Карэньшчына: тры стагоддзі з жыцця аднаго маёнтка (2000)

Беларускі гістарычны агляд. Т. 7. Сш. 1 (12). Мінск, чэрвень 2000. С. 3 – 28

Артыкул падрыхтаваны ў рамках даследавання, падтрыманага грантам Research Support Scheme 1003/1997.

Даследчыкі гісторыі Беларусі неаднаразова аналізавалі звесткі аб сялянскім землекарыстанні і эвалюцыі феадальнай рэнты на Беларусі. Агульны характар працэсаў на макраўзроўні вызначаны больш-менш акрэслена. Але ні разу не рабіліся спробы прасачыць дынаміку гэтых паказчыкаў у адной і той жа мясцовасці, у адносінах да аднаго і таго ж насельніцтва. Між тым такі падыход дазваляе зірнуць на гістарычны працэс так, як ён успрымаўся самімі ўдзельнікамі. Зразумела, што сяляне не мелі магчымасці аперыраваць вынікамі статыстычных падлікаў ці абагульніць лічбы па ўсёй краіне. Для іх было толькі два пункты адліку – параўнанне з бліжэйшымі суседзямі і ўспаміны пра ўласнае мінулае. На падставе гэтых параўнанняў фармавалася агульнае ўяўленне аб сваім жыцці – цяжкае яно ці лёгкае, пагаршаецца ці паляпшаецца. Таму даследаванне на мікраўзроўні здольна ўнесці нешта істотна новае ў нашы ўяўленні аб мінулым.

Ніжэй аўтар паспрабуе прадэманстраваць гэта на адным канкрэтным прыкладзе. Увазе чытача прапаноўваюцца вынікі, атрыманыя пры комплексным даследаванні мікрарэгіёна ў цэнтральнай Беларусі (прыкладана ў 50 км на поўнач ад Мінска), на тэрыторыі сучаснага Лагойскага раёна. Гэты абшар мае плошчу амаль дакладна ў 100 кв. км. З моманту першага ўпамінання ў крыніцах Вялікага княства Літоўскага ў 1395 г.[1] ён уяўляў сабой адзін уласніцкі комплекс – маёнтак Корань, пажалаваны Вітаўтам заснаванаму незадоўга да таго капітулу віленскага кафедральнага касцёла Св. Станіслава.

Першыя звесткі аб памерах маёнтка змяшчае рэестр раскладкі пазачарговага падатка (серабшчызны) з духоўных уладанняў Віленскага біскупства за 1553 год. [2] Тады маёнтак Корань уяўляў сабой два престимония каноничьих, з якіх адным карыстаўся канонік Хоцька, другім – жамойцкі біскуп, што таксама ўваходзіў у склад віленскага капітула. У першай з гэтых частак значылася 58 сох і 2 агарода, у другой - 50,5 сох, 3 зямлі і 2 агарода. На жаль, у якасці адзінак абкладання ў гэтым дакуменце выступаюць не традыцыйныя для XVI ст. дымы альбо службы, а параўнальна рэдкія ў іншых крыніцах сохі, што ўскладняе інтэрпрэтацыю і супастаўленне з іншымі данымі. Верагодна, саха адпавядала тыповаму зямельнаму надзелу, які апрацоўваўся адной запрэжкай валоў. Дробная колькасць сох у рэестры сведчыць, што такі надзел маглі сумесна выкарыстоўваць некалькі гаспадарак. У цэлым на тэрыторыі маёнтка было не менш 112 сялянскіх гаспадарак.

3 кастрычніка 1572 г. капітулам было прынята рашэние аб правядзенні ў маёнтку Корань валочнай памеры. [3] Размерылі яго землі на валокі не пазней канца 1575 г. канонікі Лаўрын Вольскі і Томаш Макавецкі. Яны прадставілі капітулу праект валочнай уставы, які і быў ухвалены 13 лютага 1576 г. Копія ліста, накіраванага з гэтай нагоды цівунам і людзям маёнтка Кораньскага, захавалася ў актавай кнізе капітула. У ім жыхарам маёнтка паведамляецца, што капітул разгледзіў прапанаваныя нормы павіннасцяў, каб матэрыяльнае становішча падданых у выніку рэформы не пагоршылася (jakoby wam za takowa ustawa wielka obciazliwosc nie byla). Праект быў прызнаны дастаткова справядлівым і зацверджаны капітулам. Польская копія з яго лацінскага арыгінала была ўпісана ў актавую кнігу непасрэдна пасля ліста капітула.[4]

Адпаведна уставе, скасоўваліся ранейшыя павіннаці – натуральная мядовая даніна і грашовае налуконне, якія збіраліся з кожнага двара. Узамен уводзіліся дзве катэгорыі валок - цяглыя і асадныя. З цяглай валокі добрага грунту падданыя абавязаны былі плаціць чынш у памеры 35 грошеў [5] і пастаўляць натуральную павіннасць (дзякло) - 1 бочку [6] азімага жыта і 2 бочкі аўсу. З такой жа валокі сярэдняга грунту належала 30 грошаў, па 1 бочцы жыта і аўсу. Адпрацовачная павіннасць (паншчына) незалежна ад якасці зямлі складала па 2 дня з валокі ў тыдзень, плюс 6 дзён талакі на сваім хлебе ў год, абавязак адвозіць у Вільна падводы з дзяклом і іншыя грузы пры неабходнасці, касіць дворскія сенажаці, вартаваць у гасподскім двары, а ў выпадку прыезду ўладальнікаў маёнтка пастаўляць ім на мяса цялушку (ялавіцу). Апрача таго, карыстальнікі валокі мусілі даваць штогод 2 курыцы і 10 яек. З асаднай валокі адпрацовачных павіннасцяў не было. На добрым грунце карыстальнікі такой валокі плацілі чынш в суме 70 грошаў, па 1 бочцы жыта і аўсу. Пры сярэдняй якасці зямлі памер чыншу памяньшаўся да 60 грошаў (пры тым жа памеры дзякла), а з подлага грунту ішоў толькі чынш у 60 грошаў, без дзякла.

Е. Ахманьскі, аналізуючы гэтыя звесткі, пералічыў натуральныя павіннасці ў грашовы эквівалент (з разліку 10 грошаў за бочку жыта, 5 грошаў за бочку аўсу плюс 5 грошаў за адвоз) і параўнаў іх з аналагічнымі данымі аб дзяржаўных маёнтках адпаведна уставе на валокі 1557 г. Ён прыйшоў да высновы, што сума павіннасцяў з асаднай валокі добрага грунту складала ў капітульныў уладаннях 90 грошаў, а ў дзяржаўных – 106 грошаў, з сярэдняга грунту – адпаведна 80 і 97, з подлага – 60 і 83. Памер паншчыны быў аднолькавы, за тым выключэннем, што ў дзяржаўных маёнтках 2 тыдні былі вольнымі ад працы. Талокі складалі ў капітульных уладаннях 6 дзён супраць 4 у дзяржаўных.

У цэлым з гэтымі разлікамі можна пагадзіцца, але даныя 1550-х гадоў аб кошце прадуктаў патрабуюць карэктыроўкі, бо да 1576 г. змяніліся і цэны, і сярэбранае напаўненне гроша. Згодна Статуту ВКЛ 1566 г., капа азімага жыта (60 снапоў) каштавала 12 грошаў. Намалот з такой капы складаў, мяркуючы па даных больш позняга Статута 1588 г., каля 0,83 бочки, г. зн. цана бочкі павінна была складаць 14 грошаў і 4 пенязя. Капа аўсу каштавала 6 грошаў, пры сярэднім намалоце 0,5 бочки с капы, характэрным для ўсіх яравых культур. Бочка аўсу мусіла каштаваць у такім выпадку 12 грошаў. Курыца ў Статуце 1566 г. ацэньвалася ў 1,5 гроша. Кошт яек у гэты час невядомы, але ў больш познія гады цана за дзясятак адпавядала, як правіла, 0,5 – 0,75 цаны курыцы. Такім чынам, яе можна ацаніць у межах ад 8 пенязяў да 1 гроша. З такімі папраўкамі выплаты падданых капітула з асаднай валокі добрага грунту павінны былі складаць у сярэдзіне 1570-х гг. больш за 100 грошаў, з сярэдняга – звыш 90, а з тяглай валокі – каля 80 і 60 грошаў адпаведна, плюс паншчына.

