Некалькі разважанняў з нагоды рэцэнзіі Алега Латышонка і Генадзя Семянчука

ARCHE. 2010. №6. С. 323-329.

Разважанне першае, сур’ёзнае. Яно тычыцца папрокаў у тым, што ў атласе недастаткова ўвагі надаецца тэрыторыі Падляшша. Фактычна ў рэцэнзіі адноўлены заўвагі, якія адзін з яе аўтараў ужо выказваў раней: “населеныя беларусамі землі сучаснай Польшчы патрактаваныя як няродныя”.[1]Сапраўды, у якасці галоўнага рэдактара атласа я не раз сутыкаўся з тым, што даследчыкі абмяжоўваюць вывучэнне гісторыі Беларусі яе сучаснымі тэрытарыяльнымі межамі, свядома пакідаючы па-за ўвагай прылеглыя абшары, населеныя – зараз ці ў мінулым – этнічнымі беларусамі. Гэта тычыцца не толькі Падляшша, але і колішніх Невельскага, Себежскага і Суражскага паветаў, не кажучы ўжо пра Смаленшчыну, Браншчыну і Віленскі край. Калі пры стварэнні той ці іншай карты патрэбна распаўсюдзіць адпаведны змест і на гэтыя тэрыторыі, вельмі часта гэта ператвараецца ў праблему. Часам даследчыкі тлумачаць такую абмежаванасць “нежаданнем рабіць за палякаў і літоўцаў іх справу”, але сустракаюцца і больш прынцыповыя пазіцыі. Пры рабоце над атласам мне даводзілася чуць, што адлюстраванне на генеральнай карце “Беларускія землі ў XVI ст.” тэрыторыі Падляшша можа быць успрынята як ... беларускія тэрытарыяльныя прэтэнзіі!

У гэтым пытанні дамінантная пазіцыя сучасных беларускіх гісторыкаў нагадвае літоўскую і вельмі выразна адрозніваецца ад польскай. Палякі традыцыйна трактуюць (і актыўна вывучаюць!) гісторыю ВКЛ як частку гісторыі “сваёй” дзяржавы - Рэчы Паспалітай. Справа тут, напэўна, не толькі ў большай “правінцыйнасці” беларускай гістарычнай школы, але і ў адноснай маладосці нацыянальнага пачуцця. Калі палякі адчувалі сябе палякамі шмат стагоддзяў, дык продкі сучасных беларусаў увесь час пераасэнсоўвалі сваю ідэнтычнасць. Больш-менш завершаны выгляд для большасці з іх яна набыла на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, а ў пэўным сэнсе працягвае набываць і зараз. Ні жыхары Магілёўшчыны, ні жыхары Падляшша ў сярэдзіне XVI стагоддзя беларусамі сябе не лічылі. Іх нашчадкі прыйшлі да гэтай самасвядомасці пазней, прытым – рознымі шляхамі. Ды і нацыянальнае пачуцце ў іх супадае толькі часткова. Відавочна, што “беларус – гэта той, хто размаўляе па-беларуску” і “беларус – гэта той, хто лічыць Беларусь сваёй Радзімай” – гэта зусім розныя формы такога пачуцця, і зысціся ім гэтак жа цяжка, як Захаду і Ўсходу ў крылатым вершы Рэд’ярда Кіплінга. Для беларусаў Падляшша, прадстаўніком якіх выступае А. Латышонак, першая форма з’яўляецца арганічнай, і ім, напэўна, цяжка стаць на пазіцыі тых, хто атаясамлівае сваю беларускасць перш-наперш з грамадзянствам сучаснай дзяржавы. А між тым ва ўласна Рэспубліцы Беларусь такіх, безумоўна, большасць (а большасць сярод іх – гэта “рускамоўныя беларусы”). Для такой свядомасці зусім натуральна не толькі карыстацца “старым савецкім, а можа яшчэ расейскім звычаем” пазначаць у ініцыялах імя па бацьку, але і абмяжоўваць сваю цікавасць на мінулага межамі сённяшняй Беларусі. Такія людзі сапраўды схільныя ўспрымаць прылеглыя землі як “няродныя”, а іх жыхароў – як “беларусаў замежжа”, фактычна як дыяспару. Наколькі б крыўдна гэта ні выглядала для апошніх, але ўлічваць гэтую рэалію варта. Са свайго боку адзначу, што я па меры сіл імкнуўся гэтую сітуацыю пераадолець, і крытыку за тое, што пераадолеў недастаткова, цалкам прымаю.

