Пашырэнне каталіцкага ўплыву ў Беларусі 1387 - 1480 гг. (2008)

Гістарычны атлас Беларусі. Том 1. Беларусь ад старажытнасці да канца XVIII ст. - Варшава, 2008.

Карта адлюстроўвае экспансію каталіцтва ў першае стагоддзе пасля Крэўскай уніі (у час панавання Вітаўта, Жыгімонта, Казіміра). Менавіта ў гэты перыяд у вынуку мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкі сфарміраваўся асноўны комплекс зямельных уладанняў як каталіцкай царквы (перш за ўсё Віленскага біскупства), так і новай арыстакартыі - паноў каталіцкага веравызнання, якія паводле Гарадзельскага прывілея 1413 г. атрымалі выключнае права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Разам з утварэннем звыш 80 каталіцкіх парафій гэта радыкальна змяніла канфесійную і землеўласніцкую структуру на землях Беларусі і Ўсходняй Літвы, пасля чаго яе асноўныя рысы захоўваліся вельмі трывала.

На карце паказаны толькі найбольш буйныя зямельныя падараванні, якія ахоплівалі цэлыя сёлы ці нават воласці.Не ўлічаны падараванні і заснаванні касцёлаў у Жамойці, на Смаленскай зямлі і на Валыні, а таксама падараванні праваслаўным князям і баярам, якія адбываліся ў гэты ж час (але не так інтэнсіўна). На тэрыторыі Віленскага і Троцкага ваяводстваў зроблена спроба адлюстраваь падзел на паветы, княствы і буйныя дзяржаўныя воласці. З-за недахопу дакладных звестак многія з такіх межаў праведзены прыблізна. Асаблівую складанасць выклікала вызначэнне мяжы паміж Віцебскай і Смаленскай землямі, таму яна праведзена так, як праходзіла ў больш позні час, з пачатку XVI ст.