Агаворваліся ва ўставе таксама павіннасці на карысць новага касцёла ў Корані. Яго святар (каплан) павінен быў штогод на Каляды аб'язджаць воласць - калядаваць. Пры гэтым з кожнай валокі яму належала па 1 грошу і па 1 кракаўскаму карцу жыта, што складала каля 102 літраў ці 4 пуда (65,6 кг). Гэтыя павіннасці былі пацверджаны 21 кастрычніка 1582 г. у якасці дзесяціны з даходаў маёнтка. Дадаткова агаворваўся абавязак сялян вазіць з лесу бярвенне ў выпадку рамонту касцёла і яго звонніцы. [7]

Час паказаў, што меры па забеспячэнню прыходскага святара аказаліся неэфектыўнымі. 10 кастрычніка 1591 г. тры канонікі віленскага капітула - Марцэл Сухадольскі, Мікалай Карызна і Барталамей Нядзведзкі (у сумесным распараджэнні якіх знаходзіўся маёнтак Корань), прынялі адмысловую уставу наконт Кораньскага прыхода. У гэтым дакуменце адзначаецца, што першапачатковая датацыя была недастатковай для дзейнасці каплана, у сувязі з чым ён кінуў прыход, а сяляне, якія раней перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва, вяртаюцца ў праваслаўныя цэрквы і там выконваюць абрады (poddani tez, ktory incz byli nico od Rusi do Kosciola Catolickiego przystali, zasie nazad sie wracaia y dzieci chrzcza hodzac do Ruskich Cerkiew). У сувязі з гэтым на забеспячэнне касцёла прызначаўся дадатковы даход з аренды карчмы ў сяле Корань. Апрача таго, ад кожнай сялянскай валокі каплану надавалася штогод па возу дроў. На гэты раз была вызначана і новая працэдура збору падаткаў - іх павінны былі збіраць ураднікі альбо старцы і звозіць у той з двароў (прэстымоніяў) маёнтка, пры якім будзе знаходзіцца каплан. Калі ж святар вырашыць сам альбо праз свайго даручэнца ажыццяўляць ранейшае калядаванне, то сяляне могуць даваць яму что-небудзь па сваёй доброй волі. [8]

Павялічэнне датацыі не дасягнула мэты, і ўжо 1 кастрычніка 1596 г. капітул прыняў рашэнне з прычыны недахопу капланаў і малой правізіі ліквідаваць самастойны Кораньскі прыход, а яго касцёл лічыць філіяй суседняга Гайненскага.[9]

Паўторнае рашэнне аб утварэнні Кораньскага прыхода было прынята 11 лютага 1605 г., і ў больш позніх дакументах ажно да XX ст. менавіта гэты год фігуруе ў якасці афіцыйнай даты заснавання касцёла. На гэты раз, улічыўшы ранейшы вопыт, капітул вызначыў святару (плябану) нерухомую маёмасць - засценак Нарбутава з зямельным надзелам у памеры 1 валокі і 22,5 моргаў (каля 36 га). На ім уладальнікі кожнай з 4 частак, на якія падзяляўся ў той час маёнтак, мусілі асадзіць па 1 сялянскай сям'і. Апрача того, касцёлу па-ранейшаму належала доля з даходаў маёнтка – грашовая павіннасць, названая пагарцоўшчына, і натуральныя выплаты ў памеры 5 коп (верагодна, 300 снапоў) жыта, 5 коп ячменю, па 1 бочцы ячменю і 0,5 бочкі гароху з кожнага з прэстымоніяў. Памер палуконня з кожнага сялянскага надзела быў павялічаны з 18 пенязяў (1,8 гроша) да 2 грошаў. У распараджэнні плябана застаўся даход з арэнды карчмы. Пры гэтым агаворвалася, што сяляне могуць з яго дазволу варыць піва на вяселле сына ці дачкі.[10]

Агульны кошт павіннасцяў на карысць касцёла можна ацаніць, зыходзячы з расцэнак, устаноўленых Статутом 1588 г., і улічваючы, што лігатурная маса гроша ў перыяд 1580 – 1607 гг. не мянялася і складала 0,67 г серабра. Капа азімага жыта ацэньвалася ў Статуте ў 20 грошаў, яравога – у 12 грошаў, бочка жыта – у 24 грошы. Капа ячменю каштавала ў сярэднім 10 грошаў, бочка – 20 грошаў, а бочка гороху, аўсу і шэрагу іншых культур – 16 грошаў. У такім выпадку пагарцэўшчына з трох прэстымоніяў павінна была раўняцца 534 грошам. Неўзабаве на пачатку XVII ст. адбыўся рэзкі рост цэн. Калі ён быў адпаведны зніжэнню сярэбранага напаўнення гроша (у перыяд з 1607 па 1623 г. яно зменьшылася да 0,56 г.), то мусіў скласці каля 16 %, и ў 1610-я – 20-я гг. кошт пагарцэўшчыны адпавядаў прыблізна 620 грошам.

Выпіска з тарыфу падымнага з біскупскіх уладанняў за 1653 г. [11] дазваляе вызначыць памеры і населенасць маёнтка Корань у сярэдзіне XVII ст. – напярэдадні спусташальнай вайны з Расіяй. Прэстымоній каноніка Паца налічваў тады 40 дымоў, прэстымоній каноніка Копця - 48, уладанні кораньскага плябана – 10, а асобны прэстымоній Прудкі – 35 дымоў. Такім чынам, усяго ў маёнтку налічвалася 133 сялянскіх гаспадаркі.

На жаль, наступны па часе тарыф падымнага Мінскага павета, складзены адразу па заканчэнні вайны з Расіяй у 1667 г., [12] не змяшчае звестак аб маёнтку Корань, за выключэннем уладанняў плябана. У іх, адпаведна тарыфу, з 10 ранейшых дымоў пасля вайны застаўся ўсяго 1. Напэўна, уладанні капітула таксама былі моцна спустошаны, аб чым ускосна сведчаць даныя па суседнім маёнтку Ганявічы, таксама належаўшым капітулу. У ім тарыф 1653 г. фіксуе два прэстымонія, меўшых адпаведна 48 і 38 дымоў, а тарыф 1667 г. прыгадвае ўсяго 11 дымоў. [13] Гэта пацвярджае агульную выснову аб катастрафічным (прыкладна ўдвая) скарачэнні насельніцтва Беларусі ў вныіку вайны 1654-60 гг., зробленую ў свой час польскім даследчыкам Ю. Можы.[14]

У архіве капітула захаваліся два блізкія па часе інвентары прэстымонія Малыя Ганявічы. Адзін з іх датаваны 1678 г. і прыгадвае трох падданых, з якіх Каптур карыстаўся адной валокой, а другая значылася ў пусташах.[15] Другі інвентар не мае даты, але ў ім прыгаданы тыя ж падданныя, прычым за Каптурам запісаны абедзве волоки. Відавочна, гэты дакумент быў складзены альбо крыху пазней, калі прыгаданы Каптур узяў раней пуставаўшую волоку, альбо крыху раней – калі меркаваць, что ён пакінуў адну з дзвюх належаўшых яму валок. Для нас інвентар каштоўны тым, што на адвароце яго знаходзіцца першы з дайшоўшых да нас (на жаль, таксама недатаваны) інвентар прэстымонія Вялікі Корань. [16] Улічваючы магчымую датыроўку інвентара Малых Ганявіч, час яго стварэння можна ўмоўна вызначыць – каля 1680 г.

Азначаны інвентар змяшчае першыя ўпамінанні імёнаў жыхароў Карэншчыны – сялян вёсак Міхалкавічы і Чэрнева. Усяго названа 6 імёнаў: Мацей Калуш, Мікалай Калуш, Раман, Гаўрылка (с прымячаннем «новік, што аддзяліўся»), Янук Жаўняровіч і Яска Жаўняровіч. Мяркуючы па ўсяму, гэтыя 6 чалавек і іх сем'і ўтваралі ўсё насельніцтва прэстымонія на той момант. Апісанне панскага двара фіксуе карціну поўнага запусцення і заняпаду: апалыя вароты, жылыя і гаспадарчыя пабудовы ахарактарызаваны як надгнілыя, с разбуранымі печамі і падпёртымі дахамі. Ад засеянага ў той год жыта, па вызначэнні складальніка інвентара, «ніякай карысці не чакаецца» (korzysci niespodziewac zadnej).

У 1690 г. быў складзены яшчэ адзін тарыф падымнага Мінскага павета. У ім, аднак, паняцце «дым» страціла свой першапачатковы сэнс. Цяпер яно азначала не рэальны сялянскі двор, а нейкую ўмоўную адзінку абкладання, што ахоплівала некалькі двароў. Аб гэтым сведчыць той факт, што ў тарыфе рэгулярна сустракаюцца велічыні ў 1/2 і нават 1/4 дыма. Тым не менш гэтая крыніца можа даць уяўленне хаця б аб адноснай колькасці падданых. У Вялікім і Малым Корані разам было 9 дымоў, у Прудках - 2, у плябаніі Кораньскага касцёла - 1. Для параўнання, у Вялікіх і Малых Ганявічах разам значылася 5 дымоў. [17] З улікам даных вышейзгаданых інвентароў можна меркаваць, што «дым» дадзенага тарыфа адпавядае прыкладна 4 дварам (гэтым можна растлумачцыь і велічыні ў 1/4 ці 3/4 дыма, што сустракаюцца ў тарыфе). У такім выпадку агульная колькасць падданых маёнтка Корань на 1690 г. можна ацаніць прыкладна ў 48 двароў.

