Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дубровенскага р-на (1997)
Дубровеншчына ў складзе Вялікага княства Літоўскага
Невядома дакладна, калі і якім чынам Дубровеншчына апынулася ў складзе Вялікага княства Літоўскага, якое ўтварылася на рэштках Кіеўскай Русі пасля мангольскага нашэсця. Можна толькі меркаваць, што ўваход Дубровеншчыны ў гэтую дзяржаву адбыўся не пазней другой паловы XIV ст. У канцы яго ўладу вялікага князя Вітаўта прызнавала ўжо ўсё Смаленскае княства.
Дзейнасць Вітаўта, які княжыў у ВКЛ з 1392 г. па 1430 г., адбілася на тэрыторыі Дубровеншчыны ў паданнях і геаграфічных назвах, якія жылі потым не адно стагоддзе. У інвентары Дубровенскага маёнтка ў ХVІІІ ст. згадваецца займішча над Вітавым Пограбам. Гэтая назва, напэўна, абавязана сваім паходжаннем нейкай легендзе, звязанай з асобай Вітаўта. Праўда, азначанае ўрочышча знаходзілася не на тэрыторыі сучаснага раёна, а крыху далей на ўсход, у парэччы Бярэзіны на Смаленшчыне. Але падобньія ж паданні маглі існаваць і ў іншых месцах.
З эпохай Вітаўта часта звязваюць і першае непасрэднае ўпамінанне Дуброўны. Сапраўды, у адной з кніг так званай Літоўскай метрыкі (дзяржаўнага архіва ВКЛ, які зараз знаходзіцца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў у Маскве), у рэестры паасобных дакументаў, якія пазней былі страчаны, згадваецца і грамата, датаваная 6900 годам ад стварэння свету (1392 ці 1393 гады ад Нараджэння Хрыстова). У ёй князь Дзмітрый Сямёнавіч запісвае маёнткі ("двары") Зубрэвічы, Хімы, Быхава, Добасна і "зямлю пустую Дубровенскую" княгіні Зоф'і і яе дзецям [1].
Вельмі заманліва лічыць, што тая загадкавая "зямля Дубровенская" мае дачыненне да сучаснай Дуброўны. Але ёсць і важкія довады супраць. Лёс усіх іншых паселішчаў, прыгаданых у гэтай грамаце, у далейшым прасочваецца ў іншых крыніцах і быў даволі падобным. Але ніводнае з гэтых паселішчаў пазней не мела дачынення да Дуброўны. Увогуле, ужо датыроўка граматы ў рэестры яўна памылковая. Гэта вынікае з таго, што побач з годам ад сатварэння свету ў ім прыводзіцца і так званы індыкт - парадкавы нумар года паводле 15-гадовага цыклічнага календара, пашыранага ў той час на Русі і ў Візантыі. Але сёмы індыкт, якім датавана грамата, не мог адпавядаць 6900 году, на які прыходзіўся 15 індыкт.
У свой час польскі гісторык Ю Вольф у сваёй кнізе "Літоўска-рускія князі з пачатку XIV ст." разабраўся з асобай загадкавага аўтара гэтай граматы і паказаў, што ім быў адзін з князёў Друцкіх - Дзмітрый Сямёнавіч Друцкі-Зубравіцкі на мянушцы "Сякіра", які нарадзіўся недзе ў канцы XIV ст., а ў крыніцах упамінаецца з 1425 па 1432 г. Такім чынам, грамата магла быць выдадзена ў адзін з гадоў сталага жыцця гэтага князя, які прыпадае на 7 індыкт (1429 г. ці 1444 г.).
У дакументах канца XV - пачатку XVI ст. неаднаразова выступае таксама воласць Дубровенскі шлях (Дубровенский путь), якая ўваходзілаў Смаленскае ваяводства. Вось яна бясспрэчна мела дачыненне (прынамсі, часткова) да сучаснай Дубровеншчыны. У 1494 г. вялікі князь Аляксандр "пожаловал" сёлы Тугошчы і Залатавічы са складу гэтай воласці смаленскаму баярыну Сеньку Цераховічу [2]. Пад Тугошчамі трэба разумець Туговішчы, якія да сёння існуюць у Смаленскай вобласці ля самай мяжы Дубровенскага раёна. Размешчаныя непадалёку Залатавічы трэба лічыць першым населеным пунктам Дубровеншчыны, які непасрэдна згадваецца ў пісьмовых крыніцах.
З іншых паселішчаў у складзе Дубровенскага шляху ў 1495 г. ўпамінаюцца Хамінічы і Шышалова, у 1498 - Бабінічы, у 1509 - Звяровічы. Да сёння з іх засталося толькі апошняе сяло, якое таксама знаходзіцца на Смаленшчыне. Такім чынам, Дубровенскі шлях ахопліваў абшары на мяжы сучасных Беларусі і Расіі па абодвух берагах ракі Мярэі - прыкладна там, дзе раней знаходзілася воласць Мярацічы.
Вельмі цікавае пытанне звязана з назвай воласці. Дарэчы, слова "путь" у тагачасных крынінах даволі часта сустракаецца не ў сэнсе "дарога", а ў значэнні "воласць". А вось чаму "Дубровенскі"? Расійскі гісторык М. Любаўскі лічыў, што цэнтрам гэтай воласці была вёска Дубровенка (зараз ужо не існуючая) на захадзе Смаленшчыны [3]. Такім чынам, і ў гэтым выпадку супадзенне з назвай Дуброўны магло быць выпадковым. Але не выключана, што воласць першапачаткова мела сваім цэнтрам Дуброўну, ад якой і атрымала назву.
Дуброўна ўжо бясспрэчна існавала на мяжы XV і XVI ст., хаця непасрэдна пачынае ўпамінацца крыху пазней. У адным з дакументаў 1538 г. прыгадваецца, што яшчэ пры вялікім князі Казіміры (памёр у 1492 г.) яна была пажалавана ва ўласнасць пану Юрыю Глябовічу, тагачаснаму смаленскаму намесніку. Але, здаецца, гэтае ўпамінанне не зусім дакладнае, бо ў іншым дакуменце гісторыя набыцця Ю. Глябовічам Дуброўны выкладзена крыху інакш. Недзе ў канцы XV ст. гэты маёнтак разам з суседняй Крапіўнай (Аршанскі раён) належаў літоўскаму пану Якубу Ралавічу, а потым (напэўна, пасля яго смерці) перайшоў да вялікага князя Аляксандра, які пачаў панаваць пасля смерці свайго бацькі Казіміра. І вось менавіта Аляксандр перадаў Дуброўну і Крапіўну ў вечнае карыстанне Ю. Глябовічу і яго нашчадкам [4].
Напэўна, да Дуброўны ўжо тады належала вялікая воласць па абодвух берагах Дняпра. Значная яе частка разам з самім дваром стала прыватнай уласнасцю спачатку Ралавіча, потым - Глябовіча. Магчыма, тая частка воласці, якая засталася пад кантролем вялікага князя і са складу якой ён пазней рабіў наданні Цераховічу і іншым баярам, захавала назву "Дубровенскі шлях", хаця Дуброўна ўжо перастала быць яе цэнтрам.
Дубровенскае паселішча знаходзілася ў вельмі зручным для абароны месцы, на мысу, з трох бакоў акружаным рэчышчамі Дняпра і Дуброўны (Дубровенкі). Напэўна, гэта навяло Ю. Глябовіча на думку заснаваць на гэтым месцы замак. Пры яго будаўніцтве частка паселішча на ўсход ад мыса, з напольнага боку, засталася неўмацаванай і набыла статус мястэчка - населенага пункта, жыхары якога мелі права займацца не толькі сельскай гаспадаркай, але і гандлёва-рамесніцкай дзейнасцю.
Гэта адбылося напярэдадні 1514 г., калі Дуброўна ўпершыню непасрэдна згадваецца ў крыніцах, прычым ужо ў якасці "горада" (так у той час называлі не толькі сапраўдныя гарады, але ўсе ўмацаваныя паселішчы). Заснаванне Дубровенскага замка было выклікана грознымі падзеямі, якія адбываліся ў той час на ўсходніх межах ВКЛ. На пачатку XVI ст. суседняе Вялікае княства Маскоўскае распачало жорсткую барацьбу з Вялікім княствам Ліюўскім, Рускім і Жамойцкім за кантроль над тэрыторыяй колішняй Кіеўскай Русі. Былі захоплены вялікія тэрыторыі, а ў жніўні 1514 г. рускія пасля 12-тыднёвай аблогі ўзялі Смаленск.
