Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел (2005)

Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.1. – Мінск, 2005. С. 34–39.

Ядро ВКЛ утварылася ў сярэдзіне 13 ст. у якасці палітычнага аб'яднання трох зямель: уласна Літоўскай (плошча — каля 64 тыс. км2), Жамойцкай (27 тыс. км2) і Наваградскай (з Гораднам, Ваўкавыскам, Услонімам, 23 тыс. км2). Гэтае першапачатковае ядро дзяржавы ахоплівала каля 114 тыс. км2, прычым да 80% займала балцкае, рэшту – усходнеславянскае ("рускае") насельніцтва. На працягу 2-й паловы 13 – 1-й паловы 14 ст. да яго далучыліся Полацкае, Віцебскае, Таропецкае, Менскае, Свіслацкае, Пінскае і інш. княствы агульнай плошчай каля 136 тыс. км2, а таксама частка Валыні з Берасцейшчынай (56 тыс. км2). У адрозненне ад Наваградчыны, на якую пазней пашырылася назва "Літва", яны захавалі назву "Русь". Гэтая двухчасткавасць дзяржавы абумовіла тытулатуру Гедыміна і яго наступцаў як "гаспадароў Літвы і Русі". На сярэдзіну 14 ст. каля 2/3 тэрыторыі дзяржавы займала “рускае” насельніцтва, каля 1/3 – балцкае.

У выніку падзелу ў 1345 ВКЛ паміж Альгердам і Кейстутам на Віленскую і Трокскую паловы (пад адной вярх. уладай) Альгерду, а потым яго нашчадкам падпарадкоўваліся Вільня з усх. паловай суч. Літвы, на Беларусі – Віцебск, Лагойск, Менск, Полацк, Слуцк, пазней – Кобрын і Мсціслаў. У Трокскую палову Кейстута і яго нашчадкаў увайшлі Жамойць, Коўна, Берасце, Ваўкавыск, Горадна, Камянец, Новагародак, Слонім. Былое Свіслацкае княства з Бабруйскай і Любашанскай валасцямі было падзелена паміж Віленскай і Трокскай паловамі. На сярэдзіну 14 ст. ВКЛ ахоплівала звыш 300 тыс. км2, пры гэтым першапачатковае ядро ("палітычная Літва") займала каля 38%, а ўласна Літва з Жамойцю ("этнічная Літва") – менш 30% яго тэрыторыі. Знешнія межы яшчэ былі нестабільнымі. У 1349 на карысць Польшчы страчана частка Валыні (Белз, Холм, Уладзімір), ненадоўга вернутая ў 1352, але нанова страчаная ў 1366. У 1351–66 Драгічынская зямля належала Мазавецкаму княству (васалу Польшчы). З 1370 Уладзімірскі і Крамянецкі паветы замацаваліся ў складзе ВКЛ. Адначасова на працягу 1350-х – 60-х адбылося істотнае павелічэнне тэрыторыі ВКЛ на ўсходзе: вял. кн. Альгерд, карыстаючыся аслабленнем Залатой Арды, падпарадкаваў частку Смаленскай (з Мсціславам, Белай і Ржэвам), Чарнігава-Северскую, Кіеўскую і Падольскую землі. З іх заходняя частка Падолля у 1366 адышла да Польшчы, Ржэўская воласць належала ВКЛ толькі часова (да 1357, у 1359–67, 1371–81). Тэрыторыя ВКЛ дасягнула 630 тыс. км2, доля "палітычнай" Літвы знізілася да 18%, а этнічнай – да 14%. Альгерд непасрэдна кантраляваў 10–15% тэрыторыі, яго фактычны суправіцель Кейстут – прыкладна столькі ж, а 70–75% складалі ўдзелы і вотчыны іншых князёў. Большасць стараж. валасцей захаваліся як адм. адзінкі, яны былі часткова пераразмеркаваны ва ўдзелы Гедымінавічаў (Гарадзенскае, Віцебскае, Заслаўскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Полацкае, Слуцкае княствы) ці вотчыны мясц. княжацкіх дынастый (Гарадзецкае, Друцкае, Лукомскае); некаторыя значныя воласці (Берасцейская, Барысаўская, Ваўкавыская, Лагойская, Менская, Слонімская і інш.) кіраваліся намеснікамі вял. князя. У канцы 1360-х дробныя княствы на ўсходнім памежжы (Вяземскае, Казельскае, Навасільскае) знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Альгерда, якая скончылася пасля 1371.

