Працэс утварэння Вялікага княства Літоўскага (ХІІІ – ХIV стст.) (1992)
Пасля абвяшчэння двяржаўнага суверэнітэту Літвы і Беларусі значна павялічыўся інтарэс да гісторыі Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ),у якім знайшла сваё ўвасабленне сярэдневяковая двяржаўнасць літоўцаў і беларусаў. Пры гэтым, часам назіраецца спрошчаны погляд на ВКЛ як на нацыянальную літоўскую ці нацыянальную беларускую дзяржаву. У аснове гэтых супрацьлеглых канцэпцый ляжыць погляд на ўзнікненне гэтай дзяржавы ў выніку заваёвы Літвой беларускіх земляў былой Кіеўскай Русі ці, наадварот, заваёвы самой Літвы Навагародскім княствам. Апошні погляд сёння актыўна прапагандуе М.І. Ермаловіч [1]. Між тым, сапраўдны працэс утварэння ВКЛ быў больш складаны. Мы паспрабуем ахарактарызаваць яго асноўныя моманты, абапіраючыся як на першакрыніцы XIII-ХІV стст., так і на даследаванні больш позніх часоў, а таксама на археалагічныя матэрыялы.
Асаблівасцю пісьмовых крыніц, сучасных падзеям, з'яўляецца тое, што яны асвятляюць першапачатковую гісторыю ВКЛ звонку - з пункту гледжання валынскіх князёў, Ноўгарада, Пскова [2], ці Польшчы і крыжацкіх ордэнаў Прыбалтыкі [3]. Летапісы, звязаныя паходжаннем з уласна ВКЛ, датуюцца больш познім часам [4], таму іх звесткі не заўсёды дакладныя, а часам і наўмысна скажоныя. Гэта цалкам датычыцца і твораў польскіх гісторыкаў ХV-ХVІ стст [5]. Даследчыкі больш позніх часоў прайшлі шлях ад пераказу крыніц да іх крытычнага асэнсавання [6], хаця шмат пытанняў застаюцца дыскусійнымі і сёння.
Сённяшні стан нашых ведаў дазваляе сцвярджаць, што для ўзнікнення ВКЛ меліся дзве групы перадумоў — унутраныя і знешнія. Да першых трэба аднесці вынікі сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця балцкіх народаў і Кіеўскай Русі, да другіх — нашэсце крыжакоў з захаду і татар з усходу.
Балцкія плямёны на пачатку XIII ст. знаходзіліся на перадзяржаўнай стадыі свайго развіцця. У іх не было яшчэ сапраўдных гарадоў і пісьменнасці. На чале грамадства стаялі дынастыі племянных князькоў ("кунігасаў"). Існавала падзяленне на знаць і просты народ, які захоўваў асабістую свабоду. Мелася і рабства ў так званым "патрыярхальным" выглядзе. Гісторыя сведчыць, што такі стан грамадства быў даволі ўстойлівым і мог захоўвацца на працягу многіх стагоддзяў. Але калі нешта выводзіла такое грамадства з раўнавагі, яно магло хутка трансфармавацца ў раннекласавую дзяржаву, бо ўсе ўнутраныя перадумовы для гэтага меліся.
Для такой стадыі вельмі характэрны пастаянныя набегі на суседнія краіны, якія ажыццяўляліся як дзеля ваеннай здабычы, так і дзеля воінскай славы, падвышэння свайго сацыяльнага статусу. Для суседніх княстваў Русі асабліва адчувальнымі былі набегі літоўцаў.
Літва прыгадваецца ў рускіх і заходнееўрапейскіх крыніцах з пачатку XI ст. Усе гэтыя ўпамінанні адрывачныя, яны не дазваляюць ні дакладна лакалізаваць Літву, ні ахарактарызаваць яе ўнутранае становішча. На дапамогу прыходзіць археалогія [7], а таксама параўнанне з суседняй Прусіяй, пра якую вядома больш [8]. Літва ўяўляла сабой сукупнасць некалькіх этнічна роднасных плямён з самастойнымі дынастыямі на чале — Дзяволтву, Нальшану, Упіту [9]. Крыху больш аддаленую, аде таксама ведьмі падобную этнічную групу ўтварала Жамойць (Жэмайтыя, Жмудзь), якая, верагодна, на пачатку XIII ст. знаходзілася ў палітычнай залежнасці ад Літвы.