Наступны тарыф падымнага за 1722 г. фіксуе не рост, а яшчэ большае скарачэнне насельніцтва. На гэты раз у абодвух Коранях і Прудках разам значыцца 9 дымов, яшчэ 1 - у плябаніі Кораньскага касцёла.[18] Усяго, такім чынам, у маёнтку было 10 дымоў ці каля 40 двароў.

Адзін з дакументаў, упісаны ў актавую кнігу віленскага капітула 13 мая 1737 г., [19] прыгадвае, што паводле даўніх тарифаў і звычаяў грашовыя выплаты з Вялікага, Малога Кораня і Прудкоў ажыццяўляюцца з разліку 10 дымоў, пры гэтым прэстымоній Вялікі Корань прыроўніваецца да 4 дымоў, Малы Корень і Прудкі - да 3 дымоў кожны. Гэта сведчыць аб далейшай трансфармацыі паняцця «дым» - яно ператварылася ў гістарычную адзінку абкладання, канчаткова страціўшы сувязь з рэальнай колькасцю сялянскіх двароў.

Уяўленне аб населенасці маёнтка і характары павіннасцяў у больш познія часы дае серыя інвентароў XVIII ст. Адкрывае яе інвентарнае апісанне Кораньскага касцёла, датаванае чэрвенем 1740 г.[20] У ім упершыню пайменна пералічана ўсё мужчынскае насельніцтва 8 паселішчаў, што існавалі на той момант на тэрыторыі Карэншчыны - сяла Корань (13 двароў), вёсак Міхалкавічы (17), Жырблевічы (6), Лішчыцы (3), Прудкі (21), Церахі (10), Чэрнева (5) і Грамніца (8) - усяго 83 двара. У большасці гаспадарак (за выключэннем сяла Колрань) пералічаны, хаця і без імёнаў, таксама жонкі і дочкі. Агульнае насельніцтва маёнтка можна вызначыць прыблізна ў 520 чалавек. Для непасрэдных падданых плябаніі, што жылі ў сяле Корань, пазначаны павіннасці: з кожнай гаспадаркі па 2 дні паншчыны ў тыдзень узімку (ад дня Св. Юрыя асенняга да Св. Юрыя вешняга) і па 3 дні - летам. Грашовыя плацяжы не прыгадваюцца.

Наступны па часе інвентар Кораньскага касцёла быў складзены ў маі – чэрвені 1742 г. [21] Дакумент у цэлым аналагічны папярэдняму, за тым выключэннем, што не змяшчае пераліку прыхажан з капитульных прэстымоніяў. Пералічаны толькі падданныя плябаніі, прычым за 2 гады іх колькасць істотна скарацілася. Увогуле ў інвентары пералічаны 10 гаспадарак, але пра жыхароў адной з іх сказана, што ўсе яны памерлі, а ў іншым двары дзеці памерлі, а гаспадар уцёк, так што ў наяўнасці засталася толькі яго жонка. Такім чынам, з ранейшых 13 засталіся 8 паўнацэнных гаспадарак (у іх 13 мужчын, лічачы сыноў). З іх 4 сям'і жылі непасрэдна ў Корані, 3 – у неназваным засценку (з больш позніх крыніц відавочна, што справа ідзе пра Нарбутава), а 1 сям'я – у вёсцы Грамніца.

Гэты інвентар змяшчае першыя звесткі аб забяспечанасці жыхароў Карэншчыны хатняй жывёлай. У адной гаспадарцы яе не было ўвогуле, а ў кожнай з 7 астатніх – па запрэжцы (сахе) з пары валоў, па 1-2 каня і па 1-2 каровы. Указана таксама месцазнаходжанне чатырох зямельных участкаў, належаўшых плябаніі. Адзін з іх знаходзіўся паміж землямі вёскі Міхалкавічы, другі - ля вёскі Чэрнева, трэці – паміж надзеламі вёскі Грамніцы, а чацвёрты - паміж надзеламі вёскі Жырблевічы. Памер кожнага ўчастка пазначаны ў 3 чвэрці. Пры гэтым незразумела, меліся на ўвазе чвэрці валокі (што адпавядае памеру ўчастка прыкладна ў 5,3 га) ці плошча, на якой высяваліся 3 чвэрці (каля 12 пудоў ці 1,97 ц) зерня, что прыблізна адпавядае 1,5 - 2 га.

Блізкі па часе стварэнне недатаваны інвентар прэстымонія Прудкі.[22] Мяркуючы па складзе прыгаданых домаўладальнікаў, ён адносіцца прыкладна да 1744 г. У ім пералічаны 19 гаспадарак у вёсцы Прудкі і 4 - у Лішчыцах. Усяго на 23 гаспадаркі прэстымонія прыходзілася 56 прадстаўнікоў мужчынскага полу. Усе гаспадаркі валодалі аднолькавымі надзеламі па 0,5 валокі (каля 10,7 га), з якіх адна чвэрць валокі лічылася аседлым надзелам, а другая - прыёмным. За аседлую чвэрць належала плаціць чынш у памеры 5 тынфаў (г. зн. 190 грошаў), а за прыёмную - 2 тынфа (76 грошаў). У 12 гаспадарак не было іншых зямель, апрача гэтых дзвюх чвэрцяў валокі. Астатнія карысталіся дадаткова пустоўскай зямлёй, за якую плацілі па 1 тынфу за чвэрць валокі. 4 дворы мелі па 0,25 валокі такой зямлі, 4 - па 0,5 валокі, а адзін гаспадар (Юрка Ліс з Лішчыц) меў 1,5 валокі. Апрача таго, с кожнага надзела належала па 2 тынфа дзякла і паўгроша мядовага, а таксама 6 дзён адпрацовачнай і 1 дзень падводнай павіннасці ў год.

26 мая 1747 г. быў складзены інвентар прэстымонія Вялікі Корань, [23] які ахопліваў 19 гаспадарак у вёсцы Міхалкавічы і 6 – у Чэрневе. Колькасць сыноў і жывёлы ў ім не пазначана, маюцца толькі даныя аб зямельных надзелах і плаце за іх. У гэтым прэстымоніі не было прыёмных валок. 18 гаспадарак мелі па 0,5 аседлай валокі, 5 - па 2/3 валокі, а двое (войт Сымон Калоша і Францішак Калоша з Міхалкавіч) - па цэлай валоке. Апрача таго, адной валокай карыстаўся яўрэй - арандатар карчмы. У Чэрневе тры гаспадара мелі адпаведна 1/2, 3/4 і 1 валоку пустоўскай землі, у Міхалкавічах яе не было зусім. Плата за тыповы надзел у 0,5 валокі складалась з 9 злотых чынша, 2 злотых і 16 грошаў ладройшчыны, 15 грошаў мядоўшчыны, 2 злотых і 16 грошаў дзякла і такой жа сумы работніны. У суме гэта давала 23 злотых і 3 гроша.

Параўнанне з папярэднім інвентаром паказвае, што сума чыншу ў абодвух прэстымоніях была прыкладна аднолькавай (тыповая гаспадарка, валодаўшая паўвалокай аседлай і прыёмнай зямлі, у Прудках плаціла ў пераліку 8 злотых і 26 грошаў, г. зн. крыху меней за 9 злотых). Сума мядовага у першым выпадку складала паўгроша, у другім – палову злотага. Гэта азначае розніцу ў 30 разоў, але, хутчэй, у інвентары Прудкоў маецца памылка, а справа павінна ісці таксама пра палову злотага. Роўнай была і сума дзякла (2 злотых 16 грошаў дакладна адпавядаюць 2 тынфам). У Прудках не было работніны, затое прымяняліся адпрацовачныя павіннасці (верагодна, у Вялікім Корані іх замяняў грашовы эквівалент). Не было там таксама і ладройшчыны (калія яна проста не прапушчана ў інвентары). З улікам папраўкі на кошт мядовага грашовыя павіннасці тыповага надзела ў Прудках (без пустоўскай зямлі) складалі, такім чынам, 357 грошаў, а ў Вялікім Корані – 513 (у тым ліку па 76 грошаў работніны і ладройшчыны, без якіх застаецца 361 грош).

Гэтыя лічбы можна супаставіць з данымі валочнай уставы 1576 г., але з улікам абясцэньвання гроша і змянення структуры ценаў. Ацаніць ступень інфляцыі дапамагае супастаўленне з курсам талера – манеты, колькасць серабра ў якой на працягу другой паловы XVI – XVIII стст. заставалася амаль пастаяннай (у межах 20 – 25 г). У 1570-я гг. талер прыраўноўваўся да 30 літоўскіх грошаў,[24] у якіх вызначаны расцэнкі валочнай уставы. Нагадаем, што ў той час з паўвалочнага надзела добрай ці сярэдняй зямлі, што складаўся з чвэрці цяглай і чвэрці асаднай валокі, належаў чынш у суме адпаведна 26,25 альбо 22,5 грошаў (г. зн. 0,875 – 0,75 талера), дзякло ў 0,5 бочкі жыта (у тагачасных цэнах - 7,2 гроша ці 0,24 талера) і 0,75 – 0,5 бочки аўсу (9 – 6 грошаў, ці 0,3 – 0,2 талера), 2 курыцы і 10 яек (каля 4 грошаў, ці 0,13 талера), паншчына ў памеры 1 дня ў тыдзень, а таксама 6 дзён талакі ў год, падводная і некаторыя іншыя павіннасці. Без адпрацовачных павіннасцяў сума выплат с такога надзела складала каля 1,3 – 1,5 талера.

