Структура зямельнай уласнасці ў Беларусі на 1567 г. (2008)
Структура зямельнай уласнасці ў Беларусі на 1567 г.
На карце адлюстравана структура землеўладання ВКЛ на 1567 г., з пазначэннем тэрыторыі маёнткаў, якія належалі дзяржаве, царкве і найбуйнейшым феадалам - магнатам. Сярод дзяржаўных маёнткаў асобна пазначаны ленныя (падараваныя без права сваюбоднага адчужэння) і тыя, якія вялікі князь Жыгімонт Аўгуст лічыў сваёй асабістай уласнасцю (падараваныя яму маці Бонай, згаслымі родамі Гаштаўтаў, Клочкаў і інш.). Паказаны межы маёнткаў толькі ў межах сучаснай Беларусі (у тым ліку і часова страчаных ВКЛ падчас Інфлянцкай вайны ў 1563 - 1579 гг.) ці тыя, што часткова ахоплівалі яе тэрыторыю. Гэта тлумачыцца недастатковай вывучанасцю маёнткаў Літвы і Украіны XVI ст., якімі аўтар спецыяльна не займаўся.
Да ліку магнатаў аднесены роды, прадстаўнікі якіх паводле Попісу войска ВКЛ 1567 г. абавязаны былі выстаўляць са сваіх уладанняў 100 і больш коннікаў, але з пэўнымі карэктыроўкамі. На карце ўлічаны толькі тыя роды, што мелі вотчыны на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым уладанні князёў Астрожскіх паказаны з улікам маёнткаў, якімі часова валодаў праз шлюб з удавой Іллі Астрожскага паляк Альбрыхт Ласкі. Уладанні паляка Яраша Сіняўскага, часова набытыя праз шлюб з удавой Яна Глябовіча, улічаны разам з іншымі маёнткамі Глябовічаў, а маёнткі Мікалая Сіняўскага, гэтак жа набытыя праз шлюб з прадстаўніцай роду Сапегаў, - разам з уладаннямі Сапегаў. Да магнатаў ўмоўна далучаны Пацы, уладанні якіх крыху не дацягвалі да прынятага крытэрыя - 95 коннікаў. Гэта тлумачыцца тым, што уладанні аднаго з іх, Станіслава Паца, верагодна недаўлічаны ў попісе (за ім лічыўся толькі 1 коннік). Гэтак жа верагодны моцны недаўлік уладанняў роду Зяноўевічаў. Паводле попісу яны абавязаны былі ставіць толькі 66 коннікаў, што не адпавядае колькасці і агульнаму памеру іх маёнткаў, вядомых з іншых крыніц. Таму іхрод таксама аднесены да магнакіх. З улікам азначаных удакладненняў на карце паказаны ўладанні 20 родаў: Радзівілаў (Мікалай Крыштоф Сіротка і Мікалай Руды разам ставілі 939 коннікаў), Хадкевічаў (тры браты ставілі 920), Кішкаў (Мікалай Кігка і ўдава яго брата Станіслава ганна Радзівілаўна - 577), князя Юрыя Алелькавіча-Слуцкага (478), князёў Астрожскіх (разам з маёнткамі Ласкага - 400), Валовічаў (337), князёў Сангушкаў (261), Тышкевічаў (253), князёў Збаражскіх (253), Сапегаў (246 разам з М. Сіняўскім), князёў Вішнявецкіх (206), Гарнастаяў (199), Осікаў (176), князя Мікіцініча-Галоўчынскага (172), князёў Чартарыйскіх (170), Глябовічаў (151 разам з Я.Сіняўскім), Ю. Іллініча (140), Нарушэвічаў (105), згаданых вышэй Пацаў і Зяноўевічаў.
Асобна паказаны т. зв. "мацярынскія" маёнткі, якія перайшлі ў спадчыну па жаночай лініі пасля згасання магнакіх родаў Кезгайлаў, Саковічаў-Насілоўскіх, князёў Гальшанскіхі мсціслаўскіх і на той час знаходзіліся ў сумесным валоданні некалькіх родаў (не абавязкова магнацкіх). таксама аўтар палічыў мэтазгодным паказаць раздробленыя вотчыны князёў Друцкіх і лукомскіх, кожны з якіх паасобку не мог лічыцца буйным землеўладальніткам. Тым не менш, у сукупнасці землеўладанне гэтых родаў было даволі значным.