Менскае княства і воласць у ХІІ – XV ст. (2015)
Менскае княства і воласць у ХІІ – XV ст.
// Беларуская даўніна. Гістарычны альманах / Пад агульнай рэд. Ю. М. Мікульскага. – Вып. 2. – Мінск: Выд. А. М. Вараксін, 2015. С. 50–63.
Менскае княства, верагодна, узнікла як удзел Глеба Усяславіча яшчэ пры жыцці яго бацькі, Усяслава Полацкага, недзе ў апошняй чвэрці ХІ ст. Праз тры гады пасля смерці Усяслава, у 1104 г. Менск (Менеск) стаў аб’ектам нападу кіеўскага князя Святаполка і сабранай ім кааліцыі[1]. Глеб прыгадваецца ў сувязі з гэтай падзеяй разам з братам Давыдам, але непасрэдна выступае ў летапісе як менскі князь толькі ў 1116 г., пад час новага канфлікту з Кіевам (прытым летапісец спярша памылкова, як лічаць даследчыкі, прадстаўляе яго смаленскім князем)[2]. Ён валодаў Менскам да 1119 г., калі кіеўскі князь Уладзімір Манамах “взя Менескъ оу Глеба оу Всеславича, самого приведе Кыеву”, дзе той неўзабаве і памёр[3]. Хто валодаў Менскам пасля гэтага – дакладна невядома. Магчыма, ён пэўны час заставаўся пад кантролем Кіева. Прынамсі, пад час чарговага кааліцыйнага паходу супраць Давыда Усяславіча Полацкага, арганізаванага кіеўскім князем Мсціславам Уладзіміравічам у 1127 г., Менск сярод аб’ектаў нападу не прыгадваецца. Войскі кааліцыі ўзялі толькі Ізяслаўль і Лагожаск, якія належалі на той момант Брачыславу – сыну Давыда, як можна зразумець з кантэксту летапіснага паведамлення[4].
Праз год Мсціслаў выслаў пяцярых непакорных князёў у Візантыю. Іх імёны Іпацьеўскі летапіс прывёў пад 1139 г.: сасланы былі Давыд і Святаслаў (Усяславічы), двое не названых пайменна сыноў іх памерлага брата Барыса-Рагвалода, а таксама Расціслаў – мяркуючы з далейшых згадак, сын Глеба Менскага[5]. Пры гэтым высылкі, напэўна, пазбег Васілька Святаславіч, які, паводле Лаўрэнцьеўскага летапісу, быў запрошаны палачанамі на княжанне ў 1132 г. Менск у выніку гэтых падзей дастаўся ўзімку 1132/1133 г. сыну Мсціслава Кіеўскага Ізяславу. Яму ж бацька дадаткова надаў Тураў і Пінск[6]. Так на кароткі час (да 1135 г.) утварылася падуладнае Кіеву ўдзельнае княства, якое ахоплівала цэнтральную і паўднёвую часткі Беларусі.
Але паміж Менскам і Туравам знаходзілася воласць, якую летапісы ведаюць як “Дрыгавічы”. Паход супраць Глеба ў 1116 г. быў выкліканы менавіта тым, што ён спрабаваў захапіць яе і спаліў тамашні горад Случаск. Гэта азначае, што тады Дрыгавічы да Менска не належалі. Няма звестак пра тое, што на іх распаўсюджвалася і ўлада Ізяслава Мсціславіча. Гэтаксама асобным ад Менска было Клецкае княства. У 1127 г. яно належала аднаму з удзельнікаў антыполацкай кааліцыі, Вячаславу Яраславічу. У 1142 г. Клечаск фігуруе сярод гарадоў, якія новы кіеўскі князь Усевалад Ольгавіч раздаваў сваім родзічам[7].
Пад 1139 г. у Іпацьеўскім летапісе паведамляецца пра вяртанне з Візантыі двух князёў, не названых пайменна[8]. Мяркуючы з наступных падзей, гэта былі Васіль-Рагвалод, сын Барыса-Рагвалода, які ў 1143 ці 1144 г. стаў полацкім князем, і Расціслаў, якому быў вернуты бацькоўскі Менск. Апрача іх, актыўна дзейнічалі ў далейшым брат Расціслава Валадар, а таксама нейкі Усевалад (яшчэ адзін брат Расціслава?) і Брачыслаў, якому ў 1158 г. быў вернуты ў якасці вотчыны Ізяслаўль[9]. Магчыма, гэта быў той самы Брачыслаў Давыдавіч, які быў ізяслаўскім князем у 1127 г. У такім выпадку менавіта Ізяслаўль з’яўляўся ўдзелам Давыда да таго, як ён зрабіўся полацкім князем.
Магчыма, аднак, іншая інтэрпрэтацыя. Быў яшчэ адзін, значна маладзейшы Брачыслаў, які ў 1181 г. згадваецца ў якасці віцебскага князя. То быў малодшы брат Усяслава Васількавіча Полацкага – унук Святаслава і сын Васіля, які валодаў Полацкам перад Рагвалодам да 1143 г. Калі ў 1158 г. прыгаданы менавіта гэты Брачыслаў, адсюль вынікала б, што зыходнай вотчынай полацкіх Святаславічаў з’яўляўся не Віцебск, як прынята лічыць, а Ізяслаўль. Але ў любым выпадку Ізяслаўскае княства падаецца больш шчыльна звязаным з Полацкам, чым з Менскам.