Разважанне другое, сумнае. Яно выклікана агульным тонам і накіраванасцю рэцэнзіі, яе відавочна “пагромным” характарам, які нагадвае да болю памятныя часы “рагу з сіняй птушкі”.[2]Аўтарам не падабаецца не тое, што атлас атрымаўся горшым, чым яны чакалі – не падабаецца самы факт яго існавання. Прыкра, што ў чарговы раз нешта, зробленая беларусамі для беларусаў (і зробленае на такім узроўні, якога пакуль не дасягнулі ні літоўцы, ні ўкраінцы, ды й палякам ёсць чаму пазайздросціць), выклікае ў некаторых беларусаў не гонар, а раздражненне. І прычына тут адна – зроблена “не пад тым дахам”. Я не кажу “зроблена не тымі людзьмі”, бо аўтары рэцэнзіі наўмысна пакінулі па-за сваёй увагай іншае, вельмі падобнае па змесце і структуры выданне – першы том “Гістарычнага атласа Беларусі”, выдадзенага ў Варшаве амаль адначасова з першым томам “Вялікага гістарычнага атласа”. Здавалася б вельмі натуральным параўнаць іх між сабой. Але ж тады многія з крытычных заўваг, выказаных адносна “мінскага” тома, тычыліся б і “варшаўскага”, бо большасць іх зместу распрацавана тымі самымі людзьмі, уключаючы і аўтара гэтых радкоў. На самай справе параўнанне ў рэцэнзіі праводзіцца, але ў скрытай форме: некаторыя з папрокаў (адсутнасць карт пра рымскія імпарты, знаходкі скандынаўскіх рэчаў і арабскіх манетаў) тлумачацца тым, што ў “варшаўскім” томе такія карты ёсць. Але тыя рысы, які адрозніваюць у лепшы бок “мінскі” том, абыходзяцца маўчаннем: “пра ворага альбо дрэнна, альбо ніяк”. Варожасць тлумачыцца ўсяго толькі тым, што ў тытуле “Вялікага гістарычнага атласа” пазначаны пэўныя афіцыйныя ўстановы, у тым ліку – так нялюбы рэцэнзентам Інстытут гісторыі НАН са сваім сённяшнім кіраўніцтвам. Дарэчы, рэцэнзенты дарэмна турбуюцца пра “выкінутыя на вецер дзяржаўныя грошы”: выданне атласа ажыццяўляецца па ініцыятыве і на ўласныя сродкі прадпрыемства “Белкартаграфія”, ніводнага рубля з дзяржаўнага бюджэту на яго не патрачана.

