Адзін са шляхоў фармавання польскай этнічнай меншасці на Беларусі (1999)
Вядома, што каталіцкая вера на Беларусі часта ўспрымалася як "польская", а праваслаўная – як "руская". Атаясамліванне канфесіі з этнасам нярэдка прыводзіла да таго, што беларусаў-католікаў лічылі палякамі, ды і самі яны пачыналі ўспрымаць сябе як частку польскай нацыі. Асабліва масавы характар гэты працэс набыў у 1920-я – 30-я гг. у Віленскім краі, дзе адбылося амаль поўнае апалячванне насельніцтва, якое этнографы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя лічылі беларускім. У межах сучаснай Рэспублікі Беларусь жыхары многіх тэрыторый, дзе дамінуе каталіцкае веравызнанне, таксама называюць сябе палякамі.
У прынцыпе магчымы тры розных тлумачэнні наяўнасці на Беларусі кампактных абшараў каталіцкага насельніцтва. Паводле адной версіі, сучасныя беларускія палякі з'яўляюцца нашчадкамі мігрантаў з тэрыторыі этнічнай Польшчы. Іх перасяленне магло адбывацца ў розныя перыяды існавання Велікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, калі польскі ўплыў у палітычным і культурным жыцці Беларусі быў вельмі адчувальным. Другая версія зыходзіць з таго, што асноўная маса католікаў з'яўляецца нашчадкамі старажытных літоўцаў, што пражывалі на Беларусі, захоўваючы паганскае веравызнанне. Яны былі ахрышчаны ў каталіцтва разам з усёй Літвой пасля Крэўскай уніі 1385 г. Нарэшце, магчыма і трэцяе тлумачэнне – каталіцкая меншасць з'явілася ў выніку пераходу праваслаўнага насельніцтва ў каталіцтва, якое доўгі час было найбольш прывілеяванай канфесіяй ВКЛ.
Не выключана, што ў той ці іншай ступені мелі месца ўсе тры працэсы. Не прэтэндуючы на вычэрпны адказ, аўтар прапануе некаторыя гістарычныя факты, якія маюць дачыненне да азначанай праблемы. Яны атрыманы ў выніку мікрагістарычнага даследавання [1] на тэрыторыі былога Кораньскага каталіцкага прыходу ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Прыход быў скасаваны ў 1920-я гг., а касцёл у сяле Корань спалены пад час Другой сусветнай вайны. Тым не менш абсалютная большасць насельніцтва дасёння застаецца католікамі.
Гістарычная перспектыва дазваляе прасачыць шляхі ўтварэння гэтага каталіцкага абшару. Першая звестка аб сяле Корань тычыцца 1395 г., калі яно было падаравана вялікім князем Вітаўтам новаўтворанаму капітулу кафедральнага касцёла Св. Станіслава ў Вільні [2]. З гэтага моманту і да канца XVIII стагоддзя Корань заставаўся прэстыманіяльным маёнткам капітула.
Наяўныя факты дазваляюць сцвярджаць, што насельніцтва Кораньшчыны зыходна было ўсходнеславянскім і вызнавала праваслаўную веру. Археалагічныя матэрыялы не захавалі ніякіх сведчанняў рэліктавага балцкага субстрату на тэрыторыі будучага Кораньскага прыхода. Наадварот, найбольш ранні археалагічны помнік – селішча ля вёскі Красны Бор – адносіцца да кіеўскай ("постзарубінецкай") археалагічнай культуры III – V стагоддзяў, якую большасць даследчыкаў звязвае з першай хваляй славянскага рассялення па Беларусі. На тэрыторыі даследавання існаваў таксама шэраг курганных могільнікаў, тыповых для славянскага насельніцтва Кіеўскай Русі (Х – ХІІ стагоддзі). У іх апісаннях няма ніякіх згадак пра каменныя канструкцыі ў насыпах курганоў, што магло б сведчыць пра балцкі этнічны ўплыў.
У актавых кнігах Віленскага капітула захаваліся звесткі аб абставінах з'яўлення ў Корані каталіцкага касцёла. Рашэнне аб заснаванні прыхода было прынята капітулам 3 кастрычніка 1572 г., а ў лісце капітула ад 13 лютага 1576 г. прыгадваецца ўжо існуючы касцёл, заснаваны «ў тым краю Рускім» [3]. Аднак першапачатковыя меры па матэрыяльным забес- пячэнні плябаніі аказаліся недастатковымі. Ужо ў 1591 г. адзначаецца, што з-за недахопу сродкаў ксёнд пакінуў прыход, а прыхажане вяртаюцца да праваслаўных цэркваў і выконва- юць там усе абрады (poddani tez, ktory incz byli nico od Rusi do Kosciola Catolickiego przystali, zasie nazad sie wracaia y dzieci chrzcza hodzac do Ruskich Cerkiew)[4].