Працягвала існаваць і Лагожскае княства – ім, паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1181 г. валодаў Усяслаў Мікуліч[10], пра паходжанне якога цяжка сказаць штосці дакладнае. Такім чынам, Менск, Ізяслаўль і Лагожаск вылучыліся ў якасці самастойных княжацкіх уладанняў для сыноў Усяслава і ў далейшым існавалі паралельна на працягу ХІІ ст. Такі ж статус мела Друцкае княства, якое замацавалася за нашчадкамі Барыса-Рагвалода. У сувязі з гэтым цікавасць уяўляе звестка з “Гісторыі Расійскай” В. М. Тацішчава пра заснаванне Барысава менавіта гэтым князем у 1102 г.[11] У дадзеным выпадку няма асаблівых падстаў сумнявацца, што гэтая звестка мелася ў нейкім вядомым Тацішчаву летапісе, блізкім па змесце да Іпацьеўскага і Лаўрэнцьеўскага, але пазней страчаным. Барыс, паводле “Гісторыі Расійскай”, быў на той час полацкім князем, але вось гэта ўжо не абавязкова адпавядае страчанаму летапісу: у іншых месцах свайго твору Тацішчаў неаднаразова надаваў князям тытулы паводле сваёй інтэрпрэтацыі, а не даслоўна паводле крыніцы. Калі Тацішчаў не наблытаў, Барысаў быў заснаваны на землях, яшчэ падначаленых Полацку ў той момант, калі Менскае княства ўжо адасобілася пад уладай Глеба.
Падчас паходу кіеўскай кааліцыі ў 1127 г., калі полацкім князем быў ужо Давыд, адзін з яе ўдзельнікаў рухаўся “на Стрежевъ к Борисову” (паводле Лаўрэнцьеўскага спісу[12]; у Іпацьеўскім скажона – “къ Борису”[13]). Гэта можа сведчыць пра агульную прыналежнасць Барысава і загадкавага Стрэжаўскага княства, якое Рагвалод у 1158 г., вярнуўшы сабе полацкі пасад, аддаў Усеваладу замест Ізяслаўля. Так ці інакш, сувязь паміж Барысавам і Менскам у гэтыя часы не прасочваецца. Напэўна, яны належалі да розных тэрытарыяльных адзінак.
Менскае княства было вернута Расціславу Глебавічу ці то адразу пасля вяртання з Візантыі, ці крыху пазней. Прынамсі, гэта адбылося да 1151 г., калі менавіта ў Менск звярнуліся да яго палачане з прапановай княжыць у Полацку замест выгнанага імі Рагвалода[14]. Стаўшы полацкім князем, Расціслаў свайму сыну Глебу аддаў захоплены ў Рагвалода Друцк, а Менск дастаўся Валадару. Летам 1158 г. той у якасці менскага князя аказваў Расціславу дапамогу ў спробе вярнуць страчаны Полацк, а потым вымушаны быў саступіць Менск старэйшаму брату, пасля чаго “ходяше подъ Литвою в лесехъ”[15]. У 1161 ці 1162 г. Валадар з дапамогай той жа Літвы бароніць ад Рагвалода Гарадзец.[16]
Месцазнаходжанне гэтага горада вельмі важнае для вызначэння межаў Менскай воласці, бо Гарадзец несумненна ўваходзіў у яе склад. На жаль, пра яго цяжка сказаць нешта канкрэтнае. Назва “Гарадзец” альбо “Гарадок” вельмі пашыраная на Беларусі, прытым ужываецца, як правіла, адносна тых паселішчаў, якія маюць (ці мелі ў мінулым) рэшткі старажытных умацаванняў. Які з гэтых шматлікіх Гарадкоў атаясамляць з удзелам Валадара – справа густу. Аб’ектыўных падстаў для такога выбару няма – прынамсі, да таго, як на адным з іх будуць выяўлены археалагічныя знаходкі, выразна датаваныя сярэдзінай ХІІ ст. Але можна меркаваць, што Гарадзец знаходзіўся недзе на захад ад Менска – у бок Літвы, з якой непасрэдна межаваў. Адным з магчымых кандыдатаў, дарэчы, з’яўляецца пазнейшае Крутагор’е-Койданаў (сучасны Дзяржынск). Пад лясамі, у якіх Валадар хаваўся ад Рагвалода, можна разумець Налібоцкую ці Валожынскую пушчу.
Валадар Глебавіч перажыў свайго брата і з 1161 г. да сваёй смерці ў 1167 г. княжыў у Менску. Цікава, што яго сын Васілька ў 1186 г. фігуруе ў Лаўрэнцьеўскім летапісе як лагожскі князь[17]. Не выключана, што і папярэдні ўладальнік Лагожаска, Усяслаў Мікуліч, паходзіў з менскай галіны – у Расціслава несумненна было больш за аднаго брата, бо ў згадцы Іпацьеўскага летапісу аб барацьбе за Полацк у 1158 г. яны прыгадваюцца ў множным ліку. Магчыма, менская княжацкая дынастыя аказалася больш жыццяздольнай за іншыя і далучыла некаторыя з памежных валасцей. Аднак пра падрабязнасці можна толькі гадаць, тым больш што далейшая гісторыя на доўгі час губляецца ў цемры.