Адхіляючыся ад уласна рэцэнзіі, адзначу, што відавочнае падабенства абодвух атласаў па змесце і нават па агульнай канцэпцыі робіць асабліва карыкатурнымі спробы супрацьпаставіць іх адзін аднаму ў грамадскай свядомасці. Праўда, ініцыятыва такога супрацьпастаўлення належыць усё ж не беларусам, а польскім выдаўцам “варшаўскага” атласа. Менавіта некаторыя акцэнты ў рэдакцыйнай прадмове да яго, на якія я не змог паўплываць, прымусілі мяне не выступаць афіцыйна ў якасці аднаго з яго складальнікаў, пакінуўшы за сабой толькі аўтарства пэўных карт. Але ж беларусы – як “шчырыя”, так і “чэсныя” – у чарговы раз ахвотна ўключыліся ў гэтую гульню, калі не сказаць – павяліся на правакацыю. Інстытут гісторыі ўпаўнаважыў аднаго з аўтараў, Віктара Цемушава, правесці крытычнае параўнанне абодвух выданняў, якое павінна было адыграць ролю “нашага адказа Чэмберлену”. Да гонару В. Цемушава, ён пастараўся пры выкананні гэтага даручэння быць максімальна стрыманым.[3]Але таго ж нельга сказаць пра супрацьлеглы бок. Вельмі красамоўным мне падаецца выпадак з інтэрнет-публікацыяй, у якой каментавалася сапраўды грубая памылка ў адным з атласаў: рака, што працякае праз Гародню, была пазначана як Дняпро, а не Нёман. Публікацыя была здзекліва азагалоўлена “Падручнік для Колі Лукашэнкі” і з энтузіязмам падхоплена аднадумцамі. Супрацоўнікі “Белкартаграфіі” скардзіліся, што ім літаральна “абрывалі тэлефон”, каб выказаць свае кпіны. Належным чынам зарыенітаваныя людзі ахвотна паверылі, што памылка зроблена ў “афіцыйным” выданні, у той час як на справе ўсё было якраз наадварот. У выніку атрымалася сітуацыя з “унтэр-афіцэрскай удавой, што сама сябе высекла”. Гэта можа падацца смешным – але толькі калі не адчуваць, “як сэрца начамі...”

Вельмі шкада, што два далёка не найгоршыя беларускія гісторыкі працягваюць гэтую ваўтузню. Я не думаю, што хтосці з іх рызыкнуў бы паставіць свой подпіс пад тэкстам такога ўзроўню, надрукаваным у польскамоўным ці англійскамоўным выданні. Што ж атрымліваецца – беларускі друк яны лічаць чымсці “другога гатунку”? Дзіўныя кульбіты часам робіць пачуццё патрыятызму...

Каб не быць галаслоўным у ацэнцы агульнага ўзроўню рэцэнзіі, адзначу толькі адзін момант. Сам А. Латышонак прызнае, што крытычныя заўвагі на адрас генеральнай карты ў яго папярэдняй рэцэнзіі былі выкліканы тым, што ён ... не прачытаў прадмову да яе! Безумоўна, кожны чытач вольны выбіраць, на чым засяродзіць сваю ўвагу, а што абмінуць. Але ж тут справа ідзе не пра чытача, а пра рэцэнзента, які проста абавязаны ўважліва прачытаць тое, што крытыкуе. Ад таго, хто не зрабіў гэтага, варта было б чакаць, прынамсі, прабачэння. Але ж наш шаноўны рэцэнзент нават сваю памылку падае такім чынам, што яна выглядае папрокам: аўтары, маўляў, змясцілі адпаведны тэкст не там, дзе ён чакаў! І зусім дрэнна, што гэтая памылка яго не навучыла. Ствараецца ўражанне, што рэцэнзенты калі і прачыталі ўводныя тэксты, то не вельмі ўважліва. Чым іншым можна патлумачыць заўвагу пра “адсутнасць уласнай беларускай пазіцыі па праблемах этнакультурных працэсаў на беларускіх землях на працягу 1600 год”? Гэтая пазіцыя дастаткова выразна акрэслена не толькі ў тэксце да раздзела “Перыферыя антычнай і раннесярэдневяковай цывілізацыі” (які рэцэнзенты, здаецца, проста не зразумелі), але і ў рэдакцыйнай прадмове:

“Генетычная і культурная спадчына карэннага этнасу – беларусаў фарміравалася на працягу стагоддзяў. Яна ўключала ў сябе дасягненні народаў, што абралі беларускую зямлю сваёй радзімай. Этнічная гісторыя беларусаў вядзе праз часы славянскіх міграцый і праваслаўную цывілізацыю Русі да эпохі Вялікага княства Літоўскага”.

Калі гэтая пазіцыя чымсьці не падабаецца рэцэнзентам, то хай крытыкуюць яе і прапаноўваюць лепшую, але ж не папракаюць стваральнікаў атласа ў адсутнасці пазіцыі ўвогуле.