Адразу пасля гэтага, 13 жніўня, маскоўскія войскі без боя занялі Дуброўну і рушылі на захад, да Оршы і Друцка. Дубровенскія мяшчане пад уражаннем ад поспехаў Масквы прынеслі прысягу на вернасць маскоўскаму вялікаму князю Васілю Іванавічу [5].
Але насустрач рускім ужо рушылі сумесныя польскія і беларуска-літоўскія войскі на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім. 8 верасня ля вусця рэчкі Крапіўна адбылася вядомая Аршанская бітва, у якой 80-тысячнае маскоўскае войска было разбіта. Пасля гэтага рускія гэтак жа без боя пакінулі Дуброўну і адышлі на абарону Смаленска.
З гэтага часу паміж Дуброўнай і Смаленскам пралягала лінія фронту, якая ператварылася ў новую дзяржаўную граніцу, бо ніводны з бакоў у ходзе наступных баявых дзеянняў не здолеў дасягнуць рашаючых поспехаў. У 1517 г. праз Дуброўну праехаў пасланец аўстрыйскага імператара Сігізмунд Герберштэйн, які накіроўваўся ў Маскву з мэтай спрыяць мірнаму пагадненню паміж ваюючымі дзяржавамі. Пазней ён упамянуў Дуброўну ў сваіх мемуарах, якія былі надрукаваны і карысталіся папулярнасцю ў Заходняй Еўропе. Дзякуючы гэтаму, Дуброўна ўпершыню набыла еўрапейскую вядомасць.
Між тым мір паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ быў заключаны толькі ў снежні 1522 г. На левабярэжжы Дняпра граніца была праведзена па рацэ Мярэі (там, дзе яна праходзіць і сёння), на правым беразе за ВКЛ застаўся значны абшар, які цягнуўся прыкладна на 20 км на ўсход уздоўж Дняпра, далёка за вусце Бярэзіны (зараз ён уваходзіць у паўночную частку Краснінскага раёна Смаленскай вобласці). Верагодна, ужо тады гэты абшар належаў да Дубровенскага маёнтка, у складзе якога застаўся на чатыры стагоддзі.
Граніца па Мярэі рассекла на дзве часткі воласць Дубровенскі шлях. Тая частка, што засталася ў складзе ВКЛ, была далучана да Аршанскага намесніцтва і лічылася дзяржаўнай уласнасцю. Аднак сын Юрыя Глябовіча Ян, які пасля смерці бацькі ўступіў ва ўладанне Дуброўнай, выкарыстау той факт, што яго маёнтак аддзяляў бераг Мярэі ад астатняй часткі намесніцтва ("дзяржавы"). Ён папросту падпарадкаваў дзяржаўных сялян сваёй уладзе і тым самым значна абкругліў межы сваіх уладанняў. Прыкладна ў той жа час ён набыў і частку Расасненскай воласці ў парэччы аднайменнай рэчкі. Цантрам гэтай часткі быў двор Снегіроўшчына, які належаў баярыну Івану Казарыну і які знаходзіўся, напэўна, на месцы ці паблізу сучаснай вёскі Казарынава. Ян Глябовіч купіў у Казарына яго ўладанні і далучыў да Дуброўны.
Ян быў даволі прыкметнай асобай свайго часу. Яшчэ пры жыцці бацькі, у 1516 г., прыкладна ў трыццацігадовым узросце, ён стаў вялікакняжацкім маршалкам, у 1529 г. быў прызначаны віцебскім ваяводам, а ў 1532 - полацкім. Я. Глябовіч тройчы браў шлюб, і кожны раз яго абранніцай станавілася спадчынніца вялізных маёнткаў. Першая жонка, Ганна Станіславаўна Монтаўт, па сваёй маці была спадчынніцай паловы маёнткаў згаслага роду Манівідаў. Пасля яе смерці Глябовіч ажаніўся з Зоф'яй, адзінай дачкой заможнага пана Станіслава Петкавіча. Паводле перапісу войска ВКЛ, складзенага ў 1528 г., Ян павінен быў выстаўляць у войска 148 коннікаў з маёнткаў бацькі і першай жонкі, яшчэ 88 - з уладанняў другой жонкі (адзін коннік адпавядаў 8 сялянскім службам, ці прыкладна 15-20 дварам). Такім чынам, ужо ў 1528 г., яшчэ да прызначэння на ваяводскую пасаду, яму належала не менш 3,5-4,5 тысяч сем'яў. Пасля смерці Зоф'і Я. Глябовіч узяў князёўну Ганну, адзіную дачку аршанскага намесніка Фёдара Заслаўскага (Жаслаўскага). Гэты шлюб дапамог яму далучыць як частку аршанскіх падданых, так і спадчыну князя Заслаўскага.
У канцы жыцця Я. Глябовіч узняўся на самую вяршыню дзяржаўнай іерархіі. У 1542 г. ён атрымаў прызначэнне на вышэйшую службовую пасаду віленскага ваяводы, а ў 1546 г. дадаткова стаў яшчэ і канцлерам ВКЛ.
Сярод кніг Літоўскай метрыкі захавалася кніга, у якую заносіліся рашэнні і прысуды, якія выносіў Ян Глябовіч у сваю бытнасць віцебскім і полацкім паяводам, з 1530 г. па 1538 г. На яе старонках неаднаразова згадваецца Дуброўна - маёнтак ваяводы, у якім ён часта спыняўся і там жа вяршыў ваяводскі суд. Некалькі разоў у кнігу заносіліся рашэнні Глябовіча па ўнутраных справах Дубровенскага маёнтка. Сёння яны з'яўляюцца адзінымі звесткамі аб яго ўнутраным жыцці, якія дайшлі да нас з XVI ст.
Тэрыторыя маёнтка ў той час складалася з зямельных абшараў, кожны з якіх знаходзіўся ў карыстанні жыхароў асобнага сяла. У такі абшар уваходзілі лясы, сенакосы, выганы, паляўнічыя ўгоддзі. Калі суседзі парушалі межы гэтых абшчынных уладанняў, распачыналіся канфлікты [дакумент 2]. Важнае месца ў сялянскім жыцці займаў бортны промысел - здабыча мёду. Пчаліныя сем'і гняздзіліся ці то ў борцях (калодах, падвешаных на спецыяльна вызначаныя бортныя дрэвы), ці то ў наземных вуллях - карэнніках. Кожнае бортнае дрэва ці вулей былі ўласнасцю асобнай сялянскай сям'і, іх пазначалі спецыяльнымі клейнамі, а за парушэнне права ўласнасці прадугледжвалася кара. Часам сяляне наўмысна псавалі чужыя клейны, разлічваючы такім чынам прыдбаць суседскую маёмасць. Гэта таксама прыводзіла да канфліктаў [дакумент 1, дакумент 3].
Ворыўная зямля была падзелена на кавалкі прыкладна роўнай вартасці, якія лічыліся ўласнасцю пана. Тая сялянская сям'я ці група сем'яў, якая карысталася такім участкам, павінна была выконваць пэўныя павіннасці, таму і надзел гэты называўся "службай". У 1538 г. трымальнікі адной службы, незалежна ад іх колькасці, павінны былі адпрацаваць 2 дні прыгону Ў тыдзень. Яшчэ 8 разоў у год трэба было высылаць па аднаму чалавеку з кожнай хаты ("дыму") на выкананне пэўных калектыуных работ дзеля панскай гаспадаркі, прычым харчавацца прыходзілася сваім хлебам. Іншы від работы, пры якім пан абавязаны быў ставіць за яе выкананне пачастунак, называўся талакой. Талаку належала склікаць 4 разы ў год [дакумент 5].
Сяляне выконвалі і іншыя павіннасці: касілі для пана сена, удзельнічалі ў панскім паляванні ў якасці загоншчыкаў, будавалі і рамантавалі замкавыя ўмацаванні, гаспадарчыя пабудовы і дарогі. Асобную катэгорыю ўтваралі путныя і панцырныя слугі, альбо зямяне. Замест прыгону яны павінны былі альбо выконваць для пана кур'ерскую службу, альбо выходзіць на вайну са сваім узбраеннем у складзе панскага "пошту" (вайсковага атрада).
Цэрквы на тэрыторыі маёнтка таксама знаходзіліся пад фактычным кантролем яго ўладальніка. Для патрэб святара пан вызначаў зямельны надзел. Ён нават меў паўнамоцтвы за нейкія правіннасці выдаліць папа з прыходу [дакумент 4]. Як ужо згадвалася, асобны статус мелі і насельнікі мястэчка - мяшчане. Яны маглі займацца рамяством і гандлем. Тэрыторыя мягтэчка, прыдатная пад хатнія забудовы і агароды, падзялялася на ўчасткі, якія называліся пляцамі. За карыстанне кожным з іх належала плашць штогод пэўную суму грошай, а таксама несці гарнізонную службу ў замку. Апрача таго, мяшчанам належалі і ворыўныя землі, звычайна ў бліжніх ваколіцах мястэчка.