Менск не прыгадваецца ў падзеях сярэдзіны ХІІІ ст., звязаных з утварэннем Вялікага Княства Літоўскага. У гэты час вядомы два новыя тэрытарыяльныя цэнтры – Новагародак і Свіслач. Апошні з іх беспаспяхова шукалі ў вадазборы нёманскай Свіслачы, але зараз агульнапрынята лічыць цэнтрам Свіслацкага княства аднайменнае паселішча ў сучасным Асіповіцкім раёне, у сутоку Свіслачы і Бярэзіны, дзе ёсць археалагічны слой адпаведнага часу. Свіслацкая воласць мусіла межаваць з Менскай з паўднёвага ўсходу.
У наступны раз Менск прыгадваецца толькі ў 1326 г. Наўгародскі першы летапіс паведамляе пра пасольства вялікага князя літоўскага Гедыміна ў Ноўгарад, у складзе якога быў і князь Васіль Менскі[18]. З гэтага можна меркаваць, што Менскае княства на той момант знаходзілася ў васальнай залежнасці ад Гедыміна. Неўзабаве яно ўвайшло непасрэдна ў склад ВКЛ. Гэта адбылося раней, чым далучэнне суседняга Свіслацкага княства, апошні князь якога Сямён прыгадваецца ў 1348 г. (таксама ў складзе літоўскага пасольства). Прыкладна ў тыя часы адбылося і далучэнне Іжаслаўля (колішняга Ізяслаўля). Яго Альгерд і Кейстут вылучылі ва ўдзел свайму брату Яўнуцію, якога скінулі з вялікакняжацкага пасада[19]. Нашчадкі Яўнуція ўтварылі род князёў Іжаслаўскіх (Жаслаўскіх).
Наступная згадка пра Менск паходзіць з прывілею ад 28 красавіка 1387 г., якім новаабраны кароль Польшчы Ягайла Альгердавіч перадаў значную частку ВКЛ свайму малодшаму брату Скіргайлу[20]. У дакуменце пералічаны цэнтры тэрытарыяльных адзінак (намесніцтваў), кантроль над якімі пераходзіў у выніку гэтага пажалавання ад караля да яго брата і васала. Сярод іх згаданы “город Менеск Литовского ж князения весь, и со всеми людьми, и с землею, и со всякою пошлиною, и с доходом и князи служебные”, а побач з ім – Свіслач, Любашаны, Ігумен, Лагожаск і іншыя цэнтры “на Русі”, якія, такім чынам, не адносіліся непасрэдна да Менскай воласці. Цікавасць уяўляе згадка пра “князёў служэбных” у яе складзе. Цяжка сказаць, ці былі гэта апошнія Ўсяславічы, змізарнелыя да ўзроўню васалаў менскага намесніка, ці такія ж дробныя князі літоўскага паходжання. Можа, меліся на ўвазе сыны Яўнуція, што валодалі Іжаслаўлем, але гэта малаверагодна – іх статус адпавядаў узроўню ўдзельных, а не служэбных князёў.
Абшар Менскай воласці, які вынікае з гэтай звесткі, не супярэчыць таму, што вядома з ранейшых крыніц. Адзінае ўдакладненне тычыцца згаданых упершыню Ігумена (сучасны Чэрвень) і Любашан. Невядома, з якой ранейшай адзінкі вылучыліся гэтыя воласці, але ў канцы XIV ст. яны знаходзіліся па-за межамі як Менскага, так і Свіслацкага намесніцтваў.
Кантроль Скіргайлы над азначанымі валасцямі працягваўся нядоўга. У 1392 г. намеснікам Ягайлы ў Літве зрабіўся Вітаўт, а Скіргайла атрымаў узамен Кіеўскае княства, дзе прэтэндаваў на тытул “вялікага князя рускага”. Гэтым часам, паводле найбольш імавернага меркавання – каля 1395 г., датуецца “Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх”, уключаны ў шэраг маскоўскіх і наўгародскіх летапісаў. У ім, паміж іншага, асобна пералічаны гарады “кіеўскія” (ўладанні Скіргайлы) і “літоўскія” – падуладныя Вітаўту. Сярод апошніх мы знаходзім і Менск, разам са Случаскам, Клечаскам, Свіслаччу, Барысавам, Лагожаскам, Іжаслаўлем і загадкавай Нямігай, але без Ігумена і Любашан[21].
Сярод аб’ектаў пажалавання Скіргайлу адсутнічае Барысаўская воласць. Яна, апрача “Спіса рускіх гарадоў”, згадваецца ў якасці вялікакняжацкага ўладання ў 1396 г.[22] Прытым на пэўныя разважанні наводзіць назва пасудзіны для вымярэння мядовай даніны, якой карысталіся барысаўчане – “вялікі камень менскі”. Не выключана, што некалі раней мядовая даніна з Барысава паступала ў Менск. Аднак сцвярджаць гэта ўпэўнена нельга – мерная адзінка менскага паходжання магла пашырацца далёка за межы адміністрацыйна-фіскальнай падуладнасці.
