Цэнтральная і Усходняя Еўропа. Канец VІІ – VIII ст. (2009)
На працягу 2-й пал. VII– 1-й пал. VIII стагоддзяў славянскае грамадства, падпітваючыся культурнымі імпульсамі з дзяржавы франкаў і Візантыі, набліжалася да пераходу ў стадыю цывілізацыі.
Пісьмовыя згадкі пра славян на перыферыі Візантыі і дзяржавы франкаў становяцца масавымі, але пра падзеі ў больш аддаленых частках Еўропы невядома амаль нічога. З агаворкамі да гэтага перыяду можна адносіць некаторыя звесткі з недатаванай часткі “Аповесці мінулых гадоў”: пра рассяленне славян на Дунаі, залежнасць ад авараў (обраў) пляменнага саюза дулебаў. Аўтар “Аповесці” паведамляе таксама пра зваротны рух славян з Падунаўя, у працэсе якога складваліся новыя пляменныя саюзы: мараваў, чэхаў, ляхаў і г.д.
Магчыма, да гэтага перыяду ўзыходзіць найбольш архаічны пласт паданняў, у якім адлюстравалася адасабленне славян Падняпроўя паводле “ландшафтнага” прынцыпу: на цывілізаваных жыхароў лесастэпу (палян) і “дзікуноў” лясной зоны (драўлян). Назва “дрыгавічы”, напэўна, была прынесена перасяленцамі з поўдня, пра што сведчыць яе сугучнасць з назвай аднаго з плямён балканскіх славян – драгувітаў.
Археалагічна зваротны рух славян адпавядае перарастанню пражскай культуры ў культуру лукі-райкавецкай, якое адбывалася пад выразнымі імпульсамі з Падунаўя. Прыток насельніцтва з арэалу лукі-райкавецкай культуры фіксуецца і ў розных частках лясной зоны, але ў выглядзе адасобленых культурных рыс, якія не ўтвараюць суцэльную сістэму (нажы з валютападобнай рукаяццю, лунічныя і браслетападобныя скроневыя кольцы і да т.п.).
Аналагічны імпульс прасочваецца на лесастэпавым левабярэжжы Дняпра, дзе ўзнікае валынцаўская культура (яе спецыфіку вызначае ўзаемадзеянне са стэпавымі качэўнікамі – балгарамі і рэшткамі аланаў). Гэты момант гіпатэтычна можна звязаць з узнікненнем северан (севераў). Назва іх лінгвістамі тлумачыцца на падставе іранскіх моў і, магчыма, была ўнесена познеаланскім кампанентам.
З падунайскім імпульсам можна звязваць і перарастанне тушамлянскай культуры ў культуру смаленскіх доўгіх курганоў. Але ў гэтым працэсе ўдзельнічалі і іншыя кампаненты – з боку калочынскай культуры і пскоўскіх доўгіх курганоў. Які з іх стаў вырашальным, сказаць цяжка.
Магчыма, прытокам новай хвалі насельніцтва з поўдня тлумачыцца пашырэнне ў пачатку VIII ст. культуры наўгародскіх сопак, якая звязваецца са славенамі. Але можна пагадзіцца з думкай В. Сядова, што асновай для яе паслужылі носьбіты помнікаў тыпу Юр’еўская Горка. На карце адлюстравана менавіта гэтая версія.
Верагодна, гэта быў перыяд суіснавання архаічнай венетскай ідэнтычнасці з новай, славянскай, якая аформілася ў папярэдні час у параўнальна вузкім рэгіёне, а зараз распаўсюджвалася сярод этнічна блізкага насельніцтва. Носьбіты гэтай новай ідэнтычнасці, паспытаўшы ўздзеянне візантыйскай цывілізацыі, зараз пранікалі ў лясы дзеля тавараў, якія можна было збыць на яе рынках: футра, мёду, рабоў. Лясныя венеты і рэшткі субстратнага насельніцтва патроху пераймалі новы, больш прэстыжны стыль паводзін, але са старой ідэнтычнасцю канчаткова не парывалі.