Каталіцкі прыход у Корані быў адноўлены ў 1605 г. і з таго часу існаваў трывала. Захаваўся інвентар прыходу за 1740 г. з поўным пералікам насельніцтва [5], а таксама шэраг больш позніх інвентароў і метрычныя кнігі за перыяд з 1762 па 1848 гг., што дазваляе рэканструяваць дакладны персанальны склад папуляцыі, усе імёны і прозвішчы. У інвентары 1740 г. на тэрыторыі прыхода названы 12 паселішчаў: - Ганявічы, Грамница, Жвірблевічы (Жырблевічы), Корань, Лозкі, Лішчыцы, Міхалкавічы, Прудкі, Церахі, Чэрнева і Юркавічы. З іх толькі назва «Жвірблевічы» мае балцкую этымалогію (zvirblis – па-літоўску "верабей"), што можа сведчыць пра ўдзел выхадцаў з тэрыторыі этнічнай Літвы ў заснаванні гэтага паселішча. Аднак сярод прозвішчаў, найбольш пашыраных у прыходзе ў сярэдзіне XVIII стагоддзя (што сведчыць пра іх старажытнасць) няма ніводнага. якое б бясспрэчна сведчыла пра літоўскае паходжанне. Пераважаюць прозвішчы, тыповыя для Беларусі: Балцэвіч, Бубер, Булах, Варонка, Вашкевіч, Гладкі, Жаўняровіч, Калоша, Ліс, Стасюлевіч, Цёрла, Шаршун, Шчарбовіч і інш. Шэраг прозвішчаў мае канчатак на –скі, характэрны як для беларускай, так і для польскай анамастыкі: Бычкоўскі, Высоцкі, Казлоўскі, Мажальскі, Саўрыцкі і інш. Адзін са старажытных родаў сустракаецца пад двума прозвічшамі: Шуляк альбо Кавалеўскі.
Разам з тым нельга выключыць эпізадычны прыток у папуляцыю выхадцаў з этнічнай Польшчы. У 1760-я – 1770-я гады на яе тэрыторыі прыгадваецца прышлая сям'я з прозвішчам Мазур. У 1750-я гг. на тэрыторыю прыхода перасяліліся асобы з прозвішчамі Гілеўскі, Грэцкі, Гусакоўскі, а ў 1760-я гг. – з даволі характэрным для Польшчы прозвічам Заянчкоўскі (Заянкоўскі), а таксама Беластоцкі. Аднак непасрэдных доказаў таго, што хтосці з іх сапраўды быў палякам, у крыніцах няма.
Звестка аб канфесійным складзе насельніцтва маецца ў акце візітацыі Кораньскага касцёла за 1742 г [6]. У ім адзначаецца, што частка падданых капітульнага маёнтка лічыць сябе католікамі, а частка – "рускімі" (праваслаўнымі), але усе хрысцяць дзяцей у Кораньскім касёле, там жа спавядаюцца і канфірмуюцца. Пры гэтым пасты і царкоўныя святы яны выконваюць паводле праваслаўных канонаў. Даведаўшыся аб гэтым, выканаўца візітацыі канонік Ян Быховіч распарадзіўся, каб надалей пасты і святы адпавядалі каталіцкаму календару.
У больш познія часы практычна ўсе падданыя маёнтка Корань прыгадваюца ў метрычных кнігах як належачыя да каталіцкай канфесіі. Толькі эпізадычна сустракаюцца згадкі пра шлюбы з асобамі уніяцкага веравызнання ці пра пахаванне іх на парафіяльных могілках у Корані. Такім чынам, канчатковае складанне кампактнага масіва каталіцкага насельніцтва ў Кораньскім прыходзе можна датаваць другой паловай XVIII стагоддзя – прыкладна праз 4 стагоддзі пасля пераходу маёнтка ва ўласнасць каталіцкай царквы і праз 2 стагоддзі пасля заснавання касцёла.
Апісанні Кораньскага прыхода, створаныя пад час расійскага панавання ў ХІХ стагоддзі, аднадушна адзначаюць, што мова мясцовых прыхажан – беларуская. Прыток новага насельніцтва да скасавання прыгоннага права ў 1861 г. і ў некалькі наступных дзесяцігоддзяў быў вельмі абмежаваным. Пераважную большасць жыхароў стваралі прадстаўнікі тых старажытных родаў, якія прыгадваюцца яшчэ ў інвентары 1740 г. альбо прыбылі звонку на працягу другой паловы XVIII стагоддзя.
Масавая іміграцыя на тэрыторыю прыхода адбылася толькі на самым пачатку ХХ стагоддзя, калі была распрададзена значная частка зямель, што пасля рэформы 1861 г. заставаліся ва ўласнасці памешчыка. Сярод пакупнікоў гэтых зямель было каля 50 прышлых сем'яў, у тым ліку 23 гаспадаркі былі заснаваны выхадцамі з тэрыторыі Вілейскага павета (з раёна возера Свір) і 13 гаспадарак – абшчынай старавераў. За кошт гэтах перасяленцаў колькасць насельніцтва на тэрыторыі даследавання павляічылася адразу прыкладна на 12 %. Тым не менш, старажытныя карэнныя роды па-ранейшаму стваралі асноўную частку папуляцыі.