Такмі чынам, на мяжы XIV – XV стст. Менская воласць (намесніцтва) межавала паслядоўна з Іжаслаўлем на паўночным захадзе, з Лагожаскам на поўначы і паўночным усходзе, з Ігуменам на ўсходзе, Свіслаччу на паўднёвым усходзе, Случаскам на поўдні, Клечаскам на паўднёвым захадзе. Заходні кавалак мяжы аднаўляецца не так надзейна. Можна меркаваць, што менскія землі цягнуліся да Налібоцкай пушчы, за якой ляжалі Новагародскае намесніцтва (за Нёманам), Крэўскае намесніцтва і Гальшанскае княства (за Бярэзінай).
Удакладніць межы дапамагаюць звесткі аб прыналежнасці пэўных мясцовасцяў да той ці іншай з азначаных валасцей. Такія звесткі маюцца, пачынаючы з сярэдзіны XVст., калі пачала фармавацца першая з дайшоўшых да нас кніг Літоўскай Метрыкі (трэцяя паводле сучаснай нумарацыі). Яна ўяўляе сабой рэестр пажалаванняў, якія былі зроблены на працягу панавання вялікага князя Казіміра Ягайлавіча (1440–1492).[23] Рэестр амаль не сістэматызаваны, перапісаны з асобных сшыткаў і аркушаў у выпадковым парадку, частка запісаў датаваная толькі індыктам альбо недатаваная ўвогуле. Тым не менш, гэтая крыніца ўяўляе вялікую каштоўнасць. Часта ў ёй прыгадваюцца больш раннія пажалаванні, часоў Жыгімонта Кейстутавіча і Вітаўта, а ў многіх выпадках пазначаецца прыналежнасць аб’екта да тэрытарыяльнай адзінкі.
Пажалаванняў са складу ўласна Менскай воласці ў рэестры няшмат. У большасці яны тычацца асобных службаў у бліжніх ваколіцах Менска, сярод якіх у самастойны маёнак пазней ператварылася хіба што сяло Прылукі на рацэ Пцічы[24]. Цікавасць уяўляе пажалаванне маршалку Войтку на пачатку 1440-х гг. чатырох чалавек “Гоголичан менских” адначасова з сялом Астрошычы, якое раней трымаў пан Альгіш[25]. Людзі Гагалічане – гэта, напэўна, жыхары паселішча Гагалічы (сучасная Галіца на поўначы Мінскага раёна), а Астрошычы – сучасныя Астрошыцы ў Лагойскім раёне. Іх прыналежнасць да воласці не пазначана, але можна меркаваць, што яны ж фігуруюць у скажонай форме ў больш раннім пажалаванні, калі таму ж Альгішу было нададзена “у Логоиску Омросово”[26]. Такім чынам, Астрошыцы адносіліся да Лагожскай воласці, а Гагалічы – да Менскай. Улічваючы, што гэтыя паселішчы знаходзяцца на адлегласці каля 7 км, мяжу валасцей можна правесці ў гэтым месцы даволі дакладна.
Абшар Астрошыцкага маёнтка ў пазнейшыя часы можна прасачыць больш падрабязна. У канцы XVI – XVII ст. да яго належаў, у прыватнасці, Гарадок (сучасны Астрашыцкі Гарадок). Але значна раней, пры заснаванні ў 1448 г. касцёла ў Астрошыцах, на яго забеспячэнне са складу маёнтка была вылучана мядовая даніна з паселішчаў Смальневічы і Хлепкавічы[27], у якіх можна пазнаць сучасны райцэнтр Смалявічы і вёску Глебкавічы на ўсходзе Мінскага раёна. Гэта можа азначаць, што і яны першапачаткова адносіліся да Лагожскай воласці, са складу якой адасобіліся Астрошыцы. Прынамсі, Глебкавічы належалі да Астрошыц яшчэ ў 1588 г., калі Смалявічы ўжо ўяўлялі сабой асобны маёнтак. Дарэчы, у інвентары Смалявічаў за 1588 г.[28] прыгадваецца і прыналежны да іх двор Слепня, які знаходзіўся ў межах сённяшняга Мінска і нават уключаў у сябе кавалак тагачаснага Менска з 40 падданымі. На слепнянскіх землях пазней узніклі вёскі і фальваркі Азярышча, Уручча, Зялёны Лог (Зялёны Луг), Камароўка, назвы якіх захаваліся ў мінскай тапаніміцы. Малаверагодна, што гэтая тэрыторыя ад пачатку належала да Лагожскай воласці, але звестак пра яе гісторыю да 1580-х гг. не захавалася. Якім чынам і калі Слепня далучылася да Смалявіцкага маёнтка, невядома.