Археалогія ведае на тэрыторыі сучаснай Літоўскай Рэспублікі дзве археалагічныя культуры XI - XIII стст. - культуру грунтовых пахаванняў і культуру ўсходнелітоўскіх курганоў. Першая з іх тэрытарыяльна амаль супадае з Жамойцкай зямлёй больш позняга часу, добра вядомай з крыніц ХV - ХVІІІ стст [10]. Другая ўключала басейн р. Віліі, у тым ліку і частку тэрыторыі сучаснай Беларусі да возера Нарач, Смаргоні, Налібоцкай пушчы і Ліды. Цэнтр культуры ўсходнелітоўскіх курганоў знаходзіўся ў раёне пазнейшых палітычных цэнтраў ВКЛ (Кернава, Трок, Вільні). Большасць даследчыкаў звязвае яе з Літвой пісьмовых крыніц [11].
Адзначым, што М.І. Ермаловіч адстойвае іншае меркаванне: "летапісная Літва" быццам бы займала ізаляваны ад астатніх балцкіх плямён абшар прыкладна ў сучасных Баранавіцкім, Карэліцким, Стаўбцоўскім і Валожынскім раёнах Беларусі [12]. Але на гэтым абшары няма археалагічных сведчанняў існавання балцкага насельніцтва ў азначаны час. Назвы ж вёсак, на якія спасылаецца М. Ермаловіч, сведчаць хутчэй аб адваротным: вёскі з назвай "Літва" не маглі ўзнікнуць там, дзе ўсе вёскі літоўскія. Большасць з іх, напэўна, з'явіліся пазней, ужо ў час існавання ВКЛ, у выніку міграцый.
Каля 1219 г. літоўскія князі заключылі пагадненне з Валынскім княствам, аб чым гаворыцца ў Іпацьеўскім летапісе [13]. Яго падпісалі некалькі груп князёу: "старэйшыя", жамойцкія, Рушкавічы, Булевічы. 3 гэтага вынікае, што адна з дынастый ("старэйшыя княэі") дасягнула палітычнага дамінавання над астатнімі. Сярод яе малодшых прадстаўнікоў названы Міндоўг ("Мендог"). Крыху пазней, у 1235 г., той жа летапіс упамінае "Літву Мендога" [14]. Напэуна, у гэты час Міндоўг высунуўся на першае месца як сярод сваіх родзічаў, так і ў агульналітоўскім палітычным саюэе. У канцы жыцця Міндоўга (1263 г.) летапісец так характарызуе яго палітычную кар'еру: "нача избивати братьи свою и сыновце свои, а других выгна из земли и нача княжити один во всей земле Литовской" [15].
Такую хуткую канцэнтрацыю палітычнай улады трэба тлумачыць супадзеннем двух фактараў — суб'ектыўнага (асабістыя якасці Міндоўга) і аб'ектыўнага (неабходнасць аб'яднання літоўскіх плямён для супрацьдзеяння знешнім ворагам). У канцы XII - першай трэці XIII ст. крыжакі Ордэна Мечаносцаў (пазнейшага Лівонскага ордэна) заваявалі ўсю тзрыторыю сучасных Латвіі і Эстоніі, з 1232 г. з боку Польшчы пачаўся націск Тэўтонскага ордэна на землі прусаў [16]. Суседнія яцвягі трапілі пад трайны удар тэўтонаў, мазавецкіх і валынскіх князёў. Літва, з усіх балцкіх народаў найбольш аддаленая ад новых ворагаў, мела час асэнсаваць неабходнасць аб'яднання сіл. Таму, напэўна, цэнтралізатарская палітыка Міндоўга сустрэла меншае супраціўленне, чым магла б сустрэць у іншых умовах.
