Няма сутнасных разыходжанняў
Прыемна, што, нягледзячы на даволі крытычны характар рэцэнзіі, А. Краўцэвіч не стаў на шлях агульнага яе адхілення, прымаючы некаторыя заўвагі і ўдакладняючы сваю пазіцыю па шэрагу пытанняў. У прыватнасці, ён прызнае, што М. Ермаловіч быў не першым, хто выказаў у літаратуры "беларускацэнтрысцкі" погляд на ВКЛ. Дарэчы, паміж М. Шкялёнкам і М. Ерамловічам можна паставіць яшчэ, як мінімум, постаць Л. Рыдлеўскага, які ў 1948 г. пісаў пра рашаючую ролю беларусаў у гісторыі ВКЛ.[1]
Не абвяргае А. Краўцэвіч і мае ўдакладненні характеру балта-славянскага ўзаемадзеяння на Панямонні да ХІІІ ст. Слушна адзначаючы, што некаторыя з маіх контратэзаў наконт міжэтнічнага напружання застаюцца толькі меркаваннямі, ён не спрабуе адхіліць іншыя з прыведзеных мною прыкладаў, якія сапраўды з'яўляюцца фактамі: звесткі аб данніцкай залежнасці Літвы ў ХІ ст., аб дамінаванні літоўскай арыстакратыі ў больш познія часы і інш. З гэтага можна меркаваць, што азначаныя факты ён маўкліва пагаджаецца ўлічыць.
Са свайго боку я прымаю крытыку А. Краўцэвічам недакладнасцяў і аморфнасці некаторых фармулёвак у маіх папярэдніх публікацыях (з адзінай агаворкай, што удзел Жамойці ў агульналітоўскіх палітычных працэсах першай паловы ХІІІ ст., у тым ліку яе залежнасць ад "старэйшай" дынастыі, мне ўяўляецца бясспрэчным). Больш таго, менавіта палеміка з А. Краўцэвічам дапамагла мне больш выразна сфармуляваць сваю пазіцыю, за што я яму ўдязчны. Што тычыцца некаторых іншых разыходжанняў, то яны з'яўляюцца, здаеццаа, вынікам непаразумення: кожны з нас бачыў у фармулёўках апанента не той сэнс, які меў на ўвазе аўтар.
Калі А. Краўцэвіч згодны з наяўнасцю эвалюцыі "летувіскага" грамадства і адхіляе толькі тое, што ўтварэне ВКЛ было вынікам выключна гэтага працэса, то гэта цалкам адпавядае думцы, выказанай мной у 1992 г.: "Падзеі ў Літве былі толькі адным бокам працэсу ўтварэння ВКЛ. Не меншае значэнне мела і тое, што адбывалася на Русі". [2] Згодныя мы з ім і ў прызнанні дзвюх іншых перадумоў дзяржаваўтварэння - крыжацкай і татарскай пагрозы. На маю думку, шаноўны апанент недастаткова ўважліва аналізуе яшчэ адну перадумову - характар палітычнай сістэмы Русі на момант татарскага нашэсця, які спрыяў пераходу пад уладу іншаземнай дынастыі, каб не падзяліць лёс іншых уладанняў Рурыкавічаў. Аднак гэта не закрэслівае агульнай блізасці нашых пазіцый.
Калі А. Краўцэвіч прызнае наяўнасць пэўнай славяна-літоўскай канфрантацыі, адхіляючы толькі выснову аб утварэнні ВКЛ у выніку перамогі аднаго з бакоў, то і гэтую думку я выказваў у 1993 г.: "Вельмі спрошчанымі выглядаюць дзве супрацьлеглыя канцэпцыі, паводле якіх ці то Літва заваявала пасіўную і бездапаможную Русь, ці то Ноўгародак падпарадкаваў і прывёў да святла дзяржаўнасці такую ж пасіўную Літву. Гісторыя дае нам прыклад сапраўднага пабрацімства двух (...) народаў, якія ў крытычны момант здолелі аб'яднацца дзяля агульнай карысці".[3] Я і сёння перакананы, што ўтварэнне поліэтнічнай дзяржавы стала вынікам не перамогі аднаго з бакоў, а іх сумесных дзеянняў насуперак асобным супярэчнасцям. Выйгрыш абодвух бакоў пры гэтым пераважаў выдаткі - менавіта гэта я меў на ўвазе ў сваёй ідэі сімбіёзу.
Такім чынам, я не бачу сутнасных разыходжанняў сваёй пазіцыі з пазіцыяй А. Краўцэвіча, як яна сфармулявана ў яго адказе. Заплюшчыўшы вочы на тое, што адна з гэтых пазіцый з'яўляецца "злагоджаным варыянтам балцкай канцэпцыі", а другая - "новай канцэпцыяй", можна было б казаць аб іх прынцыповай тоеснасці. Рызыкну выказаць меркаванне, што з такімі поглядамі пагадзіліся б сёння (калі не цалкам, то ў большай частцы)і нашы славутыя папярэднікі, у прыватнасці - У. Антановіч, Г. Лаўмяньскі, Г. Пашкевіч, У. Пашута, уклад кожнага з якіх у вывучэнне гэтай тэмы мне здаецца больш важкім, чым нашы з А. Краўцэвічам сціплыя дасягненні. Як кажуць, і пігмей можа бачыць далей за гіганта, стоячы на яго плячах. Больш уважлівае і тактоўнае стаўленне да папярэднікаў - гэта адзінае, чаго мне застаецца пажадаць Алесю Краўцэвічу, які, спадзяюся, яшчэ не раз прадэманструе свае даследчыцкія здольнасці ў вывучэнні актуальных пытанняў беларускай гісторыі.