі славутая дзяржава апынулася падзеленай між двума суседзямі.
Як мы бачым, сыны Гедыміна пачалі ўладкоўвацца ў тых гарадах, жыхары якіх з'яўляліся даннікамі Залатой Арды. Такая даніна ішла не толькі з Уладзіміра, Луцка і Берасця, але, напэўна, і з Пінска (не выключана, што і з Віцебска, які пэўны час падпарадкоўваўся залежнаму ад Арды Смаленску). Усталяванне літоўскіх князёў у гэтых гарадах не выклікала адразу ваенны канфлікт з Ардой толькі з прычыны кампраміснага рашэння: новыя князі павінны былі атрымліваць двайны васалітэт — і ад Гедыміна, і ад хана. Пры гэтым даніна ў Арду працягвала паступаць, хаця, магчыма, і ў зменшаным памеры. Такую даніну ў 1357 годзе выплачваў з Галіцкай зямлі кароль Польшчы (за што яго папракаў папа Інакенцій V). З Валыні ж ардынская даніна ішла і ў канцы XIV стагоддзя пры ўнуках Гедыміна.
Гедымін мусіў пайсці на такі кампраміс — ён не мог дазволіць сабе вайну з Ардой ва ўмовах узнаўлення крыжацкага націску. Больш таго, спецыяльны падатак — "ардыншчына" — быў ускладзены не толькі на Валынь і Падняпроўе, але і на ўласна літоўскія гарады (гэты падатак згадваецца нават у дакументах XV—XVI стагоддзяў). Даследчыкі лічаць, праўда, што "ардыншчына" ішла не ў якасці даніны татарам, а ў велікакняжацкую казну на расходы, звязаныя з падтрыманнем міру з Ардой — пасольскія зносіны, падарункі і г. д. (розніца, аднак, невялікая). Значна пазней вялікія князі пачалі цалкам пакідаць гэты падатак сабе, але старажытная яго назва засталася.
Вайна з Тэўтонскім ордэнам працягвалася з пераменным поспехам. Вялізныя ахвяры не давалі перавагі ні таму, ні другому боку. У 1331 годзе літоўцы сумесна з войскам Уладзіслава Лакатка перамаглі рыцараў у бітве пад Плоўцамі ў Польшчы, але ў 1333 адбыўся новы крыжовы паход герцага Баварскага, у час якога была захоплена і спалена важная літоўская крэпасць Вялона на Нёмане. Па суседству з ёй пачалося будаўніцтва моцнага крыжацкага замка, які атрымаў назву Баербург. Крыху ніжэй па цячэнні магістр Дзітрых фон Альтэнбург у 1336 годзе аднавіў замак Юргенбург (Юрбарк). Літоўска-пруская мяжа павольна, але няўхільна паўзла ўверх па Нёмане, прасунуўшыся ўжо на паўтары сотні кіламетраў ад яго вусця. Адсюль крыжакі маглі непасрэдна пагражаць не толькі Жамойці, але і жыццёвым цэнтрам дзяржавы. Да Коўна заставалася каля сарака кіламетраў, да Вільна — 130. У 1337 годзе ў Баербургу нават заснавалі касцёл, які павінен быў стаць цэнтрам новай каталіцкай парафіі пасля хуткага, як меркавалі тэўтонцы, хрышчэння Літвы. Адначасова лівонцы ўзмацнілі набегі з поўначы. У 1334 годзе іх магістр Эберхард фон Мангейм дайшоў да самага Вільна, спустошыўшы наваколле.
Гедымін адчайна імкнуўся пераламіць ход падзей. Але здзейсненая ім у 1338 годзе аблога Баербурга скончылася цяжкім паражэннем. Магістр фон Альтэнбург сцвярджаў нават, што там загінуў цвет літоўскага рыцарства і ў далейшым не прыйдзецца чакаць моцнага адпору. Але тут магістр яўна выдаваў жаданае за наяўнае, бо літоўцы аказаліся здольнымі не толькі да актыўнай абароны, але і да новага наступу. Узімку 1341/42 года яны ўсё ж захапілі Баербург. Праўда, заплацілі за гэта жыццём свайго правадыра. Вялікі князь Гедымін быў смяротна паранены стрэлам з гакаўніцы — новай агнястрэльнай зброі, што толькі пачынала ўваходзіць ва ўжытак. І зноў цэлая эпоха адыходзіла ў мінулае разам з ім, зноў абнаўляўся склад дзеючых асоб на нашай сцэне.