Падзеі ў Літве былі толькі адным бокам працэсу ўтварэння ВКЛ. Не меншае значэнне мела і тое, што адбывалася на Русі. Варта адзначыць, што, насуперак распаўсюджанаму погляду, да татарскага нашэсця Кіеўская Русь, хаця і палітычна дэцэнтралізаваная, заставалася адзіная дзяржавай. Адзінства захоўвалася ў эканамічнай сферы (адрозненні ў матэрыяльнай культуры розных земляў Русі неістотныя), у рэлігійнай (уся Русь утварала адзіную мітраполію з цэнтрам у Кіеве), у культурнай (адзіная пісьменнасць, агульная самасвядомасць). Усе паўсамастойныя княствы належалі галінам адзінага княжацкага рода Рурыкавічаў, і ў гэтым сэнсе Русь была больш адзінай, чым, напрыклад, тагачасная Францыя, часткі якой былі пад уладай розных феадальных родаў, прычым некаторыя з іх былі васаламі караля Англіі. Хаця б фармальна захоўвалася і ўяуленне пра кіеускага князя як пра галоўнага князя Русі. Барацьба за кіеўскі пасад ішла літаральна да з'яулення пад сценамі Кіева войска Батыя.
Заваяванне татарамі асноўных жыццёвых цэнтраў Русі фактычна азначала пераход пад іх уладу ўсёй дзяржавы. Не выпадкова татарская даніна ў сярэдзіне XIII ст. ахапіла і тыя землі, куды іх войска не дайшло (Вялікі Ноўгарад, Смаленск). Спробы адстаяць незалежнасць, абапіраючыся на свае сілы і маральную падтрымку каталіцкага Захада, якія прадпрыняў уладар Галіцка-Валынскага княства Даніла Раманавіч, таксама не прывялі да поспеху [17]. Княствы, што змяшчаліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, чакаў той жа лес. Працэс палітычнага драблення на пачатку XIII ст. зайшоў тут яшчэ далей. Калі Уладзіміра-Суздальская, Галіцка-Валынская, Чарнігава-Северская землі мелі па адной - дзве самастойных галіны Рурыкавічаў, то Полацкая належала асобным лініям віцебскіх, друцкіх, менскіх і, магчыма, свіслацкіх князёў, Тураўская - дубровіцкім, пінскім, тураўскім, напэўна - клецкім, слуцкім князям. Кожнае княства ахоплівала адзін-два гарады з невялікай акругай. Магчыма, адносна моцным было Навагародскае княства (калі дапусціць, што яму падпарадкоўваліся Гародна, Ваўкавыск і Слонім), але і яго князь Ізяслаў упамінаецца ў 1235 г. толькі як сатэліт Данілы Раманавіча [18]. Разлічваць на самастойнае супраціўленне татарам пасля таго, як пацярпелі паражэнне больш моцныя, гэтыя княствы не маглі.
Адзіным выйсцем быў разрыў з палітычнай сістэмай Русі, знешнім увасабленнем якога магла стаць змена пануючай дынаетыі. Але новы князь павінен быў быць дастаткова моцным, каб пры неабходнасці аказаць татарам і ўзброенае супраціўленне. Такім патрабаванням у найбольшай ступені адпавядалі князі суседняй Літвы. Адзначым, што папярэднія літоўскія набегі спрыялі не толькі варожасці, але і ўзаемнай цікаўнасці - хаця б таму, што ворага належала добра ведаць. Падобна таму, як паўднёварускія князі мелі пастаянныя кантакты (у тым ліку сяброўскія і шлюбныя) з полаўцамі, заходнерускія князі (у пэўным сэнсе іх можна назваць і беларускімі) павінны былі мець такія ж сувязі з літоўцамі. Напэўна, яны не раз выкарыстоўвалі літоўскія дружыны ў сваіх міжусобіцах ці прапускалі іх для набегаў на больш аддаленыя княствы.