У міжусобіцах 1380-х гг. ВКЛ паспытала тэрытарыяльныя страты: Ратненскае княства на Валыні часова перайшло ў васальную залежнасць да караля Польшчы і Венгрыі, Жамойць у 1384 трапіла пад кантроль Тэўтонскага ордэна, Падляшша ў 1390 – пад кантроль Мазовіі. Пасля 1392 вял. кн. Вітаўт аднавіў працэс пашырэння тэрыторыі: у 1396 была далучана рэшта Смаленскай зямлі (часова аднавіла незалежнасць у 1401–04), у 1408 вернута Падляшша, у 1410 – Жамойць, у 1413 – Заходняе Падолле. На правабярэжжы Дняпра ўлада ВКЛ распаўсюджвалася на стэпавы абшар да Чорнага мора, але гэтая тэрыторыя заставалася амаль незаселенай. У гэты ж час адбыліся істотныя змены ў адм. структуры: Вітаўт далучыў да вялікакняжацкага дамена былыя ўдзелы Кейстутавічаў (Трокі, Горадна, Берасце і інш.), ліквідаваў удзелы ў Віцебску, Кіеве, Новагародку, Полацку, Смаленску, Чарнігаве і замяніў мясц. князёў сваімі намеснікамі.

Краіна падзялялася на судова-адм. акругі (княствы і намесніцтвы), межы якіх не былі вызначаны заканадаўча, а гістарычна склаліся ў мінулым. На тэр. Беларусі было каля 20 княстваў і намесніцтваў, якія з'яўляліся асноўнымі адм.-тэр. адзінкамі. Яны падзяляліся на больш дробныя воласці, якія паступова распадаліся ў працэсе пажалавання земляў феадалам. Да 1427 у склад ВКЛ увайшлі "вярхоўскія" княствы (Адоеў, Карачаў, Масальск, Мезечск і інш. ), а таксама Вяземскае княства, з мясцовымі князямі на чале. На месцы былога Навасільскага княства, запусцелага ў выніку татарскіх нападаў, утварыліся Любуцкае, Мцэнскае, Тульскае намесніцтвы.

У 1420-я ВКЛ дасягнула свайго максімальнага пашырэння – каля 687 тыс. км2 (без уліку прычарнаморскіх стэпаў). Пры гэтым тэрыторыя сучаснай Літвы займала каля 10%, сучаснай Украіны – 33%, Расіі – 23%, Падляшша – 1,8%, Беларусі – каля 30% (доля Беларусі ў этнаграфічных межах 19 ст., са Смаленшчынай і Падляшшам, дасягала 38%). Новая ўсобіца ў 1432–34 прывяла да страты Тульскай воласці на карысць Разанскага княства і Заходняга Падолля на карысць Польшчы. У 1447–48 да Польшы канчаткова адышлі Ратненская і Мяджыбажская воласці, пасля чаго заходняя граніца ВКЛ стабілізавалася да 1569. Пры гэтым Усходняе Падолле, якое засталося ў ВКЛ і адмінстрацыйна адносілася да Валынскай зямлі, апынулася тэрытарыяльна адасобленым ад яе.

Пад уплывам Польшчы на працягу 15 ст. намесніцтвы пачалі называцца паветамі, не раздадзеныя ў прыватную ўласнасць воласці – староствамі ці дзяржавамі. Акрамя таго, захоўваўся традыц. падзел ВКЛ на Віленскую і Трокскую часткі (з 1413 сталі называцца ваяводствамі). У ваен. і часткова падатковых адносінах Гарадзецкае, Клецкае, Кобрынскае, Пінскае княствы, Берасцейскае, Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Камянецкае, Новагародскае, Слонімскае намесніцтвы падпарадкоўваліся намесніку (з 1413 – ваяводзе) трокскаму; Друцкае, Мсціслаўскае, Слуцкае княствы, Ашмянскае, Крэўскае, Лагойскае, Лідскае намесніцтвы – ваяводзе віленскаму. Полацкая зямля з Лукомскім княствам, Віцебская з Аболецкім, Аршанскім і, магчыма, Магілёўскім намесніцтвамі, Кіеўская з Мазырскім намесніцтвам ўтваралі асобныя ваен. і судовыя акругі.

Пасля 1440 Віцебская, Жамойцкая, Кіеўская і Полацкая землі атрымалі адм.-тэр. і судовую аўтаномію, якая праіснавала да сярэдзіны 16 ст. Кіеўскае княства было часова адноўлена з 1440 да 1470. Буйныя княжацкія вотчыны існавалі на Валыні і ў Чарнігаўскай зямлі. З 2-й пал. 15 ст. Азярышчанская і Усвяцкая воласці Віцебскай зямлі, шэраг т.зв. “рускіх” валасцей у Падняпроўі кіраваліся намеснікамі вял. князя, а Абольцы, Заслаўе, Лагойск да пач. 16 ст. фактычна страцілі статус намесніцтваў і ператварыліся ў прыватнаўласніцкія або дзярж. маёнткі. Адметнай рысай Друцкага і Лукомскага княстваў з'яўлялася іх сумесная прыналежнасць моцна разгалінаваным княжацкім родам.