Пашырэнне старажытнай Лагожскай воласці на паўночна-усходнюю частку сучаснага Мінскага раёна пацвярджаецца і гісторыяй маёнтка Прылепы, які доўгім пасам цягнуўся па правым беразе ракі Усяжы, раздзяляючы абшары Астрошыцкага і Смалявіцкага маёнткаў. Ён быў вылучаны са складу ўласна Лагожскага маёнтка, якім з 1460 г. валодаў князь Сямён Чартарыйскі. Палова Прылепаў была прададзена Чартарыйскім вялікакняжацкаму пісару Івану Яцкавічу, а палова нейкім чынам дасталася пану Дорку, пра што прыгадваецца пры набыцці абедзвюх частак у іх спадчыннікаў праваслаўным мітрапалітам, адпаведна ў 1512 і 1518 гг.[29] У дакуменце 1518 г. пазначаецца, што Прылепскі маёнтак межаваў з Цной і Бараўлянамі, змешчанымі недалёка ад Мінска. Гэтая мяжа ўяўляла сабой і колішнюю мяжу Менскай і Лагожскай валасцей.
Паўночна-заходнюю мяжу Менскай воласці дапамагаюць удакладніць звесткі пра Іжаслаўскае княства. З яго складу ў XV ст. вылучыўся маёнтак Ракаў (магчыма, яго першапачатковы цэнтр змяшчаўся ў сучаснай вёсцы Стары Ракаў). Можна меркаваць, што сын Яўнуція Міхаіл, які загінуў у бітве на Ворскле ў 1399 г., завяшчаў Ракаў сваёй другой жонцы, у той час як рэшта Іжаслаўскага княства перайшла да яго сыноў ад першага шлюбу, Юрыя і Андрэя. Удава князя Міхаіла Іжаслаўскага была яшчэ жывая на пачатку 1440-х гг., аб чым сведчыць запісанае ў рэестр пажалаванняў Казіміра пацвержданне яе права на валоданне Ракавам: “Кнегини Михаиловои Изяловои двор Раково до воли”[30]. Прыкладна ў той жа час дзяку Беламу былі пацверджаны “отчина его у Жославли а три чоловеки, а землица у Холхле, сельцо а семь чоловеков”[31]. Пазней “десеть чоловеков Раковцов, што были за Белым дьяком” атрымаў князь Барыс Глінскі[32]. Такім чынам, маёнтак Белага ўтваралі жыхары Ракава ў Іжаслаўскай воласці і Хоўхла, якія пры перадачы іх князю Глінскаму разам згаданы як “ракаўцы”.
Не ўдаецца надзейна высветліць, як далёка прасціралася Менская воласць на поўначы. Гісторыя маёнткаў, якія знаходзіліся ў гэтым напрамку (Сёмкава, Саламярэчча, Відагошча, Гаяны і інш.) прасочваецца толькі з XVIст., іх больш ранняя прыналежнасць невядомая. Чыста гіпатэтычна можна аднесці Сёмкава і Відагошчу да Менскай воласці, Саламярэчча – да Іжаслаўскай, а Гаяны – да Лагожскай.
Няма таксама дакладных звестак аб першапачатковай прынадлежнасці буйных маёнткаў, сапраўдных латыфундый, якія ў першай палове XVст. былі шчодра раздадзены каталіцкім панам літоўскага паходжання. Частка іх, мяркуючы па месцазнаходжанні, вылучылася з Менскай воласці.
Перш за ўсё гэта тычыцца вялікага маёнтка Бакшты, які ў два прыёмы быў пажалаваны віленскаму кашталяну і канцлеру Міхаілу-Кезгайлу Валімунтавічу. Спярша ён атрымаў 60 сялянскіх двароў, потым – яшчэ 30[33]. Прастора, на якой жылі гэтыя людзі, цягнулася па ўсходняй ускраіне Менскай воласці прыкладна на 60 км з поўначы на поўдзень, ад заходняй часткі Чэрвенскага раёна праз увесь Пухавіцкі. У другой палове XVI – XVII ст. на гэтай тэрыторыі вядомы паселішчы Смілавічы, Дукора, Караваева, Пудзіцк, Янкава, Дрычын, Наваселле (суч. Навасёлкі), Омельна і Клятное[34]. Паселішчы на ўсходзе Пухавіцкага раёна, Блужа і Балоча, належалі ўжо да Свіслацкай воласці, пра што згадваецца адпаведна ў дакументах 1411 г.[35] і 1513 г.[36] Паміж імі і Бакштамі знаходзіўся даволі абшырны маёнтак Балоня (Блонь) з сёламі Турын і Пухавічы, але самыя раннія звесткі пра яго датуюцца толькі 1536 г.[37], таму вылучэнне з Менскай альбо Свіслацкай воласці застаецца пад пытаннем.
На тэрыторыі Чэрвенскага раёна воласць Бакшты межавала з Ігуменскай воласцю, якую Вітаўт надаў Віленскаму біскупству, на што яно ў 1430 г. атрымала пацверджанне ад караля Уладзіслава Ягайлы[38]. На поўнач ад Ігуменскай пачыналася Барысаўская волась. З яе складу была вылучана воластка Шыпяны, нададзеная таму ж біскупству ў 1495 г.[39]
Раннія звесткі пра шэраг маёнткаў захаваліся ў асабістых архівах Альбрэхта Гаштаўта і князя Паўла Гальшанскага, якія пасля згасання іх родаў у сярэдзіне XVI ст. уліліся ў вялікакняжацкі архіў. Абодва сканцэнтравалі ў сваіх руках шмат маёнткаў, некалі раздадзеных розным магнацкім родам. Разам з самімі маёнткамі пераходзілі ў іх рукі і пергамінавыя граматы аб першых пажалаваннях, завяшчанні папярэдніх уласнікаў і інш. На жаль, да нашых дзён гэтыя дакументы не дажылі, але ў вялікакняжацкім архіве быў створаны іх падрабязны рэестр у двух асобніках, якія зараз утвараюць першую і другую кнігі Літоўскай Метрыкі.