Крыніцы не прыводзяць ніякіх падрабязнасцяў з'яўлення літоўскіх князёў у заходнерускіх княствах. Вядома толькі, што гэта адбылося ў першыя ж гады пасля узяцця татарамі Кіева. У 1248 г. рымскі папа Інакенці IV накіраваў булу "новаахрышчанаму князю Полацка" [19]. На жаль, імя яго невядомае. Прыкладна ў гэты ж час князем Новагарадка становіцца ўладар Літвы Міндоўг. Пра яго хрышчэнне пад 1245 г. паведамляе позні Густынскі летапіс [20]. У больш ранніх крыніцах гэтай падрабязнасці няма, але Іпацьеўекі летапіс пад 1252 г. паведамляе, што Міндоўг паслаў сваіх пляменнікоў на Смаленск, а сам выкарыстаў іх адсутнасць для захопу аднаасобнай ўлады ў Літве. У гэты час яму таксама належалі Новагарадок, Ваўкавыск, Слонім і Здзітаў, на якія зрабіў паход Даніла Раманавіч Галіцкі [21].
Гэтыя ўрывачныя звесткі не даюць, строга кажучы, дакладнага ўяўлення, якім чынам Міндоўг прыйшоў да ўлады ў названых гарадах. Упамінанне пра паход на Смаленск з мэтай завалодаць ім ("хто прмемлет собе держит") ускосна сведчыць, што такім жа чынам маглі быць захоплены і Новагарадок з Полацкам. Звесткі ж пра хрышчэнне прымушаюць думаць пра дабраахвотнае запрашэнне князёў. Мог быць і прамежкавы варыянт: частка мясцовай знаці жадала новага князя, супраціўленне ж нязгодных прыходзілася пераадольваць ваеннай сілай. Цяжка сказаць таксама, у якой ступені Міндоўг, а пазней яго сын Войшалк абапіраліся на падтрымку новагародскага баярстве для захопу аднаасобай ўлады ў Літве.
Зразумець глыбокі сэнс таго, што адбывалася на Літве і Беларусі, можна толькі пры разглядзе асноўных падзей паводле розных крыніц і ў больш шырокім кантэксте.
Са з'яўленнем у некаторых гарадах Русі літоўскіх князёў не пагадзіліся ні суседнія княствы, ні татары. Даніла Галіцкі зрабіў тры паходы "на Литву на Новгородок", а ў 1258 г. вялікі паход (таксама з удзелам галіцка-валынскага войска) ажыццявіў татарскі ваявода Бурундай ("взяша татарове всю землю Литовскую"). У гэты ж час Лівонскі ордэн дамагаецца кантролю над значнай часткй Жамойці. Унутрыпалітычны крызіс у Літве, што настаў пасля забойства Міндоўга ў 1263 г., прымусіў яго сына Войшалка прызнаць васальную залежнасць ад Галіцка-Валынскага княства, а затым і ўвогуле перадаць уладу сыну Данілы Раманавіча Шварну. У Полацку пасля літоўскіх князёў Таўцівіла і Гердзеня з'яўляецца нейкі Ізяслаў (магчыма, са Свіслачы) у апошняй трэці XIII ст.
Прыход да ўлады ў Літве пасля смерці Шварна антыгаліцкай партыі на чале з князем Трайдзенам (каля 1270-1281) выклікаў шэраг новых паходаў татар і залежных ад іх рускіх князёў на Панямонне. Адначасова ўзмацніўся націск крыжакоў (асабліва з пачатку 1280-х гадоў, пасля канчатковага заваявання Прусіі). Увесь канец стагоддзя праходзіць ў крыжовых паходах супраць Літвы, прычым ваенныя дзеянні ўжо ў 1284 г. дасягаюць Гародна.