У выніку памежных канфліктаў 1486–92 і вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492–94 былі страчаны Адоеўскае, Вяземскае, Казельскае, Мезецкае княствы, у выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500–03 – Бельскі, Таропецкі, Дарагабужскі паветы Смаленскай зямлі, шэраг ускраінных валасцей Полацкай і Віцебскай земляў, Бранскае, Ноўгарад-Северскае, Трубчэўскае, большасць Чарнігаўскага княства, Мцэнскае, Пуціўльскае і інш. намесніцтвы, паўд. частка Мсціслаўскага княства (Мглін і Папова Гара). Са складу Чарнігаўскага княства ў ВКЛ засталася Рэчыцкая воласць (далучана да Віленскага ваяводства).

Статус ваяводства ў 1471 атрымала былое Кіеўскае княства, у 1504 – Полацкае намесніцтва, у 1507 – Новагародскае, у 1508 – Віцебскае і Смаленскае. Жамойцкая і Валынская землі захавалі традыцыйную назву, але іх намеснікі (адпав. старосты жамойцкі і луцкі) былі роўныя па статусу ваяводзе. Такім чынам, на пачатку 16 ст. аформілася двухузроўневая адміністрацыйная структура. Вышэйшы ўзровень утваралі Віленскае, Віцебскае, Кіеўскае, Новагародскае, Полацкае, Смаленскае ваяводствы, Валынская і Жамойцкая землі. Яны падзяляліся на княствы, намесніцтвы і панскія вотчыны.

У 1508 вернута Любецкая воласць (далучана да Кіеўскага ваяводства). У 1513 створана Падляшскае ваяводства, у якое, апрача ўласна Падляшша, ўвайшлі Берасцейскі, Камянецкі і Кобрынскі паветы. У 1514 страчана рэшта Смаленскай зямлі. Усяго да Маскоўскай дзяржавы ў 1486–1514 адышло каля 1/3 тэрыторыі ВКЛ, яго плошча скарацілася да 496 тыс. км2, з іх сучасная Літва займала 14%, Беларусь – 45, Падляшша – 3 і Украіна – 38%.

Шэраг удзельных княстваў пасля згасання мясц. дынастый быў падараваны ў 1521–24 каралеве Боне і ператвораны ў намесніцтвы (воласці): Гарадзецкае, Клецкае, Кобрынскае, Пінскае. У 1529 намесніцтвам стала Мсціслаўскае княства. У 1537 на карысць Маскоўскай дзяржавы страчаны Себеж і шэраг дробных памежных валасцей Полацкага ваяводства (т. зв. Завалочча), але вернута Гомельская воласць, уключаная ў Віленскае ваяводства. Кантроль ВКЛ над прычарнаморскімі стэпамі фактычна быў страчаны ў апошняй чвэрці 15 ст., з 1520-х зах. частка Прычарнамор’я трапіла пад кантроль Асманскай імперыі. Афіцыйна паўднёвая мяжа ВКЛ па рэках Кадымы, Сінюхе і далей да вусця Цясміна была замацавана ў 1540-я.

У працэсе адм. рэформы 1565–66 тэр. ВКЛ была нанова падзелена на ваяводствы і паветы: Берасцейскае (Берасцейскі і Пінскі пав.), Брацлаўскае (без паветаў), Валынскае (цэнтр – Луцк, Крамянецкі, Луцкі і Уладзімірскі пав.), Віленскае (Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Вількамірскі і Лідскі пав.), Віцебскае (Аршанскі і Віцебскі пав.), Кіеўскае (Жытомірскі, Кіеўскі, Мазырскі да 1569, Оўруцкі, Чаркаскі, Чарнобыльскі пав.), Менскае (Менскі, Рэчыцкі і з 1569 Мазырскі пав.), Мсціслаўскае (без паветаў), Новагародскае (Ваўкавыскі, Новагародскі і Слонімскі пав.), Падляшскае (цэнтр – Драгічын, Бельскі, Драгічынскі і Мельніцкі пав.) 15 тыс. кв.км, Полацкае (без паветаў, фактычна значная частка яго тэр. 18,8 тыс. кв.км у 1563–81 заставалася пад кантролем Расіі) і Трокскае (Гарадзенскі, Ковенскі, Трокскі, Упіцкі пав.). Жамойцкая зямля 24 тыс. кв.км з цэнтрам у Расіенах не атрымала павятовага падзелу, але па-ранейшаму была эквівалента ваяводству. У канцы 1566 да ВКЛ была далучана Задзвінскае княства (са складу скасаванага Лівонскага ордэна і сэкулярызаваных уладанняў Рыжскага арцыбіскупства), якое было падзелена на 4 акругі (павета): Вендэнскі, Дынабургскі, Рыжскі, Трайдэнскі.