У мемуарах ўраджэнца Карэньшчыны, этнографа-аматара Адама Варлыгі [7], прыгадваецца пра пачатак фармавання нацыянальнай свядомасці, які прыпадае на перыяд 1905 – 1917 гг. З аднаго боку, тагачасны ксёндз Кораньскага касёла і адзін з настаўнікаў мясцовай школы прапагандавалі сярод насельніцтва ідэі беларускага адраджэння. Менавшта тады мясцовыя падлеткі, сярод якіх быў сам Варлыга (сапраўднае імя – Язэп Гладкі), упершыню пачулі слова "беларус". З другога боку, пачалася і польская прапаганда, якая асабліва ўзмацнілася пад час Першай сусветнай вайны. Тады ў сяле Корань часова аселі некалі сем'яў бежанцаў з тэрыторыі Заходняй Беларусі, занятай немцамі ў 1915 г. Сярод іх была пашырана польская свядомасць, якую А. Варлыга характарызуе як "шавіністычную". Тады ў Корані была заснавана польская школа, якую наведвалі і мясцовыя падлеткі.
Вынікі гэтай канкурэнцыі нацыянальных ідэй знайшлі адлюстраванне ў матэрыялах Усерасійскага аграрнага перапіса, які праводзіўся Часовым урадам у 1917 г [8]. Пры характарыстыцы сельскіх гаспадарак у кожнай вёсцы запісвалася (напэўна, са слоў саміх жыхароў) іх нацыянальная прыналежнасць. У выніку з 418 гаспадарак на тэрыторыі, што непасрэдна прылягала да Кораньскага касцёла, 311 пазначаны як беларускія, 1 – велікаруская, 2 украінскія, 4 – яўрэйскія і 12 – літоўскія. Аднак асабліва цікава, што 88 гаспадарак названы польскімі, прычым яны канцантраваліся ў дзвюх старажытных вёсках, населеных амаль выключна аўтахтонамі. Большасць з гэтых "палякаў" былі ў шчыльным радстве з жыхарамі тых гаспадарак, якія трапілі ў лік беларускіх. Так, у вёсцы Лішчыцы 5 гаспадарак пазначаны як беларускія, а 29 – як польскія. У вёсцы Прудкі беларускай названа 1 гаспадарка, а астатнія 56 – польскімі. У іншых старых вёсках практычна ўсе гаспадаркі – беларускія.
Такая ж выпадковасць і адвольнасць у нацыянальным самавызначэнні захоўвалася ў наступныя дзесяцігоддзі. Пры Савецкай уладзе ў 1924 г. на тэрыторыі Кораньскага прыхода былі ўтвораны тры сельсаветы, з якіх Кораньскі і Юркавіцкі цалкам знаходзіліся ў яго абшары, а Кузевіцкі ахопліваў і частку сумежнага Лагойскага праваслаўнага прыхода. У чэрвені 1932 г. адзін з гэтых трох сельсаветаў – Юркавіцкі – атрымаў статус нацыянальнага польскага сельсавета, якім карыстаўся да мая 1935 г. Аб ператварэнні ў польскія двух іншых сельсаветаў пытанне ніколі не ставілася, хаця канфесійны склад насельніцтва, прынамсі, у Кораньскім сельсавеце быў ідэнтычны Юркавіцкаму. У далейшым польская самаідэнтыфікацыя развіцця не атрымала, і сёння насельніцтва Кораньшчыны лічыць сябе беларусамі.
Прыведзеныя факты сведчаць, што ў дадзеным выпадку ў лік "палякаў" была залічана частка карэнных беларусаў, зыходна праваслаўных і акаталічаных толькі ў выніку доўгай прыналежнасці да маёнтка Віленскага капітула. Гэтае насельніцтва нічым, апрача каталіцкага веравызнання, не адрознівалася ад навакольнай праваслаўнай большасці. Тым не менш, інтэнсіўная прапаганда, акцэнтаваная на канфесійнай ідэнтычнасці з карэннымі палякамі, прывяла да з'яўлення нават на такой хісткай глебе польскай самасвядомасці. У іншых акалічнасцях яна магла быць яшчэ больш рэзультатыўнай.
- Даследаванне праводзілася пры падтрымцы гранта Research Support Scheme 1003/1997.
- Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezyi Wilenskiej. - Krakow, 1948. N 25. S. 40-2.
- Аддзел рукапісаў Бібліятэкі АН Літвы (АРБАНЛ). Ф. 43. Спр. 213. Л. 78, 202 адв. – 204.
- Там жа. Спр. 215. Л. 168 адв. - 171 адв.
- Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (ДГАЛ). Ф. 694. Воп. 1. Спр. 4481.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф. 147. Воп. 2. Спр. 121. Л. 82, 89-90.
- Варлыга А. Карэншчына. Успамін-нарыс з канца ХІХ – пачатку ХХ ст. // Літаратура і мастацтва. № 14 (8 красавіка 1994); № 15 (15 красавіка 1994 г.).
- НГАБ. Ф. 325. Воп. 2. Спр. 605. Л. 35, 39, 74, 75, 92, 99 – 101, 116, 160, 161, 169 – 181, 183 – 185, 197 – 200, 204, 205, 220 – 222.