З 1717 г. курс талера быў прыроўнены да 8 злотых (240 польскіх грошаў меднай манетай).[25] Такім чынам, 9 злотых чыншу і 0,5 злотых мядовага адпавядаюць амаль 1,19 талера, што сведчыць пра павялічэнне грашовых выплат у рэальным вылічэнні прыкладна на 40 – 60 %. Затое дзякло зараз бралася не натурай, а таксама грашыма, прычым у вельмі выгодных для сялян суадносінах. Яго кошт можна супаставіць з цаной прадуктаў харчавання ў сярэдзіне – другой палове XVIII ст., якая неаднаразова пазначаецца ў інвентарах розных маёнткаў. Цэны на збожжа вагаліся ў розныя гады і на розных тэрыторыях, але ў асноўным віленская бочка жыта каштавала ад 16 да 25,5 злотых, бочка аўсу – ад 6 да 20 злотых, курыца – ад 6 да 12 грошаў, дзясятак яек – ад 3 да 10 грошаў. [26] Калі прыняць сярэднюю цану жыта за 20 злотых, а аўсу – за 13 злотых, то дзякло ў памеры 2 злотых і 16 грошаў адпавядала кошту менш чым 0,1 бочкі гэтых культур. Нават калі дапусціць, што ва ўставе 1576 г. размова ішла не пра віленскія бочкі, а пра бочкі-салянкі (яны складалі 1/4 аб'ёму віленскай бочкі), рэальны кошт дзякла за гэты час вельмі панізіўся.

Паншчына ў сярэдзіне XVIII ст. прымянялася толькі ва ўладаннях плябаніі, прычым яна павялічылася з 1 да 2,5 дзён на кожную гаспадарку. У іншых інвентарах паншчына не прыгадваецца зусім, а 6 дзён талакі і падводная павіннасць засталіся толькі ў Прудках, прычым налічваліся таксама не з валокі, а з гаспадаркі (фактычна гэта азначае двухразовае павялічэнне, бо звычайна валоку трымалі дзве гаспадаркі). У Вялікім Корані замест прыгоннай працы браліся ладройшчына і работніна агульным коштам у 5 злотых і 2 гроша (0,63 талера). Верагодна, гэтая сума прыкладна адпавядае кошту даходу, які прыносілі б маёнтку паншчына і талака. У суме павіннасці з паўвалочнага надзела адпавядалі зараз 2,3 – 2,5 талера, а без ладройшчыны і работніны – 1,7 – 1,9 талера. Такім чынам, можно казаць пра пэўнае (але ніяк не драматычнае) павелічэнне эксплуатацыі ў параўнанні з XVI ст.

Для параўнання можна прывесці даныя з інвентара суседняга маёнтка Айнаравічы, які неапсрэдна межаваў з Кораням з паўднёвага захаду. Можна не сумнявацца, што становішча ў ім было добра вядома жыхарам Карэншчыны. Пад час продажу часткі гэтага маёнтка ад Тамаша Цадроўскага Міхалу і Зофіі Свідам у кастрычніку 1752 г. [27] павіннсці падданых складалі: паншчыну ў 2 мужчынскіх і 2 жаночых дня з кожнай хаты, 5 гвалтаў пад час летняга жніва і яшчэ 2 – пад час ворыва, выпрадзенне 3 талек з уласнага льну, дзякло ў памеры 2 чвэртак мінскай меры (трэба меркаваць – палову бочкі) жыта, 2 чвэртак аўсу, 1 воза сена, 2 курыц, 2 дзясяткаў яек і яшчэ 1 злоты грашыма.

Самы ранні інвентар прэстымонія Малы Корань датуецца 9 сакавіка 1761 г. [28] У ім пазначаны 13 двароў у вёсцы Грамніца, 8 - у Жырблевічах і 13 - у Церахах. Амаль усе гаспадаркі мелі па чвэрці валокі оседлай і па чвэрці прыёмнай зямлі (толькі ў двух было ўсяго па чвэрці аседлай валокі), при гэтым 12 гаспадарак у Грамніцы, 7 у Церахах і 2 ў Жырблевічах мелі дадатковую пустоўскую зямлю: 12 двороў - па 1/4 валокі, 5 - па 1/2, 3 - па 3/4, адна - цэлую валоку. Стаўка грашовай павіннасці подле даўных застаў была такой жа, як у папярэдніх інвентарах: 5 тынфаў з аседлай чвэрці, 2 – з прыёмнай і 1 – з пустоўскай, плюс з кожнага двара па 2 тынфа дзякла, 2 тынфа за 6 дзён рабошчызны, 2 тынфа за ладроўшчызну і 15 грошаў мядовага. Але за кошт таго, што тыповы надзел ахопліваў тут не палову, а тры чвэрці валокі (усіх трох разрадаў), сума плацяжоў з яго была на 1 тынф большай, чым у Вялікім Корані - 547 грошаў, ці 18 злотых и 7 грошаў (2,28 талера).

Далей па часе ідзе серыя з трох інвентароў прэстымонія Прудкі, датаваных 1774, 1775 і 1778 гг. [29] Колькасць двароў у Прудках дасягнула 22, у Лішчыцах - 13. Апрача таго, з'явіліся засценкі Гарадзец і Млын, меўшыя па 1 двару. Размеркаванне зямлі за тры дзесяцігоддзя з часу папярэдняга інвентару істотна змянілася: зараз 22 з 36 гаспадароў значыліся карыстальнікамі надзелаў у 0,5 аседлай валокі, яшчэ 5 мелі ў дадатак прыёмную (ад 1/4 да 1/2 валокі), а 7 - пустоўскую зямлю (усе па 1/4 валокі). На агульным фоне выдзяляюцца, з аднаго боку, жыхары Лішчыц Саўка Шэйпа і Мацей Жукоўскі, якія валодалі адпаведна 1 і 1,5 валокамі аседлай зямлі, а з другога боку - Грышка Грэцкі і Адам Жукоўскі з той жа вёскі, у якіх было толькі па пустоўскім надзеле (1/2 і 1/4 валокі адпаведна).

Забяспечанасць сялян рабочай скацінай была даволі аднастайнай. На 36 гаспадарак у 1774 г. прыходзілася 56 коней і 71 вол, у тым ліку 20 гаспадарак мелі па 2 каня і 2 вала, 6 - па 1 каню і 2 вала. Толькі 2 гаспадаркі ў Прудках і 2 ў Лішчыцах мелі па 4 вала і 2 каня (у 1778 г. у двух гаспадароў было ўжо па 4 вала і 3 каня, а ў трох - па 4 і 2). З другога боку, у адным двары былі толькі 1 вол і 1 конь, у другім - толькі конь, а 4 гаспадара не мелі цяглавай жывёлы (двума з іх былі вышэйзгаданыя Грышка Грэцкі і Адам Жукоўский).

Плата за тыповы надзел у 0,5 аседлай валокі складала, паводле інвентару 1774 г., 18,5 злотых (2,31 талера). При гэтым ніякіх адпрацовачных павіннасцяў сяляне не выконвалі, бо ў маёнтку адсутнічала панскае ворыва. У 1775 г. павіннасці рэзка ўзраслі: з той жа паўвалокі належала 10 тынфаў (паводле тагачаснага курсу гэта складала 32 злотых, ці 4 талера) чыншу і 6 тынфаў за мёд и воск, да таго ж сяляне мусілі адпрацоўваць яшчэ па 2 дня паншчыны ў год (магчыма, на самай справе - у тыдзень) на карысць кораньскага плябана, які ў гэты час арандаваў прэстымоній. Трэба меркаваць, што менавіта з арэндай і звязана рэзкае павялічэнне павіннасцяў. У 1778 г. чынш зноў панізіўся да 20 злотых (2,5 талера) с паўвалокі.