Той факт, што Ян Глябовіч далучыў да свайго маёнтка вялікую колькасць дзяржаўных падданых, зразумела, не мог застацца незаўважаньм. Пакуль аршанскім намеснікам быў цесць Яна, састарэлы князь Заслаўскі, гэтае пытанне не паўставала, тым больш што князь і сам быў не бездакорным у гэтым сэнсс: таксама за кошт падданых Аршанскага замка абкругліў межы свайго маентка Межава пад Оршай (які, дарэчы, потым перайшоў да яго зяця). Калі ж у 1538 г. князь Фёдар памёр і замест яго аршанскім нанеснікам быў прызначаны князь Васіль Друцкі-Талачынскі, той адразу заўуважыў нястачу падданых і звярнуўся са cкаргай да вялікага князя [6].
Здаецца, у той раз Глябовіч, які карыстаўся прыхільнасцю жонкі вялікага князя Боны, удалася замяць справу. Але праз два гады пасля яго смерці, у 1551 г., пытанне паўстала зноў. Вялікакняжацкі рэфендар (службовая асоба, у абавязкі якой уваходзіў кантроль за праходжаннем скаргаў, пададзеных на імя вялікага князя) паспрабаваў прыцягнуць да адказнасці ўдаву Яна, якой давялося адказваць за ўчынкі і мужа, і бацькі [7].
На жаль, мы не ведаем, які вердыкт вынеслі камісары, накіраваныя для разгляду справы на месцы. Але калі спробы вярнуць дзяржаўную ўласнасць і мелі нейкі эфект, то толькі часовы. Так, паводле інвентару Аршанскага замка, складзенага ў 1560 г. [8], з усіх абшараў у парэччы Мярэі да гэтага замка адносілася адзінае сяло Баева з 18 сялянскімі сем'ямі. Прычым у далейшым, як мы ўбачым, і гэтае сяло ўвайшло ў склад Дубровенскага маёнтка. Так праўдамі і няпраўдамі ішло фарміраванне вялізнай магнацкай латыфундыі, якая ахапіла не толькі ўвесь сучасны Дубровенскі раён, але і вялікія сумежныя абшары.
На тэрыторыі Дубровеншчыны захаваліся два абшары зямлі, якія адносіліся не да Дуброўны, а да іншых маёнткаў. Адзін з іх ахопліваў абодва берагі ракі Расасенка ў яе ніжнім цячэнні, ля ўпадзення ў Дняпро. Калі паўднёвая частка Расасенскай воласці з маёнткам Снегіроўшчына (Казарынава), як мы памятаем, была куплена Янам Глябовічам, то паўночная частка з мястэчкам Расасна, паўстаўшым недзе ў XVII ст., у далейшным адносілася да маёнтка Любавічы, цэнтр якога знаходзіўся ў сучасным Руднянскім раёне Смаленскай вобласці. На жаль, падрабязнасці ўключання Расасны ў Любавіцкую воласць і яе гісторыю у XVI ст. прасачыць пакуль што не ўдалося.
Крайні паўднёва-ўсходні кут Дубровечшчыны, дзе зараз знаходзяцца Асташкавічы, Казлы, Ляхаўка і Панізоўе, належаў да маёнтка Раманава (сучаснае Леніна ў Горацкім раёне).
Гэты маёнтак у канцы XV - пачатку XVI ст. разам з Копыссю і Баранню, што пад Оршай, знаходзіўся ва ўладанні князёў Гальшанскіх. Затым праз шлюб усе яны перайшлі да славутага пераможцы ў Аршанскай бітве князя Канстанціна Астрожскага, а пасля яго смерці ў 1530 г. да яго старэйшага сына Ільі, які памёр даволі маладым у 1539 г. Удава Ільі - польская шляхцянка Беата Касцялецкая - пазней выйшла за Альбрэхта Ласкага (таксама паляка), які пасля яе смерці ў 1576 г. падараваў жончыны маёнткі вялікаму князю.
Тым часам Дуброўна пасля смерці Яна Глябовіча ў 1549 г. перайшла да яго ўдавы Ганны і іх сына Яна, якому ў той час было ўсяго 5 гадоў. Ганна затым узяла шлюб з панам Ярашам Сяняўскім, захаваўшы за сабой бацькоўскія Заслаўе і Межава. Дуброўна ж лічылася выключнай уласнасцю Яна малодшага. 19-гадовым юнаком ён удзельнічаў у абароне Полацка ад войскаў Івана Грознага ў 1563 г. і трапіў у палон, адкуль выйшаў у 1566 г.
Паводле перапісу войска 1567 г. Яну Янавічу палежала ставіць з Дуброўны 30 коннікаў, што адпавядае агульнаму памеру маёнтка ў 300 службаў ці прыкладна ў 600 сямей (4-5 тысяч жыхароў).
Напэўна, колькасць падданых была б яшчэ большай, калі б не пагранічнае становішча маёнтка, якое выклікала яго разбурэнне ў выніку ваенных дзеянняў. Практычна кожнае ўзнаўленне вайны паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай прыводзіла да захопу і спалення Дуброўны. Так адбылося двойчы пры жыцці Яна Юр'евіча Глябовіча, у 1535 г. і 1536 г. Тое ж паўтарылася на пачатку Лівонскай вайны, у 1562 г. Яшчз праз два гады Дубровеншчына зноў стала арэнай баявых дзеянняў. У 1564 г. маскоўскія войскі рушылі з двух напрамкаў, з Полацка і Смаленска, мяркуючы сустрэцца каля Друцка і ісці ўглыб тэрыторыі ВКЛ. Аднак войска, што выйшла з Полацка, 11 лютага было разбіта на рацэ Ула каля Чашнікаў. Тым часам другое войска на чале з князем Сярэбраным спустошыла Дубровеншчыну і дасягнула Барані пад Оршай, але, даведаўшыся пра вынік бітвы на Уле, адышло назад і стала кошам недалёка ад мяжы, на тэрыторыі Дубровенскага маёнтка. Тагачасны аршанскі намеснік Філон Кміта выслаў сваіх людзей і паграміў маскоўскія старажавыя атрады, пасля чаго рускія адышлі да Смаленска. На апошнім этапе доўгай Лівонскай вайны, у 1580 г., маскоўскае войска зноў на кароткі час захапіла Дуброўну.
За час гэтай вайны ў ВКЛ адбыліся значныя перамены. У 1565-1566 гг. была праведзена адміністрацыійна-тэрытарыяльная рэформа, дзяржава была падзелена на ваяводствы і паветы з акрэсленымі межамі, а буйныя магнацкія вотчыны накшталт Дуброўны пазбаўлены юрыдычнай экстэрытарыяльнасці, якой яны фактычна карысталіся раней, і ўключаны ў склад паветаў на агульных правах. Дубровенскі маёнтак пры гэтым увайшоў у Аршанскі павет Віцебскага ваяводства, у якім і заставаўся на працягу далейшай гісторыі ВКЛ.
Само ВКЛ у 1569 г. аб'ядналася з Польшчай у федэратыўную дзяржаву - Рэч Паспалітую Абодвух Народаў, прычым захавала ўласнае войска, казну і заканадаўства. Кіравалі дзяржавай выбарны кароль (які адначасова лічыўся і вялікім князем літоўскім) і Сенат, куды паводле пасады ўваходзілі вышэйшыя дзяржаўныя асобы - ваяводы, кашталяны і міністры.
Дубровенскі маёнтак належаў да ліку буйнейшых не толькі ў Аршанскім павеце, але і ва ўсім ВКЛ, што дазваляла яго ўладальнікам устойліва трымацца наверсе дзяржаўнай іерархіі. Ян Янавіч Глябовіч быў у ліку нямногіх магнатаў, якія атрымалі тытулы графаў Святой Рымскай імперыі (ён тытулаваўся графам на Дуброўне і Заслаўі, а Дубровенскі маёнтак з гэтай пары паступова пачаў называцца графствам). У 1572 г. Глябовіч заняў пасаду мінскага кашталяна, якая давала права на месца ў Сенаце, з 1581 г. стаў земскім падскарбіем (міністрам фінансаў), з 1585 г. - трокскім кашталянам, а праз год - трокскім ваяводам, што было трэцяй па значэнні службовай пасадай у ВКЛ пасля віленскага ваяводы і віленскага кашталяна. Памёр ён у 1591 г. ў 47-гадовым узросце, пакінуўшы сваіх сыноў Яна і Мікалая зусім юнымі.