Самы поўдзень Пухавіцкага і прылеглую частку Старадарожскага раёна займала воластка Шчыткавічы, якая згадваецца ў 1433 г. сярод шматлікіх маёнткаў, належачых Яну Гаштаўту[40]. Пазней у 1536 г. гэты абшар прыгадваецца як “даннікі Парэчча” – аддалены дадатак да іншых уладанняў Гаштаўтаў[41], які ўрэшце быў далучаны да маёнтка Койданаў. Апрача ўласна Шчыткавічаў, у 1588 г. там існавалі паселішчы Парэчча, Вечаровічы (суч. Вецяровічы) і Церабут (Церабуты)[42]. Ніжэй па Пцічы ляжала воластка Жыцін, якая ў завяшчанні князя Івана Гальшанскага ў 1481 г. прыгадваецца разам са Станькавам (гл. ніжэй), а пазней таксама была прылучана да Койданава. Паводле інвентара 1588 г. да яе адносіліся паселішчы Крамок, Юравічы (у Асіповіцкім раёне), Падарэссе, Дражна (у Старадарожскім), Волька, Калядкі і Ракашычы (зараз не існуюць). Калі гэты абшар сапраўды вылучыўся з Менскай воласці, то займаў самы яе ўскраек, бо далей на паўднёвы ўсход ляжала Глуская воласць, здаўна належачая князям Гальшанскім, а на поўдзень – землі Слуцкага княства, у складзе якога з 1459 г. вядома сяло Амговічы[43].
На паграніччы Пухавіцкага і Уздзенскага раёнаў знаходзіўся маёнтак Шацк, які належаў, напэўна, яшчэ брату Міхаіла Кезгайлы Судзівою Валімунтавічу, але непасрэдна прасочваецца з часоў яго сына Станькі (Станіслава) Судзівоевіча, які ахвяраваў даніну з яго на карысць віленскага капітула[44]. Пазней ён належаў Пятру Мантыгірдавічу, ад якога перайшоў да Кішкаў. У XVI ст. да гэтага маёнткавага абшару належалі Цітва (Цытва), Сяргеевічы, Кавалевічы, Таўкачэвічы, Хатляны. Далей на поўдень, у Слуцкім раёне, знаходзілася Грэская воласць, якая ўвесь час заставалася дзяржаўнай. Меркаваць пра яе сувязь з Менскам няма падстаў.
На захад ад Шацка знаходзіўся маёнтак Узда. У рэестры пажалаванняў Казіміра фігуруюць дзве яго розныя часткі. Адна з іх, у колькасці 7 сем’яў, паслядоўна належала нейкаму Алехнавічу, Рачку Строчавічу, а з 1450 г. – Івашку Вяжэвічу (удакладненне “Рэпіны людзі” не дапамагае лакалізацыі)[45]. Іншая частка пасля пана Корсака была ў 1457 г. пацверджана яго сынам[46]. Гэты маёнтак у далейшым стаў родавым гняздом Корсакаў гербу Ястрэбец. У XVI ст. у ім вядомы двор Пырашава, які на поўдні межаваў з Копыльскай воласцю Слуцкага княства. Не выключана, што Пырашава з Уздой вылучыліся менавіта з яе складу. На гэтую думку наводзіць яшчэ адзін запіс з рэестра: “пану Яну Строчевичу чоловек у Копыли – Онанья Пырешевскии”[47]. Да таго ж у складзе Копыльскай воласці з канца XVI ст. вядома паселішча Пырашаўская Слабада.
Тым больш падстаў лічыць, што да Менскай воласці ніколі не належаў маёнтак Магільна, змешчаны далей на паўднёвы захад, па абодвух берагах верхняга Нёмана. Ён упершыню прыгадваецца ў 1446 г. сярод уладанняў князя Андрэя Уладзіміравіча (брата родапачынальніка князёў Слуцкіх Алелькі) і быў атрыманы ім, напэўна, яшчэ ў часы Вітаўта[48]. У 1536 г. да Магільна належалі Прусінава, Сверынава, Касцяшы, Святы Двор і Яршовічы (суч. Яршы)[49]. Ранейшы лёс Магільна мог быць звязаны з суседнім Свержанскім маёнткам, размешчаным таксама па абодвух берагах Нёмана ніжэй па цячэнні. Свержань (Свержна) упершыню згадваецца ў 1428 г. сярод маёнткаў, запісаных Вітаўтам у вена сваёй жонцы Ульяне разам з Новагародкам[50]. Як Свержань, так і Магільна мусілі вылучыцца з Новагародскага княства.