I вось пасля усяго гэтага, у час панавання Віценя (1292 - 1315) мы застаем палітычную сітуацыю практычна ў тым самым выглядзе, у якім яна была ў сярэдзіне XIII ст. Літва, Жамойць, Новагародскае княства і нават Полацк зноў утвараюць адзіную дзяржаву, незалежную ні ад крыжакоў, ні ад татар. Ніякім заваяваннем гэты факт растлумачыць нельга. Калі б літоўская улада была навязана гарадам Баларускага Панямоння і Падзвіння гвалтоўна, без жадання мясцовага насельніцтва, ніколі б Літва не здолела ў такіх складаных знешнепалітычных умовах захаваць гэтыя тэрыторыі за сабой. Таксама немагчыма ўявіць, каб новагародскае баярства, якое, на думку М. Ермаловіча, было ініцыятарам далучэння суседніх зямель, здолела ў такой сітуацыі вахаваць кантроль і над Літвой, і нават над Жамойцю, застаўшыся пры гэтым незалежным ад Арды.
Далёка не выпадкова, што з усіх балцкіх народаў толькі Літва вытрымала націск крыжакоў, а з усіх княстваў Русі толькі Навагародчына і Полаччына пазбеглі татарскай даніны. У цяжкі час яны ўтварылі адзіную двухэтнічную дзяржаву. Гэта быў сімбіёз, жыццёва неабходны абодвум бакам. З дапамогай літоўцаў жыхары Новагародчьны білі татар (не выпадкова легенды пра перамогі пад Койданавам, Магільнам, Уздой захаваліся якраз там, на ўсходняй мяжы гэтай зямлі). Са свайго боку Літва абапіралася на беларускія землі ў барацьбе з тэўтонамі (крыжацыя хронікі паведамляюць пра ўдзел рыцараў-"рутэнаў" у бітвах з імі [22]).
Якраз у гэты час сумесных выпрабаванняў назва "Літва", на нашу думку, набыла пашыраны сэнс, пачала адносіцца не толькі да этнічнай тэрыторыі ўласна літоўцаў, але і да Беларускага Панямоння. Мясцовае насельніцтва, якое разам з літоўцамі білася супраць руска-татарскіх войскаў, пачало супрацьпастаўляць сябе астатняй Русі, называцца ''літвінамі". Гэтая традыцыя захавалася ажно да XIX ст. Шырока вядома, напрыклад, што Адам Міцкевіч называў свае родныя мясціны на Новагародчыне "Літвой".
Мяжу XIII і XIV стст. можна ўмоўна лічыць і мяжой двух этапаў станаўлення ВКЛ. Першы з іх, асабліва цяжкі, быу скончаны. Маладая дзяржава даказала сваё права на жыццё, а ў далейшым ішло фармаванне яе тэрыторыі, унутранай структуры і сістэмы ўзаемаадносін з суседзямі.
Пры вялікім князі Гедыміне (1315 - 1341) пачалі адчувацца новыя тэндэнцыі. Суседняя Польшча перажывала ў гэты час працэс палітычнай цэнтралізацыі, нешта падобнае пачыналася і на падпарадкаваных Ардзе рускіх землях. Аднак татары яшчэ дастаткова надзейна кантралявалі сітуацыю на Русі, каб дазволіць аднаму княству ўзняцца над астатнімі. Гедыміну ж нішто не перашкаджала выступіць "збірацелем" спадчыны Кіеўскай Русі. Тыя княствы, што раней балансавалі паміж Літвой і іншымі палітычнымі цэнтрамі -Віцебскае, Друцкае, Менскае, Пінскае - зараз канчаткова схіляюцца да Літвы. Згасанне лініі галіцка-валынскіх князёў прыводзіць да вострай барацьбы, у якой татары церпяць паражэнне, Галіччына адыходзіць да Польшчы, а Валынь - да Літвы.