Недзе ў канцы XVI ст., напэўна, яшчэ пры жыцці трокскага ваяводы, у маёнтку была праведзена валочная памера: замест старых службаў зямля падзелена на стандартныя валокі плошчай каля 21,3 га. Кожная валока падзялялася на 30 моргаў і знаходзілася ў карыстанні адной ці некалькіх (звычайна дзвюх) сялянскіх сямей. На валокі былі перамераны і мяшчанскія ворыўныя надзелы. 3 кожнайі валокі трэба было выконваць строга фіксаваныя павіннасці, памер якіх залежаў ад якасці глебы.
У 1593 г. праз Дуброўну праязджаў пасол аўстрыйскага імператара Мікалай Варкач, які пакінуў сціслае апісанне: "Дуброўна - горад і ў гэтым месцы апошні пагранічны замак супраць масквіцян. Горад ляжыць на Дняпры, а па другі бок замка працякае рака Дуброўніца. Гэты замак шырокі ў акружнасці, толькі ўвесь драўляны".
Дубровенскі замак у той час і пазней складаўся з дзвюх частак: Верхняга замка памерамі 90 х 45 м і Ніжняга альбо "падзамка". Верхні замак быў умацаваны вежамі і абнесены гароднямі (бярвенчатымі зрубамі, засыпанымі для трываласці зямлёй), Ніжні быў абнесены астрогам - парканам з бярвення.
У 1607 г. ў мястэчку Дуброўна мелася 235 пляцаў, кожны з іх плошчай па 1 моргу (0,71 га). 222 пляцы былі ў карыстанні мяшчан, а 13 пуставалі. На жаль, колькасць двароў не называецца, але, улічваючы, што двароў звычайна было крыху менш, чым аседлых пляцаў (некаторыя заможныя мяшчане мелі па 2 пляцы на 1 двор), можна прыблізна вызначыць насельніцтва мястэчка - блізка да 200 двароў. Мяшчанам належалі таксама 64 валокі ворыва і яшчэ 30 валок былі замацаваны за асобнай катэгорыяй мяшчан - пушкарамі, галоўным абавязкам якіх было абслугоўванне замкавай артылерыі.
Сельскае насельніцтва маёнтка было прыпісана да валасцей. Адна з іх, Задняпроўская, ляжала на паўночным беразе Дняпра і не была яшчэ перамерана на валокі. На супрацьлеглым беразе знаходзілася 45 паселішчаў, заселеных часткова сялянамі, часткова баярамі (слугамі альбо зямянамі). Некаторыя паселішчы мелі вялікую колькасць ворыва (праўда, невядома, колькі сямей яго апрацоўвалі). Так, у Верамееўскім абрубе налічвалася 105 баярскіх валок, у сяле Сватошыцы - 60 сялянскіх, у сяле Гудава - 39 сялянскіх і 8 баярскіх, у Асіпішчаве, Карабанавічах і Бахаўцы - па 40 валок і г. д. Яшчэ згадваецца асобная Расасенская воласць з сёламі Чырына, Дзям'янкава, Парфенава, Казарынава, Юкава і Міхаліна [9].
У складзе Дубровенскага маёнтка ў гэты час знаходзілася ўжо і сяло Баева з 16 валокамі, якое раней належала да Аршанскага замка. Увогуле на абшары паміж Расасенкай і Мярэяй Глябовічам належаў цэлы шэраг паселішчаў: Людзінічы, Корсакава, Мікіціна, Літвінава, служба Залатовіцкая, Ляды, Хоміна і Арловічы. Магчыма, якраз іх некалі так удала прыхапіў са складу дзяржаўнай воласці дзед Мікалая Глябовіча.
Мікалай таксама быў вельмі ўплывовай асобай. У маладосці ён займаў прыдворную пасаду падстолія, у 1611 г. стаў смаленскім ваяводам, а ў 1621 г. - віленскім кашталянам. У 1630 г. ён заснаваў у Дуброўне кляштар бернардзінцаў з касцёлам. Пры ім Дуброўна часова страціла сваё прыгранічнае становішча, бо ў час вялікай смуты ў Маскоўскай дзяржаве ў 1611 г. Смаленскае ваяводства было зноў далучана да ВКЛ. Праўда, яшчэ ў 1615 г. атрады князя Хаванскага зрабілі набег пад Дуброўну, але пасля міру Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай, заключанага ў 1618 г., Дубровеншчына на некалькі дзесяцігоддзяў была пазбаўлена ад ваенных разбурэнняў.
Напэўна, гэта прывяло да пэўнага заняпаду замкавых умацаванняў, які фіксуе інвентар 1645 г. [10]. У гэты час маентак належаў ужо сыну памёрлага ў 1632 г. М. Глябовіча - Юрыю Каралю. На Верхнім замку большасць гародзен была заменена простым астрогам, захаваліся толькі 6 гародзен з боку Дняпра ды 2 вежы, адна з якіх пазначалася як "старая нахіленая, з гмахамі старымі зусім апалымі". У гэтым замку размяшчалася рэзідэнцыя дубровенскага намесніка.
Графская рэзідэнцыя знаходзілася ў Ніжнім замку, умацаваным астрогам і 3 вежамі. Там стаяў драўляны двухпавярховы палац з высокім ганкам і балюстрадай, прычым амаль увесь другі паверх займала парадная зала. Побач мясціліся гаспадарчыя пабудовы: кухні, стайні, піўніца, цэйхгауз (арсенал) і інш., а таксама жылы флігель. На ўзбраенні замка мелася 18 гармат. Дарога да яго вяла праз уязную браму, праз пад'ёмны мост на двух жалезных ланцугах.
Дуброўна не была галоўнай сядзібай Глябовічаў, якія мелі яшчэ палацы ў Вільні і ў Заслаўі. У 1640 г. граф Юры Караль ажаніўся з Кацярынай Радзівіл, якая па мацярынскай лініі была спадчынніцай вялізных вотчын паноў Кішкаў, род якіх згас у 1653 г. Тым не менш Дубровенскае графства заўсёды было адным з галоўных камянёў у падмурку эканамічнай магутнасці роду Глябовічаў. Багацце абумоўлівала і іх трывала высокае палітычнае значэнне. Юры Караль у 1642 г. стаў смаленскім ваяводам, у 1651 г. - жамойцкім старастам, а за год да смерці, у 1668 г., заняў вышэйшую пасаду віленскага ваяводы.
Не менш значнымі асобамі былі і ўладальнікі іншага маёнтка - Раманава. У канцы XVI ст. тагачасны віленскі ваявода Крыштаф Радзівіл па мянушцы Пярун, які быў жанаты з пляменніцай князя Ільі Астрожскага, дамогся, каб вялікі князь перадаў яму вымарачныя маёнткі Ільі і яго ўдавы Беаты. З таго часу Раманава разам з Копыссю стала уласнасцю біржайскай галіны Радзівілаў: ад Крыштафа Пяруна яно перайшло да яго сына Януша, пазнейшага віленскага кашталяна, а ў 1620 г. - да сына апошняга, малалетняга Багуслава.
Захаваліся інвентары Раманаўскага маёнтка Багуслава Радзівіла за 1647 і 1648 гг. [11], у якіх сярод іншых названы і паселішчы на тэрыторыі Дубровеншчыны: Асташкавічы (22 валокі, 44 двары), Азарава (адпаведна 15 і 31), Ляхава ці Ляхаўка (3 і 13), Займішча (2 і 6), Казлы (2 і 5), Сукіна(17 і 19).
Што датычыць Расасны, то яна ў першай палове XVII ст. разам з Любавічамі належала панам Сцяцкевічам-Заверскім, якія не належалі да ліку магнатаў, займаючы больш сціплае месца ў дзяржаўнай іерархіі. Гэты род вядомы тым, што пасля Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г., калі ў Вялікім княстве рэзка ўзмацніліся міжканфесійныя супярэчнасці, Сцяцкевічы выступалі паслядоўнымі абаронцамі праваслаўя і праціўнікамі ўніяцтва. Браслаўскі падкаморы Вільгельм Багданавіч Сцяцкевіч быў зяцем не менш гарачага прыхільніка праваслаўя - князя Багдана Агінскага. Ён памёр у 1616 г., пасля чаго Расасна належала яго старэйшаму сыну Багдану. Пасля смерці Багдана ў 1651 г. Расасна і Любавічы дасталіся дачцэ апошняга Крысціне, якая была жонкай князя Мікалая Друцкага-Любецкага.