Ускраек Менскай воласці ў паўднёва-заходнім накірунку, напэўна, утваралі маёнткі Станькаў (Станькава) і Койданаў (Койданава). Першы з іх у другой палове XV ст. належаў князям Гальшанскім[51], другі Казімір Ягайлавіч у 1445 г. пажалаваў сыну папярэдняга вялікага князя, Міхайлу Жыгімонтавічу[52], а ў 1499 г. ён дастаўся ўцекачу з Масквы князю Васілю Вярэйскаму[53]. Першапачатковую мяжу паміж Станькавам і Койданавам вызначыць праблематычна, бо ў другой палове XVIст. яны аб’ядналіся пад уладай Радзівілаў, у сувязі з чым маглі адбывацца пераразмеркаванні прыналежных паселішчаў (да Койданава, як ужо згадвалася, былі далучана і Парэцкая воластка са Шчыткавічамі, і суседні Жыцін). У інвентары 1588 г.[54] лік паселішчаў у Койданаўскім маёнтку вымяраецца дзясяткамі. Непасрэдна да Станькаўскага двара на той час адносіліся Каменка, Гарбузы, Дабрынёва і Коскі (усе на поўдні Дзяржынскага р-на). Апрача ўласна Койданава, у склад маёнтка ўваходзілі двары Рубяжэвічы, Старынкі, Дзягільна, Уса з належачымі да іх сёламі. З іх Рубяжэвічы, Старынкі і Уса прасочваюцца ў якасці койданаўскіх двароў з 1499 г., калі яны былі нададзены князю Вярэйскаму, а потым пацверджаны яго дачцэ Соф’і і зяцю Альбрэхту Гаштаўту ў 1522 і 1529 гг.[55]
Абшар на захад ад Рубяжэвічаў, на поўначы Стаўбцоўскага раёна, займалі некалькі маёнткаў, якія ў другой чвэрці XV ст. належалі Пятру Сеньку Гедыгольдавічу. Непасрэдна згадваюцца яны ў яго завяшчанні 1451 г.[56], але набыты былі яшчэ пры Жыгімонце Кейстутавічы, а магчыма і атрыманы ў спадчыну ад бацькі – віленскага ваяводы Юрыя Гедыгольда, які памёр у 1435 г. Гэта былі Дзераўная, Камень і Налібакі (у рэестры памылкова “Liboki”; там існаваў касцёл, плябан якога асведчыў дакумент Гедыгольдавіча ў 1447 г.[57]) , якія ўтваралі вялізны маёнткавы комплекс памерамі каля 30 на 40 км. Праўда, населенай была толькі яго ўсходняя частка, а далей, да Нёмана і Бярэзіны, цягнуліся пушчы, названыя адпаведна прыналежнасці да маёнткаў – Дзераўнянская, Налібоцкая і Каменская. Частка пушчы адносілася да занёманскіх маёнткаў Любча і Шчорсы, з якіх апошні ў канцы XVст. быў родавай вотчынай Храбтовічаў. Гэта дазваляе меркаваць, што ў дадзеным месцы Нёман не выконваў ролю мяжы і раней. Землі па абодвух яго берагах утваралі адзіную воласць, якая ў XIV ст. адносілася да Новагародскай зямлі. Узгадаем, што раней недзе тут сутыкаліся ўдзел Валадара Глебавіча і ўладанні Літвы, а манастыр Войшалка (Лаўрышаўскі) быў заснаваны “межи Литвою и Новымгородком”[58], г. зн. Літва ахоплівала тады і Налібоцкую пушчу. З улікам гэтага гіпатэтычную мяжу старадаўняй Літвы і Менскай воласці можна правесці паміж вёскамі з красамоўнымі назвамі Літва і Рубяжэвічы і далей на поўдзень па мяжы Койданаўскага маёнтка.
Маёнтак Волма на поўначы Дзяржынскага раёна вядомы з 1461 г., калі ён разам з Валожынам належаў Войцаху Манівідавічу[59]. Што да Валожына, то ён быў нададзены яго бацьку Манівіду яшчэ Вітаўтам, на што апошні ў 1407 г. выдаў яму пацверджанне.[60] Напэўна, гэтыя два маёнткі вылучыліся са складу адміністрацыйнай адзінкі, якая першапачаткова адносілася да літоўскіх земляў. Калі гэта так, то мяжа Менскай воласці праходзіла на поўдзень ад Волмы, тэрыторыя якой сутыкалася непасрэдна з тэрыторыяй Ракаўскага маёнтка Іжаслаўскай воласці. На менскім баку, верагодна, заставаўся маёнтак Іслач, які разам з Любчай і Койданавам належаў князю Васілю Вярэйскаму, а затым Альбрэхту Гаштаўту і прыгадваецца ў пацвяджэнні апошняму ў 1522 г.[61]
Акрэсленыя такім чынам межы Менскай воласці ў XVст. ужо не выконвалі ніякай адміністрацыйнай ролі. Уладанні магнатаў падпарадкоўваліся непасрэдна вялікаму князю і віленскаму ваяводзе. Пад уладай менскага намесніка заставаліся толькі дзяржаўныя ўладанні, якіх у выніку масавых пажалаванняў амаль не засталося, ды маёнткі дробнай шляхты. Калі падчас адміністрацыйнай рэформы 1565–1566 гг. быў утвораны Менскі павет, ён уяўляў сабой зусім новую адміністрацыйную адзінку, ніяк не звязаную з папярэдняй гісторыяй.