У выніку Люблінскай уніі 1569 была ўтварана Рэч Паспалітая Абодвух Народаў, у якой Польскае каралеўства і ВКЛ захавалі пэўную самастойнасць. Пры гэтым Брацлаўскае, Валынскае, Кіеўскае (без Мазырскага пав.), Падляшскае ваяв. далучыліся да Польскага каралеўства, Задзвінскае княства стала сумесным уладаннем (кандамініюмам) Польшчы і ВКЛ. Іншая частка былой Лівоніі захавалася ў якасці Курляндскага герцагства – васала Рэчы Паспалітай. Тэрыторыя ВКЛ у складзе Рэчы ІІаспалітай зменшылася да 292 тыс. км2 (Беларусь – 77%, Літва – 23%). Паўд.-усх. ускраек суч. тэр. Беларусі з Брагінам і Хойнікамі 8 тыс. кв.км пасля 1569 г. застаўся ў Кіеўскім ваяводстве Польскага каралеўства. Па завяршэнні Лівонскай вайны у 1582 г. да Віцебскага ваяводства далучана Веліжская воласць. Падначаленая Рэчы Паспалітай тэрыторыя Лівоніі (Задзвінскае княства) падзелена на 3 прэзідэнтуры (з 1598 – ваяводствы): Вендэнскую (Інфлянцкую), Дэрпцкую і Пернаўскую. У выніку вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600–29 большасць Лівоніі адышла да Швецыі, пад кантролем Рэчы Паспалітай засталіся толькі 4 староствы: Дынабургскае, Люцынскае, Марыенгаўзенскае і Рэжыцкае. Іх тэрыторыя 14 тыс. кв. км ў 1677 аб’яднана ў Інфлянцкае ваяводства (без паветаў) з цэнтрам у Дынабургу, якое захавала двайную прыналежнасць да Польшчы і ВКЛ.

У выніку вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609–18 да ВКЛ далучаны Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав, а таксама Невельская і Себежская вол., уключаныя ў Полацкае ваяв. Плошча тэрыторыі дасягнула 380 тыс. км2, яна ахапіла практычна ўсю этнічную тэрыторыю беларусаў (на сучасную Беларусь прыходзілася 54%, на Літву – 17%). У 1634 да Расіі зноў адышлі часткі Смаленскага (з Жыжэцам, Масальскам, Сярпейскам) і Старадубскага (з Трубежам) паветаў агульнай плошчай каля 30 тыс. км2. У 1646 у склад Старадубскага пав. з Кіеўскага ваяв. пепрададзена Лоеўска-Любецкае староства. Па выніках вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–67 да Расіі адышлі Смаленскі і Старадубскі пав. 45 тыс. кв. км (з апошняга ў складзе ВКЛ засталося толькі Лоеўска-Любецкае староства 8 тыс. кв.км, уключанае ў Рэчыцкі пав.), часова – Веліжская, Невельская, Себежская воласці 6 тыс. кв.км (вернуты ВКЛ у 1678). З 1678 плошча тэрыторыі ВКЛ складала 296 тыс. км2 і не мянялася амаль стагоддзе.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) усх. частка ВКЛ (Мсціслаўскае, Інфлянцскае ваяводствы, Віцебскі, значная частка Аршанскага, Полацкага, Рэчыцкага паветаў) адышла да Рас. імперыі. Адміністрацыя Аршанскага (з цэнтрам у Халопенічах), Полацкага (з цэнтрам ва Ўшачах), Рэчыцкага паветаў працягвала існаваць. Паводле канстытуцыі 1791 былі ўтвораны новыя паветы: Завілейскі (цэнтр Паставы), Эйшышкскі, Слуцкі (Случарэцкі), Кобрынскі, Запінскі (цэнтр Столін). Хуткае скасаванне гэтай канстытуцыі прывяло і да скасавання новаўтвораных паветаў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у склад Расіі ўвайшла цэнтр. частка Беларусі. На пазасталай тэр. Рэчы Паспалітай Гродзенскі пав. быў пераўтвораны ў Гродзенскае ваяводства. Рэшта тэрыторыі ВКЛ ўвайшла ў склад Расіі пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795).

Літ.: Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. М., 1892; Крикун Н. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV–XVIII вв. Киев, 1992.