Увогуле канец XVI - першая палова XVII ст. былі даволі супярэчлівым перыядам у гісторыі ВКЛ. З аднаго боку, гэта быў час эканамічнага ўздыму, калі расла шчыльнасць насельніцтва, бурна пашыраліся старыя паселішчы і ўзнікалі новыя. Верагодна, яшчэ да сярэдзіны XVII ст. атрымалі статус мястэчкаў і два паселішчы Дубровенскага графства - Баева і Ляды. З другога боку, адбываўся рост міжрэлігійнай і сацыяльнай напружанасці, шмат незадаволеных падаваліся ў казакі (як гэта адбылося нават з сынам пана Сцяцкевіча). Паступова дзяржава апынулася ў глыбокім крызісе, давяршэннем якога стала новая, самая разбуральная вайна паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай.
Вайна выбухнула летам 1654 г. Вялікае маскоўскае войска аблажыла Смаленск, а ўжо ў чэрвені атрад князя Куракіна дасягнуў Дубровеншчыны. Праўда, ён не здолеў адразу захапіць замак, толькі разрабаваў навакольныя вёскі. З падыходам новых маскоўскіх сіл пачалася доўгая аблога Дуброўны. Замак баранілі галоўным чынам мясцовыя жыхары: з 27 харугваў дубровенскага гарнізона 10 былі набраны з мяшчан-хрысціян і 10 - з яўрэяў. Наёмныя венгерскія жаўнеры, казакі і гайдукі ўтваралі астатнія 7 харугваў. Баючыся вялікіх страт, рускія не рызыкавалі штурмаваць замак, толькі трымалі яго ў аблозе і абстрэльвалі з гармат ды вялі сярод дубровенцаў агітацыю, усяляк схіляючы іх у маскоўскае падданства.
Дуброўна трымалася ўпарта, некалькі разоў абаронцы рабілі паспяховыя вылазкі. Нават пасля заняцця Смаленска, Оршы ды іншых крэпасцяў дубровенцы працягвалі змагацца. Нарэшце, не маючы ніадкуль падтрымкі, са сканчэннем запасаў пораху і ежы, 12 кастрычніка яны вымушаны былі каштуляваць.
За ўпартае супраціўлемне Дуброўну чакала кара. Яшчэ да ўзяцця горада цар Аляксей Міхайлавіч даваў інструкцыі ваяводзе князю Чаркаскаму: "Как город Дубровно здастца, и ... шляхты лучших людей выбрав, прислать к государю, ... а остальную шляхту велеть послать на Тулу, а мещан и уездных людей раздать ратным людям семьями, а город Дубровно выжечь". Гэты загад быў выкананы: 17 кастрычніка замак быў спалены, палонных шляхціцаў са складу гарнізона, а таксама 30 сямей лепшых мяшчан вывезлі ў царскую стаўку ў Смаленск [12].
Тым часам зімой 1655 г. беларуска-літоўскае войска ўчыніла контрнаступленне. Карыстаючыся тым, што галоўныя маскоўскія сілы на зіму былі выведзены, яно зноў заняло Копысь, Оршу і Дуброўну. Але гэта быў часовы поспех. Ужо ў красавіку 1655 г. рускі атрад ваяводы Ф. Замятні ўвайшоў у Дуброўну, дзе быў панова пабудаваны земляны астрог. У горадзе быў пакінуты невялікі рускі гарнізон, і з гэтага часу практычна да сканчэння вайны Дуброўна заставалася пад кантролем Маскоўскай дзяржавы.
У ходзе гэтых падзей вялікая колькасць насельніцтва была захоплена ў палон. Яўрэяў гвалтоўна хрысцілі, а тых, хто адмаўляўся, высылалі ўглыб Масковіі. Сярод дакументаў Халопскага прыказу захаваўся, напрыклад, запіс за 1658 г. аб палонных, захопленых на Беларусі баярынам Траякуравым. Сярод іх быў 13-гадовы Абрашка - "родом жидовин, а во крещенье Васька Михайлов сын, города Дубровны, а полонили его люди окольничего князя Бориса Ивановича Троекурова в прошлом во 163 году (1655 г. ад Нараджэння Хрыстова. - В. Н.), и с тех пор мест и по се число живет у окольничего князя Бориса и впредь жить хочет".
У верасні таго ж 1658 г. ў роспісу паселеных у Маскве іншаземцаў згадваюцца шматлікія мяшчане, вывезеныя з Дуброўны. У Мясніцкай паўсотні было паселена 28 дубровенскіх мяшчан, у Новасямёнаўскай слабадзе - 12, у Дзмітраўскай і Пакроўскай сотнях - па 2. Усе яны былі пераважна мяснікамі, шаўцамі, краўцамі, хлебнікамі, лекарамі і інш.
У верасні 1664 г., незадоўга да канца вайны, рускія вывезлі з Оршы і Дуброўны вялікую колькасць мяшчан і сялян з жонкамі і дзецьмі для пасялення ў Смаленскім ваяводстве, якое разлічвалі ўтрымаць за сабой. У прыватнасці, з Дуброўны было адпраўлена 77 мяшчанскіх сем'яў (226 чалавек), з навакольнай воласці - 16 сем'яў (66 чалавск). Пры праверцы, праведзенай у маі 1665 г., у Смаленску ў наяўнасці аказалася 37 сямей. Частка астатніх была пераведзена ў Дарагабуж і нават Калугу, некаторых сялян па дарозе ў Смаленск перахапілі і рассялілі ў сваіх маёнтках памешчыкі [13].
Доўгая і жорсткая вайна скончылася, нарэшце, падпісаннем у 1667 г. мірнага пагаднення, паводле якога былі адноўлены межы 1522 г.; Смаленшчына адышла да Маскоўскай дзяржавы, а Дубровенскае графства было вернута ў склад ВКЛ.
Юры Караль Глябовіч зноў уступіў у валоданне сваім спустошаным маёнткам. Хутка затым, у 1669 г., ён памёр апошнім мужчынскім прадстаўніком славутага роду Глябовічаў. Яго ўладанні былі падзелены паміж дзвюма дачкамі: Марцыбелай Ганнай, якая з 1661 г. была жонкай князя Марцыяна Агінскага, і Крысцінай Барбарай, якаяў 1667 г. выйшла за пана Казіміра Яна Сапегу.
Было падзелена на дзве часткі і Дубровенскае графства, якое паводле перапісу дамоў Аршанскага павета за 1667 г. налічвала 384 дамы [14].
Маёнтак складаўся з шэрагу войтаўстваў, якія замянілі сабой старыя воласці. У цэнтральнай яго частцы, на левабярэжжы Дняпра, знаходзіліся Савінскае і Дабрынскае войтаўствы, на месцы былой Расасенскай воласці - Скараходаўскае, а на месцы Крапівенскай - Крапівенскі тракт, дзе пераважалі зямянскія службы. На правым беразе Дняпра ляжала Задняпроўскае войтаўства, а ў парэччы Лучосы, на поўначы Дубровеншчыны - Лучоскае. Паўночна-ўсходняя частка маёнтка, ужо на тэрыторыі сучаснай Смаленшчыны, называлася Бярэзінскім войтаўствам.
Пры падзеле паміж сёстрамі, канчаткова замацаваным пагадненнем у Вільні ў 1677 г., некаторыя войтаўствы амаль цалкам адышлі ў адну з частак, некаторыя былі падзелены на палы. Фактычна падзел адбыўся раней, бо ўжо інвентар 1672 г. пералічвае толькі частку дубровенскіх паселішчаў - менавіта тую, якая ўвайшла ў долю Крысціны і яе мужа Казіміра Сапегі. Ёй дасталіся Савінскае і Скараходаўскае войтаўствы, мястэчка Ляды, частка сёл і службаў па левым беразе Дняпра да вусця Мярэі (Арловічы, Хоміна, Лазараўка, Рэдзькіна). У Крапівенскім тракце Крысціне дасталася частка зямянскіх паселішчаў, у Задняпроўскім войтаўстве - яго заходняя частка з сёламі Стрэжава, Чыжоўка, Якубава, Макарава, Ступакі і іншымі (часткова на тэрыторыі сучаснага Аршанскага раёна). З Лучоскага войтаўства ў гэтую долю ўвайшлі толькі некалькі дробных, знікшых пазней паселішчаў, а Бярэзінскае войтаўства - практычна цалкам [15].
З інвентару добра відаць, якія спусташэнні прынесла маёнтку нядаўняя вайна. У Скараходаўскім войтаўстве з 448 валок 372 заставаліся пустымі, прычым у Казарынаве пуставалі ўсе 16 валок, у Дзем'янкаве - 18 з 20, у Мікіціне - 23 з 24, у Літвінаве - 39 з 40 і г. д. У Савінскім войтаўстве з 412 валок пуставала 224,5, прычым у Корабаве [Карабанавічах(?)] - 19 з 20, у Барсуках - 28,5 з 30, у Старынках - 24 з 26. Такая ж жудасная карціна назіралася і ў Задняпроўскім войтаўстве, дзе з 270 валок 240,5 былі пустымі, у тым ліку цалкам сёлы Макарава, Якубава і некаторыя іншыя.