Далучэнне новых земляў ажыццяўлялася ў даволі мяккай форме, шляхам пагаднення, з захаваннем мясцовых законаў і звычаяў. У выніку дзяржава стала федэрацыяй, якая складалася з непасрэдна падначаленай вялікаму князю Літвы (пад якой разумелася не толькі ўласна Літва, але Жамойць з Новагародчынай) і больш-менш самастойных земляў і княстваў, якія захавалі агульную назву "Русь". Менавіта з гэтага часу дзяржава набывае афіцыйную назву "Вялікае княства Літоўскае і Рускае". (У сярэдзіне XV ст., калі Жамойцкая зямля таксама дамагалася федэратыўнага статусу, назва пачала гучаць як "Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых").
Пры сыне Гедыміна Альгердзе (1345 - 1377) Залатая Арда ўвайшла ў тую стадыю палітычнай дэцэнтралізацыі, з якой якраз выходзіла Русь. Карыстаючьюя гэтым, Альгерд падпарадкаваў сваёй уладзе Кіеўскую, Чарнігаўскую, Бранскую, частку Смаленскай зямлі, якія папоўнілі лік федэратыўных земляў ВКЛ. Але тым часам узняўся новы аб'яднаўчы цэнтр - Маскоўскае княства. Паміж Літвой і Масквой пачалася барацьба, якая хутка прывяла да фактычнага падзелу сфер уплыву на Русі, а па сутнасці - яе распаду на дзве самастойныя часткі, лёс якіх у далейшым пайшоў рознымі шляхамі.
Імклівае павелічэнне тэрыторыі ВКЛ зрабіла яго адной з найвялікшых і наймацнейшых дзяржаў у Еўропе, але парушыла ўнутраную стабільнасць. Этнічныя літоўцы апынуліся ў меншасці сярод славянскага насельніцтва. Літоўскія князі, якія княжылі ў гарадах Русі, прынялі праваслаўе і пачалі пранікацца мясцовыш інтарэсамі. Не маючы сваёй пісьменнасці, яны карысталіся ў справаводстве старажытнарускай мовай, якая стала і "мовай міжнацыянальных адносін". Літве пагражала поўная асіміляцыя, растварэнне ў славянскім моры.
Але літоўцам належала ў дзяржаве вышэйшая палітычная ўлада. Яны выкарысталі яе, каб спыніць азначаныя працэсы. У 1385 г. было заключана пагадненне аб дзяржаўнай ўніі ВКЛ з каталіцкай Польшчай (Крэўская ўнія), адной з умоў якога было хрышчэнне літоўцаў у каліцкую веру. Побач са старажытнарускай мовай ў справаводстве пачала шырока ўжьшацца латынь. Пры вялікім князі Вітаўце (1392-1430) з дапамогай Ягайлы Альгердавіча, які стаў польскім каралём, быў скасаваны шэраг удзельных княстваў. Замест княэёў прызначаліся намеснікі, якія значна больш залежалі ад цэнтральнай улады. Каталіцкая царква і літоўскія паны пачалі атрымліваць вялізныя зямельныя наданні, што хутка наблізіла іх па багацці і магутнасці да праваслаўных князёў.
Гэта прывяло да аднаўлення пэўнай раўнавагі славянскага і літоўскага кампанентаў. Пры гэтым першы з іх дамінаваў у культурнай, а другі - у палітычнай сферах. Двяржава засталася двухэтнічнай (падзяленне "рускага" насельніцтва на беларусау і ўкраінцаў яшчэ толькі намячалася). Гэта мела як пазітыўныя вынікі, так і патэнцыяльна негатыўныя. Узаемадзеянне народаў узбагачала кожны з іх, але захоўвалася небяспека міжэтнічных і асабліва міжрэлігійных супярэчнасцей. Пазней Маскоўская двяржава не раз выкарыстоўвала гэтыя супярэчнасці на сваю карысць.