Для параўнання маецца амаль адначасовы інвентар часткі сумежнага маёнтка Айнаравічы, набытай у сакавіку 1779 г. Стэфанам і Зофіяй Свідамі ад Зофіі Цэдроўскай і яе мужа Зыгмунта Шыцкага. [30] Зараз паншчына ў гэтым маёнтку складала ўжо 2 мужчынскіх і 3 жаночых дня з гаспадаркі (на 1 больш параўнальна з 1752 г.), плюс 2 мужчынскіх гвалта на ворыве і 3 жаночых – на жніве. Затое дзякло не прыгадваецца – магчыма, за кошт яго скасавання і была павялічана паншчына. Іншыя павіннасці з паўвалочнага надзела складаліся з 2 злотых падымнага, 3 курыц, 20 яек, 3 талек прадзіва. Апрача таго штоноч належала выходзіць па чарзе на варту ў панскі двор, а для засыпання грэбель, ежлі б таго патрэба была, з сваіх дзён ехаць павінны. За паўвалокі прыёмнай зямлі належала плата ў 10 злотых.

Група блізкіх па часе інвентароў адносіцца да прэстымонія Вялікі Корань. Адзін з іх датаваны 1 кастрычніка 1781 г., [31] а другі, што захаваўся ў трох розных спісах - 1 кастрычніка 1786 г. [32] Гэтыя інвентары з'яўляюцца найбольш падрабязными. Інвентар 1781 г. фіксуе 17 двароў у Чэрневе (у іх 52 асобы мужчынскага полу і не менш 32 - жаночага [33] ), 21 двор (адпаведна 57 і 51) у Міхалкавічах і яшчэ 7 (20 і 17) – у Загор'і, якое было выселкам той жа вёскі і пазней злілася з ёй. Апрача таго, у складзе прэстымонія з'явілася яшчэ адно новае паселішча - Юршы - з 4 дварамі (12 і 9). Усяго, такім чынам, у наяўнасці было 49 двароў з прыкладна 250 - 260 жыхарамі. На іх прыходзілася 75 коней (1,5 на двор), 84 вала (1,7), 100 кароў (2), 202 авечкі (4,1), 70 коз (1,4), 125 свіней (2,5) і 4 вуллі пчол. Звесткі аб памерах надзелаў страчаны для 5 двароў Чэрнева з прычыны пашкоджання адпаведнага аркушу інвентара. З астатніх 44 гаспадарак 28 мелі надзелы па 1/2 валокі, 2 - па 3/8 валокі, 7 - па 3/4 валокі, 2 - па 5/8 валокі. У 3 гаспадароў было ўсяго па 1/4 валокі, а ў 2 – увогуле не было (адзін з іх запісаны як парабок, другі - як млынар-агароднік). З тыповага надзелу ў 0,5 валокі належалі павіннасці ў памеры 20 злотых чиншу, плюс 4 злотых і 20 грошаў падымнага.

Інвентар 1786 г. змяшчае істотныя адрозненні, асабліва ў адносінах да свойскай жывёлы. Колькасць двароў у Чэрневе павялічылася да 20 (апрача іх, пазначана 1 сям'я кутнікаў, не меўшая ўласнай хаты). У Міхалкавічах стала 23 двара (і яшчэ 5 сем'яў кутников), у Загор'і - 9 двароў і ў Юршах - па-ранейшаму 4. Колькасць жыхароў абодвух палоў (без кутнікаў) склала 339 чалавек на 56 двароў (6 чал. на двор). Рэзка павялічылася ў параўнанні з папярэднім інвентаром колькасць скаціны: на гэты раз згадваюцца 191 конь (3,4 на гаспадарку), 233 вала (4,2), 347 кароў (6,2), 443 авечкі (7,9), 148 коз (2,6), 617 свіней (8,3) і 79 вулляў. Лічбы па асобных дварах уражваюць: напрыклад, у гаспадарцы Лявона Саўрыцкага з Чэрнева значацца 4 каня, 8 валоў, 12 кароў, 14 авечак, 7 коз і 13 свіней, тады як у інвентары 1781 г. у яго пазначаны толькі 1 конь, 2 вала, 2 каровы, 5 авечак, 2 казы і 1 свіння. Такая вялікая розніца за 5 гадоў наўрад ці можа быць растлумачана натуральным прыростам. Магчыма, у першым выпадку быў моцны недаўлік, альбо падлічвалася толькі дарослая жывёла, а ў пазнейшым інвентары – таксама і маладняк.

Велічыня надзелаў крыху скарацілася: з 56 гаспадарак 39 мелі па 1/2 валокі, 3 - па 3/4, 5 - па 3/8 і 8 - па 1/4. Беззямельныя гаспадаркі на гэты раз адсутнічаюць. Усе валокі адносіліся да аднаго разраду - аседлых (сядзібных). Толькі адна гаспадарка - ляснічага Станіслава Фалькоўскага - мела, апрача 3/4 валокі асноўнага надзелу, яшчэ 1/2 вольнай валокі. У Міхалкавічах амаль усе двары мелі таксама па 2 морга (каля 1,4 га) сенажацяў. У іншых паселішчах іх не было амаль ні ў каго, толькі ў Чэрневе 3 двара мелі да сваіх паўвалочных надзелаў па 5 дадатковых моргаў – ворыўных і сенакосных.

Спіс павіннасцяў у гэтым інвентары даволі складаны. Грашовыя павіннасці збіраліся перад днём Св. Міхаіла. Са стандартнай паўвалокі належала 24 злотых чыншу, а апрача таго - 2 злотых мядовага і 1 злоты 10 грошаў падымнага з кожнага двара. За дадатковыя моргі была адмысловая плата - па 1 злотаму і 15 грошаў з ворыўнага і па 24 гроша - з сенакоснага морга. На кожны злоты налічваўся яшчэ і дадатак у памеры 1 гроша - грашовая подаць. Усяго з двара прыходзілася, у залежнасці ад памераў надзела, розных плацяжоў на суму ад 18 да 55 злотых, часцей за ўсё – каля 35 - 37 злотых у год. Кутнікі плацілі 6 злотых 20 грошаў падымнага.

Можна канстатаваць павелічэнне чыншу ў параўнанні з 1747 г. у 2,7 раза, мядовага ў 4 разы і з'яўленне новых грашовых выплат – падымнага і грашовага. Дзякло зноў выступала ў выглядзе натуральнай павіннасці - па паўбочкі жыта і аўсу, па 4 курыцы і 30 яек, па 2 капы грыбоў з кожнай паўвалокі. Замест знікшых ладройшчыны і работніны зноў з'явіліся адпрацовачныя павіннасці: паншчына ў памеры 3 мужчынскіх і 2 жаночых дзён у тыдзень з валокі (г. зн. 2,5 дня з паўвалочнага надзела), плюс адна паездка ў год на сваёй падводзе ці транспартыроўка па вадзе 1 плыта да Вільна (на адлегласць каля 210 км). Апрача таго, належала выходзіць на рамонт мастоў, гацяў і карчмы, а ў выпадку заснавания ў вёсцы новага двара кожная гаспадарка абавязана была вывезці з лесу па 10 бярвенняў.

Інвентарнае апісанне Кораньскага прыхода ад 31 студзеня 1783 г. [34] змяшчае вопіс маёмасці плябаніі, яе зямельных угоддзяў, а таксама спіс падданных, што жылі ва ўладаннях касцёла - Кораньскай юрысдыке. Землі плябаніі знаходзіліся ў самым селе Корень (каля 8 валок) і цераспалосна з уладаннямі капітула - у засценку Нарбутава (1 валока 22 морга), у Капцах (1 валока), сярод земляў вёскі Прудкі ва ўрочышчы Дворышча (1 валока), а таксама па 1,5 валокі ў Міхалкавічах, Жырблевічах, Церахах і Грамніцы. Усяго на гэтыя землі прыходзілася каля 10 валок ворыва, каля 7 валок лесу, каля 2,5 валок сенакосаў. Прыкладна 6 валок выкарыстоўваліся на патрэбы плябаніі, а 5 былі выдзелены пад надзелы сялян. Плябаніі належалі таксама два става - у Капцах і Бачылаўцы (з іх другі - напалам з маёнткам Укропавічы). Спіс падданных уключаў 9 двароў і 3 сям'і кутнікаў у Корані, 4 двара ў Нарбутаве, а таксама па 1 двару ў Грамніцы, Церахах і Жырблевічах і сям'ю каваля Томаша Шчарбовіча, што жыла ў Чэрневе (відавлчна, без уласнага двара і зямельнага надзела). Усяго ў 16 дварах пералічаны 111 чаловек (57 асоб мужчынскага полу і 54 – жаночага), з іх 13 кутнікаў. У іх карыстанні знаходзіліся 21 рабочы конь і 4 жарабя, 31 рабочы вол і 6 маладых, 27 кароў і 6 цялушак, 70 авечак, 18 коз і 48 свіней. Непасрэдна ў плябанскай гаспадарцы было 6 дойных кароў, 1 пляменны бык (бугай), 10 авечак, 10 свіней, 7 гусей, 6 качак, 10 кур. Апрача таго, за асабістыя грошы плябана былі куплены 7 кароў, 2 вала, 1 бугай, 19 авечак, 1 каза, 1 казёл, 7 свіней, 9 індыкоў і 4 гуся.