У самой Дуброўне долю Крысцны Сапежынай утваралі 82 двары ў так званым Старым горадзе, 10 - у Задубровенскім пасадзе і 20 - у Задняпроўскім. Невядома, колькі двароў было ў долі Марцыбелы Агінскай, але наўрад ці ўсё мястэчка мела больш насельнікаў, чым 65 гадамі раней у 1607 г. Увесь прырост за гэты час з'ела вайна.
Прыкладна ў гэты ж час нямецкі мастак і падарожнік Маерберг пакінуў замалёўку агульнага выгляду Дуброўны з драўлянаіі царквой і напаўразбуранаіі мураванай (напэўна, бернардынскім касцёлам, які моцна пацярпеў у вайну), з хаткамі без комінаў, якія тапіліся "па-чорнаму", а дым выходзіў праз валаковае акенца.
У 1681 г. памерла адна з саўладальніц маёнтка, Марцыбела Агінская. Яна не мела дзяцей. Яе долю у Дубровенскім маёнтку захаваў за сабой яе муж, канцлер Марцыян Агінскі. Перад яго смерцю ў 1690 г. муж другой саўладальніцы Казімір Сапега выкупіў гэтую (так званую "канцлерскую") частку і далучыў да сваёй, але ў 1693 г. аддаў у заклад за 210 тысяч злотых стрыечнаму брату Марцыяна - Сымону Каралю Агінскаму.
Крысціна Сапежына памерла ў 1695 г. Яна завяшчала свае маёнткі мужу і тром сынам: Юрыю Станіславу, Міхалу Францішаку і Аляксандру Паўлу. Муж яе Казімір Сапега быў у той час бадай што самай яркай і супярэчлівай асобай сярод сваіх сучаснікаў [16]. Уладальнік шматлікіх латыфундый, ён вызначаўся не толькі багаццем, але вялікімі здольнасцямі і не меншым славалюбствам. Ужо ў 45-гадовым узросце ён дасягнуў у 1682 г. вышэйшых дзяржаўных пасад, стаўшы адначасова віленскім ваяводам і вялікім гетманам ВКЛ. У канцы стагоддзя яго роля ў дзяржаве яшчэ больш узрасла. Сапега адчуваў сябе некаранаваным каралём, застаючыся, дарэчы, у вельмі напружаных адносінах з сапраўдным каралём Янам Сабескім, які таксама вызначаўся моцным характарам.
Сярод вялізных вотчын, што належалі Казіміру Сапегу, было ў прыватнасці і Горы-Горацкае графства, якое межавала з Дубровенскім на поўдні. У 1695 г. ён стаў апекуном маенткаў памерлай у той час Людвікі Караліны Радзівіл - адзінай дачкі Багуслава Радзівіла, якая была жонкай германскага князя Караля Філіпа Нейбургскага і пакінула малалетнюю дачку Альжбету. У склад яе спадчыны ўваходзіў і Раманаўскі маёнтак, які, нагадаем, часткова ахопліваў тэрыторыю Дубровеншчыны. Казімір Сапега разлічваў з цягам часу набыць гэтую велізарную спадчыну, але яго намер сарваўся з-за бурных падзей, у вір якіх задягнула яго самога.
Пасля смерці Яна Сабескага ў 1696 г. Сапега паспрабаваў правесці ў каралі Рэчы Паспалітай свайго стаўленіка - французскага прынца Канці. Але ў дзяржаве было вельмі шмат незадаволеных самаўладдзем Сапегі. Яго праціўнікі здолелі ў канцы 1697 г. дамагчыся абрання іншага прэтэндэнта - курфюрста Саксоніі Аўгуста. Адразу пасля гэтага ВКЛ апынулася літаральна на грані грамадзянскай вайны паміж дзвюма магнацкімі групоўкамі. Адну з іх узначальваў Сапега з братам Бенедыктам і сынамі, а ў шэрагах другой вызначаліся родзічы яго былога сваяка - князі Агінскія. Асабістая варожасць абцяжарвалася і маёмаснымі спрэчкамі з-за Дуброўны, на "канцлерскую" частку якой прэтэндавалі Агінскія. Тым не менш пасля смерці Сымона Караля Агінскага ў 1699 г. Сапега зноў далучыў гэтую частку да свайго маёнтка. Аднак пляменнікі Сымона, асабліва сын яго сястры Раіны Людвіг Пацей, не супакойваліся, сцвярджаючы, што Сапега не выкупіў маёнтак з закладу.
Сітуацыя зусім абвастрылася з пачаткам у 1700 г. Паўночнай вайны паміж Расіяй і Швецыяй, у якой кароль Аўгуст выступіў саюзнікам Пятра I. Сапега ж, варожа настроены супраць караля, выказаў прыхільнасць да яго праціўніка, Карла XII Шведскага. У лістападзе таго ж года праціўнікі Сапегі абвясцілі ўзброенае выступленне ("канфедэрацыю") супраць яго. Грамадзянская вайна нарэшце выбухнула. 18 лістапада ў бітве пад Алькенікамі каля Вільні войска Сапегі было разгромлена канфедэратамі, загінуў яго сярэдні сын Міхал, сам жа Сапега вымушаны быў падавацца на ўцёкі.
Тым часам Карл XII пасля перамогі над Пятром пад Нарвай перанёс ваенныя дзеянні на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Пётр у пачатку 1701 г. накіраваў на дапамогу Аўгусту войска. Адзін з канфедэратаў, Людвіг Пацей, пайшоў на злучэнне з гэтым войскам і пры тым выкарыстаў момант, каб захапіць Дубровенскае графства, разрабаваць яго і вывезці ў свае маёнткі вялікую колькасць сялян.
Казімір Сапега працягваў змагацца. Са сваіх падданых, сялян і зямян, ён сфарміраваў узброены атрад у 26 харугваў, але 8 ліпеня 1701 г. каля Дуброўны гэты атрад быў ушчэнт разбіты Пацеем. Загінула 1674 чалавекі. У іншыя маёнткі Сапегі былі ўведзены саксонскія войскі караля Аўгуста, пасля чаго ў 1702 г. Казімір адкрыта перайшоў на бок Карла XII і да 1708 г. побач з ім ваяваў супраць Аўгуста і Пятра I. Гэта быў трагічны час, калі Беларусь ператварылася ў арэну для высвятлення адносін паміж рускімі і шведамі. Зноў пацярпела і Дуброўна, якую ў 1708 г. спаліў атрад казакаў і калмыкаў на чале з рускім капітанам Салаўёвым.
Фактычным уладальнікам Дуброўны ў гэты час заставаўся Людвіг Пацей. Аднак у 1711 г. паміж Аўгустам і Казімірам Сапегам намецілася пацяпленне адносін, а потым апошні і ўвогуле атрымаў поўную амністыю са зваротам усіх правоў і маёнткаў.
У такіх умовах Пацей, не спадзеючыся, напэўна, утрымаць Дуброўну за сабой, прадаў яе набліжанаму Пятра І князю Аляксандру Меншыкаву за 150 тысяч талераў. Афіцыйны акт продажу быў падпісаны ў 1715 г., але фактычна Меншыкаў выступае ўласнікам Дуброўны ўжо ў маі 1711 г., калі ён выдаў тамашнім мяшчанам пацверджанне прывілеяў, раней нададзеных Салегам і Пацеем [17].
Казімір Сапега, зразумела, не мог пагадзіцца са стратай такога вялікага маёнтка і распачаў супраць Меншыкава судовы працэс. У 1716 г. ён адсудзіў спадчыну сваёй былой жонкі, але "канцлерская" частка маёнтка засталася ва ўласнасці Меншыкава. У 1719 г. суд пацвердзіў права апошняга валодаць гэтай часткай як набытай у законнага спадчынніка Агінскіх Пацея, пры ўмове, што Сапегу будзе выплачана 250 тысяч талераў адступнога. Аднак у фаварыта Пятра І не знайшлося такіх грошай, і ён палічыў за лепшае вярнуць Дуброўну Сапегу, які такім чынам аднавіў кантроль над усім графствам.
У гэты час фінансавыя справы Казіміра Сапегі былі ўжо далёка не такімі бліскучымі, як некалі. Спустошаныя маёнткі не прыносілі даходу, а з крэдыторамі трэба было разлічвацца. Таму амаль адразу пасля звароту Дуброўны Сапега частку маёнтка з сёламі Кісялі і Залатовічы перадаў у заклад пану Пшаздзецкаму, а іншую частку заклаў за 15 681 злоты Яну Лендорфу.