Разважанне трэцяе, жартаўлівае. Некаторыя акцэнты ў рэцэнзіі без гумару ўспрымаць сапраўды немагчыма. Аэньваючы нейкую навуковую працу, яе можна параўноўваць з тым, што было да яе з’яўлення, альбо з тым, чаго дасягнулі ў падобных умовах блізкія ці аддаленыя суседзі. Але ж шаноўныя рэцэнзенты абралі іншы пункт адліку – іх уласныя ўяўленні аб тым, як выглядала б гэтая праца, калі б яе зрабілі яны. Натуральна, што тады пачаткам пісьмовай беларускай гісторыі выступілі б не звесткі Герадота і не сумніўная згадка пра Полацк у дамове Русі з Візантыяй, а несумніўны факт існавання вольнай і незалежнай (ад гэтай самай Русі, халера б яе пабрала!)  Вялікай Беларускай Таласакратыі на чале з Рагвалодам. Дарэчы, калі б у летапісе сапраўды сцвярджалася, што Рагвалод прыплыў з-за мора, то гэта, безумоўна, было б пераканаўчым доказам таго, што Полацкае княства было магутнай марской дзяржавай накшталт Мінойскага царства на Крыце. Але ж вось закавыка – там сказана, што Рагвалод прыйшоў з-за мора! Ці не азначае гэта, што перад ім, як перад Майсеем, проста расступаліся марскія хвалі? А можа ён, як Ісус, мог хадзіць па вадзе акі пасуху? Канечне, гэта не дае нам падстаў сумнявацца ў тым, што ён заснаваў вялікую дзяржаву. Але калі ніхто дасёння не пажадаў усур’ёз аналізаваць неверыфецыруемыя разважанні Г. Семянчука наконт яе межаў, то ці з’яўляецца іх ігнараванне недаравальным грахом?

На жаль, і шэраг іншыг заўваг грунтуецца на тым самым падыходзе: прапанаваная ў атласе канцэпцыя дрэнная таму, што ў рэцэнзентаў ёсць на гэты конт іншыя меркаванні. Калі ім падаецца, напрыклад, што кожная згадка пра Белую Русь мае прынцыповае значэнне, то лічыць тыя згадкі выпадковымі і бессістэмнымі ніхто не мае права. Увогуле такі падыход да ацэнкі чужой працы вельмі ўжо пашыраны ў беларускіх выданнях. Зноў адхіляючыся ад тэмы, не магу не прывесці цытату з іншай надрукаванай у “Arche” рэцэнзіі, якая прывяла мяне проста ў захапленне: “шаноўны спадар Катлярчук у прадмове да «літоўскага» нумару “Arche” няслушна і небесстаронна, а таму цалкам непрафэсійна, трактуе паасобныя факты зь гісторыі ВКЛ.”[4]Як ні дзіўна, аўтары гэтай рэцэнзіі ўсур’ёз лічаць, што прафесійная трактоўка гістарычных фактаў можа быць, па-першае, слушнай і, па-другое, бесстароннай! Я не думаю, што А. Латышонак і Г. Семянчук падзяляюць гэтую метадалагічную наіўнасць і таксама ўпэўнены, што нехта, акрамя Пана Бога, мае абсалютныя крытэрыі для вызначэння слушнасці, альбо што магчыма цалкам бесстаронная трактоўка фактаў. Але для іх існуе дадатковы крытэрый таго, якая з аднолькава небесстаронных думак мае права не існаванне: інтарэсы Беларусі і беларусаў (зразумела, як іх разумеюць тыя ж А. Латышонак і Г. Семянчук). І таму ні адлюстраванне ў атласе протадзяржаў готаў, гунаў і хазараў, межы якіх ахоплівалі сучасную Беларусь, ні ўваходжанне яе ў Рускую (Старажытнарускую) дзяржаву, не кажучы ўжо пра ВКЛ, не перашкаджаюць ім зрабіць роспачную выснову: “спрабуецца даказаць, што Рэспубліка Беларусь не мае сваіх старажытных дзяржаўных каранёў!” А вось калі б у атласе з’явіліся дробненькія, але ж незалежныя варажскія протадзяржавачкі Рагвалода і Тура, сітуацыя змянілася б кардынальным чынам – у нас адразу б адраслі тыя карані!