Павіннасці кожнай гаспадаркі зводзіліся да паншчыны ў колькасці 3 дзён у тыдзень (усяго 156 дзён у год) і выплаце падымнага - 3 злотых 10 грошаў. Памеры надзелаў не пазначаны, але, калі верыць звесткам пра тое, што ў суме яны складалз каля 5 валок, то на кожны двор прыходзілася ў сярэднім меней 1/3 валокі (7 га). На гэтых надзелах высевалася 10 бочак жыта (азімага), каля 2 бочак ячменю, 8 бочак аўсу, 4 бочкі яркі (яравога жыта), па 2 бочкі пшпніцы і гароху, па чвэрці льну і канаплі. Норма высеву зернявых, мяркуючы па гэтых лічбах, складала каля 1 чвэрці (100 л, ці 0,8 ц) на гектар. Ураджайнасць жыта прыкладна ў пяць разоў перавышала пасеў (г. зн. была каля 4 ц/га), ячменю – вагалася ад сам- 1 да сам-10, аўсу – каля сам-3, прычым у інвентары адзначаецца, што ў даўнія гады ураджай аўсу нават не вяртаў насення.

Да гэтага інвентара дадаецца запіс аб змяненні зямельных уладанняў касцёла, здейсненым капітулам 24 кастрычніка 1787 г. [35] Плошча іх склала з таго часу 17 валок 22 моргаў, з якіх 6 валок належалі непасрэдна плябаніі, а 10 валок 22 морга прызначаліся пад надзелы яе прыгонных.

Завяршаюць спіс інвентароў XVIII ст. два інвентара прэстымонія Прудкі, датаваныя 29 верасня 1787 г. і 1789 г. [36] Колькасць двароў у Прудках склала ў 1787 г. 22, а праз два гады - 23. У Лішчыцах іх было адпаведна 13 і 14. У 1787 г. 1 двор пазначаны таксама ў засценку Капцы, а 2 - у засценку Гарадзец. У 1789 г. іх насельнікі дапісаны пасля спіса гаспадарак вёскі Лішчыцы, без пазначэння месца жыхарства. Памеры надзелаў пазначаны толькі ў інвентары 1787 г., прычым не ў валоках, а ў моргах (1/30 валокі). Самыя маленькія надзелы - па 10 сядзібных моргаў, ці 1/3 валокі – былі ў 3 сялян, плаціўшых за іх чынш па 13 злотых 10 грошаў. Самым буйным быў надзел у 2 валокі, належаўшы Мацею Жукоўскаму з Лішчыц. За яго належаў чынш у 80 злотых. Яшчэ 3 чалавека мелі надзелы звыш 1 валокі сядзібнай зямлі, а ў 7 спалучэнне сядзібных і прыёмных моргаў у суме давала валоку і болей, што азначала плату ад 40 да 63,5 злотых. Палова ўсіх надзелаў (20) укладвалася ў памеры ад 20 да 27 моргаў (14 - 19 га) сядзібнай зямлі, яшчэ ў 5 сялян такія ж лічбы давала спалучэнне сядзібных і приёмных моргаў. Чынш з такіх надзелаў налічаўся ў межах ад 26 злотых 20 грошаў да 36 злотых. На 0,5 валоки сума чиншу складала 20 злотых, г. зн. яна не змянілася ў параўнанні з 1778 годам. Верагодна, былі і іншыя павіннасці, аналагічныя павіннасцям сялян з іншых вёсак (падымнае, мядовае), але ў інвентары яны не прыгадваюцца.

Сярэдні памер гаспадаркі быў доволі стабільным. Па даных інвентара 1740 г. ён складаў каля 6,3 чал. (дыяпазон ваганняў - ад 2 да 18). Серыя інвентароў 1783 – 1789 гг. змяшчае даныя аб гаспадарках па 7 з 12 паселічшаў. Іх сярэдні памер складаў 6,1 чел., а з улікам кутнікаў – да 6,3 (пры размаху ваганняў ад 1 да 14). Забяспечанасць зямлей моцна мянялася па розных прэстымоніях, і нават па адным паселішчу з цягам часу, што бачна з табліцы 1. Верагодна, значнае павелічэнне ворыўнай зямлі ў прэстымоніях Вялікі Корань і Прудкі звязан з расчысткай новых земляў з-пад лесу.

Табліца 1. Колькасць насельніцтва і зямлі ў гаспадарках паводле даных інвентароў XVIII ст.

Даты Паселішчы Гаспадаркі Душы Усяго зямлі На 1 двор На 1 душу (га)
муж. усяго валок га валок га
1742 Корань, Нарбутава (а) 9 13 - - - - - -
1744? Прудкі, Лішчыцы 23 56 - 16 341 0,69 14,8 -
1747 Міхалкавічи, Чэрнева 25 - - 15,6 332 0,62 13,3 -
1761 Грамніца, Жырблевічы, Церахі 34 131 - 24,25 516,5 0,71 16,2 -
1774/5 Прудкі, Лішчыцы, Гарадзец, Млын 36 96 - 20,3 433 0,55 11,7 -
1781 Міхалкавічы, Чэрнева, Юршы 49 141 255? 22(б) 469(б) 0,5 10,6 -
1783 Корань, Нарбутава (в) 16 49(г) 100(г) 5? 105? 0,31 6,6 1,05
1786 Міхалкавічы, Чэрнева, Юршы 56 175(г) 339(г) 25,6 546 0,46 9,8 1,61
1787 Корань, Нарбутава 16? 49? 100? 10,7 228 0,67 14,2 2,28
1787/9 Прудкі, Лішчыцы, Гарадзец,, Капцы 40 127 236 34,6 737 0,86 18,4 3,12

(а) - Уключаючы 1 двор у Грамніцы
(б) - Падлікі толькі ў адносінах да 44 гаспадарак
(в) - Уключаючы па 1 двору ў Грамніцы, Жырблевічах, Церахах і Чэрневе
(г) - Не ўлічаючы кутнікаў

Забяспечанасць большасці гаспадарак хатняй скацінай была задавальняючай. Тыповая гаспадарка мела, як правіла, 1 – 2 коней, пару валоў, не менш 2 кароў, 2 – 3 свіней.

Таблiца 2. Наяўнасць хатняй скаціны ў гаспадарках паводле даных інвентароў XVIII ст.


Даты Паселішчы Гаспадаркі Коні Валы Каровы Авечкі Козы Свінні Вуллі пчол
1742 Корань, Нарбутава (а) 9 9 14 9 - - - -
1744? Прудкі, Лішчыцы 23 43 68 - - - - -
1761 Грамніца, Жырблевічы, Церахі 34 59 73 - - - - -
1774/5 Прудкі, Лішчыцы, Гарадзец, Млын 36 56 71 - - - - -
1781 Міхалкавічы, Чэрнева, Юршы 49 75 84 100 202 70 125 4
1783 Корань, Нарбутава (б) 16 25(в) 37(в) 33(в) 70 18 48 -
1786 Міхалкавічы, Чэрнева, Юршы 56 191 233 347 443 148 617 79


(а) - Уключаючы 1 двор у Грамніцы
(б) - Уключаючы па 1 двору ў Грамніцы, Жырблевічах, Церахах і Чэрневе
(в) - Уключаючы маладняк

У XVIII ст. у маёнтках капітула пераважала грашовая рэнта – чынш. Самая высокая норма паншчыны фіксуецца ў інвентарах Кораньскай плябаніі (2,5 – 3 дня з гаспадаркі) і прэстымонія Вяликі Корань за 1786 г. (3 мужчынскіх і 2 жаночых дня з валокі, ці прыкладна 2,5 з гаспадаркі). Паколькі сярэдні памер гаспадаркі быў блззкі да 6 чал., з іх прыкладна палова працаздольных, то на кожнага работіика прыходзілася менш 1 чалавека-дня ў тыдзень. Гэтая норма была намнога ніжэй за сярэднюю па тэрыторыі Беларусі. Нагадаем, што ў суседнім маёнтку Айнаравічы паншчына складала 4 – 5 дзён з гаспадаркі, ці 8 – 10 з валокі. Такое становішча было куды больш тыповым для шляхецкіх маёнткаў. Поводле падлікаў П. Лойкі, у 29 прыватнаўласніцкіх маёнтках захаду і цэнтра Беларусі ў другой палове XVIII ст. паншчына складала ў сярэднім 9,8 чалавека-дзён у тыдзень з валокі.[37] Характэрна, што і сярэдні памер гаспадаркі па Беларусі ў цэлым быў прыкметна вышэйшы. Ю. Можы паводле даных 15 инвентароў за перыяд з 1725 па 1808 г. налічыў у 4370 дварах 34950 душ, г. зн. каля 8 чал. на двор.

