Славяне ў перыяд гегемоніі авараў. Другая палова VI – сярэдзіна VII ст. (2009)
Наступная карта паказвае далейшы этап славянскага рассялення, які адбываўся ўжо пад уладай Аварскага каганата.
Авары (летапісныя обры) уяўлялі сабой адну з ордаў, якая спярша ўваходзіла ў цюркскі каганат Заволжа, а ў сярэдзіне VI стагоддзя перасялілася на сярэдні Дунай. Адтуль авары падпарадкавалі частку балгараў і славян, якіх выкарыстоўвалі ў сваіх войнах з Візантыяй. Пазней палітычнае дамінаванне ў рэгіёне перайшло да балгараў, а затым да хазараў – новых цюркамоўных перасяленцаў з усходу. Увесь гэты час колькасць славян няўхільна павялічвалася, дзякуючы наяўнасці вялікіх незаселеных абшараў у Цэнтральнай Еўропе, адкуль папярэдняе германскае насельнітцва перасялілася ў барбарскія каралеўствы на тэрыторыі былой Заходняй Рымскай імперыі. З VII стагоддзя на захадзе пачаў адчувацца ўплыў дзяржавы франкаў – найбольш паспяховага з такіх барбарскіх каралеўстваў, якое дало пачатак новай заходнееўрапейскай цывілізацыі. Франкскі купец Само ў 623 г. стварыў на заходняй перыферыі Аварскага каганата протадзяржаву, амаль што адзінымі насельнікамі якой упершыню былі славяне. Праўда, яна распалася пасля яго смерці.