Разважанне апошняе, прынцыповае. Вось мы і падышлі да галоўнага: да пытання аб тым, на якіх міфах будаваць грамадскую свядомасць. Рэцэнзентам відавочна імпануе традыцыйная для беларускага адраджэнскага руху міфалагічная схема: вольнае Полацкае княства – згвалтаваная Рагнеда – барацьба за аднаўленне страчанай вольнасці і г.д. Супраць гэтага ветранога млыну ўжо досыць пазмагаўся Ігар Марзалюк, а ён усё махае крыламі... І хай сабе: млыны ствараюцца не дзеля таго, каб вандроўныя рыцары праціналі іх дзідамі, а каб было з чаго пекчы хлеб. Іншымі словамі, ад гістарычных міфаў нікуды не дзенешся. І калі ўступаць у барацьбу з імі, то не за тое, што яны міфы, а за тое, што міфы гэтыя ў дадзеных умовах некарысныя, неэфектыўныя ці наогул шкодныя. Сцвярджэнне аб тым, што першай згадкай беларускага паселішча ў міжнагоднай дыпламатыі ёсць упамінанне Полацка ў дамове Русі з Візантыяй, сапраўды абапіраецца на адзінкавае летапіснае паведамленне, якое няма чым пацвердзіць. Таму, строга кажучы, яно з’яўляецца міфам – хоць і больш праўдападобным, чым паход Аскольда і Дзіра на Полацк альбо ўлада Усяслава над усім Падзвіннем. Важна тое, на якую ідэю ён працуе і чым гэтая ідэя мне падаецца карыснай.

Сцісла кажучы, канцэпцыя першага тома грунтуецца на ідэі паслядоўнага фармавання беларускага этнасу праз стадыі агульнаславянскай еднасці, адасаблення ўсходняга славянства ў межах Русі, наступнага падзелу на “рускіх” падданых Маскоўскай дзяржавы і “рускіх” падданых ВКЛ і, нарэшце, падзелу апошніх на беларускую і ўкраінскую галіны. З гэтага вынікае, што ўласна беларускі этнас сфармаваўся параўнальна позна, але мае натуральнае права на гістарычную і культурную спадчыну папярэдніх эпох. Адзінае, што гэтае права не выключнае, а мае быць падзелена з іншымі этнасамі, што прайшлі такі самы шлях. Вось у гэтым мы сапраўды прынцыпова разыходзімся з рэцэнзентамі і іх аднадумцамі, якія прагнуць для беларусаў адмысловай, выключнай гісторыі. Рагвалод і Рагнеда ў іх інтэрпрэтацыі – сапраўды толькі нашы, да іх няма справы ні расіянам, ні ўкраінцам. Праўда, застаецца падвешанае пытанне са шведамі, але ім як-небудзь дамо рады! Гэтаксама і спадчыну ВКЛ шмат хто не жадае падзяляць з літоўцамі, не кажучы ўжо пра ўкраінцаў.

Чым “выключныя” міфы падаюцца мне менш карыснымі за “агульныя”? Па першае, тым, што іх значна цяжэй рацыянальна абгрунтаваць і наадварот, значна лягчэй абвергнуць. Кажучы пазітывісцкімі тэрмінамі, яны горш супадаюць з так званай “аб’ектыўнай рэальнасцю”, а ў постмадэрнісцкім сэнсе – з тым, што мы можам пра гэтую “рэальнасць” даведацца навуковымі метадамі. А таму іх падтрыманне ў актуальным стане патрабуе, так бы мовіць, залішніх энергавыдаткаў.