У сакавіку 1793 г. у працэсе другога падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя цэнтральнай Беларусі адышла да Расіі. Для ўладанняў каталіцкай царквы гэта мела вельмі істотныя наступствы: усе маёнткі біскупа і капитула ў 1794 г. былі канфіскаваны. У актавай кнізе капітула за 1797 г. прыводзіцца пералік страчаных уладанняў, сярод якіх фігуруюць прэстымоній каноніка Игнацыя Кліманьскага – Вялікі Корань, прэстымоній Никадзіма Пузыны – Корань альбо Красны Бор, прэстымоній Якуба Дэдэркі – Прудкі. [38] 18 жніўня 1795 г. маніфестам імператрыцы Кацярыны II гэтыя і шэраг іншых канфіскаваных маёнткаў (у тым ліку і суседнія Айнаравічы, альбо Мураваны Двор) былі пажалаваны ва ўласнасць генерал- маёру Івану Мікалаевічу Няплюеву.[39] Пры гэтым тры былыя капітульныя прэстымоніі былі аб'яднаны ў адзін маёнтак, які атрымаў назву Красны Бор.

Пераход у склад Расійскай імперыі азначаў для жыхароў Карэншчыны не толькі змену ўладальніка, але і шэраг іншых, часам весьмі балючых новаўвядзенняў. Адным з іх была рекруцкая павіннасць, якой не ведала Рэч Паспалітая. Адгэтуль усё мужчынскае насельніцтва ва ўзросце ад 19 да 35 гадоў трапляла ў разрад ваеннаабавязаных, і пры абвяшчэнні чарговага набора (ён праводзіўся ў сярэднім 1 раз у год) кожны з іх рызыкаваў трапіць на 25-гадовую вайсковую службу. Адчувальна павялічыўся і ўзровень эксплуатацыі сялян. Хаця непасрэдных звестак на гэты конт няма, можна меркаваць, што ў маёнтку Красны Бор ужо ў гэты час замест чыншу ўсталявалася такая ж паншчына, як і ў суседніх Айнаравічах, чаму спрыяла часовае аб'яднанне абодвух уладанняў у адзін маёмасны комплекс генерала Няплюева. Пасля яго смерці абодва маёнткі дасталіся ў спадчыну яго дачке Марыі, па мужу Енгалычавай, якая 21 чэрвеня 1826 г. прадала Красны Бор гвардыі палкоўніку Казіміру Іванавічу Чудоўскаму. [40]

Што тычыцца ўладанняў Кораньскага касцёла, то яны былі пакінуты ў руках плябана Рафала Гзоўскага. Згодна інвентарнаму апісанню ад 8 снежня 1796 г., [41] землі гэтага маёнтка пасля паўторнай фундацыі капітула ад 1787 г. вымяраліся 17 валокамі 22 моргамі, з якіх 6 валок выкарыстоўваліся плябанскім дваром, а 10 валок 22 морга складалі надзелы прыгонных сялян плябаніі (іх спіс у гэтым інвентары адсутнічае).

Наступнае апісанне Кораньскага касцёла датуецца 18 жніўня 1804 г. [42] На той час у Корані было 4 двара, у Нарбутаве - 3. Яшчэ 7 чалавек пазначаны ў спісе чэлядзі плябанскай і 1 – у якасці кутніка. Колькасць душ ободвух палоў складала 59 чал. Усе сялянскія надзелы былі аднолькавымі - па 3 морга (крыху больш за 2 га) сядзібнай зямлі і па 3 морга сенакосаў. Апрача таго, сяляне мелі яшчэ палявыя надзелы, падзеленыя на 3 змены па 4 морга ў кожным участку. Адна гаспадарка (Мацея Гусакоўскага) мела дадаткова ўчастак пусташы ў 6 моргаў сядзібнай і сенакоснай зямлі. У сярэднім на двор прыходзілася па 12 моргаў ворыва, па 3 морга сядзібнай і 3 - сенакоснай зямлі, г. зн. па 18 моргаў (крыху менш за 13 га) на двор. За сядзібныя надзелы належала па 2 мужчынскіх і 2 жаночых дня паншчыны і па 2 талакі ў год (на вываз гною і на жніво). Такім чынам, і ў царкоўных уладаннях норма паншчыны наблізілася да лічбы, характэрнай для шляхецкіх маёнткаў. Зямельныя ўладанні плябаніі ў суме складалі 18 валок (каля 385 га), з іх 9,5 валокі і 2,5 морга прыходзілася на дворную зямлю, 5 валок - на сялянскія надзелы, 3 валокі і 12,5 моргаў - на баравы лес. 4 пусташы (іх памер не пазначаны) знаходзіліся ў арэндзе ў яўрэя-карчмара і трох дробных шляхцічаў - Міхала Главацкага, Антонія Гашынскага і Станіслава Добжынскага. На 7 сялянскіх двароў прыходзілася 8 коней, 3 клячы (кабылы), 3 жарабя, 17 валоў, 1 бык, 8 кароў, 1 цёлка, 12 коз, 35 авечак, 16 свіней, 41 курыца. Аднаму з сялян - Вінцэнту Шчарбовічу - як новіку нядаўна оседламу была прадастаўлена ільгота на 2 гады, па заканчэнні якой ён мусіў выконваць павіннасці ў агульным парадку.

Інвентар ад 3 чэрвеня 1807 г. [43] быў складзены з нагоды перадачы плябаніі пасля смерці Рафала Гзоўскага новаму ксяндзу - Юзафу Валіцкаму. З чатырох арандатараў пусташаў засталіся двое - яўрэй Гірш і шляхціч Добжынскі. Колькасць двароў у Нарбутаве засталася нязменнай, у Корані - павялічылася з 4 да 6, а колькасць падданых у абодвух паселішчах склала 69 (без чэлядзі, спіс якой адсутнічае). На 9 двароў прыходзілася 7 коней, 11 кляч, 3 жарабя, 18 валоў, 6 бычкоў, 4 цёлкі, 16 кароў, 2 перадойкі, 8 коз, 48 авечак, 21 свіння, 59 кур. У гаспадарцы Мацея Гусакоўскага было 6 вулляў пчол, яшчэ 1 вулей - у Міхала Гусакоўскага.

Наступнае інвентарнае апісанне Кораньскага касцёла, датаванае 5 лютага 1822 г., [44] прыгадвае 4 сялянскіх двара ў Корані і 4 ў Нарбутаве - усяго 63 чалавека ободвух палоў. Яшчэ 2 чалавека служылі пры плябаніі. На ўсе 8 двароў прыходзілася 10 коней, 17 валоў, 9 кароў, 33 авечкі, 21 свіння, 53 курыцы, 1 вулей пчол.

Багатую інфармацыю змяшчае інвентар маёнтка Красны Бор, які захаваўся ў фондзе Мінскага губернскага інвентарнага камітэта. [45] Дата яго складання не пазначана, але ў загалоўку ўладальнік маёнтка Казімір Чудоўскі названы нябожчыкам (ён памёр 12 ліпеня 1846 [46] г., а 21 жніўня таго ж года у валоданне маёнткам быў уведзены яго брат Аляксей [47]). Фармальна інвентар трэба датаваць чэрвенем - жніўнем 1846 г., аднак супастаўленне пазначанага ў ім узросту сялян з данымі метрычных кніг і рэвізскіх сказак паказае, што пры яго стварэнні былі механічна выкарыстаны звесткі з нейкага гаспадарчага інвентара таго ж маёнтка за 1841 г.

У інвентары у якасці самастойных гаспадарак выступаюць не толькі трымальнікз ворыўных (грунтовых) надзелаў і агароднікі, што карысталіся толькі сядзібнай зямлёй з агародам, але таксама халупшчыкі, увогуле зямлі не меўшыя. Асобна пазначаны кутнікі. Усяго ў маёнтку значылася 142 гаспадарак на поўных надзелах, 3 агароднікі, 6 халупшчыкаў і 13 кутнікаў. Памеры надзелаў для ўсіх грунтовых двароў былі аднолькавымі - па 15 дзесяцін [48] палявой і 5 дзесяцін сенакоснай зямлі. Гэта, аднак, супярэчыць змешчанай у пачатку інвентара агульнай характарыстыцы маёнтка, якая адносіцца да 1846 г. У ёй пазначана што на двор прыходзіцца па 1 дзесяціне сядзібнай зямлі, 10 дзес. ворыўнай і 3,3 - сенакоснай. Відавочна, паміж 1841 і 1846 г. памеры надзелаў былі скарочаны.

Табліца 3. Маёнтак Красны Бор па даных інвентара 1841 г.