Карта: Межы валасцей у наваколлях Менска на рубяжы XIV– XVст. (спроба рэканструкцыі).
[1] ПСРЛ. Т. 2. Изд. 3. С.-Петербург, 1908. С. 256.
[2] Ibidem. С. 282–283.
[3] Ibidem. С. 285.
[4] Ibidem. С. 292.
[5] Ibidem. С. 303.
[6] ПСРЛ. Т. 1. Изд. 2 в трёх выпусках. Ленинград, 1926–1928.С. 302.
[7] ПСРЛ. Т. 2. С. 310–311.
[8] Ibidem. С. 303.
[9] Ibidem. С. 496.
[10] Ibidem. С. 620.
[11] Татищев В. Н.. История Российская.Т. 2. Москва – Ленинград, 1963. С.123.
[12] ПСРЛ. Т. 1.С. 298.
[13] ПСРЛ. Т. 2. С. 292.
[14] Ibidem. С. 445.
[15] Ibidem. С. 496.
[16] Ibidem. С. 519.
[17] ПСРЛ. Т. 1.С. 403.
[18] Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. Под ред. А.Н.Насонова. Москва – Ленинград, 1950. С. 98.
[19] ПСРЛ. Т. 35. Москва, 1980.С. 202, 223.
[20] CEXV. S.9–10.
[21] ПСРЛ, Т. 7. С.-Петербург, 1856. С. 240-241; Тихомиров Н.М. Список русских городов дальних и ближних // Исторические записки. Вып. 40. Москва, 1952. С. 224.
[22]АЮЗР. С.-Петербург, 1861. Т. 1. С. 2 – 3.
[23] LM. Kn. 3 (1440-1498): Užrašymų knyga3. Vilnius, 1998.
[24] Ibidem. P. 52, 75.
[25] Ibidem. P. 44.
[26] Ibidem. P. 23.
[27] KodeksdyplomatycznykatedryidiecezjiWileńskiej. T. 1. 1387-1507. Oprac. J. N. Fijałek, W. Semkowicz. Kraków, 1948. S. 214–215.
[28] НГАБ. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 1696. А. 168–205.
[29] АЗР. Т. 2. С.-Петербург, 1848. С. 101–103; АЮЗР. Т. 1. С. 58–59.
[30] LM. Kn. 3. P. 53.
[31] Ibidem. P. 52.
[32] Ibidem. P. 53.
[33] Ibidem. P. 31.
[34]Pietkiewicz K. Kieżgaiłowie i ich latyfundium do połowy XVI wieku. Ze studiów nad rozwojem własności ziemskiej w Wielkim Księstwie Litewskim w średniowieczu. Poznań, 1982. S.65.
[35]Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wileńskiej...S.84–85.
[36] РИБ. Т. 20. Литовская Метрика. Т. 1. Книги судных дел. С.-Петербург, 1903. С. 806–808.
[37] НГАБ. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 225. А. 164–165.
[38]Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wileńskiej...S.136–139.
[39] Ibidem. S. 490–191.
[40] LM. Kn. 1 (1380-1584): Užrašymų knyga1. Vilnius, 1998. P. 28; pанейшая публікацыя: Описание документов и бумаг, хранящихся в Московском архиве Министерства юстиции. Кн. 21. Москва, 1915. Приложение. С. 332).
[41] LM. Kn. 1. P. 40; Описание документов и бумаг... С. 347.
[42]НГАБ. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 1696.
[43] KodeksdyplomatycznykatedryidiecezjiWileńskiej... S.178–179.
[44] Pietkiewicz K. Kieżgaiłowie… S.68.
[45]LM. Kn. 3. P.21, 53.
[46] Ibidem. P. 28.
[47] Ibidem. P. 53.
[48]АЗР. Т. 1. С.-Петербург, 1846. С. 59; Vitoldiana. CodexprivilegiorumVitoldi, magniducisLithuania. Opr. iwyd. J.Ochmanski. Warszawaetc., 1986. S. 65.
[49]НГАБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 2483.
[50] Vitoldiana... S. 12.
[51]Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 98–104.
[52] ПСРЛ. Т. 32. Москва, 1975. С.159.
[53] РИБ. Т. 27. Литовская Метрика. Отдел 1. Часть 1: Книги записей. Т. 1. С.-Петербург, 1910. С. 754–757.
[54] НГАБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 1696.
[55] LM. Kn. 1. P. 122; Описание документов и бумаг... С. 453, 454.
[56] LM. Kn. 1. P. 87; Описание документов и бумаг... С. 406–407; PeltzW. RódGiedygołda// ZeszytyNaukoweUAM: Historia. Т. 11.Poznań, 1971.S. 23–44.
[57] KodeksdyplomatycznykatedryidiecezjiWileńskiej...S. 211–212.
[58] ПСРЛ. Т. 2. С. 859.
[59] LM. Kn. 1. P. 128; Описание документов и бумаг... С. 461.
[60] Vitoldiana... S. 70.
[61] LM. Kn. 1. P. 123; Описание документов и бумаг... С. 454.