Крэўская ўнія мела і іншыя вынікі. Яна ўключыла ВКЛ у арбіту заходнееўрапейскай цывілізацыі. 3 захаду праз польскае пасрэдніцтва было запазычана шмат рысаў, якія, у прыватнасці, ствараюць сёння неад'емныя кампаненты беларускай нацыянальнай культуры. Таксама можна сцвярджаць, што без польскага ўздзеяння беларуская мова не стала б такой, якая яна ёсць. Разам з тым унія стварыла ўмовы для няспыннага націску Польшчы на дзяржаўны суверэнітэт ВКЛ, а таксама для паступовай паланізацыі шляхты (як літоўскай, так і беларуска-украінскай).
3 канца XIV - пачатку XV ст. працэс утварэння ВКЛ можна лічыць ў асноўным скончаным. Сфармавалася яго тэрыторыя, асноўныя рысы ўнутранай структуры, знешнепалітычныя прыярытэты. Умовы, што склаліся да гэтага часу, у значнай ступені вызначылі характар далейшай гісторыі дзяржавы. Яе нельга назваць ні літоўскай, ні беларускай, ні ўкраінскай, але без гэтай дзяржавы немагчыма было б з'яўленне кожнага з гэтых народаў у іх сённяшнім выглядзе. Усе яны маюць свае правы на яе гістарычную спадчыну, як кожны з дзяцей мае правы на спадчыну сваіх бацькоў.
- Ермаловіч М. І. Па слядах аднаго міфа. 2-е выд. Мн., 1991. С. 58 - 81.
- ПСРЛ. М., 1962. Т. 2. Ипатьевская летопись; ПСРЛ. Спб., 1851. Т. 5. Псковские летописи; Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. М. -Л., 1950.
- "Великая хроника" о Польше, Руси и их соседях XI - XIII вв. М., 1987; Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. М. -Л., 1938. Scriptores Rerum Prussicarum. Leipzig, 1861 - 1863. Вd. 1-2.
- ПСРЛ. М., 1975. Т. 32; Тамсама. М., 1980. Т. 35.
- Dlugosz J. Roczniki czyli kroniki slawnego Krolestwa Polskiego. Warszawa, 1981. Kn. 9 - 10; Stryjkowski M. Kronika Polska. Warszawa, 1846. T. 1-2.
- Narbutt T. Dzieje starozytne narodu Litewskiego. Wilno, 1835 - 1841. Т. 1-9; Антонович В.Б. Очерк истории Великого Княжества Литовского до половины XV ст. Киев, 1878; Брянцев П.Д. История Литовского государства с древнейших времён. Вильно, 1889; Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. М., 1915; Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. М., 1959.
- Археология СССР. Финно-угры и балты в эпоху Средневековья. М., 1987.
- Кулаков Е М. Земля пруссов и "прусские земли" // Балто-славянские исследования. М., 1987. С. 95-101.
- Lowmianski H. Geografia polityczna Baltow w dobie plemennej // Lituano-slavica Poznaniensia. Studia Historica. Poznan, 1985. Т. I. S. 7 - 105.
- Blaszczyk G. Zmudz w XVII і XVIII wieku. Poznan, 1986.
- Волкайте-Куликаускене Р. К. Образование литовской народности (по данным археологии) // Советская этнография. 1979. № 3. С. 31 - 46; Археология СССР. Финно-угры и балты ... С. 381 -397.
- Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. С. 22 - 36.
- ПСРЛ. М., 1962. Т. 2. С. 735 - 736.
- Тамсама. С. 776.
- Тамсама. С. 852.
- Gorski K. Zakon krzyzacki a powstanie panstwa pruskiego. Wroclaw et al. 1977.
- Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси. М. 1950.
- ПСРЛ. М., 1962. Т. 2. С. 776.
- Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. С. 378.
- ПСРЛ. Спб., 1848. Т. 2. С. 341.
- ПСРЛ. М., 1962. Т. 2. С. 815-816.
- Stryjkowski M. Kronika Polska. S. 276. Narbutt T. Dzieje starozytne .., Т. 4. S. 375 376.