Трайдзен (2001)

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. – Мінск, 2001. С. 517–518.

Трайдзен (? – 1282?), вял. кн. літоўскі прыкладна з 1270. Атрымаў уладу пасля смерці галіцка-валынскага кн. Шварна Данілавіча, які дзякуючы шлюбу з дачкой Міндоўга некалькі гадоў быў вял. кн. літоўскім. Прыход да ўлады Т. прывёў да разрыву сувязі Літвы з Галіцка-Валынскім княствам і, верагодна, суправаджаўся рэпрэсіямі супраць хрысціянства. Тым не менш пад уладай Т. засталіся не толькі этнічна літоўскія землі, але і гарады беларускага Панямоння. Яго галоўнай рэзідэнцыяй быў замак Кярнава. Пры ім да ВКЛ канчаткова далучыліся прылеглыя землі яцвягаў, земгалаў і селаў, узнавіліся далёкія набегі на эстонскія ўладанні крыжакоў (в. Саарэмаа і інш.) і на Польшчу. Каля 1274 Т. спрабаваў захапіць у галіцкага князя Льва Данілавіча падляшскі горад Дарагічын. Супрацьдзейнічаў спробам экспансіі Галіцка-Валынскага княства ў Панямонні і ваенным паходам татар на Літву (каля 1275 і ў 1277). Аказваў прытулак уцекачам з Прусіі, дзе ў 1276 было падаўлена антыкрыжацкае паўстанне, рассялляў іх у ваколіцах Гародна і Слоніма. У 1279 нанёс цяжкае паражэнне войскам Лівонскага ордэна пад Ашэрадам у Курляндыі. У 1281 дамогся пераходу пад кантроль ВКЛ новапабудаванага замка крыжакоў у Дзюнабургу. Дзякуючы шлюбу дачкі Т. Гаўдэмунды з кн. Мазовіі Баляславам Плоцкім значна пашырыўся знешнепалітычны ўплыў ВКЛ.