Хутка затым, у 1720 г., Казімір Сапега памёр ва ўзросце 83 гадоў. Дуброўна перайшла ў спадчыну да яго сыноў: Юрыя, мсціслаўскага ваяводы, і Аляксандра, маршалка ВКЛ. Абодва яны ў 1721 г. выкупілі з закладу Кісялі і Залатавічы. Дубровенскае графства было нанова падзелена на дзве часткі, прычым кожнаму з братоў было вылучана па палове мястэчкаў Дуброўна, Баева і Ляды і па частцы кожнага з войтаўстваў. Як вынікае з інвентару, у долю Аляксандра ўвайшлі 124 хрысціянскіх і 45 яўрэйскіх двароў у цэнтральнай частцы Дуброўны, адпаведна 46 і 2 двары - у Задняпроўскім пасадзе, 6 двароў - у Задубровенскім пасадзе. Яму ж належала 130 паселішчаў у наваколлі, а агульная колькасць падданых вымяралася 1538 дварамі [18].
У інвентары 1722 г. колькасць двароў у гэтай частцы маёнтка паменшала да 1472 - напэўна за кошт частковага пераразмеркавання паміж братамі. У прыватнасці, са 168 двароў мястэчка Ляды, якія належалі Аляксандру годам раней, засталося толькі 86. Увогуле ж, напэўна, абодвум братам належала каля 3 тысяч двароў, з іх у самой Дуброўне мусіла быць каля 400-500 [19]. Па тагачасных мерках гэта быў ужо сапраўдны горад.
Набор сялянскіх павіннасцяў у параўнанні са звесткамі XVI ст. змяніўся вельмі мала. Па-ранейшаму з кожнай валокі належала адпрацоўваць 2 дні прыгону ў тыдзень, раз у год выконваць падворную павіннасць - везці панскі груз вагой не больш за 2 беркаўцы (20 пудоў) на адлегласць не далей за 50 міль (каля 390 км). Прыходзілася касіць таксама панскую сенажаць і плаціць невялікую мядовую даніну - у сярэднім па 3 пуды з войтаўства, якое налічвала звычайна ад 100 да 150 двароў.
Абодва браты па-ранейшаму мелі патрэбу ў грошах, таму працягвалі закладваць часткі сваіх маёнткаў. Юры ў 1722 г. аддаў у заклад пану Бялецкаму за 4 тысячы талераў сяло Гудава з 64 дварамі, а пану Юзафовічу-Глябіцкаму - сёлы Карабанавічы і Дабрынь. Аляксандр у тым жа годзе заклаў на 3 гады ўсю сваю частку графства пану Дунічу
У 1724 г. 56-гадовы Юры Сапега ажаніўся паўторна з Тэадорай Солтан, якая была прыкладна на 30 гадоў маладзейшая за яго. Ён запісаў маладой жонцы 200 тыс. злотых пад забеспячэнне на Савінскім і Стрэжаўскім войтаўствах Дубровенскага графства. Гэта азначала, што ў выпадку яго смерці жонка мае права карыстацца даходам з азначаных войтаўстваў, пакуль іншыя родзічы і спадкаемцы не выкупяць іх за такую суму. У 1730 г. Юры такім жа чынам запісаў жонцы яшчэ 100 тыс. злотых на так званым Камандорстве - частцы Дубровенскага маёнтка паміж рэкамі Расасна і Мярэя.
Астатнюю частку маёнтка Юры працягваў раздаваць у заклад. У 1725 г. сяло Халуі і частка Стрэжаўскага войтаўства часова перайшлі да пана Тышкевіча, у 1730 г. сёлы Чубакова і Свіракі былі закладзены Вяжэвічу, а ў 1731 г. частка, ацэненая ў 52 тыс. злотых - Пшэздзецкаму. Паны Бучынскія трымалі ў закладзе Скараходаўскае войтаўства, да якога ў 1731 г. за 35 тыс. злотых прылучылі Літвінавічы, Кабылы і Лаўкі. У сваю чаргу Аляксандр за 150 тыс. злотых заклаў Браніцкаму сваю частку замка і мястэчка Дуброўны з часткай Тухінскага войтаўства за Дняпром [20].
Складзены з гэтай нагоды інвентар 1731 г. зноу падрабязна апісвае Дуброўну [21]. Абодва замкі, Верхні і Ніжні, у той час ужо амаль страцілі абарончае значэнне, хаця і былі адноўлепы пасля Паўночнай вайны. На Ніжнім размяшчаўся драўляны палац з гаспадарчымі пабудовамі, садам і агародам. У палацы змяшчаліся два вялікія пакоі, два меншыя і два кабінеты. На Верхнім замку стаяў новапабудаваны, таксама драўляны, палац, дзе меліся 6 пакояў і кабінет, а ў мезаніне - вялікая парадная зала. Будынкі ацяпляліся кафлянымі печамі і камінамі, асвятляліся высокімі вокнамі з алавяннымі пераплётамі. Дубовыя дзверы былі аздоблены металічнымі кольцамі ў ільвіных пашчах, так званыні антабамі. У кожным палацы была галерэя, з якой можна было любавацца прыгожымі дняпроўскімі краявідамі.
Дуброўна па-ранейшаму складалася са Старога горада, Задняпроўскага і Задубровенскага пасадаў, да якіх далучыўся новы пасад за рэчкай Свінка (прадмесце Свінна, альбо Пераміль). У Старым горадзе была гандлёвая плошча, дзе стаяла Спаская царква, а таксама купецкія лаўкі і свірны ("імбары"). Вядома, што ў 1732 г. Юры Сапега атрымаў дазвол на правядзенне ў горадзе штогадовага кірмашу на дзень Св. Ільі. Пазней, у 1765 г., праводзіліся 2 кірмашы, на саборным тыдні і на свята Спаса. Тады ж 2 кірмашы адбываліся штогод і ў мястэчку Ляды - на Сёмуху і Пакроў.
Між тым маёнтак працягваў драбіцца паміж саўладальнікамі і закладатрымальнікамі. У 1732 г. памёр мсціслаўскі ваявода Юры Сапега. Яго частка маёнтка адышла да ўдавы Тэадоры і непаўналетняй дачкі Крысціны, якая пазней (у 1745 г.) выйшла за князя Казіміра Масальскага. Сын Юрыя ад першага шлюбу - Антоні Казімір - атрымаў у спадчыну іншыя бацькоўскія маёнткі.
Малодшы брат Юрыя, маршалак Аляксандр Сапега, перажыў яго на два гады. Ён пакінуў трох сыноў: Казіміра Леана, Юзафа Станіслава і Міхала Антонія. ІІаміж імі і была падзелена яго частка Дубровенскага графства. Хутка затым, у 1738 г., памёр старэйшы з іх, Казімір, пакінуўшы малалетніх сыноў Аляксандра і Міхала пад апекай іх маці - Караліны Радзівіл.
Інвентары за 1739 - 1740 гг. фіксуюць стан маёнтка на гэты час [22]. Удаве Юрыя тады належала 49 хрысціянскіх і 20 яўрэйскіх двароў у самой Дуброўне, а ўвогуле Ў маёнтку - 364, і яшчэ 65 належала выкупіць з закладу. Іншая частка, якая належала спадкаемцам Аляксандра, уключала каля 1500 двароў, з іх у Дуброўне - 262 хрысціянскіх і 51 яўрэйскі.
Апрача таго, Караліна Радзівіл аддала ў заклад капітану Пакашу Гусынскае і Смыкаўскае войтаўствы, а брат яе мужа Міхал Антоні за 6 тыс. талераў заклаў мястэчка Баева Парыцкаму. У 1743 г. тая ж Караліна аддала значную частку сваіх уладанняў у заклад Салагубу, у якога яна была выкуплена толькі ў 1770 г.
Але ў другой палове XVIII ст. драбленне маёнтка спынілася. Дараслі да сталага ўзросту сыны Казіміра і Крысціны. Малодшы з іх, Міхал, у 1759 г. саступіў сваю частку Дуброўны старэйшаму, Аляксандру (будучаму полацкаму ваяводзе і канцлеру ВКЛ). У 1760 г. іх дзядзька Міхал Антоні таксама завяшчаў сваю частку Аляксандру. Многія паселішчы былі паступова выкуплены з закладу, і ў руках Аляксандра зноў сабралася даволі значная латыфундыя, хаця частка яе па-ранейшаму належала спадкаемцам Юрыя Сапегі - яго ўдаве Тэадоры Солтан і дачцэ Крысціне Масальскай.
Цікава, што князь Сяргей Меншыкаў, унук пятроўскага вяльможы, узнавіў свае прэтэнзіі на Дуброўну. У 1765 г. Крысціна Масальская мусіла выплаціць яму 21 500 злотых, каб ён адмовіўся ад гэтых прэтэнзій [23].