Па другое, калі мы жадаем лічыць сябе еўрапейцамі, то павінны ўлічваць тэндэнцыі развіцця грамадскай думкі ў гэтай самай Еўропе. Яны ж відавочна накіраваны на адмову ад гістарычных прэтэнзій, на падтрыманне духу прымірэння, на ўмацаванне агульнаеўрапейскай і, вышэй за яе, агульначалавечай еднасці. У выпадках спрэчнай культурнай спадчыны вітаюцца спробы яе сумеснага выкарыстання, а не падзелу. Адмаўляць жа камусці ў праве на сваю долю такой спадчыны ўвогуле выглядае “непаліткарэктна”. Я, канечне, крыху ўтрырую, але распальваць у беларускім грамадстве смугу па незваротна страчаных Вільні і Падляшшы – справа відавочна несвоечасовая. Мне нядаўна давялося пабачыць, як сучаснае армянскае грамадства літаральна інфіцыравана крыўдай за страчаныя часткі Вялікай Арменіі, і гэта зусім не дапамагае яму ўпісацца ў сённяшні свет.

Па трэцяе, і гэта ўжо пытанне густу, “адраджэнцкія” міфы ўвесь час прапануюць у якасці герояў нейкіх палітычных лузераў. Гэта і няўдалы сепаратыст Рагвалод, і яго фанаберлівая дачка, якая з-за ўласнай пыхі выклікала заваяванне роднага горада, каб потым год за годам нараджаць сыноў для новай дынастыі. Гэта і змарнаваўшыя бацькаву славу Усяславічы, якія адмовіліся ўдзельнічаць у абароне агульнай радзімы ад знешняга ворага, за што і былі сасланыя. Гэта і зухаватае навагародскае баярства, якое заваявала літоўцаў дзеля таго, каб праз стагоддзе ператварыцца ва ўласнай дзяржаве ў дыскрымінаваных маргіналаў. У свой час пэўныя “адраджэнцы”, грунтуючы сваю свядомасць на гэтай глебе, прайшлі такі самы шлях, каб у сваю чаргу стаць персанажамі новага міфа – пра недарэкаў, якія дзеля дасягнення незалежнасці пайшлі на змову з нацыстамі, але, як высветлілася, паставілі не на тую карту... Калі гэты міф быў прапанаваны грамадскасці ў якасці альтэрнатывы таму, што нашы бацькі і дзеды былі ў шэрагах пераможцаў над фашызмам – мы бачым, што ў масе сваёй выбрала гэтае грамадства.

Таму я асабіста лічу, што для беларусаў будзе карысна адчуваць сваю сувязь і з тымі, хто засяліў палову Еўропы замест знікнуўшых без сляда готаў, гунаў і авараў, хто трымаў шчыт Алега, пакуль ён прыкалочваў яго да канстанцінопальскай брамы. Прашу прабачэння ў тых, хто прытрымліваецца іншых поглядаў, яле свае я буду адстойваць і праводзіць у жыццё, у тым ліку і ў якасці галоўнага рэдактара “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”.

Чакайце наступныя тамы – будзе яшчэ аб чым паспрачацца.



[1]Алег Латышонак. Падляшша ў „Вялікім гістарычным атласе Беларусі”. Ніва № 29 (2775), 19 ліпеня 2009 г.

[2]Для тых, хто не застаў гэтыя часы, патлумачу: так называўся пагромны калектыўны водгук на творчасць рок-групы “Машина времени”, надрукаваны ў “Комсомольской правде” на пачатку гарбачоўскай “перабудовы”.

[3]Цемушаў В. М. Гістарычныя атласы і стан развіцця сучаснай гістарычнай геаграфіі ў Беларусі // Гістарычна-археалагічны зборнік. Вып. 25. Мн.: Беларуская навука, 2010. С. 200–203. Гл. таксама электронную версію на сайце аўтара: http://www.hist-geo.net/index.php?p=77&more=1&c=1&tb=1&pb=1.

[4]Кірыл Касьцян Ганна Васілевіч. Спадчына ВКЛ вачыма беларускіх і летувіскіх гісторыкаў: поле для роўных магчымасьцяў? Водгук на прадмову А. Катлярчука да «літоўскага» нумару ARCHE // ARCHE, № 11-12, 2009. С. 292-303.