Паселішчы: Колькасць двароў Колькасць душ Хатняя скаціна пчолы
муж. жан усяго коні валы жараб бычкі каровы цёлкі авечкі козы свінні
пры маёнтку 1 2 4 6 0 0 0 0 0 1 2 0 3 0
1 Грамніца 17 61 74 135 24 33 0 15 23 16 87 20 61 12
2 Града 1 7 4 11 4 3 2 3 5 2 9 0 5 6
3 Жырблевічы 12 58 56 114 17 35 5 17 23 16 77 14 56 24
4 Казыры 13 58 70 128 30 34 5 17 28 21 87 11 71 54
5 Лішчыцы 13 50 49 99 18 25 2 11 18 10 66 20 43 8
6 Міхалкавічы 31 135 140 275 45 71 10 22 40 38 154 64 111 10
7 Востраў 1 7 7 14 4 4 1 2 4 3 8 0 4 0
8 Прудкі 25 97 124 221 28 52 5 17 32 27 121 56 60 6
9 Церахі 24 90 111 201 28 58 10 31 40 30 107 38 86 37
10 Чэрнева 13 63 59 122 26 35 13 13 26 22 71 19 41 4
Усяго 151 628 698 1326 224 350 53 148 239 186 791 242 541 161

У параўнанні з перыядам ВКЛ рэзка ўзрасла сярэдняя населенасць двара – зараз яна складала 8,8 чал. Верагодна, гэта было реакцыяй сялян на рост адпрацовачных павіннасцяў: для гаспадаркі, якая мела больш рабочых рук, цяжар на кожнага быў не такі вялікі. Таму запозненае адшчапленне новых гаспадарак, як і больш раннія шлюбы (што прыводзіла ў сям'ю новую работніцу) сталі выгоднымі для сялян.

У сваю чаргу памешчык адрэагаваў тым, што прымяніў новую сістэму раскладкі павіннасцяў – ужо не ў разліку на двор ці валоку, а ў залежнасці ад колькасці работнікаў у гаспадарцы. На кожнага працаздольнага (такімі лічыліся мужчыны і жанчыны ад 15 да 50-55 гадоў) прыходзілася ў сярэднім па 1 дню прыгону ў тыдзень. У цэлым на 142 цяглых гаспадарак гэта давала 286 мужчынскіх дзён (з іх 275 дзён конных і 11 - пешых) і 288 жаночых, г. зн. прыкладна па 4 дні паншчыны на гаспадарку. Апрача таго, незалежна ад колькасці працаздольных кожная гаспадарка обавязана была адпрацаваць 1 дзень у якасці шарварка, што давала яшчэ 100 конных і 42 пешых дзён, а сярэдняя колькасць адпрацовачных чалавека-дзён з цяглай гаспадаркі дасягала 5. У дадатак, з кожнай працаздольнай душы (уключаючы агароднікаў і нават кутнікаў) належала ў год па 6 дзён летняй дапамогі, альбо талакі. Гэтая павіннасць была ўнаследавана яшчэ з XVI стагоддзя, але замест валокі ці двара таксама вылічалася зараз з кожнай душы. 138 найбольш моцных гаспадарак выконвалі яшчэ ў год па 1 падводзе (поездцы са сваім гужавым транспартам на адлегласць каля 1 милі, альбо 7,4 км). Тыя, хто трымаў пчол, уносілі натуральную павіннасць мёдам: звычайна па 12 кварт [49] з двара, хаця некаторыя уладальнікі пасек уносілі па 48 і нават 60 кварт.

Падсумоўваючы, можна канстатаваць, што прыналежнасць маёнтка Корань віленскаму капітулу была фактарам, вельмі спрыяльным для сялян. Узровень іх эксплуатацыі ў найбольш жорсткай форме – адпрацоўка прыгону - ў той час быў істотна ніжэйшы за сярэдні па Беларусі. З пераходам маёнтка ў прыватныя рукі гэтая перавага знікла, і ў цэлым становішча былых капітульных падданых істотна пагоршылася. Гэта пацвярджаецца ўспамінамі, зафіксаванымі на пачатку ХХ ст. ураджэнцам вёскі Міхалкавічы – беларускім культурным дзеячом і этнографам-аматарам А. Варлыгай. Ён адзначае, што ў свядомасці сялян расійскае панаванне было часам пагаршэння іх становішча, і таму пад час вайны 1812 г. іх сімпатыі адназначна былі на баку французаў.[50]

  1. Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. - Krakow, 1948. N 25. S. 40-2; Vitoldiana. Codex privilegiorum Vitoldi magni ducis Lithuaniae 1386 - 1430 / Wyd. J. Ochmanski. - Warszawa - Poznan, 1986. N 13. S. 18-9.
  2. Аддзел рукапісаў біьліятэкі АН Літвы (Далей – АРБАНЛ). Ф. 43. Адз. зах. 435.
  3. Там жа. Адз. зах. 213. Арк. 77 адв. - 79; Ochmanski J. Op. cit. S. 190-1.
  4. АРБАНЛ. Ф. 43. Адз. зах. 213. Арк. 202 адв. – 204. Гл. таксама: Ochmanski J. Op. cit. S. 191, 195-6.
  5. У 1560-я – 70-я гг. лігатурная маса гроша складала 0,868 г серабра. 1 грош раўняўся 10 пенязям.
  6. Відавочна, мелася на ўвазе вялікая, так званая віленская бочка, роўная 4 малым бочкам – карцам. Адпаведна артыкулу 30 раздзела 3 Статута ВКЛ 1566 г. умяшчальнасць бочкі складала «4 корцы без верху и тресенья, але под стрых». Яе аб'ём раўняўся каля 407 л, ці каля 16 пудоў (262 кг) збожжа.
  7. Там жа. Адз. зах. 214. Арк. 244.
  8. Там жа. Адз. зах. 215. Арк. 168 адв. - 171 адв.
  9. АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 215. Арк. 279.
  10. Там жа. Адз. зах. 216. Арк. 58 - 59 адв. Гл. таксама копію: НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 22. Арк. 433-4.
  11. АРБАНЛ. Ф. 43. Адз. зах. 609.
  12. Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (ДГАЛ). Ф. СА (Старажытныя акты). Адз. зах. 3721. Арк. 28.
  13. Там жа. Арк. 36.
  14. Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie i Bialorusi w 2 polowie XVII wieku. – Poznan, 1965.
  15. АРБАНЛ. Ф. 43. Адз. зах. 8584.
  16. Там жа. Адз. зах. 10750.
  17. НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 144. Арк. 38.
  18. Там жа. Арк. 53.
  19. Там жа. Арк. 352-4.
  20. ДГАЛ. Ф. 694. Воп. 1. Адз. зах. 4481.
  21. НГАБ. Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 82, 89-90.
  22. АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10771.
  23. Там жа. Адз. зах. 10758.
  24. Gumowski M. Mennica Wilenska w XVI i XVII wieku. – Warszawa, 1921. S. 61.
  25. Рябцевич В. Н. О чем рассказывают монеты. – 2-е изд. – Мн., 1977. С. 157.
  26. Указанні на цэны прадуктаў змяшчаюцца ў інвентарах, апублікаваных Віленскай археаграфічнай камісіяй: АВК. Т. 35. - Вильно, 1910. С. 67, 73, 108, 110, 119, 192, 198, 233, 242, 305, 320, 325; там жа. Т. 38. - Вильно, 1914. С. 76-7, 202. Даныя з інвентара 1734 г. маёнтка Бачэйкава маюцца таксама ў публікацыі: Цехановецкий В.П. Хроника одного поместья. Бочейково. - Витебск, 1905. С. 18.
  27. ДГАЛ. Ф. СА. Адз. зах. 116. Арк. 13 – 16 адв.
  28. АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10760.
  29. АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10761, 10762.
  30. НГАБ. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 6. Арк. 278 – 283 адв.
  31. ДГАЛ. Ф. 694. Воп. 1. Адз. зах. 3397. Арк. 50-3.
  32. Там жа. Арк. 55-6 адв.; АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10763, 10764.
  33. Канцы радкоў, прысвечаных жыхарам Чэрнева, у гэтым інвентары пашкоджаны, таму страчаны імёны некалькіх дачок (прынамсі - у трох дварах).
  34. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Адз. зах. 219. Арк. 125-68.
  35. Там жа. Ф. 1769. Воп. 1. Адз. зах. 22. Арк. 431-2. Гл. таксама: Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 94 адв.
  36. АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 10765, 10766.
  37. Лойка П. А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі: Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI –XVIII ст. – Мн., 1991. С. 100.
  38. АРБАНЛ. Ф. 43. Воп. 1. Адз. зах. 244. Арк. 336.
  39. НГАБ. Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 126.
  40. НГАБ. Ф. 147. Воп. 2. Адз. зах. 121. Арк. 126.
  41. Там жа. Арк. 91-94 адв.
  42. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Адз. зах. 276. Арк. 25-34 адв.
  43. Там жа. Адз. зах. 309. Арк. 33-43.
  44. Там жа. Ф. 1781. Воп. 27. Адз. зах. 377. Арк. 28-41.
  45. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1 Адз. зах. 305.
  46. НГАБ. Ф. 146. Воп. 2. Адз. зах. 1778. Арк. 6 адв.
  47. Там жа. Адз. зах. 1004.
  48. Дзесяціна раўнялася 1,09 га.
  49. Кварта раўнялася 0,705 л.
  50. Варлыга А. Карэншчына. Успамін-нарыс з канца ХІХ – пачатку ХХ ст. // Літаратура і мастацтва. № 14. 8 красавіка 1994.