Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі ў перыяд Расійскай імперыі (2002)
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Усходняй Беларусі. 1772-1792 гг.
Тры азначаныя карты адлюстроўваюць галоўным чынам шматлікія змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле, якія праводзіліся расійскім урадам на новадалучаных беларускіх землях у апошняй чвэрці XVIII – першай палове ХІХ ст. Дасёння вычэрпны аналіз гэтых змен у літаратуры адсутнічае, не атрымалі яны належнага асвятлення і на раней выдадзеных картах. Між тым веданне гэтай інфармацыі істотна дапамагае арыентавацца ў даволі складанай гісторыі гэтага перыяду.
Пры стварэнні карт выкарыстоўваліся галоўным чынам афіцыйныя пастановы, змешчаныя ў "Полном собрании законов Российской империи" за адпаведныя часы. Канкрэтныя межы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзнак, створаных ажпаведна гэтым пастановам, высвятляліся на падставе тагачасных карт, якія захоўваюцца галоўным чынам у Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве і ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў. Улічваючы недасканаласць гэтых карт, некаторыя межы (асабліва ў канцы XVIII ст.) праведзены даволі ўмоўна. Гэта, аднак, не мае прынцыповага значэння, бо такія адзінкі (на рускай мове яны называліся тэрмінам «уезд», які дакладна адпавядае беларускаму тэрміну «павет») існавалі звычайна вельмі непрацяглы час.
Больш-менш устойлівыя адміністрацыйныя межы на Беларусі ўсталяваліся толькі з пачаткам панавання імператара Аляксандра І (1801 – 1802 гг.) і праіснавалі да пачатку 1840-х гг., калі адбылася яшчэ адна хваля пераразмеркавання паветаў паміж губернямі. Час ад часу адбываліся нязначныя змены межаў паміж некаторымі паветамі, у выніку якіх асобныя паселішчы пераходзілі з аднаго павета ў іншы. Яны, як правіла, афармляліся рашэннямі мясцовай адміністрацыі, і таму прасачыць іх вельмі цяжка. У прыватнасці, мястэчка Дварэц у 1810-я гг. належала да Навагрудскага павета, а ў 1830-я гг. – да сумежнага Слонімскага. Такім жа чынам маёнтак і мястэчка Кажан-Гарадок каля 1822 г. перайшлі з Мазырскага ў Пінскі павет. Вычэрпна адлюстраваць такія дробныя змены пры сённяшнім стане вывучанасці, на жаль, немагчыма.
На карце «Беларусь у першай пал. ХІХ ст.» пазначаны паселішчы, якія ў той час мелі статус гарадоў і мястэчкаў. Але трэба ўлічваць, што статус мястэчкаў не быў устойлівым, і адно і тое ж паселішча ў некаторых крыніцах можа выступаць у якасці мястэчка, а ў іншых – як сяло. Да таго ж афіцыйныя спісы населеных пунктаў па ўсіх губернях за гэты перыяд нам невядомыя. Таму пералік мястэчкаў нельга разглядаць як вычэрпны.