Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Другая палова ХІІІ – XIV ст. (2002)
Карта адлюстроўвае працэс утварэння ВКЛ як двухэтнічнай дзяржавы, у склад якой увайшлі пляменныя балцкія княствы і значная частка тэрыторыі старажытнай Русі, у тым ліку ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі. Рашаючым штуршком да ўтварэння ВКЛ стала татарскае нашэсце на Русь у 1237 – 1241 гг., якое прывяло да падпарадкавання большасці рускіх княстваў новай дзяржаве, утворанай заваёўнікамі – Ардзе (пазней – Залатой Ардзе). Некаторыя княствы, канчаткова страціўшы палітычную сувязь з Кіевам, утварылі асобныя, хаця і залежныя ад Арды, дзяржавы – Галіцка-Валынскае княства (каралеўства), Вялікае княства Ўладзімірскае. Шэраг княстваў на беларускіх землях у перыяд паміж 1245 і 1250 гг. прызналі ўладу літоўскага князя Міндоўга, які ў той жа час дамогся дамінавання ў палітычным саюзе балцкіх княстваў і нават пашырыў яго на частку тэрыторыі яцвягаў, куршаў, земгалаў і селаў (у процідзеянні экспансіі крыжацкіх ордэнаў). З гэтага часу можна казаць аб непасрэдным пачатку ВКЛ.
На працягу некалькіх наступных дзесяцігоддзяў Новагародская зямля, этнічная Літва і прылеглая частка яцвягаў трывала захоўвалі палітычнае аб'яднанне, у той час як Полацкая зямля і Жамойць часова адлучаліся ад яго. Найбольшае пашырэнне дзяржавы, дасягнутая Міндоўгам у 1260 – 1263 гг., было канчаткова адноўлена Віценем на мяжы XIII – XIV стагоддзяў.
Пры пераемніку Віценя Гедыміне (1315 – 1341) ВКЛ набывае трывалую сталіцу, якой стала Вільна. Тады ж пачалося пашырэнне ўлады ВКЛ на прылеглыя рускія княствы, большасць з якіх раней залежала ад Арды. Трэба ўлічваць, што звесткі пра гэты перыяд вельмі фрагментарныя, таму пра прыналежнасць некаторых тэрыторый на поўдні і ўсходзе сучаснай Беларусі можна меркаваць толькі гіпатэтычна. Таксама не вырашаным застаецца пытанне, ці пашыраўся кантроль Гедыміна ў якой-небудзь форме на Кіеўскую зямлю. У гэты час Смаленская зямля перыядычна прызнавала васальную залежнасць ад ВКЛ, але захоўвала ўласных князёў. Наўгародская феадальная рэспубліка практычна ў роўнай ступені паддавалася ўплыву ВКЛ і Вялікага княства Ўладзімірскага.
Пад час панавання Альгерда (1345 – 1377) да ВКЛ трывала далучыліся Кіеўская, Чарнігава-Северская і частка Смаленскай зямлі (у тым ліку тыя іх абшары, што знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі), а таксама Падолле і Бранскае княства. Яму ж падпарадкоўвалася Ржэўскае княства, якое потым перайшло пад кантроль Маскоўскага княства. У 1370-я гг. уладу Альгерда прызнавалі і некаторыя княствы ў вярхоўях Акі (у прыватнасці – Навасільскае), але іх канчатковы ўваход у склад ВКЛ адбыўся пазней.
У асноўным тэрытарыяльныя набыцці Альгерда, а таксама дынастычная унія з Польшчай, заключаная ў 1385 г. яго сынам Ягайлам, завяршылі працэс фармавання тэрытарыяльнай і палітычнай структуры ВКЛ, якая ў наступныя дзесяцісгоддзі паспытвала нязначныя змены.
На карце паказаны таксама працэсы цэнтралізацыі, якія адначасова адыбваліся на тэрыторыі суседзяў і галоўных знешнепалітычных партнёраў ВКЛ – Польшчы на захадзе і Вялікага княства Ўладзімірскага на ўсходзе. У Польшчы ў другой палове XIV ст. утварылася цэнтралізаванае каралеўства, з якім ВКЛ неўзабаве злучылася ў дынастычную унію. У паўночна-усходняй Русі набірала моц Маскоўскае княства – будучы галоўны канкурэнт ВКЛ.
Пры стварэнні карты выкарыстаны папярэднія карты аўтара з выданняў: Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. Мн., 1993; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мн., 1994. С. 388. Пры вызначэнні межаў княстваў Русі выкарыстоўвалася калектыўная праца: Древнерусские княжества Х – ХІІІ вв. М., 1975; а таксама карты "Северо-Восточная Русь в 1360 г." і "Северо-Восточная Русь в 1380 г." з кнігі: "Куликовская битва. Сборник статей. М., 1980. Звесткі аб палітычнай геаграфіі балтаў прыведзены на падставе працы Г. Лаўмяньскага: Lowmiaski H. Studia nad poczatkami spoleczenstwa i panstwa Litewskiego. T. 1. Wilno, 1931. Некаторыя карэктыроўкі зроблены на падставе картаграфавання балцкіх этнічных супольнасцяў паводле археалагічных звестак: Финно-угры и балты в эпоху Средневековья. М., 1987. С. 354 – 419. Пры неабходнасці ўносіліся ўдакладненні на падставе аналізу паведамленняў крыжацкіх храністаў (Пятра з Дусбурга і інш.) і старажытнарускіх летапісаў.