Што тычыцца іншых маёнткаў на тэрыторыі Дубровеншчыны, то Расасна ў першай палове XVIII ст. была аддзелена ад Любавіцкага графства і перайшла ва ўласнасць аршанскага кляштара трынітарыяў. Пра яе гісторыю, на жаль, вядома вельмі мала. Расасна была адносна невялікім мястэчкам, налічвала каля 60 - 70 двароў і яшчэ каля 150 мелася ў навакольных вёсках.
Частка Дубровеншчыны па-ранейшаму адносілася да маёнтка Раманава, які ў ліку іншай спадчыны князёўны Нейбургскай у 1731 г. дастаўся прадстаўніку нясвіжскай галіны Радзівілаў Гераніму Фларыяну, а пасля яго смерці ў 1760 г. перайшоў да яго пляменніка, славутага Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Каханку. Інвентар Раманава за 1755 г. згадвае на тэрыторыі Дубровеншчыны 8 вёсак: Азарава, Асташкавічы, Валькава, Займішча, Казлы, Ляхаўку, Парфенаўку і Сукіна, у якіх разам было 124 двары [24].
У такім стане знаходзілася Дубровеншчына ў 1772 г., калі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай яна апынулася ў складзе Расійскай імперыі і пачаўся новы перыяд яе гісторыі.
- Смоленские грамоты XIII-XIV вв. М., 1963.
- Русская историческая библиотека. Т. 27. СПб., Литовская метрика. С. 152.
- Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания Первого литовского статута 1529 г. М., 1892. С. 275.
- НГАБ. Ф. КМФ-18 (Метрыка ВКЛ). Кн. 23, арк. 126-126 адв.; Кн. 239. Арк. 124-125 адв.
- ПСРЛ. СПб.,1859. Т.8. С.257-258. Тое ж: ПСРЛ. М., 1965. Т.13. С.21, 23.
- НГАБ. Ф. КМФ-18 (Метрыка ВКЛ). Кн. 23, арк. 126.
- НГАБ. Ф. КМФ-18 (Метрыка ВКЛ). Кн. 239, арк. 124.
- Документы Московского архива Министерства юстиции. Т. 1. М., 1897. С. 123-134.
- Аддзел рукапісаў бібліятэкі АН Літвы. Ф. 16. Спр. 13. Арк. 80-104.
- Якимович Ю. А. Зодчество Белоруссии XVI - середины XVII в. Мн., 1991. С. 128-132.
- Нацыянальны архіў Рэпублікі Беларусь (НАРБ). Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 3550, 3551.
- Ткачоў М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991. С. 92-94; Сагановіч Г. М. Невядомая вайна (1654-1667). Мн., 1995.
- Русско-белорусские связи. Сб. док. Мн 1963. С. 387, 400, 402, 404, 405, 473, 474.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. ДА. Спр. 3236. Арк. 14.
- НГАБ. Ф. 3258. Воп. 1. Спр. 1.
- Sapiehowie. T. 2. Petersburg, 1891. S. 158-212.
- Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. Т. 13. Вильно, 1886. С. 144.
- НГАБ. Ф. 3258. Воп. 1. Спр. 3.
- Там жа. Спр. 4.
- Sapiehowie. T. 3. Petersburg, 1894. S. 83-105, 205-206.
- НГАБ. Ф. 3258. Воп. 1. Спр. 8, 9.
- Там жа. Спр. 10, 11.
- Sapiehowie. Petersburg, T. 3. S. 201, 298, 318, 365.
- НГАБ. Ф. КМФ-5. Воп. 1. Спр. 1789.
Дакумент 1. Распараджэнне уладальніка маёнтка Дуброўна Яна Юр'евіча Глябовіча наконт карыстания бортнымі дрэвамі.
1534 г., 18 лістапада
Пан его милость про память казал записать, иж по всей волости Дубровенской закликано, абы жаден человек под дерево другого человека бортное коренника не ставил, под виною трема рубли грошей. А естли бы то на которого з них так на боярина, як и на волостного человека было переведено, иж бы который человек под дерево бортное которого человека коренник ставил, тот маеть пану его милости вину три рубли грошей, а к тому же будеть дерево, шкоду всю и з навязкой заплатит. Писан в Дубровне, ноября 18 день.
Дакумент 2. Разгляд Янам Глябовічам канфлікту паміж сялянамі вёскі Мардашэвічы і іншымі падданымі Дубровенскага маёнтка.
1534 г., 19 лістапада
Жаловали нам люди наши Мордошовляне на мещан и на всех людей наших волостных Дубровенских о том, што ж на их острове за Днепром, выгоняючи кони, пасуть и драницы в лесе их деруть, и хоромы робять без ведома и дозволенья их, а в том ся им шкода и кривда великая дееть. И пан его милость, то убачивши, иж им в том кривда, и не казал никому на их острове коней пасти, а в лесе драниц драци и хором робити без дозволенья их, окром того, естли если бы они сами, с своее доброе воли, дали к тому што чинити, нижли на потребу пана его милости што потреба, то ма быть взято. Писан в Дубровне, ноября 19 день.
Дакумент 3. Разгляд Янам Глябовічам канфлікту паміж сялянамі Дубровенскага маёнтка.
1534 г., 19 лістапада
Жаловали нам Свираки Ходор и Иван, с поплечникп своими, на Радивоновцов, на Ивана и на Левонку, и на инших поплечников их, о том, што ж дей они в дубе нас продали в тот обычай, иж з ыншого дуба высекши кору с клейном, и под тот дуб подложили. Ино Евлен сын отприсягнул, абы тот дуб их был, аже бы Свираки тое клейно высекли. А потом подле присяги Левонко Еремкович и з своими поплечники поднял кору и рек: "Тая кора под тым дубом з нашим клейном". И наместник наш дубровенскцй Федько выслал там мужа Потапа а Якова Орловского, прикладаючи тую кору к тому дубу ино тая кора не пригодилася к тому дубу. И Свираки просили наместника, абы им дал искати того дуба, к которому бы ся тая кора пригодила. И наместник дал им год того дуба искати. И они знашли дуб Костюка а Ивана Гускиных, до которого тая кора пригодила. И взят на то вижами наместника нашего Потапа, а Дашка, а Матфея, и они Костюка Гускина к тому дубу призвавши, ч дали ему тую кору к тому дубу приложит. И он на тот дуб сам лазил и тую кору до того дуба прикладал, аж тая кора к тому дубу пригодилася. И пан его милость положил рок Гускиным две недели виноватого искатн и если виноватый не знайдеть, то сами мают Свиракам полтретядцать грошей широких шкоды их, которую для того дуба мають, заплатить, а пану его милости - вину. Писан в Дубровне, ноября 19 день.
Дакумент 4. Разгляд Янам Глябовічам справы паміж сялянамі Расасенскай воласці Дубровенскага маёнтка і зарубскім папом.
1534 г., 28 лістапада
Жаловали нам люди наши волости Расасенское на попа зарубского на Семена Бесомичу о том, што ж день от него не маем покоя. И поп рек: "Иж сам от них не маю покоя". И пан его милость межи ними заруку заложил в тот обычай: естли они на попа переведуть, иж от него покоя не будут в чом мети, то поп от церкви маеть отдален быти. А естли поп на них переведет, абы он от них не мял покоя, то на пана его милость вины три рубли грошей. Писан в Дубровне, ноября 28 день.
Дакумент 5. Пералік службаў у вёсках Сабешкава і Свіракі і павіннасцяў дубровенскіх падданых.
1538 г.
На Собешкове службы: Семковых служба пуста. АН Фыяковых служба пуста. Гороховых служба: Иов. Ушаковых служба пуста. Александровых служба пуста. Захарьиных служба. Свираки: Веретеевых служба, той еще конца не вчинено, отложено до другого приеханья панского к Дубровне. Люди дубровенские мают служити: пригону на кождой неделе по два дни, а осм подымшин на лете за своим хлебом, а к нашему хлебу и к пиву мают пойти 4 толоки с службы, поспол с лугами всими путными, до нашое воли, кром городовое работы и прудов. А сено мают косити, и в ловы, и в подводы ходити по старому.
Дакументы 1-5 захаваліся ў складзе кнігі судовых спраў Яна Юр'евіча Глябовіча ў бытнасць яго віцебскім, потым полацкім ваяводам, якая ўтварае 16-ю кнігу Літоўскай метрыкі. Кніга была цалкам надрукавана ў выданні: "Беларускі архіў". Т. 2. Менск, 1928. Азначаныя дакументы змешчаны ў ім пад нумарамі 363-366 і 414.